412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 22)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 25 страниц)

Келер адказаў раптам страшнае:

– Была яна і да фюрэра... – «Будзе і потым», як бы пачуў Клямт у далейшым маўчанні Келера.

«Вось дзе бяда!» – падумаў ён, гатовы накінуцца на Келера. Але ён не накінуўся, а, затаіўшы злосць, рашыў данесці. Сказаць, абавязкова сказаць маёру! Заўтра ж, як толькі выпадзе зручны выпадак, далажыць, – няхай гэты малавер, гэты здраднік, адкажа за ўсё! Заразу трэба вырываць з коранем.

Але выканаць гэта Клямту не ўдалося...

На другі дзень, ледзь толькі развіднелася, на роту, у якой быў Клямт з узводам і якая акурат ішла займаць новы рубеж абароны, наляцелі савецкія кавалерысты. Немцы, бязладна страляючы, бачачы, як хутка імчыць на іх, разрастаючыся, шырэючы, хваля коннікаў, пачалі разбягацца. Дарэмна Клямт спрабаваў камандаваць, яго ніхто не слухаў. Седзячы ў жыце, у якое ён управіўся ўбегчы і зашыцца, Клямт пасля бачыў, як некалькі кавалерыстаў, не злазячы з коней, вялі натоўп палонных. Яму ж удалося выратавацца.


4...

З гэтага дня ён пачаў прабівацца адзін. Клямту не вельмі хацелася ісці разам з кім-небудзь. У любы час – баяўся ён – спадарожнікі маглі яму здрадзіць.

Ён ішоў без дарог, проста цераз палі, па ўзлессях, цераз лугі, стараючыся, каб яго не прыкмецілі. Абыходзіў стараной вёскі, насцярожана аглядаючыся.

Ісці было цяжка. Даводзілася ўсяго аберагацца, быць гатовым да ўсяго. Ён не мог нідзе адчуваць сябе ў спакоі. Лясы здаваліся загадкавымі, чужымі, у іх прытоенай маўклівасці быццам хавалася штосьці пагрознае. За лясамі цягнуліся палі – таксама чужыя і варожыя. Але больш за ўсё Клямта непакоіў выгляд вёсак – асабліва небяспечных, ненавідзячых...

Ён пакутаваў ад тупога неадступнага болю ў жываце, бо амаль за двое сутак лейтэнант не з'еў і маленькага кавалачка хлеба. Прыходзілася спажываць толькі ягады, якія ён шукаў на ўзлесках і палянах, ды няспелыя зерні, адным словам, жыць «на падножным корме».

Надвячоркам ён пераплыў Бярэзіну і, пасядзеўшы гадзіны тры на беразе, пайшоў далей.

Ад цягучага адчування голаду, ад болю ў жываце, ён звярэў, напаўняўся шалёнай злосцю. Ён ад гэтага часам амаль забываўся пра тое, што трэба асцерагацца, і з дручком выбіраўся да дарогі. Прысеўшы дзе-небудзь у скрытным месцы, прагным позіркам сачыў за дарогаю, чакаў падарожных, спадзеючыся пажывіцца. Ён цяпер і сваім выглядам нагадваў разбойніка: твар яго аброс рудаватаю шчацінаю, вопратка і рукі былі брудныя. На адзенні віднеліся плямы закарэлай гліны, тарфяной гразі і рознага іншага бруду,– знакі бадзяжнага туляння.

На поплаве каля рэчкі ён убачыў хлопчыка, што пасвіў карову. «У яго ёсць, напэўна, хлеб». Клямт, хаваючыся за кустамі, непрыкметна падкраўся. Ён ужо намерыўся быў схапіць хлапчука за плячо, калі той, убачыўшы яго, спалохана ўскочыў і хацеў кінуцца наўцёк. У адзін скачок лейтэнант дагнаў яго і, ірвануўшы за плячо, кінуў на зямлю. Тады, абхапіўшы закарэлымі рукамі тонкую мяккую цёплую шыю, пачаў душыць, адчуваючы ціхую асалоду. Ён збоку быў падобны на драпежнага звера, які распраўляецца са слабай ахвярай. Сапраўды, гэта быў ужо не чалавек, а звер.

Калі хлапчук перастаў выпінацца і сціх, звер разняў цвёрдыя пальцы з доўгімі пазногцямі і пачаў прагна абшукваць кішэні. У іх не было ні крыхоткі!

Ён, стоячы на каленях, выпрастаўся і адчуў, як кружыцца галава. Азірнуўся, спадзеючыся ўбачыць поблізу торбу з харчамі, але ніякай торбы не было відаць.

Нечакана ён заўважыў, што да поплаву ідзе жанчына. У мутных вачах звера бліснула занепакоенасць,– ён адразу ўскочыў і адбег у кусты. Жанчына падышла да хлапчука і, убачыўшы мёртвага, закрычала:

– Сыночак! Сыночак!

Яна пачала будзіць яго, варушыць, не верачы сваім вачам, прыпала да яго, цалуючы і плачучы. Потым Клямт пачуў роспачнае галошанне:

– Зверы, нелюдзі! За што яны цябе, сыночак?! Сонейка ты маё яснае, зорачка ты мая адзінокая!..

На гэты лямант падышло яшчэ трое жанчын і адзін мужчына. Яны аб нечым пачалі раіцца, паказваючы ў той бок, дзе схаваўся Клямт. Потым адна жанчына пабегла некуды, напэўна, у вёску, можа, склікаць людзей. Мужчына і дзве іншыя жанчыны сталі абшукваць кусты.

Клямт адчуў, што справа становіцца небяспечнай, і, выскачыўшы з кустоў, пабег да лесу, але яго заўважылі і сталі крычаць услед пагрозы. Азіраючыся, Клямт бачыў, што мужчына, размахваючы дручком, кінуўся наўздагон за ім. Аднак, калі лейтэнант дабег да лесу, мужчына спыніўся. Ён, відаць, думаў, што Клямт не адзін.

Лейтэнант, не марнуючы часу, стараўся як мага хутчэй адыйсці ад гэтага месца.

Яму ўдалося выратавацца. Але становішча з цягам часу ўсё пагаршалася, – ён быў так знясілены ад голаду і стомы, што амаль страціў здольнасць ратавацца і баяцца. Ім апаноўвала абыякавасць да ўсяго.

Адзін раз, разумеючы, што няма іншага выхаду, як пайсці ў палон, ён наблізіўся да вёскі, намерваючыся аддацца на волю пераможцы, але яму насустрач папаліся жанчыны. Клямт у гэтыя дні больш за ўсё баяўся жанчын. Лейтэнанту здавалася, што ад іх яму няма чаго іншага чакаць, акрамя смерці.

На трэці дзень уранні ён натрапіў на поле бою. У бульбяніку, перакапаным выбухамі мін, між пасечанага і дзе-ні-дзе патаптанага бацвіння, валяліся трупы немцаў. Яго гэта спачатку прымусіла ўстрывожыцца, але трывогу адразу заглушыла радасць.

Можна пажывіцца! І праўда, аблазіўшы трупы, абшукаўшы кішэні, ён знайшоў некалькі яшчэ не чэрствых кавалкаў хлеба і дзве банкі кансерваў. Зняў па прывычцы з аднаго ефрэйтара залаты пярсцёнак. Калі ён трымаў у руцэ гэтую бліскучую рэч, у яго галаве праплыла цьмяная думка, што золата цяпер ужо не мае ніякай каштоўнасці. Якая карысць з яго?

Гэта напомніла аб багацці, да якога ён увесь час імкнуўся. Багацце?! Мары разбагацець у Расіі! Усё руйнуецца, ідзе к д'яблу!.. Ён, вылаяўшыся, размахнуўся, каб кінуць са злосцю пярсцёнак, але стрымаўся,– хоць і без якой-небудзь радасці паклаў яго ў кішэню.

Падсілкаваўшыся, ён стаў мацнейшым і пайшоў прутчэй.

Праз некалькі кіламетраў ён убачыў каля дарогі падрыхтаваныя да бою нямецкія кулямёты і гарматы з абслугай, а далей на ўзлеску – пад галлём – грузавікі, каля якіх хадзіла многа нямецкіх салдат. Спрактыкаваным вокам ён адзначыў, што тут сапраўдная дысцыплінаваная часць. Афіцэр даваў загад некалькім салдатам, і тыя стаялі, як свечкі, іншыя з кацялкамі спяшаліся да кухні...

«Фронт?! Няўжо я вышаў з акружэння?» – падумаў узрадавана Клямт і заспяшаўся да салдат, крычучы, каб яны не стралялі. Прышлося хутка расчаравацца: першы ж вартавы, затрымаўшы яго, сказаў, што гэта яшчэ не лінія фронта.

І ўсё ж выгляд такога войска падбадзёрыў яго. Ён даведаўся, што перад ім салдаты некалі грознай 78-й штурмавой дывізіі. Клямт многа чуў пра камандзіра дывізіі Траута, які лічыўся адным з самых баявых нямецкіх генералаў. Лейтэнант ажыў, – цяпер ён, напэўна, праб'ецца-такі да сваіх.


3...

4 ліпеня рэшткі цэлага рада гітлераўскіх дывізій – 78 штурмавой, 25 механізаванай, 260 пяхотнай, а таксама штаб 27 армейскага корпуса, сабраліся ў адным месцы, у двух дзесятках кіламетраў ад Мінска. У гэтай групе апынуўся і генерал Баумволь.

Часці гэтыя былі моцна пабіты ў нядаўніх баях. Нават у 78 штурмавой дывізіі засталося цяпер толькі каля чатырох тысяч чалавек разам з прыданым ёй разбітым палком з іншай часці. Ва ўсёй дывізіі мелася крыху больш за сто машын і чатыры гарматы. Амаль усю артылерыю, у тым ліку і самаходную, дывізія страціла.

Усё-ткі тры дывізіі, сабраныя разам, мелі немалую сілу – у іх было больш за пятнаццаць тысяч салдат і афіцэраў. Праўда, становішча групы пагоршвала тое, што ў яе бракавала гаручага і боепрыпасаў. Два дні назад нямецкія транспартныя самалёты скінулі ў раён размяшчэння корпуса некалькі бочак з гаручым, але яго не хапіла і для паловы тых машын, што яшчэ былі ў часцях.

Штаб корпуса слёзна маліў аб дапамозе. Камандаванне групы войск абяцала прыслаць дапамогу, але гэта пакуль былі толькі абяцанкі. З кожным днём надзеі на дапамогу нават з паветра слабелі.

Трэба сказаць, што гэтая група была толькі часткай войск, якія цяпер сабраліся пад Мінскам. Акружаныя тут войскі займалі вялікі абшар, які працягваўся ад Волмы аж да Бярэзіны, – яго цяпер называлі «мінскім катлом». У «катле» апынуліся не толькі 4 армія, але і рэшткі яшчэ двух нямецкіх армій; колькасць іх дасягала амаль ста тысяч чалавек.

Гітлер перадаў па радыё сюды спецыяльны загад. ён загадваў акружаным навесці строгі парадак, устанавіць дысцыпліну і, не лічачыся з ахвярамі, прабівацца з акружэння на паўднёвы захад. Гэты загад і спрабаваў ажыццявіць Баумволь.

Пад Мінскам кіпелі ярасныя баі. Гітлераўцы не шкадавалі ні салдат, ні снарадаў, прагнучы, што б ні было, вырвацца з смяротнага «круга». Але ўсе іх спробы правальваліся, – атакі за атакамі, якія пачыналі немцы, толькі губілі мноства іх салдат...

4 ліпеня Баумволь распрацаваў падрабязны план вываду войск з акружэння. Дывізіі павінны былі абыйсці Мінск з паўднёвага ўсходу, за дваццаць – дваццаць пяць кіламетраў ад горада, і рушыць далей на Баранавічы, дзе, як гаварылася ў апошніх зводках, ішлі цяпер баі.

Аднак вырвацца Баумволю з усімі войскамі не ўдалося. Тады на наступны дзень, 5 ліпеня, Баумволь змяніў свой план, вырашыўшы прабірацца толькі з невялікай групай.

Ён прышоў да камандзіра корпуса і паведаміў пра сваё рашэнне. Генерал сказаў пры гэтым:

– Дывізіі павінны па-ранейшаму абараняць свае пазіцыі...

– Яволь. Я зраблю ўсё, што магу, каб мае дывізіі выканалі гэты апош... гм, гэты... пачэсны абавязак,– супакоіў яго камандзір корпуса.

У 11 гадзін ночы Баумволь сабраў генералаў, старшых афіцэраў і даў загад абараняцца да таго часу, пакуль толькі будзе магчыма.

– Памятайце, наша бацькаўшчына і фюрэр у гэты цяжкі час глядзяць на вас, мае салдаты, з надзеяй і верай. Яны заўсёды і ўсюды будуць з вамі...

Баумволь з групай, у якой было каля ста дваццаці афіцэраў і салдат, пачаў выпраўляцца ў дарогу. Даведаўшыся пра намер генерала, да яго хацелі далучыцца многія афіцэры і салдаты, але Баумволь ім не дазволіў:

– Я не магу ўзяць з сабою больш. Хто застанецца ў дывізіях, калі я ўсіх вазьму...

Перад выступленнем генерал прадбачліва зрэзаў з плеч пагоны, а са штаноў генеральскія лампасы.

Спачатку Баумволь вёў групу на поўдзень з тым, каб, прайшоўшы кіламетраў дванаццаць, павярнуць на захад.

Яны ішлі ціха, выбіраючы глухія дарогі. Пакінуўшы войскі, генерал адчуваў сябе крыху лягчэй,– не трэба было думаць, што рабіць з тымі многімі тысячамі. А думаць пра іх станавілася ўсё цяжэй. Хопіць клапаціцца аб усіх, надакучыла! Час падумаць пра сябе аднаго...

Ідзеш і не ведаеш, што з табою днём будзе, чаго – днём, невядома, што за гэтым полем. Эх, лёс генеральскі! Які гэта дурань выдумаў, што генералы паміраюць у пасцелі? Пабыў бы ён на маім месцы!

Генерал ішоў пеша. З тугою думаў пра зручны ўтульны «опель», які прышлося пакінуць у дывізіі. Колькі гэта генеральскім нагам прыйдзецца патупаць, пакуль яны атрымаюць права адпачыць?.. Час-адчасу Баумволь з непакоем пазіраў на неба, – чорт ведае, для чаго там выпаўз такі яркі месяц! Светла, быццам удзень...

Толькі на золаку месяц схаваўся. У гэты час, правяраючы маршрут на карце, генерал заўважыў, што група збілася з намечанага шляху. Заблудзіліся!

Прышлося ісці далей наўгад. Баумволь спадзяваўся, што ўраніцу ўдасца сарыептавацца і тады можна будзе выправіць памылку.

Але, як толькі развіднелася, гадзіне а пятай, з бліжняга пасёлка – гэта быў пасёлак Полеўцы – групу заўважылі. Па ёй адкрылі страляніну. Хавацца ці непрыкметна адыходзіць было позна...

Раздзел IV


1...

У Мінску жылі неспакойна. Хоць перадавыя часці, што вызвалілі горад, вялі наступленне ўжо далёка на захадзе, некаторым мінчанам становішча горада здавалася небяспечным. Іх трывожыла, што баі на ўсходзе, там, дзе кіпеў вялізны «мінскі кацёл», ішлі зусім блізка. Гітлераўцы, здавалася, імкнуліся вярнуцца ў горад. Трывога ў горадзе жыла яшчэ і таму, што войскі, якія трэцяга і чацвёртага ліпеня запаўнялі вуліцы, цяпер пакінулі іх. Яны пайшлі на захад, у горадзе застаўся толькі адзін полк.

Праз суткі пасля вызвалення на Мінск, які спакойна спаў пад сховай цёплай ночы, былі кінуты фашысцкія бамбардзіроўшчыкі. Самалёты ашалела бамбілі жылыя кварталы, разбуралі тое, што, дзякуючы хуткаму ўступленню нашых войск у Мінск, яшчэ ўцалела. Асабліва вялікія разбурэнні былі ў раёне Маскоўскай вуліцы, Заходняга моста і Таварнай станцыі.

Людзі, якія жылі каля чыгункі, перабіраліся ў цішэйшыя раёны. Многія на ноч зусім выходзілі за горад, дзе можна было б адчуваць сябе спакайней. Мацеры неслі на руках ці вялі дзяцей, амаль заўсёды людзі валаклі з сабой і каляскі з дамашнім набыткам, бо хто мог ведаць, што, вярнуўшыся, убачыць сваю хату цэлай.

Але за горадам таксама было трывожна. Там час-ад-часу паяўляліся групы немцаў, якія падыходзілі да ўскраін і нават пранікалі ў горад. Цішыню ночы яшчэ нярэдка будзілі чэргі аўтаматаў і стрэлы вінтовак.

У адну ноч аўтаматная страляніна ўзнялася ў гарадскім парку. Па бліжніх да парку вуліцах паляцела трывожная вестка: «Немцы ў парку!» Хтосьці пусціў чуткі, што гітлераўцы наступаюць і занялі частку горада.

У парк сапраўды пранікла вандроўная групка варожых аўтаматчыкаў. Яна была неўзабаве акружана і разбіта.

У горадзе доўга не ўціхалі пажары. Да вогнішчаў, якія ўзнікалі пад фашысцкімі бамбардзіроўшчыкамі, далучаліся пажары ад выбухаў будынкаў, замініраваных гітлераўцамі пры ўцёку мінамі замаруджанага дзеяння. Адзін з такіх выбухаў разбурыў левае крыло Дома Чырвонай Арміі.

Дзе-ні-дзе яшчэ гарэлі будынкі, падпаленыя да 3 ліпеня, – іх не маглі тушыць: у горадзе было мала вады.

Дымы ўздымаліся ўгару то чорнымі кіпучымі, шалёнымі клубамі, то празрыстымі згасаючымі струменямі. На вуліцах тхнула горкім і едкім пахам гары.

Разбураныя будынкі ў многіх месцах завалілі вуліцы. Цэлыя горы сцэментаваных глыб, пакручаных, пакарэжаных вялізных бэлек і ўсялякага друзу перагароджвалі шлях машынам, якія вымушаны былі шукаць абходных дарог.

Таму першыя дні многім мінчанам давялося брацца не за які-небудзь іншы занятак, а расчышчаць вуліцы. З гэтага ў іх пачыналася новае жыццё...

4 ліпеня на адной з вуліц сярод жанчын і мужчын, якія расчышчалі завал, можна было бачыць Клаву Сняжко. Яна яшчэ не паправілася пасля ўсяго перажытага, пасля ранення, вельмі хутка стамлялася; даволі далёкая дарога ў Мінск, якую яна прайшла пазаўчора, таксама далася ёй у знакі.

Ляжаць бы ёй, ляжаць ціха, ды патроху правіцца дома, – але хіба магла Клава ў такія дні сядзець спакойна ў хаце! Да таго ж у хаце яе пякло горкае гора: тут усё напамінала пра нябожчыцу-маці.

Амаль палову мінулай ночы Клава не заплюшчвала вачэй, бо на горад прарываліся нямецкія бамбардзіроўшчыкі; выгнаўшы з хаты, яна бачыла, як у небе бегаюць зялёныя нажы пражэктараў і рвуцца снарады зенітак...

А вось цяпер, паспаўшы гадзіны дзве і памыўшыся халоднай вадой, вышла на вуліцу. Яе пабудзілі Сяргей і Вася Крайко, які, зрабіўшы жартаўліва-важны выгляд, назваў сябе ўпаўнаважаным па расчыстцы вуліц.

– Ого, якая рэдкая прафесія! – мімаволі пакпіла з яго Клава.

– Цудоўная прафесія! Можаце не кпіць, ну, праўда – такой другой больш ніколі не будзе... Пры гэтым, улічыце, – мне дадзены асобыя правы... Я не проста ўпаўнаважаны, а спецыяльна ўпаўнаважаны, ясна?– І пачуўшы, што ўсё ясна, Вася папрасіў яе сабраць на працу людзей, якія жывуць па суседству.

Яна неўзабаве прывяла на завал шаснаццаць чалавек.

– Каманда прышла. Што загадаеце, таварыш упаўна... спецыяльна ўпаўнаважаны?..

– Узяцца за справу...

– Ёсць. Зараз пачнем...

Але працаваць ёй у гэты дзень амаль не давялося. Ледзь яна толькі падняла некалькі каменняў, як у яе закружылася галава.

Штохвіліны падымаць каменні станавілася ўсё цяжэй. І ўсё больш хіліла да зямлі – легчы, спачыць... «Не, не трэба пра гэта думаць. Не трэба паддавацца».

Але неўзабаве яна ўсё-ткі апусцілася на каменную глыбу. Калі б Клава не села, то, напэўна, упала б,– так было ёй млосна. Да яе падбеглі некалькі ўстрывожаных жанчын.

– Нічога. Нічога, усё пройдзе... – паспрабавала ўсміхнуцца яна. – Штосьці галава кружыцца. Мусіць, ад таго, што не выспалася.

Ёй прышлося вярнуцца дамоў. Легчы...


2...

Туравец зірнуў у твар капітана, які сядзеў за тым жа сталом, насупраць. У капітана рука была на бялюткай, яшчэ не запыленай, не заношанай марлевай касынцы: відаць, перавязку яму рабілі зусім нядаўна. Акрамя Тураўца і капітана, у пакоі нікога не было.

– Ёсць тут у мяне падпольшчыца, якая была разам з Нінаю ў адной камеры. Толькі яе вывезлі з турмы раней за Ніну... – сказаў Туравец.

– Хто гэта?

– Клава Сняжко... Яна вельмі добра ведае Ніну, гаворыць, што яны там – у камеры – нават пасябравалі. Але – я яе ўжо аб гэтым пытаўся – пра далейшы лёс Ніны, дружа мой, ёй нічога невядома. Гэта я табе адразу кажу. Не буду таіць... На адно ў мяне надзея, што яна можа знайсці людзей, якія сустракаліся з Нінай. Клава, здаецца мне, такая, што, калі толькі можна знайсці іх, то яна знойдзе...

– Ну, і што яна, – пакуль не знайшла?!– Аляксей прамовіў гэта зусім спакойна, але Туравец заўважыў, як складкі пры кончыках яго губ уздрыгнулі і напружыліся. «Хвалюецца».

– Пакуль не знайшла. Каб яна даведалася пра Ніну, то паведаміла б мне...

– Дзе яна жыве, ці працуе? – Туравец сказаў, што Клава жыве недалёка адсюль, на Лодачнай.

– У мяне на прыкмеце ёсць яшчэ некалькі чалавек, вызваленых з турмы. Можа, хто-небудзь з іх і знаёмы з Нінай... Як бы там ні было, пагавары з імі. Запішы, я табе скажу, дзе яны жывуць.

Аляксей запісаў прозвішчы і адрасы ў кніжачку, якая была ў яго планшэце, і адразу стаў развітвацца. Туравец, паціскаючы руку, запытаўся, дзе ён жыве, і паабяцаў, як толькі ўдасца што-небудзь даведацца пра Ніну, паведаміць яму пра гэта.

Аляксей, вышаўшы на ціхую ўзбярэжную Свіслачы, усцяж якой хіліліся над вадою сівыя ніклыя вербы, адразу накіраваўся на пошукі.

Ад Тураўца ён ужо ведаў аб тым, калі і для чаго пасылалі Ніну, што яна дабралася да гарадка, спаткалася з сувязнымі, пасля чаго пайшла назад у лес. Расказаў Туравец таксама, што Ніна выпадкова наскочыла на засаду і што яе адправілі ў турму ў Мінск...

Ён перш за ўсё рашыў пайсці да Клавы Сняжко. Але тут яго чакала няўдача. Калі ён падышоў да яе хаты, то ўбачыў на дзвярах замок, – жанчына з суседняга двара, вешаючы бялізну, сказала, што Клава пайшла, здаецца, уладжвацца на працу і невядома калі вернецца. Гэта было на другі дзень пасля таго здарэння з Клаваю.

Аляксею не хацелася сядзець і чакаць невядома колькі часу, і ён пайшоў амаль праз паўгорада па другому адрасу...

Доўгія пошукі Аляксея амаль нічога яму не далі,– толькі адна жанчына, якая папала ў турму ў часе аблавы, крыху ведала Ніну, – ляжалі неяк поруч, але Ніна пра сябе нічога не гаварыла, а неўзабаве іх разлучылі, – «і, што далей было з ёй, я не магу сказаць». Нягледзячы на няўдачы, Аляксей усё-ткі працягваў пошукі. Ён пабываў і на Камароўцы, і на Ляхаўцы, адхадзіўшы па пыльных вуліцах не менш за паўтара дзесятка кіламетраў.

Чым больш Аляксей хадзіў, тым больш яго апаноўвала трывога. Шукаючы знаёмых Ніны, пытаючыся пра яе, ён хутка зразумеў, што з тых, хто быў у турме ў апошнія дні, амаль ніхто не выратаваўся. Амаль пра ўсіх гэтых людзей, як і пра Ніну, ніхто не мог сказаць, дзе яны...

Ён можа спадзявацца толькі на тое, што Ніне пашанцавала больш за другіх, што ёй выпала нейкае асобае, для яе адной, шчасце. Тая шчаслівая выпадковасць, якая гэтак рэдка бывае ў жыцці...

Позні вечар, цемра, якая ахутала прыціхлыя, неасветленыя вуліцы, прымусілі яго прыпыніць пошукі. Аляксей, натомлены за дзень, намерыўся падацца дамоў, як прыгадаў – не ў першы раз – словы Тураўца пра Клаву Сняжко. Няўжо яе і цяпер няма дома? Як бы там ні было, трэба зайсці да яе, трэба абавязкова ўбачыць яе. Яна ж была разам з Нінаю, бачыла яе яшчэ зусім нядаўна; яшчэ можа сёння здолела ўведаць што-небудзь ад іншых...

Увайшоўшы на Клавін двор, Аляксей заўважыў у адным акне цьмяную палоску святла, якое сеялася праз не зусім шчыльна прыкрытую маскіроўкай шыбу. Ён пастукаў у дзверы і пачуў мужчынскі голас у адказ: «Заходзьце». У пакоі, які быў асветлены цьмяным святлом ад мігалкі, што стаяла на стале, Аляксей убачыў невысокую, круглатварую дзяўчыну. Яна ішла насустрач. За сталом стаяў хлопец з карабінам – можа, брат,– ён, відаць, збіраўся некуды ісці. Аляксей прывітаўся.

– Выбачайце, што так позна турбую... Мне сказалі, што тут жыве Клава Сняжко.

– Так. Гэта я... А па якой вы справе? – Клава здзіўлена зірнула на незнаёмага капітана. Хто ён? Яна, здаецца, яго раней не бачыла.

– Я – Лагуновіч.

– Аляксей?! – вырвалася ў яе.

Дужкі-бровы яе раптам узляцелі. Яна на нейкі міг разгубілася і як бы спалохалася яго, і гэта прымусіла Аляксея насцеражыцца. Назіральны заўсёды, а цяпер асабліва, ён адчуў нядобрае.

– Мне Нічыпар Паўлавіч сказаў, што вы былі разам з Нінаю...

– Так, была... Але чаго мы стаім тут, – схамянулася Клава. Яна падышла да сценкі, дзе стаялі два табурэты: – Сядайце...

Але ні ён, ні яна не селі.

Аляксей заўважыў, што дзяўчыну, хоць яна цяпер і стараецца хаваць гэта, штосьці вельмі непакоіць. Пальцы яе нервова прабеглі па гузіках жакеткі, паправілі за ражкі касынку.

Аляксей моўчкі чакаў. У адрозненне ад Клавы ён здаваўся спакойным.

– Няма яе,– пачуў неспадзявана ён амаль шэпт, амаль стогн. – Няма...

«Каго, Ніны?» – хацелася запытацца Аляксею, але ён маўчаў. У яго ў грудзях адразу ўсё пахаладзела.

– Загінула яна... Пад ранне забралі яе... павезлі за горад...

Тады толькі ён змог раскрыць рот. Але якім дзіўным, незнаёмым здаўся яму свой голас:

– Хто гэта сказаў?

– Красуцкая. Яна бачыла, як Ніну выводзілі... А аб іншым хваліўся пасля паліцай...

У тую хвіліну ў яго было толькі адно адчуванне – страшны холад у грудзях, які рабіў яго як бы нямым. У галаве застыла думка: «Ніну... расстралялі!», вялікая, дзіўная, нерухомая.

– Яе забралі ўночы, перад раннем... – стрымліваючы плач, але з рашучасцю чалавека, які наважыўся на ўсё, паўтарыла Клава.

«Каго, куды забралі... – няўцямна падумаў ён.– Ах, гэта пра Ніну... Ніну забралі... Яго Ніну, – не адразу ён дайшоў да сэнсу. – Ніну расстралялі, яго Ніну!!»

– Перад раннем?

– Красуцкая сказала, што было ўжо далёка за поўнач, як пачалі выклікаць іх. Узялі тады, акрамя Ніны, яшчэ пяць чалавек. З адной камеры... Потым яна чула, як на двары шумелі машыны.

Аляксей, ссутулены, нібы аглушаны, раптам зварухнуўся: «Самому бачыць гэтую жанчыну, самому распытацца пра ўсё!»

Ён кінуў на Клаву хуткі позірк:

– Вы можаце паказаць, дзе яна?

– Хто?

– Красуцкая.

Клава адказала, што можа. Сказаўшы «дабранач» хлопцу з вінтоўкай, якога Аляксей увесь гэты час быццам не бачыў, ён вышаў з хаты...

Красуцкая жыла на Грушаўскім пасёлку. Калі Клава падвяла Аляксея да кватэры Красуцкай, у вокнах была цішыня і цемра. Але ў хаце, відаць, не спалі, бо адразу, ледзь Клава пастукала ў шыбу, адтуль пачулася: «Хто там?»

Упусціўшы Клаву і Аляксея, у пакоі запалілі святло. Красуцкая ляжала на ложку, накрыўшыся да шыі коўдрай.

– Гэта – Аляксей, Нінін муж,– пазнаёміла Клава жанчыну з капітанам.

– Самі прышлі...– сказала жанчына, калі Аляксей і Клава прыселі на канапу каля ложка. – А я абяцала Нінцы, ды так яшчэ і не спраўдзіла слова. Адбілі гады ўсё ў сярэдзіне, устаць не магу... Адбілі, а тады ўжо выпусцілі, мусіць, спадзяваліся, што ўсё роўна нядоўга ўжо. Ох!.. Ледзь дахаты дацягнулася... А Нінка...

Яна заплюшчыла вочы і сціхла. Аляксею здалося, што яна стрымліваецца, шкадуючы яго, думае, ці пра ўсё казаць. Ён папрасіў:

– Гаварыце пра ўсё. Пра ўсё расказвайце... Я хачу ўсё ведаць.


3...

«Яе забілі... Пад раніцу забілі яе... Казалі – яна спрабавала ўцячы, выратавацца, але не ўдалося. Чарга з аўтамата насцігла...»

Цяпер, ідучы па маўклівых вуліцах адзін-адным, ён пачынаў усё глыбей адчуваць сэнс таго, што яму сказалі. Ён і да гэтага гараваў, але толькі цяпер, калі Аляксей успамінаў размову з Красуцкай, нібы абуджаючыся, ён адчуў усю нязменную трагічнасць пачутай весткі.

«Яе няма! Ніны няма!!» Той, каго больш за ўсё ён хацеў бачыць, няма. Няма і ніколі ўжо не будзе.

Ніколі ўжо не ўбачыць ён яе любых, нібы зацягнутых смугою, вачэй, не пачуе яе голасу, не адчуе поціску яе рук. Ніколі больш яна не скажа тых слоў, якія некалі гаварыла і аб якіх ён марыў, ірвучыся сюды. Ніколі, ніколі...

Яна заўсёды жыла ў ім, поўніла і яго душу, і яго свет думкамі, радасцямі, трывогамі. Цяпер яе няма. І думак тых і трывог няма.

Пуста, пуста... Усё, што было навокал, таксама здавалася на той час апусцелым.

З пачуццём незвычайнай адзіноты хадзіў ён па гораду, па цёмных, маўклівых вуліцах і завулках, якіх ён не пазнаваў. Былой стомы і слабасці цяпер як не было. Нешта вялікае, горкае і моцнае штурхала і штурхала яго нямаведама куды, невядома для чаго, не даючы прыпынку.

Праходзячы па вуліцы, ён у адным акне пачуў песню, якую выспеўвалі ні то патэфон, ні то радыё, і амаль адначасова да яго данёсся вясёлы смех. Гэты смех так уразіў яго, што Аляксей спыніўся.

Як яны могуць весяліцца! У гэты вечар, калі ўсё, здаецца, гатова крычаць аб горы, на вуліцах, дзе яшчэ быццам чуваць рэха крокаў забойцаў. Яшчэ не паспела астыць на каменні тут кроў, – а яны смяюцца!

Але Аляксей стрымаўся. Не сказаўшы нічога, пабрыў далей. «Адны радуюцца, адным пашанцавала, а Ніны – няма!..» – падумаў ён неспадзявана з крыўдай. Чаму ёй не пашанцавала дажыць? Чаму ім не выпала шчасце дачакацца сустрэчы?.. Услед за гэтай думкай узнікла другая, разважлівая: хіба толькі ў яго гэтакае гора? Хіба толькі з Нінаю адною такое здарылася? Аднак сэрца не хацела слухаць нічога. У ім было адно: Ніны няма...

«Яна прасіла, каб думалі пра яе без смутку». Хіба ж можна не смуткаваць? Любая, любая... «Прасіла, каб не плакалі па ёй...» Як жа не плакаць? Як жа трываць, калі сэрца не слухае, заходзіцца з болю! Сэрца плача!..

Эх, чаму ён цяпер не са сваімі таварышамі, чаму не ў дарозе, не перад атакай? Там было б лепш...

На Нямізе яго затрымаў вайсковы патруль. Старшы нарада, пасвяціўшы ліхтарыкам і назваўшы сябе, папрасіў дакументы.

– Што з вамі, таварыш капітан? – сказаў адзін з патрульных, – твар у вас – як зямля. Ад раны? Баліць?

– Ды не, нічога... Колькі часу? – запытаўся глуха капітан.

– Без дзесяці тры...

Ён здзівіўся: так многа! Трэба ісці дамоў, там, мусіць, чакаюць. Адышоўшы крыху ад патрульных, Аляксей зноў прыгадаў апошняе пытанне патрульнага: «ад раны?», – усміхнуўся горка і раптам падабраўся.

«Што ж я раскіс? Не, нельга так».

Ён павольна, стомленай хадою пайшоў у бок дому. Падумаў заклапочана: як і калі ён раскажа маці пра гора, каб яна лягчэй перажыла? «Трэба дапамагчы ёй, падтрымаць трэба старую...»

Разам з гэтым ён згадаў другое аблічча, самае любае і самае дарагое цяпер у яго жыцці. У грудзях Аляксея – упершыню за той вечар – зацяплела ціхая, вялікая пяшчота. Люда, маленькая яго дачушка... Яго і Ніны...

«Як жа я мог забыцца пра яе?»

Раздзел V


1...

Каля Мінска яшчэ ішлі баі з акружанымі варожымі групамі. Удзень і ўночы над палямі і лясамі чуліся выбухі снарадаў і аўтаматная страляніна.

Яны гучалі і каля Паплавоў, ад якіх вайна ўсё нібы не хацела адыходзіць.

Учора ў Паплавах быў бой. Немцаў выгналі з сяла, але яны трымаліся яшчэ недалёка.

У сяле было трывожна. Шабуніха, якая толькі пераначавала на родным месцы, вярнуўшыся з балотнай сваёй сховы, старалася глушыць неспакой, што наганялі блізкія, стрэлы. Ёй не хацелася верыць, што можа зноў перамяніцца ўсё на горшае. Колькі ж можна бадзяцца ды хавацца?..

Яна ад самага ранку корпалася на агародзе, палола грады. Сядзець без справы Аўдоцця не магла: усё сваё жыццё яна прывыкла быць у вечным клопаце. У гэтым клопаце яна цяпер шукала сваё супакаенне.

Поруч з ёю былі і яе дзеці. Волечка старалася памагчы маці, таксама палола грады, а Валодзька драмаў пад грушкаю. Шабуніха знарок трымала дзяцей пры сабе,– час неспакойны...

Недалёка ад Паплавоў, на адной з дарог, што ішла з «мінскага катла», у гэты дзень быў Юрый Туравец.

Тут зранку было на дзіва ціха. У неглыбокіх акопах, наспех выкапаных пры дарозе, дзяжурылі толькі назіральнікі, іншыя спакойна займаліся сабе рознымі справамі. Чарнавокі, звычайна рухавы Шарыфутдзінаў, седзячы ўскрай акопа, заклапочана вырэзваў вострым канцом нажа на кацялку крыху ніжэй таго месца, дзе ўжо значылася яго прозвішча, месяц і год нараджэння.

Юрый перабіраў рэчы ў мяшку, вытрасаючы адтуль розную труху.

– Слухай, ты тут пакуль пабудзь за мяне, – сказаў ён пазней Шарыфутдзінаву, завязваючы мяшок.– Я хачу адлучыцца...

– Да землякоў, канешне? – Вочы ефрэйтара хітравата смяяліся.

– Да іх... – Юрый устаў, пацягнуўся, санліва пазіраючы на маўклівыя, рэдкія кусты, дзе былі агнявыя пазіцыі артылерыйскай батарэі. Гарматы стаялі з апушчанымі стваламі, прыкрытыя павялымі галінкамі маскіроўкі. На адным з дрэваў сядзеў прытоены артылерыст-назіральнік.

«Як дзяцел», – падумаў Юрый і накіраваўся ў другі бок, дзе размясцілася рота «землякоў» – партызаны з той самай брыгады, у якой быў камісарам бацька. Юрыя сюды цягнула, як у родную сям'ю, – хоць тут зараз не было ні бацькі, ні нават Басі Крайко. Ён тут прападаў увесь вольны час.

Ляхора і яшчэ двое хлопцаў ляжалі на зялёным узмежку і гаманілі. Побач з імі некалькі партызан гулялі ў карты, стараючыся трымацца ў ценю ад маладзенькай бярозкі-адзіночкі.

Каля ігракоў, сочачы і нярэдка ёрзаючы ад нецярплівасці, калі стваралася вострая сітуацыя, сядзеў Андрэй Шабунёк.

– А, Юрка! – заўважыў першы Ляхора. – Давай, прызямляйся!..

Гаворка ў хлопцаў, відаць, ішла сур'ёзная,– хлопец з наіўным, па-дзявочы мяккім тварам турбаваўся:

– Вызвалім яе, а далей?..

Ляхора павярнуўся да хлопца.

– Што – далей?

– Зноў, глядзі, гэтыя вашы, як іх – буржуі ці што, вернуцца...

Юрый здагадаўся, што размова ідзе пра Чэхаславакію. Ён ужо аднойчы заўважыў, што Ляхору тут лічаць як бы адказным за ўсё, што датычыцца лёсу Чэхіі.

– Па-першае, буржуеў можаш сабе забраць, – адказаў Ляхора з той грубаватай прастатой, якая перадалася ад хлопцаў. – Яны мае такія ж, як і твае... А па-другое, па-старому цяпер не будзе. Будзе інакш. Расчысцім паветра, ясна...

– Даўно пара!– заявіў Юрый.

Да сержанта падбег баец і перадаў, што яго выклікае Праворны.

– Я, напэўна, хутка вярнуся... – кінуў Юрый, устаючы і атрэсваючы са штаноў зямлю.

Але ён не вярнуўся. Калі сержант падышоў да Праворнага, той сказаў, што зараз званіў Паўлоўскі і паведаміў, што сюды набліжаецца калона гітлераўцаў.

– Так што скажы сваім, каб былі напагатове. Можа быць цёплая справа... – Малодшы лейтэнант чамусьці ніколі не гаварыў «гарачы бой» ці «гарачая справа».

Юрый, які адразу стаў хуткім, прыбегшы ў аддзяленне, крыкнуў сваім байцам падрыхтавацца да бою, праверыў, ці ўсе на месцах.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю