Текст книги "Над Бугам: выбранае"
Автор книги: Міхась Лынькоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 32 страниц)
І ў знак згоды нахілілі браты свае буйныя галовы. З таго часу стаў сумным замак. Цешыў Бутрым маладую жонку і нічым нацешыць не мог – сумавала красуня за жалезнымі дзвярамі, за мураванымі сценамі... І быў Бутрым злосны заўсёды, бо нічым не мог дагадзіць Кастусі: ні каменнем самацветным, ні шаўкамі, ні заморскімі вінамі шыпучымі.
Хадзілі браты сумныя, павесілі галовы. А малодшы брат Расціслаў узрошчваў у сэрцы крыўду на жыццё і патаемную думку аб прыгожых вачах Кастусі, аб яе грудзях лебядзіных.
Раз паехаў Бутрым са старэйшымі братамі, каб разагнаць нуду, развесяліць змарнелае сэрца ў бойках крывавых, у пацехах рукапашных. І калі ад'язджаў, аддаў ён ключы залатыя малодшаму брату Расціславу. Гаварыў яму:
– Браце ты мой каханы Расціслаў – Дзявочыя Вочы. Даю ключы табе залатыя ад запаветных дзвярэй, ад шчасця майго, адзінага шчасця... Толькі... Глядзі! Не спазрыся на белыя плечы – не быць тады тваёй галаве на плячах. Глядзі! І памятай...
Дзень праходзіць, за ім другі, ходзіць Расціслаў, вартуе запаветныя дзверы. І ўсё бліжэй да дзвярэй, усё неадчэпней узнімаюцца, варушацца думкі: «Толькі б раз, адзін раз зірнуць у яе дзіўныя вочы, выпіць мёд з малінавых вуснаў...»
Ціснуць цяжарам пякучым залатыя ключы, залажыць бы ў замок – адамкнуць.
Да дзвярэй памкнуўся. Але памятны словы Бутрымавы.
Далей ад дзвярэй, далей ад граху, ад спакусы.
Выйшаў Расціслаў на бераг, сеў над кручай, заглядзеўся ў вір ды і кінуў туды залатыя ключы...
А тут і браты падаспелі, падплылі іх чаўны гонкія, з вострымі размалёванымі насамі...
І пытае Бутрым Расціслава:
– Ключы... Дзе ключы, кажу, давай хутчэй!
Кіўнуў галавой Расціслаў:
– Шукай вунь там, на дне. Мо і знойдзеш, а я ні пры чым...
І ўскіпеў тут Бутрым. Узяў Расціслава, падняў яго па-над кручай і кінуў у хвалі:
– Шукай, без ключоў не вяртайся...
Не выплыў Расціслаў. Спадабалася яму, мусіць, пясчанае дно жоўтае, што блішчыць пад сонцам бурштынавымі іскрамі.
Кінуўся Бутрым да замка. Да дзвярэй запаветных. Але ці іх жа адчыніш? Надзейныя дзверы былі, надзейныя муры.
І з таго часу кожнага, хто пападаўся ў Бутрымавы рукі, ён кідаў з высокае кручы ў вір, кідаў і злосна смяяўся:
– Знайдзі залатыя ключы, адшукаеш – памілую...
Многа людзей, кажуць, загінула ў Залатых Ключах, ды і сам Бутрым, калі верыць паданню, знайшоў у іх свой вечны адпачын. Стары ўжо быў. Кінуўся са сваім чоўнам у бойку, не здужаў ворага і захліпнуўся ў віры, пайшоў на дно шукаць сваё шчасце. Вось чаму і вір празываецца Залатымі Ключамі...
Валя сядзела і нічога не адказвала. Паданне навеяла ціхія думкі. І так добра было сядзець, маўчаць і прыслухоўвацца, як шархаціць асака пад вадзянымі струменямі, як абарвецца каменьчык з высокае кручы і боўтка ўпадзе ў ваду, як прыўскочыць шчупак з вады ў пагоні за палахлівай уклейкаю.
Яшкава шчака была блізка, зусім блізенька. І добра так сядзець, прыхіліўшыся адно да аднаго, адчуваць, як б'ецца сэрца ў кожнага, і ўгадваць думкі другога.
Але дзесьці галасы чутны, чуюцца ўсплёскі вёслаў. Рыбаловы, мусіць...
– Паедзем, Яшка, бо і татка зажджэцца, палуднаваць час...
– Ну, едзем...
* * *
Хоць і нядзеля, хоць і адпачын, але на заводзе поўна народу, асабліва старых. Маладым – тым што! А вось старым – холадна. Холадна ў хаце, холадна на вуліцы, на сонцы. Не грэе звычайнае цяпло старыя косці, якія прызвычаіліся да пякельнага жару ванных печаў, у якіх варыцца шкло.
Таму і ў вольны час, у нядзелю, у дзень адпачынку, збіраюцца старыя рабочыя на завод, садзяцца дзе-небудзь на мастках ля печаў і грэюцца. І ўзімку грэюцца, і ўлетку. Якое б ні было надвор'е – ці сцюжа, ці спякота – грэюцца. Паварочваюць да печы спіны, грудзі і вядуць бясконцыя гутаркі.
Гавораць аб старым, гавораць аб новым. Корпаюцца ва ўспамінах, перасейваюць у памяці даўно пражытыя гады, гавораць аб сённяшнім, аб штодзённых клопатах, аб неадкладных справах.
Дзед Андрэй, які даўно ўжо не працуе і які ведае цяпер толькі адны венікі – імі зарабляе на хлеб і на табаку, – апавядае звычайна аб старым, такім жа сівым і абамшэлым, як яго шырокая, з пляшывінкай, барада.
Апавядае паважна, паволі, заправіўшы наперад свой шызы цыбукаваты нос добрай порцыяй самаробнай цяртухі.
– Ото ж я і кажу...
– Аб чым гэта? – пытае сусед, крыху прыдрамаўшы, пакуль дзед частаваў свой нос табакай.
– Дзівак-чалавеча, яму кажы, а ён і не слухае. Ды вось аб тым жа я ўсё, аб старым гэта. І-іх... быў гэта я тады блазнюком яшчэ. Ані розуму табе, ані росту.
– І бацькі, кажаш, не было? – пытае сусед, зараней ведаючы, аб чым будзе расказваць дзед.
– Ото ж я і кажу... І бацькі не было, і маткі, сказаць, у вочы не бачыў...
– Без маткі нарадзіўся, ну і дзед!
Дзед глядзіць выцвілымі вачыма, чырванее яго шызы нос, і з дакорам ён гаворыць далей:
– Ото ж я і кажу... А ты не перабівай. Дык вось, жыў гэта я з братам у фальварку. Брат парабкам быў, ну, а я яшчэ малы, у пастушках хадзіў. Нішто, можна сказаць, жыў. Дадуць гэта табе лусту хлеба, як выгуляешся за дзень, выцерабішся – да чаго ж тады хлеб сма-а-шны, смашны. Асабліва скарынка. Увамнеш акраец, і пуза як бубен. А нанач забярэшся да Лыскі ў будку. Памятаю, сабака быў, дабрэнны сабака – калі ўжо сапсеў зусім, ваўкі задушылі. І да чаго ж сябраваў я з ім, даражэй ад чалавека, здаецца, ён быў для мяне. Адным словам, прыяцель...
– Сабака гэты самы?
– Ото ж я і кажу... Дык забярэшся ў будку да яго, скурчышся з Лыскам, і ніякага кажуха табе не трэба – да таго ж цё-ё-пла, цёпла...
– А будка без вентыляцыі, мусіць, – жартуюць над дзедам.
– Ото ж я і кажу... – адказвае дзед неўпапад, не зусім разумеючы жарты. – А раніцой, толькі сонейка сабярэцца прамыць свае вочы, а я на нагах ужо ды цішком, цішком у гарод панскі. А гуркі ж там, браткі мае, каб жа вы бачылі! Сашчыпнеш яго, а ён у цябе на ўлонні, як парасё тое – вял-і-ізны, вялізны. Сашчыпнеш ды ходу. І сма-а-шна, смашна...
– А далей?
– Што далей? – і дзед варушыць сівымі кашлатымі бровамі, сіліцца ўспомніць яшчэ пра што-небудзь, але аслабла памяць, на дзіравае рэшата зрабілася. Усё праслізнула праз гэта рэшата. Засталіся толькі гуркі, вялі-і-кія, вялікія, як парасё, і такія смашныя, смашныя...
– Далей нічога. Вось цяпер, скажам. Ці гэта жыццё? Анодысь пайшоў я па венікі. Ну, нарэзаў, іду гэта дамоў. І тыц мне насустрач ляснічы наш новы. Ты, гаворыць, што ж гэта, антыхрыстава твая душа, у лесе тут робіш? А ці ў цябе вочы, кажу, павылазілі, не бачыш хіба? Білет яму падавай! Які ў мяне білет? Без жартаў мне, качарга старая, – гэта ён на мяне так, – давай білет, іначай заарыштую... І заарыштаваў, каб яго немач! І пісульку вось атрымаў – пяць рублёў штрафу, – самавольная парубка, кажа, псаванне дрэў. Добра, што ў рыку ведаюць, – пасмяяліся там дый узялі гэтую пісульку. Ідзі, кажуць, зноў у лес, вяжы венікі ды не бойся. А чаго мне баяцца, скажам... Вось вам і жыццё. А вы кажаце... Не, раней не так было. Не так жылі мы, куды лепей жылі. Ото ж я і кажу.
– Ото ж і кажаш... Ласун ты быў, як відаць, на панскія гуркі... Салодкія, кажаш, смашныя? Салодка, кажаш, было спаць з сабакамі? – умешваецца ў гутарку стары рабочы Арцём Дубовік.
– А я вось, дзед Андрэй, не сказаў бы, каб гэта занадта салодка была такая сабачая доля. Сам, браце, пазнаў гэту слодыч, паспыта-а-ў яе, ой паспытаў, не да гуркоў было, не да смаку. Сам ведаеш, чый завод наш быў! Пана Рудзілоўскага. Дык вось я табе пра гэтую слодыч. Чатырнаццаць гадзін як пастаіш каля печы, дык у галаве замест мазгоў фіга смаленая – мазгі ссыхаліся ад спякоты. Ні да ежы было, ні да чаго – уцёк ад печы ды спаць хутчэй... Так і жылі вось: дзень ля печы смалішся, а потым спаць. Так і спалі б і да гэтага часу, і ўсё б жыццё так праспалі, каб не прыйшла гэта праруха на паноў нашых. А ты пра гуркі вось; даліся, мусіць, яны табе ў знак!
– Ото ж... ды я ж кажу.
– Ото ж ты і кажаш! Глупства ты кажаш. Памяць згубіў, мусіць, на старасці год. Запамятаў, як у пятым годзе рабочыя Юрку Цвыка ў печы спалілі? За смашныя гуркі, думаеш, спалілі? Не, мой дзядок... Мо ўспомніш, як і тваю шчаку часта пеставаў Цвык гэты самы, тагачасны начальнік наш? Ты ж сторажам быў тады, мо запамятаў?
– Ды я ж...
– Ды я, ды я... Дудукала ты старое. Дзяцінець пачаў, дык пра ўсё і забыўся.
– Кінь ты дзеда зневажаць, чаго ты да яго прычапіўся, – абрывае Арцёма Антон.
– А няхай не вярзе немаведама што, – злосна кажа Арцём і пачынае круціць цыгарку. Ён доўга дзьмухае на лісткі паперы, бо тоўстыя апаленыя пальцы ніяк не спаймаюць аднаго лістка. Арцём круціць цыгарку, смачна слініць і склейвае яе і, сабраўшыся прыпаліць, падае капшук дзеду.
– На вось, закуры лепей, а пустабрэхі свае кінь, не гожа так, ды яшчэ чалавеку старому.
– Ды я ж, братачка, хіба я са зла, ці што? Так вось, узбрылі гуркі на памяць, дык я аб іх, значыцца...
Ніхто не слухае больш дзеда, новыя гутаркі займаюць увагу. Згрудзіўшыхся на мастках рабочых нехта пытае пра грошы, калі палучка, у які дзень.
– Грошы, кажаш, а вось запытаем у заўкоме.
– Не чуваць яшчэ, браткі, – адказвае Іван Сяргеевіч Шабурда, не стары яшчэ рабочы, з маленькай казлінай бародкай, якая мае звычай палахліва затрэсціся пры кожным пытанні, і тады яе кончык выпіраецца далёка ўперад раскудлачанай вострай купінкай, якая нібыта так і кажа: «Слухаю».
– Не чуваць, браткі, не чуваць. Бачыце, гэта ж справа трэста. Мы анодысь і казалі Анатолю Іванавічу, каб гэта, значыцца, паспяшыць крыху. Але ж ён кажа: «Спяшацца няма чаго, трэст сам ведае, калі і што...»
– Яму-то спяшацца нечага, яму што – бізун бізуном, – а вось паспрабаваў бы на шэсць ратоў раскінуцца, тады паспытаў бы, ведаў бы...
– Дык яно як быццам і так, браткі, але ж...
– Што але?
– Ды начальства, бачыце, як-ніяк, але ж яно начальства, і павінна яно, скажам, ведаць, калі і што...
– Дый чалавек жа ён парцейны. Гэта Анатоль Іванавіч, значыцца... павінен паклапаціцца... – і казліная бародка заспакоена прымае сваё звычайнае палажэнне.
Ля печы цёпла. Прыемная млявасць адчуваецца ва ўсіх частках цела, таму і казаць асабліва многа не хочацца. Большасць рабочых сядзяць моўчкі, некаторыя дрэмлюць, некаторыя безучасна разглядаюць павуцінне, якое заткала ўсе вокны, што ўстаўлены ў высокую столь. Там гудзе назойліва муха – мусіць, папалася ў павуцінне. У разбітую шыбку заляцела пчала і лётае цяпер каля печы. Кожны назірае за яе палётам, і кожнаму хочацца, каб гэтая пчала ды села каму-небудзь на нос – вось бы смеху было!
Але пчала вылятае кудысьці ў акно, і зноў ціха на заводзе, толькі ў правым кутку, каля печы, чуецца гамонка, чуюцца выкрыкі часам:
– Недабор!
– Вашых няма...
– Цягні, цягні дзесятку!
То маладзейшыя гуляюць у карты, гуляюць з самага рання. Гуляюць чалавекі чатыры. Другія ж, абступіўшы іх, назіраюць, спачуваюць, падбадзёрваюць, паддаюць жару:
– Крый, Ванька, па банку, чаго там...
– Даёш!
– Бяры, чаго сумняваешся, якраз туза выцягнеш!
– Шырэй рот разяўляй!
– Станаві штаны, чаго там. Палучка хутка – новыя купіш.
– Купіла не хопіць.
Толькі сабраліся пачынаць новы банк, як у адчыненыя вокны ўварваўся раптам прарэзлівы роспачны крык:
– Бра-то-очкі!
Усе прымоўклі на хвілінку, зірнулі адзін аднаму ў вочы і, прыслухаўшыся, усе адразу рассмяяліся.
– Астап, мусіць... Жонку вучыць.
– Каму, як не яму! З-за Карлы, мусіць... Айда, браткі, паглядзім! Дый палуднаваць час.
Калі выйшлі на двор, усе заўважылі Астапа, які гнаўся са знятым з аднае нагі чобатам за сваёй жонкай. Астап быў п'яны. Ён бег з расхлістанымі грудзямі, і кудлы валасоў трэсліся над потным ілбом і засцілі вочы. Непаслухмяныя ногі не пераскочылі маленькай канаўкі, і Астап расцягнуўся на зямлі ўсёй сваёй доўгай, як жэрдка, постаццю. Але і лежачы, ён падымаў у правай руцэ чобат і ўсё пагражаў. Жонка даўно ўцякла і схавалася дзесьці ў суседак, а Астап усё кідаў п'яным, заблытаным языком свае пагрозы:
– Я табе пакажу... От я ўжо да цябе дабяруся.
– Што ты кажаш, небарача, – кпілі з Астапа рабочыя.
– От ты пагавары ў мяне, пагавары болей... Тады пазнаеш. От я ўжо цябе навучу.
– На сабак хіба брахаць?
– Пагавары, пагавары болей...
– Астап, каго ж ты лаеш, дзе ж твая жонка?
– Мані, мані, от я ўжо да цябе дабяруся.
Астап доўга яшчэ сыпаў пагрозамі, але словы блыталіся ўсё болей і болей, і ўрэшце Астап замоўк і засоп у канаве, у якой ён даволі часта знаходзіў свой прытулак, прайграўшы звычайна бойку з жонкай.
Цэлая купа дзяцей у Астапа, і пяты, самы меншы – Карла. Акцябрынілі яго гады са тры назад. Супроць быў Астап.
– Нашто мне Карла, каб людзі смяяліся, ці што.
Але ўламала неяк жонка. Яна была дэлегаткай і не раз у другіх спраўляла такое свята – чаму б і ў сябе не зрабіць. Любата адна. Народу поўна, кожны вітае цябе, нібыта ты зрабіла што вялікае, надзвычайнае. Ды і падарункі к таму.
Усё да аднаго. Падарункі і на Астапа падзейнічалі.
– Ну што ж, Карла дык Карла – толькі клопату, усё роўна лішні рот...
Пасля ўжо не раз хадзіў Астап, асабліва калі вып'е, да дырэктара і да сакратара камсамольскай ячэйкі, загаворваў усё:
– Дык вось што... Як-ніяк, сын у мяне, Карла, не абы-хто. Вы ж ведаць павінны, як і што... Павінны вы сыну майму, камуністу майму Карлу, спасобіе даваць ці не? Павінны, таму ж ён Карла, а не які-небудзь там, скажам, Лявон ці Гаўрыла.
І Астапу адказвалі звычайна:
– Ідзі ты выспіся лепей.
Астап кідаў тады гаварыць пра «спасобіе» і пачынаў лісліва і пакорна прасіць на шкалік, пахмяліцца.
– Эх, і раздушыў бы гэта я за здароўе ваша і за здароўе сына майго Карла Астапавіча...
І калі не выходзіла справа – Астап ішоў тады ваяваць з жонкай. Паперад пачынаў з малога. Лавіў дзе-небудзь ля хаты ці ў хаце і, ушчаміўшы між каленяў, пачынаў дапытваць:
– Як завуць цябе, шкнарадзь?
– Калолік...
– Карла, паганец ты, а не Калолік. Ну, кажы.
– Калолік... – І малы пачынае шмыгаць носам і церці кулачком запэцканую шчаку.
– От я ўжо табе пакажу, паганец ты гэткі, як бацькі не слухацца... Станеш ты ў мяне Гаўрылай, не іначай. Ну, кажы, як завуць цябе?
Малы пачынае рымзаць. Умешваецца жонка Домна:
– І чаго ты, п'яная твая галава, да дзіцёнка чэпішся? Насмактаўся, як павук той, дык хоць бы маўчаў, заліўся б дзе-небудзь...
Пачыналася звычайная бойка. У большасці выпадкаў яна канчалася нічым, бо жонка зараней хавала ўсякія рэчы, якія мог пусціць у бой Астап. І апошні прымушаны быў заўсёды сцягваць з нагі чобат – адзінае яго аружжа. Пакуль праходзіла гэта баявая падрыхтоўка, Домна паспявала ўцячы.
Але часам даводзілася ёй хадзіць і з сінякамі, даводзілася іншым разам наведваць і фельчарыцу, шукаючы паратунку ад раз'юшанага Астапа.
* * *
– Нешта Валечка сёння засмучоная, – з ветлівай усмешкай прагаварыў Анатоль Іванавіч. І сеў за сваю канторку.
Валя не знайшла што адказаць, пачырванела, завінулася залішне старанна ля сваіх папер, не ведаючы, як трымаць сябе, – ці змаўчаць, ці пакрыўдзіцца, ці хто яго ведае што. І, нічога не прыдумаўшы, усміхнулася. І выйшла ўсмешка такой звычайнай, натуральнай, і на сэрцы таму – супакойней.
Анатоль Іванавіч перагортваў нейкія паперкі, пазіраў з-за іх на Валю і, заўважыўшы радзімку-плямінку каля самага Валінага вуха, задумаўся.
«Сказаць, дык дурніца, пустая – што хочаш, тое і зробіш. І ўсё ж ткі прыгожанькая. І нага нішто, пекная ножка, каб яе ды ў добрую туфельку – цалаваў бы...»
Прыходзілі рабочыя, служачыя, назойліва званіў тэлефон, але не знікала ў думках гэта стройная ножка, цупка абцягненая чорнай панчошкай, з гэтым захапляючым і хвалюючым крыху акругленнем рысак.
І чым больш прыглядаўся Анатоль Іванавіч, тым неадчэпней ішла ўслед думка аб прыгожай і стройнай ножцы. І калі прабіла тры гадзіны, Анатоль Іванавіч сказаў:
– А ведаеце што, Валечка, мне вось справаздачу трэба хутка прадставіць. Прыйдзіце вы ўжо сёння вечарам на якую гадзіну-другую, мо падгоніце справу хутчэй.
– Добра, я прыйду.
Сказала і пайшла звычайнай сваёй, трохі падскокваючай хадой дахаты. Чаму ж і не прыйсці, калі трэба. У чым справа, вялікі тут клопат.
А ноччу, пасля вячэрняе працы, Валя доўга не магла заснуць і ўсё разбіралася ў сваіх думках, у сваіх уражаннях.
«А дарэмна я раней так палохалася Анатоля Іванавіча. Яшчэ які мілы і такі ветлівы чалавек. Грубага пры табе нічога не скажа. Праўда, можа, вось кепска, што дужа блізка садзіўся, як дыктаваў свае паперы, вось і цяпер аж на плячы адчуваецца крыху – некалькі раз дакрануўся рукой, ну, вядома, у часе працы. А ўсё ж ткі ветлівы, харошы чалавек...»
І мімаволі ўяўляецца ў думках прыгожы з гарбулінкаю нос, вочы з такім асаблівым, глыбокім, патаемным бляскам. І гэтыя паводзіны... Сур'ёзныя, паважныя.
І разам – вяснянкі. Яшкавы. Мілыя вяснянкі. І ўсё ж ткі – вяснянкі. І гэты просты твар з такімі захапляючымі кудламі на галаве. І ўсё ж ткі – кудламі. Рукі моцныя, такія нявёрткія, як граблі тыя... Любыя рукі. Як граблі тыя... А пры чым тут граблі, калі любіш Яшку. Яшка мілы, хоць трохі дзівак, і мудрылка к таму. А латкі на спіне. І белыя ніткі... Ат, глупства ўсё гэта, ці варта зважаць, калі любіш.
І калі драмалася ўжо, калі сон ахіляў сваімі мяккімі ціхімі крыллямі – Яшкаў твар ляцеў насустрач. Вось робіцца ўсё большым і большым, вось відны ўжо залатыя вяснянкі.
І раптам ляцяць яны і рассыпаюцца дзесьці зорамі. А за імі месячык устае, і на месячыку нос з гарбулінкай. І месяц не месяц, а Анатоль Іванавіч, і гараць яго вочы, свецяцца, свецяцца... І светам сваім прасякаюць у самую душу. А з-пад правага вока рубец сіняваты. Ён шырыцца, шырыцца – вось цэлая прорва, і дна ў ёй не відна, і клубяцца ў ёй туманы сінія. І ляціць Валька ўніз галавой, усё глыбей і глыбей у бяздонную прорву. Ляціць, аж захватвае дух. Вось-вось ударыцца аб цёмнае жорсткае дно.
– Ма-а-мачка...
– Бач, спрасонку вярзе немаведама што, – мармыча Антось на сваім ложку і пераварочваецца на другі бок, каб месячнае святло не трапляла ў вочы.
* * *
«Цяпер асцярожным трэба быць, – мімаволі падумаў Анатоль Іванавіч, калі прымаў у канторы новага служачага, камандзіраванага з горада на месца бібліятэкара і загадчыка заводскага клуба, – гэта не мямля наша, хлапец, відаць, з вусамі...»
Сашка Каведла распытваў дырэктара аб усіх дробязях жыцця завода, нават аб такіх, аб якіх і думаць не прыходзілася Анатолю Іванавічу: і ці ёсць ячэйка, і як з камсамольцамі справа, і хто ў заўкоме, ці ёсць радыё, і што робяць рабочыя па нядзелях.
– Якая тут ячэйка! Партыйцаў – трое са мной. Ды і то адзін у кандыдатах яшчэ. Ходзім вось у саўхозскую ячэйку часам. Камсамольская ёсць...
– Ого, дык у вас жа тут ціш ды глуш! І рабкораў, пэўна, ніводнага?
– Якія там рабкоры... Пісаць і то, бадай, не ўсе могуць.
– Ого... Я бачу, мы з табой тут, брат, здорава папрацуем, – заключыў новы, толькі-толькі што прыбыўшы чалавек, адразу перайшоўшы на «ты».
Анатоль Іванавіч не паспеў мімаволі паморшчыцца, як Каведлы і след прастыў у канторы. Ён пабег у інтэрнат, на завод, збіў ужо каля сябе цэлую хеўру моладзі, нешта горача гаварыў з імі, смяяўся...
– Прыслалі чорт ведае каго. Не к нашаму боку... І народ жа пайшоў, прасці Божа. Не паспеў на нос яму зірнуць і ўжо на «ты»...
І вечарам, седзячы ў сваім пакоі, Анатоль Іванавіч ніяк не мог забыць новага чалавека. І асабліва ж гэтае «ты».
«Чорт яго ведае што. Усякая погань з табой запанібрата. Але чаму погань? Чалавек, здаецца, з іскрай. І віхры такія задзірыстыя... Ды чаго варта кепка адна. Сядзіць так на галаве, нібыта ўвесь свет пад яе казырком. А вочы, як мышкі тыя, так і шныпараць, так і шныпараць усюды – у ведамасць і ў тую зазірнуць паспеў.
Ну і чалавеча!
І ўсё ж ткі паганы, – чалавеку, якога ніколі не бачыў, адразу тыкае ў вочы. Можа, тут і няма нічога, але ж ткі... Чалавек, выхаваны на пэўных традыцыях, прасякнуты пэўнай культурай, які мае зусім вызначаны, выкрышталізаваны часам жыцця і яго ладам розум, – і вось падыходзіць да цябе кепка, самая звычайная, якіх мільёны, і тыкае табе ў вочы...
«Мы з табой, брат, папрацуем». Падумаеш – брат знайшоўся, гэтакі ненаглядны таварыш. Але ж гэта глупства, цяпер жа не тое. З ваўкамі жыць – па-воўчаму выць. Але хто ж воўк, дзе хаваецца гэтая воўчая злосць, у каго ж гэты лёскат воўчых зубоў? Дзе ваўкі, дзе іх воўчыя зубы?»
Лямпа свеціць бледным, жаўтаватым святлом; трапяткія цені скачуць па сценах ад мухі, апякаючай крыллі аб шкло...
«Дурная... Так вось і мы апякаем крыллі аб шкло. Апяклі, апалілі... і ўпалі ў жыццё бяскрылыя і бязвольныя... Толькі цені засталіся рэдкія, трапяткія цені, цені пажоўклых, збляклых успамінаў. Так і мы – бяскрылыя і бязвольныя. Хто ж мы?
Эх, назад бы жыццё, усё далей і далей у беззваротнае мінулае, з якога высмакталі годы яго колер і пах».
І дзесьці варушацца, уздымаюцца выцвіўшыя ўспаміны.
– ...Вып'ем, Жоржык, на «ты», за нашу слаўную Русь, за нашу славу разгонную, за карыя вочы дзяўчат...
– Што ж, на брудэршафт дык на брудэршафт...
Цягнуцца рукі насустрач, і рубінавыя іскры гараць у жаркіх бакалах. А на пагонах – срэбныя звёзды. І косы дзяўчат, і іхнія вочы, і такія трапяткія расніцы, ад якіх пахне віном і тонкай парфумай. Шпоры звіняць мілагучнымі бомамі. І дым – пахучы і даўкі. Цягнуцца рукі насустрач. Масляцца п'яныя вочы. І якія ж смешныя і наіўныя вусы маладых падпаручнікаў. Вось-вось дзынкне шкло рубінавых бакалаў і рубінавыя зоры абдымуць сэрца радасцю: за жыццё, за славу, за карыя вочы дзяўчат...
І нехта пад локаць штурхае таварыша:
– З ім? На брудэршафт? З гэтай фіскальнай брыдой?
І на абрусе вінныя плямы, і пад чобатам хруст бакалаў рубінавых, і ад столі ляціць тынк – разышоўся наган. Асцярожна, каб толькі ў столь, каб было і бяспечна і з гонарам...
Чаму ж ад іх, ад тых, з кім злучаны жыццём і сэрцам, чаму ж ад іх – брыда фіскальная?
...Змрочныя калідоры кадэцкага корпуса. Светлыя, але такія казённыя пакоі 2-й роты. У струнку ложкі і ля сцен у пірамідах бярданкі. І колькі іх, гэтых ружовашчокіх, вожыкагаловых кадэтаў. Сярод іх і Жоржык Граеўскі. Яго чарнюткія вочы іголкамі ніжуць таварышаў, ён бегае, шныпарыць між імі, смяецца, жартуе. Усе прыемна ўсхваляваны. Сёння глыбокай ноччу пахаванне «кафейніка». Старая традыцыя корпуса, і прытым выключна традыцыя 2-й роты. Яшчэ малыя, няхай павозяцца з «кафейнікам».
А першай гадзіне ночы з вялікімі перасцярогамі прабіраюцца кадэты са спальні на чорныя сходы, адкуль шлях на вышкі. Уперадзе нясуць вялікі кафейнік, склеены з паперы і афарбаваны. Навакол папяровыя факелы і факельшчыкі ў папяровых уборах, падобных на саваны. У кожнага ў запасе пірожнае, пакінутае ад нядзельнага святочнага абеду. Усе ідуць, крадучыся, стараючыся захаваць таемнасць і ўрачыстасць. А вось і цёмныя вышкі. Усе моўчкі сыходзяцца туды, бліжэй да купала дамовай царквы.
Ставяць кафейнік на спецыяльны трыножнік, запальваюць зараней прыдбаныя свечкі, хісткае полымя якіх асвятляе намаляваны на кафейніку твар нелюбімага настаўніка-выхаваўца падпалкоўніка Лізматава, па-кадэцку – Клізматава. Выкладчык «сугубае» хіміі, сухі нервовы чалавек, педант формы і дысцыпліны.
Пачынаецца карагод навакол кафейніка, спраўляецца спецыяльная імша, словы якой з году ў год перадаюцца пакаленням роты. Тут «хімія, хімія, сугубая хімія» і «на заборы сядзіць кот», схільны да хімічных практыкаванняў, і «клізма, клізма і клізмацыя-я нарадзілася ў айца Савація-я-а».
У Лізматава быў бацька поп, і кадэты, у выключнай большасці афіцэрскія дзеці, яшчэ больш зневажалі свайго выхаваўцу. Вядома, паміж сабой. У хуткім часе кафейнік з вялікімі перасцярогамі ўрачыста палілі, збіралі попел, і хто-небудзь са смялейшых забіраўся на купал і рассейваў попел на ўсе бакі. Пасля гэтае «афіцыйнае» часткі «кафейніка» аддавалася належная ўвага пірожным, і хутка ўсе з ранейшымі перасцярогамі вярталіся назад, у ротную спальню.
А раніцай, вылучыўшы хвіліну, калі ніхто са сваіх не заўважыць, спрытны Жоржык бег да памочніка камандзіра корпуса, доўгага і сухога, як жэрдка, палкоўніка Тараканава і, выцягнуўшыся ў струнку, спешна дакладваў:
– Ваша высакароддзе! Сёння «кафейнік» пахавалі... Іван Вайніцкі аб вас сказаў: дылда эстафетная.
– Як ён мог?
– Не магу знаць... А Юры Курбакоў аб яго благароддзі гаспадзіну выхаваўцу...
– У карцэр яго, паскудніка... Маладзец.
– Рад старацца, ваша высакароддзе.
– Кру-у-гом!
І хутка ў Жоржыка Граеўскага на чырвоным кадэцкім пагоне два лычкі з'явіліся. І чын немалы – віцэ-унтэр-афіцэр. Лычкі былі прадметам зайздрасці для таварышаў, і некаторыя лісліва заглядвалі ў вочы Жоржыку, другія лаялі, паціху фіскалам звалі, падлізаю.
А перад выпускам з корпуса Жоржык насіўся са сваімі трыма лычкамі віцэ-фельдфебеля роты і часта ўглядаўся ў маленькае люстэрка, цярэбячы пух вусікаў. Ён марыў у гэты час аб генеральскіх пагонах, аб дывізіях, карпусах, аб прыгожых жанчынах, аб шырокай і бліскучай дарозе, усеянай «Аннамі» і «Станіславамі» з залатымі мячамі. У часе выпуску адбывалася апошняя традыцыя корпуса – калектыўнае складанне і чытанне «зверыяды». Усе адпрошваліся ў горад і, знайшоўшы прытулак дзе-небудзь на кватэры ў маладога афіцэра, быўшага выхаванца корпуса, спраўлялі апошнюю таварыскую вечарынку з віном, закускамі, часам з недарагімі дзяўчатамі з вясёлага дома. Тут і складалася запаведная «зверыяда» – характарыстыка ў вершах кожнага выпускніка. Гэтыя штогоднія «зверыяды» былі рэліквіямі корпуса і захоўваліся ў яго архіве, і доступ да іх быў дазволены толькі для скончыўшых, для афіцэраў.
«Зверыяда» пісалася і тут жа зачытвалася. Памятае Жоржык і напісанае аб ім. Недарма хацелася знікнуць, праваліцца скрозь зямлю. Ды і кепска было крыху тое, што характарыстыка «зверыяды» неафіцыйным шляхам магла папасці ў полк, дзе знайшоў бы прызначэнне Жорж. А пісалі не зусім добрае. Усе смяяліся, заліваліся рогатам, калі самы старэйшы кадэт зачытваў аб Граеўскім:
І апошні з Зверыяды,
З нашай слаўнае плеяды,
На здзіўленне ўсім эўропам,
Выйшаў здатным асталопам...
Наш фельдфебель – віцэ-віцэ -
Надзвычайная асліца.
Жорж Граеўскі дон Падліза -
Звышфіскальная бамбіза...
Таму і брыда, што фіскальная.
І адзін брудэршафт, які не ўдаўся.
Апошні з Зверыяды... Апошні... Але ж гэта глупства. А ўся зверыяда, тысячы зверыядаўцаў разышліся па беламу свету, і ўсе родныя, і ўсё ж блізкія сэрцу... Зверы-я-даўцы... І жалезныя палкі, і воўчыя сотні афіцэрскія.
Хто ж ваўкі, дзе гэты лёскат воўчых зубоў, дзе жудасны бляск воўчых вачэй асенніх?
...Прытуліўся засценак між балотаў і пушчаў. За вокнамі мокрая снежная мітульга. Пацеюць вокны і плачуць цёмнымі поцекамі. У прасторнай хаце прытульна і цёпла. За сталом мясцовы пісар валасны са сваімі дочкамі-паненкамі. На рагу стала поп сядзіць, углядаецца мутным зрокам у чарку і цягне нешта нуднае і няскладнае аб свабодзе сумлення, аб вялікай расейскай нацыі, аб нейкіх загубленых перспектывах і заняпадзе культуры.
– Кінь, бацюшка, казанне казаць – нуду нагоніш. Выпі лепш, салёны гурок – незагубленая яшчэ перспектыва, – смеючыся, гаворыць нехта з бліскучых афіцэраў савінкаўскага баявога атрада.
– Охо-хо... Вам смешкі вось толькі, а вы паспрабуйце душой хварэць... Тысячы год, стагоддзі, можна сказаць, нязрушаныя і...
– Што «і»? Не мудрствуя лукава, кулдыкніце кілішак, і ўсё тут, – гаворыць усё той жа афіцэр.
Прыемна ўсхваляваны дзяўчаты.
– Ах, вайна, колькі страху... Дзіву даешся, як гэта можа толькі чалавек забіць?
І афіцэры, асабліва з маладзейшых, калясом выпукляюць грудзі, наперабой увіваюцца за дзяўчатамі, расказваюць геройскія гісторыі, небывалыя справы.
А ў халоднай і старой стопцы на двары звязаныя сядзяць пяць чалавек, выпадкова ўзятыя сёння чырвонаармейцы. Стары казачы афіцэр Гайдучонак доўга здзекаваўся над палоннымі, размашыста, з поцягам, біў нагайкай. І не столькі ад злосці біў ці ад помсты, а проста хацеў лішні раз упэўніцца ў сваім правіле:
– Чалавек павінен разумець нагайку і знаходзіць адразу голас.
Але голасу ад нагайкі не знаходзілі і, параіўшыся, як быць і куды дзець, парашылі: раніцай «у расход пусціць». Яшчэ свет не патух у прытульнай хаце, не змоўклі гамонка і вясёлыя спевы, як пацягнулася ад стопкі купка людзей. Выйшлі на шлях, насыпаны сярод багны і прызначаны калісьці пад чыгунку. Жоўты пясок змешваўся пад нагамі з мокрым снегам, у ім грузлі ногі і пэцкаліся боты. Хутка спыніліся. Мерзлі рукі, снежная мітульга абляпляла макрэддзю твары, з-за разарваных хмар прарываўся бялёсавокі месяц. І калі свяціў – тады больш злосным рабіўся вецер, шалёна кідаўся на прыдарожны параснік, на быльнёг па абочынах дарогі, забіраўся дакучлівай золлю пад шынялі. На суку бліжэйшай асіны трапятаў сіратой счарнелы ліст, і, як ліст гэты, трымцелі без шынялёў пяць палонных, прытуліўшыся адзін да аднаго, каб было цяплей... І каб весялей разам, умясцёх, зірнуць у халодныя, сляпыя вочы немінучага.
Людзі з карабінамі запальвалі папяросы, грэліся, паціралі рукі. Паручнік Граеўскі таропка перашэптваўся з старым капітанам Садоўскім:
– Хіба зачытаць прысуд?
– На якога чорта прысуд гэты самы, вельмі ён ім патрэбны... Дый ці для іх законы пісаны, – урэшце ўзлаваўся капітан, якому папалі за каўнер поцекі талага снегу.
– Станавіцеся на край!
Кароткі залп – і пяць чалавек адразу аселі, пахіліліся і ссунуліся на жоўты вільготны пясок. Яшчэ хвіліна, і яны пакаціліся па абочыне шляху, уніз, туды, дзе лазовы параснік, дзе халодная вада з снегам. Адзін затрымаўся ля куста алешніку, сунуўшыся тварам у зямлю. І на спіне ў яго прыстаў лапікамі мокры снег.
Людзі з карабінамі таропка пайшлі назад. Толькі Жорж Граеўскі на хвіліну затрымаўся, каб пакорпацца ў кішэнях забітых. І нічога там не было, апроч зашмальцаванае паперы дакументаў і невялічкага партыйнага білета. Ужо даганяючы сваіх, прачытаў Граеўскі пры святле месяца прозвішча забітага чалавека: «Анатоль Іванавіч Гарашчэня». І сунуў паперу ў свае кішэні, па старому звычаю, набытаму за гады службы ў вайсковай разведцы.
...Дзе ж жудасны свет воўчых вачэй асенніх? Хто ваўкі?
...Жорж Граеўскі.
...Анатоль Іванавіч Гарашчэня.
...Усё тое добра, што мае канец добры. А чым ён кепскі?
Уздыхнуў Анатоль Іванавіч, пацягнуўся, стаў ладзіцца нанач.
* * *
Пачынаўся камсамольскі сход. Сакратар ячэйкі Антон Макрэня, хваравіты хлопец з нейкім вечна прышчымленым выглядам, нібыта вось пнецца хто стаць яму на мазоль і таму ўхіляецца ўбок чалавеча, тупае з месца на месца, – зачытваў месячны каляндарнік працы ячэйкі:
– І ўсяго ў нас за месяц будзе чатыры сходы і чатыры бюро. І мяркуем правесці пяць індывідуальных дакладаў, і такім чынам ахопім трэцюю частку складу ячэйкі.
– А якія ж пытанні на сходах?
Сакратар нерашуча тупае з месца на месца, корпаецца ў сваіх паперах.
– Пытанні, кажаце... Ну, якія ж пытанні? З'езд трэба прапрацаваць? Трэба. Папросім вось ужо Анатоля Іванавіча даклад зрабіць. Ну, справаздачу бюро паставім, ну... ды яшчэ знойдзем што-небудзь.