Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 25 страниц)
Нарэшце, пачуліся частыя і важкія выбухі бомб. Яны глушылі ляскат зенітак. Бомбы грукаталі як бы чэргамі, – выбухне некалькі бомб, потым наступае малая пауза, пасля якой зноў чуваць: гу-гу-гу. Сцены каземата і падлога пры кожным выбуху ўздрыгвалі.
– Гэта на Таварнай!.. – радасна крыкнула Ніна Красуцкай.– Бамбяць Таварную! Ой, ды як моцна! Што там цяпер робіцца, на Таварнай?! Эх, каб пабачыць!.. Чуеце, як грымнула. О, яшчэ раз! Чуеце?..
– Толькі б уцэлілі добра... – прашаптала на вуха Ніне Красуцкая.
Ніна ведала, што значылі гэтыя словы. На Таварнай амаль заўсёды стаяць эшалоны з боепрыпасамі...
– Уцэляць! Яны ўцэляць!.. О, чуеце, яшчэ – якія выбухі!.. Гэта ўжо ў іншым баку.
– На станкабудаўнічым...
Так, самалёты бамбілі і станкабудаўнічы завод, дзе гітлераўцы рамантавалі танкі і гарматы... Ніну перапаўняла такая радасць, якой яна даўно не ведала. Калі яшчэ тут гарэлі гэтак весела яе вочы, у якіх цяпер адбіваліся зарніцы выбухаў!..
Вось яно, яе шчасце. Прышло! Парадавала!
– Дзякуй вам... дзякуй, – шаптала Красуцкая.
У камеры ўзрушана гаварылі. Хтосьці засмяяўся, забываючыся пра сваё становішча. Праз тоўстыя сцены ўсё прабіваліся гукі выбухаў – ггах, га-гах...
Самалёты адбамбіліся, павярнулі назад. Гул сцішыўся, сціхлі зеніткі, а ў камеры яшчэ доўга панаваў той радасны, абнадзейлівы настрой, які прынеслі самалёты.
Па сценах трапяталі чырванаватыя водсветы.
– Відаць, недзе гарыць склад... – не магла маўчаць Ніна. – Мусіць, снарады! Глядзіце, як успыхвае!..
Яна падумала, што лётчыкі, магчыма, карысталіся тымі весткамі, якія прынесла яна з горада. Можа, іх камандзір па яе карце-схеме выбіраў аб'екты для бамбёжкі.
Значыцца, яна не дарэмна рызыкавала...
6...
Клаву прывезлі сюды з лагера, што быў на вуліцы Шырокай.
Калі людзі пачалі выходзіць з машын, гітлераўцы, якія канваіравалі арыштаваных, адабралі некалькі чалавек, першых, якія трапіліся. Між іх была і Клава. Ім адразу загадалі ўзняць рукі і, нічога не гаворачы, пагналі да нейкай нізкай і доўгай пабудовы, падобнай на хлеў, якая цямнела ў ранішнім змроку.
– Гей ты, чаго стаіш, як пень!.. Рус ферфлюхтэн!..
Клаву ўпіхнулі ў будыніну.
Яна ступіла крок наперад і неспадзявана спаткнулася аб штосьці мяккае, што ляжала на зямлі.
Амаль у той жа час поблізу пранізліва заляскала аўтаматная чарга. Штосьці моцна тузанула яе ў спіну, і яна, яшчэ нічога не цямячы, упала тварам уніз...
– «Гэта – канец?» – праплыло здзіўлена і трывожна ў галаве. Яна не адказала сабе, бо не ведала, што гэта, ды і не шукала адказу...
Адчуваючы, як унутры ўсё пахаладзела, Клава чакала, што зноў пачнуць страляць па ёй. Але некалькі хвілін было ціха. Тыя хвіліны цягнуліся вельмі марудна. Напэўна, нічога не магло быць горш гэтага: ляжаць, чакаць смерці.
Ёй страшэнна хацелася падхапіцца і бегчы, бегчы – абы-куды, толькі б не ляжаць тут, не чакаць.
Але яна стрымлівалася, – ці таму, што навакольнае было такім незвычайным, жахлівым, што яна не магла сабраць думкі да якога-небудзь ладу, ці таму, што, усёй душой цягнучыся да жыцця, яшчэ спадзявалася, што ўдасца як-небудзь вырвацца. Як бы там ні было, Клава ляжала нерухома.
Яна не застагнала, не паварухнулася і тады, калі двое схапілі яе за рукі і павалаклі. Плячо яе пры гэтым апаліла такім болем, што яна ледзь не страціла прытомнасць. Яе кінулі ў нейкую яму.
Прыводзілі арыштаваных – заўважыла Клава – яшчэ некалькі разоў. І зноў чуліся крыкі людзей і лаянка гітлераўцаў.
– Н-ну, жвавей! Чорт пабяры... Ідзі!..
– Не пайду! Страляй тут, паскуда арыйская!
– Гей, пагавары! Штыль!.. Маўтшаць! Маўтшаць!
– І так намаўчаліся! Хопіць. – І на ўвесь голас: – Смерць вашаму Гітлеру, іуды! Усім вам!.. Гады вы! Падкалодныя!
– Страляй, сволач! Страляй! Хутка прыдуць нашы. Яны табе...
Нечы дзявочы голас прасіўся: «мамачка любая... мамачка мая...» Хтосьці моцным, урачыстым басам заспяваў:
«Кипучая, могучая, никем непобедимая
Страна моя, Москва моя!..»
Гэтыя воклічы і галасы абрываў, глушыў рэзкі ляскат аўтаматаў. Цемру раздзіралі стогны і лямант.
Два забітыя, якіх гітлераўцы сапхнулі ў яму, прыціснулі Клавіны плячо і ногі. Ёй было балюча, але яна маўчала.
Раптам штосьці вогненна зіхнула, ударыў выбух. Адзін, другі. Яна здагадалася, што гэта гітлераўцы кідаюць гранаты, каб дабіць параненых.
Адна граната выбухнула так блізка, што гром яе на хвіліну аглушыў Клаву. Але дзяўчына засталася жывой, бо яе прыкрыў сваім целам забіты.
Потым загучалі рэзкія галасы каманды, воклічы, і, нарэшце, стала ціха. Аўтаматчыкі, відаць, адыходзілі, таму што галасы іх паволі глушэлі.
Яна асцярожна павярнула галаву. Непадалёк чарнеў ледзь відны ў змроку салдат, які з нейкай пасудзіны абліваў забітых. Далей, за ім стаяў яшчэ адзін гітлеравец. Яна чула, як, плюскочучы, льецца вадкасць. Ёй даў у нос едкі пах бензіну, і да яе дайшла страшная здагадка:
«Нас збіраюцца спаліць!»
Клаву ад гэтай думкі нібы абдала гарачай хваляй; зрабілася жахліва млосна. Ёй зноў захацелася ўскочыць і бегчы, бегчы. Але яна ўсё ляжала...
Неўзабаве ў салдат здарылася нейкая замінка, і яны, перакінуўшыся двума-трыма словамі па-нямецку, сталі выбірацца з ямы.
У аднаго, калі ён выходзіў, бразнула моцна аб нешта цвёрдае пасудзіна...
7...
Калі непаспешлівыя крокі і галасы салдат пачалі аддаляцца, Клава першы момант яшчэ ляжала, нібы нежывая. Яна не адразу і зразумела, што адбылося. Але хутка ў гарачым змроку, што поўніў яе галаву, штосьці заяснела, затурбавала. Тады да яе ўжо выразна дайшло, што крокі аддаляюцца, што адбылося нешта асаблівае, і гэта Клаву быццам абудзіла.
Чуючы, як ураз забілася сэрца, яна з натугай вызваліла плячо і, крыху ўзняўшы галаву, стрымліваючы боль у плячы, ва ўсёй спіне, спасцярожліва азірнулася навокал.
Тут нікога больш не было. У яе ўспыхнула з новай прагай надзея, ад якой сэрца закалацілася гулка, часта.
Нікога?! Няўжо – нікога?!
Яна, не верачы, азірнулася ў другі раз. Так, навокал не было нікога! Ніводнай постаці з тых! Ніхто не сачыў за ёю, ніхто не перашкаджаў...
Ціха, пуста.
Толькі чуўся глыбокі, з нутра, пакутлівы стогн кагосьці з параненых: – Ы-ых, ы-ых.
Няясная надзея стала нястрымным, палючым жаданнем – уцячы, выратавацца!..
Яно прыдало аслабелай дзяўчыне дужасці. Клава, да якой вярнулася жвавасць думак і рухаў, не трацячы ні хвіліны попусту, паспрабавала варухнуцца, каб скінуць з сябе важкі труп, які прыціснуў ногі і паясніцу. Труп быў нібы каменны, нават не зварухнуўся ад яе натугі. Клава апала з крыўдай і знямогай. Але праз момант яна зноў узнялася, што сілы ўпіраючыся рукамі, напружваючы спіну.
Труп, нарэшце, крыху асунуўся ніжэй, і ёй палягчэла. Яшчэ адно намаганне, яшчэ, і вось толькі ногі яе да каленяў заціснуты. Але ногі яна можа выцягнуць.
Выцягнуўшы ногі, адчула, што змарылася. Але адпачываць не стала. Няма калі.
Нарэшце, яна можа падняцца. Клава на коленцах дабралася да краю ямы, абаперлася аб яго рукамі, адчуўшы пад пальцамі мокрую і слізкую зямлю. Узлёгшы на край яе грудзямі, уперлася каленямі. Выбралася.
Два крокі – і яна апынулася каля варот, у якія цьмяна шарэў двор.
Тут Клава прыпынілася. Хоць ёй хацелася хутчэй, хутчэй бегчы, хоць яе адсюль быццам штурхала штосьці вялікае, нецярплівае, яна стрымалася. Можна было здзівіцца яе разважлівасці ў такі час.
Тулячыся да шурпатага вушака, яна асцярожліва выглянула.
Нікога не відаць. Цішыня...
Толькі сэрца гулка і важка б'ецца – і яго ўдары гучаць у цішыні, як грымоты. Клава прыціснула руку да грудзей, як бы стрымліваючы яго ці суцішаючы, – здавалася, што яго гул могуць пачуць...
Куды бегчы? У які бок?
Яна хацела была кінуцца ўлева, калі адтуль пачуліся недалёкія павольныя галасы немцаў.
Відаць, салдаты вярталіся.
Каб не гэтыя галасы, Клава наскочыла б на гітлераўцаў, але на шчасце, яна пачула іх у час. Забойцы самі неспадзявана для іх як бы перасцерагалі Клаву: жыццё яе залежала ад нікчэмнай выпадковасці.
Слухаючы галасы, у якіх дзяўчыне чулася пагроза, хоць гітлераўцы гаварылі зусім будзённа і ціха, яна, не марудзячы ні секунды, рашуча, без роздуму кінулася ў вароты.
Прыціснуўшыся да сценкі, як толькі было можна, яна ценем шмыгнула за вугал будынка.
Клава ледзь управілася схавацца за вуглом, калі з другога боку з'явіліся дзве постаці, што неслі ў руках поўныя пасудзіны.
Прыпыніўшыся, прыціскаючыся да бярвенняў, замёршы так, што сэрца нібы спынілася, яна прыслухалася да іх галасоў і крокаў – ці не заўважылі?! Ці не ідуць сюды? – і разам з тым насцярожана і прагна акінула позіркам месца навокал.
Яно было пустое і адкрытае: ні кусточка, ні лагчынкі, дзе б можна было прапаўзці, стаіцца ад чужых вачэй, прыхавацца. І змрок шарэў па-ранішняму рэдкаваты, здрадлівы, і цішыня панавала зманлівая, непатрэбная. Чаму цяпер не глухая, асенняя ноч, не цемра, якая хавае чалавека, не вецер, які глушыць крокі...
Справа хтосьці хадзіў, – напэўна, вартавы, якога было слаба відаць у прыцемку. Каля вартавога чарнеліся ў рад слупы, там – мільганула ў Клавінай галаве – напэўна, цягнецца агарожа. Вунь, лявей, яшчэ адна постаць.
Як тут выбрацца?
Марудзіць нельга было. Яна гэта не толькі помніла, яна гэтым жыла. Гэта было самае галоўнае ў яе душы. Як толькі дзяўчына агледзелася, яна адразу ж пачала адпаўзаць – хутчэй, хутчэй, ад гэтага страшнага месца.
Эх, чаму светла навокал! Здаецца, кожны яе рух відаць здалёк. А можа, яе ўжо заўважылі? Вунь вартавы чамусьці спыніўся...
Прыпаўшы да зямлі, не варушачыся, яна стала ўзірацца: не, гэта ён так, ён не бачыць яе, – вось ён зноў патупаў. Клава аддыхалася: тады, калі яна сачыла за вартавым, яна перастала дыхаць.
Цяпер можна прабірацца далей, асцярожней і смялей, пакуль не позна.
Шлях гэты ёй вельмі сцягнуўся. Клава яшчэ некалькі разоў прыпынялася, прыслухоўвалася, узіралася ў зморк, пакуль, нарэшце, не дабралася да агарожы, да слупа, які цяпер здаўся вельмі высокім. Тут яна зноў прыпынілася. Трэба зрабіць, мусіць, самае цяжкае, небяспечнае, а можа, і немагчымае: перабрацца праз калючую загарожу.
А што, калі яна, загарожа, так зроблена, што праз яе пралезці не можна? Ці, можа, ледзь дакранешся да яе, як яна зазвініць, загрыміць? Трывожачыся гэтымі неспакойнымі думкамі, Клава асцярожна кранула рукою дрот. Хутка адняла руку, паслухала: навокал было па-ранейшаму ціха. Узняўшы ад зямлі тугі, калючы дрот, паспрабавала падціснуць пад яго плечы.
Дрот паддаваўся неахвотна, уядаўся ў рукі.
Ёй прышлося легчы на спіну, каб можна было, трымаючы яго рукамі над сабою, прасунуцца на другі бок. Рукі дрыжалі ад вялікай натугі, калючкі моцна ўпіліся ў нагу над каленам. Але яна гэта не заўважыла. Яе затрывожыла тое, што за калючку зачапілася спадніца. Гэта было амаль няшчасце: як яе адчапіць, калючку, у такім стане, як не патрывожыць дрот, не выдаць сябе.
Клаве прышлося паваждацца, пакуль удалося яе адчапіць.
За агарожай у траве Клава некалькі хвілін ляжала, чакаючы, калі вартавы адыдзе далей. Неспадзявана яна пачула, што тут моцна, так моцна – аж кружыцца галава – пахне рамонкам.
Вычакаўшы зручны момант, яна выбралася на дарогу. Уціскаючыся ў зямлю, ловячы кожны гук у ранішняй цішыні, хутка папаўзла на другі бок. Перабраўшыся, затаілася ў затравелай разоры, пачакала, ці не заўважылі, зірнула, у які бок ідзе вартавы. Усё было ціха, і вартавы ішоў ад яе. Значыцца, можна далей.
Паўзком па роснай траве яна дацягнулася да хмызнячку.
Схаваўшыся ў ім, дзяўчына ўстала, азірнулася, паслухала і, ужо не маючы больш сілы стрымлівацца, забыўшыся на ўсё, адчуваючы толькі ззаду за сабой здань жаху, якая нібы гналася за ёй, кінулася ў бок балота ці рэчкі, мяркуючы па тым, што там бялеў туман. Задыхаючыся ад бегу, гарачкавата думала: у тумане можна пакуль што схавацца, а ў балоце яна скрые свой след, бо, можа, будзе пагоня... І нап'ецца вады.
Галіны алешынак і бярозак секлі яе твар, але яна бегла і бегла. І ўсё хацела аднаго – хутчэй, хутчэй ад таго жахлівага будынка.
Не ведала ні радасці, ні палёгкі. Усе яе пачуцці глушылі трывога і непакой, якія гналі дзяўчыну ўсё далей...
Але яна хутка пачала слабець. Галаву паліў агонь, які паступова мацнеў, калі яна бегла, і, нарэшце, пры кожным штуршку стаў адзывацца нясцерпным болем. Яна вымушана была пайсці цішэй, са страхам заўважаючы, што перад яе вачыма ўсё пачынае хістацца.
У яе яшчэ хапіла сілы перабрацца праз рэчку. Гэта, выявілася, было не балота, а дробная, мелкая рэчка. Вады ў рэчцы было крыху больш, як да кален. Перайшоўшы рэчачку, Клава здолела праз лужок дапаўзці да загону жыта. Становішча было па-ранейшаму небяспечнае, бо тут маглі лёгка знайсці.
Напаследак, калі ўжо ўзнялося сонца і. пачало прыграваць, яна, лежачы тварам да мяккай, пульхнай зямлі, тулячыся шчакой да белай кветкі павітухі, як цераз дрымоту, цераз гарачы звон, што поўніў галаву яе, наваколле, пачула поблізу крокі, шоргат калоссяў. Хтосьці блізка ішоў.
Больш нічога не чула. Усё раптам, як і паявілася, патанула ў гарачым звоне, усе трывогі і ўсе надзеі.
Клава страціла прытомнасць.
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
Раздзел І
1...
Становішча войска ўвесь час мянялася. Дні адразу быццам падаўжэлі – так многа ўмяшчалі яны ў сабе. Зводкі і данясенні, што ляцелі ўвесь час з карпусоў і армій у штаб фронта, зіхацелі назвамі ўсё новых адваяваных вёсак, гарадоў, станцый. Такія паведамленні былі з усіх участкаў...
На поўначы нашы часці яшчэ 25 чэрвеня ўчапіліся за ўскраіну Віцебска, пачаўшы бітву за адзін з буйнейшых беларускіх гарадоў... Спачатку гітлераўцы былі выбіты з усходняй часткі Віцебска. Пад сховаю вячэрняй цемры група сапёраў захапіла і размініравала мост, па якім пехацінцы адразу пераправіліся цераз Заходнюю Дзвіну, пачаўшы наступленне на другім беразе ракі. Амаль тады ж уварваліся ў горад нашы палкі, што наступалі з заходняга боку. Пачаўся штурм варожых пазіцый.
Горад, падпалены гітлераўцамі, асвятляў месцы баёў шматлікімі пажарамі. Усю ноч пехацінцы і артылерысты бралі дом за домам, квартал за кварталам.
Раніцай 26 чэрвеня Віцебск быў поўнасцю вызвален. Па разбураных, зраненых вуліцах панура цягнуліся чароды ваеннапалонных.
На захадзе і паўднёвым захадзе ад горада яшчэ ішлі баі: наша армія дабівала дзве акружаныя гітлераўскія групіроўкі, якія марна спрабавалі вырвацца. Праўда, частцы немцаў удалося спачатку прабіцца з акружэння, але тады Чарняхоўскі загадаў павярнуць часці Паплаўская, што наступалі пад Багушэўскам, на поўнач, а левы фланг войск Люднікава – на ўсход, і гітлераўцы зноў былі акружаны.
На поўдні ад Мінскай магістралі фронт падыходзіў да Дняпра: савецкія палкі вялі баі на ўскраінах Магілёва.
Заняўшы Жлобін, танкісты і кавалерысты Першага Беларускага фронта хутка вырваліся на поўнач і акружылі пад Бабруйскам групіроўку гітлераўцаў, якая складалася з пяці дывізій. Так утварыўся яшчэ адзін «кацёл».
У гэтыя дні танкісты Чарняхоўскага перарэзалі шляхі, што звязвалі Оршу з захадам. Каб унікнуць акружэння, гітлераўцы, пакінуўшы ў горадзе моцныя заслоны, пачалі хутка адыходзіць на поўдзень. Нашы пехацінцы, артылерысты і танкісты ўварваліся на паўночную і паўночна-ўсходнюю ўскраіны Оршы. У той жа час войскі, што наступалі з поўдня, пераправіліся цераз Дняпро і завязалі баі ў цэнтры горада...
2...
Мост быў разбураны. Іншыя зручныя для пераправы месцы знаходзіліся далёка. Старшы лейтэнант парашыў перапраўляцца ўброд.
Танкі, рассоўваючы крутымі грудзьмі ваду, лёгка пераходзілі рэчку, але з натугай раўлі, калі пераадольвалі вязкі грунт берага. Як ні асцярожна вялі па гэтым грунце машыны вадзіцелі, памятаючы Аляксеевы «ўрокі», усё ж, калі пераправіліся некалькі машын, гусеніцы раскапалі на берагах такія канавы, што гразь уздымалася амаль на вышыню клірэнса. Аляксей паспрабаваў перапраўляцца далей ад дарогі, паслаўшы туды аднаго з самых добрых вадзіцеляў, але машына засела, яшчэ не падышоўшы да рэчкі. Прышлося вяртацца на ранейшае месца.
– Наслаць бярвенні! – загадаў старшы лейтэнант. На кожнай машыне былі бярвенні, падрыхтаваныя яшчэ да пачатку прарыву, якія па загаду Бяссонава ўвесь час везлі з сабой.
Цяпер іх хутка паклалі ўпоперак чорных разварочаных каляін. Па бярвеннях, як па шпалах, пачалі перапраўляцца «трыццацьчацвёркі»...
Неўзабаве важкія машыны так уціснулі ў гразь бярвенні, што іх не стала відаць.
Старшы лейтэнант, які ўвесь час быў на беразе, выходзіў насустрач кожнай машыне, што набліжалася да пераправы, і, ступаючы наперадзе яе, рукамі паказваў механікам, дзе весці.
На шчасце, ноч была ясная. Над полем серабрыста бялеў амаль поўны месяц, падобны на ліхтарны шар, і перапраўляцца можна было, не запальваючы святла. Вада ў рэчцы блакітна свяцілася, – за машынамі, як ад парома, разыходзіліся ў бакі зыбкія вадзяныя палосы.
Адна «трыццацьчацвёрка» завязла на пераправе. Вадзіцель дачасна даў газ, і, калі трэба было зрабіць рывок, матор сціх.
– Эх ты, герой! – сказаў гарачкавага лейтэнант Гогабярыдзе. – У лужыне сеў!..
– Вазьмі на буксір, – загадаў яму Аляксей, які не любіў гаварыць попусту. Чаго тут цяпер лаяць, усё роўна гэтым нічога не дапаможаш.
Лейтэнант схамянуўся, заспяшаўся да кладкі, якая была перакінута на месцы разбуранага мастка. Аляксей бачыў, як Гогабярыдзе спрытна перабег па хісткіх жэрдках, балансіруючы рукамі. Рухі яго, як заўсёды, былі лёгкімі і прыгожымі. «Хадзіць бы табе, Сандро, у тэатры на сцэне, каб любаваліся ўсе», – мімаволі мільганула ў галаве Аляксея.
Тады, калі на тым баку прыладжвалі буксір, старшы лейтэнант, які то хадзіў туды-сюды, то паглядваў нецярпліва за рэчку, падумаў, што гэтая пераправа адбярэ ў яго многа часу. Прыдзецца, мусіць, да самага світання тут працягацца. І хто б мог ведаць, што гэтая рачулка так доўга затрымае.
Аляксей адчуў, што вельмі стаміўся. «Трэба было б гадзіну падрамаць... Ну, што ж, яшчэ некалькі машын перапраўлю, а потым пакіну наглядаць тут каго-небудзь...»
Неўзабаве на тым баку натужна, з завываннем, загурчаў буксірны танк. Счапілі, было відаць, некалькі тросаў, каб буксірная машына стаяла наводдаль ад берага, на цвёрдым грунце...
Танк, што засеў на пераправе, неахвотна і важка пачаў успаўзаць на разварочаны бераг.
Старшы лейтэнант убачыў, што па дарозе да пераправы падышла легкавая машына. Як толькі яна спынілася, на дарогу выскачыў прысадзісты моцны чалавек. Лагуновіч пазнаў Бяссонава і пайшоў насустрач яму.
– Ну, як тут у цябе, Лагуновіч? Многа перацягнуў?..
Палкоўнік, не спыняючыся, адразу накіраваўся да рэчкі. Аляксей на хаду дакладваў яму, як ідзе пераправа, колькі машын перабралася ўжо на другі бераг.
– Мала пераправіў, – прамовіў незадаволена Бяссонаў. – Так да поўдня праваждаешся тут...
Ён паглядзеў, як гусеніцы размясілі бераг, і, сказаўшы, каб Аляксей ішоў за ім, накіраваўся назад. Праходзячы каля машын, што стаялі пры дарозе, чакаючы сваёй чаргі перапраўляцца, палкоўнік убачыў Колышава і прыпыніўся:
– Як ваюеш?.. Лагуновіч, як ён у цябе?..
– Ваюе нядрэнна, таварыш гвардыі палкоўнік... Толькі вось не пашанцавала яму: машыну разбамбілі. Цяпер разам з аўтаматчыкамі быць прыходзіцца...
– А ты незадаволены гэтым? – Бяссонаў зірнуў на Колышава.
– Чаму?.. Вядома, на танку мне зручней, але, таварыш гвардыі палкоўнік, і аўтаматчыкі – салдаты...
– Правільна. Галоўнае, усюды быць салдатам. Добрым салдатам!.. Мне самому давялося пабыць і ў пяхоце, і ў кавалерыі, усяго паспытаць. А я задаволены!..
Цяперашнім летам пераваліла дваццаць год, як ён прышоў у армію, паваяваўшы перад гэтым яшчэ разам з сібірскімі партызанамі. У арміі Бяссонаў доўга служыў і салдатам, і аддзялённым, і ўзводным, і ротным – усё ў пяхоце, у танкавую часць ён трапіў многа пазней. Рос ён паступова, папрацаваўшы, здаецца, на ўсіх пасадах па чарзе...
Мусіць, ад салдацкіх часоў у Бяссонава засталася звычка быць з салдатамі простым у абыходжанні, ён вёў сябе з імі, хоць і грубавата і рэзка, але нібы роўны з роўнымі. Не грэбаваў камбрыг і самай цяжкай і маркай салдацкай працаю...
– Я спадзяюся, што яшчэ пачую пра цябе! – сказаў Бяссонаў і пайшоў.
Каля свайго «газіка» ён спыніўся:
– Затрымліваешся ты... Вось што, старшы лейтэнант, пакінь за сябе намесніка, а сам – бяры машыны, што пераправіліся, і гані ў кірунку Хвойнага! – ён сказаў ад'ютанту, каб той даў ліхтарык. Пасвяціў Аляксею, які выняў карту з планшэткі. – Вось тут... у лясочку – будзеш засяроджвацца. Злева ад дарогі, правей цябе, будзе Белабародаў... Немцы – ёсць весткі – на выручку Трауту спешна перакідваюць пяхотную дывізію. Трэба зараз жа выйсці сустракаць іх!..
Ён сеў у машыну, даў знак шафёру завяртаць і ўжо на хаду кінуў Аляксею:
– Трымай са мной сувязь – будзь увесь час на прыёме!..
– Ёсць, таварыш гвардыі палкоўнік!
Аляксей адразу перабраўся на той бераг, да сваёй машыны. Гогабярыдзе па тым, як камандзір рота рашуча і хутка падышоў, здагадаўся, што ён атрымаў загад выступаць.
– Хутка выступім, Аляксей?
– Так, Сандро, заданне. І вельмі важнае... Пакліч камандзіраў сюды!
Аляксей, схіліўшыся ў люк вадзіцеля і паднёсшы карту да маленькай зыркай лямпачкі, уважліва прагледзеў маршрут.
Калі камандзіры сабраліся, ён некалькімі словамі расказаў пра задачу і загадаў зараз жа выступаць. Цяпер, адчуў ён, на ўліку кожная хвіліна... Аляксей спехам зацягнуўся папяросаю некалькі разоў, кінуу яе і падняўся на вежу. Танк крануўся.
Машыну лёгка пакалыхвала. Твар ледзь халадзіў свежы начны ветрык.
У гэтую хвіліну, чакаючы блізкі бой, Аляксей стаў думаць пра Ніну. Дзе яна цяпер? Што робіць? Пры ўспаміне пра яе на сэрцы стала трывожна і неспакойна. Цяпер, калі яна была бліжэй ад яго, чым калі-небудзь, ён пачаў больш трывожыцца за яе.
Старшы лейтэнант звязаўся па рацыі з камбатам і з «Грымучым» – радыстам камандзіра брыгады.
– Грымучы! Я – Ручай... Як чуеце мяне?.. Прыём,– ён пераключыў рацыю «на прыём» і пачуў адказ радыста камбрыга:
– Я – Грымучы... Чую вас добра...
У навушніках стаяў бязладны трэск,. мешаніна розных гукаў.
Было па-ранейшаму месячна. У святле месяца і дарога, і кусты, і поле здаваліся блакітнымі. Часамі палоскі збажыны, якая ледзь варушылася, блішчалі, як марскія хвалі. Ценявыя бакі кустоў і дрэваў былі чорныя, загадкавыя, і Аляксей, які прывык сачыць за ўсімі мясцінамі, адкуль можа пагражаць небяспека, на гэтыя цені паглядаў насцярожана.
У баку фронта амаль безупынку грукаталі гарматы. Гукі іх цяпер нагадвалі прыцішаны, няблізкі гром. Слухаючы тое глухое вуркатанне, Аляксей падумаў, як многа яны прайшлі за гэты кароткі час. Але гукі далёкіх грымот абудзілі разам з тым і неспакой, – старшы лейтэнант у іх як бы пачуў, што гітлераўцы па-ранейшаму б'юцца, б'юцца зацята, спрабуюць, дзе можна, трымацца.
«Дзіўна, – падумаў старшы лейтэнант. – Яшчэ праз дзень – другі ім не будзе куды адступаць, а яны б'юцца за кожны акоп!..»
3...
Яшчэ не пачынала світаць, калі старшы лейтэнант са сваімі «трыццацьчацвёркамі» дайшоў да Хвойнага.
Ён перш за ўсё завёў машыны ў лясок, у якім было вельмі ціха і цёпла, нібы ў хаце, і разгарнуў роту так, каб усе маглі манеўраваць і страляць.
Аляксей паслаў Колышава і двух аўтаматчыкаў разведаць, якое наперадзе месца, ці добрае яно для атакі яго танкаў.
Ён сказаў, каб Колышаў не адыходзіў далёка, бо хто ведае, калі пачнуць паяўляцца наперадзе гэтыя гітлераўскія памочнікі?
Старшы лейтэнант быў незадаволены, што месяц цяпер, на досвітку, схаваўся і што навокал усё ахутаў густы змрок. Тут жа, у гэтым галлі і лісці, якое і навісла ўгары, і абступіла з усіх бакоў, і чапляецца ледзь не ўсюды за ногі, стаіць такая цемра, што, прадзіраючыся праз яе, трэба трымаць далонь перад вачыма, бо можаш напароцца на бяду...
– Разбягуцца гітлераўцы ў гэтай цемрадзі... – сказаў Аляксей лейтэнанту Гогабярыдзе.
– Не разбягуцца, Аляксей! – упэўнена заявіў Сандро. – Як гэта, разбягуцца?! Чалавек – не іголка... Акрамя таго – цемры не будзе!
Ён засмяяўся.
– Не верыш?! Яны падыдуць сюды, калі сонца будзе... на самым высокім месцы. Апоўдні – вось пабачыш!
Гогабярыдзе гаварыў з такой упэўненасцю, быццам пра ўсё гэта ў яго меліся дакладныя весткі. Ён чамусьці заўсёды і ўсюды быў упэўненым, упэўненым у тым, што ўсё будзе так, як яму здаецца і хочацца. Гэтая яго ўпэўненасць, якая не адзін раз здзіўляла Аляксея, межавала з нейкай бесклапотнасцю: Сандро здаваўся Аляксею крыху легкадумным.
– Да чаго ж можна быць бесклапотным!– здзівіўся не ў першы раз Якавенка.
– А ты – на дзіва сур'ёзны! Увесь час думаеш, думаеш – шкада цябе!.. Не гавары нічога – я не люблю, калі ты чытаеш мараль – мне становіцца нудна.
Якавенка пачырванеў: Сандро трапіў у балючае месца – Якавенка вельмі любіў павучаць.
Гогабярыдзе паклікаў Аляксея «перакусіць». Сандpо аднекуль са сваіх запасаў дастаў пляшку трафейнага рому.
– Не маскоўская асобая, папярэджваю, але нішто, піць можна. Мы яшчэ, Аляксей, не пілі за тваё шчасце...
Добры, таварыскі хлопец Сандро! Жыццё за таварыша можа аддаць, нічога не пашкадуе. Падабалася Аляксею, што ён быў адкрыты, просты, не таіўся ні ў чым...
Спехам паснедаўшы, Аляксей падаўся да сваёй машыны.
– Прыляж, прыкархні гадзінку– дзве, – параіў услед яму Гогабярыдзе. – Раней поўдня не пачнецца!..
Аднак ледзь Аляксей ступіў некалькі крокаў, раптам пачуўся наводдаль трэск матацыклаў. Ён пачаў хутчэй прабірацца да сваёй машыны.
Танк быў прыкрыты кустамі і галлём маладога дубка, што хавала вежу. Аляксей стаў каля лабавіка. Абламаўшы некалькі гнуткіх галінак, ён зрабіў перад сваімі вачыма праталінку, каб можна было лепш бачыць дарогу.
Праз некалькі хвілін у світальнай шэрані, што была ўжо даволі рэдкай, на полі перад лесам Аляксей разгледзеў цёмныя абрысы двух постацей на матацыклах, якія паволі набліжаліся па дарозе. За імі, наводдаль, ціха, быццам прыслухоўваючыся і прынюхваючыся, ішоў бронетранспарцёр. «Відаць, перадавая застава», – мільганула здагадка ў Аляксея.
– Здымем, старшы лейтэнант? – прамовіў нецярпліва Быстроў, які з люка вежы таксама сачыў за дарогаю.
– Хай едуць...
Аляксей быў упэўнены, што за бронетранспарцёрам зараз пойдуць, можа, яшчэ матацыклы, а хутчэй за ўсё грузавікі з пяхотай – асноўныя сілы. Ён пільна ўглядаўся ў не зусім ясную далеч і ў той жа час прыслухоўваўся, але яму перашкаджаў надакучлівы трэск матацыклаў. Калі матацыклісты крыху ад'ехалі, за ўзгоркам пачуўся прыцішаны шум, і тады ж Аляксей заўважыў недзе далей, на другім, крыху вышэйшым, узгорку абрыс грузавіка. Машына пачала спускацца ў нявідную лагчыну і хутка знікла, але ўслед за ёй на ўзгорак высунулася другая, трэцяя, пятая...
Яны ішлі з патушанымі фарамі, ішлі, мусіць, усю ноч, спяшаючыся да дня наблізіцца да фронта.
Цераз якіх-небудзь трыста метраў ад дрэваў, дзе стаялі танкі, дарога паварочвала і ішла ўсцяж лесу. Першымі павярнулі – убачыў Аляксей – бранявік, яшчэ бронетранспарцёр, за імі – некалькі машын з салдатамі, за машынамі на прычэпе каціліся дзве маленькія працітанкавыя гарматка Салдаты ў кузавах сядзелі ціха, напэўна, драмалі.
Танкісты, сочачы за ворагам, ірваліся хутчэй у атаку. Яны неспакойна чакалі стрэлу з камандзірскай машыны, які быў бы сігналам да бою, але і гармата і кулямёты камандзіра маўчалі. «Чаго ён марудзіць?»– думаў не адзін з іх пра Аляксея.
А старшы лейтэнант цярпліва чакаў, калі калона як мага больш спусціцца з узгорка.
«Нікуды яны цяпер ад нас не ўцякуць, – няхай бліжэй падыходзяць, каб біць іх было зручней...»
Калона расцягнулася амаль на паўкіламетра, а на ўзгорак узыходзілі новыя машыны. «Ого, колькі іх сабралася!» – мімаволі падумаў старшы лейтэнант.
І вось Аляксей адчуў, што надышоў час пачынаць. Ён ускочыў у машыну і загадаў Быстрову даць стрэл. Гармата адразу ўдарыла ва ўпор па калоне. Лясное водгулле не паспела падхапіць гук стрэлу, бо ўслед дружна загрукаталі іншыя «трыццацьчацвёркі».
Быстроў нацэліўся ў бранявік, што ішоў наперадзе. Ад першага ж стрэлу Быстрова бранявік вільнуў з дарогі і застыў, нахіліўшыся набок.
Калона ў замяшанні спынілася. Пачалася панічная мітусня. З машын, як гарох, сыпаліся салдаты, з дрымоты, напэўна, не цямячы добра, што адбываецца. А танкі, не перастаючы, білі і білі, – адны па пярэдніх машынах, другія па цэнтру, па «хвасту». У некалькіх месцах адразу ўспыхнула полымя.
Машына старшага лейтэнанта, раскідваючы маскіроўку і падмінаючы кусты, вышла з зарасніку.
Другія «трыццацьчацвёркі» хутка выпаўзалі побач з ёй. Кідаючы з-пад гусеніц камякі зямлі, уціскаючы траву, танкі рушылі на калону. Машына Якавенкі з налёту збіла і падмяла пад сябе «ўсюдыход», што імкнуўся абыйсці грузавікі. Сплюшчыўшы і скарэжыўшы кузаў «усюдыхода», Якавенка паімчаў далей.
«Трыццацьчацвёркі» цяпер завіхаліся на ўсім бачным адрэзку дарогі.
Аляксей, машына якога таксама вяла бой, імкнуўся сачыць за ўсёй ротай. Ён заўважыў, што некалькі варожых грузавікоў, крута развярнуўшыся, стараліся ўцячы ў поле...
– Сандро!.. Лявей цябе машыны ўцякаюць... Накрый!..– прамовіў старшы лейтэнант, прытрымліваючы рукой ларынгафон.
– Накрыю!..
Абодва танкі з узвода Гогабярыдзе саскочылі з дарогі і, пакалыхваючыся, паімчаліся полем следам за машынамі. Адна загарэлася ад трапнага снарада, другую кінуў шафёр, а трэцюю, якая старалася яшчэ ўцячы, «трыццацьчацвёрка» здагнала і раздушыла.
Аляксей раптам заўважыў, што збоку ад дарогі, каля грузавіка, што стаяў у зеленаватым жыце, некалькі гітлераўцаў, спяшаючыся, устанаўліваюць працітанкавую гармату. Там дзве яго «трыццацьчацвёркі», але ні ў адной, здаецца, не бачаць, якая пагражае ім небяспека. Хто гэта? Там павінен быць Якавенка... Яшчэ хвіліна – і гітлераўцы, напэўна, падпаляць або падаб'юць яго. Адна хвіліна. Аляксей паказаў гарматку Быстрову. Сержант адразу прыпаў да прыцэла...
Некалькі на дзіва хуткіх рухаў і – Быстроў націснуў спуск. Пачуўся гулкі стрэл. Снарад – гэта была бранябойная «балванка» – не папаў у гітлераўцаў, але яны, асцярожліва прыгнуўшыся да зямлі, прапусцілі зручны для іх момант...
– Якавенка! Беражыся: справа, у жыце, каля дарогі – гармата, – прагаварыў адным духам Аляксей.
Адна з машын адразу развярнулася. Амаль адначасова гітлераўцы стрэлілі...
– Эх ты, бісова душа! – пачулася ў навушніках.
Не чакаючы паўторнага загаду старшага лейтэнанта, Быстроў яшчэ два разы стрэліў, цяпер ужо «асколачнымі». Другі снарад разарваўся каля самай гарматы, і яна застыла нерухома. Аляксей аднак заўважыў, што адна «трыццацьчацвёрка» таксама стаіць. «Што з ёй? Падбілі?.. Як там людзі ў ёй?» – мільганула ў галаве старшага лейтэнанта. Ён убачыў, як адзін з танкістаў выскачыў з машыны і стаў завіхацца каля гусеніцы...
«Напэўна, гусеніцу пашкодзіла?» Старшы лейтэнант запытаўся ў Якавенка што з экіпажам.
– З экіпажам усё добра – та «ленівец» разбіла, будзь воно неладна!..
Колышаў, як звычайна, быў на машыне Гогабярыдзе.
Ён сачыў з вежы за тым, што адбывалася перад машынай, і біў з аўтамата па гітлераўцах.








