412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Мележ » Мінскі напрамак. Том ІІ » Текст книги (страница 10)
Мінскі напрамак. Том ІІ
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 11:15

Текст книги "Мінскі напрамак. Том ІІ"


Автор книги: Іван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 25 страниц)

Клава, пазіраючы ў столь, задуменна слухала, як недзе ўгары нясціхна шчабечуць, калышацца ластаўкі.

За мінулыя дні яна прыкметна змянілася. Вясёлая, непаседлівая, гаваркая калісьці, Клава цяпер цэлымі гадзінамі ціха ляжала, думаючы і думаючы пра штосьці сваё, толькі ёй вядомае. На запытанні Клава адказвала коратка і неахвотна; рухі яе, раней хуткія, парывістыя, сталі стрыманымі і павальнейшымі. Нейкі новы выраз з'явіўся і на яе твары, дзе каля рота не сыходзілі дзве строгія складкі.

Увесь дзень яна ціха спявала сумную, задушэўную мелодыю. Цётка Кацярына, прыслухаўшыся, разабрала словы:

...Там ляжыць ў зямлі сырой зарыты,

Пахаваны смелы партызан...

Але Клава больш спявала без слоў. Жанчына, слухаючы гэты спеў, неўпрыкметку выцірала вочы.

Увечары, праходзячы паўз каморку, цётка Кацярына пачула, як Клава непрывычна хутка і аднастайна, звяртаючыся да кагосьці, гаварыла:

– Ты ляжы ціха... Моцна яны пабілі цябе!.. Але ты, Аленка, не паддавайся,– далей Клавін голас пацішэў, перайшоў у неразборлівы шэпт. Неўзабаве яна загаварыла зноў галасней: – Мяне ўжо чатыры разы цягалі, пячонкі, здаецца, адбілі, а я нічога! Не здаюся!

Яна дзіўна, нядобра засмяялася. Той яе смех быў падобны на стогн. Кацярына слухала яе, адчуваючы, як замірае сэрца тужліва,– яна хацела б перапыніць гэтае трызненне, але не наважвалася будзіць.

– Ты, напэўна, першы раз? Калі цябе ўкінулі сюды? Учора?.. А я тут ужо цэлых пяць дзён...– Потым загаварыла гнеўна: – Эх ты, атопак фашысцкі! Думаеш, баюся? Бі, бі, вылюдак!.. спяшайся!.. Нядоўга яшчэ засталося!.. Бі, бі, гад!..– і ўслед за гэтым лагодней: – Тут на мяне дзівяцца – кажуць, шчаслівы характар у мяне. Нібы мне менш, як другім баліць... Проста я стараюся прыцішыць, адолець боль! – Клава зноў засмяялася.

Раптам з каморкі пачуўся прыдушаны, жахлівы стогн. Цётка Кацярына не магла больш трываць,– яна ірванула дзверы і падбегла да ложка. Схіліўшыся над Клавай, Кацярына ўбачыла, што тая ўжо не спіць.

– Што з табой, Клаўка?.. Што, дачушка мая?

– Нічога... Рознае глупства чаўпецца. Прыснілася, нібы «сонны» мяне б'е – наглядчык такі быў...

Цётка Кацярына дакранулася да Клавінага твару,– ён быў халодны і запатнелы...

– Перакіпела, ластаўка мая... Супакоіцца б табе трэба...

Жанчына, вобмацкам паправіўшы на Клаве коўдру, заклапочана затупала ў хату. Адтуль яна прынесла шклянку з нейкім настоем з зелля:

– Выпі, дачушка,– гэта добра супакойвае. Я, калі ператрывожуся, заўсёды п'ю. Яно нібы трошкі непрыемнае, але ж лякарствы ўсе, пэўна, нясмачныя...

Клава выпіла. Цётка Кацярына да світання не адыходзіла ад дзяўчыны, ціха размаўляла з ёю. Калі ў акенцы пачало спакваля шарэць, Клава нарэшце заснула, не даслухаўшы да канца нейкага апавядання.


3...

Дзень адышоў. Неба ў пройме акна пазелянела, потым паступова пачарнела. Запалілася электрычная лямпачка.

Ноч пайшла яшчэ павольней. На падлозе драмалі або часам перагаворваліся людзі, поблізу Ніны трызніла і стагнала жанчына, якую гестапаўцы прывезлі з «апрацоўкі».

– Хутка прыдуць зноў – «адпраўляць у дарогу»...– сказала Красуцкая.

Так, хутка прыдуць браць: або ў лагер, або ў Трасцянец. Яны з'яўляюцца сюды звычайна ў гэты час.

– Дык не забудзьце ўгавор,– зашаптала Ніна Красуцкай.– Калі вы застанецеся жыць, раскажыце пра мяне Аляксею. Знайдзіце яго і раскажыце ўсё. І Тураўца знайдзіце,– ён будзе, мусіць, у Мінску. Скажыце, што я не ашукала яго... А калі я выратуюся, я абяцаю вам...

– Добра, Ніна... Раскажы маім хлопцам, як я тут гаравала. Як гэтыя вылюдкі цягнулі з мяне жылы... Сэрца маё чуе, што ты выратуешся.

– Я не трачу надзеі! Але ўсяк можа быць... Вы тады толькі не гаварыце Аляксею жаласных слоў. Скажыце, што яна – я, значыцца,– была спакойная. Я, бачыце, такая і ёсць: спакойная. Я не баюся!.. Вы чуеце – не баюся!..

Ёй прыгадалася малочніца, якая пагражала паліцаю на рынку: гэтай, напэўна, было вельмі страшна. Папасціся так бязглузда, аддаць душу невядома за што...

– Шкада вось дачкі, што застанецца без маці... Хочацца, каб ёй ніколі не трапілася бяда. Мне так радасна, што яна ёсць, дачушачка мая! Вось я магу не вярнуцца, а яна будзе жыць! Мая кроў, мая ўцеха!.. Эх, каб вы бачылі, якая яна слаўная!..– Ніна ўсміхнулася, потым дадала задуменна:– Яна будзе помніць мяне? Праўда?

– Пра што пытаешся! Ды хто ж, Ніна, можа забыць маці!

– Скажыце Аляксею, каб ён вучыў яе помніць мяне без гора, без слёз. Не люблю слёз!.. Вось – цэлы запавет вам дала. І запомніць усё нялёгка... Гэта я так, на ўсякі выпадак...

Ніна ўзяла Красуцкую за локаць і моцна, да болю, сціснула.

– Не, я яшчэ паспрабую выратавацца! Як бы ні было, паспрабую! Хоць на дрот электрычны пабягу. Хоць на што!..

...Гестапаўцы ўвайшлі ў камеру пад поўнач. Пачалі выклікаць прозвішча за прозвішчам: так, як і ўчора, яны вельмі спяшаліся,– падганялі зняволеных лаянкай і кулакамі. «Мяне, мусіць, таксама возьмуць»,– думала Ніна. Але і на гэты раз яе не выклікалі.

Праз гадзіну прыблізна гестапаўцы зноў з'явіліся і вывелі яшчэ адну групу.

Пасля поўначы ўварваліся ў трэці раз: чатыры п'яныя ўзброеныя аўтаматамі эсэсаўцы. Адзін з іх, у чорным бліскучым дажджавіку і ссунутай набок фуражцы, выняўшы паперку, крыкнуў:

– Лакуновіч...

Ніна не пазнала свайго прозвішча, яно ўпершыню здалося нібы чужым.

«Каго гэта? Мяне?.. Ну так, мяне». Яна ўзнялася, нахіліўшыся да Красуцкай, папрасіла ціха:

– Глядзіце ж, не забудзьце... угавор...

Гестапаўцы адразу схапілі яе, сталі штурхаць да выхаду.

– Родныя мае... бывайце!– крыкнула яна людзям.– Чакайце нашых!.. Нашы ўжо блізка!..

Апошнія словы яна сказала з радасцю: не на іх, гэтых паганцаў, баку сіла, а на яе... Гестапавец злосна таўхануў яе ў калідор.

Услед за ёй з камеры вывелі яшчэ некалькі чалавек.

Па калідоры зняволеных, груба лаючы і б'ючы, вывелі на двор. У твар Ніны ўдарыла халаднаватай свежасцю начнога паветра. Закружылася галава, і Ніне здалося, што яна задыхаецца ад гэтай свежасці: даўно-даўно яна не дыхала такім паветрам.

Тут стаяла грузавая машына з адкінутай задняй сценкай кузава. «Добра, што грузавік някрыты»,– падумала Ніна. Адзін з канваіраў кішанёвым ліхтарыкам асвятліў жалезную драбінку, што была падстаўлена да кузава, і загадаў па ёй падымацца:

– Нінэль... ауф!

Жанчына, якая ўзыходзіла трэцяй, раптам пахіснулася і ўпала б, але да яе падскочыў адзін з турэмшчыкаў, падхапіў і падтрымаў, пакуль узнялася на дзве ступенькі.

– Ты – руская дрэнь! Паўзеш!..

Ён узлавана піхнуў яе наперад. Жанчына ўпала на дно кузава...


4...

Эсэсаўцы прымушалі ўзыходзіць па драбінцы амаль уподбег. Падганялі, білі і тых, хто марудзіў, і тых, хто слухаўся загадаў, спяшаўся. Ніну таксама, перад тым, як яна ступіла на драбінку, нечым балюча выгнулі ў спіну.

Яна пастаралася ўзняцца адной з першых, каб сесці каля барта. Поруч з ёй апынуліся дзве жанчыны з той жа камеры.

Кузаў набілі поўна... Апошнімі ўзабраліся некалькі эсэсаўцаў з аўтаматамі. Яны селі ззаду...

– Генц, чаго марудзіш, як... ксёндз на імшы! – нецярпліва крыкнуў адзін з кузава.

– Управіцеся!..

Той, хто адказаў, курыў. Зацягнуўшыся яшчэ некалькі разоў, ён кінуў цыгарку і палез у кабінку. Матор загурчаў, то ўзмацняючыся, то слабеючы, потым пачулася роўнае гуркатанне.

Вось і настаў той час, пра які яна столькі думала ў камеры. Калі іх павязуць у лагер, то трэба пакуль пачакаць: там будзе час агледзецца, можа ўдасца прыдумаць што-небудзь для ратунку. А калі ў Трасцянец, за горад,– трэба вырывацца цяпер. Інакш – будзе позна...

Грузавік выехаў з варот турмы. Па абодвух баках пабеглі назад нязграбныя шкілеты дамоў, горы ламачча, якія сумна чарнелі ў цемры. Навокал было пуста, мёртва. Нідзе ніводнага агеньчыку.

Машына павярнула ўправа, на Чэрвеньскі тракт. Яны едуць не ў лагер, бо лагер у іншым баку, на Шырокай вуліцы... Ну так, іх вязуць у бок Магілёўскага шасэ, каля якога Трасцянец.

– У Трасцянец едзем...– шапнула яна знаёмай жанчыне, што была каля яе пляча.

Яна адчула, як тужліва, самотна зрабілася ў грудзях. «А можа, яшчэ не ў Трасцянец, а можа, куды-небудзь у іншае месца»,– паспрабавала яна супакоіць сябе. Ад гэтай думкі ў яе на душы адразу палягчэла: і смерць, і такая вялікая рызыка адыходзілі, аддаляліся. Але, як ні супакойвала гэтая падманка, Ніна цешылася ёй нядоўга... Не, у Трасцянец,– нашто ж яна ашуквае сябе, заплюшчвае вочы перад праўдай, непрыемнай, але – праўдай...

Значыцца, марудзіць нельга.

– Я ўцяку! З машыны... Скочу,– шапнула Ніна суседцы ціха. Раптам прамовіла да яе:– Хочаце – разам?

Жанчына некаторы час думала. Потым Ніна адчула поціск яе рукі. Разам! Не можа быць, што ні адной не ўдасца вырвацца.

Ніна зірнула ўперад, на чорнае, як невядомасць, неба: сярод важкай чарнаты гарэла далёкая адзінокая зорка. Ад яе дзіўна маркотнага і вясёлага бляску сум падступаў мацней і трывожней; але ў Нініным сэрцы цераз гэты сум прабівалася, трапятала іскрачка, зорка, якая не хацела ні гаснуць, ні слабець, яе надзея... Можа, гэта яе, Ніны, зорка?..

Насустрач ляцеў вецер, які лашчыў твар. Ад гэтай пругкай плыні ветру яе цела станавілася дужэйшым...

Машына мінула горад. Па тым, што машыну перастала трэсці і колы мякка зашуршэлі, Ніна здагадалася: скончыўся брук і пачаўся асфальт. Хутка поле. Вось ужо вецер памацнеў. Наперадзе будзе злева ельнічак, ён падыходзіць да самага шасэ.

Там... Там трэба кінуцца...

Тое месца хутка набліжаецца. Як імчыць насустрач шасэ! Гэта добра – не адразу спыняцца. Толькі б скочыць удала, не разбіцца, не вывіхнуць нагу. Скочыць на зямлю і – адразу ў ельнік...

– Хутка скочу. Каля ельнічку,– шапнула суседцы.

Няўжо ж пападуць яны з аўтаматаў! Цёмна. Але ў іх многа аўтаматаў. Як моцна стукае сэрца! Эх, чаго гадаць – пападуць, не пападуць. Смялей!..

Штосьці, імкліва насоўваючыся, зачарнела наперадзе. Плямы фар, што хутка беглі па асфальту, прабіваючы цемру, рабілі ноч чарнейшай, і абрысы гэтага невядомага «штосьці», якое ляцела насустрач, ледзь-ледзь значыліся, бясформныя, таямнічыя. Але яна ведала,– гэта магло быць толькі адно тое, на што яна яшчэ магла спадзявацца...

Ельнік!..

Ельнік!

Як толькі цёмны абрыс наляцеў, пабег міма,– яна, нічога больш не думаючы, не разважаючы, не гадаючы, не трывожачыся, чуючы нейкую незвычайную лёгкасць у целе, ускочыла, хутка павярнулася, ступіла на дошку барта. У той момант, калі яна, ускінуўшы рукі, адчула, што ўжо ляціць, да слыху яе дайшло ў віхурнай мешаніне раскіданых уражанняў– крык, пагрозны крык тых, што везлі на гібель...

Крык гэты ў наступны міг прапаў з яе слыху. Яго змяніла новае: балюча ўдарыла ў рукі, у калені зямля, незвычайна цвёрдая, як камень.

Абапершыся колькі сілы на рукі, Ніна з намаганнем усхапілася, узбегла, успаўзла па травяністаму адхону за кювет, задыхаючыся, кінулася ў ратоўную цемру ельніку.

Цяпер яна нічога не чула вакол – ні свісту ветру, ні стрэлаў, якія загучалі ззаду, нават болю ад куль, якія, здагнаўшы, упіліся, пранізалі яе. Не зразумела, чаму раптам аслабела, звяла без сілы...

Як горача, як цяжка становіцца ў сярэдзіне. А галава нібы напаўняецца змрокам, чорным, асеннім.

Ярка ўспыхнула ў грудзях, якія гарэлі, поўніліся нясцерпным, жахлівым полымем, радасць, апошняя радасць яе жыцця.

– Люда... Дачушка мая, уцеха мая мілая!..

І тут жа ўсё згасла – і радасць, і жыццё...

Раздзел VII


1...

Недалёка ад Талачына лейтэнант Клямт і яго салдаты разам з усёй дывізіяй сышлі з шасэ на поўдзень.

Калона была яшчэ вялікая; гледзячы на яе, яшчэ можна было ўспомніць былую моц дывізіі. Але – толькі ўспомніць.

Хто, хто, а Клямт добра ведаў, як многа страціла яна: гэта была ўжо быццам іншая дывізія. Не было ў ёй вельмі многіх ветэранаў-афіцэраў і вопытных салдат. Усе яны палеглі за Оршай.

Між грузавікоў можна бачыць яшчэ нямала гармат. Толькі якая з іх карысць, з гармат, калі ў большасці з іх няма снарадаў. Артылерысты ўсё спадзяюцца, што снарады падвязуць, але снарадаў тых няма ды няма. І калі будуць,– невядома...

Не хапае таксама гаручага. З-за нястачы яго кінулі ўжо некалькі аўтамашын, хоць яны былі не лішнія. Уцалелыя транспарцёры і грузавікі перапоўнены салдатамі і ўнтэр-афіцэрамі.

У роце Клямта – розны зброд, як і ў батальёне, і ва ўсёй дывізіі. Тут можна сустрэць салдат з рознымі пагонамі, «прадстаўнікоў» усялякіх часцей. Усе перамяшаліся.

Настрой у большасці салдат узбуджаны, неспакойны – увесь час ходзяць то абнадзейлівыя, то панічныя чуткі, якія наводзяць трывогу:

– Рускія «панцэр»... Наперадзе, справа... сто «панцэр»!..

– О, так многа? Хлусня!

– З імі – кавалерыя. Дывізія Казакаў... Напэўна, сталі ў засаду. Чакаюць, калі падыдзем...

– Чорт пабяры! Я ўсё менш веру, што можна адсюль выбрацца жывым!..

– Батальён сапёраў ішоў справа ад нас... Учора наляцелі рускія казакі,– пасеклі ўсіх...

– Палавіну ў палон забралі. Мне гаварыў лейтэнант з трэцяй роты...

– Гавораць, да нас ідзе корпус. На дапамогу. Фюрэр паслаў... Яны ўжо каля Барысава...

– Пад Барысавам многа войск. Чакаюць толькі, калі рускія падыдуць. Дадуць бальшавікам!..

– Кацёл рускім зробяць...

– Мне казалі, што фюрэр даў загад ужыць новую зброю. Сакрэтную... Першага ліпеня!..

– Ну? Гэта – здорава.

Яны занепакоена паглядваюць у блакітнае высокае неба. Там амаль бесперапынна гудуць і звіняць чародкамі і вялікімі групамі савецкія самалёты. Праўда, яны звычайна ідуць на нейкія іншыя цэлі, але некаторыя з іх абстрэльваюць калону, кідаюць бомбы.

Учора адна бомба ўцэліла ў кузаў грузавіка, пашматаўшы і машыну, і ўсіх, хто там быў...

Ад самалётаў няма нідзе ратунку.

«Адкуль у рускіх столькі самалётаў?! І чаму мала відаць нашых? Куды яны падзеліся? Што з імі?..»– здзіўляецца Клямт.

Снарадаў так і не дачакаліся. Гаручае таксама не падвозілі, і таму амаль усе гарматы прышлося кінуць. Іх кінулі надвячоркам на ціхім узлессі. Некалькі гармат артылерысты ўзарвалі: зарадзілі ў апошні раз і, насыпаўшы ў ствалы пяску, стрэлілі.

– Што гэта?– запытаўся адзін салдат, пачуўшы недалёкія выбухі.

Другі адказаў абыякава:

– Гарматы ўзрываюць... Каб ісці было лягчэй.

– Так, чаго добрага, станем хутка гэткімі лёгкімі, што і паляцець зможам...

– ...на неба!

Назаўтра калону абстралялі з ляска: білі з кулямётаў і дробных мінамётаў. Міны выбухалі проста на дарозе. Вялікі ўзброены натоўп раптам звярнуў з дарогі ў поле, топчучы тых, хто ўпаў.

Потым высветлілася, што гэта была групка партызан. Калі адзін батальён, у якім быў Клямт, арганізаваўшыся, перайшоў у контратаку, партызан адбілі.

Клямт, як і некаторыя іншыя салдаты і афіцэры, быў нямала ўсцешаны гэтай «перамогай».

Салдаты вярнуліся да машын. Дзе-ні-дзе ўжо чуліся павесялелыя галасы, і Клямт слухаў гэтыя галасы з ахвотай.

Паехалі далей, уздымаючы пыл на дарогах, перасохлых ад спёкі.

Недзе збоку, ззаду, як відаць было з тапаграфічных карт, засталіся Крупкі. Набліжаўся Барысаў. Ён быў цяпер ужо недзе на сярэдзіне паміж захадам і поўначчу.

На беразе невялікай рэчкі калона спынілася.

– Што там, гэр лейтэнант? Чаму сталі?..– запытаўся ў Клямта руды, даўгарукі салдат Трэйдэ.

– Прыпынак, відаць.

Клямт рашуча падаўся наперад, каб даведацца, што здарылася. Перад ім была нізкая лугавіна, засеяная безліччу купін, пасярэдзіне якой цягнуўся невысокі насып, што раптам абрываўся каля вады. Справа і злева на беразе віднеліся дзе-ні-дзе зараснікі чароту.

Блізка ад рэчкі Клямт убачыў групу афіцэраў і падышоў да іх. Наводдаль была яшчэ адна групка, у якой Клямт лёгка пазнаў доўгага, з вялікай галавой генерала, камандзіра дывізіі. Клямт запытаўся ціха ў знаёмага афіцэра, чаму стаіць калона.

– Не бачыш?.. Мост узарваны! Партызаны пастараліся!..

Два салдаты, не раздзяваючыся, хадзілі ў вадзе, якая дасягала ім шыі,– мералі глыбіню.

– Пракляцце! Прыдаецца, відаць, пакідаць нам гэтыя цацкі,– прамовіў адзін з афіцэраў, кіўнуўшы на грузавікі.

Клямт абнадзейліва адказаў:

– Яшчэ невядома!

– Чаго невядома?! Ясна, як божы дзень!..

– Не хныкайце! – сказаў Клямт.

Афіцэр узлаваўся на Клямта за гэтакі тон размовы. Ён змераў лейтэнанта позіркам і абазваў яго крыўднай клічкай «грыб». Лейтэнанта называлі і раней «грыбам», падсмейваючыся над яго ростам і фуражкай.

Клямт зрабіў выгляд, што гэта яго ніяк не абразіла. Ён глядзеў, як яшчэ некалькі чалавек накіроўваліся абследаваць берагі і рэчку па другі бок ад насыпу. Спачатку яны пахадзілі крыху па беразе, штосьці абмяркоўваючы. Клямт і яшчэ адзін афіцэр падаліся да іх: тут выбіралі найбольш трывалы грунт. Такога грунту, каб па ім свабодна маглі прайсці машыны, на беразе не было. Дзе-ні-дзе тут нават уздыхала пад нагамі дрыгва. Выбралі проста больш сухое месца...

Тады тры салдаты раздзеліся і падаліся ў ваду. Рэчка тут аказалася акурат неглыбокай. Можна было б перапраўляцца, толькі ці вытрымаюць берагі.

– Ну што ж, паспрабуем! – рашыў маёр, які кіраваў пераправаю, і загадаў, каб падалі першую машыну. Яна прайшла амаль да рэчкі, але тут угрузла. Па камандзе маёра дзесяткі два ці тры салдат акружылі яе, выцягнулі на сваіх плячах і пераправілі на той бок... Другая таксама засела і яшчэ больш.

– Ну, тут работы да раніцы! – сказаў поблізу Клямта хтосьці з салдат.

Неспадзявана каля пераправы, каля калоны і ў калоне пачалі ірвацца міны.

– Рускія, рускія... прарваліся! – пайшло трывожнае.

Клямт адразу подбегам заспяшаўся да сваіх. Настрой быў тут такі ж трывожны, як і на пераправе. Лейтэнант, заўважыўшы гэта, пачаў лаяцца:

– Хто балбоча, што рускія прарваліся? Трусы! Гэта – партызаны! Іх невялічкая групка!..

Але міны лажыліся так часта, што словы Клямта не заспакойвалі нікога: усе, хоць і страляючы, адыходзілі з дарогі ў поле. Далей ад выбухаў.

Клямт пачуў, што яго кліча незнаёмы салдат:

– Лейтэнант Клямт. Дзе лейтэнант?

– Я тут. Што там такое? – Да Клямта падбег сувязны ад капітана Штаме, камандзіра батальёна. Ён перадаў загад – перапраўляцца ўброд.

– Адным? А як жа машыны? – захваляваўся Клямт.

– Машыны кінуць.


2...

Адстрэльваючыся і стрымліваючы партызан, групкі пачалі перапраўляцца. Вада Клямту даходзіла да шыі. Ён не скідаў вопраткі – навошта, высахне!..

Ад таго берага ад рэчкі ішлі пехатою. Рух цяпер стаў зусім марудны,– дарога паўзла насустрач павольна-павольна. Да якой-небудзь бярозы ці хвоі, што віднелася ўдалечы, прыходзілася тупаць цэлую гадзіну. Многія салдаты без прывычкі хутка стамляліся. Зброя, якую яны неслі на плячах, станавілася ўсё больш важкай. Гадзіны праз чатыры некаторыя пачалі ўжо адставаць, – калона ўсё расцягвалася і расцягвалася. Клямта гэта злавала:

– Хто там паўзе ззаду, чорт пабяры? Гэй, Трэйдэ, хутчэй! І вы, іншыя,– падцягнуцца! Раскіслі...– Дзе ваш кулямёт? – накінуўся ён зноў на даўгарукага Трэйдэ.

– Обер-ефрэйтар Келер узяў.

Клямт убачыў на плячах Келера кулямёт, загадаў зараз жа аддаць назад салдату. Обер-ефрэйтар хацеў быў запярэчыць, але Клямт асек яго:

– Зараз жа! Гэта што – патворства распушчанасці?!

Келер паслухаўся яго неахвотна, пры гэтым Клямт улавіў ледзяны выраз яго вачэй. Мімаволі мільганула ў галаве разважлівае: гэтага ефрэйтара трэба асцерагацца. Клямт успомніў мінулыя спрэчкі, якія раздзялілі іх мяжой непрыязнасці, а можа, і варожасці.

«Сачыць за ім трэба, – падумаў пра Келера. – Першы зручны выпадак і ён – здрадзіць...» Каб Клямт не пабойваўся салдат, якія любілі Келера, ён пастараўся б зняць яго з камандзіраў і далажыць пра яго размовы каму след. Але цяпер пакуль не выпадала... «Нічога, – суцяшаў сябе лейтэнант, – прыдзе час: я яму ўсё прыпомню!..»

Хутка лейтэнанту давялося затрывожыцца пра іншае: выявілася, што батальён адарваўся ад штаба палка!

Усім, што засталося ад батальёна, камандаваў цяпер капітан Штаме. Ранейшы камандзір загінуў яшчэ на другі дзень рускага наступлення. Штаме, заўсёды п'яны і злосны, часта крычаў на ўсіх, пагражаў пісталетам. Нават Клямт пабойваўся яго, але лейтэнанта супакойвала думка, што такі чалавек не падвядзе ў цяжкую хвіліну ў баі.

– Дзе гэты пракляты штаб? – падышоўшы да Клямта, запытаўся капітан.

– Не ведаю, гэр капітан... Відаць, адстаў.

– Дурань! «Адстаў»! Гэтыя чысцюлі знарок адсталі і – пайшлі ў палон да бальшавікоў!.. Зразумела?

– Так, капітан.

Клямту нічога не было зразумела. Начальства няма, і што робіцца навокал, невядома. Куды ісці – ніхто не ведае, нават Штаме. Многія лічаць, што трэба хутчэй дабірацца да Барысава, але хто скажа, што там, у Барысаве, чакае? Можа, там бальшавікі?

Можна зняверыцца, паддацца адчаю. Некаторыя салдаты, відаць, ужо і зняверыліся: ёсць такія і сярод унтэраў. Але Клямт не з гэтакіх: ён не з ныцікаў, не паддасца. Цвёрдасць неабходна цяпер больш, чым калі-небудзь, асабліва камандзіру...

Трэба было б адпачыць, але ўсе, хто можа ісці, стараюцца не спыняцца. Хутчэй прабіцца б да сваіх.

Ужо быў блізка канец доўгаму дню, калі дарогу наперадзе перасеклі тры танкі. Спачатку ніхто не ведаў, чые гэта машыны, – салдаты спрачаліся: савецкія ці нямецкія.

– Нашы, – іранічна сказаў адзін. – Снарады ў іх для нас...

Два з танкаў развярнуліся, не спяшаючыся, навялі свае гарматы і ўдарылі з іх па калоне, а за гарматамі залескаталі кулямёты...

Салдаты – хто куды – рассеяліся па полі, па хмызняку.

Танкі павярнулі ў бок ад дарогі і неўзабаве схаваліся за ўзгоркам. Наступіла цішыня, і салдаты паступова пачалі збірацца зноў. Яны былі трывожныя: чакалі, што гэтыя танкі прывядуць за сабой другія. Нямала хто з салдат не вярнуўся сюды, і, што асабліва ўразіла Клямта, – невядома куды знік капітан Штаме!

Трывожна было і на душы Клямта. Але ён не паддаваўся бязвер'ю: ён наогул не быў схільны тлуміць сабе галаву рознымі сумненнямі.

Гэтая прыродная ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе, нарэшце, добра, заўсёды вельмі падтрымлівала Клямта.

Ён не разгубіўся і цяпер. Заўважыўшы, што ён стаў у батальёне бадай што старшым камандзірам, лейтэнант пачаў збіраць усіх салдат і так-сяк арганізоўваць іх. Клямт быў службістам, і тое, што яму дастаўся батальён, нямала цешыла яго.

Ён адчуваў, калі пачаў весці салдат, што лёс усклаў на яго нейкую асаблівую місію. Клямт выбраў абходны шлях, каб абмінуць тое месца, адкуль білі танкі і куды яны пайшлі.

Танкі больш не паяўляліся,..

Ужо ў вячэрнім змроку да Клямта, які ўсё ішоў наперад са сваім «батальёнам», пад'ехаў на кані сувязны афіцэр ад штаба палка.

– Дзе камандзір батальёна?– запытаўся сувязны.

Клямт адказаў:

– Я ўзяў на сябе абавязкі камандзіра батальёна.

– А што з капітанам Штаме?

– Знік... у час атакі рускіх танкаў.

Клямт усміхнуўся.

Ён бачыў, што сувязны зразумеў усё. Афіцэр перадаў лейтэнанту загад камандзіра палка: хутка весці батальён да рэчкі.

Афіцэр сказаў, што штаб палка знаходзіцца адсюль за тры кіламетры. Паказаўшы на карце месца, дзе іменна Клямту трэба быць, сувязны паехаў назад...

Значыцца, штаб жыве! Усё, выходзіць, наладжваецца, як лейтэнант і спадзяваўся. Усё будзе добра. Клямт думаў пра Штаме: уцёк, у цяжкую хвіліну здрадзіў. Хто б мог чакаць гэтага ад яго? Свіння. Баязлівец.

Ён, Клямт, будзе да канца помніць пра свой салдацкі абавязак.


3...

Клямт са сваім батальёнам рыхтаваўся да бою. Салдаты капалі на беразе ракі акопчыкі, капалі неахвотна і ляніва, бо лічылі, што робяць лішняе.

Калі яны, аднак, зрабілі ўсё як належыць, то ў гэтым заслуга Клямта. Лейтэнант прымусіў іх.

Абарону батальёна праверыў сам камандзір дывізіі. Генералу спадабаліся акопы і стараннасць цяперашняга камбата, і ён намякнуў Клямту, што пры належным выпадку пастараецца аддзякаваць яму.

Клямт быў усцешаны генеральскаю міласцю. Нягледзячы на цяжкую абстаноўку, ён адчуваў сябе некаторы час як імяніннік. Лейтэнанту малявалася прываблівая будучыня: пасля таго, як установіцца парадак, – а чакаць гэтага не прыдзецца доўга, – ён, Клямт, будзе камандаваць батальёнам. Яго, вядома, не здымуць з пасады, якая даверана яму лёсам, на якой ён ужо цяпер працуе ды яшчэ з такім поспехам. Падумаць толькі, ён адразу стане камандзірам сапраўднага батальёна! А Штаме зробіцца нікчэмнасцю: яго перавядуць у радавыя і асудзяць. Ён будзе зайздросціць Клямту!

Лейтэнант – тады ён будзе ўжо не лейтэнантам!– зможа з гонарам гаварыць – у чорную хвіліну ён застаўся верным бацькаўшчыне і фюрэру. Ён не зганьбіў сябе і чэсці немца...

Толькі ж лёс не даў разгарнуцца як след таленту Клямта: акопчыкі, старанна выкапаныя, давялося кінуць без бою. На іх ніхто цяпер не наступаў. Клямт чуў, што бальшавікі яшчэ ў мінулы вечар прарваліся цераз рэчку далёка ў тыл гэтых акопаў...

Пачалося зноў адступленне, якое паслабляла батальён горш за любы бой. Салдаты ўсё больш дэмаралізаваліся, адчайваліся, цэлымі групамі адставалі. Клямт адчуваў, як сярод іх пашыраецца дух непаслушэнства і абыякавасці да начальства. Яны не хацелі прызнаваць Клямта, пазіраючы на яго як на выскачку і назолу...

Яснай чэрвеньскай раніцаю, калі ўсё навокал зіхацела ад сонца, на калону палка, што адступала цераз поле, напаў дзесятак савецкіх танкаў. На хуткіх машынах, вакол вежаў, сядзелі напагатове аўтаматчыкі.

Танкісты так дружна і смела атакавалі калону, што полк не змог ні арганізаваць супраціўлення, ні хоць бы адступіць у парадку. Салдаты і афіцэры пачалі бязладна разбягацца, куды прыдзецца. На апусцелай дарозе засталося толькі некалькі пустых павозак, кінутых у спеху, ды трупы...

На шчасце Клямта, поблізу быў лес, і лейтэнант, угнуўшы галаву ў плечы, што сілы пабег да яго. Ён чуў за сабой стрэлы з танкавых гармат і кулямётныя чэргі. То там, то тут лавілі яго востры свіст снарадаў і блізкія выбухі.

Яны падганялі лейтэнанта. Дабегчы, паспець! Хутчэй. Эх, чаму ў яго такія кароткія ногі... Нельга збаўляць бегу. Хутчэй у лес: там адзіны ратунак...

Убегшы ў асіннік, ён адчуў, што задыхаецца, і пайшоў цішэй. У полі стрэлы сціхлі, чулася толькі фырканне матораў, ляскат гусеніц ды загадныя воклічы.

Ён знайшоў.лагчынку, зарослую зеллем і маладымі дрэўцамі, між якіх было многа густалістага арэшніку. Клямт упоўз у гэтую навісь цяністай зеляніны і лёг, прыслухоўваючыся да гукаў з поля. Непадалёку ад лейтэнанта хаваліся салдаты з яго ж палка.

Неўзабаве Клямт заўважыў, што рускія сталі прачосваць лес. «Праз гэтых нягоднікаў і мяне могуць знайсці!» – падумаў пра салдат устрывожана Клямт.

Ён стаў шукаць больш надзейнага месца. Калі лейтэнант прабіраўся праз гушчар, то наткнуўся на свайго салдата Трэйдэ, але Клямт зрабіў выгляд, што не пазнаў яго, і хутчэй вільнуў убок.

Ён зашыўся ў такі зараснік, што здавалася, быццам надышоў вечар. Было сыра і моцна пахла прэллю.

Да Клямта даходзілі галасы і зрэдку чэргі аўтаматчыкаў, якія ўсё набліжаліся. Раптам лейтэнант праз бязладную вязь галля ўбачыў рускіх зусім блізка. Іх было тут трое. Адзін з іх, наставіўшы аўтамат, па-нямецку скамандаваў камусьці ўстаць.

Побач з імі падняўся салдат у нямецкім мундзіры: гэта быў даўгарукі Трэйдэ. Калі ён сюды забраўся, Клямт не заўважыў, – мусіць, непрыкметна перапоўз. Трэйдэ стаў нешта даводзіць рускаму, і раптам Клямт пачуў – «лейтэнант... батальён», з чаго Клямт здагадаўся, што Трэйдэ гаворыць пра яго. Трэйдэ паказаў кудысьці рукою, і лейтэнант улавіў словы:

– ...павінен быць там...

Яны адразу падаліся туды... Клямт цяпер іх не бачыў; прытаіўшыся, ён уважліва прыслухоўваўся да галасоў. Галасы даходзілі зблізку і чуліся то справа, то ззаду... «Шукаюць. Мяне шукаюць...» – здагадаўся Клямт. Ён стаў на коленцы і пачаў сачыць за байцамі, як толькі было можна, бо лісце і галлё зарасніку перашкаджалі назіраць.

Клямт адшпіліў кабуру, выняў пісталет і паставіў на баявы ўзвод. Ён жывым не дасца. Перш чым памрэ, ён заб'е іх, – раней за ўсё таго чарнявага порсткага сержанта...

– Ён недзе тут, – сказаў Трэйдэ.

«Дрэнь, – падумаў з грэблівасцю Клямт. – Афіцэра выдае, каб выратаваць сябе». Клямт мімаволі стаў націскаць спускавы кручок пісталета – хацелася прадзіравіць гэтаму нягодніку галаву.

– Ён тут... Я ўпэўнен, ён тут, – даводзіў Трэйдэ.

Але рускі сержант рэзка махнуў рукой.

– Чорт з ім! Пойдзем, хлопцы.

Адзін аўтаматчык пусціў наўгад па хмызняку нізкую чаргу.

Яны пайшлі.

ЧАСТКА ПЯТАЯ

Раздзел І


1...

Дарога, дарога.

Дрыжыць, млее ў далечыні лёгкая, як муслін, блакітная смуга. Яна вабіць, цягне да сябе. Смуга ахінае далёкія вёскі, узгоркі, палі, пералескі. Хочацца хутчэй дайсці да іх, убачыць усё вачыма так, як яно ёсць.

Дарога хутка прыводзіць туды. Але – смуга зноў далей мігціць. І зноў далячынь наперадзе, якая вабіць і кліча. Прырода адкрывалася танкістам вялікім прасторам, вечна зменнаю, рухомаю,– кожную хвіліну паўставала ўсё новае...

Яна таксама нібы святкавала з людзьмі. Лясы, лугі квітнелі, як ніколі, буйна і радасна.

Ва ўсёй зялёнай красе стаялі дубы, раскінуўшы шырока галлё з лапчатым густым лісцем, радасна трымалі свае вяршыні-кудзеркі з меднымі галінамі-жыламі сосны, ірвалася на святло, на дарогі розная лясная драбната, ад якой было аж цёмна ў лесе, – рабіны, арэшнік, беразнячок.

Спела азіміна. Пачынала выганяць вострыя трубкі яравая пшаніца, аўсы...

Калі танкі ішлі па лясной дарозе, то дрэвы сваімі галінкамі і лістамі-далонямі дакраналіся да брані, гладзілі запыленых аўтаматчыкаў і чорных танкістаў, якія сядзелі на вежах. Пагладзіўшы, дрэвы потым доўга ківалі ім услед галінамі, быццам развітваліся.

– Глядзі, як прырода радуецца нам! – сказаў аднойчы Колышаву зачаравана Гогабярыдзе. – Прыбралася, як дзяўчына.

– Не, таварыш лейтэнант. Лепш, – як маці, якая сустракае сыноў...

Сандро ўспамінаўся першы год вайны. Тады таксама буялі лясы, але ў той час бачыць усё гэта было горка. Ведаць, што яно дастанецца заклятаму чужынцу...

А цяпер – як не радавацца цяпер гэтаму хараству, багаццю гэтаму: яно зноў нашае!..

У ціхай, амаль пустой вёсцы, дзе танкі прыпыніліся, да лейтэнанта Гогабярыдзе нясмела падышоў белабровы босы хлопчык у зрэбным.

– Дзядзечка, вы, кажуць, тут начальнік...

– Калі кажуць, то, відаць, так і ёсць, – адказаў Сандро, расчэсваючы каштанавыя валасы, падстрыжаныя пад «паўбокс». – Начальнік, хоць і малы... А што такое, герой?

Хоць танкі толькі што, здаецца, спыніліся, Сандро ўпершыню за двое сутак ужо неяк управіўся памыцца, пагаліцца і нават крыху пачысціцца.

– Там, – хлопчык кіўнуў убок рукою, – лагер... фашысты людзей пасадзілі... Яны іх, дзядзечка, усіх перастраляюць...

– Лагер, кажаш? – камандзір стаў сур'ёзным. – А ты гэта добра ведаеш, што там – лагер? Ведаеш?.. Гэта абмінуць нельга... Далёка ён?

Да лагера было кіламетраў пяць-шэсць. Сандро адразу кінуўся да Аляксея, на хаду надзеўшы шлем і зашпільваючы гузікі на каўняры.

Сандро перадаў словы хлопчыка.

– Дазволь мне, Аляксей! Адну маю машыну і аўтаматчыкаў – больш не трэба! Усё зраблю! – выпаліў горача Сандро, пабліскваючы невялікімі карымі вачыма. – Праз пятнаццаць хвілін далажу: парадак!..

Калі Аляксей сказаў, што згодзен, лейтэнант казырнуў і адразу пабег да машыны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю