Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 28 страниц)
25
Канец верасня выдаўся надзіва цёплы. Здавалася, вярнулася лета, сапраўднае, не бабіна. Зацвіталі вішні. У лесе быў небывалы ўраджай грыбоў. Гараджане хлынулі ў лясы. Перапаўняліся аўтобусы, рабочыя цягнікі. Пачалася проста-такі грыбная ліхаманка – хто збярэ больш і лепшыя. Але калі многія выязджалі толькі таму, што было чым пажывіцца, то такому старому палымянаму грыбніку, як Яраш, гэта прыносіла сапраўдную асалоду, шчасце, лепшы адпачынак. Выкарыстоўваючы Шыковічаву машыну, ён выязджаў у лес двойчы на дзень: на досвітку, да работы, і адвячоркам, пасля работы. Звычайна стрыманы ва ўсім, што датычылася яго асабіста, тут ён з хлапчуковай радасцю хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі. У яго пыталіся ў калідоры, як толькі ён з'яўляўся акуратна без дзесяці дзевяць, свежы, памаладзелы, прапахлы хвояй і грыбамі:
– Колькі сёння, Антон Кузьміч?
– Сто дваццаць тры! Ды каб вы пабачылі якія! – І пачынаў распісваць, як сядзела сям'я грыбоў – дваццаць сем штук! – вакол аднаго маладога дубка. Небывалая з'ява! Варта напісаць у «Огонек». І тут жа лаяў браканьераў, якія вырываюць грыб з коранем. Напісаў нават у газету: «Як трэба збіраць грыбы». Лаяў газету, якая выкінула з яго допісу расказ аб нараджэнні і жыцці грыба і пакінула адны голыя парады. Траха не біўся з Шыковічам, які сядзеў на дачы і цэлымі днямі пісаў. Навокал дома, пад самым ганкам, растуць грыбы, а не выцягнеш яго – не выйдзе. Пакуль выканае норму, якую сам сабе ўстанавіў, зварыць абед, глядзі – і вечар.
– Галава дубовая! Куды ты спяшаешся? Хто цябе гоніць у шыю? Хопіць у цябе часу. А грыбы – адзін тыдзень, і не будзе іх. Які ты да д'ябла пісьменнік, калі не адчуваеш такога хараства?
– О, ты не ведаеш, які я грыбнік! Але мне здорава працуецца ў гэтыя дні. Пахаладае – зноў будзе крызіс, ведаю. Прыходзіцца выбіраць. – І, пахадзіўшы з сябрам гадзінку, Кірыла кідаўся да рабочага стала.
Аднойчы, калі Яраш у перадаперацыйнай расказваў пра сваю чарговую грыбную ўдачу, Маша нясмела папрасіла:
– Антон Кузьміч, вазьміце нас з Зосяй як-небудзь.
Узяць Зосю?
Цудоўная думка! Ён жа думаў пра гэта сам, раней: трэба паназіраць, як паводзіць сябе адрамантаванае сэрца ў розных умовах. Да таго ж Зося, напэўна, даўно не бачыла лесу. Чаму не даць ёй гэтую маленькую радасць? У жыцці ў яе так мала было радасці.
Але тут жа мільганула думка пра жонку: даведаецца – зноў будуць непрыемнасці. Узяць і яе з сабой? З-за гордасці не паедзе, а ўсё адно будзе хвалявацца, перажываць, падазраваць. Не, лепш няхай не ведае. Яму стала сорамна ад сваіх ваганняў, і ён сказаў Машы:
– Ну, што ж. Давайце паедзем. Сёння ж.
Зося села побач з Антонам Кузьмічом на пярэднім сядзенні. У новай сукенцы, якую ёй пашыла Маша, у шарсцяным світэры гарчычнага колеру, са сваёй адмысловай двух'яруснай прычоскай (таксама Машына фантазія), яна мела даволі прывабны выгляд. А Маша зусім выглядала элегантна: вузкія штаны, клятчастая куртка.
Едучы па горадзе, Яраш падумаў з невясёлай іроніяй:
«Не дай божа ўбачыць Галіна – загінуў ты, Антон».
Зося сустрэла прапанову аб паездцы з ціхім, але прыкметна радасным энтузіязмам. А пры выездзе з горада яе пачало ліхаманіць ад хвалявання. Не, гэта быў не страх! Нешта іншае. Імчала машына. Свістаў вецер. І ёй здавалася, што яна вось-вось узнімецца і паляціць… Паляціць у дзівосны край, дзе здарыцца нешта незвычайнае, што яшчэ раз зменіць яе жыццё. Але ёй было хораша, лёгка, і яна не хацела больш ніякіх змен.
Ад гэтага ці яшчэ ад чагосьці яе апанавала хваляванне. Дробна задрыжалі плечы. Яна сцялася, уціснулася ў сядзенне.
– Зося, табе холадна? – спытала Маша, якая сядзела за яе спіной. – На маю куртку.
– Не, не. Нічога. Гэта так.
– Зачынім шкло, – сказаў Яраш, круцячы ручку. – Прастудзіцца вам нельга ні ў якім разе.
– Мне не холадна. Я проста хвалююся.
– Чаму?
– Не ведаю.
Што ж, урэшце не так ужо цяжка зразумець душэўны стан чалавека, які вярнуўся да жыцця і ўпершыню пасля такой хваробы і аперацыі выязджае за горад, у лес. Яраш пажартаваў:
– Бачыце, ехаць па грыбы таксама трэба мужнасць.
Далёка ў глыбіні бароў яны не паехалі. Прыехалі да іх дачы. Паставілі машыну. Шыковіча не было: відаць, усё-такі выбраўся ў лес.
Маша, у якой з грыбамі звязаны і радасныя і горкія ўспаміны – у першыя пасляваенныя гады грыбамі і за грыбы яна карміла ўсю сям'ю, – адразу ж кінулася ў лес, як у вір. Яна не ўмела шукаць так павольна і разважліва, як Яраш. У кожнага грыбніка свой стыль і метад. Праворная, хуткая, яна шнырыла пад кожным кустом і дрэвам, кружыла, рабіла петлі, хутка траціла ўсялякі кірунак і часта блудзіла.
Яраш не любіў гэтак пятляць. Ён хадзіў амаль проста. Але ў яго было незвычайнае чуццё, дзе ў гэты дзень мог вырасці баравік. Ён ішоў на грыб ці грыбную сям'ю, як на радыёпеленг.
– Заглянем мы вось сюды, пад нашы дубы, – сказаў ён Зосі, як толькі яны адышлі ад дачы ў лес.
Яна зразумела яго словы як запрашэнне хадзіць за ім. Сапраўды, Яраш хацеў, каб яна была побач.
Яна ішла крокаў за дзесяць ад яго. Каля самага вогнішча, дзе яны палілі ўсё лета касцёр, на сцежцы пад дубам Яраш убачыў першы баравік. Нявопытны грыбнік ніколі не падумаў бы, што ён мог вырасці ў такім вытаптаным месцы. Баравік быў надзіва прыгожы – як знарок вырашчаны напаказ. На тоўстым белым корані – крамяная, цяжкая на выгляд шляпка; светлая бурштынавасць, што выцякала з-пад нізу, залаціла кромку, паступова цямнела і пераходзіла ў масляністы цёмна-карычневы колер; толькі цераз самую макаўку праходзіла тоненькая пераламаная светлая палоска, мабыць, ляжала галінка.
Яраш спыніўся за два крокі з выглядам чарадзея. Моўчкі, пальцам, паклікаў Зосю. Таямнічым шэптам сказаў:
– Вось ён! Бачыце?
Яна ўгледзела, здзівілася:
– Ах! – і папрасіла, як маленькая: – Дайце я…
– Толькі – чур, падразаць! – папярэдзіў ён.
Яна прысела, асцярожна падрэзала, падняла яго і, любуючыся, засмяялася, ціха і радасна, зусім як дзіця. І Ярашу таксама зрабілася надзвычай хораша ад гэтай яе маленькай радасці.
Ён азірнуўся навокал і адразу ўбачыў другі грыб.
Нахіліўся, падрэзаў.
– А во яшчэ адзін.
Трэці дык быццам сам падскочыў пад руку.
– А во яшчэ…
– Ах! – ужо зайздрасна ахнула Зося. І яшчэ больш узрадавалася, калі нарэшце сама ўгледзела грыб. Падняла яго, паказала:
– Глядзіце які! Як хлопчык.
Сапраўды, баравічок быў маленькі і вясёлы, падобны на таго малога гарэзу, у якога заўсёды кепка ссунута набок.
«Як хлопчык», – гэтыя словы запалі Ярашу ў памяць, і ён падумаў аб тым, што, акрамя ўсяго іншага, гэтая немаладая ўжо жанчына не ведала радасці мацярынства.
«Трэба будзе пазней паказаць яе Левіну і Шувалавай (яго калегі, лепшыя ў горадзе тэрапеўт – спецыяліст па сэрцу – і гінеколаг). Няхай скажуць, можна ёй радзіць?»
Ён падумаў гэта з бацькоўскім клопатам, як пра дарослую дачку. І даў ёй, як малой, як часта даваў Наташы, калі браў яе з сабою ў лес, адной вытаптаць пятачок, на якім нарадзілася грыбная сям'я.
Зося ўзяла яшчэ тры ці чатыры грыбы. Далей Яраш, верны свайму метаду, рушыў проста, затрымліваючыся толькі ў тых мясцінах, дзе нейкая асаблівая інтуіцыя падказвала: тут будуць грыбы. І амаль не памыляўся. Зося ішла збоку за колькі крокаў. Здаралася чамусьці так, што ёй усё часцей і часцей пачалі трапляць грыбы. Бадай, больш, чым яму, Ярашу. Ён пажартаваў:
– Дык вы грыбнічка.
Недзе далёка ззаду гукнула Маша. Яраш пачакаў, што адкажа Зося. Яна не адказвала. Ён адгукнуўся жартаўліва – пісклявым жаночым голасам. Маша, не пазнаўшы, пачала клікаць настойліва:
– Ос-ся-а! То-он… Мі-іч!..
Яраш гукнуў сваім сапраўдным голасам, і дзяўчына змоўкла.
Яны шлі па прачышчаным бары. Месца тут, уздоўж лугу, узгоркавае. Магчыма, некалі, у дагістарычны перыяд, у сто разоў больш магутная рака намыла гэтыя высокія пясчаныя дзюны, на якіх пасля разумныя людзі пасадзілі лес. На грэбнях узгоркаў раслі адны сосны, не дужа старыя, роўныя, высокія, чыстыя – красуні, адна ў адну. Адвячоркавае сонца залаціла іх медныя ствалы. Лёгкі вецер гойдаў гнуткія верхавіны, за якія, здавалася, чапляліся лёгкія хмары, што плылі на ўсход – ад сонца насустрач ночы. На зямлі, укрытай сухой ігліцай, ляжалі дзівосныя карункі святла і ценяў.
А ў нізінах побач з соснамі раслі дубы, зрэдку – бярозы, яны згушчалі лес, і на зямлі ляжаў густы цень. Але пад дубамі часцей трапляліся грыбы. Можа, на нейкі час Яраш забыўся на здароўе сваёй напарніцы і ішоў залішне хутка.
Ап'янелая ад хвойнага і грыбнога водару, ад сонца і шчасця, Зося раптам спынілася, паставіла на зямлю торбачку і прытулілася спіною да сасны.
Антон Кузьміч занепакоіўся: можа, ёй блага? Але яна заплюшчыла вочы і засмяялася, разводзячы вакол сябе рукамі:
– Грыбоў! Колькі грыбоў!
Гэты яе зусім дзіцячы смех, уяўленні і радасць, відаць, і сталі прычынай таго нечаканага ўчынку, які зрабіў Яраш. Ці, можа, яго ўласная радасць і залішняя дужасць?
Яны стаялі перад самым крутым узгоркам. Сосны, агаляючы свае фантастычныя карэнні, здавалася, лезлі на самае неба. Можна было павярнуць назад, можна было абысці па нізіне. Але Ярашу хацелася прабрацца напрасцяк, узлезці на гэтую лясную гару. Але ж не даваць такую нагрузку яе сэрцу!
– Я ўзнясу вас туды, а назад мы пойдзем па лузе.
Не паспела яна запярэчыць, як ён, укінуўшы яе сумку ў свой вялікі кош, лёгка, як колькі год назад малую Наташку, падхапіў яе на рукі.
Яна войкнула, устрапянулася, але не вырвалася.
Прыціхла. З'явілася пачуццё, якога яна не ведала, – яшчэ адна тайна жыцця, якая адкрывалася ёй. Ніколі не трымаў яе вось так мужчына, здаровую і шчаслівую. Зрабілася да неверагоднасці хораша і страшна. Божа мой! Аказваецца, жанчыны, сёстры яе, маюць яшчэ і такое шчасце – блізасць любага, дарагога мужчыны. А яна не мела гэтага і наўрад ці будзе мець. Навошта ён робіць гэта? Навошта абуджае ў яе гэтае пачуццё? Каб даць замест старых, фізічных, новыя, душэўныя, пакуты, магчыма, не менш цяжкія?
Яна думала пра гэта і, аднак, не рабіла спробы вырвацца. Яна раптам пачула яго сэрца і стаілася, слухала яго ўсё часцейшыя і гучнейшыя ўдары. Ён узыходзіў лёгка і хутка. Яна адкінула галаву і ўбачыла, што верхавіны сосен кружацца. І воблачка кружыць на адным месцы. Можа, гэта закружылася ў яе галава?
Доктар Яраш ведаў усе таямніцы чалавечага цела, ды і душы таксама. Яму здавалася, што для яго ўжо няма ніякіх тайн і загадак. Ён узяў Зосю, як санітар бярэ хворую. Як лекар, ён клапаціўся пра яе сэрца, якое бачыў, трымаў на сваёй далоні. Яму было абсалютна ўсё адно – мужчына гэта ці жанчына. Але нечакана і ў яго з'явілася загадкавае пачуццё, незнаёмае, невыразнае, дзіўнае. Нешта як бы ўсхвалявала яго. І сэрца забілася не так, як, ён ведаў, павінна было біцца пры такім пад'ёме, з такім цяжарам. Выдатны спартсмен, ён вельмі добра ведаў сваё сэрца, дакладна ўмеў разлічыць нагрузку яго. Што ж гэта яно выходзіць з-пад улады – пачынае грукаць не так, як яму належыць? «Старэю», – падумаў ён і асцярожна апусціў Зосю на зямлю.
Каля дачы стаяла санітарная машына. Яраш з трывогай падумаў: «Няўжо ў бальніцы што здарылася?» Закрочыў шпарчэй. Але хутка ўбачыў, што на лавачцы сядзяць Шыковіч, Гаецкая і незнаёмая жанчына. Пачуў вясёлы смех Гаецкай і спахмурнеў: не хапала яшчэ яе тут! Зося адчула, як нечакана змяніўся яго настрой, зразумела, што яму не спадабаліся гэтыя нечаканыя госці. Спытала:
– Хто гэта?
– Галоўны лекар трэцяй бальніцы. У якой ты ляжала.
Яна помніла гэтую прыгожую поўную жанчыну, якая часам абыходзіла палаты і рабіла разнос сёстрам і санітаркам. Настрой Яраша як бы перадаваўся ёй: Зося адчула сябе няёмка, быццам у нечым была вінаватая.
Яраш сказаў:
– Дурная баба. І подлая.
Гэта яшчэ больш збянтэжыла Зосю, быццам ёй даверылі тайну, ведаць якую зусім не трэба, нават небяспечна. Угледзеўшы Яраша і Зосю, Тамара Аляксандраўна паднялася, пайшла насустрач, прыветліва махаючы касынкай.
– З уловам, Антон Кузьміч, – праспявала яна. – Я не ведаю, як кажуць… Шыковіч! Як віншуюць грыбавікоў? Са зборам? З падборам? З уловам?
Смяяліся яе сакавітыя вусны, выпешчаныя шчокі – то з'яўляліся, то знікалі сімпатычныя ямачкі на іх. А вочы… вочы, халодныя і злосныя, разглядалі Зосю. Ды так нахабна, бесцырымонна, што Зосі здалося – раздзяюць. І яна, зусім разгубленая, спалоханая і абураная, не пазнаёміўшыся, не прывітаўшыся, амаль уподбег кінулася да Машы, якая сядзела на ганку і перабірала грыбы.
– Глядзі, колькі я знайшла баравікоў! А ты? О, з табой ні ў чым нельга зраўняцца!
– Твая пацыентка? – спытала Гаецкая ў Яраша.
Гэта можна спытаць па-чалавечаму, прафесійна, як лекар у лекара. Яна хацела зрабіць выгляд, што пытае іменна так. Але Яраш бачыў, як яна працягвае глядзець у спіну Зосі, і адчуў, што пачынае закіпаць. Ён сам баяўся свайго гневу, бо ведаў, што «сарвацца» яму, ды яшчэ перад жанчынамі, нельга, непрыстойна.
Гаецкая працягнула яму руку, падвяла да лавачкі, пазнаёміла са сваёй сяброўкай. Гаварылі нейкія пустыя словы. Смяяліся.
– Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, – сказала Тамара Аляксандраўна.
Шыковіч сумеўся, паглядзеў на свайго хмурага сябра – можа, ён што прапануе? – і з жалем уздыхнуў:
– Калі я працую, у мяне – «сухі закон». І каб быць далей ад спакусы…
Гаецкая зразумела.
– А мы ў лес ездзім са сваім віном.
– О, тады іншая размова! Калі ласка! Прашу, – галантна пакланіўся Кірыла, паказваючы на сваю палавіну дачы.
Яраш падумаў, што Зося не сядзе за адзін стол з гэтай жанчынай. Ды і не жадае, каб яны сядзелі разам. Ды і ўвогуле: не хапала яму яшчэ піць віно з Гаецкай у лесе, на дачы! Ён сказаў, як адсек:
– Мяне чакаюць дома.
– У Антона Кузьміча раўнівая жонка, – як бы ў жарт, сказала Тамара Аляксандраўна, але знарок так, каб пачулі Зося і Маша.
Нічога не адказаўшы і не развітаўшыся, Яраш рушыў да «Масквіча». Завёў, рыўком пад'ехаў пад самы ганак, узняўшы пыл, быццам стварыўшы дымавую заслону. Зося першая хуценька ўскочыла на задняе сядзенне.
З ветлівасці Яраш махнуў доктаркам рукой, спытаў у Кірылы:
– Што перадаць тваім?
– Прывязі заўтра масла і хлеба.
Гаецкая, закусіўшы губу, злосна прыжмурыўшыся, доўга глядзела ўслед сіняму «Масквічу».
Яе сяброўка спытала:
– Ён заўсёды такі… нелюдзімы?
– Бывае горшы, – нядобразычліва адказаў Шыковіч. Цяпер і ён узлаваўся на няпрошаных гасцей. Чорт іх прынёс! Каб не яны, яму, напэўна, удалося б угаварыць Антона пасядзець гадзінку. Маша засмажыла б грыбы, і яны разам павячэралі б і хораша пагутарылі б. Ён прачытаў бы ім раздзел – расказ Зосі. Што-нішто трэба ўдакладніць. А сядзець з гэтымі чужымі бабамі – мала цікавасці і ніякай карысці для яго працы.
Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калі яе «ўсемагутная разведка» ўстанавіла, хто тая жанчна, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго іншага, на галаву чалавека, які зрабіўся цяпер ёй ненавісны, падае яшчэ адзін цяжкі грэх – парушэнне лекарскай этыкі.
Больш за дваццаць год яна песціла надзею, што ўрэшце ўсё-такі ачаруе гэтага ўпартага асілка. Уласна кажучы, у апошнія гады ёй не столькі хацелася ачараваць яго, закахаць, колькі проста пераможна ўзяць – націскам, прыступам. Гэта быў ужо своеасаблівы спартыўны азарт. Цяпер усё рушылася, надзея знікла назаўсёды. Жанчына шалела ад злосці. Чакай, доктар Яраш, ты доўга будзеш помніць мяне!
Забыты былі справы, хворыя, грыбы. Сама галоўны лекар і ўсё яе даволі значнае акружэнне лёталі па горадзе ў пошуках звестак пра Зосю і Яраша. І вельмі хутка было выяснена ўсё: і тое, што яны, Яраш і дачка здрадніка Савіча, знаёмы яшчэ з часоў акупацыі, і тое, як Шыковіч і Яраш дамагаліся для гэтай жанчыны асобнай кватэры, як яны самі (вядомы хірург і пісьменнік) куплялі для яе мэблю і нават якую суму кожны з іх зняў з ашчаднай кніжкі, і, нарэшце, тое, што яны збіраліся на кватэры ў Зосі ўчацвярых. О, гэта ўжо не проста сувязь аднаго жанатага мужчыны з незамужняй жанчынай! Тут значна большае – групавое маральнае разлажэнне!
І паляцела плётка з касмічнай хуткасцю. Каб Яраш і Шыковіч былі людзі звычайныя, вядомыя толькі ў сваіх калектывах, безумоўна, што ўсё гэта не выклікала б сенсацыі. Але абодвух у горадзе добра ведалі, а таму ўсе праяўлялі да такой навіны незвычайную цікавасць: адны злараднічалі, другія, галоўным чынам замужнія жанчыны, абураліся, трэція ўпотай зайздросцілі.
26
Галіна Адамаўна глянула на ручны гадзіннік і ўзрадавалася – да канца рабочага дня заставаліся хвіліны. Яна сапраўды не любіла сваёй работы. Ёй больш падабаліся хатнія абавязкі – гатаваць смачныя абеды, кроіць і шыць, яна была добрая гаспадыня, ласкавая маці і жонка. Думкі яе ляцелі дадому: што згатаваць сёння, каб страва аднолькава падабалася і Антону, і Віцю, і Наташы, густы якіх даволі розныя.
– Дзве гадзіны нічога не ешце, – сказала яна пацыенту, які паласкаў рот содавым растворам.
У яе самой ніколі не балелі зубы, можа, таму яна ставілася да сваіх пацыентаў з іроніяй, не верыла іх стогнам і пакутам; яна двойчы раджала і ні разу не войкнула, а тут другі так енчыць, што брыдка слухаць. І да крывавых пляўкоў яна не магла прывыкнуць за ўсе пятнаццаць год сваёй работы. Жыла ў чысціні, і ёй быў агідны ўсялякі гной і бруд, фізічны і маральны, нават праяўленне звычайнай неакуратнасці. Сястра глянула за дзверы, таксама не без радасці паведаміла, што нікога больш няма, і пачала праціраць інструмент. Галіна Адамаўна падышла да ўмывальніка, закасала рукавы халата, узброілася шчоткай… У гэты момант шырока расчыніліся дзверы і ўвайшла яна – Тамара Аляксандраўна.
Сэрца ў Галіны адразу быццам адарвалася і ўпала ў нейкую гулкую пустэчу, ад чаго зрабілася балюча ў жываце.
З крана лілася вада.
Страшэнна непрыемныя струменьчыкі холаду папаўзлі па спіне, як толькі яна падумала, што гэтая пышная, прыгожая жанчына з нахабнымі вачамі, якія яна многа год ненавідзела, прынесла ёй гора. У Галіны Адамаўны жыло цвёрдае перакананне, што з добрым намерам Гаецкая ніколі не з'явіцца.
Тамара Аляксандраўна, прывітаўшыся, адразу па-гаспадарску забралася ў зубалячэбнае крэсла, уселася, як царыца на троне, такая ж ззяючая, як панікеліраваныя дэталі апаратуры.
Галіна Адамаўна ўпусціла ў ракавіну шчотку, непаслухмянай рукой закруціла кран. Падумала:
«Калі ў яе зубы, чорт з ёй, неабавязкова для такой мыць рукі».
Ніколі яшчэ і ні пра каго яна так не думала. Спытала холадна-афіцыйна, як у зусім незнаёмай, і троху недарэчна:
– У вас – зубы?
– У мяне – зубы, – з падкрэсленай іроніяй, бліснуўшы залатымі каронкамі, адказала Гаецкая.
Ногі наліліся холадам, яны сталі непаслухмяныя, але Галіна Адамаўна прымусіла сябе наблізіцца і ўзяць інструмент.
– Сястрычка, ідзі пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць лекару, – мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна.
Сястра глянула на Галіну Адамаўну. Той хацелася крыкнуць: «Не трэба! Не выходзь!» Але замест гэтага яна чамусьці, як вінаватая, збянтэжана апусціла вочы, і далікатная сястра ўміг знікла.
– Галя, дарагая мая, – адразу пачала Гаецкая, шчыра, ласкава, чым яшчэ больш насцярожыла Галіну Адамаўну, – я ведаю, ты ненавідзела мяне. Але ты памылялася…
«Чаму яна кажа мне „ты“? Мы ніколі не былі з ёй у сяброўскіх адносінах».
– …Ты глыбока памыляешся. Ніколі я не пасягала на тваё шчасце. Ніколі не жадала табе кепскага. Твае і мае зайздроснікі плявузгалі табе, хацелі сутыкнуць нас ілбамі. Павер мне, Галечка, я твой лепшы друг. Таму і прыйшла. Таму вырашыла сказаць. Не люблю пляткарыць… Але калі закранаецца наш жаночы гонар…
Галіна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сціснула яе. Чамусьці з'явілася жаданне ўдарыць Тамару Аляксандраўну. Вельмі блізка былі яе вочы, яе твар.
«Трэба адысці. Трэба адысці», – загадала яна сабе, аднак баялася скрануцца з месца.
– …Каб хто другі сказаў, не паверыла б. А то ж на свае вочы бачыла. На дачы вашай. І зразумела: частыя госці яны там. Рыжая сястра. І яна… пацыентка яго… Можа, нічога і няма паміж імі. Але што падумаюць людзі? Гэта ж, ведаеш, хто? Дачка таго Савіча. Здрадніка.
Тамара Аляксандраўна спадзявалася, што жонка Яраша, пачуўшы такое пра мужа, якому (Гаецкая гэта ведала) яна не верыла, кінецца ў істэрыку, закрычыць, наробіць шуму і яна, Тамара Аляксандраўна, пацешыць сваю душу такім відовішчам: гэта будзе помста і за тое, што Галіна некалі перахапіла Антона, і за яе шматгадовую нянавісць.
Але Галіна Адамаўна маўчала. Як скамянелая. Ніводная рыска не тузанулася на яе застылым твары.
– Не верыш – спытай у людзей. Ды хіба ты не ведаеш, што ён жыў у іх, у Савічаў, яшчэ ў акупацыю? А ты спытай у яго, як ён са сваім неразлучным Шыковічам дамагаўся ёй кватэру. Якую яны мэблю купілі за свае грошы. Абсталявалі кватэрку – дай-дай. Усё як мае быць, на французскі манер. Не верыш?
Уся трагедыя заключалася ў тым, што Галіна Адамаўна верыла. Верыла ўсяму, кожнаму слову. Ад гэтага ў яе муцілася ў галаве. Быў момант, калі калыхнулася і адплыло крэсла і яна ўбачыла ажно тры Тамары, якія зларадна скаліліся. Яна ўвесь час бачыла гэты зларадны аскал, хоць выраз твару нечаканай госці быў увесь час спачувальны ці абуральна-сур'ёзны.
Нейкім сёмым ці дзесятым пачуццём Галіна Адамаўна здагадалася, чаму прыйшла гэтая жанчына, і ніводным рухам не выдала свайго гора, болю, пакуты. Выдала толькі старую нянавісць. Раптам працадзіла праз зубы:
– Ідзі прэч!
Гаецкая ўстрапянулася:
– Дурная…
– Прэч!
Галіна Адамаўна з грукатам кінула на паднос лапатку і ўзяла востры пінцэт.
З неўласцівай яе паўнаце рухавасцю Тамара Аляксандраўна шмыгнула з крэсла, ледзь не паваліла бормашыну. Толькі ў дзвярах зларадна крыкнула:
– Што? Дажыла?!
* * *
Антон Кузьміч адчыніў дзверы ўласнай кватэры і па беспарадку ў калідоры, па пахах ці, правільней кажучы, па тым, што не было іх, кухонных пахаў, здагадаўся, што нешта здарылася. Не нешта, а ён пэўна ведаў што. Ён добра ведаў, што Гаецкая не змоўчыць. За гэтыя дні пасля іх сустрэчы ў лесе колькі разоў хацеў сам расказаць Галіне, каб папярэдзіць, і не здолеў – не хапіла мужнасці. Не хапіла, бо ведаў: не паверыць, не зразумее ці зразумее зусім інакш, па-свойму, яшчэ горш, чым Гаецкая. Было брыдка і сорамна ад сваёй нерашучасці, боязі. Але ён думаў пра дзяцей і ўпотай спадзяваўся: а можа, абыдзецца. Можа, Тамара зробіць нейкі другі ход? Між іншым, гэтая цікаўнасць – што ж усё-такі яна зробіць? – была адной з прычын яго маўчання. Ён нават не расказаў Шыковічу. Урэшце ён мог бы заклікаць на дапамогу сябра і разважлівую, спакойную Валянціну Андрэеўну, якая неаднойчы ўжо тушыла ўспышкі Галінай хваравітай рэўнасці. Але ўсё гэта выйшла б так, што ён нібы апраўдваецца. Завошта? Ды, нарэшце, ці варта надаваць гэтаму такое значэнне? Ён мае права падняцца вышэй усёй гэтай бытавой лухты, што атручвае жыццё і перашкаджае галоўнаму – працы!
У паліто і капелюшы ён пайшоў у спальню. Галіна сядзела за швейнай машынай халодная, непрыступная. Выгляд яе спалохаў яго. Такой яна не была ніколі. І ніколі так не паводзіла сябе. Каб у яго паляцела машына ці трумо, гэта ўразіла б менш.
Яна не шыла, але, відаць, спрабавала шыць: заціснутая іголкай тканіна звісла на падлогу.
Антон спыніўся пасярод пакоя. Жонка не ўзняла вачэй.
– Што здарылася, Галя?
Твар яе непрыгожа перасмыкаўся.
– Вы, Антон Кузьміч, не ведаеце, што здарылася?! – сказала яна з сарказмам і жахлівай адчужанасцю.
– Галка. Усё гэта лухта!
– Ах, лухта! – адкінула яна тканіну ўбок, выхапіла аднекуль з-пад яе ашчадную кніжку, падняла, патрасаючы. – І гэта лухта? Шчодра, доктар Яраш, аплачваеш палюбоўніцу! Але не думай, што мне шкада тваіх грошай. На! – яна шыбнула кніжку яму пад ногі.
Пры ўсёй яе рэўнасці жонка рэдка кантралявала яго расходы. Ён часта пазычаў буйныя сумы калегам, некаторыя з іх не вярталі гадамі. Галіна, даволі абыякавая да грошай, забывалася пра такія пазыкі, а калі часам і патрабавала справаздачы, то заўсёды ў добрым настроі, абмяркоўваючы чарговую буйную пакупку. А цяпер праверыла ўсё. Ён, Яраш, нават не падумаў, што Гаецкая разведае і выкарыстае ўсё. Яго кінула ў пот ад прадчування цяжкасцей на шляху да прымірэння. Колькі прыйдзецца патраціць энергіі… Ён кінуў паліто на ложак, зрабіў крок да жонкі. Яна ведала яго прыём: абняць, схапіць на рукі, цалаваць… І яна, слабая жанчына, сціхала, даравала яму… Але цяпер не!
– Я табе ўсё растлумачу, Галка. Выслухай толькі.
– Не падыходзь! – Яна ўзброілася нажніцамі, але тут жа шыбнула іх на столік. – Не трэба мне ніякіх тлумачэнняў! Усё! Усё! Усё! Цяпер я не буду ні крычаць, ні плакаць… Мы чужыя. Ты абсталяваў сабе новую кватэру – ідзі туды. Не пойдзеш ты – я ніводнага дня, ніводнай хвіліны не буду тут. Усё! – Яна вымаўляла гэтыя «ўсё», быццам ставіла кропкі.
Яраш зразумеў, што гэта больш, чым нервовая ўспышка, гэта цвярозы намер, і не ведаў, з якога боку падступіцца, каб разбурыць такое яе рашэнне. Ён спыніўся, паглядзеў на яе ласкава, з жалем, дакорліва паківаў галавой: дурніца, дурніца! Яна не вытрымала яго позірку, закрыла твар рукамі, перасмыкнулася ўся. Заціскаючы рыданні, сказала праз далоні глуха, чужым далёкім голасам:
– Божа мой! Шаснаццаць год жыла з гэтым чалавекам! Аддала яму ўсё. А ён… Яму мала было гэтай тоўстай шлюхі, «залатой сястры», усіх баб, якіх ён меў… Яму трэба яшчэ зблытацца з пацыенткай. Які жах! Якая ганьба! – Яна адкрыла твар і вельмі нядобра ўхмыльнулася. – Але што я хацела ад таго, хто мог забіць, зарэзаць з большай лёгкасцю, чым я вырываю зуб.
Гэта было ўжо занадта. Нават з яго нервамі і разважлівасцю вытрымаць такое нялёгка. І ён грымнуў на ўсю кватэру:
– Вы хаця падумалі б, якая яна жанчына! Лекары задрыпаныя! – і вылаяўся груба, злосна, як не лаяўся яшчэ пры жонцы ніколі.
Ён не ведаў, што дома Наташа. Яна сядзела ў кабінеце, дзе заўсёды рыхтавала ўрокі, калі бацькі не было дома. Яна бачыла, у якім стане вярнулася дадому маці. Калі з'явіўся бацька і адразу накіраваўся ў спальню, дзяўчынка насцярожылася. Не, яна не стала падслухоўваць іх размову. З малых год бацька вучыў яе, што гэта нядобра. Але калі ён закрычаў, Наташа не вытрымала.
Яна з'явілася ў дзвярах спальні ў чорным фартушку, з банцікам у косах, стройная, высокая (у бацьку пайшла), з ласкавай усмешкай на твары.
– Добры дзень, тата. Мы не бачыліся сёння, – падбегла, паднялася на пальчыках, чмокнула ў шчаку.
– Твой тата падлюга! – не вытрымала Галіна Адамаўна, каб не шыбануць у мужа самы цяжкі камень. Яна не чакала, што камень можа паляцець у яе.
Наташа адступіла ад бацькі, агледзела яго, потым – маці. І зноў да бацькі. Абняла за шыю, закрычала:
– Няпраўда! Няпраўда! Няпраўда! Ён добры, ён разумны. А ты… ты… неразумная… ты – раўнівая. Ты атручваеш яму жыццё.
– Наташа! Наташка! Хіба можна! Сціхні! – Антон Кузьміч сварыўся на яе, але прыціскаў да сябе. Гладзіў худзенькія плечы і адчуваў, што сам захлынаецца слязамі.
Дачка вырвалася, выбегла з пакоя.
Галіна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ.
Валянціна Андрэеўна атрымала ананімнае пісьмо. Немагчыма растлумачыць, чаму Гаецкая жанчынам, якія сябравалі паміж сабой, паведаміла па-рознаму: адной – яўна, другой – ананімна.
Нельга сказаць, што Валянціна Андрэеўна ніколі не раўнавала Кірылу. Усё было ў жыцці. На тое яно і жыццё. Але яна ніколі не траціла розуму і здольнасці разважаць, аналізаваць. Быў у яе вопыт і добрая жаночая мудрасць. Калі ніводзін лекар не задумаўся, колькі патрэбна часу, каб пасля такой аперацыі чалавек вярнуўся да нармальнага, не, ненармальнага, вясёлага жыцця, то яна адразу ж падумала пра гэта і першаму, чаму не паверыла, – сувязі Яраша з Зосяй. Кірыла і Маша?.. Прыпісалі б яе мужу любую другую жанчыну, у Валянціны Андрэеўны, магчыма, яшчэ ўзніклі б нейкія падазрэнні: не бывае дыму без агню. Але Маша… Яна бачыла дзяўчыну адзін раз, ведала, што яна сустракалася з Тарасам і Славікам. І раптам – Кірыла. Не, не, не! Яна з агідай, з нянавісцю да ананімшчыка адганяла гэтую брудную плётку. Яна палюбіла Машу, паверыла ў яе розум, у яе дзявочую сумленнасць і чысціню, інтуітыўна, чуццём педагога, адчувала, што такая натура ніколі не зробіць подласці. Валянціна Андрэеўна любіла людзей і верыла ім.
Увечары яна паказала пісьмо Кірылу. Пакуль ён чытаў, яна ўважліва сачыла за выразам яго твару. Спачатку ён пачырванеў, потым пабляднеў, спацеў. Як бы вытлумачыла гэта тая ж Галіна Адамаўна! Валянціна Андрэеўна ўбачыла іншае: здзіўленне і абуранасць. Дачытаўшы да канца, ён разгублена паглядзеў на жонку.
– Чорт ведае што такое! Падумай толькі, якая душа павінна быць у чалавека, каб з усіх гэтых фактараў зрабіць такія высновы. Вырвалі мы ёй кватэру, куплялі мэблю, прывезлі яе з бальніцы, былі яшчэ разы два. Ты чытала яе расказ… Але, прыязджалі яны з Антонам па грыбы… Ну і што? Гэта – яна, Гаецкая. Недарэмна Антон так не любіць гэту бабу.
– Увогуле ты, Кірыла, ласы на каўбасы. Гэта я ведаю. На кожную прывабную кабету зіркаеш як кот на сала.
– Валя!
– Але не бойся. Гэтаму пісьму і я не веру. Не таму, што ў табе вельмі ўпэўнена. Не суцяшайся. Веру ім – Зосі, якую знаю па тваіх расказах, і Машы…
Кірыла з палёгкай уздыхнуў.
– Ведаеш, пра што я падумаў? Чаму ў такіх разумных бацькоў, як мы з табой, не вельмі разумныя дзеці?
– Што табе трэба ад тваіх дзяцей? – адразу спахмурнела і ўзлавалася Валянціна Андрэеўна. – Розум прыходзіць з гадамі. У цябе яго і цяпер не надта, калі ты пра яго такой высокай думкі.
Пра ўсё яна магла гаварыць разважліва і спакойна. Але няхай ніхто не чапае яе дзяцей, нават іх родны бацька.
Кірыла зразумеў, што зрабіў не той паварот і не так, як трэба, зліслівіў перад жонкай.
– Ну, добра, добра. Не злуй. Чаму ты думаеш, што я так ужо дрэнна думаю пра сваіх дзяцей? Я проста хачу, каб яны былі лепшыя за нас.
Валянціна Андрэеўна чамусьці цяжка ўздыхнула.
– Ёсць, Кірыла, норма чалавечых якасцей? Хіба дрэнны чалавек Галіна Адамаўна? Але ўяўляю, што з ёй робіцца, калі такое агідненькае пісьмо прыслалі і ёй.
– Няўжо можна паверыць гэтаму?
– Ты не ведаеш яе. Нам трэба зараз жа схадзіць да іх.
На іх званок адчыніла Наташа. У дзяўчынкі быў такі выгляд, быццам яна толькі што вярнулася з пахавання кагосьці блізкага.
– Тата дома?
Яна кіўнула галавой.
– А мама?
– І мама.
Антон Кузьміч сядзеў у сваім застаўленым кніжнымі шафамі кабінеце і бяздумна гартаў альбом Траццякоўскай галерэі.
Галіна ляжала ў спальні. Яна не хацела бачыць ні мужа, ні дачкі – гэтага «Ярашавага кодла», як яна пасля крычала ў істэрыцы. Каля яе быў адзін Віця, далікатны, ціхі, асцярожны ў сваіх пачуццях і меркаваннях. Можа, праз гэта Галіна Адамаўна больш любіла сына, чым рэзкую, нявытрыманую дачку. А Ярашу, наадварот, якраз гэтая рыса не падабалася ў сыне.
Валянціна Андрэеўна, уміг зразумеўшы становішча, адразу пайшла да сяброўкі. Кірыла, убачыўшы, у якім настроі Яраш, паспрабаваў жартаваць, весела спытаў: