412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 11)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 25 страниц)

– Ты застанешся з ротаю? – запытаўся Сандро ў Колышава, які сядзеў поблізу ў цяньку каля плота.

– Не, я паеду з вамі, таварыш гвардыі лейтэнант.

Колышаў мог застацца. Ён, як «бясконны», мог перасесці на іншую машыну. Але яго вабіла незвычайная, слаўная справа, якую даручылі Гогабярыдзе. Акрамя таго, хлопец стараўся нідзе не адставаць ад танкістаў, асабліва тады, калі трэба было чакаць бой, цяжкую працу.

І вось «трыццацьчацвёрка» Гогабярыдзе вылецела з сяла. Колышаў стаіць ззаду вежы, трымаючы ў руцэ аўтамат. Каля яго некалькі аўтаматчыкаў. Усе яны згорбіліся, учапіліся за скобы, бо машына ляціць, як толькі можа: таго і глядзі, сарвешся!..

Колышаў яшчэ зводдалеку заўважыў, што ў лагеры ідзе звычайнае жыццё. Вартавыя стаяць на вышках. Справа ад агарожы, каля лесу, некалькі чалавек ляніва капаюць. Вось ужо танк збавіў хуткасць. Колышаў падрыхтаваў аўтамат да бою. Заварушыліся аўтаматчыкі, гатовыя кожны міг скочыць на зямлю. Але ў лагеры было па-ранейшаму ціха. Чаго ахова маўчыць? Што яны, рашылі не супраціўляцца? Ці можа не ведаюць яшчэ, што ў вёсцы нашы танкі? І што гэта не нямецкая машына...

Гогабярыдзе, сказаўшы Колышаву, каб аўтаматчыкі не стралялі без яго сігналу, падводзіў машыну да ўскрайку лесу, да дротавай загарожы.

Гогабярыдзе любіў рабіць усё, як ён казаў, «прыгожа». Ужо з «трыццацьчацвёркі» пачалі саскокваць аўтаматчыкі, саскочыў Колышаў, а Гогабярыдзе не страляў.

Ён падвёў танк спакойна да самага лагера і толькі тады, развярнуўшы вежу, даў стрэл з гарматы – адзін, другі – па варожых будках. Колышаў убачыў, як раптам перапалохана замітусіліся вартавыя.

А, забегалі, нягоднікі! Колышаў ішоў за машынай, чакаючы, што хутка настане пара аўтаматчыкаў. Так здарылася, што ён стаў як бы іх камандзірам. Ён быў тут старшы, і ўсе, нават сержант-аўтаматчык, чакалі яго каманды.

З аднаго паста абазваўся кулямёт, але пасля трапнага стрэлу з «трыццацьчацвёркі» ён змоўк. Колышаў, быстра раздзяліўшы аўтаматчыкаў на дзве групкі, загадаў лавіць гітлераўцаў.

Адну групу ён павёў да варот, дзе стаяла кантрольная будка і нейкі невялікі будынак,– напэўна, кантора. На двары – бачыў лейтэнант – мітусіліся, хваляваліся людзі.

Колышаў першы прабег кантрольную будку, за якой наткнуўся на аднаго спалоханага ахоўніка. Гітлеравец узняў угару руку. Колышаў выхапіў у немца вінтоўку і перадаў яго пад нагляд аўтаматчыка. У будынку байцы захапілі яшчэ двух гітлераўцаў...

Тым часам машына, падмінаючы пад гусеніцы калючую агарожу, увайшла на двор лагера.

Гогабярыдзе быстрым рухам адсунуў назад рабрысты шлем і правёў тонкай смуглай далонню па твары, быццам сціраў пот. Лёгка саскочыў на зямлю.

Яго і іншых танкістаў мігам акружылі людзі. Тут больш за ўсё было відаць жанчын і дзяцей – яны з усіх бакоў ціснуліся да салдат.

– Нашы! – крыкнула дзяўчына, пазіраючы шчасліва і здзіўлена на Сандро. Яна нібы не верыла сваім вачам. – Дзяўчаткі, нашы! Праўда ж, нашы!!!

Маўклівыя, яшчэ ў радасным замяшанні, людзі абдымалі танкістаў, цалавалі і плакалі. Жанчына з запалымі жоўтымі шчакамі, прабраўшыся да Гогабярыдзе, не абняла яго, а беражліва, пяшчотна ўзяла яго руку і, пазіраючы заплаканымі вачыма, раптам яе пацалавала.

– Што вы робіце?! – сумеўся лейтэнант. – Не трэба руку... Нядобра.

Жанчына заківала галавою:

– Гэта чаму нядобра? То ж не панская рука, – і яна зноў пацалавала.

Тут да натоўпу падышоў Колышаў з трыма аўтаматчыкамі, якіх таксама адразу акружылі. Многа вачэй – вясёлых, журботных, радасных, са слязамі – глядзелі на лейтэнанта, на яго байцоў, і Колышаў, які вельмі чула адгукаўся на людскі настрой, ад душы радаваўся і за людзей, і за сябе, і за сваіх таварышаў. Ён адчуваў бязмерную нянавісць да тых, хто прымушаў пакутаваць і катаваў гэтых людзей.

Людзі расказвалі пра сваё жыццё ў лагеры. Сюды былі сагнаны сем'і партызан, захопленыя ў розных вёсках. Гітлераўцы пускалі чуткі, быццам іх збіраюцца вывезці ў Германію, але гэта мана, бо іх усіх тут марылі голадам і хваробамі. Многа людзей памерла ўжо, і загінулі б іншыя...

Натоўп раптам расступіўся, і да Колышава піхнулі згорбленага, пажылога чалавека з раскудлачанымі, рэдкімі, як бы падпаленымі валасамі, з сінякамі на твары.

Двое задыханых, расчырванелых хлопцаў, што трымалі яго за рукі, расказвалі, перабіваючы адзін аднаго:

– Хацеў уцячы. Як усе кінуліся сюды, – пабег да дроту, думаў, што цяпер не да яго...

– Пад шумок, спадзяваўся, уцяку. Ах ты, скаціна арыйская!..

– Але мы з Косцікам адразу хапіліся, каб не даць яму вылузнуцца. Косцік адразу пабег у кантору, а ён – гэты вось – ужо, бачым, бяжыць да агарожы...

– Як гусак! Падбег, хацеў пералезці, – а яна вунь якая, агарожа! Ён і завіс. Сам жа будаваў, стараўся, каб як вышэй...

– Тут мы яго з Андрэем і спусцілі назад!..

– Гэта шэф, – растлумачыў Колышаву хтосьці з натоўпу, – пан Адольф Швальбе!.. Адным словам, шваль фашысцкая...

Рослая, з вузкім тварам дзяўчына падскочыла да шэфа, вымавіла пагрозна:

– А-а, папаўся, гадзюка падкалодная! Папаўся! Ну, глядзі ж! Папамучыў ты, неданосак сучы, людзей нашых, дык – глядзі ж! Круціся цяпер уюном!.. Мы пакажам табе!..

Гітлеравец упаў на калені і, спалохана азіраючыся, замармытаў штосьці, з чаго многія зразумелі толькі два словы: «кіндэр», «арбайтэн». Ён, відаць, гаварыў, што ў яго ёсць дзеці, і прасіў, каб далі магчымасць працаваць.

– Бач, працаваць захацеў!.. А якую ж ты працу хочаш? Можа, зноў такую, як тут?

Хтосьці злосна засмяяўся. Каб дазволіў лейтэнант, з шэфам тут бы расправіліся – столькі накіпела ў кожнага супроць гэтага стварэння. Але Колышаў рашуча заявіў:

– Нельга без суда распраўляцца, – нават з такімі нягоднікамі. Патрэбен суд.

– Правільна!– выпаліў Гогабярыдзе, які быў цяпер ля Колышава. – Павінен быць парадак!

Гогабярыдзе хацелі паказаць некалькі цесных, збітых спехам баракаў, у якіх людзі спалі і паміралі, пакой, дзе іх дапытвалі, але лейтэнант сказаў, што яму трэба спяшацца.

Ён і так ужо затрымаўся! Падвёў Аляксея! Сандро крыкнуў, каб танкісты і аўтаматчыкі хутчэй беглі да машыны. Зараз жа едзем!

Машына крута развярнулася, пакінуўшы на зямлі круглыя раўчакі, і адразу паімчала на дарогу. Колышаў ужо за лагерам азірнуўся на людзей.

Гледзячы на іх, хлопец падумаў, колькі яго яшчэ чакае такіх людзей! Ён думаў пра гэта не ў першы раз, але цяпер, калі ён убачыў іх, калі сам нямала перажыў, тая думка здалася яму, як новая. Можа, яна і сапраўды была новая, бо ён прымаў яе інакш, чым раней, глыбей і мудрэй.

«Для іх варта рызыкаваць жыццём», – не падумаў, а адчуў Колышаў. Можа быць упершыню тут ён як след зразумеў, што такое салдацкі абавязак.

Выходзіць, што ён быў нібы сляпы, не бачыў нічога за сабой... «Напэўна, я не баязлівец. Я проста не ведаў усяго, што трэба...»

У твар Колышава біў цёплы вецер.


2...

Усцешаны, расчырванелы ад бегу Колышаў ступіў да Якавенкі, далажыў, што па загаду камбата прыбыў у распараджэнне лейтэнанта.

– Добрэ... Мэні камбат вжэ казаў, шчо прышле...

Колышаў павінен быў атрымаць машыну, – ранейшага камандзіра раніў паўгадзіны назад аўтаматчык, які прытаіўся на ўскраіне сяла.

Гэтае назначэнне, ад якога Колышаў адразу забыў сваю крыўду на лёс, было для лейтэнанта крыху нечаканым. Пасля здарэння з Рыбаковым яму здавалася, што камбат не мае добрай думкі пра яго.

– Ну, от, дам я тобі, прыміром, машыну, – загаварыў да Колышава Якавенка, – а ты не забуў, як догледжуваць й, як кіруваць нэю?

– Так точна, таварыш гвардыі лейтэнант, – не забыў. Ды хіба ж можна забыць такое?!. Можаце не сумнявацца!

Колышаў з надзеяй і просьбай глядзеў на Якавенку.

– А цэ вжэ я побачу. А до таго, як сісты ў машыну, слухай і помні. Па-першае, я не люблю людзей, каторыя гультуюць або абы-як адносяцца до дзіла...

Якавенка любіў павучаць, – аб гэтай яго схільнасці ведалі ўсе ў роце.

– Па-другое, я нэ знаю, шчо таке слово – «нэ могу». Для мэнэ такога слова нэма. Прошу цэ запомніць і выкінуць таке слово. Воно ў нашым дзілі нэпатрэбнае. Я знаю толькі такі слова – «есць», «усе зроблю»!.. Зрозуміў?

– Так точна.

– Цяпер пойдзем до твоіх людзей.

Хутка рота кранулася. Калі Колышаў заняў сваё месца ў машыне, калі перадаў каманду рушыць, ён адчуў сябе самым шчаслівым чалавекам.

Вось ён зноў у машыне, у сваёй машыне. І гэтыя, яшчэ так нядаўна чужыя хлопцы, якія гатовы выканаць любое яго слова-загад, – яго экіпаж. Экіпаж лейтэнанта Колышава!

Абапал машыны беглі вузлаватыя дубы, шызыя танклявыя грабы, несціханыя, лапатлівыя асіны, густыя спляценні арэшніку.

За лесам выхапілася поле, далей наблізіўся забалочаны луг, за якім раптам зажаўцелі пясчаныя зыбучыя гурбы. У пяску танк асеў і, вязнучы, замарудзіў рух...

А Колышаў услухоўваўся ў гукі, якія чуліся ў навушніках, і востра ўглядваўся ў прастору перад сабой. Колькі часу ён быў без машыны? Многа... Але хіба той час прапаў марна? Хіба Колышаў сеў у машыну такім, як тады?..

Многія не ведаюць гэтага. А камбат, відаць, ведае. Не дарма ж камбат паслаў яго сюды...

«Я яшчэ пакажу сябе!»


3...

Камбат паехаў да разведчыкаў, на рэкагнасціроўку, і тут здарыўся прыпынак. Маторы «трыццацьчацвёрак» сціхлі, і стала чуваць, як чырлікаюць неўтаймаваныя нават спёкаю птушкі, як у ценю тонка і цягуча гудуць неадчэпныя камары.

Пад'ехалі аўтамашыны з палівам. Ледзь толькі яны наблізіліся да першых машын, танкісты пачалі звыкла прыладжваць да паліўных бакаў гнуткія шлангі, па якіх вось-вось пальецца газойль.

Якавенка папрасіў механіка:

– Паглядзі за машынаю! Запраў.

Лейтэнант лёг у цяньку, поўным халадку і свежасці. Ах, да чаго ж прыемна выпрастаць спіну, падыхаць чыстым паветрам! Ён пачуў знаёмы несціханы звон навокал: звінелі пчолы, нейкія казюлькі, сляпні. Так звінела калісьці на сенажаці або на полі, калі ў спякотны дзень ён зморана лажыўся на зямлю...

Пасля таго як Якавенка пратросся ў машыне суткі, яму здавалася, што і зямля, да якой ён прыпаў, таксама гайдаецца.

Пад гэтае калыханне, чуючы ціхі, санлівы звон, ён заснуў. Перастала і спіну ламаць, і боль у галаве знік.

Ён праспаў хвілін дваццаць, як яго разбудзілі. Яму снілася, нібы ён ехаў на камбайне па неабсяжным стэпе, сярод маўклівай пакорлівай пшаніцы. Але, калі яго сон перарвалі, ён не мог нічога ўспомніць, акрамя таго, што з ім стаяў поруч Мішка, сынок...

– Ротны выклікае, таварыш гвардыі лейтэнант.

Навокал па-ранейшаму не сціхаў руплівы ціхі звон. Якавенка ўстаў і пайшоў да машыны, – камандзір роты загадаў вывесці ўзвод наперад, да вышыні.

Неўзабаве лейтэнант быў каля вышыні. Тут, акрамя новага камандзіра роты, старшага лейтэнанта, ён убачыў Аляксея Лагуновіча і лейтэнанта, афіцэра сувязі брыгады. Недалёка ад іх стаяў брыгадны бранявік.

Аляксей расказаў Якавенку, што паветраная разведка корпуса знайшла справа нядаўна пабудаваны немцамі мост. Палкоўнік загадаў Аляксею зараз жа кінуць туды роту і захапіць гэты мост. Каля моста ёсць свежыя нямецкія акопы і дзве ці тры зеніткі. Гогабярыдзе, які з разведкай пайшоў у іншым кірунку, толькі вось перадаў, што пераправа там спалена.

– Ты будзеш у галаве роты... Галоўнае, Якавенка,– мост! Не даць ім узарваць ці спаліць – вось што галоўнае... Калі захопім мост, мы прарвемся на той бок, калі не, – напэўна, засядзем на гэтым беразе. А рэчку, хоць яе, здаецца, і пераплюнуць можна, фарсіраваць будзе не проста. Не падступішся да яе – бераг забалочаны, і ўброд не пяройдзеш!

– Розумію!

Калі ўзвод крануўся, Якавенка падумаў задаволена – паспаў мала, а так палягчэла яму. Ні стомы, ні болю ў галаве!

