355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхась Лынькоў » Над Бугам: выбранае » Текст книги (страница 14)
Над Бугам: выбранае
  • Текст добавлен: 30 апреля 2017, 17:01

Текст книги "Над Бугам: выбранае"


Автор книги: Міхась Лынькоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 32 страниц)

І раптам, нібы на адну хвіліну, запахла мятай і чаборам. Такі ап'яняючы чабор, аж галава закружылася... І ні мяты, ні чабору. Толькі млоснасць нейкая авалодала ўсім целам, прыкрая агіднасць прасякнула ва ўсе яго шпарынкі. Нават у роце, здаецца, адчувалася нешта брыдкае, праціўнае... Удыхнуўшы на поўны рот паветра, Валя спынілася ля паркана свайго гародчыка, моцна сцяўшы рукамі вільготныя, слізкія ад дажджу парканіны. Стаяла і ўдыхала прагна паветра, спусціўшы хустку і расхлістаўшы грудзі. Халодны пранозлівы вецер лашчыўся аб гарачыя шчокі, кудлачыў валасы, стараўся скінуць з плеч хустку, якая зрабілася ад туману халоднай і вільготнай.

І стала лепей, спакайней забілася сэрца, перасталі палаць шчокі, і прайшло адчуванне гэтае прыкрае млоснасці. Здаецца, больш цвёрдымі сталі ногі, не трэба было трымацца за мокры паркан. Не кружылася галава. І думкі сталі яснымі-яснымі, як восеньскі ядраны дзень, калі так хочацца жыць, хочацца нечага новага, невядомага, калі ўстае перад чалавекам ва ўсёй прыгажосці, ва ўсёй чаруючай прывабнасці яго непазнаная будучыня. А для будучыні чалавек ніколі не шкадуе прыгожых і сонечных фарбаў. Яркіх і цёплых.

«Добра... Няхай... А мо яно ўсё часам к лепшаму.

Ці чалавек толькі схільны на жарты. Праўда, гэта не жарты, калі... Гэта будзе злачынства. Толькі... Ці ён жа пойдзе на гэта? Ён жа чалавек... Ён жа каханы».

З гародчыка пахла бульбянішчам і цвіллю тытунёвых цырбуноў. Іх пакінуў тут татка. Ён ужывае толькі лісты. Нябось, сухія цяпер там, на вышках. А цырбуны пагнілі вось, дый якая карысць ад іх. Спіць, мусіць, татка, хутка ўжо развіднее, дый час ужо!

Заспакоеная Валя пайшла дахаты, асцярожна, каб не бразнуць клямкай, увайшла ў сенцы, прайшла ў хату і, не павячэраўшы, хутка распранулася і забралася на ложак. І доўга яшчэ не магла заснуць. Ляжала з адкрытымі вачмі і без думак, без жаданняў пазірала ў шэрае акно, якое рабілася ўсё святлей і святлей. Усё гэта стала паступова расплывацца ў шырокія невыразныя плямы, якія калыхаліся, здаецца, рабіліся ўсё большымі і большымі, засцілалі хату, ложак, завод, клуб і ўсё-ўсё, што толькі бачыла, аб чым толькі думала Валя.

І, здаецца, аднекуль здалёк, з недасяжнае вышыні, з якіхсьці прыгожых і нябачаных месц даляталі да Валі ўрыўкі слоў аб нечым знаёмым:

– ...А прывезлі жыдовачку. Перад самай раніцою. Кажуць, ішлі з мястэчка хлопцы, што на складзе працуюць... Ну, і набрылі ў самы раз. Добра яшчэ, што падышлі ў час. А то, чаго добрага, і задушылі б часам, каб гэта, значыцца, сляды замыць. Дык бачаць яны – пабегла трое ў кусты. Глядзяць, ляжыць яна і зусім без памяці... Ну, адзін хуценька сюды ды за каня. Прывезлі. У бальніцы ляжыць.

– А хто? Хто ж зрабіў гэта?

– А хто яго ведае. Кажуць, што... Ну, ды гэта па сакрэту... што Лузанчыкава справа. Ну, ды яшчэ некаторых. Але ж каб дасканала, дык ніхто не ведае.

Гэта дзед Андрэй чуць свет забег да Антона і дзяліўся з ім навінамі апошняе ночы.


* * *

Іван Шабурда прачнуўся па звычаю рана, але ўставаць не хацелася. Свята – чаму ж і не адпачыць хвіліну якую залішнюю, гэта ж касцям не завадзіць.

У хаце было сонечна, светла. Выбеленыя сцены з блакітнымі ўзорамі прыемна лашчылі вока, а начыста памытая падлога і бялюткі, без адзінае плямінкі, абрус на стале гаварылі аб тым, што сёння нядзеля, свята, адпачынак.

Аб гэтым жа гаварыў і той падкрэслены парадак у хаце: кожны зэдлік стаяў на прызначаным яму месцы, на вокнах свежыя, не памятыя яшчэ фіранкі з газетнай паперы, начыста абмыты і спырснуты вадой зеляніўся фікус і пад ім старанна выцерты ад пылу высокі шкляны каўпак, у якім цікаў паціху будзільнік. Праменні сонца траплялі ў каўпак, траплялі на вычышчаную медзь будзільніка і адсвечваліся там трапяткімі зайчыкамі, траплялі на бялюткі цыферблат, дзе ў вянку з незабудак безупынна круцілася секундная стрэлка.

