Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 25 страниц)
– Ну-ну, застагні!– строга зірнула яна на хлопца, які паморшчыўся ад болю.
Марыя Андрэеўна, прыматваючы шыну, шапнула суцешліва:
– Пацярпі, харошы мой... Ужо канчаем!..
Скончыўшы, нарэшце, перавязку, яна стомлена выпрасталася, адышла ад стала, з якога толькі што знялі хлопца, пачала скідаць абпрысканы крывёй фартух.
Прыслухалася да шуму, што плыў у пустыя вокны.
На невялікай брукаванай плошчы, пасярэдзіне якой, задраўшы ствол, стаяла зенітка, вакол якой чарнелі сцены і печы спаленых дамоў, віравалі шумлівыя, гаваркія групкі – жыхары і партызаны двух брыгад, якія разам бралі пасёлак. Узносіліся над плошчай вясёлыя прыпеўкі. Хтосьці гарэзна, скорагаворкаю вывеў:
У пасёлку ля варот Сабіраецца народ.
Пруць фашысты ў наступленне, Толькі... задам напярод!..
– Вось цяпер і на вочы нашым не сорамна паказацца! – задорна крыкнуў адзін з хлопцаў камбрыгу, які ішоў непадалёк.
Ермакоў задаволена адказаў:
– Ёсць з чым сустракаць. Не з пустымі рукамі!..
2...
Радасць перамогі была ў камбрыга агорнута непакоем. Пасёлак узялі, але хіба гэта ўсё? Утрымаць яго ў сваіх руках будзе цяжэй, чым давялося ўзяць. Ці ж гітлераўцы прымірацца адразу з тым, што дарога перарэзана? Будзе бой, ды і не абы-які. Ермакоў ведаў гэта і таму адразу пачаў рыхтавацца да новага бою.
Большасць сваіх рот і амаль усе мінамёты і трафейныя гарматкі ён паставіў на ўскраіну, з боку якой да пасёлка падыходзіла шырокая істужка шляху. Тут, меркаваў ён, давядзецца цяжэй за ўсё, бо гітлераўцы колькі змогі будуць ірвацца вярнуць дарогу... Другая брыгада мелася абараняць пасёлак з паўночнага боку і з працілеглай ускраіны, дзе шлях выходзіў у поле.
Камандны пункт Ермакоў зрабіў у каменным пакойчыку нейкага напаўразбуранага магазіна. Камбрыг і Туравец, прысеўшы на пустыя скрынкі, падсілкоўваліся.
Перад імі на скрынцы, акурат такой жа, як і тыя, на якіх сядзелі, была банка трафейных кансерваў. Адсюль у пралом акна віднеўся шлях, што бег дугою да ляска, цьмяна шарэючы між зеленаватых лапік бульбы і жоўта-шызых палосак жыта.
У далечыні была яшчэ чуваць мінамётная страляніна. Гэта вёў бой з гітлераўцамі заслон, якім камандаваў Дрозд і ў якім быў са сваім узводам Васіль Крайко. Ад самай поўначы, калі пачаўся наступ на пасёлак, яны біліся пры шляху з гітлераўцамі, што стараліся прарвацца.
– Горача Дразду! – прамовіў Ермакоў, дастаючы лыжкай мяса з кансервавай банкі.
За час ад блакады Ермакоў папаўнеў, і на твары яго з'явіўся неўласцівы яму раней выраз нейкай мяккасці.
Туравец хмурыў бровы над цыганскімі вачыма так, нібы хацеў штосьці зразумець, але не мог.
– Ціснуць іх гітлераўцы моцна... І, ведаеш, мне здаецца, фашысты абыходзяць нашых. Акружыць, відаць, хочуць...
– Не акружаць! – але ў голасе Ермакова, хоць камбрыг і глушыў гэта, чулася трывога.
– Не акружаць? Ты ўпэўнены?
Туравец, перапытаўшыся, як звычайна, угледзеўся ў Ермакова, нібы ацэньваючы яго словы.
– Можа, і не акружаць, а можа?.. Крута ім будзе, калі акружаць! Там у гітлераўцаў можа падабрацца вельмі многа рознага зброду. Мяшок зробяць Дразду... Трэба вывесці «старшыню», пакуль не позна... Што ж гэта...
У пакой убег Ляхора, які адразу адрапартаваў, што яго прыслаў Дрозд.
– Вось добра! Якраз успамянулі вашага камандзіра. Ну, што там у вас?
Ляхора адказаў, што гітлераўцы стараюцца акружыць роту, што стрымліваць больш іх адной роце немагчыма.
– Я згодны з табой, камісар...– Ермакоў зашпіліў гузікі на тугім каўняры, зноў павярнуўся да Ляхоры, рашучы, хуткі: – Ляці туды і перадай: няхай адыходзяць, зараз жа адыходзяць! А фрыцаў – прапусціць. Я іх сустрэну!.. Зразумеў? Паўтары! Правільна...
Ляхора выбег з пакоя. Ермакоў у акно бачыў, як ён ляціць на кані па мосце, потым па зялёным выгане за рэчкай назад да лесу.
Ермакоў акінуў позіркам свае пазіцыі, дапаўняючы ўяваю тое, чаго не бачыў.
Партызаны былі абапал шляху ў акопах пры ўскраіне. За крайнімі пабудовамі тут вілася вузкая рачулка, каля якой у прыбярэжных кустах і на дварах маўчалі тры замаскіраваныя гарматкі. Яны стаялі на прамой наводцы. Непадалёк, на двары, уздымалі свае трубы нявідныя адсюль мінамёты. Гэта ўсё добрыя памочнікі камбрыга, ён іх заўсёды шануе...
Ермакоў крыкнуў сувязных.
– Перадайце камандзірам, зараз будуць «госці»... Няхай падрыхтуюцца прымаць. Сустракаць, скажыце, па ўсіх законах, не шкадуючы дабра! Няхай чакаюць хуткага сігналу. Сігнал яны ведаюць – стрэл з гарматы. Вось усё! Ідзіце!..
Ермакоў упіўся вачыма ўдалеч. Нарэшце, камбрыг убачыў, як з-за дрэваў паявіліся на дарозе некалькі машын. Яны пачалі ледзь прыкметна набліжацца... Хутка можна было ўжо добра разабраць, якія з іх грузавікі, якія бронетранспарцёры...
Ермакоў узяў трубку адзінага тут тэлефона, які звязваў яго з мінамётчыкамі і гарматамі. Калі пярэднія машыны наблізіліся метраў на дзвесце да рэчкі, ён скамандаваў коратка:
– Давайце! Агонь!..
Непадалёк адразу разложнага грымнула гармата. Яе падтрымала другая, трэцяя...
Пачалося!
3...
– Усе вярнуліся? – запытаўся Туравец у Дразда.
Камісар і камандзір роты былі на двары, абсаджаным старымі клёнамі, непадалёк ад брыгаднага КП. Каля хаты і пад клемамі тут сядзелі і ляжалі дзесятка паўтара партызан, якія займаліся рознымі справамі. Гаварылі, курылі, прыслухоўваліся да страляніны, аглядалі зброю. Адзін з іх, пажылы чалавек з малінавым загарэлым каркам, драмаў. Групка толькі што пераправілася ў зацішным месцы ўброд цераз рэчку і далучылася да сваіх. Камбрыг трымаў яе да пары ў рэзерве.
– Забітых няма...– Дрозд паправіўся:– Пакуль не было. Не магу дакладна сказаць, не ўсе яшчэ вярнуліся.
Дрозд незадаволена пакасіўся на Ляхору, які стаяў непадалёк, прыслухоўваючыся да іх гаворкі.
– Хто не вярнуўся?
– Крайко і тры байцы,– адказаў за Дразда пануры Ляхора. Умяшаўшыся ў размову, ён схамянуўся і казырнуў вінавата: – Прабачце...
– Чаму? Што з імі?
– Засталіся... прыкрываць...
Дрозд расказаў, што, каб вырвацца ім з ледзь не поўнага акружэння, трэба было пакінуць заслон, які б адцягваў увагу гітлераўцаў на сябе. Кіраваць гэтым заслонам папрасіўся Крайко. З ім засталіся яшчэ тры хлопцы.
Дрозд дамовіўся з імі, колькі ім трэба трымацца, дзе адыходзіць і перапраўляцца цераз рэчку. Яму шкада было даручаць гэтую небяспечную ролю хлопцу, аднак ён супакойваў сябе тым, што Крайко можа справіцца з ёю лепш за іншых.
Адыходзячы, Дрозд чуў там, дзе застаўся Васіль, страляніну... Потым, ужо калі яны пераправіліся на гэты бераг, іх дагнаў адзін партызан з таго заслону. А Васіль і два другія не прышлі. Вось і ўсё, што можа сказаць Дрозд. Дзе Васіль і дзе іншыя два, што з імі,– невядома.
– Шкада, калі прападуць хлопцы,– прамовіў Туравец. Яму чамусьці згадалася, як некалькі дзён таму Крайко перадаў спраўную рацыю. Хлопец прызнаўся, што біўся амаль месяц, пакуль не разабраўся ва ўсім, знайшоў патрэбныя дэталі...
– Як толькі будзе можна, пашлі на пошукі іх... Можа, паранены...
Ляхора нібы чакаў гэтага:
– Дазвольце мне з аддзяленнем, таварыш камісар!..– Яму нядаўна далі аддзяленне.
Ляхора трымаў руку ля казырка, чакаючы з такім выглядам, нібы гатоў быў зараз жа кінуцца туды. Туравец ведаў, што гэта не рысоўка: Ляхора паказаў сябе вельмі смелым хлопцам, да таго ж яны з Васілём былі добрымі прыяцелямі.
Туравец не адказаў. Ён заўважыў, што да двара падыходзіла Валя Залеская. «Ведае яна, што з Васем, ці не?» – мільганула ў галаве камісара.
Валя, прыціскаючы да грудзей маленькі кулачок, амаль бегла, белая хусцінка на яе галаве збілася на шыю, і вецер калмаціў валасы. Туравец здагадаўся, што яна вельмі ўстрывожана.
Валя падбегла да Дразда, узрушана паправіла хусцінку.
– Гэта праўда... што пра Васю кажуць?
– Што пра яго кажуць? – запытаўся спакойна Дрозд.
– Быццам ён застаўся ў лесе?
– Праўда.
Валя прыкусіла пунсовыя губы і з роспаччу зірнула на Тураўца. У яе запалых вочках віднеліся такі непакой і гора, што Тураўцу стала шкада яе.
– Як жа гэта, таварыш камісар, яго аднаго пакінулі?
Дрозд адказаў першы, стомлена прыплюшчыўшы вочы:
– Не аднаго, а з групай партызан... Трэба было, дык пакінулі, у цябе не спыталіся...
– Трэба было! Пакінулі! – Валя да болю сціснула кулачок.– Загубілі!
– Чаму загубілі? Гэта ж няпраўда, Валя! – коса зірнуўшы на Дразда, мякка сказаў камісар.– Нашто ты выдумляеш такое? Ну, няхай, яшчэ нічога невядома. Але мне здаецца, што ён жывы. Вось адчуваю, упэўнены – ён жывы! Такі хлопец, Валя, не можа прапасці!
– Кулі, яны не разбіраюць...
– Кулі не разбіраюць. Затое чалавек разбірае... Там і пакінулі такога чалавека, які ўмее перахітрыць кулі. Смелага і разважлівага...
– Які ж ён разважлівы! Ён часам такі неасцярожлівы, ну аж страх! Як загарыцца, дык нічога не асцерагаецца...
– Неразважлівы?! Ты не ведаеш яго, Валя... Ён у баі вельмі разумны і знаходлівы вельмі. Вось пабачыш, вернецца,– камісар гаварыў так упэўнена і сардэчна, што дзяўчына мімаволі паддавалася яго перакананню.– Вася не вернецца? Выдумаеш жа!
Валя паспакайнела. Але, калі яна ішла назад да медпункта, трывога зноў пачала агортваць дзяўчыну. Няўжо цяпер, калі ўсе блізка адчуваюць найвялікшае шчасце, да яе прыдзе такое гора? Няўжо ён, адчайны, раўнівы і самы любы, загіне?! У гэтыя апошнія дні!
Не, не павінен ён загінуць! Яна ж так любіць яго. Хіба можа сонца ўзыходзіць, калі яго не будзе. Хіба можа дзень быць светлым, калі з Васем станецца няшчасце: усё пацямнее навокал для яе. Не, яму трэба жыць! Яна ж гэтак любіць яго. Хіба яшчэ хто любіць так, як яна Васіля,– ніхто ў свеце. І, мусіць, нікому не баліць так сэрца па ім, як ёй...
На медпункце трывога не пакідала яе. Валя не магла нічога рабіць, бо за што б дзяўчына ні бралася, яна думала пра Васю. Ён увесь час быў з ёю, як ніхто, блізкі; увесь час не выходзіла з галавы: што з ім? дзе ён? як яму?
Яна ўспамінала спатканні з ім, размовы.
Згадалася, як яны ішлі па ціхай лясной дарозе, плячо каля пляча, і Вася, пазіраючы на каляіны, апавядаў...
Цяжкія былі для яго першыя дні. Гітлераўцы на вачах Васі расстралялі бацькоў, а сястру і яго кінулі ў лагер...
Ён некалькі дзён хадзіў як непрытомны, раптам перастаў пазнаваць знаёмых людзей. Ад таго часу ён стаў заікацца...
Ніхто не бачыў, як і куды Васіль знік з лагера; цёмнай ноччу ён прабраўся пад агарожай і ўцёк у лес.
Хлопец стаў бадзяцца па лесе. Сувязі з таварышамі ў яго тады не было, а ісці ў горад ён асцерагаўся. Але яму хацелася ваяваць з гітлераўцамі, і ён рашыў дзейнічаць адзін. Яму пашанцавала высачыць падвыпілага паліцая, які прысеў адпачыць ля дарогі за сялом. Прытаіўшыся ў блізкіх кустах, Васіль аж гарэў ад нецярплівасці: ах, каб як-небудзь прыдбаць яго вінтоўку. Ён гатоў быў кінуцца проста на паліцая,– ледзь стрымаўся. Яму ў той дзень на дзіва пашанцавала. Паліцай, прыгрэўшыся на вераснёвым сонцы, задрамаў: Васіль падкраўся да яго, схапіў вінтоўку і што духу кінуўся ў хмызняк, у лес.
З гэтай вінтоўкі Васіль потым падбіў гітлераўца, які ехаў у легкавіку. Ён не раз выходзіў на «працу», цікаваў з хмызняку за дарогай...
Каб пракарміцца, у маўклівыя слотныя ночы капаў бульбу, пёк яе, забраўшыся ў асенні гушчар, збіраў грыбы...
Аднойчы ён натрапіў на незнаёмых хлопцаў. Ён нырнуў у хмызняк, намерыўся адстрэльвацца, але спрытныя хлопцы схапілі яго, абяззброілі ды яшчэ прыгразіліся пабіць...
Тады Васіля прывялі да Тураўца.
У якіх толькі баях ён ні быў пасля, колькі смяротных небяспек абмінуў, і вось у апошнія дні – такая бяда...
Валя не ўтрывала: яна пойдзе шукаць яго. Можа, яму якраз патрэбна дапамога – ці ён б'ецца ў лесе, ці ранены ляжыць... Яна распытае партызан, дзе ён застаўся,– і пойдзе!
– Марыя Андрэеўна, пусціце! – папрасілася Валя ва ўрача.– Можа, ён там ранены... Яго трэба хутчэй знайсці...
– Куды ты пойдзеш, Валюша? Ты сама загінеш – там фашысты...
– Не загіну... Марыя Андрэеўна! Адпусціце! Не бойцеся за мяне! Усё будзе добра.
– Не магу, Валюша...
4...
Валя недарэмна трывожылася. Нібы чула яе сэрца, як цяжка даводзіцца любаму хлопцу.
Адразу пасля таго, як Дрозд са сваёй ротай адышоў, гітлераўцы адрэзалі невялічкі заслон, які яшчэ біўся з імі, і сталі акружаць яго. Партызаны паступова адступалі, перабягаючы ад дрэва да дрэва, збочваючы,– яны спрабавалі вырвацца з пятлі, якая ўсё сціскалася. Лес поўніў трэск аўтаматаў.
Лясное рэха падвойвала, разносіла гукі стрэлаў.
Слухаючы гэтыя гукі, можна было падумаць, што тут б'ецца не адзін узвод. Васіль ледзь не наткнуўся на гітлераўца, які забраўся ў тыл ім, але хлопец у час заўважыў аўтаматчыка і адскочыў за дрэва: чарга аўтамата прайшлася вельмі блізка. На траву пасыпалася кара. Праз міг аўтаматчык сам валяўся на палянцы, лемантуючы на ўвесь лес ад болю...
Пазней чаргой быў забіт адзін з заслону. Хлопец памёр адразу: яму ў лоб папалі дзве кулі.
Цяпер яны адбіваліся ўтраіх. Але ў альховым гушчарніку іх неяк раздзялілі, і Крайко застаўся адзін.
Перад Васевымі вачыма з-за алешніку неспадзеўкі выбліснула чыстая палоска. Вада. Ён здагадаўся: гэта – рэчка! Хлопец прагна агледзеўся: за рэчкай слаўся голы куп'істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў.
Куды ж цяпер адыходзіць? Туды – да рэчкі, на выган?.. Не, туды не трэба бегчы. Нельга туды. Там пагібель... Калі гітлераўцы і не застрэляць, пакуль ён будзе прабірацца праз гэтую праклятую рачулку, то куля здагоніць яго на тым куп'і.
Эх, ліха, што ж рабіць? Ён зноў азірнуўся – улева кінуцца, можа? Але там, ён добра ведаў, гітлераўцы. Направа? Там ён чуў аўтаматныя стрэлы. Чаго ж ён стаіць марна? Хутчэй трэба рашаць!
Быццам падганяючы Васіля, зблізку з-за лазняку дайшлі да яго нямецкія воклічы.
Хлопец нацэліўся ў гэты бок з аўтамата і націснуў спускавы кручок. Воклічы сціхлі. Адтуль адказалі двума чэргамі. З вяршынкі куста пасыпалася на Васю, на вільготную траву лісце...
Патронаў ужо мала. Хлопец з тугою паглядзеў на свой трафейны аўтамат.
Вася неадступна шукаў выхад, але прыдумаць нічога не ўдавалася. Няўжо ж няма выхаду?.. Толькі адно: страляць, пакуль ёсць лічаныя патроны? А потым ляжаць тут на траве, не бачачы ні яе, ні блакітнага неба. Не спаткацца ніколі з сябрамі, з Валяю...
З гэтым Вася ніяк не мог пагадзіцца. Яму нават думаць не хацелася аб смерці. Небяспека выклікала ў ім такую прагу жыць, што ён гатовы быў на любы ўчынак...
І раптам ён знайшоў выхад. Гэта быў нечаканы і рызыкоўны план, але Вася ўхапіўся за яго. Што ж, яму не было чаго іншага выбіраць. Хлопец акінуў вачыма чужы шэра-блакітны мундзір, які насіў на сабе. Зняў пілотку з вішнёва-чырвонаю зоркаю, згарнуў і паклаў у кішэню.
Ён яшчэ паспрабуе вырвацца! Вось калі не ўдасца гэта, тады не застанецца ніякай надзеі – тады апошні патрон у аўтамаце – сабе...
Хлопец, прыгінаючыся, кінуўся ўсцяж берага. Адбегшы крокаў пяцьдзесят, ён спыніўся і выглянуў з лазняку.
Проста ў кірунку яго ішоў гітлеравец. Салдат быў блізка.
Далей, у баку ад яго, Вася заўважыў яшчэ дзве постаці.
Гітлеравец, убачыўшы Васю, насцярожана ўзняў аўтамат.
Вася адразу выпрастаўся. «Не трывожыцца, не трывожыцца... Спакайней, спакайней!..» – стукала ў грудзях сэрца.
І ён стараўся быць спакойным, непаспешлівым. Цяпер, калі яму было добра вядома, што рабіць, ён дзейнічаў з незвычайнай развагай. Ён добра адчуваў, чым зараз рызыкуе. Блакітныя вочы яго былі незвычайна халодныя.
Немец, які быў гатовы крыкнуць – «хальт!», убачыўшы перад сабой шэра-блакітны мундзір, завагаўся. Але яшчэ больш падзейнічала на салдата тое, што гэты загарэлы, без пілоткі, бялявы хлопец быў зусім спакойны. На яго твары няма нават адзнакі непакою ці спалоху. Так упэўнена можа ісці толькі свой.
Гітлеравец, аднак, штосьці запытаўся.
Васіль зразумеў толькі адно слова: «warum». Ён амаль не ведаў нямецкай мовы.
Не гаворачы нічога, хлопец па-ранейшаму набліжаўся да немца. Салдат адступіў крок назад, пагрозна крыкнуў:
– Wer ist du?! Halt![2]
– Іх бін... – стукнуў сабе ў грудзі хлопец, але што далей сказаць, ён не ведаў.
Гітлеравец быў поруч: стомленыя, злыя вочы, аброслы, няголены падбародак, раскрыты, ашчэраны ад крыку рот.
Больш марудзіць нельга было. Крайко, які да гэтага здаваўся бесклапотна-спакойны, ураз перамяніўся. Ён ірвануўся да гітлераўца, з усёй сілы ўдарыў па аўтамату.
Адным стрэлам са свайго аўтамата Васіль прыкончыў фашыста.
Цяпер – бегчы.
Хлопец схапіў аўтамат забітага і колькі сілы, прыгнуўшыся, пятляючы, паімчаў далей, у рэдкі лясок.
Ён, як праз сон, чуў ззаду страляніну, крыкі. Васіль адчуваў, што гэта гоняцца за ім.
«Толькі б не паранілі ў нагу», – праплыло ў галаве. Ён на момант прыпыніўся і пусціў насустрач гітлераўцам чаргу.
Яму хутка прышлося збочыць. Наперадзе ў прагалінах завіднелася дарога, а па ёй паўзлі фурманкі. Гэта былі немцы. Хлопцу нічога не заставалася, як пабегчы ўсцяж дарогі.
Але і тут ён неўзабаве вымушан быў спыніцца. Наперадзе хлопец убачыў некалькі грузавых машын, якія стаялі між дубоў і ляснога дробнага хмызнячку.
Каля грузавікоў тупалі, перагаворваліся немцы.
Вася адразу стаў.
Адчуваючы, як тужліва сціскаецца сэрца, ён азірнуўся ўправа, улева. Справа лясок канчаўся, віднелася запусцелае, зарослае свірэпіцай поле, па якім наводдаль ішла дарога... Уцякаць няма куды.
Вася прытуліўся да шурпатай кары дуба. Нарыхтаваў аўтамат.
Раздзел V
1...
Абапал дарогі ішлі палоскі жаўцеючых жытоў. Калі набягалі павевы ветру, па верхавінні жытоў хадзілі шызыя хвалі, нібы на рачулках.
За гусеніцамі віхурыўся бялесы надакучлівы пыл, уздымаўся хмараю над дарогай, асядаючы на браню наступных машын, забіваючы танкістам і аўтаматчыкам вочы і вушы.
Аляксей, выбіраючы чысцейшае месца на хусцінцы, зрэдку выціраў ёю павекі, якія ад тоўстага пласту пылу рабіліся цяжкімі. Хусцінка была шэраю ад пяску і пылу.
Да гарадка, у якім напярэдадні авіяразведка знайшла многа нямецкіх танкаў і артылерыі, заставалася не больш пятнаццаці кіламетраў. Калі б усё было добра, батальён праз паўгадзіны падышоў бы да ўскраіны. Але кожнаму цяпер было зразумела, што бой і, мусіць, нялёгкі, – немінучы.
Аляксею прыгадалася размова з Гогабярыдзе, які ўчора сказаў старшаму лейтэнанту:
– Цяпер, Аляксей, да Мінска рушым, як па асфальту з гары. Без прыпынкаў, і ўсё – хутчэй, хутчэй!.. Ведаеш, як ехаць уніз па асфальце, калі вецер свішча ў вушах? І шыны свішчуць. Цудоўна! – Вочы Сандро заблішчалі ад захаплення.
– Кажуць, тады трэба добра сачыць за дарогай і... трымаць тармазы.
– Канешне! – не зразумеў Сандро. – А-а, гэта каменьчык у разведку?! Не захапляцца?! Сачыць і быць напагатове? Будзь спакойны, дарагі Аляксей, буду сачыць усімі вачыма майго ўзвода!
– Во-во! Сачы!.. Бо каб не прышлося тут тармазы ўключаць...
Наперадзе, там, дзе ішла галаўная паходная застава, загучалі частыя выбухі. Старшы лейтэнант адразу прыслухаўся, з гукаў выбухаў ён пазнаў, што страляюць палявыя гарматы.
– «Навальніца»!– пачуў ён у шлемафон паспешлівы голас. – Я – Гогабярыдзе!.. З ляска б'юць гарматы. Пакуль выявіў чатыры гарматы. Спыняюся... «Навальніца», які будзе далейшы загад? Які будзе загад?
Камбат загадаў яму заняць зручны рубеж і разведаць праціўніка боем.
Іншыя роты па камандзе старшага лейтэнанта адразу пачалі перастройвацца ў баявы парадак і прадаўжалі, не спыняючыся, набліжацца да галаўной паходнай заставы.
Кіламетры праз паўтара камбат прыпыніў і іх...
Трэба было перад тым, як рынуцца ў бой, добра выведаць, якая наперадзе ў гітлераўцаў сіла. Старшы лейтэнант і цяпер, пасля гэтакіх поспехаў, хацеў быць стрыманым. Ён прадчуваў, што гітлераўцы тут, на подступах да Мінска, відаць, яшчэ раз паспрабуюць прыпыніць нашы войскі.
Ён выклікаў па рацыі Гогабярыдзе:
– «Маланка, маланка»... Далажы, што там у цябе?
Гогабярыдзе паведаміў, што на ўзлессі ён ужо выявіў каля дзесятка гармат, некалькі танкаў; у немцаў ёсць тут і пехацінцы, не менш роты; праціўнік заняў падрыхтаваныя загадзя акопы...
Старшы лейтэнант намерыўся паехаць да Гогабярыдзе, пабачыць усё сваімі вачыма, каб потым рашыць, як наступаць далей. Перад ад'ездам ён далажыў абстаноўку Бяссонаву.
– Чакай. Хутка буду сам у цябе! – прамовіў у адказ камбрыг, змяніўшы намер Аляксея зараз жа ехаць да разведчыкаў. – Дарэчы, старшы лейтэнант, навіна ёсць для цябе.
– Якая навіна, таварыш гвардыі палкоўнік?
– Добрая. Прыеду – перадам...
Што за навіна? Мусіць, што-небудзь пра яго батальён, – можа ўзнагародзілі каго-небудзь. Добра было б – якраз перад боем за Мінск!..
З таго, што камбрыг перад боем едзе не да іншых камбатаў, а сюды, старшы лейтэнант зрабіў вывад, што яго батальён, напэўна, будзе наносіць асноўны ўдар.
Поблізу недзе закукавала зязюля: «Ку-ку, ку-ку». Касцючэнка пачаў лічыць:
– Адзін, два... пяць...
Аляксей успомніў, як сам калісьці маленькім хлапчуком з затоенай увагай лічыў такія «ку-ку».
Калі на «трыццацьчацвёрцы» пад'ехаў камандзір брыгады, зязюля яшчэ лічыла Касцючэнку гады – бач ты, якая шчодрая! Невядома, колькі яна налічыла б яму, але як толькі камбрыг вышаў з танка, непадалёк у ляску гупнула некалькі моцных выбухаў.
– Што тут за шум без бойкі, гвардыя?
– Ёсць шум, мусіць, будзе і бойка, – адказаў Аляксей,
– Відаць, не мінуць гэтага. Але нам, камбат, здаецца, не прывыкаць... Так, адчуваю, – сёння тут можа быць горача. Спякотна! Авіяцыя зноў перадала, што тут у іх не малая група танкаў і многа артылерыі. Відаць, збіраюцца затрымаць нас перад Мінскам!..
Ён зірнуў на Аляксея быстрым позіркам і раптам запытаўся:
– Нябось, чакаеш навіну? Магарыч належыць з цябе. Загад атрымалі, таварыш гвардыі... капітан! Перадалі сёння са штаба корпуса. Віншую!..
– Дзякую, таварыш гвардыі палкоўнік!
– У цябе сёння, выходзіць, свята!.. Шкада, святкаваць няма калі! Ну што ж, у баі адзначым!.. – Ён кіўнуў галавой на машыну: – Паедзем, паглядзім бліжэй, што там робіцца...
Камбрыг і Аляксей на сваіх танках падаліся наперад.
Праехаўшы кіламетр-паўтара, камбат і камбрыг спынілі «трыццацьчацвёркі» ў невялікай лагчынцы, каля дарогі. Тут расло некалькі тоненькіх востраверхіх бярозак з бліскучым лісцем, зялёным дыванам слалася трава, над якой усюды ўздымаліся клетачкі мятлюку. Блізка, крыху ўбаку і наперадзе, вялі перастрэлку з немцамі танкі.
Бяссонаў з Аляксеем, ад'ютантам і аўтаматчыкам пеша ўзышлі на ўзгорак. Аўтаматчык зняў са зброі перасцярожнік – тут можна, чаго добрага, наткнуцца ў жыце на якога-небудзь фашыста; хлопец пільна азіраў поле поблізу, аберагаючы камбрыга, які ішоў спакойна і ўпэўнена.
Аляксей добра ведаў адвагу Бяссонава. Аднойчы, калі на полі ў самы разгар бою пехацінцы пачалі адставаць ад танкаў і ліпнуць да зямлі, Бяссонаў вылез са сваёй камандзірскай машыны і, размахваючы пісталетам, стаў уздымаць салдат:
– Устаць!.. Устаць!.. Наперад, за мной!
Пехацінцы, падбадзёраныя яго смеласцю, засаромленыя, па адным адрываліся ад зямлі. Палкоўнік сам бег між салдат. Кулі яго міналі, нібы заварожанага.
За ўсю вайну ён быў толькі раз паранены, яшчэ пад Масквой.
Смеласць Бяссонаў лічыў першай якасцю ў салдата: баязліўцамі ён пагарджаў больш за ўсё на свеце, смелых вельмі любіў і цаніў. Наогул, Бяссонаў цаніў людзей па тым, якія яны салдаты. Камбрыгу – як бацьку – у гэтым, можна сказаць, не пашанцавала: усе яго шасцёра дзяцей былі дочкі. Аляксей чуў, як Бяссонаў, расказваючы пра іх, паскардзіўся: «Не пашанцавала – ніводнага салдата! Заб'юць – і замяніць няма кім!..»
З узгорка быў відаць наводдаль лясок. Ён здаваўся чорным, з сіняватым адценнем і быў зацягнуты лёгкім мярэжывам сонечнага дня. На полі дзе-ні-дзе вытыркаліся маладыя дрэўцы.
– Зарастае поле. Дзічэе... – нечакана прамовіў Бяссонаў.
– Гаспадароў няма...
Палкоўнік, які стаяў у жыце, што даходзіла яму да пояса, хуткім позіркам акінуў мясцовасць, потым пачаў назіраць за ляском і палоскамі, якія падыходзілі да ўзлесся. Адсюль да лесу было менш за тры кіламетры.
Капітан, вывучаючы позіркам прасцяг, мімаволі звыкла адзначыў, дзе і як трэба будзе весці машыны, калі прыдзецца тут наступаць...
Угары пачуўся, хутка набліжаючыся і мацнеючы, свіст снарада.
– І-і-і-в-ва-а! в-ва-а!..– выбухнула поблізу два разы амаль адначасова.
Ад'ютант камбрыга азірнуўся: каля таго месца, дзе яны нядаўна праходзілі, кусціліся два сіняватыя дымы, якія паволі паўзлі ўбок і радзелі. Ад'ютант занепакоена падумаў, што немцы заўважылі людзей на ўзгорку, і хацеў сказаць Бяссонаву, каб той адышоў з такога віднага месца, але стрымаўся. Палкоўнік ўсё роўна не паслухаецца.
– Значыцца, твае разведваюць тут, злева, – прамовіў задумліва Бяссонаў, не пазіраючы на камбата. Палкоўнік загадаў ад'ютанту падаць карту, разгарнуў яе, пачаў вывучаць. – Перадай, лейтэнант, – кінуў ён ад'ютанту, – няхай мае разведчыкі абмацаюць шляхі ў абход лесу – справа...
Ад'ютант уподбег падаўся да «трыццацьчацвёркі» палкоўніка.
– Вось мы і пачынаем бой за Мінск, – ля вачэй камбрыга сабраліся маршчынкі. – Я думаю, капітан, што ў іх тут абарончы рубеж. У лоб на іх ісці бязглузда, трэба ўдарыць збоку ці з тылу. Сілы ў іх, здаецца, не так многа, каб добра ўмацаваць флангі... Калі гэта так, то я, можа быць, цябе і пашлю туды ў абход. Ну, што ж, пачакаем – што разведка скажа.
Ён сарваў яшчэ недаспелы каласок, пачаў мяць яго на шурпатай далоні, спрабуючы выцерушыць – зярняты былі вадзяністыя.
– У першае лета, у сорак першым, багаты хлеб быў! Золата, а не хлеб! На таках, памятаю, цэлыя залатыя горы, а вывозіць няма як... Табе не даводзілася бачыць, як гарыць хлеб?
– Бачыў, таварыш гвардыі палкоўнік... Страшна глядзець.
– Крыўдна...
Бяссонаў, нібы схамянуўшыся, што гаворыць не тое, раптам перамяніў гаворку.
– А Саркісяна з самаходкамі пастаўлю там... – ён павярнуў чырвоны, з шырокім носам і ўпартым падбародкам, абветраны твар да поля, што было на другі бок дарогі, дзе віднелася некалькі палосак зялёнага бульбяніку і жоўтым возерам красавала свірэпа.
Саркісян быў камандзірам дывізіёна самаходак, прыданага брыгадзе.
Палкоўнік стаў спускацца ў лагчынку да сваёй «трыццацьчацвёркі». Тут цяпер была яшчэ адна машына, напэўна, штабная, і дзесятак аўтаматчыкаў.
– А ну, давай Саркісяна!.. – папрасіў Бяссонаў радыста.
Аляксей, падышоўшы да свайго танка, запытаўся, што новае перадалі разведчыкі. Быстроў, які стаяў каля люка вадзіцеля, сказаў, што яны выявілі ў лагчыне ля лесу моцны танкавы заслон. Гогабярыдзе заўважыў у бінокль некалькі машын, якія стаяць замаскіраваныя і пакуль не адказваюць на агонь з нашых танкаў...
– Ну, што ў тваіх разведчыкаў? – запытаўся Бяссонаў.
Пачуўшы адказ, ён загадаў Аляксею прадаўжаць разведку:
– Перадай Гогабярыдзе, каб узяў яшчэ лявей ад дарогі. Абмацай там подступы да вёскі Карзюкі. Пабачым, як яны сябе там пачуваюць. А батальён збяры ў кулак,– будзь напагатове...
Хвілін праз пяць Аляксей убачыў прыземістыя, з квадратнымі вежамі і важкімі стваламі самаходкі, што ішлі полем. Саркісян выходзіў на агнявы рубеж.
Неўзабаве камбат пачуў блізкую страляніну – самаходкі завязалі з нямецкімі батарэямі, што стаялі да ўзлессі, дуэль.
Бой мацнеў.
2...
Дзень выдаўся ясны, сонечны. Аляксей неспадзявана пачуў, што над жытам недзе спявае жаваранак. Ён не паверыў, прыслухаўся: у прамежкі між выбухаў у вышыні рассыпаўся серабрысты званок...
Бач ты, які смелы!
У небе стаялі белыя ватныя воблакі. Сонца, якое пачало сыходзіць на захад, яшчэ моцна паліла. Каля Аляксея нядружна ўздымаліся белаватыя сцяблы жыта, між якіх вілася дзе-ні-дзе павітуха, лезла з зямлі рознае дробнатраўе; пад нагамі адчувалася пульхная, падатная, высушаная сонцам глеба.
Гэтая мяккая зямля, паўзучая павітуха, белаватыя вусатыя сцяблы, песня ўпартага жаваранка былі яму бязмежна любыя і родныя. Ён весела запытаўся ў Касцючэнка колькі таму накукавала зязюля гадоў.
– Ды нешта каля сотні, – уставіў Быстроў.
– Ого, прапраўнукі будуць на руках насіць,– Аляксей усміхнуўся.
На душы яго было светла. Нават калі ён думаў пра Мінск, то трывога, наперакор звычайнаму, не даходзіла да яго, – ён чамусьці быў упэўнены, што ўсё будзе добра.
Як ён цяпер блізка да Мінска. Здаецца, што абрысы роднага горада схаваны адразу там за ляском, які завабліва сінее перад вачыма. Толькі мінеш яго, той лясок, убачыш такія знаёмыя вуліцы і дамы. Пры Маскоўскім шасэ, пад Мінскам ёсць якраз такі сасновы лясок, як родны брат, падобны да гэтага.
Камбат увесь час сачыў за сваёй разведкай, трымаў сувязь з ротамі, што напагатове стаялі ззаду.
Вось-вось Бяссонаў можа даць загад – пайсці ў атаку. Пачнецца бойка. Яна, напэўна, будзе нялёгкай...
Гэта будзе першы бой, у які капітан павядзе не адну роту, а цэлы батальён. Аляксей кіраваў батальёнам на маршы, але весці бой батальёнам яму яшчэ не даводзілася.
А бой – гэта выпрабаванне. Экзамен. Цяжкі экзамен.
Ці справіцца ён, Аляксей? Ці хопіць у яго ўмельства і вопыту? Галоўнае – трымаць пад увагай усе роты, сачыць за імі, накіроўваць іх... Правільна выбраць месца для асноўнага ўдару...
Каб не памыліцца ў чым-небудзь, зберагчы людзей і не загубіць марна машын!..
Не, ён не можа не справіцца. Ён не мае такога права...
Было вельмі млосна і душна, – думкі варушыліся важка і марудна...
Ад спёкі ў горле перасохла. Аляксей азірнуўся на Сонцава, які з санлівым выглядам сядзеў поблізу на броўцы дарогі, абыякава аглядваючы, як трымаецца падэшва на боце.
– Дастань бачок з вадою.
Вадзіцель, залезшы да пояса ў люк, выцягнуў пляскаты, з падрапанай афарбоўкай бачок для вады і падаў капітану.
Аляксей паднёс бачок да рота, – вада была непрыемная, цёплая і, здавалася, пахла фарбай. Выпіўшы два глыткі, Аляксей стаў закручваць корак.
У гэтую хвіліну радыст крыкнуў яму:
– «Бура» выклікае, таварыш камбат!..
Бяссонаў загадаў адвесці батальён назад, да развілкі дарог, дзе ён пакажа далейшы маршрут...
На скрыжаванні Аляксей сустрэўся з палкоўнікам. Тут стаяў крыты грузавік з брыгаднай рацыяй, два танкі і «газік» камбрыга. Поруч з Бяссонавым быў другі палкоўнік, начальнік штаба, высокі, стройны, з прыгожай чорнай барадой.
– Адсюль адразу павернеш крута ўправа, – пачаў Бяссонаў, ледзь толькі Аляксей падышоў да яго. – Дастань карту. Вось твой маршрут... – ён тоўстым пальцам пачаў паказваць, дзе трэба весці Аляксею танкі, скупа, але дакладна расказаў пра вынікі разведкі.
Не мінула і пятнаццаці хвілін, як танкі Аляксея імчалі па вузенькім «прасёлку», па полі. Аляксей вёў іх амаль усцяж лесу, якога адсюль не было відаць. Вёў на трэцяй скорасці. Хацелася абыйсці месца, дзе ўмацаваўся праціўнік, хутка і непрыкметна...
Першай пачала бой трэцяя рота. Некалькі танкаў роты наскочылі на варожых пехацінцаў, якія сядзелі ў траншэях, прыхаваных маладзенькім сасоннічкам-пасадкаю. Гітлераўцы паспрабавалі адбіць атаку: сасоннічак раптам загрымеў, залескатаў стрэламі з мінамётаў, кулямётнымі чэргамі... Але танкістаў гэта не магло спыніць,– іх, здавалася, нішто не магло затрымаць. Яны так імкліва і смела рушылі да пасадкі, так секлі з кулямётаў, з гармат, што немцы не вытрывалі.