Іншыя ўзводы ішлі следам. Потым каля вышыні, на ўзбочыне дарогі, якая вілася між лесам і палоскамі жыта, прыпыніліся. Непадалёк наперадзе нешта было такое, што затрымлівала батальён.

Туды пайшло яшчэ некалькі машын, акрамя ўзвода Якавенкі, праімчаў у сваім танку з двума аўтаматчыкамі палкоўнік Бяссонаў.

Быстроў, радыст і зараджаючы, седзячы на машыне, памеркавалі, што там можа адбывацца. Пагаварылі спакойна, як пра штосьці звычайнае.

– Відаць, камбат хутка пакліча да сябе... – сказаў зараджаючы Касцючэнка Быстрову. – Так што трэба быць на ўзводзе. Э, а што ж Сонцаў робіць?

– Дрэмле... Набіраецца сілы для новых баёў.

Сонцаў, сапраўды, сядзеў каля сваіх рычагоў і спаў. Даваліся ў знакі змора і бяссонне. На маршы вадзіцелю трэба ўвесь час працаваць, яму нельга нават на хвіліну задрамаць, як башнёру, кулямётчыку ці камандзіру гарматы. Сонцаў і не спіць ніколі ў такі час – спакойнымі вачыма ён сочыць за дарогаю, за кармой пярэдняй машыны або – уночы – за яе малінавым агеньчыкам.

Затое на прывале, як толькі машына спыніцца, ён дрэмле. Сядзіць на сядзенні сваім, апусціць галаву на грудзі і дрэмле.

Быстроў кпіў не раз з таварыша:

– Табе, брат, вельмі трэба лячыцца, па ўсіх прыкметах у цябе ёсць вялікая загана: санлівасць! Страшная гэта для вадзіцеля загана! У сто разоў горш за курыную слепату. Я еду і баюся, як бы ты не ўваліў дзе-небудзь машыну ў раку ці балота. І ўспамінай, як звалі Быстрова! Думаю, нават, прызнаюся, на другую машыну папрасіцца. Ад няшчасця далей...

– Ну, і прасіся. Шчасце якое!..

Спіць Сонцаў наўздзіў чуйна, і ледзь толькі хто клікне яго ці загуркоча дзе-небудзь матор, прачынаецца.

– А я не магу заснуць. Зайздрошчу проста такім, – прамовіў зараджаючы, стомлена пазіраючы на Быстрова.

– Эх, гэта што, – прыплюшчыў спакойныя вочы Быстроў. – Вось пад Ленінградам было, помню. Зімою, якраз у самым пачатку сорак трэцяга. Батальён там наш прарваўся ў Нямецкі тыл. А пяхоту фашысты адрэзалі, не дапусцілі... Занялі мы лагчынку там адну, у кругавую абарону сталі ды б'емся. Адступаць назад і думкі няма, вельмі дорага дасталася тая лагчынка. І загад маем – чакаць падыходу пяхоты. Вось мы і пачалі чакаць. Адны суткі чакаем, – пяхоты няма, другія чакаем – няма, усё не можа прабіцца! А тут навокал – фашысты. З усіх бакоў фашысты цікуюць. Зазявай, задрамлі – дык на той свет адправяць... Ну, мы, вядома, як вы здагадваецеся, стараліся лепш іх саміх туды адпраўляць. Як толькі пачне высоўвацца там гарматка на ўзгорак, – адзін паварот, другі, тумблер – і няма яе. Проста да чарцей, у пекла, смалу вазіць!.. Бранябойшчык – чарга адна і – туды ж... Налаўчыліся біць, як снайперы. Я тады і сам навучыўся, як трэба з гарматкі страляць. Ліха без дабра не бывае... Адным словам, пяцёра сутак не спалі!

– Цягавітае стварэнне – чалавек. Прывыкае да ўсяго, проста аж дзіву даешся...

– Хіба толькі чалавек? – адгукнуўся на гэта Касцючэнка, які ведаў безліч розных, часам неверагодных, гісторый. – У нас, калі мы стаялі ў Забалоцкім лесе, карову прывучылі ў равок хавацца...

– У які равок?

– А самы звычайны. Ад бомб і снарадаў. Адукаваная, скажу вам, была карова!.. Ледзь толькі пачуе блізкія выбухі, задзярэ хвост і ляціць з усіх сіл да свайго раўка. І ніколі не памылялася: заўсёды на сваё месца!.. Там да яе быў прыстаўлен даглядаць адзін партызан – Лабуцін па прозвішчу. Пажылы ўжо чалавек, жывёлаводам быў раней, здаецца. Ён тую карову пасвіў, чысціў і даіў. Мірнай прафесіяй, сказаць, займаўся... Яго ў нас жартам празвалі «Даярка і пастух», як у кіно. Дык гэты «даярка» аднойчы, калі наляцелі «юнкерсы», забег у равок да дзяўчат са шпіталя, кіламетры за два ад свайго. А карова прыбегла ў свой...

– А можа, ён знарок памыліўся! Нешта ж вельмі выгадна – да дзяўчат са шпіталя...

Танкісты зарагаталі.

У гэты час пачуліся прыглушаныя далечынёй выбухі. Быстроў сказаў, што страляюць з «трыццацьчацвёрак».

