Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 25 страниц)
Падышоў да акна, скінуўшы фуражку, прыціснуўся тонкім, з гарбінкаю носам да шыбы, зірнуў у сярэдзіну – там было пуста; у адным пакоі стаяў толькі знаёмы голы стол, з меднай жоўтай клямкаю на скрынцы, і валяліся шматкі газет, у другім – ложак з нікелевымі папярэчынамі, таксама голы. У кутку каля акна стаяў высокі шыракалісты фікус. Аляксей успомніў, што Ніна любіла, каб у яе пакоі былі фікусы.
Пабелка на сценах пацямнела ад даўнасці. Пакоі мелі нежылы выгляд, нібы іх даўно-даўно пакінулі. Яны здаліся чужымі, – такімі незнаёмымі былі запусценне і бязладдзе ў гэтых рупліва прыбраных калісьці пакоях. Толькі ў кухні на століку ляжаў нейкі клуначак, і па ім Аляксей здагадаўся, што нехта ўсё ж тут быў. «І замок, напэўна, нядаўна павешаны, бо інакш дасюль ён не вісеў бы». Яму не цярпелася хутчэй даведацца, хто тут быў, – Ніна ці маці. Куды яны пайшлі, што з імі?
Ён вышаў на вуліцу. Мяў рукамі фуражку, якую забыўся надзець. Куды б пайсці, каго спытацца?
На вуліцы наводдалек стаяла тры ваенныя грузавікі, каля аднаго з якіх былі салдаты, – выгружалі нейкія скрынкі. Ішоў у гэты бок пажылы кульгавы чалавек з рыдлёўкаю – невядомы. Аляксей, аглядзеўшыся навокал, рашыў пайсці да суседзяў: хто-хто, а яны могуць ведаць, куды пайшлі Ніна ці Наталля Міхайлаўна, або хоць дзе яны былі ў гэты час.
Ён перш за ўсё ўспомніў старога, які да вайны працаваў вагонным майстрам у чыгуначным дэпо. Майстар быў дабрадушным, гаваркім старым і любіў выпіць. Ён калісьці часта заходзіў да Аляксея, расказваў пра сваё дэпо, пра маленькія спрэчкі на працы, доўга гаманіў са старою.
Вокны ў хаце старога былі выбіты, дзверы выламаны. Каля дзвярэй ляжала распораная падушка, вакол якой на ступеньках і на ўсім двары бялела пер'е. На навалачцы віднеўся брудны след бота.
Аляксей пастаяў некалькі хвілін моўчкі і павярнуў да другіх колішніх знаёмых Карповічаў – жонка бухгалтара Карповіча калісьці сябравала з Наталляй Міхайлаўнай. У доме Карповічаў цяпер жыла нейкая невядомая сям'я. На двары Аляксей спаткаў маладую жанчыну, якая сядзела на ганку і штосьці з дакорам гаварыла бяляваму хлопчыку гадоў чатырох. Заўважыўшы Аляксея, яна ўзрушана ўзнялася, і ў блакітных яе вачах мільганулі цікаўнасць і надзея. Але калі Аляксей спытаўся пра Карповіча, яна адразу змянілася, стала абыякавай...
Карповіч, аказалася, з пачатку вайны ў арміі, а жонка яго недзе ў эвакуацыі, – пасля іх тут жыла сястра Карповіча, але яе з паўгода таму арыштавалі гестапаўцы. Новыя жыхары перабраліся сюды ўжо некалькі месяцаў.
– У мяне да вас просьба. Скажыце... Ці не ведаеце вы што-небудзь пра сям'ю Лагуновічаў? – запытаўся Аляксей.
– Лагуновічы? А ў якім яны доме жывуць?
Аляксей паказаў.
– Там?.. Хто ж гэта там жыве? А-а! – бачыла я там, каб не зманіць, некалькі разоў нейкую старую жанчыну...
– А пра маладую нічога не чулі? У той старой ёсць дачка? – Аляксей кінуў на яе нецярплівы пільны позірк.
– Не, не чула... І не бачыла там маладой, ні разу не бачыла. Дзіця там – ведаю – яшчэ жыве. Гадоў трох, – паведаміла раптам жанчына.
– Дзіця? – перапытаў узрушана Аляксей.– Даўно вы бачылі?
– Ды не, колькі дзён таму...
– Дзяўчынка ці хлопчык?
– Дзяўчынка.
«Дзяўчынка, тры гады», – праплыла ў грудзях Аляксея цёплая, радасная хваля. На строгім, пахудзелым ад бяссоння твары заяснела ўсмешка. «Бацька, мусіць», – падумала жанчына і, зірнуўшы на свайго малога, які сачыў за кожным рухам вайсковага чалавека з перавязанай рукой, уздыхнула.
Але трывога ўсё ж замуціла Аляксею светлую хвалю радасці. Чаму ж іх цяпер няма дома? Развітаўшыся з жанчынай, Аляксей затрымаўся і запытаў:
– Дык вы сёння ці ўчора не бачылі іх?
– Не бачыла... Тут такі жах быў, што, здаецца, свету белага не бачыла. Думала, што і выжыць не давядзецца. І цяпер страшна падумаць...
Апошнія словы жанчыны ўзмацнілі трывогу Аляксея: ці шчасліва Наталля Міхайлаўна з дзіцём перабылі гэтыя дні?
Ён вярнуўся дахаты, сеў на ганку, палажыўшы поруч рэчавы мяшок, выняў з партабака сігарэтку, бо згортваць папяросу было нязручна. Прыкурыў ад запальнічкі. З-пад цёмных ламаных брывей акінуў адрэзак вуліцы, які віднеўся адсюль, – ці не ідзе хто-небудзь з іх?..
Ён паспрабаваў разабрацца ва ўсім тым, што давялося пачуць. Ніна, мусіць, яшчэ ў партызанах, – яна не магла вярнуцца так хутка, – але дзе Наталля Міхайлаўна і дачка? Ці былі яны дома ўчора і пазаўчора? Можа, гэты замок вісіць на дзвярах ужо двое сутак?
Дзе яны? Чаму іх няма дома?
4...
Ён ускінуў за плячо рэчавы мяшок, падаўся на вуліцу, аглядзеў яе ў адзін бок, у другі. Аляксей больш не мог сядзець ды цярпліва чакаць. «Пагляджу, што робіцца вакол... Ды і час хутчэй пойдзе...»
За рогам вуліцы Аляксей убачыў мужчыну з нямецкім аўтаматам за плячом, які вугалем пісаў раскідзістымі літарамі на дзвярах будынка, наўкось, як рэзалюцыю: «Занята пад магазін».
«Глядзі ты, які порсткі!» – не так здзівіўся, як пахваліў у думках Аляксей.
– Эй ты, кааператар! – крыкнуў весела рослы, распаўнелы, з тоўстымі шчакамі, пехацінец, што праходзіў міма. – Што ж ты, душа з цябе, пішаш – «занята», тавару ж няма. Чым ты будзеш займаць яе, гэтую сваю «магазею»?
«Кааператар» азірнуўся – у яго быў малады, гладка паголены твар – і аптымістычна супакоіў салдата:
– Тавар будзе! Было б толькі месца для яго...
– Ну, што вы скажаце ім, таварыш капітан? «Будзе, будзе»! Калі гэта будзе, праз месяц? Ці два?..– загаварыў ён раптам да Аляксея.– Яшчэ нідзе нічога не працуе, а ўжо, душа з яго, не менш як паўгорада занята! То «пад магазін», то «для міліцыі», то «аддзел кадраў завода», то «сталовая», – усё распісана!..
Аляксей, прайшоўшы некалькі кварталаў, яшчэ заўважыў два ці тры такія надпісы.
Яму карцела вярнуцца дахаты. Але, калі ён увайшоў на двор, там па-ранейшаму нікога не было. Каб чым-небудзь заняцца, ён, знайшоўшы цагліну, прысеў на ганку і пачаў прыбіваць да слупкоў адной ступенькі адарваную дошку. Праз некаторы час, ён заўважыў, што з вуліцы да яго павярнула чарнявая, з даўгаватым тварам жанчына.
– Аляксей!– ускрыкнула раптам яна, падбегла, абняла капітана і тройчы пацалавала. – А я думаю, хто гэта тут сагнуўся ды майструе, што за гаспадар такі знайшоўся. Аж і праўда, гаспадар. – Твар яе быў капітану знаёмы – гэту жанчыну ён да вайны бачыў не раз, але цяпер не мог прыпомніць, ні хто яна такая, ні як яе прозвішча.
Аляксей усё ж вельмі ўзрадаваўся спатканню з ёю: як-ні-як, гэта знаёмы чалавек, першы знаёмы.
– Ну, які я гаспадар?.. Дзе Наталля Міхайлаўна, – вы не ведаеце?..
– Яны тут... Толькі што былі тут... Вы, значыцца, размінуліся! Яны ж начавалі ў мяне, мы разам хаваліся – разам і страх перабыць лягчэй... Вельмі ўсё баяліся, што гэтыя ірады пачнуць усіх забіваць... І дачушка твая жывая!
– Жывая?!– Аляксей, быццам не верыў, запытаўся ў другі раз. Твар яго заззяў радасцю. – Ну, значыцца, дачакаліся... Як жа яе... зваць?
– Люда... Такі дачакаліся! Вось жа будзе радасць... Мы з Наталляй больш за ўсё і непакоіліся за яе, за Людачку. Сядзім надоечы з Наталляй у вішанніку, каля ямы, чуем, як грымяць выбухі – Наталля паправіла хустачку на дачушцы тваёй, каб, значыцца, не стыгла, і кажа: «Божа, колькі пакуты дзіцяці, ніводнага дня спакойнага не ведае за сваё жыццё!»
– Так, – Аляксей насунуў бровы на вочы. – Паспытала гора больш, як трэба...
Капітан запытаўся, ці не ведае яна, што з Нінаю.
– Ніна ў партызанах. Яна ўжо даўно пайшла... І Валька мая – ты, пэўна, яе помніш – там таксама... – жанчына раптам азірнулася. – Чаго ж мы стаім тут? Хадзем да мяне, пасядзім.
Праз некалькі хвілін Аляксей быў у яе хаце, што стаяла недалёка ад таго месца, дзе жыла Наталля Міхайлаўна, але на другой вуліцы. Капітан цяпер успомніў прозвішча жанчыны – Залеская; гэта была маці Валі Залескай. Аляксей прыгадаў і Валю, яе дачку, худую чарнявую дзяўчынку, якая калісьці паўз яго вокны хадзіла з партфелікам у школу.
Старая Залеская пачала было рыхтаваць яму абед, аднак, Аляксей папрасіў яе:
– Не турбуйцеся, калі ласка. Я паабедаў, а вячэраць нешта і не хочацца.
Надыходзіў вечар. Сонца, вялікае, вогненна-барвовае, паволі хавалася за дах бліжняга будынка, падпаліўшы яго край. Здавалася, што дах вось-вось зоймецца агнём. Водсвет сонца лёг чырвонымі квадратамі на сцяну, абклееную старымі квяцістымі шпалерамі. Залеская сказала, што старая пайшла пашукаць каго-небудзь з таварышаў Ніны, дапытацца, калі яна прыдзе. Ведама, матчына сэрца неспакойнае.
– Я і сама хадзіла на Маскоўскую – думала, можа, хто-небудзь з партызан раскажа пра маю Вальку... Як пабачу партызана, падыду ды – адно: «Ці не ведаеце Валю Залескую!» – «Не, не ведаю». Ніхто не бачыў яе. А так хочацца дачуцца хутчэй, што з ёй...
Аляксей шчыра спачуваў Залескай. Можа, яго так хвалявалі словы Валінай маці таму, што і ён адчуваў тое ж самае, бо яму хацелася хутчэй даведацца, што з Нінаю. Цяпер ён быў амаль спакойны за Люду і Наталлю Міхайлаўну, з якімі не цярпелася хутчэй убачыцца, і толькі думка пра Ніну прымушала біцца сэрца трывожней.
А можа, Наталля Міхайлаўна ўжо вярнулася ў хату? Нават, калі яна яшчэ і не прышла, то яму лепш за ўсё чакаць яе там, – як толькі яна вернецца, Аляксей убачыцца з ёю. Акрамя таго, седзячы тут, ён увесь час будзе думаць, што яны, мусіць, ужо дома...
Аляксей падняўся. Залеская, здагадаўшыся аб яго намеры, сказала:
– Ды вы не хвалюйцеся. Яна не абміне мяне. Вось у мяне ключык ад таго замка: яна прасіла, каб я назірала за хатай. Каб сустрэла як належыць, калі раптам зойдзе хто з вас... Асабліва спадзявалася, што Ніна сёння вернецца. А можа, і, праўда, прыдзе. Ды каб удваіх з Валяю! Вось было б добра!..
Ён мімаволі прыслухоўваўся да крокаў, да галасоў, якія чуліся звонку. За хатай, па вуліцы, увесь час праходзілі, размаўлялі людзі, і галасы за акном то набліжаліся і мацнелі, то пачыналі сціхаць, зноў набліжаліся і зноў адыходзілі. Аляксей не пераставаў прыслухоўвацца.
Калі ён пачуў, што ў сенцах бразнула клямка, то адразу ўвесь насцеражыўся і стаў нецярпліва пазіраць на дзверы. У пакоі было яшчэ светла. Ён убачыў, як расчыніліся дзверы і ўвайшла жанчына з дзіцём на руках. Аляксей адразу пазнаў – яна, Наталля Міхайлаўна! У першую хвіліну, мімаволі ўзняўшыся насустрач увайшоўшай, ён востра адчуў, як яна сумна змянілася, незвычайна пастарэла...
Позірк яго вачэй прыкаваўся да маленькай маўклівай дзяўчынкі, якую яна паставіла на падлогу. Дзіця, ледзь толькі кранулася ножкамі падлогі, ступіла некалькі крокаў да Залескай, але раптам спынілася і стала цікаўнымі, шырока раскрытымі вачыма нязводна глядзець на незнаёмага вайскоўца. Люда. Гэта Люда!..
– Божа мой! Хто гэта? – прамовіла Наталля Міхайлаўна нейкім здушаным голасам; было відаць, што яна ўжо здагадалася, пазнала, хто гэта. Сутаргавым рухам рукі яна дакранулася да шыі, расслабіла вузялок збітай з галавы хусткі, як бы ён ціснуў горла. Узрушана, нібы не верачы сабе, паглядзела на Залескую, потым на Аляксея, на яго раненую руку.
– Ты? Аляксей!
Ён пайшоў насустрач ёй, парыўна абняў левай рукой, прыціснуў яе пабялелую галаву да сваіх грудзей. Нічога, нічога не сказаў. Дачка сачыла за імі ўважлівым неразумеючым позіркам, ціхая і крыху напалоханая.
– Колькі мы чакалі, Аляксей... – прамовіла горка старая, узняўшы галаву. У гэтых простых словах было столькі пачуцця, столькі гаркаты, што Аляксея, як агнём, апаліла.
– Добра, што ўсё гэта скончылася! – уздыхнула яна з палёгкай, кінула ўстрывожаны позірк на нерухомую Аляксееву руку, на марлевую касыначку.
– Што з рукою?!
– Так сабе – дробязь.
Наталля Міхайлаўна раптам схамянулася, узняла дзіця і з гонарам, з любоўю, як найдаражэйшы ў свеце падарунак, паднесла да яго.
– Вось дачушка твая... Люда.
Яна падала Аляксею дзяўчынку. Бацька нязграбна ўзяў дзяўчынку да сябе на руку і стаў прагна, з цікаўнасцю ўзірацца ў яе тварык. Усё гэта было для яго незвычайнае – і словы «вось твая дачушка», і сама яна, дачушка, бялявая, маўклівая, насцярожаная. Люда трывожна і даверліва чакала далейшага.
А ў яго на змену першай простай цікаўнасці прышло ўжо новае пачуццё – пяшчоты і нейкага бацькаўскага жалю да гэтага роднага, кволага стварэння. Аляксей бачыў у ёй самага блізкага чалавека і ўсё ласкавей і гарачэй прыціскаў да сваіх грудзей.
Ён узняў Люду да твару і пацалаваў шчочкі. Яна паморшчылася, паварухнулася, даючы знак, што ёй хочацца на волю, і сказала:
– Колецца...
– Патрывай, дачушка, – засмяяўся капітан і пацалаваў у другі раз.
Грудзі яго поўніліся любоўю да гэтай незнаёмай істоты, якую ён упершыню ўбачыў, але якую любіў даўно. Колькі дзён ён марыў пра гэтую хвіліну!
Вось і спаткаліся!
ЧАСТКА СЁМАЯ
Раздзел І
1...
Выявілася, што дабрацца да Мінска – задача нялёгкая. Кіламетраў праз сем ад брыгады іх грузавік, – гэта была папутная машына з дывізіі Шчарбацюка – абстралялі з мінамётаў. Каб абмінуць небяспечнае месца, прышлося звярнуць з дарогі і прабірацца не малы час полем, па пратаптанай нядаўна грузавіком сцежцы, праз разоры і ямы.
Выбраўшыся зноў на торны шлях, яны пад'ехалі да рэгуліровачнага паста. Дзяўчына ў вайсковым адзенні, якая стаяла сярод дарогі з карабінам за плячыма, узняўшы руку, загадала спыніцца.
Шафёр, рэзка націснуўшы на педаль, затармазіў. ён зірнуў на грузавікі, якія ўжо тоўпіліся нерухома тут, і незадаволена кіўнуў галавою. Туравец, што сядзеў поруч, не зразумеў, чаго іх затрымліваюць, – напэўна, будуць дакументы правяраць. Ён убачыў, як да машыны, ляніва перавальваючыся з боку на бок, ішоў ефрэйтар.
– Эй, начальнік, ты чаму гэта семафор закрыў? – запытаўся шафёр у байца, выскачыўшы з кабінкі і вымаючы з кішэні штаноў капшук.
– Таму, што трэба! Часовая затрымка! Наперадзе перарэзана дарога.
– Дарога перарэзана...– шафёр спакойна насыпаў махоркі на цыгарку. – Эх ты, семафоршчык!
Значыцца, гэтыя грузавікі чакаюць, калі будзе вольны шлях. Туравец падышоў да ефрэйтара:
– Ну, а можа, ёсць які другі, вольны шлях... Ну, скажам – у аб'езд?..
– Няма.
– Эх, каліна-маліна!.. А калі ж яна, гэта дарога, будзе свабодна?– пацікавіўся Шашура, які, вядома, не мог не ўмяшацца ў такую падзею. Цікаўны і здагадлівы падрыўнік яшчэ адразу, як толькі спынілі машыну, адчуў, што тут здарылася нядобрае.
– Калі адгоняць фрыцаў.
– А хутка іх адгоняць? – не адставаў Шашура.
– Пабачым...
Рэгуліроўшчык не стаў тлумачыць, абыякава адышоў убок, паказваючы сваім выглядам, што такое пытанне чуе не ўпершыню і што яму ўжо гэта надакучыла.
– Эй, браты-мсціўцы, прышоў загад – загараць!– крыкнуў Шашура таварышам, якія яшчэ сядзелі ў кузаве.– Можна прызямляцца!..
Ён расшпіліў пояс і лёг у прыдарожную канаву, у якой расла высокая, прыпыленая, сакавіта-зялёная трава; цяпер яго амаль не было відаць у траве. Туравец прысеў на жытнім узмежку, спусціўшы ногі ў баразну. Жыта ўсюды пры дарозе было змятае, збэрсанае. Поблізу прайшла, відаць, танкетка, – на зямлі віднеліся частыя вузкія раўкі ад гусеніц, у якіх ляжала ўціснутае калоссе і сцяблы. Сагнутыя ў прамежку між гусеніцамі сцябліны ўпарта напружваліся, імкнучыся выпрастацца. Каласы цягнуліся ўгару, да блакітнага неба.
Жыта даспявала. Яно жаўцела мноствам тонкіх сцяблоў, між якіх дзе-ні-дзе зелянелі павітуха і гарошак. Зямля была белай, прыбітай і абмытай дажджамі, высушанай сонцам.
Ад лёгкіх павеваў цёплага ветру жыта ледзь прыкметна шархацела. Шорхат гэты быў ясны, сухі, не такі зусім, як раней, калі жыта стаяла зеленаватае, – у ім цяпер адчувалася спёка і зморанасць...
Пад гэты знаёмы шорхат, вечны і спакойны, слухаць які было асалодай, Туравец нейкі час зноў думаў пра першыя справы ў вызваленым Мінску... Але думаць сёння пра гэта не хацелася. Чаго думаць? Цяпер ужо трэба пачынаць працу, усё даўно абдумана, а ён вымушан сядзець. Сядзець, – калі Мінск ужо зноў наш, калі ён, нарэшце, зноў вольны! Эх, бяда.
Што там цяпер робіцца ў Мінску? Толькі ён уявіў, як кіпяць па-святочнаму мінскія вуліцы, як ідуць па Савецкай войскі, уявіў тое, аб чым столькі марыў і якое мог бы ўжо сёння ўбачыць,– сэрца яго зашчымела ад крыўды. Тураўцу, калі ён раней думаў пра свой зварот, чамусьці заўсёды здавалася, што ён будзе ў гэты дзень у Мінску. А ён, нібы знарок, не ў горадзе, тырчыць тут, на нуднай, санлівай дарозе... Ён аж сціснуў зубы. І трэба ж, каб гэтак не пашанцавала.
Час цягнуўся марудна. Паліла моцна сонца. Туравец расшпіліў каўнер гімнасцёркі і лёг на спіну, накрыўшы твар, каб сонца не біла ў вочы, фуражкай. Спераду, куды бегла дарога, была чуваць нядружная страляніна.
Непадалёк у кювеце ляжаў Шашура. Каб не марнаваць час, ён скінуў пінжак і сарочку і падставіў палючаму сонцу сваю шырокую спіну. Лежачы поруч з шафёрам, ён апавядаў нейкую гісторыю з баявога ляснога жыцця. Шашура пры гэтым вельмі многа выдумляў, – але гаварыў ён так складна, што Туравец, які звычайна не любіў хлусні, падумаў з адабрэннем: «Як выдумляе, нягоднік!»
Туравец праляжаў з гадзіну. Потым не ўтрываў, зноў падышоў да рэгуліроўшчыка, што сядзеў на ўзбочыне, па другі бок дарогі, і нешта абыякава вырэзваў складаным ножыкам на дручку.
– Ну, што, таварыш ефрэйтар, новага? Няўжо ніякіх змен?.. Не ачысцілі яшчэ дарогу?
– Пакуль усё па-ранейшаму...
– Эх, якая чартаўшчына! Колькі ж яшчэ тут валяцца!.. Да ночы, ці што?.. – Туравец перайшоў на сяброўскі тон; – а можа, у аб'езд усё-ткі можна прабіцца? А?
– У аб'езд – рызыкоўна...
– А ўсё-ткі можна?
Рэгуліроўшчык з павагай зірнуў на гэтага рухавага нецярплівага чалавека. Хоць Туравец гаварыў лагодна, па яго паводзінах, па голасу, у якім гучалі ўладныя ноткі, адчувалася, што гэты чалавек прывык кіраваць людзьмі.
– Паспрабуйце. Гадзіны дзве таму праскочыла адна група... Як ім удалося, – не ведаю: немцы там, хоць і не пры самай дарозе, ды вельмі прыстраляліся. Адным словам, гэта рызыка, зараней кажу...
– Рызыка, але, значыць, усё-ткі ж можна? Адна група прабілася, кажаш? А чаму ж другая не можа? Чаму ж ёй хоць бы не паспрабаваць, а?
2...
Шафёр згадзіўся ехаць. Ён таксама спяшаўся дабрацца да Мінска, каб далучыцца да іншых машын дывізіі. Хлопец падружыўся з партызанамі, асабліва з жартаўлівым вясёлым Шашурам, які цішком ад Тураўца пачаставаў яго «партызанскім зверабоем». Гэты «зверабой» аказаўся звычайным самагонам, але дружба Шашуры з шафёрам была замацавана. Да Тураўца, якога яшчэ ўсе звалі па прывычцы то камісарам, то падпалкоўнікам, які ведаў добра генерала Шчарбацюка, шафёр адносіўся нібы да свайго камандзіра.
Туравец распытаўся дакладна пра дарогу, пра небяспечнае месца. Сядаючы ў машыну, ён загадаў усім быць напагатове.
Свой аўтамат ён палажыў на калені. Грузавік крануўся і павольна пабег па дарозе. Туравец спакойна прыслухоўваўся да гукаў, пазіраў вострымі чорнымі вачыма на дарогу, на поле.
Раптам грымнулі два блізкія выбухі. Снарады ці міны разарваліся на палосцы бульбянішча, за хмызняком, які бег поруч з дарогай, – там падняліся дзве хмаркі дыму. Мінула секунда – і снарад выбухнуў ужо на дарозе, зіхнуўшы агнём, што ўскінуўся зусім блізка наперадзе грузавіка. Машына, як бы наскочыўшы неспадзеўкі на сцяну, адразу стала. Людзі спрытна пасыпаліся з кузава на дарогу, на якой пачалі азірацца, чакаючы, што будзе далей. Туравец і шафёр выскачылі з кабінкі.
Камісар загадаў залегчы ўсім пры дарозе і падрыхтавацца да бою. У партызан, якія ехалі з ім, яшчэ была зброя.
Стралялі аднекуль зводдалек і, як цяпер было ўжо відаць, – мінамі. Яны са скрогатам лажыліся наперадзе, пры самай дарозе; адна міна ўпала метраў праз восем у кювет, – асколкі з фырканнем разляталіся ва ўсе бакі. Страляніну вялі, напэўна, з ляска, што віднеўся справа, кіламетры за два адсюль.
– Дарогі, здаецца, яму не відаць за кустамі. Пабачыў, мабыць, пыл ад машыны, – пачуў Туравец поруч з сабою разважлівы голас Шашуры. – Яна такую хмару тут падымае, што не толькі ў Мінску, а і ў Лепелі відаць. Сухмень які!
– Адным словам, павяртай аглоблі, – адгукнуўся скупы на словы шафёр, акідваючы вачыма поле пры дарозе, мусіць, глядзеў, дзе тут зручней развярнуцца.
«Няўжо і праўда, прыдаецца вярнуцца? – думаў Туравец. – Эх, шкада, тут сілы ў нас мала – не могуць вытурыць фрыцаў з ляска. Калі б сюды маю брыгаду ці хоць адзін атрад!»
А немцы, відаць, перарэзалі дарогу толькі тут, – далей шлях, напэўна, вольны. Такая бяда – аб'ехаць гэтае месца на машыне нельга, бо злева забалочаны лужок падыходзіць да самай дарогі... Шкада, машыну прыдзецца вярнуць...
– Будзем прабівацца пеша, – сказаў рашуча камісар.– Ён зірнуў на шафёра. – А табе, крыўдуй, не крыўдуй, прыдзецца, браток, паехаць назад...
– А можа, таварыш камісар, паспрабаваць яшчэ раз...– нечакана запярэчыў шафёр. – Няўжо так і нельга прарвацца? Быць не можа!
– Прарвёмся, таварыш камісар,– горача падтрымаў шафёра Шашура. – Вы толькі разведайце дарогу, а мы тады, каліна-маліна, – ірванем! Праскочым, клянуся! Дазвольце толькі мне, таварыш камісар, – з шафёрам, а?
Шашура быў хуткі ў рашэннях, як заўсёды, калі ішоў насустрач небяспецы.
– Добра, заставайся, Шашура... Усе іншыя – за мной! – падняўшыся, скамандаваў Туравец.
Яны прайшлі ў баку ад дарогі з кіламетр, калі ад сустрэчных байцоў даведаліся, што далей дарога вольная. Туравец пачаў размахваць рукою, даючы знак, што можна ехаць.
Шафёр ускочыў у машыну, націснуў нагой на старцёр:
– Ну, трымайся, Шашура!..
Немцы на гэты час спынілі абстрэл. Але як толькі машына ўзняла пыл, міны зноў пачалі выбухваць на дарозе. Аднак шафёр не зважаў ні на што, ведучы і ведучы машыну праз гэты грымотны заслон... Прыгнуўшыся да руля, ён упіўся вачыма ў дарогу, якая развіналася, ляцела насустрач,– узіраўся, ці няма варонкі, каб уберагчыся ад аварыі.
Вось і свае! Машына прабегла яшчэ метраў сто, віскнула тармазамі і стала, тады на яе паплыла, асядаючы, хмара пылу. Партызаны ўслед за Тураўцом адразу пабеглі да грузавіка і сталі забірацца ў кузаў.
Праехаўшы яшчэ кіламетраў сем, Туравец убачыў у бярозавых прысадах некалькі грузавікоў, каля якіх сядзелі байцы.
Наперадзе, вельмі блізка, за ўзгоркам, на якім цягнуліся палосы жыта, гухала і лескатала бойка. Шафёр спыніў машыну.
– Што, на Мінск? – запытаў Тураўца, які падышоў, каб даведацца пра абстаноўку, адзін з байцоў, што сядзелі пры машынах. – Эге, яшчэ адзін таварыш па няшчасці! Прыбывае нашых! Няможна на Мінск: дарога тут закрытая... Чуеце, як немцы чапляюцца за яе?
Ён кіўнуў у той бок, дзе чулася страляніна.
– Не шанцуе нам, сёння, Шашура, – сказаў Туравец, нявесела ўсміхаючыся падрыўніку.
Баец, пазіраючы на ўзброеных цывільных людзей, якія ішлі ад машын, запэўніў:
– Хутка ачысцяць... Да вечара будзе вольна...
3...
– Ты Аляксей, так? – запыталася нечакана Люда.
– Аляксей...
Яна ўвесь гэты час спярша крыху насцярожана, а потым з цікаўнасцю пазірала сінімі вочкамі на свайго не бачанага ніколі бацьку. Найбольш прыцягвала яе ўвагу белая марлевая касынка, на якой вісела перавязаная рука, ды бліскучыя зорачкі на палявых пагонах. Да гэтых зорак ёй вельмі хацелася дакрануцца рукой, але яна стрымлівалася.
– Не Аляксей, а бацька, Людачка,– паправіла бабуля. – Гэта яна чула, што я цябе называла Аляксеем... Татка твой, унучка.
– Татка... – прамовіла Люда ўслед.
Аляксей узяў яе на свае рукі, пяшчотна прыціснуў і асцярожна, каб не дакрануцца калючай шчакой, пацалаваў.
– Ух ты, маленькая мая, дачушка ты мая!
Заглядзеўся, якія светлячкі вясёлыя ў вачах дачушкі пабліскваюць, пераліваюцца. У гэты час яна засмяялася, моршчачы кірпаты носік, і ў яе ўсмешцы Аляксей улавіў характэрную рысу Ніны. У той таксама – казала Наталля Міхайлаўна – у малой моршчыўся носік, калі яна смяялася.
– Дачушка... – вымавіла Люда і засмяялася зноў.
Але хутка ўсмешка знянацку сышла з яе твару,
маршчынкі на пераноссі разгладзіліся, і яна, нецярпліва варухнуўшы рукамі і ножкамі, заявіла рашуча:
– Хачу да бабулі.
Люда зноў сядзела на каленях у бабулі, прыціскаючыся шчочкаю да старой або тручыся аб яе руку, як кацяня, і амаль нязводна сачыла за Аляксеем. Ён заўважыў, што ў гэтым позірку не было ні любові, ні пяшчотнасці, адно дзіцячая цікаўнасць і час-ад-часу насцярожанасць. Не такімі вачыма яна глядзела на Наталлю Міхайлаўну.
– Дзічыцца... Не прывыкла да цябе... І да таго ж яшчэ напалоханая. Чаго тут ёй толькі ні прышлося пабачыць апошнімі днямі! А так яна вясёленькая і гаваркая таксама. У Ніну, напэўна, удалася.
Старая прытуліла да сябе бялявую Людчыну галоўку.
Аляксей, паклаўшы партабак на стол, узяў з яго папяросу, потым пстрыкнуў запальнічкай, але не закурыў, – нельга, дым папяросы зашкодзіць Людзе.
Ён вышаў на ганак. У твар павеяла мяккай ласкавай цеплынёй пагоднай летняй ночы. Акінуўшы позіркам знаёмыя, паўзабытыя абрысы дамоў, дрэваў на вуліцы, зірнуўшы цяпер на слупы веснічак, каля якіх ён упершыню абняў Ніну, Аляксей падумаў радасна і нібы недаверліва:
«Няўжо я дома? У Мінску?» Ён прыгадаў сваіх таварышаў і здзівіўся, што яны сёння ідуць недзе без яго...
4...
Аляксей прачнуўся і па сваёй звычцы намерыўся адразу ўскочыць, але ўспомніў, што сёння спяшацца няма куды. Можна крыху паляжаць. Сонца было яшчэ невысока, аднак Наталля Міхайлаўна ўжо гаспадарыла ў кухні, адкуль чуўся трэск палаючых дроў. Аляксей не ведаў, калі яна легла і калі ўстала,– можа, яна і наогул не лажылася.
Аляксей бачыў, як Наталля Міхайлаўна, вышаўшы з кухні ў суседні пакойчык, дзе была некалі спальня, стала цішком пераглядаць Нініна плацце, якое дастала са сховішча з-пад падлогі. Гэтае светла-зялёнае плацце, на якім, нібы вясною ў садзе, весела цвілі бялюткія кветачкі і якое асабліва любіла Ніна, яна зберагла праз усю вайну, быццам самы дарагі скарб, марачы аб тым дні, калі Ніна зможа надзець яго зноў.
Маці пяшчотна разгладзіла тканіну маршчыністаю рукою, уздыхнула і павесіла плацце ў шафу.
Раптам Наталля Міхайлаўна ўбачыла, што паўз акно прайшла Залеская. Старая вярнулася на кухню, каб спаткаць яе. Ступіўшы ў хату, Залеская прывіталася з сяброўкаю і павяла, як бы кагосьці шукаючы, нецярплівым позіркам у расчыненыя дзверы пакоя, дзе цяпер спалі Аляксей і Люда.
– Ніны вашай яшчэ няма?..
Даведаўшыся, што Ніна не вярнулася, Залеская паспакайнела.
– І Валькі маёй таксама няма! Відаць, пакуль не адпускаюць. У іх цяпер там начальства, – як скажуць ім, так яны і робяць. Хоць і партызаны, а парадкі ўсё-ткі – ваенныя...
– Няхай бы жанчын ужо не затрымлівалі! Мужчыны – тыя яшчэ могуць застацца, а нашто жанчын трымаць?.. Асабліва тых, у каторых дзеці дома... Ды і дзяўчат таксама! – паправілася Наталля Міхайлаўна, падумаўшы пра Валю.
– Ох, мая Валька, напэўна, засумавала па мне! Яна ж яшчэ дзіця, не раўняць з тваёй...
Пагаманіўшы некалькі хвілін пра тое, пра сее, перш як развітацца, папрасіла:
– Калі, Наталля, прыдзе ваша, перадайце мне адразу...
– Добра. Перадам...
Наталля Міхайлаўна вышла разам з ёю на двор. Аляксей, адразу ўстаўшы, падцягнуў да ложка боты, каб абуцца, але аказалася, што анучы некуды зніклі,– ён надзеў боты на голыя ногі і падаўся ў кухню.
– Што ж ты так рана ўстаў?– запыталася, вярнуўшыся, Наталля Міхайлаўна. – Мусіць, я цябе разбудзіла?..
– Не, я ўжо выспаўся...
– А я табе вось анучкі памыла і высушыла. На, вазьмі, – яна зняла з вяровачкі пабялелыя, чыстыя анучы. – Я табе яшчэ сякую-такую бялізну сабрала,– на акне там ляжыць. Ты пераадзенься, а я тым часам тваю памыю.
Аляксей убачыў на акне старую, але чыстую бялізну. Ён успомніў, што Наталля Міхайлаўна, колькі ён ведаў, толькі тым і жыла, што клапацілася пра ўсіх, перш за ўсё пра Ніну і яго. Без гэтых клопатаў нельга было ўявіць яе жыцця.
Неўзабаве яна прынесла снеданне і запрасіла Аляксея за стол.
– От толькі Ніны не хапае... – прамовіла яна, пазіраючы на Аляксея.
Аляксей таксама чакаў Ніну. Ён, праўда, думаў, што Ніна, можа, і не прыдае сёння, на другі дзень пасля вызвалення горада: яна чалавек амаль ваенны, і яе могуць затрымаць у атрадзе.
Калі паснедалі, Аляксей заўважыў, што старая пакінула частку снедання ў печы, прыгарнуўшы каструльку жарай.
Наталля Міхайлаўна раз-по-раз пазірала ў акно, з якога быў відаць адрэзак вуліцы, яе позірк быццам магнітам прыцягвала да шыб. Калі на дашчаным тратуары пад акном чуўся стук крокаў, яна насцярожвалася.
Дзяўчынка рэзка павярнулася і скінула з сябе коўдру, палажыўшы на яе маленькую ножку. Аляксей яшчэ раней заўважыў, што спіць яна вельмі неспакойна. Ён схіліўся над яе ложкам і паправіў коўдру, баючыся якім-небудзь неасцярожным рухам разбудзіць.
Дачушка спала на баку, выставіўшы наперад круглы падбародачак і кірпаты носік; твар яе з паўадкрытымі пухлымі губкамі быў бесклапотна-спакойны. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі яе нездарова блеклыя, быццам яны не ведалі сонца ці паветра; рука, што ляжала каля шчакі, была худзенькай, локцік завостраны, пальчыкі тонкія.
«Трэба падправіць дзяўчынку», – падумаў ён з пяшчотаю і з жалем.
Люда ў гэты час пачала прачынацца. Павярнуўшыся, яна паспрабавала адкрыць вочы, але ад яркага святла адразу прышлося заплюшчыцца. Відаць, яна ўсё ж заўважыла каля сябе Аляксея, бо даверліва, шчасліва ўсміхнулася; цёмныя доўгія вейкі ледзь прыкметна затрапяталі.
Бацька мякка дакрануўся да яе бялявых валасоў рукою, бязмерна ўсцешаны яе ўсмешкаю. А Люда павярнулася на другі бок, потым на спіну, адкінула рашуча нагою коўдру і, нарэшце, прачнулася. Яна пацерла кулачком павекі і стала пазіраць на Аляксея, але цяпер ужо незадаволена, хмурачы ледзь прыкметныя залацістыя броўкі. Яна паклікала ўстрывожана:
– Баб...
Наталля Міхайлаўна была яшчэ на двары. Аляксей нахіліўся да дачкі.
– Што табе, Люда?
– Баб! – паклікала дачка мацней, і тут бацька заўважыў, што яна пазірала на яго цяпер са спалохам, як на незнаёмага чалавека. «Забыла», – здагадаўся Аляксей.
– Што з табою, унучка?!– убегла ў пакой Наталля Міхайлаўна.
Ледзь толькі яна, схіліўшыся над ложкам, пяшчотна прыгарнула малую да сябе, Люда адразу супакоілася.
– Нічога, – адказала яна і строгімі няласкавымі вачыма зірнула скоса на бацьку.
– Не прывыкла яшчэ...
Старая сказала Аляксею такім голасам, нібы прасіла ў яго прабачэння.
А Аляксей і не думаў крыўдзіцца: як жа інакш яна павінна адносіцца да невядомага чалавека? А ён пакуль для яе невядомы...
5...
Неўзабаве пасля гэтага Аляксей вышаў з хаты,– хацелася паглядзець, якім стаў цяпер цэнтр Мінска. Учора ў баі яму быць у цэнтры не давялося.
Аляксею адразу кінулася ў вочы, што каля дамоў тут і там працавалі старанныя асцярожныя сапёры: выносілі з дамоў, з сутарэнняў бомбы, міны, скрынкі з толам.
Перад Домам Урада, што быў агароджаны калючым дротам, ляжаў цэлы штабель толу і гара бомб, выцягнутых з будынка. Каля іх Аляксей сустрэў групку ўзрушаных мінчан, – адзін з іх сказаў, што вынеслі ўжо сто восемдзесят бомб і шэсцьсот пяцьдзесят кілаграмаў толу.
Тут жа капітан пачуў, што ў горадзе ўзарвалася за гэтыя суткі некалькі дамоў, замініраваных мінамі замаруджанага дзеяння. У немалых дамах – гаварылі – баяцца людзі сяліцца.








