412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 3)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 25 страниц)

– Іван Данілавіч, на пахаванне – вы не паедзеце?

Чарняхоўскі як бы ажыў. На хвіліну задумаўся. Сказаў са шкадаваннем, але цвёрда:

– Не. Не змагу.

Увайшоў генерал-маёр Івалгін, перадаў Чарняхоўскаму, што Траут пачаў адыходзіць у бок Оршы.

– Не вытрымалі нервы ў гітлераўца! – стрымана паіранізаваў Чарняхоўскі, – сядзеў, чапляўся – і усё ж не вытрымаў...

– Ён адкрыў, таварыш генерал, фланг свайго суседа, які стаіць з поўдня магістралі!

– Ну, што ж, гэта – прыемны сюрпрыз Глаголеву,– сказаў Емяльянаў. – Трэба перадаць яму!..

Чарняхоўскі зняў трубку тэлефона, папрасіў звязаць яго з Глаголевым...

З гэтай пары перасталі біць гарматы каля вышыні 208,5, дзе быў КНП фронта.

Чарняхоўскі вышаў з бліндажа.

Пачынала ўжо днець, сонна пракрычала непадалёк нейкая птушка.

Чарняхоўскі адчуў, як асвяжае чыстае ранішняе паветра. Паволі адыходзіла змора. Але на душы яго было цягуча, даўка.

«Саша»,..

Згадалася далёкае-далёкае. Калі хавалі маці, Саша-маленькі некалькі дзён сумаваў па ёй. Яму сказалі, што маці паехала ў горад: «прывязе табе хлебца», ён верыў і ўсё пытаўся – калі ж яна вернецца?..

Урыўкамі ўспаміналіся сустрэчы. Іван усе гады, пакуль Саша вучыўся, дапамагаў яму – пасылаў грошы, даведваўся пра поспехі ў вучобе, даваў парады. Аднойчы строга выгаварыў брату, – гэта было ўжо на фронце, калі дачуўся, што Саша часам п'е...

Усё, што прыходзіла на памяць, цяпер выклікала журботу. «Апошні раз ён не застаў мяне. Не ўбачыліся, і цяпер ўжо – не ўбачымся»...

Прайшоўшы крыху, Чарняхоўскі заўважыў у ранішняй шэрані, як здымалася з пазіцый артылерыя. Туркаталі цягачы, часам даходзілі сюды вясёлыя воклічы.

Тры дні назад тут усюды стаялі гарматы, а ў лагчыне, крыху наводдаль, – танкі. Цяпер усё вакол пусцела, але гэтая спусцеласць выклікала не сум, а радавала.

Страляніна была далёка. І камандуючаму захацелася таксама: хутчэй бы пайсці адсюль і яму, яго штабу.

Услед за войскамі, у той бок...

Раздзел IV


1...

Вакол быў змрок. Дарога ў ім віднелася цьмяна-шэраю ручаінаю. Аляксей Лагуновіч, седзячы на вежы, спусціўшы ногі ў сярэдзіну яе, з уздымнай радасцю бачыў, як плыла і плыла гэтая ручаіна, як абапал праходзілі цёмныя, ледзь відныя дрэвы, кусты, падобныя ў змроку на копы сена. Часам шэрая ручаіна надоўга прападала, і машыну пачынала больш звычайнага кідаць ва ўсе бакі: батальён ішоў наўпрасткі па полі...

Гром пярэдняга краю паступова аддаляўся, і агністыя ўсплёскі выбухаў станавіліся падобнымі на зарніцы. Танкі ўсё глыбей уваходзілі ў тыл ворага. Вакол іх на многія кіламетры зямля была мініравана, і яны строга трымаліся абазначаных сапёрамі кірункаў.

У Аляксея была трывожная насцярожанасць, якая ўвайшла ў яго душу пасля таго, што ён убачыў, праходзячы прарыў. На выпаленай зямлі, каля разварочаных траншэй, нерухома чарнелі прабітыя, узарваныя, згарэлыя танкі. Іх было многа. Аляксей чуў добра знаёмы горкі пах гары, які заўсёды выклікаў у яго непакой. Колькі іх, сяброў незнаёмых, такіх жа танкістаў, палегла там?!

Разам з тым у старшага лейтэнанта жыла радасць. Радасць не толькі таму, што ён вёў свае машыны па роднай зямлі, а і таму, што – ён лічыў – бадай самае цяжкае ўжо зроблена. Тое, што гітлераўцы старанна будавалі цэлага паўгода, разламана, скарэжана.

Было чаму радавацца старшаму лейтэнанту. Вось і надышла пара, якую ён так доўга чакаў!..

Аляксей усе гэтыя дні жыў тым добрым настроем – прылівам, калі хочацца працы, клопату, калі невядома адкуль бярэцца сіла, калі забываецца, што такое стома. Хацелася імчаць як мага хутчэй, імчаць без упынку.

Усё ж, як чалавек, што прабыў доўгі час на фронце і прывык прабіваць сабе шлях боем, Аляксей стараўся не захапляцца лішне. Ён ведаў: дарога будзе не лёгкая. Нават тое, што пачатак наступлення быў удалы, яшчэ не значыла, што ўсё будзе добра і далей. Ён даўно прызвычаіўся чакаць у баі ўсякую неспадзяванасць і таму не ўмеў сябе цешыць надзеямі-падманкамі. Хто можа сказаць, як далёка ўдасца адагнаць гэту навалач? Да таго ж, – калі і дойдзем да Мінска, – што там чакае яго? Ды і што станецца з ім, у гэтыя дні, ці жывы, здаровы будзе?..

Сярод ночы, глушачы лескатню тракаў, наперадзе раптам гухнуў недалёкі гарматны стрэл. Яшчэ адзін, два адразу... Там была цяпер батальённая разведка. Неўзабаве камбат перадаў, што ў бліжняй вёсцы – на іх шляху – разведка выявіла каля двух узводаў танкаў і самаходак праціўніка. Ён загадаў Аляксею, рота якога ішла ў галаўной паходнай заставе, расчысціць дарогу.

– Зараз жа выступаю, камбат!

Старшы лейтэнант наблізіўся да разведчыкаў. Адзін іх танк быў падбіты і гарэў.

Аляксей пакінуў свой трэці ўзвод, каб ён вёў перастрэлку з гітлераўцамі, а сам з іншымі машынамі, хаваючыся ў цемры, пачаў па полі абыходзіць вёску справа.

Ён хваляваўся. Прыкра, нервова дрыжалі рукі, у грудзях ныла неспакойнае напружанае чаканне. Вось, ліха на яго, – заўсёды так: варта толькі крыху адвыкнуць ад фронта, як зноў пачынаеш, нібы ў першы раз.

«Не заўважылі б хлопцы».

Яму ўдалося, не стрэліўшы ні аднаго разу, дабрацца да самых агародаў.

У сярэдзіне сяла палала некалькі хлявоў і хат. Полымя кідалася ўгару лютымі агніста-барвовымі грывамі. Ад іх на зямлі лажыліся чырванаватыя, неспакойныя водбліскі. З агародаў было добра відаць усё, што рабілася на вуліцы, на дварах, між абрысамі хат і хлявоў.

Адсюль Аляксей, які стаяў у адкрытай вежы, каб лепш назіраць за наваколлем, убачыў два нямецкія танкі. Яны стралялі па дарозе, хаваючыся за пабудовы. Дзе-ні-дзе ўвішна мітусіліся постаці; з недалёкага двара, выламаўшы плот, на вуліцу выбіраліся два грузавікі.

Аляксей заўважыў гэта амаль адначасова. Ён толькі намерыўся было скамандаваць першыя цэлі – абодва варожыя танкі,– як яго ўвагу захапіла іншае.

З-за хлява, што быў крыху лявей тых пабудоў, за якімі ён назіраў, вынырнуў яшчэ адзін нямецкі танк. Старшы лейтэнант убачыў яго цёмны сілуэт: танк быў павернуты ўжо ў бок нашых машын. Амаль у тую ж хвіліну з танка зыркнуў агонь стрэлу, і поблізу, са свістам рэжучы паветра, шугануў снарад.

Аляксей спрытна шмыгнуў уніз:

– Быстроў, злева, каля хлява...

Старшы лэйтэнант не паспеў скончыць, як яго «трыццацьчацвёрка», бліснуўшы полымем, стрэліла. Быстроў лавіў каманды старшага лейтэнанта так хутка, нібы чытаў яго думкі.

Адначасова з машынай Аляксея стрэліла другая «трыццацьчацвёрка»,– гэта была машына Колышава. Нямецкі танк, не разварачваючыся, стаў адступацца назад, але Быстроў і Колышаў дадалі яшчэ па снараду.

На варожай машыне адразу клубам выбухнуў агонь...

Калі Колышаў убачыў гэта, то спачатку і не паверыў сваім вачам. Няўжо праўда, што ён падбіў танк? Праўда, праўда: вунь жа палае! Ён не памыляецца – палае! Ад снарада, які пушчаны з яго машыны – яго, Колышава! Няхай усе бачаць, як Колышаў уціхамірыў яго. Так ён будзе гаварыць з імі!

Трэба сказаць, што тое, з чым пазнаёміўся Колышаў раней, пакуль ішлі баі на прарыў, зрабіла на яго дваістае ўражанне. Ён адчуў вялізную, дзівосную сілу арміі, у якой быў адной мільённай пясчынкай, і разам з тым ён пабачыў, як усё-ткі цяжка даводзіцца на вайне кожнаму салдату паасобку. Ён бачыў, что кожны вызвалены кіламетр даецца вялікім боем і ахвярамі. Ад падарваных і спаленых танкаў, абгарэлых хлопцаў, якіх было столькі ў месцы прарыву, засталося пачуццё нейкай няўпэўненасці за сваё жыццё. Цяпер, калі ён адчуў сябе пераможцам, яму стала як бы вальней.

– Малайцы, хлопцы, – сказаў ён як мага спакойна. Хоць Колышаў гаварыў гэта да сваіх таварышаў па машыне, ён свае словы адносіў таксама да сябе. Так лейтэнант выказаў сваю радасць.

Гэты першы поспех радаваў лейтэнанта асабліва, бо ўсё, што Колышаў цяпер рабіў, здавалася яму незвычайна важным. Ён сам сабе здаваўся інакшым, чым да баёў, – ён удзельнічаў у такіх падзеях, пра якія раней мог толькі думаць.

Некалькі «трыццацьчацвёрак» вырваліся на вуліцу. Гітлераўцы, якія яшчэ спрабавалі супраціўляцца, разгубленыя з'яўленнем нашых танкаў у сярэдзіне вёскі, іх стралянінай, пачалі кідаць пазіцыі.

У гэты час з танкаў пачалі саскокваць увішныя аўтаматчыкі, – яны забягалі ў двары, у хаты, вышуквалі і абяззбройвалі варожых салдат. Там і тут чуліся цяпер выбухі гранат і аўтаматныя чэргі.

Колышаў у гэты час вывеў танк па агародах на заходнюю ўскраіну вуліцы. Ён павінен быў са сваімі аўтаматчыкамі адрэзаць гітлераўцам шлях да адступлення.

Ледзь лейтэнант спыніў танк, як на яго аўтаматчыкаў наляцелі тры гітлераўцы, палічыўшы гэту машыну ў цемры за сваю.

Пакуль немцы разабраліся, хто перад імі, было позна. Ім не заставалася нічога іншага, як узняць рукі. Адзін з аўтаматчыкаў падбег да лейтэнанта і запытаўся, што рабіць з імі.

Што з імі рабіць? Можа, іх адправіць куды? Колышаў, памаўчаўшы хвіліну, пачаў звязвацца са старшым лейтэнантам. Ён адчуваў сябе няўпэўнена ў абставінах, якія ўзнікалі цяпер, і пытаўся ў Аляксея ледзь не пра ўсякую дробязь.

Старшы лейтэнант паспешліва сказаў, што весці нікуды не трэба: – Нашто весці?!. Хутка ж сюды падыдзе ўся брыгада. Тады іх і здадзім...


2...

Страляніна сціхала. Нарэшце стала толькі чуваць, як гурчаць маторы ды ляскочуць тракі. Колышаў саскочыў на зямлю, пазіраючы навокал вачыма пераможцы.

Вось сяло, якое ён адваяваў. Гэта была звычайная, да таго ж невялічкая вёска са звычайнымі хатамі, якіх ён нямала бачыў раней, але выгляд яе напоўніў сэрца Колышава вялікай гордасцю. Гордасцю за сябе, за старшага лейтэнанта, за ўсіх таварышаў. Многа яшчэ будзе на шляху Колышава падобных вёсак і вялікіх гарадоў, але ўспамін пра гэтыя хаты ніколі не сатрэцца. Бо тут ён спазнаў салдацкую гордасць упершыню.

Колышаў, што яшчэ ўвесь гарэў боем, пашукаў вачыма той танк, якому ён так удала «даў прыкурыць». Танк быў недзе за будынкамі.

Адно здзіўляла і нават крыху расчароўвала Колышава, што сяло было амаль пустое. Яму ўяўлялася, што адразу ж, як толькі бой сціхне, а можа, і ў часе яго, усе жыхары з радасцю акружаць танкістаў, пачнуць абдымаць, выказваць сваю радасць. А тут пакуль навокал былі нейкая амяртвеласць і насцярожанасць. Нават каля хат, якія гарэлі, ніхто, як звычайна, не завіхаўся, не трывожыўся. Гэтыя маўклівыя пажары рабілі малюнак яшчэ больш сумным.

Толькі пазней, калі Колышаў са сваёй машынай спыніўся ў цэнтры сяла, ён убачыў жыхара.

Гэта быў вельмі пажылы чалавек, амаль лысы, з барадою, адзін бок якой недзе падгарэў; на плячах сваіх ён меў чамусьці накінуты кажушок. Стары стаяў у акружэнні танкістаў, сярод якіх Колышаў заўважыў старшага лейтэнанта і Якавенку. Стары штосьці гаварыў да Якавенкі, але пра што ён гаварыў, Колышаў праз шум недалёкіх матораў спачатку амаль нічога не чуў. Але ён бачыў, як усе ўзрушаны расказам, і сам мімаволі паддаўся агульнаму хваляванню.

– Павесілі сына майго!..– дайшло раптам да Колышава, голаснае, роспачнае, і лейтэнант убачыў, як жорстка прыплюшчыліся вочы Быстрова, які стаяў насупраць дзеда. Стары дзіўна гахнуў і павёў па вачах кулаком: – Няма Андрэя!

Колышаў спахмурнеў. Яго радасць адразу неяк прытаілася. Хлопца ўразілі словы старога,– у іх чулася такое вялікае, няўтольнае гора! «Якім легкадумным я быў, закаханым у сябе!» – падумаў раптам з дакорам лейтэнант.

Стары сказаў аб тым, куды падзеліся людзі. Іх гітлераўцы пагналі на захад.

– Адарвалі ўсіх ад сваіх хат... Акружылі з бакоў, наставіўшы вінтоўкі, і пагналі... Толькі і засталіся тыя, хто ўправіўся ўцячы ці схавацца...– Ён расказаў, што давялося перажыць яму апошнімі днямі, пакуль хаваўся ў нейкім Панасавым гушчары. Гэта была жахлівая, звычайная ў тыя дні гісторыя,– танкісты слухалі яе моўчкі і панура...

Колышаў не ўтрываў, каб не падысці да падбітай нямецкай машыны. Яна цяпер ледзьве дымілася. Лейтэнант задаволена дакрануўся рукою да гарачага жалеза. Пашукаў тую прабоіну, якую зрабіў яго снарад, і знайшоў недалёка ад лабавіка круглую дзірку – вось яна. А можа, і другі снарад уцэліў? Колышаў знайшоў і другую прабоіну, але побач з ёю аказалася чамусьці яшчэ і трэцяя. Адкуль яна? Ён жа стрэліў два разы!

– Што, таварыш лейтэнант, вучышся, як працаваць трэба? – нечакана пачуўся ззаду кплівы голас Быстрова. Лейтэнант азірнуўся.

– Не, правяраю, як мой экіпаж працуе.

– Тады вам, таварыш гвардыі лейтэнант, трэба было б пайсці да другой машыны. Бо тут мая работа.

– Чаму гэта?

І Колышаў расчаравана пачуў, што па гэтаму танку біў таксама Быстроў! Вось дык навіна: значыцца, гэта, можа, і не ён, не Колышаў, падбіў? Ну, вядома, хто ж скажа, што іменна ён. Эх, а ён радаваўся! Колышаў паспрабаваў уцешыць сябе тым, што, як бы там ні было, усё-ткі хоць адзін снарад ды ёсць там яго, але расчараванне ад гэтага не знікла.

Вяртаючыся да сваёй машыны, Колышаў спаткаў старшага лейтэнанта. Аляксей запытаўся ў яго:

– Ну, як – страшна было?

– Спачатку было страшнавата... А потым – неяк прайшло. Забыўся пра гэта... Забыўся, таварыш гвардыі старшы лейтэнант!..– Колышаў прамовіў так, нібы страх ужо даўно мінуў і не вернецца. Ён цяпер быццам падсмейваўся над сваім непакоем.– Не было, ведаеце, калі баяцца. Так завіхацца давялося, што ўсякае глупства вылецела...

– Вылецела?! – усміхнуўся мімаволі старшы лейтэнант.– Ну, глядзі, не ўпускай яго назад!.. Як бы ні прышлося!..– Старшы лейтэнант раптам дадаў: – І яшчэ набудзь адну прывычку: менш мяне па дробязях турбуй. Вучыся сам арыентавацца і рашай, як камандзір...

Старшы лейтэнант нагадаў запытанне пра палонных: ну, хіба гэтага ён не мог рашыць сам?

Аляксей падаўся да сваёй машыны. Трэба было выступаць.


3...

Машына ўвесь час калыхалася, падскоквала, ападала. Напружана працавалі, раўлі маторы, імкліва несучы важкую крэпасць наперад – па дарозе, праз ямы, узгоркі, рачулкі. Ствол гарматы, нацэлены туды, куды ляцела машына, то апускаўся ніжэй лініі небасхілу, то ўскідваўся ў нябесную шэрань.

На дарогах і каля іх часта віднеліся варонкі, мноства варонак, каля якіх тырчалі разбітыя, пакарэжаныя машыны і павозкі, валяліся раздутыя конскія трупы, далёка раскіданыя выбухамі абломкі. Было падобна на тое, нібы тут прайшоў ужо фронт. Гэта былі вынікі работы нашай авіяцыі...

Мерна-роўна, як гадзіннік, стукацелі, спяшаліся тракі. Аляксей, слухаючы гэты звыклы перастук, акружаны аўтаматчыкамі, насцярожана ўглядваўся ў маўклівыя хмызнякі, дрэвы, яры.

Толькі, калі ён азіраўся назад, яго добрыя, засценчывыя вочы весялелі.

За ім, уздымаючы, як дымавую завесу, касякі пылу, адна за адной імчалі па дарозе машыны, таксама аблепленыя аўтаматчыкамі. Танкі імчалі следам за Аляксеем з тым жа неўтаймаваным імкненнем наперад, падуладныя яго волі, яго камандзе...

Калі ўзнялося зіхатлівае сонца, над танкавымі калонамі ў бязвоблачным лагодным небе паявіліся нашы знішчальнікі. Самалёты амаль увесь час патруліравалі брыгаду, ахоўваючы яе зверху,– то праляталі наперад, так далёка, што станавіліся ледзь віднымі, то вярталіся, лагодна ракочучы.

Потым яны некуды зніклі. А хвілін праз пятнаццаць сержант-аўтаматчык, які сядзеў каля вежы, паказаў Аляксею ўправа. З-за блізкага лесу плыў «кастыль». Неўзабаве ён ужо кружыўся, як коршак, над танкамі, тоячы нейкія нядобрыя намеры.

– Аляксей, мне не падабаецца гэтая варона! – паведаміў старшаму лейтэнанту Гогабярыдзе.– Ты бачыш яе?

– Бачу...

Аляксей пільна сачыў за «кастылём». Той паволі рабіў кругі над калонаю, ляніва нахіляючыся то на адно крыло, то на другое.

Рота падыходзіла да балота, праз якое цягнулася грэбля. Старшы лейтэнант, асцерагаючыся налёту бамбардзіроўшчыкаў, загадаў павялічыць адлегласць між машын. Заднія танкі адразу пайшлі павольней. Калона стала расцягвацца.

Хутка выявілася, што Аляксей непакоіўся недарэмна.

Ён яшчэ здалёк убачыў злева ў небе некалькі чорных, даўгаватых сілуэтаў нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў, якія заходзілі, напэўна, у хвост яго калоне. Назіраць за імі хутка стала цяжка – там, куды яны зайшлі, сляпуча іскрылася сонца.

– Злева, ззаду – нямецкія самалёты,– прытрымліваючы рукою ларынгафон, перадаў старшы лейтэнант экіпажам, ён, выглянуўшы з вежы, яшчэ раз уважліва азірнуўся навокал – усюды была асака з лугавой травою, рэдкія сіваватыя купы лазняку, нізкарослыя дрэўцы.

– Ісці – па грэблі!.. Не зварочваць!..

Самалёты хутка набліжаліся да калоны. Вось ужо ў чыстым, непарушна-спакойным небе сталі відаць жаўтаватыя канцы крылаў і шкляныя насы. За стукам тракаў гулу самалётаў не было чуваць. Аўтаматчыкі то сачылі за небам, то трывожна пераглядваліся. Старшы лейтэнант, перадаючы камбату, што на роту ідуць «юнкерсы», назіраў, як яны выстройваюцца адзін за адным, рыхтуючыся да бамбёжкі. У сярэдзіне ў Аляксея штосьці тужліва сціснулася – ох, як не любіў ён бамбёжак. З тых першых дзён вайны засталася ў яго гэтая тужлівая апаска перад бамбёжкамі. Горш за ўсё не любіў ён налёты!

Праз адкрыты люк Аляксей бачыў, як адзін, пераваліўшыся на нос, стаў імкліва падаць уніз. Аўтаматчыкі адразу пасыпаліся з машыны. На хвіліну здалося, што наступіла цішыня, што ўсё замерла, і нібы стукат тракаў паглушэў. Поблізу рэзка залескатаў нечы кулямёт.

Запоўніўшы ўсё на час даўкім свістам, самалёт пранёсся над машынай Аляксея. Наперадзе ён крута выраўняўся, сыпнуўшы адразу некалькі бомб.

Загрукаталі моцныя выбухі – гуп, гу-гуп!

– Лагуновіч, глядзі, каб машыны не засадзілі ў балота! – пачуў Аляксей у шлемафоне ўладны голас камбрыга. Бяссонаў увесь час ведаў, што робіцца ў батальёнах, ротах, экіпажах, ведаў, здавалася, нават драбніцы. У ліхую хвіліну амаль заўсёды камандзіры чулі яго голас, быццам ён быў разам з імі...

Камбрыг адгадаў, што непакоіла старшага лейтэнанта. Аляксей таксама баяўся, што хто-небудзь з маладых танкістаў не вытрымае бамбёжкі і з перапалоху збочыць з грэблі, засядзе ў балоце або «закупарыць» вузкую дарогу.

Калі старшы лейтэнант бачыў, як валіцца ўніз другі самалёт, у яго памяці раптам мільгануў плот каля роднай хаты, аксамітная травіца, кусток парэчак, заліты спякотным летнім святлом. Чаму выплыла гэтая травіца і гэты кусток з далёкага маленства, хто яго ведае, але такім мілым, дарагім здалося яно цяпер...

Ён крыкнуў, каб падалі лабавы кулямёт. Зараз жа, не марудзячы!

– Хутчэй!

Пакуль кулямёт дайшоў да Аляксея, «юнкерс» праляцеў над танкам... Старшы лейтэнант хутка нарыхтаваўся сустрэць наступны бамбардзіроўшчык, які ўжо ішоў у піке.

Рукі Аляксея, на якіх мускулы напяліся, нібы прыкіпелі да кулямёта. Вочы, што не міргаючы гарэлі пад навіслымі брывамі, здаецца, пранізвалі бамбардзіроўшчык,– танкіст лавіў яго на прыцэл.

«Юнкерс» падаў на «трыццацьчацвёрку». Ён хутка-хутка павялічваўся. Можна было падумаць, што ён так і не зверне: урэжацца ў танк з усімі сваімі бомбамі. Трэба было мець многа мужнасці, каб біцца з ім у гэты міг...

Аляксей, здавалася, забыўся на ўсё на свеце, упіўшыся вачыма ў «юнкерс», які ён упарта стараўся трымаць на прыцэле. Старшы лейтэнант да болю прыціснуў спуск кулямёта.

Цэліцца было цяжка, бо машыну на хаду кідала з боку на бок. Праз нейкі міг «юнкерс» стаў выроўнівацца.

– Сто-о-й! – крыкнуў старшы лейтэнант. Штосьці падказала яму, што «юнкерс» кіне бомбы па яго машыне.

Сонцаў – вадзіцель – спыніў машыну так рэзка, што Аляксей, якога па інерцыі кінула наперад, ледзь не ўдарыўся галавой аб перыскоп. У наступіўшай адразу цішыні яму было добра чуваць, як бомбы з уедлівым візгам несліся на «трыццацьчацвёрку». Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбухі. Аляксей выглянуў з вежы – поблізу на грэблі асядала хмара зямлі.

– Наперад!– Машына адразу ірванулася і кінулася ў гэтую хмару. Аляксею ўдалося праімчаць вельмі мала, бо на грэблю пікіраваў другі самалёт. Сонцаў зноў рэзка затармазіў «трыццацьчацвёрку». Бомбы на гэты раз упалі не на дарогу, а ў балота.

Неўзабаве Аляксеяў танк вымушан быў зусім спыніцца. Перад ім, загароджваючы вузкі насып, нерухома стаяла машына.

Што з ёй? Чаму яна стала? Старшы лейтэнант убачыў, што адна гусеніца сарвана,– машына нахілілася на бок. І кавалак вежавай брані вырваны!..

Але падбегчы да раненага танка яму не давялося, таму што, зірнуўшы ўгару, ён убачыў, як на калону падае «юнкерс». Аляксей схапіў кулямёт і пачаў зноў біць па ненавіснаму пікіроўшчыку.

Услед за гэтым рушыў яшчэ адзін... Раптам іншыя «юнкерсы», якія ўжо рыхтаваліся да атакі, крута павярнулі ўбок.

Што гэта, які-небудзь новы манеўр?


4...

Не, гэта быў не манеўр. Да «юнкерсаў» імкліва набліжаліся нашы знішчальнікі. Аляксей, яшчэ ўвесь узрушаны, правёў іх удзячным позіркам.

Ён цяжка, стомлена спусціўся з вежы: чорт, як яго змарнавала гэтая бамбёжка. Ён падышоў да пярэдняга танка. Колышаў, незвычайна бледны, пасуравелы, абняўшы аберуч Архіпава, выцягваў яго з люка. Рукі Архіпава без сілы віслі, а ногі сунуліся па брані, ведучы за сабой струменьчык крыві. Аляксей дапамог спусціць Архіпава на зямлю, падтрымліваючы раненую нагу, і сказаў Колышаву, каб перавязаў хутчэй рану. Старшы лейтэнант праворна зазірнуў у вежу – зараджаючы быў забіты. Аляксей з адным аўтаматчыкам аднёс яго на сваю машыну.

– Не пашанцавала!..– з высілкам гаварыў Архіпаў Колышаву, які абкручваў бінтам яго акрываўленую нагу. Архіпаў моршчыўся ні то ад болю, ні то ад таго, што бачыць сваю нагу ў крыві.– Толькі што пачаў – і трах!..

– Вайна – не маці родная,– адказаў недзе чутымі словамі Колышаў.– Бывае і горш...– Ён быў нібы ў забыцці і яшчэ не мог зразумець сэрцам усяго, што адбылося; ён рабіў усё, як у сне.

Рукі яго слухаліся кепска, быццам чужыя, і аўтаматчык, адзін з тых, што сышліся сюды і абступілі абодвух, хацеў узяць ад яго бінт, але Колышаў не аддаў. Ён прадаўжаў перавязваць сам.

Угары раптам пачуўся моцны рэў і блізкая страляніна. Над грэбляй ляцеў адзін «юнкерс», адрэзаны ад бамбардзіроўшчыкаў. Яго насціглі два знішчальнікі, б'ючы з кулямётаў. «Юнкерс» раптам нахіліўся, клюнуў носам і стаў валіцца ўніз. Ён нязграбна перавярнуўся некалькі разоў цераз крыло, потым цераз нос. У тую хвіліну, калі ён даляцеў да зямлі, адразу загрымеў важкі выбух. Калі аселі гразь і вада, у балоце, праз паўкіламетра, стала відаць чорная варонка, вакол якой валяліся нейкія пакарэжаныя абломкі.

Знішчальнікі зрабілі круг, і падаліся ў той бок, дзе біліся іншыя самалёты.

Закончыўшы перавязку, Колышаў стаў адчуваць, што ў яго на правым баку штосьці ўсё больш шчыміць. Ён цярпліва маўчаў. А калі завязаў вузялок бінта і памацаў пад гімнасцёркай тое месца, то здзівіўся: на пальцах была кроў.

– Вы ж ранены, што ж вы маўчыце! – прамовіў дакорліва аўтаматчык, які браўся перавязваць Архіпава.

Гэта, выявілася, была маленькая драпінка ад нейкага асколка...

Між тым да месца затрымкі падышло яшчэ некалькі танкаў. Купка людзей каля падбітай машыны і Архіпава хутка пачала расці. Усіх цікавіла, што здарылася. А Аляксей, які зноў вярнуўся сюды, ужо турбаваўся, як прабірацца далей. Машына загарадзіла амаль увесь шлях: яна стаяла не ўсцяж насыпу, а наўкась. Калі гусеніцу разарвала выбухам бомбы, каткі аселі ў зямлю і затармазілі адзін бок...

Аляксей загадаў Сонцаву зараз жа сапхнуць машыну з грэблі.

Сержант падвёў танк да машыны і стаў паціху ціснуць на яе. Пабітая «трыццацьчацвёрка» спачатку не рушылася з месца. Толькі калі Сонцаў даў больш «газу», пачала спаўзаць з дарогі марудна і неахвотна, быццам не хацела адставаць ад іншых.

Старшы лейтэнант спачувальна зірнуў на Колышава:

– Ваяваць можаш? Шпіталь, здаецца, табе не патрэбны...

– Не патрэбны, таварыш гвардыі старшы лейтэнант.

– Вось і добра.– Аляксей прыгадаў начную размову з Колышавым перад прарывам. Ад гэтай размовы ў Аляксея засталося пачуццё сяброўскай, як бы інтымнай, блізкасці да шчырага хлопца. «Відаць, нялёгка будзе сёння яму,– падумаў мімаволі Аляксей.– Трэба б яго накіраваць у які-небудзь экіпаж. Куды?» Але разважаць аб гэтым не было часу. Старшы лейтэнант толькі сказаў Колышаву, каб той дагнаў свой узвод і сеў на машыну Гогабярыдзе.

Аляксей падышоў да Архіпава. Каля таго быў цяпер санінструктар, які прыехаў у адной з машын, што ішлі следам. Аляксей параіў санінструктару, як адправіць Архіпава ў тыл. Трэба вывезці адсюль з грэблі на танку і ў бліжэйшай вёсцы пачакаць тылавых машын,– адтуль з першай папутнай можна будзе перавезці Архіпава ў медсанбат. Старшы лейтэнант працягнуў Архіпаву руку на развітанне:

– Ну, браток, бывай! Вельмі шкадую, дружа, што так рана пакідаеш... Ну, нічога. Пішы нам, а?.. Не забывай таварышаў...

Аляксей пабег да сваёй машыны. Праз хвіліну яго «трыццацьчацвёрка» кранулася і пайшла па грэблі.

Неўзабаве Аляксей зноў убачыў паветраных таварышаў. Знішчальнікі з магутным задаволеным рокатам імкліва пранесліся нізка над танкамі, прывітальна пакалыхваючы блакітнымі крыллямі.

Аляксей зняў з галавы шлем і памахаў лётчыкам у адказ...


5...

Колышаў сказаў Архіпаву – «бывае і горш!» не выпадкова. Ён ведаў, што на вайне бываюць і больш цяжкія здарэнні, і хацеў глядзець на сваё няшчасце спакойна. Але жаданы спакой не прыходзіў. Колышаў не мог звыкнуцца з думкаю, што смерць так блізка прайшла паўз яго, і толькі выпадковасць уратавала яму жыццё.

Ён ледзь не загінуў у першы ж дзень, прычым, нават не ў баі, а на маршы! Калі лейтэнант думаў пра гэта, ён хмурнеў і суровеў. Вайна паўставала перад ім у жорсткім, бязлітасным абліччы.

Як і тады перад боем, яму ўспаміналася Рая, і ён думаў, ці ўдасца пабачыцца з ёй. Небяспека, нават смерць, могуць спаткаць на кожным кроку, іх трэба асцерагацца і зараз, і заўтра, і праз некалькі дзён...

Успамінаўся запытальны і строгі позірк камбрыга: «А ты не трус?» І Колышаў, які звык заўсёды быць праўдзівым, бязлітасна судзіў сябе: значыцца, ён не герой, сапраўдныя салдаты не думаюць такога. Яму было прыкра за сябе.

А перад вачыма паўставалі незвычайныя дзівосныя відовішчы.

На дарозе, якая бегла праз поле, дзе мільгалі то палоскі жыта, то зялёны бульбянік, пад'язджаючы да лесу, танкісты спаткалі групу ўзброеных людзей. Гогабярыдзе быў тут першы, бо брыгадная разведка пайшла па іншай дарозе.

Людзі ляжалі і сядзелі ў кювеце і ў прыдарожным маладым зарасніку, – заўважыўшы танкістаў, амаль усе яны прыхаваліся і насцеражыліся. Колышаў, які ехаў на машыне з аўтаматчыкамі, ледзь толькі ўбачыў іх, адразу паведаміў пра гэта Гогабярыдзе.

– Хто гэта? – углядаўся пільна Колышаў. – У іх вінтоўкі...

– Хутка ўбачым! – Гогабярыдзе загадаў аўтаматчыкам даведацца пра людзей, а сам падрыхтаваўся на ўсякі выпадак да бою. Пакусваючы губу пад фарсістымі вусікамі, ён нецярпліва выглядваў з вежы.

Колышаў пайшоў разам з аўтаматчыкамі. У яго кішэні ляжала важкая граната, у руцэ ён сціскаў пісталет. Каб на ім не было камбінезона, то можна было б палічыць яго за аднаго з дэсантнікаў. Ён ішоў, уважліва сочачы за тымі, што былі на ўзлессі.

Раптам адзін, маленькі, рухавы, выскачыў насустрач і, размахваючы аўтаматам, штосьці крыкнуў. Ён кінуўся абдымаць Колышава. Следам за ім з зарасніку высыпала яшчэ многа людзей.

– Нашы! Ур-ра-а-а!– пачулася поблізу. Што адбылося потым, Колышаў не змог бы расказаць. Воклічы радасці, пацалункі, страляніна! Адзін з партызан пусціў у неба доўгую чаргу з кулямёта – салют!.. Колышава абдымалі, штосьці крычалі яму, і ён таксама крычаў шчаслівы, усё яшчэ трымаючы ў руцэ пісталет. Такога выбуху радасці Колышаў ніколі, напэўна, не ведаў...

Пад'ехаў Гогабярыдзе. Калі ён саскочыў на зямлю, чалавек, які першы выбег на дарогу, моцна абняў яго, а потым схамянуўся, выпрастаўся і сказаў лейтэнанту, што перад ім Ваўчок, начальнік разведкі атрада.

– Гогабярыдзе. Гвардыі лейтэнант, – з пафасам назваў сябе танкіст, прыгожа казырнуўшы, потым па-прыяцельску дадаў: – Для сяброў проста – Сандро...

Разведчык зноў абняў лейтэнанта.

– А мы вас і чакалі! Чулі, што хутка павінны быць, ды не ведалі, хто першы тут паедзе – ці вы, ці гэтыя, каб яны спруцянелі, нягоднікі... Таму рыхтаваліся на два фронты...

– Яны адсталі! – пажартаваў Сандро.

Партызан можна было цяпер бачыць і на танкавых вежах і каля машын, дзе яны бурлівым натоўпам акружалі невялічкі гурток танкістаў.

Адкуль іх столькі сабралася на гэтай дарозе, якая толькі што здавалася амаль пустой! Пажылыя мужчыны, бязвусыя юнакі, жанчыны з вінтоўкамі. Якіх тут толькі людзей не было! Яны мала нагадвалі ваенных: розная вопратка, розная зброя – звычайныя цывільныя людзі. Але Колышаў глядзеў на іх, як на нейкія казачныя істоты, не тоячы шчырага захаплення. Гэта ж партызаны!

Калі б Колышаў быў менш усхваляваны, ён убачыў бы, што партызаны глядзяць на яго з не меншым захапленнем. Асабліва адзін чарнявы хлопец у старой, з адкладным каўняром, гімнасцёрцы, які неспадзявана запытаўся:

– Дык вы з вучылішча? Праўда, з вучылішча?! І нядаўна толькі скончылі?.. А скажыце, каго прымаюць у яго? Ну, якая асвета патрэбна?..

І ён пашкадаваў, што асвета ў яго малаватая. Усяго сем класаў... Колышаў жа мімаволі пазайздросціў яму: вось ён, напэўна, прайшоў праз «агонь і ваду», не баіцца нічога...

Праз кіламетры два – якраз на ўездзе ў сяло – узвод Гогабярыдзе «атакавалі» зноў. Тут былі людзі з сякерамі і піламі, яны канчалі новы мост. Вакол моста весела жаўцелі сасновыя трэскі і пілавінне.

Колышава, як і іншых танкістаў, абдымалі, цалавалі. У яго чыстыя, з ценем смутку, вочы пазіралі з адданасцю і любоўю. Хіба мог быць абыякавым да гэтай любові Колышаў!

Не, ён не можа быць баязліўцам. Ён не ашукае людзей, якія яго так любяць! Ён і сам не заўважыў, як у тыя хвіліны пачала пакрыху развейвацца яго няўпэўненасць. Ён аддаваўся адчуванню вялікай, не параўнанай ні з чым радасці і душэўнай раўнавагі.

Першы танк рушыў па новых, трывала ўкладзеных бярвеннях на другі бераг. Стары, з ружовай лысінай, цясляр усміхнуўся шчасліва Колышаву, які ішоў за танкам.

– Выходзіць, недарма масток падправілі! А то тут некаторыя сумняваліся...

Праплываючы потым праз сяло на машыне, Колышаў некалькі разоў азірнуўся: партызаны доўга махалі яму рукамі, шапкамі...

Раздзел V


1...

Усе няўдачы пачыналіся з той страшнай раніцы.

Клямт яшчэ спаў у раўку, як прасвістала некалькі снарадаў і грымнула непадалёк. Ён адразу прачнуўся і вылаяўся.

У наступную хвіліну ўсё навокал грукатала. Снарады лажыліся справа, злева, спераду.

Не было чаго і думаць пра сон. Лейтэнант адразу, сагнуўшыся, кінуўся ў бліндаж. Тут ён перавёў дыханне. Столь угары трэслася, з накатаў сыпаўся пясок. Нібы білі ў зямлю вялізнай цяжкай даўбнёй.

Усе, скурчыўшыся, насцярожана чакалі, што нейкі снарад уцэліць сюды, праломіць тоўстую столь або зажыва засыпле зямлёю. Клямт, аднак, стараўся не губляць раўнавагі. Ён быў упэўнен, што руская артылерыя хутка сціхне, тады пойдзе пяхота. Трэба толькі спакойна чакаць гэтую хвіліну. Ён пастараецца сустрэць рускіх як належыць.

Але гром, што чуўся ўгары, думкі гэтыя паступова выбіваў з галавы, глушыў, пакідаючы ў душы толькі цягучае чаканне нечага невядомага і страшнага.

Тэлефаніст перадаў яму трубку. Камбат пераказваў загад генерала: «Трымацца, трымацца! Ён пасылае сваё благаславенне». Клямт адказаў, што на яго можна заўсёды спадзявацца, аднак, цягучае чаканне страшнага не пераставала гнясці.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю