Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 25 страниц)
Амаль на кожным пакінутым фашыстамі будынку чарнелі перасцерагальныя надпісы сапёраў: «Увага! Мініраваны», «Мінны каранцін».
Тое, што Аляксей пабачыў за гэтым, яго ўзрушыла яшчэ больш. Яму прышлося прайсці нямала разбітых, знявечаных гарадоў, але Мінск усё ж усхваляваў асабліва, бо такіх разбурэнняў Аляксей не бачыў нідзе, акрамя хіба Смаленска. Уся Савецкая вуліца, калісьці самая шумлівая, прыбраная і жывая, на якой амаль бесперапынку зіхацелі з двух бакоў шырокія вітрыны і шыльды, цяпер ляжала ў жахлівых руінах. Яе абступалі пустыя, мёртвыя, абадраныя каробкі дамоў, кучы запляснелага камення, адзінокія каміны; на ўсім працягу яе ўцалеў, акрамя Дома Урада, яшчэ толькі адзін вялікі будынак – Дом Чырвонай Арміі.
У сярэдзіне цэнтральнага ўнівермага ў пустыя вялізныя праломы вокан віднеліся жалезабетонныя столі, якія прагнуліся і абвіслі важкімі глыбамі і былі гатовы вось-вось рынуць уніз.
У Аляксея, калі ён бачыў усё гэта, рос даўкі смутак, а разам з ім уздымаўся гнеў. Гады, нелюдзі, што яны зрабілі з Мінскам, як яны знявечылі, разбурылі цудоўныя кварталы!.. Але і гэтага ім было мала,– што ж яшчэ гэтае звяр'ё намервалася зрабіць?.. Гады, гады,– нібы кляўся ў думках Аляксей,– я вам не дарую гэтага. Я вам прыпомню кожную вуліцу скалечаную, кожны разбіты дом, кожны каменьчык руін. Усё прыпомню. Вось толькі вярнуся ў брыгаду.
Усюды яшчэ былі відаць чужыя надпісы і шыльды; Аляксею хацелася ўзяць якую-небудзь дошку ды пачаць сашкрабаць гэтыя ненавісныя надпісы, зрываць і кідаць шыльды.
Адзіным, што ажыўляла гэтую вуліцу, былі рухавыя, неспакойныя натоўпы людзей ды вайсковыя машыны, што каціліся па бруку, амаль усе на захад...
На вуліцах грымелі гучнагаварыцелі, – трансліравалася перадача з Масквы, у якой дыктар расказваў пра баі за Мінск.
Аляксей прыглядаўся да твараў сустрэчных, спадзеючыся ўбачыць каго-небудзь са знаёмых. Але яму пападаліся толькі невядомыя людзі. Раней у Мінску ў яго было многа знаёмых, адных ён добра ведаў, а другіх толькі дзесьці бачыў – ці на сходзе, ці проста на вуліцы. У такім горадзе, як Мінск, сустрэць знаёмага калісьці было лёгка. Цяпер жа ніхто з іх не сустракаўся!
Дзе яны цяпер? Адны, вядома, так, як і ён, на фронце, – на розных франтах, іншыя ў эвакуацыі, многія, як і Ніна, у лясах. Нямала хто з тых, што вымушаны былі застацца тут, мусіць, загінулі як падпольшчыкі...
Усё-ткі, хоць многае ў горадзе наводзіла на сумныя ўспаміны і горкія думкі, Аляксею было радасна: што ж, галоўнае – Мінск жыве! Яго ўжо ніхто больш не будзе раніць.
Ніколі, ніколі.
Раздзел ІІ
1...
Да бярозавых прысад пачалі раптам падыходзіць машыны. Яны ішлі не па адной, а адразу цэлым патокам, і Туравец, убачыўшы іх, здагадаўся, што дарога каля лесу цяпер вольная...
– Выгналі фрыцаў з лесу! – праз момант аб'явіў радасна Шашура, які ўжо ўправіўся пагаварыць з шафёрам аднаго грузавіка.– Надвор'е праясняецца, таварыш камісар...
– Напэўна, хутка і сюды падашлюць пяхоту, – прамовіў Туравец.
– Факт!– падтрымаў Шашура. – Хіба ж можа быць, каліна-маліна, каб дарога на Мінск была закрыта?!
Але мінула гадзіна, дзве, а пяхоты ўсё не было відаць. Прагрымела адно некалькі гармат вялікай магутнасці – на гусенічным хаду, з кароткімі тоўстымі стваламі. Толькі ўночы, пад самы золак, пад'ехала каля дзесятка грузавікоў з пехацінцамі і чатыры «кацюшы». Яны, не спяшаючыся, прайшлі наперад у напрамку размяшчэння немцаў.
Бой пачаўся ўранку. Туравец раптам убачыў, як у сіняватае неба гнеўна ўскінулася чарга падобных да камет вогненных стрэл, якія, рассякаючы сінечу, крэслілі высокую дугу, хутка набліжаючыся да нябачнага праціўніка. Здавалася, што каметы стараюцца перагнаць адна другую. «Што гэта?» – з захапленнем пазіраў у неба Туравец, – ён упершыню бачыў гэта, але адразу здагадаўся: «кацюшы»! Вось вы якія, казачныя «кацюшы»! Ён слухаў, як недзе наперадзе часта і глуха грукаталі выбухі...
– Вось дык галасочак, каліна-маліна! Ад такога жаночага голасу душа ў пяткі просіцца адразу... Скажы ты, аж тут зямля затрапятала.
– Жанчынка аўтарытэтная, – падтрымаў Шашуру Туравец. – Нічога не скажаш!
Сонца ўжо ўзнялося на вышыню бяроз, калі шафёры і вайсковыя, што стаялі каля машын і сядзелі на ўзбочынах, заварушыліся, забегалі, пачалі перадаваць каманды.
– Сядайце, мінчане! Едзем! – крыкнуў Туравец сваім.
Першыя грузавікі крануліся і пайшлі па дарозе, а следам за імі папаўзла і ўся плынь машын, мінаючы рады белатварых бяроз. Наперад праімчаліся, падскокваючы на каляінах, два легкавыя «газікі».
Хутка Туравец убачыў поле бою. Усюды былі відаць неглыбокія варонкі, акаймаваныя камякамі суглінку і супесі, і ўсюды ў перамятым жаўцеючым жыце, у кюветах, на сцежках за імі, а то і проста на дарозе валяліся трупы, у мундзірах і без мундзіраў, часам густа, адзін пры адным. Каля адной варонкі ў кювеце ляжала мінамётная пліта без ствала і адарваная нага з запыленым ботам. Было раскідана многа рознага ваеннага снаражэння – ранцы, кацялкі, шынялі, каскі. На павозках, кінутых каля купы алешніку, пры самай дарозе, ляжалі мяшкі з мукой ці з чым іншым, цынкавыя патронныя скрынкі; каля мяшкоў гаспадарылі некалькі пехацінцаў, якія зносілі іх на свой грузавік...
Мінуўшы гэтую мясціну, машына пайшла хутчэй. Цяпер ужо не было відаць ні трупаў, ні варонак, ні кінутых снарадаў,– насустрач бегла звычайная каляіністая дарога. Туравец узрушана ўзіраўся удалеч, чакаючы, калі з'явяцца знаёмыя абрысы горада, хоць і ведаў, што да Мінска яшчэ не менш як два дзесяткі кіламетраў.
Каля Трасцянца грузавік уз'ехаў на асфальт Магілёўскага шасэ, прыстроіўшыся між іншых грузавікоў, якія ішлі ў Мінск.
На ўскраіне горада, дзе пачынаўся брук, машына спынілася, таму што сталі пярэднія. Насустрач ішло некалькі грузавікоў, у кузавах якіх сядзелі салдаты. Туравец расчыніў дзверцы і, стоячы на падножцы сваёй машыны, стаў углядацца ў твары пехацінцаў, што хутка набліжаліся, міналі яго і аддаляліся. Групка за групкай, кузаў за кузавам...
Знянацку ў адным кузаве ён убачыў чалавека, які здаўся яму вельмі падобным да сына.
«Юрка?!»
Туравец ад неспадзяванасці не паверыў адразу, завагаўся, паімкнуўся гукнуць, але машына ўжо адышла ад яго.
«Няўжо Юрка?!» Бацька верыў і не верыў. Пехацінец вельмі нагадваў сына, але хіба гэта не мог быць хто-небудзь іншы, падобны да яго,– тым больш, што бачыць хлопца давялося толькі адзін міг ды яшчэ ўпершыню ў вайсковым адзенні...
Ад гэтых разваг Туравец і не заўважыў, як грузавік зноў затросся на бруку.
2...
Ледзь толькі Туравец увайшоў у гарком, ён убачыў, што гарком працуе. У памяшканні былі наведвальнікі. Першым, каго Туравец спаткаў са знаёмых, была пажылая жанчына, з шырокім тварам і маленькім кірпатым носам, з на дзіва прыгожымі залацістымі валасамі.
Яна да вайны працавала інструктарам аднаго з мінскіх райкомаў, і хоць калісьці яны ведалі адзін другога мала, Туравец цяпер узрадаваўся сустрэчы з ёй так, быццам спаткаў вельмі дарагога друга.
Туравец ад яе даведаўся, што гарком пачаў працаваць сёння, што Малінін ужо тут, што прыехаў ён з Навабеліцы і прывёз з сабою каля дваццаці работнікаў.
Яны ехалі з Навабеліцы на трох машынах, на чацвёртай везлі розныя рэчы і харчы. Ехалі разам з войскамі. Дабірацца да Мінска было цяжка: на пераправах амаль усюды даўжэзныя чэргі, на дарогах цэлае разводдзе машын, вайсковай тэхнікі.
– Малінін выручыў усіх, – казала жанчына, увесь час усміхаючыся шырока, неяк па-дзіцячы ясна. – Каб не ён, мы яшчэ і цяпер недзе ў дарозе плылі б. Ой, цяжка было б нам без яго... Ну, а з ім – нам усе дарогі былі адкрыты. Ён жа ехаў у генеральскай форме. Як паявіцца дзе-небудзь з нашымі машынамі – усюды ў першую чаргу прапускаюць. Ды яшчэ чэсць аддаюць!..
Яна сказала, як знайсці Малініна. Убачыўшы Тураўца, Малінін, мімаволі зашпільваючы верхнія кручкі генеральскага кіцеля, падышоў да яго і моцна, па-сяброўску абняў.
– Даўно мы не бачыліся, Нічыпар! – ён выпусціў Тураўца з абдымкаў, і ў шэрых вачах пад густымі чорнымі брывамі заблішчала радасць: – Вось добра, што прыехаў! Работа тут цябе чакае! З самай раніцы... Дарэчы – я цябе не мог папярэдзіць – бюро рашыла даручыць табе аддзел кадраў гаркома...
– Крыху нечакана, – задумаўся Туравец. – А... калі за справы брацца?
– Ну, калі ж? Хіба можна такія пытанні задаваць?.. Зараз жа, таварыш загадчык аддзела кадраў...
І Малінін папрасіў Тураўца расказаць, якія людзі прыехалі з ім, дзе хто з іх добра можа працаваць.
– Сядай тут поруч і давай спіс. Возьмемся за справу!..
Прысеўшы за стол, накрыты сіняй маскіровачнай паперай, яны папярэдне памеркавалі, каго з партызан куды трэба паслаць.
– Як будзем, па адным выклікаць, ці... усіх папросім?
– Кліч усіх, Нічыпар Паўлавіч... Гэта ж іх і твая апошняя партызанская сустрэча і першае мірнае развітанне!.. Да таго ж няхай пабачаць, колькі для нас, камуністаў, тут у горадзе працы. Хай паглядзяць на сваё месца, адсюль, з гэтага КП...
– Так, ім карысна будзе пабыць тут разам... Зараз паклічу.
Партызаны, якія набліжаліся да дзвярэй гаварлівым натоўпам, уваходзячы ў пакой, адразу прыціхалі, стараліся не грукаць ботамі. Вітаючыся з Малініным, часцей за ўсё – па пачыну Шашуры – спачатку паваеннаму казыралі і толькі пасля таго, як сакратар працягваў руку, паціскалі яе «па-цывільнаму».
– Прашу сядаць, таварышы. Ды пабліжэй! – Малінін пазіраў, як партызаны, стукаючы, шоргаючы стуламі і табурэтамі, уладжваліся перад яго сталом і крыху далей, каля сцяны.– Усім хапіла месца, здаецца?.. Тады, каб не марнаваць часу, пачнем...
Так, гэта была яшчэ як бы партызанская сустрэча, што збоку амаль нічым не адрознівалася ад якой-небудзь нарады перад баявой аперацыяй. Партызаны яшчэ нярэдка, калі іх пытаўся Малінін, станавіліся смірна, адказвалі потка, залішне галосна. Але самі людзі і нават Туравец гэтага не заўважалі, – іх хвалявала і радавала іншае, нязвычнае, якое прымушала ўсіх, хто сядзеў у гэтым кабінеце, адчуваць сябе неяк асабліва, па-святочнаму, нават урачыста. Малінін кожнага распытваў пра даўнія мірныя спецыяльнасці, пра тое, што звычайна было недзе толькі ў памяці, у мінулым або хіба ў марах... А самае хвалюючае падыходзіла тады, калі сакратар гаркома гаварыў:
– Гарком рашыў вас накіраваць на працу...
І тады людзі проста, нібы ў казцы, перайначваліся: хто станавіўся дырэктарам электрастанцыі, школы, хто – начальнікам пашпартнага стала, хто – загадчыкам аддзела камунальнай гаспадаркі. Уставалі, калі сакратар гаркома выклікаў іх, партызанамі, а сядалі зноў на сваё месца «мірнымі» начальнікамі...
«Загадчык аддзела!– здзіўляўся Шашура.– Быў разведчыкам, а цяпер загадчык аддзела камунальнай гаспадаркі. І трэба ж, каб такую пасаду далі разведчыку!.. Эх, дарэчы,– схамянуўся падрыўнік, – трэба заўтра забегчы да яго, папрасіць хоць пакой. Дасць ці не дасць? Ліха яго ведае, якім ён сябе пакажа на гэтай новай пасадзе... Павінен даць, душа з яго!» – падрыўнік прыгадаў Аксінню, уявіў сябе з ёю ў гэтым будучым пакоі, – ад чаго ў грудзях яго прыемна пацяплела.
Потым неспакойнага падрыўніка захапіла праблема: а куды ж яго пашлюць! Слесарам, сталяром? На начальніка пашпартнага стала, ён, напрыклад, не падыдзе – вельмі вёрткі. Там трэба сядзець многа... Шашура такім спосабам перабраў некалькі пасад, як паклікалі да стала яго.
– Табе, Шашура, прыдзецца заняцца арганізацыяй харчавання, – сказаў яму Туравец, які сядзеў збоку ад Малініна. – Будзеш дырэктарам вялікай сталоўкі. Што табе трэба? Даць харчаванне рабочым, служачым. Справа вельмі пачэсная!.. Памяшканне...
Туравец глянуў на сакратара. Той устаў з-за стала і загаварыў да Шашуры:
– Памяшканне ёсць. Праўда, таварыш Шашура, трэба будзе яго падрамантаваць... Падабраць кухараў, афіцыянтак. Знайсці мэблю, пасуду, – мэблю можна, дарэчы, узяць у рэстаранах, якія тут працавалі... Там яна, кажуць, засталася... Прадукты – будуць, але першымі днямі, пакуль не наладзім падвоз, вы атрымаеце вельмі мала. З тых складаў, што ўдалося захапіць... Адным словам, патрэбна добрая гаспадарлівасць, ініцыятыва. Ну, вядома, і знаходлівасць партызанская!.. Так, так – знаходлівасць! Не здымайце яе з узбраення... Ну, вось усё. Задача, па-мойму, ясная? Ясная. Тады – астаноўка за вамі.
– Калі можна што-небудзь зрабіць, таварыш сакратар, за мной астаноўкі не будзе...
– Пабачым...
Так былы падрыўнік атрымаў першае мірнае заданне.
3...
Калі партызаны разышліся, Малінін правёў Тураўца і паказаў загадчыку аддзела кадраў яго «кабінет». Гэта быў даўгаваты пакойчык з адным акном, каля якога стаяў стол і два табурэты, а каля сцяны – зеленаватая нямецкая шафа. Пакойчык быў ужо чыста вымецены і нават памыты. Застаўшыся адзін, Туравец вышаў і хутка вярнуўся з рэчавым мяшком і курткаю.
Павесіўшы куртку на цвічок, а мяшок паклаўшы каля дзвярэй, ён падышоў да акна, паглядзеў на асветленую сонцам вуліцу, на пустыры з абодвух бакоў яе. Расчыніў акно...
Трэба пачынаць. З чаго? Ён ведаў, з чаго: гораду патрэбны і дырэктары заводаў, і інжынеры па электрычнасці, і добрыя фінансісты, і старшыні арцеляў, і клубныя работнікі. Дзесяткі важных устаноў і прадпрыемстваў чакаюць людзей...
Чакаюць. Але людзей гэтых пакуль – на бяду – мала. Вельмі мала. Амаль няма... Туравец пачуў, што ззаду расчыніліся дзверы, і азірнуўся.
– Выбачайце,– сказаў, уваходзячы, хударлявы, прыгожы, немалады чалавек. – Думаў, што нікога няма. Не пастукаў... Голуб, урач...
– Помню вас, таварыш Голуб. Добры дзень! Вы ў мяне – першы, самы пачэсны, значыць, госць...
Цяжка давялося «самаму пачэснаму госцю». Успомніўшы тое-сёе з Голубам, парадаваўшыся сустрэчы, даведаўшыся, дзе ўрач быў,– аказалася, у партызанскім шпіталі,– Туравец запытаўся:
– Значыцца, думаеце заняцца практыкай: лячыць вушныя хваробы і пісаць дысертацыю?
– Так-так, дысертацыю. Абавязкова. Мне ўжо даўно трэба было напісаць яе, ды, ведаеце самі – вайна...
– Так, дысертацыя – добрая справа,– падтрымаў Голуба Туравец. – Матэрыял цікавы, праўда?
– Многа цікавага накапілася. Тры гады як-ніяк...
– Вопыт, напэўна, вельмі каштоўны?
– Каштоўны!
– Гэта добра, вельмі добра!
І такім жа лагодным, зачараваным тонам раптам запытаўся:
– А ці не ўзяліся б вы, таварыш Голуб, – часова, вядома, – за такую справу: загадваць аддзелам аховы здароўя, а? Часова, паўтараю, на некалькі месяцаў... Вельмі патрэбная справа! А?
– Патрэбная, – згадзіўся ўрач.
– Вельмі патрэбная, – падхапіў Туравец, пераходзячы на той асобы прыяцельскі тон, у якім было і давер'е, і надзея, і пры якім субяседніку, як ведаў Туравец, цяжка станавілася адмаўляцца. – Нават – неабходная!
Голуб спахмурнеў, задумаўся і адказаў, як бы просячы выбачэння, што не можа ўзяцца за гэтую справу.
– Чаму?
– Не магу. Не спраўлюся.
– Вы не справіцеся? Я, прызнаюся, не веру ў гэта.
– Як гэта не верыце?
– Не веру, што вы не справіцеся! Адзінае, што я адчуваю з вашага адказу, будзем гаварыць шчыра: вы не хочаце мяняць сваіх планаў... так? – Туравец узняўся.– Я, Ціхан Сяргеевіч, разумею ваш настрой. Пісаць дысертацыю, аб якой столькі год думалі... Больш таго, я лічу, што вы маеце на гэта поўнае права. Але,– загаварыў неяк асабліва ўзрушана Туравец,– нам патрэбны людзі на некаторых, найбольш важных участках. Вы разумееце? Вельмі патрэбны, дазарэзу! У тым ліку і там, куды мы хочам вас паслаць. Там павінен быць сёння-заўтра чалавек, інакш сарвецца вельмі важная справа... Наладзіць медабслугоўванне трэба як мага хутчэй. Чым раней, тым лепш!.. У Мінску цяпер тысячы хворых і скалечаных, вы разумееце?..
Туравец неспакойна прайшоўся. Голуб падумаў пра Тураўца: які ўчэплівы! – крыху няўпэўнена прамовіў:
– Вы так гаворыце, быццам я абавязаны пайсці.
– Так, вы не памыліліся. Я лічу, што вы, Ціхан Сяргеевіч, абавязаны пайсці, – пераканана сказаў Туравец. – Калі вы адчуваеце, у якім становішчы горад – а вы адчуваеце гэта – і калі вы ведаеце важнасць вашай працы, вы павінны пайсці...
Голуб, нарэшце, згадзіўся. Хіба можна ўтрымацца перад логікай гэтых довадаў? А Туравец, расказаўшы Голубу пра яго абавязкі і развітваючыся, загаварыў інакш:
– Прыдзе час – будзеце пісаць. Што ж зробіш,– давядзецца пакуль пачакаць. А падшукаем іншага чалавека – адпусцім... Толькі ўмова, Ціхан Сяргеевіч,– да той пары працаваць па-сапраўднаму. Ніякай скідкі на тое, што мала вопыту ў кіраванні, не будзе. Не дадзім спуску!
– Ну, ды ўжо, калі ўзяўся... то колькі здолею!
У гэты час у пакой ступіў чалавек у вайсковай форме, але без пагонаў. Ён быў вельмі запылены,– відаць, чалавек прышоў сюды проста з дарогі. Падарожны адразу накіраваўся да Тураўца.
– Міхалап, – адрэкамендаваўся ён, сочачы за выразам твару Тураўца: – помніць ці не?
Туравец успомніў, узрадавана, ад душы паціснуў руку.
– Які вецер занёс сюды?! З партызан? Не, ты нешта больш нібыта на ваеннага падобны...
– Ваенны. Са шпіталя паслалі ў распараджэнне ЦК КП(б) Беларусі, а адтуль – сюды... За наступаючымі войскамі, можна сказаць, з другім эшалонам. А ты?
– А я? Ат, што я! У лесе ўсё быў...
– Ну-ну, па-ранейшаму ўсё любіш скромнічаць?.. Ага, – успомніў Міхалап,– дарэчы кіламетраў восемдзесят падвёз твой сын...
Туравец узрушана пачаў распытваць, дзе гэта было і што сын расказваў, і якім здаўся ён Міхалапу ў вайсковых абставінах. Туравец быў вельмі шчаслівы, чуючы, што сына таварышы паважаюць...
Потым ён запытаўся, дзе давялося быць Міхалапу за гады вайны. Ён слухаў расказ пра гэта з захапленнем: слаўны шлях прайшоў зямляк: абараняў Севастопаль і Сталінград, вызваляў многія гарады. Біяграфія яго, Тураўца, у гады вайны куды бяднейшая...
Вось каму даручыць кіраваць вялікім, амаль дашчэнту зруйнаваным станказаводам, дзе патрэбен асабліва моцны чалавек. Такі, можна спадзявацца, наладзіць справу!.. Ён зайшоў да Малініна, каб параіцца з ім пра гэта, але сакратар захацеў сам пазнаёміцца з Міхалапам.
Аб чым гаварыў Малінін з Міхалапам, Туравец не чуў, бо яго чакалі наведвальнікі, і ён адразу вярнуўся ў свой пакой. Жанчына год трыццаці,– яна да вайны была настаўніцай біялогіі, – камечачы ў руках даўно паблеклы капялюшык, гаварыла няўпэўнена:
– Я да вас, таварыш, за парадай: што рабіць? Хутка верасень, а ў нас у школе ніводнай парты, ніводнага падручніка ці кнігі.
Тураўцу было радасна, што настаўніца непакоіцца пра тое ж, што і ён. Відаць, насумавалася па любімай справе, зачакалася!
– Так, верасень ужо блізка... Праляціць паўтара месяца – і зноў малыя натоўпамі, з кніжкамі, са сшыткамі паплывуць, як ручайкі ў рэкі, да школ. Зазвіняць званкі... Даўно, даўно я не чуў гэтых званкоў. Прыду першага верасня да школы, спецыяльна прыду, стану і буду слухаць званок!..
– Дык, значыцца, першага верасня... пачнецца?
– Абавязкова. Гарком зробіць усё, каб пачаць у час. Перадайце гэта ўсім настаўнікам... Скажыце, што нам – і дзецям – патрэбна ваша дапамога, настаўнікаў. Якая? Зараз скажу... У школах будзе пакуль, відаць, цяжка з падручнікамі: каб надрукаваць іх, патрэбен час. Адразу не надрукаваць тысячы, праўда?
– Праўда, – кіўнула настаўніца.
– Таму трэба наведаць вучняў і сабраць, у каго ўцалелі, кнігі... У хуткім часе будзем рабіць улік дзяцей школьнага ўзросту. Тут мы таксама папросім настаўнікаў...
– Ды я... ды мы – хоць сёння! – не ўтрывала настаўніца.
Голас яе задрыжаў: – Я столькі чакала гэтага!.. Аж не верыцца... што зноў усё...
Ашчасліўленая, яна раптам устала і пачала хутка развітвацца, быццам некуды спяшаючыся.
Пасля яе ўвайшоў стары мужчына, які пытаўся, куды пісаць, каб даведацца пра лёс сваіх сыноў... З якімі толькі пытаннямі ні прыходзілі ў гэтыя дні ў гарком!
4...
Наведвальнікаў больш не было. Толькі што пайшоў да сябе на завод запылены Міхалап: Малінін адобрыў выбар загадчыка аддзела кадраў.
Туравец прайшоўся па пакойчыку, заўважыў раптам свой мяшок з рэчамі, які яшчэ ляжаў каля дзвярэй, і, адчыніўшы пустую нямецкую шафу, паклаў яго туды.
Акно каля стала было адчынена, і ў пакой плыў цёплы летні вецер, з якім час-ад-часу ўрываўся то стук капыт, то гурчанне вайсковага грузавіка.
Прышла золатавалосая знаёмая, якую ён спаткаў тут першай. Пасміхваючыся па-дзіцячаму шырока, яна напомніла Тураўцу:
– Нічыпар Паўлавіч, пра масы ты не забыўся? Не? Не трэба адрывацца ад мас. Масы чакаюць вашага слова...
– Гэта я з прыемнасцю. Хоць зараз,– адказаў Туравец,– Толькі скажы, куды? Вядома, не на фабрыку і не ва ўстанову?.. Здагадваюся: мусіць, проста – на вуліцы?
– Ты адгадаў – проста там, дзе трапіцца дзесятак – два мінчан...
– Як у першыя дні рэвалюцыі! Ажывае гісторыя...
Так, яму трэба выступіць проста на вуліцы, там, дзе на той час збяруцца групкай людзі...
Перад тым, як пачаць выступленне, Туравец захацеў прайсціся па гораду. Ён ішоў па мінскіх вуліцах у вялікім журботна-гнеўным узрушэнні. Гарбы ўзелянелай бітай цэглы, пустыя вокны, бы сляпыя вочы, высачэзныя дзікія каміны – з гэтым нельга было памірыцца душою.
На вуліцах ціха і амаль пуста. Ён нецярпліва пазіраў на сустрэчных. Ці няма знаёмых? Але знаёмых не было відаць.
Ён зайшоў на Ленінскую – тут, побач з будынкам Камунбанка, які адной сцяной выходзіў на вуліцу Карла Маркса, Туравец жыў да вайны. Уцалелая скалечаная сцяна і балкончык,– балкончык з вазонам,– якія неяк выстаялі дасюль, быццам страшны помнік жонцы, раптам так ярка нагадалі няшчасны, паўзабыты дзень і яе аблічча, што грудзі Тураўца апаліла пякучым нясцерпным болем. Эх, Зося, Зося! Кварталы тры ён ішоў прыгорблены, невідушчы, з пякучым гэтым болем і сумам, з бурай нахлынуўшых успамінаў. Адзінай уцехай было яму тады толькі тое, што зямля, дзе яна жыла і дзе пахавана, ужо вольная.
Намагаючыся адолець сваё гора, ён стараўся сачыць за тым, што праходзіла перад вачыма. Горад быў страшэнна запушчаны і брудны. Нейкія абрыўкі паперы, бітае шкло, бутэлькі, розная дыхляціна, дрот – чаго тут толькі няма на бруку! Ледзь не на кожным кроку выбоіны, ямы. А калі толькі варухнецца вецер,– хмары пяску і пылу... Да чаго давялі, гады!
Ён прайшоў па Савецкай, спусціўся па Камсамольскай на Нямігу, дзе было бруду яшчэ больш, падаўся па вуліцы Мяснікова. Тут ён убачыў каля помпы, што стаяла ў тым месцы, дзе пачынаецца вуліца Розы Люксембург, доўгую чаргу людзей. У горадзе не працаваў водаправод...
А чаму яму не пачаць «размову з масамі» якраз тут? Тут – салдацкія маткі, заўтрашнія работніцы, служачыя, прадаўцы магазінаў, чыгуначнікі. Ён падышоў да чаргі.
– Ці не можна тут у вас напіцца?
– Ды чаму ж! Калі ласка... – яму падалі карэц з вадою; у тыя дні абавязкова быў у каго-небудзь каля калонкі корчык: часта падыходзілі напіцца байцы.
– Папіў – нібы паздаравеў... – ён атрос з гімнасцёркі некалькі пацерак – кропель вады.– Цэлая праблема – вады напіцца! Хто б падумаў... Не ведаю ўжо, як таму, каму на сям'ю патрэбна некалькі Бёдраў у дзень?
Жанчына, якая стаяла праз два чалавекі ад Тураўца, махнула рукою.
– Як? Вось так і стаім... Цэлымі гадзінамі стаяць прыходзіцца...
Другая панура адгукнулася:
– Гэта што, тут хоць дастаішся. А хлеба дзе, дзе дастанеш? Чацвёрты месяц хлеба амаль не бачу...
– Нічога, цяпер нашы прышлі – будзе ўсё.
Сівы чалавек, у заношанай салдацкай гімнасцёрцы, з чырвоным вядром, сказаў, што ўсё адразу не адновіцца – вунь якія руіны. Амаль усё прыдзецца пачынаць спачатку.
– Хутка многае зменіцца! – цвёрда загучаў голас Тураўца. Нічыпар Паўлавіч сказаў, што ўжо сёння пачынае працаваць хлебазавод «Аўтамат».
– Хлебазавод? Дык яго ж, мусіць, узарвалі?
– Спаліць хацелі гітлераўцы. Ды не вышла ў іх... Іх факельную каманду каля завода сустрэлі такім агнём, што яны – хто куды... Падпольшчыкі выратавалі, Валодзя Нядзельцаў з сябрамі.
– Якія малайцы!.. Дык, значыцца, цэлы. І хлеб будзе?
– Будзе.
Гэтая вестка хутка пайшла па чарзе, якая адразу захвалявалася.
– Хто гэта гаворыць? Адкуль ён тое ведае?
– Значыць, ведае.
Людзі пачалі акружаць Тураўца. Некалькі з іх пазнала ў гэтым нізенькім шчуплым чалавеку з густым плецівам чорных валасоў, з гарачымі вачыма былога сакратара суседняга райкома.
Усе з затоеным дыханнем слухалі пра тое, што будзе зроблена ў горадзе бліжэйшымі днямі. Перабівалі нецярпліва:
– А ці хутка пачне працаваць пошта... Ці можа ўжо цяпер дайсці сюды, скажам, з фронта пісьмо?..
– А ці зусім ужо размініравалі Дом Урада? І што – не ведаеце – рабіць з мінамі, якія валяюцца на агародзе? Як бы дзеці не падарваліся!..
– А дзе цяпер немцы? Ці далёка ад Мінска?
– Ці будзе можна дзе-небудзь купіць абутак? Босыя ходзім, аж сорам...
– А ці не ведаеце, дзе знайсці дзіцячага доктара?..
– Няўжо не злавілі гэтага гада Готберга? От, каб злавілі ды прывезлі сюды!
Некалькі чалавек пыталіся пра становішча на фронце. Адказаўшы тым, хто цікавіўся зменамі ў Мінску, Туравец пачаў падрабязна гаварыць пра самае хвалюючае – фронт. Там, на фронце, сыны, бацькі, браты, якіх чакаюць ужо тры гады. Весткі адтуль слухалі са слязамі радасці, як весткі ад блізкіх, і нібы падтрымку надзеі, што пракляты фашыст больш не вернецца.
– Многа працы наперадзе ў нас,– раптам перамяніў кірунак гаворкі Туравец,– многа. І самае галоўнае, прыдзецца рабіць усім нам разам... Усё залежыць ад нас, ад усіх.
– Ясна, што за нас ніхто не зробіць...
– Ды ці ж мы не хочам працаваць? Рукі просяцца самі да працы...
І пачаліся тут роспыты – куды ісці, што рабіць? Што рабіць швейніцы, якая да вайны на фабрыцы працавала? А куды пайсці трамвайшчыку? Ці хутка будзе аднаўляцца трамвай? А ці ёсць ужо работы слесару-сантэхніку. А што таму, у каго няма спецыяльнасці? «Я да вайны вучылася у восьмым класе». Туравец, адказваючы ім, адчуваў, што ім сапраўды вельмі хочацца працаваць...
З ім развіталіся, як з добрым другам.
– Дзякуй вам вялікае. Не забывайце нас, зноў заходзьце сюды... Сцежка вядомая!
– Проста сюды, да помпы!
– Дзякуй, зайду...
Туравец правёў яшчэ адзін такі збор-мітынг каля лістоўкі з загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага пра вызваленне Мінска, дзе сабралася два дзесяткі чалавек.
Ён вяртаўся назад весялейшым. Цяпер, калі ён ішоў па Савецкай ці па вуліцы Энгельса, ішоў нейкі радасны і нібы дужэйшы, жахлівая спусцеласць вуліц і руіны здаваліся не такімі страшнымі. «Думаеш, не падымемся! – сам сабе, у думках, заспрачаўся Туравец з тым, хто разбурыў і спаліў усё. – Не падымемся? Эх ты, гадаўё фашысцкае!..»
Спускаючыся ўніз, каля Дома Чырвонай Арміі, ён падумаў, што вось ужо і ўвайшоў у той чаканы мірны свет. Адразу.
Раздзел ІІІ
1...
Лейтэнант Клямт яшчэ па той бок Бярэзіны прыстаў да адной невялікай адступаючай часці, якая хутчэй нагадвала натоўп.
Трэба сказаць, што такіх часцей у немцаў тады было ўжо нямала. Знявераныя, дэмаралізаваныя, салдаты часта адставалі ад сваіх падраздзяленняў, стыхійна далучаліся да першага вайсковага натоўпу або паходнай кухні. Такія групы ўвесь час абрасталі новымі спадарожнікамі і гублялі іх пры кожным баі. Склад гэтых натоўпаў увесь час змяняўся, і цяпер у дывізіях часта былі не толькі салдаты, а і афіцэры з самых розных часцей, розных родаў зброі.
Але ў гітлераўцаў былі яшчэ і вельмі моцныя групы, добра ўзброеныя і дысцыплінаваныя. Па дарогах рушылі часамі цэлыя дывізіі амаль у поўным складзе.
Пасля здарэння ў лесе, калі Трэйдэ здрадзіў лейтэнанту і хацеў выдаць яго рускім, Клямт стаў адносіцца да сваіх спадарожнікаў недаверліва і насцярожана. Хоць ён трымаўся разам з групай, яму цяпер нярэдка прыходзілася душыць у сабе спакусу кінуць усіх і прабівацца аднаму.
Клямту ў гэтыя дні пашанцавала. Тады, калі ён ужо не мог ісці далей – былі да крыві сцёрты ногі,– яму пашчасціла выпадкова на ўзлессі натрапіць на вандроўнага каня. Клямт, хаваючыся за дрэвамі, непрыкметна падабраўся да яго і ўчапіўся ў рудую грыву. Калі лейтэнант праехаў некалькі кіламетраў, пяцёра салдат неспадзеўкі напалі на яго, намерваючыся сцягнуць на зямлю і адабраць каня.
Лейтэнанту ледзь удалося адбіцца. Каб не застацца зусім без каня, Клямт, добра разважыўшы, уступіў яго аднаму обер-лейтэнанту. Ехалі па чарзе.
На ўскраіне адной вёскі калону спынілі. Тут стваралі новую часць. Лейтэнант, патупаўшы, пацёршыся сярод незнаёмых, каторых затрымалі тут раней, нечакана спаткаў свайго ефрэйтара Келера, пра якога ўжо даўно, мусіць, дзён пяць, нічога не чуў і не ведаў. Ён чамусьці вельмі ўзрадаваўся спатканню з Келерам, і калі Клямту далі ўзвод, папрасіў, каб ефрэйтара накіравалі да яго. Як-ні-як, Келер быў смелы ваяка, і што там ні кажы, хоць і з «грашкамі», але ўсё ж «свой». Акрамя яго, ва ўзводзе не было ні аднаго знаёмага салдата.
Камандаваў часцю аднавокі, магутнага росту маёр. Сабраўшы афіцэраў у садзе, ён люта гаварыў, што трэба зараз жа, не шкадуючы нікога, устанавіць парадак і дысцыпліну, ён здаўся Клямту вельмі моцным і настойлівым чалавекам.
Пад вечар маёр загадаў прывесці ў роту, у якой знаходзіўся ўзвод Клямта, дэзерціра і пастроіць салдат. Ён сам выступіў перад строем, называючы ўцекача здраднікам і баязліўцам.
Салдаты слухалі панура. Скончыўшы прамову, маёр навёў сваё адзінае вока на Клямта і, павольна змерыўшы яго з галавы да ног, спакойна загадаў расстраляць уцекача. Лейтэнант казырнуў, падышоў да салдата, на хаду вымаючы з кабуры пісталет, і, амаль не цэлячыся, стрэліў у патыліцу. Салдат, ірвануўшыся напаследак, упаў тварам у зямлю. Клямт наском бота грэбліва пакратаў яго, памацаў пульс: уцякач быў мёртвы. Другой кулі не спатрэбілася. Аднавокі павярнуў сваё вялізнае цела да салдат і сказаў:
– Так я распраўлюся з кожным, хто не будзе выконваць мае загады.
Але падзея гэта, як заўважыў потым Клямт, не зрабіла таго ўражання, якога чакаў і на якое разлічваў маёр. Салдаты сталі толькі больш насцярожанымі і панурымі.
Увечары, кладучыся спаць у траве за агародамі, дзе яго ўзвод заняў пазіцыю, Клямт пачуў абрывак нечай гаворкі пра тое, што хлопца марна звялі.
– Усё-ткі ён, можа, і не вінаваты.
Клямт здзівіўся, як гэта можна шкадаваць здрадніка...
Келер, які сядзеў поруч, здымаючы нанач боты, буркнуў да Клямта:
– Які ён здраднік? Каму ён, лейтэнант, здрадзіў?.. Радзіме?.. А што Такое радзіма? – па тым, З якім прытоеным болем Келер гаварыў, адчувалася, што ён ужо многа думаў пра яе.
– Ты не ведаеш?
– Я, лейтэнант, пачынаю блытаць, што гэта такое...
– Глупства вярзеш...
– Глупства? Не, не глупства. Радзіма – гэта «фюрэр», так? Але я ў апошнія часы больш – прызнаюся – думаю пра маці і пра сястру. Маці любіць мяне і будзе шкадаваць, калі я тут выпручу ногі. А ён...– хоць Келер не назваў «яго», Клямт здагадаўся, аб кім размова.– Келер памаўчаў, стрымліваючы сябе, але не стрымаўся, рашуча скончыў:
– Здаецца, напляваць яму на мяне, калі ён кінуў мяне ў гэтую мясарубку і загадвае памерці... – зноў памаўчаў. – А маці хоча, каб я жыў. І я хачу жыць, разумееш, хачу жыць! Разам з ёю, з сястрою, спакойна...
– Але як ты, безгаловы, не цяміш: не будзе фюрэра – Германія загіне.








