Текст книги "Над Бугам: выбранае"
Автор книги: Міхась Лынькоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 26 (всего у книги 32 страниц)
Складалі апошнія капы ў старасты. Сам стараста, яго сын Банадысь, дачка Агата, Аніс-шахцёр, сусед, Валодзька-пастух ды з дзесятак салдатак. Дапамагала старастава жонка, хіба от толькі для прыліку. Бо ўсё войкала, бедавала, што нешта вадка ёй, мусіць, выпіла вады з канавы – ад таго і мутарна. Вохкала, і садзілася на абскубленыя купіны, ды, сашчарэпіўшы рукамі жывот, качалася ўзад, уперад, ды прасіла ў Бога, каб жа даў ды хуткую смертухну.
– То ж жытка мая, жывеш, жывеш, і ўсяго ў цябе ўдосталь, дзякаваць Богу, але ж няма, каб гэта ды на душы спакой... каб гэта ды супакой табе, ды лагодненька ўсё, ды мір табе ў хату...
На хвіліну замаўкала Хвядосіха. Тады чуваць, як шархацяць спрытныя граблі, як жартуюць салдаткі з Анісам, завіхаюцца ля яго, кпяць над ім:
– Чаму, Аніська, не жэнішся, сапсееш вось так, хто на цябе тады і пагаліцца?
– Уга, колькі вашага брата, а вы на што?
– Мы? Не для твайго, браце, носа. Бывае, апячэшся часам...
– Ну, каторая гэта там? Ты, Аксіння? Ну, падыходзь!
– Ідзі ўжо, йдзі, кручаны... А то грабільнам...
– Не падгадзь, Аніс, трымай марку, – кідае паважна Валодзька-пастух, дастае капшук, круціць цыгарку і доўга выбівае крэсівам агонь, дзьмухае на трут і смачна закурвае.
Дужы хлапец Аніс, дзябёлы. Чорныя валасы ў яго, нос з гарбылінкай, пранозаватыя чорныя вочы. І хада гэткая ж, паглядзіш, воч не адарвеш. Кажуць, белабілетнік Аніс, порча нейкая там... Але якая справа дзяўчатам да порчы тае, да нейкага там ліха... ліпнуць як мухі на мёд. Ліпнуць дзяўчаты, ліпнуць салдаткі.
– І-і, таечка, хлапец жа не хлапец, а...
І не ведалі, чым жа назваць...
І завіхаліся ля капы маладзіцы, накідваліся ўсе на Аніса, дужаліся, закапаць у сена стараліся. Тая за сарочку шкумане, тая сіліцца падножку даць, другая на бок паваліць. Але дзе ты з ім, з чортам дужым, справішся, мільгацяць толькі лыткі салдатак, спелыя лыткі, белыя ды дзябёлыя, калены загарэлыя, сонцам налітыя, ды анучы з аборамі пяньковымі ды раменнымі, скуры чорнай сырыцовай. Задыхаліся, сапуць, а ён шкуматае.
– Прузыначка, а маманькі мае, ты яго пад ныркі, пад ныркі, гада печанага...
А гад печаны і сам ужо ўстае, ад сена атрасаецца, з-за каўняра пацяруху абірае.
– Будзе ўжо, досыць... Не ўгаманіліся? А то задам пытлю...
– Ну, вы тут раскапушыліся, усю капу раскідалі... Айда, айда, нечага гармідар ладзіць, – не то сурова, не то лагодна абзываецца дзядзька Хвядос, і не распазнаеш, што хаваецца пад яго чорнымі вусамі: ці то ўсмешка, ці то калючыя маршчакі незадаволенасці.
А маладзіцы ўжо спяваюць. Ідуць рад у рад, варушаць, грабуць духмянае сена, сагінаюцца спацелыя – і адзін за адным кладуцца ў копы пласты. А песні льюцца па пожні, далятаюць да высокае кручы і разлятаюцца рэхам па дняпроўскіх лугах і палях, аж да самага сіняга бору. І ў песнях тых і пахучыя краскі, што вянуць, хіляцца пад касой востраю, і чайкі, што лятаюць вунь над алешнікам, над асакой узбярэжнай, лятаюць ды кігікаюць, ды гэтак жа жаласна. Тут і доля дзявочая, доля жаночая, і свёкар, і дзевер, і злая свякруха-мачыха...
– Ух ты... – вырываецца ў Хвядоса, і сам ён не ведае, што ў гэтых словах хаваецца. Дзіва, сена колькі таго аднаго. На ўсю зімку хопіць, ды прадаць яшчэ колькі можна, ды пазычыць там на адработ. Латва з гэтымі салдаткамі, ты ёй бульбы пуд, а яна і стараецца, душу сваю перад табой пакладзе, бо ласку тваю, дапамогу тваю адчувае... Але й сумна крыху. Не ў сене ж, не ў бульбе адной услада тая чалавечая... Вун квактуха сядзіць, стары вылівак... Адны косці... Вядома, у гаспадарцы яна свой чалавек, найлепшы дапаможнік і саюзнік твой... Хто, як не яна, лепш ад усякіх зарубак памятае, каму і што пазычана і хто колькі павінен прынесці і прывезці: ці то бульбы асьміну, ці ячменю пуд, ці гарнец тых канапель... Сядзіць, як квоктала, над скрынямі ды над кубламі. Але...
Вільгаццю павеяла з Дняпра. Вечарэе. За алешнікам Настуля капу складае, толькі й мільгацяць яе анучы белыя. Сур'ёзная маладзіца, не тое што другія, якія на хлапцоў квапяцца. Да яе не падступішся. І крамяная маладзіца. Ох-хо-хо...
Прыемнай стомай млеюць плечы, гэтак соладка пацягваюцца. Каб жа ды нікога поблізу тут... І аглядваецца, як воўк, Хвядос. Не відаць, усе за алешнікам. Ціха падкрадваецца.
– Дапамагчы, Настулька, змарылася! – шэпчуць перасохлыя вусны.
– Ды што вы, дзядзька Хвядос, якая тут змора. Сена складаць – адзін адпачын.
– Дык я ўжо табе пасаблю крыху...
– Ды навошта?
– Ну, ну...
Хвядос зграбае сена і стараецца разам падносіць да капы. Вось кладзе яна пласт, умінае яго граблямі, усклаўшыся ўсім тулавам на край капы, аж бялеюць лыткі яе паверх высока закручаных ануч.
– Дай от я ўвамну...
Кранаюцца рукі дзябёлага цела. Дыхае цяжка і засаплася ад абярэмка. Кружыць пах голаў, і колюць твар сухія сцяблінкі асоту, ды пяршыць у носе свежы сенны пыл, от жа хочацца чыхнуць так, каб на яго нарад.
– Настулечка, слухай... – задыхаецца Хвядос, схапіўшы яе адзаду за рукі і налягаючы на яе ўсім сваім грузным целам. Ссоўваецца край капы і спаўзае кудысьці набок. Здалёк ледзь-ледзь даносяцца галасы грэбшчыкаў.
– Дзядзька, а дзядзька, што гэта ўссела на вас, хіба то з розумам...
– Ціху, Настулька, от жа ўсім пасаблю, чым хочаш...
– Адчапіцеся ж адразу, а то людзей паклічу. Бач ты яго, збязулеў на старасці... Вот, вот, крыкну...
Хвядос шырокай далоняй – цёплай, пухнатай – закрывае рот Настулі, прыгінае долу яе голаў, падгінае пад пахучую капу і раптам адскаквае як уджалены, хапаецца ротам за палец.
– У-у... язва, паскудніца... Вот павыбіваю зубы.
– Ану паспробуй... Бач ты яго, да чаго дайшоў. Да жонкі ідзі вунь, калі прыспічыла...
– Пашкадуеш яшчэ...
– Ідзі, ідзі, распуснік, а то аперажу грабільнам так, што не ўстанеш. Забаўку знайшоў! Калі ў мяне чалавека няма, дык думае, і ўзяў... Юр на яго напаў, скажу вот людзям. І дзе тыя вочы падзеліся, сораму не бачаць...
– То ж гадаўка, і зачапі яе... Ты ўжо ў мяне пастой, пачакай. Пачакай, пачакай, ты ў мяне дачакаешся...
– Ідзі, ідзі, цокала старое, пакуль грабільна аб твой хрыбет не апаганіла!
Падлыпаў Хвядос да баб, як воўк з хрыбтом перабітым. А тут яшчэ лягушкі дражняцца: ква-ква-ква... сівая галава...
– Ну і шэльма, увесь палец скрывяніла. Пастой жа, узнаеш ты маю ласку!
І ўвесь вечар як пабіты хадзіў Хвядос. Соваўся з кута ў кут, без дай прычыны вытнуў сабаку, прывязанага да дроту, што йдзе аж да клеці і па самыя ганкі. І доўга скавытаў той у будцы, ліжучы выцятае месца. Аблаяў апошнім словам парабчанку Хадоссю за тое, што не патрапіла ў час карэц вады падаць, каб памыцца перад вячэраю.
– І дзе ты там цялёпкаешся, рабуха, па смерць хіба пасылаць толькі!
Вячэраў моўчкі. Вытнуў лыжкай па лбу меншага сына, калі той пачаў бурболіць у лыжку. Той аж заліўся крыкам, нарабіўшы гармідару на ўсю хату.
– І шалёны ж нешта, усхадзіла цябе нялёгкая... – буркнула старая, уціхамірваючы малога. Угледзеўшы перавязаны палец Хвядосаў, запытала: – Дзе ж гэта собіла так?
– Еш ты ўжо, пудзіла старое...
Канчалі вячэру моўчкі. Канчалі і разыходзіліся кожны па сваім кутку. Хвядос пайшоў начаваць у пуню.
– Падушку ўзяў бы хаця...
– Пад сябе падсцілай, табе ж усё мулка...
– А каб табе, мой Божа, ды сапраўды замуліла!
– Ціху, ціху ты...
– А вось і не сціхну!
– Ну, ну...
– І нечага нукаць там, знайшоўся нукала...
– Падперажы язык!
– А каб цябе ўжо радзімцы спяклі, то ж мая галованька непрыкаяная...
– Пайшла ўжо, рассыпалася, паехала... – мармытнуў Хвядос і выйшаў за дзверы...
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Сабіраліся часта ў Івана Іванавіча пакурыць, а то і проста так пасядзець, пагутарыць, навін якіх тых паслухаць, бо траплялася часамі газетка якая ў каваля, часта ён горад наведваў. Заходзіў звычайна Напрэй Казёл, Валодзька-пастух – калі вольны ад працы. Заходзіў Аніс-шахцёр, заглядаў часам канавал Зміцер ды сія-тыя з лазакрутаў, маладзейшыя каторыя.
Іван Іванавіч рабіў па вечарах у хаце ўсякую дробную работу: то карэц запаяць, то ключ зрабіць новы, паправіць замка. Усякую работу, дзе не трэба ні накавальні, ні горна. Для паяння ж ён прыладзіў нават невялікі горн, дзе прыладжана было старое калясо ад веласіпеда і да гэтага каляса прымайстравана адмысловая ручка. Калясо круціцца, а па ім бяжыць раменны пасак, дык круціць у бляшаным барабане паддувальнае кола, якое і наганяе паветра ў горн. Крутнуў разы са два – паяльнік як след.
– Анжынер наш, адно слова, – кідае Валодзька-пастух, трымаючы ротам кавалачак паперы на цыгарку, бо рукі заняты развязваннем капшука, – а ці змог бы ты, Іван Іванавіч, ну, скажам, машыну пабудаваць?
– Не... што вы, дзядзька Ўладымер... Голымі рукамі машыну не пабудуеш, на гэта завод патрэбны, анжынеры патрэбны, зноў жа тэхнікі там...
– Дзіва што... быў я вот у нядзелю ў горадзе, дык там такую машыну паставілі, што ўсю газу адмяніла. У кожнай гэтай хаце лямпкі такія адмысловыя, а да іх дрот. І гарыць, і як яшчэ гарыць...
– Я ж таксама ў Кацярынаславе бачыў, калі ганялі плыты мы пазалетась. Дык там таксама па дроту, – дадае Напрэй Казёл. – Мусіць жа, ён дуплінаваты, дрот гэты. Ну і цячэ па ім што-небудзь і гарыць у гэтых самых лямпках. Дзіва-то, да ўсяго дадумаюцца людзі. Я шчэ маленькім быў, калі гэтыя самыя газавыя лямпкі з'явіліся. Тады шчэ з лушнікамі жылі мы, вісіць вот у кожнай хаце боўціла такое, на ўсю хату, не павярнуцца... Колькі тае кудзелі пасмалілі дзяўчаты ад лушнікоў гэтых. А лямпак браць не хацелі: «Чорт мо выдумаў яе, а ты палі». Ну ды і зноў жа прамудрасць з гэтым паленнем, дый газу купляць трэба. А смалякі не куплёныя... Цяпер-то яно, канешне, і смаляка часам цяжэй дастаць, чым газы той фунт. Ды і святлей яно з лямпай. Памятаю, як купіў поп лямпу, тады пачала і вёска купляць. А цяпер дык яно ўжо й не дзіва. І колькі гэта лямпаў розных развялося. У школе вунь вісіць у класе, дык, мусіць, па хунту за вечар жарэ, газы гэтай. Каб, скажам, у хату, дык гаспадарку звяла б усю. А цяпер, бач, па дроту. Няйначай дуплінаваты...
– То, дзядзька Напрэй, не дуплінаваты, а звычайны дрот. І йдзе па ім электрычнасць. Ну, як бы маланка тая. Канечне, яе і не ўгледзіш, электрычнасці гэтай, але як дойдзе яна да танюткіх дроцікаў у лямпе, дык дужа гэта яна іх напальвае. Яны і свецяцца, таму і святло, і зыркае святло. Ды вот я пакажу вам электрычнасць гэтую самую.
Іван Іванавіч дастае з шафы некалькі батарэек для кватэрных званкоў, якія папраўляе ён для фальварка. Прыладжвае некалькі дроцікаў.
– Ну, а цяпер вазьміце, дзядзька Напрэй, у рукі гэты дроцік.
– Ну што ж, і вазьму...
– А цяпер дакраніцеся пальцам да гэтага дроціка.
– Ну што ж, і дакрануся...
Усе з цікавасцю пазіраюць на Напрэя, на яго лапушыстую бараду, бучныя вусы і густыя бровы, з-пад якіх выглядаюць цёплыя шэрыя вочы. Раптам Напрэй аж падскаквае злёгку, кінуўшы з рук дроцік.
– Каб жа цябе нарад, дрот, а кусаецца, – аглядае з здзіўленнем свой палец Напрэй. – Аж шчыміць.
Усе спрабуюць кусанне.
– Вот вам і электрычнасць. Пусці яе ў лямпачку спецыяльную, яно і свяціць будзе, – і Іван Іванавіч прыладжвае малюсенькую лямпачку ад кішэннага фанарыка. Лямпачка гарыць, і ўсе здзівавана пераглядаюцца.
– Глядзі-ка ты...
– Дык вось, у горадзе там, заместа вось гэтых скрыначак невялікіх, машыны вялікія, яны і вырабляюць электрычнасць, ды такой сілы, што дакраніся чалавек да дроту – адразу і заб'е, як маланкай. Але зачым жа дакранацца. І вось электрычнасць цэлы горад асвятляе і нават машыны можа круціць, спецыяльныя цягнікі рушыць, уга, дзе толькі ні прыносіць яна карысці чалавеку.
– Бачыў ты! Да чаго чалавек не дадумаецца! І ўсё на патрэбу сабе, каб, значыцца, жыць лягчэй на гэтым свеце... Усякую гэта машыну сабе паставіў. Вун яшчэ на маёй памяці, дык хлеб усё на ветраках малолі. Хоць яно, канечне, і там не без розуму, усякае прыстройства там, але ж звычайнае прыстройства. Быў яшчэ, праўда, у пана валовік. Ну і ўсё. А цяпер вось у воласці паравы млын. І куды табе шпарчэй, чымся на ветраку. Дый мука лепей. Ізноў жа і ветру чакаць не трэба, і ніякага табе клопату: ні махі табе не паламае, ні парусу не парве. Ізноў жа аўтамабілі... Вун кляпчанскі пан, дык, кажуць, з-за межаў прывёз машыну сабе, аўтамабіль. Сам сабе йдзе. Ні коней табе, ні валоў – анічога. Ды яшчэ як ідзе, аж саша гудзіць, колькі тых коней адных папудзілася ды калёс паламалася.
– Каму, дзядзька Ўладымер, аўтамабіль, а каму конь калечаны, – устаўляе слова канавал Зміцер. – Яно-то, канечне, добра пану ў аўтамабілі, а мужыку з канём смерць.
Рэдзенькая бародка Змітрава трасецца ад смеху, і ўся яго галава з шэрым воспенным тварам хуценька паварачваецца на доўгай шыі, шукаючы спачування сваёй думцы.
– Не кажы, браце... Канечне, пан пра сваю карысць клапоціцца, не пра тваю ж...
– Гэта правільна вы сказалі, пане Ўладымер, – гаворыць Іван Іванавіч, шуруючы наждачнай паперай дно карца. – Паны вечна клапаціліся аб сваіх інтарэсах. Аб іх яны клапоцяцца і цяпер. Хоць бы й машыны сабе – ізноў жа каму ад іх больш карысці, нашаму хіба брату?.. Уга... Вун мой брат у горадзе на заводзе працуе. Колькі іх там яшчэ працуе. А як сталі новыя машыны ставіць, дык каторых з рабочых і на вуліцу выгналі, ды яшчэ колькі...
– Дык тут, мусіць, вайна вінавата, Іван Іванавіч?
– Пры чым тут вайна? Вайна сама сабой. А хіба вайна карысць якую дае?
– Ну канечне, Іван Іванавіч, аніякай карысці. Вун у Каравашкі сын звярнуўся, ходзіць цяпер на двух мыліцах. Канечне, ніякае карысці тут акрамя шкоды. А колькі пабітых? Ізноў жа параненых? Ды не дабіцца цяпер ні да чаго, не дакупіцца, і дзе яно што і падзелася? Канечне, цяжка нашаму брату. Ды што калі жэрдку якую плот залапіць, дык паспрабуй сунься ў лес панскі, такую цану ўздулі, што хоць ты трымайся. А за папас у лясу?
– Уга, хутка і зусім упраўляючы хоча ўсякі папас адмяніць, псуюць, кажа, задужа лес каровы, – перабівае Напрэя Ўладымер.
– А арэнда пожняў?
– А шурка дроў?
– А паспрабуй якую дзесяціну на панскім прысеяць?
– Дзіва што... Ходзіць вун па парку, як певень той галанскі, упраўляючы наш, пуза адрасціў – колькі б тых свечак адных нарабіў бы з гэтага сала паганага. Ды што б яшчэ было, калі б не ездзіў штогод сала спускаць на тыя цёплыя воды. Канечне, у вялікі яму клопат вайна!
– А дзе ж, між іншым, пан падзеўся, каторы год нямашака?
– Ды прыязджалі вось некаторыя нашы хлопцы – салдаты, з Пецярбурга прыязджалі. Дык казалі – у інтэндантах там дзесьці служыць, поўным генералам...
– Яно, канечне, не падпрапаршчыкам якім, вядома, генералам...
– Ну што ж, на тое, браце, вайна, яна нікога не мілуе, ні мужыка, ні пана. Канечне, пану вальготней, нашаму брату цяжэй. Але што ж ты зробіш. Канечне, прыходзіцца і цярпець. І як жа без вайны. Сядзелі б так, ну і прыйшлі б немцы, і пазабіралі б усё. І цара свайго пасадзілі б табе. І сказаў бы, ану, хрысціяне-мужычкі, а пакланіцеся майму Богу. А калі што, уклеіў бы бізунамі. От ба...
– «От ба, от ба»... – перадражняе Ўладымера Напрэй, – і галава ў цябе не галава, а часам торба...
– Ты гэтак чаму?
– А таму, што дурань ты бываеш задужа часам... У цябе сыны малыя, дык табе і вайна – столькі-то клопату... А ў мяне вот на вайне адзін, ды другому трэба рыхтавацца, ты ж замест яго не пойдзеш. Дык табе і вайна патрэбна...
– Ды яна і мне ні к чаму... Але ж як жа так? Ну, скажам, не ваяваць... Ды што ж з таго будзе? Ну, прыйдзе немец, павыразае ўсіх...
– Дужа там павыразае...
– А табе ведаць? Вайна ж – гэта не жартачкі, не свята прыстольнае...
– А калі не жартачкі, дык і ваяваць не трэба...
– Ён ізноў! Дык немец жа прыйдзе...
– А няхай яны таксама не ваююць... А ў немца хто? Тыя ж самыя хрысціяне-мужыкі ды рабочыя, скажам... Працуюць жа ў фальварку аўстрыйцы, крыху наламаліся гаварыць па-наскі, дык і расказваюць: і ў іх жа і поле такое, і гароды, і ўсё, адным словам, як у нас, хіба гаспадарку толькі лепш даглядаюць. Дый сам жа ты не раз мо бачыў, як працуюць яны – дасціпныя хлопцы: і ў полі, і ў хляве, дзе ты яго ні пастаў. І да дзяўчат не зломкі – наскія хлопцы. Глядзі, Аніс, наладзяць яны табе канкурэнцыю.
– Кіньце вы, дзядзька, уздумалі...
– Дык аб чым жа я... Вось збіўся крыху. Ага, аб вайне. Вось і выходзіць па майму розуму – зачым ваяваць, зачым калекаў рабіць, зачым гэта мне ды аўстрыйскага мужыка біць. Няхай бы выйшаў наш цар Мікалай, а насупраць яго Вільгельма, і няхай бы там валтузіліся, калі ўжо так укрыўдзілі адзін другога. Няхай бы і дужаліся там, ці як. Які б перадужыў, таму і пабеда, дый плата там якая, ці што. І не смертаўбіўства табе, ні калек, анічога...
– Так, дзядзька Напрэй, добры план у вас. Лепш яно, канечне, па-вашаму. Але хто ж гэта паслухае... Няхай бы сабе дужаліся. Няхай бы галовы паскручвалі адно другому. Толькі б непраменна нашаму Мікалаю не здужыць Вільгельма.
– Чаму ж гэта так?
– Ды казалі людзі, бачылі цара ў Магілеве, дык дробны, кажуць, не дужа штоб з віду гэта, нехлямяжы зусім...
– Хто гэта табе дзейкаў?
– Ды Мікіта з Плёсаў.
– Дужа ён бачыў цара там. Намылілі добра жандары шыю яму, калі па дурасці ў цягнік царскі сесці хацеў. Дні тры пратрымалі яшчэ. Ну й, кажа, з'ездзіў, дзесятаму закажу.
Разыходзіліся позна. У хаце заставаліся звычайна яшчэ Пінька-лазакрут ды закройшчык Мойша Гінт. Маўчалі колькі хвілін, унурыўшыся ў нумар мясцовай губернскай газеты. Іван Іванавіч укладваў у шафу струмант.
– Дык, кажаце, кепскія справы, Іван Іванавіч?
– Не сказаў бы, каб добрыя. Яно, вядома, як разумець. На фронце адступаюць. Начальства звярэе. Народу штодзень трэба болей. Прызыў вот-вот павінен быць... А тут нядоімкі... А земства хоць бы палец а палец стукнула, каб паклапаціцца аб чым. Дык вось якія справы!.. А ў вас як там?
– Ды яно цяжка, Іван Іванавіч... У лазакрутаў жа ў нас сабраліся самыя ўжо тыя, што й зарабіць ніяк іначай не змогуць. Трымаюцца за работу, як сук за дрэва. А ў мястэчку дужа ж ужо сіяністы налягаюць. Так налягаюць, што ва ўсіх галовы ходарам.
– А вы насы і развесілі...
– Ды мы не развесілі. Толькі цяжка, сапраўды цяжка. Пачні гаварыць – і не слухаюць...
– Дзе там... І слухаць не будуць, калі вы будзеце ў маўчанку гуляць. Хто ў іх там? Меламед гэты самы? Дык з яго ж пясок сыплецца. Хіба зяць яшчэ Нохімаў, што з горада наязджае? Ну з тым ужо трэба лічыцца. Але ж хто ён такі? Лавашнік? Магазін гастранамічны, кажаце? Павінны вы гэта на зарубку ўзяць: хто кодла гэта самае арганізоўвае. Меламеды, лавашнікі, усякія там багацеі вашыя: Лейба-крупадзёр, Алтэр... Ім-то што.
– Дык жа, Іван Іванавіч, і шаўцы там і вунь швачкі...
– Я і кажу... Павінны вы неяк ставіцца да ўсяго гэтага...
Спала мястэчка. Чорныя прагаліны акон – падслепаватых, замурзаных – упіраліся невідушчым зрокам у сонны пыл суцішанай вуліцы. У цяжкой задуме драмалі стрэхі над пахіленымі хатамі – вось-вось упадуць, рассыпяцца, каб не гэтая чулая, старожкая цішыня летняе ночы. І калі пачнуць шарэць саламяныя стрэхі ды купчастыя ліпы, ціха рыпнуць дзверы ў Івана Іванавіча і згасне ў вокнах цьмяны бляск кавалёвай лямпы.
– Дума разышлася, – кажуць жартам сяляне. Другія клічуць банкетам.
– І ахвота яму газу паліць, то ж позняя птаха... А чалавек усё ж сур'ёзны, з ім пагаварыць можна.
– Дзіва што! Каваль...
Аўстрыйцы касілі, грэблі сена, сушылі, складвалі ў стагі. Не маглі толькі патрапіць з усімі, з мужыкамі, каб копы такія ж самыя складваць. Выходзілі ў іх трохі іншыя. Але столькі і той бяды. Жылі аўстрыякі ў панскім гумне, а зімой перабіраліся ў фальварковую лазню. Быў і стражнік, раней прысланы з воласці, жыў пры аўстрыйцах, а цяпер ужо каторы месяц жылі яны без усякае варты. Раней людзей крыху дзічыліся, а цяпер хоць бы што, вун па нядзелях на мястэчка ходзяць, зубы скаляць з дзяўчатамі, з маладзіцамі. Па нядзелях такую музыку наладжвалі, што збягаліся ўсе дзяўчаты, каб падзівіцца на аўстрыйскае ігрышча. Скрыпак з пару аднекуль дасталі, бубен. Ды яшчэ сякія-такія прылады. Возьмуць кій звычайны, і на яго струны нацягнуць, ды прыб'юць бляшанак колькі з-пад кансерваў, ды наверх кружалак бляшаных, ды як пачнуць гэта ў тахт бубну ды скрыпкам смыкам драўляным з зарубінамі пацягваць. Такія вальсы адкалвалі, што толькі трымайся. Нават дзявок вучылі скакаць па-іхнаму. Але, канечне, скокі, яны паўсюды аднолькавыя, не цяжка навучыцца ў іх. Часам які Ганну пад бокі падхопіць і ну кружыць і ну наварачваць пад скрыпку. Сапе Ганна, крэкча, з рук выбіваецца.
– Ідзі ты, паганы. Дзе мне ўжо, ёмашніка захацеў, ці што?
Ёмашнік ёмашнікам і «аўстрыец паганы», але зірнуць аўстрыякі на жывот Ганны, самаму старэйшаму аўстрыяку, чарнавусаму Язэпу, падміргваюць: «Твой тут клопат быў». Паважна той вусы падкручвае і, як кот, аглядае сябе: «Бывае, маўляў, чаго з нашым братам не здараецца, ад смерці ды ад жанчыны не адкараскаешся».
Хвацкі народ, вясёлы.
Ганна есці ім варыла. І калі наварыць, пасылала большанькую сваю дачку Настачку ў гумно ці ў сад ці на поле часам – калі якая работа там.
– Ідзі ўжо, заві Аўстрыю.
Аўстрыя шумела, гармідарыла, пацела над Ганнінай заціркай. Шумныя выходзілі з-за стала, няньчыліся з Ганнінымі дзецьмі, рабілі ім забаўкі розныя, цацкі выразалі з дрэва.
– Шанцуе табе, Ганна, – кідалі часамі фальваркаўскія найміткі, што кароў даілі.
– А што?
– Удача ж у цябе: то ніводнага бацькі дзецям сваім не прыдбала, і адразу вун колькі, цэлая купа.
– Уга... Уга... А што мне рабіць, мужчынкі, можна сказаць, нішто сабе. Хіба шкода мне, няхай і з дзецьмі забаўляюцца... Панчошкі вун падарылі малому.
– Панчошкі? Дзіва то... панчошкі...
– От жа ўзялі і падарылі...
Часам аўстрыякі пелі пасля палудня. Альбо вечарам пасля працы. Садзіліся дзе-небудзь на бярвенні ці на гумнішчы. Звычайна пачынаў чарнявенькі Янусь, а за ім падхватвалі ўсе. Песня расла, шырылася, узнімалася вышэй і вышэй, над гумном, над садам, над цёмнаю сажалкай, над калодзежнымі журавамі. Потым песня спадала, паволі, спакваля, як бы той жаўранак у полі, як белы туман раніцой у лагчыне, раніцой над Дняпром сінявокім. Ападае туман, шархацяць асакою хвалі, ліжучы прыбярэжны жвір і пясчаныя адмеліны.
Слухаюць бабы песні тыя, падапруць далонямі шурпатымі шчокі маршчатыя, насамі нехаця хліп ды хліп, а другая і вытра рогам хусткі вока-другое.
– Сумныя песні. Нібы і не наскія словы, не разбярэш, аб чым яны спяваюць там... А песня даходзіць, адчувае нутро яе... Аб радзіме хіба спяваюць, аб бацькаўшчыне, аб матках сваіх, аб нявестах...
– Дзіва што аб матках... Ці ведае каторая, што сын на чужыне, ці жыў, ці здароў, ці бывае ён сыты...
– Дзіва што, ці бывае ён сыты...
– І як абуты, адзеты, як дагледжаны...
– Дзіва што, як дагледжаны...
– І маткі ў іх, нябось, плачуць, небаракі, па іх, па сынах, так жа, нябось, як і мы па сваіх...
– Дзіва што, плачуць...
Сумныя песні, цягучыя.
Вельмі іх паважае – і песні і аўстрыякаў – садоўнік Францусь Карлавіч. Стары ўжо, рукі трасуцца часам, калі захвалюецца, недабачыць ужо крыху. А песні любіць. Любіць і паводзіны чалавечыя.
– Бачыш ты іх, у няволі жывуць, у вялікай, сказаў бы, няволі, а дзе ты іх бачыў, каб днём святочным выйшаў бы каторы ды не паголены. Чыстату народ любіць, парадак. Па-польску сябе народ трымае. Вот у нас, у Польшчы, не то, што ў вас, – расказвае звычайна Францусь аб'ездчыку альбо парабку Мірону, – няма таго бруду, нечысці тае няма, што па хатах у вас. І народ чысцей ходзіць, і з'есць смачней. Ну вот, да слова кажучы, жывеш ты, Міронька, а што ты бачыш ці бачыў на свеце. І кругом цябе незадачы і беднасць, пінжак у цябе і ўлетку і ўзімку аднаго колеру. І сын у цябе крывы...
– Характар у мяне задужа ціхі, пане Францусь...
– Пры чым тут характар?
– Не гаварыце... І крыўдзяць мяне часам і абманваюць калі-нікалі. А я сабе маўчу, не магу тады слова сказаць, каб гэта ды супроць крыўдзіцеля. Няхай ужо маё пяройдзе, думаю... Ціхі характар, пакладлівы...
– Гэта дармо... Дык от я й кажу, што зусім іначай у нас.
– І бедных нямашака?
– Пры чым бедных. Ёсць яны, колькі хочаш, а цяпер мо й болей, бо чуў жа ты пра вайну, увесь край здратавалі наш, снарадамі пазрылі. Але не ў гэтым справа. Культурней людзі жывуць у нас, вось аб чым я гавару. І ведаеш, дужа б мне хацелася пабыць там ізноў. А не быў я там гадоў мо з дваццатак, бо не ўжыўся дома дый не было ўжыцца на чым, былі мы беззямельнымі, дык паехаў тады шукаць заработкаў. А жылі мы тады пад Сувалкамі.
– Баі цяпер, кажуць, ідуць там...
– Ото ж... ідуць...
Часта, расчулены песнямі аўстрыйскімі, ішоў Францусь Карлавіч за рэчку, дзе наводшыбе ля дарогі стаяў стары касцёл зачынены – служылі тут хіба толькі на Антонія. І, сеўшы на прыдарожны камень, даставаў табакерку з кішэні, дрыжачай рукой браў шчапотку табакі, доўга прыцаляўся да носа і сядзеў нерухомы, унурыўшы позірк у векавечныя ліпы на цвінтары касцёла, у стральчатыя змрочныя вокны, на пахілены крыж.
Думаў аб старасці, аб маладосці, аб далёкай бацькаўшчыне, якая за даўгія гады пакрылася ўжо нейкім шызым змрокам, і з гэтага змроку выступалі, яскрава выпукляліся ў памяці пахіленыя замшэлыя крыжы на дарогах ды статуя святога Езуса на канцы роднага мястэчка. Ды балючыя крыўды, якія не вытруціць час.
Думалі і марылі аб радзіме, аб бацькаўшчыне і аўстрыйцы.
Звала яна.
Заклікала радзіма, дакраналася кволымі струнамі да сэрцаў, і нылі сэрцы, нылі, хваляваліся, шчыміла іх болем салодкім. Каб вёскі свае пабачыць, гарады свае, свае стэпы. Каб пабачыць матак сваіх, сясцёр і каханак, цёплай слязой абмачыць сівыя бацькавыя валасы, каб сышлася сляза са слязой і нарадзілася б гаручая радасць сустрэчы.
Звала бацькаўшчына.
І заклікі яе гінулі ў рэхах вайны.
Вайна!
Нічога не зробіш.
Вайна мае свае законы.
Вось скончыцца, тады мо й на бацькаўшчыну. Тады мо й дарога вольная...