Текст книги "Над Бугам: выбранае"
Автор книги: Міхась Лынькоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 32 страниц)
Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі, з невялікімі акенцамі, узятымі ў жалезныя краты. У акенцы відаць былі ногі часавога. Другі часавы быў ля дзвярэй, ад якіх вяла ў склеп невялічкая лесвіца. Гэты часавы хадзіў узад і ўперад ля дзвярэй і раз-пораз гучна пакрыкваў, каб не размаўлялі між сабой, каб сядзелі ціха, маўкліва. Было тут каля трыццаці чалавек. Было некалькі батракоў, адзін каваль, а рэшта сяляне. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі, ці будзе калі збаўленне ад пана, ад немца, ці хутка прыйдзецца паміраць. Спрабавалі спытаць аб тым часавога:
– Што-та будзе з намі?
Часавы трохі разумеў словы. Ён зразумеў запытанне. Усадзіўшы з размаху штык у зямлю, ён сказаў:
– Вось што будзе з вамі...
Такі быў адказ. Ад гэтага жэсту ў многіх забегалі мурашкі па целу і стала цяжка дыхаць. Каб пазбыцца невясёлых дум, стараліся заснуць, масціліся на цаглянай падлозе, на старых бочках, паскіданых у склепе. Мала гаварылі, бо ўсё ўжо было перагаворана паміж сабой і кожны знаў галоўную ўмову – не гаварыць немцам нічога, не выдаваць нікога. Толькі адзін з сялян, з прычасанай у клінок барадой, у чыстым, новым кажушку, усё божкаўся ды войкаў у кутку:
– Ах, Божа мой, Божа... ах, Божа мой, Божа...
Адзін з маладзейшых раздражнёна сказаў яму:
– Ды кінь ты Бога трывожыць... Пражыў век свой сабакам, памры хоць па-людску.
Чалавек змаўкаў на хвіліну, потым зноў пачынаў сваё:
– Ах, Божа мой, Божа...
А часам, забыўшыся і не зварочваючыся ні да каго, шаптаў сабе ўголас:
– Я ўсё раскажу... усё... усё... І хто што ў пана браў. І хто да бальшавікоў быў блізка. І хто бальшавіцкім духам жыве.
Тады акружылі яго ціха і, наставіўшы кулакі да носа, папярэдзілі грозна:
– Замоўч, божая гніда... Толькі рот паспрабуй раскрыць, не ўбачыш болей ты свету. І памятай, калі выдасі хоць аднаго чалавека, не жылец ты на гэтым свеце. Не гэтымі, дык другімі рукамі задушым, з агнём-полымем пусцім усе твае паганыя здабыткі.
Чалавек змаўкаў, бялеў і тросся ўвесь, як у ліхаманцы.
Гэта быў трапіўшы сюды па непаразуменню царкоўны стараста суседняга сяла. Ён баяўся за сваё жыццё, баяўся немцаў, каб не трапіць у немінучую бяду. Але яшчэ болей баяўся ён сваіх сялян. Ён добра ведаў, што яны не кідаюць сваіх слоў на вецер, што ўсіх іх не заб'юць, што заўсёды знойдуцца людзі, якія здолеюць жорстка расправіцца з ім. І ён тросся, баяўся, як смоўж, уцінаў галаву ў плечы, маліўся Богу.
Вельмі ненавідзеў гэтага чалавека Міколка, гатоў быў сваімі рукамі задушыць яго, каб змоўк гэты паганы слізкі рот, які памінае ўсё Бога, Багародзіцу.
Як жа! Багародзіца! Благадатная!
У склепе прасядзелі да самага вечара. Увесь дзень сядзелі галодныя, толькі далі ім па кубку халоднай салдацкай кавы, горкай, нясмачнай. Дзед аж плюнуў.
– І гэта ежа, называецца...
Вечарам зайшоў афіцэр і пачаў выводзіць па аднаму, па два са склепа. Неўзабаве павялі і дзеда з Міколкам. Іх доўга вялі па розных калідорах, закутках, урэшце прывялі ў вялікі, прыгожа абстаўлены пакой. Тут было некалькі салдат, афіцэр. За сталом сядзелі памешчык і надзьмуты палкоўнік.
– Абшукаць! – быў кароткі загад.
Міколку і дзеда старанна абшукалі. З кішэняў вынялі з пару печаных бульбін, урачыста паклалі іх на паперы, на стол. З-за пазухі дзеда дасталі невялічкі пакунак, скручаны з розных анучак. Абодвух падвялі да палкоўніка. Паказалі палкоўніку знойдзеную пры вобыску бульбу. Той паглядзеў, пачаў смяяцца з памешчыкам.
– І гэта, называецца, людзі! Апора бальшавікоў... Варвары, дзікуны. Харчуюцца, як жывёла, як першабытныя людзі. І яны яшчэ, бачыце, хочуць свабоду. Ім хочацца, бачыце, улады... Яны хочуць быць уладарамі зямлі, уладарамі фабрык, заводаў, вялікай чалавечай культуры. Дык я ж пакажу ім культуру, сапраўдную нямецкую культуру, культуру імператарскай Германіі.
І, павярнуўшыся да афіцэра і павысіўшы голас, ён грымнуў:
– На два гады ў канцэнтрацыйныя лагеры, як удзельнікаў беспарадкаў...
– Дазвольце далажыць вам, гаспадзін палкоўнік, што гэтыя людзі, – тут афіцэр паказаў на Міколку і на дзеда, – аказалі нам у лесе супраціўленне.
– Тры гады турмы... – кінуў палкоўнік.
– Дазвольце далажыць вам, гаспадзін палкоўнік, што салдат яго імператарскага вялічаства...
– На катаргу! – усё больш свірэпым рабіўся палкоўнік.
Афіцэр, які ўсё дакладваў і раз-пораз хадзіў да століка, дзе была пакладзена Міколкава бульба і дзедаў скрутак, раптам спрытна падскочыў да палкоўніцкага стала і стаў як укопаны:
– Асмелюся далажыць, што ў гэтых людзей знойдзены яшчэ пры вобыску баявыя патроны...
Памешчык аж падскочыў на крэсле, ці то ад страху, ці то ад нечаканасці. Паволі падымаўся палкоўнік, і вочы яго наліваліся крывёй, увесь ён надзьмуўся неяк, ашчацініўся, нібы ўспеніўся твар, набрыняў хваравітаю чырванню. Палкоўнік адразу страціў увесь свой важны выгляд, сваю вытрыманасць. Ён бегаў навокал стала, падбягаў да дзеда з Міколкам, трос кулакамі, адскокваў раптам назад, нібы не Міколка стаяў перад ім, а ўзброены да зубоў чалавек. Міколка разумеў, што трапілі яны з дзедам у бяду, ды яшчэ вялікую. А праз каго? Відаць, трохі і праз дзеда... Гэта ж трэба, зброю схаваў, а пра патроны забыўся. Але некалі было крыўдаваць, дый цяжка было крыўдаваць на дзеда. Як-ніяк, ён жа вельмі стары чалавек, дзе яму ўсё прыпомніць.
А палкоўнік усё бегаў.
Надакучыла гэта Міколку. Дый цяжка было стаяць увесь час на змораных нагах. І, не чакаючы асаблівага запрашэння, Міколка важна ўсеўся ў крэсла ля стала, ды яшчэ дзеда запрасіў:
– Сядай, дзед, яны ж могуць і пастаяць, не вялікай жа працы людзі...
Дзед разгублена паглядзеў на ўнука, але потым рашуча сеў, махнуўшы рукой:
– Нам цяпер усё роўна! Абы адпачыць...
Аж аслупянелі тут усе. У памешчыка выпала папяроса з зубоў. Вырачанымі вачыма пазіраў на памешчыка палкоўнік. Стаялі афіцэры, выцягнуўшыся ў струнку, чакалі начальніцкага загаду. Замерлі салдаты ля дзвярэй. У пакоі была мёртвая цішыня. Чуваць было толькі, як гудзе каля лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. І села. Проста на начальніцкі нос села. Муха вывела палкоўніка з аслупянення. Ён махнуў раздражнёна рукой, падскочыў да дзеда, грымнуў на ўвесь пакой:
– Устаць перада мной, нягоднік!
Дзед адмахнуўся ад яго, як ад назойлівай мухі.
Аж зайшоўся тут ад крыку палкоўнік:
– Забіць! Павесіць! Расстраляць!..
Усе захадзілі і замітусіліся. Нібы трывога ўзнялася над старым панскім палацам. Ляпалі дзверы, брынчалі шпоры, чуліся загады, распараджэнні. Палкоўнік сядзеў на канапе і выціраў спацелы лоб. Цяжка дыхаў памешчык, засопся аж, ці ад страху то, ці ад вялікай злосці. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. Павялі з пакоя ўсё тымі ж доўгімі змрочнымі калідорамі. Павялі ў склеп.
Хутка апынуліся ў тым жа самым склепе, дзе сядзелі і раней.
Толькі цяпер тут было меней народу. Усяго чалавек дзесяць. Усе яны ўжо ведалі Міколку, сустрэлі яго ветлым словам:
– Не табе б, хлапчына, хадзіць сюды... Адсюль дарога толькі адна...
Яны не хацелі дагаворваць, не хацелі, каб залішне сумаваў Міколка, каб не думаў ён аб тым, аб чым не варта думаць у такія дзіцячыя гады. І мо таму, што сярод іх быў такі малы хлапчук, яны стараліся сябе трымаць весела. Пелі песні, расказвалі яму смешныя байкі. І калі даведаліся, што дзед Астап стары мікалаеўскі салдат, прасілі яго расказаць пра турэцкую вайну. Але тут умяшаўся Міколка:
– Дужа старыя байкі ў дзеда, што іх расказваць... Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька, колькі-то дзён, як няма яго. І дзе ён – невядома.
– І я не ведаю, унуча... Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны...
– Што сны... – махнуў рукой Міколка.
Як ні стараліся ўсе развесяліць Міколку, гэта не ўдавалася. Якая весялосць у такім месцы. Хутка ўсе паляглі спаць на падлозе. Але не спалася. Чуліся галасы наверсе. Зрэдку даляталі гукі музыкі. То іграў у пана палкавы нямецкі аркестр. Пан спраўляў перамогу над сялянамі, над бальшавікамі. Шчодра частаваў сваіх збаўцаў – нямецкіх афіцэраў. Адтуль даляталі гукі танцаў, чулася брынчанне шпор, вясёлыя галасы. У склепе было цёмна. Скрозь невялічкае акенца, скрозь краты відаць быў кавалачак цёмнага неба. На ім пераміргваліся махнатыя зоры. Крычала нейкая птушка ў садзе. Здалёк, з-за саду, даносіўся дзіцячы плач, і нечая маці ціха спявала: «Ба-а-ю, бай... а-а-а... ай...» Відаць, батрачка калыхала недзе свайго малога.
Прынік Міколка гарачым ілбом да жалеза крат і глядзеў, глядзеў. Нібы ўпершыню ён бачыў і гэтае неба, і такія ж махнатыя зоры, і ў ціхім шолаху лісця цёмныя купіны ліп. Нібы дрыжалі гэтыя дрэвы пад густым месячным святлом, і так выразна відаць былі зубчыкі лісця на цёмным небе, што хацелася дацягнуцца да іх рукой, дакрануцца да іх, прылашчыцца гарачай шчакой. Дакрануўся рукою да крат. Халодныя яны, моцныя. Рыпнуў пясок за акенцам, мільганулі ногі часавога. Раздаўся злосны воклік і стук вінтоўкі:
– Назад!
Лязо штыка прасунулася ў акенца, пагрозліва бразнуўшы аб краты. Міколка адхінуўся ўбок і, трымаючыся за сцяну, ціха падаўся да дзеда. Прылёг ля яго. Дзед ляжаў у глыбокай задуме, маўчаў. Не вытрымаў тут Міколка, аж затрымцеў увесь, сцяўся ў камочак.
– Страшна мне, дзеду...
– А ты не бойся... Чаго баяцца, унуча! Усё будзе добра. Усё будзе слаўна. Прыйдзе час – не будзе ні паноў, ні царскага войска нямецкага. Будуць толькі рабочыя ды сяляне, ды такія вось, як ты, бальшавіковы сыны... і зямля будзе наша... і паравозы нашы... і яны будуць бегаць куды шпарчэй, бо яны будуць нашы. Сонца будзе свяціць куды гарачэй, і яно будзе нашым... і неба наша... Усё, усё наша!
– То добра, дзеду, але ж нас з табой не будзе. Вунь на ганку стаяць кулямёты, яны ж нарыхтаваны на нас.
– А ты плюнь на іх, на гэтыя кулямёты... дужа страшныя яны хіба?
Змаўкае Міколка. Але чуе дзед, як уздрыгваюць Міколкавы плечы. Плача Міколка і стараецца захаваць свой плач, сцяўшы зубы, уткнуўшыся тварам у дзедава плячо. Упору і самому дзеду заплакаць, але трымаецца ён, гладзіць унукавы плечы, на вуха яму шэпча:
– Ну чаго ты, дурненькі мой... А яшчэ казаў, што храбры, храбрэй дзеда.
Захліпаецца плачам Міколка, гаворыць скрозь слёзы:
– Не ад страху я, дзеду... Мне бацьку шкада. Мне паравозаў нашых шкада. Хто-та ездзіць цяпер на іх. Немцы ж гэтыя... Як жа ж... У іх жа царскія арлы. Ды з імі Бог яшчэ гэты. На кожным поясе напісана.
– А ты, унуча, яшчэ раз плюнь і на арлоў, і на Бога. І арлам галовы скруцім. А дасць Бог, і Богу шыю звернем... Было то клопатаў, каб аб іх думаць... А дзеду ты вер! Кладзіся вось і спі... Усё, браце, будзе наша! Толькі выспацца цяпер нам трэба з табой. Ну, кладзіся!
Ціха ў склепе. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Прашуршыць часам спужаная мыш у саломе.
А на дварэ парыпвае пясок пад цяжкімі ботамі часавога. Паблісквае штык пад месяцам, цьмяна льсніцца цёмная каска. Застыглі на ганку палаца чорныя кулямёты, ды дрэмлюць салдаты ля іх.
Ціха шалясцяць на вятрыску пахучыя ліпы, скідаючы на жвір, на траву цяжкія кроплі расы.
Спіць Міколка.
Нібы спіць і не спіць. Ён едзе на вялікім-вялікім паравозе. Ля акенца бацька сядзіць. Снапы гарачых іскраў ляцяць з трубы і нізка пасцілаюцца над дрэвамі, над кустамі, над бязмежнымі прасцягамі палёў. Ляцяць рэйкі насустрач і нібы пасцілаюцца пад магутныя колы, нібы праглынаюцца паравозам... А ён усё шпарчэй і шпарчэй, ціха кружыцца галава ў Міколкі, развяваюцца валасы ад страшэннага ходу, ад імклівага ветру. Пара шыпіць, аж гудзе, і ляскочуць сталёвыя колы.
...Тах-тах-тах... тах-тах-тах...
Зірнуў Міколка ўперад, і валасы ў яго дыбам – проста на іх ляціць, набліжаецца семафор. Вялікі, чырвоны. Як кроў, гарыць яго зыркае вока. А паравоз усё шпарчэй і шпарчэй, аж заходзіцца сэрца, дыхаць цяжка. Збіраецца з сілай Міколка, намагаецца крыкнуць. Але цяжка перамагчы страшэнны бег паравоза, гэты грукат сталі, жалеза, гэтае гудзенне шалёных вятроў. Яшчэ секунда і, перамагаючы страх, крыкнуў Міколка:
– Бацька, стой! Стой, стой, семафор вунь чырвоны...
Крыкнуў і прахапіўся, вочы адкрыў. Разам з ім прачнуўся дзед, прачнуліся ўсе, што спалі з ім разам. Спачатку нічога не маглі ўцяміць. У склепе было відна, але святло было нейкае дзіўнае. Маленькае акенца ўзіралася ў іх распаленым чырвоным вокам...
– Пажар! – схамянуліся ўсе і кінуліся да акна.
Нечаканае вызваленне
Кавалак неба, які відзён быў праз акенца, цяпер здаваўся жывым. Нібы трапятаў ён, калыхаючыся ў чырвоных пералівах. Чырвань то набракала крывёю, то рабілася цьмянай, то раптам успыхвала на ўсю шырыню залацістымі водбліскамі. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. І здавалася, плавіцца неба, робіцца вадкім, празрыстым. Вось-вось успыхне яно і ападзе на зямлю мільёнамі іскраў і ззяючага вугалля. Нібы аграмадная птушка ўзмахвала агнявым крылом, і яно білася, трапятала, параненае, цяжка прыпадала да зямлі, рассыпаючы па небу залатыя пер'і.
Глуха шумелі цяпер барвовыя кроны ліп. То ўзняўся вецер і грозна гудзеў у садзе, па сценах палаца, па даху. Чамусьці не відаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку.
– Пажар! – крыкнулі людзі. – Але дзе гэта гарыць? Няйначай, пачалося з панскіх гумнаў, адтуль ляцяць іскры.
І толькі сказалі гэта, як страшэнны выбух адкінуў іх ад акна. Бліснула асляпляючым полымем, і, уздрыгануўшы, глуха загудзелі сцены склепа. Пасыпаўся тынк са сцен, са столі. Чутна была бязладная тупатня ног наверсе, чыесьці крыкі, і зусім недалёчка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Потым раптам нібы ўсё змоўкла на хвіліну, і злавесная цішыня павісла над домам, над садам.
Міколка зірнуў у акно. І першае, што ён убачыў, гэта нямецкую каску. Яна ляжала ля самага акенца, уткнуўшыся казырком у пясок. Ля ганка, на каменні ў нязручных позах раскінулася некалькі чалавек, ляжаў абернуты кулямёт, цьмяна паблісквала стужка з патронамі. Людзі ляжалі нерухома.
– Дык вось яно што! – ускрыкнулі разам усе людзі ў склепе. – Пажар-то відаць не просты, наш пажар, партызанскі...
Раптам раздаліся з грукатам дзверы на ганку, і цэлая група людзей з'явілася там. Яны выходзілі з панскага палаца. Уперадзе ішоў звязаны палкоўнік, разам з ім клыпалі некалькі афіцэраў, трымаючы рукі ўгору. Іх канваіравалі каля дваццаці чалавек з вінтоўкамі, з драбавікамі. У аднаго Міколка заўважыў звычайную сякеру. Палкоўніка і афіцэраў павялі кудысьці за вугал, у цёмную ліпавую алею.
Тут жа, ля ганка, стаяла група абяззброеных нямецкіх салдат. Яны стаялі без канвою, аб нечым гаварылі, спрачаліся. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя вясёлыя выкрыкі.
Дзесьці ў садзе грымнула некалькі стрэлаў.
Салдаты замоўклі на хвіліну, некаторыя махнулі рукой.
І тут толькі зразумелі людзі, якія сядзелі ў склепе, што яны вольныя цяпер, што наканаваная смерць прайшла міма іх, стараной. І, абняўшы радасна адзін аднаго, расцалаваўшы малога Міколку, яны пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. На стук прыбеглі некалькі нямецкіх салдат. Яны зірнулі ў акенца і кінуліся кудысьці за дом. Хутка цэлая група людзей паказалася адтуль. Бразнулі засовы дзвярэй, і палоннікі склепа адзін за адным выйшлі на вольны прастор. Развіднела ўжо. Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам. Але ясней сонца ўзнялося пад самае неба гучнае і радаснае «ўра».
І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Ён кінуўся на шыю матросу, які, відаць, камандаваў усімі людзьмі.
– Ого! Які ж ты яшчэ маленькі, а так ужо немцаў укрыўдзіў, што яны табе смерць рыхтавалі... – усміхнуўся матрос і, падхапіўшы Міколку, падняў яго высока-высока, пад самыя шаты нерухомых ліп.
Нічога не адказаў Міколка, увесь захлынуты радасцю збавення, радасцю перамогі. І толькі ўгледзеўшыся ў матроса, ён крыкнуў дзеду:
– Дзед, а гэта ж той чалавек, што пад хвояй стаяў і якога ты ад расстрэлу выбавіў.
І што тут было, хіба апішаш! Дзед абняўся з матросам. Яны кінулі вобземлю шапкі і разы тры пацалаваліся, моцна абняўшыся. Аж войкнуў дзед, да таго моцна сціснуў яго ў абдымках Сёмка-матрос. І бачыў нават Міколка, як заплакаў дзед і – які ж ён хітры! – неўпрыкметку выцер слязу кончыкам барады. Не сцярпеў тут Міколка, папракнуў дзеда:
– А здаецца ж, не малы ты ўжо, дзед, і трэба ж так...
– То ж гэта не сляза, унуча, гэта радасць... – сканфузіўся дзед.
Ну, што ты зробіш тут з гэтым дзедам!
Сёмка-матрос запытаў іх, адкуль яны, што за людзі і якія прычыны прымусілі дзеда сме�а заступіцца за яго, Сёмкава, жыццё. І калі ўсе даведаліся, што дзед Астап – бацька памочніка машыніста Андрэя, а Міколка – сын Андрэеў, агульнай радасці не было канца-краю.
– Гэта ж мой найлепшы прыяцель, твой бацька! – гаварыў ён Міколку. – Твой жа бацька самы смелы бальшавік! Мы з ім, ды з другімі рабочымі, ды з нашымі вось партызанамі добра правучым паноў... будуць ведаць, як вёскі грабіць, бальшавікоў ды беднату выдаваць немцам на расправу... А прыйдзе час, возьмемся як след і за немцаў!
Панскі палац пачаў ужо гарэць з аднаго канца. Вострыя языкі полымя вырываліся з верхніх акон, узнімаліся чорныя клубы дыму.
– Важнецкі гарыць. Усё пайшло пылам-дымам... Мала было яму ўсё, гаду... Ад хцівасці на нашыя вёскі пайшоў, праз яго пагарэлі. Немцаў наслаў. Няхай жа гарыць, выгарае, каб і кораня панскага не засталося...
І тут хапіўся матрос:
– А гэтага самага тлустага д'ябла, самога пана мы яшчэ не злавілі.
– Схаваўся, гад, недзе...
– Выкурым, нідзе дзенецца!
І тут заўважыў Міколка, як з верхняй веранды скочыла на зямлю нешта белае, грузнае. Ён як дуж кінуўся ўслед. За ім пабег дзед. Белае, грузнае кінулася ў зараснікі бэзу, акацый. Вось яны наганяюць ужо, толькі лыткі ўцекача мільгаюць у роснай траве, а спыніцца каб, дык не. Гэта быў пан. Ён выскачыў у адной сарочцы і цяпер пабег, засопшыся, наважыўшыся праскочыць сад і даць лататы да лесу.
– Стой, пузан, а то выстралю! – крыкнуў на бягу дзед і размахваў карабінкай, якою надарыў яго Сёмка-матрос.
Пан сігануў праз шчыкет, але, учапіўшыся сарочкай за шчыкеціну, павіс на ёй, агаліўшы валасатыя ногі.
– Бач ты, сцёгны якія паразгадаваў, па тры пуды, няйначай...
Але раптам зрабіўся сур'ёзны і адступіў на крок. Узяўшы важна пад казырок, скамандаваў дзед:
– Злазьце з плота, ваша сіяцельства, нязручна так, няйначай!
Але дзе тут злезці пану. Павісла сіяцельства ўсур'ёз. Падбеглі сяляне і не зусім, каб сказаць, далікатна знялі яго з нязвыклага крэсла. Як крануўся зямлі пан, так і кінуўся ў ногі сялянам. Цалаваў зямлю, слюнявіў сялянскія лапці, маліўся, прасіўся, усімі багамі кляўся, што не ён вінаваты ў расстрэлах, а немцы.
– Хто табе веры дасць, ірад? Але што з ім рабіць, з сіяцельствам гэтым? Не варта кулю псаваць на жабу такую... – раіўся Сёмка-матрос і загадаў: – Пасадзіць яго ў сажалку, няхай прахалоджваецца пасля такой гарачкі... А то ў ванне яшчэ сёння, мусіць, не было яго сіяцельства.
І сядзеў пан у сажалцы, паварухнуцца баяўся.
А партызаны тым часам не драмалі. Выганялі жывёлу з панскіх хлявоў, выводзілі коней, выгружалі свірны. Прыгадзіліся панскія каламажкі, на іх зручна прымайстравалі адабраныя ў немцаў кулямёты, палажылі вінтоўкі. На адной з каламажак прымасціўся ля кулямёта Міколка. Дзед Астап усеўся на нямецкага стаенніка і быў цяпер падобны на сапраўднага ваяку-кавалерыста. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькі шаблі. Але Сёмка-матрос дастаў аднекуль і шаблю і надарыў ёю дзеда. Міколку ж ён даў маленькі штык ад нямецкай карабінкі. Штык быў падобны на кінжал, і ім вельмі ганарыўся Міколка, павесіўшы яго збоку на папружку. Так зрабіўся Міколка кулямётчыкам, а дзед Астап – кавалерыстам. Праўда, у кавалерыі дзеду Астапу хутка не спадабалася, і ён перайшоў неўзабаве ў пяхоту. Але аб гэтым пасля.
Калі дагараў ужо ніжні паверх панскага палаца, атрад Сёмкі-матроса рушыў з двара. Уперадзе ехаў Сёмка на добрым вараным кані, якога ўзялі ў пана. За ім ехалі некалькі хлопцаў, узброеных шаблямі, карабінамі і гранатамі. Услед рушылі тры каламажкі з кулямётамі.
Ужо развіднела.
Збляднела зарава пажару, толькі дым пасцілаўся яшчэ чорнай смугой над дарогай, над лесам. Атрад прыбавіў кроку. Коні рванулі ўперад і панеслі наўскач, пераганяючы адзін аднаго. Затарахцелі каламажкі, падскакваючы на выбоінах ды на карэннях лясной дарогі.
– Ану яшчэ, яшчэ паддай! – грымнуў Сёмка-матрос.
Як лёгкія птушкі, узняліся коні, распушыўшы хвасты і грывы. Толькі срэбрам мільгалі падковы капыт ды клубы пылу ўзнімаліся ўслед, плылі за атрадам ружовым воблакам.
– Паддай, паддай! – не змаўкаў камандзір.
І нібы беглі насустрач дрэвы, кусты. Нібы кідаў хто пад ногі коням лесавую дарогу. Шалёным віхрам несліся кулямётныя каламажкі, нібы плылі над дарогай, не адчуваючы ўжо ні пнёў, ні камення. Біў вецер насустрач, захлынаў дыханне, намагаўся шапкі сарваць. Але што той вецер!
– Гармонік давай! – крыкнуў нехта.
Захліпнуўся спачатку гармонік, прачышчаючы свае медныя галасы. І потым пайшоў, разышоўся, узляцеў гарачымі галасамі вышэй стромкіх хвоек, пракаціўся звонамі-перазвонамі, і дух захапіла, калі пайшлі ў ход пералівістыя пераборы. Ды бумкалі басы, як цяжкія стрэлы гармат: бум, бум, бум...
А з гармонікам песня ўзляцела. Усім атрадам яе падхапілі. І песня, і людзі, і агнявыя пад сонцам грывы коней – усё ляцела бурай-віхурай уперад ды ўперад.
І толькі іскры мільгалі з падковаў капытоў ды гудзелі дрэвы, захлёствалі твары вятры. Воблака пылу пасцілалася ўслед, узнімаючы віхурай апаўшае лісце, прыгінаючы да зямлі шумлівыя верасы і зялёную папараць.
А песня ляцела.
Не дагнаць яе, не перагнаць...
Рукой ворага яе не злавіць.








