412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 25)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 25 страниц)

– Баюся, што наадварот! – Ён пацалаваў жонку ў скронь і адпусціў рукі.

Азірнуўся здзіўлена. Гэтае здзіўленне было ёй як узнагарода.

– Ну, ты, аказваецца, проста чараўніца!.. Я і не думаў, што строгая «доктарша» можа быць такой гаспадыняй. Каб я тут, «доктар», сваімі вачыма не бачыў цябе, я мог бы падумаць, што памыліўся адрасам...

Ён узяў яе рукі ў свае далоні і пяшчотна сціснуў.

– У такіх выпадках, Маша, здаецца, спраўляюць наваселле. А чым мы горш за людзей?

Ён выняў са скрутка, які прынёс з сабою, бутэльку гарэлкі, палажыў на стол закуску.

Калі яны селі за стол, Туравец паглядзеў на партрэт сына – вось яшчэ каму належала б быць тут!

– Вып'ем, Нічыпар, за Юрку! – сказала Марыя Андрэеўна, быццам адгадваючы яго думкі. – Каб ён дайшоў цяжкую, слаўную дарогу да канца і вярнуўся здаровы...

Туравец мімаволі спахмурнеў: «Эх, так і не давялося пабачыцца з Юркам! Як гэта крыўдна атрымалася...»

Марыю Андрэеўну напаўняла ціхая, спакойная радасць. Яна ўспомніла Анатоля, але гэты, звычайна прыкры ўспамін, не прынёс цяпер гаркаты. Тое скончана назаўсёды, і добра, што скончана. Але чаго яна, наперакор свайму пачуццю, трымалася за тое? Чаго яна стрымлівалася ісці насустрач сапраўднаму шчасцю, чаго сумнявалася? Дзівачка!

Туравец сказаў, смеючыся:

– Я, здаецца, сёння пазнаю прывабнасць адзіноты.

– Якая ж гэта, Нічыпар, адзінота? Мы – удваіх.

– Мы ж адно, адзінае!..

Раздзел Х


1...

16 ліпеня ў Мінску намячалася правесці парад партызан. Да гэтага свята ў сталіцу з розных раёнаў Беларусі яшчэ за тыдзень пачалі сыходзіцца шматлікія партызанскія брыгады, атрады, групы. Яны займалі не толькі ўсе вуліцы, але і пасёлкі на ўскраіне горада – Козырава, Грушаўскі і іншыя, навакольныя вёскі, табарамі размяшчаліся ў пералесках, а то і проста ў полі.

Хаты не маглі іх умясціць, і таму ўсюды вырасталі буданы з зялёнага галля і брызенту. Многія з прыезджых уладжваліся проста пад павозкамі на траве...

Там і тут завіхаліся кухары каля вялікіх партызанскіх катлоў, размешвалі крупнік, падкладвалі дровы ў агонь...

Ніколі яшчэ за ўсю вайну не было ў Мінску такога ажыўлення. Па вуліцах усюды гарцавалі – красаваліся на конях хвацкія камбрыгі і начштабы са сваімі «світамі», разведчыкі, сувязныя.

Хадзілі ў паасобку і абняўшыся дзяўчаты і жанчыны з вінтоўкамі і аўтаматамі, загарэлыя, чубатыя хлопцы ў кепках, пілотках, чырванаверхіх казацкіх кубанках, насунутых па-маладзецку на вуха. Чуўся смех, жарты, а часам і заліхвацкія пераборы гармоніка... Вось ён, сапраўдны выгляд таго Мінска, які гітлераўцы так намагаліся задушыць. Ён жыве, ён кіпіць сілаю і радасцю перамогі.

Вось яны, сціплыя дзеці вернай, няскоранай Беларусі, слава аб якіх у вайну пайшла па ўсяму свету.

Падрыўнікі, разведчыкі, дыверсанты... Ходзяць захмялелыя ад шчасця, ад цішыні, ад спакою, ад таго, што запаветную мару спраўдзілі.

Ермакоў у першы дзень прыезду спаткаўся з былым камісарам. Увайшоў у кабінет Тураўца, далажыў весела, што баявыя аперацыі брыгада скончыла.

– Чуў тое-сёе, Коля, – Туравец ад душы абняў друга.

Ермакоў расказаў, што адбылося ў брыгадзе гэтымі днямі. Яму здавалася, што яны даўно-даўно не бачыліся з камісарам...

– Малайцы. А вось нам дык і пахваліцца быццам бы няма чым, – прызнаўся Туравец. – Шчыраваць шчыруем, – а вынікі, дарагі мой, мала прыкметныя. Толькі пачынаем развінацца, Коля.

– Ну, працы тут, Нічыпар Паўлавіч, – рабі, не пераробіш. На многія гады хопіць. Усім на поўную выкладку сілы. Усім. Скажы, як жа тут паводзяць сябе нашы?

І калі Туравец стаў гаварыць, Ермакоў насцеражыўся: ці не падводзяць брыгаду, не ганьбяць? Не, Туравец задаволен імі, хваліць...

– Ну, хопіць размоў!– Туравец адразу стаў збірацца: ён запрасіў Ермакова да сябе, «на чарку» з поваду сустрэчы...

... І вось надышло 16 ліпеня. Незвычайны, непаўторны дзень.

З самага рання з усіх куткоў Мінска – з Камароўкі, са Старажоўкі, ад Чэрвеньскага тракта, з вуліц, раскінутых за чыгуначнымі лініямі, з навакольных пасёлкаў і вёсак ішлі да іпадрома калоны партызан і натоўпы гарадскіх жыхароў.

Туравец зайшоў да Аляксея, і яны ўдвух таксама накіраваліся да месца парада. Іх яшчэ напярэдадні запрасілі быць на ўрадавай трыбуне. Тураўца ад гаркома, а Аляксея ад афіцэраў і байцоў танкавай брыгады, якая вызваляла Мінск. Марыя Андрэеўна ўранку пайшла да сваіх памочніц, каб удзельнічаць у апошняй, як яна жартавала, брыгаднай «аперацыі»...

На вялізным зялёным лузе, што разлёгся ў шырокай лагчыне на беразе ціхай Свіслачы, якая паўкругам ахінае гэтую прыгожую мясціну, з краю ў край пераліваецца, хвалюецца неабсяжнае мора людзей. У гэтым моры, як вогненныя ветразі, ярка і весела палымнеюць сцягі, транспаранты, плакаты...

Такой безлічы народу ў адным месцы, на віду, Аляксей не бачыў, напэўна, ні разу за ўсю вайну. Яму адразу прыгадаліся дэманстрацыі на Першае мая ці на Кастрычнік, якія былі ў Мінску перад вайною. Дзесяткі тысяч людзей на плошчы Леніна ў часе мітынгаў... І вось зноў усё вяртаецца.

Усё? Не, не ўсё,– кальнула згадка пра Ніну. Цяпер на людным свяце, якое кіпела радасцю і песнямі, успамінаць яе было асабліва балюча. Не зажывае рана...

Тут, відаць, недзе яе сяброўкі, многія яе таварышы. Ім пашчасціла дажыць да гэтага дня. Чаму ж Ніны тут няма? Туравец з Аляксеем не адразу пайшлі да трыбуны, а нейкі час тупалі між натоўпаў людзей, шукаючы знаёмых, здароўкаючыся з імі, размаўляючы. Да пачатку мітынгу заставалася яшчэ нямала часу. Аляксей пазіраў навакол і слухаў,– там і тут былі чуваць песні і музыка...

Калі пачало набліжацца да дванаццаці, капітан з Тураўцом падаліся да трыбуны, над якой высіліся два вялізныя разгорнутыя сцягі. Яны падышлі сюды акурат тады, калі на трыбуну па драўлянай лесвіцы ўжо ўздымаліся члены ўрада, сакратары ЦК партыі, прадстаўнікі ад мінчан, дэлегаты ад арміі.

Стоячы на трыбуне, Аляксей бачыў непадалёк ад сябе знаёмую постаць сакратара ЦК партыі, поруч з ім стройнага маладжавага Чарняхоўскага.

Мора, неабсяжнае людское мора наўкруг. Амаль сотня тысяч людзей глядзіць на трыбуну, з якой пачынае гаварыць сакратар ЦК партыі.


2...

Ён вітае мінчан і партызан з вызваленнем беларускага народа. Вялікая плошча адказвае на прывітанне радаснымі воклічамі, воплескамі, партызанскім «ура».

– Дазвольце ад вашага імя перадаць словы любові і падзякі таму, хто вядзе нас ад перамогі да перамогі, – нашай слаўнай Камуністычнай партыі...

Зноў усплёсквае ўсхваляванае «ўра» дзесяткаў тысяч людзей. Па плошчы з краю ў край, як прыбой, праходзіць, звініць:

– Ура роднай Камуністычнай партыі!

– Няхай жыве наша вялікая Радзіма!

Разам з сакратаром ЦК людзі дзякуюць войскам трох Беларускіх і Першага Прыбалтыйскага франтоў, якія прынеслі волю мільёнам беларусаў...

У Аляксея ад прыліву ўсёабдымнага шчасця зашчымела-ажыла скруха па Ніне: чаму яна не дачакалася гэтага дня!..

Нібы адгадваючы думкі Аляксея, сакратар ЦК пачаў гаварыць аб тым, што прышлося перажыць людзям у фашысцкай няволі. Аляксея ўразіла лічба загінуўшых, якую сказаў сакратар ЦК: «сотні тысяч людзей».

Сотні тысяч! Сотні тысяч людзей знішчылі людаеды, чалавеканенавіснікі-фашысты. Колькі матак страцілі сваіх сыноў і дачок, колькі дзяцей засталося сіротамі! Сам таго не заўважаючы, Аляксей у гэтую хвіліну зірнуў на сваё гора інакш, чым раней. Ён нібы адчуў не толькі сваё гора, а гора ўсяго народа.

Якое яно вялікае, гэта гора! Гора народа!..

Плошча замерла ў напружаным грозным маўчанні. Гэтае маўчанне страшнае, яно напоўнена гневам вялізнага людскога мора.

Але неўзабаве голас сакратара мяняецца,– ён гаворыць пра гераізм народа, пра баявыя справы партызан.

«Яна загінула не дарэмна!» – думае ў каторы раз пра Ніну Аляксей, і ўпершыню гэтая думка суцішае боль.

Кожнае слова сакратара Цэнтральнага Камітэта кампартыі Беларусі людзі ловяць, стаіўшы дыханне,– усё шумлівае мора сціхла, услухоўваецца, як адзін чалавек.

Прамоўца ўспамінае, нагадвае пра той цяжкі шлях, які прывёў народ у вызвалены горад праз тры вялікія гады барацьбы. Важкія, мужныя, яго словы даходзяць да кожнага чалавека, хвалююць, будзяць думкі і ўспаміны. Тысячы людзей услед за ім, відаць, азіраюцца на мінулае, перабіраюць у памяці падзеі апошніх год.

Большасць успамінала, напэўна, партызанскія паходы, баі з гітлераўцамі, блакады або дні ў зняволеным Мінску, а Аляксей сваё – снежныя дарогі пад Сталінградам, сустрэчу з маці, апошні бой перад Мінскам, калі ледзь не загінуў.

– Таварышы мінчане! Партызаны і партызанкі! – Голас сакратара памацнеў, стаў урачыстым: – Вы паказалі сябе доблеснымі патрыётамі ў гэтыя страшныя тры гады, вы не скарыліся ворагу. Цяпер перад вамі стаіць задача – не пакладаючы рук працаваць над аднаўленнем роднага Мінска, роднай Беларусі... Нам аказваюць вялікую дапамогу партыя і ўрад, нам дапамагае ўся краіна. Ужо ідуць першыя эшалоны з падарункамі з Горкага, Пермі і іншых гарадоў. Мы залечым раны нашай цудоўнай сталіцы!

– Залечым!.. – паклялося людское мора.


3...

Калі скончыўся мітынг, пачалася падрыхтоўка да парада партызан.

Аляксей бачыў, як брыгады і атрады выраўноўвалі рады. У калонах там і тут чуліся воклічы каманд, прабягалі, заклапочана аглядваючы свае падраздзяленні, камандзіры... Паступова стала ўсталёўвацца цішыня.

– Парад, смірна!– прагучала ўладна над плошчаю,– раўненне направа!.. Па атра-а-дах, шагам марш!..

Першай перад трыбунай праходзіць брыгада імя Варанянскага, якая нарадзілася ў пачатку вайны тут жа, у Мінску. Яе камандзіру, Васілю Трафімавічу Варанянскаму, – расказваў Аляксею Туравец, сочачы за строгімі радамі партызан, – не давялося дажыць да гэтага дня, ён трагічна загінуў, пералятаючы лінію фронта.

Услед за ёй – ідуць «шчорсаўцы», «чапаеўцы», «чкалаўцы», «кіраўцы»... Гарцуюць на ўквечаных конях партызанскія кавалерысты, нячутна коцяцца, выціскаючы след у траве, трафейныя працітанкавыя «трыццацісямёркі»... Вось, рушачы паўз трыбуну, старанна раўняюць рады адважныя салдаты «Штурмавой брыгады», што пусціла пад адкос дзвесце варожых эшалонаў... Адна за адной перад мінчанамі праходзяць першая, другая, трэцяя мінскія брыгады, у якіх ваявала многа жыхароў сталіцы.

– Мае, мае ідуць!– усхвалявана шэпча Аляксею Туравец, ківаючы на калону брыгады, на чале якой ступае страявым крокам урачысты Ермакоў... Туравец з захапленнем паказвае капітану Габдуліна, Васю Крайко, Дразда...

На нейкі час строгую атмасферу парада раптам змяніла вяселле, смешкі. Перад атрадам на плошчу вышаў казёл, перакрыжаваны рамянямі, абвешаны нямецкімі «жалезнымі крыжамі» і медалямі. Казёл, як бы разумеючы сумную сваю ролю – бітага гітлераўскага ваякі, – нявесела трасе барадою, пакорліва дыбаючы следам за пярэднім атрадам...

Зноў ідуць рады партызан, коцяцца гарматы. Праходзяць славутыя брыгады «Буравеснік», імя Панамарэнка брыгада імя Варашылава, якая да прыходу Чырвонай Арміі адваявала ў немцаў Капыль, брыгада «Беларусь», што выбіла гітлераўцаў з Рудзенска...

– Падумаць толькі, Нічыпар Паўлавіч, – такіх людзей – сотні тысяч! Народныя арміі!..

– За кожным з іх, Аляксей, былі яшчэ дзесяткі «мірных» людзей, якія дапамагалі ім, – рэзерв...

Войскам гэтым, здаецца, не будзе капца. Людзі розных узростаў, з рознай зброяй, апранутыя ў самую разнастайную вопратку... Вось яна, сіла, душа народная!

Ці было яшчэ калі ў Мінску такое незвычайнае, багатае відовішча? Зачараваны гэтым парадам, Аляксей, ідучы з Тураўцом дамоў, загаварыў гнеўна:

– Раней, памятаю, модна было пісаць пра нас: беларусы – ціхі, амаль бязвольны народ, «добрыя землякопы»... Байкі расказвалі пра нашу пакорлівасць і цярплівасць. Ах, якія няшчасненькія, якія пакрыўджаныя! Прачытаеш, бывала, і нічога не застаецца, як пашкадаваць гэтых бедных людзей..

– Абразлівыя пісанні былі! – прамовіў Туравец.

– Ведаеш, што я падумаў, Нічыпар Паўлавіч, на парадзе? Вось няхай бы, падумаў, цяпер гэтыя чуллівыя плакальшчыкі ўсталі з магілы ды паглядзелі, хоць бы сёння, на нас – няшчасненькіх ды пакорлівых! Памыліліся паны. Выдумалі самі і паверылі, што так і сапраўды. Цэлымі гадамі і пісалі, і гаварылі, і плакалі – «бедненькія»! А тут вось які ён, народ-воін. Можна было б падумаць, што гэты народ быццам створан для бітвы... Ну, нічога, – у вачах Аляксея заблішчалі вясёлыя агеньчыкі, – цяпер увесь свет пабачыў, які наш народ горды і моцны і, калі трэба, – ваяўнічы! Ён з аўтаматам і гранатай умее ўпраўляцца не горш, чым з плугам. Не горш! Хто-хто, а ваяўнічыя арыйцы ў гэтым добра пераканаліся.

– Добра – на ўласнай шкуры!

– Цяпер, можа, паразумнеюць крыху і тыя, у каго яшчэ не балела шкура, але чэшуцца рукі...

– Дай бог! – пажартаваў ні то недаверліва, ні то жартаўліва Туравец.– Пара ўжо ім паразумнець!..

Раздзел ХІ


1...

Андрэй Шабунёк ішоў па вуліцы, не чуючы пад сабою ног. Ён толькі што вылез з кузава вайсковага грузавіка, які падвёз яго з Мінска ў родныя Паплавы.

Як было Шабуньку малому не спяшацца! Ён жа так даўно не бачыўся з мамаю, так ссумаваўся па ёй. Праўда, акрамя таго, для радаснага настрою былі і іншыя прычыны: учора, перад парадам, яму ўручылі сярэбраны партызанскі медаль. Хлопец усё не мог нарадавацца, штохвіліны пазіраючы на кружочак, што, як сонца, ззяе на яго даўгаватым пінжачку.

Падумаць толькі, у яго такі медаль, як у Тураўца і ў Васі!

У Андрэя ў руках была нямецкая вінтоўка, праўда, без патронаў, а на шапцы ярка чырванела істужка. Па ўсяму было відаць, што чалавек вяртаецца з вайны, і не абы-як, а са славай!

Ён увайшоў на родны двор, які здаўся яму вельмі ціхім і цесным. На месцы папялішча былі цяпер складзеныя партызанамі падмурак і некалькі вянцоў зруба, ляжала абчышчанае смалістае бярвенне. У траве дзе-ні-дзе валяліся непадабраныя дробныя трэскі і жаўцела, як высеўкі, пілавінне.

Маці дома не было. Жывіца, які праходзіў поблізу, сказаў, што яна ў полі – адразу за агародамі: там яе брыгада акопвае бульбу.

– Брыгадзірам яна ў нас цяпер, сынок...

Андрэй адразу пайшоў туды. Ён пазнаў яе яшчэ здалёк. Маці, якая рабіла разам з жанчынамі, не заўважыла Андрэя, але малы Валодзька, што аціраўся каля маці, адразу навастрыў вочкі на яго. Выраслы бульбянік закрываў малога амаль да плеч.

– Длей! – крыкнуў Валодзька.

Чапляючыся за бацвінне, спатыкаючыся, ён стаў прабірацца да брата. Тады маці разагнулася, кінула жмуток травы, што трымала ў руках, і таксама падалася да Андрэя, як заўсёды, непаспешліва. Яна выцірала рукі аб спадніцу.

Падышла, зірнула на сур'ёзны суровы твар сына, які ледзь утрымліваў усмешку шырокага шчасця, і глыбокім грубаватым голасам прамовіла, нібы не верачы, што перад ёй сапраўды стаіць сын:

– Андрэй? Прышоў, дзяціначка мая?

– Прыехаў – з самога Мінска! Усяго дзве гадзіны ехалі – аж вецер вочы рэжа... Шафёр, ведаеш, баявы такі хлопец: у яго машына ляціць, як усё роўна самалёт!.. Зух-шафёр...

– Надоўга, сынок?

– Цяпер назусім... – і дадаў: – Ну, праўда – адваяваўся. Кончылі, мама... Цяпер будзем пачынаць новае жыццё...

Усё такая ж суровая з выгляду, абняла яго мякка, і, пакораны матчынай пяшчотай, ён адразу забыўся, што хацеў быць паважным і стрыманым, як дарослыя. Ён, па-дзіцячы ціхі і паслухмяны, увесь аддаючыся парыву душы, прыціснуўся галавой да яе грудзей, – як добра, калі абдымае маці!

– Цяпель будзем нёвае... – паўтарыў Валодзька словы брата.

А маці шурпатаю цвёрдаю далонню лашчыла непакорны чубок і прыгаворвала шчасліва:

– Жывы, дужы! Вярнуўся!.. Радасць мая ты, надзея...


2...

Аднекуль з-за саду вырваўся жвавы свежы ветрык. Дзяўчына захінула пінжак, накінуты на яе плечы, прамовіла заклапочана:

– Трэба, мусіць, ісці дамоў... Халаднавата становіцца...

– Вось выдумала, ну, праўда, у ліпені – холадна... Добра, што хоць духмень вячэрні прайшоў, дыхаць стала лягчэй!..

Яна не пярэчыла. Некалькі хвілін абое стаялі моўчкі, трымаючыся за рукі.

– Ты помніш, – загаварыла зноў дзяўчына, – як ты застаў у лесе гэтага Ермакова са мной... Ён жа проста выцягнуў мяне з зямлянкі. Балбатаў нешта, усё хацеў мяне рассмяшыць. Я і сама не ведаю, як я засмяялася, а тут – раптам ты!.. Эх, як мне горка было тады... Я яго пасля проста бачыць не магла...

Вася слухае гэта спакойна, – няма ў яго цяпер ні рэўнасці, ні крыўды. Ён нават пасміхваецца сам сабе над тымі трывогамі: дзівак быў, ну, праўда!

– А ты быццам не бачыў нічога. Дурны ты мой!..

Вася асцярожна прыхінае яе да сябе.

– Ты не злуйся, Валя... Думаеш, чаму я раўнаваў? Я хацеў, каб усё ў нас было чыстым і ясным. Калі любіць, дык любіць – каб усё тваё, уся душа належала любімаму, дарэшты, аднаму! Вось як я думаю...

Яны стаялі каля плота. Даўно мінуўся цёплы і цёмны вечар і месячная поўнач, і світанне пачыналася, а яны ўсё не разыходзіліся. Як жа ім было разысціся, калі яны расстаюцца на доўгі час: Вася едзе ў Маскву вучыцца. Яны то хадзілі паволі па вуліцы, то стаялі каля платоў. Закаханым, шчаслівым, ім увесь свет здаваўся напоўненым шчасцем. Яны бачылі поблізу руіны, яны ведалі, што ёсць многа нешчаслівых, але ўласная іх радасць была такой прыгожай, што перад ёй усё адыходзіла. Там, дзе жылі іх думкі і жаданні, было шчасліва і светла. Толькі ўспамін пра мінулае прымусіў Валю спахмурнець:

– Колькі я за цябе ператрывожылася! Асабліва, калі ты быў у заслоне пад пасёлкам. Я проста думала, што не перажыву. Цяжка ўсё-ткі любіць у вайну! – уздыхнула дзяўчына. – Няхай бы яна хутчэй скончылася, каб усе маглі любіць радасна і без трывогі!

– Не трэба бедаваць, Валя, цераз тое. Ну, праўда – яно ж ужо мінулася! – Ён далонню пяшчотна падняў яе галаву, зірнуў у цёмныя вочы, якія добра бачны ў ранішнім змроку.

Дзяўчына схамянулася:

– Не, усё-ткі трэба ісці: глядзі, ужо зусім развіднела. Проста не ведаю, як я сёння маме ў вочы буду глядзець...

Яна зняла з сябе пінжак і накінула на Васевы плечы. – Дык ты часта будзеш пісаць?

– Кожны дзень!.. Валя, скажы, толькі шчыра,– ён парывіста сціснуў яе руку: – ты мяне вельмі любіш?

– Хіба пра гэта, Вася, пытаюцца? Самому трэба бачыць...

– Скажы, ну, праўда! – настойваў ён.

– Люблю. Так люблю, як нікога, – сур'ёзна, з нейкай урачыстасцю адказала яна. – Ведаеш, мне нават здаецца, што я... нават маці сваю... менш... Толькі ты не думай нічога, – я і яе вельмі...

– Я хачу, каб ты мяне заўсёды так любіла. Каб мы заўсёды былі шчаслівыя...

– Я таксама, Вася...

Ён ехаў у Маскву праз дзве гадзіны – стомлены ад бяссоннай ночы, але вясёлы.


3...

Аляксей Лагуновіч пакідаў Мінск у той жа дзень.

Перад ад'ездам ён зайшоў у апошні раз да Тураўца.

– Ужо назад? У цябе ж яшчэ і тэрмін водпуску не скончыўся, ды і рука твая яшчэ не зусім у форме.

Нічыпар Паўлавіч па-таварыску папракнуў Аляксея за тое, што не хоча спакойна лячыцца:

– Трэба было б дабыць тэрмін водпуску: ён жа невялікі. І ехаць туды зусім здаровым... А ўрэшце, ты правы: там хутчэй зажываюць раны... Ну, вяртайся жывым і бадзёрым, і абавязкова да нас, у Мінск!

На скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Валадарскай Аляксей выпадкова спаткаўся з Клаваю:

– Еду да сваіх, на фронт! – прамовіў ён задаволена.

– А як жа рука?

– А што з ёю, з рукою, – зажыве... Што вы пажадаеце мне – на дарогу?

– Што?.. Шчасця, удачы. Там, на вайне, і – усюды... Заўсёды!

– Шчасця? Самае вялікае маё шчасце цяпер – дачка... Заходзьце, Клава, да яе, калі будзе час, каб яна не сумавала вельмі...

Ён падаў руку, рэзка і моцна паціснуў і адразу пайшоў сваёй дарогаю. Клава не ўтрывала, каб не азірнуцца. Яна пазірала так, нібы хацела запомніць яго надоўга.

Калі ён знік за рогам вуліцы, у яе сэрцы штосьці нібы абарвалася.

Аб сваім рашэнні ехаць раней тэрміну Аляксей сказаў Наталлі Міхайлаўне ўчора, але думкі пра ад'езд турбавалі яго ўжо некалькі дзён. Капітана цягнула на фронт. Туды клікалі яго ўспаміны пра Ніну, прага помсты за яе смерць. Там быў яго родны батальён, яго таварышы, з якімі ён прайшоў нялёгкі шлях ад Смаленшчыны да Мінска. Ён сумаваў па таварышах, непакоіўся пра іх. Ці камандуе батальёнам новы камандзір як належыць? Ці цэніць і беражэ ён афіцэраў і экіпажы?

Праўда, пакідаў Аляксей Мінск не з лёгкім сэрцам. Трэба было пабыць яшчэ з дачкою, абагрэць бацькоўскай пяшчотай яе. Трэба было б дапамагчы старой, якая гаравала па Ніне. Ды і рана Аляксея не зусім загаілася. Але думкі пра батальён, пра справу, якая там яго чакае, былі мацней за ўсё.

Аляксей хутка быў дома. Наталля Міхайлаўна неспадзявана падала два лісты.

– Толькі што прынеслі.

Яшчэ не чытаючы, па почарку і маленькаму прыгожаму канверту Аляксей даведаўся: ад Гогабярыдзе. Нарэшце! Сандро пісаў:

«Дарагі дружа! Як ты жывеш? Якімі былі гэтыя дні ў цябе? Калі ты радуешся, то мы таксама падзяляем тваё шчасце. А – калі гора?.. Будзь мужны. І ведай, што мы заўсёды з табою, падтрымаем цябе.

Мы цяпер далёка ад цябе, дружа. Твая Беларусь ужо за намі. Цяпер мы ідзем па літоўскіх дарогах. Хутка-хутка настане час, і нашы «трыццацьчацвёркі» ўварвуцца ў бярлогу таго шакала, які асмеліўся пайсці на нас з мячом. Мы ўжо блізка ад Прусіі.

Як толькі паправішся, прыязджай!

Твой да канца жыцця Сандро».

Другое пісьмо было ад Быстрова і Сонцава. Камандзір гарматы пісаў, што яны падышлі да вялікай ракі, якую ён не называў. Гэта быў, здагадваўся Аляксей, мусіць, Нёман. Чытаючы пісьмо, Аляксей уяўляў добрую кплівую ўсмешку сержанта, калі Быстроў пісаў пра свайго таварыша: «А Сонцаў, калі вас цікавіць,– спіць па-ранейшаму ў кожную вольную хвіліну; ужо, як я падлічыў, на паўгода ўперад наспаў». Сонцаў тут жа прасіў, каб Аляксей не верыў Быстрову: «Усё, што ён напісаў пра мяне, – брахня. Я не сплю амаль зусім, бо ўвесь час у паходзе. А машына ў поўным парадку. Так што будзьце спакойны і – прыязджайце, адным словам!»

«Прыеду. Хутка прыеду!» – узрушана падумаў Аляксей, кладучы лісты ў кішэню.

Наталля Міхайлаўна і Люда праводзілі яго. Ён хацеў узяць дачку на рукі, але яна зажадала ісці сама, падаўшы адну руку бабулі, а другую бацьку.

Усе ўтраіх спыніліся каля рэгуліровачнага паста, дзе пасярод вуліцы стаяла русявая загарэлая дзяўчына са сцяжкамі. Аляксей рашыў ехаць на папутнай машыне. У той час праз Мінск такіх машын праходзіла да фронта вельмі многа.

– Тат, – Люда падняла на Аляксея заклапочаныя вочкі.– А... фашысты, калі ты паедзеш, сюды не прыдуць?

– Не, дачушка. Не пусцім іх.

– Не пускай, бо яны вельмі паганыя. Такія брыдкія!

– Таварыш капітан! – крыкнула рэгуліроўшчыца. – Папутная!

Аляксей абняў Наталлю Міхайлаўну, на вачах у якой выступілі слёзы. Дачушка раптам скрывіла губкі. Напэўна, сваёй дзіцячай душою яна адчула сапраўднае значэнне падзеі, якая павінна забраць у яе на доўгі час бацьку.

Аляксей узяў Люду на рукі і хвіліну з любоўю пазіраў на яе такія знаёмыя, Нініны вочы.

– Ты хутчэй вяртайся... бо я буду сумаваць... – прамовіла яна, нібы патрабавала.

Гэтыя словы кранулі самую глыбіню сэрца Аляксея.

– Вярнуся, дачушка мая... Абавязкова вярнуся...

– Глядзі ж, вярніся! Мы будзем з бабуляю цябе чакаць.

Бацька пацалаваў яе ў Лобік, у шчочкі, асцярожна паставіў на зямлю.

Ускінуў за плячо рэчавы мяшок, а шынель на руку і адразу пабег да машыны. Ускочыўшы ў кузаў, дзе сядзелі ўжо некалькі вайсковых, Аляксей азірнуўся. Дачка махала яму сваёй маленькай, кволай ручкай – сур'ёзная, задумлівая.

Бацька, стоячы ў грузавіку, памахаў у адказ фуражкаю. Машына рэзка кранулася, падкідваючы кузаў на няроўным бруку. Па абодва бакі пабеглі каменныя і драўляныя дамы, тэлеграфныя слупы.

Праз дзве хвіліны ні дачкі, ні старой не было відаць.

Але ў душы яго жыла цеплыня, што прынесла ў гэтыя дні дачка. «Хутчэй вяртайся, тата... Мы будзем чакаць».

... Так, жыццё яго мае сэнс. Ён едзе на фронт, за якім яшчэ жывуць тыя, хто адабраў у яго шчасце.

notes

1

Начальніку артылерыі

2

Хто ты?! Стой!

3

Касіно – горад у Італіі, у раёне якога англа-амерыканцы ў 1944 годзе вялі баі з немцамі

4

Так


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю