412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 9)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 25 страниц)

Яна і стаяла, і хадзіла па рынку, аж пакуль не пачалі выганяць адсюль, але прадаць нічога не ўдалося: ні пінжака, ні сукеначкі.

– Не шанцуе нам, Людка: з чым прышлі, з тым і пайшлі. Хадзем дадому...

– Бабуня, а хлебца мы не купілі!– раптам напомніла ўнучка і тузанула яе за руку.– Купім хлебца.

– Заўтра, Людачка, заўтра...


2...

Генерал-лейтэнант Баумволь ужо набліжаўся да Талачына, калі ззаду, непадалёк, нечакана ўзгарэлася страляніна. Ён стаў азірацца, і ў нейкі момант убачыў, як на ўзгорак, праз які толькі што праскочыў, вылецелі спачатку адзін, потым яшчэ два танкі. Павозкі і машыны, якія паўзлі па дарозе, сталі панічна рассыпацца.

Генерал пачуў, як над яго галавою прашугнуў снарад. «Рускія!» – апаліла яго здагадка.

Ён крыкнуў шафёру – гнаць хутчэй, але Рэйзе, што сядзеў з шафёрам, энергічна падхапіўшыся, ашалела аглядваючыся то ў бакі, то назад, загадаў паварачваць. Якраз поблізу спускалася ўніз на поле да хмызняку пыльная дарожка. Рэйзе раптам хапіўся за руль, прыпыніў машыну і, адпіхнуўшы на сваё месца збянтэжанага шафёра, колькі змогі пагнаў «опель-адмірал» да хмызняку, ён аж прыпадаў да руля.

Генерал неспакойна азірнуўся, – ці не гоняцца ўслед. Кінулася ў вочы: наперадзе наводдалек, пад самым гарадком, ішлі наперарэз шасэ яшчэ некалькі танкаў. Ён немінуча трапіў бы на іх! Што было б, каб не Рэйзе!

«Опель» ляцеў з такой хуткасцю, так віляў па дарозе, што некалькі разоў генерал адчуваў, як машыну закідвае. Дзіву трэба было дацца, як яны не перакуліліся, як іх машына ўтрымлівалася. Яна імчала так, што пераскоквала цераз ямы, што генерала то падкідвала, як падушку, то ўбівала ў сядзенне.

Яна спынілася, уляцеўшы ў дрыгву, праз якую цёк ручай. Але тут ужо было спакойна. Рэйзе, шафёр і генеральскі ардзінарац выцягнулі машыну, і неўзабаве генерал, праўда, ужо не з такой хуткасцю, імчаўся далей у невядомасць.

Яны ўдала аб'ехалі небяспечны Талачын, выехалі на зусім спакойныя надзейныя дарогі і яшчэ да вечара дабраліся да размяшчэння камандуючага.

У вёсцы, дзе спыніўся камандуючы, было вельмі ціха, і генералу гэтая абстаноўка цішыні і спакою здалася абураючай. Баумволь, што пачынаў усведамляць увесь сэнс перажытай небяспекі, адчуў да фельдмаршала, да гэтай яго цішыні непрыхільнасць.

Ад'ютант фельдмаршала, паўнацелы, прыгожы, абыходлівы, паспрабаваў затрымаць генерала, кажучы, што фельдмаршал заняты, але Баумволь, не скідаючы нават дарожнага плашча, з рашучым і ўпэўненым у сваім праве выглядам накіраваўся да дзвярэй.

Фельдмаршал штосьці непрыязна гаварыў па тэлефоне. Пачуўшы, што ў пакой увайшлі, ён азірнуўся з раздражнёнасцю і, не мяняючы гэтага выразу, адказаў на прывітанне. Услед за гэтым ён зноў павярнуўся к тэлефону, адтапырыўшы ніжнюю, у дробных маршчынках, губу, стаў слухаць.

– Праріваліся? Абышлі?! Камунікацыі?..– ён пачырванеў, стаў нервова жаваць губамі. Кінуў непрыхільны позірк на карту, разасланую на стале, пашукаў на ёй быстрымі неспакойнымі вачыма, мелькам прабег далёкім чужакаватым позіркам па твары Баумволя.

– Чорт пабяры!– Ён напружана задумаўся,– Адыходзьце ў раён Шапелічы. Правы бераг ракі Друць... Участак – паўночны бераг ад Шапелічы...

Ён кінуў трубку на вілку тэлефона. Не звяртаючы ўвагі на генерала, выклікаў ад'ютанта, коратка запытаўся:

– Звязаліся?

– Сувязь яшчэ не адноўлена, мой генерал-фельдмаршал...

– Доўга мне яе чакаць?

Ад'ютант павёў плячыма, як бы гаворачы, што цяпер гэта невядома нават яму.

– Я чакаю,– сказаў фельдмаршал патрабавальна, нават пагрозна.

Калі ад'ютант вышаў, ён павярнуўся да Баумволя. Вочы генерал-фельдмаршала пыталіся, што ад яго трэба, пыталіся і абыякава і натомлена, і ўпаўнаважаны не знайшоў, што сказаць. Яны маўчалі нейкі час. Гэтае маўчанне ішло не ад таго, што ім не было чаго казаць, а ад таго, што генерал-лейтэнант Баумволь і без слоў разумеў і стан і настрой фельдмаршала, і ўвогуле становішча войск. Цішыня і спакой, якія заўважыў ён, прыехаўшы ў вёску, былі абманлівымі. Не, не ціха і не спакойна было ў камандуючага.

– Сувязь парушана? – запытаўся з прыкметным спачуваннем генерал-лейтэнант.

– Так.

Фельдмаршал амаль безуважна пашукаў вачыма штосьці на разасланай карце.

– Яны разразаюць нашы войскі, дробняць адзінае цела нашай групы на часткі. Яны разлічваюць, што такім спосабам, па частках, лягчэй будзе справіцца з намі... Наступленне ідзе адначасова з шасці напрамкаў. І на ўсіх напрамках – у іх вялікая перавага...

Фельдмаршал зірнуў на генерала, сочачы, як генерал адносіцца да яго слоў. Вочы ўпаўнаважанага былі закрыты халоднымі шкельцамі акуляраў.

– Салдаты не праяўляюць дастатковай упартасці ў абароне,прамовіў Баумволь,– Ёсць адзнакі паяўлення нявер'я ў сябе...

– Генерал, толькі нямецкі салдат мог вытрымаць такі націск і не пасці духам,– нязгодна, сухавата адказаў фельдмаршал.– Нашы часці збераглі парадак, дысцыпліну. Гэта ў такіх акалічнасцях, дзе многія другія арміі немінуча загінулі б... Нельга не ўлічваць складанасць абстаноўкі. – Ён неспадзеўкі стомлена паведаміў: – Рускія прарваліся к Бабруйску.

– Калі?

– Сёння. Атакавалі. Але – адбіты.

Фельдмаршал апошнім словам, відаць, хацеў зрабіць сваё паведамленне не такім сумным, хацеў надаць яму выгляд абнадзейлівасці. Упаўнаважанага гэта не супакоіла.

– Бабруйск нельга здаваць ні ў якім разе! Мы не можам адступіць з Бабруйска!..

Генерал-лейтэнант узрушана падняўся. Ён глядзеў на фельдмаршала такімі вачыма, нібы ўся бяда была ад камандуючага,– гэтыя вочы патрабавалі і чакалі.

Фельдмаршал згадзіўся:

– Бабруйск – ключ да ўсёй нашай бярэзінскай абароны... Страціўшы Бабруйск, мы паставім пад удар увесь бярэзінскі рубеж... Я лічу, генерал, што наша абарона па Бярэзіне дае нам вялікія шансы стрымаць ярасны націск рускіх, абяскровіць іх...

– Трэба, каб нашы салдаты ўмацаваліся на Бярэзіне да падыходу рускіх. Рускія ўжо нярэдка ідуць наперадзе нас...

Фельдмаршал адчуў у гэтых словах папрок.

– Я паклапачуся пра гэта сам.

Ён запытаўся, ці доўга намеран генерал-лейтэнант яшчэ прабыць на фронце, і генерал-лейтэнант пачуў у яго словах і сум і скрытую непрыязнасць, як яму здалося, за тое, што ён, Баумволь, можа паехаць у ціхую, ратоўную далеч.

– Я павінен азнаёміцца з падрыхтаванасцю нашай абароны на Бярэзіне, у Мінску. Акрамя таго, я маю даць некаторыя інструкцыі Готбергу... Аднак, генерал-фельдмаршал, – усміхнуўся ўпаўнаважаны, – я зусім не развітваюся з вамі. Я яшчэ магу вярнуцца да вас, калі гэта будзе патрэбна справе і фюрэру... Усе нашы планы залежаць ад фюрэра...

Развітваючыся, гаворачы гэта, генерал-лейтэнант не ўяўляў сабе, пры якіх акалічнасцях ён можа вярнуцца ў армію. Але ён вярнуўся, вярнуўся, каб убачыць, перажыць вялікую ў сваім жыцці трагедыю.

Апоўдні наступнага дня ён быў у Мінску.


3...

У Мінску генерал-лейтэнанту Баумволю і Вольфу давялося спаткацца.

Вольф атрымаў часовае прызначэнне да палкоўніка Шульцэ, які рыхтаваў абарончыя збудаванні каля горада і ў горадзе.

– Вас да мяне накіравалі? – паморшчыўся Шульцэ. Гэта быў яшчэ малады чалавек, гадоў трыццаці дзевяці, з сухім, посным тварам. Шульцэ быў нечым вельмі незадаволены.

– Яволь, гер палкоўнік.

– Для якой патрэбы?

– Памагаць, гер палкоўнік...

– Вам тут рабіць няма чаго, – ён убачыў здзіўлены позірк Вольфа.– Я ўжо ўсё зрабіў... Войскі могуць хоць сёння займаць умацаванні і ваяваць.

Ён зірнуў на Вольфа, які стаяў, як свечка, і, мусіць, для таго, каб пераканаць гэтага недаверка-маёра, дастаўшы папку, разгарнуў карту са схемай умацаванняў:

– Вось, палюбуйцеся – знешні абарончы пояс... Гэта – сістэма апорных пунктаў у горадзе... Яны ўсе гатовы!

Не ўправіўся Вольф разабраць што-небудзь, як Шульцэ карту згарнуў і стаў, не зважаючы на маёра, збірацца. Пазваніў шафёру, загадаў падаць машыну.

– Мяне чакае генерал Баумволь. Трэба пабыць на некаторых участках...– гэтым ён, відаць, даваў знак, што размова скончана.

Шульцэ ўжо накіраваўся быў да дзвярэй, але, ступіўшы крок ці два, задуменна спыніўся і неахвотна прамовіў:

– Можаце паехаць і вы...

Ён адносіўся да Вольфа яўна высакамерна, як бы падкрэсліваючы, што яны не раўня. І Вольф адразу знелюбіў яго. «Індык самаўпэўнены...– смаркач!»– аблаяў ён у думках палкоўніка: Шульцэ быў не менш як гадоў на пяць маладзей за яго.

У такім настроі Вольф і сядзеў на заднім скураным сядзенні «мерседэса-бенца» каля будынка, дзе быў генерал. Чакаць давялося нядоўга. Неўзабаве машыны ўжо імчалі па вуліцах, усцяж якіх беглі доўгія горы руін.

Генерал і яго ад'ютант і ахова ехалі ззаду.

Машыны мінулі мост над Свіслаччу, Камароўку і неўзабаве выбеглі за горад. Шульцэ высіўся поруч з шафёрам, вельмі прамы, і ад таго, мусіць, што ён быў поўны ўласнай вялікасці, у яго і верх фуражкі неяк асабліва лез ўгару. За ўвесь час ён не сказаў ні слова Вольфу.

Шульца павёў генерала палявой дарожкай. Яны спыніліся на невялікім узгорку каля дота, замаскіраванага ельнічкам.

– Гэта – някепска,– стрымана сказаў генерал, агледзеўшы дот і пазіраючы ў амбразуру, за якой віднелася жытняе поле, кусты наводдаль.

– Тут можна трымацца. Можна трымацца...– задуменна сказаў ён, гледзячы на тое ж поле ўжо з узгорка.

– Аб гэты бастыён можна зламаць нават моцныя зубы,– запэўніў Шульцэ.

Баумволь, незадаволена прыплюшчыўшы вочы, пазіраў на ўсход так, быццам стараўся ўбачыць рады чужых войск.

Выцершы хусцінкай потны лоб, Шульцэ рэзка павярнуўся і кінуў руку ўлева:

– Там – паглядзіце, генерал, – яшчэ адзін... Вунь лінія траншэй... Тут няма ніводнага метра «мёртвай» прасторы. Кожны пункт пад скрыжаваным агнём з двух-трох кірункаў... Хадзем, вы яшчэ тое-сёе пабачыце...

Ён паказаў некалькі пляцовак, падрыхтаваных для артылерыі. На адной з іх яшчэ віднеліся салдаты, якія маскіравалі нядаўна выкапаную зямлю травой і дзёрнам.

– Позніцеся... Трэба спяшацца...

– Мы канчаем, генерал. За намі затрымкі не будзе.

Баумволь прыдзірліва праверыў, якога дыяметра кожная пляцоўка, адлегласць паміж іх, глыбіню раўкоў для разлікаў і многае іншае, – ён не выпускаў з-пад увагі, здавалася, ніякай дробязі...

– Калі рускія нават і прарвуцца сюды, ім прыдзецца тут засесці,– пахваліў палкоўніка Вольф, калі яны вярталіся к машыне. Ні Баумволь, ні Шульцэ не адказалі. Але маёр на няветлівасць Шульцэ не пакрыўдзіўся: ён пачынаў паважаць гэтага фанатыка-інжынера.

У Мінску яны аблазілі некалькі дотаў на Траецкай гары, потым абгледзелі ўмацаванні ў самым цэнтры, між гор бітага камення.

– Руіны вельмі зручны для абароны...– гаварыў Шульцэ, паглядаючы ў амбразуру, праз якую ў змрок дота цадзілася святло.– Вялікае злачынства, што пытанне аб тым, як іх скарыстаць для абароны, не вывучана... Я зрабіў, генерал, у гэтай справе цэлы рад вельмі важных знаходак. Яны маюць значэнне для ўсёй арміі, і я аб гэтым пішу вучоную працу...

Калі ўсе выбраліся з руін на вуліцу і генерал паехаў, Шульцэ мірна сказаў маёру:

– Паабедайце і прыходзьце на працу, – калі вас да мяне назначылі. Я гуляць вам не дам.

...З гэтага дня Вольф то прападаў цэлыя дні там, дзе капалі ўсё новыя траншэі ці цэментавалі доты, то ўдакладняў схемы абароны.


4...

Каля будынка гарадскога тэатра, які панура цямнеў на рагу ціхага цэнтральнага сквера, штурмбанфюрэр Рзйзе нечакана спаткаў Вольфа. Штурмбанфюрэр прывітаўся з ім, як знаёмы, і хітравата запытаўся, дзе ён прападае, чаму яго не відаць у «Афіцыргайме».

– А, мусіць, у Ані прападаеш? Што ж, густ у цябе, бачу, не кепскі: яе чароўнае і пяшчотнае суседства, яе спакуслівыя прынады, канешне, прыемней грубага мужчынскага сяброўства і п'янак. Асабліва пасля доўгага франтавога голаду...

Маёр, улавіўшы ў словах Рэйзе насмешку, пачырванеў, але той як бы не заўважыў гэтага; узяў Вольфа за локаць і павёў з сабою, гаворачы, што ўсё-ткі кепска адасабляцца, адрывацца ад мужчын.

Размаўляючы такім чынам з маёрам, Рэйзе падвёў яго да будынка, у якім да вайны была цэнтральная бібліятэка.

– Што гэта за сцяг? – плюшчачы вочы, кіўнуў угару Вольф.

Над паўкруглым выступам галоўнага ўваходу вісеў на дрэўку незнаёмы сцяг: чырвоная палоска пасярэдзіне была акаймавана з абодвух бакоў белымі.

– Што за сцяг? Дык ты, Вольф, не ведаеш!.. О, маёр, хіба можна не ведаць такіх рэчаў на гэтай зямлі. – Штурмбанфюрэр раптам штурхнуў яго ў спіну:– Не, відаць, ты павінен зараз пайсці са мной – нельга ж заставацца табе далей такім невукам у гм... міжнародных нашых справах. Да таго ж мне аднаму там будзе сумна, удваіх, можа быць, час пойдзе хутчэй...

Вольф паспрабаваў адгаварыцца, але Рэйзе, які наогул ніколі не меў звычкі далікатнічаць, не стаў і слухаць.

Неўзабаве абодва сядзелі ў высокай халаднаватай зале з вялізнымі вокнамі, якая была больш як напалову пустая. Тут адбываліся пасяджэнні «другога ўсебеларускага кангрэса», скліканага нацыяналістамі па заданню гітлераўскага «генералькамісара ў Беларусі». «Кангрэс», які сабраўся ў той час, калі савецкія войскі былі недалёка ад Мінска, павінен быў аб'явіць «незалежную» беларускую рэспубліку. Гітлераўцы, уцякаючы, спрабавалі зрабіць яшчэ адну подлую правакацыю. На «кангрэс» яны звезлі рознае нацыяналістычнае ахвосце, паліцаяў і кулакоў, назваўшы ўсіх «дэлегатамі», хоць гэтых дэлегатаў ніхто не выбіраў...

Рэйзе, акінуўшы пустыя рады, паварушыў ад злосці сухімі губамі і шэптам вылаяўся. Да іх, тулячы галаву ў плечы, нячутнай хадою кошкі падышоў з пярэдняга рада рухавы чалавечак, які сваімі паходкай і паставай вельмі нагадваў афіцыянта.

– Рад бачыць вас, гзр штурмбанфюрэр, – заківаў ён, сочачы пільнымі сабачымі вачыма за тварам Рэйзе.

Штурмбанфюрэр нахмурыўся:

– Чаму ў вас, Кухта, пуста ў зале?..

– Разбягаюцца, гэр... Я хацеў сказаць – неспакой тут сярод дэлегатаў, гэр штурмбанфюрэр...

– Які гэта неспакой?

Кухта заікнуўся штосьці сказаць, але Рэйзе асек яго і загадаў, каб ён сеў на сваё месца. Той адразу паслухмяна падаўся назад, а Рэйзе, прыслухоўваючыся да слоў прамоўцы, сказаў маёру, што гэта быў адзін з памочнікаў прэзідэнта...

Прамоўца – пажылы, азызлы, захлёбваючыся, з ненатуральным пафасам нудна гугнеў пра тое, што беларуская зямля зараз перажывае вялікі гістарычны момант.

Ён сказаў, што яму «выпала шчасце» на «зары жыцця» быць пры першай спробе нараджэння «Беларускай дзяржавы», – ён прысутнічаў на першым кангрэсе у «сумным снежні» семнаццатага года. Толькі цяпер, праз дваццаць шэсць год, – казаў прамоўца,– выпала яму і яго калегам шчасце сабрацца на свой другі кангрэс, каб прадоўжыць і аформіць тое, што не ўдалося тады. Нарэшце, прышоў жаданы час, Германія і «фюрэр» аб'яўляюць Беларусь «самастойнай» дзяржавай і прызнаюць яе «незалежнасць»...

Словы гэтыя мёртва гучалі ў пустой зале, якая цішынёй і холадам нагадвала цяпер склеп з мертвякамі...

– Сам пан Астроўскі, прэзідэнт, – Рэйзе кіўнуў на сцэну, дзе за сталом прэзідыума, як толькі скончыў прамоўца гаварыць, узняўся цяжкі пануры чалавек; у голасе Рэйзе Вольф пачуў прыкметную насмешку.

«Прэзідэнт» расчапіў сціснутыя губы, пазіраючы праз акуляры ў залу, і Рэйзе, усё з тым жа выразам іроніі, слухаючы «прэзідэнта», пачаў перакладаць, што той гаворыць.

Астроўскі папярэдзіў, што ён хоча зараз сказаць толькі некалькі слоў, спецыяльна да дэлегатаў «кангрэса»...

– За апошні час сярод вас, шаноўныя супольнікі, якія сядзяць тут, пашыраецца трывога, якую пачалі распускаць бальшавіцкія агенты... І– як ні сорамна мне гаварыць – тыя-сія з вас паддаліся гэтым камуністыцкім плёткам: яны збаяліся і перасталі прыходзіць сюды... Я ўпаўнаважан, шаноўныя спадарове, сказаць, што ўсё, што даходзіць да вас ад бальшавіцкіх падпявалаў, мана. Праўда, рускія паспрабавалі наступаць, але ў мяне ёсць дакладныя весткі, што нашы нямецкія заступнікі адбілі ўсе іх спробы. Бальшавіцкія атакі паўсюды, на ўсім фронце заламаліся... маскоўцы пабеглі назад! – з уздымам абвясціў ён, чакаючы воплескаў.

Зала запляскала вяла, недаверліва.

– Мы будзем, як і раней, працаваць спакойна і цвёрда...

На гэты конт нямала хто з тых, што яшчэ сядзелі ў зале, відаць, меў іншую думку. Ці можна спакойна сядзець тут, калі ўночы ў Мінску ўжо чуваць водгулле франтавых гармат?

Рзйзе зноў узлаваўся: нягоднікі гатовы хутчэй кінуць усё ды пашыцца ў норы, абы толькі выратаваць сваю скуру... Потым ён, прыплюшчыўшы вочы, пачаў перабіраць у думках гісторыю «дзейнасці» Рады. І тады яго ўзлаванасць набыла іншы характар – ён думаў пра тых, хто не падтрымліваў, ненавідзеў гэтае стварэнне. Іх было многа, – усе тыя, каго яна павінна была б аблытаць, звязаць, ёю пагарджалі...

Так, няўдалае было гэтае стварэнне...

Ад дзвярэй да Рэйзе прабраўся эсэсавец – унтэр і папрасіў зараз жа выйсці ў калідор. Штурмбанфюрэр, а следам за ім і Вольф узняліся; у калідоры эсэсавец паведаміў Рэйзе, што яго выклікае фон Готберг.

Калі Рэйзе і Вольф спусціліся па ступеньках і вышлі на вуліцу, маёр нечакана запытаўся проста:

– Для чаго гэта камедыя?

– Якая? – быццам не зразумеў штурмбанфюрэр. – А-а... Гэта ты называеш камедыяй? Я табе, дарагі маёр, параіў бы надалей больш мякка і разумна выказваць такія думкі. Гэтай камедыяй, як ты кажаш, кіруе сам Готберг па ўказаннях Берліна... Ты, Вольф, кепскі палітык. Ты просталінейны і наіўны, як і ўсе вашы вайсковыя. Вы думаеце, што адзіная зброя тая, што ў вашых руках...

– Можа, і ваша добрая, толькі я пакуль не ўбачыў гэтага. Можа, я і, праўда, сляпы ў такіх справах...

– Так, ты сляпы. Ты многага не разумееш, – рэзка прамовіў Рэйзе.

Яму не хацелася спрачацца з гэтым, як ён лічыў, недалёкім, тупаватым пехацінцам.


5...

Рэйзе хутка падаўся да пад'езда вялізнага шасціпавярховага будынка. Над уваходнымі дзвярамі дома ўжо некалькі месяцаў шырока – на паўсцяны – злавесна чарнела: «General-Komissariat für Weissruthenia».

Нетынкаваная, дагляна-барвовая сцяна дома была абляпана бруднымі пісягамі камуфляжу; гэты колер – крыві і бруду – вельмі падыходзіў да ўстановы, якая кіравала ўсімі крывавымі справамі на заняволенай Беларусі.

Адразу пры ўваходзе ў Рэйзе праверылі дакументы. Ён мінуў тры пасты аховы, дзе тройчы запатрабавалі пасведчанне, тройчы абмацалі пранізліва вачыма яго зацягнутую ў ваеннае сукно прамую постаць. Такая насцярожанасць да яго, якога добра ведалі, не абражала Рзйзе: гэта быў загад Готберга – правяраць усіх. Пасля забойства Кубэ яго заступнік усюды баяўся партызан.

У прыёмнай Готберга сядзелі два генералы паліцыі. Калі ўвайшоў туды Рэйзе, абодва генералы пачціва прывіталіся з ім. Сакратарша адразу пайшла дакладваць пра яго Готбергу.

Па тым, як адносіліся да Рэйзе, адчувалася, што ён тут на асаблівым становішчы.

Рэйзе абыякава казырнуў генералам і пачаў пахаджваць па пакоі. Пахаджваць, як дома.

Вышла сакратарша і з ледзь прыкметнай ноткай інтымнасці сказала, што групенфюрэр яго хутка прыме.

Рзйзе быў «шчасліўчыкам». Сын фабрыканта абутку, першага багацея ў горадзе, ён змалку прывык мець ад жыцця ўсё, што хочацца. Да таго ж і прырода яго не пакрыўдзіла: ён быў красамоўным і яго лічылі разумным. Жанчыны гаварылі, што ён прыгажун, і былі шчаслівыя, калі ён хацеў іх кахання.

Рэйзе лёгка збліжаўся з імі і лёгка іх кідаў, як толькі дабіваўся свайго. Ён быў упэўнены, што жанчыны нібы існуюць для таго, каб даваць яму ўцеху, і не разумеў, чаго яны пасля чапляліся за яго, плакалі. Ён пагарджаў такімі. У яго былі каханкі ў многіх гарадах Германіі, дзе яму даводзілася быць, але яны ніколі больш не цікавілі яго.

Жыццёвая кар'ера Рэйзе была такой жа лёгкай. Справы, за якія ён браўся, заўсёды ўдаваліся. Ён лёгка скончыў універсітэт, падаўся ў эсэсаўскую часць, дзе быў заўсёды «на віду», увесь час узвышаючыся чынамі.

Калі прышлося, ён лёгка, без ваганняў, стаў забіваць вінаватых і невінаватых. За гэтыя «заслугі» ён атрымаў у Польшчы жалезны крыж.

Пасля Польшчы ён папаў быў у Вязьму, уцёкшы з якой пры адступленні, выгадна ўладзіўся ў Мінску каля Коха, а потым каля Готберга, які давяраў яму асабліва важныя даручэнні. Сябры Рэйзе лічылі, што ён далёка пойдзе.

Готберг прыняў Рэйзе вельмі хутка, незвычайна хутка, і з гэтага штурмбанфюрэр адразу зрабіў свой вывад: відаць, будзе сур'ёзная справа.

Готберг, які толькі што адпусціў начальніка паліцыі, падняў на штурмбанфюрэра халодны позірк і запытаўся, чаму той не хутка прыходзіць, калі яго клічуць. Рэйзе сказаў, мімаволі трапечучы, што ён быў у Радзе.

– Я даручаю вам важную і небяспечную справу. Вы можаце або атрымаць новы чын, або згубіць усё. І галаву ў тым ліку.

– Я гатовы, мой групенфюрэр!..

– Справа патрабуе хуткасці, энергіі і – таленту. Я выбраў вас...

– Я пастараюся, мой групенфюрэр.

Готберг сціх на хвіліну, а калі загаварыў зноў, то ў голасе яго Рэйзе адчуў стрыманую ярасць і рашучасць.

– Армія адступае!.. Не, яна – бяжыць. Яна ганебна ўцякае, нават не стрымліваючы наступленне камуністаў... Фронт коціцца сюды... Бальшавікі ірвуцца да Мінска. Яны хочуць вы-ра-таваць Мінск!– губы Готберга скрывіла спазма злосці.

Ён кінуў позірк, поўны нянавісці, у бок акна, за якім спакойна зелянелі клёны і вязы сквера.

– Мы ім можам пакінуць яго. Так, пакінуць!.. Але яны, уступіўшы сюды, адчуюць не радасць, не шчасце, а гора, страх, жах. Яны скалануцца ад жаху, бо не ўбачаць тут ніводнага дома. Мы зробім тут дзікую пустыню, пустыню смерці і крыві! Іх ніхто не выйдзе сустракаць, ніхто: ні адной душы тут не застанецца!..

У Рэйзе, хоць ён меў натуру стрыманую, ад гэтых слоў зацяло дых: які моцны, жорсткі і рашучы чалавек, якія вялікія планы – увесь горад, сотню тысяч людзей...

– Рускія спяшаюцца, штурмбанфюрэр, яны думаюць апярэдзіць нас. Але ім гэта не ўдасца!.. Я зараз жа пачынаю выконваць свой план, з якім і звязана заданне табе. Ты будзеш сачыць за лагерамі – яны павінны як мага хутчэй ачышчацца... Як мага хутчэй!

– Яволь, мой групенфюрэр. Як мага хутчэй!

Готберг, адчуўшы, што Рэйзе галоўную задачу зразумеў, пачаў даваць розныя практычныя парады.


6...

Рэйзе яшчэ з будынка выклікаў машыну. О, ён умеў, дзе трэба, быць і хуткім і рашучым.

Праз якую-небудзь чвэрць гадзіны яго машына падляцела да будынка камендатуры лагера каля вёскі Дразды.

Рэйзе, які яшчэ на хаду выскачыў з машыны, загадаў зараз жа паклікаць шэфа лагера; начальніка, аднак у камендатуры не было, і некалькі салдат з аховы пабеглі шукаць яго.

«Шэф» прышоў расчырванелы, млявы, з сытай санлівасцю ў вачах: яго выцягнулі са сталовай.

– Дзе вы прападаеце?– хмура і грозна спаткаў яго Рэйзе, і, не чакаючы адказу, скамандаваў: – Хадзем!

Яны падаліся ў лагер. Рэйзе хуткай, рашучай хадой пачаў абыходзіць баракі, каля якіх сядзелі, стаялі і ляжалі абарваныя, змарнелыя людзі.

Поруч з ім, крыху ззаду, насцярожана спяшаўся шэф. Рэйзе, строгі, з непадступным выглядам, безупынку, шырокім крокам ішоў ды ішоў, аглядваючы людзей, ахову; ён нават чамусьці палічыў неабходным зазірнуць на кухню. Штурмбанфюрэр лавіў на сабе запытальныя позіркі шэфа, але знарок маўчаў, нібы тоячы штосьці грознае.

Шэф, якога такое маўчанне трывожыла, паскардзіўся, што каманда пры лагеры малаватая, аднак Рэйзе таксама прамаўчаў.

Абышоўшы лагер, ён вярнуўся да будынка камендатуры; увайшоў у пакойчык начальніка і, калі той зачыніў за сабой дзверы, запытаўся, колькі яшчэ засталося ў лагеры.

– Вы доўга намерваецеся валаводзіцца тут?!– прашыпеў ён, пачуўшы адказ шэфа; у голасе Рэйзе гучалі злавесныя ноткі.

– Гэр штурмбанфюрэр... каманда малая – цэлыя ночы працуюць, а...– шэф хацеў яшчэ штосьці сказаць у апраўданне, але Рэйзе перабіў:

– Вы працуеце на дзіва вяла і марудна. Так вы да прыходу рускіх не здолееце ачысціць лагер нават напалавіну... А можа... вы рашылі перадаць іх рускім?..

– О, гэр штурмбанфюрэр! Як можна так жартаваць?

Начальнік лагера пабялеў. Рэйзе гэта не здзівіла: ён жа тут пасланец самога Готберга; штурмбанфюрэр наогул прывык, што яго пабойваюцца, і ўпотай ганарыўся сваёй здольнасцю наганяць страх.

– Я вам даю магчымасць давесці, што мае падазрэнні беспадстаўныя. Гэта будзе залежаць ад таго, як вы справіцеся з далейшым... За два дні трэба ўсё ачысціць, так ачысціць, каб і следу не было...

Лагерны начальнік пакляўся, што ўсё будзе як належыць...

Так, у гэты дзень Рэйзе быў вельмі задаволены сабой. Гэр штурмбанфюрэр адчуваў сябе як ніколі важнай асобай. Ён наведаў неўзабаве яшчэ адзін лагер, які размяшчаўся ў горадзе, на вуліцы Шырокай, а потым, нават не заязджаючы ў сталовую паабедаць, накіраваўся на Магілёўскае шасэ. Ён намерыўся пабыць да вечара яшчэ ў лагеры ў Трасцянцы.

Тут дзейнасць Рэйзе мела крыху іншы характар. Ён праверыў, як працуюць печы, у якіх паляць трупы,– Готберг наказаў яму, што ніякіх слядоў не павінна заставацца.

Зняўшы пальчаткі, штурмбанфюрэр браў з цёплых пячэй попел і, расцярушваючы яго, разглядаў...

У адным хляве яшчэ дымелі трупы. Штурмбанфюрэр сказаў, што трэба старацца працаваць найбольш уночы.

– Такія рэчы лепш рабіць у цемры, без лішніх вачэй...

У службовым бараку, які быў недалёка ад хлявоў, Рэйзе накармілі. Было ўжо блізка да вечара: на захадзе, за бярозамі, палала барвовае сонечнае зарыва.

Раздзел VI


1...

Клава апрытомнела ў нейкай незнаёмай цемнаватай каморцы. Яна ляжала на ложку, накрытая да шыі коўдраю.

Калі Клава расплюшчыла вочы, яна ўбачыла перад сабою незнаёмую жанчыну, – перш за ўсё маршчыністыя рукі, якія папраўлялі падушку пад яе галавой, ды латку знізу кофтачкі. Клава крыху павярнула галаву: у жанчыны з-пад хусткі выбілася пасма цёмнарусых, з сівізною, валасоў.

– Прачнулася, дачушка!..– прамовіла пяшчотна тая, нахіліўшы галаву над дзяўчынаю, і дакранулася мяккаю рукою да Клавінага ілба.– Не бойся, гаротніца. Мы свае...

Клава не баялася: яна цяпер нічога не баялася, была абыякавая да ўсяго. Нейкі няцямны позірк яе вачэй безуважна прайшоў па вопратцы жанчыны, утаропіўся ў бярвенні сцяны, на якой блізка вісела амаль пустая торба.

Жанчына павярнула Клаву на спіну. Клавін позірк на хвіліну прыпыніўся на маленькім акенцы, за якім віднелася ціхае шэра-блакітнае неба. Набліжаўся вечар. Блакітны водбліск неба на міг успыхнуў у дзявочых вачах і згас.

Прачнулася яна ўжо ўраніцу. На рамцы маленькага акенца цяпер ясна ружавела сонца, а ў куточку шыбкі весела звінела муха.

Дзяўчына ад яркага прамяністага святла прыплюшчыла вочы і раптам у першы раз за гэтыя дні ўсміхнулася. Яна з цікавасцю прыслухалася да звону мухі,– гэты гук здаўся ёй радаснай музыкай, і Клава, не варушачыся, нейкі час слухала яго. Калі ж з намаганнем павярнула галаву і ўбачыла на сцяне сонечны зайчык, на бледных шпаках яе затрапяталі ямачкі, а поўныя, без крывінкі губы самі сабой засмяяліся.

Але ўсмешка хутка занямела, і твар спахмурнеў. Дзяўчына, перастаўшы заўважаць усё вакол, доўга ляжала нерухома, тады як памяць нагадвала ёй забытыя на той час падзеі перажытага. Як гэта -страшна!– не падумала, а адчула Клава цяпер, халадзеючы, калі пачала ўспамінаць апошні досвітак. Яна хутчэй расплюшчыла вочы, каб адагнаць прывіды-ўспаміны. Няўжо тое ўсё была праўда?

А што, калі яно зноў вернецца?! Гэты непакой зусім абудзіў Клаву і як бы вярнуў яе да жыцця. Дзяўчына трывожна падумала – дзе яна?

Як яна сюды трапіла?

Яна прыслухалася, нібы чакаючы, што нехта адкажа. Пустая каморка маўчала, але гэтая маўклівасць не толькі не палохала, а нават спакваля супакойвала знясіленую дзяўчыну.

Дзверы ціха расчыніліся, і ўвайшла жанчына, якая была тут учора. Але Клава не пазнала яе ці, можа, не помніла ўчарашняга, бо зірнула насустрач ёй насцярожана і трывожна.

– Прачнулася, дачушка?– дайшоў да Клавы голас, пяшчотны і спачувальны.

Ёй здалося, быццам яна ўжо не раз недзе чула гэты голас, толькі не магла прыгадаць дзе; ад яго ў Клавы ажыло штосьці вельмі шчаслівае. Ах, вось дзе яна чула: гэтак калісьці пыталася маці, будзячы ісці ў школу...

Жанчына, як бы размаўляючы з сабою, прызналася з палёгкай:

– Я ўжо думала, што ты і не прачнешся... Баялася я вельмі за цябе, ой, як баялася... Такая ты кволая была... А. ты вось, глядзі,– ажыла! Ажыла, мая ластаўка, гаротніца мая!..


2...

На другі дзень жанчына села каля Клавы на ложак, разгаварылася.

Яна расказала, як знайшла Клаву ў тую раніцу ў жыце, схавала, а ўвечары прынесла дамоў. Потым пачала апавядаць пра сваё гора, пра тое, што журыцца, жыве адна: дачку Зосю і сына малога, Паўліка, забралі ў Германію. Ёй прышло адтуль тры кароценькія, з прытоенымі намёкамі лісты.

Яна прынесла гэтыя лісты Клаве, пажоўклыя, пацёртыя на загінках, і, калі тая стала моўчкі, аднымі вачыма, чытаць, тлумачыла:

– Пішуць: «Жывецца нам тут вельмі добра, аж хочацца скакаць, як удава Аляксеіха». А гэтая Аляксеіха скочыла летась у раку, утапілася! Знайшлі яе на другі дзень у чароце, каля «Гала»,– кіламетры чатыры адсюль. Каваль Сямён знайшоў... Яшчэ і жанчына была маладая. Не вытрымала, гаротніца, бяды: сына яе Пятра паліцаі павесілі. Партызанам быў яе хлопец, ну і, вядома, калі-ні-калі заходзіў у сяло, а паліцаі неяк падсачылі яго ды і схапілі... А то яшчэ, як там?– «Уся надзея на нашага бацьку ды яго таварышаў». То ж ба на Чырвоную Армію, бо іх бацька ў арміі,– яшчэ ў першы год пайшоў...

Яна гэтыя лісты ведала ўжо, мусіць, напамяць.

Праз дзень Клава не ўтрывала і паспрабавала падняцца з ложка. Яна скінула з сябе коўдру і, перасільваючы нязвыклую слабасць у руках і ва ўсім целе, села на ложку, спусціўшы ногі.

Ёй неспадзявана вельмі захацелася пахадзіць! Яна спусціла ногі ніжэй, але, як толькі Клава ступіла на падлогу, перад вачыма яе ўсё адразу захісталася, паплыло, аслабелыя ногі самі сабою падагнуліся. Яна ўпала.

З сянец, пачуўшы стук, трывожна ўбегла Кацярына. Яна спалохалася, убачыўшы, што дзяўчына ляжыць на падлозе, спрабуючы падняцца.

– Што з табой, дачушка? Як гэта ты ўпала, гаротніца? Ты ўставала? Чаму ты ўставала?

– Хацелася пахадзіць...

– Мала што хацелася,– табе няможна яшчэ гэтага!.. Трэба ляжаць, Клаўка! Ляжаць спакойна і не думаць ні пра што, калі хочаш паправіцца хутчэй.

Клава няўпэўнена абаперлася рукой аб падлогу і села. Кацярына, узяўшы дзяўчыну пад рукі, дапамагла ёй устаць. Падняўшыся, трымаючыся за плячо Кацярыны, Клава прайшла некалькі крокаў, потым нечакана папрасілася:

– А цяпер я адна паспрабую...

– Няможна, Клаўка. Не трэба высільвацца...

– Я трошкі! Зусім трошкі!..

Яна зняла сваю руку з Кацярынінага пляча, ступіла яшчэ тры крокі, няцвёрда, хістаючыся, як травінка ад ветру. Дзяўчына спынілася каля акенца, якое было на вышыні яе вачэй, і, абапёршыся аб сцяну, пачала ўзрушана пазіраць на двор. Яна ўбачыла куст бэзу, дарожку, акаймаваную зялёнаю-зялёнаю травою, далей – учарнелы зруб калодзежа; вочап ёй быў відаць толькі да сярэдзіны, – па траве цягнуўся даўгаваты цень ад яго. За калодзежам расло некалькі маладых яблынь...

– Ну, хопіць, хопіць ужо, Клаўка. Не высільвайся...

У Клавы перад вачыма зноў пачынала ўсё плыць, і, каб Кацярына не падтрымлівала яе, Клава ўпала б у другі раз. Абняўшы дзяўчыну пад руку, Кацярына давяла яе да ложка і накрыла коўдраю.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю