Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 28 страниц)
На гарышчы быў паўзмрок. Але Савіч адразу пазнаў мяне.
«Антон Яраш?»
Цудоўная памяць!
«Чакай. Чакай. Высокі. Бландзін. Дык гэта ты – Лучынскага? – хваравіта гэтак зморшчыўся. – Непрыгожы акт».
Мяне ўзарвала:.
«А вешаць людзей на плошчы – прыгожы акт? А што варты нейкі халуй у параўнанні з тымі людзьмі?!»
«Цішэй ты! Гром! – прашаптаў ён. – Не аднаго сябе ставіш пад удар. Не забывай».
Я адразу прыкусіў язык.
Ён сеў на матрац, памацаў сухой далоняй мой лоб.
«Паранены? Зося бінты цягае».
«Паранены», – прызнаўся я.
«Пакажы».
Разбінтаваў. Агледзеў рану.
«Хто аперыраваў?»
«Сам. З дапамогай Зосі».
«Агідная дзяўчынка! Труса забіць не можа. Крыві баіцца. Ну што ж… Гангрэны няма. Праз тыдзень будзеш танцаваць. Калі-небудзь станеш добрым хірургам».
У той міг я адчуў да яго сімпатыю. Не, чорт вазьмі, усё-такі гэта яшчэ той Савіч, якога я ведаў! І ў мяне мімаволі вырвалася:
«Дзякую, Сцяпан Андрэевіч!»
«Няма завошта мне дзякаваць, – незадаволена прабурчаў ён. – Зосі дзякуй». І, памаўчаўшы, сказаў сурова, выціснуўшы па адным слове: «Ты вось што… Ляжы… тут… Ціха ляжы… Але крый божа… кранеш… Зосю…»
Я не адразу нават зразумеў, што значыцца «кранеш». А зразумеў – задыхнуўся ад абразы і абурэння:
«Што ж, я, па-вашаму, фашыст?»
Ён паляпаў мяне па шчацэ.
«Ну, ну… Не крыўдуй. Я сам некалі малады быў».
«Маладосць ад маладосці розніцца».
Савіч стоена ўздыхнуў:
«Але… Цяжкая ў вас маладосць. Ну, будзь здароў. І будзьце асцярожныя…»
І пайшоў. Яшчэ больш, здавалася, згорбіўся. А праз колькі хвілін з'явілася Зося. Шчаслівая, але ў слязах. Кінулася ў парыве да мяне, абняла, пацалавала.
«Віктар, даражэнькі, ты ведаеш… – Зноў на „ты“, як у тую, першую, ноч. – Ты ведаеш… Ён нічога не сказаў. Прытуліў мяне да сябе… Пацалаваў. І заплакаў. Тата заплакаў. Божа мой! І толькі ўвесь час паўтараў: „Будзьце асцярожныя! Будзьце асцярожныя!“»
Яны не прыкмецілі, як развіднела. Быў канец чэрвеня, самая кароткая ноч. Прачыналіся птушкі, напаўнялі гоманам лес. А два чалавекі жылі ў мінулым, у іншай ночы, далёкай і страшнай. Толькі калі над дубамі са свістам праляцелі дзве качкі, гучна шлёпнуліся ў старыцу і кракнулі, Яраш, перапыніўшы расказ, падняў галаву. Здзівіўся:
– Раніца? Ну вось, па сутнасці, усё, што мне хацелася расказаць табе. Пра ўсё іншае як-небудзь пасля.
Шыковіч маўчаў – пераварваў тое, што пачуў. Гатовы сюжэт. Гатовыя вобразы. Але спачатку трэба выясніць, хто ж такі Савіч.
Стомлены Яраш сядзеў на лавачцы і слухаў раніцу.
Нарэшце Шыковіч адчуў, што яму холадна на зямлі. Самлелі нага і рука. Падняўся, пацягнуўся.
– Ну, брат, даў ты харч майму склератычнаму мозгу. Але скажы шчыра, Антон, чаму ты расказаў усё гэта? Маўчаў, маўчаў і раптам – бух, адразу, у адну ноч… Сярод ночы…
– Чаму я расказаў? – Яраш як бы задумаўся на хвіліну. – Учора я спаткаў Зосю.
– Савіч?! – Кірыла пераскочыў вогнішча. – Дзе? Чакай. Ты ж казаў, што дачка Савіча загінула.
– Так я думаў семнаццаць год.
– Ну і ну! Дзе ты яе спаткаў?
– У бальніцы.
– Хворая? Чакай. Калі хавалі Савіча?
– У маі сорак трэцяга.
– З верасня да мая яна павінна была даведацца, хто ж яе бацька. Трэба распытаць яе.
– Ніякіх роспытаў. Да аперацыі. Я буду аперыраваць яе. Набыты парок…
– Сэрца? – Кірыла свіснуў. – А раптам зарэжаш?
Яраш уздрыгнуў і адказаў жорстка, злосна:
– Дурань! Я нікога не рэжу. Я лячу. – І, напэўна, адчуўшы, што сказаў груба, прапанаваў па-сяброўску цёпла: – Хадзем на луг. Сустрэнем сонца.
6
Славік Шыковіч стаяў на прывакзальнай плошчы з дзвюма дзяўчынамі, размаляванымі пад кінаактрыс: стракатыя спаднічкі-парасоны, адмыслова вымеражаваныя кофтачкі, прычоскі «я ў мамы дурачка». Абедзве рудзенькія, вымытыя хной. Славік круціў у руках ланцужок з ключамі ад аўтамашыны і нешта расказваў, але не вельмі вясёлае. Хіхікала і то, відаць, больш з ветлівасці адна дзяўчына. Другая пазяхала і зіркала ў бакі: шукала некага другога. Славік адчуваў, што крыніца яго дасціпнасці высыхае, і злаваўся. Было душна і сумна. Хацелася пайсці ў рэстаран. Але грошай – ні капейкі. Нават не было на аўтобус, каб паехаць на дачу да бацькоў. Ды і сумна там, на дачы. Усе захапляюцца: «Ах, які лес! Які луг! Рака!» А яму сумна. Ну, добра, у рацэ можна пакупацца. А далей што? Злосны ён на бацькоў. Сёння асабліва. Збудавалі дачу, напіхалі панчоху грошай… А ён працуе і мусіць харчавацца ў рабочай сталоўцы. Крыўдна, што і маці цяпер ва ўсім згаджаецца з бацькам. Нічым яе не разжаласціш.
Сумна. Трэба неяк адкруціцца ад гэтых вясталак. І раптам Славік убачыў Тараса. Пазнаў цераз плошчу. Той стаяў на супынцы загарадных аўтобусаў збоку вялікай чаргі.
– Ша, лэдзі! Бачу аднаго прадстаўніка будучага грамадства. Пайду раздабуду на сённяшні дзень. Чакайце.
Ён пашыбаваў цераз плошчу, не звяртаючы ўвагі на машыны.
– Хэло, містэр Ганчароў, – шумна прывітаўся Славік.
– Здароў, таварыш Шыковіч. – Тарас усміхнуўся, як усміхаюцца дарослыя, назіраючы забаўкі дзяцей.
Калгасніцы з чаргі зацікаўлена і зняважліва глядзелі на хлопца ў вузенькіх штоніках, стракатай кашулі, з матузкамі на шыі, сцягнутымі бляшкай.
Славік трохі сумеўся ад гэтых позіркаў. Недурны хлопец, ён адразу адчуў, што тут не месца для крыўляння і галёкання. Загаварыў проста, грубавата. Паказаў на турысцкі мяшок, што стаяў каля ног у Тараса.
– Куды з такім «гумном»?
– Да сваіх.
– Клапатлівы сын паважаных бацькоў.
Старая жанчына не вытрымала:
– Па табе хлопчык, відаць, што ты такога «гумна» не павязеш сваім бацькам.
– Твайго Яраша возіць мой бохан на машыне. І яны не прыязджаюць пустымі.
Па чарзе пракаціўся шэпт:
«Яраша? Якога Яраша? Таго? Доктара? Сын? Каторы?»
Славік узяў Тараса пад руку, кіўком галавы запрашаючы адысці. Тарас папрасіў жанчын папільнаваць мяшок і чаргу.
Не надта блізка знаёмы яны. Калі пасябравалі сем'і, Тарас быў у арміі. Вярнуўся – пайшоў на завод. Славік у гэты час канчаў дзесяты клас. Толькі вось на дачы пазнаёміліся больш-менш. А таму Славіку пры ўсёй яго бесцырымоннасці нялёгка было папрасіць грошай у гэтага спакойнага, старэйшага па ўзросту хлопца.
Тарас дастаў пачак «Беламора», прапанаваў запаліць.
– О, ты глядзі! Не ведаў, што сябры камбрыгад паляць.
Ведаў. Усё ведаў. Але за жарцікі лягчэй схаваць сваю збянтэжанасць.
– А што мы, незямныя? – Тарас пстрыкнуў перад Славікавым тварам запальнічкай, даючы прыпаліць.
– А скажы шчыра, сумна ў такой брыгадзе?
– Дзіўныя ў цябе ўяўленні, работнік тэлестудыі. Чаму сумна? Сумна хораша працаваць?
– Не жыве ж чалавек адной працай! А гэты рэгламент… Не выпі, не запалі, не вылайся, не прыцісні дзяўчыну… Мы здымалі для хронікі брыгаду на швейнай. Манахіні. Далібог. У кожным пакоі абавязацельствы вісяць. Наведваць тэхвучобу, хадзіць у кіно, у музеі. У якія музеі, калі ў нас адзін, краязнаўчы? Чытаць газеты… Узорна прыбіраць у пакоі… Не хапала толькі – чысціць зубы… Нудна!
– Не ведаю, што там, на швейнай. А ў нас брыгада – што трэба. І адпачываем мы весялей за другіх.
– Але ж выпіць – ні-ні?
– Калі ёсць прычына…
– Ну-у? Можна, значыцца? Прыма. А ў рэстаран можаш пайсці?
– А хіба ў рэстаране толькі п'юць? Можна паабедаць.
– Геніяльная мысля! Культурна паабедаць! Ты ведаеш, я галодны, як дыназаўр. Раніцай як напіўся чаю…
Тарас сумеўся. Хацелася хутчэй да сваіх. За тыдзень ён засумаваў па Віцю, Наташы, па бацьку, па Галіне Адамаўне. Яраша і цяпер, дарослы, Тарас клікаў бацькам. Жонку яго як адмовіўся назваць мамай у першы дзень яе з'яўлення шаснаццаць год назад, так ніколі і не называў. Але любіў, як маці. З гадамі мацней адчуваў удзячнасць, што яны выхавалі яго вось такім… Вось такім – таварыскім хлопцам, калектывістам. Калі Слава сапраўды галодны, не можа ён, Тарас, маючы грошы, не накарміць яго. Праўда, чамусьці той пачаў не з абеду, а з выпіўкі… Тарас ненавідзеў гэтых васемнаццацігадовых наведвальнікаў рэстаранаў, што п'юць за бацькавы грошы. Але ніхто не казаў, што Слава такі. Ды і Шыковіч не такі, каб даваць волю і лішнія грошы. Можа, наадварот, празмерная строгасць бацькоў давяла, што ў сына няма на абед.
Тарас перавёў позірк з правага крыла вакзала, дзе размяшчаўся рэстаран, на чаргу.
Славік хмыкнуў.
– Баішся?
– Чаго?
– Убачыць хто з завода – распішуць заўтра на ўсіх сценах… Закрычаць з трыбун. Брыгадзір Тарас Ганчароў…
– Глупства.
– То чаму ты азіраешся? Баішся зайсці ў рэстаран, каб паабедаць за сумленна запрацаваныя грошы? Ох, жыццё!
Тарас добра разумеў, што Славік знарок падбівае яго, цешыўся з такой наіўнасці і дараваў: на якія хітрыкі не ідзе галодны чалавек!
– Прапушчу чаргу, калі я потым дабяруся да сваіх?
– У гэты аўтобус ты ўсё адно не ўваб'ешся. А ўлезеш – патрушчаць рэбры.
– Ну добра. Пайшлі.
Тарас вярнуўся да чаргі, узяў свой рукзак. Але ўжо праз хвіліну пашкадаваў, што згадзіўся. Слава не пайшоў проста да рэстарана, а павярнуў да клуба. Наблізіўшыся, спытаў:
– Бачыш, стаяць? Шык! Мае знаёмыя. Возьмем?
Крыкліва апранутыя дзяўчаты не спадабаліся Тарасу, хоць да любога адзення ён ставіўся даволі прымірэнча. Слова вырвалася само, можа, не зусім нават тое, якое патрэбна было сказаць:
– Вульгарныя.
Славік засмяяўся і, не дайшоўшы да дзяўчат, крыкнуў ім:
– Лэдзі! Тарас кажа, што вы вульгарныя. Гуд бай! – і павярнуў у бок вакзала.
– Хамло твой Тарас! І ты разам з ім! – крыкнула адна з дзяўчат.
Кроў ударыла ў галаву так, што зазвінела ў вушах. Тарас пачырванеў, потым пабялеў. Ніколі ён не паводзіў сябе так з дзяўчатамі. І ніколі не трапляў у такое скандальнае становішча. Здавалася, уся плошча глядзіць на іх. Міліцыянер падыдзе зараз… Спытае… Варта паслаць да д'ябла гэтага бессаромнага шчанюка з яго рэстаранам!.. Але яшчэ і гэты крыкне што ўслед. А як вярнуцца цяпер у чаргу? Акрамя ўсяго, нечым ён прыцягвае да сябе, гэты Славік. Хочацца пазнаць яго лепш.
Вось як ён спакойна нейтралізаваў выкрык дзяўчыны:
– Мяшчанкі. Адкуль выплывае столькі дрэні?
«Але навошта ты водзішся з гэтай дрэнню?» Тарас ішоў злосны і зацікаўлены.
Селі за столік каля акна. На першым пуці стаяў дальні цягнік. На пероне – бегатня, крыкі. Каля буфетаў тоўпіліся пасажыры. А сталы пустыя.
Славік грэбліва змахнуў крошкі, завярнуў рог запэцканага абруса.
– Думаеш, тут можна культурна паабедаць? Шыш.
Тут, у рэстаране, ён пераўтварыўся: стаў сур'ёзны і паважны. Кіўком пальца паклікаў афіцыянтку і, пакуль тая без спеху падыходзіла, разгарнуў цяжкую, зашмальцаваную, з пабляклым золатам літар дэрмацінавую вокладку, у якой быў укладзены адзін лісток меню.
– Пачнём, Валя…
Дзяўчына, выцягнуўшы кніжачку і агрызак карандаша, перасмыкнулася:.
– Усім вам сніцца Валя.
– Ах, Марынка? Прабач, Марына. – Усмешка і тут жа суровасць. – Пачнём, Марына, з таго, што… заменім абрус! Што гэта за ануча? Сорам. Рэстаран называецца. Май на ўвазе, гэта – Тарас Ганчароў.
Дзяўчына глянула на Тараса і паслухмяна пачала збіраць са стала келіхі і шклянкі. Тараса абурыў тон, якім Славік размаўляў з ёй. «Скажы, калі ласка, які Сціва Аблонскі! А пры чым тут маё імя? Не, не таму, што галодны, цягнуў ты ў рэстаран. Парысавацца захацеў. Здзівіць мяне. Хлапчук».
Калі дзяўчына пабегла па чысты абрус, ён сказаў узлавана:
– Слухай. Калі ты будзеш вось так, я пайду. Не люблю гэтых рэстаранных конікаў.
– А што? – здавалася, зусім шчыра здзівіўся Славік. – Няхай думае, што ты чэмпіён. Яны любяць чэмпіёнаў. Лепш абслужыць.
Ён вывучаў меню. Моршчыўся, круціў галавой.
– Адна свініна ды рыбныя кансервы.
– А табе вустрыц захацелася?
Славік зразумеў іронію, і яму не спадабалася яна. Бліснуў вачамі.
– Хаця б чалавечага мяса. – І засмяяўся са свайго недарэчнага жарту. – Вустрыцы! Гурка свежага няма. А на рынку іх поўна ўжо.
– На рынку ёсць, – згадзіўся Тарас. – Я вось вязу.
– Сур'ёзна? Кладзі на стол. А то Яраш плюс Шыковічы ўсё з'ядуць. Калгасам жывуць. І апетыт у іх там…
– Няёмка.
– Усё ёмка. Давай сюды!
Ён сапраўды гіпнатызаваў сваёй здзіўляючай незалежнасцю. Ён амаль загадваў. Тарас у душы пратэставаў, але падпарадкаваўся. Развязаў мяшок і падаў паўдзесятка маладзенькіх зялёных гурочкаў.
Славік перадаў іх афіцыянтцы, якая засцяліла чысты абрус, паставіла чаркі, з усмешкай слухаючы іх размову.
– Марына! Памыць. Але не рэзаць. А то кухар палавіну сажрэ. Цэленькія. Аздобіць цыбулькай. Асобна смятану. Колькі? Шклянку смятаны. Дырэктару скажы: няхай пасыпле галаву попелам. Ад ганьбы, што наведвальнікі прыходзяць са сваімі гуркамі. Вось так, – зняважлівым рухам ён шыбнуў на акно меню, як непатрэбную рэч. – Адбіўныя.
– Колькі?
– Дзесяць. Восем з'ясі сама, – ён жартаваў груба, панура, без усмешкі, і гэта таксама абурала Тараса. – Каньяку трыста.
– Толькі па сто.
– Толькі? А ты зрабі па трыста. Вады далі. І закон не парушаны. І мы задаволены.
Афіцыянтка засмяялася і пайшла.
Паводзіны Славіка і абуралі, і забаўлялі.
«Аблонскі! Далібог жа. Вось тып. Хаця б спытаў, ці ёсць у мяне грошы на каньяк».
– Ты чуў? Толькі па сто.
– Правільна. Трэба змагацца…
– З чым? Кінь. Усё гэта ханжаства дзядзькоў, якія п'юць дома.
– Ну, ведаеш, дай волю такім, як ты… Наліжуцца.
– Наліжуся. Бо не выхавана культура піцця. У Парыжы дзесяць тысяч кафэ – і п'яных няма.
– Хто табе сказаў?
– Чытаў. А ў нас тры рэстараны. А налізваюцца штовечар.
«Ах, вось дзе тваё нутро вылазіць. Рэстаранаў мала. У Парыж табе хочацца», – з пагардай падумаў Тарас, але з-за далікатнасці сказаў больш мякка:
– Хто налізваецца? Хто за бацькавы грошы п'е. А калі чалавек мазалём зарабляе… Я не бачыў сярод рабочага класа…
– Кінь. – Вочы Славіка непрыгожа і злосна звузіліся, ён натапырыўся і стаў падобны на маленькага драпежніка са сваімі каротка падстрыжанымі, непакорлівымі валасамі. – І потым не рабі хоць ты гэтага ідыёцкага дзялення: ты – клас, а я – не клас. А я хто? Я таксама зарабляю свае пяцьдзесят шэсць рублёў. І адрозніваюся ад цябе адным… Табе ўсё падабаецца, ты ўсім задаволены… А я крытыкую ўсё…
– Вось іменна, усё.
– Не лаві на слове. Гагарын паляцеў – я на галаве хадзіў на студыі. Ад захаплення. Крытыкую тое, што не падабаецца мне.
– Дрэннае і я крытыкую. Толькі не ў рэстаранах.
– А дзе? На сходзе? Не люблю сходаў.
Тарас адкінуў далікатнасць, спытаў з'едліва:
– А што ты любіш, парыжскія кафэ?
Славік, разявіўшы рот, змоўк. Паглядзеў на Тараса так, быццам убачыў упершыню.
– Ты ведаеш, што за такія словы б'юць па мордзе?
– Заела?
– Але чорт з табой. Слухай крамольныя думкі далей. Не люблю, калі атлусцелыя дзядзькі пачынаюць мяне вучыць…
Тараса пачала раздражняць Славікава прэтэнзія на глыбакадумнасць і разважлівасць. Ён адчуваў, што гэта нават не перакананні, а проста так – модная гульня. Эклектычны набор чужых думак. Тарасу не хацелася тут, у рэстаране, пачынаць сур'ёзную спрэчку, і ён стрымліваў сябе. Але тое, што сказаў Славік пра настаўнікаў, яго проста-такі ўзарвала.
– Хто гэта «атлусцелыя дзядзькі»? Бацька твой, Яраш атлусцелы?.. Майго бацьку фашысты павесілі. Ён таксама не прыдатны табе ў настаўнікі? Ты…
Тарас гаварыў горача, усхвалявана, хоць і не на поўны голас. Але словы яго, відаць, пачулі многія. На іх пачалі звяртаць увагу. Першы гэта прыкмеціў Славік. Азірнуўся насцярожана, прашаптаў добразычліва:
– Цішэй.
Тарас схамянуўся.
Па радыё абвясцілі, што да адыходу хуткага цягніка «Кіеў – Ленінград» засталася адна хвіліна. Пасажыры паспешліва пакідалі залу рэстарана. На пероне жаночы голас прасіў: «Бора, пішы! Кожны дзень пішы!» Другі, мужчынскі: «Мама, пацалуй Аньку за мяне!»
Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокімі вокнамі. У адным акне – дзявочы твар, прыгожы і сумны. Тарасу стала шкада яе:
«Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. І ў ім многа радасці. Каб я мог падараваць табе радасць…»
Вагон ціха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позіркам. Ён усміхнуўся ёй і развітальна памахаў рукой. Яму таксама зрабілася трошкі сумна. Плылі вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй… А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнік і фантазёр – уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калі нарэшце Славік адарваў яго ад акна, Тарас убачыў, што на стале стаіць графінчык з каньяком, гуркі, бутэлька нарзану.
– Пра што задумаўся, маэстра?
– Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такія дзеці?..
– Дурныя, хочаш сказаць? І маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып'ем і паразважаем на гэтую тэму.
Славік звыкла прыгожым рухам наліў у чаркі, падсунуў Тарасу гуркі. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць.
– Будзь здароў, камбрыгадзір! – і, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой і смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзіла вельмі натуральна.
Тарас выпіў паўчаркі, разрэзаў гурок тупым нажом, пасыпаў солі – па-дамашняму, грунтоўна. І, аднак, сам адчуваў сваю нязграбнасць у параўнанні са Славікам. Рукі, такія хуткія і ўмелыя на зборцы машын, тут як бы выйшлі з-пад улады. Гэта трохі выбівала з каляіны. Глушыла дасціпнасць у адказах на лёгкую балбатню Славіка. А той зноў наліў сабе да ўзроўню – колькі засталося ў Тараса, але не выпіў. Заціснуў чарку ў далоні, нахіліўся над сталом. Шчокі яго заружавеліся, вочы сталі масляністыя і больш шырокія, а то ён усё прыжмурваў іх. Голас панізіў да шэпту:
– А ты лічыш, мае бацькі разумныя? А я думаю, каб гэта было так, яны сумелі б выхаваць мяне інакш. Думаеш, лёгка мне, што я боўтаюся цяпер?..
Тараса здзівіла і насцярожыла такая нечаканая самакрытычнасць. Шчыра гэта ці зноў пазёрства?
– Сын журналіста, пісьменніка. Паважанага ў горадзе чалавека. Хоць кім паважанага? Чуў у чарзе? Ведаюць Яраша, і ніхто не ведае Шыковіча. Хто чытае сумныя фельетоны і нарысы! Але я рос пад бацькавай славай, як пад парасонам. Бохан прыходзіў у школу, выступаў – вучні раўлі ад захаплення. А я задзіраў нос: ні ў каго няма такога таты!.. Усё мне было дазволена. Тут ужо маці старалася што ёсць сілы, каб я купаўся, як той сыр у масле. А потым раптам ажылі бацылы прынцыповасці. У першую чаргу – у бохана.
– Пасаромейся! – не вытрымаў Тарас. – Дзе ты выкапаў такое дзікае слова?
Славік усміхнуўся, пакруціў галавой:
– Маралісты вы ўсе, – і выплеснуў у рот каньяк. – Ну, у таты, у папы. У радзіцеля. Як хочаш… дык вось… Другія плявалі на прынцыповасць, на мараль і паўладкоўвалі свае чады ў інстытут. А мой: «Пойдзеш на завод». Не хачу на завод. Хачу на тэлестудыю. Буду рыхтавацца ў кінаінстытут. Тут, безумоўна, мама на дапамогу: «Можа, у хлопчыка талент». І бацька адступае. Перад талентам. І лёгка ўладжвае хлопчыка на тэлестудыю. І вось ён асістэнт аператара. Як гучыць! А-а? У непісьменных дурніц галава пачынае кружыцца, калі пачуюць такую прафесію. А асістэнт перастаўляе лямпы, чысціць камеры… Пільнуе бацькаву кватэру… І харчуецца ў сталоўцы. На большае не хапае… А бацька не дае. Усё тыя ж бацылы прынцыповасці… А сябра камбрыгады Ганчароў называе гэта праявай вялікага розуму.
– А ты хацеў бы, каб табе адвальвалі па тысячы.
– Чаго я хацеў бы? – Славік даліў Тарасаву чарку, наліў сабе, адрэзаў кавалак адбіўной. – Вып'ю за цябе. Ты шчаслівы чалавек. У цябе многа жаданняў. – Выпіў. – А я… я нічога не хачу. Адзінае хіба – у космас куды-небудзь паляцець.
– Туды дурняў не пускаюць.
– Дзякую за даведку. Мне нават у інстытут расхацелася. Які ў мяне талент! А рамеснікаў хапае без мяне. З людзей, якіх лічаць таленавітымі, я паважаю толькі двух – твайго прыёмнага і нашага сталяра дзядзьку Атроха. Яраш можа вытрыбушыць чалавека, і той застанецца жывы. Гэта нешта значыць. А што вунь мой татулька… Напускае на сябе скромнасць: адзін сядзіць на перыферыі. А лічыць сябе, безумоўна, лепшым за сталічных. А я пачаў чытаць яго апошнюю аповесць і заснуў на семнаццатай старонцы. Калгас. Даяркі. Па-мойму, калі ты ўжо ўзяўся пісаць, дык пішы, як Рэмарк…
– Па-твойму, вышэй за Рэмарка няма пісьменнікаў?
– Ведаю. Ведаю. Талстой. Чэхаў… Колас. – Славік узлаваўся чамусьці. – Яны набілі мне аскоміну ў школе.
– Ты ж ніколі іх сур'ёзна не чытаў.
– А навошта?
– Што ж цябе ў Рэмарка захапіла? Кальвадос?
– Што?
Але гэты юны нігіліст добра засвоіў галоўны сакрэт абароны. Успомніўшы, што такое кальвадос, тыркнуў у Тарасавы грудзі пальцам:
– Вось дзе ваша ханжаства. Самі чытаеце пад коўдрай… Глытаеце… Смакуеце… А потым робіце посныя фізіяноміі. «Рэмаркізм заражае моладзь». Ты сур'ёзна думаеш, што я магу нечым заразіцца?
Гэта ўжо было падобна на п'яны выклік, і Тарас, замест адказу, паклікаў афіцыянтку, каб разлічыцца.
– Закажы нашага кальвадоса, – прымірэнча сказаў Славік.
– Не. Мне трэба ехаць.
– Ну чорт з табой.
Тарасу спадабалася такая падзяка за пачастунак, і ён весела засмяяўся. Усё-такі ён цікавы хлопец, гэты Славік. Але ў галаве яго – куча смецця.
Наташка радасна крыкнула:
– Мама! Тарас прыехаў! – кінулася насустрач брату, павісла на шыі, пацалавала. І адскочыла, здзіўленая. Нахмурылася. І тут жа выдала: – Мама! Тарас п'яны.
– Што ты выдумала. Які я п'яны?
– Але выпіў.
– Выпіў, – з вінаватай усмешкай прызнаўся Тарас, вітаючыся з жанчынамі.
Галіна Адамаўна ласкава і дакорліва паківала галавой:
– Тарас!
Валянціна Андрэеўна, любуючыся хлопцам, сказала:
– Што вы апякаеце яго, як маленькага? Ах, які страх, чарку ўзяў рабочы чалавек! Мала якая прычына магла быць.
– Я Славіка сустрэў. І ён зацягнуў мяне ў рэстаран.
Усмешка знікла з твару жанчыны.
– Славік зацягнуў? – І ў голасе яе прагучала недаверлівасць. – Як магло здарыцца, што мой сын зацягнуў цябе, старэйшага на пяць год?
– Сказаў, што галодны, з раніцы нічога не еў. А па-мойму, схлусіў. У рэстаране ён часты госць. Усіх афіцыянтак ведае.
– Афіцыянтак? – Валянціна Андрэеўна адразу змянілася з твару. Не, не пабялела і не пачырванела. А неяк стала непадобнай на самую сябе, заўсёды добрую, вясёлую. Нешта жорсткае, калючае з'явілася ў яе твары. Можа, адчуўшы гэта, яна вінавата ўсміхнулася, прыгладзіла валасы на скронях. Нічога не стала распытваць. Сказала: – Адбіваецца хлопец ад рук. Трэба прасачыць.
Яна была аб'ектыўны і разумны педагог. Але ў першую чаргу – маці. Як педагог паверыла Тарасу. Як маці адчула непрыязь да яго. Яна заўсёды любавалася прыёмным сынам Яраша, ставіла ў прыклад сваім дзецям. А цяпер падумала: «Грубаваты хлопец, недалікатны. Таварыскай салідарнасці не мае. Калі ўжо разам былі, прамаўчы».
Несвядомы парыў мацярынскай душы: пачула дрэннае пра сына – хочацца, каб і на другіх былі плямы.
Хутка Валянціна Андрэеўна выдумала нейкую прычыну і пайшла ў хату.
Галіна Адамаўна, якая адчула гэтую змену ў настроі сяброўкі, з дакорам сказала Тарасу:
– Нядобра так… Трэба разумець, што маці чуць такое балюча. Ты мог бы і памаўчаць.
– Ды нельга маўчаць, Галіна Адамаўна! – запярэчыў Тарас. – Каб вы ведалі, як ён паводзіў сябе і якую лухту гарадзіў. Ва ўсім расчараваўся, усё яму абрыдла, усё не падабаецца. А мы будзем глядзець і маўчаць? У нас часта так робяць. Ад бацькоў хаваць, ад грамадскасці… Пакуль чалавек не апынецца ў балоце. Тады будзем ахаць. Не. Я знарок. Яшчэ Кірылу Васільевічу скажу. Няхай ён пацікавіцца, чым там камсамол займаецца на студыі.
– А сам піў з ім, – усё яшчэ хмурылася Наташа.
– Не сунь носа ў мужчынскія справы! – асек яе Віця.
– Фу, мужчыны! – зняважліва фыркнула дзяўчынка і паскакала на адной назе да ручая.
– Піў я дарэмна, – разважліва згадзіўся Тарас, звяртаючыся да Галіны Адамаўны. – Але каб вы бачылі, як ён умее заказваць. Сціва Аблонскі! Калі ён схлусіў, што ў яго ні капейкі грошай, баюся, што наліжацца. І, чаго добрага, накуралесіць.
Выпіўшы з Тарасам дзве трэці ад заказаных трохсот грамаў, Славік хадзіў і шукаў, за чый кошт пажывіцца яшчэ. І знайшоў у парку. Адзін графаман страшэнна хацеў надрукавацца ў газеце. Ведаючы, што лёс яго вершаў залежыць ад кансультацыі Шыковіча, ён настойліва шукаў сцежку да яго «чэрствага сэрца». Падвярнуўся сын Шыковіча. Што ж, можна паспрабаваць зрабіць і такі ход, тым больш што хлапчына працуе на тэлестудыі: там таксама можа спатрэбіцца пратэкцыя.
Працу сваю малады Шыковіч любіў. Але пасля таго як высмеяў сваё асістэнцтва перад Тарасам, пасада сапраўды здалася яму мізэрнай і смешнай. Падвыпіўшы, ён вырашыў на работу не ісці. Адбудзецца перадача і без яго.
Пасля шчодрага пачастунку графамана ў Славіка пачало дваіцца ў вачах. Насупраць сядзелі два «вялікія паэты». Падавалі дзве «каралевы» з каронамі на галаве. А міма адкрытай пляцоўкі летняга рэстарана хадзіла то двое, то цэлы атрад дружыннікаў. Славік баяўся дружыннікаў больш, чым міліцыі.
Прыйшло ў галаву, што яны пільнуюць яго. Таму ў хвіліну прасвятлення ён уцёк ад «вялікага паэта», які ўвесь вечар чытаў вершы. Нырнуў у кусты, выйшаў цераз глухія вароты з парку і з найлепшым намерам – пільнаваць кватэру, каб не залезлі зладзеі, – ішоў дадому. Але, на няшчасце, кватэра яго была побач з гатэлем.
У гэты абласны горад не так часта заязджаюць замежныя турысты. Але ў той летні вечар спыніліся праездам з поўдня ў Ленінград ангельскія студэнты. На дзвюх вялікіх старамодных машынах. Машыны сабралі цэлы натоўп зявак. Славік, безумоўна, адразу далучыўся да іх. П'янаму, калі ён даведаўся, што гэта ангельскія студэнты, страшэнна захацелася абмеркаваць з імі некаторыя міжнародныя праблемы. Пайшоў шукаць гасцей. Яны вячэралі ў рэстаране. Славіка не пусцілі туды. Гэта яшчэ больш распаліла, раззлавала яго, умацавала рашучасць дабрацца да турыстаў любым чынам. Ён пралез у рэстаран праз кухню, ведаў усе хады і выхады – жыў побач, часам, па даручэнню маці, купляў абеды на дом.
Ён шумна прывітаў ангельцаў. Тыя ўзрадаваліся выпадку пазнаёміцца з савецкім юнаком і запрасілі яго к сталу. Але ангельскую мову Славік вучыў – абы выцягнуць на тройку. Ды і тое, што вывучыў, за год забыўся. Вымаўленне ў яго было жахлівае. Запас слоў бедны. Ды яшчэ да таго ж ап'яненне. Хацеў сказаць адно, а выходзіла зусім другое, супрацьлеглае. Пры ўсёй сваёй стрыманасці і паважнасці ангельцы не вытрымалі. Моладзь ёсць моладзь. Спачатку – ветлівы смех, потым – выбухі рогату. Гэты рогат абразіў Славіка. Ён хоча пагутарыць зусім сур'ёзна, даведацца, напрыклад, што яны думаюць пра вайну і мір, а яны – вось як, рагочуць… Чакайце ж! І Славік перайшоў на родную мову:
– Чаму ржаце, як шатландскія жарабцы? Чэрці рыжыя! Шпіёніць прыехалі? Куды атамную бомбу скінуць? Дык мы на вас дзесяць скінем! І ад вашага задрыпанага вострава не застанецца мокрага месца!
Па-ангельску ангельцы не разумелі, па-расейску зразумелі. Усхапіліся ўсе адразу. Не столькі ад абурэння, колькі ад нечаканасці, ад боязі скандалу. Абурыліся наведвальнікі. Усхадзілася ўся прыслуга рэстарана. Ветліва, пад ручкі, вывелі Славіка з гатэля і перадалі дружыннікам. Тыя не былі такімі ветлівымі і, калі Славік пачаў куралесіць, далі кухталёў.
Прачнуўся хлопец у працвярэзніку. Балела галава і ўсё цела. Прыгадаў, што натварыў, і адразу ўявіў маці, як яна будзе перажываць. І хацелася яму… не, не памерці, а збегчы на край свету. Але яго нікуды не пусцілі. Павялі ў народны суд. Вось тут Славіку хацелася памерці. Суддзя – іх знаёмая, Зоя Цімафееўна. Жылі ў адным доме. У госці прыходзіла, у лес разам ездзілі. Славік глядзеў на яе з надзеяй, з маленнем: злітуйся, усё жыццё буду дзякаваць.
Але поўная, з шырокім добрым тварам жанчына толькі на нейкі момант глыбока задумалася. А потым без лішніх роспытаў і натацый прачытала прыгавор: дзесяць сутак.