412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 8)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 25 страниц)

– Што, галава, квінту павесіў? Баішся, што прыдуць чырвоныя і ўзважаць на асіне? Не бойся, – рагочучы, дыхаючы ў твар Грэчкі самагонкай, казаў Тыталь.– Нічога страшнага, ей-бог, накінуць на каўнерык вяроўку, выб'юць падстаўку з-пад ног, кірк – і гатова. Усё!.. Ну, вядома – высалапіш язык... яшчэ – нахіліш на адзін бок галоўку... далікатна, як якая-небудзь... ну шляхетная паненка... Проста, ей-бог... Гэ-гэ-гэ! І хутка! Кірк – і гатова!..

Грэчка пахмурнеў. Тыталь не аднойчы забаўляўся такімі жартамі. Варушачы рукой чорны чуб, пачэсаны на выбітае вока, шчэрачыся, зводзіў Грэчку сваімі кпінамі.

– Ты толькі, дурань, не думай даваць цыгаля назад, – як бы адгадваючы думкі Грэчкі, казаў Тыталь.– Там табе, галава, адразу зробяць каюк... У іх усё на ўліку – і як у паліцыю перабег, і што натварыў разам з паліцыяй, і як тую разведчыцу – Лагуновіч, ці што – выдаў, усё... Яны табе прыпішуць яшчэ і такога, чаго ты ніколі і не рабіў. Хто там будзе дапытвацца, дзе ты быў з паліцыяй, а дзе не... Быў паліцаем – значыцца, усё, што рабілі іншыя, рабіў і ты. Табе, брат, глядзі, каб не прышлося адказваць за ўсю паліцыю... Гэ-гэ-гэ...

Ён падышоў да Грэчкі і пачаў гаварыць быццам са спачуваннем.

– Ёлапень ты, ёлапень!.. Сам на ражон лезеш. Жыццё, відаць, надакучыла, што пагібелі сабе шукаеш... Яны, галава, даўно за табой палююць. Ды ўсё не ўдаецца. А ты хочаш ісці! Ну, хіба ж ты не ёлапень?.. А я такім дурнем не буду. Галава яшчэ трымаецца на плячах, дзякуй богу. Як яны мяне шукаюць – і казаць не прыходзіцца. Але я фігу ім пакажу, вось што! Рукі кароткія!.. Наце, паспытайце! Смачна?! Баішся, што бальшавікі прыдуць? А скуль ты ведаеш, што яны іменна прыдуць? Га? То яшчэ віламі пісана па вадзе. Немцы – вот прыпомні маё слова – не дапусцяць іх сюды...

Паварушыўшы рукой пачэсаны на вока чорны чуб, Тыталь неспадзявана зноў ашчэрыўся. Зубы ў яго рэдкія, вострыя, як у пацука.

– Дык ідзі да Тураўца – адпускаю!.. Ей-бог, не затрымліваю! Пропуск нават напішу! «Паліцай Грэчка, маўляў, зразумеў, ці як гэта кажуць... усвядоміў сваю памылку і іншае такое. Прыміце яго, напішу, як блуднага». Ідзі – там асіна, перадавалі, даўно сумуе па табе. Гэ-гэ-гэ-гэ!

Чорт аднавокі! Чаму табе тады заадно не выбілі і другое вока? Нібы душу выварочвае, знарок стараецца дапячы як найбольш.

Надакучыў ён Грэчку, але што ты зробіш? Даводзіцца трываць усё: як ні кажы, хоць і малое, і паганае, а начальства.

Тыталь памаўчаў, пасміхваючыся, прамовіў: – Нікуды ты не пойдзеш, дурань!.. Лёс, відаць, наканаваў нам так – разам і жыць і вісець!..


2...

Не памыліўся. Разам папаліся.

Грэчка і яшчэ адзін паліцай ахоўвалі мост на рэчцы. Іх абступала шэрая і маўклівая летняя ноч. Толькі час-ад-часу недзе ў далёкай вёсцы сумна ні то брахалі, ні то вылі сабакі, ад гэтага брэху-выцця Грэчку станавілася моташна. «Няма на вас пагібелі. Каб было блізка, прыстрэліў бы вас, воўчае племя!» Паліцаі, ахоўваючы кожны свой бераг, некалькі разоў сыходзіліся на мосце, ціха перагаворваліся. Час цягнуўся вельмі марудна.

Грэчка адстаяў прыблізна палову свайго тэрміну, як пачуў непадалёк знаёмыя важкія крокі. Ён аклікнуў для прыліку чалавека, хоць і ведаў, што ідзе «Чубаты». Тыталь прышоў праверыць, як яны вартуюць мост.

– Ну, што – ціха?

– Як у царкве ў часе абедні...– ахвотна адказаў Грэчка, задаволены тым, што можна пагаварыць.

– Ты глядзі, галава, не пачні маліцца!.. – зарагатаў Чубаты.– Хоць яно, можна і маліцца... толькі – на пляшку з самагонкай! Зменішся з варты, і я тваю малітву прыму... Дасталі самагонка Пяршак – агонь!..

Ён пайшоў да другога вартавога, потым вярнуўся.

– Нудзішся, напэўна? Хутка прышлю змену...

– Давай, хутчэй!.. Надакучыла...

Неспадзявана аднекуль у шэрай цемры ўзняліся дзве постаці. Яны выраслі з зямлі так блізка, што Грэчка разгубіўся; ногі яго нібы прыкіпелі да зямлі – не зрушыць з месца...

– Стой!..– пачуў Грэчка ціхі, але строгі загад.– Кінь вінтоўку!

Тыталь адразу скочыў убок і ірвануў пісталет з кабуры. Ударыла імклівае кароткае полымя. Адзін раз, другі.

У адказ прагучала частая чарга аўтамата, і чубаты, вылаяўшыся, паваліўся на зямлю...

Стрэлы Тыталя вярнулі Грэчкавым нагам сілу. Ён, прыгнуўшы галаву да грудзей, кінуўся наўцёк. Чаргу з аўтамата, якая пранізала Тыталя, Грэчка чуў ужо за сабой і падумаў, што гэта б'юць па ім.

– Стой, стой!..– пагнаўся за Грэчкай вокліч.

Але ён, не азіраючыся, утуліўшы галаву ў плечы, бег колькі духу. Воклічы, што даносіліся да Грэчкі, яго быццам падганялі. Уцячы, уцячы – часта калацілася, аж знемагаючы, сэрца. Гэта партызаны, яго пагібель. Далей, далей ад іх! Яму гэтыя людзі здаваліся цяпер страшней за ўсё.

Грэчка адбег ужо з сотню крокаў, як неспадзявана наперадзе акрэслілася яшчэ адна постаць. Яна стаяла на шляху, які вёў да ратунку. Далей за ёй былі блізка відаць кусты. Цёмныя густыя кусты.

Грэчка прыпыніўся, пахапліва ўскінуў вінтоўку і, амаль не цэлячыся, стрэліў. Ён хацеў перазарадзіць вінтоўку і стрэліць яшчэ раз, але ў тую хвіліну да яго падскочыў другі партызан, што апынуўся збоку ад Грэчкі, замахнуўся сваім аўтаматам і з усёй сілы ўдарыў паліцая прыкладам па галаве. Перад вачыма Грэчкі ўспыхнула зялёнае полымя, і ён адразу зваліўся.

– Ах ты, падлюка!.. Ну, праўда – падлюка!

Партызан – гэта быў Вася Крайко – асвятліў паліцая кішанёвым ліхтарыкам. Святло ліхтарыка выхапіла з цемры нерухомае скурчанае тулава і паблізу яго вінтоўку, якая валялася на зямлі. Вася схапіў вінтоўку і навёў ліхтарык на твар паліцая. Неспадзявана для сябе Крайко пазнаў, што гэта Грэчка: – У, гніда! – прамовіў хлопец з гідлівасцю. Ён пагардліва штурхнуў труп нагой.


3...

Ну, вядома, месяц зіхціць. Перад насыпам такая відната, хоць кніжкі чытай: кожная травінка асветлена. Рэйкі блішчаць здалёк – яны бягуць цераз лясок у адзін і другі бок і знікаюць.

Колькі закаханых глядзела на гэты месяц і ўздыхала: ах, як хораша! І Шашура таксама глядзіць на яго, глядзіць з-пад насунутай набакір кепкі, прыплюшчыўшы вочы і... таксама ўздыхае. Але не зачаравана, а сярдзіта. Чорт бы цябе пабраў, месяц, як ты не ў час выпаўз!

Па насыпе прайшла паволі група патрульных. Шашура ляжаў на высецы каля пня і, слухаючы ціхую іх гаворку, якую было добра чуваць, сачыў за імі, – хутчэй бы яны ішлі. А немцы быццам знарок не спяшаліся.

Як толькі яны адышлі крыху, Шашура намерыўся падбірацца да насыпу.

– На рэйкі!.. Дэтанатары не згубілі?– Зашаптаў падрыўнік.

Ён прапоўз некалькі крокаў з двума таварышамі – іншыя засталіся прыкрываць – і раптам скамандаваў:

– Стой!

Каб ён праваліўся, гэты патруль,– яны вяртаюцца.

– Назад,– даў знак падрыўнік сваім таварышам.– Ды не вытыркайцеся!

Шашура ляжаў, лаяў у думках месяц і чакаў. Гэты неспакойны чалавек быў, калі трэба, на дзіва цярплівым. Трэба чакаць і чакаць, каб не сапсаваць усё. Толькі калі патрульныя адышлі далёка, ён зноў папоўз з памочнікамі да пуці.

Яны ўжо ўзабраліся на насып і пачалі разграбаць жвір, як наводдаль прагучала чарга, за ёй другая. Шашура адразу азірнуўся: стралялі па іх, мусіць, з засады. Ён кінуў позірк на міну, якая ляжала каля рэйкі: закапваць ці не? Напэўна, прыдуць і адкапаюць яе, а падрыўніку такая рэч ніколі не будзе лішняй, хоць у хлопцаў ёсць іх яшчэ некалькі. А вось у яго ў кішэні ляжыць супроцьпяхотная,– ён быў запаслівы на гэта, – такая тут вельмі можа спатрэбіцца. Скамандаваўшы, каб іншыя адыходзілі, Шашура хутка закапаў міну і адбег.

Сюды набліжаліся гітлераўцы. Яны яшчэ здалёк пачалі абстрэльваць лес, і над хлопцамі поблізу бзыкалі кулі. Але падысці да лесу і да рэек, дзе толькі што былі партызаны, патрульныя пабаяліся.

Усё сарвалася. Шашура хутка абдумаў становішча: трэба адыходзіць, пакуль не позна. А рэйкі?.. Што ж рэйкі? Нічога не зробіш: гітлераўцы будуць лазіць тут увесь час...

Ён заўважыў, што злева ад вёскі на стрэлы бягуць паўз насып яшчэ дзесяткі два немцаў.

Шашура даў загад адыходзіць. Ён сам першы ўвайшоў у лясную цемру і так наперадзе ступаў увесь час, калі-ні-калі правяраючы, ці не адстаў хто-небудзь. Не аднаму з хлопцаў нізкае галлё біла па твары, не адзін з іх натыкаўся ці на нявіднае карэлае дрэва, ці на тонкі пругкі дубец маладняку. Потым з паўгадзіны, а мо' і больш, ішлі полем,– тады пачулі недалёка ляскат мотадрызіны. Шашура, відаць, вёў так, каб ад чыгункі не аддаляліся...

Яны прайшлі, напэўна, не менш сямі кіламетраў, пакуль не спыніліся ў хмызняку каля балота. Блізка быў золак.

– Сарвалася... І дадому сорамна ісці. Хоць – чаго сорамна?

– Што ж, прычына ўважлівая...

– Усяк бывае. На тое – вайна.

– Як гэта – усяк?– сярдзіта адгукнуўся Шашура.– Выдумаюць жа, каліна-маліна: усяк бывае! Канешне – усяк, у таго, хто думае: як будзе, так будзе. Адным словам, куды вецер падзьме... А ў мяне, чорт пабяры, не было такога, каб я хадзіў попусту! Вы бачылі калі-небудзь такое? Хто бачыў, – скажы!

Не бачылі?.. То няўжо ж мне цяпер прыдзецца вярнуцца ні з чым? Дажыць да такой ганьбы!..

– Што ж, наступную ноч будзем чакаць?

– Пакуль пачакаем дня. А там – пабачым, можа, і ночы, калі будзе трэба...

Неўзабаве яны зноў падышлі да чыгункі.

Размясціліся ў лазняку і чаратах; адсюль было відаць, што каля высокага насыпу ляжыць нейкая бязладная гарбатая груда. Гэта валяліся пакарэжаныя вагоны, ад некаторых з якіх засталіся цяпер амаль адны шкілеты...

Шашура яшчэ ў змроку, стараючыся не хлюпаць у вадзе, асцярожна прадзіраючыся праз зараснік чароту, падабраўся да аднаго з гэтых вагонаў. Выбраўшы зручную мясціну у абломках вагона, ён засеў і ў шчылінку стаў уважліва назіраць за дарогаю. Доўга-доўга мясціна гэта здавалася зусім пустой, але неяк Шашура ўсё ж улавіў за палатном наводдаль галасы. На якой мове гаварылі, нельга было зразумець, але падрыўнік і без гэтага ведаў: «Засада».

Калі добра развіднела, немцы, ужо не тоячыся, узняліся і, пусціўшы некалькі чэргаў, падаліся да станцыі.

Станцыя была блізка. Яе спалены будынак чарнеў па другі бок насыпу праз якія-небудзь семсот метраў, аддзелены ад той мясціны, дзе ляжаў Шашура, вялікім зялёным поплавам. Побач з панурай, пустой каробкай станцыі туліўся нядаўна пабудаваны барак, у якім, відаць, цяпер і жылі начальства ды ахова. Перад станцыяй цягнулася некалькі радоў калючай агарожы, а ў адным месцы з гэтага боку Шашура ўгледзеў замаскіраваную горку дзота...

Час ішоў ды ішоў, а падрыўнік усё ляжаў, чакаючы зручнага выпадку. Вылазіць на насып проста так, без адпаведнай абстаноўкі, як думаў Шашура, было б вельмі рызыкоўна. Так можна лёгка і справу сапсаваць, і галаву злажыць, бо гэтая мясціна са станцыі добра відаць. А гэтай «абстаноўкі» пакуль што якраз і не было...

Па насыпу блізка пратупаў абходчык, потым вяр-

нуўся. Ужо стала добра ўграваць сонца, калі падрыўнік пачуў далёкі шум самалётаў, які паступова грозна мацнеў. Шашура стаў сачыць за небам, якое поўніў магутны гул, і, нарэшце, убачыў агромністую стаю самалётаў з чырвонымі зоркамі, што ішлі з захаду. Самалёты нібы кіраваліся ў бок станцыі, на якой узнялася бязладная страляніна.

Самы час! Немцы цяпер будуць больш глядзець у неба, чым на пуці.

Ён разам з двума хлопцамі выбраўся на дарогу... Усе пачалі хутка раскапваць шчэбень. Прысыпалі дзве міны, разраўнялі. Шашура азірнуўся ў бок станцыі – здавалася, што заўважылі. Не, усё добра.

Хлопцы пакаціліся ўніз з насыпу. Шашура прыклаў вуха да рэйкі – ці не ідзе поезд. Не, не ідзе... Праверыў вачыма, ці добра замаскіраваны міны, азірнуўся па баках і тады спрытна ссунуўся ўніз.

– Будзем яшчэ сядзець?

– А як жа, а раптам абходчык знойдзе міны?.. Хіба ж можна, каліна-маліна, так фармальна рабіць: падлажыў і ўсё...

Прайшло некалькі немцаў. Адзін з іх штосьці апавядаў іншым... Нічога не заўважылі... Шашура супакоена апусціў аўтамат.

Нарэшце пачуўся працяжны свіст паравоза, і хутка падрыўнік, углядаючыся ў гэты бок, убачыў белы дымок, які раз-по-раз пругка пыхкаў угару і паволі набліжаўся...

Тады Шашура вылез з-пад абломкаў вагона і скочыў у ваду, у чарот. Трэба як мага хутчэй адбегчы ад насыпу... Хлюпаючы ў вадзе, прадзіраючыся праз чарот, ён увесь час чуў ззаду нарастаючы перастук калёс і натужнае пыхканне, было падобна, што гэта сапе нейкі звер. Паравоз, не прыпыняючыся на станцыі, хутка падыходзіў бліжэй...

Шашура азірнуўся: састаў быў мяшаны – тры-чатыры платформы з гарматамі, таварныя вагоны і два пасажырскія, у якіх у вокнах былі вайскоўцы. Паравоз быў так блізка ад таго месца, дзе ляжалі міны, што падрыўнік мімаволі спыніўся, чакаючы напружана, што будзе далей.

Праз які міг ён убачыў, як успыхнула полымя, і тады ж першы таварны вагон палез угару...

Шашура прыгнуўся і колькі сілы пабег да сваіх. Ззаду зусім блізка, не сціхаючы, суха лопаліся, выбухалі снарады. Калі ён ужо быў блізка да берага, згары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб'е так!»– мільганула ў галаве. Ён наддаў ходу.

– Ну што, каліна-маліна,– весела гаварыў падрыўнік, калі яны адышлі ад гэтай мясціны,– бачыў хто, каб Шашура калі вяртаўся ні з чым?


4...

Шашура і сёння не мог прайсці міма Паплавоў. Не мог ён упусціць зручнага выпадку завітаць у іх. Нейкая невядомая сіла цягнула падрыўніка зазірнуць на селішча, дзе жыла Аксіння.

Праўда, бачыў ён тое селішча не надта даўно. За апошнія дні Шашура ўжо некалькі разоў, нібы выпадкова, заходзіў туды. Неяк так атрымлівалася, што яго сцежка амаль пасля кожнай аперацыі абавязкова ці з аднаго, ці з другога боку вілася блізка ад Паплавоў...

Шашура з таварышамі нырнуў улева, у чорны зараснік алешын. Неўзабаве яны вышлі на шэры вільготны луг, па якім бегла ледзь прымятая сцежачка. Шашура пачаў размахваць кіёчкам і паціху весела пасвістваць. Хоць далёкая і бяссонная дарога стаміла падрыўніка, яму было цяпер лёгка.

Яны прышлі ў вёску, калі сонца толькі пачало ўздымацца. На вуліцы, як звычайна ў ранні час, было пуста.

– Прызямляйся!– скамандаваў Шашура, спыніўшы хлопцаў на ўскрайку вёскі. – Гадзінку даю перадрамаць...

Ідучы на знаёмы двор, ён падумаў, што Аксіння яшчэ, напэўна, спіць, – прыдзецца, відаць, чакаць у садку. Але ўвішная жанчына ўжо гаспадарыла. Прысеўшы на чурбачок, яна чысціла бульбу ножыкам, абгорнутым на месцы тронка анучкай. Каля яе ног стаяў салдацкі кацялок, у якім у вадзе ўжо бялела некалькі бульбін.

Аксіння не заўважыла Шашуру. Той наводдалек абышоў яе на цыпках, стараючыся зайсці ёй з-за спіны і з'явіцца знянацку. Але, калі ён стаў набліжацца, жанчына пачула крокі і азірнулася.

На кончыках яе строгіх вуснаў затрапятала ўсмешка. Спакойны, яшчэ санлівы твар яе неяк памаладзеў і заявіўся. Аксіння была рада яму, і Шашура гэта адразу заўважыў.

– Які вецер у такі ранні час прынёс?

– Чаму ж ранні, скажыце, калі ласка? У нас, падрыўнікоў, гэта пара лічыцца позняй.

– Ну то ў вас, у падрыўнікоў!.. А я ж не падрыўнік, здаецца...

– Знаёмая падрыўніка!..

Ён сеў поруч і выняў з кішэні складаны ножык са штопарам, адвёрткай, шылам і яшчэ нейкімі прыстасаваннямі. Расчыніўшы ножык, падрыўнік узяў з мяшочка дробную бульбінку, пакруціў у руках.

– Дзе ты дастала гэты шрот?

– Дзе дастала, там цяпер няма... Невядома, якая яшчэ ў цябе вырасце.

– У мяне лепшая будзе! Галаву даю...

– Паберажы яе, галаву... Не хваліся раней часу.

– Пабачыш!

Ён пачаў гаварыць з ёю, што прышло ў галаву, так, нібы толькі што вярнуўся з поля.

За мінулыя дні ён стаў тут як бы сваім чалавекам. Шашура адчуваў, што, не зважаючы на прыкры яго ўчынак у тую ноч, Аксіння адносіцца да яго, хоць і стрымана, але прыхільна. Праўда, глядзеў ён на гэту прыхільнасць, навучаны ўласным вопытам, з недавер'ем. Ліха на іх, гэтых жанчын, ніколі не зразумееш, што яны думаюць!

Трэба сказаць, Аксіння яму падабалася ўсё больш. Чым яна прысушыла сэрца падрыўніка, ён і сам не ведаў. Ці жаночай заварожлівай пяшчотнай стрыманасцю, за якою Шашура прыгадваў то абыякавасць, то заманлівую надзею, ці сталым асеннім спакоем, які застаецца ад перажытага гора, ці, можа, трапяткой усмешкаю на пругкіх па-дзявочаму вуснах? Хто ведае... Але з кожным яго прыходам Аксіння станавілася ўсё больш прывабнай.

Яна ж, як і раней, была да Шашуры стрыманай, быццам не заўважала ў ім змены. Падрыўніка гэта не крыўдзіла: ён і не ўмеў крыўдаваць. Наадварот, чым больш Аксіння стрымлівала яго, тым больш была яму жаданай...

Палюбіліся Шашуры і дзеці Аксінні, якія так прызвычаіліся бачыць яго каля сябе, што адносіліся да падрыўніка, як да бацькі. Ён таксама зваў хлопчыка «сынком», а малую «дачушкай».

Гэтай раніцай Шашура прымусіў Аксінню збянтэжыцца. Калі яны сядзелі каля вогнішча, на якім у кацялку варылася бульба, падрыўнік, ссунуўшы на адно вуха кепку і гарэзна пазіраючы на Аксінню, сказаў:

– Эх, відаць, такі мой лёс – парадніцца з табой!.. Напэўна, прыеду і капаць тую бульбу, якую садзіў.

– Прыязджай, дранікаў прынясу, як тады,– адказала Аксіння, сочачы за аксамітнымі вугольчыкамі, і ўсміхнулася; яна ці не зразумела, ці зрабіла выгляд, што не здагадваецца, да чаго ён вядзе.

Шашура раптам на нейкую хвіліну пасур'ёзнеў.

– Дык як ты на тое, што я сказаў?

– Пра што ты?

– Ну, каб парадніцца...

– Ты што, жартуеш?..– яна ўзняла на яго свае строгія вочы. У зрэнках яе штосьці спакойна жаўцела: як восень.

– Чаму жартую?

– Не зразумець у цябе, дзе ты сур'ёзна, а дзе так, зубы паказваць.

– Вось як пажывем разам, тады будзеш разумець!.. Дык я цяпер сур'ёзна, Аксіння.

Яна нахмурылася, так што над пераноссем успухлі два гарбочкі.

– Калі ты сур'ёзна, то я вось што скажу. У мяне дзеці – а я не ведаю, як ты з імі будзеш абыходзіцца? Мне яны родныя, а ты іх можа... табе яны чужыя.

– Чаму гэта чужыя?!. Я іх буду любіць, як і ты,– ён зноў гарэзна ўсміхнуўся – натура брала сваё: – Акрамя таго, каліна-маліна, мы ж не безнадзейныя старыя,– будуць у нас і яшчэ. Зусім нашы – твае і мае. Быў бы каваль ды каваліха – набудзем гэтага ліха!.. Праўда?

Шашура ўладна прыцягнуў Аксінню да сябе. Яна крыху зачырванелася і быццам засаромелася.

– Не ведаю...– схамянулася і, каб схаваць няёмкасць, прамовіла незадаволена: – Людзі яшчэ пабачаць, як ты тут... Бярэшся, нібы муж, аж косці занылі!.. Нібы твая!

– Не мая, дык будзеш мая! А што бяруся моцна, то ўжо ў мяне прывычка такая. Прывыкай!.. Яшчэ, прыдзе час, і не так вазьму!

Пасля снедання падрыўнік палазіў па гнілой страсе, пакрытай купкамі зялёнага моху, закрыў саломай дзіркі, каб не цякло ў жыллё. Па ўсім было відаць, што ён адчувае сябе тут, як гаспадар.

Калі Шашура злез на зямлю і атрос з сябе саламяную труху, то стаў адразу збірацца. Аб сваіх намерах-марах адносна Аксінні ён больш не гаварыў.

Не дамовіўшыся канчаткова, пакінуўшы жанчыну з думкамі-неадчэпамі, ён праз некалькі хвілін ужо выходзіў з двара.


5...

Дарогай неспакойная галава выдумшчыка-падрыўніка, які зноў ішоў са сваімі сябрамі, была цалкам запоўнена развагамі аб незвычайнай аперацыі.

Гэтая аперацыя павінна была, як ніякая, праславіць Шашуру. Ён з заміраннем сэрца ўяўляў, як прабярэцца ў Мінск на аэрадром, як будзе падсцерагаць там галоўных «фюрэраў», падпільнуе або ашукае ахову і прабярэцца да самалётаў. Многія гадзіны будзе пільнаваць ён самалёты і ўсё-ткі пралезе да іх, пралезе ды прыладзіць дзе-небудзь у хвасце іх магніткі... Яны ўздымуцца ў паветра, і тады – магніткі ўзрываюцца, шматуючы «хвост», «фюрэры», куляючыся разам з машынай, ляцяць на зямлю!.. Ляцяць тады, калі ўжо думалі, што вырваліся! А які перапалох будзе на аэрадроме, калі там даведаюцца пра гэта. А можа, і ўбачаць самі. Лепш, каб яны ўбачылі, каб выбух адбыўся над аэрадромам!.. Шашура думаў пра гэта з такім захапленнем і так жыва ўяўляў кожную драбніцу сваёй аперацыі, што забыўся, здавалася, пра ўсё на свеце.

Вярнуўшыся ў брыгаду, ён адразу падаўся да камісара і аб'явіў чыстасардэчна, што прыдумаў геніяльны план.

– Няўжо – геніяльны?– не паверыў Туравец.

– Геніяльны, таварыш камісар! Усю дарогу думаў – аж зямлі пад сабой не чуў. Эх, прыгожа будзе, каліна-маліна, калі выканаем яго! Можна расказаць?

– Абавязкова! Гавары, Шашура.

Калі-б падрыўнік менш быў захоплены сваёй ідэяй, ён хутка заўважыў бы скептычную ўсмешку на вуснах камісара. Паслухаўшы яго да канца, Туравец сказаў, што план цікавы, нават вельмі цікавы, але занадта рызыкоўны. На аэрадроме, як вядома, моцная ахова, і падрыўнікоў могуць лёгка заўважыць: аэрадром – гэта не чыгунка, да якой многа розных подступаў... А калі іх заўважаць, то вырвацца ім наўрад ці ўдасца. Смерць? Для чаго? Для таго, каб забіць некалькі «фюрэраў», якіх можна адправіць на той свет інакшым, больш пэўным метадам...

– План твой, любы мой, нерэальны. Неабдуманы!..

Шашура спачатку стаў горача спрачацца, але раптам змоўк і, не шкадуючы, адступіў. Чаго тут шкадаваць, калі ён можа, хоць сёння, прыдумаць яшчэ дзесятак такіх, можа і лепшых!

– Ну, што ж, таварыш камісар, значыцца, не ўхваляеце? Выходзіць, каліна-маліна, памылка?.. Ясна... Тады дазвольце ісці, таварыш камісар.

Ён выпрастаўся ў струнку і хвацка паднёс руку да ссунутай набок кепкі. Пры камісару Шашура заўсёды стараўся трымацца статутных правіл.

Туравец неспадзявана спыніў яго.

– Пачакай, Шашура,– ён падышоў да падрыўніка.– Ты дзе быў зараз?

Шашура адразу востра, спасцярожліва зірнуў на Тураўца, разважаючы – гаварыць ці не? «Вочы якія хітрыя ў яго! Напэўна, ведае пра ўсё сам»,– падумаў ён і сказаў праўду.

– У цябе гэта сур'ёзна з ёю? Ці так проста – дурэеш?

– Сур'ёзна, здаецца, таварыш камісар. Не маню – намерыўся нават, каліна-маліна, жаніцца...

– Вунь што. А дзе муж яе? Не цікавіўся? На фронце, мусіць, а?– у голасе камісара пачулася мяккая, насцярожлівая нотка.

– Няма ў яе мужа. Загінуў...

– Загінуў? Гэта дакладна?.. Ты, Шашура, глядзі,– нібы не верыў Туравец. – Каб хто-небудзь пасля на цябе не крыўдзіўся. І на ўсіх нас...

«І што яму да гэтага! Ва ўсё яму трэба ўмяшацца!»– думаў Шашура. Але ён не сердаваў: падрыўніку падабалася, што камісар гаварыў з ім таварыскім тонам.

Калі Шашура ішоў ад камісара дамоў, то можа ўпершыню пачаў абдумваць свае адносіны да Аксінні. Як гэта яно здарылася непрыкметна! Ён жа да жанчын быў заўсёды абыякавы. Дзіўна – учора быў халасцяком, а заўтра будзе мужам; і не проста мужам – бацькам двух дзяцей!..

Хлопцы будуць падсмейвацца, але да яго гэта не прыстае – ён знойдзе, што сказаць!..

Эх ты, Аксіння, удавіца мая!

Раздзел V


1...

Яны сустракаліся цяпер па некалькі разоў на дзень. Здавалася, што Залеская без Наталлі Міхайлаўны не магла проста жыць.

Наталля Міхайлаўна таксама з нецярплівасцю чакала сваю сяброўку. Агульнае гора і надзеі вельмі здружылі абедзвюх жанчын за апошні год. Як жа ім не быць дружнымі, калі іх Валя і Ніна былі разам. І нібы падтрымліваючы прыклад дзяцей, яны таксама заўсёды былі блізкія між сабой, дапамагалі ў цяжкую хвіліну адна адной...

Але асабліва часта сталі яны сустракацца пасля таго, як Залеская перадала сяброўцы пра наступленне пад Оршай. З гэтага часу не было, мусіць, такога дня, каб Залеская не прыносіла якую-небудзь навіну. Адкуль толькі яна пра ўсё даведвалася! У яе была нейкая асаблівая здольнасць уведваць пра ўсё, што робіцца – і тут, у горадзе, і на фронце...

Вось і сёння, калі яна ўвайшла, Наталля Міхайлаўна адразу падумала: што яна скажа новага?

Наталля Міхайлаўна, якая шыла на ручной швейнай машыне, што стаяла на століку, спыніла працу і запытальна зірнула на сяброўку.

– Усё шчыруеш!– ні то з папрокам, ні то з ухвалай прамовіла Залеская.– Калі ты, Наталька, хоць сядзіш спакойна? Мусіць, ніколі...

– На кірмаш трэба – прадаць што-небудзь ды падкарміць малую. Вось і мудрую, што можна людскае пашыць з гэтай драніцы.

Залеская падышла да маленькай бялявай дзяўчынкі, якая гуляла з каляровымі абрыўкамі тканіны, раскладзенымі на табурэце.– А ты што робіш, Людачка?

– Шыць буду,– сур'ёзна адказала малая.

– О, таксама шыць? Якія ж вы абедзве працавітыя!– пахваліла Залеская, думаючы аб нечым сваім. Яна раптам, зірнуўшы скоса ў бок суседняга пакоя, ціха запыталася, дзе «кватарант».

«Кватарантам» яна называла чалавека з прозвішчам Кухта, які заняў усю хату Наталлі Міхайлаўны, выжыўшы гаспадыню з унучкай у гэтую каморку. Наталля Міхайлаўна сказала, што ён пайшоў некуды, здаецца, у гэтую сваю – каб яна правалілася – Раду.

– Не пакуе яшчэ чамаданаў?

– Ужо складзена ўсё...

– А, значыцца, падрыхтаваўся. Ведае, што трэба спяшацца. Нашы ж ужо, Наталька ты мая, недалёка ад Крупак! Праўду кажу: да Крупак падыходзяць!

– Так хутка?! Аж не верыцца!

– Спяшаюцца, родныя, да нас!..

– Ведаюць, як нам тут прыходзіцца, як мы чакаем іх...

Залеская пачала расказваць пра тое, што робіцца зараз на вакзале. Мітусня. Душаць проста адзін аднаго, стараючыся хутчэй праціснуцца да вагонаў. Учора адзін «эсэс» прыстрэліў другога, які хацеў прабрацца раней. Каля вакзала розныя «фрау» чапляюцца да кожнага афіцэра: вазьмі, уладзь у вагон – усё аддам, душу і цела. Ды афіцэрам нібы ні да таго, ні да другога... Вочы Залескай, калі яна расказвала пра гэта, свяціліся і насмешкай і радасцю.

Пасля яе Наталлі Міхайлаўне было вельмі радасна. Узняўшы на калені сінявокую ўнучку, яна доўга песціла малую і гаварыла шчасліва:

– Ну, нічога, Людачка. Ужо нядоўга нам пакутаваць засталося, званочак ты мой ясны. Хутка – хуценька-хуценька – прыдзе да нас твой татка. Вось будзе нам радасць! І яму якая радасць. Як ён цябе ўзніме на рукі, як прыгарне! Ды як пацалуе! Ён жа яшчэ ні разу не бачыў цябе, а тут – адразу такая красуня!..

– Красуня,– засмяялася Людка, моршчачы носік.

Скончыўшы сваё шытво, Наталля Міхайлаўна сабралася на рынак, узяла Люду за ручку і вышла на вуліцу.

У Мінску быў голад. Наталлі Міхайлаўне даводзілася кожны дзень задумвацца над тым, як пракарміць сваю малую і сябе. Праўда, пра сябе старая амаль не трывожылася: сама яна цярпліва зносіла нястачу, чакаючы адно, дня, калі ўсё гэта згіне – і гітлераўцы, і голад, і пакуты,– але бачыць, як галадае ўнучка, чуць, як яна просіць есці, Наталля Міхайлаўна не магла.

«Божа мой, якая ж ты кволенькая, мая сінічка»,– не раз думала, уздыхала старая.

– На які рынак мы пойдзем? На Суражскі, праўда, бабуню?– дзелавіта запыталася Люда.

– Не. На Чэрвеньскі.

Адсюль, ад вуліцы Талстога, да Чэрвеньскага можна прайсці каля Заходняга маста. А можна таксама і праз пераезд на чыгуначных пуцях, гэтак нават будзе бліжэй... Не, там, мусіць, цяпер стаіць варта.

Яны паціху патупалі паўз рады драўляных хат і платы да Заходняга моста. Наталля Міхайлаўна несла падпахай загорнутыя ў газетны ліст дзіцячую сукеначку, перашытую са сваёй кофты, і касцюм. Гэта быў апошні і, здаецца, самы лепшы касцюм Аляксея. Усе іншыя Аляксеевы рэчы Наталлі Міхайлаўне давялося занесці на рынак яшчэ раней. І амаль усе плацці прапалі таксама там.

Што ж, іншага выхаду не было. Эх, жыццё – толькі і вядзеш дзень ада дня, пражываючы тое, што было калісьці набыта.

А колькі разоў прыходзілася перашываць старыя, заношаныя сукенкі ці сарочкі, каб можна было прадаць...

Паўз скверык, які цягнуўся радамі яшчэ маладых танканогіх таполяў, падышлі да прывакзальнай плошчы. Каля будынка вакзала, заляпанага брудна-зялёнай фарбай, і пры бараках, што былі з другога боку пыльнай запушчанай плошчы, варушыліся, шумелі натоўпы немцаў, валяліся горкамі розныя клункі, скрынкі, чамаданы. Нават збоку было відаць, што немцы вельмі ўстрывожаны.

«А, дапякло, насланне вы паганае! Забегалі...»– падумала радасна старая.

З гэтым настроем, ад якога сэрца поўнілася яснымі надзеямі ды чаканнем шчасця, яна ішла паволі да рынку, стрымліваючыся, каб не загаварыць пра ўсё гэта з малой.

– Бабуля, як гэта вуліца завецца?

– Вуліца Свярдлова.

– Гэта па-нашаму?

– Па-нашаму...

Вуліцы ў горадзе мелі афіцыйна дзве назвы – нямецкую і назву, дадзеную гарадской управай, але ўсе называлі вуліцы па-даваеннаму, па-нашаму...

На рынку людзей снавала менш, як звычайна; зусім пуста было на горцы каля пажарнай вышкі, дзе ў другія дні стаялі фурманкі з бульбаю ці сенам.

– Ты мне купіш... хлебца, бабуня, праўда?– запыталася Люда, зазіраючы ў вочы старой.

– Куплю, куплю.

Беднасць, якую Наталля Міхайлаўна прывыкла бачыць гэтыя тры гады, сёння неяк асабліва рэзала яе вочы. Чаго толькі ні прыходзілася рабіць людзям, каб як-небудзь выбіцца з галадоўкі, купіць жменю мукі ці кацялок бульбы.

Вунь стаіць стары, згорблены чалавек, апрануты ў залатаны касцюм з чорнага бастону, з некалі модным гальштукам. Наталля Міхайлаўна ведае яго: ён калісьці выкладаў прыродазнаўства ў тэхнікуме; цяпер ён стаіць каля скрынкі, на якой раскладзены кавалачкі мыла, якое ён сам прыгатаваў. Яго мыла ніхто не хоча купляць, бо яно кепска мыліцца, але ён стаіць. Стаіць, пануры ад няўдачы і прыніжэння...

А вунь, у адзін рад з ім, яшчэ некалькі старых і дзяцей. Чаго там толькі ні прадаюць: парваныя жаночыя валёнкі, гарэлыя, іржавыя цвікі, какетлівыя ўчарнелыя абцасы, адарваныя ад туфляў, якія, напэўна, даўно ўжо на сметніку, розны друз...

«Да чаго давялі людзей, праклятыя!»

Задумалася Наталля Міхайлаўна і не адразу заўважыла, як падышоў да яе чалавек, яшчэ не стары, у капялюшы з маленькімі палямі, у фрэнчы нейкага цвілага колеру, з вузенькімі бартамі. Адсунуў сукеначку, узяў, не пытаючыся нічога, пінжак, абгледзеў крыху грэбліва: трэба будзе перашываць.

– Колькі марак?

– Я хацела б у абмен на прадукты.

– Гм, на прадукты... А чаму не на маркі?

– Таму, што не на маркі...

Яна ледзь не дадала: «выкіньце іх на сметнік»,– але ў час стрымалася.

– Не, ты скажы, чаму не на маркі?– не адставаў «купец».– Ты ведаеш, што такое марка, якая ходзіць па ўсёй Германскай імперыі?

– Ведаю...– Наталля Міхайлаўна паспрабавала ўзяць пінжак з яго рук, але ён не аддаваў.– А-а, ты, напэўна, хочаш, каб я заплаціў... бальшавіцкімі рублямі?– раптам яхідна скончыў ён.

– Аддайце пінжак зараз жа!

Ён усё не выпускаў пінжака, і Наталля Міхайлаўна, пазіраючы ў яго ненавісныя вострыя вочкі, адчула, што ён лёгка не адстане, што можа здарыцца скандал, які для яе невядома чым скончыцца,

Але тут адразу ўмяшаліся, зашумелі з усіх бакоў людзі, што былі каля іх.

– Ну і што ж – яе тавар. Як яна хоча, так і прадае!

– Можа, вы яшчэ і цану самі ўстановіце?!

– Ды не – ён, відаць, зусім задарма хоча?..

– Бач, які разумнік!

Галасы чуліся з усіх бакоў, і чалавек у фрэнчы прыкметна пацішэў; ён разгублена азірнуўся, як бы шукаючы падмогі, аднак, відаць, не знайшоў яе, бо, прамармытаўшы грэбліва, што пінжак вялікі, адразу падаўся адсюль.

Наталлі Міхайлаўне параілі хутчэй зыйсці з рынку, але яна засталася тут. Што яна, баіцца гэтага недабітага цвілога панка! Усё-ткі, ёй было трывожна, і жанчына мімаволі не-не ды і паглядвала, ці не цягнецца гэтая брыда зноў.

Час ішоў ды ішоў, а пакупнікоў ні на касцюм, ні на сукенку не знаходзілася.

– Ногі баляць, бабупя...– застагнала Людка, якая ўвесь час ціха стаяла поруч. Наталля Міхайлаўна ўзяла яе на рукі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю