Текст книги "Над Бугам: выбранае"
Автор книги: Міхась Лынькоў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 25 (всего у книги 32 страниц)
Яны глядзяць адзін на аднаго, і кожны думае:
«Ну, хопіць ужо... Іш ты яго, буркалы вылупіў...»
І ніяк не разыдуцца. У аднаго асадзісты карчакаваты выгляд. На бязбровым пухлым твары плюснявыя шчылінкі воч. Глядзяць, здаецца, зусім у іншы бок – вунь на тую алешыну, на сцябло конскага шчавелю. Глядзяць убок, але ўсё бачаць: кожны рух, кожны мірг, кожную нават аплешыну на Сяргеевай шапцы-кучомцы.
– Ну, дык што ж гэ-э-та, бра-а-це... пане Сяргей... Ну, дык як жа гэ-э-та?
Словы выціскаюцца паволі, з націскам, і ў такт гэтым словам нібы скача падбародавік і тапыршчуцца рудыя валасіны на ім. І валасін тых – ат, на развод хіба, як тых каласоў на неўрадлівым полі.
Сяргей углядаецца ў гэтыя валасіны і ўсміхаецца сваёй думцы:
«Ну й безлюдзь, і лескі і тае не скруціў бы», – і, зірнуўшы на свае вудзільны, кінуўшы вокам на рэчку, адказвае чалавеку. Адказвае з прыскокам, з захапленнем, адразу кідаючы цэлую жменю слоў, аб якіх ён бадай і не думае.
– Што як жа? І чаму як жа? Аб чым гэта вы? І чаго гэта вас, дзядзька Іван, узнясло гэтак рана? Хіба ж то справы якія?
І Сяргей аж адступіў на два крокі, каб стрэсці аб мокрую траву пясок з сваіх бліскучых ад расы атопкаў.
– Ды ты, пане Сяргей... ды ты пастой... Я вось пытаю, бачыш, пытаюся ў цябе: чаму ты на рэчку ідзеш, ці ў цябе ж няма другога клопату, ці ў цябе дзяцей, скажам, нямашака?
– Дзяцей? Шчэ колькі на маю галаву гэтай затлумы.
– Дык от я і кажу: дзяцей у цябе, можна сказаць, плойма – поўна хата пуплоў. І пакарміць яно кожнага трэба, канешне, трэба. Ды й адзежу, ды й абутак сякі-такі згораць... А там зіма неўзабаве... А хіба ж яно гэта ў цябе, як у людзей... Вунь людзі на касавіцу пайшлі... Вунь я калі яшчэ ўстаў, але дай, думаю, прайдуся на тыя беражкі гнілыя, бо, крый Божа, і выжнуць табе. Скасіць не скосяць, а бабы ношкамі пазносяць, павытапчуць больш. Панадзіліся вунь караўчанскія бабы, ды ўсё ў мой лог... Дык я сабе іду дый аб справе думаю... А куды яно табе патрэбна тым часам... Узяў бы касу – гэткі жа ты нязломак – ды ў рад да ўсіх, як і ўсе добрыя людзі. І ў цябе ж не абы-што, а сякі-такі шнур ёсцека... А з сваім управіўся – да людзей. А хіба, скажам, у мяне не знайшлося б працы табе. Вось хоць бы зараз, пайшоў бы да папакошваў трохі – ці мне ж з Напрэем аднаму ўправіцца?..
– І-і... дзядзька Іван! Наліха ж яна здалася мне, касавіца тая? Ці ў мяне коні ці каровы, авечкі? Дый пожанька ў мяне, ат, пуп прыкрыць камарыны, – і ўзяў бы касу, ды суседу ногі падрэжаш.
– А дзеці?
– Пры чым тут дзеці?
– Аб зіме, чалавеча, дбаць трэба. Вось чуў жа я, і не асеяўся ты...
– Уга! Толькі й бяды... Абы ў людзей было.
– Хоць бы бульбіну якую ўкінуў...
– Уга! А ў людзей капцы навошта? Будзе ў людзей – будзе і ў мяне.
Дзядзька Іван маўчыць. Ён не ведае, што сказаць, аб чым запытаць болей. «І не зломак, здаецца, але ж бачыш жа, такая ўжо людзіна няўдалая... А шчэ жаніўся чалавек, можна сказаць, жонку ўзяў... Дзіцяняты гэтыя самыя... ні андарачка табе, ні каб жонцы пярэднік да свята, ат, грэюць свет пузам... Людзі, каб на вас нарад...» Іван узіраецца ў дзіравыя Сяргеевы лахманы, на штаніну, дзе скача дзірка на дзірцы – вунь зусім калена голае.
– Ну, дык мо які дзень і прапрацуеш у мяне... з касой... Гэта я так ужо, кажучы да слова, бо ўчора трапілася жонку тваю пабачыць...
– Ага... – адказвае неўпапад Сяргей, які думае зусім аб іншых справах. «Вось прычапіўся, смала... І чаго яму трэба? Нашоў дурніцу... Уга, гэта табе не караўчанскія бабы, што за пазаддзе жалі. Але ж і на рэчку час. Мо што і трапіла за ноч».
І ўголас адказвае:
– Не, дзядзька Іван, нязручна мне, бачыш... Дый не паласа... Пашукайце ўжо іншага якога чалавека...
– Дык не пойдзеш?
– Ды ўжо ж так, дзядзька Іван, не прыпадае мне на працу ісці. Вось я на рэчку зараз, а там, дзівіся, за ноч і трапілася часам на шнур што-небудзь: ці шчупак, а то і мірон часам. Што ні што, а хунтаў на дзесяць павінна быць, няхай я з месца не крануся... А будзе што, адразу да Ёселя – дачнікаў цяпер панаехала... вун у хвойніку, дык пад кожным дрэвам аж плоймы. Абы лавілася рыба, дык будзе і хлеб...
– Дык ты б хаця паспытаць калі рыбіну б якую прынёс?
– Паспытаць? Чаму не... Вось я зімой вуюноў раз насмыгаў, дык жонка поўныя начоўкі набэхала, ды шчэ ў дзежачку... Ну, крыху пасмажылі, пасушылі вун колькі і елі ж, елі, можна сказаць, не ў жадобку елі. Ды шчэ людзям колькі ў Піліпаўку параздаў... Чаму ж і не паспытаць, уга...
«От, боўціла!» – думае дзядзька Іван, думае маўклівыя думы. Абодва маўчаць, і неяк нязручна разысціся. Разысціся не дагаварыўшыся.
З маўклівасці выводзіць Лаўрэн. Ён варочаецца дахаты з свайго рачнога логава, дзе пільнуе ён семафоры ды разам ужо і сялянскія паплавы.
– Ну, дык гэта вам дзень добры, ды з раннем вас, ды з якім яшчэ раннем! Расіцу, бач, Бог паслаў, вастры касу ды не давай спуску. Надвор'е, мае вы браткі, толькі на сена, прайдзі разок, варухні грабелінай ды на воза кладзі. Бачыш, сонца якое ўзышло... А ты, браце Сяргей, спяшайся, спяшайся, браце... Еду я каля зялёнага камення, дзе ты ўчора шнуры ставіў, дык, браток мой, як целяпнецца нешта, няйначай, сом... Сом не сом, але ж нешта табе прыдбала...
– Ты напраўды, дзядзька?
– Ну, а ты што думаў, каб я гэта ды на праваслаўнага чалавека чмуту наводзіў. Кажу ж табе праўду.
– Ну, дык я еду... Я ўжо твайго чаўна, дзядзька Лаўрэн, вазьму, бо мой, каб ён згарэў, прарашэціў крыху, засмаліць трэба...
– Ды ўжо ж, вазьмі... Вясла не згубі толькі, ды потым схаваеш у лажку, ды туды, дзе я кладу заўсёды. Ды што я хацеў сказаць табе? Ага-а... Ці не ўзяўся б ты сёння фашыны папраўляць? Бач, размыла крыху, на быстраку.
– Няма часу, нямашака, дзядзька Лаўрэн, мо другім часам... – і Сяргей завіхаецца ля чаўна, бразгае сваімі бляшанкамі ды іншым якім начыненнем рыбалкавым.
– Ну дык хіба пойдам, пане Іване, у адну дарогу?
– Да яно ў адну...
Іван Цыбал ідзе ўперадзе па вузенькай сцежцы і старанна абыходзіць высокія сцябліны травы, каб залішне не ўмачыць адзежы. Лаўрэн не адстае і стараецца ісці ў нагу, паспяваць разам з павольнаю, але цяжкай ступою.
– Дзівак!
– Гэта вы пра каго, пане Іване?
– Ды пра Сяргея... Нялюдскі ён...
– Чаму?
– Ды так... Ну, хто гэта бачыў, каб у такі час, у та-а-кі час ды цягацца вось з вудзільнамі. Можна сказаць, гібее чалавек.
– От, гэта вы правільна сказалі: гібее чалавек і сям'я гібее.
– Дык вось я к таму і кажу... А тут я працу яму даваў... Пакасі, кажу, дзень які, усё ж сёе-тое і заробіш, і дахаты прыдбаеш.
– Ну...
– І дзе там, з працай да яго і не прыступу. Ні сабе карысці, ні людзям... А пасаромеўся б хаця...
– Нішто як не ад Бога... Такая, пане Іване, планіда ўжо ў яго, такі ўжо ён урадзіўся. Мне анодысь бацюшка сказаў. Бач, я на сыноў на сваіх скардзіўся... Дык ён і кажа: «Грэх, чалавеча, на жыццё крыўдаваць. Калі Бог захацеў так, нічога не зробіш, цярпі, цярпі і на Бога думай, ён табе ўсё гэта ў свой час прыгадае».
– Ну-у... – і нельга было зразумець: ці згаджаецца дзядзька Іван з Лаўрэнавымі думкамі, ці от проста так, каб не маўчаць, выціснуў з сябе гэтае слова. І ўжо калі падышлі да загумення, Іван павярнуўся на хвілінку якую да Лаўрэна, каб выказаць некаторыя свае думкі, якія ніяк не месціліся ў галаве, чакаючы выйсця.
– А я і кажу яму: папакашвай вось дзён колькі, усё ж сёе-тое ты і заробіш...
– Ды ўжо ж... – кінуў у сваю чаргу Лаўрэн і накіраваўся ўбок, на свае агароды. І калі пералез праз плот і спугнуў з канапель вераб'іны статак, тады толькі працяг сваю думку: – Бач ты яго, міласэрны які знайшоўся – папрацуй у яго дзён колькі... А запытаць бы ў цябе, а колькі ты плаціць будзеш, дый ці выскрабеш з цябе плату тую...
Людзі жыліліся, аж пот цурчэў з спацелых твараў. Узнімалі за рукі і ногі і ўскідвалі гэта змякчэлае і такое падаткае цела і, як па камандзе, кідалі ўніз на бярвенні. І быў прыглушаным і, здаецца, нейкім шурпатым гук, калі падала цела на шурпаціны хваёвай кары. І злёгку, злёгку гудзела бярвенне. Людзі змарыліся, і па ўсяму відаць было, што пачалі яны даўно.
– Дыхае яшчэ, гад...
– Дыхае! А вы яго бокам, бокам ды на сукі тыя...
Білі бокам. Апускалі грудзьмі. Давалі выспячча, каб жа быў весялейшым. Білі і прыгаварывалі:
– Гэта табе за крупы, за Ганніны...
– Гэта табе – курэй красці...
– А гэта – ведай нашых...
– А вось табе і авечак скубсці... Бач, ірад, унадзіўся красці...
– І дзе гэта відана...
– Каб у сваіх?
– У вёсцы сваёй? І пуця яму нямашка. Каб гэта ўжо на старане дзе бадзяўся ці па ярмалках самапрадкі пёр. Дык жа не...
Навакол стаялі старыя і, скоса пазіраючы на бярвенні, не то спачуваючы, не то шкадуючы, ківалі галовамі. Перашэптваліся маладзіцы, віхляліся пад нагамі дзеці, уся ў саламянай трусе, церлася бокам аб плот сонная свіння. Церлася і рохкала з вялікім задавальненнем, тыцаючы ружовым лычам у стытнелую алешкавую жардзіну, канец якой абламалі людзі для сваіх, зусім для свінні не цікавых, спраў.
А людзі ўрэшце змарыліся, знясілелі. Выцершы рукавамі спацелыя твары, кінулі кій, адышлі воддаль, падаставалі капшукі, і ядраны дым змяшаўся з пахам гною, густых канапель і ворыва. І нібыта саромеліся сваёй справы, нібы нехаця, от так, пазіралі часам на бярвенні, але гаварылі ўжо зусім аб іншым. Аб надвор'і, аб тым, што ячмені пайшлі ўгору, аб аўстрыйцу, аб далёкіх лядах – проса нішто ў гэтым годзе, не абярэшся кашы. Аб вайне, аб страшэнным ярманцы.
– І салдаткі, каб на іх ліха, распуста на іх пайшла, зусім выбіліся з рук... Вун у Ляхаўцы хлапчука бабы спаймалі ў лесе, салдаткі... Дык што б вы думалі, каб не наспеў ляснік, была б мальцу пакута... Уга, яшчэ як...
– Ну, гэта ты, пане Лявон, ужо так сабе...
– От жа крыж часны... Змітракова Кузьмы хлапец... Дадушы ж, бабы казалі...
– Ну, ты ім і вер, яны табе нагавораць. Вун у падлессі ярманца, кажуць, бачылі. Таксама ж бабы. У нядзелю па ягады хадзілі. Ды шчэ як напалохаліся. А то й не ярманец, а Мікіта Саласюк. Вугаль там паліць. Ну, дык ён і пужнуў іх...
– Пужнуць шчэ, пужнуць...
– Каго? Што?
– Даведаецеся майго ўжо слова, тады скажаце, што Лявон праўду казаў!
– Ды якую праўду?
– А чалавека біць, гэта вам што? Быдла тая здалася?
– Ну, ты там, блыха, можна сказаць, а лезе яшчэ...
– І палезу, нечага чалавека біць...
– Ты ўжо зачыні сваё зяпала, бач, гаварок знайшоўся... Тут аб чым кажуць? А ён аб сваім... Адыдзі, табе кажуць... Ідзі, ідзі, не сунь носа не ў сваё проса...
І Лявон Ражок, які спазніўся на ўсю справу, адышоў ад купкі людзей, абышоў моўчкі бярвенні, падышоў да таго нерухомага, што ляжала цяпер у брудзе, у трэсках ля пахучых бярвенняў, і стаў моўчкі ўглядацца на гэты палаплены пінжак, на адарваны каўнер, на забарсню, якая заблыталася ў бервяне, і таму й нага павісла ў паветры, вышчарыўшы скрозь парваныя лапці брудныя пальцы. І на пальцы кіпець, збіты даўно, счарнелы.
– Ну, ты там, шолудзь, не кратай, без цябе абышліся...
Ражок прысеў на бервяне, зняў для нечага шапку, ізноў надзеў яе. Нешта заказытала ў горле, у павеках воч. І таму ўстаў Лявон, высмаркаўся, выцер аб замусленую калашыну рукі і пайшоў паволі да свае хаты.
Захадзіліся дзеці, спявалі дражнёлку яму наўздагон:
– Ражок, Ражок...
– Бульбяны піражок...
Спявалі і разбягаліся па ўсіх вуліцах мястэчка, па яго сялянскай частцы, што падабралася да самай рэчкі з сваімі агародамі і паплаўцамі. Разбягаліся і па галоўнай вуліцы, дзе базар, дзе крамы, дзе стаіць манаполька і «банк», дзе жыве сам пан ураднік.
Разбягаліся і разносілі навіну:
– А сёння Хвёдара білі, Жаранкова... От жа ж білі, от жа ж якатаў, якатаў, а потым і змоўк. Авечку ў Панкрата спёр, а Панкрат за яго і вазьміся з братамі. Авечку ў кубле знайшлі, а аўчыну аж пад самым вільчыкам у хляве... От жа ж якатаў, от жа далі злодзею...
А ля бярвення стала цішэй. Разышліся і апошнія дзве маладзіцы. І толькі тады з-за струхлелае шулы варот высунулася хустка, а за ёй другая. Хустачкі з старой палатанай спадніцы, даўно злінялай і парванай, бо выбіваліся косы з-пад дзірак і пад хусткамі віднеліся напалоханыя і зарумзаныя твары. Азіраючыся, дзяўчынкі падышлі да бярвенняў і, засопшыся, пачалі ўвіхацца ля нерухомага тулава.
– Татка, а татка!
– Ну, устань жа...
І меншая пачала румзаць, адной рукой уціраючыся падалом запэцканае спаднічкі, другой штурхаючы за рукаў пінжака.
Тады старэйшая дала ёй кухталь у спіну. «Ты ўжо ў мяне змоўчыш... вось паспрабуй яшчэ! Ну, цішай жа...» Але й сама не ведала, што рабіць, і цяжка было б распазнаць, аб чым думае гэтае дзіцянё, і ці думае яно што, ці не. Не даўшы ніякай рады, глядзела дзяўчынка спалохана на вуліцу, на шаты кляноў, што ля Мялавай хаты, – дужа ж там вароты прыгожыя. І новыя яшчэ – сёлета ставіліся. Глядзела на агароды, дзе расцвітаў прыгожы мак. Але чужы мак. А таму мо яшчэ прыгажэйшы. А ў Панкратавых у саду гудзелі пчолы ля вулляў. І цвятоў колькі гэтых самых у садку: і панічы, і вяргіні, і агнявыя настуркі. А прыгажэй за ўсё – панічы пад сонцам...
А сонца лезла сляпіцаю ў вочы, у рваныя лахманы спадніцы, лашчылася аб падзёртыя карослівыя ногі. Лашчылася і грэла. І таму на змардованым дзяціным твары з'яўляліся глыбокія маршчынкі, а самі рукі разам з сонцам лезлі ў дзіравыя лахманы спаднічкі і шкраблі здратованае каростай цела, самі сабой паціналіся пад сонцам плечы, каб соладка пацерціся аб жорсткія рубцы сарочкі. Рысы твару скрыўляліся не то ўсмешкай радасці, не то пякучым болем. І ў гэтай радасці і ў болю гэтым былі – вясна, што ўпрыгожылася панічамі і пчаліным гудам, сонца, аднолькава лашчыўшае панічы і паз'едзеныя прусамі і каростай рукі, і забруджаныя лахманы, і жорсткія, склізотныя, разучыя, як асака, рубцы сарочкі.
Таму й не пазнаць было: ці то радасць, ці боль пануе на маршчакаватым твары, у вачах якога была чыстая, без хмурынкі і плямінкі, небавая сінь.
Напрэю дзевятнаццаць год. Але і ў гэтыя годы ў яго ўжо задужа сутуленая постаць – і ўвесь ён нейкі нязграбны, «нехлямяжанькі наш», як кажуць дзяўчаты. І ўсе яны дужа шкадуюць хлапца, як жа, бежанец, колькі тае бядоты набраўся, але каб бліжэй да хлапца, дык не...
– Трохі з прыдурам... – кажа пра свайго парабка дзядзька Іван.
Хіба не з прыдурам, калі вось угледзіцца часам у што і глядзіць. Глядзіць, здаецца, і не зварухнецца, а запытай яго, што ён там бача, – хіба адкажа. Лыпне вось так вачмі белесаватымі, і нібы ўглядаюцца гэтыя вочы не на свет божы, а ў нутро сваё і толькі потым ужо спытае:
– Аб чым гэта вы?
Спытае і ўглядаецца здзіўлена.
– Зрок у яго нутраны... – кажуць бабы-суседкі. А які гэты зрок, запытай іх, і не адкажуць.
– Такія ўжо людзі бываюць, глядзяць, глядзяць на свет божы, а калі ў гэтым свеце ды багата той прыкрасці, дык і пачынаюць вочы глядзець навыварат, усё ў сябе ды ў сябе...
– Дзіва з таго... У Цыбала шчэ не так паглядзіш... сядзіць жа вось хлопец на адных гурках леташніх...
І цураюцца дзяўчаты Напрэя – неяк няёмка з ім, задужа ж нудны хлопец. Не тое вунь, што папоўскі парабак Андрэй... У таго вочкі так і бегаюць, так і шныпараць, як мышаняты тыя. А гаваркі... Да чаго Лёкса Козіха на язык спрытная, але ж і тая не патрапіць. Праўда, і Напрэй на слова не паддасца, дзіва што ціхі, можа і адсекчы часам.
– Напрэйка, Напрэйка, ці не час жа ўжо коні паіць, – крычыць Цыбалава касавокая дачка Макрыда.
– Калі час, дык вазьмі і напаі...
– Дык ты, Напрэйка, без жартаў, а то бацька вунь прыйдзе, дык усчане лаянку.
– Вялікі мне клопат...
– Дзіва-то, татка гаворыць: лодар, пракавешны лодар...
– Жлукта ты касабокая, от я табе за лодара прачышчу твае вочы нямытыя, бач, паганяцелька знайшлася...
– Бежанец ты, прэжанец... – дражніць Макрыда, не ведаючы, чым найлепш упікнуць Напрэя.
– От я цябе аброццю як лузну за бежанца, дык перакруцішся!
– От жа вытні толькі!
– І вытну.
У хату ўваходзіць сам Цыбал. Пад ім рыпяць масціны, угінаецца ўслончык, калі садзіцца Іван ля стала.
– Дык гэта вы зноў, ліха вашай матары... Няма на вас ніколі ўгамонку. То б як добрыя людзі, а яны хіба толькі языкі часаць... Ну, ты чаго разявілася? Айда на гарод... А ты, Напрэй, запрагай коні, ды трэба хіба на млын, бо без хлеба, глядзі, застанёмся... Ды не баўся, глядзі... Ды назірай там за коньмі, не стаў ля махаў блізка... Ды сачы за мяшкамі, бо зноў які злыдзень памяняе табе там, калі будзеш абібокай. Ды глядзі, гарцы давай з таго мяшка, што палаплены, нечага там, і так з іх хопіць. Ды не лянуйся і глядзі, каб добра быў камень падпраўлены, а то ізноў, барані Божа, дабро перамелеш на субар. Ізноў жа, каб не перапаліў занадта. Ды скажы млынару, каб задужа з гарцамі не раскідаўся, бо ў мінулы раз цэлага паўмяха растала, як яго й не было... Дзіва тое – скуль яно ў млынара гэтага што й бярэцца – адзін вятрак, а чабаты заўсёды новыя...
– Усё, дзядзька Іван?
– А ты слухай, нечага там усёкаць. Коням возьмеш сена, аўса ж не бяры, бо пройдзе шчэ час... Ну, ды сабе хлеба вазьмі, вунь ад той буханкі, пачатае... Хіба там яшчэ Макрыдзе скажаш, няхай які скрылёк сала дасць. Вунь яна на дварэ, дык гукні хіба, няхай у клець сходзіць... Ды пастой жа, я сам ужо схаджу, а то пачне кожны ў клець валэндацца, дык гэта самае... Дык ты запрагай тым часам... Не поены яшчэ? От каб на вас пранцы... Калі сам не дагледзіш, дык яно ўсё і стаіць. Дык ты ўжо не стой, не стой, хлопец мой, ды будзь больш рахманым...
Іван ідзе ў клець, доўга поркаецца з цэлым дзесяткам засавак і замкоў, што павіслі на дубовых дзвярах. Унізе дзвярэй невялікая дзірачка – у самы раз кату пралезці.
– Мяне злодзі не возьме, не... сам усё ўдасканаліў, сваім надумам... Каб засаўку адсунуць, дабярыся-ка да замка раней, а замочак шурубавы, падбяры-ка паспрабуй ключа да яго... Уга...
У клеці змрочна. Але праз адчыненыя дзверы відаць вялікія – пад самы вільчык – сусекі, ды яшчэ дзежкі з просам, з грэчкай, кублы з розным рыззём. Тут жа невялічкая Напрэева скрыня, зялёная, з бліскучым замком фабрычным.
– Важнецкая, ліха на яго, скрыня. У нас дык не ўмеюць вырабляць такіх. І замок важнецкі, от бы ў самы раз на стопку.
Але найбольш за ўсё цікавіць Івана Напрэеў ліхтар: круглы, з такім жа круглым тоўстым шклом, і на шкле тым кажан. Усё багацце Напрэева, усё, што засталося ад бежанства.
– Дужа ж малаціць з ім зручна, не тое, што з смалякамі. Але ж і прадаць не хоча... І навошта, падумаеш, яму?
Дастаўшы з-пад столі бабку, малаток і косы і адрэзаўшы скрылёк сала, Іван праводзіць Напрэя за вароты, а сам садзіцца пад старую грушу на дварэ і клепіць косы. На дварэ сонечна. Пад павеццю весела кудахчуць куры. На высокім плоце, закіданым свежымі хваёвымі бярвеннямі, паважна расхаджвае певень і раз-пораз, гучна шалёпаючы крыллямі і выцягваючы дугой шыю, соладка закрывае вочы і кукарэкае так важна, так гучна, што аж гірчыць суседаў сабака Жоўцік.
– Каму, каму – майму гаспадару-ру-ру, – заліваецца, здаецца, певень. І ў адказ яму кудахчуць пад павеццю куры:
– Ко-ко-ко-ко...
«Іш ты іх, раскудахталіся, – думае Іван, мацаючы пальцам лязо касы, – птушка без розуму, а і тая сонца чуе, яечку радуецца. Прадаць хіба вось у нядзелю, глядзі, з сотню сабралася. Дый жыта мяхі са тры, ізноў жа сяго-таго пакрысе – можна і ў банку аднесці на процанты. Ізноў жа за малатарню трэба яшчэ рэшту заплаціць, ахвота потым пеню плаціць у земства. Ну, ды на малатарню можна й так грошы сабраць... Салдатак цяпер плойма. І ў кожнай жа шнур сякі-такі ёсць. Можна й Напрэя паслаць папакошваць, дагаварыць таго, другога. Вось табе й грошы. Альбо на адработ – і яшчэ лепей: жывая капейчына потым. З Напрэем трохі не вязе, не паддаецца хлопец, агрызацца часам любіць...»
Даўно вярэдзіць думка адна Іванаву галаву. Не шэньціць нешта з сям'ёй. Жонка хваравітая. Як радзіла сына Міколу, дык от і пачалося, усё на жывот тыя крыўды, няйначай, немач якая. Сын жа яшчэ малы. Дачка і нішто сабе, але ж мечаная, як тыя людзі кажуць. Касавокая – бяльмо гэтае самае. А сама ўжо на выданні. Яно, канешне, жаніха заўсёды можна знайсці, бо сусекі ж поўныя, ёсць што і на пасаг даць. Ды каму ж ахвота гэткую ж гаспадарку ды ў разор пускаць. Ты, можна сказаць, петаваўся – круціўся, дзе мазалём, дзе і галавой выкручваў, а тут і аддай якому чорту лысаму. Каб яна, дзяўчына гэтая самая, ды была б без заганы, тады, канешне, не вялікі і клопат, даў якую цёлку ды кубла там – і гара з плеч далоў. А тут на касавокую хто пагаліцца. Тут ужо і каня трэба ў пасаг, ды яшчэ і зямлі прырэж, адным словам, пусціся ў разор, вось так па ветру і пусці гаспадарку... Канешне, прымака трэба... А дзе ты яго возьмеш, каб гэта ды паслухмяны, ды набытлівы, ды каб усё гэта капейка да капейкі, як кажуць добрыя людзі. Хіба вот Напрэй, але ж як ты да яго падыдзеш, справа гэта – не шулу абцясаць, тонкая справа. А яно б нішто, якраз да двара падышоў бы, бо хоць і дзёрзкі крыху хлапец, але ж ля гаспадаркі спрыт мае, працавіты хлапец, жылаваты... Хваткі хлапец... І да касы, і да плужка... Не зломак...
І Іван аж кінуў кляпаць, усё думаў і раздумваў, што б выйшла, калі б гэта ды ўзяць за прымака парабка Напрэя. І толькі тады ўзяўся зноў за касу, калі пачала завіхацца пчала ля носа – заляцела з суседавага вулля.
– То ж стварэнне! І ўсяе яе з кіпець, а шчэ лезе кусацца... Вот жа й людзі часам – сам з выжлу, а вэрхалу наробіць такога, што пранясі ты, Божа...