355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхась Лынькоў » Над Бугам: выбранае » Текст книги (страница 3)
Над Бугам: выбранае
  • Текст добавлен: 30 апреля 2017, 17:01

Текст книги "Над Бугам: выбранае"


Автор книги: Міхась Лынькоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 32 страниц)

Баян

За вочы быў Мядзведзь.

У вочы – Андрэй Андрэевіч. Атаман, бацька, папаня.

І калі гаварылі ў вочы – галасы гаварыўшых рассыпаліся дробным макам, пяршыла ў горле, і з іх воч, здаецца, ліліся струмені ліпучай патакі, ад якой хацелася абмыць свае рукі, свой твар, чалавечы свой слых. То праслізала ліслівасць – ліпучая, брудная, даўкая, – чалавечая адвечная ліслівасць. Тады насупліваліся бровы, глыбей рабіліся маршчакі на лбе, цвярдзеў голас. Рыўком:

– Ану, з гарызонта... Башку адгрызу...

І нібы з роздумам:

– Тля ты копчаная...

І, як спуджаны верабей, кідаўся каторы філон* на другі канец барака, зашываўся на нары, і чуваць было, як сапеў ён з перапуду, прыводзіў да парадку свае думкі, пачуцці – то ж дагадзі чалавеку, – і, аддыхаўшы, набіраўся смеласці – на шэпты, спачуванні, уздыхі.

* Філон – лодар, чалавек, які адмаўляецца ад работы.

– Б-я-яда... не падыходзь... Андрэй Андрэевіч думае свае думкі.

І ўвесь барак поўніўся тады старожкаю цішынёй, урачыста плавалі клубы шэрага дыму, прастромленыя месячным светам, ціха лаяліся шэптам за сціркамі* вуркаганы**. Былі самаробныя сціркі, трэба было асцярожна іграць у іх – бо ні добрага гуку з тых сцірак, ні калянасці ў іх, ні цупкасці, ні добрага смаку ў гульні той. Шалахцяць палахліва лісткі, цьмяныя, пакамечаныя. Як думкі пакамечаныя вуркаганні, з яснага тропу збітыя. І прарве каторага, пранясе. На ўвесь барак, на ўсе нары:

– Жысць, называецца... Карціна табе не да рук...

* Сціркі – карты.

** Вуркаганы – зладзеі.

І з усіх бакоў:

– Ш-ш-ш...

– Ціху ты...

На Андрэя Андрэевіча азіраюцца скоса.

– Бачыш? Маўчы... Скіс атаман... Думае...

Думае Андрэй Андрэевіч... думкі свае.

Змрочна ў бараку. Вячэрнія цені блукаюць па нарах. Украдкаю прабіраецца месяц у акно і, загледзеўшыся, прынікае халодным дапытлівым зрокам да думак тваіх, да слоў сукрытых. Холадна за акном. Холад у гудзе лясным, што ідзе, гудзе верхавінамі дрэў – дрымучых елак, кучомістых хвой. Ідзе, гудзе па лажбінах, па скалах, па імшарыстых лысінах валуноў, дзе чарнеюць пад месікам махавыя сляды мядзведзя-пустэльніка. Выйдзе ён – сірата лесавая – космы шэрыя атрасе ад наліпшай ігліцы і, настырчыўшы хіб, грымне месяцу ў вочы – голас прабуе на вятру, правярае пагалоскамі лесавымі. І тады ідзе напіцца. Да грымлівага падуна*, да ўспененых віроў мядзведжага вадапою. Тропкаю старою, адвечнаю. Навераджоныя аб камень, аб ігліцу, мякка ступаюць лапы па імшарынах валуноў, шамацяць – ціха-ціха, ледзь чутна – ліствою, галінкай ды маністам русалчыным – хрупасткімі брусніцамі.

* Падун – вадаспад.

Ідзе напіцца мядзведзь. І каторы-то дзень не даходзіць. Ступіўшы на прагаліну, дзе стары знаёмы выварацень, дзе друзлы камень асыпаецца крохкай жарствой, спыняе крок, выцягвае шыю і прагна ловіць – вачмі, слыхам, цеплынёй гарачых наздрэй – подыхі ветру адтуль, дзе падун, успененыя віры мядзведжага вадапою. Вось яны, знаёмыя туманы – пасцілаюцца па лажбіне. Старыя вятры гудуць у вяршалінах дрэў. Пахнуць вятры заляжалаю стагодняю вільгаццю, пахнуць каменем, хвояй, перакіслаю чырванню пажоўклых брусніц, прагорклым дымам лесавых выгараў ды сівымі імшарынамі балот.

Цяплынь наздрэй трапяткая, старожкая.

Вушы ловяць церушэнне зор.

Варушыцца шчэць на хібу на мядзведжавым. Настырбучаная, пагрозлівая. Зялёныя агні ў вачах. Не ад месяца, не ад зор – ад звярынай лесавай злавеснасці, ад дзікіх чашчоб, непралазнай глухамані, векавой панурасці.

Варушыцца шчэць на хібу, і злавесныя агні ў вачах: хто парушыў сівыя туманы, хто скінуў жменю зор з недасяглых вышынь – вунь гараць яны над зямлёй, над знаёмай лажбінай. Хто ўстроміў рагаціну ў горла волата-падуна? Маўчыць падун, не раве падун – дзе ж успененыя віры роднага вадапою?

І новыя гукі адтуль – галасы чуваць небяспечныя, чалавечыя. Дзесьці песня лунае, і не музыкай лесавою поўняцца вокны светлых хат над ракою. Не малітвамі скітоў кержацкіх, не шэптамі і панурымі ўздыхамі абамшэламу богу раскольніцкаму, – ідуць тыя пагалоскі людскія, буяюць, рассыпаюцца, як зыркасць сонечная ясным днём у малінніку. Хіба зыркасць тая сіраце лесавой даспадобы, калі сэрца мядзведжае любіць сутоніцца, на сутонні тым тропкі мядзведжыя, сцежкі звярыныя.

І новыя пахі адтуль – чалавечыя пахі, ёлкі дым з каміноў мураваных.

А падун маўчыць.

Памёр падун.

І скарыўся мядзведзь.

Сем дзён, сем начэй намагаўся на тропку звярыную, да мядзведжага вадапою і ніяк не даходзіў. А калі ўчуў пранозлівы свіст і рэў – то гула невядомая яму параходная сірэна, – уцяў голаў у плечы і прыспешаным крокам пайшоў, азіраючыся, напяўшы слых і зрок, назад, у глухамань, у карчэўе, у вываратні лесавыя, у дзікія нетры бураломаў. Шукаць месца пакойнага, соннага лежава мядзведжаму веку. Засмяглым языком гарачым прагна злізваў халодныя росы з валуноў, з травы, з пажоўклага лісця кустоў. Нездаволена чмыхаў наздрой – былі прэснымі росы, не давалі патолі, яшчэ больш распалялі няўтольную мядзведжую прагнасць...

...А за акном хадзіў часавы – кончык штыка цьмяна пабліскваў за прапацелай шыбкай. Часавы думаў аб ночы, аб месіку – выплывае з-за ялін, выскаляецца, – аб лагерным суровым дні, аб канале, аб людзях. Прыслухоўваўся да галасоў за сцяной, прыглядаўся да мігацення святла на запацелых шыбках, пацінаў зябкімі плячмі, злосна папраўляў шапку ад ветру, ад стылі, ад старожкай цішыні за сцяной.

– То ж кампанія... На падбор... І каторы-то месяц...

І прамераўшы крок да вугла:

– Не дзе дзенецеся... Не ўсё ж вам рур да рур*, сусветныя лодары, прайдзісветы... Не такіх бачылі...

* Рур – рота ўзмоцненага рэжыму, нешта накшталт ізалятара для лагернікаў, якія адмаўляюцца ісці на работу.

І як бы дразнячы яго думкі, паліліся з-за сцяны прыглушаныя галасы гармоні – спачатку ціхія, павольныя, мяккія. Плаўныя пералівы гукаў ішлі адтуль, праз запацелыя шэрыя шыбкі, зліваліся, змешваліся з пахам свежай хвоі, з трапяткімі водбліскамі месяца, з подыхамі ветру – лашчыцца ён аб шурпатыя дрэвы, гудзе чорнымі верхавінамі. І ноч тады – з цёмнай карэльскай ночы – з вятрамі, вільгаццю, стыллю, шэрай сівізною неба – робіцца казачнай ноччу. Бледныя зоры пачынаюць ярчэць, густым блакітам наліваецца неба, і стыль не стыль – нібы ветры паўднёвыя лашчацца, шалясцяць празрыстымі кавылямі, цёплымі крыламі авяваюць пахучыя прасторы зямлі. Тады зацвітаюць фарбы, іскрыцца кроў, захлынаецца сэрца адчуваннем жыцця, яго паўнаты, неасягласці даляў. Нават чорныя ў ночы верасы ажываюць тады і шэпчуцца, здаецца, аб нечым сваім, верасовым, задумным... Нясмела паблісквае ізумруднае лісце, сарамліва хаваючы бледную чырвань брусніц, гарачыя рубіны журавін на імшарыне прагна ўпіваюць месячны свет, празрысты, зыбкі, абманлівы.

– Харашо гэта, калі гармонь...

І здрадлівая ўсмешка цёплай далонню загладжвае твар часавога.

– Іш, чорт кульгавы... Рукі ў гармонь як уліплі...

Нават нага намагаецца даць нейкага выверту, не церпіцца ёй, не ўстоіць.

– Харашо іграе, з надрывінай... Сэрца скабіць...

А гармонь шалела. Не плаўныя гукі, а гром галасоў растрасаў ужо тоўстыя сцены барака, дрыжалі шыбкі, і па іх скатваліся, слязіліся палахлівыя кроплі дажджу, разлівалася падцёкамі напацелая макрэдзь туманаў, надыханая людскімі грудзямі вільготная і адурманьваючая цяплынь. Дрыжалі сцены, сатрасалася падлога пад разухабістым тупатам ног, вухалі галасы, ахрыплыя, расхрыстаныя, вуркаганні.

– Ану паддай жару, паддай... Пальцаў сваіх залатых не шкадуй, атаман.

Вуркаганы правілі бал. Весяліліся. Весялосцю абманлівай, кручанай, каб ад дум сваіх уцячы, ад назольнай нуды, абыдзеншчыны шэрай, апрыкралай: ні да чога не прыкладзены рукі, прастору няма, разгарнення. Пераслуханы сотні гісторый змрочнымі вечарамі, абыдзены сотні шалманаў* – у гутарках, у бяседах на нарах, бяседах бяссонных. Сотні быляў і казак: аб волі, аб шырмачах** – дамушніках, чардачніках, аб мокрых і нямокрых справах, аб славутых уцекачах, аб мастацтве дзевятага рабра, аб дзівосным выглядзе воч чалавечых, калі ім паказаць жывую смерць...

* Шалман – зладзейскі прытон.

** Шырмачы, дамушнікі, чардачнікі – розныя катэгорыі зладзеяў.

А за акном усё той жа белесавокі месяц, чорныя зазубрыны лесу пад сівым і хліпкім небам – ніяк сваёй сівізны не прамые, ветлым вокам табе не ўсміхнецца. І такі ж знаёмы штык пад акном. І старая, як шэры зляжалы лямец, ахінае сэрца нуда, ад якой ні праходу, ні ўцёку. Што ж рабіць?

– Работаць? Рукі свае залатыя верадзіць на лапаце?

– Не... Няхай яна здохне, работа тая... Не шалманшчыку ручкі мазалямі псаваць, жытку сваю трудаднямі распісваць...

– Дык іграй жа, атаман. Іграй ды наярвай.

І стараецца атаман. Плячысты, прысадзісты – недарма велічаюць Мядзведзем за вочы, – потныя космы валос прыліплі да лба, засцяць глыбокі шрам – ад віска праз усю шчаку – след старой кулі, атаманскі гонар, павага перад імі, шалманшчыкамі маладымі, бязвусымі. Прыжмураны атаманскія вочы – глядзяць не глядзяць пад густымі расніцамі. У руках валахатых гармонь – мізэрная, немудрашчая, іржавым цвіком падбітая, ніткай, дротам падшытая, хлебам лагерным пазаклееная – каб дух не ўцёк, галасы не прапалі. Пасціраліся і абцёрліся вуглы ў гармоні, ахрыплі галасы некаторыя, палінялі залочаныя мяхі, што ні дзень, новыя дзіркі ў іх. Адзін палец на бас, другі на дзірку кладзі, каб пшыку не было, вужовага шыпу. Гераізм трэба мець і вялікую спрытнасць, каб на гэтым горы аблупленым граць, не разбіць яго, не растрэсці. І грае Андрэй Андрэевіч, ходзяць ходырам рукі, з імі ў руху вясёлым, заходлівым скачуць ногі, падскакваюць, матляецца галава, матляюцца ў непрытомнасці ліпкія космы валос, і каплі поту звісаюць па нябрытых шчоках, расой ападаюць на бледную сінь злавеснага шрама. Да таго захапіўся ігрой, аж не заўважыў, як дзверы рыпнулі, людзі зайшлі, апалі, сціхлі шалёныя галасы ў бараку. І нехта вясёлы, раскатурханы крыкнуў зверху з нар:

– Эге-ге... Начальства да нас... Ану, Андрэй Андрэевіч, крутані гармоню, каб маршам сустрэць гасцей любімых...

Сапраўды любімых. Сам начальнік лагера да іх зайшоў, да іх, да адпетых шалманшчыкаў, усялагерных лодараў, прайдзісветаў. Ён ідзе паміж нар, загадкавай усмешкай расплываецца светлы твар, смяшлівыя агеньчыкі ў вачах пранайдоўных, хітрына ў іх, лукавіна й цяплынь звычайная, чалавечая.

– Як жывём, як можам, чым узрадуеце?

У адказ яму марш вясёлы, сустрэчны. Захліпнулася гармонь галасамі медзянымі – аж прытоптваў на нагу кульгавую Андрэй Андрэевіч, каб ямчэй, спрытней расцягнуць гармонь, важнецкі развесці яе хударлявыя бакі.

І раптам – як гром сярод яснага неба – канфуз вялікі: пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся, паплылі ўрачыста пад самую столь. І ні скрыпу, ні рыпу, ні гуку, ні духу. Ахнулі галасы перапалоханыя, сам Андрэй Андрэевіч аж сеў, перапуджаны:

– У Багародзіцу, у бабушку: лопнула, сцерва...

– Удрызг, дарагуша, у мэтлахі, – паддаў нехта збоку.

– Я табе пакажу ўдрызг... – вызверыўся раптам Андрэй Андрэевіч. І так жа раптам асеў.

Разарваныя створкі гармоні безнадзейна кінуў на нары.

– Перастараўся крыху... Не склеіш цяпер гэтую гніль... Ды галасы даўно анямелі каторыя...

– Анямелі? – запытаў не да ладу начальнік, каб парушыць прыкрую цішыню.

– Так, анямелі... – безуважліва кінуў Андрэй Андрэевіч і палез за махрой у кішэнь, цыгарку скручваць.

– Пастой... Папяросінай пачастую... За музыку, за спрыт, за майстэрства... Харашо гэта ты на гармоні... весяліць людзей умееш...

– Не падкачаю...

І слова за слова, гутарка ўсчалася. Загадкавая ўсмешка даўно сышла з начальніцкага твару, пасур'ёзнеў ён, нахмурыўся.

– Вось што, руршчыкі, народ развясёлы... Веселуны з вас пярвейшыя, камні ад вас заскачуць... Ды вясёласць ваша цвіце пустацветам, карысці ад яе, як ад камарынага чоху...

– А што? – варухнулася з верхніх нар.

– А тое... Людзі горы варочаюць, а вы? Нары абіваць, пузы грэць... Думаеце вальготныя пузы разбэхваць на рабочым карку, сялянскім? Дармаедамі думаеце век капцець...

– Эге, куды паехаў.

– Гэткую ж нуду развёў...

– Кінь трапацца, таварыш начальнік... Больна вучаныя, светам кручаныя... Мыста паленыя, смаленыя, у сямі вадах саліліся, салавецкаму богу маліліся... і вот табе за руб за дваццаць... пажалуйце брыцца, у канале мыцца...

– Уга-а... А я і не ведаў... Гэткая сіла марнуецца... Ды мы цябе, голуб, пярвейшым чалавекам над агітбрыгадай паставім... Людзей жа няхватка... Давай-ка фамілію сваю, браток, ды назаўтра айда ў брыгаду, частушкі будзеш складаць... Людзі будуць слухаць... Ды якія людзі... Не рураўцаў адпетых сотня, а ўсім лагерам песні твае паслухаем.

– Мне што... Загадае Андрэй Андрэевіч, буду пець... На язык я васцёр... – І ўтароплены ад пахвал філон – вяртлявы, рухавы – ушыўся за спіны другіх, каб не стрэцца вачыма з начальніцкім зрокам: цёплым, ясным і такім жа глыбокім, пранізваючым.

І толькі з-за нар, з куткоў раздаваліся адзіночныя галасы:

– Пра работу ты кінь, начальнік.

– А што?

– Работа нам не да твару. Няхай кулак працуе, яму і лапата ў рукі. У яго і здатнасць на гэта: быў чэравам земляным, чарвяком земляным і астаўся... Ды контрыкі няхай потам умыюцца. Колькі-то, гады, нашаму брату нашкодзілі...

– А вы?

– Што мы... Мы – чэсная пралетарыя...

Выбухі рогату сатраслі жоўтыя сцены барака... Зыбануліся лямпы пад столлю, разганяючы цені на нарах. Нават пануры Андрэй Андрэевіч, што сядзеў безучасны і калупаўся ў разбітай гармоні, і той не сцярпеў і, хапіўшыся за бакі, прыпадаў аж да самых нар ад разухабістага смеху і рогату. У жарты нават укінуўся:

– То ж, чорт стрыжаны, адпаліў... Пралетарыя... Чэсная... Калі б чэсць тваю ды ў канале абмыць, мора Белае пачарнее... Таму і баімся мы работы гэтай, каб мору канфуз не выйшаў...

– А мы на мора ўправу бальшавіцкую знойдзем... – на жарт адказаў жартам начальнік і ўжо ўсур'ёз: – А вы падумайце ўсё ж, мазгой пашаруйце... Часу хапае ў вас...

Развіталіся позна. І калі выйшлі з барака, прыспешыў хаду таварыш Пірын – начальнік, кідаючы на хаду скупыя словы загадчыку ўчастка, маладому і рухаваму чэкісту:

– Дык як жа будзе?

– Усё, што маглі, рабілі... І ўгаворы, і найлепшыя выхавацелі. З месца ні на кропку, упартыя, як чортавы лбы...

– Ну?

– Трэба нешта рабіць яшчэ... Завадатарам у іх Андрэй Андрэевіч, усімі канаводзіць... Ізаляваць хіба яго, адаслаць на прыёмнік, няхай на Салаўкі зноў... Дзе ты яго паправіш...

Ішлі мяккай пясчанай сцежкай па абочыне недаробленага яшчэ шлюза, і ў цішыні ночы чуваць было, як шархацяць рэдкія пясчынкі, скачваючыся па гранітных сценках канала. Таварыш Пірын маўчаў, прыслухоўваўся да гэтых пясчынак, да ціхага падзення вадзяных кропель, да ледзь чутнага цурчання непрыкметнага струменьчыка вады, які слязіўся, праслізаўся скрозь тысячагадовыя тоўшчы граніту, дыябазавыя пракаветныя залежы.

– То ж сілішча... Гэткая сіла... Камень крышыць...

Праз шчыліны недаробленых варот струменьчыкі білі фантанамі, рассыпаліся пырскамі, наганялі рабацінне на соннае вадзяное дно. Расплываліся ў ім, калыхаліся празрыстыя водсветы месяца. І звонкае цурчанне струменьчыкаў нагадвала самыя тонкія сярэбраныя галасы гармоні.

Той, рураўскай...

І калі садзіўся на катэр, каб ехаць назад, у цэнтральны лагер, на хвіліну спыніўся, падумаў, кінуў пару-другую скупых слоў:

– Ты гэта... так... Пастой... Пачакай, адным словам... Нешта мы ўсё ж прыдумаем... Пра Салаўкі пакуль што пакінь думаць...

– Пра што гэта вы?

– Ды пра твайго Андрэя Андрэевіча.


* * *

З неба райскага чалавека ўхапілі, на куцыя ножкі паставілі і сказалі: хадзі ды пахаджвай, духу лагернага набірайся.

І хадзіў, і пахаджваў.

Галава, як макавінка, – трапяткая ды гнуткая, вухам на гук нахіляецца, прыслухоўваецца. Сівыя рэдкія валосікі прылізаныя, і сярод іх ружавее лысіна – бліскучая, потная, голая як калена. І такія ж ружовыя празрыстыя вушы. Казліная бародка ў сале. Засалены рот, сівыя непракураныя вусы сыходзяць салам. Паблісквае салам пугаўка-нос. Старэчы рот прычмоквае, шамкае, пасвіствае праз рэдкія зубы, сапіць, слюнявіцца.

Чалавек да косткі прыліп, грызе, абгрызвае.

І ў вачах тады жоўтая муць, звярыныя аганькі драпежніцкія, прагавітыя.

– Ды кінь ты мусоліць, глядзець прыкра... Ну і кастаглот.

– К-к-аму кастаглот, а к-к-аму Апацей Еўдаксеевіч...

– А мне пляваць... Пацей не пацей – дураком памрэш...

Костка падае з рота, натапыраныя тонкія пальцы вісяць нерухома. Чорная яміна рота кругліцца, шырыцца...

– Ды я... Ды-ы ты...

– Ды разам з табой, – перадражняе той.

– Я-я-я не дазволю... Я-я-я першай гільдыі рыбны купец...

– Пляваць на гільдыю... І на купцоў...

– Ды я на моры, на Каспіі параходы меў...

– Паплылі параходзікі, адплылі...

– Я рыбу лавіў...

– Людзі елі...

– На мільёны рублёў адных рыбных тавараў. Ды на Волзе-рацэ.

– На Волзе-рацэ... Гэта да... Волга-матушка, Волга-рака.... Ты шы-ырокая, прашырокая... Берагоў тваіх не зліць, дна не высушыць.

І абодва змаўкаюць, спыняюць лаянку, папракаючы адзін аднаго:

– Дык чаго ж ты, гад, харахорышся...

То сыходзяцца часам старыя дружбакі – былы ўласнік параходных буфетаў і волжскіх рэстаранаў, другі – стары волжскі купец, рыбны прамысловец Апацей Еўдаксеевіч. Першы загадвае цяпер сталоўкай, у другога склад: невады, сеці, розныя іншыя прычындалы лагернай азёрнай гаспадаркі. Тут жа і капцільня для анежскіх сігоў. Кожны працуе, так сказаць, па спецыяльнасці. І ў вольныя хвіліны сыходзяцца разам, каб, перабраўшы падзеі дня, падзеі канала, узгадаць пра старое, перажытае. Успаміны кароткія, абрывістыя.

– А памятаеш, у Ніжнім, у дванаццатым; у рэстаране Заплюева акцёрку раздзелі ды гарчыцай, гарчыцай па целу па беламу... Ка-а-рціна...

– У тры тысячы ўліпла карцінка... Абмывалі віном... А ў Маскве ў шаснаццатым, як купаліся ў акварыуме... Чы-ы-жолы быў целам я, як плюхнуўся ў ваду, рыба ўся на падлогу, акварыум напал...

– Што ні гавары, баценька, шырокая была дарога нам... не раўнуючы – Волга-матушка... Ды сплыло ўсё, вадой залілося... І ты, і я па рыштанскай цяпер гільдыі ходзім.

– А скажы па совесці, Апацей Еўдаксеевіч, колькі сунуў ты астраханскаму фінаддзелу, ці багата, кажу, разарыўся на ўзяткі?

– Узяткі? Не з таго канца ты бярэшся за справу... Узятка – ноль, узяткай свет з капылоў не саб'еш, асабліва ж калі капылы бальшавіцкія... Глыбей я, голуб, глядзеў, у корань глядзеў. З'елі мяне калгасы лавецкія, гэтак жа падсадзілі, супроць іх лінію гнуў. А не выйшла... Перамаглі... На водмель сеў, прыдуха прыйшла, не раўнуючы, як на рыбу ў мароз на мелкаводдзі... Перамаглі... І хто б, сказаць, перамог... Бальшавічкі... Памятаеш, параходзішка быў у мяне буксірны. Качагарыў там адзін такі чалавечышка непуцёвы і п'яніца, голь перакатная. За чаркай на неба палез бы... А сын яго, сукін сын, начальнікам цяпер ходзіць. У нас жа тут. Ды яшчэ галава якая, адчувае, чым дыхаеш ты, за якую думку трымаешся. Пазаўчора прыходзіць, пытае:

– Ну як, Еўдаксеевіч?

– А так, – гавару.

– Копціш?

– Стараюся...

– Гэта добра, калі стараешся... Аднак сігі ў цябе ненадзейныя, зусім сігі падупалі, хужэй, чым твой былы селядзец астраханскі, копчаны. Разлязаюцца сігі, ніякай дысцыпліны ў іх.

– «Мае чалавек рацыю», – думаю. А голас у мяне дрыжыць, заікаецца голас. І перад кім, падумаць... Гэта перад Пірыным, перад сынком непуцёвага майго качагарышкі. Зусім з тропкі збіваецца голас.

– Правільна, – кажу, – ніякай у сіга совесці: ты яго і так, ты яго і гэтак капці, а ён усё разлязаецца, ад косці адстае, на шматкі распаўзаецца...

– А ты на сіга паклёпу не ўзводзь, сіг – рыба акуратная, не чапай яго совесці... На сваю паглядзі лепш, ды падумай...

– Падумаю, – кажу. – І рукі ў мяне трасуцца, і голас аслаб. І што ж ты думаеш: падналёг я на сіга, паднаціснуў – у акурат цяпер рыба прыходзіць з капцільні, хоць граф'ям на стол... Вот табе і сіг...

Еўдаксеевіч частуе дружбака сігам ад трудоў сваіх праведных. Сам косткі любіць, бараннія з жырам, з мозгам, у сталоўцы ў кашавара выпрошвае:

– З храшчыкам мне, міл-чалавек, пагрызці, пакрамзоліць...

Не крыўдуюць другія, спачуваюць старому:

– Дай костку яму, не шкадуй... Няхай пабалуецца, ліха копчанае...

Апацей Еўдаксеевіч мусоліць костку, з дружбаком сваім думкамі дзеліцца:

– Усё зразумела мне, усяго я ў жыцці дасяг... Ну я, ну ты...

– Рыштанты з табой...

– Кінь... Не тое... Не аб тым гаворка мая. Я і ты – паважаныя людзі, вялікія людзі. Канечне, да мінулых год памянуўшы. Ну што ж, аб нас бальшавікі і клопат маюць: кожнаму па прафесіі, у людзі, бачыш, вывесці хочуць... Ну інжынеры, скажам, контрыкі, былыя шкоднікі... Таксама паважаныя людзі, як і мы з табой. І аб іх правільны клопат: як-ніяк, з вялікай адукацыяй людзі, з мазгой вялікай. Сяды-тады і бальшавікам дапамагчы могуць. І дапамагаюць... Вунь канал правялі – было ж і іхняе старанне інжынерскае... Але скажы ты, міл-чалавек, навошта бальшавікам пра басоту дбаць, пра зладзюг клопаты мець, з жыганамі-бандытамі цацкацца... Розуму не дабяру... Вунь уркі на работу не ідуць, выскаляюцца, гады... Андрэй Жыган, памятаеш, на Ўрале бузу вадзіў, – верхаводзіць над імі: ні ўзад ні ўперад, сядзяць у руры і хоць бы хны, хоць бы палец каторы да работы прыклаў, дзе ты бачыў... Яшчэ над табой часам кпяць, над купецтвам тваім, над мінулым насміхаюцца горка: «Дзе пуза тваё, купец, дзе ходы твае, параходы...» І што ж ты думаеш: з упросамі да іх, з угаворамі... А каторыя на рабоце, дык ля тых, як, не раўнуючы, да святых: ударнічкі вы, брыгаднічкі... І пайкі ўдарныя ім, рэкардысцкія – ім, падарункі – ім, піражкі на канале – брыгаднічкам... Ды што казаць... Вунь сягоння начальнік наш Пірын гармонь прыслаў, на складзе ляжыць цяпер – баян, пярвейшай маркі, паўтары тысячы цалковых за баян той у Маскве плочана, спецыяльна, можна сказаць, ездзіў Пірын за гэтым струменцікам. Каму баян? Навошта баян? Лепшаму гарманісту-ўдарніку... Так і сказаў начальнік... Ты падумай, паўтары тысячы цалковых, гэта, брат, не кот наплакаў... І якому-небудзь, даруй, Божа, гаду печанаму, злодзею-прайдзісвету гэты паўтарытысячны баян дастанецца... Ці сніў, ці бачыў ты. Я яго, гада печанага, каб уладу меў, разлажыў бы каторага ды ўклеіў, ды ўсыпаў... Ведаў бы жыганскую долю. Па-а-ўтары тысячы... Сярэ-э-браныя галасы... Ляжыць на складзе ў мяне, падыходзіць баюся. Жартачкі – жывыя цалковікі на бяздзеліцу жахнулі, паўтары тысячы за гармонік...

– Та-а-к... Га-а-рмонь... А і я грэшным дзелам любіў у свой час душу пад гармонь пусціць, расцягнуць яе ўшыркі, на ўсе галасы залатыя... Дзя-я-лы... Памятаеш, пад Саратавам...

Старыя дружбакі ператрасаюць старое жыццё, і цярушыцца яно залатымі лахманамі, прагорклым пылам мінуўшчыны. Як у горле ад пылу таго, пяршыць у памяці ад успамінаў, потырч думкі ляцяць настырбучаныя. Ніяк жа да ладу гэтыя думкі старыя не месцяцца. Старое жыццё распаўзаецца, разлязаецца, ашмоткамі разлятаецца па баках. Замаўкаюць абодва. І ў кожнага думка жорсткая, шурпатая, хіба скажаш аб ёй адзін другому. Думка аб тым, што прайшло жыццё старое, у пух і прах разляцелася на каменні. На бальшавіцкім. Перамаглі. Уставілі свой закон. І ты – залачонае пуза былое – аб мазалі стаў клопат мець. І грэшная думка: калі копчаны сіг акуратным выходзіць ад рук тваіх, ад мазалёў – тады сверліць мозг неадчэпная думка: «А добра... калі са стараннасцю...»

І тады – прыходзіць – нязведанымі раней шляхамі – новая госця. Імя той госці – радасць. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы.

Хіба ж у радасці той ты сазнаешся старому дружбаку...

І маўчаць абодва, думаюць... Лічаць зоры сінія за акном. Лічаць гады адсідкі, аб будучыні мяркуюць...

Паплылі па бараку чуткі:

– Ад Пірына гармонь прывезлі...

– Баян.

– Ся-я-рэбраныя галасы...

– Каму ж да гармоні ручкі прыкласці...

І скоса пазіраюць на Андрэя Андрэевіча. Хадзіў той грозны, панурысты. З твару чалавек сышоў. І ніякіх, здаецца, чалавеку клапот: ляжы, паплёўвай ды на нарах пуза пагладжвай, каб пуп не аслаб ад жыганскай вольніцы. Дык дзе там. Ходзіць чалавек сам не ў сабе, а вокам зірне на цябе – уцякай падалей – заб'е позіркам. На чуткі, на шэпты напароўся, вуха на іх настроміў. Падазваў карманшчыка маладога, малец з гузік, а фокусы вырабляе з вывертам, па карманнай, значыцца, справе. Дасціпны быў хлопец па гэтай часці.

Падзывае сурова:

– Ану, падходзь!

У таго і душа ў пяткі: кепскія з атаманам справы.

– Ты пра што, сапля карманная, трэплешся? – і рукі валахатыя на плячо. Цяжкія рукі, аж косткі ныюць пад імі.

– Дзядзенька... Усю праўду, як на далоні... Дальбог жа, прывезлі... Чыстакроўны баян... Вот жа крыж табе і макаўкі залатыя – праўду кажу, без падману... Гармонь – во-во... мяхі во... а галасы – незлічоныя...

– Вот я табе рэбры як памну, тады палічыш... Бачыў?

– Бачыць не бачыў, людзі казалі... Зіхаціць гармонь, багацю-ю-шчая...

Яшчэ больш пачарнеў Андрэй Андрэевіч – ні да чаго не горнуцца рукі, ні да сцірак, ні да хлеба, ні да лыжкі. Дзень хадзіў, два хадзіў, на трэці нясцерп узяў. Каравульнага начальніка выклікаў.

– Вот што, таварыш начальнік, адным вобмегам я на склад: справа ў мяне там важная, дужа сур'ёзная справа...

– Якія ж там справы ў цябе асаблівыя?

– Пасля...

Пусцілі. Стралой памчаў да склада, што ў сасоннічку, над возерам. Да самага кладаўшчыка, майстра сігавага Апацея Еўдаксеевіча. Перапуду на чалавека нагнаў, аж костка ўпала ў таго на падлогу, хрупасткая костка баранняя, пад падкоўку Андрэя Андрэевіча трапіла.

– Дык праўда хіба?

– Ты пра што, чалавеча? – І задам, задам пасунуў Апацей Еўдаксеевіч да дзвярэй у куток, каб падалей ад рук валахатых.

– Пра гармонь я пытаю. Ці праўда то, што прывезлі?

– А-а... ты пра гармонь... – адлягло Еўдаксеевічава сэрца, страпянулася радасна. – Ды ўжо ж прывезлі. Ад самага Пірына даставілі, чалавеча... З Масквы баянчык прывезлі...

– Пакаж...

– Што ты, чалавеча, як жа можна... Нікому гармонь яшчэ не прыручана...

– Ану, чортава плеш, пагавары яшчэ... Даставай мне без валакіты.

Зірнуў тут Еўдаксеевіч на жыганскія вочы, ды хуценька да скрынкі. Ніяк тыя рукі на крышку не маглі патрапіць, сапеў, стараўся, сяк-так адвярнуў, баян выцягнуў. Сонца ў вокны свяціла, рассыпалася зайчыкамі па галасах, па бліскучаму лаку, па срэбных вугольніках. Ды трапіла ў вочы да Андрэя Андрэевіча, заіскрылася агеньчыкамі гарэзнымі, ліхаманкавымі.

– А і сапраўды... Баян... Баянчык на славу... – Валахатымі рукамі да ладоў дакрануўся і адчуў халадок іх празрысты, светлы, як на чыстай кашулі белыя гузікі, перламутравыя. Харашы лады... Націснуў нясмела, прайшоўся па іх, перламутравых галасах пералівістых. Як ручай вясной пад ільдзінкаю сонечнай, хрупасткай... Цурчыць ручай, цурчыць... ды пад сонечнымі пацалункамі нікне, тае ільдзінка, сцякае каплямі. І гараць яны вясёлкавымі пералівамі, свечкамі веснавымі, лядовымі.

Разышліся маршчакі на лбе, твар пацямнеў. Уздыхнуў:

– Та-а-к... Струмент стоюшчы... дарагі, дзед, струмент...

І спахмурнеў зноў, вочы ў хмары:

– Цьфу ты, дзеда знайшоў... На... Не вярэдзь душы... Ды хавай, чорт лысы, каб паганымі рукамі сваімі да яе не дакрануўся...

– А ты, чалавеча, не лайся.

– Ну, ну... Чалаве-е-ча... Язык вазьмі ў рукі, ведай, стаіш перад кім... Ён думае, што мне ўвесь той свет у гармоні... Чалаве-е-ча... Я цябе так учалавечу, што ты маму радзімую ўбачыш... Іш, контрыкаў напусцілі на нашага брата, чэрава на сігах разбэхаў, на казённых сігах, ірад...

І да самага носа збялелага Апацея Еўдаксеевіча паднёс кулак валахаты, з рудой плямаю, з якарам сінім.

– Панюхай, чым мора дыша, астраханская гніда.

Да самай сцяны ўліп Апацей Еўдаксеевіч, далей сунуцца некуды. А той ужо змякчэў ды з парога:

– Іш ты, пудлівы... Душа ў вас заходлівая, жыдкая... Дык глядзі... Ды вот што яшчэ... Каму гармоньку начальства прызначыла?

– Гарманістам, мілай... гарманістам...

– Знама, што гарманістам. Не табе, плеш купецкая...

– Гарманістам-ударнікам... ударнікам, мілай... Так што конкурс ім, ударнічкам нашым... найлепшы хто, таму і гармонь.

– Уда-а-рнікам... у Багародзіцу вашу, у бабушку... – і так ляснуў дзвярыма, забрынчалі аж шыбкі, ды сэрца ў Апацея Еўдаксеевіча, як падбітая птаха, – кулдык, кулдык, аж рукамі схапіў, каб не вырвалася.

Стаяў, прыхіліўшыся ля сцяны, у акно пазірнуў нясмела, аддыхаўся.

– Ах жа, Божа ж ты мой... чалавек... чалавечына... не раўнуючы, казня эгіпецкая... дай ты рады... звяжыся, не расчэпішся... яшчэ Бог так-сяк мілаваў ад гэтай нахабы.

І, аддыхаўшыся ад страху, ад перапуду, палажыў Апацей Еўдаксеевіч крыўду вялікую на сваё сэрца: за пражытыя дні, за чортаву плеш, за купецкую...

– Гэта ж трэба, каб кожны бандыт марнаваў тваю годнасць купецкую, велічаў бы пляшывінай...


* * *

Навалілася скруха на рур!

Павесілі насы вуркаганы: ні смеху, ні вясёлага рогату, ні шалёнага тупату ног – гэта калі «яблычка да куды коцішся»... Не да яблычка было старому вуркагану.

– Каціцеся вы да папы, да мамы, да чортавай бабушкі вы каціцеся... – загнуў, паслаў Андрэй Андрэевіч развясёлую сваю каманду: душагубаў, дамушнікаў, карманшчыкаў, шырмачэй, паўдзесятка дзяўчат, начных цвецікаў, ды ўсякага іншага брата, трыццаць пятай стаццёй прыгалубленага. – Жысць вы маю загубілі, гады ржавыя...

І як бразнецца часам на нары, ляжыць, не варушыцца, ды камусьці кулаком пагражае. Валахатым, агромністым, з рудай плямаю, з якарам сінім. Ідуць ад кулака палахлівыя цені, матляюцца на змрочных сценах, сум наводзяць на нары. Ды часам уголас:

– Уда-а-арнікі...

Багародзіцыну бабушку памінае. А калі пачне да Багародзіцы ўчашчаць, тады лепш падалей ад Андрэя Андрэевіча. Асцерагаліся. Толькі шэпты глухія ды перашэпты ля сцен, па кутках ды па нарах далёкіх. Народ кемлівы, здагадлівы.

– Відна, суджана нам на работу выходзіць...

– Як жа так, каб здавацца? У рукі бальшавікоў, цёпленькімі?

– А каму б ты здацца хацеў?

– Не ў тым рэч... Няма ў мяне васпітаніі такой, каб ручкі мае на рабоце паганіць. Я, можна сказаць, ручкамі сваімі магу любы фокус зрабіць... Ды што казаць, далікатныя ручкі ў мяне, не з імі ж мне з сівалапымі ў рад станавіцца, пальчыкам залатым калупаць граніты...

Шэсць дзён, шэсць начэй у тых шэптах: здамося ці не здамося?

Слых напружаны ў Андрэя Андрэевіча. Ловіць кожны ўздых, кожнае слова. Пра пальчыкі залатыя ўчуў, пра васпітанію, памянуў Багародзіцу. А калі дачуўся да сівалапых, узняўся, як мядзведзь, гарой зрушыўся з нар і, агромністы, цельпукаваты, загрымеў у вячэрнім змроку:

– Гэй, ты, васпітанія далікатная, станавіся прад нашы ясныя вочы... Мы пабілі граф'ёў, мы князямі платы гарадзілі і рабілі гаці з паноў... Дык выходзь жа, залатая, далікатная сволач, я пакажу табе сапраўдныя сівалапыя рукі, сівалапы кулак распацешу на тваёй далікатнай дыні... дзе ж ты, прыхвасцень панскі, асметак чужога веку... Ён не зда-а-сца бальшавікам... бальшавікі яму ворагі, чужаеду...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю