412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 23)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 23 (всего у книги 25 страниц)

На батарэі артылерысты выгуквалі каманды; наводчыкі стаялі наўколенцах каля панарам, жорлы гармат цікавалі яшчэ нябачную цэль.

Юрый, звёўшы чорныя бровы, углядваўся ўдалеч, дзе дарога ўзыходзіла на пагорак. Адсюль да самага таго пагорка цягнулася поле, маўклівае, спякотнае, на якім ціха варушыліся жыты. Поблізу расла паласа даспелага ячменю. Недзе ў ячмені, быццам папярэджваючы пра надыход бою, трывожна затуркала перапёлка.

Колькі там іх? Юрый ведаў, што ў «катле» ёсць вялікія і вельмі моцныя групы; баючыся страшнага для іх акружэння, ірвучыся да сваіх, яны могуць біцца ашалела, з упартасцю смяротнікаў...

Раптам Юрый убачыў у полі непадалёк двух чалавек. Яны вышлі з-за ляска, дзе была вёска, і цяпер ні то гуляючы, ні то аглядваючы поле, брылі ў жыце. У адной постаці лёгка было пазнаць жанчыну, – яна ішла спакойна і, здаецца, слухала мужчыну, які, размахваючы рукамі, штосьці гаварыў і паказваў...

Хто гэта? Не падобна, каб гэта былі пераапранутыя немцы, бо людзі ішлі вельмі ж ужо бестрывожна ды і з боку Паплавоў, дзе былі нашы байцы. Але чаго гэтыя дзве постаці вышлі ў поле ў такі час?

Юрый загадаў Шарыфутдзінаву даставіць іх сюды.

– Чаго ходзіш тут, чалавек – галава, два вухі?!– накінуўся салдат на Жывіцу. Ён ці зрабіў выгляд, што не пазнае «старшыню», ці і сапраўды не пазнаў. – Страляць будзем тут!

Не даўшы Жывіцы слова сказаць, Шарыфутдзінаў загадаў ісці следам. Як толькі незнаёмыя, – цяпер было ясна, што гэта свае, мабыць, з Паплавоў, – былі прыведзены, сержант, не распытваючыся ні аб чым, паслаў іх з Шарыфутдзінавым да Праворнага.

Каля Праворнага, які праціраў вочка бінокля, быў якраз камандзір партызан Дрозд і яго сувязны, малы Шабунёк.

Тут адбылося незвычайнае. Не ўправіўся Шарыфутдзінаў нават пачаць дакладваць камандзіру пра затрыманых, калі сувязны, узрадавана крыкнуўшы: «мамка!», забыўшыся пра сваю дарослую паважнасць, кінуўся да жанчыны. Тая моўчкі, але пяшчотна прыгарнула малога да сябе.

Дрозд, здзіўлена маргаючы выцвілымі вейкамі, утаропіўся ў твар мужчыны:

– Ты – Жывіца? Адкуль ты зваліўся сюды?..

– Не зваліўся, сусед, а прыкаціўся... – узрадавана адказаў Жывіца.

– Хутка ж ты!.. І ўжо на поле? Ах ты, неспакойная твая душа. Ты ж мог у лапы да гітлераўцаў трапіць, ды яшчэ – чорт ты гэтакі!– Аўдоццю завесці.

– Я трапіў бы? Я іх, братачка, за пяць вёрст чую!..

– Бач, які самаўпэўнены, малодшы лейтэнант?

– Такі не трапіць!– заклапочана прамовіў Праворны, сочачы за полем. – Шарыфутдзінаў, можаш ісці назад...

– Ты ведаеш, жыта і ячмень выдаліся нядрэнныя,– адгукнуўся Жывіца.– Вельмі нядрэнныя, сказаць, выраслі. А бульба – гэтая падгуляла. Падгуляла, сусед... Зямля збяднела, карміць яе трэба...

– Трэба!..

Праворны азірнуўся на Дразда і прамовіў ціха:

– Паявіліся!..


2...

Юрый таксама ўбачыў гітлераўцаў – доўгая шэрая калона, узбіваючы хмару пылу, паволі выпаўзала на пагорак. Наперадзе, выставіўшы, нібы шчупальцы, ствалы гармат, асцярожліва сунуліся танк і дзве самаходкі.

Калі яны падышлі блізка, у кустах, зіхнуўшы языкамі-полымем, ударылі гарматы, – абедзве самаходкі некалькімі трапнымі стрэламі былі падбіты. Танк хутка збочыў і пачаў, манеўруючы, часта страляць з гарматы.

Тады калона на полі стала распаўзацца ўшыр, загаварылі нявідныя адсюль нямецкія гарматы і мінамёты. Яны найбольш абстрэльвалі батарэю, каля якой цяпер увесь час не сціхаў грукат.

Калона ішла проста па полі, мнучы і топчучы збажыну. З-за пагорка выпаўзлі яшчэ некалькі танкаў, за якімі варушыліся густыя рады і купкі пехацінцаў, ледзьве бачных у жыце. «Адкуль іх столькі сабралася!» – падумаў здзіўлена і ўстрывожана Юрый. Шарыфутдзінаў штосьці сказаў, але Юрый не разабраў тых слоў, і казах паўтарыў у другі раз:

– Як саранча, кажу... Яны – як саранча!.. Паўзуць. Многа.

Там, каля ўзгорка, было, напэўна, разы ў два больш, як нашых.

– Нічога, мы ўжо бачылі такіх, – Юрый сказаў з ноткай пагарды і знарок спакойна.

– Бачылі! С-саранча...

Юрыю ўжо не раз даводзілася біць гітлераўцаў і бачыць, як яны – няхай часам пасля вялікага бою – уздымаюць паслухмяна рукі. Спрактыкаваным вокам франтавіка Юрый заўважыў, што ў тых, хто хацеў прарвацца, цяпер было менш, як калі-небудзь раней, парадку і зладжанасці...

Аднак ён адчуў, што справіцца з такою сілай будзе нялёгка. Вельмі ж багата іх тут. Ды і, акрамя таго, лезуць яны вельмі настырна, быццам ашалелыя. Напралом пруць...

Юрый махнуў кулямётчыку:

– Давай!..

Ён мільгам зірнуў у бок бранябойшчыка. Цэлы, страляе. Стаў пазіраць туды, куды б'е кулямётчык: гітлераўцы беглі насустрач. Падалі – адны назаўсёды, другія, каб перадыхнуць: праз хвіліну яны зноў уздымаліся і беглі... Падалі і беглі.

На полі дымела ўжо некалькі машын, было там нямала параненых і забітых, але постаці ў зялёных мундзірах па-ранейшаму ірваліся наперад... Тры танкі, да паловы схаваныя жытам, віляючы, б'ючы з кулямётаў, беглі хутка на акопы ўзвода Праворнага.

– Гранаты!.. Адбіваць танкі!.. – крыкнуў Юрый, голас якога патануў у грукаце. Ён выцягнуў з гранаты вусікі чакі, сціснуў колькі сілы пальцамі ручку.

Але адзін з танкаў ужо замёр, прашыты навылёт у вежу артылерыйскімі снарадамі, а хутка нехта – ці артылерысты, ці, можа, хто-небудзь з бранябойшчыкаў – спаліў і другі. Куля ці снарад папалі, напэўна, у бак з гаручым, бо над танкам адразу высока выбухнуў клуб дыму... Трэці танк, які крыху адстаў, хаваючыся за дымам, адстрэльваючыся, не разварочваючыся, пачаў адступаць назад...

Потым з боку немцаў пачаўся шалёны абстрэл з гармат. Адзін снарад упаў на край суседняга з Юрыем акопа, пасекшы ўшчэнт байца-астраханца, які сядзеў там. «Вось бязглузда – калі загіну цяпер», – падумаў мімаволі сержант. Яму на нейкую хвіліну ўспомніўся Вася Крайко, размова з ім пра бацьку і тая надзея хутка ўбачыцца з бацькам, з якой Юрый жыў гэтыя два дні... Не, не, яны абавязкова пабачацца!..

Праз некаторы час сюды падышло некалькі «кацюш». Калі снарады «кацюш» пачалі з грукатам ірвацца ў радах гітлераўцаў, націск іх прыкметна паслабеў. Дзе-ні-дзе салдаты сталі разбягацца. Пасля трох – чатырох залпаў «кацюш» над жытам пачалі з'яўляцца першыя шматкі белых тканін.

– Спыніць агонь! Спыніць! – пачуў Юрый голас Праворнага, заўважыўшы, што «кацюшы» і гарматы ўжо сціхлі. Азірнуўшыся на ўзводнага, Юрый убачыў, што малодшы лейтэнант, устаўшы ў поўны рост, зграбны, стомлены, выцірае пілоткай спатнелы твар. Каля Праворнага быў сувязны ад камандзіра роты, які штосьці гаварыў.

– Другое і трэцяе аддзяленні – да мяне!.. Пойдзем браць фашыста ў палон!..

Юрый загадаў сваім байцам, каб перасталі страляць. Яго аддзяленне павінна было застацца пакуль тут. «На ўсякі выпадак», – як сказаў малодшы лейтэнант.

Гукнуўшы на дапамогу Шарыфутдзінава, Юрый разам з ім выцягнуў з акопа забітага байца. Трэба было пахаваць яго.

– Чаму яны стралялі? – ні то пытаўся, ні то разважаў сам з сабою Шарыфутдзінаў, робячы даўжэйшым акоп, у якім быў забіты баец. – Ім трэба было здавацца, а яны – стралялі! Навошта яны стралялі,– бескарысна стралялі?..

Так, біліся яны бескарысна. Азірнуўшыся на поле, Юрый бачыў, як гурты немцаў, узняўшы рукі, паспешліва выбіраюцца на дарогу, як пехацінцы і яго «землякі» прачосваюць жыта, абяззбройваючы тых, хто хацеў схавацца. На дарозе расла гара трафейнай зброі, якая цяпер не магла ўжо нікому пагражаць, а побач з ёй пакорліва ціснуўся натоўп палонных.

Ён хутка павялічваўся...


3...

Сустрэча Баумволя з рускімі каля пасёлка была трагічнай для генерала. Адразу, ледзь толькі група завязала бой, генерал з некалькімі афіцэрамі аддзяліўся ад яе, аднак уцячы непрыкметна не ўдалося: Баумволя і яго паплечнікаў неўзабаве акружылі, і генералу, хочаш не хочаш, прышлося падняць рукі.

Апоўдні Баумволя прывялі да камандзіра гвардзейскай дывізіі генерал-маёра Шчарбацюка.

Шчарбацюк сядзеў за сталом. Ён дазволіў генералу сесці на сялянскі ўслон па другі бок стала, запытаўся:

– Як генерал адчувае сябе?

Баумволь хвіліну маўчаў, як бы ў роздуме, потым расшчапіў губы і панура прамармытаў, што вельмі стаміўся. Апошнімі начамі яму даводзілася мала спаць, – ён цяпер пакутуе ад моцнага галаўнога болю. Баумволь пакутліва наморшчыў лоб.

Генерал-маёр папрасіў, каб прынеслі пірамідону. Маёр-перакладчык працягнуў панураму генералу пакецік з парашком. Баумволь разгарнуў яго і, прыплюшчваючы вочы з пачырванелымі павекамі, стаў недаверліва прыглядацца да парашку. Крывячы губы, трывожна прамовіў:

– Дзіўны колер у пірамідона...

Шчарбацюк супакоіў яго. Генерал запіў парашок глытком вады.

Тады пачаліся іншыя скаргі. Баумволь пашкадаваў, што згубіў акуляры. Скардзіўся, што няма некаторых дарагіх яму асабістых рэчаў, што няма змены бялізны і абмундзіравання, якія ён, ідучы з групаю, пакінуў пры штабе войск. Ён хацеў бы, каб рускія, калі можна будзе, знайшлі гэтыя рэчы і перадалі яму.

Баумволь папрасіў пакінуць пры ім дзеншчыка, які быў узяты ў палон разам з ім.

– Добра. Я загадаю, каб дзяншчык быў пры вас, – адказаў уступчывы Шчарбацюк. – Больш няма просьб?

О, не, – у генерала ёсць яшчэ адна просьба. Можна сказаць, самая жаданая.

– Я даўно збіраўся наведаць сям'ю і адпачыць. Мой дом у Мюнхене бамбардзіроўшчыкі разбілі,– мая сям'я пераехала ў Кётцынген. Амаль цэлы год яна ўжо ў Кётцынгене... Я хацеў бы, каб рускае камандаванне дазволіла мне паехаць на некаторы час... у Германію. Мне трэба наведаць сям'ю і адпачыць...

Генерал-маёр, пачуўшы гэта, паглядзеў на свайго палоннага з падазронасцю: ці не адбілі ў яго апошнія баі рэшткі розуму? У Германію захацеў, адпачыць!

Што адказаць яму, гэтаму нахабе? Шчарбацюк на хвіліну задумаўся.

– Наша камандаванне, я спадзяюся, магло б даць згоду на гэта. Мы хацелі б, каб у Германіі ведалі аб становішчы ў рускім палоне. Але... відаць, нямецкае камандаванне не дазволіць...

Генерал-маёр, якому хацелася хутчэй перайсці да справы, каб не траціць марна часу, рэзка змяніў кірунак размовы:

– Як вы ацэньваеце становішча германскіх войск у Беларусі?

– Нашы войскі перажываюць вялізны ўдар. Я павінен сказаць, – становішча іх вельмі цяжкае... Аднак не безнадзейнае,– дадаў пасля паузы Баумволь.

– Што ж, вы лічыце, неабходна вашым войскам?

Твар Баумволя стаў жорсткім і цвёрдым.

– Біцца да канца!

Генерал-маёр, стрымліваючы іранічную ўсмешку, пацікавіўся, чаму ў такім разе Баумволь кінуў войскі.

– Ці не думалі вы, кінуўшы дывізіі ў смяротнай небяспецы, аб тым, каб выратаваць сваё жыццё?

– Не, я хацеў прабрацца да сваіх, каб... стварыць новую дывізію.

– Але ж вы кінулі на смерць ранейшыя... Тысячы салдат!..

– Гэта не мае значэння. Вайна не абыходзіцца без ахвяр...

– Без гэтых, я думаю, яна абышлася б. Іх ахвяры не патрэбны ні вайне, ні Германіі... – Шчарбацюк памаўчаў. – Вы можаце жыццё многіх з іх выратаваць. Перад імі стаіць небяспека – бязглузда загінуць. Бязглузда, паўтараю, таму што становішча іх – і ўсіх вашых войск – безнадзейнае. Мы не выпусцім адсюль ніводнага салдата ці афіцэра. Ніводзін з іх не вырвецца з акружэння. Або ў палон – або смерць. Палон цяпер – самае разумнае. Вы добра ведаеце гэта... – камандарм адразу сурова скончыў: – Камандаванне арміі даручыла мне прапанаваць, каб вы звярнуліся да акружаных войск з заклікам спыніць супраціўленне.

– Я не падпішу звароту, каб спыніць супраціўленне.

– Гэта канчаткова?

– Так.

Баумволь прамовіў такім тонам, што гаварыць больш аб гэтым не было патрэбы. Генерал-маёр устаў, прамовіў холадна:

– Ну што ж! Мы іх прымусім капітуліраваць... і без вашага звароту.

Раздзел VI


1...

Ермакову неспадзеўкі давялося дзень паездзіць сярод англічан. Яму па просьбе гасцей, якім чамусьці захацелася, каб з імі быў хто-небудзь з вядомых партызан, са згоды партызанскага камандавання давялося суправаджаць іх.

Афіцэры англійскай місіі ўвесь дзень аглядалі Мінск. Мінск быў самым значным горадам з тых, якія ім давялося бачыць за сваё падарожжа. Яны аб'ездзілі розныя кварталы горада, палазілі ў нямецкіх дотах, дзотах, пахадзілі каля штабялёў бомб ля Дома Урада, знялі адзін другога многа разоў, выбіраючы арыгінальныя мінскія мясціны і будынкі, з дымам, з дротавымі агарожамі, дотамі, і цяпер, едучы адсюль, напэўна, лічылі, што горад ведаюць. Нічога цікавага: руіны, запусценне. Усё гэта ўжо не раз даводзілася бачыць.

Яны спяшаліся. Гітлераўцы маглі ўночы бамбіць Мінск, і падарожнікі не хацелі рызыкаваць. Пачынаўся вечар,– непрыкметна гусцеў цёплы санлівы прыцемак; у ім руіны здаваліся асабліва панурымі.

Ермакоў, які быў у першай машыне поруч з шафёрам, пачуў абрывак размовы:

– Вы кажаце, што мы – жорсткія, не гуманныя...– горача гаварыў наш маёр, што сядзеў ззаду з капітанам-англічанінам. – А хіба гэта гуманна, – вось гэта, бачыце, пустэча з абодвух бакоў? Тут былі раней вуліцы, сады, бегалі дзеці.

Ермакоў, быццам словы адносіліся да яго, мімаволі паглядзеў на вялізны пустыр, што раскінуўся па абодва бакі рэчкі. Можна было падумаць, што гэта поле ўжо, але далей на шэрані неба акрэсліваліся цёмныя абрысы вялікіх будынкаў.

– Яны паступілі кепска, не спрачаюся... – спакойна, роўным голасам адказаў капітан, прозвішча якога было Харпер. – Гэта не па-джэнтльменску. Я наогул заўважыў, што ў бошаў кепскія манеры і многа грубага нахабства. У іх, акрамя іншага, вельмі не хапае культуры... Я маю на ўвазе культуру паводзін... Тут яны поруч з англічанамі здаюцца проста нейкімі недарэкамі, невукамі, якія не ведаюць, што такое цывілізацыя і проста – прыстойнасць. Вы не згодны са мной? Не?

– Вы вельмі здагадлівы чалавек, капітан...

– Дзякую... А пра Мінск я вось што скажу. Мне здаецца, дарагі калега, вы залішне вінаваціце іх, яны не гэтак вінаваты... Мінск мог бы мець і менш разбурэнняў, – але ён больш як напалову драўляны горад... Каб паўгорада згарэла, не трэба не толькі дзесятка бомб, а нават некалькіх запальных куль... Мне здаецца, дарагі мой, што ў горадзе многа лішніх руін... выпадковых...

– Лішніх?.. Цікава. Проста-такі – вельмі цікава: лішніх. Вы бачылі хаціны на ўскраінах? Яны ўцалелі – выпадкова... А лепшая частка горада знішчана. Не запальнаю куляю, вядома. Мінску давялося прыняць столькі бомб, колькі, мусіць, не бачыў і Ковентры... Дарэчы, вось запомніце – гэта дыміцца Акадэмія навук... Гітлераўцы падпалілі яе перад самым уцёкам адсюль...

Ермакоў зацікаўлена прыслухаўся, што скажа англічанін. Той маўчаў некалькі хвілін, а калі машына выбегла на магістраль і насустрач паплыў вецер поля, прамовіў нечакана:

– Я люблю пачатак вечара... Душу абдымае незвычайная цішыня, вялікая, як неба, як свет, а ў сэрца льецца незразумелы смутак містычны і захапленне... Вы, маёр, любіце вечар?

– Не... Я не зусім разумею вас... – сказаў маёр, і Ермакоў адчуў, што ён думае зусім не пра хараство вечара.

– Як гэта не разумееце, калега?

– Я ўсё яшчэ, прызнаюся, думаю пра нашу размову.

– Яна вас здзіўляе?

– Здзіўляе. І калі вас цікавіць чым, то вашай, калі можна сказаць, мяккасцю да гітлераўцаў...

– Не забывайце, маёр, што мы – хрысціяне... Дабрата – першае хрысціянскае пачуццё...

– «Дабрата – да бліжняга?» Да каго, да забойцаў?..

Капітан Харпер сказаў, што маёр разважае крыху просталінейна і празмеру рэзка. «Вось нягоднік!» – падумаў Ермакоў пра англічаніна. – «Хрысціянская дабрата!..» «Мог згарэць ад запальнай кулі». Ён адчуваў непрыхільнасць да гэтага дыпламата і шпіёна ў ваенным фрэнчы.

– Глупства!– сказаў раптам рэзка шафёр, кінуўшы позірк на Ермакова.

Сержант звычайна быў спакойны, і яго хваляванне Ермакоў заўважыў упершыню.

– Чаго сапраўды валаводзяцца з фашыстамі?.. Праклятыя бошы!.. У мяне таксама – у Грэйт-Грымзбі – разбурылі дом: уцэліла бомба... Маці і дачку – адразу, разумееце?.. Ія – што ж пасля гэтага: павінен быць міласэрным да фашыстаў?

Ён сам адказаў сабе:

– Глупства! Усе мае хлопцы пацвердзілі б гэта...

Сержант раней казаў, што прыехаў у Расію з Кірэнаікі, дзе ваяваў у танкавым палку, у якім у яго было нямала добрых сяброў. Адшпіліўшы кішэню кароценькага «кіта», ён выняў адтуль некалькі крыху скамечаных картак, на якіх быў ён з сябрамі. Ермакову тады спадабалася яго шчырае няхітрае апавяданне аб таварышах, якія і тут быццам былі поруч з сержантам. Чарлі Бейтс – так звалі яго, – відаць, вельмі любіў сваіх «хлопцаў», сумаваў па іх.

– Многа ці мала, а павалтузіцца з бошамі давялося, – камечачы ў руках берэт, сказаў тады ў роздуме Бейтс. – Але там не такая вайна. Толькі тут я, прызнаюся, убачыў, што такое сапраўдная вайна... І наогул вы – рускія – сапраўдныя хлопцы. Вы ўмееце за сябе пастаяць! Мне гэта падабаецца!..

Цяпер ён прамармытаў незадаволена:

– Дабрата... Якая тут можа быць дабрата да гэтых нягодных бошаў?

Ён, прывычна водзячы туды-сюды баранкай, але ўжо не пазіраючы на дарогу, прыслухаўся і, пачуўшы, што за спіною па-ранейшаму размаўляюць, сказаў насмешліва:

– Ёсць у нас яшчэ – клянуся – такія, што пабойваюцца вас!..

– А чаго нас, сержант, баяцца? – запытаў Ермакоў.– Таму, хто нам не пагражае, баяцца няма чаго. Мы не збіраемся палохаць нікога сваёй сілай.

Сержант Бейтс маўчаў. Абапал паплылі абрысы сосен, між якіх цямнелі дзе-ні-дзе вялікія маўклівыя будынкі. З сасняку выходзілі некалькі грузавікоў; скупое святло іх фараў, што бегла па зямлі, выхоплівала з цемры ад дрэваў толькі ніз камлёў, якія здаваліся пнямі. Сосны хутка засталіся ззаду.

– Я, не таюся, не чырвоны, – загаварыў зноў Бейтс, падкрэсліўшы як бы з гонарам «не чырвоны».– Мне падабаюцца нашы астравы і парадкі на іх. Так, падабаюцца. Добра ў нас! Вы ведаеце, цягне мяне дамоў, сумую часта па Грэйт. Ды ўсё ніяк не ўдаецца пабыць там, – служба!.. Ну, але я не пра тое хачу сказаць. Я не ашуканец які-небудзь, – вось пра што, каб вы ведалі. Я, прызнаюся, люблю, калі людзі чэсна робяць справы, як прыстойныя людзі, і гавораць тое, што думаюць. І калі дружыць, па-мойму, дык дружыць,– правільна?.. Мне, па праўдзе, няёмка перад вамі за тое, што было раней у нас з Расіяй... Мюнхен – таксама ганьба, што б ні казалі. Я так-сяк разбіраюся ў рэчах, галава на плячах ёсць.

– Што было, сержант Бейтс, таго не выкінеш... Добра, што цяпер між нас дружба. Мы, рускія, хочам, каб яна была доўгай.

– Я, паверце, – таксама! – ён прыслухаўся: ззаду маўчалі. – Чорт, ці доўга яшчэ нам трэсціся? Мне, прызнацца, ужо хочацца напоўніць страўнік...

– Хутка прыедзем. Гэта недалёка...

– Хэлло, Ермакоў! – крыкнуў ззаду капітан. – А мы правільна едзем? Не пападзем мы ў «госці» к фрыцам?

– Спадзяюся, што не...

Ермакоў задумліва пазіраў, як наперадзе па асфальце бягуць ад фараў дзве варухлівыя жоўтыя плямы.


2...

Уранку англічане даведаліся, што нашы часці ўзялі ў палон некалькі нямецкіх генералаў. Афіцэры ваеннай місіі папрасілі наладзіць сустрэчу з палоннымі.

Сустрэча адбылася ў вёсцы Красты. У прасторным і светлым пакоі, што займаў амаль палову таго дома, дзе англічане начавалі, сабралася трое нашых афіцэраў і некалькі англічан. Побач з гэтым пакоем быў другі, у якім стаяў ложак і вісеў каля дзвярэй, нібы знарок кідаючыся ў вочы, дарагі персідскі халат кагосьці з англічан. Праз гэты пакой па адным прыводзілі палонных. Калі немцы паяўляліся перад «гасцямі», наш афіцэр коратка дакладваў пра іх: прозвішча, чын, пасада, калі ўзят у палон.

Ермакову давялося быць тут пры размове англічан з некалькімі генераламі.

– Баумволь, генерал-лейтэнант, – далажыў афіцэр, калі ўвялі чарговага палоннага.

Баумволь увайшоў у пакой, агледзеў з-за акуляраў цікаўных «гасцей» халоднымі вачыма, у якіх востра паблісквалі агеньчыкі насцярожанасці. Твар генерала быў нерухомы, як маска, – на ім больш за ўсё кідаўся ў вочы выраз непрыхільнасці да «гасцей», якую палонны і не стараўся хаваць. Ён, здавалася Ермакову, быў цяпер чымсьці падобны да непрыручанага звера, якога прывялі паказаць людзям.

– Баумволь?.. Мы чулі пра вас. Чулі, як пра аднаго з найбольш разумных генералаў праціўніка, – прамовіў паважна і ветліва англічанін-генерал, як бы стараючыся падбадзёрыць палоннага. Англічане бесцырымонна разглядвалі былога ўпаўнаважанага, чакалі, што ён скажа.

Баумволь не адказаў, – ён ганарліва прапусціў пахвалу без увагі. «Самалюбівы!» – падумаў Ермакоў.

– Як ваша, генерал, здароўе?.. Хоць – вы, напэўна, як салдат, не прывыклі скардзіцца на здароўе, ці не праўда?

– Не, – буркнуў Баумволь.

Палонны быццам не заўважаў апечнай ветлівасці англійскага дыпламата. Англічанін, відаць, імкнуўся прыдаць афіцыйнай размове, якая павінна непрыемна казытаць хваравітае самалюбства гітлераўца, тон паўсвецкай гутаркі. Ермакоў заўважыў, што Баумволь знарок не прыняў гэтага тону, стараючыся трымацца з вайсковай рэзкасцю.

– Вы не хочаце закусіць, генерал?– дыпламат кіўнуў голенаю галавою на столік, што быў побач з тым, за якім сядзелі афіцэры. На століку завабліва ляжала розная закуска, над якой узвышаліся серабрыстыя галоўкі пляшак з віном.

Баумволь адвёў вочы ад століка, мармытнуў, што ён не хоча есці.

– Ну, што ж, значыцца, нашы рускія саюзнікі паклапаціліся пра гэта... – англічанін ветліва ўсміхнуўся нашым афіцэрам, потым зноў зірнуў на Баумволя. – Тады раскажыце, калі ласка, пра сябе...

– Гаварыце больш дакладна.

– Нас цікавіць ваша жыццё, натуральна, ваеннае жыццё. Якімі вы, напрыклад, часцямі камандавалі?

Баумволь, панура пазіраючы проста перад сабой, неахвотна і коратка адрапартаваў.

Таксама ж коратка ён адказваў на пытанне пра ўзнагароды.

– Немцаў напаткала тут вялікае паражэнне, – загаварыў англічанін раптам пра іншае. – Чым, па-вашаму, тлумачыцца такі поспех, выдатны, бліскучы поспех нашых саюзнікаў – рускіх?

Гэта, відаць, вельмі займала генерала-дыпламата, бо такое пытанне ён задаваў кожнаму палоннаму. У чым сакрэт перамогі савецкага войска, на думку немцаў? – генерал шукаў адказ на гэта, як ключ да разгадкі таямніцы, якую так неабходна было ведаць. «Як гэта назваць – легальная разведка, ці што?» – мімаволі падумаў Ермакоў, адчуваючы, што роспыты былі ўжо не з простай цікаўнасці...

«Ключ» аказаўся над меру складаным. Палонныя гаварылі ўразнабой: адны тлумачылі ўсё тэхнічнай сілай Савецкай Арміі, другія тым, што ў рускіх больш войска, адзін ва ўсім вінаваціў нямецкія флангі, якія быццам бы кепска былі прыкрыты. Некаторыя панура прызнаваліся, што рускія камандзіры аказаліся мацней за немцаў у стратэгіі і тактыцы кіравання аперацыяй – яны ўмела ўзялі ўсё, што дае хуткасць, націск, манеўр...

– Нас разбіла руская артылерыя, – выціснуў Баумволь.

Ён змоўк – было відаць, што ён пра гэта гаварыць больш не будзе і пытанняў не хоча.

– Што вы думаеце пра аперацыі англічан і амерыканцаў на захадзе?

Палонны, зірнуўшы рассеяна на таго, хто пытаўся пра гэта, заявіў рэзка, з ноткай пагарды:

– Нічога. Вы кепска ваюеце.

Ермакоў бачыў, як неспакойна павярнуўся на табурэце такі ветлівы і мяккі англійскі генерал, як ён падціснуў губу. Дыпламат, відаць, пачынаў злавацца на гэтага самаўпэўненага грубага «арыйца».

Размова зусім разладжвалася. Адзін з англічан наставіў на Баумволя фотаапарат, і палонны раптам раззлавана нахмурыўся, нецярпліва махнуў рукой, патрабуючы схаваць фотаапарат.

– Нам хацелася пакінуць памяць аб нашай сустрэчы...– прамовіў здзіўлена капітан Харпер.

Каб адагнаць нядобрую цішыню, генерал-англічанін запытаўся ў Баумволя пра яго сям'ю, і тут твар былога камандзіра, заўважыў Ермакоў, упершыню ажыў, абыякавасць знікла. Халодныя вочы за акулярамі ўстрывожана заміргалі.

– Яны жылі ў Мюнхене. У часе адной бамбёжкі мой дом разбурылі...

– І дзе ж яны, генерал, цяпер?

– Яны пераехалі ў Кётцынген. Там яны былі ўвесь гэты час... Але я ўжо амаль паўмесяца пра іх нічога не ведаю...

Англічанін, апусціўшы вочы, спачувальна кіўнуў галавою: шкада, шкада...

– Вы, вядома, хочаце перадаць вестку пра сябе?

– Яволь.[4]

– Нашы войскі хутка будуць у гэтым... Кётцынгене. Я з ахвотай напішу нашым генералам, каб яны вашай сям'і паведамілі, што з вамі...

– Яволь... Гм... Вы ўважлівы да мяне...

– Мы – міласэрныя...

«Эх, пан саюзнік! – падумаў з непрыязнасцю Ермакоў, пазіраючы на скрытны твар саюзнага генерала: – Відаць, не на розных палях раслі вы з гэтым бітым ваякам...» Ён раптам успомніў учарашнюю размову з сержантам Бейтсам: цікава, што б той сказаў?

Калі Баумволя вывелі і афіцэры пачалі разыходзіцца, Ермакоў, які выпадкова апынуўся ззаду двух англічан, неспадзявана пачуў здзіўлены шэпт аднаго з іх.

– ...генерал гаварыў з гэтым бошам не як з ворагам, а як з прыяцелем...

Такі ж ціхі, але з ухмылачкай, голас Харпера мнагазначна адказаў:

– Вайна канчаецца, Майкл... Гэтая...

Раздзел VII


1...

З кожным днём становішча тых, хто быў у «мінскім катле», пагоршвалася.

Амаль цэлымі суткамі над палямі і пералескамі ля Волмы віселі нашы бамбардзіроўшчыкі, вышукваючы буйнейшыя групы і сыплючы туды бомбы. Грымелі гар маты, выбіваючы акружаных з іх пазіцый,– секлі «Дзегцяровы» і, прыкрытыя імі, беглі насустрач ворагу пехацінцы, выганяючы яго з жытнёвых палёў, з разлеглых лясоў і ляскоў, са спякотных дарог.

Нямецкія часці неслі нечуваныя страты. Амаль усе дарогі, жаўцеючыя, перарытыя палі, сакавітыя патаптаныя лугі былі завалены трупамі, якія хутка пухлі ад ліпеньскай спёкі. Над трупамі хмарамі круціліся назойлівыя мухі; цудоўны гарачы водар летніх прасцягаў атручваўся густым смуродам гніення. Дорага заплацілі гітлераўцы за спробу супраціўляцца нашым войскам!

Пятля вакол акружаных з кожным днём сціскалася тужэй і тужэй. Бамбёжкі і абстрэлы ўсё мацнелі. Яны выбівалі з галоў немцаў надзеі на дапамогу з захаду, на які-небудзь ратунак. Усё больш салдаты то па адным, а то і вялікімі гуртамі самі ішлі ў палон.

Дысцыпліна ў часцях упала зусім. Канчаліся боепрыпасы, амаль не было харчоў...

8 ліпеня камандзір 12 нямецкага армейскага корпуса генерал-лейтэнант Мюлер, які выконваў абавязкі камандуючага 4 арміяй, падпісаў загад аб капітуляцыі:

8. 7. 1944 г.

Салдатам 4 арміі, якая знаходзіцца на ўсход ад ракі Пціч!

Пасля тыднёвых цяжкіх баёў і маршаў наша становішча стала безвыходным. Мы свой абавязак выканалі. Наша баяздольнасць упала да мінімуму, і няма ніякай надзеі на забеспячэнне. Рускія, згодна паведамлення Вярхоўнага камандавання, стаяць каля горада Баранавічы. Апошнія шляхі цераз бліжэйшы водны рубеж нам перарэзаны. Няма ніякай надзеі выбрацца адсюль нашымі сіламі і сродкамі. Нашы злучэнні бес парадкава рассеяны. Каласальная колькасць раненых кінута без усякай дапамогі.

Рускае камандаванне абяцала:

а) медыцынскую дапамогу раненым,

б) захаванне афіцэрам халоднай зброі, а салдатам – ордэнаў.

Нам п р а п а н а в а н а:

усю зброю і снаражэнне сабраць і здаць у непашкоджаным выглядзе,

пакончыць бяссэнсавае супраціўленне.

Я загадваю:

Неадкладна спыніць барацьбу. Мясцовым групам ад 100 да 500 чалавек збірацца пад кіраўніцтвам афіцэраў або старшых унтэр-афіцэраў. Раненых сабраць і ўзяць з сабою. Мы павінны паказаць дысцыпліну і вытрымку і як можна хутчэй пачаць праводзіць гэтыя мерапрыемствы.

Гэты загад пісьмова, вусна і ўсімі сродкамі перадаваць далей.

Мюлер, генерал-лейтэнант, камандзір 12 армейскага корпуса.


2...

Клямт не захацеў ісці ў палон. Трое эсэсаўцаў, з якімі ён пазнаёміўся два дні назад, вырашылі як бы там ні было прабівацца на захад, і Клямт далучыўся да іх.

Яшчэ да таго, як пачалася ўсеагульная капітуляцыя акружаных немцаў, усе ўчатырох пастараліся адасобіцца ад іншых. Яны моўчкі падаліся ў глыб лесу, які ўвесь кішэў салдатамі розных часцей.

У акружаных толькі і было цяпер размовы, што пра палон, пра загад Мюлера. Дзе-ні-дзе ўжо групкі салдат выпраўляліся на ўскраіну лесу. Многія з немцаў з падазронасцю пазіралі на эсэсаўцаў і Клямта, якія ішлі ў іншы бок.

Эсэсаўцы спыніліся далёка ад ускраіны ў цёмным ельніку. Зямля тут была амаль без травы, усюды валялася тоўстым пластам ігліца, а там, дзе зямля агалілася, яна нагадвала прысак. Непадалёк ад іх пірамідай уздымаўся вялікі руды муравейнік, па версе каторага поўзалі ў розных кірунках занятыя сваімі справамі мурашкі. Клямт, убачыўшы гэта, прыгадаў труп эсэсаўца, які ён гідліва абмінуў нядаўна ў лесе,– па тым трупе поўзалі мурашкі, раз'ядалі твар, рукі.

Тут было параўнаўча спакойна. Галасы з рупараў, устаноўленых рускімі, даносілі сюды загад аб капітуляцыі, але яго ледзь-ледзь можна было разабраць. Гэтыя гукі амаль не парушалі цішыні. Праўда, і тут поблізу часам хадзілі; перагаворваючыся, прашаргалі нагамі ў бок ускраіны паўдзесятка салдат.

– Ніхто не забароніць мне думаць, як я хачу... – гаварыў адзін з іх, цягнучы на сабе кулямёт без дыска, які ён абыякава трымаў за дула. – А мне даўно надакучыла гэтая бязглуздая бойня!

– Хопіць ужо! – плюнуўшы, падхапіў другі, які штосьці жаваў. – Няхай сам Адольф паваюе... калі яму так падабаецца.

У гушчары ўсе чацвёра маўчалі. Толькі рослы, бледнаваты, інтэлігентнага выгляду гауптштурмфюрэр пагрозна, брыдка вылаяўся. Яны змовіліся перачакаць тут да вечара, а ўвечар паспрабаваць выбрацца з лесу і рушыць на захад.

З кожнай гадзінай цішыня станавілася ўсё больш трывалай, і чатыры ўцекачы пакрысе спакайнелі. Ужо недалёка быў вечар, – вечар і ратунак.

І раптам непадалёк пачуліся галасы. Калі галасы памацнелі, Клямт разабраў, што гавораць па-руску.

– Прачэсваюць лес! – вырвалася ў яго.

У прагаліну Клямт убачыў наводдаль чалавека, апранутага у цеснаваты пінжачок, у армейскія штаны і боты; на пілотцы незнаёмага ярка гарэла чырвоная істужка. Ён нешта камандаваў камусьці нявіднаму. Значыцца, гэта партызаны. Больш за ўсё не хацеў Клямт сустракацца з партызанамі!


3...

Учатырох сталі адбягаць ад партызан. Яны паспрабавалі звярнуць управа, каб абмінуць партызанскі ланцуг, але там ледзь не наскочылі на другую такую ж групу. Добра яшчэ, што тыя не заўважылі іх.

Так Клямту прышлося адступаць датуль, пакуль не засвіцілася ўскраіна. Ён падумаў, што можа ўдасца схавацца ў жыце, але ледзь толькі ўсе ўчатырох выбраліся бліжэй да поля, то ўбачылі непадалёк групу савецкіх салдат, якія назіралі за полем і ўскраінай лесу. Адзін салдат вёў у жыце немца з паднятымі рукамі.

Адступаць не было куды. Клямт і адзін эсэсавец шмыгнулі ў бліжэйшыя кусты, але іх заўважылі.

– Эй, фашыст... здавайся! – крыкнуў адзін з партызан.

Клямт, не раздумваючы, пусціў у адказ чаргу з аўтамата. Эсэсавец таксама стрэліў. Ён вылаяўся і сказаў, што рускія могуць зараз пачаць акружаць іх, а таму трэба скрытна хутчэй адысці адсюль.

Даўшы яшчэ чаргу, лейтэнант, угнуўшы галаву ў плечы, кінуўся следам за эсэсаўцам. Аднак, прабегшы некалькі крокаў, ён зноў заўважыў рускіх, цяпер ужо збоку. Ён убачыў маладзенькага хлопчыка з вінтоўкай і чалавека ў пілотцы, на якой ярка гарэла чырвоная палоска, каторага ён прыкмеціў тады з прагаліны. Відаць, яны хацелі абыйсці лейтэнанта.

Клямт стрэліў, і партызан з пілоткай адразу, спатыкнуўся і выпусціў аўтамат з рук. У той жа міг другі, зусім маладзенькі хлопчык, яшчэ амаль дзіця, размахнуўшыся, штосьці кінуў. «Граната!» – мільганула ў Клямта, і ён праворна адскочыў за дрэва.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю