412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 7)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 25 страниц)

– Там вока трэба востра трымаць!

– А дзе вы, таварыш гвардыі ефрэйтар, ідзеце ў часе бою на вуліцы? – запытаўся нечакана камандуючы ў чарнавокага быстрага ефрэйтара Шарыфутдзінава. У вачах генерала мільганула хітраватая таварыская ўсмешка: «А ну, ведаеце?»

– Дзе? Каля платоў...

Хітраватыя агеньчыкі згаслі.

– Можна каля платоў. А яшчэ лепш – дварамі... А як вы цераз вуліцу перабягаеце?

– Хутка, вельмі хутка. Па аднаму або ўсім аддзяленнем...

– Толькі не на скрыжаванні! – заўважыў проста камандуючы.– Вось што яшчэ, таварышы,– у вулічным баі першы друг – граната... Бяры іх пабольш з сабою. Падбірай на дарозе, калі пападуцца, навучыся скарыстоўваць трафейныя!.. Граната – лепшы памочнік у такім баі!

Салдаты з вялікай увагай слухалі Чарняхоўскага. Было чаго слухаць, ён гаварыў з такім веданнем справы, нібы сам наступаў як салдат у вулічных баях. Трэба сказаць, што Чарняхоўскі наогул глыбока цікавіўся самымі рознымі франтавымі справамі і добра разбіраўся ў іх,– найбольш крыўдным словам у яго было слова «прафан» або «прафанства». Калі гэта слова камандуючы адрасаваў каму-небудзь з камандзіраў, то гэта значыла, што ён робіць самую строгую вымову.

– Дык як, таварышы гвардзейцы, Оршу будзем помніць?

– Хто ж яе забудзе, таварыш генерал! Такі дзень!

– Я не пра тое кажу. Пра вопыт бою ў ёй. Вулічны бой у Оршы – яшчэ адзін наш урок. Урок, можа, невялікі, але ён спатрэбіцца. І, мусіць, не аднойчы. Перш за ўсё ў Барысаве, у Мінску. Потым у Варшаве. Нам жа прыдзецца, таварышы, многа ваяваць у гарадах!..

– А і праўда! Я неяк не думаў пра гэта.

– І я...

– Трэба думаць!

Чорныя вочы камандуючага на хвіліну спыніліся на малодшым лейтэнанце. У гэты час з свайго месца нецярпліва ўстаў ефрэйтар Шарыфутдзінаў.

– Таварыш генерал, дазвольце мне... можна вас запытацца?

– Аб чым?

– Спрэчка тут у нас была нядаўна... З танкістамі і артылерыстамі завязалася... Такая спрэчка, адным словам,– хто вы? Ну, хто вы, таварыш генерал, па спецыяльнасці. Я вось слухаў вас і пераканаўся, што вы не хто іншы, а чысты пехацінец! А танкісты кажуць,– не ведаю, ці праўда гэта,– быццам вы – танкіст. Адзін жа камандзір даказваў нават, што вы – артылерыст. Спрэчка, адным словам, вышла. З-за гэтай няяснасці... Як тут быць?

– Як быць? Вельмі проста, таварыш гвардыі ефрэйтар. Спрачацца няма аб чым...– Пехацінцы заварушыліся.– Жыццё ў арміі пражыць – не поле перайсці. Усяго паспытаць даводзіцца... Быў я спачатку артылерыстам, потым вучыўся ў бранятанкавай акадэміі, камандаваў танкістамі... А пазней з пяхотай пазнаёміўся...

– Значыцца, вы і танкіст, і артылерыст, і пехацінец?

– Выходзіць, што так!..

– Ясна!

Шарыфутдзінаў сеў.

Камандуючы пацікавіўся цывільнымі – хто яны, куды едуць?

– Еду на працу ў Мінск, таварыш генерал,– адказаў па-ваеннаму чотка Міхалап.– Дырэктарам завода.

– А я дамоў, у калгас вяртаюся,– адгукнуўся Жывіца. Ён уздыхнуў: – Там, напэўна, ні кала, ні двара. Казалі, бывала, у прымаўцы: адзін вол, дый той гол... А там, можа, і гэтага голага вала не засталося...

– Так, вам прыдзецца спачатку, відаць, цяжка...

– Я і не чакаю ішнага,– прызнаўся Міхалап.

– А ёсць людзі, якія думаюць інакш... Вось нядаўна я па рашэнню ЦК партыі дэмабілізаваў аднаго падпалкоўніка. Ён да вайны тут, на Беларусі, працаваў. Дык падпалкоўнік пачаў прасіцца, каб пакінулі ў арміі. Прышоў на прыём да мяне, гаворыць: «Хачу застацца там, дзе цяжэй!» Прышлося мне, прызнаюся, яго супакоіць: «Не думайце, кажу, што там будзе лягчэй. Загадзя выкіньце з галавы. Лягчэй не будзе».

Чарняхоўскі хвіліну памаўчаў, потым прамовіў задумліва:

– Мы вось ваюем, вызваляем. Вызвалілі – і многія думаюць: усё галоўнае зрабілі. А галоўнае ж, можа быць, якраз толькі пачынаецца...

– От, праўда! – горача падтрымаў яго Жывіца..– Праўда, таварыш дарагі... Я іду гэта і думаю...

Але што ён думае, сказаць Жывіцу не давялося, бо акурат у гэтую хвіліну да Чарняхоўскага падышоў падпалкоўнік і перадаў, што яго просяць да рацыі. Камандуючы адразу падняўся. Высокі, стройны, прыгожы, асветлены няроўным барвовым полымем кастра, ён на хвіліну затрымаўся.

– Ну, дык як, магу я на вас, таварышы гвардзейцы,– ён абвёў байцоў вачыма,– спадзявацца?

– Можаце верыць, таварыш камандуючы!

– Не падвядзем!

– Ну, глядзіце ж!


3...

Камандуючы накіраваўся да сваёй машыны. Некаторы час усе, хто быў каля вогнішча, гаварылі пра яго. Расказвалі аб яго вялікай адвазе і незвычайнай спакойнасці ў самыя цяжкія хвіліны, аб розных выпадках з яго жыцця,– прычым тут многа было такога, што магла стварыць толькі легенда. Ва ўсіх расказах адчувалася, якой вялікай любоўю быў акружан малады камандуючы фронтам.

Потым салдаты пачалі гаварыць пра свае клопаты. Пачуліся жарты. Шарыфутдзінаў зацягнуў ціха нейкую цягучую стэпавую песню.

Жывіца, падсеўшы да Праворнага, распытваў таго, адкуль ён родам, ці жанаты, дзе і кім працаваў, хто дырэктар завода і які ён, дырэктар, па характару. Малодшы лейтэнант спакойна адказваў цікаўнаму спадарожніку.

Родам ён з Урала, са Свярдлоўска. Там ён скончыў рамесніцкае вучылішча, потым стаў першакласным токарам. Да вайны Праворны працаваў на вялікім машынабудаўнічым заводзе, а ў першыя дні пайшоў добраахвотнікам у армію. Увесь час у пяхоце... Што за чалавек дырэктар? Ды як сказаць: на заводзе цяпер новы дырэктар. А ён, Праворны, ужо тры гады як развітаўся з родным горадам і пра тое, што там робіцца, ведае толькі з лістоў...

– У вас там будзе лягчэй... Што там ні кажыце, усё цэлае...

– Нам лягчэй,– згадзіўся Праворны.– У нас не толькі не разбурана нічога, а многа новага набудована... Але – вы ж не чужыя. А нашы, уральцы, у бядзе сваіх не кідаюць... Паможам! Чым можам, паможам. Ручаюся.

– О, гэта добра было б! Па-братняму!.. А мы ўжо ў даўгу не застанемся!

«Сабраліся з розных раёнаў, а нібы даўнія знаёмыя!» – мімаволі падумаў усцешана Жывіца.

Поблізу размаўлялі Міхалап і Юрый. Сержант з любоўю расказваў пра свайго бацьку.

– Даўно-даўно мы не бачыліся! Цэлую вечнасць, здаецца... Эх, каб пабачыцца з ім! Трапіць бы ў Мінск!.. Ведаеце, я чамусьці ўпэўнены, што бацька абавязкова будзе ў Мінску. Калі толькі жывы... А калі будзе ў горадзе, то я змагу яго знайсці! Гэта – як двойчы два. Зайду ў гарком, і там мне скажуць. Упэўнены... Вось толькі б не мінуць Мінска!

– Пападзеце. Накіроўваецеся ж акурат на Мінск.

– Пакуль што туды ідзем, а заўтра, трэба будзе,– дык павернем адразу куды-небудзь на поўнач... І тады – убачыш Мінск... на здымку ў газеце...

Ён устаў, зморана выпрастаўся.

Іх паднялі на світанні. Жывіца, што спаў на возе, ад якога пахла свежым духмяным сенам і крыху дзёгцем, праз дрымоту пачуў, як да вартавога падбег хтосьці з салдат і запытаўся, дзе знайсці лейтэнанта. Калі Праворнага разбудзілі, пасыльны перадаў загад камбата падымаць людзей.

Неўзабаве ўсе ў садочку заварушыліся. Сярод яблынь заплёскаліся то энергічныя, то вялыя, яшчэ паўсонныя галасы. Дзе-ні-дзе бразгалі зброя і кацялкі.

Жывіца таксама ўстаў. Пачаў тупаць, ладаваць воз у дарогу. Ад таго, што ўсе навокал хадзілі, гаварылі, завіхаліся, у яго на душы было радасна.

– Туравец! Загадай атрымаць снеданне! – пазнаў Жывіца голас малодшага лейтэнанта.

Перагаворваючыся, салдаты з кацялкамі адзін за адным патупацелі некуды на вуліцу. Калі яны пачалі вяртацца, у садочку запахла вараным пшаном. Жывіцу таксама захацелася есці, і ён развязаў свой запаветны мяшок. Тут да яго падышоў Праворны і прынёс кацялок з кашай:

– Падсілкуйся, вось, на дарогу, старшыня. Ехаць вам яшчэ далёка...

На вуліцы, гул і рух на якой не спыняліся амаль усю ноч, узніклі дзве няяркія плямы святла, якія паволі прасунуліся да самага плота і сталі. Праз хвіліну святло згасла, сціх шум матора аўтамашыны. У ранішняй шэрані Жывіца ўбачыў цёмны абрыс грузавіка. Яшчэ адна машына спынілася на другім баку вуліцы.

– Грузавікі прышлі. Вось добра,– сказаў Праворны і пайшоў да машын. Праз некалькі хвілін пачулася каманда:

– Канчаць снедаць. Грузіцца на машыны!..

Калі садок апусцеў і сціх, Праворны падбег да Жывіцы.

– Ну, мы гатовы!.. Выязджаем! – ён паспешліва, але моцна паціснуў руку Жывіцы.– Шчасліва дабрацца вам, старшыня!..

Развітаўся з Жывіцаю зусім нечакана і Міхалап. Ён сказаў, што Юрый узяўся падвезці яго, пакуль будзе магчыма. Дырэктар забраў з воза свой лёгенькі, з увагнутым бокам, чамаданчык і заспяшаўся да машыны.

– Што ж, баба з воза – кабыле лягчэй!..– весела прамовіў Жывіца.

Аднак, калі машыны крануліся, адвозячы вайсковых і Міхалапа, сэрца яго сціснуў смутак...

Добрыя людзі! А вось разышліся і, напэўна, ніколі ўжо не пабачацца зноў. І Праворны, і генерал паехалі, і дырэктара няма...

Жывіца зірнуў на тое месца, дзе ўчора гарэла вогнішча: касцёр патушылі,– там цяпер толькі сумна чарнела круглая пляма ды валялася кінутая некім ануча.

Некалькі дзяўчат, што праводзілі байцоў, вярнуліся ў хату.

Пуста было навокал.

Жывіца прынёс з хаты вядро і дастаў вады з калодзежа. Напіўся сам, адчуваючы, як ад халоднай вады прыемна ныюць зубы, напаіў каня і запрог яго. Тады разбудзіў хлопца, які яшчэ моцна спаў. Калі хлопец сеў на драбінку, Жывіца выехаў на вуліцу.

Тут ён пакруціў над галавой пугаю:

– І-і-і! Но, мілка! Жвавей – дадому едзем, не абы-куды!

Раздзел ІІІ


1...

Раніцай танкісты падышлі да Мінскай магістралі.

Роўная, імклівая магістраль бегла проста на захад, атуленая абапал то дружнымі цёмнымі сасоннікамі, то беластволымі бярэзнічкамі, то густымі мяшанымі гаямі. Лясы і пералескі былі аддзелены ад шасэ шырокімі прасцягамі яшчэ не ўчарнелых пнёў, каля якіх настойліва выбіваліся ўгору маладыя дубочкі і грабкі і чырванелі на сонцы кропелькі спелых пахучых суніц...

Шасэ бегла праз балоты, зацягнутыя аерам, праз палі, на якіх часта буяла свірэпа, праз вёскі, спаленыя, зруйнаваныя або напалову ўцалелыя, праз масткі, акружаныя дотамі і дзотамі, аплеценыя калючым дротам, – бегла туды, дзе чакаў спакутаваны Мінск.

Хутка, аднак, рота збочыла ад шасэ. Цяпер яна ішла па вузкіх і звілістых прасёлачных дарогах, а нярэдка і наўпрасткі па полі.

Але Лагуновіч і яго танкісты і цяпер адчувалі побач шасэ.

Магістраль была галоўным арыенцірам. Яна была – як лязо вялікага мяча, нацэленага ў сэрца ненавіснай фашысцкай дзяржавы.

Магістраль ішла з Масквы.

Не адзін старшы лейтэнант Лагуновіч арыентаваўся па ёй. Праходзілі баявыя чырвоназорыя самалёты на Мінск – яны часта арыентаваліся па магістралі, што свяцілася ўнізе.

Па якіх дарогах і сцежках ні рушылі б артылерыйскія дывізіёны, пехацінцы, што наступалі на Мінск, – яны ўсе адчувалі побач з сабою стралу магістралі. Яна быццам указвала кірунак.

Нават там, дзе прабіваліся першыя танкісты, адчуваўся подых вялікага фронта. Амаль увесь час праплывалі на захад і назад бамбардзіроўшчыкі, штурмавікі, знішчальнікі з чырвонымі зоркамі.

Справа рушыла суседняя танкавая брыгада, а злева – рухомыя атрады пяхоты.

Аляксей амаль не адчуваў, што рота яго адарвана ад сваіх.

Гэтая плынь войск, што ішлі побач і ўслед, як бы падганяла яго і разам з тым наддавала яму сілы.

Ісці было цяжка. Тут, дзе вораг мог паявіцца з любога боку, танкістам увесь час даводзілася быць напагатове, «на ўзводзе».

Усе гэтыя дні няшчадна паліла сонца. Неба было высокае, агромністае, чыстае. Толькі зрэдку дзе-небудзь у недасяжнай вышыні бялелі лёгкія, як мярэжа, перыстыя воблачкі. Ды калі-ні-калі белыя клубістыя ўзгоркі млелі на небасхіле.

«Эх, каб дожджык! – не раз думаў Аляксей, з надзеяй пазіраючы ўгару.– Вось было б слаўна!»

Ён здымаў танкашлем і выціраў далонню пот, што ручаямі цёк па твары, расшпільваў як мага каўнер камбінезона.

У машыне было душна. Браня, напаленая сонцам, дыхала гарачынёй, якую яшчэ больш павялічваў матор, што напружана гуў за баявым аддзяленнем.

Каб зменшыць гарачыню ў машыне, ехалі з адчыненымі люкамі. Плынь свежага паветра ўрывалася ў люк вадзіцеля, лілася ў баявое аддзяленне і выходзіла ў люкі камандзіра і зараджаючага. Паветра быццам абмывала твары танкістаў.

Шкада толькі, што ўдзень амаль заўсёды разам з паветрам упаўзалі хмары пылу. Ён лез у ноздры, у рот, запарушваў вочы вадзіцелям, садзіўся брудным пластам на потныя твары.

Калі здаралася, што вецер дзьмуў убок і пыл адносіла ад машыны, танкістам было лягчэй. Цяпер можна і падставіць твар свежаму, хоць кволаму ветру і падыхаць чыстым паветрам.

– Добра, калі вецер дзьме збоку,– сказаў неяк Быстроў, які звычайна быў нібы безуважны да розных непрыемнасцей прыроды. Ён лёгка пераносіў іх і, акрамя таго, не любіў паказваць у чым-небудзь сваю кволасць.

Быстроў памаўчаў, прыплюшчыўшы вострыя вочы.

– Гарачыню можна трываць. У нас у тайзе бывае так, што зварыцца можна. Але пыл – дрэнь. Наглытаешся, як палыну наясіся... А тут яшчэ вецер гоніць яго...

Спёка дзейнічала не толькі на людзей, а і на машыны. «Трыццацьчацвёркі» вымушаны былі стрымліваць хуткасць.

Сонцаў у гэтыя дні з трывогай пазіраў на круглы цыферблат тэрмометра, які паказваў тэмпературу вады. Стрэлка нярэдка пераходзіла за сто градусаў.

Вада кіпела ў сістэме.

Каля рэчак і калодзежаў старшы лейтэнант часта спыняў машыны. Радыё разносіла па ўсіх экіпажах прывычнае:

– Заліць ваду!

Трывожныя спякотныя дні, бяссонныя клопатныя ночы вельмі стамлялі танкістаў. Аляксей, які быў чалавекам нямоцнага здароўя, хоць і цягавітым, адчуваў, што змора часта авалодвае і ім.

Танкісты адпачывалі і спалі, калі давядзецца і як давядзецца, проста «на хаду». Цяжэй тут было механікам-вадзіцелям, якія драмаць «на хаду» ніяк не маглі. Яны для гэтага выкарыстоўвалі розныя выпадковыя супынкі. Пры такім супынку вадзіцелі звычайна падганялі свае танкі шчыльна да пярэдніх, да самых малінавых кнопак задніх ліхтароў.

Ледзь у папярэднім танку «давалі газ» і матор пачынаў напружана раўці, вадзіцель адразу прачынаўся. Схамянуўшыся, ён таксама ўключаў «масу», даваў газ і, сочачы за малінавым агеньчыкам, які плыў наперадзе, вёў услед за ім сваю машыну...

Нярэдка здаралася і так, што шум матора не мог ужо разбудзіць вадзіцеля. Аднойчы пасля маленькага супынку камандзір батальёна загадаў роце рушыць наперад.

Многія машыны загурчалі і сталі аддаляцца. Аднак танк, які знаходзіўся перад машынай Якавенкі, чамусьці па-ранейшаму не кранаўся.

Якавенка саскочыў на зямлю, прабег наперад, каб праверыць, чаму марудзіць танк.

– Чаго стаіце?!– крыкнуў лейтэнант, заглядаючы ў люк вадзіцеля.

Той адказаў не адразу. Разбуджаны, ён хвіліну не мог уцяміць – яшчэ пад уладаю сну,– што значыць гэтае пытанне і як на яго трэба адказаць.

– Наперадзе танк... стаіць...

– Дзе танк, бісова душа! – разгневаўся лейтэнант.

– Наперадзе...

– «Наперадзе»... Ты ў танку сядзіш ці можэ ў плацкартным вагоне? Спіш! Дэ камандзір?

– Малодшы лейтэнант прылёг на гадзінку... Ігнатаў за яго...

– А дэ Ігнатаў?

– Тут,– адгукнуўся танкіст зверху.– Вінават, таварыш камандзір, задрамаў нечакана.

– «Задрамаў!» Я тобі зараз падрэмлю! – Каб не траціць марна часу, Якавенка загадаў:

– Наперад!.. Догоняйтэ роту!

Астыўшы ад гневу, лейтэнант падумаў са спачуваннем: «Втоміліся людзі. Ім тэпэр трэба було б паспаць, перадыхнуць крыху».


2...

Палавіна сяла была спалена,– спалена, толькі дзень назад. Дзе-ні-дзе яшчэ курыўся дым. За спаленым краем сяла адно ўцалела калгасная сіласная вежа...

Каля сіласнай вежы танкісты і ўбачылі гэта.

Шырокая яма была ўся напоўнена трупамі. На тварах людзей былі відаць застылыя выразы перадсмяротнай пакуты і страху. Некаторыя трупы былі жахліва пасечаны, мусіць, гітлераўцы кідалі сюды гранаты...

Усе стаялі моўчкі: танкісты і аўтаматчыкі былі, як ніколі, задуменнымі і суровымі. Толькі хтосьці прыгразіў:

– Ну, няхай цяпер літасці не просяць!

Да натоўпу танкістаў падышло некалькі ўзброеных чалавек у цывільнай вопратцы. Іх прапусцілі наперад; адзін з цывільных, хударлявы, з пасівелымі скронямі, са страхам і надзеяй стаў хутка шукаць вачыма кагосьці ў яме.

– Ну што, няма?.. Я ж кажу, яны, мусіць, недзе хаваюцца,– спрабаваў супакоіць яго другі.

– Не бачу... Але яны – тут, тут... Дзе ж яны могуць быць яшчэ?..– той, які шукаў, гаварыў такім трывожным голасам, што ў Аляксея халадзела ў грудзях.

І раптам чалавек убачыў, каго шукаў, бо адразу падаўся наперад. Адхіліўшы труп, ён узняў на рукі дзіця. У малога не было твару,– чалавек, відаць, пазнаў яго па вопратцы. Як жывое, ён узняў дзіця на рукі і вынес з ямы, стараючыся не глядзець на твар...

Потым ён знайшоў і вынес адтуль жанчыну, напэўна, жонку...

Адзенне і цела яе было ў некалькіх месцах парвана і скрываўлена, твар яе быў страшэнна худы – шчокі чорныя, запалыя, вузкі, як у шкілета, падбародак, але больш за ўсё ўразілі Аляксея вочы – адкрытыя, цьмяныя, мёртва застылыя, з выразам жаху.

– Ганначка! Гану-у-лечка!!! – урэзаўся раптам роспачны голас кагосьці з вясковых жанчын.

Яна кінулася ў яму і стала без памяці біцца над трупам.

І ўраз жанчыны, што падышлі і падыходзілі, падбягалі сюды з сяла, загаласілі, застагналі, залемантавалі.

У Аляксея, які быў чулы і да чужога болю, твар нервова перасмыкнуўся. Старшы лейтэнант рэзка адвярнуўся і пайшоў ад ямы. Яму было балюча і разам з тым чамусьці трывожна, хоць ён і не разумеў прычыны трывогі.

Услед за ім ішло страшнае галошанне.

Гэтая падзея прымусіла старшага лейтэнанта забыцца на час пра іншую, якая адбылася тут жа, у вёсцы. Менш за гадзіну назад, калі ўжо заціхаў бой, цяжка раніла камандзіра батальёна. Камбат быў адным з ветэранаў брыгады, і Аляксей вельмі шкадаваў, што ён выбыў у такі час...

Танкі стаялі праз сотню – паўтары крокаў ад сіласнай вежы, прыкрытыя завялым галлём маскіроўкі. Непадалёк на скрыжаванні вуліц ляжала на баку гармата, каля якой валяліся ў пыле трупы фашыстаў, гільзы ад снарадаў, скрынкі.

Крыху далей віднелася яшчэ нямецкая гармата і цягач, кінутыя пры ўцёку. Побач з імі ў садку стаяла машына са штабной рацыяй брыгады і некалькі другіх машын, а таксама танк, напэўна, начальніка штаба.

– Ну, што – навін ніякіх? – панура запытаўся старшы лейтэнант у Быстрова, які стаяў каля танка.

Быстроў адказаў, што ўсё па-ранейшаму.

Наперадзе, кіламетраў праз чатыры, ішоў бой, і ўсе чакалі, што вось-вось і ім трэба будзе ўступіць у яго.

За ўзгоркам, на якім віднеліся варонкі ад бомб, часта гупалі гарматы танкаў і самаходак, уздымаўся густою чорнаю хмараю дым. Аляксей, слухаючы гэтыя гукі, стаў зноў вяртацца да нецярплівага перадбоевага настрою.

Ён не заўважыў, калі да яго падышоў Рыбакоў. Казырнуўшы насцярожана, сержант паведаміў, што прышоў з просьбай.

– Гавары!

– Хачу ў экіпаж!

Аляксей абыякава зірнуў на яго.

– У экіпаж...

– Так! А калі вы не верыце, то прашу, каб мяне перавялі ў другую роту ці батальён... – ён гаварыў грубавата, з выклікам.

– Нікуды я вас не адпушчу,– адказаў старшы лейтэнант у тон яму.

– Чаму ж?

– Таму, што так трэба.

– А-а... збываць ненадзейных людзей не хочаце.

– Так...– старшы лейтэнант сустрэўся з вачыма Рыбакова і ўбачыў у іх непрыхільнасць, нават нянавісць.– Так, вы правільна здагадаліся...

І раптам ад гэтай непрыхільнасці Рыбакова Аляксею стала спакайней: а ён, відаць, не такі бяздушны, як можна думаць. Што ж такое тады гэтая самаўпэўненасць, гэтая фанабэрыя? Можа, ад таго, што ён любіць іншую гаворку. А ну, цікава, паспрабую інакш...

Аляксей на хвіліну задумаўся: Рыбакоў, нядбайлівы і эгаістычны, быў пры ўсім гэтым добрым знаўцам сваёй справы вадзіцеля-механіка, матор ён ведаў так, як мала хто іншы ў роце, і гэта вельмі падабалася Аляксею.

У Рыбакова хапала таксама быццам бы і смеласці. Дарэчы, прыгадаў Аляксей даўнюю размову Рыбакова з таварышамі; сержант быў калісьці адным з лепшых трактарыстаў у сваім леспрамгасе на Архангельшчыне...

– Машыну я вам усё-ткі даверу... Назначу вас вадзіцелем...– Аляксей убачыў, як знік з твару Рыбакова самаўпэўнены выраз.– Сёння вы будзеце вадзіцелем.

– Гэта праўда?.. Вы не... жартуеце?..

– Не... Якавенка! – гукнуў ён, азірнуўшыся і ўбачыўшы лейтэнанта. Якавенка падышоў.

– Ты прасіў замяніць вадзіцеля? Вось табе новы.

– Таварыш старшы лейтэнант,– прамовіў ціха Рыбакоў.

– Ну, што?

– Я прашу, каб вы забылі тое, што было...


3...

У гэты час на дарозе, з таго боку, дзе ішоў бой, паявілася «трыццацьчацвёрка». Яна спынілася непадалёк,– перад акопчыкамі, каля якіх ляжала расплюшчаная гармата і валяліся скрынкі са снарадамі.

Аляксей пазнаў машыну Бяссонава. Праз хвіліну ён пачуў, што яго выклікаюць к камбрыгу, і ўподбег падаўся да палкоўніка, адчуваючы, што прыйшоў яго час ісці ў бой...

– Прымеш батальён,– адразу і нібы панура прамовіў Бяссонаў.– З гэтай хвіліны ты за яго адказваеш... Камандуй!

– Пастараюся, таварыш гвардыі палкоўнік.

– Калі будуць якія-небудзь сумненні, пытайся, дапамагу. Я люблю, калі мяне непакояць... Толькі глядзі, каб батальён быў заўсёды ў баявой гатоўнасці. Калі падвядзеш,– не дарую!

Бяссонаў выклікаў камандзіраў рот і ўзводаў, прадставіў ім новага камбата. Навокал пачалі раскаціста ляскаць зеніткі, і танкісты паднялі галовы. Высока ў небе ішлі тры нямецкія бамбардзіроўшчыкі,– вакол іх успыхвалі белыя дымы выбухаў, што ўсё гусцей усейвалі блакіт.

Пачуўся даўкі візг бомб, усе замоўклі, чакаючы. Бомбы выбухнулі ў сярэдзіне вёскі.

Бяссонаў стаў заклапочаным.

– Ну, камандуй, камбат.

Палкоўнік зрабіў націск на слова «камбат», насцярожана паглядзеў Аляксею ў вочы. Праз хвіліну танк Бяссонава ўжо імчаў к сярэдзіне вёскі.

Да Аляксея падышоў Якавенка, па-прыяцельску абняўшы, павіншаваў яго. Старшы лейтэнант падзякаваў, але мімаволі нахмурыўся. Хоць Аляксей і не паказваў гэтага Бяссонаву, новае назначэнне яго нямала занепакоіла. Як-ні-як, батальён гэта не рота,– яму цяпер трэба будзе весці тры роты...

– Ты, Олексій, справішся,– нібы адгадваючы думкі старшага лейтэнанта, прамовіў, як старэйшы брат да малодшага, Якавенка.'– Голова ў цябе розумная, сур'ёзная. Та і підготовка – і тэхнічная, і палітычная, і стратэгічная – вышчая, гвардзейская. Адным словам, усё ёсць, шчо трэба... Адну толькі параду запомні ад мяне,– ён усміхнуўся дабрадушна-хітравата: – Не задавайся і не забувай таварышаў...

– Ды як жа можна забыць,– запярэчыў Аляксей,– разам будзем ваяваць!..

Калі Якавенка адышоў, новы камбат са здзіўленнем падумаў: як гэта здарылася, што ён стаў камандзірам батальёна.

Гэтае назначэнне было для Аляксея нечаканым, бо Бяссонаў да сённяшняга дня па-ранейшаму не выказваў прыхільнасці да яго, больш сімпатызуючы, здавалася, двум другім ротным.

Старшы лейтэнант адчуваў, што давер'е Бяссонава яму ўсё ж прыемна. Хоць Аляксей і не любіў палкоўніка як чалавека, адносячыся да яго насцярожана і нават пабойваючыся, старшы лейтэнант мімаволі цаніў Бяссонава як камандзіра, які ўвесь жыве брыгадаю і, раўнівы і недаверлівы, не дапусціць бяды з-за нядбайства...

Новы камбат задумаўся, з чаго пачынаць. З людзьмі пазнаёміцца? Большасць з іх, асабліва камандзіраў, ён ведаў, праўда, ведаў Многіх здалёк. Так што, вядома, знаёміцца трэба...

Перш за ўсё трэба ўмацаваць разведку: у ёй дні тры назад раніла камандзіра ўзвода, які цяпер ляжыць у шпіталі. Камандуе ёю часова малодшы лейтэнант, камандзір другой машыны. Ён, можа, і нядрэнны танкіст, але ж марудлівы і лянівы. Хіба ў разведцы месца яму? Праз яго ж пазаўчора страцілі машыну. Каб ён уважлівей глядзеў, хіба ён не заўважыў бы тыя нямецкія самаходкі, замаскіраваныя ў садку, якія падпалілі «трыццацьчацвёрку»? Цяжка быць упэўненым у такім разведчыку.

Аляксей выказаў свае думкі падпалкоўніку Семіжону, які прыехаў неўзабаве пасля Бяссонава. Падпалкоўнік згадзіўся: такому камандзіру ў разведцы давярацца цяжка.

– А каго ты думаеш замест яго?

– Гогабярыдзе, думаю, – адказаў Аляксей.

– А лепш будзе Гогабярыдзе? Гарачы не ў меру... і крыху легкадумны...

– Затое, калі ён возьмецца за што-небудзь, то не пашкадуе нічога Гэты не падвядзе – я ўпэўнены... А што гарачы, то можна астудзіць...

– Ну, калі абяцаеш астуджваць, то я – падтрымліваю.

Гогабярыдзе, даведаўшыся, куды яго хоча паслаць Аляксей, з радасцю згадзіўся, але пачаў прасіць, каб туды перавялі і ўвесь яго ўзвод.

– Што тут дзіўнага, дарагі Аляксей? Я іх ведаю кожнага, як свайго брата. А мне якраз і патрэбны такія людзі, надзейныя, у якіх я не сумняваўся б, – з такімі людзьмі я куды хочаш пайду ў разведку, хоць у самы Берлін, а без іх – я буду аглядацца... Увесь час аглядацца... Адпусці іх са мной, дай згоду!..

Сандро наогул вельмі ўмеў зжывацца з людзьмі. Але старшы лейтэнант не даў згоды...

Адправіўшы Гогабярыдзе, Аляксей накіраваўся ў другую роту, якая разам з усім батальёнам рыхтавалася да Марша. Хоць Аляксей адчуваў няўпэўненасць, ён не хацеў паказваць яе. Трэба, каб усе бачылі яго цвёрдым і спакойным, каб з першага дня паверылі ў яго. А першыя крокі, пакуль да яго, як камбата, не прывыклі, – асабліва важныя...

У вёсцы ўжо былі пехацінцы, якія пачалі запаўняць вуліцу і двары. Асталёўваўся нейкі пяхотны штаб,– сувязісты ўскідвалі шастамі на галлё дрэваў, на платы правады.

Поблізу скрыжавання стаяў маленькі пехацінец – рэгуліроўшчык са сцяжкамі.

Пачынала вечарэць. Бой аддаляўся і заціхаў. Над вуліцаю ціхай хмарай вілася дробная, як пыл, машкара. Вецер раптам аднекуль прынёс млявы, крыху сумны, пах скошанай травы. Хто яе скасіў, гэтую траву?

Экіпажы працавалі: танкісты аглядалі танкі, запраўлялі іх гаручым і маслам, рэгуліравалі механізмы, грузілі снарады і патроны...

Ад гэтага знаёмага малюнка працавітай заклапочанасці Аляксею зрабілася спакойна... Ён спыніўся каля двух танкістаў, якія нацягвалі гусеніцу, стаў правяраць, ці правільна яны нацягваюць.

Камандзір машыны, закасаўшы рукавы камбінезона, штосьці папраўляў у трансмісійным аддзяленні. Убачыўшы каля машыны Аляксея, ён – шчупленькі, акуратны, рухавы – саскочыў на зямлю і далажыў, што робіць экіпаж.

Да іх падышоў камандзір роты, азербайджанец Аліеў; ён быў чарнявы, з пакляваным воспаю тварам.

Аліеў павёў яго знаёміць з людзьмі, паказваць, як казаў ротны, сваю «армію». Танкісты сустракалі новага камбата вельмі ветліва і, перагаворваючыся аб нечым, уважліва назіралі за ім, нібы бачылі ўпершыню...

У гэты першы дзень Аляксей паспрачаўся. Абыходзячы экіпажы, ён прыкмеціў двух камандзіраў машын, якія сядзелі на прызбе. Старшаму лейтэнанту не спадабалася, што яны кінулі экіпажы... Але ці варта гаварыць ім пра гэта цяпер, ледзь толькі ён тут з'явіўся? Можа, лепш іншы раз, а пакуль прайсці міма...

Аднак прайсці міма, быццам не заўважаючы таго, што яму не спадабалася, Аляксей не мог.

– Дзе вашы людзі? – запытаўся ён, прывітаўшыся. Аляксей падышоў да іх адзін, бо Аліеў затрымаўся каля апошняга экіпажа.

– Людзі?.. Каля танка...

Аляксей адчуваў сябе няёмка, як заўсёды, калі трэба было гаварыць каму-небудзь непрыемнае.

– Што ж вы на адзіноце? Дзяжурыце?..

– А што, старшы лейтэнант? Хіба камандзіру адпачыць грэшна?– прыяцельскім тонам загаварыў лейтэнант з цёмна загарэлым, з далікатнымі рысамі тварам і ссунутым набок шлемам. – Баец хоць у машыне можа паспаць...

– А якая вам да нас справа?– перабіў яго другі.

– Гэта наш камбат! – сказаў Аліеў, які толькі падышоў.

– А – камбат?.. Вось якое вышла знаёмства... – старшына крыху збянтэжыўся: – Ведаеш, гвардыі старшы лейтэнант, ты не май нічога кепскага да мяне: знябыўся. Так знябыўся, што, паверыш, галава, як чыгунны звон... У мяне цяпер, калі я гляджу, кожная дэталь двоіцца, троіцца ад бяссонніцы...

– А яны не змарыліся? – ціха, далікатна запытаўся Аляксей. – Але не просяцца пасядзець – шчыруюць. І хто ведае, што думаюць пра сваіх камандзіраў, якія адпачываюць. Напэўна, не вельмі хваляць у думках...

Старшына нахмурыўся. Яго таварышу гэтая размова, відаць, здавалася прыдзіркаю.

– Ну, і што з гэтага?

– Як што – хіба табе гэта ўсё роўна? – адгукнуўся здзіўлена Аліеў. Камандзір танка не адказаў.

– Вядома, не ўсё роўна, Аліеў... Яны проста забылі адно правіла. Адзін наш танкісцкі закон: усе цяжкасці разам і ўсе радасці разам. У баі і на прывале...

Лейтэнант слухаў панура і маўчаў; невядома было, ці ён нязгодны з Аляксеем, ці проста хавае няёмкасць.

У «сваю» роту Аляксей рашыў на гэты раз не вяртацца. Тут ён атрымаў загад выступаць. Старшы лейтэнант выклікаў сваю машыну, загадаў батальёну заводзіць маторы.

Раптам блізка ўзнікла пагрознае гурчанне і адначасова з-за хаты, з-за саламянай, учарнелай ад дажджоў і даўнасці страхі, выхапіўся «месершміт».

Ён імчаў, на міг чорна заценіўшы блакіт неба, амаль над самай зямлёю, з незвычайна блізкім ровам, з вялізнай хуткасцю.

– Беражы-ы-ся!– крыкнуў нехта побач, папярэджваючы.

Аляксей, які ішоў да сваёй машыны, убачыўшы гэта, не паспеў нічога ні падумаць, ні нават адчуць, як перад ім з жалезным скрыгатам, ломячы скроні, страшэнна грымнула, зіхнула барвовае полымя...

Яго з вялікай сілай тузанула ў грудзі і кінула на зямлю.

Раздзел IV


1...

Грэчка быў цяпер насцярожаны, як ніколі. Нягоды, якія раней хоць і непакоілі, але былі ўсё-ткі менш грознымі, цяпер набліжаліся, сціскалі вакол яго свой безвыходны круг.

Жыць з кожным днём станавілася цяжэй. Тое, што будзе заўтра, здавалася ўсё больш няясным і страшлівым.

Ён упарта шукаў выхаду з гэтай трывожнай няпэўнасці. Як выратавацца, як адхіліць гэтае адчуванне надыходу трагічнай развязкі?

Колькі Грэчка ні думаў, нічога добрага адшукаць не ўдавалася. Нельга было спадзявацца нават на якую-небудзь палёгку...

Ён не раз у думках вяртаўся да той мяжы, ад якой гэта ўсё пачыналася. Успамінаў, з якім адчуваннем ён уцякаў тады ад партызан і як пазней перабег да паліцаяў. Перабег. Бо як ты ні старайся давесці іншае, факт застаецца фактам – ён стаў працаваць у паліцыі.

Грэчка пачынаў шкадаваць, што ўцёк тады з атрада. Ён шкадаваў пра гэта не таму, што адчуваў віну перад таварышамі, якім подла здрадзіў, а таму што, уцёкшы, трапіў сам у горшае становішча.

Не трэба было ісці да паліцаяў. Перасядзець ціха дзе-небудзь месяц – другі, перачакаць неспакойны час, – вось што трэба было... Ён так і збіраўся зрабіць, але жыццё неспадзявана перавярнула, перакруціла ўсё па-свойму. Лёс паставіў яго проста перад узброенымі аўтаматчыкамі, і яму нічога не заставалася, як згадзіцца на прапанову Тыталя. Бо, каб не згадзіўся, яго косці даўно згнілі б...

А калі згадзіўся, ўжо нічога не мог змяніць. Прыходзілася ісці туды, куды кіравала павілястая сцежка. І вось прышоў – далей няма куды – думай, як быць?

Быццам у казцы, якую чуў некалі ў маленстве, разыходзяцца перад ім дзве сцежкі: па адной пойдзеш, не вернешся, па другой – таксама загінеш. Трэба шукаць трэцюю. Адна сцежка тая, па якой ён цяпер ішоў, вось-вось скончыцца – хутка, мусіць, прыдуць сюды чырвоныя. Другая вядзе назад у лес. Па ёй можна вярнуцца да Тураўца і Ермакова... Не, не, Грэчку ніякая сіла не прымусіць ступіць на яе. Ён не пойдзе ў лес. Адразу, як толькі ён вернецца, Ермакоў прыставіць яго да дрэва і расстраляе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю