Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 25 страниц)
– Ты хутка будзеш у Мінску – заходзь! Адрас просты – райком. А дзе яго шукаць, я і сам пакуль не ведаю...
– Знайду.
4...
І хто б мог падумаць, што ёй, Аўдоцці Шабунісе, зноў прыдзецца ўцякаць з роднага селішча ды хавацца.
Цэлы дзень ішлі цераз Паплавы нашы і пехацінцы, і гарматы, і абозы. І, здавалася, што ўжо – усё, што цяпер можна жыць сабе у спакоі, жыць – нічога не баяцца. Але не так яно было. Апоўдні назаўтра ў Паплавы зноў прысунуліся нямецкія машыны.
Аўдоцця была тады ў полі. Яна палола з жанкамі калгасную бульбу і бачыла гэтыя машыны і пыл, які віўся за імі, аднак ёй не прыходзіла ў галаву, што гэта могуць быць не нашы.
Хутка прыбегла перапалоханая, задыханая дзяўчынка і крыкнула: – Ой, немцы!
Аўдоцця жахнулася: там жа Валодзя і Волька. Не думаючы ні пра што, нічога не страшачыся, яна пабегла туды, дзе стаялі цяпер ненавісныя машыны. Аўдоцця толькі адно ведала, адно помніла: там Валодзька і Волька!
Божа мой, чаму яна іх не ўзяла з сабою. Хіба ж яна магла забыцца на тое, што было ўсяго ўчора ўранку, хіба ж яна не павінна была асцерагацца, што вецер можа раптам перамяніцца, што яны, гэта варожае насланнё, зноў прыдуць. Яны маглі яшчэ ўсюды тут бадзяцца, па розных закутках, сцежках. Як жа гэта яна так кінула дзяцей адных у сяле?!
Адчуваючы, як халадзее ў грудзях, Шабуніха ўбегла на роднае селішча. Спусцілася ў зямлянку па сходках – там было пуста. І на селішчы іх яна не бачыла. Яна падалася да суседкі, да Аксінні, спадзяючыся, што можа тая што-небудзь ведае?
Але Аксінні дома не было.
Тут да Аўдоцці падступіла некалькі салдат і сталі штосьці патрабаваць на сваёй незразумелай мове. Яна здагадалася, што ёй загадваюць даць яек, малака, хлеба.
– Дзе я вам іх вазьму? – адказала яна са злосцю.– Дзе? Усё падмялі, як на таку, няма на вас зводу...
Яе прымусілі правесці на сваё селішча.
– Вось, усё тут, у гэтым склепе. Бярыце што знойдзеце, – няхай яно вам бокам вылезе!..
Адзін з салдат наставіў на яе аўтамат, штосьці яшчэ загадваючы. Але яна так без страху трымала сябе, што ён вылаяўся і апусціў зброю. Ёй цяпер нічога не было страшным у яе вялікай трывозе.
Дзе ж дзеці?!
Яна абышла ўсё сяло, то шукаючы дзяцей, то шукаючы, у каго б можна было даведацца пра іх. Нібы ў сне, яна бачыла каля сябе сіня-шызыя машыны і постаці ў чужых мундзірах, якія нярэдка падыходзілі да яе, патрабавалі, пагражалі.
Яна нікога не знайшла, бо людзей ў сяле было мала, – амаль усе хаваліся недзе ў лесе ці на балоце. Аўдоцця старалася супакоіць сябе, што там жа, можа быць, і яе дзеці, але трывога не сыходзіла,
Шабуніха ледзь дачакалася ночы. Увесь час у ёй білася толькі адно жаданне: знайсці, знайсці дзяцей!..
Пад вечар у сяле немцаў яшчэ пабольшала. Яны атабарыліся і на яе двары, пад грушкамі стаялі дзве машыны. Выйсці з селішча было цяжка і небяспечна, але Шабуніха не вагалася. Як толькі ў сяле і на двары стала цішэй, немцы паклаліся спаць, яна, прыгнуўшыся, пачала прабірацца цераз агароды да хмызняку.
Ускрай агарода яна ледзь не наткнулася на немцаў, але ў свой час здалёк заўважыла, як мільгануў агеньчык схаванай цыгаркі. У хмызняку, дзе Аўдоцця бачыла ўжо свой прыстанак, яна неспадзеўкі пачула нямецкую гаворку. Значыць, немцы і тут.
І яна падалася далей, але не ў лес, збочыла ў балота.
На світанку, дабраўшыся да лазняку, у якім ёй даводзілася ўжо калісьці хавацца, яна знайшла, нарэшце, сваіх знаёмых. Адной з першых ёй трапілася Аксіння.
Аксіння сказала, што Валодзька і Волька тут, каля яе, спяць. Але Волечка з-пад лазовага куста запярэчыла шчасліва:
– Не, мамачка, я не сплю!..
І кінулася са слязамі да Аўдоцці.
– Дзяціначка ты мая,– прытуліла яе да сябе Шабуніха шурпатай далонню. Выцерла яе слёзы чысцейшым ражком хусткі.
Прысеўшы стомлена на пасланае Аксінняй завялае спрасаванае вецце, падумала заклапочана: колькі ж гэта бадзяцца яшчэ?
Раздзел VI
1...
Гітлераўцы мелі на абарону ў раёне Мінска вялікую надзею. Яны спадзяваліся тут учапіцца за абарончыя збудаванні, як у горадзе, так і на падыходзе да яго, і затрымаць наступленне.
Але ўмелая тактыка нашых камандзіраў і хуткі, нявідана хуткі рух нашага войска зводзілі ўсе гітлераўскія намеры і спробы на нішто.
Дывізіі генерал-палкоўніка Глаголева, якія наступалі па Мінскай магістралі, грамілі варожыя часці і збівалі іх з магістралі на поўдзень. Трэба сказаць, – нашы войскі ішлі наперад так хутка, што гітлераўцы, якім прыходзілася адступаць па вузкіх, звілістых палявых дарогах, па палях, цераз балоты, не маглі наладзіць якія-небудзь захады абароны. Немцы не ўпраўляліся не толькі арганізаваць контрудары, а адставалі ад нашых не менш як на сорак – пяцьдзесят кіламетраў!
Стварылася вельмі арыгінальнае становішча, надзвычай выгаднае нашым часцям. Для таго каб затрымліваць адступаючых яшчэ больш, было нават вылучана спецыяльнае злучэннне, якім камандаваў генерал-маёр Олешаў.
У ноч на З ліпеня, калі нашы часці падыходзілі да Мінска, перадавыя падраздзяленні рэштак 4 нямецкай арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Мюлера былі яшчэ кіламетраў за пяцьдзесят ад Мінска. А ім па плану гітлераўцаў трэба было абараняць горад!
Нястрымная плынь наступлення набліжалася да Мінска, абцякаючы яго з усіх бакоў. Ужо 2 ліпеня пехацінцы генерал-палкоўніка Галіцкага і танкісты маршала Ротмістрава, што наступалі на поўначы ад Мінска, перахапілі дарогі на Вільнюс і Ліду, а часці, што былі з поўдня, занялі Стаўбцы, Нясвіж і Гарадзею. Галоўныя шляхі, якімі звязвалі гітлераўцы горад са сваім тылам, былі перарваны.
Вялікая сіла двух франтоў – Трэцяга Беларускага і Першага Беларускага – кіравалася проста на Мінск. Адлегласць адлічвалі па тым, колькі кіламетраў засталося да Мінска.
З усходу, разбіўшы нямецкія заслоны пад Смалявічамі, падыходзілі танкавыя брыгады і пяхотныя палкі Чарняхоўскага. З поўдня, ад Асіповіч, спяшаліся перадавыя часці Ракасоўскага, якія 2 ліпеня занялі Пухавічы. Яны ішлі і ўночы, і ўдзень, амаль без прывалаў, каб у час паспець да штурму.
Усе ішлі – на Мінск. Усё рушыла – на Мінск. Танкісты, пехацінцы, сапёры, разлікі палявых гармат і «кацюш», мінамётчыкі, зенітчыкі. Падыходзілі з розных бакоў партызанскія брыгады і атрады...
Камандуючы Трэцім Беларускім фронтам Чарняхоўскі паставіў на трэцяе ліпеня злучэнню генерал-палкоўніка Глаголева і танкістам Тацынскага корпуса генерала Бурдзейнага задачу, – узаемадзейнічаючы з танкавым злучэннем маршала Ротмістрава, узяць Мінск.
2...
Вечарам Аляксей быў ужо недалёка ад Мінска.
Перавязаўшы сяк-так рану, ён па-ранейшаму ехаў са сваімі танкамі; імкнуўся не зважаць на цягучы боль, які, амаль не ўціхаючы, ірваў правую руку. Рапа гарэла, але гэты агонь не так даймаў Аляксея, як боль, – увесь час штосьці балюча тузала, прычым больш за ўсё тузанне чулася не ў тым месцы, дзе была рана, а каля локця. Ад кожнага штуршка машыны боль узмацняўся.
Як ні цяжка было Аляксею, ён не паказваў, што яму прыходзіцца пакутаваць. Калі Гогабярыдзе запытаўся, як камбат адчувае сябе, капітан адказаў:
– Парадак. Нармальна, Сандро!
Адно вельмі непакоіла і нават, можна сказаць, палохала Аляксея, – што ён з кожнай гадзінай слабеў, цела рабілася нейкім бязвольным, змораным, пачынала кружыцца галава, хацелася легчы, заплюшчыць вочы...
Ён стараўся перамагаць прыкрую слабасць, трымацца, колькі можна. У гэты нялёгкі вечар яму прыдавала дужасці неспакойна-радаснае адчуванне, што ён ужо так блізка да роднага Мінска: застаюцца лічаныя кіламетры, якіх з кожнай гадзінай усё менш і менш.
Калі ён думаў, што хутка, вельмі хутка будзе ў Мінску, што яго аддзяляе ад роднага горада не месяц, не тыдзень і нават не суткі, а ўсяго якіх-небудзь некалькі гадзін, то і рана, здавалася, уціхала, супакойвалася.
Увечары ён ехаў толькі наверсе машыны, бо тут, дзе твар песціў ветрык, хоць і слабы і цёплы, не было так млосна, як у вежы. Аляксей пачуваў сябе дужэй.
У невялікім лясочку батальён спыніўся.
Лясок быў амаль увесь высечаны. Высокія гонкія дрэвы стаялі тут рэдка, акрэсліваючая сваімі тонкімі галінамі і шапкамі-вершалінамі на глыбокім зорным небе. Збоку ад гэтых дрэваў чарнеў ледзь бачны ў прыцемку нізкі густы ельнічак, над якім дзе-ні-дзе вытыркаліся вострыя зубы вяршынь. Адсюль горад быў ужо вельмі блізка. Аляксей думаў, што гэта, відаць, апошні прыпынак перад штурмам Мінска.
Камбат адразу, як толькі даведаўся, колькі тут прыблізна прыдаецца стаяць, папрасіў Быстрова, каб ён паклікаў ваенфельчара. Трэба было аглядзець і ачысціць рану і як належыць перавязаць. Вяртаючыся назад, Быстроў упоцемку не адразу знайшоў машыну. «Чорт ведае – заблудзіўся я, ці што, – пачуў Аляксей яго голас. – Ну, вось тут яна, здаецца, была...»
– Давай сюды, Быстроў!– аклікнуў яго капітан, углядаючыся ў прасветы між дрэваў.– Вядзеш?
– Точна так, таварыш капітан, удваіх!
Ваенфельчар, падышоўшы да камбата, не пытаючыся нічога, загадаў Быстрову, каб той пасвяціў кішанёвым ліхтарыкам.
Вакол камбата амаль адразу сабраліся танкісты, якія непакоіліся за Аляксея. Адзін з іх штосьці сказаў Быстрову, і фельчар строга папрасіў або разысціся, або маўчаць. Ніхто не адышоў адсюль, але ўсе сціхлі.
Аляксей стомлена пазіраў, як пад жаўтаватым святлом спрытна ходзяць дзве кісці рук і кароткія жоўтыя пальцы, раскручваючы павязку. Потым фельчар вымыў рукі спіртам, пах якога раптам пачуўся сярод паху газойля і хвоі. Пінцэтам абарваў прышэрхлую да раны падушачку.
– Гм, н-да... Справы! Чаму вы, камбат, не выклікалі мяне адразу?.. – І, не чакаючы, што Аляксей скажа ў адказ, прамовіў: – Пашкоджаны мышцы, капітан...
Ён падняў сумку да святла бліжэй, дастаў адтуль флакон, зірнуўшы на ўсякі выпадак на этыкетку, асцярожна абмыў рану і старанна яе перавязаў. За ўвесь гэты час ён не прамовіў ні слова, і Аляксею здалося, што навокал наступіла бальнічная цішыня, хоць недзе блізка гурчаў танк.
– Трэба будзе, таварыш капітан, легчы ў санбат. Такія справы. Пакуль мы стаім, вы якраз управіцеся здаць камандаванне... – Ён гаварыў будзённа і нават нібы абыякава, тым часам звыкла закрываючы сумку. Быстроў па-ранейшаму свяціў на яго рукі, і яго твару Аляксею не было відаць.
– Здаць? З-за гэтай дробязі?! Ты што, жартуеш, Вітошка?
– Якія тут могуць быць, таварыш камбат, жарты? Гэта не дробязь, – абавязкова трэба рабіць аперацыю. Патрэбен таксама шпітальны рэжым... Хочаце ці не хочаце, а без санбата вам не абысціся.
Аляксей зазлаваў:
– Ну, што ты заладзіў – санбат, санбат!.. Не хачу я ў санбат, – але ўслед за гэтым, разважыўшы, што цяпер заядацца з фельчарам не варта, перамяніў тон гаворкі: – Ты разумееш – я амаль дома. Заўтра буду ў сваёй хаце – самае большае праз суткі. Ты разумееш?
– Але вам, камбат, трэба лячыцца. Можа раптам здарыцца гангрэна, я не магу гарантыраваць вас ад гэтага. Могуць быць іншыя непрыемнасці... Адным словам – трэба лячыцца.
– Лячыцца?.. Ну і добра. У Мінску я, калі ўжо на тое ідзе, акурат і падлячуся.
– Дома хутчэй зажыве!.. – уступіўся за Аляксея з цемры голас Колышава. – Ты разумееш, Вітошка, дома камбат ад аднаго дамашняга паветра паправіцца!
Але фельчар, звычайна, здавалася, мяккі, лагодны хлопец, упарта настойваў на сваім. Аляксей жа па-ранейшаму не здаваўся.
– Слухай, чалавек ты ці не чалавек? – Не вытрымаў Быстроў. – Ты разумееш чалавечую мову?
Фельчар, не слухаючы яго, запытаўся ў Аляксея:
– Значыцца, адмаўляецеся ехаць у санбат?
– Так, не хачу.
– А я не хачу, каб мяне за вас потым чысцілі! Ясна?!. Я перадам палкоўніку, калі майго слова мала, – прыгразіў фельчар. – Будзеце гаварыць з камбрыгам!
«Глядзі ты, які ўпарты!» – падумаў Аляксей. Хтосьці з танкістаў, раззлаваны, назваў фельчара і ветэрынарам, і бюракратам, і фармалістам, дадаўшы, што ён нічога не разумее ў чалавеку.
– Не трывожся, капітан, усё будзе добра,– спакойна прамовіў Быстроў. – Мы самі пагаворым з камбрыгам, ён зразумее цябе! Я ўпэўнены, што зразумее...
«Кепска, – пачаў непакоіцца Аляксей. – Калі Бяссонаў згодзіцца з Вітошкам, не браць мне Мінска, не быць дома...»
3...
Непадалёк за некалькі хвілін перад гэтым спынілася легкавая машына. З машыны вышаў прысадзісты дужы чалавек, які запытаўся ў аднаго танкіста, як тут знайсці капітана Лагуновіча.
Прыезджы, убачыўшы каля чорнага абрысу «трыццацьчацвёркі» групку танкістаў, якія спрачаліся, і пазнаўшы сярод іншых галасоў капітанаў голас, прыпыніўся і стаў моўчкі слухаць. Ён вельмі хутка зразумеў прычыну перапалкі.
– Хто тут грозіцца гаварыць са мною? – нечакана пачуўся яго басок. – Бач, расшумеліся – на ўвесь лес!
«Камандзір брыгады!» – пазналі танкісты, і гамонка адразу сціхла.
Бяссонаў заехаў сюды для таго, каб праверыць, як батальён рыхтуецца да бою, даць танкістам парады і каб даведацца, як паранены капітан, як ён адчувае сябе. Але наблізіўшыся цяпер да камбата, палкоўнік спачатку загаварыў не з ім, а пачаў распытвацца ў фельчара, якая рана, ці перабіта косць. Паглядзеў уважліва і холадна на твар капітана, які здаваўся ад страты крыві і электрычнага святла ліхтарыка белым, заўважыў хмурны, упарты позірк. Не гледзячы на фельчара, запытаўся:
– Адправіць, значыцца, трэба?
«Усё. Загадае зараз ехаць у шпіталь, сухая душа...» – падумаў насцярожана Аляксей.
– Трэба, таварыш гвардыі палкоўнік.
– А ён – не хоча?.. Не хочаш, капітан, ехаць назад?.. Дарэмна...
– Я яшчэ магу ваяваць, таварыш гвардыі палкоўнік! З такою ранай жыць можна!..
– Жыць можна, капітан, а вось ваяваць наўрад.
– Таварыш гвардыі палкоўнік! Я кажу!..
– Не кажы!.. Я не дзяўчына,– прамовіў Бяссонаў рэзка.– Не хочаш, значыцца? Ну, што ж, калі ты. сам дабіваешся гэтага, капітан, дазваляю – заставайся. Да Мінска! Паваюй яшчэ суткі. Твая дапамога мне будзе, можа, нялішняя,– і мякчэй, па-таварыску: – я ведаю, чаго ты хочаш: хутчэй увайсці ў Мінск, салдатам!..
– Хочацца пабачыць, таварыш гвардыі палкоўнік, што там у горадзе, – праз тры гады... – Аляксей адчуваў сябе вінаватым. – Сям'ю не церпіцца хутчэй знайсці. Ды адтуль – і на фронт дабірацца будзе лягчэй: бліжэй!
Палкоўнік павярнуўся, як звычайна ўсім тулавам, да фельчара:
– Назірай за ранай, ды – уважлівей!..
У лясочку было цемнавата і вельмі цёпла, нібы ў курані. Нагрэтая за дзень зямля, дрэвы і паветра ніяк не маглі астыць, патыхалі цяплом, лагоднай цішынёю, спакоем. Стаяў такі сухмень, што на траву не лажылася раса.
У такую ночку добра спіцца ў лесе, асабліва пасля трывожнага гарачага дня. Але амаль ніхто не спаў, бо ўсе ведалі, што ўранні пачнецца бой за Мінск, і рыхтаваліся да яго. Камандзіры, якіх Аляксей сабраў на нараду, вывучалі падыходы да горада, маршруты па вуліцах, абмяркоўвалі розныя справы, звязаныя з блізкім боем, другія папаўнялі машыны снарадамі, гаручым, правяралі маторы, нацяжэнне гусеніц.
Панавала бадзёрая ўзрушанасць – ва ўсіх толькі і было размоў, што пра Мінск, пра штурм... Амаль перад самым выступленнем, калі танкісты Лагуновіча чакалі, што вось-вось будзе загад рушыць, прыехаў сюды на танку падпалкоўнік Семіжон.
– Як рука, капітан? – запытаўся ён у Аляксея.
Поблізу сталі часта біць гарматы. Аляксей перачакаў страляніну.
– Рука?.. Не чую, як яна...
– Душа баліць? Апошняя хвіліна заўсёды сцягваецца.– Семіжон загадаў сабраць усіх. Танкісты сыходзіліся, перагаворваючыся, смеючыся, зыркаючы іскрачкамі цыгарак. Твараў іх не было відаць, але па гэтай гамонцы, па агеньчыках адчувалася мноства людзей, якія стаялі тут, пад дрэвамі. Па тым, як яны задорна гаварылі, як смяяліся, Аляксей адчуваў, што настрой ва ўсіх найлепшы. Яму было радасна.
Пачуўся ціхі, сіплаваты голас падпалкоўніка, і ўсе адразу сціхлі.
Семіжон пачаў з таго, як ён гэта цяпер часта рабіў, што расказаў апошнія паведамленні. Нашы ўжо занялі Вілейку, перарэзалі чыгунку Мінск-Вільнюс.
– З'явіўся новы напрамак – Баранавіцкі! На гэтым напрамку ўжо вызвалілі Нясвіж, Гарадзею і Стаўбцы. – Семіжон гаварыў радасна-ўсхвалявана, адчуваючы, што гэтая ж радасць поўніць сэрцы ўсіх яго слухачоў.
Сонцаў, выказаўшы агульны настрой, крыкнуў:
– Эх, мама родная! Гітлераўцам цяпер, выходзіць, з Мінска драпаць некуды.
Аляксей падумаў – Мінск яшчэ не вызвалена а ўжо становіцца як бы тылавым горадам. Яшчэ не скончан Мінскі напрамак, а ўжо існуе Баранавіцкі...
– Таварышы! – узвысіў голас Семіжон. – Настала і наша чарга парадаваць Радзіму. Нам выпала чэсць, вялікая чэсць вызваліць адзін з важнейшых гарадоў нашай краіны, сталіцу Беларусі, гераічны Мінск!.. Радзіма, якая паслала нас сюды, даручыла нам гэтую вялікую справу, верыць, што мы апраўдаем яе надзею. Не толькі армія, але і ўся краіна, мільёны людзей, што глядзяць на нас з Урала, з Каўказа, з Паволжжа, чакаюць ад нас – вярніце Мінск!.. Нас чакаюць нецярпліва, як самых дарагіх людзей, там, у блізкім Мінску, які гітлераўцы паляць і падрываюць, дзе пакутуюць тры гады ў фашысцкай няволі, тры доўгія гады нашы маткі, дзеці, сёстры, нашы родныя!.. Крывавыя гітлераўскія каты акружылі горад і збіраюцца заўтра ўчыніць расправу над усімі, хто яшчэ дажыў да сённяшняй ночы. У горадзе вывешаны аб'явы, у якіх эсэсаўцы загадваюць сабірацца людзям на спецыяльныя зборныя пункты, сабірацца на смерць, на здзек. Не дадзім на здзек нашых людзей!
– Не дадзім! – адгукнуўся ўзрушана Колышаў.
– Смерць фашысцкай погані!
– За наш Мінск, за перамогу! За нашу вялікую Радзіму.
Пры апошніх словах падпалкоўніка выбухнула нецярплівае, напорыстае «ўра», якое рэхам пакацілася па ляску. Усе, было відаць, як і Аляксей, таксама ірваліся хутчэй у горад, на штурм.
Семіжон пасля мітынгу застаўся ў батальёне Аляксея. Ён уладзіўся ў роце Аліева і з гэтай ротай, якая павінна была падысці да Мінска адной з першых, чакаў, калі танкі рушаць...
Аляксей, які няспынна трымаў сувязь з Бяссонавым, перагнаўшы іншыя машыны, падляцеў да разведчыкаў. Яму трэба было перадаць Гогабярыдзе новыя весткі пра абстаноўку, хацелася асабіста і падрабязна расказаць пра тыя мясціны, дзе зараз прыдзецца дзейнічаць разведчыкам. Эх, калі б Аляксей мог, меў права ісці ў горад разам з разведчыкамі, так, як і яны, першым ісці!.. Камбат, не прызнаючыся сабе, мімаволі зайздросціў Гогабярыдзе і іншым разведчыкам.
– Пакажы мне, Аляксей, калі ласка, дзе твой дом стаіць? – загаварыў Сандро, ледзь толькі ўважліва выслухаў парады і весткі Аляксея. – Каб не разбіць мне часам яго сваёй гарматай. А то – твой друг яшчэ стане тваім ворагам! Нашто мне гэта? Не хачу! – казаў ён з жартаўлівай трывогай.
Ён прыхіліўся да Аляксея і зашаптаў на вуха,
– Я, калі мы прыедзем туды, дзе стаіць твой дом, загадаю ўсім сваім хлопцам спыніць машыны на пяць хвілін і зраблю ў чэсць нашага камандзіра салют!
– І атрымаеш за гэта вымову ад мяне! – Аляксей засмяяўся.
– Ну, не. У крайнім выпадку можаш даваць – камбрыг мяне ўсё роўна апраўдае. А як жа. Заслужаны камандзір, герой, мой друг, вяртаецца ў родны горад – пасля трох год! І не адзін – з цэлым батальёнам! Ці ж можна без салюта?! Калі б другі час, трэба было б такую сустрэчу зрабіць, каб віно пяць дзён і пяць начэй лілося... Ах, шкада – цяпер нельга!
Гогабярыдзе абняў Аляксея па-сяброўску і папрасіў:
– Аляксей, будзь другам – пазнаёміш мяне з Нінаю? Я хачу, Аляксей, пабачыць, якая яна прыгажуня ў цябе.
– Пазнаёмлю, Сандро... Калі можна будзе...
– А чаму будзе няможна?
– Яны, Сандро, таксама на вайне. А на вайне, ты ведаеш, што можа быць за тры гады. Непакоюся я, дружа... Ну, давай, вядзі сваіх.
Аляксей, перадаўшы, каб батальён выступаў, пачакаў тут, пакуль падыдуць «трыццацьчацвёркі», і далей ішоў ужо разам з імі. Танкі ўсё набліжаліся да горада. Наперадзе Аляксей бачыў некалькі крывава-барвовых зарываў ад пажараў, што расцягнуліся па небасхілу. Яны то ўспыхвалі, уздымаючы высока ў неба варушлівыя водсветы, то спадалі, і неба тады як бы зніжалася і станавілася чарнейшым. Страшныя зарывы былі так блізка, што, здавалася, чуўся подых гарачыні ад іх.
Ён столькі марыў пра гэтую хвіліну, і вось яна надышла – блізка, як ніколі...
Пазіраючы на зарывы, што трапяталі над дарогаю і ўзгоркам, Аляксей заўважыў, як ім авалодвае ўсё большая нецярплівасць і трывога. Напэўна, ніколі ён так не трывожыўся, як цяпер.
Што там яго чакае?
4...
Недалёка ад горада Лагуновіч збіў варожы заслон, павярнуў свае танкі на магістраль і павёў па асфальце проста на Мінск.
Аляксей увесь час бачыў наперадзе вялікія зарывы.
Калі пачало развідняцца, выслізганыя гусеніцы, ляскочучы, лічылі апошнія кіламетры магістралі.
Першымі да ўскраіны падыходзілі тры машыны, якімі камандаваў лейтэнант Гогабярыдзе. Большасць машын батальёна напагатове стаялі ззаду, на шасэ і ўзбочынах каля палосак спеючай збажыны. Аляксей сядзеў на вежы, нецярпліва прыслухоўваючыся да гукаў у шлемафоне. Ён чакаў вестак ад разведкі.
Усё, што ён бачыў навокал, было яму знаёмым. І лагчынка, у якой цяпер было некалькі танкаў, і лясок злева, і пляскаты роўны верх будынка метэастанцыі, які ўздымаўся з-за абрысу ўзгорка наперадзе. Ускраіну і сасняк гарадскога парку адсюль не было відаць, але Аляксей адчуваў іх побач.
Яго думкі былі разам з Гогабярыдзе, на гарадской ускраіне, і далей у горадзе, які ён ведаў, можа, больш, як сябе самога. Ён чакаў хвіліны, калі можна будзе рушыць са сваімі танкістамі туды – услед за думкамі, за жаданнем.
– Табе не здаецца, капітан, што мы ідзем марудна? – успомніліся яму словы Гогабярыдзе. Гэта Сандро сказаў, калі Аляксей даваў яму апошнія парады перад цяперашняй «працай». Лейтэнант тады, хітравата ўсміхнуўшыся, дадаў: – Ці, можа, ты не спяшаешся?
– Можа...
– Ой, не хітруй, друг, – бачу ўсё: стрымліваешся. Які ты, капітан, дзіўны! Па табе і не відаць, што ты хвалюешся, ірвешся туды. Скала – чалавек! А я, ручаюся, у такі час нарабіў бы якога-небудзь глупства... Узяў бы ўвесь батальён і паляцеў бы ў горад, як вецер, як бура!..
– Гарачая ты галава! – прамовіў Аляксей. – Нядобра: трэба, Сандро, мець сэрца гарачае, а галаву халодную. Хоць і я не такі каменны, як ты думаеш...
Аляксей узняў адзін навушнік і прыслухаўся, ці не чуваць гукаў бою наперадзе.
– Чаму ён маўчыць? – Быстроў, які сядзеў поруч з Аляксеем, нецярпліва пазіраў наперад.
– Рана яшчэ...
Танкі Гогабярыдзе ішлі абапал магістралі, адзін з левага боку, а два з правага. Прайшлі шырокую лагчыну, мінулі метэастанцыю і паволі па адным пачалі падымацца на прыгорак, на якім віднелася некалькі драўляных хатак. «Трыццацьчацвёрка» Гогабярыдзе ішла побач з шасэ, якое, выпінаючыся, імкліва бегла ўгару, прападаючы непадалёк за грэбнем пагорка. Асфальт, мокры ад ранішняй вільгаці, цьмяна блішчаў.
У гэты час па пярэдняй машыне, якая ўжо знікла за прыгоркам, ударылі раз, другі гарматы. Танкісты адказалі некалькімі стрэламі. Камандзір машыны перадаў, што гарматы б'юць здалёк. Гогабярыдзе загадаў весці з імі бой, а сам з другога боку шасэ ўсё ішоў наперад...
Узгорак, што хаваў ад вачэй горад, з кожнай хвілінай апускаўся ніжэй. І раптам у перыскопе перад вачыма з'явіўся малюнак горада – справа недабудаваны вялікі барвовы будынак і каля яго некалькі драбнейшых, злева – цёмны выносісты сасняк. «Мінск!» – мільганула ў галаве. Гогабярыдзе хутка, але пільна акінуў сцены будынкаў, асабліва бліжэйшага чырвонага дома, шырокае рэчышча шасэ, якое ўваходзіла ў вуліцу. «Можна праскочыць туды да чырвонага»,– загарэўся Сандро.
– Наперад, проста, да чырвонага!..– крыкнуў ён вадзіцелю.
Танк ірвануўся і хутка панёсся па ўзбочыне. Гогабярыдзе ўпіўся вачыма ў прасцяг – насустрач бегла пустая брукаваная вуліца і вялікі барвовы будынак.
«Як хутка развіднела!»
Нечакана лейтэнанта моцна кінула ўгару, потым ударыла аб бакавую браню. Ён удару не пачуў, як не чуў і болю. Толькі, нібы рэха, зноў празвінела ў галаве «развіднела», – цяпер нейкае вострае, гарачае. І ў той жа міг усё згасла – і трывога, і гарачы звон...
Танк, падкінуты выбуховай хваляю, адразу нахіліўся на правы бок і нерухома застыў. Пакарэжаныя каткі ўехалі ў зямлю, побач іх выцягнуўся абрывак сарванай гусеніцы, вакол якой валяліся раскіданыя выбухам тракі. На абпаленую траву, на машыну ападалі камякі зямлі і пясок.
– Міны. Гогабярыдзе падарваўся... – пачуў Аляксей усхваляваны голас.
5...
Камбат загадаў разведчыкам павярнуць правей, на тэрыторыю Пушкінскага пасёлка. Ён паслаў туды ў дадатак узвод Колышава.
Прыкрываючыся ўзгоркам, машыны Колышава хутка папраставалі праз поле. Яны без аднаго стрэлу дайшлі да ўскраіны і ўпаўзлі ў крывую вуліцу. Тут аўтаматчыкі саскочылі з машын і пачалі ступаць ззаду, прыціскаючыся бліжэй да ўчарнелых сцен і платоў.
Колышаў мінуў першыя будынкі ўскраіны. Драўляныя хаты стаялі адна пры адной нядружна, як прышлося. На вуліцы было пуста і маўкліва, аўтаматчыкі забеглі ў адзін двор, у другі – нікога няма. Як вымерла вуліца...
І ўсё ж думка пра тое, што гэта Мінск, радавала Колышава. Ён быў бы зусім шчаслівы ад таго, што ўваходзіць сюды з першымі, калі б не трывога за Гогабярыдзе.
Эх, як не пашанцавала Сандро! І трэба ж было так здарыцца – скласці галаву пад самым горадам... А можа, ён не забіты, а толькі паранены ці кантужаны,– няўжо ён на фугас наскочыў?
Тады, калі Колышаў думаў пра гэта, Гогабярыдзе ўжо апрытомнеў. Яго, відаць, толькі аглушыла выбухам. Цяпер у яго главе, у вушах надакучліва звінела, – Сандро паморшчыўся, агледзеўся вакол сябе. Ён убачыў камандзіра гарматы, які падтрымліваў яго, нібы збіраўся выносіць з машыны. Поруч ляжаў грудзьмі на замку гарматы зараджаючы.
Сандро, напружваючыся над сілу, абапіраючыся рукой аб сценку, падняўся і выглянуў у перыскоп. Вуліца, як і раней, была пустая. «Я, здаецца, на міну наскочыў?!» – не здзівіўся, не сумеўся, а проста адзначыў сабе ён. Павярнуў перыскоп – танкаў ззаду не было. Але Сандро ўбачыў іх лявей, наводдаль – яны падыходзілі да хат, хутка хаваліся за будынкамі, потым выглядалі і зноў знікалі за іншымі хатамі...
«Яны пайшлі адны? Адны, без мяне?» – нібы не паверыў сваім вачам Сандро. У яго адразу невядома адкуль прыбавілася сілы.
Ён павярнуў зараджаючага: той дыхаў. Сандро разам з башнёрам паднеслі яго к люку, палажылі, потым Сандро выбраўся праз другі люк і выцягнуў зараджаючага з машыны. Тут да яго падбег кулямётчык.
– Бяры,– скамандаваў Гогабярыдзе башнёру, і яны ўдваіх, прыгінаючыся, у кювеце, панеслі зараджаючага да сваіх.
...Тым часам Колышаў са сваімі «трыццацьчацвёркамі» паволі ўсё паглыбляўся ў горад. Абышоў па дварах, па ямах, некалькі двухпавярховых драўляных дамоў, злева ад якіх курэў, дагараючы, вялікі будынак з шырокімі пустымі вокнамі. Колышаў павярнуў у правулак і неспадзявана наскочыў на зялёныя постаці, якія цягнулі дзве працітанкавыя гарматы. Не прайшло хвіліны, як гарматы былі раздушаны, а іх разлікі разагнаны. Колышаў выскачыў на вуліцу.
На ўскраіне ўжо грукаталі іншыя машыны батальёна. Аляксея, які прагна пазіраў на гмахі і хаты, што былі яму знаёмымі, як людзі, поўніла адно адчуванне, – ён ідзе па мінскай вуліцы! Гэта рэальнасць успрыймалася яшчэ нібы сон. Але і сон той хваляваў незвычайна.
Увесь час Мінск быў недзе далёка, у думках, а цяпер ён – вось. І Аляксееў батальён ідзе па ім адным з першых.
Бяжыць насустрач мінская вуліца... Аляксею здавалася, што ён не сядзіць на машыне, прытрымліваючы руку на марлевай касынцы, – а плыве, ляціць у паветры – ад шчасця і нецярплівасці...
Колышаў павярнуў ужо на другую вуліцу. Над лейтэнантам пранеслася некалькі снарадаў, але яму не было чуваць іх, пакуль снарады ляцелі. Выбухі грымнулі непадалёк ззаду, выламваючы брук, раскідваючы асколкі. Калі Колышаў пачуў гэтыя выбухі, стала як-бы спакайней. Стрэлы разбілі зманлівую цішыню і адагналі напружанасць і насцярожанасць, што пачалі гнясці яго, пакуль ён ішоў па маўклівых вуліцах, якія нібы нешта хавалі, небяспечнае і невядомае. Танк скрыгануў па бруку так, што з-пад яго паляцелі іскры, і, ляскаючы тракамі, пабег наперад, дзе ў прасвеце між двума спаленымі каменнымі гмахамі віднеліся на ўзгорку абрысы шматпавярховых будынкаў. Там быў цэнтр Мінска.
Раптам на вачах Колышава дамы ў перыскопе радасна заяснелі, зазіхацелі шыбамі. Яны перамяніліся так хутка і так неспадзявана, што Колышаў здзівіўся: чаму яны такімі сталі?
Гэта ж узышло сонца!
Глядзі ты, якім радасным зрабілася ўсё навокал.
Зранены, скалечаны, са страшнымі знявечанымі сценамі, горад увесь праменіўся, нібы хацеў, каб тым, хто ішоў сюды, не было сумна ад яго ран...
Колышаў падвёў танк за край дома, асцярожна выглянуў з вежы і акінуў позіркам лагчыну, што ляжала поблізу. Праз лагчыну, на якой – амаль у сярэдзіне горада – зелянелі палосы бульбы, агароджаныя не плотам, а спінкамі спаленых паржавелых ложкаў, цякла павілястая нешырокая рэчка. Першае, што заўважыў лейтэнант, было тое, што найбольш карцела, – мост. Мост быў узарваны, – Колышаў бачыў, што краі перабітага пасярэдзіне пралёту патанулі ў вадзе... Блізка за мостам дзесяткі два гітлераўцаў, азіраючыся, перабягалі вуліцу. Злева, куды яны беглі, віднеліся будынкі з заводскай трубой – гэта быў Эльвод, – і на ўзгорку купчастыя высокія дрэвы. Між дрэваў таксама мітусіліся постаці.
Знянацку Колышаву ўдарыла ў твар са сцяны каменным крупіннем і чырвоным пылам. Ён мімаволі прыгнуўся. Над галавой па каменні прайшлася наўскася кулямётная чарга...
– Асколачны! – Колышаў, упаўшы на сядзенне, скамандаваў арыенціры цэлі. Камандзір гарматы адразу падаў ручку рэастата ўлева. Вежа павярнулася ў кірунку дрэваў.
Гармата адскочыла назад, бліснуўшы кідкім белым полымем, і праз міг на травяністым адхоне, ля дрэваў, выскачыў сінявата-шызы куст. За ім услед вырас другі. Гітлераўцы рассыпаліся, прыпалі да зямлі. Насустрач ім, страляючы на хаду, ужо беглі нашы пехацінцы...
6...
Колышаў павёў танкі ў напрамку опернага тэатра, адкуль павярнуў па спаленай вуліцы ўніз да Свіслачы, дзе, як гаварыў яму камбат, быў яшчэ адзін мост, прыдатны для танкаў.
уіедзь Колышаў намерыўся паслаць да моста сапёраў – агледзець яго,– з двара, наперарэз ім выскачыла пажылая жанчына з хусткай, якая збілася на шыю, з ускалмачанымі валасамі, – яна занепакоена махнула рукамі. Танк спыніўся. Адзін з аўтаматчыкаў, якія сядзелі на «трыццацьчацвёрцы», падбег да жанчыны.
– Стойце!. Стойце... Куды вы, родненькія, – яна кінула рукой у бок моста. – Там жа міны.
– Дзе?
– Пад мостам... Учора палажылі...
Колышаў, спыніўшы танк каля сцяны спаленага дома, выбраўся з вежы і, агледзеўшы ўважліва супрацьлеглы бераг, паслаўшы туды аўтаматчыкаў з некалькімі сапёрамі, наблізіўся да рэчкі. Спусціўся ўніз да масляністай вады, у якой было добра відаць неглыбокае цёмнае дно, а наверсе плавала, варушылася купка водарасляў з выцягнутымі ўсцяж плыні расчэсанымі зялёнымі косамі. Колышаў убачыў пад мостам мяшочкі з толам.
Ён сказаў двум сапёрам, якія сышлі да рэчкі следам за ім, каб яны зараз жа размініравалі. На другім баку ў гэты час ужо гаспадарылі аўтаматчыкі. Адзін сапёр, пажылы, з падстрыжанымі вусамі, адразу спакойна палез пад мост, а другі падышоў да насцілу, пачаў аглядаць уздоўжныя масніцы і парэнчы. Неўзабаве ён перарэзаў і асцярожна выцягнуў абрывак проваду. Жанчына стаяла каля моста і са страхам пазірала то на іх, то на танкістаў.








