355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхась Лынькоў » Над Бугам: выбранае » Текст книги (страница 8)
Над Бугам: выбранае
  • Текст добавлен: 30 апреля 2017, 17:01

Текст книги "Над Бугам: выбранае"


Автор книги: Міхась Лынькоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 32 страниц)

Нехта сказаў пра юду.

Нехта проста сплюнуў.

А завіруха гудзела, намятала гурбы, прыкрывала снегам чорныя галавешкі пажарышча.

Людзі моўчкі разышліся па хатах, падалей ад таго месца, дзе глуха парыпваў пад шалёным ветрам апалены маланкаю дубовы сук.

1942


Кавалак хлеба

Груша расцвіла ноччу.

Яшчэ ўчора стаяла яна голая, счарнелая, з вузлаватымі сукамі, з вымерзлымі сям-там галінкамі, на якіх парэпалася, узлахмацілася кара, і з самай ранняй вясны гаманлівыя гракі працавіта расцягвалі мачалістыя валокны на свае грачыныя гнёзды. Некаторыя галінкі былі пазламаны, нібы пасечаны, – сляды мінулых баёў пад гэтым сялом.

Цяпер яе не пазнаць было, старую грушу.

Як нявеста ў падвянечнай фаце, яна стаяла ў белай кіпені кветак, радасная, святочная, у хмелевым гудзенні пчол, ярка пабліскваўшых залацістымі шклінкамі крыл у пахучай квецені вясновага ўбору. Усё навокал змянілася, упрыгожылася. Неяк утульным і ўпарадкаваным зрабіўся стары двор, з паламаным парканам, з ускудлачанай вятрамі страхою паветкі, з скасабочаным хлеўчуком, дзе мясціліся гаспадары хаты. Нават чорныя папялішчы, што былі далей, паспелі ўкрыцца бледным зяленівам маладой крапівы і не так ужо кідаліся ў вочы. І над усім гэтым было столькі глыбокага празрыстага блакіту, столькі свету і сонечнага ззяння, што обер-лейтэнант Отто Штрайх, выйшаўшы з нізкіх дзвярэй хаты, у якой ён кватараваў, аж прыжмурыў вочы. Калі асвойтаўся крыху са святлом і працёр свае акуляры, ён, зірнуўшы яшчэ раз на пышную грушу, усклікнуў упаўголаса:

– О-о!

Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці да гэтай кіпучай і нічым не спынімай сілы жыцця, якая не любіць смерці, не любіць разбурэння і так старанна загойвае, хавае ўсе сляды гвалтоўнага, прыкрага ўтаржэння ў яе магутны і неўміручы поступ. Жыццё не любіць тлену. Вось суровыя рады бярозавых крыжоў на самай ускраіне сяла ўжо страцілі свой беласнежны колер, патускнелі, амаль што захаваліся ў густых зялёных травах. Пройдзе яшчэ які час – і сатлеюць крыжы.

Гэта крышачку сумна – крыжы...

Пад імі магілы германскіх салдат.

Гэта ўжо зусім сумна – магілы...

Але светлы дзень, і ён – Отто Штрайх – стаіць жывы і бадзёры на парозе чужой хаты, варожай хаты. Тыя, што жылі ў ёй, месцяцца цяпер у гэтым брудным хлеўчуку, і праз шырокія шчыліны паміж бярвенняў сцяны бачыць Отто Штрайх некалькі пар дзіцячых воч, якія цікуюць за ім і ўраз знікаюць, калі сыходзіць ён з парога хаты. Але якая яму справа да гэтых дзяцей...

– Апарат! – гучна крыкнуў ён назад, у цёмны правал дзвярэй.

Падцягнуты дзяншчык выскачыў з сянец хаты і спрытна паднёс пану афіцэру фотаапарат. Гэта быў звычайны «контакс», неразлучны спадарожнік Отто Штрайха, былога прыказчыка аднаго з фотамагазінаў Берліна. Отто Штрайх заўзяты фотааматар. Але ўсё, што здымаў ён да вайны – чэзлыя ліпы ля магазіна, аднастайныя сямейныя групы, няхітрыя нацюрморты з піўных бутэлек і талеркі сасісак, – усё гэта проста бляднее перад тым, што зазняў ён у часе вайны. Будзе што паказаць дома пульхнай і пужлівай Анхен, старым знаёмым, усім саслужбоўцам, тым, зразумела, якія па гадах не мелі магчымасці пабыць на вайне. Хто быў там, тых нічым не здзівіш – ні руінамі гарадоў, ні палыхаючымі ў агні сёламі, ні прадсмяротнымі сударгамі людзей на шыбеніцах. «Так, мы знішчалі...» – скажа Отто Штрайх за добрым куфлем піва сярод былых дружбакоў і знаёмых. «Праз трупы і кроў пранеслі мы сцяг вялікай Германіі», – скажа ён, Отто Штрайх, былы прыказчык магазіна, а цяпер афіцэр, афіцэр арміі заваёўцаў, арміі пераможцаў...

«Та-а-к... Мы...» – праносяцца цьмяныя думкі, і яны прыемна кружаць голаў, як гэты вясновы дзень, як гэтая святочная раніца – сёння ж нядзеля, – як той бясспрэчны факт, што сёння споўнілася яму, Отто Штрайху, роўна пяцьдзесят два гады...

Ён здымае грушу рознымі планамі. Здымае асобную галінку, усю ўсыпаную белымі пялёсткамі. Гэта спецыяльна для паштоўкі любімай палавіне. Ён напіша ёй пару цёплых слоў, белыя пялёсткі няхай нагадваюць ёй колішнюю вясну... Колькі тых вёснаў прайшло... Колькі год праляцела, колькі раз гаварылі яны з любай Анхен аб уласнай дачы за горадам. Ды вось так і не выйшла, мары засталіся марамі. Добра б цяпер, каб Анхен была тут, разам з ім пад гэтым чаруючым дрэвам. Анхен так любіла кветкі, вясну, так любіла мары пра дачу...

– Стол сюды, буду снедаць пад дрэвам!

Дзяншчык вынес стол, паставіў яго пад грушай. Збегаў у хляўчук да гаспадыні, прынёс адтуль чысты абрус, гладышык малака. Отто Штрайх выпіў проста з гладыша – як гэта прыемна піць раніцою малако нашча. У гладышыку яшчэ заставалася трохі, але гладышык патрэбен быў для букета. Цэлы ахапак душыстых галінак назрываў Отто Штрайх з пахучага дрэва. Ён выліў рэшткі малака на зямлю, уставіў у гладышык кветкі і толькі тады пачаў па-сапраўднаму снедаць. Дзяншчык раз-пораз бегаў у хату, паставіў свежую бутэльку каньяку, прынёс добры кавалак свініны і ўсякай другой ежы – у кансервавых бляшанках, у папяровых пакеціках, у шкляных пасудзінках. Отто Штрайх глядзеў на стракатыя этыкеткі, і яму прыгадалася добрая старая нямецкая геаграфія, якую ён вывучаў калісьці ў школе. Праўда, тады геаграфія была ў яго ўяўленні вельмі абстрактнай. Цяпер яна стала зусім рэальнай, проста адчувальнай, і яго стол, стол са снеданнем Отто Штрайха, быў не чым іншым, як жывой ілюстрацыяй новай геаграфіі новай Эўропы...

Отто Штрайх выпіў яшчэ келіх за новую Эўропу і перад тым загадаў дзеншчыку зазняць яго з чаркай у адной руцэ, з пляшкай французскага каньяку ў другой. Ён еў марудна, доўга, дробнымі глыткамі пасмоктваў каньяк і пасалавелымі вачыма пазіраў на двор, на касабокі хлевушок, дзе раздаваліся прыглушаныя галасы дзяцей. Часам разбіраў ён знаёмае слова «хлеб» і ясна ўяўляў сабе, як гаспадыня хаты раздае сваім дзіцянятам – гэтым неахайным, мурзатым і шматлікім стварэнням – па кавалачку хлеба, часам супакойваючы таго, другога добрым шлёпанцам. Калі сказаць па-шчырасці, ён крыху ўдзячны гэтай жанчыне, сухой, хударлявай, з непрыемна абвіслымі грудзьмі. Удзячны за тое, што яна не пускае нашчадкаў сваіх на двор, калі ён, пан афіцэр, уласнай персонай сваёй вассядае за сталом пад дрэвам. Не пускае, каб не псаваць яму, пану афіцэру, добрага настрою.

Отто Штрайх абводзіць соннымі вачыма вясковую вуліцу. На ёй пуста. Толькі ў самым канцы заўважае ён высокую белую постаць чалавека. І калі той падышоў бліжэй, Отто Штрайх убачыў, што гэта стары чалавек, з сівой барадой, у белай палатнянай кашулі, у белых портках, у лапцях. Стары паволі падыходзіў пад вокны, аб нечым прасіў. Ад старога не адступала ні на крок звычайная дварняжка, з ускудлачанай поўсцю, поўнай, відаць, яшчэ мінулагодніх рэп'яў. Стары прасіў, выцягнуўшы руку, а дварняжка стаяла перад ім, косячы то адным, то другім вокам на сівую бараду дзеда, весела круціла хвастом, калі ў працягнутую руку старога трапляла цыбуліна, ці кавалак хлеба, ці печаная бульбіна.

Стары зацікавіў Отто Штрайха. Гэта ж сапраўдны патрыярх беларускіх лясоў і балот, чыстакроўны туземец. Не грэх і здымак зрабіць з яго, аддаць потым знаёмым карэспандэнтам. Тыя заўсёды надакучвалі яму са сваімі просьбамі даць што-небудзь яркае, каларытнае... Але будзе ён турбаваць сябе з-за якіх-небудзь там карэспандэнтаў!

Стары ціха пастукаў у фортку двара.

– Падайце, Хрыста радзі...

Голас быў ціхі, спакойны, да ўсяго абыякавы.

Рыпнулі вароты хлеўчука. Гаспадар хаты, пажылы селянін, выйшаў адтуль, падаў старому кавалачак хлеба. Той абыякава палажыў яго ў зрэбную торбу, збіраючыся ісці далей. Лёгкі вятрыска ўскалыхнуў ніжнія галінкі грушы, некалькі пялёсткаў закружыліся над сталом, адзін, другі ўпалі ў чарку з каньяком. Мяккім араматам патыхнула з расцвіўшага дрэва.

– Гэй, ты, пастой! – настойліва паклікаў Отто Штрайх сівога чалавека.

На голас афіцэра выскачыў з сянец дзяншчык, але начальнік махнуў яму рукой, і той падаўся назад у хату. Сівы чалавек недаверліва зірнуў на афіцэра і, зразумеўшы, што клічуць яго, спакойна пераступіў праз парожак форткі і, пачціва пакланіўшыся афіцэру, стаяў, перамінаючыся з нагі на нагу, абапіраючыся абедзвюма рукамі на тонкі арэшкавы кій. Доўгая барада прыкрывала заняпалыя грудзі, шырокія рукавы кашулі і белыя калашыны портак здаваліся пустымі, нібы нацягнутымі на доўгія кіі – да таго кашчавыя і худыя былі рукі і ногі старога. З-пад сівых брывей нахмурана пазіралі глыбока запалыя вочы, бачыўшыя, відаць, многія десяткі вёснаў і зім, даўно аддаўшыя гэтым вёснам сваю глыбокую сінь.

Афіцэр з цікавасцю пазіраў на старога і кроіў з буханкі лусту белага хлеба. З секунду падумаў і, рашуча намазаўшы маслам кавалак хлеба, урачыста кінуў яго да ног старога.

– Бяры! – загадаў ён і самазадаволена выпрастаўся за сталом, залажыўшы рукі ў кішэні.

Стары беражна падняў з зямлі кавалак хлеба, асцярожна здзьмухнуў з яго пылінкі, пясок, зняў прыстаўшыя саломінкі і тут жа сур'ёзна, як рабіў ён усё на свеце, аддаў хлеб сабаку.

Густой чырванню ўспыхнуў твар афіцэра. Ён аж прыўзняўся і, грукнуўшы кулаком па стале, гнеўна крыкнуў старому:

– Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш?

Стары зірнуў на афіцэра з-пад насупленых брывей і стрымана прамовіў:

– Выбачайце, пан афіцэр, калі я, магчыма, не так зразумеў вас... Але, бачыце, я павінен вам сказаць, што ў нашым краі і па ўсёй нашай расейскай зямлі так даюць хлеб звычайна толькі сабакам.

І, пачціва пакланіўшыся афіцэру, стары павярнуўся да форткі. Яго белая суровая постаць паволі праплыла за рэдкімі штыкецінамі паркана.

Отто Штрайх сядзеў маўклівы, надзьмуты. Чырвоныя плямы яшчэ трымаліся на яго абсівераным твары. Дзяншчык нерашуча таптаўся ля стала, прыбіраючы посуд. Недзе ўскрыкнуў і загарланіў адзінокі певень. У вачах афіцэра мільганулі злосныя іскаркі.

– Што яшчэ за навіны такія? – рэзка запытаўся ён у дзеншчыка.

– Выбачайце! – выцягнуўся ў струнку дзяншчык. – Гэта старастаў певень спявае. Стараста на пасылку яго рыхтуе вашай паважанай супрузе...

– На пасылку... На пасылку... – перадражніў Отто Штрайх дзеншчыка. – Ніколі не навучыць цябе, дурня, гаварыць як след з начальствам. Пояс, дурань, пояс! Ану, варушыся, карова!

Пачыналася доўгая, нудная муштроўка салдата.

Настрой Отто Штрайха канчаткова быў сапсуты.

А на лужку, ля рэчкі, адпачываў стары. Ён доўга размінаў вялымі дзёснамі сухую скарынку хлеба. Напіўся з бяроставай конаўкі, што ляжала схаванай у алешнікавым кусту. Палажыўшы на пярэднія лапы лахматую галаву, ляжала ў цяньку дварняжка і цікавала вачыма за спакойнымі рухамі дзеда. А калі той загаварыў, весела пачала біць хвастом па зямлі, па траве.

– Ты вось, сабачая душа, наелася нямецкага хлеба і не лыса... А мне непрыемнасці... А таго і не разумееш ты вось, што і мяне, ды і ўсіх нас, хочуць яны, праклятыя, у сабачую тваю долю ўпрэгчы. Ну, ды гэта мы яшчэ, тым часам, пабачым! Але ж час нам ісці, відаць, там і чаканкі ўсе даўно хлопцы паелі, нас з табой чакаючы...

Перайшоўшы зыбкую кладку праз рэчку, дзед пайшоў непрыкметнай сцежкай проста туды, дзе з празрыстай дымкі праступаў малады бярозавы параснік, а за ім цягнуўся бясконцай сінявой далёкі і загадкавы бор.

1943


Астап

Вясна выдалася дружнай і цёплай.

І хоць снег трымаўся яшчэ на палях, хоць па начах можна было лёгка ісці па хрупасткому падмарожанаму насту, сонца прыгравала з кожным днём усё мацней і мацней, адмакрэлі і пацямнелі лагчыны, першыя праталіны зачарнеліся на палях, прыбярэжныя лазнякі страцілі сваю зімовую празрыстасць і, здаецца, адразу пагусцелі, набраклі пяшчотнымі пералівамі фарбаў: шызых, ліловых.

Надзвычайна ўрачыстымі здаваліся дрэвы ў густым бары, паскідаўшыя снегавыя шапкі і зімовую панурасць. Кожнае дрэва стаяла ў круглай лунцы-праталіне, нібы дыхала дрэва і подыхам сваім прадыхала снег аж да самай зямлі, да леташняй пабурэлай травы і ігліцы. Сям-там па нізкіх мясцінах чуліся днём ледзь улоўныя пералівы нябачных яшчэ ручаінак. Днём разлівалася вада па балоце, за ноч падмярзала, і ранішняе сонца з такой страсцю ўглядалася ў гэтыя лядовыя люстры, што яны пачыналі падтайваць, дыміцца лёгкай празрыстай парай, якая паступова пераходзіла ў цёплы, густы туман. Востра пахла тады гаркавай лазой і талым снегам.

У адну з такіх вясновых раніц партызаны-разведчыкі прабіраліся балотам праз лес. Узмакрэлыя коні асцярожна пераступалі кутымі капытамі па адталаму льду, стрыглі вушамі, прыслухоўваючыся да шорхату леташніх чаратоў, шолаху вербалозаў, да журчання вады, якая часам фантанам вырывалася з-пад капыта. Пярэдні конь раптам захроп, нерашуча затупаў на месцы, яўна намагаючыся падацца назад. Коннік занукаў на яго, але, не дабіўшыся ніякага выніку, лёгка саскочыў на лёд.

– Айда, хлопцы, відаць, нешта ёсць там, праверце...

Група спешылася, і некалькі чалавек падаліся наперад, асцярожна прабіраючыся па крохкаму льду-верхаводцы. У густым лазняку яны заўважылі шэрую постаць чалавека. Ён ляжаў паміж абталых карчоў, ухапіўшыся рукой за жорсткую грыўку купіны. Крысо парыжэлага, у падпалінах, шыняля і ногі ў стоптаных скуратах напалову ўмерзлі ў снег, у лёд, у якім мігцеліся пад сонцам не то кроплі крыві, не то ўмёрзлыя журавіны.

Пад шынялём была старая палапленая ватоўка. Шэрыя злямчаныя камякі ваты павыбіваліся з-пад лапікаў, а на самых грудзях тырчала драўляная рукаяць нажа, відаць, паляўнічага, мяркуючы па разьбе на ёй. Твар чалавека ўглядаўся ў неба, але не бачыў яго, бо ў ямінах заняпалых вачэй плавалі адталыя лядышкі. Поплеч пад купінай ляжала ўмёрзлая шапка-вушанка, такая ж старая, падраная, як і ўсё адзенне гэтага чалавека...

Людзі знялі шапкі, моўчкі згрудзіліся навакол. Яны не ўпершыню бачылі трупы, жахлівыя сляды звярыных злачынстваў, але ж гэтая смерць была крыху незвычайнай па сваёй сірочай самоце: у яе ж і сведкаў не было, і толькі бачылі яе гэтыя шэрыя купіны, ніцыя лазнякі ды панурае зімовае неба. Чалавек загінуў, відаць, яшчэ зімой і за гэты час паспеў так умерзці ў лёд.

– Лютую смерць прыняў чалавек... – уздыхнуў адзін.

– І хто б то мог быць? Наш брат, партызан? Няшчасны ўцякач з палону? Бядняга-заложнік?

– Хто б там ён і ні быў, але трэба даць прытулак яму... Па ўсяму ж відаць – наш чалавек...

Людзі завінуліся навакол, шукаючы жардзіны ці якой хварасціны са сцяжарні, каб змайстраваць насілкі і вынесці нябожчыка ў больш зручнае месца на пахаванне. І тут заўважылі яны другога мерцвяка. Ля нізкарослай хвойкі на ўзгорку ляжаў стары, сівая рэдкая барада яго змерзлася ў лядыш і як бы зраслася з вузлаватым каранём хвоі. Старога не прыкмецілі адразу, бо апранены ён быў у белы кажушок, а навакол было яшчэ багата нерасталага снегу. Кажушок быў увесь пасечаны кулямі, сям-там успораты штыкамі ці нажамі. На месцы скроні зіяла чорная праломіна ці то ад удару вінтоўкай, ці так ад чаго.

І тут адзін з партызан, які пільна ўглядаўся ў пачарнелы твар нябожчыка, з жахам ускрыкнуў:

– Божа ж мой, гэта дзядзька Астап, мой родны дзядзька, ляснік з Беразянкі...

І тут успомнілі ўсе дзеда Астапа, прыгадалі чуткі аб ім, як пайшоў ён у лес з людзьмі ў пачатку самае зімы, калі браліся маразы... Пайшоў і знік з таго часу. І людзі тыя былі няведамыя... І людзей тых з таго часу не бачылі.

У другія гады адразу б знайшлі чалавека. Але не тыя гады цяпер. Багата гіне людзей. Багата знікае без весткі, без чуткі. Жыў чалавек – і нямашака, і ніякага знаку аб ім, ніякага следу... Страшныя гады пайшлі па зямлі...


* * *

У той дзень людзі толькі што пазбіраліся раніцой з лясоў, дзе яны хаваліся ад нямецкіх карнікаў. Некаторыя не знайшлі сваіх хат. На іх месцы датлявалі цёплыя яшчэ папялішчы. Не знайшоў сваёй хаты і дзед Астап. Не знайшоў і нявесткі і двух маленькіх унукаў. Людзі сказалі яму, што яны згарэлі ў хаце, што іх загубілі немцы.

Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша. Снег паспеў запарушыць яе галлё, і яна здалася дзеду колішняй вясновай грушай, у пахучай квецені, у пчолім гудзе, які нагадвае чымсьці чалавечую радасць... Але гэта здалося яму, здалося на якую секунду. Дужы і моцны яшчэ чалавек, ён неяк адразу аслаб і, прытуліўшыся да абгарэлага дрэва, прыплюшчыў вочы, бяссільна нахіліў галаву. Прад яго зрокам узнікалі прыгожымі зданямі светлавалосыя галовы, дзіцячыя ўсмешкі, сінія вочы. Яны так лагодна ўглядаліся на яго. Унукі ўзбіраліся на калені, церабілі яго за бараду, лашчыліся, прасілі:

– Раскажы, дзеду, страшную казку!

– Не, не буду расказваць вам страшную казку... – і ён чамусьці ўздыхаў. Але, адразу спахапіўшыся, тут жа радаваў іх: – Я раскажу вам лепш вясёлую...

І ён расказваў пра хітрага вожыка, мудрага дзятла. Расказваў пра залатога чмяля і яго дзівосныя палацы ў лахматай купіне. І голас дзедаў гуў, як чмяліны гуд, засыпалі ўнукі і праз сон пыталіся:

– А скажы нам, дзеду, дзе татка цяпер?..

– Далёка татка, не відно яго за вайной... Вы вось засынайце, і хто хутчэй засне, той татку сасніць...

Ён пераносіў іх, сонных, на ложак, сам распранаў, і нявестка заўсёды саступала яму ў гэтай справе. Як жа, яго гадунцы, як ласкава называў ён унукаў.

...Паснулі ўнукі. Не ўбачыць ім ужо ні таткі, ні дзеда, ні зялёнай грушы... А тыя, хто зрабіў гэты дзікі глум, пайшлі жывыя, ходзяць жывыя... І дзеці іх... таксама жывыя...

Думка скаланула яго, працвярозіла. Ён бачыў папялішча. Марозны вецер раздзьмухваў попел: сям-там слаба тлелі маленькія вугальчыкі. Сыпаў жорсткі снег, сіпелі пад ім галавешкі, абвалакваліся танюткімі струменямі пары. Дзед Астап страпянуўся. Моцны мароз даваў сябе адчуваць, зусім скалелі ногі. Ледзь разгінаючы іх, сутулячыся, ён пайшоў удоўж вуліцы, бязмэтна заходзіў у хаты, моўчкі сядзеў, моўчкі выходзіў. Яго не суцяшалі. Было так багата гора ў людзей і такое вялікае гора ў яго, што лепш было даць чалавеку выхадзіць яго, выдыхаць яго на самоце, развеяць яго па дарогах і сцежках. І ён хадзіў і ўсё думаў адну сваю думу: як знайсці меру святой чалавечай помсце.

...Апоўдні да вёскі падышла група людзей. Было нават дзіўна, як дабраліся яны ў гэтую замець. У некаторых былі забінтаваныя галовы – ці то параненыя, ці то вушы абмарожаныя былі ў людзей. Адзенне на ўсіх было наўздзіў абшарпанае, заношанае, лахман на лахмане. Некаторыя накульгвалі. Твары былі худыя, пасцягнутыя. Яны хадзілі пад вокнамі, стукалі ў шыбы, і пярэдні, што быў з падвязанай рукой, жаласна дапытваўся:

– Братцы, адгукніцеся, калі ў хаце жывая душа...

У некаторых з іх былі вінтоўкі, аўтаматы. З-за вёскі падыходзілі яшчэ групы такіх жа кульгавых, абшарпаных.

Сёй-той выйшаў з хаты. Пачала збірацца грамада людзей. Чалавек з перавязанай рукой усё пытаўся:

– Братцы, а ў вас немцаў часам нямашака?

Яму ніхто не адказаў. Негаваркія былі людзі ў гэты дзень. Маўклівымі позіркамі паказалі на халадзеючыя папялішчы, нехта скупа дадаў:

– Былі... Сляпы і той убачыць іх след...

– Ах, Божа ж наш, Божа... – жаласна заенчыў чалавек з перавязанай рукой. – Не дай жа Гасподзь трапіць у іхнія лапы... А мы вось, – і ён паказаў здаровай рукой на сваю групу і панізіў голас, – толькі што ўцяклі з Пярэжырскага лагера... Варту перабілі і ўцяклі...

Твары ў вяскоўцаў пасвятлелі. Усе ведалі пра Пярэжырскі лагер, ведалі пра яго страшную славу. Чалавечая цяплынь з'явілася на тварах у жанчын, растапіла халадок на вуснах.

– Дык чаго ж вы стаіцё на марозе? Заходзьце ў хаты ды абагрэйцеся... Ды, можа ж... ды што я кажу, даруйце мне... ды трэба ж і пад'есці вам, дужа вас кармілі гэтыя... каб яны па зямлі не хадзілі...

І некалькі галасоў змяшалася разам:

– Сапраўды ж заходзьце...

– Падзелімся ж тым часам...

– Чым багаты, тым і рады...

– Гэткая маразіна, а яны калеюць на вуліцы...

Але чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай:

– Не, не, не... Братцы, родныя... Любыя вы мае... Каб маглі, век бы з вамі жыць... Не можам, даражэнькія, ні на хвіліну спыніцца... Насцігнуць нас праклятыя – гора нам будзе, ды і вас яны не памілуюць... Спяшаемся мы да партызан, вось дзе наша дарога... А як на тое ліха, не ведаем мы гэтай дарогі, заблудзілі вось, збіліся. Здарожыліся зусім... Вось і наважыліся ў вас запытацца: свае ўсё ж людзі, дапамогуць, выведуць...

Людзі з хат насупіліся адразу. Ды некалькі чалавек у адзін голас:

– Не... не ведаем мы партызан... І дарогі да іх не ведаем...

І некаторыя з іх сталі адыходзіць ад грамады, ціха разыходзіцца па хатах.

Тады чалавек з перавязанай рукой кінуў вобземлю шапку-вушанку і, прыкрыўшы далонню твар, затрымцеў, як у ліхаманцы, і не гаварыў, а выкрыкваў наўзрыд:

– Душагубы вы, а не людзі... Даруйце мне, родныя мае, за маё крыўднае слова... Нібы ім вунь, няшчасным, паміраць цяпер... Ад праклятых уцяклі, а праз сваіх загінем... Загінем, да душы загінем...

І ён калаціўся як асінавы ліст, і сіні рубец на яго галаве цьмяна адсвечваў на марозным паветры. Чалавек плакаў, хаваючы слёзы свае ад людскіх воч.

Сярод жанчын пачуліся ўсхліпы. Некаторыя ўсхвалявана падштурхвалі адна другую лакцямі. Сёй-той з мужчын нязручна крактануў і адвярнуўся. Дзед Астап глядзеў на ўсіх безуважлівым позіркам, скрануўся з месца і, нібы думаючы аб нечым сваім, абыякава прагаварыў:

– Не прападаць жа ўрэшце людзям... Я правяду... Ведаю.

Наставіўшы каўнер кажушка, ён пайшоў уперадзе групы людзей. Да іх далучылася яшчэ багата чалавек, якія чакалі за вёскай. Вяскоўцы разыходзіліся па хатах. Адны абураліся дзедам: ліха ж ведае, што то за людзі, калі ніводнага знаёмага... Другія маўкліва далучаліся да ўчынку Астапа: добра гэта, калі чалавека з бяды выбавіць...

А падарожныя людзі ўсё аддаляліся і аддаляліся ад вёскі і хутка зусім зніклі за снежнай пеляной завеі.


* * *

Доўгія сумёты ляглі ўпоперак дарогі, і людзі стараліся патрапіць след у след, каб лішне не ісці цаліной. Суха шархацела маразявае голле прыдарожных бяроз, парыпвалі хвоі. Вецер шалёна налятаў на дрэвы, нібы намагаючыся паваліць іх з разгону, шкуматаў іх вяршыні, дзіка завываў у голлі і кідаў у падарожных цэлыя гурбы снегу.

– Ну і надвор'е! – вымавіў чалавек з перавязанай рукой, папраўляючы каўнер шыняля. – Няйначай дзе чэрці вяселле спраўляюць...

Ён аказаўся гаманкім і вясёлым чалавекам. Нягледзячы на непагоду і недалужную руку сваю, ён сыпаў пытаннямі, усё дапытваўся, ці хутка канец дарозе, як там у партызан...

– Ды неяк жа прыйдзем, а там пабачыце самі... – неахвотна адказваў дзед Астап, часцей за ўсё адрабляючыся няхітрымі адказамі: не, не ведаю... самі пабачыце...

А чалавек усё сыпаў пытаннямі: а колькі там партызан, ды як яны там, разам ці па групах, ды ці добра яны ваююць, а ці ёсць у іх хаця добрая зброя?..

– Добрая зброя? – абярнуўся Астап і скоса пазірнуў на чалавека. – Не лічыў я, але ж на немцаў хопіць... А ці добра ваююць, то ты запытайся, чалавеча, у немцаў, яны ж гэта ведаюць... А калі не яны, дык іхнія спіны... Але ж і язык у цябе, даруй мне, як тая мянташка... Ды што мянташка! Не раўнуючы, як памяло ў старой бабы, аж пыл курыць з-пад яго...

Чалавек з перавязанай рукой кісла ўсміхнуўся.

– Ды я ж на радасцях, родны, з сваім жа чалавекам як не пагаварыць...

– Язык прастудзіш – вось і ўся твая радасць будзе...

І дзед Астап замоўк. Замоўк і чалавек з перавязанай рукой. Яны ішлі лесам. І хоць тут было зацішней, але снегу наваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, сыпучы. Людзі ледзь выцягвалі ногі, правальваючыся па пояс. Прайшлі, відаць, кіламетраў з дзесяць, пятнаццаць. Некаторыя аж узапрэлі, параспускалі шынялі, другія нават скінулі іх, неслі ў руках. І дзіўная рэч: ніхто з гэтых людзей больш не накульгваў, пазнікалі бінты, якіх дужа багата было панаверчана на некаторых. Пад дзіравымі, абшарпанымі шынялямі аказаліся дабротныя кажушкі ці звычайныя мундзіры. Гэтыя мундзіры былі чамусьці нямецкімі.

Дзед Астап скоса прыглядаўся да бліжэйшых з іх. Скрозь завыванне завірухі да яго даносіліся паасобныя словы, і ён не разумеў іх: людзі гаварылі па-нямецку. Раней яны не ўсе мелі зброю, цяпер кожны чамусьці ішоў з вінтоўкай ці з аўтаматам. Прыкмеціў ён нават некалькі кулямётаў, якія неслі пазадзе.

Хоць гэта востра занепакоіла яго, але ён меў усё той жа спакойны выгляд і ішоў не спяшаючыся, лёгка перастаўляючы бярозавы кіёк-папірашку. Яшчэ на сярэдзіне дарогі адчуў ён няладнае. Ён ішоў, і мянялася дарога, а ён і не ведаў нават добра, колькі прыйдзецца яшчэ прайсці з імі, калі прыйдзе канец гэтаму падарожжу. Падкошваліся ногі ад стомы, сударгавы кашаль забіваў яму грудзі, усё часцей чапіўся з адным і тым жа запытаннем чалавек з перавязанай рукой:

– Ды ці хутка мы дапаўзём, урэшце, чорт бы браў гэтую праклятую дарогу?..

– А ты не спяшайся... Ту-у-ды... заўсёды дапнём... – І дзед Астап цяжка прадзіраўся праз сумёты, праз густыя лесавыя зараслі.

Неўзабаве яны выбавіліся на шырокае балота. Дробныя хвойкі, куп'ё, лазнякі ды чараты, чараты, як акінуць вокам. Насоўвалася ноч. Ісці стала вальней. Завея павыдзьмула снег да самага льду, да прамёрзлай зямлі. Але сіберны вецер валіў з ног, пранізваў да касцей сваім лютым подыхам. Людзі прыпынілі чалавека з перавязанай рукой і дзеда Астапа, аб нечым пыталіся ў таго чалавека, пыталіся па-свойму, па-нямецку. Адзін, відаць, з нейкага начальства, строга дапытваўся ў чалавека і нешта паказваў на Астапа. Тыя, што згрудзіліся, цёрлі вушы, пабялелыя шчокі, спрытна падскаквалі, каб сагрэцца як на гэтай сібернай выдзьме. Дзед Астап зорыў вокам за імі з-пад заснежаных брывей, і ледзь прыкметная ўсмешка схавалася за марозным інеем вусоў. Чалавек з перавязанай рукой звярнуўся да яго:

– Яны пытаюцца...

– Хто – яны?

– Ну, нашы... пытаюцца, ці не заблудзіўся ты?..

– Скажы: не...

– Яны яшчэ пытаюцца, ці няма дзе месца заначаваць...

– Няма...

– І ці доўга ісці?

Астап задумаўся на хвіліну, адказаў:

– Скажы: нядоўга... Яшчэ з паўгадзіны, не болей...

Чалавек з перавязанай рукой глядзеў на яго халодным, пранозлівым позіркам. На яго пабялелым твары перакатваліся жалвакі, і ўвесь ён стаў нейкім вострым:

– Ты-ы... не брэшаш мне часам, чорт стары?

– Што ты, душа ласкавая... Навошта ж мне брахаць... Калі не вераць, няхай самі ідуць... Вялікі то мне інтарэс гібець тут з вамі... Так і скажы гэтым самым... вашым...

– Ты мне дурнем не прыкідвайся... Глядзі ў мяне!.. – ужо зусім сурова выціснуў з сябе чалавек і грозна замахаў кулакамі перад самым дзедавым носам. Куды падзелася і перавязка, адляцела і перавязь, на якой вісела недалужная рука. – Скуру здзяру, калі што, вось гэтымі самымі рукамі... Глядзі...

– Што ж мне глядзець? Не люстра ты, бачу... Але ж хутка і рана твая загаілася, чалавеча...

Той маўчаў. Ішлі далей. Пачынала цямнець. Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся каленкі ад доўгай дарогі. Ён звярнуўся да чалавека з загоенай рукой:

– Слухай ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу.

– Ну...

– Ты ж наскі чалавек, вядома? Гаворыш вось па-расейску. Нашых крывей чалавек?

– А табе што?

– Ды мне нічога... А проста я спытаць цябе хачу: чаму гэта ты схуднеў так? Ці гэта ад харчу? Відаць, заслабы ён у цябе... твой харч... Ці мала плацяць гэтыя... вашы?..

– Ты што вярзеш? – цягнуўся да Астапавай барады чалавек і тросся, як у ліхаманцы, бледны, утрапёны.

– А ты не трапыхайся... Не твая барада – не твой клопат... Я хачу з табой спакойна пагаварыць. Мне ж цікава... Колькі чалавек крыві выпівае, а ўсё худнее... З чаго б тое? Дык скажы ты мне, ласкавы чалавек, пачым плацяць табе ад душы? Ад старэчай, дзіцячай? Ці за ўсіх бярэш разам?..

Чалавек цягнуўся да горла старога, але Астап, які дужаў мядзведзяў у маладыя гады, лёгка адпіхнуў яго, прытрымліваючы за руку, і ўсё папракаў:

– Вось не хочаш ты гаварыць са мной, адказваць... Жыцця ты майго хочаш, крыві маёй прагнеш, блыха сабачая! Заслаб ты для гэтага, заслаб. З натугі лопнеш, а мяне табе не ўзяць... Падохнеш ты сабакам, і яны падохнуць, падохнуць, голуб, не дзе дзенуцца... Ты падушыў з імі ўнукаў маіх... дзетак маіх... Але ж сыны мае б'юць вас, пляменнікі б'юць, народ вас б'е... Душу маю абмануў ты, залез у яе са словам жаласлівым... Ну, ну, ну... не крычы-ы... ты ў мяне... не выслізайся вужакай... Нікуды не ўцячэш, і яны табе ўжо не дапамогуць... А я ж не дапушчу цябе да смерці чалавечай... Госпадзі, благаславі!

Паляўнічы нож, які заўсёды насіў з сабой стары ляснік, спрытна слізгануўся ў руках Астапа, і «ласкавая душа» завалілася, храпучы, на купіны, дзе дзьмула, завывала шалёная пазёмка.

Дзед Астап ступіў колькі крокаў да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе ў сірочай самоце, і тут яго акружылі, наваліліся, як зграя галодных ваўкоў. Ён памёр ціха, маўкліва, прыняўшы смерць, як урачыста споўнены доўг свой перад людзьмі.

Завея дзьмула ўсю ноч, увесь дзень і пазамяла да вясны ўсе сляды на балоце. І доўга яшчэ вясной ды і летам знаходзілі партызаны трупы людзей у парваных шынялях, у лахманах, пад якімі былі дабротныя мундзіры, а на іх часам і афіцэрскія пагоны. Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў не страляў. Яны перамерзлі самі ў тую завейную ноч, калі разбрыліся па балоту, па лесе, шукаючы выйсця з марознай магілы...


* * *

Калі вывозілі цела дзеда Астапа, хлопцы хацелі прывезці і труп чалавека з нажом, але адзін з іх пазнаў у гэтым чалавеку начальніка акруговай паліцыі... Яшчэ раней былі чуткі, што гэты душагуб і кат знік бясследна, але ніхто не мог дакладна сказаць, пры якіх абставінах і дзе адбылася такая падзея.

Па нажу партызаны пазналі, хто дапамог ім пазбавіцца ад гэтага вылюдка.

Рэшткі душагуба пакінулі на балоце.


* * *

Стаяў пагожы вясновы дзень, калі хавалі дзеда Астапа. Сонца ўгравала вяршыні стромкіх соснаў, прыгравала ўзгоркі, палянкі, і чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Труна нябожчыка стаяла на высокім памосце, упрыгожаным яловымі лапкамі. Дзед ляжаў маўклівы, суровы, углядаўся тварам у празрыстую вышыню, дзе, здавалася, вось-вось запяюць першыя жаўранкі, светлыя госці вясны.

Навокал стаялі, паздымаўшы шапкі, людзі. Усхліпвалі жанчыны. Затуманіліся, зажурыліся дзяўчаты з дзеразовымі вянкамі на руках. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула.

Развітацца з дзедам прыехаў камандзір атрада. Каржакаваты, прысадзісты – гнуліся ступенькі пад ім, калі падымаўся ён на памост, – камандзір падышоў да дзедавай труны, сумна паківаў галавой:

– Рана, Астап, ты выбраўся ў дальнюю дарогу... Рана... Ды нічога ўжо не зробіш... Слаўна ты жыў... Слаўна памёр за людзей нашых...

Адгрымеў развітальны салют з вінтовак.

Дзеда пахавалі на ўзбярэжжы пад вялікай разгалістай хвояй.

Адсюль відаць шырокі разліў ракі, бязмежныя лугі і палі на тым беразе. Неабсяжныя бары сцерагуць вечны спакой чалавека. А калі вышэй узнімаецца сонца на небе, расцвітаюць навакол лесавыя краскі і першая з іх – дзівосны сон баравы. Калі адцвітае яна – пяшчотна-сіняя сцюдзёная краска, – тады жыццё адкрывае ўсе вокны, усе дзверы ў лясах, зелянеюць лугі, выкідваецца клейкі ліст на бярозе, першыя травінкі, былінкі прашываюцца праз леташні ліст, і ў зялёнай цвецені вясны пачынае запяваць сваю спрадвечную песню дзівосная птаха зязюля.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю