355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхась Лынькоў » Над Бугам: выбранае » Текст книги (страница 13)
Над Бугам: выбранае
  • Текст добавлен: 30 апреля 2017, 17:01

Текст книги "Над Бугам: выбранае"


Автор книги: Міхась Лынькоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 32 страниц)

– Дай мне слова! – і Яшка, прасунуўшыся да стала, дастаў замусоленую запісную кніжку. – Хлопцы... Вось што... Каляндарнік – ён каляндарнік і застанецца. Ён правільны, чаго там. Але не ў гэтым справа. Колькі я ўжо разоў казаў, няхай ячэйка трохі падумае ну хоць бы сабе вось аб інтэрнаце. Там жа ліха ведае што.

– Якое табе дзела да інтэрната, на тое ж заўком ёсць, – нездаволена гаворыць сакратар, паціскаючы плячмі.

– Ат, заўком... Нібы сам не ведаеш, які спрытны заўком наш.

– Ну, гэта ты ўжо таго, бузу пачынаеш.

– У цябе ўсё буза. Што ні скажы – буза. Вунь п'янства ды карцёж у моладзі.

– А браточак, ну прыспічыла табе – на бюро пагаворым.

– У цябе ўсё на бюро.

– Ну і пагаворым. Вось і Анатоль Іванавіч прыйдзе, тады і пагаворым.

– У цябе ўсё Анатоль Іванавіч. Вунь ён дагаварыўся з хутарскімі кулакамі на дастаўку саломы.

– Якой саломы?

– Ды ў цэх жа вязальны... А чаму не хацеў браць з вёскі, вунь камітэт прыходзіў, чаму ж было не ўзяць камітэцкай саломы? А калі не з камітэта – чаму не можна было дагаварыцца з вяскоўцамі, яшчэ колькі вунь прыходзіла.

– Ты ўсё пра сваё. А пры чым тут мы? Адміністрацыя ёсць у нас?

– А вунь склад зусім згніў, працаваць няма як...

– Ат, кінь ты ўжо.

– Як гэта кінь?

Чалавек з дванаццаць камсамольцаў, якія спачатку досыць безуважліва слухалі сакратара, цяпер насцярожыліся. Была звычайная цікавасць да лаянкі, да ўзаемных папрокаў, цікавасць да таго, чым жа гэта, урэшце, усё скончыцца.

– Дык няма, хлопцы, больш прапаноў? – і сакратар згортвае і завязвае сваю парыжэлую, пажоўклую папку з паперамі. – Ну, дык лічу сход...

– Пастой, пастой... А маё хіба слова – не слова?

Новы загадчык клуба, які сядзеў да гэтага ў кутку і моўчкі назіраў за ўсім, пасунуўся да стала.

– Усё ж такі і я камсамолец, хоць і стары ўжо, але ж камсамолец. І сказаць вам – і буза ў вас, ну і буза-а... – «Але ж, канкрэтней, канкрэтней, таварыш Каведла...» – Так, бліжэй да справы. А справа, бачыце, у тым... Сяджу гэта я і дзіўлюся: і не камсамольцы, здаецца мне, сядзяць вось тут, а... хто яго ведае... ну, галошы старыя. Хлапец дзела гаворыць, а яму – кінь. Чаго ж гэта варта, любыя? І пра моладзь скажам... Паскудная, братцы, справа ў нас з моладдзю. – «Але ж канкрэтней, канкрэтней, таварыш Каведла...» – Так... Скажам, з'езд – добрая справа, трэба прапрацаваць, абмеркаваць, пагаварыць... Але ж да гэтага часу і другую справу трэба вырашыць. Як ты аб гэтым думаеш, паважаны сакратар?

Сакратар мнецца, моршчыць лоб і адказвае пытаннем:

– Гэта ты аб моладзі хіба?

– А хоць бы сабе і аб моладзі.

– Дык, бачыце, справа тут такая: гаварыў я анодысь з Анатоль Іванавічам, ну і парашылі мы вечар спайкі наладзіць... Ну, няхай паскачуць там. Ну, няхай... вось мы і думаем яшчэ на бюро пагаварыць аб гэтым.

– Гм... для пачатку што ж... Спайка – справа добрая, мо і прыгожая. Але ж трэба, таварыш, і аб іншым падумаць. Тыдзень я на заводзе ў вас – нічога толкам не бачу. – «Але ж канкрэтней, канкрэтней, таварыш Каведла!» – Клуб – гэта раз – анічагутка ў ім. Кніжак – два – анізвання. Газета – тры – ці бачыў хто ў вочы? Камсамольцы – чатыры – без пораху, ходзяць кіслыя. Інтэрнат – пяць – клоп клопа прусом паганяе. Завод – шэсць – цвіль на цвілі, дзіравыя печы. Заўком – сем – дзіравыя... так нікудышны заўком... А чаму? А вы ж ведаць павінны? А вы ж кам-са-молія.

Усе маўчалі. Сакратар не ведаў, дзе падзець вочы і куды пакласці сваю папку. Урэшце ён рашуча ўзяў яе пад пахі і, не гледзячы ні на каго, ціха мармытнуў сабе пад нос:

– Лічу сход зачыненым...

– Як гэта так?

– Ды так. Павестка дня ўся вычарпана.

– Як гэта вычарпана, калі я стаўлю вось гэтыя пытанні?

– Не ўнось дэзарганізацыі, таварыш... Нельга ж так, каб гэта раптам ды ўсё і вырашыць. Вось сабяромся на бюро і вырашым усё як след. Пазавём яшчэ... ну, хоць бы Анатоля Іванавіча... А то адразу.

Некаторыя з хлопцаў паціху смяяліся, другія мнагазначна пераміргваліся – найшла каса на камень – хто каго? А Яшка і яшчэ некалькі хлопцаў з нейкай не то надзеяй, не то з замілаваннем паглядалі на выцвілую кепку Каведлы, з-пад якой выбіваліся жорсткія русыя кудры. Каведла неяк грэбліва, пагардліва правёў вачыма згорбленую постаць сакратара, гэтую вечна спяшаўшую некуды постаць, спяшаўшую і не знаходзіўшую сабе месца. І пад кудрамі варушылася недзе назойлівая, дакучлівая думка: «Ну і тыпус! От вылівак, от птаха нябесная...»

Калі сакратар схаваўся за дзвярмі, Каведла смачна сплюнуў на падлогу, пастаяў яшчэ з хвіліну і, матнуўшы, нібы ў сцвярджэнне нейкае думкі, галавой, пасунуў рашуча да выхаду.

– Айда, хлопцы, чаго тут валэндацца. Хадзем, Яшка... – кінуў ён ад дзвярэй.


* * *

Быў калісьці Шурка. І было Шурку сем год. І быў ласы Шурка на пірагі і абаранкі. А пірагоў і абаранкаў – шэры кот наплакаў... Таму татка мамку біў, прыгаворваў:

– Ты жыццё маё засіліла, апаскудзіла, у-у, брыда сухарэбрая.

Тады Шурка бег, кідаўся бацьку ў калені і, цалуючы шурпатыя, прапахлыя клеем і сасновымі стружкамі рукі, мачыў слязой палапленыя штаны бацькавы і, схапіўшы аберуч вялікі-вялікі рыжы чобат бацькаў, віс на ім, віс і прасіў:

– Не бі мамку. Я табе кажу ці не...

А часам татка плакаў, размазваў на шчаціністым твары п'яныя слёзы, памінаў пра грошы, памінаў пра кішэню.

– Гануля, зірні, галубка мая, у кішэню правую ў ватоўцы... палучка ж мая там.

Глядзела матка ў кішэню – выварочвала яе. Тады церушыліся на падлогу крошкі хлеба, махорка, недакурак цыгаркі, стары аблуплены гузік. Глядзела правую, глядзела і левую. І, схапіўшыся раптам рукамі за голаў, галасіла на ўсю хату:

– А Госпадухна мой, Божухна, і няма ж на яго, ірада, кары тае смертнае, і няма ж на яго, супастата, ні закону, ні совесці...

Потым кідалася за ручніком, складвала яго ў тры-чатыры рэдзі і біла, біла неміласэрна татку і па галаве, і па вачах, і па спіне. Біла і нібы знаходзіла ў гэтым нейкую ўцеху, асалоду. Татка пакідаў звычайна плакаць, часам пачынаў смяяцца.

– Ну, яшчэ... Ну, яшчэ... Ото, так... вось яшчэ трошачкі, па хрыбту, па хрыбту, вышэй крышачку, бач, нешта чэшацца.

«Чаго яму смяяцца?» – думаў пры гэтым Шурка і падыходзіў да маткі.

– Кінь, мамка, не чапай... Яшчэ абаранка прынясе калі... з макам.

Быў ласы Шурка на пірагі і абаранкі.

Пост. Даўжэнны-даўжэнны пост – уся хата прапахне таранамі, капустаю ды горкім алеем. А то і нішчымніца – бульба з лупінамі ды хлеб. І разам надыдзе дзень, запахне з печы смачным-смачным. Мамка пірагі пячэ, пасху пасвянцаць будзе. А вось і на стале яны, і пах ад іх, удыхнеш – і пуп да косці прыстае, прыліпае. Не вытрымаць. Чаму ж і не паспытаць часам. Асабліва калі мамка занялася ля парасяці, абдзірае яму капыцікі. І... на поўны рот, ды ходала пад печ.

Грыміць чапяла, увіхаецца мамка ля падпечча.

– Вылазь, антыхрыстава душа. Бач, аскароміўся, нячыстая сіла... Вылазь, душагубец.

– Не палезу!

– Я табе кажу ці каму?

– Не палезу...

Чапяла спрытна пападае па лабаціне, за чапялой сунецца доўгая хударлявая мамчына рука, і віхор жорсткіх валасоў пападае ў кастлявыя пальцы – нехаця палезеш.

– Кінь, кажу!

– Не кіну...

– Кінь, іначай заб'ю!

– Усё роўна не кіну...

І кавалачак пірага, застаўшыся ў сашчапераным кулачку, спрытна пападае ў рот.

– Дык ты так, нехрысць ты гэткая, пачакай жа, пачака-а-й... вось я павыбіваю з цябе гэткія авантуры, пазганяю шаршні з паганае спіны, пачакай.

І віхор жорсткіх валасоў звіваецца ў тугі вузел – вось-вось вочы на лоб вылезуць.

– Будзеш, гад, болей?

– Буду...

– А галованька мая няшчасная, нарадзіла на свае мукі радзімца, у бацьку, мусіць, паганец, удаўся, – і, даўшы добрага ляшча ў хрыбет, матка пакідала Шурку ў спакоі і замыкала ў шуфлядцы такія пахучыя, такія прыгожыя велікодныя пірагі і іншыя не менш прывабныя і спакусныя прысмакі.

А віхор жорсткіх валасоў, упарты віхор застаўся і да гэтага часу. І, мусіць, праз гэты віхор і перадалася ў Сашку Каведлу тая ўпартасць, настойлівасць, з якой браўся ён за кожную справу і ўмела ці няўмела яе праводзіў. Але праводзіў заўсёды.

– Пажывём – пабачым... Выліўкі нам не дзіва. Бач, анцімоніі разводзіць, на сходзе ні слова. Яму ўсё Анатоль Іванавіч – бацька родны знайшоўся. А сам ні кроку. Але ж пачакай, будзе час – будзе і квас. Не ўсё разам.

Сашка Каведла думаў аб гуце, аб камсамольцах, аб заснуўшай ячэйцы. І чым болей думаў – тым спакайней рабілася на сэрцы.

– Толькі на педалі націскай, таварыш Каведла... Ды канкрэтней, канкрэтней... Вось газету наладзіць бы, радыё... Красата!

Сказаў сам сабе і ўсміхнуўся.


* * *

Вечар выдаўся ласкавы і ціхі. На ўзгорку пахла мятай і чаборам. І гэты водар п'яніў голаў, кружыў яе – таму і пераліваліся так прыгожа далёкія зоркі, зыбаўся свет іх празрысты і чаруючы на ціхіх струменях ракі. Адтуль несла такой ядранай, падбадзёрваючай вільгаццю.

І кругом цемра – цёплая, убаюкваючая чэрвеньская цемра. І ледзь шалясціць бярозавы параснік на адхонах кручы, з-пад якой чутны ўсплёскі і бульканне вады ды ціхі-ціхі, як неўлавімыя шэпты ночы, шолах асакі і чароту.

І ў гэтую цішыню ўразаецца параход. Нехта дошкай вялікай лапаціць па вадзе, і шуршаць берагі, абмытыя рэзваю хваляй – адной, другой, трэцяй... Слабеюць нявідныя ў цемені хвалі, нікнуць... Прамільгнулі ліхтары, асвятлёныя акенцы, за якімі нейкі іншы свет, асаблівы. Паплылі ліхтары ў цемру, знік параход за павароткай, і зноў ціха, дрымотна... І крыху жаласна: быў параход і паплыў. І людзі на ім, і кожны едзе кудысьці, далей, у свет у шырокі.

А Анатоль Іванавіч гаворыць, гаворыць...

– Валечка – буду зваць вас так... бліжэй і прыемней... – і адчувае Валя яго руку на сваёй і ціхія пяшчотныя ласкі – гладзіць яе руку, перабірае пальцы.

«Усё роўна...» – мільгае нейкая няясная думка. Валя маўчыць, і ў гэтым маўчанні пакорнасць, замілаванне ўсім: і ракой, і ап'яняючым чаборам, і ціхім шолахам бярозавых лісцяў, і гэтымі словамі-шэптамі, што так блізка-блізка, як гэтыя цёплыя пальцы рукі, такой моцнай, настойлівай.

І з гарбулінкай нос. І такія разумныя вочы.

– Валечка, паглядзі. Падзівіся. Вось пайшоў параход: светлы, вялікі, прыгожы... І ўсюды цемень. Пайшоў, і няма... І жыццё наша, як той параход. Бліснула, і няма. Цемень адна... Дык запалім жа агні, каб было светла і люба. І цёпла. Любіць, любіць, Валечка, – тады шчаслівай дарогай пойдзем мы ў свет, у свет вялікі, бліскучы. Валечка, міленькая...

І такі ап'яняючы чабор... І шалясцяць лісты, перашэптваецца чарот з асакою. І не чуць іх ужо.

– Валечка...

Упалі зоры з неба і распасцёрліся нізка-нізка, парабіліся на кружэлкі вялікія: ружовыя, блакітныя і зялёныя – самыя цёплыя.

Потым зоры ўзняліся, паплылі ў недасяжную вышыню і нібы зняжывелі там у нейкай хітраватай усмешцы. І свет іх стаў скупы, халодны.

Зводдаль закігікала нейкая птушка. Уздрыганулася Валя, нечакана балюча сцялася ўсхваляванае сэрца. І пачала плакаць, нахіліўшы голаў на грудзі.

– Кінь, Валя... ці тут жа што страшнае?

– Як жа я...

– Ну, годзе, раз жывём мы на свеце.

Ішлі берагам моўчкі. Валя ўглядалася ўніз, у сцежку, хацела сабраць думкі, але яны не даваліся і разляталіся абрыўкамі ці хаваліся дзесьці, хаваліся ў старожкую цемень ночы.


* * *

У клубе была незвычайная цішыня, хоць народу сабралася і многа. Дый як не сабрацца – навіна – радыё! Павінна загаварыць сёння. Каведла без кепкі – адзнака вялікай турбацыі – часта лазіў пад столь, поркаўся нешта з цянюсенькім медзяным дротам, камандуючы адтуль Яшку і яшчэ двум камсамольцам, якія працавалі на вуліцы, праводзілі дрот у зямлю:

– Гэй, вы там, калі закапаеце, пакладзіце камень, бо яшчэ свінні адрыюць...

Каведла злазіў і бегаў ля стала, поркаючыся ля невялічкае скрынкі з рознымі блішчастымі шрубкамі, медзянымі цвікамі, пласцінкамі. І галоўнае, што прыкоўвала ўсіх да сябе, гэта электрычная лямпачка, якая гарэла немаведама для чаго, для якой патрэбы.

– Ты б загасіў яе, дарэмна псуеш, калі б то сказаць – ноч, а то ж відна.

– Ідзі ты, дзядзька... Пачакай вось крыху, раскажу пасля, а цяпер... вось лепей глядзі за парадкам.

Большасць старых сядзелі зводдаль – ніякавата ж адразу сунуць свой нос ва ўсякія забаўкі. Няхай ужо маладым гэтыя цацкі.

Колькі ні корпаўся Сашка – аж лоб умакрэў, – усё нешта не ішло на лад. Колькі ні надзяваў ён чорныя кружэлкі навушнікаў – нічога, акрамя роўнага гуду і шыпення, адтуль не было чутно.

Ужо дзед Андрэй, не прамінуўшы паглядзець навіну, пачаў гаварыць аб грамафоне:

– То ж, браткі мае! І прывозіць гэта раз пан грамафон гэты. Былі такія вось без трубы. Паставіў гэта ён моўчкі на стол яго ды давай круціць. А тут і старая паня сядзіць. Вось і пытае яна: «Што гэта?» – «А гэта скрынку для цябе прывёз я, ідзі, дзівіся... Вось і ручка». Толькі яна за ручку, а скрынка, браткі мае, як прыўрэжа на ўсе галасы камарынскага... Дык што ж вы думалі, от жа не збрахаць – збялела паня ды хлёп аб падлогу... Хварэла аж тыдзень.

– А ты не захварэў часам?

– Я? Ого! Каб я... Прамудрасць тут невялічкая ў гэтых скрынках... Галоўнае, накруціў ручку, а яно і пайшло, і пайшло... І чаго толькі не захочаш: хочаш «Разлуку» – «Разлука», «Ойча наш» – «Ойча наш» выводзіць, а «Іжа херувімы», ну, не раўнуючы, як у царкве... Бывала, пан пакліча, калі вясёлы...

– Тс... тс... ш-ша...

Усе адразу насцеражыліся. Нават Цімка Статуй, які стаяў да гэтага ля акна і з нейкай, яму толькі ўласцівай, пагардай і знявагай паглядаў нібыта безуважна на Каведлавы практыкаванні, пацягнуўся цяпер да стала і разявіў у немым здзіўленні рот. З невялічкай трубкі вырваўся сноп пярэстых гукаў, спачатку няясных, незразумелых. Потым яны рабіліся ўсё выразнейшымі, гучнелі, набывалі нейкую моц, і прыгожая песня палілася шырокім, мілагучным струменем пад закуранай столлю.

Усе ўглядаліся ў трубку, нібы там сядзеў нехта нябачны і дзіўны, які чараваў сваімі галасамі людское вуха. Ля дзвярэй застыў у нямой постаці Астап Зіркута, і з-пад яго парыжэлых кудраў глядзелі жывыя задуменныя вочы. Прытаіўшы дых, слухала песню Валя. І на міг прамільгнулі вялікія зоры-кружэлкі і зоры далёкія, недасяжныя... І Залатыя Ключы... Толькі на міг – ад песні ўсё забываеш, таму мае яна над табой вялікую ўладу. А тут і песня дзіўная – скінулі яе з недасяжных вышынь, спаймалі рукамі чалавечымі.

А Каведла стаяў, перасцерагаюча ківаў рукой, нагінаўся, нешта падкручваў. І ўсе глядзелі на яго, як на нейкага чараўніка. Быў Сашка Каведла, а цяпер вось – на табе – да чаго дадумаўся.

Цімка Статуй увесь выцягнуўся, і калі замоўкла трубка, ён усё яшчэ здзіўлена ў яе зазіраў.

– Ну што, Цімка? Як?

Гэтае пытанне вывела Цімку з раздумы. Ён залыпаў вачыма, нібы спрасонку, і толькі потым ужо, падумаўшы з хвіліну, ні к сялу ні к гораду адпаліў раптам:

– І ляснуў бы вось я па ўсіх тваіх прычындалах, толькі б шкло пасыпалася...

І ўсе адчувалі, што Цімка сказаў гэта так сабе, абы адчапіцца, не ўсур'ёз, як раней.

– І нічога болей? – запытаў Каведла.

– Як гэта нічога?

– Ды так вось. Толькі б ляснуў і нічога болей?

– Ну...

– Эх, ты... І пастухова Ганна ляснуць можа, а ты, галоўка твая яловая, дадумайся. Разумееш – дадумайся.

– Ат, адчапіся ты.

І ўсе здзівіліся крыху: Цімка без усякага скандалу моўчкі адышоў ад стала і стаў ля сцяны.

Спачатку было ціха. Потым усе загаварылі. Узняліся спрэчкі. Абступілі цудоўную скрынку, заглядалі ў трубку, мацалі дрот, абглядалі лямпу.

– Ну і манцёр! Ну і Каведла! А мы думалі: ну, нахлусіць чалавеча з гэтым самым радыё.

Умакрэўшы Каведла стараўся ўсім растлумачыць сакрэты скрынкі, пускаў яшчэ некалькі раз яе ў ход, частаваў песнямі, музыкай, нават нешта смешнае загаварыла трубка, і ўсе рагаталі цішком, стараючыся не заглушыць трубкі, даслухаць да канца смяшлівыя жарты. І калі пачалі ўжо разыходзіцца, нават дзед Андрэй адазваў убок Каведлу і патаемным шэптам запытаў:

– Вось што, скажы ты мне, хлопец, толькі не мані, скажы як на духу – не грамафон гэта?

– Ды не, дзед, і не начавала з грамафонам.

– Ну і штука... Але ж і майстры вы, каб на вас ліха!

– Майстры, дзед!

– Ото ж я і кажу...

– Хочаш, амалодзяць, дзед, за мілую душу – чык-чык і гатова, – смяецца з дзеда Астап Зіркута.

– Ото ж я і кажу, – мармыча, ідучы, дзед, не ўчуўшы добра жарту.


* * *

Прайшло каля месяца. І з кожным днём усё больш сумнай і сумнай рабілася Валя.

«Няўжо ж гэта... Няўжо не пройдзе так? Што ж я буду рабіць, што падумае татка? А Яшка... Аб Яшку казаць не варта – сама вінавата, вось ад стрэч ухіляюся нават. Ды і што Яшка... Мо і любіла калі. Але ж гэта даўно, ці варта думаць аб ім. Анатоль Іванавіч... Мілы і любы. Але ж зачым толькі гэта ўсё, зачым жа так, ці нельга без гэтага... Як страшна падумаць аб тым, што будзе...»

Ля вачэй ляглі першыя неглыбокія зморшчакі, і самі вочы страцілі сваю былую рухомасць і неяк старанна разміналіся з вачыма бацькі. І ўжо не скакала, як раней, без усякае дай прычыны па пакоі, забылася на ранейшыя песні, не чутно і «кірпічыкаў».

«Што б гэта такое з ёй, – думаў часам, седзячы за сталом, Антось. – Няйначай перамена нейкая. І з якое б, сказаць, прычыны? Закахалася б, скажам, дык чаго галаву вешаць... Не, нешта нейкае ёсць».

Заўважыўшы вечарам, як сядзела Валя ў невясёлай задуме, бацька падышоў да яе, палажыў на яе плечы свае апаленыя, шурпатыя рукі і запытаў:

– Валечка, ну што з табой? Дзіўлюся я, нешта ты ходзіш, нос апусціўшы...

– Ат, татка, што гэта вам уздумалася.

– Бачу ж я, ну чаго ты такая?

– Ды нічога, татка, гэта я так сабе.

– Так сабе? Ідзі хоць прагуляйся крыху. Годзе ў хаце сядзець – пракіснеш. Сёння ж вечар спайкі. Мне дык што, старому, лепш паляжу вось, а твая справа другая. Дый кажуць – весела будзе там. Музыку вунь нанялі хутарскога, скокі будуць... Схадзі ж ты.

– Я схаджу, татка...


* * *

У далёкім дзяцінстве чула Рахіль прыгожую казку ад мацеры. А мо і не казка, мо сапраўдная быль. Але ж падобна надта на казку: і цар, і дзіўныя дочкі, і аксаміт.

Галоўнае – аксаміт.

...Едзе цар па вуліцы горада, і пасцілаюць перад ім аксамітныя дываны. Аксамітам і сцены пакрыты, высачэзныя сцены гарадскіх дамоў. Пасецца сонца па аксаміце і скача па ім рознакаляровымі праменнямі. А цар едзе, і едуць красуні дочкі – па аксаміту едуць па дарагому. І ні пылу, ні бруду. Бясшумна імчацца залатыя колы, і навакол – кветкі, кветкі.

– А зачым, мамка, кветкі?

– Кветкі? Ну, кветкі затым, каб цвісці... І пах, прыгожа.

– А які, мамка, цар?

– Цар? Адчапіся, ці мне бачыць яго, ці што?

– А чаму ў мястэчку вуліцы без аксаміту?

– Яшчэ што скажаш? Дурная...

– А чаму няма ў мястэчку цара?

– Яшчэ чаго захацела, хопіць табе і ўрадніка.

І ўжо спужаным шэптам, азіраючыся чамусьці на дзверы, мамка казала ціха-ціха:

– Дурная, чаго вярзеш немаведама што. Падмяці ідзі сенцы.

Але не забывалася на аксаміт Рахіль і часта думала, якім бы прыгожым было мястэчка з аксамітнымі вуліцамі. І па аксаміце краскі, краскі... Гады ішлі, старэліся вуліцы, касабочыліся местачковыя хаты, і па ўсяму відаць было, што не быць мястэчку ў аксаміце, не ўбачыць Рахілі аксамітных вуліц.

Гэта было ў дзяцінстве. А дзяцінства заўсёды такое смешнае і такое дзіўнае: то было ўсё прыгожым і чаруючым, а падрасцеш – і вочы другія. Зірнеш – брыда непралазная, злосныя людзі. І чаго ім трэба, і чаго б ім, здавалася, мала? Без нажа рэжуць адзін аднаго.

І адна за адной каціліся слёзы. Хацелася плакаць, каб заліць слязьмі ўвесь свет, і мястэчка, і закурэлы завод, і гэту страшную ванную печ, дзе блішчыць палаючае шкло, і гэтых майстроў.

Рахіль плакала... У інтэрнаце нікога не было. Пад свята ўсе разышліся, хлапцы падаліся ў клуб на спайку. Адтуль чутно было праз акно, як іграе гармонь, і прыглушаны тупат ног далятаў і нікнуў у Нютчыным пакоіку. Нютка – адзіная таварышка Рахілі (яшчэ ведаліся ў мястэчку, дзе Нютка была наймічкай) – суцяшала яе:

– А ты не глядзі. Лезе хто – дай здачы, чаго там...

– Дзе там, Нютачка! Каб ты толькі ведала. Ну, сягоння... Хоць бы я адно шкло разбіла. Дык дзе там... Стараешся ж патрапіць. І ўсё роўна – жыцця не даюць. І майстры нашы... Дый куды ні павернешся, толькі і чуеш: морда пархатая, сялёдачны хвост.

– А ты плюнь, не зважай... Ці ж ты не ведаеш, што ім кавалка хлеба шкада для нашага брата – чалавека чужога. Вось апанавалі ўсім заводам, калі хто чужы, так і стараюцца выжыць. Бачыш, і мне работы быццам нямашака там на заводзе, дык вапхнулі ў гэтую кануру. Колькі ні прасіла дзесятніка, каб паставіў у красільню, дык дзе там... «Усе месцы, – кажа, – пазаняты». А нябось вунь дзве пляменніцы з хутароў пазаўчора прыняў, ніхто і не ведае. А калі і ведаюць, дык ніхто слова не скажа. Як жа, дзесятнік, вышэй ад майстра... Дый майстры – добрыя цацы, адна хеўра. А ты ўсё ж ткі кінь, ну чаго ты.

Рахіль усё плакала. Часам змаўкала і пачынала зноў жаліцца:

– Ты вось паглядзі, Нютка, што зрабілі мне пазаўчора...

Яна расплікнула блузку, і калі Нютка зірнула туды, яна адразу з жахам адвярнулася і стала без прычыны глядзець на падлогу.

– Ты ж бы ў бальніцу хутчэй, чаго чакаеш?.. – з ціхім дакорам прамовіла яна, не адрываючы вачэй ад падлогі.

– У бальніцу? Не, Нютачка, гэта ж такі сорам, гэта ж... Не... Толькі не ў бальніцу. Каб даведаліся людзі ды пачалі языкамі плясці... Не, ніколі, ніколі. І з чаго б ты думала? Ну, разбіла я шкло, паслізнулася, калі на відэльцы брала... Дык Сідаронак як дасць у грудзі трубкай, аж уваччу пацямнела, ледзь устояла. «Гэта, – кажа, – табе на навуку... Пачакай, яшчэ будзе...» І як жа жыць далей, калі ніхто табе ў вочы не паглядзіць як чалавек, а ўсё не па-людску, усё зневажаюць.

– А ты б скардзілася ў заўком.

– У заўком? Ты смяешся? Ты ж сама хадзіла скардзіцца на Лузанчыка і на Сцяпана. Дапамаглі?

Нічога не адказала Нютка, толькі ўздыхнула. І абедзве маўчалі.

Праз акно ўляталі прыглушаныя гукі клубнага гоману, дзесьці на пасёлку нехта заліваўся блытанаю п'янаю песняй, якая то рассыпалася высокімі гучнымі ноткамі, то зніжалася да вільготнай асенняй зямлі і пасцілалася ў змроку няяснымі шэптамі, якія ўліваліся ў начную цемрадзь.

– Мусіць, Зіркута ад Амелькі ідзе падвыпіўшы. Час і мне дахаты.

– Заначавала б ты сёння ў мяне. Чаго ісці да мястэчка?

– Не, Нютачка, трэба ж дзядзьку сім-тым раніцай памагчы ў хаце. Недарма ж жыву ў яго. Хоць і свой, але ж дарма ніхто цябе трымаць не будзе.

– Ну, як сабе хочаш. А пажаліцца ўсё ж ткі трэба, Рахіль. Не скажаш ты, дык я скажу. Скажу хоць бы Яшку.

– І не думай, Нютка, гэта ж такі сорам.


* * *

– Дык чаго ты нос павесіў? Вальку ўсё сніш? Што з воза ўпала, тое прапала, кажуць старыя людзі, кінь, забудзь назаўсёды, не будзь мяшком пыльным.

– Ат, адчапіся ты. Пры чым тут Валя?

– Пры чым, кажаш? Ах ты, раскіс зусім, як бачу. Не ў Вальках справа, мой голуб.

– А годзе ўжо табе да мяне чапіцца... Вось кіну завод, абрыдзеў ён мне больш горкай рэдзькі. Пайду куды-небудзь у саўгас, буду зноў працаваць на полі, касіць пайду. А важнецкі касец з мяне, са старымі спраўляўся пакосам ісці. І добра ж, браток, гэта летам. Сонца табе. Лугі, як вокам кінуць... І ў кожнай купіне чмель гудзе, да чаго ж любіў я гнёзды чмялёвыя, мёд, як сляза... пахучы... А там рэчка. А над рэчкай кусты.

– Сам ты куст алешкавы і пад кустам радзіўся, відаць... Калі што – так і цягне ў кусты. Ты вось тут паспрабуй як след галавой раскінуць: і кусты знойдзеш, церабі колькі хочаш, абы ахвота, абы галава на плячах. А ў цябе ж кацялок палуджаны, у спраўнасці.

Каведла і Яшка сядзелі на клубным ганку. Каведла быў у нейкім узнятым, вясёлым настроі. Але ў гэтай весялосці чуваць былі схаваныя ноткі не то нездавалення, не то нейкае злосці.

– Бач, скачуць, аж сцены трасуцца... Няхай бы ўжо толькі скакалі. Дык не, не абыдуцца без гарэлкі. Да Амелькі-самагоншчыка яшчэ паслалі, усё мала... І дырэктар добры. Няхай, кажа, п'юць. Чаму рабочаму чалавеку і не выпіць. І яшчэ прамову выйшаў казаць. Аб рэвалюцыі... Аб Саветах... «Мы – гаспадары жыцця». «Пляваць нам на ўсё праз халяву». А потым ты чуў, як рыкне наш Анатоль: «Смі-ірна... Раўненне направа!» А ўсе ў рогат... «Бач ты яго, які камандзер, адразу відаць начальства». Цяпер адлежваецца на кватэры, майстры аднеслі... А сакратар твой чаго варты? Сарваў і пастаноўку ўсю. Каб не ты – і радыё б наша пабілі... Не, хлапец, трэба тут па-іншаму ўзяцца, нічога, як бачу я, не будзе.

– А нічога і не будзе. Такая ўжо тут павядзёнка – ад веку парадкі пайшлі, ці ты іх зменіш...

– А вось жа пабачым!

– Ну і пабачым. Нічога не будзе.

– Нічога?

– Нічога.

– Руку, таварыш! Аб чым заклад?

– Давай лепш без закладаў.

– Ну, добра, толькі глядзі сам памагай ды паменей аб кустах думай. А людзі яшчэ знойдуцца. Вунь Юрка Пупок – нішто сабе чалавек. Арцём Дубовік – някепскі рабочы. Антон-бежанец – бацька Валі – чым кепскі? Ды яшчэ колькі можна знайсці людзей на заводзе... І з камсамольцаў ёсць нішто хлапцы, паднаціснуць толькі трэба, падварушыць. Спяць усе, а хто і не спіць, той маўчыць. На ражна ніхто не хоча перці. А тут ражон, сапраўдны ражон – да чаго распусцілі завод, чортведама што робіцца... Ты паслухай, аб чым кажуць некаторыя рабочыя. Яшчэ нашы, з пасёлка, дык нішто. Як-ніяк, а з хаты па два, па тры чалавекі на заводзе – тут і маўчаць, можа, да пары да часу, аграбаюць сабе грошы, усе ў майстры падаліся. А вось тыя, што прыходзяць... Ім жа сунуцца некуды. Ты вось на складзе працуеш, не бачыш нічога. А я вунь учора зайшоў у выдувальню, дык што ж ты думаеш: некаторыя пад печчу спяць, няма куды пайсці. Гэта ты ў шчасліўцы папаў, у інтэрнат трапіў. А колькі раз пра баракі казалі: і не падступіся. «Грошай нямашака, мы – пралетарская дзяржава, самі на сябе працуем», – вось аб чым толькі і кажа дырэктар. А заўкому што? Ці заўком сабе вораг, калі кожны сваякамі абкружаны...

– Дык што ты зробіш?

– Вядома, адзін нічога не зробіш, а трэба вось падумаўшы ды каб болей людзей. У ячэйцы непарадак, ці гэта ж сакратар: ён свайго слова не мае, усё стараецца патрапіць дырэктару... Другога б сакратара нам! Дый партыйнай ячэйцы час ужо быць – ёсць жа партыйцаў са два, кандыдатаў вунь колькі...

Хлопцы замоўклі. На дварэ рабілася халадней, асенняю вільгаццю нясло ад ракі, і гэта вільгаць перамешвалася з пахам падмарожанае травы, завялых яблык і цвілога лісця, якое заслала ўсе дарогі і сцежкі.

Ад скрынак са шклом, што ляжалі на беразе, пахла смалой і цвілой саломай. Слязіліся крыху стрэхі, і паасобныя кроплі падалі зрэдку на шапкі. І з кожнай кропляй сціналіся плечы, холадна і сумна рабілася на сэрцы.

«Восень, каму яна трэба?» – думаў, здаецца, кожны, але думкамі не дзяліўся. Неахвота гаварыць на холадзе, лепш наставіць каўняры, унурыцца ў іх і сядзець, не зварухнуцца, захоўваючы ў сабе кожную кропельку цяпла. Дый аб чым гаварыць, калі ўсё перагаворана. Рабіць? Усё разам не зробіш. Лепш сядзець вось і думаць. І кожны думаў аб сваім. Яшка сачыў за шэрымі парванымі хмаркамі, што нізка-нізка слаліся над зямлёй, беглі хутка, спяшаючыся. І куды бягуць, і каго даганяюць... Вось выпаўзаюць на месячны свет і нікнуць дзесьці там, дзе цемрадзь, дзе навіслі халодныя туманы. І месячык – няшчасны месячык, да чаго ж яму холадна хавацца ў мокрыя начныя хмары.

Ад месяца Яшка пераходзіць да сонца, да вясны, да прыгожага лета:

– І будзем мы з табой усё ж ткі рыбу лавіць вясной... Хараство!

– Якую рыбу, пры чым тут рыба? – адарваўся ад сваіх думак Каведла.

– Вясной... І нераты можна ставіць. Асабліва на поймах. Дзе які раўчучок, канаўка – асабліва ж панадна рыба.

– Ты што, спіш ці трызніш?

– Ат, табе і слова не скажы... Ці табе зразумець.

– Дык не вярзі немаведама што.

І Каведла варочаецца да сваіх думак аб бліжэйшых днях, аб тым, што ён будзе рабіць, што трэба паведаміць у райком ды параіцца вось аб усім, аб дырэктару, аб заводзе, аб майстрах, ды ці мала аб чым.

У клуб не хацелася ісці. Там накурана, там нясцішны тупат і гоман, не знойдзеш прытулку і ў сваёй кватэры – баковачцы па-за сцэнай. Няхай ужо разыдуцца – тады спаць. І, унурыўшыся ў каўняры, маўчалі абодва. Раптам страпянуліся і ўзняліся з ганка. Што гэта? З-пад лесу, што ля ракі, за заводам, данеслася ціхае і працяглае:

– А-а-й...

Гук, здаецца, узняўся над лесам, узляцеў над ім высока і раптам абарваўся, прыземіўся, і чутна было, як абарваўся ён коратка:

– А-а...

Каведла і Яшка насцеражыліся, сышлі з ганка і пайшлі па дарожцы ад клуба, каб бліжэй пачуць і разабрацца, што да чаго. Але ўсё было ціха, старожкая цемень не прапускала ніводнага гуку.

– Што б магло быць?

– А хто яго ведае.

І вось зноў у тым жа самым напрамку, усё над тым жа лесам, пачуўся кароткі, прыглушаны крык. І ў гэтым крыку можна было разабраць адно толькі слова:

– Лю-ю-дзі!

У слове чуўся заклік і чалавечая безнадзейнасць. І ў асенняй імгле, у халоднай начной цемрадзі гэтае слова ахіналася невядомасцю, жудасным чалавечым адчаем.

Але слова знікла, і мёртвая цішыня навісла над полем. Як ні стараліся ўчуць хоць адзіны гук, хоць адзінае слова – вільготны асенні спакой закрыў павуціннем туману і поле, і завод, і лес, і раку.

Пачыналі ўжо разыходзіцца з клуба. У паветры павіслі жарты, лаянка. Кампанія хлапцоў з гарманістам зацягнула п'яную заліхвацкую песню, і на некалькі хвілін начны спакой быў парушаны звонкімі галасамі, смехам, спужанымі і вясёлымі ўскрыкамі дзяўчат.

Некаторыя разыходзіліся, хістаючыся з боку на бок, стараючыся трымацца бліжэй да парканаў.

– Ну, бывай, Яшка, пайду спаць, глядзі і развіднее хутка. Дык глядзі ж...

Да чаго адносілася гэтае «глядзі ж» – добра не ведалі ні Каведла, ні Яшка – абодвух цягнула да сну.


* * *

– Добра, добра... – вырвалася ў Валі, калі ішла яна, спяшаючыся, з клуба дахаты.

– Што ж, паглядзім...

Было няясным і незразумелым для самое Валі і гэтае «ладна-ладна» і «паглядзім». Што ладна? Што паглядзім? Але адно было ясна, і ў гэтым не было аніякіх сумненняў. Анатоль Іванавіч старанна ўвесь вечар ухіляўся яе блізасці, нібы імкнуўся не заўважыць яе, быць далей, унікаў спаткацца вачмі. У-у... брыда няшчасная. І яшчэ напіўся як. Але ж добрая і сама цаца, за ўвесь вечар не падышла ні разу, хоць бы слова сказала. Дык не. З другімі хлопцамі, з хутарскімі нават у скокі пайшла, скакала, як ашалелая, добра яшчэ, што чаравікі засталіся цэлымі. А Яшка... Забіўся ў куток ды пазірае. Аб чым толькі думае ён? Ат, няхай сабе думае. Няхай сабе думае, што хоча. Няхай думаюць усе, усе. Якая да гэтага справа!

Холад асенняй зямлі праступаў, здаецца, скрозь тонкія падэшвы чаравікаў і прыемна ахалоджваў ступні ног, разгарачаныя ў скоках. Асвяжаюча шархацела лісце, якое ўслала сцежку, і, мокрае, ліпучае, разляталася пад нагамі. Вось не заўважыла калужынку і ступіла ў яе, і гэта абарвала на хвіліну думкі аб Анатолю Іванавічу.

Успомніліся чамусьці Залатыя Ключы. Страшна цяпер, напэўна, там, цемрадзь, і пад цемраддзю вір, аслізлая круча. А вада кружыцца, кружыцца... І нічога цяпер там не заўважыш – цёмна...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю