Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 26 (всего у книги 28 страниц)
Хутка ён злавіў сябе на тым, што перастаў думаць пра Гукана. Утаймавалася абурэнне. Аслабла жаданне ўварвацца ў яго кабінет і кінуць яму ў твар словы-каменні. Навошта? Ці не можа гэта даць Гукану лішнія козыры?.. Людзі накінуцца на сенсацыйную дробязь і застануцца безуважлівымі да галоўнага. Не, справу трэба даводзіць да канца з ранейшым спакоем і разважлівасцю. Яшчэ праз хвіліну Кірыла адчуў, што, акрамя ўсяго таго, што падказвае розум, яму проста не хочацца сустракацца з гэтым чалавекам, бачыць яго. Брыдка. А тым больш што ён, Шыковіч, не зларадны, не «крыважэрны». Яму нават усё адно, што будзе з Гуканам як работнікам: дадуць яму вымову, выганяць, пашлюць на пенсію. Галоўнае, што маральна ён прыкончаны, выкрыты. Цяпер ужо нішто – ні хітрыкі, ні заслугі, ваенныя і мірныя, – не паможа яму выкруціцца, захаваць позу героя. Праўда, як бы глыбока яе ні закопвалі, у якія б віры ні тапілі, у якіх бы архівах ні хавалі, яна ўсё адно ўсплыве, вырвецца на волю і з'явіцца людзям у сваім першародным харастве.
«Вось так, Сямён Гукан!»
Не дайшоўшы квартала да гарвыканкома, Шыковіч хвіліну пастаяў на рагу вуліц, паназіраў за людзьмі і рушыў у другі бок – да гаркома партыі.
33
Галіна Адамаўна адразу ж здагадалася, што муж парушыў клятву, якую даў ёй, што ён зноў наведваўся да той. І зноў стаіў, зноў не прызнаўся. Чаму?
Парушэнне клятвы яшчэ больш абурыла і абразіла яе. Але яна змаўчала, хоць усё кіпела і гарэла ў ёй. Яна баялася сваркі, разрыву і прымусіла сябе маўчаць. Дзеля дзяцей. Выкрык Наташы, варожасць дачкі спалохалі яе. Яшчэ больш усхвалявала замкнутасць і адчужанасць Віці, яе любімца. Дзеля спакою дзяцей і спакою яго, Антона, яна гатова на любыя пакуты, душэўныя і нават фізічныя.
Знешне ў доме ўсё нібыта было добра.
Разам снедалі, разам спяшаліся на работу. Абедалі не заўсёды разам – Антон часам затрымліваўся ў клініцы, на кансультацыях. Але кожны раз, больш акуратна, чым раней, званіў і паведамляў, дзе ён. Разам вячэралі, усёй сям'ёй глядзелі тэлевізар ці, пакінуўшы дзяцей дома, хадзілі ў кіно, у госці. Але Галіне Адамаўне здавалася, што муж зусім не той, што раней, – не такі ласкавы. Ад гэтага яна пакутавала яшчэ больш, рэўнасць душыла яе, як хвароба. Але яна трывала і ў душы нават пачала ганарыцца сваім падзвіжніцкім цярпеннем. Паступова ўваходзіла ў ролю пакутніцы – дзікую, пачварную ролю, якая калечыць душу. Я пакутую ў імя Бога, у імя ідэі, у імя блізкага свайго… і пачынаецца чортведама што, чалавек ператвараецца ў фанатыка і перастае разумець самыя простыя, надзіва лагічныя і звычайныя рэчы. Галіна Адамаўна трохі не дайшла да гэтага… Выбух адбыўся нечакана.
Аднойчы ўвечары, калі пілі чай, Антон Кузьміч сказаў спакойна, разважліва:
– Ведаеш, Галка, абрыдла мне займацца гэтай дачай. Зноў патрабуюць знесці. А куды зносіць? Каб угаварыць Кірылу, я з лёгкай душой перадаў бы яе нашаму прафсаюзу пад піянерскі лагер. Я гаварыў ужо ў абкоме. Яны маглі б нават выплаціць некаторую суму. Праўда, меншую, чым мы затрацілі. Але якое гэта мае значэнне? Мы ўтраіх працуем. Валя гатова згадзіцца, Кірыла ўпёрся…
Віця і Наташа першыя ўбачылі, як пабялела маці, прыкусіла губу, і сцяліся, насцярожыліся.
– Бо ў Кірылы сям'я, дзеці… І ён думае пра іх, – пачала яна ціха, але тут жа сарвалася на крык: – А ў цябе няма сям'і, няма дзяцей! Табе нічога не трэба!.. Ты ўсё гатовы раздаць! Каб выставіць сябе!..
– Мама! – паспрабавала спыніць яе Наташка.
– Маўчы, няшчасная! – цыкнула яна на дачку і выскачыла з-за стала, ужо расчырванелая, раз'юшаная. Кінула мужу: – Не думай, што я дурная! Я ўсё ведаю! Толькі з-за іх, – яна паказала пальцам на дзяцей, – я маўчу і цярплю!..
Віця, панурыўшыся, пайшоў да дзвярэй. Наташа стаяла ў ваяўнічай позе, гатовая зноў абараніць бацьку.
Антон Кузьміч, не адказваючы жонцы, спыніў сына:
– Збірайцеся, дзеці, на каток. Сёння і я пайду разамну свае старыя косці.
Яны любілі хадзіць з ім на каток. На яго, такога асілка, усе звярталі ўвагу і любаваліся яго лёгкасцю і спрытам. Яны ганарыліся сваім бацькам – ён усё ўмее і ўсё робіць дасканала.
Дзеці кінуліся апранацца. А Галіна Адамаўна падышла да мужа з перакошаным тварам і, задыхаючыся, прашаптала:
– Ты хочаш забраць у мяне дзяцей? Цяпер я разумею… Але дзяцей я табе не дам! Не дам! Не дам! Чуеш ты, кат?
Раней у хвіліны такіх успышак ён хапаў яе за рукі, прыцягваў да сябе, цалаваў і… супакойваў… Цяпер ён не мог гэтага зрабіць. Панурыўшыся, як Віця, ён выйшаў у калідор шукаць канькі.
Галіна Адамаўна запэўніла сябе, што муж шукае зручнага выпадку для канчатковага разрыву. Таму і дзяцей перацягвае на свой бок. Гэта зрабіла яе яшчэ больш падазронай, але і асцярожнай: не даць прычыны.
Пры сваёй рэўнасці яна, аднак, ніколі не шпіёніла за мужам, як робяць гэта другія жонкі. Залішне лічыла сябе чыстай і гордай, каб уніжацца да тайнага падглядвання і распытвання.
А тут не вытрымала. Дні праз тры пасля гэтай непрыемнай размовы ўвечары пазваніў Кірыла. Антон адказваў яму не на поўны голас ды ўвогуле мала гаварыў слоў, адны выклічнікі: ыгы, так, не. Быў у іх шматгадовы звычай: сазваніцца ўвечары, сустрэцца на вуліцы і пагуляць. Часам яны выходзілі з жонкамі, але часцей адны. Раней Галіна нават заахвочвала такія прагулкі. Але цяпер… Яна здагадалася, што мужчыны дамовіліся пайсці туды. Цяпер яна не верыла не толькі мужу, але і Кірылу… О, гэты вальнадумец здольны на ўсё! Толькі робіць хітрэй. Навучыўся сплятаць сюжэты. Дурніца Валя! Хоць што Валі! Яна проста стала абыякавай да Кірылы. Сваім восьмым класам занята больш, чым мужам і ўласнымі дзецьмі. У Валі пры любых акалічнасцях нічога не парушыцца, дзеці дарослыя… А ёй трэба ўсё ведаць, каб змагацца – не дзеля сябе! – дзеля гэтых неразумных яшчэ малых, якіх ён, бацька, настройвае супраць яе, маці.
Яна не спытала, куды ён ідзе. Але як толькі Антон Кузьміч зачыніў за сабою дзверы, яна хутка накінула хустку, футра, выскачыла следам, пайшла назіркам.
Яна не памылілася. Сапраўды, у той вечар яны дамовіліся наведаць Зосю. Кірылу хацелася парадаваць жанчыну: вызвалялася месца, у бібліятэцы рэдакцыі. Зося сама прасіла іх памагчы ёй знайсці работу. «Толькі не ў атэлье», – цяжкае ўражанне засталося ў яе ад гэтага атэлье.
Яраш і Шыковіч доўга думалі, куды яе ўладзіць. Нарэшце Кірылу прыйшла гэтая ідэя: самая спакойная работа, па яе здароўю. Калі супрацоўнікі будуць ведаць, што перажыла іх новая бібліятэкарка, можна быць упэўненым, што ніхто ніколі і нічым не расхвалюе яе – людзі добрыя. Але месца было занята. У бібліятэцы сядзела малапісьменная старая жанчына Фаня Сямёнаўна. Яе трымалі таму, што яна была найстарэйшая работніца рэдакцыі, працавала амаль з дня заснавання газеты – недзе на другім годзе рэвалюцыі. Ёй даўно пара ўжо на пенсію, але яна ўпарта не хацела пакідаць работы. «Рэдакцыйная матка», «шэф», «Еўфрасіння Полацкая» – называлі яе за вочы. Мужчыны адносіліся з абыякавай іроніяй, жанчыны ж проста не любілі: як большасць старых, Фаня Сямёнаўна была бурклівая, прыдзірлівая, умешвалася не ў свае справы, у прыватнае жыццё, прынцыповасць яе часта пераходзіла ў пляткарства. Таму ідэю Шыковіча – угаварыць яе пайсці на пенсію – усе горача падтрымалі. Угаворы цягнуліся месяцы са два. Кожны, як умеў, распісваў ёй выгады пенсіянерскага жыцця. Урэшце старую «даканалі».
«Бачу, я вам абрыдла, – сказала яна на прафсаюзным сходзе, – чорт з вамі! Але пагляджу, як вы напрацуеце без мяне! Памрэ хто, як пахаваеце!» Сапраўды, у арганізацыі пахавання, калі здаралася такое няшчасце, Фаня Сямёнаўна была незамянімым чалавекам. Бібліятэкарка падала заяву. У рэдакцыі дамовіліся, што ў навагодні вечар яе ўрачыста праводзяць на пенсію. Рэдактар і мясцком расшчодрыліся на каштоўныя падарункі.
Кірыла расказваў пра камічныя выпадкі, якія ўзнікалі ў часе гэтай «пенсіённай кампаніі». Гучна смяяўся сам. Смяшыў Яраша.
Галіна Адамаўна, якая ішла за імі на пэўнай адлегласці, не чула, пра што яны гавораць, але чула іх смех, і ён кроіў яе сэрца: ім весела, можа, здзекуюцца з жонак.
Калі яны пайшлі ў дом, яна засталася на вуліцы, бязлюднай, ускраіннай, над самай ракой. І раптам ёй зрабілася страшна, сорамна, брыдка. Ніколі яна не адчувала сябе такой прыніжанай, растоптанай. Навошта яна прыйшла сюды? Хіба яна можа прымусіць любіць сябе, калі няма ў яго сэрцы гэтага пачуцця? Ды і ці было яно калі?
«Не кахае, сумна яму са мной, сказаў бы шчыра». Слёзы застылі на шчоках, і Галіна Адамаўна выцерла іх калючымі рукавічкамі. Усе зайздросцілі яе шчасцю: такі муж! Смешна. Вось яно, яе шчасце. Хацелася гучна і злосна засмяяцца. Але перамагала не злосць, перамагаў жаль, да сябе, да дзяцей, нават да яго, мужа: калі-небудзь схамянецца, ды будзе позна!
Але, будзе позна…
Ён кажа, што ў яе няма элементарнай інтэлігентнасці. Можа быць. Але ў яе ёсць жаночая гордасць! Больш нічым не ўнізіць яна сябе – ні падглядваннем, ні істэрыкай, ні дакорамі, ні просьбамі. Мужна вытрымае ўсё!
«Але дзяцей не аддам! Не!»
Скалелая, разбітая, яна раптам кінулася ад дома. Хутчэй прэч адгэтуль, каб ніхто не ўбачыў яе тут.
Але бегчы ёй стала цяжка. Яна задыхалася. Як прыступ астмы; нічога такога ніколі не было.
Галіна Адамаўна прытулілася да нейкага паркана, аграбла з карнізіка снег, набіла ім, пякуча-халодным, рот.
«Цяпер ужо ўсё адно…»
Тарас і Віця сядзелі на кухні, адзін супраць аднаго і націралі пастай лыжы з такой стараннасцю і сур'ёзнасцю, быццам чысцілі зброю перад атакай.
Наташка стаяла, прытуліўшыся плячамі да вушака дзвярэй, і з такой жа сур'ёзнасцю сачыла за іх работай. Доўга сачыла.
– Ты чаму маўчыш, Натка? – спытаў Тарас.
– У яе голас ламаецца, – адгукнуўся Віця.
– А ў цябе мазгі…
– Ну, ну, ну, зноў пасварыцеся.
Не, сварыцца ім не хацелася. Апошні час яны жылі надзіва дружна. І цяпер Віцю хацелася папрасіць у Наташы прабачэння, калі гэты жарт, нявінны, як яму здавалася, пакрыўдзіў яе. Хлопец сам здзіўляўся: ніколі раней ён не адчуваў да сястры такой пяшчоты і ўвагі.
Наташа раптам асцярожна, без стуку, шчыльна зачыніла дзверы.
– Тарас! Ты разумны. Паміры іх.
– Каго?
– Маму і тату.
– На-а-тка! – з дакорам працягнуў Віця, нібы яна адкрывала вялікую тайну некаму чужому.
– А я не магу так больш. Не магу!.. – Голас дзяўчынкі задрыжаў.
Заняты сваімі справамі і пачуццямі, ён асабліва не задумваўся над тым, як перажываюць малыя разлад бацькоў. Нечаканая Наташына просьба кранула яго. Ён падняўся з табурэта, паставіў лыжы ў куток, паміж дзвярамі на балкон і халадзільнікам «ЗІЛ». Наблізіўся да сястры. Яна глядзела яму ў твар з надзеяй, маліла вачамі, поўнымі слёз.
– Так нельга жыць!..
– На-а-тка! – зноў перапыніў яе брат. Яна не агрызнулася, яна сказала яму мякка, як старэйшая:
– Ты бесхарактарны, Віця. У каго ты такі ўдаўся? А я не магу…
– Я іх паміру, – упэўнена сказаў Тарас і сам паверыў, што здолее зрабіць гэта, хоць добра помніў, чым скончылася першая спроба пагаварыць з маці.
Галіна Адамаўна была дома. У спальні. Тарас пастукаў. Яна, пэўна, ляжала і, пэўна, плакала. Калі Тарас, атрымаўшы дазвол, увайшоў, яна стаяла перад люстрам і працірала кулакамі вочы, як бы толькі што прачнулася. Яна ўбачыла яго праз люстра і насцярожылася, баючыся павярнуцца. А ён не бачыў яе твару і трохі разгублена спыніўся каля ложка. Ён баяўся, што яна зноў даволі груба папросіць яго не сунуць нос туды, куды не трэба.
– Галіна Адамаўна, я ўсё-такі хачу пагаварыць з вамі. Сур'ёзна… Паслухайце.
Яна павярнулася, вочы яе былі чырвоныя.
– Тарас! З таго часу, калі я адчула, што ты не дзіця ўжо, я не ўмешвалася ў твае справы. – Яна сказала тое ж, што і першы раз, але зусім інакш, без злосці, раздражнення, спакутаваным голасам і нават усміхнулася так, нібы прасіла прабачыць ёй. Ён зразумеў, што цяпер ёй хочацца, каб нехта ўмяшаўся.
– Я люблю вас, мама. – Слова гэтае вырвалася неяк само, ад жалю да яе. Галіна Адамаўна ўзняла на яго вочы, і яны вільготна заблішчалі. – І бацьку люблю. Вы для мяне самыя дарагія людзі.
– Не трэба, Тарас, – цяжка ўздыхнула яна. – Твае адносіны да нас – адно, нашы адно да аднаго – другое.
– Вашы – нейкая дзікая недарэчнасць. Вы паверылі паклёпу. Бацька расказваў… Паверце мне, мама. Я ж вам не вораг. Штодзень я бываю там… Я люблю Машу. Пасля Новага года мы пажэнімся.
– Сур'ёзна? – У вачах яе бліснула іскрынка цікаўнасці.
– Хіба Соф'я Сцяпанаўна такая жанчына! Падумайце, колькі яна перажыла!
Галіна Адамаўна закрыла твар рукамі, заматала галавой:
– Не яна… Ты шмат чаго не ведаеш, Тарас. Ты галоўнага не ведаеш. Але, яна многа перажыла… Але хіба гэта дае ёй права?.. Хоць не яна… ён… Чаму ён хаваецца, падманвае? Навошта? Што я, такая дурная, подлая? Скажы, была я калі-небудзь прагная, скупая? У іх была дружба ў падполлі. Яму хацелася памагчы ёй. Калі ласка. Няўжо я не зразумела б, каб усё па-чалавечы? Цяпер ён папракае, што я не разумела яго, што ўвесь час думала пра яго бог ведае як… А што ён думаў пра мяне, калі пачаў хавацца? З грашамі… – Яна ўся перасмыкнулася. – За каго ён мяне лічыў? Гэта не абраза? – выкрыкнула яна. – Ён адчувае, калі абражаюць яго. А калі ён!.. Я перажыла ўсё, я перажыла б і гэта, каб па-чалавечы. Я ўжо была змірылася. А ён не пераставаў хлусіць, хавацца. Ты не ведаеш галоўнага. Ён здраджваў увесь час! Усё наша жыццё. Падманваў, хлусіў!..
– Няпраўда! – не стрымаўся і рашуча запярэчыў Тарас.
Яна адняла рукі ад твару, сухімі гарачымі вачамі паглядзела на яго, сумна паківала галавой:
– Але хто мне паверыць? Мне не верыць нават Валя Шыковіч, жанчына. Ён мудры, вялікі, добры. Ён усіх заваражыў. Цябе, Наташу… знаёмых. О-о, доктар Яраш! Свяціла! А што яго жонка? Бяздарны зубны лекар, мяшчанка. Каму цяпер клопат да таго, што сваю маладосць, сваё здароўе я аддала яму, табе, дзецям?..
Галіна Адамаўна сказала гэта злосна, і Тарас сумеўся: яна кідала горкі папрок і яму. Можа, сама яна таксама зразумела гэта, бо раптам зноў змяніла тон:
– Цяпер вы лічыце, што я стала псіхапатка. Можа, і праўда я псіхапатка. Дык я нікому не хачу атручваць жыццё! Нікому! Няхай яму яго талент, яго слава!.. Толькі дзеці… Дзеці мае! – крыкнула яна і ўпала тварам на падушку, прыглушана зарыдала.
Тарас зусім разгубіўся. Ён не ведаў, якім чынам супакоіць яе. Стукаў у дзверы, упэўнены ў непахіснай логіцы сваіх доказаў. А сказаў усяго два словы – і ўсе доказы, больш няма чаго і дадаць. Ён пераступаў з нагі на нагу і ціха, няўпэўнена прасіў:
– Не трэба, мама… Супакойцеся, Галіна Адамаўна!
Яна выцерла навалачкай твар і гэтак жа нечакана, як упала, паднялася. Сказала без слёз, без істэрыкі, цвяроза і жорстка, як аб справе, даўно вырашанай:
– Калі ты паважаеш мяне, памажы аформіць развод. Самой мне цяжка і… непрыемна…
Усяго чакаў Тарас – і слёз, і скарг, і праклёнаў, але такога заключэння не толькі не чакаў, але ніколі нават не падумаў. Спачатку, ашаломлены, замаргаў вейкамі, з надзвычайнай пільнасцю ўглядаючыся ў заплаканы твар жанчыны, якая гадавала яго. Ён сапраўды любіў яе, як маці. Але ў той міг яна здалася чужой і варожай. З'явілася злосць на яе, і ён амаль закрычаў:
– Гэта вы самі надумалі? А ў Наташы вы спыталі? А ў Віці?
Яны, Наташа і Віця, разумелі, што падслухоўваць чужыя размовы нядобра. Спальня – найбліжэйшы пакой ад кухні, і яны мімаволі пачулі першыя словы маці. Каб больш нічога не чуць, яны, не згаворваючыся, падняліся і перайшлі ў бацькаў кабінет – самы ізаляваны пакой. Селі там, адно – на канапе, другое – у крэсле, і моўчкі сядзелі. Не чыталі, не размаўлялі, нават не маглі чамусьці паглядзець адно аднаму ў вочы, быццам саромеліся. Проста чакалі, як у прыёмнай бальніцы ці суда. Доўга чакалі. Можа, праўда саромеліся за маці? Ці шкадавалі яе?
Калі нарэшце Тарас вярнуўся, яны паглядзелі на яго з надзеяй, з запытаннем. Наташа нават саскочыла з канапы і памкнулася насустрач. Тарас усміхнуўся ім знясілена, але паабяцаў з ранейшай упэўненасцю:
– Я іх паміру.
34
– …Не, скажы, верыў ты, што Савіч наш чалавек? Хоць як можна было не верыць!..
– Ты не ўяўляеш усёй складанасці барацьбы.
– Дапусцім, што акрамя цябе ёсць людзі, якія таксама ўяўляюць гэтую складанасць. Вярнуўшыся ў брыгаду, ты сказаў, у каго хаваўся ў горадзе?
– Не.
– Чаму?
– Тваё пытанне наіўнае. Ты думаеш, што гэтым прызнаннем я мог бы рэабілітаваць Савіча? Хто б мне паверыў? Я дзесяць дзён прабыў у горадзе і трапіў у час, калі нічога нельга было зрабіць, калі ішлі арышты, правальваліся яўкі. Пасля гэтага я прыйшоў бы і паведаміў: мяне хаваў Савіч, якога забілі падпольшчыкі, а немцы з пашанай пахавалі. А можа, цябе хавала СД, спытаў бы, відаць, кожны партызан. Дакажы, што ты не лысы. Ты забываеш, які быў час.
– Карацей кажучы, ты пабаяўся.
– Ну пабаяўся, пабаяўся! Калі табе так хочацца, каб я сказаў гэта слова. Я эвакуіраваў горад – не баяўся. Адступаў да Масквы – не баяўся. Мяне паслалі назад у тыл – я не баяўся, не бегаў па камісіях, як другія. Ні разу не скакаў з парашутам – скочыў у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнізона. Вадзіў людзей на аперацыі – не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзіць разбітае падполле, – не баяўся. Ну не выйшла, як хацелася, не атрымалася…
– Не крычы. І не бразгай сваімі медалямі. Тое, што рабіў ты, рабілі тысячы, мільёны… Мы выконвалі свой абавязак.
– Але, я пабаяўся. А другія не баяліся?! Усе, хто перажыў трыццаць сёмы! Адна справа памерці ад кулі ворага. А памерці ад рук сваіх таварышаў, аднадумцаў, адчуваючы, што ты ні ў чым не вінаваты… Ты ўяўляеш? Ты думаў калі-небудзь пра гэта?
– Думаў. І цяпер зноў падумаў, як адчувала сябе Соф'я Савіч, калі пасля фашысцкага канцлагера трапіла ў Сібір.
Паўза. Гучна, з лёгкім меладычным звонам адбіваў секунды вялікі медны маятнік стаячага гадзінніка. Астматычна дыхаў адзін з двух, што прысутнічалі ў кабінеце.
– Я думаў і бачыў многа разоў, як ішлі на смерць, каб ратаваць таварыша. І я гэта разумеў. А вось такі данос на людзей, якія ратавалі цябе, – гэтага я зразумець не магу.
– Ну, змаладушнічаў! Я ж не хаваю. Я напісаў пра гэта ў тлумачальнай запісцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гісторыяй, даказваць… Нічога ж не змянілася ў сорак пятым, ты ведаеш.
– Мы перамаглі фашызм, і нічога не змянілася?! Для цябе нічога не змянілася?
– Цяпер лёгка разважаць.
– Ну добра, тады ты пабаяўся. Дрыжаў за сваю скуру…
– Я прашу…
– Чаго там «прашу»! Не іграй святую невіноўнасць. Дрыжаў, як апошні баязлівец. Страціць партызанскую славу, кар'еру – вось чаго ты баяўся. Але прайшло дзевяць год, як яго няма, няма Берыі. Амаль шэсць год пасля дваццатага з'езда. Партыя сказала такую праўду! На ўвесь свет. Чаму ж ты не сказаў праўды пра сябе, пра другіх? Дзеля чаго, у імя якой ідэі ты хаваў яе?
– Гэта што, допыт?
– Я не прасіў цябе. Ты прыйшоў сам, каб «раскрыць душу», параіцца.
– Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбіралі справы некаторых з тых, хто пісаў даносы ў трыццаць сёмым. Мы былі аб'ектыўнымі.
– Мы разбіралі кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялі часам лібералізму. Між іншым, некаторых з іх браў пад абарону ты. З пазіцый высокага гуманізму. А Шыковіча хацеў выключыць за ўчынак сына.
– Падбіраеш факты?
– Не. Проста прыгадваю. Факта даволі аднаго. Якія яшчэ патрэбны факты?
Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкія крокі.
«Дзын-дзон, дзын-дзон», – дзіўны стук маятніка ў гадзінніка, здаецца, ён чапляецца за два розныя металы, якія ад удару па-рознаму гучаць.
– Якое будзе рашэнне абкома? Як ты думаеш?
– Не ведаю. Як сябра бюро я магу сказаць толькі за сябе. Не хочацца мне пасля гэтага падаць табе руку. Тым больш – разам працаваць.
– Так нават?
– Уяві, што так. Дарэчы, ты запрашаў на Новы год у госці. Не чакай, не прыйду.
– Ясна.
– Але, я люблю яснасць з пачатку да канца.
– Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.
– Бывайце.
Тыя ж цяжкія крокі, гулкія на паркеце, мяккія, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулі дзверы. Ляпнулі другія, з таго боку.
«Бывайце»? – Гукан не помніў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвіцы, успомніў, што так адказаў Тарасаў – на «вы». Гэта яго чамусьці ўразіла больш, чым уся размова. Ён спыніўся, падставіў успацелую лысіну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкі.
Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такія справы. На каго ці на што ён мог мець надзею?! Павінен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калі пазваніў Шыковічу і папрасіў сустрэцца. Як той, нахабнік, адказаў!
«Калі ласка, Сямён Парфёнавіч! Заходзьце заўтра пасля дванаццаці ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма».
Здзекаваўся, пісака няшчасны!
«Ох, распусцілі вас. Спахопіцеся!» – Ён выходзіў і пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такія метады кіраўніцтва.
На першым паверсе яму зрабілася цяжка дыхаць, нібы ён спускаўся не ўніз, а падымаўся высока ўгору. Ён спыніўся каля міліцыянера, патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:
– Гады.
Маладзенькі міліцыянер стукнуў абцасамі і бадзёра пацвердзіў:
– Так точна, таварыш Гукан!
Сямён Парфёнавіч выйшаў на вуліцу. Як ніколі, яна была людная. Няспынная рака людзей, бадзёрых, расчырванелых ад марозу. І кожны трэці з мінакоў нёс елку. Горад пахнуў лесам. Да Новага года заставаліся два дні.
Гукану заўсёды падабалася такая перадсвяточная мітусня, вясёлая ўрачыстасць. Гэтыя турботы, напэўна, больш прыносяць людзям радасці, чым само свята. Ён, гаспадар, любіў у такія дні аб'ехаць горад, паглядзець на афармленне, на ўстаноўку елак на плошчах, у скверах, часам заглядваў у крамы: як ідзе гандаль? Але яму ніколі не хапала часу, ён заўсёды спяшаўся. Хутка хадзіў, а больш ездзіў на машыне. А тут раптам адчуў, што яму няма куды спяшацца. Гэта яго спачатку спалохала, а потым дзіўна супакоіла. Ён залажыў рукі за спіну, згорбіўся больш звычайнага і рушыў па ачышчаным ад снегу тратуары. Але ачышчаны ўчастак хутка скончыўся, і якраз там, дзе асабліва было мнагалюдна, на падыходзе да ГУМа, пешаходы коўзалі па слізкім тратуары. Сямён Парфёнавіч вылаяў у думках трэст ачысткі. Вось зараз ён прачысціць ім мазгі! І пайшоў сваёй звычайнай рабочай хадой. Але тут жа схамянуўся. Навошта? Хвалявацца з-за нейкага тратуара? Цяпер ён павінен прывучыць сябе не хвалявацца і хадзіць толькі вось так – не спяшаючыся. Каб хада была адпачынкам.
Убачыўшы людзей з пакупкамі, ён успомніў, як жонка сказала дні два назад нібыта жартам, а магчыма, і з крыўдай:
«Даўно ты, Сеня, падарункаў мне ніякіх не рабіў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года».
Сямёну Парфёнавічу раптам захацелася быць добрым, і ён пайшоў ва ўнівермаг.
Людзей – не прабіцца. Ён успомніў, што паслаў ужо два пісьмы ў Дзяржплан рэспублікі з просьбай асігнаваць сродкі на будаўніцтва другой універсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце.
«Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, – зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвіліну мусіў прызнаць: – Пабудуюць. Цяпер лёгка». Усё, што будзе рабіцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкім.
Рост яго дазваляў заглядваць на паліцы праз галовы людзей. Што купіць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзіў з аддзела ў аддзел. Відаць, нехта з работнікаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў – малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькі цяпер прыкмеціў, што ўнівермагам загадвае такі малады чалавек. Гэта яму чамусьці не спадабалася.
Дырэктар скардзіўся:
– Мала тавараў, Сямён Парфёнавіч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.
– Парайце, што купіць у падарунак жонцы.
– Сямён Парфёнавіч! – з дакорам зазначыў дырэктар. – Пазванілі б. Што вам самім хадзіць?
«Падхалім», – падумаў Гукан і строга адказаў:
– Я гэтага не люблю.
Аднак не адмовіўся пайсці ў кабінет дырэктара.
– Што б вы хацелі? – спытала таваравед, жанчына, ад погляду і ўсмешкі якой, здавалася, рабілася святлей у змрочным кабінеце.
«Штат падабраў, сабачы сын! Адна ў адну», – усё больш і больш раздражняўся Гукан супраць маладога дырэктара. Але жанчыне гэтай адказаў з добрай усмешкай:
– Далібог, не ведаю. На ваш густ.
– Колькі год вашай жонцы? Ён уздыхнуў:
– Пенсіённы век.
У чароўных вачах тавараведкі скокнулі чорцікі:
– Ёсць цудоўныя шалі. Ёсць венгерскія кофтачкі.
Гукану хацелася спытаць: «А на прылаўках яны ў вас ёсць?» Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно.
– Давайце шаль. Давайце кофтачку.
– Вось гэта муж! – аднагалосна ўхвалілі ўсе тры жанчыны, якія прысутнічалі ў кабінеце, хоць на саміх іх былі найлепшыя імпартныя кофтачкі, такія, якіх яго жонка бадай што ніколі не насіла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там ні здарылася, а ён такі добры чалавек быў і ёсць.
На плошчы каля пажарнай, дзе народу праходзіла нямнога, з Гуканам прывітаўся хлопец у спартыўным касцюме. Ён стаяў з лыжамі ў руках і размаўляў з дзяўчынай, апранутай у прыгожае нейлонавае футра. Твар хлопца добра знаёмы, але прыгадаць, дзе і калі сустракаўся з ім, Сямён Парфёнавіч ніяк не мог. І раптам праз дзесятак крокаў хлопец гэты, без лыж, дагнаў яго, пайшоў побач.
– Не пазнаяце, таварыш старшыня? Кухараў, архітэктар. З наступаючым Новым годам.
– Дзякую. Вас таксама.
– Мне захацелася сказаць вам, што праект, які я прапанаваў для забудовы Выселак, на конкурсе ў Ленінградзе атрымаў першую прэмію.
– Віншую вас.
– Але мне хацелася сказаць, што вы кансерватар. Так хваліць, а пасля столькі валаводзіць і… адхіліць…
– Тут ужо не мая віна. Вашы калегі…
– Не валіце з хворай галавы…
Гукан спыніўся, уражаны нахабнасцю і дзёрзкасцю маладога архітэктара.
– Малады чалавек! Не забывайце!..
– Я нічога не забываю. Але жадаю, каб у новым годзе ў вас было больш увагі да людзей і да праектаў. Выселкі забудоўваюцца дрэнна, – хлопец адсалютаваў левай рукой і пайшоў назад, да дзяўчыны, якая трымала яго лыжы і чакала.
Нават размова з Тарасавым, размова пра самае галоўнае – пра яго далейшы лёс – не ўзрушыла так, як гэты, здавалася б, выпадковы эпізод. Хіба не званілі яму раней, не пагражалі, не пісалі ананімных пісьмаў з самымі страшнымі пажаданнямі? Ён не звяртаў на іх увагі. Часам толькі паказваў у гаркоме, у абкоме і як бы выхваляўся: «Зразумейце ўсю складанасць маёй работы, нікому з вас не прыйшло ніводнага такога пісьма».
Але выхадка гэтага творцы ў такі дзень!..
«З Новым годам павіншаваў… Паганец! Малакасос! Распусцілі вас. Ох, распусцілі!»
Да апошняга моманту ён спадзяваўся, што тую віну (ён не лічыў яе такой цяжкай, як лічыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваімі заслугамі, ваеннымі, пасляваеннымі. І раптам гэты тып, недапечаны архітэктар, замахваецца на апошнія заслугі – у адбудове горада. «Выселкі забудоўваюцца дрэнна». «Саплякі! Папрацуйце вы столькі, колькі папрацаваў Гукан».
Сямён Парфёнавіч глянуў на тое месца плошчы, дзе нядаўна яшчэ ўзвышаўся манумент, і цяжка ўздыхнуў.
Можна было ісці дадому – рабочы дзень канчаўся. Але яму чамусьці зрабілася страшна ісці ў пустую кватэру ці, можа, наадварот, стала страшна не наведацца пасля такіх размоў у свой службовы кабінет, у якім ён ужо многа год адчуваў сябе спакойна і ўпэўнена.
Рабочы дзень быў кароткі – напярэдадні выхаднога. Але да канца яго заставалася яшчэ добрыя паўгадзіны. Аднак работнікі разыходзіліся. Праўда, убачыўшы старшыню, многія збянтэжыліся, вярнуліся. Гукан умеў трымаць дысцыпліну, і яго баяліся. Ён не помніў, каб калі-небудзь вось так разыходзіліся. Гэта яго таксама спалохала. «Няўжо пранюхалі? Трэба сабраць усіх, даць адчуць, што я яшчэ старшыня. Ну і павіншаваць з наступаючым». І тут жа падумаў, што выйдзе так, як павіншавалі яго на плошчы. Але не праз гэта ён не стаў збіраць супрацоўнікаў. Яго ашаламіла, што няма сакратаркі. І пустата ў прыёмнай – ніводнай жывой душы. «Гэты пісака мог раззваніць па горадзе раней, чым прынята рашэнне», – падумаў ён пра Шыковіча з такой злосцю, што ажно балюча затахкала сэрца.
Ён асцярожна распрануўся, сеў у сваё зручнае крэсла, адкінуўся на спінку, выцягнуў ногі. Толькі цяпер адчуў, як моцна змарыўся, зусім разбіты, усё цела ные. Адпачынак прынёс заспакаенне. Ён доўга сядзеў, нерухома і бяздумна. Нікога не хацелася выклікаць, нікога не хацелася бачыць. Толькі калі ў калідоры загудзелі крокі і галасы – супрацоўнікі выходзілі ўсе адразу, ён як бы схамянуўся, глянуў на гадзіннік – было роўна тры – і падумаў зноў са злосцю:
«Адной хвіліны лішняй не хочуць папрацаваць. А я працаваў. Начамі». І яму захацелася, на злосць усім, працаваць да позняга вечара. Але што рабіць?
Пазваніў свайму старому сябру Мухлю.
– Пятро Макаравіч! З наступаючым… Прабач, брат, але навагодні баль наш адмяняецца. Занядужала мая палавіна. Дзякую. Перадам. Тваім таксама.
Трэба яшчэ двум чалавекам званіць – адмяняць запрашэнне. А жонка нічога не ведае і, безумоўна, заклапочана, як найлепшым чынам прыняць гасцей. Пазваніць ёй? Але што сказаць, як растлумачыць? Яму зрабілася шкада жонкі. І падарункі, якія купіў, здаліся мізэрнымі і непатрэбнымі. Хіба мала ў яе анучак гэтых? Цяпер, як ніколі раней, ён зразумеў, што яна – той адзіны чалавек, які ніколі не пакіне яго, што б ні здарылася, з якім яму давядзецца дажываць свае пенсіённыя гады. Ён адчуў удзячнасць жонцы, і захацелася зрабіць ёй нешта больш прыемнае, чым гэтыя падарункі.
Заказаў Менск. Далі хутка, хвілін праз дзесяць. Адказала дачка.
– Ала?! Здарова была. Як вы там? Добра? Ведаеш што… Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у цягнік – і да нас пад Новы год. Што? У Вовіка панос? – Зразумеўшы, што дачка не прыедзе, што ёй даражэй за ўсё на свеце гэты лабасты Вовік, Сямён Парфёнавіч узлаваўся: – Панос, панос… – і гаркнуў на ўвесь кабінет: – У мяне таксама панос! – і сярдзіта кінуў слухаўку.
Размова з дачкой як бы даканала Сямёна Парфёнавіча. Ён пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамі хворага адчыніў шуфляду стала, дастаў цюбік з валідолам, укінуў таблетку ў рот.
Увайшоў Кушнер.
Гукан не любіў свайго намесніка, але ў гэты раз узрадаваўся, што ён прыйшоў: хоць з кім-небудзь пагаварыць, забыцца на ўсё. Можна нават заняцца справамі – апошняй справай года, які мінае.
– З наступаючым, Сямён Парфёнавіч.
– Цябе таксама, Іван Фёдаравіч.
Кушнер сваёй адзінай левай рукой моцна, да болю, сціснуў правую руку старшыні, зблізку зазірнуўшы ў твар.
– Нешта ў цябе, Сямён Парфёнавіч, несвяточны выгляд.
Гукан паскардзіўся:
– Сэрца зноў. Бачыш, валідол смакчу.
– Але, інваліды мы з табой.
– Ну, ты яшчэ інвалід баявы. А я, брат, усё. – І даверліва прызнаўся: – Хачу прасіцца на пенсію.
– Ды што вы! – шчыра здзівіўся Кушнер.
– Як думаеш, персанальную дадуць?