– Узвод Якавенкі... – як бы пацвердзіў яго словы Касцючэнка.

Яны моўчкі слухалі. Выбухі гучалі часта, часам зліваючыся. Было чуваць, што на стрэлы двух– трох нашых машын б'юць некалькі варожых гармат. І дзіўнай здалася хвіліна цішыні, што наступіла там...

Раптам з далечыні данёсся новы, мацнейшы выбух. Гэта быў ужо не стрэл. Камандзір гарматы і зараджаючы трывожна пераглянуліся.

Што гэта?


4...

Якавенка выскачыў з машынай з-за гушчырні алешніку і раптам убачыў поблізу між зяленіва берагоў чыстую люстраную пройму вады і мост. Гэта была рэчка.

Якавенка на міг прыпыніў танк. Ісці на мост адразу было рызыкоўна.

Там, на тым вышэйшым баку, ён убачыў каля бярозкі нацэленую ўгару зенітку. Невядома, ці няма там і працітанкавых гармат... Але самым галоўным, што стрымлівала Якавенку, было меркаванне, што мост можа быць мініраваны: ускочыш на яго і паляціш у неба. На гэтым баку, праўда, мітусіліся яшчэ постаці гітлераўцаў, якія стараліся дабегчы да моста і перабрацца на другі бераг. Можна было б прабіцца на мост разам з імі. Але гітлераўцы не пашкадуюць нічога, каб затрымаць танкі. Яны ўзарвуць і сваіх.

Па тым, як замітусіліся гітлераўцы і на другім баку, разбягаючыся па акопчыках, Якавенка здагадаўся, што танк з'явіўся для іх нечакана...

Гэта як бы падагнала Якавенку. Ён перастаў вагацца. Лейтэнант падумаў, як важна пераправіцца на той бок, учапіцца за яго, уратаваць мост. З той хвіліны флегматычны, марудлівы Якавенка нібы пераіначыўся: думкі і рухі яго сталі на дзіва хуткімі.

Ён штурхнуў у плячо камандзіра гарматы, паказаў тры сагнутыя пальцы, што значыла «тры асколачныя», і, прыціснуўшы да горла ларынгафон, крыкнуў іншым камандзірам машын:

– Рабіць, як я!

Гармата, здрыгануўшыся, вогненна зіхнула. Гарачая, з залацістым бліскучым водсветам гільза, што едка дымілася, паляцела ўніз. Зараджаючы, з круглымі ад непакою, трывожнымі вачыма, пахапліва падаў у патроннік новы снарад.

– Рыбакоў! На мост! – выдыхнуў Якавенка.

Машына ірванулася так рэзка, што лейтэнанта з

вялікай сілаю кінула назад, ён ледзь утрымаўся на сядзенні.

Рыбакоў вёў машыну на мост. Дарога з ямінамі каляін, з зелянінаю травы бегла ўсё хутчэй, ліхаманкава ляцела пад машыну, пад гусеніцы, ляцела з такой хуткасцю, што неўзабаве ўсё на ёй поблізу злілося ў імклівую, імпэтную віхурнасць, якая біла і біла насустрач. У гэтай віхурнасці Рыбакоў на момант угадаў лазовыя кусты, што імчаліся, паслухмяна расступаліся абапал дарогі.

Збоку лязом шаблі востра бліснула паска вады, і амаль у той жа момант знікла. Праз міг яна заяснела зноў ужо вялікім прасцягам.

Мост падбег, вырас, пашырэў...

На «трыццацьчацвёрцы» няспынна працавалі абодва кулямёты: вежавы і лабавы. Усю сваю агнявую моц машына скіроўвала на той бок. Танкісты абстрэльвалі бераг, стараючыся падавіць супраціўленне гітлераўцаў і адрэзаць ад іх мост.

З гітлераўцаў, якіх заспелі на гэтым беразе, адны кінуліся ўбок, ратуючыся ад куль, другія, ачмурэлыя ад жаху, пабеглі проста перад танкам да моста.

Рыбакоў, амаль не збаўляючы хуткасці, з лёту, узвёў машыну на драўляны насціл, бярвенні якога адразу затрэсліся і застуганелі. Мелькам заўважыўшы, як пабеглі па баках поручні, моцна сціскаючы белымі рукамі рукаяткі рычагоў, ён трывожна падумаў: толькі б не сарвацца ў ваду! Праскочыць бы хутчэй!..

Вось і перастала грымець унізе. Бераг!..

Ні Рыбакоў, ні хто іншы з экіпажа яшчэ не ўправіўся адчуць хоць бы першай радасці ад гэтай удачы, калі справа з хмызняку ўдарыла адна, другая гармата.

Якавенка загадаў развярнуць машыну перадам да гармат, падавіць іх. Ён бачыў, як яго камандзір гарматы, горбячыся, прыпаў да гумавага наканечніка акуляра, ухапіўся за ручку паваротнага механізма. Амаль у тую ж хвіліну лейтэнанта штосьці моцна штурхнула, у вежы пачуўся моцны трэск. Башнёр з енкам нечалавечага жаху і болю, схапіўся за плячо. Яно, заўважыў Якавенка, гарэла!

Баявое аддзяленне адразу напоўніла страшэнная гарачыня. Якавенка ўбачыў перад сабою іскрыстыя, сляпуча белыя язычкі полымя, што прагна пабеглі па сценцы вежы. Ён заўважыў, што адусюль, збоку, знізу, спераду, на яго клубамі ідзе густы чорны дым, ахутвае, сціскае, адчуў, што дым лезе ў рот, забірае дыханне, нясцерпна душыць горла.

«Тэрмітны снарад!..»

Якавенка ірвануўся, каб стаць на сядзенне, выбрацца з вежы, – люк быў адчынены, – але ад дыму, ад гарачыні яго цела налілося такой неадольнай млоснасцю, што зрабілася непаслухмяным, бяссільным. Прыкрыўшы далонню твар, які жахліва пякло ад полымя, ён схапіўся рукой за край люка і, збіраючы рэшткі сілы, нечалавечым намаганнем стаў падымацца ўгару. Ён зняў руку з твару, ён ужо быццам не чуў болю апёку на твары, усе думкі, уся сіла, усё было цяпер для аднаго,– падняцца ў люк, вырвацца з гэтага жару, з гэтага дыму, з нечалавечай пакуты. Ён падняўся і выбраўся б, напэўна. Але да ўсяго ў яго аказалася была перабіта нага, і рана гэтая знясільвала яго ўшчэнт. Ужо амаль выбраўшыся з люка, ён, аж скрыгочучы ад крыўды, бяссільна аб'ехаў уніз.

Спрабуючы зноў падняцца, ён заўважыў, што на ім задымілася і ўспыхнула вопратка.

Поўнае няўтрымнай прагі жыць, вырвацца, збіраючы рэшткі сілы, не трацячы адзінай надзеі, упарта трымаючыся за яе, ніяк не хацела здацца, прымірыцца з непапраўнай бядою гэтае жыццё.

«Мішка, каласочак!.. Ганнуся!» – згадалася яму, згадалася такім жаданым, такім дарагім, што ён застагнаў ад болю, ад крыўды. «Мішук! Ганнуся!» – нібы клікаў ён нямымі, абпаленымі вуснамі, уставаў, браўся душою да іх, то з надзеяй, то з адчаем.

Ах, якімі любымі, якімі яснымі былі яны ў гэты момант, сын і жонка, як ірвалася да іх сэрца. І раз, і другі цягнуўся Якавенка да люка, спрабаваў выбрацца з дымнай гаркаты, з задухі, не верыў усё, што гэта – непапраўнае, канец, – цягнуўся і кожны раз без сілы аб'язджаў уніз.

Ад спёкі, ад слабасці, ад адчування бездапаможнасці ў галаве яго туманілася і блыталася. Туман быў нясцерпна гарачы, такі пякучы, што думкі ў ім вялі, гінулі, гарачы туман адзін поўніў непаслухмяную, неадольна пацяжэлую галаву. Якавенка траціў прытомнасць.

У імгненным пробліску яснасці ва ўяве яго зноў паўстала жаданае: Мішка абдымае за шыю!.. Як ён цягне ўніз!.. Так важка, што не ўтрымацца!.. Потым на міг у вачах успыхнула ўбачаная здалёк істужка рэчкі, якая здалася цяпер чырвонай... Зноў мільгануў твар Мішкі... Гэта было апошняе.

Якавенка, што ляжаў грудзямі на сядзенні, ужо нічога не цямячы, ужо больш па звычцы слаба варухнуўся і, пахіснуўшыся, упаў у полымя.

Удалося выратавацца толькі Рыбакову. Зразумеўшы, што здарылася, ён спрытна вынырнуў з люка і прабег згарача метраў пяцьдзесят да рэчкі. Тут, зачапіўшыся за прыгнутую лазіну, Рыбакоў спатыкнуўся і ўпаў.

Твар яго і асабліва рукі былі абпалены, вопратка на ім тлела, але Рыбакоў не заўважаў гэтага, ён бачыў, як з вежы, круцячыся, валіць чорны дым.

Ля машыны нікога не было відаць. Выскачыў яшчэ хто-небудзь ці толькі ён адзін?

Можа, там дапамагчы трэба каму-небудзь? Рыбакоў напружана ўзняўся на руках. Не, таму, хто не выскачыў, дапамагчы цяпер нельга...

Зямлю ўраз страсянуў грымотны выбух. У паветра паляцелі важкія кавалкі разарванай брані, адзін з якіх грымнуўся недалёка ад Рыбакова. Гэта ўзарваліся снарады – у машыне быў яшчэ амаль не расходаваны боекамплект.

Угару ўзнялося белае высокае воблака.

Неўзабаве выбухнулі паліўныя бакі...

Рыбакоў у роспачы азірнуўся назад і ўбачыў, як па захопленым мосце імчыць сюды танк. Адзін танк і чалавек шэсць аўтаматчыкаў былі ўжо на гэтым баку. Танк сек з гарматы і кулямётаў у бок бяроз, што раслі непадалёк, за прыбярэжнымі кустамі. Некалькі «трыццацьчацвёрак» падтрымлівалі яго з таго боку. Рыбакоў пачуў, як свішчуць нізка іх балванкі і асколачныя... Гэта як бы абудзіла Рыбакова.

Ён зноў павярнуўся да машыны, над якой уздымаўся дым, і застагнаў ад крыўды...

Так хутка, раптоўна...


5...

Лейтэнанта Якавенку і іншых танкістаў, што загінулі ў часе бою за мост, хавалі на беразе рэчкі, непадалёк ад месца гібелі. Тут, каля пераправы, ішоў паўтары гадзіны гарачы бой. Нарэшце, гітлераўцы ўсё ж вымушаны былі адысці, уступіць важны плацдарм.

На пахаванне забітых сабраліся таварышы: адна рота танкістаў і байцы з мотастралковага батальёна. Іншыя танкісты і аўтаматчыкі былі ўжо наперадзе – нельга затрымлівацца.

Усе тут яшчэ жывуць боем. Некаторыя як бы не вераць, што тых, з кім яны прышлі развітацца, сапраўды няма. Як жа няма, калі толькі гадзіны дзве назад яны з намі абмяркоўвалі задачу бою, жартавалі? Не, напэўна, якая-небудзь памылка! Можа, пераблыталі – можа, загінуў хто-небудзь іншы.

З краю шырокай ямы ільсніцца горкамі свежая, яшчэ вільготная зямля. Ляжаць поруч на брызенце, на разасланых шынялях танкісты і аўтаматчыкі. На дошчачцы, якая прыбіта да яшчэ неўкапанага слупка, напісаны іх прозвішчы, званні – сержант Каранькоў, механік-вадзіцель Ціхаміраў. Разам ішлі ў баях, разам ляжаць перад апошнім шляхам...

Якавенкі і трох чалавек з яго экіпажа няма. Застаўся жывым толькі абгарэлы Рыбакоў, якога яшчэ ў часе бою павезлі ў шпіталь...

Непадалёк, уперамешку з вупражкамі, што цягнуць цяжкія мінамёты, праходзіць пяхота, – адтуль хмурна пазіраюць на ўзарваную машыну. Плынь войск на другім баку ўсё гусцее...

Маўкліва і панура стаіць лес, які бачыў выбух полымя над танкам Якавенкі. Не шумяць, не трапечуць лісцем дрэвы, не рыпяць галіны, – усё замоўкла. Яны маўчаць не таму, што вецер сціх, яны, здаецца, таксама журацца над магіламі.

Над свежаю ямаю – тры пахілыя ціхія бярозы,– схіліліся, нібы ад цяжару ўтраты.

Аляксей ступіў на горку зямлі і акінуў позіркам хмурныя задуменныя твары танкістаў і мотастралкоў.

Губы, як заўсёды, калі ён непакоіўся, былі моцна сціснуты, і твар здаваўся хударлявейшым, больш выпіналіся сківіцы. Шлем ён трымаў у руцэ.

– Мы страцілі яшчэ некалькі таварышаў... З іх толькі Каранькоў памёр на зямлі сваіх бацькоў. Тут недзе недалёка яго роднае сяло. На Палтаўшчыне жыў і рос Якавенка. З Сібіры прышоў сюды Ціхаміраў. Яны памерлі разам з Караньковым. За свабоду Беларусі... Няхай жа беларуская зямля будзе ім на векі вечныя, як родная маці!

Позірк Аляксея затуманіўся. Успомніўся нядаўні жарт Якавенка «За мэне бабуся дома моліцца кожны вечар, таму і кулі не бэруць». Аляксей праглынуў горкі камяк, што стаў у горле, прадаўжаў сурова, як бы звяртаючыся да забітых:

– Вы аддалі сваё цудоўнае жыццё за свабоду нашай Радзімы, за мірны заўтрашні дзень, калі не будзе на нашай зямлі ворагаў, вайны, смерці, разбурэння! Сваёй самаадданасцю вы запавяшчаеце нам змагацца за тое, каб мы дарабілі ўсё, каб спраўдзілі вашы мары, вашы надзеі!..– Аляксей акінуў позіркам твары салдат.– Паклянёмся ж ім, таварышы, што спраўдзім іх запавет!..

І дзесяткі галасоў, прысягаючы, адказалі:

– Клянё-о-мся!!

Услед за Аляксеем на свежы ўзгорак падняўся павольна Быстроў. Ён пазіраў хвіліну пад ногі, на пясок, напружана перакатваючы жаўлакі важкіх сківіц.

– Адсюль мы пойдзем далей без іх. Яны застануцца тут, на гэтым беразе, назаўсёды. Ім не давялося дайсці да таго паганага фашысцкага гнязда, з якога прышла да нас вайна... Яны хацелі адпомсціць Гітлеру і ўсім фашыстам, але ім не ўдалося дажыць да перамогі... Яны не дойдуць,– у голасе Быстрова пачулася ўпартасць. – Але я ад імя ўсіх хачу сказаць, што мы споўнім іх жаданне. Мы – дойдзем!

З радоў вырвалася ўпэўненае і пагрознае:

– До-о-йдзем!.. Дабярэмся! Да Берліна!

– Да фашысцкага гнязда!

Быстроў хацеў яшчэ штосьці сказаць, але знянацку ўскінуў сціснуты кулак і грозна патрос ім у бок ворага...

Забітых загарнулі ў шынелі, у брызент і пачалі па адным апускаць у зямлю.

Салдаты, афіцэры ўзнялі ўгару аўтаматы і пісталеты – прагучаў развітальны салют. Проста і строга хаваюць салдат салдаты.

У яму жменя за жменяй пасыпаліся грудкі вільготнага пяску...

– Гвардыі лейтэнант Колышаў!

Колышаў хутка падышоў да Аляксея і, казырнуўшы, запытальна зірнуў на камбата, чакаючы загаду.

«Як ён пасталеў!»– заўважыў упершыню Аляксей.

– Якавенка загінуў... Пакуль прышлюць новага камандзіра, будзеце пакуль... – прамовіў Лагуновіч і на хвіліну запыніўся.

Яму раптам успомнілася зялёнае поле на Смаленшчыне, непадалёк ад фронта, блакітны майскі дзень, калі на тактычных занятках гэты ружовашчокі юнак першы раз «замяніў» Якавенку. «Якое трагічнае супадзенне!»

Аляксей мімаволі нахмурыўся, адганяючы ўспамін. Хто тады мог ведаць, што яно так здарыцца!

– Часова за камандзіра ўзвода...

Колышаў стрымана адказаў:

– Ёсць!


6...

Магільны ўзгорак знік за паваротам дарогі. Над ім цяпер хіліліся ў горы, журыліся адны ціхія бярозы.

Вось і Якавенкі няма. Колькі таварышаў пахаваў Аляксей за вайну. За снежным Донам, на Украіне, пад Курскам. І тут, на роднай зямлі, ёсць магілы сяброў...

Ён прыгадаў, як сам ледзь не загінуў учора, – як нечакана вынырнуў з-за страхі нахабны «месершміт», як блізка грымнуў выбух і кінуў яго на зямлю.

Лежачы на зямлі, Аляксей чуў, што на яго ападаюць камякі зямлі.

Камбат паспрабаваў падняцца. З «трыццацьчацвёркі» саскочыў Быстроў і ўстрывожана падбег да яго:

– Што з вамі?

– Нічога, здаецца... – Аляксей адвёў руку сержанта, які хацеў падтрымаць яго, і, хістаючыся, ступіў да машыны. Каля каткоў – кінулася ў вочы – ляжала ссечаная асколкам бярозавая галіна...

Адганяючы яшчэ вострыя, даўкія ўспаміны пра ўчарашняе здарэнне, Аляксей сказаў сержанту, які сядзеў побач:

– Ты ведаеш, Быстроў, што гэта за зямля перад намі?..

Быстроў зірнуў на Аляксея, потым перавёў позірк туды, куды глядзеў старшы лейтэнант. Непадалёк пачынаўся невялічкі, звычайны лясок, да якога падступала такое ж звычайнае поле. Пры ўзлессі віднелася некалькі кінутых немцамі аўтамашын.

– Вось думаю – колькі крыві братняй праліта за яе? За нашу зямлю... За гэтую дарогу, за поле, за бярозу... За Мінск.

Быстроў не адказаў, узрушаны хваляваннем Аляксея. «За Якавенку, відаць, перажывае», – падумаў ён.

– Многа, Быстроў. Што там гаварыць пра кутузаўскіх салдат, гэта здаецца далёкім мінулым. Дваццаць чатыры гады назад тут біліся нашы бацькі з белапалякамі. Мой бацька тут ваяваў з імі! А яшчэ крыху раней – з кайзераўцамі... І вось цяпер – тры гады нашай вялікай бітвы!..

– Развялося пошасці ўсякай! – паварушыў жаўлакамі Быстроў.– Увесь час лезуць, як саранча!

– І каго сюды ні прыносіла: Карл-швед і той нават прыпёрся быў, – сказаў Аляксей.

– Ну, нічога. Погані такой цяпер паменшае. Думаю, што тут, на Беларусі, кроў больш не будзе ліцца. І так колькі разоў перашкаджала людзям жыць усякая замежная навалач!.. Адвучым хадзіць сюды!..

– Адвучым назаўсёды.

Аляксей з нейкім асаблівым пачуццём любові і пашаны пазіраў у гэты час на пыльную дарогу, на запусцелыя палі, якія толькі зрэдку радавалі вока палоскамі спеючых кволых жытоў, на невысокія адхонныя ўзгоркі, пералескі, зацягнутыя сіняватай смугой, што, мяняючыся, праходзілі абапал дарогі.

Беларусь ты мая, Беларусь!

Раздзел ІІ


1...

28 чэрвеня адгрымелі баі ў Магілёве, на высокім, перакапаным снарадамі і бомбамі дняпроўскім беразе. Натоўпы магілёўчан, выбраўшыся са сховішчаў, абдымалі на дымных вуліцах родных салдат. Войскі ішлі ды ішлі з боку Лупалава, па пантонах на Дняпры, міма вежы старажытнай ратушы, па зялёнай Першамайскай, з сярэдзіны якой зварочвалі на Мінскае шасэ, на Мінск!

Бурлілі ў той жа дзень радасцю перамогі, шчасцем вызвалення Асіповічы, Шклоў, Быхаў, Клічаў і многія – ужо не дзесяткі, а сотні пасёлкаў і вёсак.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю