412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 4)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 25 страниц)

З кожнай хвілінай было горш.

Спачатку тэлефаніст паведаміў, што парваны правады. Рота засталася без сувязі, яна цяпер адна, адарвана ад усіх. Потым лейтэнант убачыў перад сабой салдата з першага ўзвода. Ён быў увесь у гразі і так перапалоханы, што змяніўся з твару. «Хто гэта? Што яму трэба? Што ён крычыць? – не разумеў Клямт. – Ды гэта ж... Ён кажа, што ўсе загінулі... Бліндаж, прамое пападанне...»

– Хутка... гарматы скончаць, пойдзе пяхота... Глядзіце ўважліва! – закрычаў да салдата лейтэнант; ён спрабаваў быць спакойным, але са страху, які ўсё рос, мацнеў, – сам не цяміў, што гаворыць. Клямт адразу схамянуўся: у першым жа ўзводзе цяпер нікога няма...

Памаўчаў. Але сядзець спакойна было нязносна, і ён зноў нечакана накінуўся на салдата:

– А што з другім узводам? Я ў вас пытаюся, што з другім узводам?..

Адказу Клямт не дачакаўся, не толькі таму, што салдат нічога не чуў з яго слоў і не ведаў пра другі ўзвод. Наверсе столь так страсянулася, што бярвенні ўгары рассунуліся, вышлі са сваіх гнёздаў.

Некалькі з іх абвалілася, прыдушыўшы тэлефаніста. Пасыпалася зямля. Другі выбух раскідаў шчыліну ўверсе, і ў бліндаж папоўз едкі дым.

Ефрэйтар-аўтаматчык, нядаўна прысланы пасля кантузіі са шпіталя, пабялеў, упіўся кастлявымі рукамі ў стол. Ён некалькі хвілін сядзеў, як каменны, не варухнуўшыся. Потым раптам, як ашалелы, падскочыў і кінуўся да выхаду. Ён збіў кулаком фельдфебеля, што быў на яго шляху. На яго амаль не звярнулі ўвагі.

Не заўважыў яго і Клямт, які стаў шаптаць малітву, што чуў некалі ў маленстве.

У гэтыя хвіліны перад ім прайшло яго жыццё. Бацька Клямта марыў увесь час выбіцца ў людзі.

Спачатку арандаваў зямлю, – але з гэтага нічога не вышла, ледзь не разарыўся. Адкрыў піўную у сяле – таксама ледзь зводзіў капцы з канцамі.

Ён любіў успамінаць вайну: добрыя былі часы! Стараючыся вывесці сына ў людзі, ён аддаў малога Клямта ў вучні да каўбасніка. Стары тады збіраўся заняцца вырабам каўбас.

Але потым усё перамянілася: у модзе сталі ваенныя. Клямт кінуў каўбасніка і падаўся ў армію. Вайсковая кар'ера Клямта была не надта паспяховая: давялося доўга хадзіць у ефрэйтарах. Толькі вайна ў Францыі крыху падняла: Клямт стаў фельдфебелем.

Служыў ён старанна, спраўна, і, хоць яго часта абыходзілі, не крыўдзіўся. Клямт верыў, што прыдзе і яго час. Ён чакаў, што б ні здарылася, гэты час...

Неспадзявана Клямт успомніў тую жанчыну з дзіцем, якую спаліў у часе блакады. З паўсотні спаленых і расстраляных успомнілася чамусьці яна адна. Клямт убачыў яе вочы, пачуў словы праклёну: «Табе гэта так не мінецца...» Яго ўсё мацней гнёў жывёльны жах, з якім пачало на час губляць сэнс усё – і камандзірскі абавязак, і загад генерала, і жыццё.

«Калі ж будзе канец? – нецярпліва падумаў Клямт. – Так можна звар'яцець...»

Ён не ведаў, што гэта быў толькі пачатак.


2...

Пасля двух пякельных баявых дзён рота Клямта была адведзена з пярэдняга краю. Аддзяленні і ўзводы яе парадзелі за гэты час настолькі, што з роты наўрад ці можна было б сфарміраваць адзін узвод.

Клямт, здаўшы ўчастак змене, адчуў сябе адразу лягчэй. Праўда, адчуванне палёгкі было няпэўнае, насцярожанае: не верылася, што сапраўды дазваляюць пакінуць гэтае пекла. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць.

Тым не менш гэта была праўда. Рота перайшла ў карпусны рэзерв. У вёсцы, ноччу, яе наспех папоўнілі рэшткамі з другіх пабітых падраздзяленняў і сказалі чакаць далейшых загадаў...

Настрой у Клямта быў трывожны. Увесь час у баку фронта былі чуваць несціханыя гукі бою. Лейтэнант уяўляў, што там робіцца, і з непакоем думаў, што, напэўна, у тое пекла хутка прыдаецца вяртацца зноў.

«Адкуль у рускіх столькі гармат? І самалётаў... Дзіўна!..»

Пасля абеду Клямт атрымаў загад выступаць, але праз паўгадзіны, калі ён ужо выводзіў салдат з сяла, прышоў другі загад, які адмяняў першы,– трэба было чакаць далейшых распараджэнняў.

З фронта правезлі праз вёску некалькі машын з параненымі.

Папаўзлі няясныя трывожныя чуткі, якія невядома хто прынёс. Нібы недзе на левым флангу бальшавікі прарвалі фронт і іх танкі і конніца апынуліся глыбока ў тылу нямецкіх часцей. Гэты прарыў – гаварылі – пагражае ўсяму фронту. Клямт спрабаваў даведацца аб праўдзівасці чутак у аднаго штабнога афіцэра, але той раздражнёна адмахнуўся ад яго.

Неўзабаве пасля гэтага прышоў загад – неадкладна выступіць і заняць пазіцыі на паўночнай ускраіне аднаго сяла.

Ледзь рота наблізілася да сяла, выявілася, што яно ўжо занята савецкімі пехацінцамі.

Тады са штаба палка Клямту і яшчэ аднаму камандзіру роты загадалі атакаваць бальшавіцкія пазіцыі і заняць вёску. Перад атакай абедзвюм ротам прыслалі на падмацаванне тры «фердынанды». Бой ішоў амаль да вечара – за гэты час савецкія байцы падбілі ўсе тры самаходкі. Акрамя таго, Клямт страціў вельмі многіх салдат, якіх пасеклі кулямётныя чэргі і міны.

Рускія абараняліся вельмі ўпарта і самааддана. У той жа час Клямт з прыкрасцю заўважыў, што некаторыя яго салдаты б'юцца без уздыму, як бы загадзя разумеючы бескарыснасць сваіх ахвяр. Асабліва ненадзейнымі былі тыя, хто ўліўся ў роту ўчора. Увогуле, рота вельмі паслабела.

Позна ўвечары рускія былі ўсё ж выбіты з вёскі. У начной цемры, цёплай, як сырадой, салдаты Клямта акапваліся, абсталёўвалі кулямётныя гнёзды – у дамах, на дахах. Перамога дасталася вялікаю цаною. Клямт папрасіў падмацавання, але са штаба адказалі, што трэба абыйсціся тою сілаю, якая ёсць. Кепска было і з боепрыпасамі – машына прывезла толькі палову таго, што патрэбна. Кажуць, боепрыпасы недзе ў тылу, абяцаюць да раніцы падвезці рэшту, – але хіба можна цяпер вельмі верыць абяцанкам?

Клямт адчуваў сябе неспакойна. Акрамя таго, што рота паслабела і боепрыпасаў мала, была яшчэ адна важная акалічнасць, якая трывожыла яго, – левы фланг роты быў дрэнна прыкрыты. А між тым гукі бою злева заходзілі ўсё глыбей і глыбей у тыл ротных і палкавых пазіцый.

Клямт, аднак, не быў перакананы ў тым, што рускія пакінуць гэту вёску ў спакоі. Удзень яны, напэўна, пастараюцца яе вярнуць сабе, прыдуць, магчыма, з вялікаю сілаю. На краі сяла гарэлі падпаленыя ў часе бою хаты, кідаючы злавесныя водсветы на ўсё наваколле. Клямт хадзіў па выгану і агародах,– правяраў, як салдаты рыхтуюцца да абароны. Каля адной траншэйкі сядзелі обер-ефрэйтары Келер і Гетэрых. Яны аб нечым размаўлялі. Калі Клямт падышоў, Келер запытаўся:

– Ну, як падрыхтоўка? Напэўна, рускія разаб'юць свае ілбы аб нашу абарону? – Клямт адчуў у яго голасе ноткі насмешкі і раздражнення.

Келер наогул стаў вялікім скептыкам. Але, што здзіўляла,– Гетэрых маўчаў, і ў гэтым нельга было не заўважыць падтрымкі Келеру.

– Не хвалюйся, лейтэнант. Сядзь, пасядзі – паберажы сілы на заўтра. Заўтра будзе гарачы дзянёк...

– Заўтра давядзецца паваяваць – гэта ясна,– адгукнуўся Гетэрых. Келер, памаўчаўшы, раптам прамовіў незадаволена:

– Чорт пацягнуў нас... звязацца з імі...

Што за характар у Келера: усіх гатоў папраўляць, з усімі спрачацца! Клямт рэзка сказаў, што меркаваць пра гэта не ефрэйтара справа.

– А ваяваць – мая справа? А расплачвацца за ўсё – я павінен? Кулі рускія ў мяне цэляць?.. Я вось неяк выбраўся з-пад рускіх снарадаў. Пашанцавала мне сёння... А як заўтра – не ведаю. І ніхто не ведае! Толькі, можа...

Клямт загадаў яму змоўкнуць і, паклікаўшы з сабой Гетэрыха, стаў правяраць «абарону».

«Няўжо яны, гэтыя бальшавікі, прарвалі фронт? – мімаволі круцілася ў галаве лейтэнанта.– Няўжо не здолеем утрымацца?.. Але хто нам дасць такое права – адступаць? Здаць «балкон»?!. Не, не – гэтага быць не можа!»

Ён быў упартым аптымістам, лейтэнант Клямт. Калі Келер і некаторыя другія амаль сумняваліся, што можна паправіць становішча, лейтэнант яшчэ не верыў, што становішча зрабілася катастрафічным. Ён лічыў, што Келер паддаўся паніцы.

«Мы ўтрымаемся! Мы не адступім... Яшчэ прыдзе пара, калі мы з гэтага «балкона» пойдзем наперад... зноў на Смаленск»...

Уранні савецкія салдаты павялі наступленне. Яны абышлі сяло і ўдарылі з левага фланга і з тылу. У іх было многа мінамётаў і гармат. Яны адкрылі ўраганны агонь па абедзвюх ротах, уварваліся на заходнюю ўскраіну і зноў захапілі свае пазіцыі. Увесь узвод, які абараняў гэты ўчастак, разам з оберефрэйтарам Гетэрыхам, прапаў без вестак – загінулі або трапілі ў палон.

Клямт і сам ледзь-ледзь выратаваўся. Апрача яго, выбралася з сяла толькі некалькі салдат.

Не было обер-ефрэйтара Гетэрыха – ветэрана роты, які ваяваў у Францыі, у Грэцыі, разам з Клямтам перажыў усе нягоды рускага паходу. Не было яшчэ многіх, якія бралі сотні гарадоў і раптам палеглі ў невядомай вёсцы.

Палеглі без ушанавання, як бяздомныя сабакі. Клямт панура паварушыў плячыма, уявіўшы, як яны будуць валяцца на полі, пухнучы ад спёкі...

Ён усё ж не паддаваўся роспачы.


3...

Вёска, у якую Клямт прыехаў пасля абеду, сустрэла яго маўчаннем. На вуліцах было пуста. Гэтае запусценне Клямт бачыў не ўпершыню.

Куды яны пахаваліся, чорт іх пабяры! У кожным сяле – ні душы.

Клямт загадаў каго-небудзь знайсці. Салдаты прыцягнулі да яго жанчыну, якая хавалася ў пограбе, недалёка ад хаты. У яе былі спакойныя, крыху насмешлівыя вочы, густыя пасівелыя валасы. Клямт запытаўся, ці не паяўляліся тут, у сяле, рускія. Жанчына сказала, што савецкае войска прайшло праз сяло ўжо гадзіну ці дзве перад немцамі.

– Колькі іх было? – пацікавіўся лейтэнант, сціраючы з твару пот.– Многа?

– О, відана-нявідана... Цэлую гадзіну бесперапынна ішлі!

Жанчына ледзь хавала радасць. Клямт адчуваў, што яна зусім не баіцца яго, бачачы, які ён бяссільны і ўстрывожаны. Гэта Клямта злавала.

– Ты брэшаш! – пагрозна сказаў лейтэнант.

Яна не запярэчыла, а ўсё з той жа прытоенай радасцю прамовіла:

– Нашто мне хлусіць?

Клямт загадаў запаліць яе хату: ах, як яму хацелася, каб радасць з гэтага твару знікла, замянілася горам. Няхай парадуецца, пазіраючы на пажар... Шкада, што ён вымушаны быў спешна выбірацца з вёскі.

Калона звярнула з шасэ. Амаль гадзіну ехалі па пыльнай дарозе, у спякотнай цішыні. Потым іх спынілі ў нейкай вёсцы і загадалі заняць абарону на беразе рачулкі. Рота стала акапвацца ў пяску, між лазовых кустоў. Чорт пабяры, колькі ім даводзілася капаць зямлі ў гэтыя дні! І ўсё, галоўнае, марна: ні ў адным з акопаў не прышлося абараняцца.

Не было боепрыпасаў, і Клямт, які сядзеў у цяньку пад лазовым кустом, думаў пра бой з трывогаю, лаючы ў душы тылавых службістаў і няўпраўных генералаў, якія не маглі ў свой час пра гэта паклапаціцца.

Перад вечарам перадалі новы загад адыйсці. Зноў адступаць!

Але Клямт на гэты раз пакідаў непатрэбныя акопы не толькі без узлаванасці на свой лёс, а нават з ахвотай. Ён быў цяпер са сваёй ротай недалёка ад Талачына, да якога лейтэнант набліжаўся з вялікімі надзеямі. Ён думаў не пра адпачынак: перадышкі, ён ведаў, чакаць не прыходзіцца, ды яна яму і не патрэбна – не такі час. Клямт спадзяваўся, што ў Талачыне можна будзе атрымаць боепрыпасы. Там таксама, напэўна, стабілізуецца фронт і праясніцца становішча...

Акрамя роты Клямта, тут ішлі рэшткі ўсёй дывізіі. На цягачах і грузавіках, што выцягнуліся ў доўгую нястройную чараду, млелі ад спёкі некалькі соцень пехацінцаў і артылерыстаў. Калона рушыла вельмі марудна, невядома чаму робячы частыя прыпынкі...

Кіламетраў за дзесяць ад гарадка зусім .спыніліся.

– У Талачыне – рускія танкі... – папаўзла па дарозе вужакаю чутка.

– Не можа гэтага быць! Брахня!.. – адгукнуўся Клямт, які сядзеў на падножцы машыны, жуючы галету. Ён быў недаверлівым, калі чуў пра розныя непрыемнасці.

Келер апаліў яго зняважлівым позіркам.

– Чаму не можа быць?

– Выдумка баязліўцаў! За такія чуткі расстрэльваць трэба!

Келер, не сказаўшы нічога, павярнуўся і пайшоў да групкі салдат, якія воддаль аб нечым гаварылі. Клямт застаўся сядзець на падножцы.

Але спакой яго знік. А што, калі гэта праўда?.. Раздумваць – праўда ці не праўда гэта, яму не прышлося, бо тут яго паклікалі да маёра-камбата. Ён даведаўся па трывожных тварах афіцэраў, што гэта праўда...

Здарылася непапраўнае і грознае – перарэзан шлях!

Раздзел VI


1...

Гэта быў апошні дзень працы Сяргея Сняжко ў гаражы, які належаў фірме «Ост».

Сяргей ад самай раніцы корпаўся ў маторы старога «Ганамака», замяняючы поршні і падшыпнікі.

– Ну, як справы, Сняжко? – запытаўся ў яго шэф гаража Гюнтэ, тоўсты, нізенькі, з кароткімі пухлымі ручкамі немец, апрануты ў рабочую блузу. Гюнтэ стараўся здавацца дабрадушным і прасцецкім. – Яшчэ пажыве гэты стары каняка?..

– Пажыве, пан шэф, – кіўнуў галавой Сяргей, выціраючы аб пакулле чорныя рукі.

– Ты марудна, надта марудна працуеш, гэта вельмі кепска. Трэба старацца працаваць хутчэй. Але справу ты ведаеш нядрэнна. Ты будзеш добры майстар, Сяргей. – Гюнтэ нават ляснуў Сяргея па плячы, што ён звычайна рабіў, калі быў у добрым настроі.– Пачакай крыху: мы закончым вайну, – і ты будзеш вучыцца... Так, так – вучыцца, – калі будзеш старацца працаваць. На спецыяльных курсах!.. Я табе дапамагу паступіць...

Сяргей падумаў: «Я і без цябе паступлю ў інстытут, калі мы выганім вас адсюль». Але ўголас, адкінуўшы назад валасы, што спадалі на лоб, адказаў:

– Дзякую, пан шэф...

Праца ў Гюнтэ сёння была скончана. Сяргей скінуў ненавісную спяцоўку і надзеў свой латаны, замаслены пінжачок. Хлопец быў вельмі стомлены: цэлых трынаццаць гадзін пратрымаў яго «шэф» у гэтым праклятым гаражы. Дабрадушны з выгляду Гюнтэ стараўся выціскаць з людзей усё, што толькі можна. «Жмінда старая», – вылаяўся ў думках Сяргей, пазіраючы ўслед Гюнтэ, які накіраваўся ў кантору.

Сняжко ўжо сабраўся ісці дамоў, як на двор укаціў незнаёмы сіне-шэры «опель-капітан». З машыны рашуча выскачыў гестапавец, а ў сярэдзіне яе Сяргей пазнаў шафёра, падпольшчыка Калесніка.

Твар Калесніка быў увесь у сіняках і страшэнна распух. «Папаўся!» – адразу зразумеў Сяргей і тут жа насцеражыўся: «А Клава? Што з ёю?» Яго стому ўмомант нібы ветрам здзьмула. Думкі адразу пабеглі, завіхурыліся.

«Клава таксама... папалася?!»

Напэўна, папалася. У яе, у мяшках з бульбаю, павінна было быць самае галоўнае – магніткі. Нічога іншага «недазволенага» Калеснік не вёз, толькі гэта...

Значыцца, гестапаўцы знайшлі магніткі. А калі так, то яму таксама не мінуць турмы... Трэба зараз жа ратавацца, як мага хутчэй. Мускулы Сяргея напружыліся. Ён заўважыў, што два эсэсаўцы з аўтаматамі станавіліся каля выхаду з двара.

Не марудзячы больш ні хвіліны, Сяргей, хаваючыся за машыну, шмыгнуў за вугал гаража. Ён прабраўся па вузенькім цёмным калідорчыку, што ішоў паміж сцяною і плотам, да месца, дзе была адарвана дошка.

Сяргей адсунуў яе і выскачыў на агарод. Тут ён азірнуўся: ці не гоніцца хто за ім. Не пакуль.

Ён паўз плот прабраўся на другую вуліцу. Прайшоў крыху, спакойна і непаспешліва, каб не выклікаць падазрэння ў сустрэчных, потым павярнуў у завулак. «Дзе ж Клава? Чаму Калеснік быў у машыне адзін?..» – думаў Сяргей, адыходзячы ўсё далей і далей ад гаража. Ён рабіў розныя здагадкі. Найбольш праўдзівай з іх здавалася такая: Клаву, мусіць, павезлі ў сталоўку, дзе яна працавала...

Эх, Клава, Клава! Чаму табе гэтак не пашанцавала? І Калеснік – столькі разоў выходзіў удала з усіх небяспек, і раптам – папаўся...

У ціхім завулку, які быў вельмі далёка ад гаража, Сяргей спыніўся. Прысеўшы на лаўку нібы адпачыць, ён пачаў абдумваць, што рабіць далей. Усё раптам перамянілася ў яго становішчы, і ён пакуль не ведаў, як яно будзе далей. Адно было толькі вядома, што ісці дамоў нельга.

Калі гестапаўцаў яшчэ і няма ў яго хаце, то яны хутка, як груганы, наляцяць туды. Наляцяць, каб схапіць, кінуць у турму, катаваць усіх Клавіных блізкіх. Гэта іх звычайны метад.

Нават, калі Клава і Калеснік не выдадуць яго, – а яны не выдадуць, – Сяргея ўсё роўна арыштуюць. Толькі за тое, што ён Клавін брат...

Што ж рабіць? Куды ісці? Дзе прытуліцца хоць на першую ноч?


2...

Першыя дзве ночы ён перабыў у свайго таварыша, з якім пасябраваў яшчэ да вайны ў тэхнікуме. Месяцы тры назад яны працавалі разам у гаражы, потым яго дружбак паспрачаўся з Гюнтэ і перайшоў на працу ў іншае месца.

Сяргей сядзеў у цёмным, цесным дрывотніку, у якім пахла сухою асінаю. Ён двое сутак нікуды не выходзіў, і гэтыя двое цягучых сутак здаліся хлопцу не менш, як двума тыднямі. Напэўна, ніколі за ўсё жыццё ў Сяргея не было такой цяжкай пары, як гэтая. Асабліва горка станавілася яму, калі ён думаў пра тое, дзе цяпер Клава. Слаўная, вясёлая сястрычка, як табе, напэўна, балюча і цяжка!

У яго было такое адчуванне, быццам ён перад ёй вінаваты за няўдачу. Можа, ад гэтага кожны раз, калі Сяргей думаў пра сястру, так яму нястрымна хацелася выйсці адсюль і дзейнічаць. Эх, каб у яго была хоць адна магнітка ці каб хоць быў аўтамат! У яго, праўда, ёсць аўтамат, але ён закапаны там, на селішчы, – каля хлява, а зараз туды нельга прабрацца...

Вельмі прыкра, што цяпер няможна пабачыць тых, з кім ён быў звязаны яшчэ два дні назад. Ён сустракаўся з імі ці каля кінотэатра, ці на скверы ў канцы вуліцы Астроўскага, ці дзе-небудзь у ціхім завулку. Цяпер ён можа выходзіць са схову і сустракацца толькі ўночы, – значыцца, трэба прыдумаць новыя спосабы сувязі... Самая ж вялікая бяда ў тым, што ён адарваўся ад сувязнога з гаркома партыі...

Сяргей, упарта перабіраючы розныя варыянты, думаў, як усё гэта наладзіць. Ён павінен наладзіць, а потым, калі ўсё зноў стане на месца, Сяргей падасца ў лес, да партызан. Больш тут яму нельга заставацца.

Пад вечар Сяргееў дружбак, вярнуўшыся з горада, зайшоў сюды, у дрывотнік, як бы па дровы, і расказаў аб тым, што адбылося ў гаражы гэтымі днямі. Тады ж, калі прыязджалі гестапаўцы, амаль усіх механікаў і шафёраў арыштавалі, адных проста ў гаражы, а другіх – на кватэрах. На наступны дзень гестапаўцы, праўда, некалькі чалавек выпусцілі, а сем яшчэ і цяпер сядзяць.

– Цябе, Сярожка, таксама шукалі і вельмі дапытваліся, дзе ты можаш быць... Вобыск у тваёй хаце...

– Дзе мама?! Што з мамаю! Даведаўся? – нецярпліва перабіў яго Сяргей. Ён раптам замёр, нібы баючыся дыхнуць.

– Маці, гавораць, – у турме.

– Арыштавалі... Дзе, у якой яна?

– Ніхто не ведае.

– А дзе Клава?

– Таксама... у турме...

– Не ведаеш, як схапілі?.. З усімі рэчамі?.. Ці толькі... падазраюць?..

– Яна трапіла нечакана. З усім...

– Э-эх... – Сяргей парывіста ўзняўся, неспакойна варухнуў плячыма і раптам сеў зноў. Апусціў галаву і, утаропіўшы невідушчы позірк у бярозавае палена, задумаўся, аддаўся свайму гору...

Наступныя тры дні Сяргей хаваўся ў хаце Залескай. Яны былі родзічамі, хоць і не блізкімі, але вельмі дружнымі. Сяргей прабраўся да яе хаты апоўначы і ціха, ледзь чутна, пастукаў у шыбку таго пакоя, дзе яна звычайна спала. Жанчына, як толькі пачула, што гэта Сняжко, адразу пайшла адчыняць. Яна ўжо ведала, што Клава арыштавана, і, увёўшы Сяргея ў сенцы, загаварыла са слязамі:

– Божа мой, якое няшчасце!..

Яна ўладзіла Сяргея на «гары», у куточку за комінам. Над ім нізка звешваўся паплёт і шчыльна прыгнаны адзін да аднаго гонт, які тут быў яшчэ як новы. Сяргей па некалькі разоў на дзень падбіраўся адсюль да паўкруглага акенца, зацягнутага павуціннем, і пазіраў на горад. За бляшанымі пірамідамі дахаў удалечы быў відаць рог будынка вакзала. Часам вецер даносіў адтуль гудкі паравозаў.

Увечары Сяргей вышаў з хаты, каб сустрэцца з адной сувязной. Ён крыху пастаяў на двары, азіраючыся, прагна дыхаючы цёплым вячэрнім паветрам.

Тут ён пачуў шум, падобны на далёкі прыбой. «Самалёты... нашы самалёты ідуць!» Сяргей узрадаваны, увесь час слухаючы гэты нарастаючы шум, стаў хутка прабірацца праз платы і агароды...

Яны спаткаліся ў садку, калі самалёты ўжо бамбілі нейкі аб'ект на другім краі горада.

– Чуеш, з якой харошай музыкай я прышоў?– сказаў ён замест прывітання.

– А я з добрымі весткамі... нашы пачалі наступленне.

– Наступленне?!

Сяргей абняў дзяўчыну і моцна-моцна сціснуў у абдымку. Ён некалькі хвілін маўчаў, увесь перапоўнены бураю, якая ўзнікла ў грудзях пры гэтых словах.

Потым ён прыгадаў Клаву, шафёраў, якія сядзяць у гестапа, і спахмурнеў.

– Перадай, калі хто яшчэ не ведае, што ў мяне... правал,– -выціснуў ён.– Каб не пасылалі да мяне...

Ён успомніў, што цвёрда рашыў ісці праз дзень – два ў лес,– і нечакана перамяніў задуму: не, цяпер ён ні за што не пакіне горада.

Ён будзе тут да прыходу нашых! І Сяргей папрасіў:

– Алеся, даведайся ў гаркоме, якія будуць заданні...


3...

Неяк пад вечар у камеру ўпіхнулі пухлую жанчыну. Яна застагнала, трымаючыся за паясніцу, але праз момант сціхла і стала азіраць камеру, здзіўлена і ўстрывожана.

– Ідзіце сюды,– паклікала яе жанчына, што сядзела каля Ніны.

«Новая» адразу пачала прабірацца да яе, пераступаючы праз тых, хто ляжаў.

Калі жанчына села, яе пачалі, як звычайна, распытваць: хто яна, адкуль, а потым – асцярожна, з падводамі, за што ўзялі. Незнаёмая адрэзала сярдзіта:

– За доўгі язык.

Зазіраючы ў твар вачыма, якія як бы прасілі спачування, пачала расказваць усё, як мае быць. Яна прадавала на Чэрвеньскім рынку малако,– брала за гэта вялікія грошы,– калі падышоў нейкі паліцай, не гаворачы, не плоцячы нічога,– як сваё,– узяў адзін бітончык і падаўся прэч. Малочніца стала лаяць яго, але той і не азірнуўся. Жанчына ад такога нахабства проста ашалела і ў гневе, каб дапячы паліцаю, крыкнула: «Пачакай, прыдуць партызаны!..»

Паліцай адразу спыніўся і вярнуўся: «Партызаны?! А-а, дык ты з партызанамі звязана! Адкуль жа яны прыдуць? А ну, хадзем са мной...»

У СД яна богам клялася, што і ведаць не ведае пра партызан. Гестапаўцы ёй не паверылі...

Цяпер ёй хацелася давесці гэта зняволеным. У камеры, амаль не сціхаючы, чулася, як яна скардзіцца ды охае. Асабліва надакучыла яна Ніне, поруч з якой сядзела. То яна трывожылася, што могуць цяпер кароўку забраць, што рэчы раскрадуць, то дапытвалася, колькі трэба заплаціць, каб выпусцілі з турмы.

– Пяць тысяч, пэўне, хопіць. Хопіць, праўда?.. Ці, можа, замнога столькі?..

– Сціхніце!.. Як вам не сорам?– з абурэннем сказала Ніна замест адказу.

На другую ноч гітлераўцы вывезлі малочніцу,– відаць, расстралялі.

Яны цяпер не вельмі дапытваліся: здавалася, ім было больш не да гэтага. Яны спяшаліся. Па некалькі разоў за суткі турэмшчыкі дзесяткамі хапалі зняволеных, выводзілі на двор і адтуль везлі або ў канцлагер, або адразу на згубу.

Турэмшчыкі нерваваліся і шалелі. Асабліва лютаваў адзін з іх, наглядчык з сонным тварам. Ён штоночы п'яны ўваходзіў у камеру, абводзячы ўсіх ненавідным позіркам, выбіраў ахвяру. Забіваць у камеры яму не дазвалялі, але біць ён мог, колькі хацеў. І наглядчык гэтае права выкарыстоўваў. Выбраўшы каго-небудзь, ён без усякай прычыны, з асалодай садыста, рукамі і нагамі біў і біў, пакуль не знемагаўся. Ісці да яго баяліся больш, як у гестапа...

Страшныя гэта былі дні. Людзі, якім даводзілася зносіць нечалавечыя здзекі, увесь час адчувалі блізкі цень смерці. Не адзін раз многія з іх гадалі: «Сёння?.. Ці заўтра? Няўжо – ніякай надзеі на ратунак?» І не адзін раз кіпелі гнеўныя, ад усяго сэрца, пагрозы забойцам...

Калі адчыняліся важкія дзверы, усе пазіралі: ці не браць прышлі, – каго сёння?

Дваццаць чацвёртага чэрвеня – позна вечарам – выклікалі Клаву.

– От і мая чарга настала...– прамовіла яна глуха, пачуўшы сваё прозвішча, і дзіўна ўсміхнулася.

Яна спакойна паправіла пасму бялявых валасоў, што спалі на лоб, і раптам моцна, колькі сілы, абняла Ніну за шыю. Абпаліла гарачым шэптам:

– Можа, мяне на смерць... Калі табе... пашанцуе, Нінка... раскажы Сяргею пра ўсё...

– А ты, калі... будзеш жыць, пра мяне... Аляксею і маці.

Адзін з турэмшчыкаў, які трымаў блакноцік у руцэ з залатым пярсцёнкам, закрычаў нецярпліва.

– Управішся! – кінула яму Клава. – Ой, не, Нінка, мне, мусіць, не давядзецца...

Яна выпрасталася і пайшла да дзвярэй, здавалася, як звычайна, спакойная.

Насустрач ёй выскачыў наглядчык з сонным тварам. Брыдка вылаяўся і наводмаш ударыў яе. Клава ледзь утрымалася на нагах, але болю на яе твары ніхто не ўбачыў. Не, не боль, а пагардлівая знішчальная ўсмешка з'явілася на яе твары. «Эх ты, гніда!» – пачулі ўсе ў прыціхлай камеры.

– Спяшайся... Ужо мала табе засталося!..

Наглядчык вылаяўся, але другі раз не ўдарыў...

Праз міг дзяўчына знікла ў калідоры. Ніна адчула, што больш яны ўжо ніколі не ўбачацца.

Усю гэту ноч Ніна думала і трызніла пра Клаву. Згадвала першую сустрэчу: хто тады мог падумаць, што яна такая, гэтая дзяўчынка-жартаўніца... Ніна бачыла яе зноў, якой яна прышла з допыту: «Ой, як мяне білі... Ніколі яшчэ не білі так...» «Усё-ткі яны ад мяне нічога не дабіліся!» – як бы яшчэ гучаў яе гарачы шэпт.

І вось яна пайшла ў апошні, напэўна, шлях. Гордая і спакойная за сябе, за сваё жыццё.

А ёй жа ўсяго семнаццаць. Столькі Ніне было, калі яна канчала дзесяты клас... Што яна ведала тады? Вочы толькі-толькі пачыналі разумець хараство, сэрца – сумаваць па каханні, незразумелым, заваблівым. Тады толькі пачыналася самае лепшае ў яе гадах...

А Клава гэтага, напэўна, не будзе ведаць... Затое яна ведае, што значыць гордасць жыць, гарэць для вялікай справы... Хай жа яна будзе такой яснай і прыгожай да апошняй хвіліны.

А калі трапіцца выпадкам магчымасць вырвацца, то няхай ёй будзе шчасце! Удачы табе, Клаўка!..


4...

Раніцай пасля гэтай ночы Ніну выклікалі на допыт. Гэта быў яе апошні допыт.

Дапытвалі яе цяпер не ў будынку былога Інстытута народнай гаспадаркі, а тут жа, у памяшканні турмы. У вузкім і нізкім пакоі, куды яе ўвялі праз цёмны калідор, быў следчы з «вучоным выглядам». Ён сядзеў за сталом з нейкім немцам у форме эсэсаўца.

– У казіно? Не, я не пайду, Рэйзе... Бомбы з неба! Лепш да мяне, добра? Будзе весела!.. – гаварыў следчы эсэсаўцу.

– Добра... Толькі, каб Ані не была,– адказаў другі ўстаючы. – Ты ведаеш, я яе ўдала спіхнуў аднаму маёру. Можа, цяпер адчэпіцца... Добра было б, каб ты паклікаў Берту... А-а, паклічаш?

Ён акінуў Ніну позіркам.

Следчы блізарука прыплюшчыў вочы і надзеў рагавыя акуляры, якія ляжалі перад ім на папцы. Ён пачаў штосьці жаваць, як і мінулы раз.

– Я яшчэ раз паклікаў цябе, – загаварыў ён рэзка. – Мне патрэбны... прозвішчы мінскіх падпольшчыкаў і адрасы явак... Ты іх, вядома, ведаеш...

– Не ведаю... – адказала Ніна абыякава.

– Не ведаеш?.. Ты, значыць, рашыла ўпарціцца?.. А я думаў, што наша мінулая размова... непрыемная для цябе размова прымусіла цябе паразумнець. Аказваецца, не... Не? – вочы за рагавымі акулярамі рабіліся злымі. Ніна падумала, што сёння зноў будуць біць, але следчы раптам прамовіў:

– Ну, што ж, нарэшце... Мы заплоцім. Грошы дам... У Германію магу адправіць... калі ты баішся сваіх...

– Я казала – не ведаю нічога пра падпольшчыкаў.

– Ты смяешся?.. Ваша брыгада звязана з горадам. Гэта вядома... У мяне дакладныя весткі... Я маю весткі, што тут была і ты...

– Я не была...

– Ты ілжэш!.. – не вытрымаў, умяшаўся Рэйзе.

– Не, я не была тут, – ціха, але цвёрда паўтарыла яна.

– ' Не, ты была!.. Была!

Следчы нецярпліва паварушыў губамі.

– Яўкі і прозвішчы! – крыкнуў Рэйзе тонам загаду.– Зараз жа!.. «Не ведаю, нічога не ведаю...» – едка перакрывіў ён Ніну.

Рэйзе злосна ўсміхнуўся.

– Я не буду далікатнічаць!.. Пакуль не позна, чорт пабяры, – яўкі! Ну, я чакаю?

Памаўчаў, уставіўшыся пранізлівым позіркам на Ніну. Яна падумала, што гэта, відаць, апошняя размова тут, што далей – канцлагер, а можа, адразу Трасцянец...

Але чаго ён чакае? Няўжо думае, што яна ў апошнюю хвіліну здасца? Якая ненавісная морда, як хацелася б апусціць на яе прыклад аўтамата.

– Ну?!

– Я сказала – не ведаю...

Твар гестапаўца густа наліўся крывёю. Ён рэзка падскочыў да Ніны і з усяе сілы ўдарыў яе па твары. Яна ўпала. Калі Ніна прыўзнялася і села, стрымліваючы боль, каб не застагнаць, Рэйзе, пазіраючы ва ўпор, прашыпеў пагрозна:

– Маўчыш?! У-у-у, бальшавічка!..

– Супакойся, Рэйзе, – сказаў яму следчы. – Яна хутка змоўкне зусім. А іх – я знайду, знайду-у! Усё роўна!

З суседняга пакоя выбег ефрэйтар.

– Не трэба. Хаця... папрасі Берту... Готфрыд Берту, каб яна прышла да мяне... роўна а восьмай...

Ефрэйтар вышаў. Следчы сінім алоўкам штосьці надпісаў наверсе ліста пратакола, перакрэсліў яго і кінуў, як непатрэбную рэч, на край стала. Пры гэтым ён зірнуў на Рэйзе так, нібы пытаўся: «Ну вось – задаволен?..»

Белай рукой з тоўстымі пальцамі махнуў турэмшчыку:

– Вывесці!..

Зноў– калідорны прыцемак, грукат ботаў турэмшчыка, рады дзвярэй. Важка заскрыпелі завесы, і Ніна апынулася ў сваёй камеры.

Абыходзячы людзей, якія сядзелі і ляжалі на падлозе і нарах, стала прабірацца да свайго месца. Прымасціўшыся на ўскрайку нараў, абаперлася локцямі на калені. У галаве аднастайна паўтаралася: «маўчыш, маўчыш».

– Хутка сёння цябе... Напэўна, усё-ткі білі, – прамовіла суседка, Красуцкая.

– Без гэтага, відаць, не абыйсціся...

На Ніну раптам найшла нейкая дзіўная бяздумнасць, на якісьці час жанчына перастала заўважаць, што рабілася навокал...

Абудзілася яна, калі ўбачыла сонечную палоску на сцяне. Падумала, што ўжо, відаць, поўдзень, бо ў гэтым месцы палоска бывае, калі сонца стаіць на поўдні.

Тады ўспомнілася, як сонечны прамень мінулаю вясною лавіла Люда. Лавіла і ніяк не магла схапіць непаслухмяны прамень, які, нібы дражнячыся, скакаў раптам на ручкі, на пальчыкі.

Ніне захацелася ўзяць тыя ручкі, тыя пальчыкі, прыціснуць да свае шчакі. Пяшчотна-пяшчотна. У душы варухнулася такое харошае і такое сумнае пачуццё, што сэрца зайшлося з болю.

– Дзе гэта цяпер мая... Людачка? – загаварыла яна раптам да Красуцкай.

Ніне хацелася гаварыць пра дачку. Хто можа лепш зразумець яе, як Красуцкая, у якой засталося там, на волі, чацвёра дзяцей. Ніна расказала Красуцкай, не называючы горада, як аднойчы, – яна ўспомніла пакой Клавы, асветлены вячэрнім сонцам, – была блізка ад дачкі, але не змагла пабачыцца з ёй...

– Пабаялася за яе!.. За яе – такі непакой. Каб ніякай хмурынкі, здаецца, на яе!..

– Ведама, матчына сэрца... У якой гэта маці сэрца не баліць па дзіцяці? Мне дык усё рупіць: мусіць, не ўбачымся...

Ніну апаліла жорсткая думка, што напоўніла яе тугой: «І мы, мусіць, больш не ўбачымся...» Аднак усё ўнутры яе заспрачалася: не, не, гэтага не можа быць.

– А мне здаецца, што пабачу яе...


5...

Уночы непадалёк пачуліся гулкія выбухі гармат, частая дробная страляніна блізкіх кулямётаў. Ніна адразу пачала зацікаўлена слухаць. У камеры ўсе заварушыліся, загаманілі...

Хутка страляніна зрабілася такою густою, што, здавалася, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі і, як бы ні хацелася, нікому не ўдасца прарвацца да горада. Лямпачкі ў камеры пагаслі. На пераплеценых кратамі вузкіх вокнах, прарэзаных каля самай столі, трапятала ўсплёскамі святло.

Але прайшло некалькі хвілін, і Ніна ў прамежку між выбухаў пачала ўлоўліваць жаданы ціхі гул. Ён мацнеў, не зважаючы на грукат гармат.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю