Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 25 страниц)
Сапраўды неўзабаве прыляцелі знішчальнікі. У небе завязаўся бой: кружыліся, раўлі знішчальнікі, скрыжоўваліся лініі трасіруючых куль, час-ад-часу скрозь роў матораў прарываўся зацяты трэск кулямётаў.
Раптам адзін з самалётаў выпаў з гэтага люта вірлівага, поўнага рову, клубка і, бязладна перавальваючыся то на крыло, то на нос, паляцеў к зямлі. Шчарбацюк з крыўдай пазнаў: наш.
Самалёт упаў за ляском, на тым баку.
Прасачыўшы за гэтым боем, які ішоў, здалося яму, бясконца доўга і за час якога было збіта яшчэ два нямецкія і два нашыя самалёты, Шчарбацюк выклікаў свайго намесніка па тылу і папрасіў далажыць, дзе цяпер яго машына і абозы. Аказалася, адзін абоз наткнуўся на групу гітлераўцаў, і яны захапілі некалькі павозак...
Генерал-маёр пры гэтай вестцы густа барвова пачырванеў, жылы на яго твары набухлі. Ён кіпеў ад гневу,– пачынаўся «выбух».
– Шляпы! – вылаяўся генерал-маёр. Рэзка прайшоўшы туды-назад па беразе, ён загадаў: – Усе тылы падцягнуць да моста i' да дванаццаці трыццаці пераправіць.
– Ёсць, таварыш генерал.
Панура маўклівы, з намаганнем стрымліваючы гнеў, генерал пайшоў да ракі. Ён сеў у рыбацкую лодку,– салдаты адразу ўзмахнулі вёсламі.
2...
Калі дывізія пераправілася цераз Бярэзіну і прарвала ўмацаванні гітлераўцаў, Шчарбацюк павярнуў яе на поўнач і павёў усцяж ракі. Такі быў загад камандуючага арміяй.
Дывізія павінна была як мага хутчэй прабівацца да Барысава.
Ад камандуючага арміяй Шчарбацюк ведаў, што з поўначы да Барысава падыходзяць танкі і пяхота.
– Шчарбацюк, я зноў баюся за цябе! – далікатным, уедлівым голасам паведаміў разам з гэтым камандарм.– У цябе назіраюцца некаторыя трывожныя сімптомы...
Камандзір дывізіі пакрыўджана, гнеўна пачырванеў: «Зноў сімптомы!.. Зноў баіцца, вечна баіцца! Адна песня...»
– Паспяшайся, Шчарбацюк,– дадаў яму напаследак камандуючы.– А то паспееш – к самаму канцу!..
– Не спазнюся,– адказаў генерал-маёр.
Дывізія рушыла да Барысава. Збіла некалькі варожых заслонаў. Байцы, стомленыя бяссоннай ноччу, ішлі па гарачай пыльнай дарозе, неслі на сабе мінамёты, бранябойкі, кулямёты, скрынкі з мінамі і патронамі...
Перад вечарам пераправіліся з боем цераз рэчку Плісу, якая недалёка ад горада ўліваецца ў Бярэзіну, а ў прыцемку наблізіліся да Барысава.
У горадзе ўжо ішлі баі. Яны ішлі і ў старой частцы горада, і ў Новым Барысаве, якія падзяляла Бярэзіна. Дывізіі Шчарбацюка выпала вызваляць паўднёвую частку Нова-Барысава, раён вакзала.
Дывізія пачала бой без перадышкі, адразу, як толькі падышла да першых хат. Гітлераўцы, што заселі ў прывакзальных пабудовах, дотах, руінах, спаткалі пехацінцаў вельмі моцным агнём.
У сасняку, дзе выбраў генерал-маёр камандны пункт, раз-по-раз ірваліся снарады і міны, але камандзір дывізіі не звяртаў на гэта ўвагі,– яго непакоіла тое; што батальёны, штурмавыя групы запыніліся.
Стоячы з групай афіцэраў на ўскраі, сасняку, генерал-маёр пазіраў на горад, у якім уздымалася некалькі пажараў. За цёмнымі будынкамі чулася страляніна, выбухі, гурчанне машын. Страляніна даходзіла і здалёку, з другога боку горада.
За Бярэзінай таксама не сціхаў бой.
– Нашы падышлі да ракі...– прамовіў, як бы адгадваючы думкі генерала, ад'ютант.– Эх, шкада, што гітлераўцы ўправіліся ўзарваць мост.
– Так... шкада...
Шчарбацюк сказаў гэта такім тонам, што адчувалася – камандзір дывізіі нечым вельмі занепакоены.
Ад'ютант раптам заўважыў, што генерал штосьці мармыча,– ён прыслухаўся і разабраў:
А канагона маладога вязуць з разбітай галавой...
Генерал яшчэ прамармытаў-праспяваў некалькі слоў, потым плюнуў, нібы адплёўваючыся ад назойлівай мелодыі.
Ён быў незадаволены, і ад'ютант добра ведаў чаму: прыходзіцца стаяць на месцы.
А тут якраз пазваніў камандуючы арміяй, просячы паведаміць, як справы ў дывізіі. Шчарбацюк далажыў, што пачаў бой за горад, але пакуль дзейнічае на подступах да станцыі, дзе гітлераўцы трымаюцца асабліва моцна. Камандуючы не сказаў ні слова незадавальнення за тое, што дывізія затрымліваецца,– нават пахваліў, што хутка пераправіліся і падышлі да горада. Гэтая пахвала падзейнічала на генерала, як папрок.
Шчарбацюк папрасіў выклікаць да тэлефона Сібірака.
– Ну што ў цябе? Усё па-ранейшаму?
Камандзір палка адказаў, што гітлераўцы не адыходзяць.
– І што ты думаеш, сэрца маё, рабіць? Страляць датуль, пакуль адступяць?
Ласкавасць зараз у яго была такая, што ўсе, хто ведаў натуру генерала, адчувалі, што вось-вось можа зноў пачацца выбух гневу.
– Хачу паспрабаваць абыйсці іх злева...– адказаў падпалкоўнік.
– Ты ўсё спрабуеш?
– Там у мяне ўжо дзейнічае штурмавая група.
– Падварушы. Ды хутчэй. Не марудзь!
Задачу гэту камандзір палка даў штурмавой групе Праворнага,
Малодшы лейтэнант з чатырнаццаццю байцамі, сярод якіх быў і сержант Туравец, зайшоўшы на левы фланг палка, паўзком прабіраўся цераз насып, цераз рэйкі. Не вельмі далёка палаў пажар, але святло яго закрывала нейкая разбураная сцяна, ад якой на насыпе ляжаў шырокі цень.
Праворны сказаў, каб усе трымаліся ў ценю.
Перапаўзалі па адным. Тыя, што сядзелі перад насыпам, стаіўшы дыханне, сачылі за таварышамі, якія перапаўзалі па насыпе.
Усё-ткі ў гэтым ценю змрок быў рэдкі.
Над насыпам раптам прайшлася чарга з кулямёта. Усе насцеражыліся: няўжо іх заўважылі? Праворны пачакаў крыху і загадаў паўзці наступнаму. Гітлераўцы не стралялі,– значыць, яны не заўважылі.
Падабраўшыся да сцяны, Праворны ўзняўся на коленцы і ўважліва аглядзеўся, выбіраючы шлях. Тут камандзір пачуў, як непадалёк зноў коратка ўдарыў кулямёт. Ён быў у руінах. Малодшы лейтэнант загадаў Тураўцу і Шарыфутдзінаву прабрацца туды і «зрабіць цішыню».
Шарыфутдзінаў поўз наперадзе. Ён амаль зліваўся з зямлёй, так-што нават зблізку яго цяжка было адрозніць ад камення і травы. Кулямёт цяпер страляў часта, і месца яго было добра прыкметна.
– Чакай...
Ефрэйтар папоўз паўз каменні; Юрый сачыў за ім, гатовы ў кожную хвіліну дапамагчы, падтрымаць. Але падтрымка яго не спатрэбілася. Шарыфутдзінаў, улучыўшы зручны момант,– калі кулямёт застракатаў,– націснуў спускавы кручок аўтамата.
Ён вярнуўся назад, трымаючы ў руках нямецкі кулямёт.
Адсюль штурмавая група прабралася да будынка, які затрымліваў батальён. Ірвануўшы дзверы, Юрый проста перад сабой убачыў спіну гітлераўца. Не ўправіўся той азірнуцца, як сержант ударыў яго аўтаматам па галаве. Гітлеравец асунуўся на зямлю.
Праворны, абагнаўшы Юрыя, штурхнуў другія дзверы і кінуў наперад гранату. Калі ён убег, у пакоі слаўся дым, у якім валяліся двое забітых.
За чвэрць гадзіны дом быў ачышчай.
– Ну, можна даць зялёную ракету!
Расшпіліўшы запацелую гімнасцёрку, Праворны нервова выхапіў з кішэні ракетніцу, уклаў у яе патрон.
Хутка тут быў ужо амаль увесь батальён.
Хвілін праз дваццаць генерал-маёру далажылі, што батальён, ударыўшы з левага фланга, уварваўся на станцыю і што там ідуць рукапашныя бойкі.
Генерал-маёр, ціха мармычучы неадступную песню пра канагона, прыслухоўваўся да страляніны, якая даходзіла адтуль, углядваўся ў проймы між будынкаў. Ён убачыў у тым баку ў святле пажару некалькі постацей, што прабеглі і схаваліся за домам...
З палка, што наступаў правей Сібірака, прывялі дзесяткі два палонных. Шчарбацюк загадаў іх дапытаць.
– Адкуль іх перакінулі сюды, даведайцеся,– сказаў ён капітану-перакладчыку.
Аказалася, яны з эсэсаўскага батальёна, пераведзенага два дні назад з Гродна. Яны паведамілі, што ў Барысаве б'юцца рэшткі танкавай дывізіі і эсэсаўскія ахоўныя часткі, спешна перакінутыя з розных месц.
Неўзабаве генерал-маёр, сваёй звычайнай цяжкаватай і павольнай хадой, ішоў ужо цераз пуці, якія цьмяна паблісквалі. Каля спаленага будынка ляжала і сядзела некалькі параненых байцоў, аднаго з якіх перавязвала поўная, здаровая санітарка.
– Ну, што, тварцы гісторыі, арэшак моцны дастаўся?
– Нічога, мы прывыклыя...– адказаў той, якога перавязвалі.– Не такія трушчылі...
– Шкада з паўдарогі саступаць, – адгукнуўся другі.
– Чаму з паўдарогі?
– Ды далей бы ісці... Эх!
– А вы не гаруйце, другі мае, да часу. Дарога няблізкая... Яшчэ, можа, і дагоніце...
Генерал-маёр, хрупаючы бітым шклом, пайшоў далей. Шкла насыпана тут было вельмі многа, ад бляску пажараў яно зыркала. Насустрач генералу зноў правялі вялікі гурт палонных. Тут жа камандзір дывізіі і яго афіцэры спаткалі некалькі жанчын і дзяцей, якія кінуліся іх абдымаць.
Адна з жанчын расказала пра страшныя расправы гітлераўцаў з людзьмі ў канцлагеры на лесапільным заводзе.
– А пазаўчора адзін, калі павялі на расстрэл, схапіў цагліну і кінуўся на салдат. І іншыя людзі кінуліся, ды так, што салдаты пачалі ўцякаць...
– Выратаваліся нашы, значыцца?
– Некаторыя выратаваліся. А другіх фашысты здагналі і пастралялі...
Генерал, распытваючы, спачувальна ківаў галавою,– Шчарбацюк быў жаласлівы. Вінавата моргаючы вачыма і ўздыхнуўшы, ён супакоіў жанчыну:
– Нічога, любая мая, не бядуй!.. Не перажывай марна. Мы ў іх за ўсё спытаемся, будзь пэўна.
Бой не сціхаў. Гітлераўцы біліся за кожную вуліцу і завулак. Асабліва ўпарта яны трымаліся ў каменных будынках, страляючы з вокан, з дахаў. З-за будынкаў часта выпаўзалі нямецкія танкі, спрабуючы затрымаць нашу пяхоту.
Некаторыя з гэтых танкаў неўзабаве змаўкалі, прабітыя навылет або ахутаныя агнём.
Назіраючы за боем, генерал-маёр заўважыў, што полк Сібірака прыпыніўся.
– Чаму затрымліваешся? – запытаў яго незадаволена камандзір дывізіі.
Падпалкоўнік адказаў, што яго затрымлівае батальён Паўлоўскага, які вядзе бой з гітлераўцамі, што заселі ў вялікім доме.
– Дом добры...– нечакана пачуў генерал.– Паўлоўскі не хоча разбіваць яго снарадамі...
Шчарбацюк хвіліну маўчаў. Потым папрасіў, каб яго звязалі з Паўлоўскім.
– Ну, раскажы, што там за дом? Добры!.. Ну, што ў ім добрага? Колькі, скажы, паверхаў? Тры паверхі?.. Школа была? Адкуль гэта ведаеш, друг мой? Па выгляду? Што, вокны шырокія?
У твары Шчарбацюка паявілася штосьці дзіцячае, цікаўнае.
– Значыць, дом добры і школа?
Ён задумаўся.
– А зможаш ты ўзяць дом так, каб... не разбіваць снарадамі і людзей не загубіць марна?
– Думаю, што вазьму...
Генерал-маёр запытаў, колькі на гэта патрэбна будзе часу, і дазволіў. Толькі загадаў, каб не марудзілі.
Прайшло, мусіць, з паўгадзіны, як генерал-маёру далажылі, што дом выратавалі, што забітых у штурмавой групе няма. Байцы, сказаў Сібірак, узлезлі па вадасцёкавай трубе на трэці паверх і адтуль пачалі спускацца ўніз, ачышчаючы дом ад нямецкіх кулямётчыкаў і аўтаматчыкаў...
– Хто там з іх асабліва?.. Павіншуй ад мяне са «Славаю», а камандзіра са «Звёздачкай».
Яшчэ ішоў бой, а Шчарбацюк, выклікаўшы да тэлефона свайго намесніка па тылу і камандзіраў палкоў, загадаў падрыхтавацца да «дарогі».
– Адразу, як толькі скончым, выступаем. Без затрымкі!..
3...
Паўдня перабіраліся цераз балотца. Увесь вечар, зрэдку спыняючыся, хутка ішлі. Толькі пад поўнач, калі прыехалі ў вялікае маўклівае сяло, прышла каманда зрабіць прыпынак, адпачыць, і малодшы лейтэнант спыніў узвод.
Юрый з асалодай выпрастаў налітае стомаю цела. Нарэшце, ён можа паспаць. Паспаць спакойна цэлую гадзіну, ды яшчэ на саломе ў хаце.
Сержант узбег на ганак, адчыніў дзверы. Пасвяціўшы запальнічкаю, ён акінуў позіркам пакой. Тут было пуста і няўтульна, але Юрыю вельмі хацелася спаць, ён ведаў, што і камандзір, і байцы хочуць толькі аднаго – хутчэй паваліцца спаць. Што яму да ўтульнасці!
Сержант загадаў салдату, які ўвайшоў пасля яго, пашукаць саломы ці сена:
– Хутка. Як куля!
Праз хвіліну салдат унёс у хату абярэмак сена: яно было ў хляве на палацях.
Сержант запаліў баначку з гаручым рэчывам, якая цьмяна асвятліла пакой, і, падгарнуўшы пад галаву сена, разаслаў шынель.
Праворны, які ўвайшоў неўзабаве, быў таксама змораны і, ступіўшы ў пакой, не здымаючы ботаў, адразу зваліўся на сена.
– Пабудзі, Шарыфутдзінаў, праз гадзіну,– сказаў ён ефрэйтару, прызначанаму ў варту.– Ды глядзі, каб на пасту не драмалі! Эх, ногі гудуць!..– ён соладка пазяхнуў і прыкрыўся палой шыняля.
У гэтую хвіліну ў пакой ускочыў салдат.
Ён падышоў да Шарыфутдзінава і трывожна выдыхнуў:
– Немцы!..
– Дзе?! – ціха, але ўстрывожана запытаўся ефрэйтар.
– Тут – у суседнім пакоі...
– За сцяной?
– З двара ўваход...
– Што яны... робяць?
– Спяць.
– Дык чаго ж ты крычыш? – незадаволена прамовіў ефрэйтар.– Эх ты!.. Чалавек – галава, два вухі!
Ён спакойна зняў з пляча аўтамат і, рашуча бліснуўшы вузкімі вачыма, падаўся да дзвярэй; салдат кінуўся за ім. Але на парозе ён прыпыніўся, падумаўшы, што трэба папярэдзіць камандзіра ўзвода.
Ён азірнуўся і ўбачыў, што малодшы лейтэнант ужо не спіць. Пачуўшы хуткія, неспакойныя крокі салдата, Праворны, адольваючы санлівасць, мімаволі прыслухаўся: ці не да яго? Можа, распараджэнне якое? Ён улавіў словы: «Немцы!.. Тут...»
Праворны парывіста ступіў да салдата:
– Дай аўтамат! Скажы Шарыфутдзінаву, каб не спяшаўся!..
– Вы б не ішлі, таварыш малодшы лейтэнант... Мы самі!
Праворны не адказаў. У хвіліны, калі пагражала небяспека, ён станавіўся маўклівым і хуткім.
– Колькі іх? – запытаўся Юрый у аўтаматчыка.
– Не разгледзеў... Чалавек, думаю, сем...
Праворны і Юрый вышлі на двор, дзе іх чакаў
Шарыфутдзінаў. Навокал, як і раней, панавала цішыня і цемра, але цяпер яны быццам таілі ў сабе штосьці пагрознае. Усе мімаволі насцеражыліся. Каля дзвярэй стаяў яшчэ адзін салдат. Праворны, запытаўшыся, ці не заўважылі тут поблізу нямецкіх вартавых, падышоў да дзвярэй і першым ступіў у цёмныя сенцы, левай рукой звыкла вымаючы з кішэні ліхтарык. Следам за ім увайшлі Юрый, Шарыфутдзінаў і салдат.
Праворны ірвануў сенечныя дзверы да сябе. Яркі прамень яго ліхтарыка пабег па падлозе, потым пераляцеў на бочку, абмацаў куты. У сенцах было пуста.
Яны ўвайшлі ў пакой. Ліхтарык зноў пабег па падлозе, выхапіў з цемры лаўку, стол, ложак. Немцы спалі на ложку і на падлозе, падаслаўшы сена, мусіць, з тых самых палацей, адкуль прынеслі і для нашых. Іх было шасцёра.
– Спакойна заваёўнікі размясціліся! Як дома! А ну, Шарыфутдзінаў, падбяры цацкі іх ды пабудзі...
Ефрэйтар стаў будзіць. Ён наском бота штурхнуў аднаго, другога з тых, што былі на падлозе. Немцы прачыналіся неахвотна, і Праворны злаваўся:
– Гэй вы, – устаць! – скамандаваў рэзкім голасам ён.
Усе, хто яшчэ спалі, заварушыліся, паслухмяна ўсталі, выцягнуліся, сонна лыпаючы вачыма. Салдат у вязаным світэры кінуўся было да месца, дзе стаяла зброя, але Юрый так даў яму ложам аўтамата, што той адразу застыў...
На іншых не было відаць ні перапалоху, ні здзіўлення ад таго, што яны бачаць савецкіх салдат.
– Мы чулі ноч нейкі танкі...– загаварыў адзін з іх, з намаганнем падбіраючы рускія словы.
Аказалася, некаторыя з іх чулі, як увайшлі ў сяло і прайшлі першыя танкі, але не ведалі, чые гэта. Гітлераўцы супакойвалі сябе, што гэта нямецкія. Нікому з іх не хацелася тады ўставаць, бо яны вельмі змарыліся за дзень, ідучы пеша. Рашылі перачакаць да раніцы, махнулі рукой на ўсё і леглі спаць.
Праворны загадаў аўтаматчыку пакуль павартаваць іх, а Юрыю – выклікаць канваіраў.
Малодшы лейтэнант вярнуўся ў свой пакой, лёг на разасланы шынель і праз хвіліну ўжо спаў.
4...
Побач са штабнымі машынамі было відаць некалькі непрыкметных гарбкоў зямлянак, амаль схаваных густым купчастым зелянівам агародаў. Сярод іх самотна тырчалі сухія, не па-летняму голыя ігрушы і яблыні, якія, здавалася, раслі сярод поля. На карце, што ляжала на стале ў крытай штабной машыне камандзіра дывізіі, гэта вёска называлася Паплавы.
Ехаць далей нельга было: за суседняй вёскай, кіламетраў праз чатыры, два палкі наткнуліся на адступаючую гітлераўскую часць і цяпер вялі бой. Трэці полк з боем перапраўляўся цераз балота...
– Прыдзецца пастаяць... Высветліце, як там справы ў Скорабагатага,– сказаў камдыў падпалкоўніку,– а я выйду... Змарыўся...
Машына генерал-маёра стала каля зямлянкі. Грузна і мякка спусціўшыся са ступенькі машыны, Шчарбацюк убачыў на двары двое дзяцей. Дзяўчынка год адзінаццаці, трымаючы за руку малое хлапчанё, пазірала на машыну. Шчарбацюку, які даўно не бачыўся са сваімі дзецьмі, што жылі цяпер у Казані, захацелася падысці да малых. Ён ступіў на двор.
– Як цябе зваць, дзяўчынка?
– Воля.– Гэта была Волька, дачка Шабуніхі.
– А дзе твая мама?
– На агародзе...
– А ты хто? – вырвалася ціха ў Волькі.– Чырвонаармеец?
– Чырвонаармеец,– усміхнуўся генерал-маёр.
– А тут ужо былі чырвонаармейцы. Толькі яны адразу паехалі...
Волька азірнулася ў той бок, дзе быў агарод, і, убачыўшы, што маці ўжо ідзе сюды, шчаслівая кінулася насустрач ёй.
– Ма-а-мка!
Шабуніха, у выцвілай хустцы, абшарпаным андараку апусціла падгарнуты край фартуха, заспяшалася. Даўно-даўно не ступала яна так лёгка, радасна, усхвалявана, як у гэты дзень,– нібы памаладзела адразу.
– Браток ты мой! – голас Аўдоцці, басавіты, глыбокі, уздрыгнуў і абарваўся. Яна пяшчотна абняла Шчарбацюка.
– Усё-ткі і я шчаслівая!– з нейкай урачыстасцю ў голасе вымавіла яна.– Прыйдзе і да мяне шчасце! Не абмінула!..
І неспадзеўкі на яе нахлынуў такі нядаўні, неперажыты яшчэ трывожны настрой. Колькі перайшло ўсяго за гэтыя суткі! Ці праўда, што яно было ўсё, што мінулася. Яшчэ ўночы і ўранку тут былі немцы, і яна хавалася ў хмызняку за агародамі, тулячы да сябе ператрывожаных малых. Уранку яна чула непадалёк вялікую страляніну...
А праз паўгадзіны Аксіння, суседка яе, сказала, што ў сяле ўжо нашы, і яна, ускінуўшы на плечы лёгенькі клунак з рэчамі, з акрайцам хлеба, узяўшы на рукі малога Валодзьку, з Волькай пайшла ў Паплавы...
Шабуніха схамянулася, выцерла рукі аб фартух.
– Божа мой, чаго ж я стаю! Завітаў такі чалавек, а я... Мо ў каморку зайшлі б! Ці тут пасядзіце? – абвяла вачыма двор, які зелянеў дробным падарожнікам, крапіваю і травой, развяла рукі.– Няма дзе... Была хата, дык спалілі... Цяпер вось дзе гнемся, як краты ў нары. Ліхадзеі ўсё папалілі, усё, што было, каб яны свету не бачылі... Заходзь, браток, хіба ў каморку.
Шчарбацюк зняў фуражку і, сагнуўшыся, асцярожна, па земляных сходках спусціўся ў цёмны паграбоў у якім ён пасля яркага святла спачатку нічога не бачыў. Дзеці падаліся следам за ім.
– Пасядзі, браток, тут... на лаўцы... Ай, які дзень! Які дзень!.. – загаманіла яна, штосьці шукаючы каля печкі.
Генерал-маёр сеў і тады змог выпрастацца. Шабуніха неспадзявана паставіла на стол пляшку, сказала Больцы, што сядзела на сходках, каб нарвала радыскі. Волька ахвотна ўскочыла.
– Не трэба, сястра, я зараз павінен ісці...
– Управішся,– сказала Аўдоцця ўпэўнена.– Без пачастунку – нягожа...
Волька выбегла. У каморцы трохі пашарэла ад святла, што прабівалася ў пройму дзвярэй, якую раней затуляла Вольчына постаць. Генерал-маёр мог цяпер разглядзець каморку. Печ так-сяк зляпіў нейкі дамашні майстар. Каля стала былі палаці з розным рыззём, якія, відаць, замянялі і ўслоны.
– Паглядзі, паглядзі, браток, на нашу дамоўку. І то яшчэ дзякуй, што паграбок быў,– нябожчык-чалавек выкапаў...
Волька прынесла жменю радыскі. Шабуніха выцерла старанна ручніком карэц з кансервавай банкі, наліла з бутэлькі. Дзеці, стоячы каля палацей, нязводна сачылі за госцем.
– Чым багаты, тым рады: лепшага ў мяне няма. Не пагневайся.
У Шчарбацюка на хвіліну зацяло дых – самагонка была вельмі моцная. Волька, убачыўшы, як госць заплюшчыў вочы ад гарэлкі, засмяялася.
– Пякучая? Мамка з самай зімы беражэ яе. Аж з Азяранаў прынесла.
– Ат, якая гэта гарэлка – слёзы! І то, можа, нішто б, каб закуска. Не было ў нас яшчэ такой нішчымніцы... Бывала, гасцей наедзе са ўсяго свету – у нас радня багатая. Каб хто калі пакрыўдзіўся! Змітро мой вельмі быў гасцінны – каб усім хапіла і піць і есці. Каб не то што сказаць, але і падумаць ніхто кепскага не мог...
Твар яе спахмурнеў, як ад болю, а вочы часта-часта заміргалі.
– Плакаць чагосьці захацелася... – прамовіла яна,– не з гарэлкі, а з радасці. І ад думак... Што мы тут перажылі, перацярпелі за гэтыя гады! Ніколі зроду не было ліхалецця, як гэта... Пабачыла я такое, што не думала, не гадала, і нікому не жадаю бачыць – ні брату, ні свату.
– Так, сястрыца, гора паспыталі вы многа...
Памаўчаўшы хвіліну, Аўдоцця не ўтрывала, загаварыла зноў.
– Бяда, кажуць, адна не ходзіць. У блакадзе чалавек мой – Змітро – загінуў. Партызанскі камандзір быў... Гаравала я страшэнна, як даведалася.
А тут яшчэ, як вярнулася я на селішча – з лесу, з партызан,– дык і следу не знайшла ад хаты сваёй, адзін попел ад усяго. Заламала я рукі, павалілася, як непрытомная, на зямлю... Ой, нацярпеліся! А пазалетась і самі ледзь не загінулі ад фашыстаў праклятых. Я тады ўжо думала, што смерць будзе майму Андрэю. Сама з малымі была акурат на полі, то нам нішто, удалося ўцячы... А Андрэю толькі шчасце дало выбрацца, не інакш.
– Андрэй наш тады ў хаце быў,– загаварыла Волька.– І дзед Хведар таксама. Як фашыст стрэліў у дзеда, дык Андрэйка адразу скочыў за грубку. Тады ён, гэты фашыст, кінуў услед гранату,– толькі наш Андрэйка паспеў схавацца. Граната як бухне, дык на Андрэйку як пасыплецца каменне... ён адразу ўпаў, перапужаўся – страх... дым па хаце круціцца, дыхнуць няможна... Выбег наш Андрэйка, скочыў з акна ды ў агарод. А тут гітлеравец за ім – тр-тр з аўтамата ўслед. Убачыў, зараза! Тады Андрэйка ўпаў, нібы нежывы, а сам паўзком-паўзком хутчэй. Праз гарбузнік хутчэй у поле. Уцёк ад яго! Проста з-пад носа ўцёк! Ён смелы ў нас, Андрэйка! Такі смелы!..
– Адлей нась смелі,– адгукнуўся Валодзька.
– Вялікае сяло было. Тут над нашымі Паплавамі і сёл не было большых... А з усіх Паплавоў толькі чалавек пяцьдзесят, можа, засталося...
Шчарбацюк быў чалавекам уражлівым. Ён добра ўявіў ясны летні дзень і дым, што чорнай хмарай уецца над хатамі, постаці гітлераўцаў, якія ганяюцца за перапалоханымі жанкамі, за старымі і дзецьмі.
Аўдоцця наліла шклянку. Генерал-маёр убачыў у цьмяным святле яе худую, але моцную, з напятымі жыламі руку, што дрыжала. Такая рука, звыклая да працы, была калісьці ў яго маці,– і такія ж чорныя драпіны на пальцах...
Шабуніха папрасіла выпіць яшчэ, але Шчарбацюк не дакрануўся да шклянкі. Нізкая столь зямлянкі пачынала гнясці, гарэлка пякла ў сярэдзіне. Угадаўшы, што яна можа пакрыўдзіцца за тое, што ён адмаўляецца, Шчарбацюк мякка сказаў:
– Не магу.
Яна зірнула на яго недаверліва.
– Словы вашы, дарагая, паляць у мяне ў сярэдзіне горш за агонь...
– А ты не думай, браток, лішняе! – перабіла яна ўладна.– Тое, што было, прайшло,– не трэба зводзіць сябе марна. Я вось таксама было па Змітру свайму гаравала страх, а што з таго?.. Хоць яно, праўда, сэрца не слухаецца, не выходзіць у мяне з душы Змітро... Але не трэба бедаваць, не трэба...
5...
Аўдоцця хацела яшчэ штосьці сказаць, аднак замест слоў пачуўся глухі, прыдушаны ўсхліп. Шчарбацюк падумаў, што яна зараз пачне ўспамінаць свайго мужа і будзе плакаць. Гэта яму было не ў навіну. Але ён памыліўся: Аўдоцця ні слова не прамовіла больш пра сваё гора.
– Аж не верыцца, што сагналі ліхадзея. Не дай бог, яшчэ вернецца зноў. Загубіць тады ўсіх... Скажы, родны, ты чалавек вучоны і, відаць, з камандзіраў – будзе яшчэ яна тут, вайна?
Генерала апошнія словы жанчыны не здзівілі, ён не раз чуў такое пытанне ад байцоў.
– Не будзе.
Яна паківала галавою.
– На маім вяну тут ужо трэці раз...
– Не будзе! – сказаў ён цвёрда, з упартай ноткай у голасе.
– Каб жа не было... Каб сынкі былі дужыя. У мяне цяпер толькі і думак, што пра іх. Кожную ноч яны сняцца. У мяне ж два ваююць – Андрэй у партызанах, а другі – Лявон – той на фронце. Сённачы бачыла яго, Лявона – нібы ішоў ён па зялёным полі ў белай доўгай сарочцы... Гэта на добрае, кажуць, радасць нейкая будзе: можа вестачка ад яго. Каб хоць даведацца, што жывы ён!.. А можа, сам зазірне, дай бог, дадому.
– От было б добра! – вырвалася ў Волькі,
– Былё б добля.
Генерал падзякаваў за пачастунак.
Яркае святло летняга сонечнага дня ўдарыла ў вочы, асляпіла яго, і Шчарбацюк заплюшчыўся на хвіліну. Расплюшчыўшы вочы, ён убачыў перад сабою некалькі дручкоў, па якіх, абвіваючыся, паўзлі ўгару ніткі фасолі, дзесятак зялёных кіяхоў, далей – сіняваты лясок і над ім спакойнае, з высокімі клубістымі воблакамі неба.
Шабуніха праводзіла яго да вуліцы, трымаючы на руках Валодзьку.
Па вуліцы, поўнячы яе, ішла кавалерыя і працітанкавая часць, прыданая дывізіі ІІІчарбацюка. Шабуніха пільна ўзіралася ў твары тых, што праходзілі.
– От, каб Лявон быў жывы. Каб прышоў дадому. Мо прыдзецца дзе спаткаць – Шабуня па прозвішчу,– то перадай яму паклон. І накажы яму, калі, значыцца, убачыш часам, каб напісаў, ці дужы, ці як, бо я тут марнею па ім. Так і накажы.
– Так і наказі! – паўтарыў Валодзька.
– Перадам.
Увайшоўшы ў машыну, генерал-маёр нейкі час сядзеў задумлівы і ўзрушаны. Ён думаў пра дзяцей, з якімі ўжо больш за год не бачыўся. Люся ў гэтым годзе скончыла дзесяты клас. Як яна здала экзамены? Ну, за сыноў, асабліва за Валодзю, можна быць спакойным – выдатнік усе гады... Успомнілася Саша, Аляксандра Сяргееўна,– жонка. Недзе чакае яго, хвалюецца за яго, а ён так рэдка радуе яе лістамі.
Трэба будзе сёння ж напісаць ёй яшчэ ліст. Ён ужо даўно не пісаў ім,– сухар, бюракрат!..
Шчарбацюку ўспомніліся словы Шабуніхі: «Ці будзе тут вайна яшчэ?» І ў яго строга падціснуўся рот, як заўсёды, калі ён чаго-небудзь вельмі хацеў дамагчыся. «Мы зробім так, каб тут больш ніколі не было такога».
Потым думкі яго непрыкметна змянілі кірунак.
– Што з палкоў? – запытаўся ён у падпалкоўніка, які моўчкі паглядваў на яго,
Раздзел IV
1...
Ужо каля двух гадзін кіпеў бой у пасёлку, а гітлераўцы ўсё не здаваліся. Ермакоў быў пахмурны і ўзлаваны. Слухаючы частую перастрэлку, якая не толькі не сціхала, а яшчэ мацнела, ён нецярпліва кінуў Габдуліну:
– Ну, ліха, колькі нам з гэтым сялом валаводзіцца!.. На што яны, гэтыя недабіткі, спадзяюцца?! Думаюць адсядзецца ці баяцца здацца?
– Здадуцца, нідзе не дзенуцца,– спакойна адказаў Габдулін.
– Яшчэ што, не здадуцца! – Ермакоў прамовіў так, нібы інакш і быць не можа: – Гэта ім не красавік – не блакада!..
Ермакоў з Габдуліным стаялі ў гарбузніку, каля нейкай драўлянай пабудовы. Недалёка палаў дом, падпалены фашысцкімі мінамётчыкамі, і сюды, ледзь Ермакоў высоўваўся з ценю, патыхала гарачынёй.
– Перадай камандзіру атрада, хай зноў атакуе,– сказаў камбрыг сувязному.
Сувязным быў Андрэй Шабунёк, які здаваўся сабе адным з віднейшых воінаў у гэтым баі,– вядома, пасля камбрыга, Тураўца і Басі Крайко. Андрэй быў бязмерна горды сваёй роляю і шчаслівы.
Ён адразу кінуўся выконваць загад камбрыга.
То там, то тут, наперадзе і з бакоў успыхвалі чэргі аўтаматаў, выбухалі гранаты... Ермакоў, які быў амаль у самым пекле бою, бачыў, як поблізу паўзком пачалі прабірацца цераз грады і гарбузнік, паўз будынкі яго людзі. Яны зніклі па той бок пабудоў, адкуль цяпер ужо даносіліся выбухі гранат і стрэлы.
Прыбег сувязны з «Радзімы» і далажыў, што нямецкі кулямёт падавіць не ўдаецца і што роты залеглі. Камандзір атрада просіць дапамогі – мінамётчыкаў...
– Скажы, мінамётаў не дам. І наогул – хай пакуль не атакуе. Не трэба... Хай толькі так, для выгляду, шуміць, каб гітлераўцы пабойваліся...
Прытуліўшыся да сцяны, Ермакоў напісаў на лістку некалькі слоў. Сувязны свяціў яму.
Ледзь сувязны знік за плотам, Габдулін перадаў узрадавана:
– Школу ўзялі, Ярмак!
Гэтая школа непакоіла камбрыга. Адтуль быў добры абгляд навокал для назіральнага нямецкага пункта. Перад домам быў кулямёт: ён цяпер маўчаў...
Ермакоў перайшоў з Габдуліным і трыма сувязнымі наперад. Яшчэ некалькі дамоў узялі – дом за домам. Марудна...
Але нічога, Ермакоў выкіне, абавязкова выкіне гэтых нягоднікаў адсюль. Праўда, іх сюды нашылася ў апошнія дні многа, але ён выб'е іх! Пасёлак невялікі, напалову разбураны, аднак стаіць на шляху. Калі брыгада зойме яго, яна адбярэ ў гітлераўцаў важную дарогу.
Ермакоў загадаў перанесці мінамёты да школы, павярнуць у бок парку, каб падавіць там кулямёт і аўтаматчыкаў.
Ён сам сачыў, куды трапляюць міны. Сэрца артылерыста не вытрымала, калі ён пабачыў, як мінамётчыкі прамахнуліся.
Зноў злева ірвуцца. Куды яны садзяць?.. Правей, правей трэба!..
Ён стаў камандаваць сам. Перабраўся праз некалькі двароў наперад, бліжэй да парку.
– Правей нуль-нуль дваццаць, агонь! Батарэяю агонь! Яшчэ па міне, сябры! Хутчэй, хутчэй!..
Міны выбухалі зусім непадалёк...
Кулямёт хутка сціх, але праз некалькі хвілін ён абазваўся з другога месца. Каля мінамётчыкаў пачалі ірвацца варожыя міны. Ермакоў загадаў змяніць пазіцыю, а потым даў новы прыцэл і вугламер.
Камбрыг увесь захапіўся стральбою,– ён страляў да таго часу, пакуль кулямёт не сціх.
Калі Ермакоў вярнуўся да Габдуліна, прыбег задаволены сувязны і перадаў – нашы ў парку!..
Стрэлы сціхлі. Над хатамі і садамі, над вогнішчамі паволі раставалі дым і ранішняя шэрань.
Партызаны вышуквалі ў сховішчах і выводзілі на вуліцу прыцішэлых салдат з узнятымі рукамі. «Гітлер капут! Гітлер капут!» – аднастайна шапталі збялелымі губамі палонныя.
На перавязачным пункце, які асталяваўся ў хаце з разбітымі шыбамі, па-ранейшаму быў заклапочаны настрой.
Марыя Андрэеўна, абвязаўшы марляй чорныя валасы і малы, лагодны рот, аперыравала маладзенькага русявага хлопца. У яго была куляй разбіта косць крыху ніжэй каленнага сустава.
Марыя Андрэеўна, нахіліўшыся, выймала пінцэтам з акрываўленага парванага мяса белыя абломкі касці. На твары хлопца, побач з крапінкамі вяснянак, уздрыгвалі мутныя кроплі поту. Ён час-ад-часу стагнаў.
– Пацярпі яшчэ крыху, любы, харошы мой... Ужо небагата засталося... Хутка ўжо, зусім мала...– шаптала яна пяшчотна і зноў схілялася з пінцэтам у тонкіх пальцах.
На твары яе, у прытоеных цёмных вачах, між броваў, былі то непадступная ўвага, то спачувальная, мацярынская ласкавасць.
– Ну, вось, бачыш, не так страшна, як здавалася!..
У такія хвіліны асабліва выяўлялася тое, што гэтак падабалася ў ёй Тураўцу,– цудоўная жаночая мяккасць, чуласць, якія віднеліся, здаецца, у кожным яе руху.
Марыі Андрэеўне дапамагала Валя Залеская. Яна рабіла ўсё, што трэба было ёй, з нейкім ганарлівым выглядам, але на дзіва спрытна, зараней здагадваючыся пра жаданні і загады доктара.
Да раненых Валя адносілася інакш, чым Марыя Андрэеўна: яна была, можна сказаць, сваявольнай і нават дэспатычнай. Валя магла загадаць раненаму, каб ён зараз жа сціх, а не стагнаў, як баба, магла строга, грубавата адрэзаць, калі хто прасіў аб недазволеным – і яе слухаліся. І не толькі слухаліся, а любілі і паважалі, невядома за што,– мусіць за тое, што яна дзяўчына, прыгожая, спрытная, такая маладая.
Яна добра адчувала гэтую сваю ўладу і сілу і камандавала, як хацела.
Ледзь Марыя Андрэеўна скончыла бінтаваць нагу, дзяўчына, не чакаючы просьбы, паднесла ёй шыну.
Марыя Андрэеўна стала прыладжваць шыну да забінтаванай нагі,– Валя звыкла дапамагала ёй, усё з тым жа ганарлівым выглядам.








