Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 25 страниц)
«Трэба ехаць. Пакіну за сябе начальніка палітаддзела і паеду. Хвіліна якраз зручная...»
Шчарбацюк устаў:
– Вельмі прашу прабачыць, сябры,– сказаў ён, устаўшы і заклапочана зірнуўшы спачатку на генерала, потым на іншых англічан.– Але мне трэба неадкладна ехаць... Мяне чакаюць неадкладныя справы.
– Разумею, перш за ўсё – вайна, – усміхнуўся англійскі генерал, падаючы руку на развітанне.
Раздзел IV
1...
Вася стаяў каля дрэва, сціскаючы ў руках аўтамат, і чакаў гітлераўцаў. Што ж, ён жывым не дасца ім у рукі. Няхай паткнуцца сюды, ён сустрэне іх. Шкада толькі, што ў аўтамаце адзін дыск, ды яшчэ не поўны. Эх, і ніводнай гранаты не засталося! Непадалёк раптам пачуліся частыя гулкія выбухі гармат і страляніна з кулямётаў. Хто гэта страляе? Ермакоў?.. Не, не трэба прыслухоўвацца да гэтага. Вось-вось паявяцца з-за дрэў аўтаматчыкі, трэба сачыць за імі. Але што гэта яны марудзяць? Яны маглі ўжо быць тут. Можа, абыходзяць? Не, здаецца...
Нямецкія грузавікі выбіраліся з ляска. Вася ў прагаліны між дрэваў бачыў: на дарозе ўзнялася паніка. Павозкі спяшаліся абагнаць адна адну, салдаты з усіх сіл лупцавалі коней, крычалі, лаяліся. Там і тут грузавікі і павозкі зварочвалі з дарогі і ехалі проста па полі.
Неўзабаве сюды вылецела, страляючы з кулямётаў, некалькі танкаў. Немцы пачалі кідаць і павозкі і грузавікі, беглі куды глядзяць вочы. Дзе-ні-дзе салдаты ўздымалі рукі.
«Што гэта яны?.. Здаюцца?.. Што там за танкі? Нашы?.. Не, не можа быць. Яны ж учора былі далёка... А чые ж? Бач, што робіцца з гітлераўцамі?.. Няўжо нашы?!»
Вася, забыўшыся на ўсё, кінуўся да ўскраю лесу, упіўся вачыма, як зачараваны, у гэтыя страшныя для немцаў машыны. Цяпер было ясна – нашы танкі!
Але танкаў было няшмат: усяго пяць машын. Яны, амаль не спыняючыся, прайшлі наперад, і Васіль зноў астаўся адзін. Навокал, як і раней, былі гітлераўцы.
«Эх, чаму я не падбег адразу да танкістаў,– няхай бы ўзялі мяне! Правароніў, разявака!» Адчуваючы, што зрабіў вялікую памылку, ён, азіраючыся, пачаў пакрыху адыходзіць ад гэтай мясцінкі – ад зарасніку да зарасніку.
Праз паўгадзіны хлопец быў у полі. Ісці адсюль проста да пасёлка ён не мог, бо там можна было наткнуцца на немцаў,– ён нават бачыў недалёка ў тым баку невялікую групу. Стараючыся зайсці ў пасёлак з іншага кірунку, Вася прабіраўся па разоры між жыта, з якога ён час-ад-часу асцярожна вытыркаўся, каб агледзецца.
Калі ён наблізіўся да дарогі, то раптам убачыў на бульбяным полі некалькі чырвонаармейцаў. Васіль, не чуючы пад сабою ног, без меры ўзрадаваны, трывожачыся, што і гэтыя байцы, як раней танкі, могуць куды-небудзь знікнуць, адразу папраставаў да іх. Ён перш падбег да чарнявага, з мангольскімі вачыма, ефрэйтара, які здаваўся яму і героем, і ратаўніком, і лепшым прыяцелем. Вася, задыханы ад бегу, шчаслівы, кінуўся было абняць па-сяброўску моцна, ад усёй душы гэтага невядомага раней, такога блізкага чалавека.
Але халодны, нават варожы позірк ефрэйтара спыніў яго. Вася збянтэжыўся: чаму ён так глядзіць? Ад чаго гэтая варожасць?
– Хэндэ ток! – скамандаваў знянацку ефрэйтар.
Васіль сумеўся ад нечаканасці.
– Д-ды што гэта ты?!
– Хэндэ гок! Ясна?– паўтарыў чырвонаармеец, пагрозна падымаючы зброю. Ён падступіў да хлопца.– Аўтамат – сюды!– Ефрэйтар палажыў руку на Васеў аўтамат.
Васіль не слухаўся.
– Аўтамат – сюды!
Хоць і вельмі не хацелася, а прышлося аддаць зброю. Вось дык сустрэча! Ніколі не чакаў, не гадаў, што яна выйдзе такой. Вася спахмурнеў: чаго ён, гэты пехацінец, так варожа абыходзіцца. Але хмурнасць была на Васіным твары нядоўга. Заўважыўшы, як непрыхільна акінуў ефрэйтар яго вопратку, хлопец здагадаўся: вунь яно што, мундзір, відаць, ва ўсім вінаваты, – напэўна, палічылі за немца ці паліцая.
– Я – партызан, – паспрабаваў устанавіць справядлівасць Вася. – Я – не немец... Ну, праўда – партызан. З брыгады Ермакова. Разумееш?
Вася ў доказ выняў з кішэні пілотку з зоркаю, надзеў на галаву і ясна-блакітнымі вачыма даверліва паглядзеў на ефрэйтара.
– Ну, бачыш?
– Нічога не ведаем, – заявіў баец. – Камандзір разбярэцца.
Паклікалі камандзіра. Невысокі, чарнабровы сержант, кальнуўшы Васю суровым позіркам, загадаў паказаць які-небудзь дакумент. Хлопец, у якога іншых дакументаў не было, дастаў з кішэні даведку, загорнутую празрыстай, нібы са слюды, паперай.
Сержант разгарнуў паперку; спакойна прачытаўшы ўголас прозвішча і імя Васі, ён неспадзеўкі падняў на хлопца здзіўлены, чамусьці ўсхваляваны позірк. Вусны яго неспакойна прашапталі:
– Бацька?!
– Хто? – не адразу зразумеў Вася.
Сержант па-таварыску падаў руку, назваўся: – Туравец... Юрый.
– Вы Юрка?.. Юрка Туравец?!
Вася моцна, як даўняму сябру, паціснуў яго руку. Вунь да каго, аказваецца, папаў ён у «палон»! Вакол іх сабралася цяпер некалькі салдат, якія зацікаўлена сачылі за размовай.
– Вы яго даўно бачылі?
– Не, учора. Перад самым боем... – і ўсцешаны, што можа паведаміць такую добрую вестку, што прыкрая недарэчнасць так скончылася, дадаў: – Ён у тым пасёлку, адразу вось за гэтым узгоркам. Як уздымецеся на ўзгорак, адразу будзе пасёлак. Бацька там... Вы яго ну, праўда, хутка пабачыце!
Смуглы, не па гадах суровы, твар сержанта, засвяціўся радасцю.– У пасёлку?! У гэтым пасёлку? Няўжо тут, за ўзгоркам – аж не верыцца...
Юрыю прыпомнілася іх апошняя ростань. Бацька праводзіў яго за горад, да Магілёўскага шасэ. Каля апошніх дамоў ён абняў Юрыя, – Юрый заўважыў, што ён вельмі пастарэў у гэтыя дні.
Такім ён і застаўся ў памяці. Пастарэлы, нейкі прыціхлы. Адразу, як толькі Юрый паехаў, ён павярнуўся і пайшоў назад у горад, над якім лютавалі пажары.
Юрый застаўся з Хмялеўскім, другім сакратаром райкома, і яго сям'ёй. Хмялеўскі быў хворы, і яго пакінулі на тылавой працы, у башкірскім гарадку. Юрый жыў разам з імі і вучыўся. У іх была вялікая сям'я – шасцёра дзяцей, але за Юркамі глядзелі, як за сынам.
Бацька праз паўтары гады неяк адшукаў іх, і Юрка стаў атрымліваць ад яго весткі аб жыцці на роднай зямлі. Ён ірваўся туды, дзе быў бацька, трызніў роднымі лясамі, партызанскімі паходамі...
Як толькі дзевяты клас застаўся ззаду, Юрка папрасіўся ў армію...
І вось яны хутка ўбачацца... І трэба ж, каб іх шляхі так добра сышліся!..
Сержанта паклікалі да малодшага лейтэнанта Праворнага. Вася застаўся цяпер адзін сярод салдат, якія сталі яго частаваць махоркай, распытваць аб партызанскім жыцці. Той, хто затрымаў Васю, – гэта быў Шарыфутдзінаў – аддаў яму аўтамат:
– Вазьмі назад сабе. На мяне не трэба крыўдзіцца – сам вінаваты. Носіш гэты фрыцаўскі мундзір!
Васю Крайко нечакана таксама папрасілі да Праворнага.
Камандзіры – афіцэры і сержанты – сядзелі ўскрай дарогі, пры кювеце і на сцежцы. Вакол іх чырванела і бялела прыцярушаная пылам густая канюшына, уздымаў сцяблы-хвосцікі над лапчатымі лістамі трыпутнік. Бегла ўтаптаная гладкая сцежка, пры якой з таго боку весела паблісквалі варухлівымі лісточкамі тры маладыя бярозкі. Камандзіры пазнаёміліся з Крайко. Тут былі і Праворны, і камбат Паўлоўскі.
Высокі камбат, спусціўшы ногі ў кювет, сказаў, што яго батальёну трэба адсюль павярнуць на поўнач.
– Ці не можаце вы, таварыш Крайко, правесці нас? – Паўлоўскі назваў сяло, куды трэба дабрацца яму з батальёнам.
– Чаму ж не магу, ну, праўда?! Я тут усе дарогі, як свае боты, ведаю... – нават узрадаваўся Вася.
– Значыцца, можаце. І згодны, так? Вось і цудоўна... Ну, калі так, то будзьце правадніком!
Паўлоўскі падняўся, атрэсваючы зямлю са штаноў. Падняўся і Праворны, які сказаў, што грузавікі будуць тут вельмі хутка,– каб усе былі напагатове,– і камандзіры пачалі разыходзіцца.
Вася запытаўся ў Юрыя, які ішоў маўклівы і задуменны:
– А як жа вы?
– Спаткання, бачыш, не будзе, – Юрый паглядзеў доўгім позіркам усцяж дарогі, якая бегла ў кірунку пасёлка. – Прыдзецца адкласці!
Вася не сказаў нічога: нашто трывожыць чалавека спачуваннем? Але ў душы ён вельмі шкадаваў, што Юрыю не ўдасца пабачыцца з бацькам.
Неўзабаве Юрый і Вася ехалі на машыне; з бакоў ад іх, кружачыся, адплывалі назад палі. Юрый амаль увесь час распытваў Крайко пра бацьку, насцярожана сочачы за дарогай, за наваколлем.
2...
Шашура ў той дзень ішоў на «працу» з асаблівым настроем. А як жа ж інакш! Вельмі можа быць, што гэтая аперацыя – апошняя.
Тыя аперацыі здаваліся Шашуру звычайнымі, як праца ў будзённы дзень, – сёння ж яму належала зрабіць штосьці асаблівае. Шашура быў заўсёды ахвочы да эфектных учынкаў,– і сёння ён бачыў наперадзе нешта падобнае на апошнюю гастроль, аперацыю «на развітанне». Ён памятаў, што акцёры перад тым, як выехаць з горада, выступалі звычайна з развітальнымі гастролямі. Яго чамусьці ўражвалі словы – «апошнія, развітальныя гастролі: толькі два – ці тры – дні!» Шашура амаль заўсёды хадзіў на гэтыя гастролі. Дарэчы, ён вельмі любіў і паважаў артыстаў, якіх лічыў людзьмі незвычайнымі.
Шашура выбраў на гэты раз ціхую, мала аб'езджаную прасёлачную дарогу, да якой было кіламетраў так з адзінаццаць ад таго месца, дзе білася брыгада. Ён разважыў, што гітлераўцы, калі захочуць абмінуць заняты Ермаковым пасёлак, павернуць не інакш як сюды.
З ім ішло трынаццаць партызан. Толькі-толькі пачало світаць, калі Шашура дабраўся да «месца працы». Вось яно – дарога ўрэзваецца ў яловы лес,– тут зручны ўкрыты куточак: падступаючы да самых пясчаных каляін, густа расце цёмны малады ельнік.
– Спецыяльна, каліна-маліна, нарасло для нас!..
– Добрая мясцінка! – адгукнуўся адзін з памочнікаў.
– Тут мы і прызямлімся!.. Ну, хлопцы, паварочвайся жвавей ды – асцярожней... Каб... птушак лясных часам не патрывожыць.
Шашура, выглядваючы з ельнічку, акінуў позіркам абодва бакі дарогі. У ранішнім прыцемку яна нагадвала рэчышча, а купкі чорных дрэваў здаваліся падобнымі на скалы. На дарозе было пуста.
Шашура сабраўся ўжо выйсці на дарогу, але здалёк пачуўся шум машын.
– Ш-ш! – зашыпеў ён на таварышаў.– Едуць!.. Гэтых, хлопчыкі, пакуль прапусцім...
Праімчалі два грузавікі. Кузаў аднаго з іх быў адкрыты, і Шашура добра бачыў, як там, звесіўшы сонна галовы, дрэмлюць немцы; другая машына была крытая.
– Гэта – першыя птушкі, – супакойваў не так другіх, як сам сябе, Шашура.– Чарада яшчэ будзе... Не шкадуй, хлопцы!..
Ён выбраўся на дарогу і закапаў у лясной сыпучай, перамешанай з пяском зямлі некалькі націскных цяжкіх мін, акаймаваўшы дарогу з бакоў дробнымі пяхотнымі «хлапушкамі».
Хлопцы, якія не вытыркаліся з цёмнага ельнічку, ляжалі каля двух кулямётаў, рыхтавалі да бою аўтаматы, гранаты. Шашура, вярнуўшыся да іх, пад ахову елак, нецярпліва ўпіўся прыплюшчанымі кашачымі вачыма ў пасвятлелую дарожную далеч, стаў услухоўвацца.
Мінула паўгадзіны. Гадзіна, дзве...
– Эх, каліна-маліна, няўжо я схібіў? Няўжо не там выбраў? Быць не можа!
Поруч хтосьці з хлопцаў узлавана вылаяўся:
– Чаму яны, госпада бога, не едуць!
Хлопцы, сочачы за дарогай, пачалі паціху размаўляць, асцярожна курыць. Гэтае доўгае нуднае чаканне ўсім было не да спадобы. Паблізу нявідны ў іглістым галлі дзяцел старанна адлічваў – дук, ду-дук...
Мінула тры, чатыры гадзіны! Недалёка чулася страляніна, якая то ўзгаралася, то спадала, а на дарозе, як знарок, было пуста і ціха!..
Раптам Шашура перасцярожліва зашыпеў: «ш-ш!»
Усе адразу змоўклі. Падрыўнік пазіраў то на дарогу, то на таварышаў усхвалявана-бліскучымі вачыма:
– Едуць!.. Едуць усё-ткі «заваёўнікі свету». Ёсць каго, хлопцы, сустракаць!..
На дарозе, на павароце, завіднелася спачатку адкрытая легкавая машына, у якой сядзела некалькі салдат, за ёй крыху пазней – грузавікі, адзін, другі, трэці. Шашура, неспакойна азірнуўшыся на таварышаў, убачыў, што адны з іх як бы застылі, цэлячыся на дарогу, другія варушыліся, стараліся прыладзіцца ямчэй. Ну, быць бою!
Легкавая машына паволі набліжалася. За ёй ішла калона з чатырох грузавікоў, у адкрытых кузавах якіх былі відаць людзі. Шашура ўжо адцягнуў ручку аўтамата, каб секануць па машынах адразу пасля таго, як грымнуць выбухі.
Але што гэта?! Шашура недаўменна апусціў аўтамат і, узрушана, прыўзняўшыся на калені, да болю ў вачах стаў узірацца: не нямецкі гэта ўсюдыход! І форма ў салдат не шэра-блакітная. А галоўнае – маленькі чырвоны сцяжок на пярэдняй машыне... А можа, ён памыляецца? Ці можа, гэта правакацыя, ашуканства?!
Тады салдаты з гэтых грузавікоў самнуць, пераб'юць невялічкую жменьку партызан і самога яго, Шашуру, праніжуць чаргой. Ці для таго ён біўся столькі, каб загінуць так бязглузда! Хто-ж гэта, нарэшце? Як ні ўзірайся, не разбярэш нічога!.. На нядаўна рашучым твары падрыўніка была пакутлівая разгубленасць.
– Чакайце, хлопцы!..
Шашура ўстаў: трэба высветліць, хто гэта.
Калі гэта фашысты, тады – адна чарга з машыны, і яму канец, і многім таварышам смерць. Але гэта могуць быць і нашы, іх трэба спыніць, папярэдзіць! Адным словам, неабходна высветліць.
– Калі я дам чаргу па іх – значыцца, гэта гітлераўцы. Сячыце тады па ўсіх машынах. З усіх ствалоў! Ясна?
Шашура, трымаючы ў руцэ аўтамат, выгнаў на дарогу і непаспешліва, як бы спакойна, падаўся насустрач машынам. Хлопцы са сваёй укрытай мясцінкі напружана сачылі за ім. Не ўсе з іх разумелі, чаму Шашура ідзе не асцерагаючыся.
Ён, шыракаплечы, перакрыжаваны кавалерыйскай партупеяй, падняў руку, загадваючы машынам спыніцца.
Пад'ехаўшы бліжэй, легкавічок павольна затармазіў. І тут падрыўнік, які нейкую хвіліну стаяў нерухома, раптам парывіста ірвануўся з месца і кінуўся да машыны.
– Адставіць. Не страляць!– прыпыніўся ён на міг, павярнуўшыся да партызан. – Свае-е!!
Шашура крыкнуў так, што аж па лесу пакацілася: «э-э-э!» Ён абхапіў першага, бліжэйшага чалавека – чарнявага, смуглатварага сержанта, – гэта быў Юрый Туравец. Затым падрыўнік намерыўся прывітацца з Іншымі і неспадзявана ўбачыў перад сабою Ва'сю Крайко, пераапранутага ў салдацкую гімнасцёрку. Бровы Шашуры здзіўлена падскочылі.
– Вася?! Каліна-маліна, ці ты гэта? Адкуль ты? Як ты сюды зваліўся?
– Прыехаў в-вызваляць вас! – засмяяўся Вася.
– Ну, калі так, то дзякую, таварыш ба-ец... – і Шашура, парывіста адкінуўшы кепку на макаўку, так сціснуў «вызваліцеля», што ў таго костачкі затрашчэлі...
З ельнічку пачалі выбягаць другія партызаны, што таксама кінуліся да машын. Між тым спыніліся ўжо грузавікі. З кузава першага грузавіка саскочылі некалькі салдат у выгарэлых гімнасцёрках. Партызаны іх адразу акружылі, выказваючы радасць кожны па-свойму.
Некалькі хлопцаў падхапілі пажылога вусатага байца і ўскінулі на руках; іншыя хто ціснулі, трэслі па-сяброўску рукі, хто, як браты, адбымаліся. Амаль усе радасна крычалі. Адзін рослы партызан, абдымаючы маладзенькага ефрэйтара, неспадзявана для сябе заплакаў ад шчасця, як дзіця.
Шашура перацалаваў усіх, хто быў у пярэдняй машыне, весела ссунуў кепку на лоб і пачухаў патыліцу.
– Эх, каліна-маліна, і не снілася – пад сваіх міны падлажыў! Яшчэ б крыху, і вы паляцелі-б на той свет. І – ад маёй міны, няхай мне рукі адсохнуць!..
3...
– Разміні-і-ррваць! – загадаў ён хлопцу-падрыўніку. Шашура і сам падаўся з ім: відаць, камандаваў падрыўнік не толькі хлопцу, а і сабе: Яны пачалі разграбаць пясок каля мін, выкручваць запалы.
Хутка дарога была вольная, на ёй цяпер віднеліся' поблізу мелкія ямкі, у якіх жаўцеў сыпучы пясок. Збоку, каля самога ельнічку, ляжалі абы-як складзеныя міны...
– Шлях вольны! – хвацка казырнуўшы, далажыў Шашура малодшаму лейтэнанту Праворнаму.– Але далей мы вас, прасіце не прасіце, – не прапусцім. Не можам прапусціць! Трэба, каб вы абавязкова пагасцілі ў нас.
– Дзе гэта?
– У пасёлку...
– Ну, там цяпер і без нас даволі гасцей! – Праворны заклапочана азірнуўся ў бок грузавікоў. – Туды не мала, не многа, два наглыя палкі пайшло!..
– Нельга, – строга прамовіў сержант. – Мы маем заданне...
– Я і забыў вас пазнаёміць, – схамянуўся раптам Вася. – Гэта Юрый, камісараў сын.
– Юрый? Ну, тады, каліна-маліна,-і гаварыць няма чаго. Абавязкова заедзем. Не пабачыцца з бацькам пры такой сітуацыі? Гэта ж злачынства. Адказнасць перад вашым начальствам, калі на тое пайшло, бяру на аднаго сябе. Скажу, я вінават, толькі адзін я!.. Дамовіліся, таварыш камандзір? Едзем!
– Не магу. Спяшаемся!.. – і Праворны, павярнуўшыся да байцоў, што стаялі на дарозе, скамандаваў: – Па ма-шы-ы-нах!
– Значыць, канец, і няможна?! Ну, то хоць адзначым, каліна-маліна, на хаду. Як гэта кажуць – экспромтам!
Шашура спрытна адкруціў ад фляжкі алюмініевую чарачку і, наліўшы спірту, падаў чарачку лейтэнанту. Здабыў з палявой сумкі, дзе ляжалі і запалы, загорнуты ў некалькі лісткоў з кнігі кавалак тоўстага, яшчэ свежага сала, парэзанага на лустачкі, і акуратна паклаў на пярэдняе сядзенне. Потым наліў з фляжкі Юрыю, Васю, выпіў, задаволена крэпнуўшы, сам і стаў паспешліва, як прагаладалы, закусваць салам.
– Эх, размінаемся з бацькам! – не вытрымаў Юрый. – Вы яму хоць прывітанне перадайце!.. Так хацелася б убачыца! Ну нічога: можа яшчэ ў Мінску спаткаемся...
Праворны, які вельмі спяшаўся, даў знак шафёру заводзіць машыну. Шашура, Праворны і Юрый па-сяброўску, нібы даўнія знаёмыя, развіталіся.
– А ты, Вася, друг мой юны, таксама не вернешся?
– Вярнуся – пазней! Толькі правяду – бліжэй да Мінска!.. Ведаеш што, – голас Васі нечакана пацішэў і памякчэў. – Пабач...
– Валю, вядома, – падмігнуў здагадлівы падрыўнік.
– В-вядома. Скажы ёй, што са мной усё ў парадку. А то яна, мусіць, перажывае...
– Ёсць за каго перажываць!
– 1 Не вярзі. Перадай!
Машына ўжо кранулася. За ёй паволі паўз Шатуру і яго хлопцаў прабеглі ў ельнік грузавікі.
Вяртаючыся «дамоў», падрыўнік пашкадаваў ні то жартам, ні то сур'ёзна:
– Сарвалася, каліна-маліна, мая апошняя аперацыя!..
Раздзел V
1...
Праворны не памыліўся – сапраўды ў пасёлку цяпер было поўна байцоў.
Па галоўнай, брукаванай, вуліцы рушыла артылерыя. На ўвесь пасёлак разносіўся моцны лязгат, скрогат і грукат цягачоў, востра пахла перагарам гаручага. На дварах стаялі павозкі са снарадамі і нейкімі мяшкамі, а ў некалькіх месцах грузавікі з зенітнымі кулямётамі, у чахлах і без чахлоў – нацэленыя ў неба.
Пасёлак віраваў, як у свята. Усюды на вуліцах віднеліся салдаты і партызаны – нібы адно войска; сярод іх часта бялелі, цвілі кветкамі, рознымі колерамі хусткі жанчын. Між дарослых усюды шмыгалі неспакойныя цікаўныя дзеці. Першая радасць сустрэчы яшчэ толькі ўтаймоўвалася, пачыналіся роспыты, апавяданні. Бясконцыя роспыты!..
Хоць цікаўнаму Шашуру вельмі хацелася пастаяць у якім-небудзь гурце ды паслухаць, аб чым гавораць людзі, ён, апынуўшыся тут, на вуліцы, адразу пачаў шукаць Тураўца. «Вось жа ўзрадуецца камісар, калі скажу, што бачыўся толькі што з Юркам, – думаў Шашура. – Ці, чаго добрага, засмуткуе, што не ўдалося пабачыцца. Гм, гэта можа быць, вельмі можа быць... Усё роўна, трэба расказаць яму».
Камісар і Ермакоў, калі Шашура ўбачыў іх, якраз размаўлялі з генералам. Генерал, пажылы, крыху грузны, з рэдкімі запыленымі брывамі, з шырокім крутым ілбом, стаяў каля машыны і, відаць, збіраўся ад'язджаць.
Ермакоў быў у афіцэрскай форме, у хромавых ботах, з партупеяй і бліскучай пражкай, і трымаўся паважна і неяк інтымна з генералам, нібы паказваючы, што ён не абы хто, а таксама ваенны, кадравы.
– Дык я спадзяюся, другі мае, што вы правядзеце іх, – пачуў Шашура.
Стукнуўшы шпорамі, Ермакоў адказаў-адрапартаваў супакойліва:
– Можаце быць упэўнены, таварыш генерал! Мае хлопцы ўсё зробяць.
Генерал падзякаваў, па-таварыску паціснуў камісару і камбрыгу рукі і важка сеў поруч з шафёрам у машыну.
– Шчасліва ехаць, таварыш Шчарбацюк! – пажадаў яму на дарогу Туравец.
Ледзь толькі машына, кінуўшы хмарку сіняга дыму, рушыла па вуліцы, Шашура падышоў да Тураўца.
– Таварыш камісар, дазвольце сказаць. Вестачка ёсць вам... ад вашага сына!
– Ад сына? Юрыя? – перапытаў Туравец.– Дзе ён?!
Падрыўнік парывіста, то кпліва, то расчаравана, то ў захапленні, аб'явіў пра падзеі сённяшняга дня, ад таго, як ён першы раз выбіраўся на дарогу, да развітання з Юрыем і Васем.
– Развітаўся?!– перабіў падрыўніка Туравец.– Дык што ж ён – паехаў далей? Як жа гэта?
– Камісар, ён, мусіць, у Шчарбацюка служыць! – адгукнуўся Ермакоў, які чуў усё, што гаварыў Шашура. – Папрасіць бы генерала, каб адпусціў! А? Ён адпусціць! Хочаш, камісар, я з ім звяжуся і пагавару.
– Цяпер позна! Юрка ўжо далёка... Размінуліся!
Туравец з такім жалем вымавіў апошняе слова, што Шашура, якога звычайна не вельмі разварушвала чыя-небудзь бяда, мімаволі пашкадаваў яго. Здаецца, упершыню падрыўнік бачыў камісара такім, што яго было шкада.
Туравец усхвалявана маўчаў.
– Тры гады чакаў яго, вось ён падышоў блізка, і на табе – размінуліся! Які, хоць скажы, ён, Юрка? Вырас, напэўна, а? Невысокі. Няўжо не вырас?.. Бацька вінаваты, – сам таксама не магу пахваліцца ростам. Ну, як ён – дарослы цяпер, сталы?
– А як жа, сталы чалавек! Салдат сапраўдны.
– Вось, брат, як мы, Тураўцы, – сказаў камісар задаволена, знарок, ад сваёй схільнасці хаваць ад іншых непрыемнасць, тоячы шкадаванне аб размінцы з сынам. – І на фронце, і ў тылу. З двух бакоў гітлераўцаў, прападзі яны пропадам, ціснем!.. Дык, кажаш, салдат сапраўдны?..
Туравец прагна распытваў і ўсё ніяк не мог супакоіцца, што не ўдалося пабачыцца з сынам.
2...
У той жа дзень, пад вечар, камісару прышла тэлеграма здаць справы ў брыгадзе і падрыхтавацца да ад'езду ў Мінск.
Мінск яшчэ не быў вызвалены, а Туравец ужо толькі і думаў што аб горадзе, дзе яму належала працаваць сакратаром аднаго з райкомаў партыі.
Пачыналася новае, мірнае жыццё, паўставалі зусім іншыя, як дагэтуль, клопаты. З заўтрашняга дня ці з паслязаўтра ён будзе знаёміцца з невядомымі сёння людзьмі, шукаць сцежкі да іх сэрцаў, згуртоўваць вакол райкома, вучыць. Партыя пасылае яго на новае месца, дае новую справу, – справу, якая так блізка яму да душы, аб якой ён так многа марыў за апошнія тры гады...
Яму ўспомніўся пачатак партызанскага жыцця, пануры маўклівы лес, які абступаў яго і тых, хто быў з ім, калі яны сядзелі на палянцы ў першы вечар. І першая, амаль без сну, ноч, у якую ён думаў, як будзе згуртоўваць людзей для баёў. Тады многае было незразумелым, няясным,– не тое, што цяпер. Цяпер, хоць і чакалі яго нялёгкія справы, ён добра ўяўляў мірную будучыню, уяўляў у канкрэтных дэталях, – яна здавалася падобнай на тое, з чым ён добра пазнаёміўся да вайны. Вядома, у цяперашнім будзе і многа непадобнага, – ён гэта мае на ўвазе. Ён падумаў пра гэта. Чаго толькі ён ні абдумаў у марах за доўгія лясныя ночы і дні.
Ён ішоў на новую працу не адзін, а з групаю надзейных, выпрабаваных людзей, і гэта Тураўцу асабліва падабалася. У яго было нямала памочнікаў і дарадчыкаў, на якіх можна будзе на пачатку, ды і пазней, абаперціся...
Ермакоў пакуль заставаўся па-ранейшаму камандаваць брыгадай, якая цяпер станавілася знішчальным атрадам.
Камбрыг вельмі шкадаваў, што яму не прыдзецца ўдзельнічаць у вызваленні Мінска: такая важная падзея абыйдзецца без яго! Яму ж даводзілася быць толькі, як ён гаварыў, «вартаўніком», «правадніком».
Ермакоў ужо таксама ў думках развітваўся з брыгадай. Туравец гэта адчуў, калі яны селі ўдваіх, каб вырашыць некаторыя справы да ад'езду камісара.
– Пайду па старой спецыяльнасці – у «пушкары»...– Загаварыў да Тураўца камбрыг, ссоўваючы набок сваю артылерыйскую фуражку. Раптам ён выпрастаўся, строга ўскінуў галаву: – Па цэлі нумар чатыры! Гранатаю, узрывацель фугасны! Зарад першы!.. Вугламер – трыццаць чатыры! Узровень – трыццаць нуль!..– голасна скамандаваў ён, нібы для таго, каб давесці, што не забыўся.
– Ты цішэй, Ермак. А то – чаго добрага – нашы артылерысты ўздымуць трывогу.
– Ну, і няхай уздымуць!.. Развітальны салют зробім!..
Яны цяпер былі ў драўляным доме, побач з тым, які нядаўна называлі камандным пунктам; вокны былі расчынены, і з вуліцы ўрываліся грукат калёс па бруку і разнастайныя воклічы. Дом быў пусты: тут жыў нейкі немец, які невядома куды знік, – яму, відаць, прышлося ўцякаць нечакана, бо ў пакоі было прыбрана і чыста. На Тураўца і Ермакова пазіралі са сцен нейкія «фрау» з хітрымі прычоскамі, – пазіралі і, здавалася, дзівіліся.
Ермакоў раптам заклапочана задумаўся:
– Добра табе, Нічыпар, – усё ў цябе ясна. Вось і месца тваё ўжо табе вядома.
– Ну што ў мяне добрага? – запярэчыў няшчыра Туравец. – Гэта ж мне, можа, часова...
– Не хітруй. Не прыбядняйся... І наогул ты, Нічыпар,– мужык. Хоць і камісар, а з мужыкоўскай жылкай, – крыўдуй, не крыўдуй.
Туравец не пакрыўдзіўся.
– Можа быць, можа. З боку перажыткі відней, – ён яўна пасмейваўся.
– А я не ведаю, дзе буду праз некалькі дзён. Цікава, што мне цяпер дадуць – батарэю ці на дывізіён паставяць, а, як ты думаеш?
Туравец адказаў, што могуць паставіць камандаваць дывізіёнам ці назначыць начальнікам штаба палка.
– Наўрад. Са штабнай работай я, мусіць, не спраўлюся, ды і нешта не вабіць яна мяне – лепш камандаваць бы. А на дывізіён не паставяць – званне малаватае... – Туравец улавіў у яго словах затоеную нецярплівасць: Ермакова прадставілі месяцы тры назад, амаль адразу пасля таго, як ён стаў камандаваць брыгадай, да «маёра», а загаду з Масквы яшчэ не было...
– Прыдае званне, Мікалай. А не застане тут, дык у арміі здагоніць. У нас нічога не забываецца, – супакоіў яго Туравец.
Ён папрасіў пачаць перагляд спісаў, – на працу ў горад абком партыі вырашыў накіраваць адначасова з Тураўцом неабходных там партызан.
Спісы такіх людзей былі складзены даўно і нават зацверджаны абкомам. Тут былі перш за ўсё вопытныя партыйныя работнікі, асабліва камісары атрадаў, палітрукі, розныя спецыялісты-інжынеры, урачы, настаўнікі, чыгуначнікі. Праўда, частку з іх на некалькі дзён дазволілі затрымаць у брыгадзе, бо думалі, што ёй прыдзецца яшчэ ваяваць з гітлераўцамі, ачышчаць лясы. Выбраць, каго зараз паслаць у горад, а каго пакінуць тут, якраз і павінны былі Туравец і Ермакоў.
Калі абодва, седзячы плячо каля пляча, сталі чытаць лісткі-спісы, то ўзгарэліся раптам спрэчкі. Аказалася, што часта адзін і той чалавек быў «дазарэзу» патрэбны і Тураўцу, і Ермакову.
– Ну, гэта я не ведаю што!.. Усіх лепшых людзей забіраеш ад мяне, камісар,– не ўтрываў нарэшце камбрыг.– З кім я ваяваць буду?
Туравец, пасміхваючыся цыганскімі вачыма, спакойна, ласкава,– з той ласкавасцю, за якой Ермакоў чуў хітрасць,– адказаў:
– Э-э, камбрыг, якая тут цяпер вайна, скончылася тут, лічы, вайна...
– Каму скончылася, а каму – не... – Ермакоў, здавалася, не заўважаў, што камісар жартуе. Ён нецярпліва ўстаў з-за століка. – Слухай, Нічыпар Паўлавіч, гэтага трэба пакінуць! Ён жа камандзір. Правая мая рука.
– Каб ты, камбрыг, ведаў, які гэта да вайны быў інжынер! Па яго справе другога такога майстра ва ўсім Мінску не было, – акадэмік, а не інжынер! Талент!
Камісар, лагодна пасміхваючыся, пачаў запісваць прозвішча інжынера ў свой блакнот. Ермакоў жа спрабаваў яшчэ «адваяваць» камандзіра:
– А можа, усё-ткі абыйдзешся без яго, а, камісар?
– Ну і дзівак ты, Мікалай. Як жа я абыйдуся,– мякка, ужо без усмешкі, загаварыў Туравец,– калі, апрача яго, ні аднаго добрага спецыяліста на заводзе няма. Ні аднаго, разумееш?! Падумай, як я без яго буду пачынаць?..
Яшчэ праз тры прозвішчы камісар назваў Шашуру.
– Шашуру?! Нашто табе ён спатрэбіўся? Па якой спецыяльнасці? Ну, то ўсе, як ты кажаш, спецыялісты. Адзіныя, незаменныя, неабходныя! А Шашура па чым спецыяліст? Па чым?
– Шашура? – зноў усміхнуўся Туравец.– Ён таксама спецыяліст. Вялікі спецыяліст – на ўсе рукі. І, канешне, талент. Для яго будучай працы, брат, не толькі навуку, але і прыродны талент трэба мець. Нам цяпер такія вельмі патрэбны...
Камбрыг, хоць і стрымліваўся, ад гэтай размовы затаіў крыўду, – яму здавалася, што Туравец, які многіх узяў справядліва, усё ж дамагаўся большага, чым яму трэба. Думаў камбрыг раней, што Туравец такі патрыёт брыгады, як і сам ён. Быў час, калі камісар вельмі стараўся падбіраць на камандзіраў ці палітрукоў лепшых людзей, дбаў пра брыгаду, як гаспадар, калі, здавалася, нічога даражэй няма яму за партызанскую сям'ю. А наступіла іншая пара, усё забыў...
3...
Уранку з лагера прыехала фурманка, нагружаная торбамі, чамаданамі, скрынкамі. Яе адразу акружылі і пачалі разбіраць кожны сваё. Ардзінарац камісара дастаў адтуль рэчавы мяшок, стрэльбу, кажух і, ускінуўшы іх на плечы, падаўся ў пакой камісара. Тут хлопец паставіў мяшок на падлогу, а кажух паклаў на лаўку.
– Я ўсе рэчы склаў сюды ў мяшок...
– Добра. Усім, хто едзе, прывезлі рэчы?
– Усім...
Туравец стаў збірацца ў дарогу. Ён перабраў, што было ў рэчавым мяшку: ношаную-пераношаную бялізну, новае верхняе абмундзіраванне, канспекты лекцый, планы гутарак – на асобных лістках, у сшытках, у блакнотах, пацёртыя, пажоўклыя ад часу выразкі з газет, карту, зарысаваную рознымі знакамі, томік В. К. Арсеньева «По Уссурийскому краю»...
Узяў у руку стрэльбу, пераламаў, паглядзеў у ствол, – нібы збіраўся на паляванне. Гэта было ружжо «Франкот», захопленае аднойчы разам з палкоўнікам СС. Хлопцы, што забралі ружжо, прынеслі яго Дразду, але той падарыў Тураўцу, заядламу паляўнічаму.
«Цудоўная штучка!» – Туравец пагладзіў адпаліраваную бліскучую ложу. Ён ужо не раз страляў з гэтай «штукі»: бой быў вельмі добры...
– Вось і ўсё... – камісар зірнуў на кажух: што з ім рабіць? Кінуць можа? Не, ён будзе патрэбны.– Пятро, а кажух прывязеш мне ў Мінск. Глядзі, каб не прапаў.
– Не прападзе, таварыш камісар...
Туравец вырашыў ехаць сёння ж, не марнуючы часу, хоць немцы можа яшчэ былі ў Мінску. Пакуль удасца дабрацца да горада, яго, напэўна, акурат вызваляць. А яму хацелася хутчэй вярнуцца ў горад, пабачыць, што там...
Туравец спяшаўся ў Мінск і таму, што спадзяваўся там спаткацца з Юрыем...
Трэба толькі яшчэ зазірнуць у шпіталь. Не, ён не можа пайсці адсюль, не пабачыўшы яе, Марыю. Шпіталь быў недалёка, у невялічкім парку, дзе ціха высіліся стагоднія ліпы і вязы.
На алейны Туравец спаткаў Валю, якая несла нейкую каструлю.
– А Марыі Андрэеўны няма,– сказала Валя.– Яна павезла раненых у вайсковы шпіталь. Там ім будуць рабіць аперацыю... У іх, казала Марыя Андрэеўна, ёсць вельмі добры хірург.
Туравец, нягледзячы на гэта, зайшоў у шпіталь, бо хацеў развітацца з раненымі. Вяртаючыся назад, ён усё ж вельмі шкадаваў, што з Марыяй Андрэеўнай не ўдалося пабачыцца.
Туравец напаткаў Шашуру і крыкнуў:
– Збірай сюды людзей! Зараз выступаем!..
Вышаўшы з хаты з рэчавым мяшком за плячыма, ён убачыў вакол сваёй групкі ледзь не ўсю брыгаду. Усе, хто быў у лагеры, вышлі іх праводзіць, і Туравец амаль з кожным развітаўся за руку. Апошнім ён падышоў да Ермакова. Шчаслівы камісар крыху вінавата зірнуў на Ермакова, потым моцна-моцна, як лепшага сябра, абняў.
– Ну, бывай. Коля!.. Толькі – не сярдуй. Усяму, дарагі, свая пара...
– Ведаю, Нічыпар Паўлавіч.








