Текст книги "Над Бугам: выбранае"
Автор книги: Міхась Лынькоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 32 страниц)
Акрамя непрыемнасцей праз Бога, меў іх Міколка і праз цара. Чуў ён пра яго і дома і ў школе. У школе нават спецыяльнай малітве вучылі, дзе гаварылася аб тым, каб дапамог Бог яго імператарскай вялікасці, каб захаваў яго жыццё і даў перамогу над супастатамі.
«Вось гэта дык асоба, калі ўсе моляцца аб ёй», – думаў Міколка. Дома ён распытваў дзеда, хто такі цар.
– Ого! Цар – гэта, браце мой, цар, а не абы-што... – адказваў дзед. – Ён табе сядзе вячэру спраўляць, а навокал тысячу слуг... Не менш! Адзін каўбасу падае, другі – гарэлку, трэці – селядца, чацвёрты, браце мой, салоныя агуркі прэ.
– А пяты? – пытае Міколка.
– Пяты? Ну і пяты мае якую-небудзь справу, скажам, блінцы падае, дранікі або капусту тушаную... – прыпамінаў дзед стравы, каб даць абавязак для кожнага слугі.
– А ці есць цар прэжаны гарох? – пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак.
Дзед доўга чухаў патыліцу, не ведаючы, як адказаць. Але потым, каб падтрымаць свой аўтарытэт, рашуча казаў:
– А што ж ты думаеш! Магчыма, есць... Ён, браце, усё можа... Захоча гароху – з'есць гароху, захоча смятаны – яму падаюць смятану... Яшчэ толькі ў думках у яго пра смятану, а тут ужо слуга перад ім з гладышом смятаны, хоць адбаўляй... Але, як мне здаецца, цару і без гароху добра жывецца... Гарох жа не панская яда.
Тады ўжо Міколка кідаўся ў спрэчкі з дзедам:
– Не можа быць, каб гароху не еў! Няма нічога на свеце смачнейшага, як гарох. А цар, відаць, не дурны.
– Вядома, не дурны... Ён, браце, і хітры, усё ведае, хто дзе жыве і што думае. Вось і пра нас з табой ён ведае. Сядзіць дзе-небудзь у Пецярбургу на троне, на карту зірне, бачыць – станцыя наша... І адразу ў думках у яго: «Ага! А ў мяне там стары герой турэцкай вайны Астап жыве з унукам Міколкам, а паказаць іх мне перад мае царскія вочы!» І што ты думаеш! Ён усё можа. Захоча пакараць, адразу і скажа: «Ану, падайце мне сюды Міколку, я яго жыцця рашу за непаслушэнства!» І чык-чырык – няма галавы ў Міколкі... А захоча памілаваць, скажа: «А што табе, Міколка, даць – залатыя палацы ці цуда-камень самацвет?»
– Мне палацы залатыя непатрэбны... – уздыхае Міколка. – От бы далі нам, дзеду, невялічкую хату, каб табе на падлозе не спаць ды зімой нам усім не прастуджвацца...
– Бачыш, куды ты хапіў! Невялічкую хату – гэта, браце, для цара цяжэй, чым залатыя палацы... Не любіць цар такой драбязой займацца.
Міколка ўздыхаў, не згаджаўся з такімі парадкамі.
Так гаварылі часта паміж сабой дзед з унукам. Міколка і ў бацькі пытаўся пра цара і пра гарох прэжаны.
Бацька пасмейваўся, на дзеда міргаў:
– Ты яго, Міколка, слухай, ён табе казак нагаворыць, усё роўна як пра турэцкую вайну. Цар народ кулямі частуе, вось пра які гарох ён дбае...
Кулі і гарох – незразумела гэта крыху для Міколкі. Распытаў бы яшчэ пра цара ў бацькі, але той не асабліва паважае такія гутаркі.
– Адчапіся ты з царамі сваімі... Трутні яны, крывасмокі на нашым целе.
– Як буржуі?
– Ну, вось... Цар над усімі буржуямі буржуй, вось хто такі цар...
Не шкодзіла б яшчэ каго распытаць пра цара, але няма ў каго. Не ў папа ж таго ў школе. Можа выйсці горай Адама і Евы...
А неўзабаве давялося Міколку з царом пазнаёміцца, ды яшчэ як! Так пазнаў цара, што потым і другім не раіў.
Аднае раніцы панесліся па вагонах чуткі, што заўтра цар будзе па чыгунцы ехаць. І сапраўды, яшчэ ўвечары ў вагон да Міколкі ўваліліся салдаты і пара жандараў. І так па ўсіх вагонах пасёлка. Бацьку і дзеду далі спецыяльныя бляшкі, каб павесілі на грудзі замест прапускоў. Гэта каб кожны бачыў, што яны служаць на дарозе, і не затрымліваў на пуцях. І вельмі строга загадалі, каб не хадзілі, аднак, без патрэбы па пуцях і каб ні кроку не рабілі на станцыю. Ды загадалі яшчэ навокал вагона жоўтага пяску насыпаць. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць і новымі хусткамі дзверы і вокны завесіць, каб не бачыў цар лахманоў гэтых тухлых, не псаваў бы настрою. І каб самі ля вокнаў не стаялі, іначай «страляць будзем».
– Ды глядзі, галадранца гэтага за дзверы не выпушчай, убача цар – у Сібір тады запяком! – гэта ўжо ў дачыненні да Міколкі.
«Відаць, пабойваецца мяне цар, калі зірнуць на мяне баіцца...» – падумаў Міколка, але змоўк, не сказаў нічога.
І як прачнуўся Міколка, так і пільнаваўся акна, а ці скора царскі цягнік пойдзе. Бачыў ён, як завіхаліся на пуцях рабочыя, якіх падганялі жандары. Рабочыя падчышчалі і падмяталі пуці, замыкалі стрэлкі і наглуха забівалі іх кастылямі. Гэта для таго, каб царскі цягнік не павярнуў на другую дарогу і каб ніхто не мог павярнуць стрэлку не туды, куды трэба. І ўвесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Таварныя цягнікі стаялі ў тупіках, а пасажырскі як стаў на трэцім пуці, так і не пайшоў далей. А ўсіх пасажыраў выгналі з вагонаў і пазаганялі на станцыю. Відаць, таксама, каб цар не ўбачыў...
Міколка назіраў за пераездам цераз чыгунку. Там таксама ішла работа. Салдаты і жандары не давалі нікому пераязджаць цераз чыгунку і заганялі ўсіх – і конных і пешых – далей ад чыгункі ў лагчыну. Наогул, у гэты дзень было багата работы жандарам і салдатам. І колькі ж іх нагналі! Паабапал усёй дарогі было поўна іх, усё ганяліся за людзьмі, адганялі іх ад чыгункі.
Вось урэшце паказаўся і цягнік. Ён хутка прайшоў праз станцыю. Усе вокны былі завешаны фіранкамі. І як ні прыглядаўся Міколка, ён нічога не ўбачыў. І толькі ён сабраўся ўжо выйсці з вагона, калі прайшоў цягнік, як яго за руку схапіў салдат.
– Ты куды, падшывалец, назад!
Аказалася, што прайшоў толькі цягнік з царскімі генераламі і слугамі і хадзіць па пуцях яшчэ не дазвалялася. Праз якія паўгадзіны паказаўся і царскі цягнік. Вялі яго аж два паравозы, і на пярэднім быў вялікі двухгаловы арол. Усё роўна як той, што быў намаляваны на Міколкавым вагоне над надпісам: «40 человек, 8 лошадей». Але гэты арол быў надзвычай вялікі і бліскучы, аж загледзеўся на яго Міколка, на якую хвіліну і пра цара забыўся. Вагоны ў цягніку былі надзвычай прыгожыя, усё з шырокімі вокнамі, бліскучымі, як люстэркі. Цягнік ішоў вельмі марудна на стрэлках, нібы воз які з малаком ці з гаршкамі. Міколка пільна прыглядаўся да акон, каб угледзець цара ці хаця царанят. Але дзе ты ўбачыш на такой адлегласці. А цягнік усё ішоў ціха, паволі. І тады, не доўга думаючы, кінуўся Міколка маланкай да цягніка, каб спрытней разгледзець усё. Ён ужо набліжаўся да вагонаў, як за ім пабеглі аж два жандары і крычалі так, што не чутна было стуку вагонаў:
– Стой! Стой! Страляць будзем...
Міколка бачыў, як заварушыліся фіранкі на вокнах вагонаў і нечыя палахлівыя твары схаваліся за імі. І, каб не папасціся ў лапы жандараў, Міколка як дуж сігануў на падножку вагона і кінуўся далей, у тамбур.
«Пад'еду, – думаў, – за станцыю, а там і саскочу ля семафора...»
Толькі ён падумаў гэта, як яго і схапілі за рукі ў вагоне двое салдат-вартавых, што стаялі непрыкмечаныя ім каля выхаду. А нейкі сівы-сівы, увесь у золаце, у медалях, у звёздах ды ў блішчастых эпалетах, наставіў на Міколку пісталет і, трасучыся і адступаючы назад, крычаў не сваім голасам:
– Стой! Стой! Рукі ўгару!
А дзе ты падымеш гэтыя рукі, калі іх сціснулі так, што косці занылі.
– Не варушыся, застралю! – не сунімаўся стары. – Звязаць злачынца, абшукаць, адабраць зброю!
Моцна скруцілі Міколку рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Павалілі Міколку на падлогу, абшукваць пачалі. Але што ты там знойдзеш у Міколкавых кішэнях. Высыпалася з іх штук з дваццаць розных гузікаў, дзве невялічкія гайкі, пара цвікоў, кавалачак каляровага шкла, драбок цукру, што ўзяў у дзеда, ды кавалак «зайцавага хлеба».
Сівы генерал, а можа, міністр – не было асабліва часу Міколку даведацца дасканала пра ўсё, – трымаючы над Міколкам пісталет, другой рукой у пальчатцы асцярожна дакрануўся да гузікаў, да цвікоў. Ён нібы баяўся, што гэтыя гузікі ўзарвуцца адразу і разнясуць на мэтлахі ўвесь царскі цягнік.
– Што гэта? – грозна спытаў ён Міколку, паказваючы на гузікі.
– Гузікі... Вось гэта пара ад штаноў дзеда Астапа, а гэта...
– Маўчаць! – і так грозна крыкнуў сівы, што ў Міколкі і дух заняло. – А гэта што? – і сівы асцярожна дакрануўся пальцам да хлеба.
– «Зайцаў хлеб»... – ледзь прашаптаў ад страху Міколка, адчуваючы сябе ні жывым ні мёртвым пад грозным пісталетам.
– Панюхаць! – скамандаваў салдатам сівы.
Тыя добра панюхалі па чарзе, паклалі назад і грымнулі ў адказ, як па камандзе:
– Хлеб, ваша сіяцельства!
Сівы недаверліва паглядзеў на хлеб, дакрануўся да яго яшчэ раз пальцам і, наморшчыўшы нос, загадаў:
– Пакласці ўсё назад у кішэні злачынца. А яго прывесці ка мне на допыт...
І вось стаіць Міколка перад генералам, а можа, перад міністрам, і ўспамінае дзеда. Эх! Хутчэй бы да яго, да бацькі, да маці. А цягнік ідзе. Толькі чуваць, як пастукваюць колы: цік-так-так, цік-так-так... Праз завешанае акно нічога не было відаць. Абапал Міколкі стаяць два салдаты, трымаюць яго за рукі. Генерал пытае сурова:
– Дык чаго ж ты скочыў у вагон?
– Убачыць хацеў... – выпаліў адразу Міколка. Ён ужо смеласці пачаў набірацца, узгадаўшы, як храбра лавіў ён рака ў дзедавай барадзе. Дый баяцца ён кінуў гэтага сівога, які, бачыш ты, не разумее, што такое гузікі і што такое «зайцаў хлеб». Дый баіцца, відаць, яго гэты сівы. Не стаў бы звязваць Міколку, пісталетам яму пагражаць.
– Каго ж ты ўбачыць хацеў?
– Цара! З царом хацеў пазнаёміцца...
– Ах жа ты рыштант! – аж пачырванеў тут ад злосці сівы і ад злосці той бараду сваю торгаў. – Ладна, я пакажу табе цара, добра пакажу, каб ніколі не забыўся ты на гэта знаёмства...
На суседняй станцыі, дзе спыніўся на хвіліну цягнік – паравоз дровы браў, – з'явілася ў вагон цэлая група жандараў і ўзяла з сабою Міколку. На станцыі яны доўга распытвалі яго: хто ён, адкуль, чый сын. Доўга званілі па тэлефоне на Міколкаву станцыю і ўрэшце запыталі:
– Дык хочаш цара ўбачыць?
– Не трэба цяпер мне вашага цара, мне б дзеда хутчэй ці бацьку...
– Не... Чаму ж... мы пакажам... Загадана паказаць табе як след.
І так паказалі цара Міколку, што ён і цяпер не любіць асабліва ўспамінаць аб гэтым. І плачу было тут, і слёз, і рову. Так спаласавалі хлопца папругамі, што месца жывога не пакінулі. А адзін усё банькай ад папругі стараўся.
Ледзь жывым вярнулі Міколку на родную яму станцыю, куды накіравалі яго таварным цягніком, даручыўшы галоўнаму кандуктару. А на роднай станцыі ён патрапіў яшчэ ў рукі свайго жандара. Той наверх усыпаў, прыгаворваючы:
– Гэта табе за замах на свяшчэнную асобу гасудара-імператара. Гэта за гузікі ад штаноў дзеда Астапа, якімі абразіў ты яго сіяцельства, вялікага князя... Гэта табе за вялікія непрыемнасці мне, што парушыў ты, супастат, наладжаны мною парадак на станцыі...
Хацеў Міколка ў зубы даць жандару, усё намацваў свае гайкі ў кішэні. Але не хапала сілы, так быў збіты. Ледзь жывога вярнулі яго ў вагон да дзеда, да маці, да бацькі. Ахнулі яны, жахнуліся. Раздзелі Міколку, цёплай вадой пабоі змачылі. Дзед прыгледзеўся, збялеў аж:
– Глядзіце-ка, па ўсяму целу нібы царскія арлы павыбівалі, няйначай хто казённай банькай стараўся...
А назаўтра дзед, узброіўшыся сукаватым кіем, пайшоў на станцыю і, напаткаўшы жандара, збіў яго на горкае яблыка. Патрушчыў і шаблю і пісталет паламаў. І хоць уся станцыя і ўсё дэпо падтрымалі голасна дзеда пры гэтай баталіі, аднак на другі дзень арыштавалі дзеда і пасадзілі ў турму. Праўда, праз месяц які выпусцілі дзеда, з прычыны яго старасці, на волю, але са службы ў дэпо прагналі як «небяспечнага злачынца». Дзед спрабаваў пахваліцца крыху, што таму выпусцілі яго з турмы, што ён герой, што ў яго два медалі за турэцкую вайну. Бацька слухаў гэтую пахвальбу ды папракаў дзеда:
– Кінуў бы ты, стары, свае турэцкія байкі. Герой! Не нам з табой пакуль што ў героях хадзіць, і медалі веку ў цябе ўварвалі... Аддаў бы лепш малому на цацкі, чымся вешаць гэтыя бразджолкі на грудзі...
Маўчаў дзед, не адказваў нічога. Але, відаць, згаджаўся з сынам. І, відаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскіх арлах, што павыбівалі жандары на Міколкавым целе.
Так пазнаёміўся Міколка з царом.
Так пазнаў яго.
Цяжкія гадзіны
Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна: то ракаў ён ловіць, то з дзедам на паляванне ходзіць, то ласуецца «зайцавым хлебам», то ўрэшце з «імператарскім вялічаствам» знаёміцца, самога Мікалая Другога хоча за руку паціснуць. Але гэта толькі так здаецца.
Мала было вясёлага ў Міколкавым жыцці. Усю зіму мерзлі ў халодным і цесным вагоне, марачы аб цёплых летніх днях. У дадатак да холаду даймаў і голад, асабліва калі пачалася вайна. А тут і бяда насцігла Міколкаву сям'ю. Неяк аднае ночы ўвалілася ў вагон цэлая група жандараў. Пабудзілі ўсіх. Шукалі нечага, нават дзеда паднялі з падлогі і ператрэслі мяшок з саломай, на якім спаў дзед.
Дзед стаяў пануры, злосны, з жандарамі лаяўся:
– Што вы шукаеце тут, чаго не палажылі?
Адзін з іх, той самы, якога пабіў некалі дзед на станцыі, штурхануў яго ў грудзі:
– Адыдзі, стары пёс!
Дзед не мог сцярпець такой знявагі і адразу захадзіўся ля свае скрынкі, усё мармычучы сабе пад нос:
– Я табе пакажу, хто пёс... Я стары царскі служака, я царскія ўзнагароды маю... я...
– Кінь, стары, свае штукі... Ведаю, хочаш ты свае медалі паказаць ім... – спыніў дзеда бацька. – Непатрэбны ім твае царскія бляшанкі... у іх вунь у саміх поўныя грудзі бляшанак гэтых. Адна толькі розніца, што ты сваёй крывёй медалі набыў, а яны набываюць медалі нашай крывёй... Глядзі вось за ўнукам добра, дзед, гадуй яго.
Нічога не знайшлі жандары, але бацьку забралі, не спыталі Міколку. А за што? Ці бацька ўкраў што, ці забіў каго? Здаецца ж, нічога такога з бацькам не здарылася. А вось узялі і ў турму пасадзілі, як апошняга злодзея.
А на другі дзень раніцай з'явіўся той самы станцыённы жандар і, раскрыўшы дзверы, закамандаваў:
– Ану, выкідвайцеся з вагона, каб і паху вашага тут не было!
Маці спачатку нічога не зразумела, запытала толькі:
– Як гэта выкідвайцеся?
– А так! – сказаў абыякава жандар і, ухапіўшы вісеўшае на сцяне дзедава паліто, выкінуў яго з вагона.
– А як жа жыць? – спытала яшчэ раз маці, нічога не разумеючы з таго, што гаварыў жандар. Той нічога не адказваў, а толькі выкідваў па чарзе невялікія набыткі Міколкавай сям'і. Дзед узяўся быў за адломленую ножку тапчана, каб кінуцца на жандара, але Міколка заўважыў, як адсцёгвае жандар кабуру рэвальвера, і кінуўся к дзеду, павіс у яго на руцэ, крычучы на ўвесь вагон:
– Не трэба, дзеду, не трэба... Гэты сабака і забіць можа цябе...
– Вон, шчанюк! – і жандар, схапіўшы Міколку за плечы, адштурхнуў яго за дзверы.
Маці сядзела ў вагоне, безуважная да ўсяго. Толькі слёзы каціліся адна за адной ды словы адны і тыя чуліся з яе вуснаў:
– Як жа нам далей жыць? Што ж гэта за бяда такая...
– А гэта ўжо не мая справа... Мне-то што! – пасмейваўся жандар і не кідаў сваёй работы.
Да вагона пазбіраліся людзі: жанчыны з вагоннага пасёлка, некаторыя рабочыя з дэпо. Спачатку гаварылі ціха паміж сабой, сумна ківалі галовамі, спачувалі Міколкавай сям'і. Потым пачалі гаварыць гучней і гучней, і хутка каля вагона чуліся ўжо крыкі, пагрозы, гучная лаянка, некаторыя спрабавалі ўгаворваць жандара:
– Што ты робіш, чалавеча, на зіму людзей выганяючы на холад? Сягоння іх, а заўтра нас выганяць будзеш?
– Адыдзі, а то ўраз і цябе арыштую... – агрызаўся жандар, накладаючы пячатку на дзверы пустога вагона.
– Знайшлі ў кім совесць шукаць! Ці была яна калі ў сабакі... – гаварылі адны. А другія ўжо грозна наступалі на жандара. Яны былі гатовы ўзяць яго, разарваць на кавалкі, умяшаць у брудную прамазучаную зямлю.
Тады падняўся дзед, які сядзеў увесь час на разбітым тапчане і сумна пазіраў на народ. Дзед рашуча ступіў уперад, загаварыў:
– Кіньце, людцы, гэтага сабаку... Не ў ім жа справа... Не выганіць ён мяне сягоння, дык заўтра іх дваццаць знойдзецца, усё роўна выкураць. А вы толькі непрыемнасці можаце набыць сабе. Ёсць вышэй за іх людзі, яны разумеюць чалавечую справядлівасць. Калі сына забралі гэтыя сабакі, дык гэта ж непаразуменне. Тыя, што вышэй, тыя ўсё разбяруць, тыя ўбачаць, хто правы і хто вінаваты... А вы разыходзьцеся, людцы, па хатах.
Дзед верыў яшчэ ў нейкую вышэйшую справядлівасць, верыў крыху ў цара.
– Не можа быць, каб ён дапускаў такія непарадкі, калі чалавека за нівошта садзяць у турму.
Прадаўшы сёе-тое з манаткаў і надзеўшы свае медалі, ездзіў ён да вышэйшага жандарскага начальства хадайнічаць аб сыне. Але прыехаў вельмі пахмуры і расчараваны. Здзеў медалі свае, Міколку кінуў:
– На, унучак, хавай са сваімі гузікамі – бліскучыя цацкі будуць...
І, дастаўшы з кішэні паперу, чытаў яе Міколкавай мацеры. То быў прысуд над бацькам Міколкі. Па «загаду яго імператарскай вялікасці» быў засуджаны Міколкаў бацька на дзесяць год катаргі.
– «Яго імператарскай вялікасці»... – мармытаў паціху дзед. – Погань гэта, а не вялікасць... А я думаў...
Шмат аб чым перадумаў дзед. Жылі цяпер у невялічкім хлеўчуку, складзеным са старых шпал. Гэты хляўчук аддаў ім пад жыллё адзін стрэлачнік. Дзед хадзіў кудысьці на работу, ці то пілаваць, ці то складаць дровы. Маці хадзіла таксама на падзённую работу: то мыла чужую бялізну, то падлогі, то прыбірала двары ў багатых дамах. Часта пытаўся Міколка, за што ж пасадзілі бацьку. Але ніхто не мог адказаць яму дакладна і падрабязна. Ведаў толькі, што бацька яго палітычны злачынца, а ў чым гэтае злачынства, ніяк не мог ён толкам дабраць. Хіба ж злачынства ў тым, што ён кіраваў забастоўкай і хацеў, каб рабочым плацілі болей, каб ім лепш жылося? Якое ж у гэтым злачынства, хіба за гэта трэба людзей садзіць за краты?
Худое жыццё настала для Міколкі. Некаму было і «зайцавым хлебам» пачаставаць. Часта яшчэ, учуўшы знаёмы гудок паравоза, кідаўся спрасонку Міколка да маці:
– Стаў самавар, мама, бацька едзе!
Але ставіць самавар не было патрэбы, і маці ўгаворвала Міколку:
– Спі, сынок, спі... Бацькаў цягнік яшчэ далёка, далёка.
Дні цягнуліся за днямі, шэрыя, нудныя, халодныя. Толькі і было шчасця, калі прыходзілі некаторыя рабочыя, суцяшалі маці і дзеда:
– Не гаруйце, усё пройдзе, усё мінецца, будзе свята калі-небудзь і на нашай вуліцы... Не ўсё ж ім ды ім.
Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі. То грашыма, то дроў прыстараюцца, то змайструюць печку чыгунную, каб не так даймаў холад. І тады рабіўся весялейшы дзед, жартаваў з Міколкам, падбадзёрваў яго:
– Не сумуй, унучак, дачакаемся і мы з табою лепшае долі...
Суцяшаў, суцяшаў дзед, але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Неяк застудзіўся ён на рабоце, прастыў. Ледзь дахаты прыйшоў і злёг, з ложка не падымаўся.
І колькі ні даглядалі за ім маці і Міколка, аслаб зусім дзед, да сябе паклікаў:
– Відаць, трэба мне паміраць... Дык глядзі ж, Міколка, слухайся маці, расці. А ты гадуй хлопца, да працы прывучай... Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся, кожны здабываў хлеб сваім гарбом...
Заплакаў тут горка Міколка, баючыся расстацца з найлепшым таварышам сваім і з другам-прыяцелем.
Але не здаў пазіцыі дзед. Меў здаровую кроў ён. Сяк-так ад хваробы выкачаўся. Толькі надоўга выбыў са строю, і Міколкавы прыгоды надалей доўга абыходзіліся без удзелу дзеда Астапа.
А дні ішлі. І неўзабаве пасля дзедавай хваробы пачалі да Міколкавай сям'і даносіцца чуткі, адна другой дзіўней, адна другой цікавей. Чуткі ішлі па чыгунцы аж з самага Петраграда. Спачатку цьмяныя, невыразныя, нібы вялікі смутак пайшоў у народзе і рабочы люд супроць цара выступае. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Буржуям і прыганятым іх. Чуткі рабіліся ўсё больш яснейшымі, і ўжо ў кожнай хаце гаварылі, што ў Петраградзе пачалася рэвалюцыя.
Неяк аднаго разу вечарам да Міколкавай сям'і зайшоў жандар. Быў ён чамусьці без шаблі і без свае чырвонае шапкі. І голас быў зусім не той. І выгляд зусім не начальніцкі. Зайшоў у хату і, пажадаўшы добрага дня, нечакана пачаў прасіць Міколкаву маці, каб яна забылася на ўсё старое, бо «ці мала чаго ў жыцці бывае, усякіх там непрыемнасцей...».
Узлавалася тут маці, выгнала яго:
– Ідзі, ідзі, сабачае мяса, не жвенькай тут мне, крывасмок...
Нічога не зразумела яна з жандаравай просьбы. Але назаўтра ўсё стала ясным. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. На станцыі было надзвычай весела. Над будынкам вакзала калыхаўся аграмадны чырвоны сцяг. Усюды было поўна людзей, і ўсе былі радасныя, вясёлыя. Не відаць было ні жандара, які вечна тырчаў са сваёй чырвонай шапкай, пахавалася кудысьці начальства ды афіцэры, якіх раней багата было ў праходзіўшых праз станцыю эшалонах. І што зусім здзівіла Міколку – ён смела прайшоў у тую залу, куды раней ніколі не мог папасці нават разам з бацькам. Ніхто не затрымаў яго цяпер. У зале першага класа вісеў на сцяне аграмадны партрэт цара. Вось цяпер гэты партрэт рабочыя дэпо здзіралі са сцяны. Здзіралі з мясам. Ужо зляцелі на падлогу царскія ногі і мундзір, толькі галава пад каронай, учапіўшыся за цвікі, усё яшчэ вісела на сцяне. Вось гэтую галаву і сцягвалі багром рабочыя.
У залу ўбег начальнік станцыі. Ён зірнуў на сцяну, ахнуў і замахаў рукамі:
– Што вы робіце з партрэтам, вы ўсю сцяну папсавалі!
За начальнікам нехта пагнаўся жартам, а другія ўжо зусім без жартаў параілі начальніку вымятацца:
– А не, дык павесім на царскае месца...
Хутка царская галава з кавалкам рамы і прыстаўшым да яе тынкам з грукатам паляцела ўніз, узняўшы цэлыя клубы пылу, ад якога ўсе пачалі дружна чыхаць.
– Адзіная хаця карысць з цара – насы прачысцім... – пасмейваліся рабочыя, калі стары прыбіральшчык станцыі змятаў у кучу цара, тынк і ўсякую гразь, каб вынесці яе на сметнік.
– Вось, браце, як цароў скідаюць! – кінуў нехта, смеючыся, Міколку.
За станцыяй яшчэ чуліся стрэлы. То не здаваліся на некаторых вуліцах жандары і гарадавыя. Але стрэлы былі радзей і радзей. Міколка кінуўся ў горад. Па галоўнай вуліцы вялі групу арыштаваных. Тут было некалькі афіцэраў, жандары, кучка гарадавых. Усе яны скоса пазіралі на народ, і злосныя агеньчыкі паблісквалі ў іх пахмурых вачах.
– А... фараоны, папаліся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць! – чуліся паасобныя выклікі людзей з тратуараў, з вуліцы.
«Нешта нашага жандара не відаць... Яшчэ ўцячэ куды, гад...» – падумаў Міколка пра жандара са станцыі. Вось бы каго злавіць, вось бы каму даць: за бацьку, за дзеда Астапа, за стары вагон, у якім радзіўся Міколка і з якога выкінуў яго ненавісны гэты чалавек.
І толькі гэта падумаў Міколка, як бачыць ён: стаіць гэты жандар на базары ў кучцы людзей, гаворыць нешта. Толькі аблічча зусім другое і вусы абстрыг, шынель змяніў на паліто, ніякай пры ім шапкі жандарскай, ні шаблі. Стаіць і з людзьмі гаворыць. Цэлая група сялян тут сабралася. Аб цару гавораць, аб свабодзе.
– Нам гэта куды вальгатней цяпер будзе, зямлі прыбавяць... – кажуць некаторыя сяляне.
– Як жа, чакайце зямлі, калі ніякага парадку цяпер не будзе, ніякага закону... – устаўляе сваё слова жандар.
Слова за слова і ўжо цэлую прамову шпарыць жандар. І выходзіць па-ягонаму, што цяпер настала самая дрэнная часіна, што «змушчаюць» народ розныя свавольцы, фабрычныя ды жыды. Як-ніяк перашкаджаў ім цар апошнія сокі з мужыка выціскаць.
А цяпер хочуць гэтыя людзі свой парадак устанавіць.
Уздыхаюць сяляне, згаджаюцца, не згаджаюцца. Некаторыя спрачацца кінуліся.
– Што ні кажы, чалавеча, а перамена павінна быць вялікая... Вось каб ведаў ты, колькі нашага брата розныя ўраднікі, стражнікі ды жандары прыціскалі.
– Пра стражнікаў ды жандараў я не кажу... Вядома, гэта сабакі... Але пры чым тут цар, хіба ён ведаў, як народ жыве, усё ад яго скрывалі... – так гаворыць жандар і ў вус не дзьме, нібы ён самы найлепшы, самы працавіты чалавек на свеце.
І ўжо хацелася Міколку крыкнуць на ўвесь голас: «Лавіце яго, вось ён, жандар!» Але пабаяўся крыху. Яшчэ не павераць яму людзі, дык гэты гад, чаго добрага, і пабіць яго надумаецца. І тут заўважыў Міколка, як праз проразь паліто відаць жандарскія сінія штаны. І тады адразу з'явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага.
Падышоў ён да яго, узяўся за полы паліто ды пытаецца:
– Дзядзенька, прадаеш паліто?
Людзі ў смех, а жандар у лаянку:
– Ідзі прэч, падшывалец! – і выказвае яўныя намеры адысціся.
А Міколка ўзяўся за палу, расхіліў яе ды ўжо крычыць на ўвесь базар:
– Вось яны, штаны жандарскія! Лавіце яго!
Заўважылі людзі жандарскую адзежыну, заварушыліся адразу, жандара схапілі.
– Бач ты, гад, а яшчэ добрым чалавекам прыкідваецца! Бач ты яго, царскі абаронца знайшоўся... І форму змяніў, каб не пазналі.
Так злавіў Міколка апошняга жандара са сваёй станцыі і ўрачыста прывёў яго пад канвоем людзей у дэпо. Усе віталі Міколку, віншавалі з перамогай над ворагам:
– Маладзец, хлопец, па бацьку пайшоў! Лаві іх, супастатаў, усюды, дзе толькі ўбачыш!
Так пачалася свабода, рэвалюцыя, і такі ўдзел браў у ёй наш Міколка. А праз колькі дзён у Міколкавай сям'і было вялікае шчасце. Нечакана прыехаў бацька. Ён быў страшэнна худы, зжаўцелы, увесь аброс барадой. Але колькі было радасці ў яго, весялосці. Ён усіх абдымаў, цалаваўся з усімі рабочымі, якія цэлымі гурмамі прыйшлі да яго з дэпо. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці.
– Цяпер, браткі, не да гасцявання! – жартаваў бацька. – Не доўга і прагасцявацца... Буржуі перапалоханы насмерць, хочуць на свабоду ланцуг накінуць...
Бацька так і зашыўся адразу ў работу. Жыць пераехалі назад, у родны вагон. Прыходзіў зноў той «буржуй», з дэпо, які калісьці знішчыў Міколкаву карцінную галерэю. Ён загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Ён бегаў навокал бацькі, як на калёсіках, і ўсё пытаў:
– Можа, гэта падправіць, можа, лепшую печачку паставіць?
Бацька моршчыўся нечага, не адказваў. Потым не сцярпеў, крыкнуў:
– Адчапіся ты, чаго прыліп як банны ліст... Нешта раней ты не ліп да нашага брата... Зрабі вось, каб было па-людску.
«Буржуй» хадзіў як на задніх лапках. Гаварыў лісліва:
– Вы ўжо старое не памінайце: што было, таго няма. А мяне вось рабочыя прыціскаюць. Хочуць пад суд аддаць... Нібы я іх прыцясняў калісьці, нібы за крадзеж дом паставіў і на іхнія капейчыны квапіўся. А вы цяпер вялікі чалавек, паважаны чалавек. Недарэмна рабочыя хочуць за камісара паставіць над участкам... Дык вы ўжо абараніце хаця.
– Вон! – не сцярпеў тут бацька. Ды Міколка паддаў жару:
– Ідзі, ідзі, погань буржуйская... Бач, хвост падцяў, калі на лапы наступілі.
«Буржуй» пакінуў вагон.
А жыццё зноў стала вельмі трывожнае. На свабоду спакушаліся тысячы ворагаў. Буржуі не хацелі даваць уладу рабочым, бальшавікам, сярод якіх быў Міколкаў бацька. Часцяком даводзілася яму хавацца, каб не папасціся ў лапы буржуяў, афіцар'я. Але Міколка бачыў, што бальшавікі над усімі маюць перавагу. Усё дэпо ішло за імі, усе рабочыя дбайна ахоўвалі сваіх бальшавікоў ад буржуазнага ўрада Керанскага. Усе ішлі насупроць гэтага ўрада, не выконвалі яго распараджэнняў, псавалі вагоны, паравозы, не давалі іх пад пагрузку войскаў на фронт.
І толькі ў Кастрычніку свабодна ўздыхнулі рабочыя. Улада перайшла канчаткова да іх.
– Цяпер, браце, наша свята! – сказаў бацька Міколку. – Цяпер паравозы нашы, дарогі нашы, дзяржава наша. І каб толькі не ворагі – жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца.
Бацька быў цяпер камісарам цэлага ўчастка дарогі і часта аб'язджаў яго, бываў на розных станцыях. Па старой звычцы ён не ездзіў у вагоне, а падсаджваўся на паравоз якога-небудзь цягніка і так рабіў свае аб'езды, арганізуючы рабочую ўладу на станцыях, па дэпо, па чыгуначных лініях.
А ворагі не хацелі здавацца. Яны збіралі ўсе сілы, каб загубіць рабочую дзяржаву, каб зноў аднавіць стары лад у краіне. Насоўваліся цяжкія дні.