Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 24 (всего у книги 25 страниц)
Раздаўся выбух. Некалькі асколкаў парвала кару, агаліўшы мясцінамі дрэва, па траве папоўз сіні дым.
– Ах ты, фашыст паганы! – крыкнуў пагрозна хлопчык, увесь аж затросшыся ад нянавісці. Гэта быў Шабунёк Андрэй.
Клямт, хаваючыся за дрэвы, час-ад-часу адстрэльваючыся, пачаў адбягаць ад партызан. Ён раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы.
Клямт на міг спыніўся, дзіка азіраючыся, як звер. І тут яго здагнала куля. Лейтэнант, ранены ў ногі, упаў. Павярнуўшыся назад, перамагаючы боль, ён хацеў яшчэ стрэліць у Андрэйку, але яго папярэдзіў адзін з салдат. Клямт ірвануўся ўсім сваім кароткім, быццам абсечаным, целам і застыў, ухапіўшыся за камялёчак чырваналістага дубка-парастка, нібы намагаўся яго вырваць.
Андрэй, насцярожана выставіўшы вінтоўку, падышоў да Клямта, потым, убачыўшы, што той не варушыцца, спрытна выдраў з правай рукі аўтамат. Схіліўшыся ўсё яшчэ з перасцярогай над лейтэнантам, ён убачыў, што той мёртвы. Да Андрэя падышлі два вайсковыя, адзін з якіх быў сержант Туравец.
– Да чаго паганае стварэнне: бачыць, што капут, а яшчэ шкодзіць! – прамовіў узрушана Юрый. Вусны Шабунька-малодшага скрывіліся ад нянавісці:
– Уу-у, фашыст!
У тым баку, дзе быў узвод Праворнага, пачулася новая перастрэлка – гэта, як потым выявілася, стралялі два эсэсаўцы, – і Юрый, скінуўшы з шыі рэмень аўтамата, адразу пабег да сваіх таварышаў.
Андрэй, закінуўшы вінтоўку за спіну, з аўтаматам у руках падаўся ў лес, дзе застаўся ранены.
– Моцна ён, таварыш камандзір, зачапіў?– спытаў ён у Ляхоры, які ляжаў на траве. Шабуньку кінулася ў вочы разрэзаная амаль даверху штаніна, кроў, што праступала праз бінт, якім абкручвала «сястрычка» Валя раненую, белую, як нежывую, нагу.
– Не, здаецца... У мякаць папаў, – працадзіў ранены, стрымліваючы боль. – Адно пагана, што, відаць, прышыецца ў шпіталь лажыцца. Не адсвяткую, Андрушка, з вамі перамогу.
– Ну, нічога, таварыш камандзір, вы хутка паправіцеся, вы жывучы!
Шабунёк, якому хацелася сказаць раненаму штосьці вельмі харошае і ўсцешлівае, папрасіў, проста молячы вачыма, каб ён са шпіталя прыехаў у Паплавы: маці так будзе рада, і ён, Андрэйка, таксама.
– Не, Андрушка, не абяцаю пакуль... Хачу пайсці ў Чэхаславацкі корпус. Ваяваць за новую Чэхаславакію... Вось калі вызвалю Прагу, тады прыеду, чакай...
– Прыязджайце, абавязкова! Мамка так будзе рада... – ён раптам схамянуўся, супакоіў: – Мы яму – будзьце пэўны – адпомсцілі за вас! Цяпер ён адправіўся к Адаму. Абясшкодзілі канчаткова!..
Потым, нібы падводзячы вынік, дадаў стала:
– Адным словам, яшчэ адзін паганец даваяваўся!
4...
І вось сціхлі стрэлы. Фронт быў далёка на захадзе, і тут магло здацца, быццам скончылася вайна.
Немцы натоўпамі здаваліся ў палон. Здаваліся абознікам, збіраліся каля рэгуліроўшчыц, складваючы горы зброі. І салдат і афіцэраў бралі ў палон дзесяткамі работнікі рэдакцый, вясковыя жанчыны.
Па сцежках і дарогах цягнуліся доўгія натоўпы палонных. Гэта быў разнастайны зброд. Прадстаўнікі ўсялякіх часцей, часам даўно ўжо разбітых, усялякіх узростаў, рангаў, поглядаў. Змарнелыя, зарослыя шчацінаю, абшарпаныя, у выпэцканым торфам і глінаю адзенні...
Над імі, быццам смеючыся з іх, сінела высокае яснае неба, у якім дзе-ні-дзе млелі спакойныя пухмяныя воблачкі, а абапал дарог лёгка пагойдвала каласамі даспяваючае жыта. З-за сцяблін цікаўна выглядвалі чыстыя вочкі васількоў.
Няшчадна паліла сонца. Палонныя, якія ішлі без шапак, прыкрывалі галовы далонямі ці хусцінкамі, сціралі з брудных твараў пот...
Байцы і партызаны ўпершыню начавалі бесклапотна, як пасля поўнасцю скончанай справы.
Прачнуўшыся ўранку на ўзлессі, за якім зусім блізка цягнуліся ў рад хаты, Юрый здзівіўся таму вялікаму спакою, што панаваў у прыродзе. Ён мімаволі чакаў, што вось-вось дзе-небудзь пачуецца выбух ці стрэл, але навокал было ціха. Толькі стукалі дразды ды гугнелі камары.
Непадалёк, ля партызана-пастушка, на доўгіх няўклюдных нагах стаяла круталобае цяля з пукатымі спакойнымі вачыма, шырокімі рудымі вушамі, выцягнуўшы наперад да спаленага танка мызу, нюхаючы, быццам бачыла перад сабою штосьці незнаёмае. Выгляд у яго быў даверлівы і прастадушна-цікаўны. Хутка яно абыякава адвярнулася і, памахваючы ляніва хвастом, павольна падалося ў лясок.
«Нават цяля не баіцца ўжо танкаў! – засмяяўся сам сабе Юрый... Прыкмета цішыні...»
Неўзабаве прышоў загад – выступаць у вёску, кіламетраў за пяць к захаду. Там збіралася, як даведаўся Юрый, уся часць, напэўна для таго, каб выпраўляцца адсюль. І гэта таксама было прыкметай цішыні – тут нам больш рабіць няма чаго. Салдаты сталі развітвацца з партызанамі, якія начавалі тут жа, на ўзлессі. Пяць дзён сумесных баёў усіх вельмі здружылі. Юрый па-сяброўску абняў малога Шабунька.
– Ну, бывай, Андрэй!.. Вяртайся цяпер дахаты, ды каб памагаў мамцы. Ёй цяпер адной цяжка...
Мінуўшы ўзлессе, узвод Праворнага дарожкаю пайшоў праз тое поле, дзе ўчора вялі баі. Бой – гэта таксама мінулае, цяпер толькі цішыня.
Жыта, на сцяблах якога дзе-ні-дзе яшчэ зіхацелі кроплі расы, было ў многіх мясцінах нашчэнт здрасавана. Колькі яго вытаптана, гэтага выспяваючага жыта! Што ж, гэта апошні бой. Тут больш не будуць таптаць.
Цішыня далася не лёгка. На дарогах, у жыце, усюды валяецца варожае снаражэнне. Зямля то там, то тут парыта снарадамі, сцяблы жыта, палеглыя ад выбуховых хваль наўкруг варонак, абпалены і прыціснуты камякамі падзолу ці суглінку... Як прывіды, цямнеюць між калосся разбітыя грузавікі, кухня з прастрэленым навылёт кулямётнай чаргой катлом, з ніжніх прабоін якой цягнуцца закарэлыя раўчакі нейкай стравы.
Калі яны зноў падышлі да ўзлесся, што клінам выдавалася ў поле, Юрый раптам убачыў таго лейтэнанта, каторы параніў партызана. Па твары мертвяка паўзла вялікая зялёная муха... Мяртвяк тут не адзін. Усюды на полі каля варонак – трупы ў брудных, зямлістых мундзірах, з зямлістымі пажоўклымі тварамі.
– І яны цяпер спакойны! – заўважыў хтосьці.
– Прыціхлі! А прыходзілі парушыць цішыню! – адгукнуўся Праворны.
Насустрач калоне з жыта вышаў немец-салдат, без зброі, без пілоткі, з расхрыстаным вываленым у зямлі мундзірам, аброслы, як лясун. У яго насцярожаным позірку, які з-пад рудых брывей баязліва сачыў за байцамі, было штосьці дзікае.
– Плен!.. – ён узняў дрыгатлівыя рукі.
– Няма тут калі з табою важдацца. – Праворны на адну хвіліну прыпыніўся: – Вір ніхт габе цайт. Фарштэй?
– Яволь, – прамармытаў немец.
– Дуй туды! – малодшы лейтэнант паказаў у бок збору палонных.– Адзін! Айн, айн!
Канваіра хочаш? Навошта? Нікуды ты ў другое месца не пойдзеш. Няма куды...
Раздзел VIII
1...
«Нелюдзі... звяры... людаеды...» – словы гэтыя многа разоў узнікалі ў галаве Аляксея. Тое, што ён цяпер бачыў, праходзячы па Трасцянцы-лагеры, было яшчэ страшнейшым за ўсё, спазнанае апошнімі днямі... Ямы, поўныя трупаў, вакол якіх рыдаюць, б'юцца ў горы, праклінаюць людзі. Іх многа, гэтых ям-магіл, што раскапала следчая камісія. Кажуць – каля сарака... А вось рэшткі спехам раскіданых печаў, дзе яшчэ некалькі дзён назад гітлераўцы рабілі сваю звярыную справу. Учарнелы, прыбіты дажджом попел, які панурымі пісягамі спаласаваў вытаўчаную ботамі зямлю. Абвугленыя недагарэлыя апошнія галузы...
Запомнілася, урэзалася на ўсё жыццё ў памяць: каля слупоў з абрыўкамі калючага дроту – россыпам і горкамі – банкі ад кансерваў, – яны былі за пасуду нявольнікам. Банак гэтых, і бліскучых, і раз'едзеных іржою, страшэннае мноства – цэлыя тысячы. У кожнай з іх быў не адзін гаспадар...
Па лагеры ходзяць групкамі людзі, сумныя, заплаканыя, гнеўныя. У кожнага з іх тут сваё гора, свой боль.
– У вас, таварыш камандзір... таксама каго-небудзь няма? – запытала раптам Аляксея ціхая, маленькая, уся нібы высахлая жанчына, калі ён ішоў ужо з лагера. Трымаючы ў руцэ раскрытую сумачку, яна выцірала скамечанай мокрай хусцінкай нерухомыя, нібы сляпыя, вочы.
– Жонка...
– А ў мяне – трох сыноў... Падпольшчыкі былі. Двух закатавалі ў гестапа яшчэ ў сорак першым. А малодшага – зусім нядаўна... Я і не ведала, што ён падпольшчык. Хаваўся ад мяне... – яна зноў прыклала хусцінку да вачэй. – Божа мой, хоць бы адзін застаўся!..
– Не плачце, мама. Не трэба!.. Вы павінны ганарыцца імі!..– мякка, спачувальна прамовіў Аляксей.
– Вельмі ж шкада іх...
Суцяшаючы яе, Аляксей здаваўся зусім спакойным. Старая, напэўна, і не думала, што гэты чалавек не менш за яе пакутуе ад гора і трывогі.
– Усім, мама, шкада. Усім балюча... Але па-рознаму людзі перажываюць. Адны ад вялікага няшчасця гнуцца і становяцца бязвольнымі... Такіх людзей саміх хочацца шкадаваць. А другія, – Аляксей з асаблівай павагай вымавіў апошняе слова,– другіх гора не толькі не гне, а робіць нават як бы мацнейшымі... Яны выклікаюць гордасць!
– Гэта праўда, – ціха сказала старая і перастала плакаць. Уважліва зірнула ў твар капітана.
Яны ішлі паволі па ціхай дарозе, якая вяла ў бок шасэ. Аляксей знарок ступаў вузка, каб спадарожніца не адставала.
– Калі мне стала балюча... вельмі балюча, – загаварыў зноў Аляксей усхвалявана, – я прыгадаў таго, хто забіў яе, маю Ніну, – быццам ён, гад, глядзіць на мяне і хоча ўбачыць, як я гарую... І я перамог сябе.
У голасе Аляксея пачулася пагроза:
– Яны мне расплоцяцца за ўсё!..
– А за маіх некаму адпомсціць...
– За ўсіх і за ўсё, мама, разлічымся. Вось толькі б хутчэй вярнуцца туды, да таварышаў...
...«Ніна, любая мая Ніна,– думаў ён, развітаўшыся са старою.– Я ніколі не ўяўляў ні шчасця, ні жыцця без цябе... А цяпер цябе няма... Я адзін павінен жыць, расціць дачку, ваяваць і – радавацца... Акрамя цябе, у мяне былі і ёсць – нашы людзі, якія так, як і мы, любілі і любяць, змагаюцца і спадзяюцца.
Я стаў быў на час у сваім горы эгаістам. Гора асляпіла мае вочы, напоўніла сэрца да краю горыччу і крыўдай, выціснуўшы ўсё іншае.
А я ж не толькі твой муж, твой друг...
Я, ты ведаеш, – салдат. Я не пра адну цябе думаў, калі ішоў сюды, – хоць пра цябе думаў больш, як пра іншых. Я нёс нешта большае, чым шчасце маё і тваё, наша шчасце, я нёс шчасце сотням, тысячам людзей. І прынёс, і не магу не радавацца за іх...
Многія яшчэ чакаюць мяне, як салдата. Я павінен – разам з маімі таварышамі – зрабіць іх шчаслівымі.
Я люблю цябе па-ранейшаму, ганаруся табою. Помню. Буду помніць заўсёды...»
Як ні цяжка было яму, ён заўсёды стараўся падтрымаць Наталлю Міхайлаўну, дапамагчы ёй мужна перанесці гора.
Наталля Міхайлаўна не плакала, перажывала няшчасце моўчкі. Аляксей заўважыў, што яна стала цішэйшай, чым заўсёды, і быццам згорбілася. Яна цяпер часта гаварыла пра сына Алега, які недзе на фронце,– было відаць, маці вельмі трывожылася, што з ім, ці жывы? Няхай бы хоць словам адгукнуўся! Хоць адным словам!
Рукі ў яе зрабіліся непаслухмяныя: рэчы часта валіліся з іх.
– Божа мой, што гэта я такая няўдалая? – спрабавала яна часам кпіць з сябе.
Наталля Міхайлаўна стала вельмі разгубленай. Гаворачы з Аляксеем, яна часта раптам траціла ніць размовы і не магла ўспомніць, пра што хацела сказаць.
– Вось памяць стала – дзіравая, як рэшата... Аб чым жа гэта я, Аляксей, гаварыла?
Але ў адзін з гэтых горкіх дзён да яе прышло шчасце. Яно прышло разам з лістаносцам, пажылою негаваркой жанчынаю, якая прынесла канверт-трохкутнік. Наталля Міхайлаўна хвіліну, нібы не верачы, глядзела на гэты трохкутнічак, на знаёмы сынаў почарк, потым дрыжучымі рукамі адкрыла ліст.
– «Дарагая мама!» – паварушыла яна нямымі губамі і раптам прашаптала, задыхаючыся ад шчасця: – Алег, сыночак, хлопчык ты мой! Шчасце ты маё...
...Ажыўляла і цешыла яе таксама ўнучка. Наталля Міхайлаўна амаль штодня ўранку і ўвечар сядзела каля ложка Людкі, не зводзячы з дзіцяці вачэй.
Днём яна пільна сачыла за ўнучкай, нікуды не адпускала ад сябе адну: толькі б не звалілася якое-небудзь няшчасце на малую!
Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю. Ён цэлымі гадзінамі, трымаючы асцярожна ў сваёй руцэ яе пальчыкі, хадзіў з малою па двары, па вуліцы. Гэтыя размовы і пагулянкі напаўнялі яго сэрца ціхай, цёплай радасцю.
– Хутка табе руку развяжуць? – запытала Люда бацьку ў першы дзень, калі яны ішлі па двары.
– Хутка, Людачка.
– Калі?
– От як трохі зажыве.
– А хутка яна трохі зажыве?
– Ды от пабачым, – калі. Як толькі зажыве, тады і будзе відаць...
– А цяпер не відаць?
– Не, дачушка...
– А ты б развязаў руку, тады б і было відаць.
– Няможна, дачушка, бо рука будзе балець...
Яна сціхла, увагу яе акурат прывабіла птушка, што
села непадалёк на слупок ад плота. З усяго, што Люда бачыла, больш за ўсё яе цікавілі цяпер птушкі, на якіх яна глядзела заўсёды з захапленнем.
– Верабейка... Глядзі – верабейка!..– паказала яна маленькім, амаль празрыстым пальчыкам на птушку. Людчыны вочкі засвяціліся ад шчасця. Аляксей пяшчотна паправіў яе:
– Не верабей, а шпак...
Люда запярэчыла:
– Не, гэта не шпак, а верабей...
Пагаварыўшы з ёю, Аляксей выявіў, што яна ўсіх
птушак падзяляе на курэй і вераб'ёў. Куры – гэта тыя, што ходзяць па зямлі, а вераб'і лятаюць.
– А гэта што? Шпак?..– Запыталася яна пазней, лёгка крануўшы бацьку за руку.
– А гэта верабей.
– Верабей. Які жвавы – верабей! Праўда?
Аляксей заўважыў, што яна вельмі цікаўная. На кожным кроку толькі і чулася ад яе: «Што гэта? А чаму?» Яна так часта пыталася, што Аляксей, чалавек не вельмі гаваркі, задумлівы, часамі не ўпраўляўся тлумачыць.
3...
Люда хутка звыкалася з Аляксеем. У адносінах Люды да яго дзень за днём усё мацнела шчырая дзіцячая даверлівасць і прыхільнасць, якія вельмі цешылі бацьку. Яна ахвотней стала хадзіць з ім на пагулянкі, а ў апошнія два дні чакала іх з нецярплівасцю і пыталася: ці хутка пойдзем?
– Ты хочаш, мы з табою будзем дружыць? – сказала яна аднойчы на пагулянцы.
Ясныя вочкі запытальна паглядалі на бацьку.
– Хочаш, Аляксей?
– Хачу, мая сінявокая... – засмяяўся ён.
– Ну, то мы цяпер і будзем дружыць, – прамовіла яна задаволена. Потым па-прыяцельску паведаміла: – Я яшчэ дружу з бабуляй. І з Сідарам таксама. Ён добры і зусім не паганы, як бабка кажа...
Сідар – дабрадушны і лянівы рудаваты кот суседзяў, які часта прыходзіў на іх двор.
Амаль штодня Люда непакоілася пра бацькаву руку.
– Табе кепска хадзіць з завязанай рукой, праўда? Нават размахваць няможна... Чаму так доўга не хочуць развязваць?
– Бо рука яшчэ не зажыла, Людачка.
– От, чаго яна так доўга не зажывае!
Аляксей заўважыў, што дачка магла цэлыя гадзіны гуляць адна, гаманіць сама з сабою, не сумуючы без малых сяброў. Яна была замкнутай, схільнай да самоты. Што гэта: характар ці толькі прывычка? – думаў бацька. Відаць, Люда стала такой ад таго, што амаль усе тры гады жыцця ёй даводзілася быць на адзіноце.
Аляксей стараўся ўладжваць так, каб яна часцей гуляла з суседскімі дзецьмі. На яго двары цяпер нярэдка кіпелі шумлівыя дзіцячыя гульні, чуліся крыкі і смех. Люда ахвотна ўдзельнічала ва ўсіх забавах, аддаючыся ім усёй душой. Яна лёгка здружылася з усімі.
Нярэдка здаралася так, што, захапіўшыся гульнёю, Люда прыбягала ў хату толькі для таго, каб папрасіць есці. Бабуля ці Аляксей рабілі ёй бутэрброд з кансервамі, і яна выбягала зноў да таварышаў, даядаючы ўжо на двары. Часам жа бабулі прыходзілася клікаць ці весці яе ў хату, каб яна падсілкавалася.
Усё лепшае, што Аляксей атрымліваў на паёк, ён аддаваў дачцэ. Хацелася, каб яна хутчэй паправілася, паздаравела. «Еш, еш, дачушка! – пажартаваў ён аднойчы, – ты ў нас цяпер працуеш больш за ўсіх!»
– Бабуля, ножкі баляць, – скардзілася яна ўвечары, кладучыся спаць.
– Набегалася, от і баляць. Дзіва – цэлы дзень на нагах!..
– Нагулялася, дачушка?
– Нагулялася,– прызнавалася яна, засынаючы.
Але дружба яе з дзецьмі была нямоцнай. Адзіным
чалавекам, без якога яна сумавала па-сапраўднаму, была бабуля. Бацьку ж, хоць Люда і «дружыла» з ім цяпер, яна ўсё яшчэ называла то татам, то Аляксеем. Аляксей думаў, што ў яе пакуль ёсць толькі звычайная прыхільнасць да яго, нічога большага, – і калі ім давядзецца расстацца, Люда, напэўна, яго хутка забудзе...
Зусім інакшае месца займаў гэты маленькі бялявы чалавечак у душы Аляксея. З кожным днём Люда станавілася даражэйшай яму.
Думаючы пра будучыню, ён турбаваўся перш за ўсё пра шчасце дачкі...
Раздзел ІХ
1...
Дзевятага ліпеня Клава праводзіла ў армію свайго брата.
Сяргей увесь гэты час быў у знішчальным батальёне, – ён камандаваў узводам, у якім было і некалькі знаёмых шафёраў. Увесь батальён складаўся з пажылых рабочых і маладых мінскіх хлопцаў.
З хлопцамі, якія ўвайшлі ў яго ўзвод, Сяргей трэцяга ліпеня абяззбройваў гітлераўцаў, што заселі ў цагляных чатырохпавярховых «казармах Белпалка». Гітлераўцы стралялі з дахаў, з вокан. Іх цяжка было вылоўліваць, бо прыходзілася лезці на дахі, абшукваць амаль усе калідоры і пакоі...
Усё ж хутка наступіла цішыня і тут.
На золаку другога дня Сяргей біўся з нямецкаю групкаю, якая прабралася ў горад і была акружана на месцы яўрэйскіх могілак. Немцы, большасць з якіх тут былі эсэсаўцы, ніяк не хацелі здавацца. Хаваючыся за намагільныя пліты, яны адстрэльваліся з аўтаматаў і пісталетаў.
Мінчане-знішчальнікі перабілі іх больш за палову,– толькі тады між пліт паявіліся белыя шматкі.
Цяпер, калі ў Мінску і пад Мінскам уціхла, Сяргей папрасіўся ў армію.
Клава правяла брата да месца збору. Збіраліся на прызыўным пункце, які ў тыя дні быў у парку Чэлюскінцаў. Між строгіх, парадзелых за вайну сосен зелянелі брызентавыя палаткі, – каля іх усюды стаялі гурткамі хлопцы, мужчыны, дзяўчаты, маткі, жонкі. Найбольш было тут хлопцаў, што выраслі за вайну.
У сасонніку плылі, плёскаліся песні, пераліваліся галасы вясёлага гармоніка.
– Дык ты ж глядзі, каб пісаў часта, – наказвала Клава. – Не лянуйся... Бо я цябе ведаю – пісьмо сабрацца напісаць табе цэлае гора...
– Буду пісаць... Толькі ты не сумуй тут адна...
– А чаго я буду сумаваць? Вось яшчэ – прыдзе час, вернешся. Нікуды не дзенешся!..
Хоць Клава гаварыла весела, Сяргей ведаў, што ў душы яе сумнавата: як-ні-як – ростань. Ды і родных у яе больш няма, адзін ён толькі...
– А куды ж дзенуся? Вярнуся – зноў за руль!.. А ты, Клаўка, каб тым часам школу закончыла. І ў інстытут паступіла, дамовіліся?
– З восені – абавязкова ў школу. Працаваць і вучыцца... Ух, як хочацца цяпер вучыцца!
Яна памаўчала крыху.
– Я табе мыла кавалачак паклала, яно ў мыльніцы... І ручнік ляжыць той, што з махрамі... Я іх зверху палажыла, каб лягчэй было дастаць...
– Знайду ўсё...
– Эх, глядзець за табой каму-небудзь трэба. Як ты там будзеш без мяне?
– Як-небудзь, Клаўка...– ён засмяяўся.
– Добра, каб ты пайшоў у арміі па сваёй спецыяльнасці, праўда?
– Я хацеў бы танкістам.
– Танкістам? З цябе і танкіст будзе добры.
– Пабачым...
Яна нечакана стала часта моргаць вачыма, якія дзіўна затуманіліся. – Дык я пайду,– сказала яна паспешліва, як бы схамянуўшыся. – Я і так ужо запазнілася... – Клава, прыкусіўшы губу, абняла ў апошні раз брата і, хутчэй адвярнуўшыся, амаль подбегам пайшла па алеі – на вуліцу, у горад.
Яна ўжо другі дзень працавала на станказаводзе.
2...
Сёння Клаву з другімі дзяўчатамі паставілі расчышчаць завал. Ён быў высокі, з магутнымі глыбамі-абломкамі, і дзяўчына падумала, што працаваць тут прыадзецца доўга. Дні на тры хопіць, не менш.
Але пра думку сваю не сказала. Нашто? Хіба яна прышла сюды ўздыхаць? Чым весялей людзі возьмуцца за справу, тым хутчэй зробяць.
– Гэй, давайце сюды насілкі! Цэглу няма куды лажыць! Хутчэй, хутчэй... А то хутка тут горы накідаю!.. Перарвецеся, а не ўправіцеся насіць...
– Глядзі ты, якая пагрозлівая, Клаўка?!
– Не палохай, Клаўка. Не баімся! Нікога цяпер не баімся...
Каля яе прыладзілася яшчэ некалькі жанчын, якія разбіралі і лажылі каменне на насілкі. След іх працы на завале быў амаль непрыкметны, але Клава і іншыя завіхаліся з ахвотаю.
Па вуліцы, крыху наводдаль, правялі групу ціхіх, паслухмяных палонных...
– На работу, мусіць? Вучыць працаваць...
– Навучыш ты іх! Яны толькі і ведаюць, што ламаць ды забіваць...
– Розныя і сярод іх ёсць... – Клава расказала пра ўчынак Паўля з Рура...
Спрэчка пра немцаў уціхла толькі тады, калі поблізу паявіліся каля двух дзесяткаў узброеных хлопцаў, відаць, партызан. Хлопцы прынеслі некалькі ламоў і насілкі. Паміж жанчынамі і хлопцамі адразу завязаліся вясёлыя жарты.
Хлопцы, жартуючы, называлі Клаву начальніцай. Яна спачатку адмахвалася і смяялася: «Якая я начальніца?»– але раптам Клава змяніла ролю, зрабіла строгі начальніцкі выгляд і загадала ім працаваць як след.
– Куды, куды? – крыкнула яна двум рослым партызанам. – З гэтым каменьчыкам і дзяўчына справіцца. Трэба разбіць вунь тую вялікую глыбу.
– Тую?
– А якую ж? Не бойцеся, не надарвецеся! Глядзіце, як разленаваліся!..
Хтосьці з хлопцаў паскардзіўся на нераўнапраўе, але голас яго патануў у дружных вясёлых воклічах жанчын:
– Правільна, Клаўка! Так і трэба!..
3...
Васю ў Мінску, як ён лічыў, не пашанцавала.
Ён ужо прышоў у гарадскі камітэт камсамола атрымаць прызначэнне на працу ў адзін мінскі райком, калі неспадзявана ўсё перайначылася.
– Паедзеце, таварыш Крайко, вучыцца, – сказаў яму сакратар гаркома камсамола. – Акурат атрымалі пісьмо з ЦК – павінны паслаць некалькі чалавек на вучобу. У Маскву паедзеце! На тры гады...
Калі Вася вышаў з кабінета сакратара, ён некалькі хвілін стаяў у калідоры, быццам на цяжкім раздарожжы.
Ехаць у Маскву ён, вядома, хацеў. Ён яшчэ ні разу не быў у сталіцы, аб паездцы ў якую нямала марыў у лесе. Убачыць Крэмль, маўзалей, Спаскую вежу, Акадэмію імя Фрунзе, дзе вучыўся яго брат, пахадзіць па вуліцах Масквы – ён пра гэта нават думаць спакойна не мог. Вучыцца ў Маскве ў іншы час было б за шчасце, але вучыцца цяпер, у такую гарачую пару вайны, ехаць з Мінска, які так пакалечаны, у якім столькі цяжкай працы...
«Не, – Васіль рашуча надзеў пілотку: – не паеду...» Ён быў перакананы, што гэта было б не што іншае, як уцёк з фронта.
Хвілін праз пяць ён быў ужо ў кабінеце Тураўца. Пакрыўджаны, рашучы.
– Што гэта ты такі пануры, Васіль? Няшчасце якое?
– Вучыцца пасылаюць... На тры гады...
– Я гэта ведаю. І радуюся за цябе. Але чаму ты пануры?! Ці ты, – у голасе Тураўца пачулася здзіўленне: – не хочаш вучыцца?
Вася расказаў, што непакоіла яго. Ён гаварыў горача, пазіраючы ў вочы Тураўца, як бы шукаў там падтрымкі. Туравец не глядзеў на яго.
– Усё гэта правільна, Васіль, – загаварыў былы камісар, калі хлопец змоўк. – Але... вучыцца трэба! Трэба абавязкова.
Ён падышоў да акна, усміхнуўся:
– Можна падумаць – ты баішся, што тады работы будзе табе мала. Хопіць, Вася, работы! Прыедзеш праз тры гады, – мы табе дадзім яе столькі, колькі вытрымаюць твае плечы! Будзе работы многа!.. І вельмі важнай, і цяжкай, і яшчэ больш складанай!..
– Але ж, цяпер...
– А цяпер мы і без цябе пакуль усё зробім. Ці ты нам не давяраеш? Давяраеш... Тады я лічу інцыдэнт скончаным. Наогул – ты прышоў са скаргай дарэмна. Я не чакаў ад цябе гэтага...
Вася збянтэжыўся.
– Што ж мне зараз рабіць? Цэлых дзесяць дзён...
– Што? Адпачываць.
– Адпачываць?!
– Сілу для вучобы берагчы...– Туравец строга зірнуў на Васю: – Глядзі каб там вучыўся як след. Каб не ганьбіў нас, мінчан... Я спецыяльна праверу!
...Адышоўшы ад гаркома даволі далёка, Вася спаткаў на вуліцы Шашуру. Твар былога падрыўніка засвяціўся радасцю.
– Вось дык сустрэча! Ну, пакажыся, як ты выглядаеш? Ого, змарнелы! Ты глядзі, гэтак хутка табе, каліна-маліна, прыдзецца ногі ў руках насіць, – цьфу-цьфу, каб не ўракнуць...
Ён узяў Васю пад руку.
– Ведаеш што, таварыш студэнт, ці як цябе там, хадзем да мяне. Падкармлю! Не магу спакойна бачыць, як на вачах маіх гінуць лепшыя людзі. – Ён па-змоўніцку шапнуў Васю на вуха, што ёсць у запасе дзве пляшкі піва з мінскага завода.
Шашура сілком пацягнуў хлопца да сябе. Слухаючы гарэзную гамонку таварыша, Васіль падумаў: «Усё такі ж. Вецер!» У яго ўжо быў гатовы прысуд.
Але, прышоўшы да Шашуры, хлопец глянуў на таварыша інакш.
Вася са здзіўленнем акінуў вачыма залу, у якой размяшчалася сталовая. Сцены былі нядаўна чыста выбелены, у зале ў чатыры рады стаялі акуратныя столікі, накрытыя лістамі паперы. Толькі што пачынаўся абед, за сталамі сядзелі першыя наведвальнікі. З кухні вышла маладая дзяўчына ў белай кофтачцы, трымаючы паднос з талеркамі. Добры парадак, утульнасць, якія адчуваліся тут, былі гэтак нечаканымі пасля руін і пяску на вуліцах, што нельга было не здзіўляцца.
– Т-ты ўсё-ткі здорава папрацаваў.
Але Шашура абыякава махнуў рукою. Ён правёў Васю ў склад і паказаў некалькі мяхоў мукі і дзве скрынкі маргарыну. Вось усё багацце. Мала. Але з якой цяжкасцю ўсё гэта дасталося! Шашура сваім абыякавым выглядам як бы паказваў, што справіцца з даручэннем у такіх умовах мог толькі ён.
– Гэта што, каліна-маліна! Вось зараз я табе пакажу скарб. Лепшы свой скарб!..
Ён гукнуў у дзверы. Адтуль неўзабаве вышаў нізенькі загарэлы чалавек у белым каўпаку. Шашура пазнаёміў Васю з ім: шэф-повар.
– Умее з гэтай самай простай мукі рабіць семдзесят чатыры стравы... Я не хлушу, Пятрусь?
Кухар усміхнуўся: праўда. Ён адносіўся да Шашуры, было відаць, з вялікай павагай. Падміргнуўшы лясному другу задаволена, з гонарам – «Чуў?!»,– Шашура папрасіў шэф-повара пакарміць «гэтага таварыша»,– ён кіўнуў на Васю.
– На гэты раз я цябе пакармлю так, а з заўтрашняга дня, калі захочаш паабедаць у мяне, каб прыносіў картку, ясна?
– Ясна, таварыш дырэктар! ... Але... т-ты стаў скупы?
– Не скупы, Вася, а гаспадарлівы! Улічы...
– Ды буду помніць.
Калі Шашура і Вася сядзелі за столікам у ма ленькім пакоі побач з залай, дырэктар, наблізіўшы да таварыша хітры твар, расказаў, як ён на працягу двух дзён угаварваў начальства адной брыгады, каб адпус цілі гэтага майстра.
– Аблогу проста наладзіў. З гаркома спецыяль ную адносіну прынёс... Усё сваё красамоўства ска рыстаў. Два дні і дзве ночы, каліна-маліна, прымяняў розныя тактычныя прыёмы, пакуль не дабіўся...
Шашура пахваліўся, што ўчора прыходзіў сюды Туравец: усё абгледзеў, пытаўся, чым трэба дапамагчы, – быў задаволены.
– Сказаў нават,– падміргнуў Шашура,– што з мяне сур'ёзны гаспадарнік можа выйсці. Вось якія, таварыш Вася, поспехі на маім харчовым участку!..
Нечакана падрыўнік загаварыў пра тое, што заўтра, мусіць, іх брыгада прыбудзе ў Мінск.
– Ты, глядзі, Валю мацней трымай пры сабе. Бо, каб хто-небудзь не перахапіў.
– Не перахопіць...
– Ты цвёрда ўпэўнены?
– Больш, як у сабе, – з запалам адказаў Вася.
– Э-э, брат, не хваліся. Ты паслухай вопытнага чалавека: жанчынам не надта давярай. Ёсць, праўда, адна жанчына, на якую можна спадзявацца нават больш, чым на сябе. Але ты яе не ведаеш, – у вачах Шашуры бліснулі вясёлыя агеньчыкі: – гэта мая ўдавіца...
4...
У той дзень Туравец пабачыўся з Марыяй Андрэеўнай. Туравец правёў яе на вуліцу Карла Маркса, туды, дзе паўз Дом Чырвонай Арміі спускаецца ўніз да Свіслачы і парку шырокая бетонная лесвіца. Тут у адным двухпавярховым доме была яго кватэра.
– Вось мае пенаты! Заходзь, знаёмся! – сказаў ён, адчыніўшы дзверы.
Марыя Андрэеўна азірнула пакой і засмяялася.
– Няма чаго сказаць – пенаты! Пуста, няўтульна – як у склепе. Нібы і не жыў ніхто.
– А ты, па праўдзе кажучы, не памылілася. Я тут быў усяго раз ці два... Жыву і сплю пакуль збольшага ў гаркоме, амаль па-паходнаму. Праўда, зусім не таму, што адвык ад аседлага жыцця, ты не думай, што я вечны вандроўнік, – проста не было калі прыбраць тут. А пакуль тут, як ты кажаш, – нібы ў склепе, не хачу тут жыць – не люблю няўтульнасць...
– Ну, тады што ж, прыдзецца, відаць, наводзіць утульнасць?
– Хоць зараз! З ахвотай, Маша...
Ён прынёс аднекуль вядро, схадзіў – ці, лепш сказаць, збегаў – па ваду. Кавалкам дроту прывязаў да стала адламаную ножку, праверыў, ці добра стаіць стол цяпер. Маша сачыла за ім і весела падсмейвалася: смешна бачыць яго за такім заняткам!..
Але неўзабаве Туравец схамянуўся і, зірнуўшы на гадзіннік, сказаў, што трэба ісці ў гарком.
– Пачынаецца! Я так і думала, што ўтульнасць рабіць буду збольшага я.
– Трэба абавязкова быць, Маша. Абавязкова, разумееш? Але як толькі вызвалюся, адразу вярнуся пад тваё начальства. І прытым – з ахвотай!.. А пакуль – усё аддаю тваім рукам і густу!..
Марыя Андрэеўна засталася адна. Як добра будзе жыць у пакоі, а не ў зямлянцы! У іх цяпер два пакоі, сапраўдныя пакоі, – пасля зямлянак яны здаюцца прасторнымі, а вокны вельмі шырокімі і светлымі. Тут будзе жыць разам з ёю яе Нічыпар. Як гэта яшчэ дзіўна – яе Нічыпар! Быў камісарам, Тураўцом, якога яна даўно любіла, а цяпер – яе Нічыпар! Яе шчасце. Думаючы ўвесь час пра свайго Нічыпара, яна з задавальненнем пачала гаспадарыць. Цяпер яна здавалася простаю гаспадыняю, якой яе мала хто ўяўляў.
Прыехаў партызан і прывёз на тачанцы пісьмовы стол, канапку, рэчавы мяшок, падушку, звязак розных кніг. Ён усё гэта паставіў і паклаў у калідоры і ў кутку аднаго пакоя...
Калі ён паехаў, Марыя Андрэеўна зноў стала мыць шыбы, вокны, аддзіраць палоскі паперы з нямецкімі літарамі, што засталіся з зімы. Стаміўшыся, яна, з плямкамі гразі на твары, на беленькай кофтачцы, паружавелая ад згінання, азірала пакойчык і ў соты раз меркавала, дзе што паставіць. Яна і сама не думала, што гэтымі дамашнімі клопатамі будзе займацца з такой прыемнасцю.
За што б яна ні бралася, ёй усё хацелася зрабіць так, каб гэта спадабалася Нічыпару. Рэчы для яе былі не мёртвымі, а нібы жывымі істотамі, што знаходзяцца ў нейкім сваяцтве з ім, – Нічыпаравы рэчы!
Стол Марыя Андрэеўна паставіла каля акна так, каб Нічыпар, калі ён тут будзе сядзець удзень, мог бачыць прастор за акном. На стол паклала некалькі недачытаных кніжак, і здалося, што ён працаваў ужо за сталом. У тоўстым сшытку ляжаў дзесятак здымкаў. Адзін з іх, – на якім быў зняты Юрый у вайсковай форме, яна паставіла каля кніжак.
Сын падобны з твару на яго, – такі, мусіць, і Нічыпар быў у маладосці. Пазіраючы на картку, яна надумала пра маці Юркі і адчула ў сабе як бы дакор сумлення. Але хіба яна ў чым вінавата перад яго маці? Яна любіць яго бацьку і хоча быць з ім шчаслівай...
Ці зразумее Юрка яе і Нічыпара? Ці ведае ён, што і ў трыццаць пяць і ў сорак год хочацца любіць і жыць у шчасці? Як ён будзе адносіцца да яе?
І тут Марыі Андрэеўне згадалася яе Светка, дачка, якая жыве на Віцебшчыне з бабуляю. Трэба хутчэй забраць яе сюды – Светка і так насумавалася па маці, а маці па ёй. Вось адразу пасля парада і трэба ехаць...
Яна захапілася працаю так, што не заўважала, як ідзе час. Не заўважыла, як і ўвайшоў Нічыпар. Ён раптам абняў яе і закрыў рукою вочы, быццам загадваючы загадку, хто гэта?
– Пусці. Выпэцкаешся!.. Рукі брудныя ў мяне,– папрасілася Марыя. – І валасы раскалмаціліся. Так ты мяне і разлюбіш, чаго добрага!








