Текст книги "Над Бугам: выбранае"
Автор книги: Міхась Лынькоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 32 страниц)
– Дзе ён тут? Падавайце яго мне, я з ім разам распраўлюся, з супастатам!
Аж Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці – дзед так захадзіўся каля карча, аж вада кіпела наўкола. І вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:
– Ага! Папаўся-такі, не мінуў маіх рук! А вы – няўмекі!
Міколку з бацькам засталося толькі пераглянуцца між сабой. Ну і дзед, не чакалі такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымі пальцамі было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй і падчапіў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасці, каб не ўпусціць часам рыбіну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвіліну.
Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Міколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такі ж вялікі. Але тут падзеі прынялі зусім нечаканы зварот. Толькі гэта дзед, урачыста гледзячы на Міколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулі на яго Міколкаў бацька ды і сам Міколка і, як бачыш, сіганулі на бераг. Толькі пырскі паляцелі па вадзе. Аж збялеў Міколка, засопся. Выскачыў на бераг, азірнуўся. Стаіць дзед і на іх глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі. Тут як закрычыць Міколка не сваім голасам:
– Ратуйцеся, дзеду, пакуль не позна!
Зірнуў тады дзед на свайго ментуза – і ледзь не самлеў. Аж прысеў у вадзе, умачыўшы сарочку. А тады як кіне ментуза падалей у рэчку ды як дасць драпака на бераг, аж адзенне згубіў, спатыкнуўшыся аб корч. Паплыло яно ўрачыста па рацэ. Ледзь злавіў яго потым Міколка, ад'ехаўшы на чаўне ад берага.
І калі аддыхаліся потым усе ад перапуду, дзед пачаў грозны наступ на Міколку і на яго бацьку:
– І якое ліха панесла вас вужаку лавіць?
– А цябе якое?
Змоўчаў дзед на якую хвіліну. Гэтакі ж канфуз выйшаў – усё ішло так добра і гладка, і на табе, заместа ментуза гада злавілі. А яшчэ парады даваў, а яшчэ выхваляўся. Пасля гэтага здарэння дзед канчаткова рашыў ніколі болей у ваду не лазіць. І калі траплялася часамі Міколку з бацькам лавіць якую рыбіну ў рацэ, дзед асцерагаўся нават падыходзіць блізка да іх, калі яны выцягвалі на бераг таптуху альбо брэдзень. І толькі здалёк пытаў:
– Ну што, шчупак ці акунь?
– А ты падыдзі, сам паглядзі!
– Хопіць ужо, нагледзеўся...
Прызнацца, і Міколка з бацькам не адважваліся болей мацаць ментузоў і, да вялікай радасці дзеда, баяліся лазіць і па ракавых пячорах.
– Яшчэ, чаго добрага, і адтуль выцягнеш трасцу якую паласатую...
А дзед толькі гаварыў:
– Цяпер-то я магу спаць спакойна!
Пасля ўсіх гэтых прыгод з дзедавым ракам і ментузом кончыліся і ранейшыя дыскусіі дзеда з Міколкам, хто з іх храбрэйшы. Абодва прыйшлі да таго вываду, што храбрасці хапае ў іх абодвух... Нават сталі яны блізкімі дружбакамі і зімнімі вечарамі вялі доўгія размовы аб тым, як бы гэта агульнымі сіламі адпомсціць «буржую» за Міколкаву карцінную галерэю. І аб тым, што яны будуць вясной рабіць, калі жаўранкі запяюць, калі зазвіняць ручаіны і ўкрыюцца лясы зелянінай.
І парашылі ў адзін голас – будуць яны ў вольныя ад работы дні заўзятымі паляўнічымі, будуць качак біць і ўсякую другую жыўнасць. Тым больш што была ў дзеда слаўная стрэльба, якая вісела без усякай карысці пакуль што на сцяне. Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда, і парадкам заржавелая, страціўшая ўсякі колер і від. Але як-ніяк яна магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука. Прызнацца, і цяпер яна вісела набітая, бо колькі ні намагаўся дзед, каб разрадзіць яе, яму ніяк гэта не ўдавалася. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам, каб такія падшывальцы, як Міколка, не нарабілі б часам бяды са стрэльбай.
Такая слаўная стрэльба была ў дзеда. І не дзіва, што Міколка, седзячы зімой у халодным вагоне, так нецярпліва чакаў вясны. І цёпла тады. І качкі тады лятаюць. І ўсякая жыўнасць у балоце варушыцца.
Вось слаўная пара настане!
Гісторыя з дзедавай «арудзіяй»
Прыйшла ўрэшце вясна. Пачарнелі чыгуначныя пуці і курыліся парнасцю пад сонцам. А вечарамі храбусцелі льдзінкі ў лужынах і востра пахла зямлёй, мазутам і каменным вугалем. Гучна гудзелі паравозы, і ліхтары гарэлі ў іх па-новаму, па-веснавому. І самі паравозы рабіліся куды прыгажэйшымі. Не было тых іржавых лядовых сасулек, што віселі зімой пад дышламі, пад цыліндрамі, не было намёрзлага бруду, копаці. Паравозныя бакі льсніліся на сонцы і дрыжалі, гатовыя ўздыхнуць на ўсю моц сталёвых цыліндраў і панесціся ўдалячынь хутчэй ветру і птушкі.
А ў небе курлыкалі журавы і паблісквалі на сонцы, нібы нехта сарваў з тэлеграфнага слупа нізку фарфоравых ізалятараў і кінуў іх высока-высока ў блакітныя бездані неба.
Хораша вясной! І дыхаць лягчэй, і на нагах неяк цвярдзей становішся. І цяплей куды робіцца. І не трэба дзень пры дні сядзець у цесным вагоне і дыхаць цяжкім смуродам ад каменнага вугалю ў жалезнай пячурцы. І дзеду вальней. Выйдзе з вагона, усядзецца на штабель шпал, размінае пад сонцам старыя косці і турэцкую вайну ўспамінае. А калі дзед прымецца за турак, то звычайна каля яго і Міколка аціраецца.
– Ну дык што ж, дзед, час ужо нам з табою на паляванне рушыць!
– А што ты думаеш! Вось абсохне зямля, тады і пойдзем...
Прыйшоў і доўгачаканы дзень. Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу, узброіўся абцугамі і доўга раскручваў дрот, не падпускаючы ні на крок Міколку.
– Яшчэ, чаго добрага, пекане, дык лепш адыдзіся!
Але стрэльба трымала сябе спакойна. Развязаўшы дрот і дастаўшы капшук з порахам і пістонамі, дзед з Міколкам рушылі ў паход. Гукнулі з сабой і невялічкага сабачку Жэўжыка. Жэўжык быў рад такому выпадку і, наставіўшы хвост пісталетам, важнецка бег перад паляўнічымі, старанна абнюхваючы кожны слупок, кожны пянчук. Дзед не хваліў такіх паводзін і штохвіліны падганяў «ганчака»:
– Пайшоў, пайшоў! Зайцаў ганяй, шкнарадзь!
Але відаць было, што асаблівага спрыту ў паляўнічых справах Жэўжык не меў і толькі кідаўся ў розныя бакі, ганяючыся за першай папаўшайся птушкай. Хутка і зусім знік, сігаючы па балоце за нейкай птахай. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі намачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Ні заяц не набягаў, ні дробная птушка не пралятала паблізу. Толькі і заўважылі каршука, які лятаў кругамі над ляском, апускаючыся ніжэй і ніжэй. І ён хутка сеў на высокую алешыну ў балоце.
– Знаеш што, дзед? Давай каршука падстрэлім!
– А што ты думаеш? Пеканём!
Дзед зняў стрэльбу з пляча, доўга прыладжваў пістон, той усё саскокваў, пакуль дзед не прымацаваў яго кавалачкам хлеба. І ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставіў і жмурыцца пачаў левым вокам, як Міколка, падштурхнуўшы яго пад локаць, дыскусію распачаў:
– Не павінен ты, дзед, першы страляць!
– Як гэта так?
– А так... Ты вунь колькі настраляўся за сваё жыццё: і з стрэльбы страляў, і з гармат смаліў... Сам жа казаў, колькі ты дывізій турэцкіх палажыў... Давай-ка стрэльбу сюды, я першы стрэлю...
Дзед падумаў з хвіліну, патыліцу пачухаў:
– Наконт турак ты гэта правільна... Ну што ж, страляй... Толькі глядзі, станавіся моцна, а то паваліцца можаш ад аддачы.
– Нічога, вытрымаю...
Міколка ўпёрся нагой у купіну, стрэльбу падняў. Цяжкая яна тым часам. Доўга цэліўся ў каршука, аж руля захадзіла ходырам, да таго рукі дрыжалі.
– А ты не хвалюйся! Вытрымку дай! – раіў дзед, стоячы збоку.
Прыжмурыў вока Міколка, на курок націснуў. І што адбылося тут, дык і сам дзед спачатку нічога не зразумеў, бо стрэльба бахнула, як батарэя гармат. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку, мякка ахінаючы кусты і дрэвы. У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць.
– Дзе ты, Міколка? – запытаўся, ачухаўшыся, дзед.
Ніхто не адказаў, і дзед яшчэ раз запытаўся. Ізноў маўчанне. Тады дзед спалохаўся не на жарты і пачаў на ўвесь голас клікаць унука. Урэшце, як з-пад зямлі, раздаўся ціхі, прыглушаны голас:
– Я тут, дзеду, а што з каршуком?
– А ліха з ім, з каршуком. Скажы лепей, што з табой?
Тут разышоўся дым, і дзед убачыў Міколку. Той ляжаў на зямлі, перакінуўшы праз купіну ногі, і цёр то плячо, то шчаку. На шчацэ была кроў. Дзед зусім перапалохаўся.
– Ці жыў ты хаця?
– Жыў! А ты, дзеду?
– Як бачыш, варушуся...
З дзедавай дапамогай Міколка ўстаў на ногі. І тут толькі яны заўважылі, што ад слаўнай дзедавай стрэльбы засталіся адны толькі ўспаміны. І каб сказаць прыемныя – дык не: адна толькі пашчапаная ложа ды перагнуты курок. Ні рулі, ні шомпала нідзе паблізу не аказалася, колькі ні шукаў іх збянтэжаны дзед, адразу застаўшыся без такой слаўнай «арудзіі», як часам называў ён сваю стрэльбу.
– Лоўка ж пекануў! – здзівіўся дзед. – Каб з кожнага стрэлу ды стрэльбу ў паветра, што б тады зайцы выраблялі: засмяялі б яны тут нас...
І як ні шкадаваў дзед стрэльбы, але, каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кінуўся ў рогат. Міколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо і вельмі садніла параненая шчака. Аднак, каб трымаць сябе дастойна перад дзедам і не паказаць віду, што яму дужа баліць, што ён вельмі напалохаўся, Міколка важна распытваў дзеда, з якой прычыны «арудзія» разляцелася на кавалкі.
– Відаць, што заржавела стрэльба... Ды і набой быў моцны, праз меру... бадай з паўхунта пораху заправіў я калісьці ў рулю. Яшчэ добра, што так пашанцавала нам... Магло б быць, унучак, трохі горай...
І яны абодва прыняліся ўважліва шукаць забітага каршука. Не магло быць, каб ад такога стрэлу ды застаўся каршук цэлы. Але ён, нібыта нічога і не было, сядзеў сабе на той алешыне, на якой сядзеў і да стрэлу.
– Справы! – пачухаў дзед патыліцу. – З такіх паляўнічых, як мы, і птушкі смяюцца.
А тут яшчэ некалькі пастушкоў падбегла і ўсё дапытваліся, дзе гэта такі вялікі выбух адбыўся, што аж зямля страсянулася і нешта ў паветры праляцела з вялікім грукатам і вурчаннем.
Паслухалі Міколка з дзедам гэтыя размовы і, панурыўшы плечы, паклыпалі моўчкі дахаты. І каб не Жэўжык, дык зусім упалі б духам нашы слаўныя паляўнічыя. Аж адкуль ні вазьміся з'явіўся сабачка, які ўрачыста нёс у зубах нейкую птушку. Бегаючы па балоце, ён налаўчыўся недзе злавіць дзічыну і не паспеў яшчэ расправіцца з ёй, як напаткаў Міколку з дзедам.
– Ну вось, мы цяпер і не з пустымі рукамі дахаты варочаемся, ёсць і здабытак!
І Міколка адабраў у Жэўжыка яго здабычу. Той адразу ж кінуўся зноў у балота. І не прайшло некалькі хвілін, як ён выбег з другой птушкай у зубах.
Так дапамог Жэўжык нашым паляўнічым паправіць крыху іх паляўнічыя справы. І да таго ўнадзіўся Жэўжык птушак лавіць, што Міколка і дзед кожнага вольнага дня ішлі з ім на луг да ракі альбо на балота і займаліся паляваннем. Ім і стрэльба цяпер непатрэбна была, малы сабачка быў вельмі спрытны на птушыную лоўлю. А слаўныя паляўнічыя прывучылі яго не псаваць здабычу, а цэлай прыносіць у рукі.
Але нядоўга цягнулася такое шчаслівае паляванне. І тут пасцігнула нашых паляўнічых чарговая няўдача. І, сказаць бы, праз каго? Праз матчыных курэй і пеўня. Задумала маці летам курыную гаспадарку развесці і купіла недзе тры курыцы і пеўня. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу, але гэта не перашкаджала яму быць здольным певуном і кожнае начы гучна выводзіць сваё непераможнае «кука-рэ-эку!».
Уся курыная гаспадарка змяшчалася ў фанернай скрынцы пад вагонам, і маці дужа клапацілася аб тым, каб хто не спакусіўся на яе птушынае багацце. І вось аднаго разу, праз няшчасных гэтых паляўнічых, як казала маці, птушыная гаспадарка ўраз загінула. Неяк надумалася маці ў сонечны дзень выпусціць курэй са скрынкі, каб яны крыху пабегалі па пяску, паглядзелі белага свету. Выпусціла, пільнавала іх сярод пуцей, але потым на хвіліну адлучылася ў вагон. Як на бяду, тут трапіўся Жэўжык. Набраўшыся вялікага паляўнічага спрыту і, відаць, прыняўшы курэй за нейкіх балотных птушак, ён умомант задушыў трох курэй і, паклаўшы іх на парог вагона, кінуўся як дуж за пеўнем. Той даў лататы. Жэўжык – за ім.
Певень і скокам, а часамі і падскокам імчаў, як віхор, аж пад самае дэпо. Магчыма, і не давялося б Жэўжыку дагнаць курынага ўладыку, мо і ўцёк бы ён ад нашага паляўнічага, але тут, як на бяду, імчаў насустрач пасажырскі цягнік. Толькі пер'е ўзляцела ў паветра – усё, што засталося ад кульгавага певуна, трапіўшага пад паравоз. Убачыла маці такое няшчасце і за галаву схапілася. Ды, узяўшы ў рукі лапку пеўня – неяк засталася цэлая пад вагонамі, – прыйшла з гэтай лапкай у вагон ды тыц ёю дзеду ў самую бараду, а потым, доўга не думаючы, ды гэтай самай лапкай Міколку па патыліцы.
– Праз вас певень загінуў!
Міколка з дзедам, не кідаючыся дужа ў спрэчкі, адразу ж падаліся вон з вагона, далей ад разгневанай маці.
– Уцякайма, пакуль не позна. А то можа быць горай!
Але больш за ўсіх дасталося лепшаму памочніку нашых паляўнічых, заядламу «ганчаку» Жэўжыку. Злавіла яго маці і адразу панесла да таварнага цягніка, што стаяў на станцыі. Там адчыніла дзверы ў адным з пустых вагонаў і, загнаўшы туды Жэўжыка, зачыніла дзверы. А праз якую хвіліну цягнік пайшоў. Так і паехаў без білета Жэўжык, найлепшы дружака нашых паляўнічых, да суседняй станцыі з таварным цягніком. А мо і не да суседняй, мо куды і далей. Хіба прасочыш за таварным вагонам, куды ён ідзе, дзе ён спыніцца пад пагрузку.
З ад'ездам Жэўжыка спыніліся паляўнічыя справы Міколкі з дзедам, бо не з голымі ж рукамі на качку ісці. І доўга яшчэ памінала маці іх паляўнічыя ўдачы і сваю трагічна загінуўшую курыную гаспадарку. І толькі бацька пасмейваўся:
– А ўсё ж трапна выйшла. Каб не займаўся дзед з Міколкам паляваннем, то не давялося б нам курацінкі паспытаць!
Дзед і Міколка лічылі пры гэтым за лепшае памаўчаць, каб не вярэдзіць матчыны раны і залішне не выклікаць яе гневу.
Міколкавы непаразуменні з Богам
Дужа багата было непрыемнасцей у Міколкі з-за Бога. Ніяк не мог зразумець ён, што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзі, якой баіцца маці. Нават дзед – на што ўжо храбры чалавек – і той, калі прыставаў да яго Міколка з роспытамі пра Бога, адмахваўся рукой і шэптам казаў:
– Адчапіся, унуча, з гэтым сваім Богам. Ці я вучоны чалавек, каб ведаць, што гэта такое за стварэнне... А калі маці цябе маліцца прымушае, дык ты і памаліся, язык жа ў цябе не адваліцца... А не захочаш маліцца, то, вядома, маці дасць табе пытлю.
А пытлю маці давала часта. Як толькі падымаўся Міколка з ложка, то маці тут як тут:
– Ану, станавіся «Ойча наш» чытаць! Кажы ўслед за мной: «Ойча наш, іжа ясі на небясах...»
Стаіць Міколка, на абраз глядзіць, у маці пытаецца:
– А што такое «ясі на небясах»?
Маці ад нечаканасці не ведае, што рабіць. Дужа яна ведае, што такое «ясі». Нерашуча адказвае:
– То ясі... Бачыш, мы ямо, скажам, хлеб, і Ойча наш – Бог таксама, мусіць, есць, бо далей і гаворыцца пра хлеб насушны...
А дзед моўчкі збоку слухае матчыны тлумачэнні, ды не сцерпіць і ў бараду сваю: хе-хе-хе.
Зірне на яго грозна маці, дзед адразу як шоўкавы, сядзіць, не варухнецца.
А маці далей дыктуе:
– Хлеб наш насушны даждзь нам днесь...
А Міколка зноў пытае:
– А чаму толькі насушны, а калі я, скажам, пірага хачу ці абаранка?
Не сцерпіць тут дзед, падказвае: «З макам», а сам хуценька падаецца за дзверы, убачыўшы, што маці грозна пазірае на качарэжку каля печы.
А Міколка зноў са сваімі роспытамі:
– А ці любіць Бог «зайцаў хлеб»?
Замест адказу матчыны пальцы даволі блізка знаёмяцца з Міколкавым вухам, і яно пачынае гарэць і чырванець, як той семафор за стрэлкамі. А маці прыгаворвае:
– Гэта табе за «зайцаў хлеб»! А гэта табе за непаслушэнства перад Богам. А гэта табе... бязбожнік ты гэтакі... Кажы цяпер «Багародзіцу»!
Маўчыць Міколка, насупіўшыся.
– Кажы: «Багародзіца Дзева, радуйся, благадатная...»
– Дужа яна ўзрадавалася б, твая благадатная, калі б яе так за вуха пацягалі... – мармыча Міколка пад нос.
– Што ты вярзеш там, неслуш! – гневаецца маці. – Ну, пачынай!
– Не буду...
– Кажы адразу!..
– Не буду... – упарта стаіць на сваім Міколка і скоса пазірае, як матка развязвае матузы ад фартуха, становячыся бліжэй да дзвярэй, каб адрэзаць Міколку ўсякі шлях да адступлення. Калі заўважае Міколка, што развязваецца апошні вузел і матузовая пагроза набывае яўную небяспеку, ён маланкай кідаецца пад тапчан, наганяючы страху на спаўшага там ката. Той стралой імчыць да дзвярэй, збіваючы з ног Міколкаву маці.
– Пастой жа, я цябе ўчастую, пазнаеш ты ў мяне Багародзіцу!
– А няхай яна згарыць, твая Багародзіца! – лямантуе пад тапчаном Міколка, забіраючыся ў самы куток за розныя скрынкі, клумкі з лахманамі.
– Пастой жа, паспытаеш ты ў мяне благадаці... – рашуча бярэцца маці за качаргу, і пачынаецца, як кажа дзед, баталія-вайна. Праўда, выпараць Міколку з-пад тапчана – не такая-то лёгкая справа. Ды і дзед прыходзіць на дапамогу Міколку. Ён асцярожна падыходзіць да дзвярэй і пачынае ўшчуваць маці:
– Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзіця з ражном перці... Ды Бога пабаялася б, ён жа ўсё бача... – і дзед урачыста падымае руку ўгару, нібы хоча паказаць ёй Бога на небе. Усё гэта ён робіць, каб адцягнуць матчыну ўвагу ад Міколкавых тапчаноў. Маці мімаволі глядзіць угару. Там ляціць звычайная варона. Пакуль маці прыглядаецца да яе, Міколка паспявае вылезці з-пад тапчаноў і праслізнуць у дзверы пад самымі матчынымі рукамі. Тая толькі паспявае войкнуць – лаві цяпер бязбожніка ў чыстым полі. Усё гэта хітрыкі дзеда, і маці добра разумее яго палітыку. Але што ты з гэтым дзедам зробіш, не ганяцца ж за ім з качаргой, за гэтым старым бязбожнікам.
А дзед ужо ідзе з Міколкам да дэпо і павучае ўнука:
– Ты, браце, заўсёды, калі туга табе давядзецца з Багародзіцай, дык імчы ў дэпо. У нас, браце, багі не ў пашане, ураз ім крыллі абскубуць.
І сапраўды, хоць і віселі ў дэпо сям-там абразы, але не бачыў Міколка, каб дужа маліліся перад імі, шапкі скідалі. Усё больш завіхаліся ля паравозаў, ля паравозных колаў, кляпалі паравозныя печы, расточвалі цыліндры. І такі грукат стаяў там, што любы Бог, як думаў Міколка, адразу павінен быў аглухнуць. А якая пашана ім, глухім. Вісяць вось на сценах, копаці набіраюцца. І не дзіва, што дэпоўцы не паважаюць багоў. Вось і Міколкаў бацька, калі надакучала маці яму сваімі жалобамі на сынава бязбожніцтва, звычайна агрызаўся:
– А кінь ты са сваім дурным Богам!
Дзівіўся тады Міколка: у маці Бог разумны, у бацькі ж ён выходзіць дурным. Каму ж верыць? Відаць, бацьку, бо той усё ведае, той свет аб'ехаў на паравозе. І ўсё большае непавагі набіраўся Міколка да багоў, хоць і цярпеў за гэта не раз вялікія непрыемнасці. І не толькі ад маткі, але асабліва ў школе, куды давялося яму ў хуткім часе патрапіць. Тут адразу ўткнуўся ён у дыскусію з папом, не ведаючы спачатку, што такія дыскусіі заўсёды канчаюцца для вучняў вельмі кепска. Поп, заўважыўшы новага вучня, адразу спытаў Міколку:
– Хто ты такі?
– Міколка... – крыху нерашуча адказаў ён.
– Дурань! – накінуўся чамусьці поп. – Перш за ўсё ты раб Божы...
– Ну, гэта ўжо хлусня, усё роўна, што ў дзеда пра туркаў, – набраўся смеласці Міколка. – А мы не рабы божыя, а рабочыя-дэпоўцы...
Чуў Міколка пра рабочых, а пра нейкіх рабоў яму чуць не даводзілася. Тут і ўсхадзіўся поп.
– Хто, хто? – перапытаў ён, набіраючыся злосці, і ўжо запусціў свае пальцы ў Міколкаў віхор.
– Паравознікі мы, во хто мы... – пераказаў яшчэ раз Міколка, горка плачучы, бо поп не на жарты ўзяўся за яго чуб.
А другі раз такая дыскусія закончылася яшчэ горш для Міколкі. Расказваў поп, як Бог займаўся будаўніцтвам, як будаваў і стварыў свет, неба, зямлю, расліны і жывёлу і як урэшце ён чалавека стварыў, Адама, а з яго рабрыны жонку гэтаму чалавеку, Еву. Слухаў, слухаў Міколка ды – у рогат. Так і пусціўся ў смехі, аж да скамейкі прысядае. Раз'ярыўся поп, наступае грозна на Міколку:
– Ты чаго, ірад, з Божага слова смяешся?
А Міколка не сціхае, рагоча, заліваецца. І як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама і Еву. Не пра тых, з якімі Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачніка Адама і прыбіральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькі рэбры ды косці. А «буржуй» вунь тоўсты-тоўсты, ледзь у дзверы пралазіць, калі ходзіць па складу. А поп ужо за вуха Міколкава ўзяўся:
– Кінь смяяцца, кажу!
– То як жа кінуць, калі смешна... Калі Адам і Ева ў нас такія хударлявыя, што Богу і клопату не было з імі, ці доўга іх стварыць... А вось як гэта Бог «буржуя» стварыў, няйначай тры дні пацеў.
– Якога «буржуя»? – вытарашчыў поп вочы.
– Ды нашага, што складам пры дэпо і нашымі вагонамі, дзе мы жывём, загадвае... Такі ж таўшчэзны. І злосны, гад, як прыйдзе, дык усё лаецца.
Поп учапіўся, як абцугамі, за вуха і пацёг Міколку ў кут на калені.
– Станавіся тут і не варушыся! – і як бразне Міколку аб падлогу, у таго аж іскры пасыпаліся з вачэй.
– А ты не біся, чорт кудлаты! – не сцярпеў тут Міколка ды як хопіць зубамі за папоўскую руку, той аж падскочыў на месцы.
І чаго-чаго не было тут пасля. Даўся ў знак Міколку гэты «буржуй». Пацярпеў і чуб, і вушы, і калені, хапіла яшчэ і па патыліцы. А ў дадатак да ўсяго загадалі бацьку паклікаць у школу. І доўга ўпрошваў бацька папа, каб не злаваў ён дужа на дзіця, якое нічога не разумее і вярзе часам тое, у чым само добра не разбіраецца. І калі ішлі са школы, бацька ўгаворваў Міколку:
– Ты ўсё ж дужа не задзірайся з папом... Вось выганяць са школы, дык будзе зусім дрэнна і будзеш зусім ты цёмным чалавекам. А што ён, поп гэты, гаворыць там, дык ты слухай і маўчы, ліха з ім.
– Калі ж гэты «буржуй» дужа смешны... Каб Бог ды стварыў яго.
І рашыў Міколка адпомсціць калі-небудзь «буржую» за ўсе непрыемнасці, панесеныя праз яго. А тут яшчэ і прычыны былі новыя. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. І колькі ні прасіў бацька «буржуя», каб той загадаў дах пафарбаваць ды вагон падправіць, «буржуй» заўсёды аднекваўся ды лаяўся яшчэ:
– Набярэшся тут на вас на ўсіх фарбы, калі на паравозы ды на вагоны не хапае...
Адмаўляў.
А зрабіць ён быў павінен. І ведалі ўсе, што крадзе гэты загадчык усё са склада, прэ цэлыя бочкі – аліву, фарбу, скрынкі цвікоў, шкло, жалеза, – што ні трапіць пад руку. Збывае потым, прадае гандлярам. Затое і дом, які будаваў сабе за крадзеныя грошы, – палац цэлы. Дзе ж ты тут дапросішся ў яго?!
– Узяў бы я яго ды з пузам у бочку, у бочку з мазутай ці з фарбай... Ведаў бы тады ён.
А што ён ведаў, Міколка і сам добра не разумеў.
Але ў хуткім часе Міколка сапраўды адпомсціў «буржую». І хоць помста была і нядужа вялікай, але давялося ўсё ж «буржую» перажыць некалькі непрыемных хвілін. Было гэта тады, калі «буржуй» скончыў будаваць свой дом. Дом быў яшчэ не агароджаны, стаялі толькі некалькі сарайчыкаў з рознымі матэрыяламі, і, як падгледзеў Міколка з групай сваіх дружбакоў, былі там і бочкі з фарбай. З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Госці весяліліся ў невялікім садку, выпівалі, закусвалі. Тут жа круціўся ля стала і вялікі пушысты кот, любімец «буржуя». Міколкава кампанія доўга завіхалася ля садка, пакуль ім не ўдалося заманіць ката да сябе і злавіць яго.
А злавіўшы, усе забраліся ў адзін сарай і наладзілі кату хрышчэнне ў бочцы з вадкай зялёнай фарбай, якой фарбуюць звычайна пасажырскія вагоны. Акунуўшы ката разы са два ў бочцы так, што з яго цякла з усіх бакоў фарба, Міколкава кампанія задала лататы і, схаваўшыся за садком, назірала, што будзе рабіць кот. Той адразу ж кінуўся да гасцей і, не доўга думаючы, скочыў на калені да свайго гаспадара і пачаў атрасацца ад мокрае фарбы. «Буржуй» не заўважыў спачатку нічога, усё гаварыў нешта з гасцямі. Але потым да Міколкавай кампаніі данёсся выбух рогату: то смяяліся госці над катовымі ўчынкамі. Увесь летні касцюм гаспадара быў канчаткова сапсуты.
Тады Міколкава кампанія крыкнула на ўвесь голас: «Крадзеная, крадзеная!» і ў адзін міг кінулася наўцёкі. Што было далей з «буржуем», Міколка не ведаў. Але быў вельмі задаволены – хоць чым-небудзь ды адпомсціў ненавіснаму чалавеку.
– Будзе ведаць, як фарбы шкадаваць нашым людзям...