355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхась Лынькоў » Над Бугам: выбранае » Текст книги (страница 6)
Над Бугам: выбранае
  • Текст добавлен: 30 апреля 2017, 17:01

Текст книги "Над Бугам: выбранае"


Автор книги: Міхась Лынькоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 32 страниц)

– Лялька... – голасна ўздыхнула Ядвіська і паставіла садовае вядро на пясок. Вядро бразнула. Дзяўчынка азірнулася і, убачыўшы Ядвісю, спалохана глядзела на яе.

– Мо хачаш кветку, дык я табе сарву... – І Ядвіська падыходзіла да дзяўчынкі, несучы ў працягнутай руцэ бялютка-залацісты нарцыс.

Дзяўчынка насупіла бровы, адставіла ручкі назад і заплакала. Раптам яна ўпала на дол і пасінела, біла ножкамі па зямлі, заходзячыся немым крыкам. Ядвіська кінулася да дзіцяці, каб падняць яго. Ужо беглі па сходах ганка напалоханыя людзі, нечага крычалі, нечага вохкалі. Нехта крычаў: «Па доктара!», нехта стрымана-злосна гаварыў аб няньках, лайдачках, якіх трэба караць цяжкай карай. Аднекуль выскачыў пан Зыгмунт і так ірвануў за косы Ядвіську, што аж пацямнела ўваччу ў яе, балюча закалола ў вушах. Ён пацягнуў яе за кусты акацый і, хапаючыся, біў кастлявым кулаком у грудзі, у светлы твар Ядвіські, жорсткімі пальцамі сціскаў, як жалезам, яе плечы.

– Заб'ю, быдлячая кроў!.. – і пырскаў аж слінай з-пад зжаўцелых ускудлачаных вусоў.

Жоўтыя, агнявыя кругі пайшлі прад вачамі дзяўчынкі. Ёй здавалася, нібы ляціць яна куды ўніз, глыбока-глыбока. І ўсё робіцца цямней і цямней. А калі адкрыла адно вока – другое прыпухла зусім, – яна ўбачыла садоўніка Антося. У Антося быў збялелы твар. Доўгімі рукамі сваімі ён сціскаў пана Зыгмунта за горла. Той падаўся назад, аж прысеў, уткнуўшыся спіной у куст, і асядаў усё ніжэй і ніжэй. Дужа страшныя былі ў яго вочы, аж відны былі жоўтыя бялкі, ды сінявай чырванню зайшоўся ўвесь Зыгмунтаў твар. Кропелькі крыві былі на Антосевых руках, няйначай падрапаў іх аб акацыю.

– Звер... гадзіна... – глуха шаптаў Антось, прыгінаючы пана Зыгмунта да зямлі.

Нешта незразумелае сіпеў Зыгмунтаў голас.

Раптам Антось выпусціў пана Зыгмунта і нешта стаяў, маўклівы, узрушаны. Пан Зыгмунт нязграбна падскочыў і хуценька атрасаў з памятага пінжака кустовае смецце, хапаючыся, папраўляў парваны гальштук, нагнуўшыся, змахнуў пыл з рудых халявак.

– Што тут робіцца ў вас? – пачула Ядвіся чужы, незнаёмы голас, спакойны такі, стрыманы. Але ў стрыманасці той адчуваўся вялікі гнеў. І ён прарваўся, калі чалавек не пачуў хуткага адказу.

– Я вас пытаю? – калюча, звонка пранеслася ў яе над вухам.

Ядвіся, перамагаючы боль у плячы, прыўзнялася на руках, села. Поплеч стаяў чалавек у вайсковай форме. Зіхацелі гузікі на ім, бліскучыя бразголкі на шнурах. А якія вочы былі ў чалавека! Былі шэрыя яны і такія халодныя, што Ядвіська, як не было ёй горача ў грудзях, зябка пацяла плячмі.

– Я толькі заступіўся, яснавяльможны пане, за гэтае дзіцянё... Яно бяспомачнае зусім... Зачым жа так люта біць... – спакойна, стараючыся не выказаць сваёй усхваляванасці, праказаў пан Антось.

– І вы робіце святую справу, пане Антось... Але вы ўжо забыліся, відаць, што я дараваў вам калісьці за вашага сына. Я шанаваў вашы залатыя рукі... Але мой супакой даражэй мне, чымся вашы рукі. І вы забываецеся, дзе вы знаходзіцеся, пане Антось... І таму... Вы падшукаеце сёння новага садоўніка... – звярнуўся малады граф ужо да пана Зыгмунта.

Той нізка нахіліўся, паспеўшы насліненым пальцам змахнуць пылок з наска свайго бота.

– І потым, каб ні разу ў маім садзе не бегалі гэтыя пудзілы... Гэта зарубіце сабе на носе, пане Зыгмунт!

– Слухаю, яснавяльможны пане! – у тры абаранкі скруціўся пан Зыгмунт, вужом зірнуў з-пад рукі на Антося і кінуўся прымаць садовае вядро, каб не замінала хадзе яснавяльможных ног пана графа.

Малады граф пайшоў у пакой, каб даведацца аб здароўі сваёй дачкі, якую так напалохала гэтая грубая вясковая дзяўчына.


* * *

З таго часу прыставілі Ядвіську да цялят. Ледзь золак уставала яна і гнала свой статак у поле. І аж да позняе восені хадзіла яна за панскімі цялятамі, спявала ім нейкія свае песні, пляла сабе вянкі з палявых рамонкаў, з лугавых кураслепаў і ўпрыгожвала імі свае русыя косы. Зусім было мала людзей у полі, ніхто не клікаў яе едзькай-недаедзькай, ніхто не даваў у полі кухталя ў плечы, не агрызаўся на яе з бруднай лаянкай. Дужа любіла яна тое месца пад дубам, дзеда Януся дубам. На самай макаўцы было буслава гняздо, і заўсёды чуваць, як клякочуць маладыя бусляняты, як падлятае цыбаты бусел, гучна махае крыламі, калі садзіцца на край гнязда. А колькі рознай дробнай птахі віецца ля буслава гнязда, цэлы дзень не змаўкае іх гаманлівы вэрхал, вясёлая летаніна. То з саломінай, то з доўгім конскім воласам, то з цяжкім чарвяком ляціць гэта неўгамонная птаха. Усядзецца адпачыць на белым камені дзедавай магілы і натужна ўспырхвае са сваёй ношкай, цяжка трапеча крыллем, узнімаючыся ўгору да дубовай вяршыні. Восенню тут багата жалудоў. Цэлы прыпол набярэ іх Ядвіся і гуляе сама з сабой у каменьчыкі. Потым прынясе іх дамоў, да цёткі Зосі. З жалудоў рабілі жалудовую каву, і цётка Зося частавала гэтай кавай панскіх батракоў ды знаёмых людзей.

Прытульнае месца пад дзедавым дубам, ці, як пачалі зваць яго, Ядвісіным дубам, вечна тут яна са сваімі цялятамі.

Пад дубам добра і ў дождж, добра і ў жаркі дзень. Палягуць цяляты ў цяньку, вакол дуба, аблізваюць свае халодныя пысы і – смешныя-смешныя – жвачку жуюць, нібыта яны ўжо вялікія.

Часам прыйдзе сюды пан Антось. Худы, танклявы, з празрыстым, жаўтлявым тварам; ён сядзіць маўкліва і час, і другі, усё пазірае на трапяткое марыва, на сінявую смугу над лесам, над полем. Сядзіць, перацірае ў пальцах якую кветку, часам запытае Ядвісю:

– Ну, як жа твае справы?

– А добра, – усміхнецца дзяўчынка.

– Ты б хаця вот дзедаву магілу прыглядзела б.

– А я гляджу.

І сапраўды, прыгожа на дзедавай магіле. Бледныя бяссмертнікі на ёй, жоўты пясочак, тонкі вянок з чырвоных купалак.

Часам нечая рука руйнавала магілку, раскідвала дзёран, таптала вянкі. Ціха плакала тады Ядвіська, не ведаючы, што ж ёй рабіць. Але, як заўсёды, прыходзіў пан Антось, і яны разам папраўлялі магілу, носячы з блізкіх кустоў зялёны дзёран, свежага пяску ад ракі. Часам прыходзілі пад дуб да пана Антося зусім незнаёмыя ёй людзі. Яны нешта глядзелі на яе, нешта казалі аб ёй пану Антосю. Пан Антось усміхаўся і гаварыў:

– То пры ёй можна, яна свая...

Канечне, яна свая, колькі-то разоў заступаўся за яе пан Антось. І яны аб многім чым гаварылі, толькі Ядвіська нічога не разумела ў тых гутарках, ды і што цікавага, калі гавораць між сабою дарослыя людзі – аб хлебе, аб працы, аб чорных днях! Часам прыходзілі сюды і знаёмыя людзі з панскага двара: рабочыя з пільні, з панскага бровара. Яны ўсміхаліся Ядвісьцы, як старыя знаёмыя, і ўсё казалі:

– А ты ж расцеш, Ядвіська. Глядзі, якая вялікая!

І Ядвіська чырванела ад тых слоў і глядзела на сваю рваную спаднічку, якая і сапраўды за лета нібы ўкарацела крыху.

Усё часцей і часцей збіраліся людзі пад дубам. І калі сабралася аднаго разу аж некалькі чалавек, то адбыліся ў той дзень зусім ужо цікавыя падзеі. Проста з захаду сонца праляцела некалькі вялізных птушак. Яны праляцелі аж над самым дубам. Тады дрыжала ўся зямля, упала некалькі галінак з буслава гнязда, і ў вялікім страху разбегліся Ядвіськіны цяляты, нарабіўшы ёй багата клопату. І калі яна кінулася да іх, каб сабраць на месца, то набралася сама вялікага страху. Над самай станцыяй – а яна відаць адсюль як на далоні – узвіліся высока ў неба чорныя клубы дыму з агнём, і нешта страшнае, грымотнае страсянула зямлю і неба, аж асыпаліся адуванчыкі на мяжы, куды ўпала ад страху Ядвіська. А вялікія птушкі ляцелі ўжо назад, яны ляцелі зноў над дубам, і Ядвіська дужа баялася, каб не зачапілі яны буслава гнязда, – дзе ж то будзе тады начаваць ён? Людзі ж пад дубам былі дужа сур'ёзныя, але ж яе, Ядвіську, яны запыталі жартаўліва:

– Ну што, спужалася? Бачыла птушак?

– То ж самалёты, – адказала Ядвіська.

– Так, самалёты...

У графскім двары людзі хадзілі ўзрушаныя, сабіраліся купкамі, спрачаліся, перашэптваліся. Пан Зыгмунт сілком ганяў людзей у касцёл, каб паслухалі святога слова. Ён хадзіў спачатку козырам, да неймавернага бляску нацёр свае рудыя халяўкі, нафабрыў вусы, і яны стаялі каляныя, закручастыя, не раўнуючы, як рогі бугая з панскага статка. Ён задзіраўся з кожным, кідаўся біцца, да крыві збіў старога вартаўніка саду, намерыўся быў нават на цётку Зосю пайсці з кулакамі, усім пагражаў турмой і самымі страшнымі карамі. Але праходзілі дні, і разам з імі праходзіў ваяўнічы настрой пана Зыгмунта. Абвісалі і кудзеліліся вусы, нязграбнымі рабіліся рудыя халяўкі. А аднаго вечара ён вярнуўся да кухні цёткі Зосі ледзь жывым. Адзін толькі гальштук вісеў на шыі ды матляліся абрыўкі камізэлькі, парваныя рукавы пінжака. Людзі, што сабраліся ў кухні, не зварочваючы ніякай увагі на пана Зыгмунта, весела гаварылі пра апошнія навіны – выгодаўцы збілі на мэтлух пана Зыгмунта. А яшчэ большыя навіны – нібыта будзе з усходу войска чырвонае, нібы людзі казалі, што за колькі станцый чуваць, як грымяць на ўсходзе чырвоныя гарматы. Пан Зыгмунт слухаў гэтыя гутаркі, маўчаў, як сцяна, і ўсё выскубваў рудыя валасіны на сваёй шчацэ, відаць, ад злосці скуб іх.

Тады графскія парабкі пашкадавалі яго, жартаўліва параілі:

– Ты б, яснавяльможны пане Зыгмунт, схадзіў бы ў цырульню ды пагаліўся б крыху, за рудой барадой не відаць румянцу ў пана, зачым пану ўласнай рукой псаваць панскае цела...

Як ашпараны варам, падскочыў ён на палатках, узняўся, і, матляючы жылаватымі кулакамі, ён так закрычаў, што аж перапужалася была Ядвіська, якая забралася на печ, каб не замінаць залішне людзям.

– Павешаем, павешаем!.. – крычаў пан Зыгмунт. – Усіх вас на адну асіну... Даўно ведаў я, што прадалі вы Пана Бога і ясную Польшчу, граеце ў дудку бальшавікову... Будзе заўтра войска наша, будзе вам смерць, будзе турма, пазнаеце, што то ёсць за маці Польшча! Бунтаўшчыкі!

Спакойна падышоў да яго стары каваль Андрэй, паважна пасадзіў прамоўцу.

– Цыц, пане Зыгмунт, цыц! Лепш выпі халоднай вады ды паеш капусты з грохам. Зачым так хвалявацца пану, хваляваць такое кволае сэрца, якое так любіць людзей, што не шкадуе для іх нават панскай асіны?..

Ён паднёс пану Зыгмунту конаўку халоднай вады.

Адной рукой клаў на зямлю Андрэй стаенных панскіх жарабкоў. З вялікім страхам пазіраў на гэтую руку пан Зыгмунт. А што, як плясне гэтая рука меднай конаўкай ды па яго, пана Зыгмунта, ілбе!

Але Андрэй мірна прасіў:

– Ну пі ж, не шкадуй панскай вадзіцы!

І пан Зыгмунт пакорна піў, абмачыўшы рудыя вусы, рудую шчаціну барады. Аж ляскалі аб медную конаўку зубы пана ад страху, і ўвесь яго твар, блудлівыя вочы, зліплыя ад вады вусы нагадвалі мокрую пацучыную морду. Пан Зыгмунт тросся ад страху.

А перад самай раніцай усчалася вялікая беганіна ў садзе, у парку, каля графскага дома. Нават Ядвіся, якой боязна было адной заставацца ў хаце, накінула кажушок на плечы і прыбегла да панскага ганка. Людзей тут было, людзей! Батракі ўсе, рабочыя з пільні, нават прыбеглі людзі з Выгодаў. Тыя дык проста з косамі. На паркавай алеі, што вяла на дарогу, стаяла некалькі запрэжаных панскіх карэт. Вакол іх мітусіліся людзі. Ля параднай брамы стаялі пан Антось з ружжом, каваль Андрэй з вялізнымі жалезнымі абцугамі. Ён размахваў імі перад галоўным графскім фурманам. Той мармытаў нешта і нехаця распрагаў коні. З панскіх асветленых пакояў, апіраючыся на плячо пана Зыгмунта, выйшаў сам граф. Пан Зыгмунт нёс яго парасон і невялічкі куфэрак. Граф стаў на ганку. Быў ён бледны, узрушаны. І ніяк не мог пачаць слова, аж тросся ўвесь. Пашавеліць, пашавеліць языком – і нічога не выходзіць. Толькі і ўдалося яму праказаць:

– Вон, галганы... Пастраляю...

І не паспелі адказаць яму, пачаў хіліцца граф, і каб не падтрымаў яго пан Зыгмунт, то бразнуўся б ён пластам на каменныя сходкі ганка. Пан Зыгмунт асцярожна апусціў яго на ганак, нечага зняў шапку, потым палажыў тут жа графскі парасон і куфэрак і бачком, бачком падаўся з ганка, за дом, у густыя паркавыя алеі, падалей ад людзей. Усе падышлі да ганка. Каваль Андрэй, агледзеўшы графа, спакойна праказаў да ўсіх:

– Стары пан загадаў усім доўга жыць... Ну што ж, то і добра зрабіў, нам клопату меней...

Некаторыя знялі шапкі. Што ні гавары, усё ж нябожчык. А другія сказалі, што хоць і нябожчык, але вялікім сабакам быў у жыцці, і калі б сам не памёр, то не грэх і дапамагчы яму ў гэтай важнай справе.

Графскіх коней распрэглі. Маладую графіню з нашчадкамі адвялі назад у дом, туды ж адвялі і ўсіх графскіх нахлебнікаў. Калі адчынялі парадныя дзверы, адтуль кінуўся агромністы графскі пёс, мышасты, у плямінах. З шалёным брэхам кінуўся ён на каваля Андрэя. Той жалезнымі абцугамі як дасць яму паміж воч, толькі і вякнуў пёс панскі і грузна пакаціўся па ганкавых сходках, аж пад самыя ногі Ядвісі.

Аж ускрыкнула ад страху Ядвіська, ногі замлелі, не скрануцца ёй з месца. Але пёс ляжаў нерухома, і, прыглядзеўшыся да яго, радасная, усхваляваная Ядвіська аж запляскала ў ладкі:

– Той! Ён жа самы, што мяне пакусаў тады! І ён здох! І ён нежывы ўжо, не будзе кідацца на людзей!

Рагаталі навокал людзі. Некаторыя гаварылі, з засмучэннем пазіраючы на яе, на Ядвіську:

– А можа, ёй гэта будзе к лепшаму, што так перапужалася і цяпер... Мо на папраўку пойдзе...

Да самай раніцы не ўціхала праца ля панскага дома і ў доме. Нябожчыка графа занеслі ў адзін з пакояў, палажылі яго там на лаве на апошні адпачынак. Уносіліся панскія рэчы з карэт, рабілі ім падлік, адносілі ў пакой. Да графскіх нахлебнікаў прыставілі варту, каб не нарабілі чаго, не падпалілі б ад злосці маёнтка.

А раніцой прыйшла Чырвоная Армія. І хоць напрацаваліся за ноч людзі і не паспалі як след, але ўсе як адзін выйшлі на вуліцу, на панскі двор, каб вітаць людзей, якіх так даўно чакалі, пра якіх гаварылі раней толькі ў шэптах, ціхенька, боязна азіраючыся навокал: а ці няма поблізу якога панскага сабакі.

Пан Антось, каваль Андрэй ды і ўсе, што былі тут, цалаваліся з чырвонаармейцамі, запрашалі ў хаты да сябе, на добрыя пачастункі. Багата тут было работы цётцы Зосі. Батракі забілі вялікага панскага парсюка. Іхнія жонкі ўсе рабілі каўбасы. А цётка Зося смажыла іх, смажыла гусей, індыкоў. Завіхаючыся ля печы, яна паклікала Ядвіську і сказала ёй, каб яна скінула сваю зрэбную спаднічку. Цётка Зося дастала адну сваю святочную сукенку, сінюю такую, у чырвоныя кветкі, дала яе апрануцца Ядвісі. Сукенка была задоўгай, і цётка Зося ўкараціла падол, падшыўшы яго на жывую нітку. Цётка падшывала, а Ядвісі наказала пільнаваць каўбасы на патэльні. Але дзе ты іх угледзіш, калі такія чырвоныя кветкі ды блакітныя гарошыны на сіняй сукенцы. Аднаго чаду колькі было, аж прыбег перапужаны Андрэй, накінуўся на іх:

– Што вы робіце, вар'яты!

Але, угледзеўшы сукенку, здаўся і Андрэй, аж вус падкруціў:

– У такім разе не шкада і каўбасаў. Няхай парадуецца дзяўчынка разам з намі.

Калі прыспеў абед, тады наладзілі вялікі баль у самым большым графскім пакоі. Здаецца, увесь сад быў на вялізных сталах. То пастараўся пан Антось, з усіх клумб пазразаў найлепшых кветак, каб упрыгожыць імі сталы, і вокны, і вялізную люстру пад столлю. І яшчэ было колькі букетаў, і пан Антось слёзна ўпрошваў чырвонаармейцаў:

– То проша пана, то вазьміце, калі ласка, таварыш, гэтыя кветкі!

І ён так хваляваўся, што блытаў расейскія словы з польскімі. Але яго разумелі. Яму моцна паціскалі рукі, над ім весела жартавалі:

– Вот пан, дык пан, такіх нам паболей!

Саромеўся пан Антось, у замяшанні садзіўся за стол і ўсё не мог уцэліць відэлкай у курыную ножку, так дрыжалі рукі ў яго. І калі ўрэшце ўдалося яму падчапіць кавалак каўбасы, не паспеў паднесці яго да рота, як паляцела каўбаса на падлогу. Зусім замяшаўся пан Антось і, каб выпутацца як, накінуўся на Ядвіську, што сядзела з ім поплеч:

– А ты ж чаго не ясі?

– А мне смешна: колькі-то ежы на стале, а вы есці не можаце.

Яна сядзела на ўскрайчыку стала і радасна прыслухоўвалася да вясёлага гоману за сталом, глядзела ў вялізныя люстры на сценах пакоя. Колькі-то людзей у пакоі, а ў люстрах іх яшчэ болей. Так багата людзей, і ніхто нікога не крыўдзіць. Ды якія ўсё харошыя словы ў іх! І калі сядзеўшы супроць чырвонаармеец запытаў яе пра імя, яна адказала сур'ёзна:

– А завуць мяне Ядвісяй.

Сядзеўшыя побач, з маёнтка, з Выгодаў, запляскалі ў далоні.

– Ну, Ядвіська, цяпер ты маладзец!

Нічога не зразумеў чырвонаармеец, чаму маладзец Ядвіся, і людзі пачалі яму расказваць аб усіх тых здарэннях, аб якіх расказана ў нашым апавяданні.

На гэтым і закончылі б мы сваё апавяданне, калі б не тыя падзеі, якія мелі яшчэ месца ля Ядвіськіна дуба.

Прайшло дні з тры з таго часу, як прыйшлі ў маёнтак чырвонаармейцы. Усё новыя і новыя войскі рушылі на захад, і па цэлых днях глядзела Ядвіська, як ідуць па дарозе незлічоныя машыны, вялізныя гарматы, праходзяць цэлыя палкі чырвонаармейцаў. Спрабавала Ядвіська лічыць людзей, але дзе ты падлічыш! І ноччу пыталася ў цёткі Зосі, чаму гэта яны паноў баяліся, калі так багата, багата на свеце нашых людзей. Такая сіла, а паноў жменька, і трэба ж было іх баяцца. І цётка Зося не магла дакладна адказаць на такія пытанні і гаварыла, што на ўсё гэта можа адказаць хіба толькі каваль Андрэй ці пан Антось.

– А пан Зыгмунт?

– Што пан Зыгмунт... Той, відаць, і збег некуды, колькі-то дзён нямашака.

Але хутка заявіўся і пан Зыгмунт...

Святочным днём сабралася багата людзей пад Ядвіськіным дубам, ля Янусёвай магілы. Сюды сышліся з маёнтка, з вёскі Выгодаў, і яшчэ людзі з бліжэйшых вёсак, са станцыі. Ніколі раней не збіралася так багата людзей. Прыйшлі сюды з чырвонымі сцягамі, з вялікімі партрэтамі, упрыгожанымі істужкамі і кветкамі. Ядвіська ведала ўжо, хто на партрэтах. Хвалілася ўсім дзецям аб гэтым. Яшчэ яна хвалілася чырвонай звёздачкай, якую насіла, каб не згубіць, за пазухай. І аказалася, што і ў другіх дзяцей ёсць такія звёздачкі. Тады яна сказала, што ў яе пахаваны дзед і што яго забілі паны. Дзеці прыціхлі тады і падышлі да дзедавай магілы. Людзі ўпрыгожвалі яе вянкамі з дзеразы, папраўлялі лапатамі зямлю, пасыпалі навокал жоўтым пяском. І калі скончылі ўпрыгожванне, тады выйшаў наперад каваль Андрэй, зняў шапку і сказаў да людзей:

– А цяпер, калі мы будзем гаварыць аб гэтай панскай зямлі, якая наша цяпер назаўсёды, то мы ўспомнім і пра тых, хто загінуў тут, хто загінуў з панскае ласкі. Дзед Янусь быў простым чалавекам. Дзед Янусь працу любіў – і яму не давалі працы. Дзед Янусь зямлю любіў. І яму не давалі зямлі. Дзед Янусь праўду любіў – і яму засцілі гэтую праўду. Дзед Янусь паважаў справядлівасць і не ведаў таго, што справядлівасць ідзе не ад Бога, не ад пана, а што яна ідзе ад нас. Пра гэта здагадаўся дзед, але задужа позна. Мо і не так ён зрабіў, як трэба... Ці аднаму ісці насупроць паноў?! Забілі дзеда. Ён загінуў героем... Дык ушануем жа яго светлую памяць...

Усе знялі шапкі і стаялі так маўкліва, што вялікі-вялікі жаль агарнуў Ядвіськіна сэрца, і яна заплакала, ціха ўсхліпваючы і прыслухоўваючыся, як шамаціць у напружанай цішыні пажоўклае лісце старым дубе.

І калі надзявалі людзі шапкі, калі першыя ціхія галасы пракаціліся шолахам, тады ад лесу, што быў недалёка, грымнула колькі стрэлаў. І яшчэ і яшчэ...

Нехта войкнуў сярод людзей, пан Антось збялеў раптам і балюча хапіўся за руку. Поплеч з ім без слоў, без голасу ўпала вобзем жанчына. Узняўся дзіцячы плач, адна за адной загаласілі жанчыны. Каваль Андрэй, які адразу пасуравеў і голас у яго зрабіўся зусім другім, крыкнуў да людзей:

– Лажыцеся!.. Лажыце дзяцей на зямлю!..

А сам і яшчэ колькі чалавек, якія былі з ружжамі, кінуліся наперад і, упаўшы на мяжу, пачалі страляць па лесу. Стрэлы адтуль змоўклі.

Колькі хвілін стаяла такая страшная цішыня, што чуваць было, як свішча вецер у буславым гняздзе. Людзі моўчкі ўзнімаліся з зямлі, сыходзіліся разам. Чырвонай хусткай прыкрылі голаў жанчыне, якая ляжала нерухома, уткнуўшыся тварам у зямлю і нязручна падкурчыўшы пад сябе рукі.

Плакала Ядвіся. Дзеці пыталіся ва ўсіх:

– Што з цёткай Зосяй? Чаму яна так?

Пан Антось махнуў здаровай рукой, адказаў ім:

– Нічога... Ідзіце, дзеці, па хатах... Вядзіце Ядвіську дахаты... Няма вам чаго рабіць тут...

Пра зямлю не гаварылі ў той дзень на сходзе. Другімі клопатамі былі заняты людзі.


* * *

Іх прывялі позна ноччу – гэтых дзесяць уланаў, пана палкоўніка ды з чэцвера паліцыянтаў. Іх злавілі ў лесе, на Звярыным Балоце, як звалася тое ўрочышча.

– Вы забілі?

– Мы забілі... – адказаў ганарыста палкоўнік.

– То вы і звыклы толькі ваяваць з жанчынамі... А хто паліў учора вёску за лесам? А хто забіў сялян у лесе, што ехалі з гміны?

Пан палкоўнік маўчаў і тупа глядзеў спадылба на сваіх былых батракоў, цяперашніх чырвонагвардзейцаў. Пераміналіся з нагі на нагу панурыя ўланы. За іх спінамі хаваўся, баючыся паглядзець у вочы людзям, куртаты пан Зыгмунт. Яго пацягнулі за рукаў і паставілі наперад. Ён аж прытупваў на месцы і, уцяўшы голаў у плечы, ціха скуголіў у шапку, якую трымаў абедзвюма рукамі і прыкрываў ёю вочы.

– Чаго ты якочаш, выжла, цябе ж не б'юць? – з прыкрасцю сказалі яму людзі.

– О, святы Божа, даруйце мне... О, Матка Боская, я ж не вінаваты, я не страляў, я толькі сказаў яснаму пану, што ў вас будзе сход...

– Чаго ж ты хадзіў разам з імі?

– О, мой Божа, то я ж слуга свайму пану... – І тут жа спахапіўся: – То ясны пан хацеў спаліць і вёску, і, даруйце мне, маёнтак...

– Змоўчы, быдла! – гаркнуў раптам палкоўнік, і пан Зыгмунт зусім адранцвеў, так і не ведаючы, перад кім жа дрыжаць яму і як дрыжаць, калі зайшоў розум за розум.

– Адвесці іх зараз жа ды здаць бандытаў чырвонаму войску!

Позняй восеньскай ноччу павялі іх на станцыю. Каб хутчэй, павялі іх бліжэйшай дарогай, што праходзіць ля Ядвіськіна дуба. Каб не ўцяклі паны, канваіраў набралася багата, з маёнтка і з вёскі. Ноч была цёмнай і дажджлівай. Скупы месік рэдка прабіваўся праз хмары, і тады відаць была размятая дарога, гразь, пачарнелае ржэўе на полі ды белы камень на дзедавай магіле. Хлюпала вада пад нагамі, глуха пазвоньвала палкоўніцкая шпора, гудзеў на вятру дуб, чапляючыся вяршыняй сваёй за нізкія кудзелістыя хмаркі, якія беглі шпарка, скупа пырскаючы дажджом па лясах і дарогах.

Калі параўняліся людзі з дубам, тады, нібы па ўгавору, тыя, што ішлі адзаду, пацяглі за рукавы пінжака пана Зыгмунта. Той аж вылузнуўся з пінжака быў, крыкнуў нема, але яму заткнулі шапкай рот і пацяглі да дуба. Цёмна было, вецер гудзеў у дубе, і не заўважыў каваль Андрэй, галоўны канваір, як прапаў пан Зыгмунт. А калі заўважыў – чуў, як перашэптваліся аб нечым людзі – і, даручыўшы канваірам строга пільнаваць паноў, кінуўся назад да дуба, было позна.

– То ён ужо, рудая выжла, здаўся... – шэптам адказалі яму з купкі людзей, якія ішлі з-пад дуба.

Вылаяўся Андрэй:

– Што ж вы робіце, людзі вы, чалавекі?.. Няма ж закону такога...

– Пачнеш ты законы шукаць для сабакі... – пачуліся з цемрадзі нездаволеныя галасы.

Уздыхнуў Андрэй і пайшоў наперад, каб адвесці паноў да станцыі.

Вялізнаю грамадою высіўся дуб. Гучна шамацела лісцё на крывых суках і цэлымі прыгаршчамі сыпалася яно адтуль, ападала хутка.

Чуваць было, як глуха шамаціць каляны дубовы ліст па калючаму ржэўніку поля.

1939


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю