355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхась Лынькоў » Над Бугам: выбранае » Текст книги (страница 22)
Над Бугам: выбранае
  • Текст добавлен: 30 апреля 2017, 17:01

Текст книги "Над Бугам: выбранае"


Автор книги: Міхась Лынькоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 32 страниц)

Здарэнне з дзедавым скакуном

Атрад спыніўся на стаянку ў густым непраходным лесе. Ніякаму немцу сюды не дабрацца. Паабапал глухія балоты, дзе толькі дзікая птушка праляціць ды лесавая звярушка з купіны на купіну пераскочыць. Партызаны выкапалі зямлянкі, паставілі шалашы ад дажджу.

На векавой сасне, якая ўзнімалася над усім лесам, ставілі наглядчыкаў па чарзе. На сасне было буслава гняздо, вельмі зручна было чалавеку хавацца пад ім. І вельмі часта забіраўся туды Міколка і, прыслухоўваючыся да буславага клёкату, назіраў за лесам, сачыў за дальнімі дарогамі, якія відаць былі адсюль як на далоні. Часам прыходзілі сяляне і скардзіліся, што іх толькі-толькі абрабавалі немцы. Кідаліся ўслед партызаны, наганялі немцаў, раззбройвалі, адбіралі назад сялянскае дабро.

А кожнае ночы частка партызан рабіла налёт на маёнткі, давала «перцу» панам. Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Ён ужо нядрэнна трымаўся на кані, добра налаўчыўся страляць, седзячы на кані, з карабіна. Але адно, што турбавала дзеда, гэта яго няўменне абыходзіцца з шабляй. І так і гэтак практыкаваўся ён, але нічога не выходзіла. І нават тонкі дубец не паддаваўся адразу дзедавай шаблі.

– Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца... Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі... – скардзіўся ён часам на сваё няўмельства Міколку.

І гэта, на яго думку, падрывала яму крыху аўтарытэт як слаўнага кавалерыста-рубакі. Але дзед не здаваўся. Ён усё намагаўся прылаўчыцца да шаблі. Цэлымі гадзінамі сек лазовыя дубцы. Сек, праўда, у пешым страю. Нават дровы налаўчыўся шабляй сеч. Але калі толькі садзіўся на каня, усякі спрыт на шаблю праходзіў. А калі ўрэшце адважыўся дзед папрактыкавацца на кані, выйшаў адзін толькі канфуз. Разагнаў ён каня, выхапіў маладзецкі шаблю і ну ёю махаць, каб ямчэй секануць па бярэзіне. Размахнуўся з усіх сіл, крактануў ды як секане, аж конь на дыбы ўзвіўся. Зірнуў тут дзед, а ў каня толькі адно вуха матляецца. І хоць з адным вухам конь, але такога вялікага спрыту ён набраўся, як сігане, як падскочыць ды, наставіўшы хвост пісталетам, як пусціцца ў шалёны галоп – у дзеда аж дух захапіла.

Імчыць дзед ні жывы ні мёртвы, толькі барада па ветру пасцілаецца. І ў пору яму крыкнуць «ратуйце», але ці старому артылерысту паратунку прасіць. Ухапіўся за грыву, трымаецца. Але тут як падскочыць конь, як падкіне ўгору заднія ногі, не ўтрымаўся дзед і лёгкай птахай узвіўся ў паветра. Добра яшчэ, што гарцаваў ён пад вялікай бярозай. Так і ўчапіўся за сук, павіс на ім. Назіраючы за дзедавай джыгітоўкай, Міколка з жалем падумаў, што давядзецца яго бацьку быць сіратой, а яму, Міколку, застацца без слаўнага таварыша. Але, угледзеўшы дзеда на суку, узрадаваўся і, пад'ехаўшы з каламажкай, дапамог яму злезці на зямлю. Стары быў зусім разбіты, скардзіўся на паясніцу, але духам не падаў і ўрачыста тлумачыў Міколку:

– Хіба ж гэта конь? Гэта ваўкарэзіна, а не конь, не можа седака на сабе ўтрымаць... Вось у турэцкую вайну былі коні ў нас, дык коні.

Хаця Міколка быў трохі інакшых думак пра коней і пра седакоў, але тут не пярэчыў. Не хацеў крыўдзіць старога. Тым больш што ў таго і так хапала тут непрыемнасцей. Набегаўшыся ўволю, яго скакун з'явіўся назад, з'явіўся аднавухі, з абкарнаным хвастом. Усе, усміхаючыся, зірнулі на кавалерыста, сёй-той запытаўся:

– Што-та сталася з тваім стаеннікам?

Не міргнуўшы вокам, дзед адказаў:

– Ды, няйначай, дзе за сук засілілася жывотнае, ну... і адарвала слыхавы орган.

Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова.

Змаўчалі ўсе. Каму было ахвота крыўдзіць такога слаўнага рубаку. Толькі Сёмка-матрос, хітра падміргнуўшы, запытаў яго:

– Ці цэлы хаця сук той?

Гэта завельмі ахаладзіла дзеда да кавалерыйскай справы. А тут яшчэ падвярнуліся такія падзеі, што дзед хоць і атрымаў перамогу над немцамі, але канчаткова рашыў перайсці да пяхотнай справы. І не тое каб пешака хадзіць, скажам, але каб не кідацца болей з дзедавым слабым здароўем у кавалерыйскія атакі.

Неяк давялося дзеду паехаць раз у разведку. Паехалі ўтрох: Сёмка-матрос, Міколка і дзед. Чуткі былі, што ў бліжэйшых вёсках грабяць нямецкія коннікі. Паехалі праверыць, ці праўда то, каб у выпадку патрэбы наляцець з атрадам. І толькі выехалі на ўскраек лесу, бачаць – едуць чалавек з восем нямецкіх кавалерыстаў. І проста насустрач едуць. Міргнуў Сёмка Міколку і дзеду, каб зараз жа хаваліся ў лесе. Не ісці ж утрох супроць васьмі.

Але тут пачалі рабіцца несусветныя штукі з дзедам. Праўда, ва ўсім ён і душой не быў вінаваты, усё пачалося з каня. Ці той пачуў іржанне сваіх былых нямецкіх сяброў, ці якое другое ліха ўзбрыло яму ў галаву, але конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад, насустрач немцам. Дзед і так і сяк браўся за каня, усё намагаўся яго павярнуць убок да лесу. Але нічога не дапамагала. І праз якую хвіліну дзед горда імчаў на немцаў, не трацячы, аднак, у глыбіні душы надзеі, што, можа, як і ўдасца павярнуць шалёнага каня назад. Толькі і паспеў крыкнуць дзед: «Ратуй, Сёмка, старога артылерыста!» Ды, бачачы немінучую сустрэчу з немцамі, прышпорыў з адчаем каня наскамі ботаў, выхапіў шаблю ды як закрычыць «ура», аж Міколка не на жарты спужаўся.

Зірнуў Сёмка на Міколку – вось ашалеў дзед! – ды, выхапіўшы гранату з кішэні, памчаў на ўвесь дух услед за дзедам. Не кідаць жа старога рубаку ў небяспецы такой. Бачаць немцы, ляцяць на іх дзіўныя коннікі, «ура» крычаць, шаблямі махаюць. А тут і трэці памчаўся ад лесу. То Міколка пусціўся наўскач за дзедам, за Сёмкам. Павінен жа і ён дапамагчы дзеду з бяды выбавіцца. Імчыць Міколка ды раз-пораз з карабіна страляе. Замітусіліся немцы, спыніліся. А ўгледзеўшы Міколку, зусім спалохаліся. Ім паказалася, што прытаіліся ў лесе несусветныя сілы – выскакваюць адтуль адзін за адным партызаны. І, не разважаючы доўга, пусціліся немцы назад, коней прышпорылі.

Але не такі дзед, каб адстаць. І хоць гатовы ён і каня нямецкага праклясці, які кінуў яго ў такую страшэнную атаку, хоць гатовы ён і другое вуха яму адсеч за вялікае непаслушэнства, але дзе ты ўжо дзенешся, калі шаблю выхапіў. Ляціць віхурай дзед, насцігаючы немцаў, крычыць:

– Здавайцеся, пакуль не ўцяклі!

Бачаць немцы – не паласа, кінулі карабіны, рукі ўгору. Тут і Сёмка падскочыў, падскакаў Міколка, палонных пад канвой забралі.

Так неспадзявана рушыў дзед у кавалерыйскую атаку і, як бачым, атрымаў перамогу. Дзедаў аўтарытэт вырас яшчэ болей, і ніхто ўжо не пасмеў бы напомніць дзеду аб яго джыгітоўцы, аб няшчасным конскім вуху і абсечаным хвасту яго скакуна. Але ўсе гэтыя падзеі вельмі дорага каштавалі дзеду, дні са тры прахварэў ад тых здарэнняў і расказваў пасля:

– Думаў я, што не прыйдзецца мне болей Міколку пабачыць праз гэтага нямецкага скакуна, які папёр мяне на нямецкі атрад. Але калі ўбачыў, што няма мне ўжо аніякага выхаду болей і што насоўваецца мая смертухна, рашыў я тады на хітрыкі пайсці і так грымнуў на іх, што аж сам быў спужаўся... А тут і Сёмка! А тут і Міколка! Ну, думаю, цяпер падавай мне цэлую дывізію і самога генерала! Я ім пакажу, што знача дзед Астап і яго турэцкая шабля!

Сказаўшы пра шаблю, ды яшчэ пра турэцкую, дзед трохі пачырванеў і змоўк. Відаць, адчуваў сябе ніякавата. Ён сам убачыў, што трохі перабаршчыў. Пра шаблю ж ён наогул не любіў успамінаць пасля трагічных падзей з конскім вухам. З крыху прыкрага маўчання вывеў Міколка:

– А ты не зважай, дзед, калі там сёе-тое з шабляй у цябе было раней... Затое ж ты перамог! Усё ж такі здаліся немцы!

– Так, здаліся... – прамовіў дзед.

Але ўсё ж прымушаны ён быў адмовіцца ад кавалерыйскіх атак.

Як-ніяк, адчуваў сябе вельмі нязручна з шабляй. Ды і гарцаваць на кані не дазвалялі ўжо гады і здароўе!

– Арудзію б мне! Паказаў бы я вам, як ваяваць трэба! – гаварыў часам дзед і марыў аб гарматах, аб сваёй колішняй зброі.

І трэба сказаць, што гэтыя мары хутка спраўдзіліся і дзед Астап стаў заўзятым артылерыстам, багата дапамогшы партызанам у іх барацьбе з немцамі.

Аб гэтым пасля.


Партызанскі браняносец

За часы Міколкавага партызанства на яго роднай станцыі ў родным горадзе станавілася ўсё горш і горш. Дзесяткі рабочых былі пасаджаны ў турмы. Некаторых саслалі на катаргу, некаторых у канцэнтрацыйныя лагеры. Каля дэпо стаялі часавыя, і рабочым ледзь не пад канвоем прыходзілася станавіцца на работу. Пад канвоем вадзілі машыністаў на паравозы. За малейшае супраціўленне пагражалі расстрэлам. За работу амаль не плацілі, і сем'і рабочых жылі ў вялікім голадзе. І гэта ў той час, калі праз станцыю праходзілі дзесяткі і сотні эшалонаў з хлебам, з мясам, з жывёлай. Немцы рабавалі народ і ўсё, што рабавалі па гарадах і вёсках, адсылалі ў Германію.

Але як ні горка жылося рабочым, яны не думалі здавацца немцам. Яны рабілі ўсё, чым толькі можна было нашкодзіць нахабным заваёўцам, якія марылі задушыць Савецкую краіну. Рабочыя псавалі паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзіць немцам вывозіць нарабаванае дабро. Уцякалі машыністы з паравозаў, спынялі ў лясах цягнікі і раздавалі назад сялянам адабраную ў іх жывёлу. Арганізоўвалі рабочыя дружыны абароны. Даставалі зброю.

Нават дзеці рабочых удзельнічалі ў гэтай барацьбе. І часта можна было назіраць на станцыях, як Міколкавы таварышы, катаючыся на падножках вагонаў, сыпалі ў буксы вагонаў пясок, разлівалі ў кандуктараў і змазчыкаў мазут, каб не было чым змазваць калёсы.

Барацьбой рабочых кіравалі бальшавікі. Сярод іх быў і Міколкаў бацька – Андрэй. Ён даўно быў у падполлі, і часам самыя блізкія людзі не ведалі, дзе ён знаходзіцца.

Часам, калі асабліва зверскімі рабіліся немцы ў якім-небудзь горадзе ці на станцыі, рабочыя рабілі ім добрую ўзбучку, напамінаючы гэтым, што рабочая сіла не зломлена. Вось і цяпер атрымаў з горада ліст Сёмка-матрос. Прачытаўшы яго, раіўся з дзедам Астапам, з другімі партызанамі. Быў пры гэтай нарадзе і Міколка. Чуў ён, што трэба атраду зрабіць налёт на горад і даць добрага пытлю немцам. Думалі і гадалі, як лепш правесці налёт.

Да поўначы раіўся Міколка з дзедам, як лепш справу зрабіць. Аж надакучыў дзеду сваімі парадамі. Той і рукой махнуў:

– Адчапіся ты! Малы ты яшчэ, табе толькі варон біць з карабіна ды штыком тваім пячуркі з пяску рабіць...

І дзед паказаў на кінжал, якім так ганарыўся Міколка. Абурыўся тут Міколка, трохі нават узлаваўся на дзеда і з пагардай сказаў яму:

– Як відаць, ты, дзед, добра яшчэ мяне не ведаеш! Можа, я таксама ваяка... Ізноў жа: хто спаў каля пакгаўза, а хто лазіў у пакгаўз людзей вызваляць? Ага! Успомніў! А хто каню вуха шабляй адсек?

Аж паморшчыўся дзед, узгадаўшы пра гэтую прыгоду, і, каб спыніць непрыемныя для яго Міколкавы ўспаміны, адразу ж пайшоў на змірэнне:

– Ну, дык чаго ты ўжо так разышоўся? Хіба я кажу, што ты не храбры? Ну дык гавары, што ты надумаў.

– А вось і надумаў...

І тут расказаў Міколка аб сваім плане:

– Бачыш, дзеду, сіл яшчэ ў нас мала і зброі мала... Калі не пойдзем мы на хітрасць, нічога часам і не выйдзе!

Міколкаў план быў вельмі просты. Лазячы на хвою, на наглядальны пункт, Міколка часта бачыў, як праходзяць зрэдку па Дняпру параходы. Яны хадзілі пад нямецкім сцягам, хадзілі з узброенай камандай, з кулямётамі, а часам і з гарматамі.

– Абы толькі параход нам дастаць, а там пабачым... – закончыў Міколка свой план.

– А што ты думаеш! – захапіўся дзед планам. – Ты ж у мяне мудрэй за Напалеона!.. Ды што Напалеон! Ты ж проста, браце мой...

– Бальшавікоў сын, – падказаў дзеду Міколка.

– То-та ж!.. – згадзіўся дзед і пайшоў раіцца да Сёмкі-матроса.

А раніцай дзед Астап і Міколка выбраліся на разведку ў горад. Запрэглі звычайныя сялянскія калёсы, палажылі на воз паўмяшка мукі, яек з дзесятак. Дзед Астап нават пеўня недзе расстараўся. Усё гэта рабілі, каб ніхто не западозрыў іх у партызанстве і каб немцы прынялі іх за звычайных сялян, якія едуць на базар у горад. Так і паехалі. Амаль без асаблівых прыгод дабраліся яны да горада. Толькі ў адным месцы спынілі іх немцы, хацелі ў падводы забраць. Але выручылі ўзятыя яйкі. Аддаў дзед салдату цэлы дзесятак, пусцілі іх далей. Так і даехалі. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, рашылі аднесці іх на станцыю да маці.

– Нябось, даўно і хлеба добрага не бачыла яна...

Расплакалася маці ад нечаканай сустрэчы.

– А я-то думала, што і костачак тваіх не збяру. Толькі чуеш штодня расстрэлы ды расстрэлы... Вось бацька твой таксама хаваецца недзе. Хіба ж гэта жыццё! Табе б у твае годы пагуляць толькі!

– Некалі, маці, гуляць! – заўважыў Міколка.

Яшчэ больш расплакалася маці.

– А ты слёзы кінь! Некалі, маці, плакаць! Давай лепш павячэраць старым бальшавікам! – важна сказаў Міколка і стаў наразаць хлеб на стол. – А ты, дзед, цягні сала з торбы.

Хутка і развіталіся. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам, да бяды не дапускаў.

– А ты не клапаціся, мы-то ўжо адзін за аднаго пастаім, у крыўду не пусцім.

Пайшлі на прыстань. Па дарозе дзед Астап заглянуў да Міколкавага брата, потым забег на тэлеграф, на станцыю, да знаёмага тэлеграфіста, з сваіх.

– Ты ўжо стукні па тэлеграфу на раз'езд, што мы выязджаем. З раз'езда нашым перададуць у атрад...

На прыстані сустрэліся. Абышлі горад, агледзелі, дзе і якая часць стаіць. Заўважылі на беразе Дняпра нямецкую батарэю. Недалёка ад прыстані стаяў штаб. За штабам стаяла гарадская турма. Ля яе важна прахаджваліся нямецкія часавыя. Агледзелі ўсё, запомнілі і пайшлі на параходную прыстань. Якраз і параход стаяў на Дняпры, і даволі вялікі. Дзед купіў білеты, селі на параход. Тут было багата пасажыраў, усё больш буржуяў, памешчыкаў, царскіх афіцэраў і генералаў, якія ўцякалі з савецкай Расеі. Адны ехалі ў гетманаўскую Ўкраіну, другія трымалі шлях за граніцу. На параходзе была спецыяльная суправаджальная каманда з нямецкіх салдат і аднаго афіцэра. На носе і на карме стаяла па кулямёту. Недалёка ад капітанскага мосціка прыстроілася скарастрэльная гармата.

Зірнуў на яе дзед, уздыхнуў, на Міколку глянуў.

– Разумею, дзеду, зайздросціш? Гэта табе не турэцкая шабля!

Яны ўважліва аглядалі ўсё, прымячалі кожную драбніцу, пакуль не накінуўся на іх капітан парахода:

– Чаго вас носіць тут, д'яблы? Панам толькі вочы мазоліць... Айда ў трэці клас, галадранцы!

Зірнуў на яго Міколка, кулакі сцяў. Нешта хацеў сказаць, але міргнуў тут яму дзед, за руку ўзяў, уніз павёў. Шапнуў:

– Памятай, дзе знаходзішся!

Адно, што добра было ў трэцім класе цяпер, гэта прастора. Як відаць, звычайныя людзі мала карысталіся цяпер параходам. Усё больш паны ехалі са сваімі манаткамі, чамаданамі, сабачкамі. Ехалі афіцэры. Ехалі эсэры і ўсякая іншая погань. Усе яны ратавалі свае шкуры ад бальшавікоў, марылі аб жорсткай расправе над імі.

– Мы ім пакажам матушку Русь! Мы ім адпомсцім за бацюшку-цара! Мы павешаем іх на слупах тэлеграфных за святую царкву! – толькі і чуваць было навокал. І асабліва стараўся адзін генерал. Стары, сівы, недалужны, а такі ж заўзяты. Каб змог, дык, відаць, сваёй бы рукой перадушыў і бальшавікоў, і сыноў бальшавіковых. Аж пенай пырскаў:

– Вось гетман ім пытлю дасць... Вось немцы вуму-розуму навучаць... Вось французы, ангельцы... Хоць немцам усю Расею аддаць, толькі не ім, бальшавікам праклятым...

І аж сіпеў стары, шапялявіў. І «за бацюшку-цара» было ў яго «за бачушку-чара». І пра супастатаў-бальшавікоў: «Я іх, шупаштатаў, на кожным шлупку паражвешваю, я ж іх кішкі павыпушчаю...»

Нявесела было Міколку слухаць гэтыя размовы, і калі генерал на якую хвіліну астаўся з ім адзін, Міколка шапнуў дзеду, мацаючы пад поясам свой кінжал:

– Дай я яго, дзеду, трохі штыком памацаю ці хоць стукну па дурным чэрапу...

Але дзед рашуча забараніў:

– Не чапай яго! Ён і так акалее ад свае злосці... А мы з табой тут адны пакуль што. Вось пачакаем раніцы, а цяпер кладзіся і спі...

А раніца выдалася надзвычай добрая. Узышло яркае сонца, і пад яго праменнямі хутка раставалі і знікалі белыя пасмы туманаў. Паволі плыў параход. Дзед разбудзіў Міколку:

– Уставай! Ужо час на работу, пад'язджаем.

Абмацаўшы за поясам сваю зброю, дзед з Міколкам падаліся на гару, на верхнюю палубу. Было мала людзей на ёй. Яшчэ спалі. Толькі драмала ля кулямётаў некалькі салдат, хадзіў сонны афіцэр і курыў цыгарку, каб адагнаць рэшткі сну. Ды неўгамонны генерал сядзеў ужо на лаўцы, усё не супакойваўся і пагражаў «шупаштатам», памінаў «бачушку-чара».

Дзед з Міколкам скромна прыселі на скрутку канатаў. Дзед закурыў цыгарку і ленавата сплёўваў за борт, пільна прыглядаючыся да берагоў. І, нешта заўважыўшы, раптам ажывіўся, падняўся, Міколку крыкнуў: «Пара!» І адкуль толькі спрыт узяўся ў дзеда, кінуўся ён бегма да капітанскага мосціка і, стрэліўшы на бягу з рэвальвера, закрычаў капітану:

– Ану, круці да берага! Ды шпарчэй! А то галаву знясу!

Стрэл нарабіў перапалоху. За дзедам кінуўся афіцэр. Перапалохаліся салдаты. І ўжо гатоў быў афіцэр выстраліць у дзеда, як з правага берага раздаўся дружны залп. Потым яшчэ і яшчэ. Толькі пырскі ўзняліся ля бартоў – партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Стары генерал як стаяў, так і сеў на лаўку, і падняцца не мог, прыліп ад страху. Прыніклі салдаты да кулямётаў, але тут раздаліся залпы з левага берага. Салдаты кінулі зброю і пабеглі хавацца.

Прачнуўся народ на параходзе, пачалася несусветная сумятня. Істэрычна крычалі пані і паненкі, выскачылі паны на палубу. Некаторыя ад страху перад партызанамі кідаліся за борт у ваду. Толькі нямецкі афіцэр паспрабаваў яшчэ абараняцца, прыпаў да кулямёта. Але не паспеў ён зрабіць па беразе і дзесятка стрэлаў, як адцягнуў яго дзед ад кулямёта.

А параход, ткнуўшыся носам сюды і туды, паволі падплываў ужо да берага. Людзі на параходзе стаялі з паднятымі ўгору рукамі. З берага неслася моцнае «ўра». Адтуль віталі дзеда, віталі з перамогай слаўнага Міколку.

Праз якую хвіліну параход прыстаў да берага. Яго прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. І чаго тут не рабілася толькі. І крыку было, і панскіх вобмаракаў, і просьбаў, і паклонаў, і слёз. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам, перад дзедам, перад Міколкам. Сёмка-матрос дзяліў палонных на дзве кучкі. У адну адсылаў жанчын, старых і маладых паненак, старых паноў і афіцэраў, камандаваў:

– Ану, мадамы ды старыя сіяцельствы, айда налева.

А маладзейшых адбіраў у меншую кучку. Тут былі заўзятыя ворагі бальшавікоў. Людзі, якія вербавалі сілы для гетмана. Людзі, якія ездзілі ў савецкую Расею па контррэвалюцыйных справах, якія прадавалі Расею сусветнай буржуазіі. Міколка ведаў, што чакае гэтых людзей, і ніколькі не шкадаваў іх, калі партызаны павялі іх у лес, у лагчынку.

Яго больш зацікавіла гісторыя з генералам. Той ад страху страціў усякую прытомнасць, і як сеў на лаўку, так і прыліп да яе.

Зірнуў на генерала Сёмка-матрос, а ў генерала і каленкі затрэсліся. Аж плюнуў тут Сёмка-матрос:

– Ну і абломак імперыі, да чаго ж палахлівы!

Паглядзеў на генерала і Міколка. Успомніў пра «бачушку-чара» і пра «шупаштатаў». Хацеў нешта грознае сказаць, але махнуў рукой і, пераймаючы Сёмкавы манеры, таксама плюнуў паважна і адышоўся ўбок.

– Што ж з генералам рабіць будзем? – запыталі партызаны Сёмку.

– А паслаць яго да мадамаў!.. Няхай ідзе.

І тут звярнуўся Сёмка-матрос з вялікай прамовай да незвычайных сваіх палонных:

– Вы, каторыя мадамы, старыя сіяцельствы і ўсякія іншыя абломкі імперыі! Айда адсюль хутчэй, ды на вочы больш не трапляйцеся! Пападзецеся зноў – народ мы недалікатны: адзьё, мусью, на штык ды ў рэчку...

І нават Міколку падміргнуў: «Бачыш, як я па-французску з імі наярваю!»

А «мадамы», «сіяцельствы» і ўсе «іншыя абломкі» не палічылі патрэбным доўга ўпрошваць сябе і адразу ж далі заўзятага драпака, толькі лыткі мільгалі. Адкуль і спрыту набраўся стары генерал: так бег, што аж «мадамы» з сабачкамі ззаду засталіся. Бег і шаптаў:

– Пожа, Пожа, выратуй маю душу!

І даваў такога спрытнага драпака, што толькі пыл курэў пад «абломкам імперыі».

А «шупаштаты» аглядалі параход, прыводзілі яго да парадку. Сёмка-матрос, жартуючы, назваў параход браняносцам, і гэтая назва так і засталася за ім. А паколькі Міколка быў галоўным завадатарам усёй параходнай справы, то судна называлі яшчэ Міколкавым браняносцам.

Так партызаны набылі сабе «браняносец».


Каравул! Палкоўніка ўкралі!

Дні са два вакольныя памешчыкі адчувалі сябе спакойна. У гэтыя дні іх не турбавалі партызаны, занятыя выключнымі клопатамі. Яны рамантавалі параход. І не толькі рамантавалі, а рабілі яго сапраўдным баявым параходам. Завёўшы яго ў вузкую затоку ў лесе, адкуль параход нельга было ўгледзець з Дняпра, партызаны фарбавалі судна, грузілі яго дрывамі, ставілі кулямёты. Уздоўж бартоў клалі мяшкі з пяском. Гэтыя мяшкі – добрая абарона ад куль. Дзед Астап старанна завіхаўся ля параходнай гарматы, вывучаючы яе механізмы.

Але самая галоўная справа была з абмундзіраваннем. Міколкаў план патрабаваў, каб усе пераапрануліся немцамі. Іначай нельга было рабіць. І хоць дзеду Астапу і не дужа падабаліся гэтыя спектаклі, як назваў ён пераапрананне, але нічога не зробіш. Справа – яна заўсёды ёсць справа. І вось шукалі дзеду нямецкі мундзір па яго росту і густу. Апрануўся дзед як след, зірнуў у люстэрка і плюнуў. Быў вельмі незадаволены. Дзедавы валасы лезлі з-пад каскі, зусім недарэчы была барада. Ну, які ж салдат нямецкі ды з такой барадой, не раўнуючы, як у Льва Талстога. Спрабаваў яе дзед і за каўнер мундзіра запхнуць, каб схаваць гэтую бараду, але як зірнуў ізноў у люстэрка, яшчэ раз плюнуў.

Усе зарагаталі. Гэта яшчэ больш узлавала дзеда. А тут яшчэ нехта параіў:

– Узяў бы ты, дзеду, галавешку, абсмаліў бы бараду крыху, глядзі, маладзей бы за нас стаў!

Тут дзед зусім выйшаў з цярпення і моцна аблаяў дарадчыка:

– Хоць гадамі ты малады, а па розуму ўсё ж вя-я-лікі дурань! Барада справе не перашкода... Калі салдаты ходзяць без барады, дык затое носяць яе генералы... Жадаю быць генералам!

– Раз генералам, дык генералам...

Хто будзе пярэчыць дзеду. Так зрабіўся дзед Астап на якія два дні нямецкім генералам. Важна і строга хадзіў па параходу, разгладжваючы сівую бараду і папраўляючы спаўзаўшую на лоб нямецкую каску. Каб сапраўды дзед паходзіў на генерала, яму нават два ордэны нямецкія начапілі на грудзі. Зірнуў на яго Міколка, усміхнуўся. Успомніў дзедавы турэцкія медалі і хацеў нават падражніць яго: «Медалі веку ўрвалі...»

Але ўзгадаўшы, што ўсё гэта робіцца для справы, Міколка палічыў за лепшае не чапаць дзеда, не рабіць яму непрыемнасцей. Тым больш што дзед Астап, зрабіўшыся генералам, праводзіў час зусім не па-генеральску. Дзед ведаў машыны. Таму разам з Сёмкам-матросам яны завіхаліся ля машын, лазілі ў качагарку, рабілі агляд механізмаў свайго «браняносца».

А праз які дзень, пакінуўшы частку людзей у лесе, партызанскі атрад рушыў да горада на параходзе. Ніхто не мог разгадаць, што пад выглядам нямецкай каманды хаваюцца самыя заўзятыя партызаны. Параход ішоў пад нямецкім сцягам, на якім важна чарнеў кіпцюрысты вільгельмаўскі арол. Ва ўсіх былі нямецкія карабіны, стаялі нямецкія кулямёты, нямецкая гармата. Ля гарматы важна прахаджваўся дзед-генерал. На капітанскім мосціку быў за капітана малады афіцэр, у якім чытачам няцяжка распазнаць Сёмку-матроса. А ў памочніках яго быў зусім невялічкі хлопчык у шчыгульным нямецкім мундзірыку, які спецыяльна падагналі пад Міколкаў рост партызанскія краўцы. Калі капітан спускаўся ўніз, тады камандаваў яго памочнік. І раз-поразу быў чуваць яго звонкі голас:

– Круці налева! Гэй, направа!

Скажа Міколка слова, і цяжкі параход плаўна паварочвае нос і ідзе туды, куды яму загадана. Ды як яшчэ ідзе! Аж хвалі ўздымаюцца за кармой і расходзяцца доўгімі каснікамі, з шумам пляскаючы аб берагі, аб пясок, прыбярэжныя кусты і асокі. Аж гудзіць параход, налягаючы грудзьмі на глыбокія воды. А на параходзе песні. Каманда нямецкая, а песні звычайныя, нашы. Усё больш на «Дубінушку» налягалі. Праўда, калі праходзілі ля мястэчка, ля вёсак, тады песні сціхалі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт.

Параход паспяшаў. Трэба было як мага хутчэй з'явіцца ў горад. Адтуль прыйшлі весткі, што ў лапы немцаў трапілі Міколкаў бацька і яшчэ некаторыя актыўныя бальшавікі. Нейкі здраднік выдаў іх немцам. Казалі, што быў нейкі эсэр, які працаваў тэхнікам у дэпо. Бальшавікоў чакала суровая расправа ў турме. Трэба было як мага хутчэй выбавіць іх з бяды. Таму і паспяшаў параход.


* * *

Нямецкі палкоўнік быў у гэты дзень задаволены. Ён толькі што прыйшоў з турмы, дзе быў на допыце бальшавікоў. І хоць іхнія паказанні не маглі даць яму нічога талковага, але ж ён быў задаволены: як-ніяк да яго папалі гэтыя няўлоўныя людзі, якія расстройвалі нямецкія тылы, разлагалі нямецкую армію, псавалі чыгуначны транспарт. Цяпер-то можна са спакойным сэрцам адрапартаваць камандзіру дывізіі, а то і самому камандуючаму арміяй, што зможа ён, палкоўнік, куды болей даць хлеба, мяса, сала, масла для адсылкі ў Германію.

Яшчэ бліжэй здавалася яму канчатковая перамога над бальшавіцкай Расеяй. Гэткая неабсяжная тэрыторыя, выдатная калонія для імператарскай Германіі! Аднае сыравіны хоць заваліся. Вось калі пойдуць поўным ходам заводы і фабрыкі яго бацькі, вядомага банкіра Германіі Шлёпкінбаха. А з гэтымі людзьмі цырымоніцца не трэба. Давядзецца расстраляць гэтых бунтароў, выступаючых супроць Германіі, супроць вялікага кайзера. Добра, што адаслаў ён найбольш падазроных у арыштанцкі вагон. Там больш надзейная варта. А яму, палкоўніку Шлёпкінбаху, няйначай цяпер як узнагарод чакаць, могуць і лішні крыж начапіць на грудзі за цвёрдую руку, за ўмелыя загады.

І палкоўнік аддаўся самым ружовым марам аб недалёкім будучым. І каб крыху адпачыць у такі слаўны сонечны дзень ад загадаў, ад допытаў, ад рапартаў, палкоўнік прысеў на лаўку на прыстані, закурыў. Насвістваючы нейкую песеньку, пазіраў на шырокі Днепр, на далёкія берагі, на беласнежныя воблакі, якія ціха плылі над вадой, на стаі белых галубоў, кружыўшых над будынкамі і складамі прыстані. Папыхкваючы дымком, да прыстані набліжаўся параход. Ля берага купаліся нямецкія салдаты. Групы афіцэраў гулялі з паненкамі ў гарадскім садзе, які цягнуўся ўздоўж дняпроўскага берага. Недалёчка маршыравалі артылерысты. Чарнелі стаяўшыя батарэі.

Палкоўнік бачыў, як прыстаў параход, як пачалі сыходзіць з яго нямецкія салдаты.

«Няйначай як папаўненне! А добра, у самы раз! Гэтых расейцаў трэба скруціць цяпер у барані рог... патрэбны лішнія сілы, і скруцім, бо...» – падумаў палкоўнік і ад вялікага задавальнення ўслых закончыў сваю думку словамі: «З намі Бог!» Гэта былі тыя словы, што носіць кожны салдат на сваім поясе, на блішчастай спражцы з кайзераўскай каронай.

І толькі гэта палкоўнік сказаў: «З намі Бог!», як пачуў ну проста над вухам: «А мы за вамі, ваша благароддзе!» Зірнуў палкоўнік і ніяк зразумець не мог, што гэта робіцца з ім. Стаіць чалавек перад ім, і форма як форма, крыжы і медалі на месцы, і толькі барада ўжо зусім не па форме. І крывая, і нясе ад яе цыбуляй і, няйначай, капустай. Кажучы па сакрэту, дзед Астап сапраўды толькі-толькі папалуднаваў, даў рады і капусце, і нейкай яшчэ там страве з цыбуляй. Так што капуста тут зусім была, як бачым, да месца. Але хіба зразумець іх нямецкаму палкоўніку. Таму і глядзеў ён на дзеда Астапа, як баран на новыя вароты.

А дзед Астап не меў багата часу на жарты і, прыставіўшы свой пісталет да палкоўніцкага лба, ціха, але настойліва гаварыў:

– Так што просім, ваша благароддзе, да нас на параходзік! Вельмі прашу!

Дзе ты адмовішся на гэтыя просьбы! Бачылі тут людзі, як павялі нямецкія салдаты палкоўніка на параход. Таксама без лішняй мітусні і вэрхалу ўзялі групу афіцэраў. Прытрымалі і іхніх паненак, каб не рабілі лішняга вэрхалу ў горадзе. Узялі артылерыстаў. Хутка прыкацілі і пагрузілі на параход іхнюю батарэю, і дзед Астап з Міколкавай дапамогай спешна ставіў гарматы, наводзячы іх на нямецкі штаб. Захапілі і салдат, і афіцэраў, якія купаліся ў Дняпры. Гэтай аперацыяй займаўся непасрэдна сам Міколка, бо людзей было нястача, усе пабеглі да турмы вызваляць зняволеных. Немцаў, што купаліся, Міколка забраў у палон бадай што без усякага прымусу. Сабраў на беразе ўсю іхнюю адзежу і панёс урачыста на параход. Зірнулі купальшчыкі, узлаваліся не на жарты. Думалі, што злодзей, няйначай, адзежу прыбраў. Адзін за адным павылазілі з Дняпра, кінуліся Міколку наганяць. А той ужо на параходзе. Пабеглі купальшчыкі на параход. Ступіць каторы на палубу, а тут ужо Міколка ды другія партызаны ветліва іх з карабінамі сустракаюць:

– Заходзьце, заходзьце ды будзьце як дома! – і на пустую каюту паказваюць.

Поўную каюту панагналі гасцей.

Так без шуму, без адзінага выстралу захапілі вялікую колькасць палонных, батарэю, некалькі кулямётаў. І толькі ля турмы ўзнялася страляніна. Гэта выстраліў часавы і падняў трывогу. Пачалі збягацца ўзброеныя немцы, паказаўся даволі буйны кавалерыйскі атрад. Але яны спазніліся, апошні зняволены ўжо ступаў на параход.

Нямецкія кавалерысты кінуліся былі на параход, але, сустрэтыя моцным кулямётным агнём, павінны былі ў беспарадку адступіць. Завязалася ўпартая страляніна, але тут дзед Астап адразу як ударыў з Міколкам з усіх пяці арудзій, аж шыбы паляцелі з акон бліжэйшых дамоў ды клубы дыму ўзвіліся навокал нямецкага штаба.

Але трэба было адступаць. У горадзе было багата нямецкіх часцей. Яны маглі і захапіць партызан. Партызан ратавалі іх смеласць, выключная нечаканасць іх з'яўлення. Ды і наогул налёт збіў немцаў з усякага панталыку, тым больш што партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба.

Так правучылі партызаны немцаў. А яшчэ вызвалілі сваіх людзей з турмы, папоўнілі зброю, набылі гарматы і сярод белага дня ўкралі самога нямецкага палкоўніка.

Але радасць гэтай выключнай перамогі была няпоўнай. Сярод вызваленых з турмы арыштаваных не было Міколкавага бацькі і яшчэ трох бальшавікоў. Як гаварылі вызваленыя, іх толькі-толькі перавезлі з турмы на станцыю, каб у арыштанцкім вагоне адаслаць на суд у губернскі горад. Даручыўшы дзеду Астапу камандаванне над атрадам і над параходам, Сёмка-матрос, Міколка і яшчэ чалавек з сем партызан высадзіліся на бераг непадалёку ад горада і цёмнаю ноччу накіраваліся на станцыю. Яны думалі звязацца з чыгуначнымі рабочымі і прыняць усе меры к таму, каб вызваліць сваіх людзей.

Параход, патушыўшы агні, паплыў далей па Дняпру. Міколка з партызанамі пайшлі ў горад, на станцыю. Калі прыйшлі і пакуль усё разведалі ад рабочых, аказалася, што спазніліся. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік. У канцы яго быў прычэплен арыштанцкі вагон. Навокал стаяў моцны канвой. На станцыі было багата немцаў. Напалоханыя падзеямі з параходам, яны прымалі выключныя меры аховы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю