412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 15)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 25 страниц)

Траншэі пачалі хутка пусцець...

Калі танкі ўвайшлі ў сасоннічак, тут было толькі некалькі трупаў і параненых ды валяліся кінутыя мінамёты.

Аляксей адразу паслаў машыны далей, каб не даваць праціўніку перадышкі. Неўзабаве камандзір трэцяй перадаў, што ён атакаваў батарэю гаўбіц і што засціг яе знянацку. Немцы, вядома, чулі стрэлы, якія ўзніклі блізка з боку ў пасадцы, але, мусіць, не ведалі, што там робіцца; яны, як і раней, прадаўжалі біць па нявіднай дарозе. Калі танкі неспадзявана паявіліся, жарластыя, кароценькія гаўбіцы глядзелі стваламі не насустрач ім, а ў іншы бок.

Камандзір трэцяй гаварыў, што гітлераўцы не паспелі нават развярнуць гаўбіцы, калі танкі, што высунуліся з зарасніку на палянку, зблізку застракаталі з кулямётаў. Артылерысты, кінуўшы гаўбіцы, пачалі разбягацца, хто куды, некаторыя перапалохана ўздымалі рукі.

Аўтаматчыкі, саскочыўшы з танкаў, сталі адбіраць у іх зброю...


3...

Камбат ішоў з ротаю Аліева, што наступала лявей ад трэцяй.

Тут бой быў цяжэйшы. Гітлераўцам не толькі ўдалося ўтрымацца на сваіх месцах, але яны ледзь не прымусілі роту адысці назад.

Калі адзін узвод наблізіўся да пазіцый гітлераўцаў, завязалася такая перастрэлка, што ў ёй амаль не можна было разабраць стрэлаў танкаў. Між рухавых машын то тут, то там ускідваліся дымы выбухаў; паветра пранізвалі трасіруючыя снарады...

У першыя хвіліны бою адна з «трыццацьчацвёрак» замерла і задымілася...

Капітан бачыў, як з верхніх люкаў на зямлю спрытна пасыпаліся тры чорныя постаці, яшчэ адна выбегла з-за танка. Яны кінуліся назад, то ўскокваючы, то падаючы...

Іншыя два танкі прыпыніліся. Яны, праўда, часта білі па нямецкіх гарматах і манеўравалі, але наперад не ішлі.

– Чаго ж яны стаяць, Аліеў?! – крыкнуў амаль гнеўна Аляксей. – Чаго яны топчуцца!.. Трэба атакаваць! Атакаваць трэба!!! Зразумеў? Прыём, – а праз хвіліну, пераключыўшы рацыю зноў на перадачу, камандаваў Аліеву:– «Шторм», «Шторм»! Уводзь у бой усе «каробкі»... Заходзь лявей за прагаліну. Прагаліна, бачыш? Не марудзь! Крышы іх, гадаў!..

Так, нельга марудзіць, трэба імчаць туды, адкуль равуць пагрозна гарматы, – біць, крышыць трэба, пакуль гітлераўцы не сціхнуць, пакуль не пачнуць, молячы аб літасці, падымаць рукі!

Страляючы пры кароткіх супынках і без супынкаў, «трыццацьчацвёркі» ўпарта рушылі наперад.

Машына камбата ішла разам з усімі. Быстроў, прыпадаючы вачыма да акуляра прыцэла, амаль не адымаў рук ад паваротнага і пад'ёмнага механізмаў. Ляцелі ўніз, цьмяна пабліскваючы, дымныя гільзы. Пахла моцна газамі. Па твары зараджаючага ручаём ліўся пот...

Агонь з таго боку пачынаў слабець. Некалькі гармат ужо змоўклі. Але і танкістам дасталася: яшчэ дзве машыны замерлі.

Быстроў, не зважаючы ні на што, цэліўся, – то павяртаў вежу, то круціў пахапліва ручкі механізмаў і, нарэшце, улучыўшы зручны момант, націскаў педаль гарматы, зноў цэліўся, круціў ручкі, страляў. Ён быццам зліўся з гарматай. Стрэл. Стрэл.

Яшчэ стрэл...

Аляксей у перыскопе бачыў, як насустрач ляцяць дзве разлапістыя хвоі – вялікая і малая. Ляціць насустрач зямля.

Раптам ногі і рукі капітана асыпала веерам іскарак, і пачуўся моцны ўдар. Непрыемна запахла дымком... Капітан устрывожана азірнуўся.

Што такое? Падбілі?!

Ён убачыў, як зараджаючы Касцючэнка, схапіўшыся рукою за бок, ціснучыся спіною да брані, бязвольна асядаў на касеты. Твар яго, кінулася Аляксею, шпарка бялеў, станавіўся бяскроўным. Каля яго ног Аляксей убачыў невялікую, гладка адпаліраваную балванку. Вось што трапіла сюды!..

Быстроў, распалены боем, стрэліў яшчэ раз. Толькі тады ён азірнуўся на зараджаючага, яшчэ трымаючыся за ручку пад'ёмнага механізма.

Капітан рухам рукі паказаў Быстрову:– Дапамажы!

Тут капітан заўважыў, што і яго раніла ў правую руку, вышэй локця, мусіць, асколкам брані. Рука пачала бязвольна звісаць і цягнуць уніз, нібы да яе прывязалі груз. Рукаў напаўняўся ліпкай, пякучай крывёю.

– Сонцаў, жывы? – трывожна запытаўся ён. Той, не гаворачы пра сябе, сказаў, што забіты радыст...

«Утраіх засталіся».

Трэба было зараз перавязаць рану, а можа, і вывесці машыну з бою. Аднак Аляксей не падумаў пра гэта: як ён можа выйсці з бою, калі бой не скончыўся? Хіба ён можа кінуць справу, пакуль не дарабіў яе? Тут да таго ж гэтакае становішча, што і думаць аб сабе некалі. Самае галоўнае: давесці бой да поспеху,– зламаць упартасць гітлераўцаў. Адолець, перамагчы іх...

Вось толькі: што з машынай?

Ён акінуў позіркам вежу – ці не гарыць што-небудзь. Не, машына не падпалена. Невядома адно: чаму яна яшчэ стаіць? Няўжо сапсаван матор або гусеніцы?

– Сонцаў, чаму спыніўся?

– Іншыя машыны сталі... Адыходзіць, ці што, збіраюцца?

– Хто?!

Капітан прынік вокам да перыскопа. Гітлераўцы былі блізка. Іх аддзяляла ад Аляксея, напэўна, менш за трыста метраў. На шчасце, бліжэйшая гармата, якая, можа, і прабіла танк Аляксея, змоўкла.

Прыслуга яе разбеглася. Каля гарматы віднеўся толькі адзін немец, які размахваў рукамі і штосьці крычаў, склікаючы, мусіць, сваіх салдат, але да яго ніхто не вяртаўся.

Аляксей павярнуў перыскоп і ўбачыў, што танкі спыніліся; адна машына стаяла нерухома, дзве густа дымілі, іншыя тапталіся на месцы, абстрэльваючы варожых артылерыстаў і не наважваючыся рушыць далей.

Наступіла замінка.

Тры машыны, якія былі непадалёк ад камбата, пачалі нават пакрыху адпаўзаць назад.

«Вось як, на задняй перадачы наступаем!» – мільганула ў галаве камбата крыўднае.

Ён адчуў, што рота ў гэтую хвіліну страціла ўпэўненасць, усумнілася ў поспеху...

Што ж гэта? Яны адыходзяць?! Нельга адыходзіць. І таптацца нельга! Трэба напорней прабівацца наперад, зараз жа наперад! Яшчэ хвіліна, і страцім зручны момант. Не трэба марудзіць!.. Дзе камандзір роты?

Камбат паспрабаваў выклікаць яго.

– «Шторм»! «Шторм»! «Шторм»!

Камандзір роты не адгукнуўся. Што з ім? Машыну спалілі ці забіты?

Камбат убачыў, што два – тры варожыя артылерысты, якія хвіліну назад кінулі былі гармату, цяпер пачалі нясмела вяртацца. Яны, відаць, заўважылі замяшанне ў танкістаў. Адзін з немцаў, гэта, мусіць, камандзір гарматы, размахваючы рукамі, штосьці крычыць, загадвае ім...

Калі яшчэ крыху прамарудзіць, яны апамятаюцца...

Камбат цяпер помніў і адчуваў толькі адно – нельга марудзіць! Ад гэтай думкі, якая захапіла яго, сцішыўся раптам боль у руцэ, забылася асцярожлівасць, што стрымлівае чалавека ў небяспецы.

– Я «Навальніца», я «Навальніца»! Хто там топчацца на месцы?! – амаль гнеўна крыкнуў капітан да ўсёй роты.– Наперад, наперад!

Ён даў Быстрову знак зарадзіць гармату, а тады, прыпаўшы да гумавага наканечніка прыцэла, здаровай рукой павярнуў вежу. Хутка прыцэліўся і стрэліў па гармаце. І тады ж адкрыў агонь з кулямёта. Першы ж снарад трапіў у шчыт гарматкі – недарма Аляксей быў некалі добрым вежавым стралком! Абслуга гарматкі збянтэжана прыпала да зямлі... Адзін адразу ўскочыў, – кінуўся прэч...

– Рабі, як я!– скамандаваў капітан усім экіпажам.

Пераключыўшы рацыю на ўнутраную сувязь, ён загадаў Сонцаву весці машыну на гармату.

«Трыццацьчацвёрка» ірванула так, што камбата кінула назад. Сонцаў па голасу Аляксея адчуў, што цяпер, як жыццё, дарагі кожны міг...

Капітан, сашчапіўшы зубы, адольваючы страшны боль і слабасць, стаў зноў разварочваць вежу, нацэльваючыся на другую гармату.

Машына ляцела праз ямы, падмінала кусты, і яе вельмі кідала з боку на бок. Прыцэліцца пры гэтым было немагчыма: у прыцэле паяўлялася то зямля, то неба, – капітан, злавіўшы больш зручны міг, націснуў на педаль спускавога механізма.

Бухнуў стрэл...

Аляксей цяпер нічога не адчуваў, акрамя жадання дасягнуць, дапасці да гарматы. На гэтай гармаце сканцэнтравалася ўся яго воля.

У нейкі міг камбат убачыў, што гармата разварочваецца... Каля яе завіхаліся постаці... Няўжо яна паспее стрэліць? Няўжо апярэдзіць яго?

Час пачаў вымервацца долямі секунды. Але гэтыя долі секунды здаваліся доўгімі, – усе падзеі адбываліся з вялікай, віхурнай хуткасцю і імклівасцю. Секунды рашалі зыход бою, лёс жыцця.

Уся воля Аляксея была да канца напружана. Самая маленькая маруда ці разгубленасць была для яго цяпер – што смерць...

Апярэдзіць гітлераўцаў, разбіць, сцерці! Інакш – смерць.

Ён колькі сілы націснуў правай нагой другі педаль – усё, што было ў дыску кулямёта, выпусціў на гарматку...

І вось гармата проста перад танкам... Яна знікла недзе ўнізе, яе Аляксею больш не відаць...

Сонцаў яшчэ ўбачыў, як ад яе кінулася апошняя постаць гітлераўца. Позна!..

У наступны міг камбат адчуў рывок. Танк падскочыў, як раз'ятраны звер, і асеў. Капітан ледзь утрымаўся на сядзенні, раненая рука аб нешта моцна ўдарылася.

Ён паглядзеў у перыскоп. Перад вачыма ішлі кругам кусты, сцяна блізкага сасняку, якая была ўжо не ўперадзе, а збоку. Сонцаў разварочваў машыну.

Салдаты ў зеленаватых мундзірах – і без мундзіраў – у паніцы ўцякалі. Следам за імі на акопы, да гармат урываліся, равучы, танкі. Яны дабівалі тых, хто спрабаваў яшчэ супраціўляцца, секлі з кулямётаў...

Аляксей загадаў Сонцаву весці танк далей, за пазіцыі, – трэба не даць уцячы гітлераўцам.

Яны прыпыніліся каля сасонніку, – цяпер пакуль, здаецца, усё. Парадак.

Сэрца Аляксея білася часта і ўзрушана. Ён не мог хутка астыць ад нядаўняга запалу. Так, гарачая выпала хвіліна і грозная. Тут, калі небяспека адышла, яго неспадзеўкі кранула запозненая трывога за сваё жыццё.

– Вы ж ранены, таварыш камбат! – заўважыў упершыню пануры Быстроў, які толькі што схіляўся над зараджаючым. – Дайце перавяжу!

– Што з ім?– Аляксей кіўнуў на зараджаючага. Той быў непрытомны.

Выціраючы спатнелы замурзаны твар, камбат зноў паклікаў па рацыі Аліева:

– «Шторм»! «Шторм»!

Аліеў адгукнуўся.

– Што было з табой? Спалілі машыну? Ты цяпер у іншай?.. Вядзі роту. Не адставай, – гані на дарогу. Ясна?

Ён даў Быстрову перавязаць руку. Выклікаў фельчара да зараджаючага; потым звязаўся з другой, трэцяй ротамі, даведаўся пра абстаноўку. Далажыў Бяссонаву аб выніках бою, змаўчаўшы, што сам паранены.

Калі фельчар падышоў і Быстроў узяўся выносіць зараджаючага праз пярэдні люк, Аляксей устаў, каб дапамагчы сержанту. Але сценка баявога аддзялення, прыцэл, замок гарматы раптам пачалі ў вачах яго як бы плыць і засцілацца туманам. Ён абапёрся левай рукою аб сценку, каб устаяць на нагах.

– Сонцаў, на дарогу!.. За Аліевым... – выціснуў ён, апусціўшыся зноў на сядзенне. Эх, як хіліць убок, як слабее цела...

«Што гэта? Няўжо ў шпіталь! З карабля прэч? А Мінск?.. А заўтрашні бой за Мінск? Без мяне?»

КНІГА ТРЭЦЯЯ

Будучыня з намі

ЧАСТКА ШОСТАЯ

Раздзел І


1...

Раніцай Клава прайшлася па пакойчыку. Прытуліўшыся плячом да сценкі, пазірала праз акенца на двор, сочачы з задуменнасцю за ўсім, што там адбывалася. На круглаватым ілбе яе хму рылася клопатная маршчынка, – у дзяўчыны быў такі выраз, быццам яна хацела штосьці ўспо мніць і не магла...

– Прынясіце мне, цётка Кацярына, галінку бэзу,– ціха папрасіла яна.

– Зараз прынясу. Толькі ты сядзь... Клава вярнулася да ложка і легла, тады Кацярына вышла з пакоя, а неўзабаве прынесла некалькі галінак. Яны даўно ўжо адцвілі, і нічога, здаецца, прывабнага не было цяпер у іх, але, калі Клава ўзяла гэтыя галінкі, у горле яе і радасна і горка зашчымела. Маршчынка на яе ілбе разышлася. Клава глядзела на галінкі так, быццам гэта было нешта жывое, вельмі дарагое і роднае, і Кацярына здзіўлена падумала: што яна знайшла ў звычайнай галінцы? Праўда, Клава і сама добра не ведала гэтага, яны, мусіць, былі такімі дарагімі таму, што з імі ўспамінаўся Клаве яе дом, каля якога пад акном рос таксама бэз, брат Сяргей, мама, аб якіх яна столькі часу нічога не ведае...

Сярожа, Сярожа, дзе ён, што з ім?..

Мінуў яшчэ дзень, і Клаве захацелася выйсці з каморкі на вуліцу, у поле, – адагнаць страшэнныя ўспаміны-прывіды, якія яшчэ гнялі яе, стаць спакойнай, як раней, і дужай. Як гэта, аказваецца, добра быць дужай і хадзіць колькі хочаш; нават патрошку ступаць таксама прыемна, куды лепш, як ляжаць.

Клава тупала з аднаго кутка каморкі, дзе стаялі дзежкі, да другога, да акенца; хадзіць ёй было не лёгка, але яна старалася не зважаць на стому. Усё ж яна ходзіць! Не, яна не такая кволая, як можа падумаць Кацярына.

– Ну чаго ты сябе мучыш? – аднойчы сказала ёй з дакорам жанчына. – Чаго? Спяшаешся куды-небудзь, ці што? Нібы на цягнік баішся не паспець... Усяму свая чарга, дачушка: паправішся, прыдзе час, – будзеш хадзіць.

– Я ўжо амаль паправілася, цётка Кацярына...

– Ну, сказала то ж ба – паправілася! Табе трэба ляжаць і ляжаць – месяц!.. Спакойна ляжаць, не марнуючы сябе дарэмна.

Клава ціха, але настойліва прамовіла:

– Я заўтра буду хадзіць – зусім лёгка!.. Пабачыце, цётка Кацярына. Ну, не заўтра, дык паслязаўтра. А там – праз дні два – змагу хоць танцаваць!..

На круглых яе шчаках, у кутках крыху шырокіх губ неспадзявана, упершыню за ўсе гэтыя дні, узніклі, гарэзна задрыжалі дзве смяшлівыя ямачкі. Клава раптам стала такой, якой была раней заўсёды: гарэзнай, вясёлай і ўпартай.

– Праўда, танцаваць!..

Цётка Кацярына, пазіраючы на Клаву, толькі галавой паківала з дакорам – такая непаседа; ужо і засмяялася – нібы забыла ўсе свае пакуты. Але гарэзны бляск у вачах дзяўчыны амаль адразу ж і згас; на лоб легла маршчынка, – Клава зноў-задумалася і насцеражылася...

Настрой у Клавы быў цяпер няроўны, – то яна хмурыцца, так горка штосьці перажывае, што Кацярыне аж шкада становіцца яе, то раптам павесялее і пачне смяяцца.

Жывучая, не схільная да смутку, натура яе паступова брала ўладу над прыгнечанасцю. Клава зноў станавілася сама сабой.

З кожным днём яна хадзіла ўсё лягчэй і смялей. Цяпер яна стамлялася ўжо менш, як у першыя дні, – і гэта яе вельмі радавала.

Ёй хацелася хутчэй вярнуцца ў Мінск, даведацца, што з маці, любай маці, з Сяргеем, зноў спаткацца з таварышамі: цяжкую і небяспечную падпольную работу яна ўяўляла як найлепшае шчасце. Ёй станавілася ўсё больш цесна ў каморцы.

Калі Кацярына прыходзіла дамоў з сяла, Клава звычайна пыталася:

– Што там кажуць, цётка Кацярына? Можа, што новае пачулі? Якую-небудзь добрую вестку?

– Нічога, Клаўка...

– Ці праўда, цётачка,– так і нічога?

– Вось якая ты, то ж ба, недаверлівая ды нецярплівая. Хіба ж я, дзівачка ты мая, стала б утойваць ад цябе, каб што-небудзь было добрае? Калі б толькі пачула, адразу прыбегла б да цябе і пераказала б слова ў слова. Толькі ж нічога асаблівага не чуваць.

Ціхай ноччу Клава пачула дзіўны гром. А раніцаю Кацярына прыбегла ў каморку шумлівая, узрушаная і сказала, што нашы занялі Віцебск.

– Віцебск?! Адкуль вы даведаліся?

– Партызан прыходзіў, казаў, што па радыё перадавалі – дзён чатыры, ці што, таму...

Клава адразу саскочыла з ложка, падбегла да цёткі і, абняўшы яе парывіста, пацалавала.

– Ой, цётачка, якая ж вы добрая і мілая!..

І весела засмяялася, бліснула белымі роўнымі радкамі зубоў. Кацярына, бачачы, як яна ажыла, пажвавела, – усцешылася так, нібы гэта радавалася яе дачка.

Увесь дзень Клава не знаходзіла сабе месца ад радасці. Яна проста не магла ўлежаць на ложку, тупала, тупала па каморцы, раз-по-раз падыходзіла да акенца і ўвесь час, амаль не сціхаючы, паціху спявала.

То песню пра Маскву, пра родную Маскву:

...Масква мая,

Ты самая любімая...

То павольную, шчырую:

Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты не поўная,

Чаму ж ты не поўная, з беражком не роўная...

Шчырая, журлівая песня, якую любіла Клавіна маці, гучала сёння незвычайна весела і радасна.

Многа песень успомніла, пераспявала Клава ў гэты дзень!

Пад вечар, як ніколі раней, разгаварылася, стала расказваць пра сваё жыццё ў Мінску. Смешным і вясёлым усё выходзіла ў яе, – цётка Кацярына то смяялася ўслед за Клавай, то ўздыхала. Нарэшце, з матчыным папрокам сказала дзяўчыне:

– І што гэта ты, дачка, над усім смяешся?

– Хіба ж я вінавата, – гарэзна адказала Клава.– У мяне і маці такая – любіла раней песні спяваць ды смяяцца. Відаць, праўда – «якая маці малася, такая і я ўдалася». Толькі я песні спяваю рэдка – хіба тады, калі надыдзе такое, як сёння. А вось пасмяшыць ці самой пасмяяцца вельмі люблю...

Што ёй скажаш на гэта?

– А хіба яно, цётка Кацярына, кепска? Калі б я не ўмела смяяцца, я даўно б ужо, можа быць, ссохла ад гора ці суму... А так – пасумую, пасумую ды і засмяюся, і самой весялей становіцца, і другім...

У той жа вечар яна сказала заклапочана:

– Ужо, здаецца, хопіць адлежваць бакі, трэба паспяшацца дамоў...

– Управішся!.. Нікуды твая дамоўка не ўцячэ.

Цётка Кацярына не звярнула на Клавіны словы асаблівай увагі – ці мала каму не хочацца хутчэй дамоў. Няхай пакуль ляжыць ды ачуньвае.


2...

Днём у сяло прыехаў нейкі нямецкі атрад. Сяло стаяла ў баку ад шумлівага шасэ, і сюды ў апошнія дні немцы наязджалі не часта. Прыезд гэтых «гасцей» вельмі ўстрывожыў Кацярыну, – яна ўбегла ў каморку і, насцярожана зірнуўшы ў акенца, прамовіла спалохана:

– Фашысты! Што нам рабіць, дачушка?!

Клава заўважыла, што яе твар пабялеў, як крэйда. Дзяўчына гэтую падзею сустрэла спакайней. Падбегшы да акенца, за якім яна ўбачыла, як звычайна, ціхую вуліцу, Клава стала хутка, але разважліва абдумваць сваё становішча.

Няўжо яны даведаліся, што яе хаваюць тут? Можа, хто-небудзь данёс?.. А калі і не ведаюць пра гэта, то Клаве ўсё роўна трэба хавацца – яна чужая ў гэтай хаце, у яе паранена куляй шыя. Яны могуць западозрыць, што яна партызанка, і расстраляць...

– Божа мой, яны ўжо тут!

На вуліцы яшчэ нікога не было відаць, але сюды ўжо добра даходзіла галосная незразумелая гамонка. Цётка Кацярына адразу заспяшалася, кінулася адсоўваць вялікую дзежку і, паспешліва ўзняўшы века патайной схованкі пад падлогай, загадала:

– Лезь сюды, дачушка...

Кацярына зноў заставіла века схованкі дзежкай. Ледзь яна ўправілася ўсё гэта зрабіць, як на ганку затупацелі важкія крокі, і яна вышла насустрач.

– Курка, матка, ёсць? – запытаўся перш за ўсё салдат, і Кацярына падумала, што гітлераўцы пра Клаву, напэўна, не ведаюць.

– Няма...

– Не-ма?! Шпэк? Сала?..

– Быў кавалачак, ад памазкі застаўся. Хадзем, аддам ужо... – няласкава адказала жанчына.

Праз хвіліну гітлеравец, жуючы сала і лаючыся, вышаў з хаты ў сенцы. Гэта быў чарнявы, з мясістай чырвонай шыяй, тоўсты ўнтэр у форме тэхнічных войск. У сенцах ён, павёўшы вачыма з кутка ў куток, раптам пацягнуў за дзверы ў каморку, але жанчына не пусціла яго,– засланіла сабой дзверы.

– Няма кажу... Усё, што ёсць, аддала, каб цябе!..

Унтэр, адпіхнуўшы Кацярыну, адкрыў дзверы сілаю і ступіў у каморку.

– Няма, кажу...– уладна прамовіла жанчына, цягнучы яго з каморкі. – Ідзі, ідзі!..

Клава, каторай уся гэтая спрэчка была добра чуваць, дзівілася смеласці Кацярыны, якая толькі што здавалася гэтакай спалоханай і разгубленай.

– А тут хто спіць? – неспадзявана запытаўся ўнтэр, і Клава мімаволі стаіла дыханне.

– Хто, ведама хто – я!..

– Ты? Няпраўда!..– прамовіў пагрозна ўнтэр.

Невядома, чым скончылася б гэта размова, але тут пачуўся голас другога немца: – Курт, коммт!.. – Гэты немец увайшоў пазней і хвіліну моўчкі сачыў за тым, што адбывалася. Курт незадаволена азірнуўся і, буркліва прамармытаўшы штосьці ў бок Кацярыны, падаўся з каморкі.

Немец правёў Курта на ганак, а сам нечакана вярнуўся ў каморку.

– Кроў!– сказаў ён па-руску, кіўнуўшы на пасцель. Кацярына, якая была супакоілася, пахаладзела: на падушцы, з другога краю, віднелася пляма засохлай крыві.

– Не бойся, матка, – неспадзявана супакойліва прамовіў немец. Ён быў паважны ў рухах, немалады. Жыццё на яго твары з рэзкімі рысамі і ўважлівымі сіняватымі вачыма спляло ўжо нямала маршчын. – Не бойся... Курта бойся, але ён не заўважыў. А я не хачу табе рабіць кепска... Бацька ці дачка? – кіўнуў ён на кроў.

Кацярына маўчала. Яна не разумела, чаго ён затрымаўся тут. Вядома, не на добрае! А немец раптам, нібы для таго, каб развеяць яе насцярожлівасць, сказаў, што рускія каля Барысава.

– Хутка буду дома, Германія. У мяне таксама ёсць жонка, сын, – ён выняў з нагруднай кішэні фатакартку, на якой быў зняты малы бялявы хлапчук, і паказаў Кацярыне. – Вось!.. Хутка буду разам! У забой вярнуся працаваць. Я ёсць вугальшчык, шахцёр!..

– У мяне пляменнік быў у Данбасе... – адгукнулася Кацярына, думаючы ўсё, чым гэта скончыцца.

– Рур... Эсен. Пауль, – прыклаў ён далонь да грудзей. «Паўлам зваць», – здагадалася Кацярына.

На двары зноў пачуліся крокі. Пауль сказаў Кацярыне, каб яна схавала падушку, а сам падаўся да дзвярэй. Пра што ён гаварыў з тымі, хто ішоў, Кацярына не зразумела, але яны, не заходзячы ў хату, адразу падаліся назад.

Пауль вярнуўся і сказаў, што немцы хутка паедуць, хвілін праз дзесяць.

– З фронта, матка, едзем. А куды – мусіць, сам бог не скажа, хоць ён і павінен усё ведаць.

Пауль развітаўся, вышаў, але Кацярына яшчэ і цяпер непакоілася, ці няма тут якога падману.

Толькі калі атрад выехаў з сяла, Кацярына ўздыхнула лягчэй.

– Ну, ператрывожылася я, – прызналася яна Клаве, якая цяпер моўчкі сядзела на ложку. – Асабліва, калі гэты першы прычапіўся: «хто тут ляжыць!» Добра, што ён хоць крыві не ўбачыў! Ды і Паўла, або як яго, баялася... А ён, бачыш, мусіць, не паганы чалавек!..

– Вядома, рабочы чалавек... А чулі вы, цётка Кацярына, ён сказаў, што нашы ўжо каля Барысава? Няўжо гэта мне здалося, ці ён так і сказаў: каля Барысава? Вы чулі пра Барысаў?

– А як жа, чула, дачушка. Каля Барысава, ён сказаў, – значыцца, тут хутка будуць. Нядоўга, Клаўка, засталося табе хавацца!..

«Ну, цяпер ты, непаседа, нікуды не будзеш ірвацца,– падумала Кацярына, прыгадваючы ўчарашнія словы Клавы, – куды табе спяшацца, калі яшчэ колькі дзён, і тут будуць нашы». Але Клава да гэтай весткі аднеслася інакш.

– Вось бачыце, цётка Кацярына, мне ўжо не можна больш ляжаць... Трэба ісці ў Мінск!..

– Чаго табе спяшацца ў Мінск? Не абыдзецца ён без цябе, ці што? – і, не даючы Клаве сказаць слова, перавяла гаворку на іншае:– Ты спачатку паабедай, а пра Мінск пасля пагаворым...

Кацярына прынесла з хаты гліняную місачку, у якой быў незабелены боршч са шчаўя, выняла з аднаго кубла прыхаваны акраец хлеба. Падпёршы рукой падбародак, стала моўчкі пазіраць, як дзяўчына есць. Так раней яна любіла паглядаць на сваіх дзяцей.

– Ты, можа, смяешся?.. – не ўтрывала жанчына, калі Клава аддала ёй пустую місачку. – Куды ты пойдзеш, нядужая? Можа, ты баішся, што фашысты зноў прыдуць сюды? То я магу захаваць у іншым месцы, так што ніхто не знойдзе.

– Не, я гэтага не баюся. Проста я ўжо ачуняла, цётка Кацярына, – чаго ж мне тут валяцца на ложку? І так колькі праляжала!..

– Колькі! То ж, здаецца, усяго тыдзень мінуўся...

– Ой, цётачка, добрая, мілая, не ўгаварвайце, усё роўна не адумаюся. Мне так хочацца хутчэй дамоў! Так хочацца!.. Нашы блізка ля Мінска, а я буду ляжаць тут?.. Не магу, ну проста – не магу застацца. Ці хаджу я, ці ляжу – сэрца маё ляціць у горад, да сваіх...

Увечары абедзве жанчыны вышлі з хаты. На двары было цёпла і парка, сагрэтае за дзень паветра яшчэ патыхала цеплынёю; на поўначы, ля захаду, тлела, патухаючы, блеклая жаўтаватая палоска. Клава і Кацярына ціха дайшлі да хляўца, пералезлі цераз невысокі, амаль разламаны, плот і апынуліся на агародзе. Шоргаючы нагамі, паволі ішлі праз гарбузнік і бульбянік, сцяблы якіх чапляліся за ногі.

За агародам Кацярына расказала – не ў першы раз, – як Клаве лепш дабрацца да горада.

– А можа б, ты ўсё-ткі засталася? – не магла ніяк прымірыцца Кацярына з тым, што Клава зараз пойдзе,– неспакойна там дужа.

– Я ўжо казала, цётачка... Нашто нам паўтараць казку пра белага бычка?..

Яна засмяялася ціха, нутраным смехам, уткнулася галавою ў грудзі Кацярыны, праз хвіліну парывіста абхапіла за шыю і прагна раз, другі пацалавала.

Кацярына лагодна, з дакорам прамовіла:

– Ах ты, рагатуха, непаслухмяная!..

– Калі прыдуць нашы, прыязджайце да мяне. Добра, цётачка? – голас Клавы задрыжаў ад хвалявання. – Я і не ведаю, як аддзячыць за вашу ласку. Можа, каб не вы, дык я і цяпер ляжала б на полі...

– Няма за што дзякаваць, – Кацярына дадала тонам перасцярогі: – Глядзі ты, зноў не пападзіся да іх!..

– Цяпер не пападуся! Цяпер я – стрэлены верабей!..

Яна пайшла ў цемру. Кацярына, не варушачыся, пазірала ўслед дзяўчыне. Там, куды ішла яна, святлела палоска, і Клавіна постаць – галава і плечы – доўга акрэслівалася на ёй, паступова змяншаючыся. Кацярына пазірала туды, і на сэрцы яе было сумна і трывожна.

«Толькі б усё добра абышлося!..»


3...

Клава дабралася да Мінска толькі перад досвіткам.

Горад гарэў. Дзяўчыне было вельмі горка і сумна, калі яна глядзела на гэтыя пажары, што лютавалі ў розных мясцінах Мінска. Асабліва жахлівыя пажары былі каля Акадэміі навук,– там палала адразу некалькі вялікіх будынкаў. Агромністае барвовае полымя трапятала і каля Дома Урада. Што гэта, якія-небудзь будынкі на Савецкай? Не, то ж гарыць універсітэцкі гарадок!

«Што яны робяць з Мінскам, нелюдзі!» – у нямым гневе сціскала Клава кулакі.

Па Чэрвеньскім тракце ў бок касцёла цягнулася, фыркаючы, некалькі грузавікоў, якія ішлі з патушанымі фарамі. «Уцякаюць, гады!» – падумала Клава і пашкадавала, што нельга іх затрымаць.

Клава, яшчэ лежачы ў Кацярынінай каморцы, калі яна многа думала пра зварот у Мінск, парашыла, што пойдзе не дамоў, дзе цяпер, мусіць, нікога няма, а да цёткі Залескай. Валіна маці здавалася Клаве вельмі надзейным чалавекам. Клава выбрала Залескую яшчэ і таму, што ў Залескай можна было хутчэй, як у каго іншага, даведацца, дзе цяпер маці і Сяргей.

Яна пералезла праз плот і, нарэшце, апынулася на тым двары, да якога прабіралася. Вось яны, знаёмыя кусты вяргінь, на якія Клава часта любіла пазіраць з акна,– як, здаецца, нядаўна яна была тут, а колькі перажыта за гэты час! Аж не верыцца. Праўда ж, ці не сон усё тое?

Прытуліўшыся зморана да плота, аддыхваючыся, яна дзіўна, бесклапотна засмяялася. Як жа добра, што яна ўсё-ткі вярнулася, нягледзячы ні на што, прышла!

Клава, азірнуўшыся навокал, асцярожна наблізілася да акна і стала ўзірацца праз цёмную шыбу ў сярэдзіну. Ці ёсць хто там? У цемры, што поўніла пакой, нічога нельга было разабраць.

Яна пачала лёгка стукаць у шкло, як стукала раней, калі часам заходзіла сюды ноччу, але ніхто не адгукаўся. Неспадзявана яна пачула ззаду ціхі, падкрадлівы шорах і насцярожана азірнулася.

– Хто гэта? – пазнала Клава голас Валінай маці.

– Я, Клава...

– Клава?.. Якая... Клава?

– Ну вось жа, дзіўная! Пытаецеся, якая Клава. Нібы забыліся... Гэта я, цётачка!..

Залеская вышла з-за кустоў смародзіны і, не пытаючыся больш нічога і нічога не гаворачы, пацягнула Клаву за руку. Клава пайшла следам за ёю. Яны прабраліся паўз гарбузнік, і, калі Залеская спынілася, Клава апусцілася ў разору. Яна так знясілела, так аслабела за дарогу, што ў яе проста самі сабой падгіналіся ногі...

– Мы цяпер сюды, у вішаннік перабраліся. Мы тут удваіх, з Наталляй,– ты яе не ведаеш. Небяспечна ў хаце – яшчэ падпаляць гітлераўцы... ці гранату шыбнуць... Божа мой! – пасля хвіліны маўчання сказала збянтэжана Залеская,– Клаўка, дык гэта ты?

Яна памацала Клавіны плечы, як бы не давала веры голасу.

– Тут жа аб'явілі, што расстралялі цябе. Значыцца, няпраўда.

– Праўда, цётачка,– спахмурнела Клава,– Расстралялі.

– Як жа праўда?.. Ты цішэй гавары...

Клава неахвотна і вельмі скупа расказала, як яе расстрэльвалі, як яна выратавалася і як яе выхадзіла невядомая жанчына.

– Клаўка!– жахнулася Залеская.– Дык чаго ж ты вярнулася? Ты ж магла наткнуцца на якую засаду, цябе маглі схапіць!

– А як жа мне было сядзець недзе, калі тут такое робіцца? Нашы так спяшаюцца, а мне што ж сядзець? А можа, тут чакае мяне справа? Я так хапалася, цётка, каб хутчэй вярнуцца. А што могуць мяне арыштаваць,– як жа мяне арыштуюць?.. Я ж расстраляная.

– Ты смяешся... Як ты можаш жартаваць?

Клава нічога ёй на гэта не адказала, а, раптам сціснуўшы руку Залескай у сваёй, трывожна і нецярпліва прашаптала:

– А што з маёй маці, цётачка?

– Арыштавалі яе, дачушка. А дзе цяпер,– не ведаю...

У грудзях Клавы штосьці балюча сціснулася, так балюча, аж хацелася застагнаць.

– А што з Сяргеем, не ведаеце?

– Што з ім? Жывы,– адразу супакоіла Залеская, здагадаўшыся, што Клава, напэўна, за ўвесь час ад свайго арышту нічога пра яго не чула.

– Жывы. Значыцца... не папаўся?

– Што ты! Гэтакі пападзецца?.. Жывы. І ўсё такі ж непаседлівы, як ты!

– Жывы! Хоць Сяргей жывы... А матачкі... Матачкі няма! Арыштавалі маму.

– Ды супакойся ты! Яшчэ ж невядома, што з ёй...

– Ой, я ведаю, што там робяць з людзьмі!..—

амаль са стогнам сказала Клава.

– У цяжкі час ты прышла, дачушка. Страшна тут, у горадзе,– загаварыла трывожна Залеская.– Гэтая нечысць задумала перад смерцю сваёй яшчэ адну бяду. Божа мой, што ж гэта будзе?! Калі ж ужо скончыцца гэта! Ім мала спаліць горад, ім хочацца яшчэ і смерці, крыві людзей. Учора тут наляпілі перад вечарам усюды загады, каб усім сабрацца ў адно месца. Сабяруць і – пад кулямёт! Усіх!..

На ціхай вуліцы затупала некалькі ботаў, пачуліся незразумелыя нямецкія воклічы. Залеская, адразу перапыніўшы гаворку, моўчкі слухала, аж пакуль крокі не сціхлі. Потым, уздыхнуўшы, паднялася і ўвяла Клаву, у якой кружылася галава, у вішаннік. Тут было цямней, як на агародзе, на якім ужо змрок пачынаў шарэць і святлець, але Клава адразу заўважыла жанчыну, якая, седзячы ўскрай ямы, трымала на руках дзіця.

– Гэта Клава, пляменніца мая,– сказала ёй Залеская.– Што, не заснула Людачка?

– Не... Здаецца, пачало развідняцца...

– Світае...– трывожна адказала Залеская.

За горадам, на ўсходнім баку, узнікла страляніна. Усе пачалі ўслухоўвацца: гарматныя стрэлы чуліся як ніколі яшчэ да гэтага блізка.

– Божа мой, няўжо яны, нашы, не ўправяцца?..

Раздзел ІІ


1...

Мінск дажываў апошнія дні няволі.

Адна за адной знікалі нямецкія ўстановы – розныя камендатуры, управы, упраўленні, аддзелы. Зачыняліся магазіны, рэстараны, майстэрні. Зусім апусцелі фабрычныя двары, куды яшчэ нядаўна гітлераўцы зганялі людзей.

Толькі вакзал з кожным днём усё больш перапаўняўся. Каля пакояў ваеннага і цывільнага камендантаў тоўпіліся, хваляваліся чэргі неспакойных немцаў. Сюды збягаўся, плыў гітлераўскі бруд, учорашнія «чыны» – і з Оршы, і з Магілёва, і з Беразіна – адусюль. Кожны хацеў хутчэй дабрацца да каменданта, амаль усе спрачаліся, тыцкалі ў твар сваім суседзям нейкімі даведкамі,– шчэрылі азвярэла зубы, пагражалі, лаяліся.

Касы былі зачынены, і, хоць усюды пры іх акуратна віселі абвесткі, што білеты не прадаюцца, тут таксама было тлумна. Многія тоўпіліся на пероне: між іх былі і немцы ў ваенных мундзірах, і цывільныя. З чамаданамі ды з клункамі і без чамаданаў і без клункаў – у чым стаялі.

Увесь час хадзілі чуткі пра тое, дзе цяпер камуністы, саветы. З кожным днём чуткі гэтыя былі ўсё больш грозныя: камуністы набліжаліся, як нястрымны акіянскі вал. У небе над Мінскам вельмі часта гулі савецкія самалёты...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю