Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 25 страниц)
Annotation
Адтуль, дзе кіпеў бой, пачалі насіць раненых. Ix было многа. Аднаго раненага танкісты Аляксея затрымалі i акружылі. Шырокая галава яго была перавязана бінтамі, над якімі кустом тырчалі русыя валасы, правы рукаў злінялай гімнасцёркі быў разадраны i падрэзаны, a забінтаваная рука вісела на марлевай касыначцы. На твары цямнелі палосы перамешанага з гразёй поту.
Іван Мележ
КHІГА ДРУГАЯ
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Раздзел I
Раздзел ІІ
Раздзел ІІІ
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
Раздзел І
Раздзел ІІ
Раздзел ІІІ
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
ЧАСТКА ПЯТАЯ
Раздзел І
Раздзел ІІ
Раздзел І
Раздзел IV
Раздзел V
КНІГА ТРЭЦЯЯ
ЧАСТКА ШОСТАЯ
Раздзел І
Раздзел ІІ
Раздзел ІІІ
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
ЧАСТКА СЁМАЯ
Раздзел І
Раздзел ІІ
Раздзел ІІІ
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел ІХ
Раздзел Х
Раздзел ХІ
notes
1
2
3
4
Іван Мележ
МІНСКІ НАПРАМАК
Раман у двух тамах. Том II
Падрыхтаванае на падставе: Іван Мележ, Мінскі напрамак. Раман у двух тамах. Том другі, – Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1958.
Copyright © 2014 by Kamunikat.org
КHІГА ДРУГАЯ
Мінск за небакраем
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Раздзел I
1...
Зямля Беларусі!
Пявучыя лясы Бабруйшчыны, беластвольныя бярозавыя гаі Гродзеншчыны, сінявата-зялёныя ельнікі на пясчаніках.
Шырокія вятры над палямі, акаймаванымі частымі кучаравымі пералескамі, над жытнімі зрэдку ўзгорчатымі прасцягамі. Таямнічы нясціхны шэпт чаратоў на Пінскіх балотах, сінія, з малых год помныя, любыя сэрцу воды Прыпяці, пенныя хвалі Парачы.
Векавечныя муры Віцебска і Турава, маўклівыя помнікі далёкай мінуўшчыны, заімшэлыя сведкі нашай даўняй славы і варожай ганьбы. Клапатлівы шум новых заводаў Мінска, турбін Асінаўкі, тысяч іншых помнікаў пяцігодак, які сціх, анямеў на тры доўгія пакутныя гады...
Партызанскія кастры, баявыя патаемныя сцежкі.
Родная, любая бясконца беларуская зямля. Колькі разоў твае палі і шляхі тапталі важкія боты захопнікаў. Колькі разоў сыходзіліся над табой злавесныя хмары навалы, скрыжоўваліся, звінелі мячы, грымелі стрэлы і выбухі. Чорны дым засцілаў роднае неба...
Плакалі, стагналі ўчарнелыя ад гора ўдовы... Цягнуліся па пыльных дарогах з торбамі незлічоныя, раздзетыя, змарнелыя, бадзягі-сіроты.
Згнілі даўно ў зямлі косці няпрошаных гасцей.
Кожны раз побач з табой уставалі вялікія твае браты, адзінакроўныя, верныя. І адпаўзалі назад варожыя навалы, і заставаліся толькі гніць чужыя косці.
І вось – чуеш? – зноў грымяць грамы пад Оршай і Віцебскам, пад Жлобінам і над палескімі гушчарамі. Чуеш? Гэта добрыя грамы, грамы, якія вяшчаюць пасля навальніцы ясны дзень. Гэта зноў ідзе на дапамогу к табе вялікая маці твая – Масква, твае дужыя браты з усходу, твае блізкія. Па загаду Радзімы мільёны салдат рушылі ў бой за тваё жыццё, за будучыню тваю.
Чуеш – грымяць грамы пад Оршай? Слухай, глядзі ім насустрач, вітай іх!
2...
Лагчына засталася ззаду. То была «нічыя» зямля. Снарады і бомбы ўсю яе перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды іржавымі выпалінамі. Казалі, у лагчыне калісьці красавалася вёска, – цяпер на тым месцы не было нават задымленых печышчаў. Ніякіх знакаў ранейшага жылля...
Перад Юрыем Тураўцом цягнуўся вялізны абшар балота. На ўсёй шырыні балота, колькі можна было бачыць, далёка і блізка – ускідваліся цёмныя стаўбуры выбухаў.
Пехацінцы ішлі, стараючыся не адставаць ад хвалі агню і дыму, што, клубячыся, кіпучы, палячы, рушыла ў варожы бок. Хутка яны ўжо набліжаліся да першых варожых траншэй. Нарыхтаваліся да атакі, але гітлераўцы маўчалі.
Хтосьці кінуў у траншэю гранату.
Калі падбеглі да траншэі, то ўбачылі, што сцены яе, аплеценыя лазовымі дубцамі, паразварочваны снарадамі. На дне яе валяліся некалькі трупаў, амаль засыпаных торфам...
Тут, азірнуўшыся, Юрый заўважыў, што непадалёк наводзяць пераправу танкісты. Танкі часта білі па варожых пазіцыях, упарта пасоўваючыся наперад.
Адразу каля траншэй пачынаўся негусты, вельмі пасечаны алешнік, што рос на куп'істым грунце...
Ледзь толькі пехацінцы мінулі алешнік, як побач, востра скрыгочучы, важка загрукаталі выбухі. Гэта білі нямецкія гарматы.
Той-сёй прыпыніўся. Юрый стаў таксама. Яму раптам нястрымна захацелася кінуцца назад у бяспечнае месца. Яго апанаваў страх.
Юрый азірнуўся на байцоў, потым на шчуплага, парывістага, з дзіўна блішчэўшымі карымі вачыма Праворнага, чакаючы падтрымкі ці парады. Юрый удзельнічаў у баі ўпершыню, – ён толькі пяты дзень быў ва ўзводзе Праворнага...
Малодшы лейтэнант хутка перазарадзіў пісталет, махнуў рукой наперад. Юрый, уцягнуўшы галаву ў плечы, сціснуўшыся, штосьці крыкнуў сваім байцам,– што – ён і сам добра не цяміў, – і кінуўся ў грукат і дым.
Ён здагадкаю адчуў, што жыццё яго цяпер у смяротнай небяспецы. Гэта было незвычайнае, даўкае адчуванне, якое адзначала кожны новы выбух. «Яшчэ адзін... яшчэ, яшчэ». Юрыю хацелася ўпасці. Але ён адольваў гэтае жаданне і наперакор выбухам, наперакор усяму – бег, бег...
Калі выбухі засталіся ззаду, яму не палягчэла. Ён недаверліва прыслухоўваўся, чакаў, што ўсё зноў паўторыцца.
У галаве яго прайшло: «Гэта, відаць, і ёсць тое...» Тое суровае і жорсткае, што называецца «быў у агні». Яму на міг успомніўся Мінск, першая бамбёжка, якая на ўсё жыццё ўрэзалася ў памяць...
Хоць усё абышлося добра, Юрый быў па-ранейшаму нацяты, гатовы да ўсякай небяспекі, – аднак цяпер яму цяжка было б спыніцца. Быццам нейкая нястрымная хваля штурхала яго, вяла наперад... Як акінуць вокам – справа і злева – рушылі наперад тысячы такіх жа, як ён. Ішлі, стралялі, хутка лажыліся, беглі. Над Юрыем групамі праносіліся імклівыя, як маланкі, штурмавікі, знішчальнікі, плылі бамбардзіроўшчыкі...
Уся гэтая агромністая, магутная, накіраваная ў адзін бок плынь нібы несла і яго.
Юрыя падначальваў, падганяў гэты агульны ўздым, і сержант, трымаючыся на яго хвалях, стараючыся не адставаць ад другіх, ад Праворнага, ішоў і ішоў. Ён цяпер бачыў сябе дзіўна дробненькім, кволым, нейкім незнаёмым. Усё, што адбывалася навокал, было таксама незвычайным, такім незвычайным, вялізным і бязлітасным, што здавалася незразумелым, нават нерэальным. Ён адчуваў сябе так, нібы трапіў у зусім іншы свет. Усе звыклыя ўявы ў гэтым свеце некуды зніклі, замяніліся іншымі, чужымі, незнаёмымі. Ён упершыню спазнаваў гэты дзіўны свет, слухаў, хваравіта востра сачыў, усё міжвольна падсвядома адзначаў, але амаль нічога не думаў, многага не разумеў.
Па меры таго, як батальён паглыбляўся ў размяшчэнне ворага, наступаць станавілася цяжэй. Хоць пехацінцы ішлі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі, якія, здавалася, змяталі са шляху ўсё жывое і нежывое, вораг яшчэ спрабаваў утрымацца. Калі выбухі аддаляліся, гітлераўцы, якім пад бетоннымі столямі і тоўстымі накатамі пашанцавала выратавацца, выпаўзалі наверх і секлі па нашых байцах з кулямётаў і аўтаматаў...
На адзін такі заслон наскочыў і ўзвод Праворнага. Кулямётная страляніна ўзнікла раптам так блізка, што Юрый не ўправіўся зразумець, што гэта. Але ён адразу кінуўся на зямлю, паспеўшы заўважыць, як непадалёк, недарэчна падагнуўшыся, паваліўся нехта з байцоў.
Юрый ляжаў нерухома, стараючыся аддыхацца. «Што са мной? Ці не ранены?» – падумалася трывожна. Нямецкі кулямёт лескатаў быццам перад самай галавой, і гукі стрэлаў, здавалася, стукалі па макаўцы. Справа, поблізу, чарга кулямёта зрэзала некалькі высокіх балотных сцяблін... Вось-вось,– яшчэ чарга, і куля, напэўна, увап'ецца ў галаву, у плечы. Ён раптам прыгадаў бацьку: «Няўжо не ўбачымся?..» Сэрца яго моцна калацілася.
Ён ляжаў на адкрытым месцы. Калі б тут быў хоць кусточак, хоць варонка, якімі перарыта амаль усё балота,– каб можна было схавацца ад куль! Адны толькі бародаўкі-купіны ды балотная трава. А навокал пачалі рвацца нямецкія міны.
Прыслухоўваючыся мімаволі да іх посвісту, Юрый стараўся асэнсаваць сваё становішча. Што з яго байцамі? Жывыя яны? Дзе яны цяпер?.. Ён азірнуўся па баках і ўбачыў аднаго крыху правей ад сябе, ззаду, – гэта быў Шарыфутдзінаў. Ён вострымі чорнымі вачыма штосьці высочваў з-за купіны. Злева ад Юрыя ляжаў тварам уніз забіты бялявы баец; на яго спіне тапырыўся новенькі рэчавы мяшок...
Юрый вачыма адшукаў поблізу ямку і асцярожна перасунуўся ў яе. Ямка была мелкая, але ўсё ж у ёй Юрый адчуў сябе больш надзейна. Хоць крыху, ды можна ўкрыцца. Цяпер ён пачаў турбавацца пра далейшае: колькі ж яшчэ ім прыдзецца тут ляжаць? Няўжо нельга прымусіць гэты пракляты кулямёт змоўкнуць? Чаго маўчыць Рыбалка з кулямётам? Чаго не страляе? Нельга марудзіць!.. Трэба прымусіць сціхнуць іх! Узвод Праворнага можа адстаць ад іншых, затрымаць усю роту... увесь батальён... Іншыя ўзводы, мусіць, ужо наперадзе... Ну, чаго ж ён, Рыбалка, не пачынае?..
І тут Юрый узрадавана пачуў – кулямёт загаварыў! Ён біў кароткімі, скупымі чэргамі, з перапынкамі... Малайчына, Рыбалка, дай ім аганьку!
Неўзабаве кулямёт змоўк. Мінула некалькі хвілін, а ён маўчаў. Што з Рыбалкам: патронаў няма ці, можа, загінуў?.. Не, патроны ён яшчэ не расстраляў. Няўжо ён загінуў?! Забіты?.. А што з другім нумарам?..
Як там ні было, кулямёт маўчаў... Ён не можа, не павінен бяздзейнічаць. Думкі Юрыя раптам пайшлі ў іншым кірунку: калі хутка праскочыць адлегласць да Рыбалкі, то варожыя кулямётчыкі, напэўна, не ўправяцца ўзяць на прыцэл. Трэба толькі выбраць момант, калі будуць біць кулямёты ў суседніх аддзяленнях...
Ён больш не думаў пра небяспеку. Трэба. Трэба зрабіць. Перад гэтым – трэба зрабіць! – усе іншыя меркаванні адступалі, здаваліся малазначнымі. Адчуваючы ў сябе прыліў сілы і рашучасці, ён ускочыў.
Юрый упаў каля Рыбалкі на якую-небудзь долю секунды раней, чым прайшлася над ім чарга. Не ўправіліся!
Ён не памыліўся: Рыбалка быў мёртвы, ляжаў, уткнуўшы галаву ў балота, нібы хаваў яе.
Куля вышла цераз патыліцу,– над кволай шыяю, над шышачкамі пазванкоў заплывала крывёю глыбокая варонка раны. Убачыўшы аголеную парваную тканку, мокрую ад крыві, кроў, у якой бялелі асколкі касці, Юрый хутчэй адвярнуўся. Ён адчуў, што яму робіцца млосна...
Стараючыся адолець гэтую млоснасць, не думаць ні аб чым, хаваючыся за Рыбалкам, Юрый, нейкі паслабелы, з непаслухмянымі рукамі, выцягнуў незвычайна важкі кулямёт і адпоўз у бліжэйшую ямку ад выбуху, перавалок каробку з дыскамі.
Выбраўшы, як яму здавалася, зручную хвіліну, ён, спяшаючыся, прыцэліўся і хутчэй націснуў спускавы кручок.
Некалькі хвілін маўчаў, пакуль нямецкі кулямётчык вёў па ім страляніну. Потым, адчуўшы, што прыціхла, супакоіўшыся крыху, паспрабаваў зноў прыцэліцца, аднак ледзь ён узняў галаву, побач прайшлася доўгая чарга.
Юрый ляжаў моўчкі. Можна было падумаць, што ён забіты. Вычакаўшы добра, сержант зноў паварушыўся, прыцэліўся. Нямецкі кулямётчык не адгукаўся. Забіты ці хітруе?
Стралялі яшчэ два ці тры кулямёты, якія былі на левым флангу. Час ішоў і ішоў, а кулямёты не замаўкалі. Навокал па-ранейшаму грукаталі гарматы, недзе спераду былі чуваць выбухі бомб, а ляскат чужых кулямётаў, блізкі, злавесны, як бы знарок, не змаўкаў. І Юрыю прыходзілася ляжаць.
3...
Камбат Паўлоўскі, заўважыўшы са свайго КП, як залегла рота, адразу пастараўся дапамагчы ёй. Ён загадаў камандзіру суседняй роты ўдарыць у фланг гітлераўцаў. Тады ж камбат, доўгі, з доўгім качыным носам і рашучым падбародкам, нязменна з біноклем на плячах, павярнуў свае крутыя, ледзь не метровай шырыні плечы да шчупленькага артылерыста-капітана з чумацкімі вусамі, камандзіра прыданага артдывізіёна.
– Выручай, капітан. Эх, гады пячорныя,– прыціснулі маіх «самаварамі» і кулямётамі! Узняцца не даюць!.. Вунь, бачыш, правей дрэўца, як бы купінкі – кулямёт... Лявей яшчэ два,– адзін вунь на два пальцы лявей хмызнячку. Бачыш?.. Далей, за тымі чатырма кусточкамі, мінамётная батарэя...
– Да гэтай я ўжо добра прыглядзеўся. Яна на прыкмеце ў мяне... Хвіліны яе, як кажуць, ужо злічаны – яна ў «вілцы»... Ну, ды і кулямёты хутка прыціхнуць. Што ж, пачнём з «самавараў»... – капітан загадаў артылерысту-тэлефаністу даць «Амур».
Узяўшы трубку, ён пачаў камандаваць «Амуру» прыцэлы, вугламеры, лічбы.
Наперадзе Юрыя пачалі ірвацца снарады. Яны праносіліся ўгары з імклівым, абнадзейлівым посвістам. Там, дзе былі чужыя мінамёты, выблісквалі ярасна-гарачыя, як гнеў, агні і ўскідваліся з громам рудыя грывы.
Неўзабаве пачалі ірвацца снарады і на пазіцыях нашай артылерыі. Артылерысты, як бы не заўважаючы гэтага, прадаўжалі страляць і страляць. Усю агнявую хутка заслала дымам ад стрэлаў і выбухаў. Раптам варожы снарад разарваўся каля лафета адной гарматы, і некалькі чалавек упала...
Юрый гэтага не бачыў, ён толькі чуў, як усё мацнее артылерыйскі паядынак. Вось ужо ў бой уступілі цяжкія гарматы. Яны таксама пачалі біць па нямецкай артылерыі,– іх выбухі раздаваліся далёка за пазіцыямі пяхоты. Ад гэтых выбухаў уздрыгвала зямля. Слухаючы магутны грукат, які ўсё мацнеў наперадзе, Юрый нібы дужэў. Вунь колькі артылерыстаў заступілася за іх...
Нарэшце, нямецкія кулямёты сціхлі. Калі Юрый, трымаючы ў руках кулямёт, узняўся, адразу і не верылася, што яны сціхлі. Але яны маўчалі. І, хоць навокал па-ранейшаму кіпела вялікая бітва, Юрыю здавалася, што настала цішыня. Праворны, надзяваючы пілотку на коратка падстрыжаную галаву, загадаў весці людзей наперад.
– Падымайся! – крыкнуў Юрый байцам.
Але падымаць і не трэба было. Убачыўшы, як усталі Юрый і Праворны, байцы, хто застаўся жывы, самі пачалі ўздымацца. Па затравелай, падатнай глебе, па куп'і, хлюпаючы ў вадзе, а часта і грузнучы па пояс, зноў пайшлі наперад.
Юрый, стараючыся ісці ў рост, адольваючы прыкрую слабасць у нагах, зноў мімаволі чакаў чагосьці страшнага. Але ён бег і падаў, і ўскокваў, а гэтае страшнае абмінала.
Між тым наблізіліся да альховага хмызняку. Ускочылі ў яго...
Да Юрыя раптам збоку штосьці паляцела. Хлопец не заўважыў гэтага, але жвавы, спрытны Шарыфутдзінаў ірвануў яго да сябе і кінуўся з ім на зямлю. Амаль адначасова пачуўся выбух.
Юрый лежачы адчапіў ад пояса «лімонку» і кінуў за альховы куст. Пусціў з кулямёта па гэтаму кусту доўгую чаргу.
Перачакаўшы момант, ускочыў, насцярожана зазірнуў за куст. Поблізу, каля траншэі, ляжалі два забітыя фашысцкія салдаты. Адзін гітлеравец выбіраўся з акопчыка, намерваючыся, напэўна, уцячы, але, убачыўшы пехацінцаў, падняў рукі.
Далей у кустах ішла аўтаматная перастрэлка. Потым адтуль прывялі яшчэ некалькі палонных.
Выгляд у іх быў разгублены, насцярожаны. Салдат з белым чубком, без пілоткі і без мундзіра, у заплямленай граззю майцы штосьці плямкаў губамі і шаптаў.
– Чалавек: галава, два вухі, – пагардліва прамармытаў Шарыфутдзінаў.
– Малітву, ці што ён шэпча? – прамовіў Юрый, запытальна пазіраючы цыганскімі, як у бацькі, вачыма на Праворнага.– Думае, мусіць, што бог паможа яму?.. Успомніў!..
– Наш «бог вайны» напомніў! – без усмешкі пажартаваў Праворны.
Юрый упершыню бачыў гітлераўцаў так блізка. Ён пазіраў на іх, як на незнаёмыя істоты – «вось яны якія!» Каторы гэта з іх гранату кінуў? Але, хоць стаялі яны перад ім упершыню, у яго была да іх даўняя, укаранелая нянавісць. Ён ненавідзеў іх яшчэ да таго дня, калі ўбачыў сваю маці пад абломкам сцяны, якую разбурыла бомба з «юнкерса»...
Праворны адразу адправіў палонных у тыл.
4...
Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу. Уся зямля тут была ўсеяна безліччу варонак. У неглыбокіх, аплеценых лазою траншэях на дне блішчала гразь. У гэтай гразі, у варонках і ў траве каля траншэй валялася многа трупаў, ранцаў з рудой цялячай скуры, газеты, разгорнуты часопіс са здымкамі.
Заняўшы ўвесь лясок, рота вымушана была пры ўзлессі прыпыніцца: байцы хутка акапваліся. Увесь час білі варожыя гарматы, але снарады ірваліся недзе ззаду пазіцый пяхоты. Юрый зняў боты, каб выліць з іх ваду, якая прыкра хлюпала, і выкруціць мокрыя анучы. Ногі пакрыліся быццам рубцамі іржы, а анучы зусім парудзелі.
Юрый толькі ўправіўся пераабуцца, як яго паклікаў да сябе Праворны. Малодшы лейтэнант, як і Юрый, мокры да пояса, з мокрымі рукавамі, з чубком раскіданых і звіслых на лоб глянцавітых каштанавых валасоў, сядзеў каля пасечанага асколкамі камля дрэва, зламанага снарадам. Вяршыня дрэва ляжала тут жа, на траве. Перад Праворным быў малодшы лейтэнант з суседняга ўзвода і тоўсты, пануры ротны старшына. Праворны сядзеў заклапочаны, але з выглядам бадзёрага чалавека: яго карыя вочы, як і раней, здавалася, пасмейваліся. Юрыю было дзіўна бачыць яго такім звычайным. Дзіўна, нібы сорамна за сваю кволасць...
Праворны замяняў цяпер камандзіра роты, якога паўгадзіны назад разарвала міна, што прыляцела з варожага боку.
Адпусціўшы малодшага лейтэнанта, Праворны, не змяняючы выразу заклапочанасці, моршчачы па-юнацку чысты лоб, пачаў распытваць Юрыя пра страты. У аддзяленні не хапала цяпер шасці чалавек: чатыры былі ранены, а два забіты.
– Падшукай, старшына, яму кулямётчыка... Я цябе, Туравец, паклікаў вось для чаго. Хутка атрымаем ва ўзвод папаўненне, табе таксама прышлюць людзей... Сачы за імі, дапамагай, пакуль абвыкнуцца. Многія з іх, напэўна, будуць упершыню ў баі...
– Разумею, таварыш малодшы лейтэнант.
Ён запытаў, колькі аддзяленню Юрыя трэба патронаў і гранат, і загадаў, каб старшына зараз жа ўсё даставіў яму.
– А ты малайчына, Туравец,– як бы выпадкова прамовіў ён напаследак.
Юрый адчуў сябе няёмка. Гэта ён, Юрый, малайчына? Ён, у якога аказалася так мала адвагі.
– Добра трымаешся!.. Адказнасць адчуваеш за справу: за кулямёт лёг. Гэта таксама добра... Прадаўжай так і далей!..
– Ясна,– адказаў Юрый, падбадзёраны добрым словам Праворнага.
У такім настроі сержант вярнуўся ў сваё аддзяленне, праверыў, як яно размясцілася.
Хутка падышло папаўненне. Юрый пазіраў на яго ўжо, як бывалы франтавік, не заўважаючы ў сабе гэтай змены, і «навічкі» адносіліся да яго таксама з давер'ем і павагай. Ён размеркаваў «навічкоў». Аднаму з іх Юрый перадаў кулямёт Рыбалкі.
Крыху ззаду, дзе снарады пакінулі толькі пасечаныя камлі і мешаніну галля, усталёўваліся мінамётчыкі. Яны ўстанаўлівалі важкія зялёныя пліты і трубы, раскладвалі скрынкі з мінамі. Потым падышлі лясной прасекай палкавыя артылерысты, цягнучы гарматы, якія вельмі грузлі. Адзін з артылерыстаў – ефрэйтар – падбег да Юрыя, папрасіў закурыць.
– Запалкі ёсць? – запытаў Юрый, дастаючы з кішэні пачак махоркі. Юрый ніколі раней не курыў, але цяпер чамусьці хацелася курыць.
Закурылі. Ефрэйтар адразу пабег да сваіх гармат, дзе артылерысты пачалі капаць раўкі.
Раптам снарады праціўніка пачалі часта ірвацца каля пехацінцаў. Лясное рэха гукі выбухаў памножвала, паўтараючы, патройваючы на розныя галасы.
Падбег, прыгнуўшы галаву і крутыя плечы, камбат Паўлоўскі і перадаў загад падрыхтавацца адбіваць варожую контратаку. З камбатам было два байцы – ардзінарац і, мусіць, сувязны.
Сапраўды, гітлераўцы, прыкрываючыся агнём гармат, падцягваліся на зыходны рубеж. Яны збіраліся на рубяжы амаль непрыкметна, бо поблізу яго слаўся белы паўзучы дым. Гэта гарэў падпалены снарадамі торф.
Агледзеўшы пазіцыю ўзвода, камбат загадаў перанесці два кулямёты на левы фланг. Юрый, паглядваючы час-ад-часу ў бок гітлераўцаў, пахапліва курыў. Выбухі ўзнікалі ўсё часцей і часцей.
– Не курыў раней?– запытаў раптам камбат, пачуўшы, як Юрый закашляўся.– Не куры... Здароўе папсуеш,– сказаў ён павучальна, як старшы малодшаму.– Ну, камандуй!
Ён паслаў сувязнога з нейкім даручэннем у суседнюю роту, а сам подбегам падаўся да КП. Тут ён звязаўся з камандзірам кулямётчыкаў і загадаў перакінуць чатыры кулямёты да Праворнага.
Капітан-артылерыст з чумацкімі вусамі, стоячы за дрэвам каля КП, назіраў за выбухамі сваіх снарадаў, часам ён падбягаў да тэлефаніста і перадаваў «Амуру» папраўкі.
– Бачыш, капітан, дзе яны збіраюцца? – запытаўся камбат.
– Бачу. Няхай, няхай збіраюцца! Я зараз вермішэль з іх зраблю! – і, перадаўшы прыцэл і вугламер, скамандаваў:– Дывізіёнам восем снарадаў, беглы агонь!
Юрый з мелкага акопчыка бачыў, як варожых пехацінцаў, якія ўзняліся і рушылі сюды, да ляска, раптам ахапілі дым і полымя выбухаў. Білі гарматы прыданага дывізіёна, потым пачалі біць палкавыя батарэі, мінамёты. Некалькі дзесяткаў гітлераўцаў выскачылі з дыму, набліжаючыся да роты Праворнага, але тут запрацавалі нашы кулямёты і лёгкія мінамёты. Гітлераўцы спыніліся, залеглі, а праз некаторы час, кідаючы ўсё – і зброю, і раненых, пачалі хутка адпаўзаць назад.
Тады батальён паспрабаваў прабіцца далей. Але немцы трымаліся па-ранейшаму ўпарта...
Седзячы ў гразкім акопчыку, над якім роем віліся надакучлівыя камары, Юрый бачыў, як цераз які-небудзь кіламетр наперадзе штурмуюць ворага «сілы»...
Прышоў пануры старшына і аб'явіў, што падвезлі тэрмасы з абедам. Юрый загадаў вылучыць двух чалавек атрымаць абед... Ён толькі тут успомніў, што з вечара нічога не еў.
Але есці і не хацелася. Ці да таго яму, калі яго поўняць, гнятуць такія нязвычныя, недаступныя разуменню агромністыя ўражанні.
«Ах, гады, як, праклятыя, чапляюцца...– думаў неспакойна ён.– Няўжо яшчэ доўга прыдзецца гэтак жа выбіваць іх...»
Якраз Праворнага выклікалі да камандзіра батальёна. Калі малодшы лейтэнант падышоў, камбат гаварыў з некім па тэлефоне. Палажыўшы трубку, ён прыслухаўся да блізкага артылерыйскага грукату, які мацнеў.
– Чуеш? Артылерыя пачынае падрыхтоўку... Толькі што вось гаварыў з палкоўнікам – трэба рыхтавацца. Хутка зноў пойдзем, май на ўвазе!..
5...
Калі перадавыя падраздзяленні аддаліліся, генерал-маёр Шчарбацюк загадаў перанесці НП на новае, падрыхтаванае ўжо месца. Ён узяў папку з картай і, спусціўшыся з узгорка, на якім быў ранейшы НП, з групай штабных афіцэраў пайшоў наперад.
Пад нагамі ўгіналася забалочаная зямля, зацягнутая разнатраўем, хлюпала вада. Амаль на кожным кроку віднеліся сляды нядаўняй бойкі – варонкі ад снарадаў, ад бомб, ад мін, парваныя дротавыя загарожы, кінутыя нямецкія супрацьгазы, падобныя на тэрмасы. Усюды валяліся варожыя трупы.
Увесь час плылі і плылі самалёты – адны ў бок пярэдняга краю, другія вярталіся назад. Плылі вялізнымі і маленькімі стаямі, высока ў блакітным небе і нізка, над самымі дымамі бітвы. У небе было цёмна ад іх.
Ішлі мінамётчыкі, згінаючыся пад цяжарам пліт, труб і скрынак з мінамі. Напінаючыся з усіх сіл, коні цягнулі цяжкія павозкі...
Генерал, грузны, рыхлаваты, з жыватом, прасачыў, як некалькі артылерыстаў сунулі гармату, якая грузла амаль да восі, сказаў начарту[1] дывізіі.
– Адстае твая тэхніка... Ці ўправішся ты падцягнуць усе ствалы ў час?
Начальнік артылерыі, смуглявы чарнабровы падпалкоўнік, адказаў:
– Усе працітанкавыя і лёгкія паспею.
Пад НП была занята варожая траншэя ў хмызнячку, на ледзь прыкметным пагорку. НП не падабаўся генералу, але знайсці лепшы на гэтым балоце было немагчыма.
– Ну, як сувязь?– запытаўся генерал у сувязіста-лейтэнанта.
– Сувязь устаноўлена, таварыш генерал...
Месца, дзе выбралі НП, было пад шалёным артабстрэлам. У розных баках ад НП ірваліся снарады і міны, раскідваючы балотную гразь. Магчыма, не трэба было займаць НП так блізка ад ворага, але Шчарбацюк улічыў тое, што палкі наступаюць...
– Звяжыся з палкамі, удакладні абстаноўку,– загадаў ён падпалкоўніку – начальніку разведкі.
Генерал рыхтаваў новую атаку на варожыя пазіцыі. Дывізія заняла першую лінію ворага, а месцамі пачала штурмаваць другую. Аднак праціўнік трымаўся яшчэ моцна, асабліва на цэнтральным участку, дзе ён прыпыніў полк Сібірака. Генерал стаў гаварыць з Сібіраком сам.
– Контратакуе Сібірака!.. От, скажэнны! – ён звярнуўся да начарта: – Дадай Сібіраку дывізіён. Толькі адзін! Іншых рыхтуй да атакі...
Шчарбацюк зняў фуражку, выцер лысіну, медны карак.
– Ну, дзянёк!.. Угрызаешся, як у пароду, у гадзіну – крок.
Генерал стаў пазіраць на поле бітвы. Была хвіліна, як здавалася камдыву, незвычайнага ў гэты гарачы дзень зацішша ў яго дывізіі. Праўда, назваць гэта «зацішшам» мог толькі хіба такі цярплівы, прывыклы да бою воін, як Шчарбацюк. Як і раней, наваколле грымела ад выбухаў і стрэлаў гармат, у прамежкі між якіх урывалася чачотка кулямётаў. Над варожымі пазіцыямі ўзляталі кусты дыму і полымя. Але генерал усё ж меў рацыю: гэта было адноснае зацішша. Зацішша ў буры. Больш за палову гарматных ствалоў, якія стаялі сярод хмызняку на ўчастку, які займала дывізія, маўчалі. І баявыя палкі, акрамя Сібірака, таксама «маўчалі». Але чарга іх набліжалася.
Поблізу ад камдыва, у суседнім акопчыку, быў наводзячы ад авіячасці, прыданай дывізіі, рослы, флегматычны з выгляду лейтэнант. Ён сядзеў каля рацыі, трымаючы ўвесь час сувязь з палком, і, здавалася, нешта ціха насвістваў.
– Праз дваццаць адну хвіліну пачнем атаку,– сказаў камдыў, падышоўшы да яго.– Перадай сваім, каб былі напагатове.
– Добра. Зараз перадам.
– Сігнал для абазначэння пярэдняга краю – дзве белыя ракеты адначасова... Не пераблытай квадратаў... Начальнік разведкі ўдакладніць табе абстаноўку.
Шчарбацюк паклікаў падпалкоўніка.
Непадалёк ад гарбка ішлі павозкі са снарадамі. Яшчэ некалькі цягнулася ззаду ад іх. Коні грузлі. Ездавы пярэдняй павозкі размахваў пугаю і крычаў штосьці на каня, які пяўся з усіх сіл. За павозкай ішлі, папіхаючы яе, два пехацінцы.
– Марудна, другі мае, наступаеце,– заўважыў генерал пехацінцам, калі яны, уз'ехаўшы ўжо на выспачку, прывіталі яго.
– Дык балота ж, таварыш генерал-маёр... Вось выйдзем на цвёрдую зямлю, тады – аж пыл закурыцца! – аптымістычна адказаў адзін з салдат.
– «Выйдзем на цвёрдую»... Колькі ж вы будзеце так выходзіць!
Генерал зірнуў на гадзіннік,– заставалася семнаццаць хвілін. На НП Шчарбацюк звязаўся з камандзірамі палкоў, правяраючы, ці падрыхтаваліся ўсе, зверыў свой гадзіннік з гадзіннікам начарта.
– Што ж, дарагі, палкі гатовы... Табе засталося шэсць хвілін.
Начальнік артылерыі ведаў, што калі генерал сказаў: шэсць, значыць – шэсць, ні секунды менш ці больш. Шчарбацюк быў, пры ўсёй сваёй марудлівасці, на дзіва дакладны.
Роўна праз шэсць хвілін забухалі гарматы. Некаторыя з іх стаялі так блізка ад НП, што тэлефаністы і лётчык вымушаны былі прыкрываць вушы далонямі, каб чуць з трубак адказы. Над пазіцыямі праціўніка суцэльнай сцяною заклубіўся дым. Гітлераўцы адказалі на нашу страляніну некалькімі залпамі, – паўдзесятка снарадаў лягло каля агнявой пазіцыі бліжэйшай батарэі.
Варожым артылерыстам прышлося сціхнуць...
Камдыў падышоў да лётчыка:
– Падымай, лейтэнант, у паветра сваіх летуноў.
Гарматы пачалі змаўкаць. Штурмавікі пранесліся так нізка і з такім рокатам, што задрыжала зямля. Праз кіламетры два з паловай яны развярнуліся і пайшлі ўсцяж пярэдняга краю, расстрэльваючы праціўніка з кулямётаў і гармат. Адсюль было відаць, як з самалётаў выкідваюцца вострыя язычкі полымя. Раз-по-раз чуліся выбухі бомб...
– Пайшла, царыца палёў і балот! – сказаў падпалкоўнік-разведчык, гледзячы наперад.
Там былі відаць пехацінцы, тысячы пехацінцаў з мяшочкамі за плячыма, са зброяй, яны паступова аддаляліся. На іх шляху нярэдка ўскідваліся дымы выбухаў, але людзі не спыняліся. Павольна і ўпэўнена яны ўсё ішлі ды ішлі...
Вось яны ўжо дабраліся да пагорка, і тут хваля пяхоты, як марская хваля, ударыўшыся аб бераг, спынілася. Шчарбацюк, які цяпер нязводна сачыў за імі, пачаў хвалявацца,– пад скурай напружана захадзілі жаўлакі. Ён выняў кісет, панура зацягнуўся едкім дымам самакруткі.
З гэтым астраўком прыдзецца павалтузіцца. Не так проста вытурыць адтуль ворага. Камдыў непакоіўся, як бы яго дывізія, заваждаўшыся з узгоркам, не адстала ад суседзяў. Гэта было б для яго найвялікшай ганьбаю. Акрамя таго, ён уяўляў, як бы адгукнуўся на вестку пра гэта камандарм: «Я так і ведаў... Ён толькі хваліцца майстар!»
Генерал выклікаў авіяцыю, і над астраўком хутка з'явіліся нашы пікіроўшчыкі. Змяняючы адзін аднаго, яны кідаліся з гары на нябачныя адсюль цэлі. Не перастаючы, па тых жа месцах біла артылерыя. Усё ўдалечы зацягнула дымам.
Камдыў загадаў выклікаць да тэлефона Скорабагатага, полк якога правым флангам наступаў на ўзгорак, але лейтэнант-сувязіст зморана адказаў, што сувязь з палком перарвана.
– Трэці раз! Толькі што паправілі і зноў...
– Хоць бы і дзесяты раз, дарагі... Мне патрэбен Скорабагаты!
Лейтэнант хацеў сказаць, што там, на лініі, ужо ёсць салдат, якога ён нядаўна паслаў, але стрымаўся. Зірнуўшы на генерала, сувязіст пайшоў подбегам следам за байцом усцяж провада.
Каля кустоў алешніку ён убачыў збялелага тэлефаніста, які поўз каля провада, цягнучы акрываўленую нагу.
– Снарад... блізка...– прашаптаў баец з намаганнем.– Нага... як у агні...
Ён сам сабе наспех зрабіў перавязку, напэўна, адразу пасля ранення. Лейтэнант сказаў, што зараз вернецца, і, спяшаючыся, занепакоена пабег далей. Поблізу ён знайшоў абрыў,– каля провада чарнела варонка, якая напалову заплыла тванню. Сувязіст нацягнуў правады з абодвух бакоў, абчысціў ножыкам парваныя канцы і, злучыўшы іх, абматаў клейкаю ізаляцыйнай істужкай.
Праз хвіліну Шчарбацюк слухаў хуткую гаворку Скорабагатага. Наступленне на правым флангу затармазілася, і гэта ставіла пад пагрозу фланг Сібірака.
– Дзоты? – перапытаў генерал-маёр, густа-барвова чырванеючы.– Спачуваю! Непрыемнасць такая!..
Усе, хто ведаў натуру камандзіра дывізіі, адчувалі, што падступае выбух гневу. У дабрадушнага Шчарбацюка часам роўны, лагодны настрой перарываўся, змяняўся гневам, выбухам. У такія хвіліны генерал станавіўся гарачым і нястрыманым, – нібы ўсё, што капілася многія дні, выбухала адразу.
Гэтых «выбухаў» у дывізіі ўсе баяліся.
– У цябе, душа мая, артылерыі на цэлую дывізію! Больш, як на дывізію! Такая сіла! І ты не можаш з такой сілай закрыць ім зяпы?.. Нялёгка? Спачуваю! – у голасе камдыва чулася кіпенне. – Але, каб было лёгка, нам тут не было б чаго рабіць!..
З самага маленства ён жыў нялёгка. У пятнаццаць год ён, абліваючыся гарачым потам, ужо ганяў ваганеткі як адкатчык. Праз два гады хлопец стаў сам рубіць вугаль, цэлымі гадзінамі лежачы ў паўцёмнай пячоры. Шахцёры ніколі не скардзіліся на цяжкасці, ён таксама не гаварыў пра гэта. Больш таго, ён не разумеў, што такое лёгкае жыццё. Былы вугальшчык, з-пад Новачаркаска, настойлівы і ўпарты, ад той пары захаваў прывычку спакойна адольваць усё, што трэба. Хоць Шчарбацюк ведаў, што Скорабагатаму сапраўды цяжка, ён адчуваў непрыхільнасць да камандзіра палка, які паскардзіўся.
– Не разумею гэтага чалавека! Гонару мала! Я б разбіўся, а не стаў бы скардзіцца, а ў яго вечныя скаргі. Баба!..
Генерал звязаўся з Сібіраком.
– Павярні дзве крайнія роты і дывізіён артылерыі направа – дапамажы Скорабагатаму.
На нейкую хвіліну ён падумаў, як ацэніць сённяшнія дзеянні камандарм,– пры ўспаміне пра камандарма камдыву стала неспакойна. Успомніліся словы Чарняхоўскага – «... а што вы скажаце, таварыш генерал... справіцеся?» Ён падумаў, што Чарняхоўскі, відаць, уважліва сочыць за яго дывізіяй...








