Текст книги "Над Бугам: выбранае"
Автор книги: Міхась Лынькоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 32 страниц)
То ж гэтыя маці!
Яны заўсёды плачуць. Бацька на катарзе быў – маці плакала. Бацька ад немцаў уцякаў – маці ў слёзы. Вось і цяпер, калі сабраўся дзед з Міколкам рушыць у паход, маці таксама пусцілася ў слёзы:
– І куды ж вы пойдзеце? Каб забілі дзе-небудзь, такі ж час неспакойны...
– Не заб'юць... – казаў важна дзед. – А калі тут сядзець, то можна да немцаў у лагер канцэнтрацыйны трапіць... А гэта горай, чым заб'юць...
І дзед паказваў маці нямецкую адозву да рабочых-чыгуначнікаў. У ёй нямецкі генерал пагражаў рабочым куляй і катаржнымі лагерамі, калі яны будуць выступаць супроць нямецкага войска, няспраўна працаваць на чыгунцы. І асабліва калі будуць падтрымліваць бальшавікоў і думаць аб нейкай там свабодзе.
Маці не спрачалася доўга. Яна ўжо звыклася з такім неспакойным жыццём, гатовая кожную хвіліну да яшчэ горшага. Перад тым як пайсці ў лес, дзед схадзіў да Міколкавага брата Паўла, які хаваўся дзесьці ў горадзе, і вярнуўся адтуль са зброяй. Ужо ў лесе паказваў дзед Міколку сваю зброю. Гэта быў стары пісталет, які мог бы справядліва канкурыраваць з дзедавай славутай «арудзіяй», якая калісьці ўзарвалася ад Міколкавага стрэлу. Пісталет быў вялікі і цяжкі, але дзед любоўна пачысціў яго, прывязаў рэмень, пералічыў і перацёр патроны і схаваў зброю за пояс.
Так і пайшлі.
Ужо цямнела, як прыселі яны адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункі. Адзін за адным ішлі таварныя цягнікі. Часта з вагонаў чуваць быў роў жывёлы, рохканне свіней, гагатанне гусей.
– Куды гэта такую процьму жывёлы вязуць? – запытаў Міколка ў дзеда.
– Куды? У Нямеччыну, куды ж іначай...
– А дзе яны бяруць гэтую жывёлу?
– Як дзе? У сялян, па вёсках... Рабуюць немцы ўсё, што трапляе пад рукі, сялян жабракамі пускаюць, адбіраючы ўсё да ніткі.
– Ну, я б ім паказаў, як рабаваць!
– А што б ты зрабіў? – запытаў дзед.
– А пастраляў бы ўсіх! – І Міколка мнагазначна паглядзеў на дзедаву зброю.
– Вось у тым-то і бяда, што мала ў нас зброі, цяжка з ёй супроць нямецкай вінтоўкі ды кулямёта выступаць... Вось калі арганізуемся як след, тады ніякі вораг нам не страшны...
Ціха гутарылі Міколка з дзедам, адпачываючы на ўскрайку лесу. Але, заўважыўшы нямецкі патруль на чыгунцы, рашылі падацца глыбей у лес, каб выбраць дзе зручную мясціну для начлегу.
Несці пісталет, відаць, было ў вялікі труд дзеду, і ён часта спыняўся, папраўляючы сваё не досыць зручнае «аружжа». Тады Міколка прасіў дзеда даць яму паднесці пісталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. І Міколка ўрачыста нёс зброю, любоўна пагладжваючы вялікую чорную рулю, праўда, вельмі заржавелую і аблупленую. Міколка цэліўся з пісталета ў дрэвы, у прыдарожнае каменне і быў вельмі задаволены такім важнецкім «аружжам».
«Усё роўна як вінтоўка і страляе, мусіць, як з гарматы... Цяпер ніякія немцы нам не страшны... Вось бы паспрабаваць ды пекануць з яго!»
І Міколка прыстаў, як смала, да дзеда:
– Давай паспрабуем, ці спраўна страляе!
Не было асабліва ахвоты дзеду займацца стральбой, але дзе ты адчэпішся ад унука.
– Ну, добра, вось раскладзем агонь, тады і паспрабуем...
Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба, на якім мігцелі рэдкія зоры. Пад ялінамі быў сухі ўзгорак, на якім густа разрасліся верасы, папараці і бліскучы бруснічнік. Яловыя лапы так моцна перапляталіся, што праз іх цяжка было прабрацца. Пад імі было ціха, утульна. Сюды не дасягалі вятры, што глуха гулі ў верхавінах дрэў, і ніякі дождж не прабіўся б тут праз густыя яловыя нетры.
На ўзгорак нацягалі сухога лісця, моху і, падаслаўшы на зямлю яловых лапак, змайстравалі такія мяккія пасцелі, што дзед аж крактануў ад вялікага задавальнення.
– Гэта, браце, лепш, чымся твой тапчан у вагоне! Прастор, чыстата, мякка і пах які духавіты, ну, не раўнуючы, як буржуйская пасцель!
– А ты калі-небудзь спаў, дзеду, на буржуйскай пасцелі? – запытаў Міколка.
– Спаць не спаў, але думаю, што пасцелі ў буржуяў важныя, мяккія... Нязручна ж з іх тоўстым пузам ды на падлозе спаць, як нам з табой.
Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь, і ён весела патрэскваў, асвятляючы бліжэйшыя дрэвы і згушчаючы цені за імі. З агнём стала куды весялей. Ён нібы разганяў і тыя гукі лесавыя, да якіх уважліва прыслухоўваўся Міколка і, не разумеючы іх, распытваў дзеда:
– А хто гэта там крычыць?
– А гэта заяц дзе-небудзь каля лесу...
– А хто гэта нібы рагоча так страшна?
– Гэта сава.
– Дык давай, дзеду, пеканём цяпер з пісталета. Весялей будзе, і воўк уцячэ, калі пачуе...
– Ваўкі, браце, не страшны! Цяпер страшней двухногія звяры... А страляць дарэмна не варта, шкада патронаў.
– А ўсё ж паспрабуем, паглядзім, як страляе.
Дзе ты тут адчэпішся ад Міколкі! Згадзіўся дзед. Міколка ўсё намагаўся, каб самому стрэліць. Але дзед, узгадаўшы колішняе паляванне, рашуча адмовіў і стаў сам рыхтавацца да стральбы. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Але калі пачаў цэліцца, дык адвярнуў так далёка галаву ад пісталета і так далёка адставіў руку са зброяй, што відаць было, як дзед яўна непакоіцца за вынікі стрэлу, баючыся, каб не паўтарылася старая гісторыя з «арудзіяй». І сапраўды, ён хутка крыкнуў унуку:
– Хавайся, Міколка, за яліны, а то чаго добрага...
Падаўся Міколка за тоўстае дрэва і, высунуўшы з-за кары сваю кірпаўку, назіраў за дзедавым практыкаваннем. А той стаяў усё з выцягнутай рукой і глядзеў зусім у другі бок ад мішэні, відаць, баючыся выбуху.
– Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! – дапамагаў Міколка сваімі парадамі.
Урэшце дзед адважыўся і, зажмурыўшы вочы, націснуў на курок. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун, бо ўся яна моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж ігліцы і шышак. Аж шорах пайшоў па лесе – так церушыліся шышкі. Ды агеньчык ледзь не згас ад стрэлу.
Дзед і Міколка мнагазначна пераглянуліся:
– Вось гэта дык арудзія, вось гэта дык б'е.
– Важнецкі б'е, не раўнуючы, як батарэя... – задаволена адказаў дзед і пачаў масціцца нанач, схаваўшы пад бок сваю слаўную «батарэю».
Аднак спалі трывожна. Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі, пагрозліва шумелі верхавіны ялін, і абамшэлыя ствалы гудзелі працягла і сумна. Зрэдку падалі каплі дажджу. З ціхім шолахам скочваліся яны з ялін і сіпелі, трапляючы ў прысак вогнішча. Дзесьці раздаваліся не то раскаты далёкага перуна, не то прыглушаныя стрэлы. А з поўначы палавіна неба зрабілася барвовай. Барвовасць то рабілася цьмянай, то набракала залацістай чырванню, нібы падміргвала неба налітым крывёю зрокам. Барвовыя спалохі неба наганялі жудасць і страх. Верхавіны дрэў нібы загараліся тады празрыстым полымем, і яшчэ гусцей быў змрок на зямлі.
А з ветрам, што кідаўся зверху, з высокіх вяршалін, даносіліся водгукі нейкіх слоў, крыку. Нібы нехта кідаў у чорныя прасцягі ночы прыглушаныя словы ці то просьбы, ці то адчаю, ці гарачага закліку да расправы, да помсты.
Міколка бачыў, як дзед уважліва прыслухоўваўся да нечага, прынікшы вухам аж да самай зямлі. Твар дзеда быў трывожны.
– Што слухаеш, дзеду?
– Нічога, унуча, гэта я так... – схамянуўся дзед, заўважыўшы, што за ім назірае Міколка. – Ты сабе спі спакойна...
Але адзін за адным даляцелі гукі стрэлаў, і тады Міколка рашуча запытаў дзеда:
– Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу?
– А што можа рабіцца цяпер? Няйначай немцы вёску паляць, рабуюць. Бачыш, зарава на паўнеба, значыць, хаты гараць.
З паўночы крыху паспакайнела, і Міколка з дзедам моцна заснулі пад яловым дахам. Але пад самую раніцу, калі пачало ўжо шарэць на ўсходзе неба, ізноў упаўзла трывога ў лес. Прыслухаўся Міколка да палахлівых гукаў, насцеражыўся. Няйначай хто плакаў у лесе, да таго ж выразна чуваць былі паасобныя словы:
– Божа ж мой, Божа...
І яшчэ чуваць былі нейкія словы, але былі яны зусім незразумелымі, і ніколі Міколка іх не чуў.
Заварушыўся Міколка.
– Уставайма, дзед. Вунь плачуць, ды блізка недзе... Дапамагчы трэба.
Прыслухаўся дзед.
– Так... плачуць... Ну што ж, пойдзем, унуча. Вазьмі толькі ў мяшок наша снеданне.
Міколка выкарпаў з цяпла дзесяць печаных бульбін, якія паклаў у прысак, калі лажыліся спаць. Укінуў бульбу ў торбу, якая вісела ў яго цераз плячо. Смачна пахла бульба, і ад торбы ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок. У самы раз была гэтая цеплыня, бо ў лесе стаяў густы халодны туман, у расе былі лесавыя травы, кусты і дрэвы. Аж пальцы на руках адубелі ў Міколкі ад золкай вільгаці раніцы. Прыкладзеш руку да торбы – і добра, як ля печы ўсё роўна.
Развіднела.
Галасы раздаваліся ўсё мацней і мацней, выразна чуўся плач. Вось і выйшлі на самы ўскраек лесу да невялічкай палянкі, акружанай непралазным хвойнікам, хмызнякамі. Трохі не дайшлі да самай палянкі, як спыніліся, схаваўшыся ў хваёвым гушчарніку. Стаялі і моўчкі глядзелі на палянку. І праз якую хвіліну да Міколкі нахіліўся дзед, праказаў гарачым шэптам:
– Ідзі, Міколка, назад адсюль... Не трэба глядзець на брудныя людскія справы.
Але, сцяўшы зубы, стаяў Міколка і, нічога не адказваючы дзеду, глядзеў на палянку. Пад высокай разгалістай хвояй стаяў чалавек. Быў ён сярэдняга росту, шырокі ў плячах, прысадзісты. Быў ён без шапкі, буйныя пасмы валасоў у беспарадку звіслі на бледны лоб. На чалавеку была звычайная сялянская світка, такія ж зрэбныя штаны. Ён быў босы і зябка перамінаўся з нагі на нагу. З-пад разарванага каўняра палатнянай сарочкі відаць быў матроскі цельнік у сінюю з белым палосамі.
«Марак, відаць», – падумаў Міколка, успомніўшы матросаў, якія цэлымі эшалонамі праходзілі праз станцыю ў часе рэвалюцыі.
Але што асабліва кідалася ў вочы, гэта быў позірк гэтага чалавека. Ён быў поўны вялікай нянавісці да людзей, што стаялі вакол яго з вінтоўкамі са штыкамі. То былі немцы. Трое вартавалі чалавека, двое таропка, хапаючыся, рылі лапатамі зямлю, капалі яму – магілу. Свежы пясок жаўцеў на палянцы, бразгалі каменьчыкі аб лапаты. Завіхаліся людзі. І відаць было, нібы чаго саромеюцца гэтыя людзі, унікаюць глядзець у вочы адзін другому і нібы чакаюць нецярпліва, як хутчэй скончыць гэтую нудную справу. Толькі адзін з іх, што быў без вінтоўкі і трымаў у руцэ рэвальвер, хадзіў абыякава па палянцы, грозна падганяў тых, што капалі зямлю, крычаў, лаяўся.
– Афіцэр... – ціха шапнуў Міколку дзед і замоўк.
З ямы вылезлі салдаты, кінулі ўбок лапаты, узялі вінтоўкі, што стаялі прыхіленыя да дрэва. Афіцэр падышоў да чалавека пад хвояй, выняў з кішэні нейкую паперу. Страшэнны плач раздаўся на паляне, і Міколка тут заўважыў, што з боку паляны пад зламанай бярозай стаяла жанчына з дзіцем на руках. Другое, большае, стаяла побач, трымаючыся адной рукой за матчын падол, другой расцірала слёзы на перапалоханым і запэцканым тварыку. Жанчына кінулася была да чалавека, што стаяў без шапкі, але грозна закрычаў афіцэр і, наставіўшы на яе рэвальвер, адагнаў назад.
Афіцэр, спяшаючыся, чытаў прысуд:
– «За пасягненне на маёмасць і жыццё мясцовага пана... за парушэнне закону аб уласнасці... за супраціўленне імператарскім нямецкім войскам... за падбухторванне сялян супроць падаткаў... батрак Сямён, былы матрос і член былога бальшавіцкага савета, па загаду яго імператарскага вялічаства імператара ўсяе Германіі Вільгельма ІІ прысуджаны ваенным судом да расстрэлу...»
Двое салдат кінуліся да чалавека пад хвояй і сталі надзяваць яму мяшок на галаву. Але чалавек рашуча скінуў яго і, кінуўшы мяшок у твар афіцэру, крыкнуў:
– Прэч, нягоднікі!.. Не мне баяцца смерці, як вам, сабакам... Але памятайце, нават з магілы я падыму свой кулак, як грозную перасцярогу вам... І многа яшчэ жывых...
Далейшыя словы былі не чутны. Нешта грозна крычаў афіцэр. Бразнулі затворы вінтовак. Міколка сцяўся ў халодны камяк, нібы ўліп у зямлю. Яго слых абвастрыўся да таго, што ён чуў, як шархаціць пясок на магіле, як скочваюцца каменьчыкі на дно ямы. Ён чуў, здаецца, сваё ўласнае дыханне. Ён бачыў, як непакойна стаў варушыцца дзед, дастаючы нешта з-пад пояса. І гарачыя слязінкі павіслі на расніцах. Вось-вось расплачацца Міколка, выдасць сябе і дзеда ў гэтай лесавой схованцы.
Грымнуў стрэл. Празрысты дым пасцілаўся над палянай. У ім губляліся фігуры салдатаў. Бачыў Міколка: чалавек як стаяў, так і стаіць. Вось яшчэ цэляць салдаты, але бачыць Міколка, як няўпэўнена ходзяць іх рукі, як дрыжаць вінтоўкі, паднімаючыся то задужа высока, то нізка. Яшчэ грымнуў залп, а чалавек усё стаіць пад хвояй, і вочы яго гатовы, здаецца, спапяліць усё перад сабой, да таго гараць яны палаючым бляскам. І вось бачыць Міколка, як азвярэлы афіцэр кідаецца да салдат, выхоплівае ў аднаго вінтоўку і пачынае цэліцца ў чалавека пад хвояй.
І не заўважыў Міколка, як над самым яго вухам грымнуў незвычайны стрэл. Афіцэр упаў як падкошаны, нязграбна раскінуўшы рукі на жоўтым пяску. Выразна бачыў Міколка падэшвы яго ботаў з прыстаўшай да іх зямлёй. Ды яшчэ бачыў, як кінуліся ўбок напалоханыя салдаты ды блізка каля іх шпарка прабег той чалавек, што стаяў дагэтуль пад хвояй. Чалавек, якому хацелі завязаць вочы, каб ніколі-ніколі не бачыў ён ні зары, ні яснага сонечнага ўсходу, ні чыстых зор, ні ўсяго, што ёсць на прыгожай зямлі. Гэта быў адзін толькі момант, калі, здавалася, нібы прыкуты быў да месца Міколка, не мог скрануцца, паварушыцца.
– Пойдзем хутчэй адсюль, унучак! Не варта тут доўга аставацца...
Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка, і таропка хаваў сваю зброю за пояс.
І тут не вытрымаў Міколка. Ён кінуўся дзеду на шыю, церабіў яго сівую бараду, ласкава гладзіў шурпатыя шчокі ў маршчынках і, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў:
– Які ж ты, дзед, слаўны чалавек... Які ж харошы, дзядуля... Які ж ты, мой дзеду, храбры.
Але дзед тут паморшчыўся крыху.
– Пра храбрасць ты кінь... Не ў ёй справа, унуча. Кожны павінен дапамагчы свайму чалавеку, які з мазаля жыве і якога крыўдзяць.
Міколка з дзедам, спяшаючыся, пайшлі ад таго месца, дзе вызвалілі яны ад смерці чалавека, якога нават не ведалі, пра імя якога ніколі не чулі. Вызвалілі таму, што на чалавеку было зрэбнае палатно, у чалавека былі мазалі, чалавека хацелі забіць насільнікі, прыгнятальнікі.
Міколка з дзедам трапляюць у бяду
Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам натрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Тут было некалькі дзесяткаў сялян з сем'ямі, з маёмасцю, з коньмі, з каровамі. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Стаялі калёсы з паднятымі ўгору аглоблямі. На аглоблях былі панадзяваны розныя дзяругі, коўдры. Пад гэтымі дзяругамі спалі на лахманах дзеці. Плакалі жанчыны то голасна, то ціха, наўзрыд. Плакалі па-рознаму, але словы былі адны:
– А што ж то будзе далей? Хіба жывымі ў магілу класціся?
Ля калёс гарэлі агні. Сухое вецце хвой патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Нібы раіліся залатыя пчолы, падымаліся ўсё вышэй і вышэй, аж пад самыя верхавіны маўклівых сосен, ялін. Ад сядзеўшых ля агню сялян мітусіліся навокал палахлівыя цені, яны скакалі па дрэвах, па кустах і знікалі, праглынутыя чорнымі змрокамі ночы. Усюды было трывожна. Гэта відаць было і па плачу жанчын, і па гутарках сялян, па іх трывожных позірках навокал. Некалькі чалавек было з старымі паляўнічымі стрэльбамі. Яны вартавалі жывёлу – тут жа ў лесе пасвіліся коні, каровы, свінні.
Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек, акружылі, запыталі сурова:
– Што вы за людзі? Чаго паначы швэндаецеся па лесе?
– А вы хто? – перапытаў у сваю чаргу дзед.
– Мы сяляне, уцяклі ў лес ад немцаў...
– Ну дык і мы ўцяклі ў лес... А самі мы рабочыя, чыгуначнікі.
Слова за словам – пачалася гутарка. І тут убачыў Міколка, што аднолькава прыходзіцца ад немцаў і рабочым і сялянам. І тым і другім прыходзіцца хавацца, ратаваць сваё жыццё, апошні свой кавалак хлеба. Рабочага пад канвоем немцы вядуць на працу ў дэпо, на паравоз. За гэтую працу амаль нічога не даюць, прымушаюць галадаць. У селяніна немцы адбіраюць апошнюю карову, апошні хлеб, паляць яго хату, калі селянін не захоча добраахвотна аддаваць гэты хлеб. А паспрабуй ты выступі супроць гэтых парадкаў, цябе расстраляюць або закатуюць да смерці.
– Адным толькі панам настала цяпер вялікае жыццё... – гаварыў адзін з сялян. – Толькі немцы прыйшлі, з'явіўся і пан. І такую расправу ўчыніў нам, што мы і не снілі ніколі... Вось і сядзім цяпер у лесе, укрыўшыся небам. А Сёмку-матроса, які быў у батрацкім камітэце, выдаў пан немцам. Тыя прысудзілі Сёмку да смерці за тое, што ён нібыта падбухторваў сялян да паўстання. Сёмка быў ворагам паноў. За гэта, відаць, і судзілі. І хто ведае – жыў цяпер Сёмка ці не...
Да самае поўначы гаварылі каля агню. Тут жа і ўлегліся спаць. Хто пад калёсамі, хто пад хатнім скарбам, прывезеным сюды. Хто тут жа каля агню, падклаўшы пад галаву торбу ці шапку-кучомку. Тут жа спалі і Міколка з дзедам.
А перад самай раніцай узняліся ў лесе таропкія стрэлы. Папрачыналіся напалоханыя людзі, беглі куды папала, крычалі:
– Ратуйцеся, немцы ў лесе!..
Але хавацца было ўжо недзе. З усіх бакоў акружылі немцы паляну, дзе размясціліся ўцекачы-сяляне. І калі намагаўся хто праскочыць праз густыя зарасці хмызнякоў, насустрач яму высоўваўся шырокі нямецкі штык і чуўся грозны вокліч:
– Стой! Назад!
Сяляне кідаліся назад, але ўсюды іх сустракала адна і тая ж грозная каманда, шэрыя каскі салдат і ашчаціненыя штыкі. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абамшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай.
– Патроны, дзеду, хавай, патроны! – ціха крыкнуў Міколка. Але недачуў дзед, ды позна было. Каля дзеда стаяў ужо нямецкі салдат і штыком падганяў яго, каб ён хутчэй падняўся на ногі. Міколка кінуўся да салдата, лёг грудзьмі на вінтоўку, каб адвесці штык ад дзеда, але тут жа пакаціўся па зямлі. Яго ўдарыў прыкладам вінтоўкі другі нямецкі салдат. Міколка ледзь падняўся на ногі, бо, падаючы, ён моцна ўдарыўся аб ламачыну. У Міколкі кружылася галава, нейкая пеляна засцілала яму вочы, але ён выразна бачыў таго салдата, які так неміласэрна ўдарыў яго. І вялікае, непераможнае пачуццё помсты запаліла Міколку. Ён падхапіў вялікі камень і кінуў яго ў салдата. Камень трапіў у каску. Азвярэлы салдат кінуўся са штыком на Міколку. І здавалася тады Міколку, што ніколі яму болей не ўбачыць ні гэтай паляны, ні лесу, ні дзеда, ні бацькі. Ля самых грудзей прамільгнуў перад ім шырокі штык, і Міколку здавалася нават, што ён бачыць на штыку цёплыя каплі расы ў барвовых і яркіх водблісках раніцы. Але то была не раса. Гэта Міколкава кроў пацякла па штыку. Хапіўшыся за яго абедзвюма рукамі, Міколка моцна, да пякучага болю, парэзаў пальцы і крыкнуў. Яго адцягнулі ад штыка падбегшыя жанчыны.
– Што вы з хлопчыкам робіце, рабаўнікі! – крыкнулі яны азвярэламу салдату.
Той памкнуўся быў жорстка расправіцца са сваёй ахвярай, але нейкі трэці салдат затрымаў яго за рукі, нешта гаварыў яму, няйначай, папракаючы за дзікі ўчынак.
Хутка ўсіх сялян павялі пад канвоем з лесу. Сярод сялян быў і Міколка з дзедам. Ззаду салдаты гналі сялянскіх кароў, ганяліся па лесе за коньмі, за свіннямі...
Развіднела. Узышло сонца. Было яно нейкае пахмурнае, мутнае, нібы шызая пеляна засцілала яго ранішні зрок. То былі шэрыя хмары, якія абляглі ўсё неба, праглынулі сонца, замуцілі небавую сінь. Неба было шэрае, халоднае, нібы ў познюю дажджлівую восень.
– Гэта ж дым, а не хмары, – праказалі сяляне.
І сапраўды, то дагарала вёска, да якой падвялі цяпер пад канвоем сялян. Вёска гарэла ўжо другі дзень, і некаму было тушыць пажару, дый баяліся тушыць. Вёску падпалілі немцы за супраціўленне сялян непамерна цяжкім падаткам і кантрыбуцыям. У гэтым падпале вінаваты быў і пан, які помсціў сялянам за рэвалюцыю і падгаворваў немцаў на бязлітасную расправу з беднатой вёскі. І вось стаялі пачарнелыя коміны, дыміліся галавешкі, струменьчыкі дыму віліся ад платоў, ад пажоўклых яблынь, бяроз. Зграі крумкачоў ляталі ў паветры, апускаліся сям-там на гарачых папялішчах і завіхаліся на трупах жывёлы, загінуўшай у дыме, у агні.
– Наша вёска... – ціха прамовіў адзін селянін да дзеда. – Вось яны ж і спалілі... – паказаў ён на сваіх канваіраў.
Над усімі навісла грозная цішыня. Толькі чуваць былі кароткія загады афіцэраў ды канваіраў. Твары салдат былі ва ўсіх грозныя, у некаторых раз'ятраныя. Гэтыя зусім былі не падобны на тых, якія займалі калісьці Міколкаву станцыю. Там былі палкі запасных салдат, многія былі з бародамі, пажылыя людзі. Неяк нават лягчэй было гаварыць з імі, не так па-зверску абыходзіліся яны з народам. У гэтых жа і форма трохі інакшая: чорныя венгеркі, большасць салдат на конях, у многіх чорныя шапкі і на шапках страшныя чарапы з перакрыжаванымі касцямі.
– Відаць, гусары смерці з карных вільгельмаўскіх батальёнаў... Быць цяпер у бядзе нам... – ціха прагаварыў дзед Астап да Міколкі.
Канваіры спынілі народ недалёка ад спаленай вёскі. Паставілі пару кулямётаў, нацэліўшы іх на сялян. Асобна ад усіх пад узмоцненым канвоем трымалі двух маладых сялянскіх хлапцоў, якіх захапілі немцы са зброяй у лесе. Канваіры і афіцэры, акружыўшы сялян, нечага чакалі. І раптам заварушыліся, заўважыўшы на дарозе ад маёнтка белае воблачка пылу. Воблачка расло, шырылася. І хутка ўсе ўбачылі, што гэта шпарка едзе па дарозе запрэжаная ў чацвёрку коней карэта. Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Усё гэта былі тыя ж гусары смерці. Чацвёрка коней стала як укопаная перад кругам сялян. З карэты паволі сышоў добра апрануты чалавек з навіслымі сівымі вусамі, у паляўнічым касцюме, у жоўтых ботах. Чуваць было, як рыпелі гэтыя боты, становячыся на зямлю. То быў памешчык. Ён дапамог выйсці з карэты другому чалавеку ў вайсковай форме.
– Палкоўнік нямецкі... – шапнуў нехта збоку і замоўк пад суровым позіркам канваіра.
Памешчык з палкоўнікам падышлі да сялян. Спешыліся коннікі, пад'ехала яшчэ адна каламажка, і з яе таропка вылез поп, няўклюдна апраўляючы падраснік, з-пад якога відаць былі наваксаваныя папоўскія боты.
– А гэты сіваграк чаго тут? – гучна запытаў дзед Астап у стаяўшага побач з ім селяніна. Але той не паспеў адказаць, бо загаварыў памешчык. Ён стаяў перад народам, важна выставіўшы ўперад немалы свой жывот, ленавата пакручваючы вус, і нібы ўсміхаўся сялянам самай мірнай, лагоднай усмешкай:
– Ну вось, мужычкі, ізноў мы з вамі сустрэліся... А вы думалі, што мы рассталіся навекі... Ну што ж, мала з вас ласкі імператара Вільгельма? – І ён паказаў рукой на абгарэлыя коміны сялянскіх хат, на сумныя папялішчы. – Вы думалі, што вам пройдуць так, даруюцца грабяжы над маім маёнткам? Што вам даруецца бальшавіцкае свавольства? Не, не чакайце, мае мілыя, гэта вам не свабода... Гэта вам не бальшавікі... Гэта войска вялікага імператара Германіі, якое стаіць за закон, за законную ўладу, за маю зямлю, за маё дабро.
Ён гаварыў і гаварыў, і словы яго перайшлі ўжо ў шалёны крык. Ён захліпаўся словамі, пырскаў пенай, пагражаў, лаяўся.
– За кожную маю карову я вазьму цяпер тры каровы, за кожнае зярно вы будзеце расплачвацца са мной сваёй крывёю і потам... Я згнаю ў турмах... Я расстраляю.
Яго спыніў чамусьці палкоўнік, запытаў нешта. Тады памешчык пачаў гаварыць больш спакойна:
– Палкоўнік ставіць перад вамі ўмову: калі хочаце яшчэ пабачыць свету, гаварыце, хто забіў нямецкага афіцэра і вызваліў Сёмку-бальшавіка?
Народ глуха маўчаў. Толькі відны былі сцятыя ў бяссіллі кулакі, суровыя твары былі ў цяжкай задуме. Ужо бегаў памешчык сярод людзей, ярасна трос кулакамі, грозна падступаў да некаторых.
– Гавары, дзе Сёмка? Хто яго вызваліў?
Але маўчаў народ. Толькі ўсхліпвалі жанчыны, выціраючы слёзы ражкамі хусцінак, ды плакалі дзеці.
Адышоўся памешчык, пачаў нешта раіцца з палкоўнікам. Той махнуў рукой аднаму з афіцэраў. Двух хлапцоў, якіх узялі з лесу са зброяй, падвялі да абгарэлай грушы, паставілі пад ёй. Да іх падышоў поп, нешта гаварыў ім, паказваючы на крыж. Але бачыў Міколка, як плюнулі хлопцы на крыж папу, на яго грудзі. Як пабіты сабака, адышоў поп убок. Загаласілі жанчыны, хапіўшыся за галовы. Глуха шапталі старыя:
– Калі ж кончацца гэтыя здзекі? Ці доўга цярпець яшчэ будзем?
Грымнулі стрэлы... Міколка не глядзеў туды. Ён бачыў толькі, як узняліся над папялішчам стаі чорных крумкачоў, як з абгарэлай грушы пасыпалася сухое лісце і ціха-ціха кружылася, ападаючы ўніз. Яму насустрач віліся шызыя клубы дыму ад стрэлаў.
Доўга яшчэ здзекаваліся над людзьмі, усё выпытвалі пра Сёмку, пра тых, хто падбухторваў не здаваць немцам хлеб і жывёлу, хто быў у батрацкім камітэце.
Але колькі ні настаўлялі на людзей кулямётаў, колькі ні спрабавалі страляць паверх галоў у народ, нічога не дапамагала. Людзі маўчалі. Тады памешчык з афіцэрамі падышлі бліжэй да людзей. Некаторых бралі і адводзілі ўбок. Вось і да дзеда з Міколкам падышоў памешчык, сурова паглядзеў:
– Ты хто, нешта цябе я не памятаю?
– Я таксама з табой незнаёмы... не даводзілася сустракацца... – працадзіў дзед скрозь зубы.
– А ты, чорт стары, адказвай, калі з табой гавораць... Жарты ў мяне кароткія... Хто і адкуль? – усё пытаў расчырванелы ад злосці пан.
– Чалавек я... Вось хто я.
Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Кастлявыя былі гэтыя рукі, з шырокімі пляскатымі далонямі, з вечнымі мазалямі, з незмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамі ад мазуту. Зірнуў на іх пан і затросся аж.
– Недарма ты аціраешся тут сярод мужыкоў... Відаць, з рабочага кодла, пракляты... – засіпеў ён і, заўважыўшы Міколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: – Гавары, хто гэта такі?
– Гэта мой дзед... – адказаў напалоханы Міколка.
– Які дзед?
– А дзед... вось проста дзед, і ўсё тут.
– А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?
Хацелася Міколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што ні на ёсць бальшавікоў сын, але, зірнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў ціха:
– А я дзедаў унук.
– А фамілія твая?
Зірнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовіў: «Не ведаю...» Як уджалены, падскочыў пан.
– У склеп іх! – грымнуў ён на ўсё горла.
Міколку з дзедам адвялі ўбок да купкі людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганяліся за каровамі, за іншай жывёлай. Частку гналі ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралі для нямецкага войска. Сяляне аставаліся на дымных папялішчах. Над папялішчамі кружыліся крумкачы. Дыміліся платы і дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалі два забітыя чалавекі.
Міколка з дзедам ішлі ў групе людзей. Іх падганялі салдаты. На салдатах былі чорныя венгеркі і чорныя шапкі. На шапках былі страшныя чарапы. На пражках паясоў паблісквалі пад сонцам выбітыя літары нямецкіх слоў: «З намі Бог!»
Кружыліся крумкачы над дымнымі папялішчамі.
Паблісквалі штыкі.
Людзей вялі ў склеп.