Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"
Автор книги: Іван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 25 страниц)
Фронт падступіў да зялёных берагоў Бярэзіны. Перш за ўсё тут завязаліся баі ў Бабруйску. Гэта былі цяжкія баі. У горадзе сабралася восем варожых дывізій і некалькі асобных батальёнаў, – да таго ж фашысты мелі па ўсіх ускраінах і ў цэнтры горада шматлікія ўмацаванні.
Пасля поўдня 27 чэрвеня нашы танкі і пехацінцы першы раз атакавалі нямецкія часці, што абараняліся ў Бабруйску, але прабіцца ў горад не здолелі.
Баі на ўскраінах не сціхалі і ўсю першую ноч, а на наступную ноч нашы разведчыкі заўважылі, што гітлераўцы на паўночнай ускраіне сабралі многа пяхоты і артылерыі. Амаль у той жа час удалося захапіць палоннага, які даў разгадку гэтаму, – ён сказаў, што камендант горада загадаў гарнізону ўночы пакінуць Бабруйск і прарывацца на паўночны захад.
Тады ж наша камандаванне прыняло свае захады, – на гэту ўскраіну перавялі некалькі артылерыйскіх і мінамётных палкоў.
Пасля поўначы гітлераўцы пачалі артпадрыхтоўку. Ледзь гарматы сціхлі, на нашы пазіцыі ў начным змроку пасунуліся танкі і густыя рады салдат; наперадзе пехацінцаў, як потым казалі палонныя, ішлі ўдарныя батальёны з афіцэраў.
Нашы артылерысты і мінамётчыкі, якія загадзя чакалі гэтага, далі па гітлераўцах такі агонь, што цэлыя ланцугі фашысцкай пяхоты за некалькі хвілін былі нашчэнт выкашаны. Усе, хто застаўся жыць, адступілі назад...
Праз паўгадзіны гітлераўцы зрабілі новую атаку...
На світанні танкісты генерала Батава зноў атакавалі ўскраіны Бабруйска і, прарваўшыся праз нямецкія ўмацаванні, пачалі вулічныя баі.
Каля 10 гадзін 29 чэрвеня Бабруйск быў поўнасцю вызвален. На яго вуліцах разам з людзьмі стаялі рады зялёных купчастых дрэваў, якія таксама быццам віталі вызваліцеляў.
У гэты ж дзень быў закончан і разгром усёй бабруйскай групіроўкі. Спроба супраціўляцца абышлася гітлераўцам і цяпер, як ужо многа разоў раней, вельмі дорага: яны бясслаўна загубілі ў лясах і на палях пад горадам тысячы сваіх салдат і афіцэраў. Многія тысячы іншых, якім пашанцавала ўцалець, прызналі сябе пераможанымі і здаліся ў палон, кідаючы ў кучу непатрэбную цяпер зброю...
2...
Недалёка ад Бярэзіны ўзвод Праворнага, які ехаў на машынах у «галаве» роты і ўсяго батальёна, з разведкай, нагнаў натоўп, што паволі брыў па дарозе.
За людзьмі цягнуліся падводы з нейкімі лахманамі і ўзброенымі гітлераўцамі, якія сядзелі, звесіўшы з драбінак ногі; некалькі нямецкіх салдат тупала з боку натоўпу, ведучы пры сабе вялізных сабак.
Спачатку, калі ў натоўпе заўважылі нашы машыны, ён яшчэ ішоў па-ранейшаму далей. Праўда, усе ў ім заварушыліся, сталі азірацца, нешта, відаць, меркаваць між сабою, – ім невядома было, чые гэта машыны. Не ведалі гэтага, відаць, і канваіры. Яны таксама гадалі, азіраліся на грузавікі, што падыходзілі. Прышлося Праворнаму дапамагчы ім...
– Стой! – скамандаваў Праворны.– А ну, растлумач, хто мы! – сказаў ён кулямётчыку, які сядзеў поруч з шафёрам.
Кулямётчык растлумачыў: націснуў спускавы кручок, даў па бакавых канвойных дзве кароткія чаргі.
Гітлераўцы, што ехалі на павозках, адразу пасыпаліся на зямлю, нібы іх вецер здзьмуў. Некалькі постацей кінуліся з дарогі, стараючыся ўцячы.
Спалоханыя коні ірванулі і панесліся, як ашалелыя.
Машыны спыніліся, і з іх адразу паляцелі, уздымаючы рукі, як крылы, запыленыя пехацінцы. Завязалася кароткая перастрэлка з канвойнымі, якія яшчэ паспрабавалі адбівацца.
Праворны таксама саскочыў на зямлю і кінуўся ўслед за байцамі...
Малодшы лейтэнант бачыў, як два канвойныя ўсталі з зарасляў свірэпкі і ўзнялі рукі: «Так бы раней. Яшчэ страляюць!» – падумаў ён.
Раптам Праворны пачуў дзіцячы крык, такі жахлівы, што ўзводны адразу азірнуўся спалохана. На хлапчука-падлетка, які адбег за кювет, ляцеў руды ашчэраны звер. Ваўкадаў! Хлапчук, спыніўшыся і пазіраючы на яго, ад страху толькі выставіў перад сабой рукі...
Праворны забыўся на ўсё, – ён мігам кінуўся да сабакі. Узводны ўправіўся прабегчы толькі пяць – шэсць крокаў, як хлопчык ужо ўпаў. Ваўкадаў ускочыў на яго...
Праворны, выхапіўшы пісталет, стрэліў у сабаку, аднак ад таго, што малодшы лейтэнант баяўся параніць хлапчука, ён уцэліў няўдала. Ваўкадаў адразу кінуў ахвяру і адскочыў назад. Па ілбе яго цёк струменьчык крыві.
Сабака натапырыў шэрсць, зарычаў, потым, прысеўшы, скачком ірвануўся на лейтэнанта, але Праворны стрэліў зноў.
Ваўкадаў тузануўся і стаў валіцца...
Хлопчык, які ўжо крыху адбег ад гэтага месца, трывожна сачыў за лейтэнантам. Той парывіста ўсунуў пісталет у кабуру і, махнуўшы малому рукой, каб падышоў, прамовіў супакойліва:
– Не бойся! Больш не падымецца! Капут!..
Стрэлы навокал ужо сціхлі, – два ці тры гітлераўцы леглі мёртвыя, а іншыя, кінуўшы зброю, паднялі рукі...
Хлопчык нясмела наблізіўся да Праворнага. Ён яшчэ калаціўся ад перажытага жаху.
– Ой, дзядзечка, як я напалохаўся!.. Ён жа, гад, пазаўчора разарваў на дарозе адну жанчыну. А цяпер да мяне прычапіўся. Калі яго фашыст кінуў, то ён мне кроку не дае ступіць убок. Толькі я ступлю, – дык ён: гыр-р... А тут раптам страляніна. Я і не ўтрываў, адбег,– тады ён як кінецца! Як кінецца!..
– Нічога! Больш не кінецца. Супакойся!..
Тым часам байцоў і сержантаў ужо акружылі жанчыны, хлапчукі, дзяўчаты, яшчэ крыху разгубленыя і нясмелыя. Яны былі без меры ўзрушаны раптоўным ратункам, аслеплены шчасцем. Ці праўда ўсё гэта? Няўжо гэта не сон, а ява? Паверыць адразу цяжка!.. Праўда гэта?
Праўда, праўда.
Людзі абдымалі і цалавалі байцоў. Былі чуваць непаўторныя ўзрушаныя воклічы радасці – уся душа, увесь боль і ўсё шчасце ў гэтых простых словах. Людзі, як звычайна, у першыя хвіліны або маўчалі, або гаварылі толькі гэтымі воклічамі ды вачыма, што ззялі радасцю ці слязамі перажытага гора.
– Куды гэта вы накіраваліся, землякі? – запытаўся загарэлы, рухавы сержант Туравец у двух пажылых жанчын, якія толькі што цалавалі яго.
– А ліха яго ведае, куды ён гнаў! Каб яму пячонкі адсохлі! – жанчына гнеўна зірнула шырокімі зеленаватымі вачыма ў той бок, куды вяла дарога, як бы пытаючыся ад яе адказу. – Сарваў з месца і гоніць, гоніць на захад... Мусіць, у Нямеччыну хацеў даперці...
– Гэта ж, браценік, – перабіла яе другая, відаць, больш гаваркая, – калі нашы пачалі падыходзіць, прыехалі хрыпы ў сяло, выгналі ўсіх з хат на вуліцу... І загадалі, бачыш ты, ісці. Куды, чаго? Невядома... Антон, сусед мой, заўпарціўся, сказаў: не пайду!– дык адзін жандар выняў адразу наган і – пац-пац – застрэліў!..
– Ну і ўсё роўна, Ганна, – многія пасля паляглі! – прамовіла першая.
– Aгe ж, паляглі... Змагліся людзі ад голаду, падаюць, валяцца на зямлю. Дзіва што! А сеў на зямлю – значыцца, канец: або застрэляць, або яшчэ сабакамі зацкуюць... Жанчына ішла пры нас – з-пад Ржэва самага,– Алена яе таксама ведае,– кіўнула яна на таварышку. – Накульгвала тая ўсё на адну нагу, казала, што праткнула на цвік... Дык сабакі разарвалі жывую на маіх вачах.
Юрый спакойна, але так цвёрда, што нельга было сумнявацца ў яго словах, адказаў:
– Не хвалюйцеся, дарагія, мы з імі за ўсё разлічымся... І гэтую жанчыну з-пад Ржэва таксама прыпомнім.
– Адкуль вы, здалёку? – пытаўся Шарыфутдзінаў, жылісты, з мангольскімі дапытлівымі вачыма, які стаяў у іншым гурточку.
– Ды з розных куткоў, – адказала адна з жанчын, што акружылі аўтаматчыка. – Я вось, да прыкладу, з-пад Воршы, можа былі там? А ёсць некаторыя, кажуць, аж з-за Смаленска...
Хлапчук, якога выратаваў Праворны, адгукнуўся:
– Я, дзядзечка, пачынкаўскі. Са станцыі Пачынак.
– Калі ж вас забралі?
– Яшчэ ў тую восень...
Хлапчук сказаў, што яны спачатку жылі на балоце, недалёка ад нейкага Замошша, капалі торф – усю восень, і зіму, і вясну, а потым, як толькі пачалося наступленне, іх пагналі па дарозе.
– Я спачатку быў не адзін, – з мамаю і сястрою Надзькаю, але яны памерлі на балоце... – спакойна, са сталай стрыманасцю, гаварыў ён. – Яшчэ зімою... Я цяпер адзін жыву. Вось як дадому вярнуся, тады буду не адзін. Дома ў мяне ў Пачынку-та яшчэ засталася Волька...
Але тут размова перарвалася, бо пад'ехаў камбат Паўлоўскі і даў загад рушыць далей.
Пехацінцы сталі паспешліва забірацца на машыны.
3...
У гэты дзень два палкі дывізіі генерал-маёра Шчарбацюка ўвайшлі ў лес, які другім краем падступаў да ракі. Тут большасць машын спынілася. Генерал-маёр на легкавым «газіку», з ад'ютантам і двума аўтаматчыкамі паехаў да Бярэзіны, каля якой была разведка і некалькі батальёнаў.
Генерал-маёр ужо ведаў, што мост тут узарваны і што пераправы няма...
Пры ўездзе ў лес ужо стаяў рэгуліроўшчык, які параіў, каб генерал асцерагаўся, бо ў лесе яшчэ нямала гітлераўцаў. Каля скрыжавання было многа дарожных указак, сярод каторых камандзір дывізіі ўбачыў і сваю: «гаспадарка Шчарбацюка».
Усцяж дарогі на дрэвах вісеў тэлефонны провад, што ішоў да ракі.
У трох ці чатырох месцах на зацененай дарозе ляжалі, перагароджваючы яе, зваленыя немцамі дрэвы, і Шчарбацюк зварочваў у гушчарнік, дзе значыліся сцежкі, што праціснулі танкавыя гусеніцы. Наперадзе ўжо лескаталі кулямётныя і аўтаматныя чэргі, ірваліся снарады.
Не даязджаючы да ўзлесся, генерал-маёр убачыў свае перадавыя падраздзяленні. Сержант, якога гукнуў генерал, сказаў, што гэта пехацінцы Сібірака і што камандзір палка наперадзе. Камандзір дывізіі злез з «газіка» і пайшоў пешкі.
Генерал-маёр знайшоў камандзіра палка Сібірака на ўзлессі, у неглыбокім, нядаўна выкапаным акопчыку. З Сібіраком быў камандзір батальёна Паўлоўскі, а ў акопчыку побач уладзіліся некалькі пехацінцаў.
– Ну, што, Сібірак? Добра ўчапіўся?
– Трымаемся. Але вельмі ж контратакуе, таварыш генерал,– адказаў камандзір палка, рудаваты, з вялікімі, грубымі рысамі падпалкоўнік.
– Чые там людзі?
– Паўлоўскага.
Паволі, нібы вяла азірнуўшыся, генерал-маёр убачыў справа байцоў, якія, прыгнуўшыся, асцярожна ішлі да прырэчных кустоў, між якіх паблісквала вада. Тады ж Шчарбацюк заўважыў другую такую групку крыху далей...
– Артылерыі мала... Адстае «бог вайны»...
– Дай «Амур», – сказаў генерал радысту Сібірака.
Амаль не чуючы адказаў – ад страляніны, ён загадаў падтрымаць пехацінцаў на тым баку штурмавікамі.
Лес поўніўся трэскам і грукатам, які ўжо амаль не ўціхаў. Снарады ірваліся і на беразе і далей у лесе,– тут у неглыбокім акопчыку, дзе стаяў Шчарбацюк, было таксама небяспечна, але генерал нібы не адчуваў небяспекі, так ён спакойна трымаўся.
У гэты час на другім баку ўскінулася чырвоная ракета.
– Замацаваліся! – сказаў задаволена Паўлоўскі.
Там ішла частая страляніна, чуліся крыкі, – відаць, гітлераўцы контратакавалі, спрабуючы ачысціць бераг.
– Давай перапраўляй падмацаванне, – сказаў Паўлоўскаму камандзір палка.
– Не трэба, – спыніў Паўлоўскага генерал-маёр.– Пачакай. Спяшайся, але з розумам! Спяшацца без галавы, друг мой, можна толькі пры адным занятку. А тут – людзі,– трэба з развагай, беражліва... Пачакаем.
– Ёсць, таварыш генерал-маёр.
– Сібірак, – Шчарбацюк вяла павярнуўся да камандзіра палка. – Перапраўляцца будзем на світанні. Рыхтуйся, ды глядзі – добранька, старанна. А плацдарм – перадай загад – трымаць любой цаной.
– Ёсць!
Пачынала вечарэць. Гром бітвы не толькі не паслабеў, а нават нібы ўзмацніўся. Ляскат кулямётаў і выбухі снарадаў памножваліся рэхам, якое разносіла іх не толькі ўсцяж берага, але і далёка ў глыбіню лесу, у каторым ужо добра прыкметна збіраўся вячэрні прыцемак.
– Ну, грымім!..– прагаварыў генерал. Ён пачуў, як у раптоўным, на секунду, зацішку прашалясцела ўгары некалькі снарадаў,– у наступны міг блізка і злосна зацыркаў нямецкі кулямёт, потым на тым баку сталі выбухаць снарады.– Цяпер да гэтага грому прыслухоўваецца ўвесь свет...
– Што кажаце, таварыш генерал? – нахіліўся да камандзіра дывізіі доўгі Паўлоўскі, думаючы, што генерал дае распараджэнне.
– Кажу, што... за нашай бітвай сочаць усе... увесь свет... Спачатку – за Сталінградам... потым за Курскай дугой... за пераправай цераз Дняпро... А цяпер за намі, за беларускай бітвай... За вось гэтай Бярэзінай...
– Гэта точна. Толькі ім не ў навіну – сачыць...
– Не ў навіну?.. Так, не ў навіну. Даўно слухаюць – ад першага стрэлу з «Аўроры»... Даўно сочаць. Адны – з надзеяй, другія – са страхам...
Ён зірнуў на камандзіра палка, потым на камбата, збіраючыся, відаць, адыходзіць.
– Цу што ж, тварцы сусветнай гісторыі, рыхтуйцеся! Падвядзеце – літасці не прасіце.
Вяртаючыся ў штаб дывізіі, генерал-маёр заўважыў, што пяхоты пабольшала. Ён бачыў, як між дрэваў размяшчаюцца купкі пехацінцаў, якія толькі што падышлі, бачыў, як тыя, якія прыбылі раней, ядзяць сухары, кураць, аб нечым мяркуюць.
У адным месцы пілавалі дрэвы, абчышчаючы іх ад сукоў.
– Што збіраецеся майстраваць? – запытаўся генерал у пажылога салдата.
– Плыты, таварыш генерал-маёр...
Крыху далей на паляне салдаты ўстанаўлівалі палкавыя гарматы, расчышчалі сектары абстрэлу, капалі раўкі. На траве каля раўкоў шарэла сыпучая лясная зямля. Група афіцэраў рабіла нейкія запісы ў кніжачках і сшытках.
Побач з «Кацюшамі» асталяваліся танкі, да якіх падыходзіла некалькі новых. Поблізу дамавога дымелі дзве кухні. Кухар сыпаў у кацёл белыя бульбіны.
Чапляючыся за галлё, з-за павароту выплылі няўклюдныя машыны з пантонамі... Войскі прыбывалі.
4...
Насустрач імчала шасэ.
Яно часта было забіта калонамі машын, павозкамі, і тады пярэдняму бронетранспарцёру прыходзілася сігналіць, каб расчысціць дарогу. Так было ўвесь час – то шлях вольны, і ўсюдыход, беручы разгон, ляціць наперад, то зноў на дарозе ўзнікне затор, і прыходзіцца прабівацца, паўзці з хуткасцю пешахода.
Ледзь толькі абагналі некалькі важкіх грузавікоў і цыстэрн, як бронетранспарцёр, які ішоў наперадзе, падляцеўшы да групы машын, што сабраліся на дарозе, зусім спыніўся.
– Даведайся, чаго сталі? – павярнуўся незадаволены Чарняхоўскі к Камарову.
Паручэнец вылецеў з машыны і, прытрымліваючы планшэт, з выглядам рашучым і строгім, пабег туды. Чарняхоўскі нецярплівым позіркам сачыў за ім.
Камароў неўзабаве, бегам жа, вярнуўся і далажыў, што дарогу перасякае група немцаў.
– Вялікая?
– Не, з папярэдніх дадзеных, таварыш генерал, невялікая. Але дакладна пакуль цяжка сказаць.
– Вышлі два бронетранспарцёры, разведай, мабілізуй на дапамогу салдат з грузавікоў і – расчысць дарогу!
– Ёсць, таварыш камандуючы,– прывычна казырнуў Камароў, ён намерыўся бегчы, але прыпыніўся на міг у роздуме.– А вы пакуль... вярніцеся, таварыш камандуючы...
– Не затрымлівайся!
Камароў кінуўся зноў к бронетранспарцёру. Чарняхоўскі, выгнаўшы з машыны, бачыў, як дзве зялёныя браніраваныя машыны пачалі прабівацца праз затор.
Да Чарняхоўскага падышлі тры грузавікі з працітанкавымі гарматкамі на прычэпах, і ён загадаў ім ісці таксама туды.
Чарняхоўскі стаяў з членам Ваеннага Савета Емяльянавым і прыслухоўваўся да гукаў бою, сярод якіх вылучалася знаёмая скорагаворка кулямётаў з бронетранспарцёраў.
Ён нецярпліва чакаў, калі наперадзе сціхне і можна будзе ехаць далей. Ледзь страляніна спынілася, ён сеў у машыну.
Камароў, якога яны падабралі з бронетранспарцёра, што ішоў насустрач, седзячы ў машыне камандуючага, увесь час насцярожана азіраўся па баках, непакоячыся, як-бы немцы не паявіліся зноў.
Але да ВПУ дабраліся без прыгод. Сяло, у якім падрыхтавалі домік для камандуючага, здалося незвычайна ціхім і спакойным; яно ўсё зелянела садамі, імёнамі і ліпамі. Домік стаяў недалёка ад ускраіны, за якой бегла дарога і віднелася некалькі жоўта-зеленаватых палосак збажыны.
На двары і на ганку было чыста падмецена.
– Тэлефоны ўстаноўлены? – запытаўся Чарняхоўскі ў юнага лейтэнанта, які выбег з хаты насустрач яму.
– Так точна, устаноўлены, таварыш генерал!
У першым пакоі справа стаяла руская печ з адбітай на вуглу пабелкай.
Генерал, не спыняючыся, увайшоў у свой пакой, хутка азірнуўся: чыста, светла, на вокнах кветкі ў гліняных гаршках.
Зняўшы трубку тэлефона, звязаўся з начальнікам штаба і начальнікам аперупраўлення, запытаўся пра абстаноўку.
Вышаўшы зноў на двор, гукнуў ардзінарца, зняў кіцель і з асалодай змыў густы пласт дарожнага пылу. І тут, калі паружавелы, вясёлы, адзяваў кіцель, выбег з хаты ўзрушаны Камароў.
– Радыёграма ад Абухава, таварыш камандуючы!.. Толькі што атрымалі. Танкісты ўжо за Бярэзінай!
Чарняхоўскі, не зашпільваючыся, узяў радыёграму.
У ёй гаварылася, што з поўначы возера Палік партызаны збераглі мост цераз Бярэзіну, і абухаўцы, не спыняючыся, адразу пераправіліся на другі бераг і вядуць баі ўжо на заходнім беразе.
– Вось і пераскочылі, Лёша! – Чарняхоўскі стаў паспешліва зашпільваць кіцель.
Гэтая ўдача вельмі ўзрадавала камандуючага, таму што Бярэзіна была вялікім водным рубяжом, зручным для абароны ворага. Заходні, вышэйшы бераг ракі, якая звілістай істужкай цягнулася з поўначы на поўдзень не адну сотню кіламетраў, быў загадзя немцамі ўмацаваны і падрыхтаваны да баёў. Як казалі палонныя, немцы збіраліся тут затрымаць наш наступ на Мінскім напрамку.
Чарняхоўскі з удзячнасцю падумаў пра партызан: дапамаглі! У гэтыя дні ён яшчэ больш палюбіў сваіх «памочнікаў», што праводзілі многія часці ў абход немцаў, цераз балоты, гушчары, папярэджвалі пра засады фашыстаў, зберагалі масты...
Камандуючы звязаўся з генералам Крыловым, пяхота якога хутка падыходзіла да ракі, прыспешыў:
– Крылоў?.. Чарняхоўскі. Толькі што атрымаў радыёграму – Абухаў за Бярэзінай. Так, перабраўся... Паўночней возера Палік... Адстаеш! Як жа – не адстаеш? Ужо адстаў... Хутчэй прабівайся і фарсіруй!..
Трэба было замацаваць тое, што зрабілі танкісты, утрымацца на занятай на другім баку тэрыторыі. І не толькі ўтрымацца, але і пашырыць яе.
У той жа дзень Крылоў далажыў, што пяхота падышла да Бярэзіны ўсцяж на шэсцьдзесят кіламетраў і пачала з боем перапраўляцца цераз яе.
– Які настрой у пяхоты? – запытаўся камандуючы.
Крылоў сказаў, што байцы проста ірвуцца на заходні бок ракі. Хто не можа плаваць, набіваюць палаткі сенам, збіваюць плыты – і на той бераг, у бой!..
Немцы контратакуюць па многа разоў, але вымушаны ўсё ж адступаць.
Так, настрой быў выдатны і ў пяхоты, і ў танкістаў, і ў сапёраў, у афіцэраў, у салдат – ва ўсіх. Чарняхоўскаму мімаволі прыгадаліся тыя дні, калі яго армія перапраўлялася пад Кіевам цераз Дняпро. Тады войскі вёў таксама такі ж нястрымны парыў, які рабіў тысячы звычайных людзей героямі.
Пазней Чарняхоўскі загадаў танкістам Абухава, прарваўшыся ў глыбіню нямецкіх пазіцый на правым баку Бярэзіны, павярнуць на поўдзень і рэзаць варожую абарону ўсцяж па фронту. Такі манеўр танкавых войск паставіць пад удар з поўначы варожыя часці ў Барысаве...
У той час каля Мінскай магістралі немцы вялі баі яшчэ далёка на ўсход ад Барысава. Яны тут супраціўляліся больш, як у якім-небудзь іншым месцы...
5...
Чарняхоўскі вышаў з хаты. У галаве пасля бяссоннай ночы пабольвала. Ён пастаяў на ганку, жмурачыся ад яркага святла, прайшоўся па двары. Абапёршыся аб плот, паглядзеў у недалёкі канец вуліцы, за якой, адразу за купкай дрэваў, пачынаўся выган. З двара аперупраўлення высунуўся і паімчаў за сяло бранявік.
«Бобр... Бобр...» – засела ў галаве назойлівае, неадступнае.
Ён пагладзіў далонню лоб, пачаў пахаджваць па двары. Заўважыўшы след аўтамашыны, успомніў, што раніцай кудысьці пайшла адна машына. Яна дасюль не вярнулася.
Камандуючы папрасіў ардзінарца, які стаяў каля хаты, паклікаць падпалкоўніка Камарова.
– Камароў, дзе машына?
Паручэнец – заўважыў Чарняхоўскі – збянтэжыўся, але «ўзяў сябе ў рукі» і бадзёра адрапартаваў:
– У раз'ездзе, таварыш камандуючы.
– Куды паслалі?
– У Маскву, таварыш камандуючы.
– У Маскву?! Чаго?
– Так што...– паручэнец змоўк, відаць, разважаючы, што казаць.– Дзяцішкам вашым тое-сёе, таварыш камандуючы... З трафеяў...
– Што адправілі?
– Дваццаць банак кансерваў, таварыш камандуючы... І дзесяць банак Джэма... Дзяцішкам. З трафеяў, – ухапіўся паручэнец за зачэпку. – Не з ваенторга.
– Ну, заладзіў – з трафеяў! – паморшчыўся Чарняхоўскі.– Чаму не параіўся са мной?
– Так што не хацеў непакоіць цераз такую дробязь...
– Дробязь... Вось што, Камароў, вярніце зараз жа машыну.
– Вінават...
– Што яшчэ?
– Яна далёка, таварыш камандуючы.
– Усё роўна. Паслаць «ПО-2», дагнаць і вярнуць!
Чарняхоўскі, даючы знак, што размова скончана, павярнуўся да генерала Івалгіна, які ўваходзіў на двор.
– У праціўніка выяўлена свежая дывізія,– паведаміў начальнік аперупраўлення.– Пятая танкавая дывізія,– перакінулі з-пад Ковеля...
– Зойдзем у дом,– Чарняхоўскі першым ступіў на ганак.
– З-пад Ковеля... Далёка прышлося ёй ехаць! Як вы думаеце, для чаго яе кінулі сюды?
Генерал-маёр сказаў, што каля станцыі Бобр гітлераўцы сканцэнтравалі многа танкаў і пяхоты: ён назваў, колькі там войск.
Было відаць, што немцы намерваюцца ўдарыць у фланг нашаму войску, каб перашкодзіць развіццю наступлення. Выбралі яны гэтае месца для ўдару таму, што фронт тут, у раёне магістралі, урэзаўся клінам у нашы пазіцыі.
– Так, клін... У іх клін, а што ў нас? У нас, можна сказаць, сякера. Сякера, вядома, у нас, Пётр Іванавіч... Ну, а калі яна ў нас, то мы можам выбіць іх клін, а то і проста адсекчы... Што ж, пабачым – хто каго! – прамовіў генерал арміі, быццам спрачаючыся.
Чарняхоўскі выклікаў па тэлефоне камандуючага арміяй і стаў абмяркоўваць з ім план разгрому нямецкай групіроўкі каля Бабра.
У той дзень камандуючага фронтам некалькі яго таварышаў віншавалі з днём нараджэння.
Увечары прыехаў з адной часці, якая вяла баі, член Ваеннага Савета Емяльянаў. Павіншаваўшы Чарняхоўскага, які толькі што чытаў нейкае данясенне, ён сказаў, узняўшы здзіўлена бровы над пукатымі вачыма і разводзячы рукамі:
– Штосьці я не бачу, каб імяніннік збіраўся адзначаць сваё свята. Ці вы, таварыш камандуючы, рашылі ігнарыраваць такую відную дату?..
– Не, чаму ж? – Чарняхоўскі скупа ўсміхнуўся.– Я святкую. У баях. Ваеначальніку паложана ў баях святкаваць!
– Не заўсёды, таварыш камандуючы...
– Ну, хоць бы тады, калі яго салдаты вядуць баі,– адказаў Чарняхоўскі ў тон Емяльянаву.– Скончым вайну, тады будзем святкаваць інакш. Па-мірнаму!.. Пасля якіх-небудзь, скажам, камандзірскіх заняткаў, у акружэнні сям'і – з жонкай, з дзецьмі! Я ўсіх бы сваіх сяброў запрасіў: прыходзьце, не крыўдзіце імянінніка... І пастараўся б, каб было ўсім весела і добра, усім сябрам! І песень паспявалі б мы тады, на тым зборы, уволю, аж пакуль, ліха пабяры,– не ахрыплі б!..
Ён неяк адразу, рэзка, як часта рабіў, перамяніўся.
Камандуючы прыпомніў такі ж дзень чэрвеня сорак першага, калі яго дывізіі давялося цэлыя суткі весці бой з нямецкімі танкамі. Гітлераўцы тады рваліся на ўсход, самаўпэўненыя, нахабныя... Цяжка было іх стрымліваць...
Тры гады, тры гэтакія гады. Бітва пад Ноўгарадам, дзе ён са сваёй дывізіяй некалькі месяцаў стрымліваў нецярплівы націск фашысцкай погані, бітва пад Варонежам, дзе ён ужо камандаваў корпусам, а вельмі хутка і арміяй. Пераправа праз асенні сцюдзёны Дняпро каля Дымера, без меры шчаслівы, узрушаны Кіеў... Нарэшце, аколіцы Тарнопаля, адкуль яго выклікалі ў Маскву, пасылаючы сюды...
– Так, трыццаць восем! – прамовіў Емяльянаў, пазіраючы на Чарняхоўскага з нейкім здзіўленнем.– Малады вы, Іван Данілавіч!
– Што гэта вы раптам, таварыш член Ваеннага Савета, загаварылі пра маладосць?! Малады!.. Вайна, здаецца, падбавіла нам не толькі працы, але і гадоў...
Ён памаўчаў, Емяльянаў заўважыў, што ў куточках вузкага рота камандуючага ўзніклі ямкі, якія надалі твару строгасць.
Ён яшчэ адну справу павінен зрабіць. Чарняхоўскі папрасіў да тэлефона начальніка інжынерных войск. Загадаў выдзеліць некалькі спецыяльных падраздзяленняў сапёраў, якія займаліся б размініраваннем будынкаў.
– Для работы ў Мінску. Зрабіце гэта сёння ж.
– Зараз жа зраблю, таварыш генерал.
– Сапёры павінны ўвайсці ў горад разам з першымі салдатамі.
– Зразумела...
Чарняхоўскі паклаў трубку тэлефона.
Познім вечарам выклікаў паручэнца, запытаўся:
– Вярнулі машыну?
– Так точна!
– Эх, Лёша, як жа ты гэта? Не чакаў! Столькі гадоў разам, а сюрпрыз такі падарыў...
– Дык з трафеяў жа...
– Зноў старая песенька. Шчасце тваё, што вярнуў... Ну ды і дзень харошы – не варта яго табе псаваць...
Ён звязаўся з Масквой, з сям'ёй,– у гэты дзень асабліва хацелася, каб былі разам з ім. Анастасія Грыгор'еўна – жонка – прывітала з днём нараджэння.
– І я віншую, папа!– пачуўся нецярплівы голас дачкі. Было чуваць, што Алік, сын, поблізу таксама дабіваецца, каб яму далі сказаць слова: «Мама, ну, мама...»
– Дзякую,– адказаў бацька.– Настрой у мяне, Тася,– загаварыў ён да жонкі,– як ніколі. Эх, якія зараз дні ў нас!
6...
Гітлераўцы яшчэ раз паспрабавалі затрымаць нашых танкістаў і пяхоту, каля Крупак, але і тут вымушаны былі адступіць.
30 чэрвеня танкісты маршала Ротмістрава і пехацінцы генералаў Галіцкага і Глаголева падышлі да ўскраіны Барысава і пачалі бой за горад.
Барысаў стаяў на подступах да Мінска. Чарняхоўскі надаваў гэтаму бою важнае значэнне: ён ведаў, што гітлераўцы тут яшчэ раз паспрабуюць затрымаць наша наступленне.
Камандуючы паставіў задачу: да раніцы Барысаў вызваліць. Горад павінны былі браць камбініраваным ударам танкаў і пяхоты, наступаючы адначасова з двух кірункаў,– з поўначы і поўдня, каб узяць немцаў як бы ў ціскі.
Трэба было хутчэй ачысціць шлях на Мінск.
Мінск... Чарняхоўскі думкамі быў ужо ў Мінску. Там завершыцца другі этап бітвы. Развіўшы наступленне, яго войскі сустрэнуцца з войскамі Ракасоўскага і закончаць акружэнне 4 нямецкай арміі. Акружэнне ў ходзе развіцця наступлення. Новае слова ў савецкай ваеннай навуцы... Будзе зроблены «кацёл», у якім «пераварацца» многія нямецкія дывізіі, не адзінкі іх, а дзесяткі...
Чарняхоўскі папрасіў, каб паказалі даныя авіяразведкі ў Мінску. Яму прынеслі некалькі здымкаў, зробленых з самалёта на невялікай вышыні, і зводку.
Камандуючы, схіліўшыся над сталом, моўчкі стаў разглядваць здымкі. На ўсіх іх былі відаць, як у разрэзе, аднастайныя лабірынты сцен, між якіх страшэнна ззяла пустэча колішніх пакояў, вялізныя пустыры з уцалелымі дзе-ні-дзе рэшткамі будынкаў; над зломамі кварталаў то там, то тут курыліся, цягнуліся ўгару чорныя дымы пажараў...
За гэтым заняткам яго ўбачыў генерал-маёр Івалгін.
– Калі глядзіш на гэтыя дымы, здаецца, што ідзем марудна,– сказаў Чарняхоўскі.
Ён парывіста ўстаў і звёўшы бровы, ад чаго між іх выразаліся дзве рэзкія маршчыны, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні, пачаў неспакойна, шырока крочыць па пакоі.
– Што ў вас?
Генерал-маёр прынёс данясенні: войскі вядуць у Барысаве моцныя баі. Эсэсаўцы, ахоўнікі і нямецкія танкавыя часці супраціўляюцца вельмі ўпарта...
– Упарта?.. Нічога, я думаю, што перад такімі ціскамі яны нядоўга ўтрымаюцца.
– Супраць Галіцкага, Глаголева ды Ротмістрава – цяжкавата!..– згадзіўся генерал-маёр.
Тым не менш, Чарняхоўскі за ноч некалькі разоў звязваўся з камандуючымі злучэнняў, высвятляў абстаноўку і даваў парады.
Не выпусціць бы гітлераўцаў, хутчэй бы закрыць шляхі іх адыходу, а пакуль – каб не затрымацца тут, пад Барысавам!..
Раздзел І
1...
Усю ноч дывізія рыхтавалася да пераправы цераз Бярэзіну. Генерал-маёр з КП сачыў, як падцягваюцца да берага роты і палкі, як рыхтуюць яны сродкі для пераправы.
Усталёўвалася артылерыя, якая таксама падыходзіла да ракі.
Шчарбацюк з начальнікам артылерыі абмеркаваў размяшчэнне яе пазіцый, паставіў задачы.
Для таго каб адцягнуць увагу ворага ад пераправы, Шчарбацюк рашыў паказваць пераправу ў іншым месцы, куды ён паслаў адзін батальён і некалькі батарэй артылерыі.
Калі ён перадаваў распараджэнні назаўтра, прынеслі вячэру. Генерал, паклаўшы трубку тэлефона, паморшчыўся незадаволена.
– Чаго тут не хапае?
Пажылы, вусаты ефрэйтар выцягнуўся, казырнуў:
– Вам не паложана, таварыш генерал!
– Як не паложана?! – не ўпершы раз з гэтага поваду абурыўся камандзір дывізіі.– Усім паложана, а мне – не?..
– Самі ведаеце, таварыш генерал!
– Нічога я не ведаю!
Шчарбацюку даводзілася пакутаваць ад дыэты – у яго быў парок сэрца. Жонка ў кожным лісце пыталася, ці трымаецца ён дыэты, і наказвала не свавольнічаць і слухацца ардзінарца...
Убачыўшы, што генерал сёння жартаваць не збіраецца, ефрэйтар падаў фляжку.
– Губіце вы сябе, таварыш генерал. Ні сябе, ні дзяцей не шкадуеце...
Ён са строгім асуджэннем паглядзеў, як камандзір дывізіі наліваў у чарачку. «Нібы жыць без гэтага яму нельга. Як дзіця».
Шчарбацюк, выпіўшы павольна, смакуючы, чарачку, павесялелы накінуўся на вячэру. Чорт пабяры, як ён прагаладаўся!
– Не судзі строга, дарагі,– жартаўліва прагаварыў ён.– Заўтра справа важная – пры такім выпадку грэх не выпіць...
З ахвотай павячэраўшы, ён завярнуўся ў бурку і паваліўся на ложак спаць.
Генерал любіў паспаць. Ён казаў, што перад справай вельмі карысна паспаць,– без сну чалавек тупее.
Спаў ён мірна і бесклапотна, як дома.
На світанні батальён завязаў бой, а крыху пазней два палкі пачалі пераправу.
Шчарбацюк, які стаяў на беразе, накінуўшы на плечы бурку, бачыў, як у тумане салдаты неслі плыты і бярвенні да вады. Немцы, якія частку сваёй артылерыі і пяхоты перакінулі супраць батальёна, хутка заўважылі, што пачалася пераправа і тут,– сталі шалёна абстрэльваць раку і бераг.
Ракеты і агонь асвятлялі ваду, дрэвы, хмызняк, постаці людзей, якія беглі да ракі і плылі на той бок.
Наша артылерыя амаль безупынна біла па варожых гарматах і кулямётах. На тым баку наводдалек і блізка ўзніклі пажары. Штосьці гарэла каля самага берага.
– Акопы гараць...– здагадаўся генерал-маёр.– Прыпякае гітлераўцам...
– Выдумалі, дубцамі аплятаць акопы...
Дубцы высахлі і цяпер лёгка загараліся.
Неўзабаве полк Сібірака пашырыў плацдарм,– страляніна стала адыходзіць ад берага. Пераправа пайшла хутчэй, але праціўнік яшчэ абстрэльваў з гармат берагі і раку.
Абстрэл гэты чыніў то там, то тут замінкі. Неспакойны, нервовы камандзір палка бегаў па беразе, выклікаў афіцэраў, пагражаў, лаяўся.
Генерал загадаў ад'ютанту перадаць яму, каб ён падышоў да камандзіра дывізіі.
– Ты што, друг мой, нервознасць разводзіш? Гэта не работа. Так працаваць нельга.
– Вінават, таварыш генерал... Але як тут інакш можна, як тут стрымлівацца!
– А ты ўсё ж спакайней, спакайней. І без лаянкі! За ласку табе кожны зробіць у сто разоў больш, як за крыкі. Страху ім і без цябе досыць, а разумнае слова – у сэрца!.. Аж ахрып! – з дакорам паківаў галавой камандзір дывізіі.
Пантанёры ўвішна будавалі мост. Яны ўжо дайшлі да сярэдзіны ракі, калі наляцелі нямецкія бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі.
У рацэ ўскінуліся стаўбуры вады. Некалькі бомб з грукатам узарваліся на беразе,– на акоп, дзе стаяў цяпер камандзір дывізіі, пасыпалася зямля.
Па самалётах білі зеніткі і кулямёты, але бамбардзіроўшчыкі ўсё кружыліся над пераправай.
Шчарбацюк убачыў, што адна бомба выбухнула каля самага моста...
Генерал-маёр звязаўся з камандзірам авіячасці.
– Зараз жа дапаможам,– адказаў лётчык.








