Текст книги "Над Бугам: выбранае"
Автор книги: Міхась Лынькоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 24 (всего у книги 32 страниц)
З далёкай Нямеччыны прыходзілі цьмяныя чуткі аб надыходзячай там рэвалюцыі. Урэшце прыйшлі чуткі, што гэта рэвалюцыя адбылася. Але генералы, відаць, хавалі гэтыя чуткі ад салдат, жорстка каралі іх за малейшыя ўчынкі, расстрэльвалі за адно толькі слова аб волі, аб рэвалюцыі. І ўжо сцягваючы да савецкіх граніц свае сілы, яны не пакідалі старых намераў: як мага спустошыць краіну, зруйнаваць яе, абяссіліць.
Велізарныя запасы хлеба былі звалены на станцыі, чакалі вагонаў. Стаяла некалькі дзесяткаў цягнікоў з хлебам, з жывёлай, з розным іншым дабром, награбленым па гарадах і вёсках. Не хапала паравозаў. А тыя, якія былі, псаваліся рабочымі. Немцы шалелі, наладжвалі зверскія кары.
– Не даць вывозіць хлеб! – пастанавіў падпольны бальшавіцкі камітэт.
Ад рабочых была выбрана спецыяльная дэлегацыя з трох чалавек. У яе ўваходзіў і Міколкаў брат, змазчык Павел. Дэлегацыя наведала нямецкі штаб, перадала патрабаванні рабочых да нямецкай арміі: мірна пакінуць горад і ехаць у Нямеччыну... Рабочыя згодны даць вагоны пад эшалоны. Пад хлеб, пад награбленае дабро рабочыя вагонаў не дадуць. Пад гэтыя цягнікі ніводзін паравоз не выйдзе з дэпо.
Такія былі мірныя патрабаванні ад рабочых.
Сівы падцягнуты генерал моўчкі выслухаў гэтыя патрабаванні. Ён доўга маўчаў, калі дэлегацыя кончыла гаварыць. І цяжка было даведацца па сухім, паголеным твары, аб чым думае гэты генерал, увешаны ордэнамі, звёздамі, рознымі шнуркамі і шнурочкамі. І толькі праз хвіліну важна падняўся ён з крэсла, важна падышоў да дэлегацыі, стаў бокам да старэйшага з дэлегацыі, да старога машыніста Арлова. Працадзіў праз зубы:
– Як вядома вам, я генерал арміі яго вялічаства імператара Вільгельма... Я прадстаўнік самай культурнай, самай перадавой у свеце нацыі. Вам павінна быць вядома, што з дзікунамі мы не размаўляем... Для дзікуноў у нас штык, кулямёты, вінтоўкі. Можаце дзякаваць мне, што я не расстраляў вас за абразу нямецкай арміі такімі ганебнымі, такімі дзікімі, такімі нечуванымі яшчэ ў гісторыі патрабаваннямі... Можаце выбірацца вон!
Відаць было, як генерал ледзь-ледзь стрымліваў гнеў. Суха паблісквалі яго шэрыя вочы, шчацініліся сівыя бровы.
Дэлегацыя не пайшла. Загаварыў стары машыніст:
– Выгнаць вон – гэта справа няцяжкая. Але ж гэта не вырашае справы. А мы, пане генерал, прыйшлі да вас не ў жарты гуляць і не аб дзікунстве спрачацца, дзе яно і ў каго... Аб гэтым пагаворым пасля. Мы яшчэ раз пытаем вас: згодны вы прыняць нашы ўмовы ці не? Калі не згодны, тады наракайце самі на сябе...
Што адбылося тут – цяжка апісаць. Куды дзеўся вонкавы спакой генерала, яго славутая вытрыманасць?! Ён зверам кінуўся на старога машыніста і люта ўдарыў яго па твары. Стрымаўся стары машыніст. Але не сцярпеў Міколкаў брат, малады змазчык Павел. Як стаяў поплеч з генералам, так і ўссеў на яго і біў, біў, забыўшыся на ўсё на свеце. Падскочылі ад'ютанты, сілком адцягнулі яго ад генерала. Паўла выцягнулі на штабны двор і тут доўга катавалі яго, пакуль ён не страціў прытомнасць. Усю рабочую дэлегацыю адвялі ў турму. А Паўла загадалі судзіць ваенна-палявым судом за знявагу нямецкага генерала.
Суровая вестка аб лёсе рабочай дэлегацыі маланкава абляцела ўвесь горад, дэпо, станцыю. І праз якія дзесяць хвілін трывожна гудзелі гудкі над дэпо, над фабрыкамі, над паравозамі. Паравозы выпускалі пару, тушылі топкі. Разыходзіліся з дэпо рабочыя, заварушыліся рабочыя баявыя дружыны. І калі вечарам намагаліся немцы штыкамі загнаць машыніста на паравоз і пусцілі ў ход зброю, каб рушыць першы цягнік, з дэпо, з-за вадакачкі пачуліся дружныя стрэлы. То рабочыя абстрэльвалі немцаў, якія рыхтавалі цягнік. На станцыю падышоў моцны нямецкі атрад. Ён адцясніў крыху рабочых, паспрабаваў адправіць цягнік. Але перад самым носам паравоза ўзарваліся выхадныя стрэлкі, паравоз зарыў носам зямлю, зашыпеў, абяссілены, загарадзіў чыгуначны шлях. Пачалася моцная перастрэлка. Немцы абстрэльвалі дэпо, кулямётным агнём прайшліся па рабочым пасёлку. Не здаваліся рабочыя, хоць і падаліся назад. Адступаючы, падпалілі нямецкія вайсковыя склады ля станцыі. Гарэлі і рваліся патроны, снарады, моцныя выбухі патрасалі паветра. Нават немцы прымушаны былі крыху адступіць ад станцыі, далей ад страшэнных выбухаў, пажару.
Раніцай падаспелі да рабочых партызанскія атрады Сёмкі-матроса. З гікам, са свістам імчалі наўскач смелыя коннікі, адрэзалі на ляту нямецкую батарэю і ўраз павярнулі гарматы на немцаў, на штаб. Немцы спешна адступалі ад станцыі, падаваліся ў горад, акопваліся на ўскраінах.
Пачаўся зацяглы бой. Ён ішоў то заціхаючы, то зноў узрастаючы, гарачымі перастукамі кулямётаў, залпамі карабінаў, гармат. Цяжка даводзілася партызанам. Прызвычаеным да боек у лясах, у засадах, ім нязручна было весці бой з пахаваўшыміся ў акопах немцамі, з буйнымі нямецкімі атрадамі, узброенымі бамбамётамі і гарматамі. Але і гэта не магло стрымаць іх, і групы коннікаў-партызан рабілі адчайныя налёты на нямецкія акопы і кулямёты. Не вытрымлівалі немцы, вельмі баяліся партызанскай шаблі, і то тут, то там рабілі яны перабежкі, адыходзячы далей ад штаба.
У смелым налёце на немцаў загінуў Сёмка-матрос. Пагарачыўся ён крыху. Захапіўшы нямецкі кулямёт, кінуўся ён за ўцякаўшым афіцэрам, высока ўзнёсшы вострае джала шаблі. І вось-вось ужо апусціцца гэтае джала на бліскучы лак імператарскай каскі. Аж прыціх Міколка, назіраючы за паядынкам. Перастаў з кулямёта страляць, каб не параніць сваіх. Уздыбіўся Сёмкаў конь, вось-вось пераскочыць цераз афіцэра... І глуха войкнуў Міколка. Бачыў ён: абярнуўся на бягу афіцэр, стрэліў з упору... Скочыў конь ашалелы. Нахіліўся Сёмка, апусціў галаву на пахучую конскую грыву, рукі апалі, і ўвесь ён стаў хіліцца набок, усё ніжэй і ніжэй... Бачыў Міколка, як узнесеная Сёмкава шабля ўпала на зямлю і ціха дзвынкнула, загайдалася, устроміўшыся вастрыём у жоўты пясок. На гэты ж пясок упаў Сёмка-матрос, камандзір партызанскіх атрадаў, слаўны ваяка і бальшавік...
Прайшоўся далонню па спацеламу твару Міколка і націснуў на спуск кулямёта. Здрыганулася, загула зямля перад ім. Грымеў кулямёт. То Міколка спраўляў памінкі па старэйшаму таварышу, па любімаму партызану, прыяцелю. Не стала афіцэра. Але не ўстаць з зямлі і Сёмку-матросу, і далёка-далёка адкацілася запыленая яго бесказырка, што бачыла свету багата, бачыла сіняе мора, бачыла вольныя караблі, неразлучнай была з чалавекам, які жыццё любіў і ведаў цану чалавечай нянавісці і любві.
Так загінуў Сёмка-матрос.
Камандаваць боем стаў дзед Астап. І дрэнна б прыйшлося немцам, ужо генерал гатовы быў ісці на перамаўленні з рабочымі, як адбыліся падзеі, адразу пагоршыўшыя для рабочых і партызан вынікі бою. Дзед Астап пачуў свісткі паравозаў. І, угледзеўшыся на захад, збялеў дзед, рукой безнадзейна махнуў.
– Дрэнна, браты! – сказаў ён. – Памыліліся мы крыху... Трэба было з захаду чыгунку ўзарваць... Немцам ідуць падмацаванні, вунь іхнія эшалоны.
Павярнулі гарматы на эшалоны. Але было позна. Немцы акружылі горад, абыходзілі станцыю. Трэба было адступаць. Немцы пачалі насядаць з бакоў, захапілі ўжо некалькі дзесяткаў чалавек у палон.
Тады падышоў да Міколкі дзед, загадаў:
– З кулямётамі мы самі ўправімся... Пакуль будуць патроны, немцам не здамося. А ты, пакуль не позна, бяжы за станцыю. Там у тупіку на паравозных могілках схаваны намі пасажырскі паравоз. Ён стаіць пад парай. Дык гані на ім да чырвоных... Вёрст пяцьдзесят да іх будзе, яны павінны наступаць сёння на суседнюю станцыю. Прасі дапамогі. Не дамо немцам награбленага дабра!
Як ветрам падхоплены, імчаў Міколка. Вось і тупікі. Вось і паравозныя могілкі. Стаяць на іх старыя, паржавелыя паравозы. Пасажырскія, таварныя, манеўровачныя, «кукушкі». А вось і жывы паравоз. Прытаіўся, схаваўся за паравозным ламаччам. Аж дрыжыць, так чакае дарогі прыгажун пасажырскі. Паравозная каманда ў парадку. У кожнага карабін.
Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Прастора перад ім, разгон бязмежны. Аж колы сакочуць, не ўгледзіш за дышлам, за размашыстым вобадам. Не ідзе, а ляціць паравоз, і толькі мільгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты. Нахіляюцца бярозы, і іх шэпт кучаравы зліваецца з гарачым дыханнем машыны.
А паравоз імчыць.
Толькі і чуваць: ча-ча-ча... ча-ча-ча...
Аж калышацца тэндэр, гойдаецца з боку ў бок, ды ўзвіваюцца клубы пылу ззаду – нічога не відаць там у дыме, у пыле.
Вось і суседняя станцыя. Тут могуць быць яшчэ немцы.
«Каб жа не затрымалі!» – адна ва ўсіх думка.
Трывожна загудзеў паравоз і, не збаўляючы ходу, імчаў на закрыты семафор. Замітусіліся рабочыя там. Бачылі – здарылася нешта дужа важнае. Перакінулі стрэлкі на галоўны пуць, і паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Нямецкі патруль, выскачыўшы на перон, паслаў наўздагон некалькі стрэлаў. Але дзе ты вецер дагоніш!
Праз якое паўгадзіны былі на жаданай станцыі. Паравоз стаяў як укопаны ля браняпоезда. Бачыў Міколка, што гэта наш браняпоезд. Шырокі чырвоны сцяг калыхаўся над закутым у браню паравозам.
– Хутчэй да начальніка поезда! – кінуў Міколка падаспеўшым чырвонаармейцам. Вось ён і ў начальніка, у маладога камандзіра. Той слухае яго ўважліва.
– Адразу ж давайце нам дапамогу... Неадкладна, вось зараз жа...
– Добра! – заўважыў начальнік і загадаў падрыхтаваць да адпраўкі поезд ды, акрамя таго, быць напагатове запасному эшалону. – А цяпер можна спакойна расказаць мне аб усім. І колькі немцаў... І ці ёсць гарматы ў іх... Ці цэлая пуць.
Аб усім расказаў Міколка. І аб немцах, і аб рабочай дэлегацыі, і аб сваім партызанстве...
– Ну дык ты, выходзіць, не звычайны хлапчына, а слаўны герой!
Некалі было Міколку пра сваё геройства расказваць, ды і не любіў ён пахваляцца гэтымі справамі. Камандзіра прыспешваў.
– А ў нас ужо ўсё гатова! Садзіся вось да нас у вагон, паедзем... – сказаў яму камандзір.
– Не... Мне ўжо дазвольце на ваш паравоз... Я з машыністам паеду!
– Ну што ж, бяжы на паравоз, калі ахвота!
Пабег Міколка да паравоза, але дзе ты ўзбярэшся на яго, закутага ў браню. Пастукаў Міколка, загадаў:
– Адчыняйце! Загадана камандзірам ехаць з вамі!
Паволі адсунуліся сталёвыя дзверцы. Зірнуў Міколка, і слёзы ўмомант твар укрылі: не ад страху, не ад перапалоху, ад вялікае радасці былі Міколкавы слёзы. Перад Міколкам стаяў яго бацька. Ён быў за машыніста на браняпоездзе. Падскочыў Міколка, павіс у бацькі на шыі, прынік шчакой да калючай шчаціны яго барады.
Бацька націснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына, гладзіў яго, цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку.
– Як жа гэта так, партызан мой малы? Як жа гэта так здарылася, што вас немцы ў крыўду бяруць! Ну, расказвай! – гаварыў бацька і пільным вокам углядаўся наперад, куды імчаў цяпер браняпоезд. Глуха гудзелі і перазвоньвалі металам гарматныя вежы, бранявыя бакі вагонаў ашчацініліся кулямётамі. Цяжка пастуквалі рэйкі пад паравозам. Паравоз бег, набіраючы імклівы разгон.
І калі сказаў Міколка, што зруйнавана немцамі дэпо, што білі немцы з кулямётаў па рабочым пасёлку, што забралі ў турму рабочую дэлегацыю і зверскі білі брата Паўла, – пасуравеў бацька, да болю сціснуў рычаг паравозны. Маўчаў з хвіліну. А браняпоезд імчаў. Неўзаметку ляцелі насустрач чыгуначныя вёрсты. Гудзелі гарматныя вежы, паварочваліся паволі, рыхтаваліся да сустрэчы.
– Ну што ж! Не падай духам, Міколка! – сказаў павесялеўшы бацька. – Хто-хто, а мы пераможам... Не можам іначай! Такі, сыне, закон у нас: не пераможам мы, сатруць нас з твару зямлі, змяшаюць з пылам, з крывёю... З нашай уласнай крывёю... Таму і павінны мы перамагчы!
Імчаў браняпоезд.
* * *
А рабочыя выбіваліся з апошніх сіл. Многа страт панеслі партызаны ў няроўным баі. Ужо выбілі са станцыі партызан і рабочых, ля самых штабеляў абараняліся яны ды займалі невялікую ўскраіну горада. Маўчалі партызанскія кулямёты. Шкадавалі апошніх патронаў. Каб выкурыць рабочых з ускраіны, немцы падпалілі некалькі дамоў, і вялікі пажар узняўся над горадам.
Рабочыя не здавалі апошніх сваіх пазіцый, ладзілі барыкады з дроў, забіраліся на дахі дамоў, каб зручней адбіваць налёты немцаў. Але відаць было, што перамогуць немцы, што гадзіну-другую пратрымаюцца яшчэ рабочыя і прымушаны будуць ці здавацца на нямецкую літасць, ці загінуць пад моцным кулямётным агнём. І быў ужо момант, калі дужа задумаўся дзед Астап над тым, як бы зручней вывесці людзей з небяспекі, жыццё адратаваць ім. Задумаўся на хвіліну і страпянуўся раптам. Гучнае і радаснае «ўра» страсянула паветра. Загрымелі замоўкшыя было партызанскія кулямёты, сціх на хвіліну нямецкі агонь.
Зірнуў дзед у бок ад станцыі і аж крыкнуў ад вялікае радасці. Вярстах у пяці-шасці ад станцыі імчаў браняпоезд. Ясна відаць быў чырвоны сцяг над ім. Сцяг то разгараўся чырвоным полымем, то нік у клубах чорнага паравознага дыму.
– Трымайся, хлопцы, нашы імчаць!
Акрыялі радасцю рабочыя і партызаны.
Заварушыліся немцы. Павярнулі некалькі гармат на браняпоезд. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Крактануў у адказ браняпоезд, ды як крактануў – ураз сціхлі гарматы немцаў. Пара іхніх гармат была збіта цяжкім снарадам з браняпоезда. А браняпоезд яшчэ і яшчэ – цяжка вухкала па лясах, па-над горадам. Браняпоезд біў з цяжкіх гармат.
Немцы кінуліся да пуцей, каб рэйкі ўзарваць, акапацца ля чыгункі. Але рабочыя і партызаны не пускалі іх да рэек, метка знімалі кожнага, хто памыкаўся ўскочыць на пуць.
А браняпоезд ішоў.
Крыху адчыніў Міколкаў бацька сталёвае акенца, каб пуці праверыць, ці цэлыя, ці пашкоджаныя. Глянуў туды і неяк раптам асеў, асунуўся, стаў хіліцца да падлогі. Навіс на рычаг усім цяжарам свайго цела. Павярнуўся рычаг, паравоз абарваў свой бег і ўсё цішэй, цішэй, вось і зусім становіцца паравоз. Здзіўленыя твары чырвонаармейцаў паказаліся ў шчылінах-акенцах вагонаў.
Узрадаваныя немцы беглі насустрач і шалёна крычалі, размахваючы ручнымі гранатамі. Прыціхлі рабочыя і партызаны, не разумеючы, што сталася з браняпоездам.
І не памятае Міколка, як адбылося ўсё гэта. Асцярожна адхіліў ён бацькаву руку ад рэгулятара, націснуў на рычаг абедзвюма сваімі рукамі – ірвануў паравоз, зашыпеў весела парай, памчаў наперад. З браняпоезда ваўсю загаварылі кулямёты, грымнулі яшчэ разы са два цяжкія гарматы. А Міколка ўжо крычаў двум чырвонаармейцам, што былі разам з ім на паравозе:
– Машыніста кладзіце на падлогу ды перавязку хутчэй!
Бачыў, як прамазучаны бацькаў пінжак набухаў чырвонай плямай. Яна рабілася ўсё шырэй і шырэй. Чырвонаармейцы таропка знімалі пінжак, разразалі нажом кашулю, бінтавалі бацькавы грудзі.
І хоць страшна горача было на паравозе, але адчуваў Міколка, як халадзее яго маленькае сэрца, як халадзеюць яго пальцы на гарачым рычагу. Гэта вялікі жаль да бацькі агарнуў усю яго малую істоту, і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок і, напружыўшы ўсе свае сілы, трымаў у руках паравозны рычаг. І бачыў ён, зірнуўшы ў шчылінку паравознага акенца, як уцякалі немцы ва ўсе бакі, як беглі рабочыя, імчалі да браняпоезда партызаны. Яны размахвалі карабінамі, падкідвалі шапкі, крычалі вясёлае «ўра», выкрыквалі словы:
– Няхай жыве наша слаўная Чырвоная Армія!
Вось і станцыя.
Спыніў паравоз Міколка. Кінуўся з шапкай пад паравозны кран, халоднай вады набраў, выплеснуў бацьку на грудзі, абняў яго.
І не вытрымаў тут, заплакаў гарачымі слязамі.
– Ці жыў ты, бацька? Устань жа, ну слова скажы!
Але маўчаў бацька. Глуха плакаў Міколка. Дзед Астап падышоў, паглядзеў, неяк пасуровеў адразу. Паслаў па доктара. Сабраліся рабочыя, партызаны, маўчалі ў вялікім суме. Хутка прыйшоў доктар. Агледзеў, рану прамыў. Зірнуў на Міколку, па плячы яго весела пахлопаў:
– Ну, Міколка, тваё шчасце! Будзе твой бацька жыць яшчэ доўгія гады... Хоць цяжкая рана, але праз месяц-другі мы загоім яе! Кроў у яго рабочая, здаровая...
І што тут пачалося толькі! У Міколкі ўраз вочы сталі сухімі. Усміхнуўся доктару.
– Глядзі ж, не падмані!
А тут падхапілі Міколку на рукі – і ну качаць. Вышэй паравоза падкінулі яго, аж дым паравозны перасігнуў ён і ўпаў вясёлы і радасны на рукі рабочых, партызан, чырвонаармейцаў. Усе віталі Міколку, слаўнага машыніста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавіка.
А назаўтра Міколка разам з другімі рабочымі і партызанамі дыктаваў у нямецкім штабе сваю волю нямецкаму генералу. Той хадзіў маўклівы і пануры. Куды і гонар мінулы падзеўся. Пабілі яго рабочыя, а яшчэ болей пабіла рэвалюцыя ў Германіі. Весткі аб гэтай рэвалюцыі дайшлі нарэшце да нямецкіх салдат.
Генерал хадзіў па кабінеце і нехаця пазіраў у вокны. Ён бачыў, як гулялі па вуліцах яго салдаты. Салдаты старой імператарскай арміі. Салдаты-заваёўцы. Салдаты-пераможцы. Салдаты-рабы. Гэтыя салдаты гулялі сёння з рабочым народам. З чужым народам. Яны браталіся з гэтым народам. Яны называлі гэты народ сваімі лепшымі прыяцелямі ў свеце.
Для гэтых салдат не існуе больш ён, суровы і грозны генерал. Цяпер ён нішто. Дый ці можа ён быць цяпер чым-небудзь, калі даводзіцца выпрошваць у гэтых людзей вагоны для афіцэраў, каб ехаць у Германію. Рабочыя і партызаны жартуюць:
– Вы б, ваша правасхадзіцельства, можа б, пехатой як-небудзь. Салдат-то мы давязём...
Але ўмешваецца ў гутарку дзед Астап. Той не любіць лішніх жартаў.
– Даць ім вагоны, няхай хутчэй адсюль вымятаюцца...
А дзесяткі цягнікоў, сотні і тысячы вагонаў з хлебам, з жывёлай, з награбленым дабром стаяць на станцыі, загрузіўшы ўсе пуці і тупікі. Не бачыць іх болей генералу, як не ўбачыць яму свайго генеральскага носа.
Не выйшлі генеральскія планы!
І як праў быў Міколкаў бацька, калі казаў яму на паравозе:
– Мы не можам не перамагчы!
Перамаглі!
Не можа іначай рабіць Міколкава слаўнае племя.
1936
На чырвоных лядах (Урыўкі з рамана)
Кніга першая. ЦІХІЯ СЯЛІБЫ
ЧАСТКА ПЕРШАЯПавісла сонца над крутой гарой.
Яно ўсё ніжэй і ніжэй апускаецца над зямлёй, вось уселася ўжо на сук вілаватага дуба – на гары, па-над кручай. Здаецца, угінаецца сук пад сонцам і вось-вось скоціцца яно, бразнецца на зямлю, расколецца на бліскучыя аскалёпкі.
Але сонца цэла, толькі робіцца ўсё большым і большым, абліваючы чырванню верхавіны дубоў, ветраковыя махі і статак курганоў. Чырванню гарыць неба, і ў гэтай чырвані губляе сонца сваю залатую празрыстасць – можаш смела глядзець у векавечнае сонцава вока, гатовае замружыць свае каснікі-расніцы на адпачын, на ноч, на сонечны сон. І здаецца, пераплятаюцца празрыстыя праменні з нябачнымі струменямі цішыні, з крышталёвым спакоем вечара, з ледзь чутнымі подыхамі вячэрняга ветрыку. Ён нясе з паплавоў пах росных красак, пах травы медуніцы, пах соннага чабару з-па-над кручы. Сіратой праляціць пчала, дзынкнуў і спалохана змоўк, выцяўшыся аб сцябліну, шмель, спяшаючыся на радзімую купіну. Дзесьці ля балот забляяў баранчык, яму адгукнулася над Дняпром кнігаўка, і адразу пачалі цямнець і прыбярэжныя кусты, і вілаватыя дубы над крутой гарой, і ў кудзеркі туману пачалі спавівацца вадзяныя струмені. Дняпро дыхнуў халадком, вільгаццю ды пахам прыбярэжнае цвілі, гнілога багавіння і рыбнае мелюзгі, павыкіданых за дзень рыбалкамі.
У недасяжнай вышыні засвяціліся першыя, яшчэ бледныя і дрыготкія зоры, якія і можа заўважыць хіба толькі спрактыкаванае Лаўрэнава вока.
– Ужо, запаліліся... Ну што ж. На тое ўжо воля боская, каб кожная гэта ды на сваім месцы... Днём вось сонца, а нанач месік выходзіць... Ды дзе яму аднаму. Таму і паліць Бог свае неўміручыя ліхтары... І кожнай душы чалавечай па зорцы – як каму талент, як каму боская міласць. І аднаму меншая, другому большая. А загіне душа – згасне ліхтарык... І паляціць па небу, а куды – невядома... Грахі нашы, няйначай... А паліць ужо час...
Лаўрэн пацягвае плячмі ад вячэрняга холаду, заплікае на ўсе гузікі ватоўку і, дастаўшы з-пад куста вясло і ліхтар, спускаецца да самай вады. З ціхім, ціхім, ледзь чутным для вуха шорхатам ліжа яна шурпатыя берагі, вільготныя, росныя. Лаўрэн доўга і марудна адвязвае човен, прымайстроўвае ў ім абярэмак сухога сена, паліць ліхтар, асцярожна ставіць яго на дошчачку, дзе стаіць некалькі пляшак з газай, ляжыць шматок пакулля. Адштурхнуўшыся ад берага, Лаўрэн едзе ўверх па Дняпру, да самага дальняга семафора свайго ўчастка. Адну за другой запальвае семафорныя лямпы і ўсцягвае іх на самы верх мачтаў. Дзе газы падалье, дзе старанна пратрэ закуранае шкло, падрэжа і падчысціць кнот. І калі запаліцца апошняя лямпа, едзе Лаўрэн да невялічкай выспачкі, заросшай лазняком і алешнікам, выцягвае човен, раскладвае цяпельца, назбіраўшы ўсякага сушняку з ламачча, павыкіданага вадой. Тут і алешкавы цюльпах, і яловае бервянцо – адбіліся ад плытоў, тут і павыкіданыя вадой бярозавыя пярэвіткі, і ўсякая іншая драбяза.
Лаўрэн грэе над цяпельцам старэчыя рукі і, уладзіўшыся на ўзятым з чоўна сене, пазірае ўздоўж рачных берагоў, углядаецца ў запаленыя семафоры. Чырвоныя і белыя, мільгацяць яны ў згусцелай цемені ночы і адсвечваюцца то пырскамі, то дрыготкімі круцёлкамі на цёмнай вадзе. Лаўрэн глядзіць і ўздыхае. Прызвычаіўся ўжо так. Гляне на што – уздыхне, падумае – уздыхне.
– Аб чым гэта ты? – запытае часам жонка ў хаце.
– Што?
– Ды страціў хіба што? Згубіў? Уздыхаеш так цяжка...
– А ты сабе шкрабі бульбу, от і ўсё...
– Я от шкрабу!
– Ну і шкрабі...
– Гэта ён, мамка, панікадзілы ўспомніў... Не маліўся два дні, от і ўздыхае... Або пратасэі... Бач жа, папу прыслужвае...
– А ты, лузан, змоўчы... Бач ты яго, папругі захацеў адведаць. Калі параслі шаршні на спіне, дык пазганяю...
«...І трэба-такі даць, – думае Лаўрэн. – Не ў людзей пайшлі хлопцы. Басота, а не сыны... І каб у каго, а то ў яго... Сам бацюшка паважае нават. Праўда, бацюшка і сам не абы там што якое, але ж як-ніяк ніхто як не ад Бога...»
Лаўрэн падкідае ў цяпельца ламачча, трэскі, жмак сухое травы, які ахінаецца густым жаўтавата-белым дымам. Праз дым вылятае некалькі іскраў, потым яго праразаюць зыркія языкі полымя. І дым тады робіцца чорным і празрыстым... Цяпельца робіцца большым, сцягвае ноч з усіх бакоў, і таму здаецца яна яшчэ цямнейшай, і вышэй узлятаюць зоры, бліжэй насуваюцца алешкавыя кусты.
Лаўрэн ляжыць на спіне, узіраецца ў нябесныя глыбіні, прыслухаецца да начных гукаў. То трэсне галінка ў цяпельцы, зашуршыць асакой узбуджаная вадзяная хваля, дзесьці на вёсцы прапяе певень. І зноў усё ціха. Толькі чуваць, як сіпіць у цяпельцы мокрая сцяблінка. А за крутой гарой, абуджаючы берагі і поле, пранясецца прыглушаны рэхам гудок.
– Мусіць, пасажырскі пайшоў ужо. Ды і час яму.
І Лаўрэн уздыхне.
– Мудрасць на ўсё, мудрасць боская. Без яе ані кроку. І паравоз, і параход, – і кожны з іх з ліхтарамі... І зоры свецяць, а хіба ж іх паляць? Ды што зоры... Заўтра вун фашыны прыйдзецца ставіць на быстраку, прыкрая праца. Хіба Сяргею вось прапанаваць, а мо пагадзіўся б ён за якую капейку. Наўрад хіба. Пракавешны лодар, яму абы толькі міронаў лавіць, то ж стварэнне людское.
Лаўрэн уздыхне і пачне драмаць.
– Ніхто як Бог... – засыпае ён. – Так, Бог... А фашыны – яны нішто. Добра ставіць іх у зацішным месцы. А паспрабуй-ка на быстраку. І дручок уваб'еш, а пакуль за пярэвіткай сходзіш, друк і паплыў па вадзе, падмывае... Толькі турботы тыя... А як прыпадзе параходу на мялізну стаць – стане, і хоць ты яго друкам – уліпне, ні з месца... І семафоры вот гэтыя – свецяць, мігцяць. Свецяць ліхтарыкі... Вун аднойчы і Лаўрэну так засвяціў начальнік дыстанцыі, аж твар успух. Пад самае вока патрапіў – быў тады семафор недагледжаны. Што ж... Нішто як не ад Бога...