Такі самы каўпак стаяў на століку і ў другім кутку пакоя, і ў ім быў вялікі прыгожы букет з засушаных кветак і травы. У кутку блішчалі пазалотай і меддзю «спасы» і «ўгоднікі», і над усімі імі чорнай аблупленаю плямай выглядала «Тайная вячэра».

«Самы стары абраз... блаславенне на шлюб...» – падумаў Шабурда. І, салодка пацягнуўшыся на пасцелі, аддаўся прыемным успамінам. Іван Шабурда аглядаў свой пакой, свае сцены, сваю маёмасць, усё тое, што паступова, з году ў год, упарта, настойліва набываў ён у хату. Кожная рэч, буйная і дробная, пачынаючы з таўстапузага камода і канчаючы драцяной почапкай на сценцы, – усё гэта было звязана з жыццём, з тымі ці іншымі падзеямі. Кожная рэч – кавалачак жыцця, кавалачак сямейнай гісторыі. І нават партрэт Леніна, які прытуліўся недалёчка ад багоў, выклікаў цэлы шэраг успамінаў, якія мелі дачыненне больш да сям'і, да сямейнага жыцця, чымся да чаго іншага. Жонка настаяла, каб купіць... «Ты ж, – кажа, – цяпер заўком, не хто іншы... Вунь у камсамольскага сакратара партрэт, у дырэктара партрэт, у клубе партрэт, а ці ты ж не начальства?»

Ну і купіў...

А жонка, мусіць, цяпер карову доіць. Другая карова не доіцца ўжо, тыдні з два яе запусцілі, хутка цяліцца будзе. Малака пабольшае, можна будзе і прадаваць – дзякуй Богу, попыт ёсць – тут жа, на заводзе.

Ад каровак думкі Івана перайшлі на падсвінкаў, на кормнага парсюка – хоць бы да Каляд вось падкарміць добра... Усё ж прыбытак у гаспадарку. Тут жа ўспомніў Іван свайго суседа па пляцу Нупрэя Ахрэмчыка, успомніў і стаў незадаволена чухаць сваю рэдзенькую вострую бародку.

«І шанцуе ж чалавеку. У мяне два на заводзе, а ў яго аж тры чалавекі, ды яшчэ – на табе, сталоўку завёў, «антылігенцыю» сталуе – канторшчыкаў, дзелаводаў, аграбае сабе грошы, і хоць бы ў вус! Праўда, баба ў яго надта спрытная, маёй – не раўня... Ну, ды і мне пры маім палажэнні не сталоўкамі ж займацца».

Чамусьці прыйшла ў галаву старая думка, якая калісьці не давала спакою ні яму, ні асабліва жонцы.

«Купіць бы вось хутар... І быў бы ты поўным гаспадаром. І зямля твая, і сад твой, хата, хлявы, пуня, гумно гэтакае... І галоўнае, ніхто табе не ўказчык».

Але думка пра гэта даўно страціла ўсю сваю прывабнасць. Мо таму, што не спраўдзілася раней, калісьці, мо таму, што цяпер і без хутара сяк-так абысціся можна – плаці там яшчэ падаткі розныя ды ўсякую іншую там хваробу. А цяпер і так добра. Абы здароўе, а калупаць з сынам рублі не зломкі. І сын ужо ў майстры падаўся – чаго болей трэба.

Ужо Іван Сяргеевіч адважыўся быў скінуць з сябе цёплую коўдру, як у сенцах нехта рыпнуў дзвярмі. Мусіць, жонка...

Але па стуку чобатаў у сенцах чуваць было, што ідзе нехта другі. Хто ж бы такі мог і па якой справе? Мо па саюзу хто, дык чаго перціся ў хату, калі на гэта мясцком ёсць...

Але доўга разважаць і дагадвацца не прыйшлося. У хату ўвайшоў Сёмка Лядун – сухі, вяртлявы хлапец, доўгі, як тая хлабысціна. Сёмка Лядун быў членам мясцкома, і з'яўляўся ён звычайна на кватэру Івана Сяргеевіча толькі ў рэдкіх, выключных выпадках, калі здаралася што-небудзь незвычайнае на заводзе; ці прыязджаў хто-небудзь з раёна або акругі, ці што іншае. І адразу знік вясёлы, дабрадушны Іванаў настрой, нейкі непрыемны, прыдушваючы асадак лёг на сэрцы.

– Бяда, Іван Сяргеевіч, бяда-а...

Аж захалодала ў пятках у Івана, і раз ці два балюча сціснулася сэрца.

– Што ты кажаш? Якая? Дзе? У чым справа?

– Па парадку, Іван Сяргеевіч, па парадку. Работніцу адну нашу згвалцілі.

– Ну-у!

– Вось вам і ну. Сягоння на світанні і ў бальніцу прывезлі.

– Жывая?

– Як сказаць... Вядома, жывая.

– Якую ж работніцу? Дзе? Хто?

– Па парадку, Іван Сяргеевіч, па кожнаму пункту асобна: згвалцілі ноччу ў Чурылаўскім ляску, і, мусіць, нашыя рабочыя.

– Ды што ты кажаш?

– Вось і кажу. А згвалцілі Рахіль, ведаеш, што з Сідаронкам працуе, з новых яшчэ, не так даўно і прынялі.

– А я думаў – з нашых... – палягчона ўздыхнуў Іван Сяргеевіч.

– Што, што вы кажаце?

– Ды нічога... Ну што ж, згвалцілі, толькі і клопату, падумаеш, ці ўпершыню гэта ў нас, скажам... І ў мінулым жа годзе быў такі выпадак з гэтай самай, ну... ды Настулькай Сіваковых, з красільні. І нічога, пажаніліся потым. І жывуць патроху, яна і цяпер працуе там жа.

– Дык то, бачыце, другая справа. Дык хто ведаў, ці там гвалт, ці там што іншае. Дый пажаніліся, кажаце... А тут жа тры рабочыя, вось цяпер і думай, як хочаш. А мясцкому трэба за гэтую справу ўзяцца.

– Ты думаеш? А ліха яго тут ведае. І заўсёды з гэтымі прыхадзяшчымі. Чорт іх ведае, адзін непарадак ад іх. Ніколі не бывае ад іх спакою: то ім інтэрнат дай, то ім падавай сталоўку – падумаеш, графы якія знайшліся, – то ім вар, то ім трасцу якую... Ну і народ.

Але, схамянуўшыся, Іван Шабурда падумаў, што словы яго не зусім адпавядаюць яго палажэнню: як-ніяк – старшыня заўкома, інтарэсы, можна сказаць, працоўных і ўсякія іншыя там калдагаворныя «штукі»...

«Эркака, ка-ка-ка...» – падумаў незадаволены Іван і пачаў апранацца. Непаслухмяны гузік ніяк не зашпіляўся. Відаць было – старшыня нерваваўся. Абкруціўшы нагу анучай, ён пачаў нацягваць чобат, які ўпарта не лез, хоць Іван і біў старанна абцасам аб падлогу, аж да поту на лысіне. Ад стуку прачнуўся сын за перагародкай і запытаў сонным нездаволеным голасам:

– Чаго ты там уз'юшыўся?

– Ат, ляжы ўжо, калі ляжыш, – агрызнуўся Іван Сяргеевіч, нацягваючы сяк-так другі чобат.

Увайшла жонка з даёнкай, прыкрытай фартухом, і здзіўлена зірнула.

– Куды гэта так?

– А табе што?

– Дый я пытаю – куды гэта збіраешся? Снеданне яшчэ не гатова.

– Вялікі клопат мне тут з тваім снеданнем. Паспееш яшчэ!

– Ото галава кручаная! Як зрабіўся на заўкома, дык ні хвіліны спакою, вечна бадзяецца – ні табе свята, ні табе...

– Годзі, годзі...

– Дык што годзі? Не я табе кажу, ці што?

– Цадзі малако лепей, ведай сваю справу.

Жонка паставіла даёнку на лаве і заюшылася ля печы. Не цадзіць жа малако пры людзях – яшчэ часам уракуць!

Іван пайшоў да медзянога ўмывальніка, доўга і марудна, як робяць звычайна ўсе старыя, торгаў яго і пырскаўся вадой.

– Падлогі не замачы, бач, чапурыцца, глядзі, яшчэ вароны скрадуць...

Але Іван Сяргеевіч не зважаў на буркатню жонкі, старанна выцерся ручніком, памкнуўся быў на кут, але схамянуўся назад і, зірнуўшы неяк нерашуча ў Сёмкавы вочы, запытаў:

– Ну дык што ж мы рабіць цяпер будзем? Як ты думаеш?

– Ды я нічога не думаю. Я ж вось і прыйшоў паведаміць вам, бо трэба ж нешта рабіць...

– Трэба-то яно трэба... Як жа... На тое ж мы і заўкомы, недарма нас абіралі... – гаварыў няўпэўнена Іван Сяргеевіч, гаварыў і расцягваў кожнае слова і думаў, што ж сапраўды цяпер рабіць, як прыступіць да справы, якую, скажам, прыняць пастанову ці рэзалюцыю там. І раптам разышліся на яго лбе маршчакі, і ўжо звыклым тонам, не дапускаючы ніякіх там пярэчанняў, ён сказаў:

– А як ты думаеш, ці не зайсці нам, скажам, да Анатоля Іванавіча: усё ж ткі дырэктар, ну і чалавек парцейны... І наогул заўсёды правільную лінію вядзе, ведае, як і што. Якая твая прапанова будзе па гэтаму пункту?

– А чаму ж і не зайсці? Ды ён жа да таго і вольны сёння, і застанем на кватэры. Дык пойдам, чаго там...

Жонка Івана Сяргеевіча задаволена ўздыхнула. Урэшце выкаціліся з хаты, можна брацца цяпер і за малако.


* * *

Былі белыя, такія бялюткія-бялюткія сцены... І такая самая столь. І такія самыя зэдлікі, столікі, такая самая чысцюткая і бялюсенькая шафа ў кутку.

І па-беламу распаўзалася сонца. І белае балюча ўдарыла ў вочы, таму і апусціліся зноў павекі, зноў нерухомымі сталі пальцы на руках. Адчувалася стомленасць, цягучы боль звязваў рукі і ногі, і не было як паварушыцца, крануць нагой ці рукой. І думкі плылі абрыўкамі, няясныя, расплыўчатыя і такія выпадковыя. Неяк нельга было пачаць ад галоўнага, ад сённяшняга...

Белыя сцены, столь... Белая шафа рабілася аграмадным белым птахам, які ўзлятаў высока-высока, аж пад самае сонца, і раптам ляцеў шалёна к долу і ціхутка, спакойненька станавіўся ў кут той жа звычайнаю шафай. Вунь відаць праз шчылінкі прыжмураных вачэй крыху прыадчыненыя дзверцы гэтай шафы, адтуль высунуўся кавалачак марлі, відаць нейкая пляшка. Дзверцы шафы белыя, і па беламу ззяе сонечны зайчык: ён дрыжыць і пераліваецца бляскам празрыстага золата. Раптам зайчык знікае. Тады цямнеюць сцены, белая столь, зэдлікі, шафа, і ў пакоік упаўзае нешта шэрае і такое нуднае-нуднае. І адзінюткая сляза застывае на твары, і хочацца плакаць. І няма сіл.

А ў думках – гэта белае, неадчэпнае белае... Як калісьці ў малочнай рэбе Меера: белыя сцены, белы прылавак, белыя паліцы... І тады часам хацелася плакаць, плакаць моцна, уголас, каб пачуў увесь свет, каб здрыгануўся ён, каб само сонца аблілося слязьмі са сваіх недасяжных вышынь і сонечнымі непазнанымі слязьмі змыла чалавечае зло і гэтыя чалавечыя звычайныя сінякі, якія так часта дарыў рэбе Меер. І гаварыў пры гэтым:

– Рахіль, Бог любіць толькі тых, хто працуе, ідзі ж калышы калыску і не гняві тваю гаспадыню.

Рэбе Меер адзін, а людзей многа-многа. Людзі, людзі і людзі... Многа людзей. І адна толькі Нютка. Нютка – таварышка, Нютцы можна расказаць аб усім. Нютка не будзе смяяцца і не скажа пра сялёдачны хвост, пра жыдоўку. Добрая Нютка...

Ціхае заспакаенне авалодвае целам; прыемна адчуваць гэтую цішыню, цяплынь коўдры і сачыць за гэтымі зайчыкамі на сцяне, на шафе, на печы.

А за дзвярамі чутны ціхія галасы:

– Нютка, не трэба хадзіць, не трывож пакуль што, няхай вось выспіцца, адпачне, тады і паспееш убачыцца.

– А што з ёй?

– Ды нічога небяспечнага. Вось прастыла крыху на зямлі, але ж ачуняе... Не клапаціся дарэмна.


* * *

– Ну, хто там?

– А гэта мы, Анатоль Іванавіч, бачыце, па справе адной, дай, думаем, зойдзем.

– Ага, таварыш Шабурда, заходзьце, заходзьце... Ну, як вам спалася, што новага?

– Ды яно, як сказаць, якія могуць быць навіны ў нас, на нашым, гэта значыцца, заводзе... – Іван Сяргеевіч пяцярнёй рукі памяў сваю бародку, якая мела за звычай тапырыцца непаслухмяна ўперад сваім вострым кончыкам, калі бачыла перад сабой начальства. – Але вось дзялы ўсё ж ткі... І ліха яго ведае, непрыемнасць, бачыце, жыдовачку гэтую самую згвалцілі... Рахіль, з выдувальнага цэха. Ляжыць у бальніцы цяпер, прывезлі рабочыя.

– У якой бальніцы?

– Ды ў нашай жа...

– У нашай? А хто ж распарадзіўся прывезці іменна ў нашу бальніцу? А чаму не ў раённую? Гэта ж не ў заводзе здарылася?

– Іменна не ў заводзе, Анатоль Іванавіч, і не на тэрыторыі завода, а ў Чурылаўскім ляску, які, як вам вядома, з паўвярсты ад нас. Але ж нічога не папішаш, прывезлі, бачыце, рабочыя раніцой, каб жа гэта ды знаццё, ды веданне...

– Ну, вось і нарабілі клопату... Мала дзе што дзеецца, а цяпер і запытаць могуць часамі, а што гэта ў вас на заводзе робіцца? Як жа гэта вы так? Усякую брыду на завод цягнеце.

– Дык, бачыце, мы ж тут ні пры чым... Я і зайшоў гэта параіцца, што ж рабіць цяпер будзем, бачыце, нашыя рабочыя і зрабілі гэта ўсё.

– Хіба вядома?

– Кажуць... Бачылі некаторыя.

– А яна гаворыць?

– Ды вось Сёмка кажа, што яна ні на кога не ўказвае, маўчыць, сцяўшы рот, і ні слова.

– Та-а-к... Не зусім прыемная справа. Але нічога, перамелецца сяк-так і пройдзе.

– А як вы думаеце, мо пасяджэнне заўкома сабраць... ці пастанову там якую?

– Пасяджэнне? Пры чым тут пасяджэнне? Ніякай карысці, ды навошта гармідар ствараць. Няхай ужо ляжыць у бальніцы, ачуняе, дык на работу пойдзе.

– Ото ж і добра. Я так і думаў. Памятаеш, Сёмка, і я сказаў так: навошта гэтыя, скажам, пасяджэнні, марнаваць паперу дарма. Дый ці гэта часу ў нас залішне, ці што, каб гэта, значыцца, кожным глупствам мазгі забіваць. Дый свята сёння. Бяда з маладымі, вось прыбег сёння ён, з пасцелі ўзняў. «Бяда, бяда!» – крычыць як непрытомны. А яно ўсё трэба паціху, ды каб гэта яно па-людску, спакойна, ціхамірам...

– А вось вам і будзе «па-людску». Каб вы гэта ды паслухалі, што рабочыя кажуць. Ад хуліганаў, гавораць, праходу нямашака, распладзіліся неймаверна. Чалавеку не прайсці, каб не зачапілі. А заўком, кажуць, хоць бы зрабіў што, каб гэта ўсё да парадку давесці, – загаварыў Сёмка Лядун, які моўчкі сядзеў да гэтага часу.

– А пры чым тут заўком?

– А нашто ён тады?

– Ну, Сёмка, ты, браце, яшчэ задужа малады і зялёны, вучыць мяне няма чаго, глупстваў залішне не разводзь. Што ты – ведаеш, бачыў, хто рабіў?

– Не бачыў, дык людзі скажуць.

– Мала чаго табе людзі набрэшуць. А каб, скажам, і ведаў, – дык нарсуд на тое ёсць, пры чым жа тут заўком?

– Ну, няхай будзе па-вашаму... Пабачым.

– Ды нечага і бачыць. Усё ясна, як дрот. Вось няхай і Анатоль Іванавіч скажа.

– Не спрачайцеся дарэмна, таварышы! Няма аб чым гарачку несці. Вось скажыце лепей, калі мы сход агульны прызначым па калектыўнаму дагавору? Ды, ведаеце, не шкодзіла б вам там трохі пацерціся сярод рабочых, асабліва сярод падсобных, каб якой-небудзь бузы не адпалілі. Тут да мяне некаторыя заходзілі з інтэрнатам гэтым. Але ж самі ведаеце, што сродкаў у нас – кот наплакаў, ды наогул цяжка і гаварыць цяпер аб гэтым, бо тут табе і рэжым эканоміі, дый збыту вось няма, затаварыліся занадта. Так што, каб гэта ўсё ладна пайшло... Мая думка – прадоўжыць трэба дагавор на год і... больш нічога. Ну, можа, там вось водаправод у завод правесці, балазе ж трубы даўно набыты – выдаткаў вялікіх тут непатрэбна. Ды там яшчэ што з дробязі.

– Як-небудзь ужо зробім. А сход можна будзе і на тым тыдні... Трэба пасля палучкі зараз жа, а самае лепшае – у часе палучкі.

Умовіўшыся аб сходзе, Іван Сяргеевіч і Сёмка пайшлі ад дырэктара.

Іван Сяргеевіч, сыходзячы з ганка і пагладжваючы сваю бараду, усё даводзіў Сёмку правільнасць сваіх думак:

– Ну што, не я табе казаў – зачым вэрхал ствараць. Падумаеш, справа – жыдовачку згвалцілі... Ну што ж, згвалцілі, і ці мала каго згвалтуюць. А ты – бяда, бяд-а-а... Вучыся лепш у старых. Ды вось, між іншым, думае твой бацька ў мястэчку пабыць сёння ці не? Там жа кірмаш... Дык накажы яму, калі думае, няхай зойдзе, разам пойдзем. А то яшчэ, можа, і на маторку патрапім, па рэчцы дык яно як вокам міргнуць – і там будзем. Дык глядзі ж, накажы!

– Добра... – мармытнуў пад нос Сёмка і пайшоў да свае хаты. Ён ішоў і думаў, што ж рабіць тут заўкому? Як-ніяк, а справа ж, здаецца, важная. І на табе – ніхто ні слова, нібы гэта яго і не тычыцца. Хоць бы сабе Іван Сяргеевіч... Старшыня заўкома... І хоць бы табе што! Разбярыся тут – хітрая справа. Ну, стары чалавек... і дзядзька, між іншым. Вось тут і разблытвай.


* * *

Запаленне лёгкіх надоўга прыкавала Рахіль да пасцелі. Толькі на другі тыдзень яна пачала пазнаваць фельчарыцу, пачала пазнаваць і сваю таварышку Нютку, якая штодня наведвала яе і прыносіла што-кольвечы з нямудрых сваіх прысмакаў.

Ужо другі дзень, як Рахіль ачуняла, і фельчарыца абяцала, што праз тыдзень які можна будзе ёй і выпісацца з бальніцы, можна будзе стаць зноў на работу. Бляды, зняжывелы твар стаў паступова набываць свае жывыя фарбы, былую рухомасць.

З прыемнасцю і задавальненнем назірала Нютка, як сілілася Рахіль усміхнуцца, расказваючы аб нечым старым і смешным з местачковага жыцця, якое было вядома абедзвюм. Але ўсмешка гэта была яшчэ занадта слабая, яна знікала праз хвіліну, і тады шэрымі, зямлістымі ўзгоркамі выдзяляліся на твары сківіцы, на цёмныя плямы рабіліся вочы, занадта вострым і залішне белым здаваўся нос.

Нютка адварочвалася тады да акна і глядзела на двор, на якім падалі і перамешваліся з гразёй першыя нерашучыя сняжынкі. Яна нахілялася да шыбкі, хукала на яе, і шыбка засцілалася парай, і ў самай сярэдзіне збіраліся буйныя кропелькі, якія спакваля спаўзалі ўніз.

– А ўсё ж ткі цёпла ў цябе напалена, а на дварэ цяпер холадна-холадна, – гаварыла Нютка, гаварыла проста так, абы сказаць, абы парушыць цішыню бальнічнага пакоіка. Гаварыць аб другім было неахвота, бо гэта магло расхваляваць таварышку, яшчэ больш яе абяссіліць.

А пагаварыць было шмат аб чым. Хацелася сказаць, што яна, Нютка, расказала аб усім-усім некаторым хлопцам: і аб учынках Сідаронка, аб насмешках і здзеках некаторых другіх рабочых, і аб тых, хто зрабіў гэтую апошнюю паскудную справу, і аб гэтай вось пісульцы, якую перадала ёй фельчарыца. Пісулька адрасавана Рахілі, там было ўсяго некалькі слоў, але ж не варта пакуль што паказваць пісульку Рахілі.

«...Толькі пікнуць пасмей аб нас – і паху твайго не застанецца на заводзе. Глядзі ж!» Гэтыя словы былі выведзены на шэрым абрыўку паперы нязграбнымі крывулькамі. І подпіс быў: «Тыя самыя». Нютка добра ведала, хто гэта «тыя самыя», ведала і чыя папера, і хто пісаў. У інтэрнаце на століку Андрэя Лузанчыка заўсёды ляжаў сшытак з шэрай паперы ў зялёнай вокладцы. У сшытку былі запісаны розныя песні, саромныя частушкі і ўсякая іншая брыда. З гэтага сшытка і адрывалася папера на пісульку Рахілі.


* * *

Рабочы агульны сход як ніколі быў мнагалюдным і тлумным. Зала клуба была паўнютка народу, які не тоўпіўся ў ёй. Некаторыя стаялі ля самых дзвярэй, дзе на сценцы вісела заўсёды «мопраўская дошка» з намаляванымі кратамі і чырвонай хусцінкай, дзе змяшчаліся таксама розныя афіцыяльныя аб'явы і загады па заводу.

Гоман галасоў напаўняў усю залу. Ён змешваўся са стукам дзеравяных пасталоў – некаторыя прыйшлі проста з завода, толькі што са змены. Некаторыя тут жа палуднавалі, прыціснуўшыся бліжэй да сценак, на якіх у клубах тытунёвага дыму чуць прасвечваліся электрычныя лямпачкі, шматлікія лозунгі і партрэты.

Сход адкрываў Іван Сяргеевіч. Ён доўга без усякіх вынікаў наводзіў парадак, стукаючы па некалькі раз па графіну з вадой. Але ўсё дарэмна было, і з трэцяга рада нельга было пачуць, аб чым ён хоча сказаць. І тады нехта з маладых хлопцаў крыкнуў на ўсю залу:

– Смірна-а... раўненне на халяву! Слухай, што скажа заўком...

Усе павярнуліся разам да сцэны і сталі чакаць прамовы.

Іван Сяргеевіч яшчэ раз прайшоўся па сцэне, пацёр рукі і ўрэшце пачаў:

– Дык вось... Як-ніяк, а год пражылі і нішто, можна сказаць, пражылі. І вось уступаем мы ў новы год, у новы, так сказаць, дагаворны год. Вам што, а нам вось – заўкому – клопаты – складай дагавор калектыўны.

– Ну-ну, даёш дагавор!.. – крыкнуў нехта з залы.

– Даўно час!

– Заспаліся!

– Смялей, смялей, Іван Сяргеевіч, гавары-нагаворвай! – пасыпаліся з усіх канцоў розныя выкрыкі.

– Пачакайце ж. Так вам усё адразу і падавай. Трэба па пунктах. Дык вось – першы пункт: аб першым разрадзе...

У зале навісла цішыня, чутна было, як нехта ўзыходзіў на ганак і абіваў там чобаты ад гразі, як цікаў насценны гадзіннік, як адрываў нехта кавалачак паперы, каб запісаць якое-небудзь сваё пытанне.

– Так... Дык, гэта самае, аб першым разрадзе... Вядома, прыйдзецца пакінуць старыя стаўкі, бо, самі ведаеце, грошай жа не накапаем дзе-небудзь, як пяску, скажам. А са збытам, вы таксама ведаеце, у нас не зусім што добра. Так што, адным словам, падсобны штат застанецца пры старым палажэнні. Ну, а майстры... здзельшчына, вядома, як было, так і застацца павінна... А карацей гаворачы, мы парашылі вось прадоўжыць наш стары калектыўны дагавор яшчэ на год. Ну, упішам некаторыя дадаткі, магчыма, некаторыя змены, але ж у асноўным стары дагавор парушаць не прыйдзецца...

– Дык на чорта склікаць было, на якое ліха?

– Каб зубы свае патачыць?

– Бач ты яго, нябось, яму можна пры яго разрадах ды пры двух едаках хоць пяць год чакаць, а ты ногі выцягні, – несліся выкрыкі ад сценкі, дзе сядзелі ў большасці падсобныя.

Іван Сяргеевіч памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але толькі паспрабаваў ён адчыніць рот, як выкрыкі рабіліся ўсё гучней і гучней, і цэлы вэрхал узнімаўся ў зале. Выцершы хустачкай лысіну і нерашуча азірнуўшыся са сцэны, ён хуценька выйшаў у бакавыя дзверы.

– Анатоль Іванавіч, ідзіце вы, вас болей слухаюць, дый гаварыць вы можаце нейк лепей, а то, ліха яго ведае, ніяк не саўладаю з гэтымі... – Іван Сяргеевіч хацеў сказаць: «з гэтымі паскуднікамі», але схамянуўся і, памаўчаўшы трохі, дадаў: – З бузацёрамі.

– А на чорта было вам разводзіць гэтую анцімонію: разрады, разра-а-ды... Сказалі б лепей адразу аб усім дагаворы, і годзе, – незадаволена кінуў Анатоль Іванавіч і, сплюнуўшы ў куток, пайшоў на сцэну.

– Дарагія таварышы рабочыя! – чулася хутка адтуль. – Перш чым нам гаварыць і выступаць тут, давайце раней падумаем: а на чыім заводзе мы працуем і хто гаспадар яму? Мы на нашым заводзе працуем ці не? Вось некаторыя з вас і падказваюць: «на нашым». Што гэта значыць? А гэта значыць, што завод наш, завод належыць тым, хто працуе тут, хто пралівае тут свой пот. А паколькі так, дык хто ж гаспадар тут? Ды мы самі, рабочыя, усе вось, хто тут сабраўся, мы – гаспадары. А паколькі мы ўсе з вамі гаспадары, дык давайце і рабіць па-гаспадарску. Што б было, калі, скажам, кожны з нас захацеў за сваю працу браць столькі, сколькі яму ўздумалася? Ды мы б у трубу вылецелі... Дык ці можам жа мы вымагаць ад саміх сябе больш магчымага? Кожны з вас, я думаю, адкажа, што – не! А вось механізуем з часам завод, палепшым абсталяванне, тады, магчыма, і зарабляць будзем болей. А так, дык перад намі адна дарога: калі мы захочам немагчымага, дык прыйдзецца проста закрыць завод, а з гэтым, я думаю, ніхто з вас згодзен не будзе, бо ніякай карысці ад гэтага не атрымаеш. А што гэта так, дык я павінен вам сказаць аб апошніх распараджэннях з трэста: калі завод не апраўдае сябе, дык патрэбна будзе яго закрыццё. Вось аб чым мы заўсёды павінны памятаць і не патрабаваць, паўтараю, ад саміх жа сябе немагчымага.

– От залівала, дык залівала! – шапнуў Яшка на вуха Каведлу.

Той усміхнуўся, але нічога не адказаў, думаючы аб нечым і ўглядаючыся ў кут на сцэне, дзе на пабеленай столі выдзялялася шырокая шэрая пляма. «Працякае, мусіць, трэба будзе агледзець... Але аб чым гэта ён?»

Анатоль Іванавіч гаварыў яшчэ і аб падсобным штаце, аб іх пенсіі.

– Каму ж і хто перашкаджае стаць майстрам у будучым, абы жаданне было, тады і зарабляць будуць болей.

Гаварыў яшчэ аб сталоўцы: «Вось-вось адчынім, пытанне бліжэйшага месяца». Памянуў кааператыў, аб намечаным да будоўлі новым інтэрнаце, «на які асабліва спадзявацца ўсё ж ткі не трэба, бо прыходзіцца лічыцца са сродкамі».

Выступіла яшчэ некалькі майстроў. Вось дзядзька Сяргей цягнуў сваё звычайнае – скардзіўся на падносчыц:

– І трасца іх ведае, не рукі, а граблі, цап-цап – ашкалёпкі. І што ты хочаш з такімі, ці ты з імі норму выпрацуеш, выганіш што? А яшчэ – падвышай ім стаўку... Дзе гэта відана? Ды за што, я пытаю вас, за ашкалёпкі? Дык аб чым гаварыць? І што гэта за людзі? Дурыкамі хочуць хлеб зарабіць. Пачакайце ж, няма дурных!

– Бач, разумнік знайшоўся! У тры раты халявы дуе, дык яму і чорт запанібрата! Далоў! Злазь... – чуліся крыкі.

– А вось не пайду, гультаі, абібокі.

– Далоў, змывайся да божай мацеры... Мала дзяўчат ты пабіў на сваім вяку?

– Транты вы дзіравыя...

– Далоў, гніда, бач, разбагацеў, старцоўскі хлеб скупляючы.

– Лапцюжнікі...

– Вон, паскуднік, крывасмок былы, мала крыві пасмактаў з панам, дык і цяпер думаеш...

Крыкі, гоман змяшаліся ў вялікі вэрхал, з якога цяжка было аб чым-небудзь дачуць, у чым-небудзь там разабрацца. Хто крычаў, хто махаў рукамі, нехта моцна грукаў чобатамі аб падлогу, кожны сіліўся перакрычаць другога.

– Гультаі!

– Падліза панская... Хто скварку з'еў, якою пан чобаты ваксіў?

– Ты ў мяне пагавары...

– Ану?

– Абічайка ты... Лапаць шэры.

– Крый яго, чаго там.

Нават Астап Зіркута і той умяшаўся ў агульны вэрхал і нешта крычаў, размахваючы сваімі лахманамі.

– Ты падумай, сын Карла ў мяне, не абы-хто. І ніякага спасобія... пры чым жа тут я?

– Адчапіся...

– Таварышы!

– Тава-а-ва-рышы!

– Та-а-ва-а-рышы! – крычаў нехта, стараючыся перакрычаць людскі гоман з крыкаў, узаемных лаянак і папрокаў.

– Тава-а-рышы! Да парадку... Ды слухайце ж, каму гавораць... Ды мы ж на рабочым сходзе.

На сцэне размахваў рукамі Сашка Каведла, некалькі разоў ударыў кулаком па сталу, сарваў сваю кепку і кінуў размашыста ў кут. Кепка ўдарылася ў бляшаны ліст, якім абліцована была знізу сцэна, і ўпала на падлогу пад бляшаны грукат, уздымаючы цэлую гору пылу.

Ці грукат бляхі, ці энергічныя мігі Каведлы і ўвесь яго надзвычайна знерваваны выгляд зрабілі свой уплыў на рабочых, але зала сцішэла. Чуліся яшчэ паасобныя абрыўкі слоў:

– Эксплуататары вы...

– Крывасмок!

– Гультай.

– Я табе за гультая рэбры пералічу...

– Ану...

Але выкрыкі рабіліся ўсё радзей і радзей. Некаторыя пацягнуліся за капшукамі, а гэта было пэўнай прыкметай таму, што настане цішыня.

– Таварышы! – яшчэ раз паўтарыў Каведла і зрабіў доўгую паўзу, азіраючы са сцэны рабочых, нібы шукаючы кагосьці сярод густых радоў.

– Дарагія таварышы... – ужо цішэй і неяк ласкавей стаў казаць Каведла. – Правільна сказаў дырэктар, і кожны з нас будзе згодны з яго думкай, што мы, мы, а не хто іншыя – гаспадары завода. Але ж ён не сказаў, якія мы гаспадары. Мы не сталі яшчэ гаспадарамі...

У зале зноў наступіла цішыня, кожны прыслухаўся, і ў кожнага мільганула думка: «А чаму гэта мы не гаспадары?» І кожны чакаў адказу.

– Так, мы не сталі яшчэ гаспадарамі. Аб гэтым гаворыць і наш сённяшні сход. Дзе ж гэта відана, каб мы-ы... заво-о-д... мы – рабочыя... ды не змаглі правесці сходу. Сорам усім нам... усім, усім – не палохайцеся, нечага моршчыцца. А болей ад усіх сорамна нашаму пава-а-жа-наму ды-рэк-тару, нашаму заў-кому... Яны ж наша галоўка, верхавіна, так сказаць. А да чаго яны давялі завод?

Прысутныя, зацікаўленыя развязкай прамовы, маўчалі.

Толькі дырэктар памкнуўся быў з-за баковачкі, хацеў нешта сказаць, але, як відаць, не адважыўся, пасунуў назад і, запаліўшы папяросу, стаў хутка хадзіць з аднаго кутка баковачкі ў другі.

– Да чаго ж яны давялі завод? Да ручкі, таварышы, да ручкі... Яны не навучылі нас быць гаспадарамі, і мы ў большасці тыя ж самыя рабочыя, старыя рабочыя царскага часу... А чаму ж гэта так? «Канкрэтней, таварыш Каведла, канкрэтней...» А ўсё таму, што ў нас цэхаўшчынка, а таму, што мы другога рабочага, рабочага не з нашага пасёлка, за чалавека не лічым, а лічым яго за апошняга сабаку... Не так, думаеце? Так... Хто ўчора пабіў павяртальшчыка? Наш брат... Хто на тым тыдні апаліў шыю работніцы Насці? Наша праца... А хто разбіў грудзі падносчыцы Рахілі? Што?! Мо аб гэтым не чулі, мо гэтага не бачылі? Дзе ж нашы вочы і нашы вушы, калі заўкомаўскія вушы заклала? А дзе злачынцы, якія здзекаваліся над чалавекам, якія згвалтавалі работніцу і цяпер ходзяць не лысыя? Мо аб гэтым таксама не ведаеце? А хто цкуе жыдоў, хто піша гэтыя пісулькі, вось падай, Нютка...

У зале паступова ўздымаўся знутры рокат. Чуваць было, як ён рос, шырыўся, расплываўся напорным струменем і штохвіліны мацнеў. Калі выйшла Нютка і, саромеючыся і пачырванеўшы, падала змятую пісульку, нехта крыкнуў з кутка:

– А ты куды?

– Лахудра, змыйся, трапло, каб паху твайго не было!

Тут жа ўскочыў на сцэну Анатоль Іванавіч, падбег да Каведлы і, сцяўшы кулакі, стараўся перакрычаць Сашку:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю