Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 28 страниц)
Нейкі момант яны маўчалі. Яраш, магчыма, упершыню за ўсю сваю практыку адчуў некаторую няёмкасць каля ложка хворай. Можа, таму, што без пэўнай мэты ён ніколі так доўга не заседжваўся. У яго і цяпер была мэта, але зусім не прафесійная.
Даследаванні і здагадкі Шыковіча, нечаканая сустрэча з Зосяй не толькі распалілі і яго цікавасць да справы доктара Савіча, больш таго – ён адчуў сябе вінаватым, што нічога не зрабіў дагэтуль. Цяпер яму хацелася ўсяляк дапамагчы Кірылу. Той, нецярплівы, гарачы ў рабоце, дамагаўся сустрэчы з Зосяй. Ён, Яраш, як хірург і як псіхолаг, ашчаджаў хворае сэрца пацыенткі і асцерагаў яе ад цяжкіх успамінаў. Таму і цяпер яму нялёгка было падвесці размову да ўспамінаў пра яе бацьку.
Зося, напэўна, сама адчула няёмкасць зацяглай паўзы. Яна сказала:
– Ад мяне толькі што пайшла Маша. Мы доўга гутарылі.
– Я рады, што вы пасябравалі.
– Яна цікавая. Спачатку мне здалося, што яна іграе… А ў жыцці нельга іграць! Некалі, яшчэ ў школе, я хацела стаць актрысай. І таксама іграла выдуманую ролю. Дома, на вуліцы, у гасцях – усюды… Смешна і наіўна.
– Чаму смешна? Маладыя ўсе рамантыкі. Вунь мае дзеці, Тарас, Віця… Якія ў іх мары і жаданні! І я не сказаў бы, што гэта ігра.
– Дзе ён быў тады, Тарас?
– Яго схавалі добрыя людзі. Суседзі.
– Я шукала яго.
– Я ведаю. Мне казала цётка Люба.
– Яна не паверыла мне.
– Не крыўдуйце на яе. Яна была залаты чалавек і найлепшая канспіратарка.
– Яна загінула?
– Не, памерла год назад.
Зося памаўчала, як бы ўшаноўваючы памяць чалавека, з якім лёс звёў яе на кароткі міг.
– Як мне хацелася знайсці яго, гэтага хлопчыка! Я не проста помніла вашу просьбу. Я доўга жыла ёй. Для мяне гэта было першае баявое заданне падпольшчыкаў. І мне хацелася хутчэй выканаць яго. Але бацька… Вы ведаеце, як ён асцерагаў мяне. Навошта ён так асцерагаў? Дзіўны чалавек!.. Употай ад яго я пайшла да цёткі Любы. Сказала пароль. Усё, як вы гаварылі. Яна адказала не зусім так, але пусціла ў дом. Я сказала, што вы прасілі даведацца, ці вядома ёй што-небудзь пра сына Паўла Ганчарова. Яна адказала дзіўна і незразумела: «Перадайце Віцю, што дзядзька Рыгор запрашае на заручыны Веты. У суботу пад вечар». Я сказала, што перадаць нічога не магу, бо вас пераправілі ў лес. «Да каго?» – спытала цётка Люба. Я не ведала, да каго. Тады, відаць, у яе ўзнікла падазронасць. Яна больш нічога не спытала пра вас. Але калі я зноў паўтарыла сваё пытанне пра Тараса, яна адказала, што нічога невядома. Мяне пакрыўдзіла, што яна такая абыякавая і да лёсу дзіцяці і наогул… Хаця б пацікавілася, хто я і што я. Не, нішто, здавалася, яе не цікавіла. Праўда, паводзіла я сябе неразумна і няўмела. Цётка Люба ўсё-такі спытала, як маё імя. Я адказала, што Вольга. Чаму Вольга і навошта мне было падпольнае імя – сама не разумею. Мабыць, ад жадання сыграць ролю падпольшчыцы.
На другі дзень я пайшла на Каштанавую, дзе жыў Павел. Там я таксама надзівачыла. Ведаеце, што зрабіла? Я – сястра Паўлавай жонкі, шукала іх, жывых. Людзі, якія жылі ў тым доме, збянтэжана паціскалі плячамі: яны тут нядаўна і нікога не ведаюць. Заплаканая, я паказвала пісьмо, якое сама напісала: «Яны жылі тут, вось адрас. Што ж мне рабіць? Я прыехала ажно з Харкава». Хадзіла па суседзях. Адны рабілі выгляд, што нічога не ведаюць. Другія не таілі сваю падазронасць. Але потым дзве старыя жанчыны, мабыць, паверылі мне і сказалі страшную праўду. Я плакала шчыра. «А хлопчык? Дзе хлопчык? Тарасік». – «Кажуць людзі, у нямецкім дзіцячым доме», – паведамілі старыя. У той вечар я спытала ў бацькі, ці ёсць у горадзе дзіцячыя дамы. «Навошта табе?» Я расказала яму пра вашу просьбу і як я шукала малога. Бацьку гэта спалохала. Ён сярдзіта сказаў, што я загублю і сябе і яго сваімі неразумнымі ўчынкамі. Тады я сказала яму, што больш не буду вартаваць дом і смажыць Гроту трусяціну. «Трэба жыць і змагацца, як ён», – кіўнула я ўгору, маючы на ўвазе вас, Антон Кузьміч. «Ён салдат, – сказаў бацька, – а мы з табой цывільныя людзі, я – стары лекар, ты – дзяўчынка, дзіця». Я сказала яму тады многа тых слоў, якія пачула ад вас. Бацька мусіў здацца. Толькі папрасіў, каб я нічога сама не рабіла, пра ўсё даведаецца ён.
Праз тыдзень, можа, не помню, бацька сказаў, што я магу наведаць дзіцячы дом у Высокай Будзе, гэта кіламетраў пятнаццаць ад горада.
– Я ведаю. Там і цяпер дзіцячы дом, – кіўнуў Яраш.
– Жонка бургамістра Цішчанкі, старая набожная баба, замольваючы грахі свайго мужа, займалася дабрачыннасцю – апекавала сірот. Мы паехалі з ёй на машыне бургамістра. Дзень, помню, быў халодны, дажджлівы. Гэта ж была ўжо позняя восень. А яны, дзеці, худыя, сінія, амаль усе без верхняй вопраткі, у адных падраных сарочачках, абступілі нашу машыну. Маленькая дзяўчынка адразу пацягнула мяне за рукаў і папрасіла: «Цётачка, дайце кавалачак хлеба». У мяне не было хлеба, я нічога не ўзяла, бо не думала, што дзеці там такія галодныя. У дзіцячым доме! Яна, бургамістарша, прывезла нейкія пернікі, нейкае адзенне, магчыма, нарабаванае ў другіх такіх жа дзяцей.
«Дайце ім, Анісся Паўлаўна», – папрасіла я. Старая ханжа, звычайна слязлівая і чуллівая, там трымалася важнай дамай. «Усё трэба рабіць па парадку, мілая. Арганізавана!» Не адразу дзеці знайшлі свайго «пана шэфа». Стары, непаголены, пакамечаны і п'янаваты чалавек, дырэктар ці начальнік, не ведаю, як ён у іх называўся, сустрэў нас не вельмі ветліва. Дзіўна, што і дзеці толькі ўпачатку праявілі цікавасць, а потым старэйшыя пайшлі ў лес па дровы. Я адстала ад патранесы і начальніка, запытала жанчыну, работніцу дома, ці ёсць тут хлопчык Тарас Ганчароў. «Не, у нас ёсць Косця Ганчароў. Ваня, пакліч Косцю». З'явіўся худы цыбаты хлопчык гадоў дзевяці. Не, Тараса ў іх не было. І ўвогуле дзеці такога ўзросту да іх больш не паступалі. Толькі старэйшыя. Можа, гэтая жанчына паспела перадаць нашу размову дырэктару. Але ён дзіўна даверыўся мне. Пакуль бургамістарша раздавала свае гасцінцы, ён стаяў са мной побач і шаптаў:
«Слухайце, не трэба нам дабрачыннасці. Нічога нам не трэба. Нас корміць насельніцтва. Мы самі сябе кормім. Але няхай яны не забіраюць дзяцей. Навошта яны забіраюць дзяцей? Учора пяць хлопчыкаў і пяць дзяўчынак. Куды? Для ўсынаўлення. Хто іх усынаўляе? Дзе? Я павінен ведаць. Я адказваю за дзяцей. Не забірайце маіх дзяцей!»
Гэта быў крык душы чалавека, які падазраваў нешта нядобрае. Калі я расказала пра ўсё бацьку, яго таксама вельмі ўстрывожыла такая скарга дырэктара дзіцячага дома. Пасля я даведалася: ад дзяцей бралі кроў… іх вывозілі ў Германію і малых анямечвалі.
– Нямкамі рабілі? Ой, горачка ж якое! – у вялікай скрусе ківала галавой старая, якая дагэтуль слухала моўчкі.
– Я там, у іх, усё пра Тараса думала: дзе ён? Што з ім?
– І не знайшлі хлопчыка? – бабуля, мабыць, не ўсё зразумела з іх размовы.
– Знайшоўся, – адказаў старой Яраш.
– Дзе ж ён цяпер? – Цікаўнасць гаманкой старой расла, яна як бы ўзнагароджвала сябе за многа хвілін пачцівага маўчання.
– Гэта мой сын.
– Праўда? А божачка! – шчыра здзівілася і ўзрадавалася бабуля. – Няхай жа яму Бог здароўечка дае. Вялікі ўжо?
– У арміі адслужыў. Я заўтра вас пагляджу, бабуля. Добра? – звыкла развязваючы завязкі на рукаве халата, сказаў Яраш.
– Добра, доктар. Цяпер вы частым госцем будзеце ў нас.
Зося зморана і ўсё яшчэ вінавата ўсміхалася.
Дзяўчына на ложку каля акна, здалося Ярашу, упершыню глядзела на яго без страху.
Ён падняўся. Залішне заседзеўся. Стаміў, расхваляваў хворую. Вунь як блішчаць яе вочы. Трымае недзе ў калідоры другіх. Ва ўсім патрэбна разумнае пачуццё меры.
Яму не хацелася напамінаць ёй пра бацьку. Але Шыковіч не даваў спакою. Урэшце, яна сама колькі разоў успомніла бацьку.
Яраш спытаў:
– Скажыце, Соф'я Сцяпанаўна, вы помніце каго-небудзь з інфекцыйнай бальніцы, з кім працаваў ваш бацька… Хто хадзіў да вас…
Яна на хвіліну задумалася.
– Я помню сястру… Клаўдзю… Іванаўну, здаецца. Яшчэ была лекар Вакулава. І лекар Ліберман. Але Лібермана яны загналі ў гета. У акупацыі заходзіла да нас толькі гэтая сястра. Як жа гэта яе прозвішча? – Зося зморшчыла лоб.
– Не трэба ўспамінаць. Пасля, – мякка папрасіў Яраш. – Дзякую вам.
– Завошта? – здзівілася яна.
– Добрай ночы, – пажадаў ён усім адразу і пайшоў да дзвярэй.
9
Майзіс з жонкай і Маша прыехалі раней за ўсіх. Яшчэ ў цяні пад вольхамі не апала раса. Яшчэ спалі дзеці Яраша і Шыковіч, які працаваў да дня. А гаспадыні ўжо поркаліся на летняй кухні, пад стрэшкай. Ім памагаў Тарас. Распаліў агонь пад самаробнай плітой, прынёс сталы, дровы і прадукты. Хлопец шукаў сабе работу.
Раніца была надзіва – сонечная, звонкая, з лугу патыхала вільготным халадком, а бор дыхаў неастылай цеплынёй учарашняга дня. Нерухомая ўрачыстасць сосен зноў прадвяшчала спёку. А можа, навальніцу. Дажджу прасілі і людзі і дрэвы. Што б ні здарылася наперадзе за доўгі летні дзень, але раніца такая, што дзіця: прыносіць усмешку і радасць.
Жанчыны гатавалі з добрым настроем. Праўда, паскардзіліся на свой нялёгкі дачны лёс: зноў госці!
– Шыковіч мой нешта астыў, мала каго ўжо запрашае, – зазначыла Валянціна Андрэеўна.
– Затое Антон загарэўся.
– Сёння, Галіна Адамаўна, больш гасцей маіх, – адгукнуўся Тарас. – Але сваіх я магу прыняць на лузе. Акрамя вады і прасторы, ім нічога не трэба.
– Як не сорамна, Тарас! Тваім гасцям мы заўсёды рады.
Галіна Адамаўна казала шчыра. Больш трывожылі яе госці мужа, правільней кажучы, адна госця – Маша. Яна бачыла дзяўчыну разы два ў бальніцы, даўно, можа, год назад. Чаму раптам Антону ўздумалася запрасіць яе? Хіба мала калег-лекараў? Майзіс, напрыклад, – гэта зразумела.
Але трывога яе знікла, калі Майзісы знянацку падкацілі на сваім чырвоным запыленым «Масквічы» і Галіна Адамаўна ўбачыла Машу. Дзяўчына здавалася ёй не толькі нецікавай, але нават вульгарнай. Да ненатуральнасці вогненна-рудая, яна, як бы кідаючы выклік людзям звычайным, і плацце надзела дзіўнае па колеру і па фасону: чырвона-жоўтае, з малюнкам кляновага лісця; лёгкая тканіна, здавалася, не кроілася, не шылася, а сцягвалася ніткамі на самой дзяўчыне – па форме яе постаці. Галіне Адамаўне нават стала весела, калі яна ўбачыла, што Тарас разглядае госцю, як нейкае дзіва.
Яраш чытаў замежны часопіс па хірургіі і выйшаў у піжаме. Ён таксама здзівіўся і сумеўся. Папрасіў прабачэння. Збянтэжыў Майзісаў. Маленькая, чорненькая, нафарбаваная і завітая, як лялька, Даная Вітальеўна ў апраўданне пачала нападаць на мужа:
– Вы ведаеце, Антон Кузьміч, Міхал Евелевіч фанатык. Калі яму нешта ўлезла ў галаву, ён не дасць спакою ні сабе, ні людзям. Бачыце, захацелася чалавеку стаць рыбаком. Антон Кузьміч вучыць яго хірургіі. Дык ён павінен яшчэ навучыць цябе лавіць рыбу. Ах, Міша! Прабачце, Антон Кузьміч…
– Не, не прабачаю. Дамаўляліся ў шэсць, а цяпер дзевяць. Які з вас рыбалоў? Соня!
Яраш жартаваў, а сам пазіраў на Машу, якая з дзіцячым захапленнем разглядала ўсё навокал.
Валянціна Андрэеўна прашаптала сяброўцы:
– Арыгінальная асоба.
Яраш нарэшце ўспомніў, з якой мэтай напрасілася ў госці Маша.
– Тарас! Дзе Тарас? Маша прыехала, каб пазнаёміцца з табой.
Тарас мусіў вылезці са свайго ўкрыцця і таксама збянтэжыўся, бо быў у майцы, у пакамечаных парусінавых штанах і босы. Не, не ўласны выгляд яго збянтэжыў. Нешта другое.
Майзіс працягнуў яму руку проста, па-мужчынску, яго жонка абыякава, без цікаўнасці: у яе свая філасофія – падабацца перш за ўсё гаспадыні. А гэтая вогненная чарадзейка раптам застыла ўся як бы ў непаразуменні, а потым сказала, здалося Тарасу, з расчараваннем:
– Вось вы які! А я думала, вы, як Антон Кузьміч.
Гэта не спадабалася Галіне Адамаўне: чаму ёй хочацца, каб усе былі падобны на Антона Кузьміча?
Калі праз пяць хвілін сабраліся рыбаліць, Яраш спытаў у сына:
– Тарас, ідзеш з намі?
– Не, я застануся, памагу жанчынам.
Тады і «модніца» звярнулася да гаспадынь:
– Дазвольце і мне застацца на кухні.
З-за цікаўнасці – «А што ты ўмееш рабіць, галубка?» – Валянціна Андрэеўна тут жа згадзілася, каб Маша памагла ім.
Яна надзела фартушок, спрытна і прыгожа завязала на галаву касыначку і неяк адразу ператварылася ў простую, сціплую і надзіва дамавітую маладую гаспадыньку. Такое нечаканае ператварэнне ажно спалохала Галіну Адамаўну. А калі Маша пачала раіць, якія закускі можна згатаваць з тых прадуктаў, якія Тарас выцягнуў з пограба, Валянціну Андрэеўну здзівілі яе кулінарныя веды. А жонка Яраша ўсё больш насцярожвалася. Але чым мацней яна настройвала сябе супраць дзяўчыны, тым больш тая падабалася ёй. Калі прыгледзелася, то колер плацця не здаваўся цяпер вульгарным, ён добра пасаваў да чырвоных валасоў. Ды і фасон не такі ўжо стыльны – проста з густам скроены. Першая гэта адзначыла Валянціна Андрэеўна, якая лепш за яе разумела моды.
– Хто вам шыў, Маша?
– Не паверыце, самая маладая краўчыха. Я хадзіла ў палац чыгуначнікаў на курсы кройкі і шыцця і там пазнаёмілася з адной дзяўчынкай. Гарбаценькая, ведаеце, а такая здольная. Наша выкладчыца ледзь не лопнула ад зайздрасці, калі Геня пашыла дыпломнае плацце.
Маша засмяялася. І Валянціна Андрэеўна засмяялася. І Тарас. Цяпер ён зусім інакшымі вачамі глядзеў на дзяўчыну – зацікаўлена і прыязна. Галіне Адамаўне і гэта не спадабалася.
«Аціраешся каля бабскіх спадніц, – падумала яна пра Тараса. – Вельмі нам патрэбны такі памочнік! І што ты робіш? Тарашчыш вочы?.. Пасаромеўся б, брыгадзір камбрыгады».
Але сама яна мімаволі любавалася, як Маша гатуе салату. Па-першае, па свайму адменнаму рэцэпту, а па-другое, так спрытна валодае нажом, лыжкай, што той кухар вышэйшага класа. З той хіба розніцай, што ў яе ў сто разоў больш артыстычныя рухі, здаецца, не гуркі крышыць, а іграе на невядомым інструменце. І кубікі гуркоў у яе роўненькія, прыгожанькія, такія ў іх, старых гаспадынь, не атрымліваліся.
«Калі яна з гэтакай артыстычнасцю працуе ў аперацыйнай, недарма яе Антон так хваліць», – падумала Галіна Адамаўна прыязна, але тут жа адчула, як нядобра ёкнула сэрца. Спытала:
– Дзе вы навучыліся так кулінарнічаць?
– А я да курсаў медсясцёр служыла хатняй работніцай. У палкоўніка.
– Вы… хатняй работніцай?
– Чаму вы здзівіліся? Нас у мамы пяцёра засталося, калі бацька загінуў. Двое малодшыя за мяне. А калгас тады ў нас быў…
Па яе тону здагадаліся, які быў у іх калгас. А яна нібы засаромелася гэтага прызнання, як бы ў тым, што калгас быў бедны, ёсць і яе віна.
Глянула на Галіну Адамаўну, потым на Шыковічыху, якая гатавала фарш для катлет, а сказала Тарасу, па-праўляючы касынку:
– Цяпер у нас саўгас. Тарас, вам няма чаго рабіць, навастрыце нож. Тупы.
Тарас, пачырванеўшы, кінуўся шукаць асялок.
Валянціна Андрэеўна зноў засмяялася. Ёй падабалася гэтая дзяўчына, асабліва пасля такой біяграфічнай даведкі. Яна любіла вось такіх – настойлівых у дасягненні жыццёвай мэты. Маша таксама адчула сімпатыю да гэтай поўнай, гаваркой, па ўсім відаць, добрай жанчыны. Тонкая натура, яна адчула і насцярожанасць, з якой ставілася да яе жонка Антона Кузьміча. І прычыну зразумела. Не абразілася, не пакрыўдзілася, але здзівілася, што ў самой яе таксама з'явіўся пэўны халадок у адносінах да Галіны Адамаўны. Розумам прымушала сябе палюбіць яе, але сэрца не слухалася такога загаду. Сэрца цягнулася да шчырай, ласкавай Валянціны Андрэеўны. Яны хораша гутарылі. Маша з гумарам расказвала пра сваю службу хатняй работніцай, пра сям'ю палкоўніка, пра яго жонку, былую сялянку, пра яе смешнае імкненне быць арыстакраткай.
Усё, напэўна, ішло добра… Але прачнулася Іра (у сям'і Шыковічаў адна маці ўставала рана). У халаце, з ручніком, заспаная і хмурая, з'явілася яна пад паветкай, каб нешта запытаць у маці. Здзівілася, угледзеўшы Машу. Іх пазнаёмілі. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Іра глядзіць на яе зняважліва і насмешліва: «Адкуль ты такая спрытная ўзялася?» Гэта закранула Машына самалюбства.
«Няхай жонка Яраша глядзіць на мяне, як хоча. Яна старэйшая ўдвая. А ты, дурная авечка, чаму працягваеш мне руку, быццам робіш вялікую ласку? Не міргай сваімі блізарукімі вачамі. Я ўсё бачу».
Яна дэманстратыўна адвярнулася да Тараса. Сказала яму:
– А я ведаю, як вас ратавалі ў вайну. Як шукалі…
– Мяне?
Іра хмыкнула.
– У вайну ён пешшу пад стол хадзіў.
Маша не адказала ёй. Яна спытала ў крыху здзіўленага Тараса:
– А вы не помніце? Нічагусенькі? А я помню, як праводзілі тату на вайну. Мне ішоў чацвёрты год. Перад вачамі стаіць, як тата плакаў. Твару не помню, што плакаў – помню. Трымаў мяне на руках і плакаў. А я выцірала яму слёзы.
Расчырванелы Тарас сядзеў на зямлі і разбіваў качаргой у печы галавешкі. Водсвет жару залаціў яго белыя валасы. Іра ўсміхнулася, падумаўшы: «Тарас парыжэў ад гэтай рыжай. Сапраўды, адкуль яна ўзялася? – І тут жа ўспомніла: – А-а, Яраш расказваў пра „залатую сястру“, – і зноў хмыкнула: – Залатая!»
Можа, Іра нешта сказала б, але маці глянула на яе строга, папярэджваючы.
Валянціна Андрэеўна рабіла пірог, і рукі яе былі ў белым цесце, а правая скроня ў муцэ. Іра падумала, што і сівая мама будзе прыгожая. У яе расла непрыязь да гэтай рудой. Як незалежна яна трымае сябе на іх імправізаванай кухні! Як гаспадыня. А як размаўляе. Ад вайны і бацькі – да дроў:
– Тарас! Дровы вашы залішне сухія. Не трэба такі агонь. Усё папаліць. Знайдзіце сырэйшыя дровы.
Тады Іра нечакана для сябе самой прапанавала:
– Тарас! Хадзем купацца.
Але найбольшай нечаканасцю гэта было для Валянціны Андрэеўны. Маці што токам ударыла. Няўжо гэта сказала Іра? Тая Іра, якая чырванела і абуралася, калі пры ёй пачыналі размову пра каханне, хлопцаў-жаніхоў, замужжа. Малодшы Славік сваімі бесцырымоннымі жартамі часта даводзіў яе да слёз. А яна, Валянціна Андрэеўна, неаднойчы з болем гаварыла мужу:
«Боязна мне за Ірку. Нейкая яна замкнутая, нелюдзімая. Дваццаць год, а яна што дзіця. Баюся, не выйсці ёй замуж. Шчэ гэтая блізарукасць».
«Выйдзе», – адказваў аптыміст Шыковіч.
Жонка папракала:
«Не думаеш ты пра дзяцей».
«Калі мы абое пачнём гэтулькі думаць, як ты, замнога ўвагі ім будзе. Лепш навучы яе суп варыць».
Іра нават з імі, жанчынамі, не надта ахвотна хадзіла купацца. Больш адна. А пры мужчынах ніколі не скідала плацця, хоць мела самыя закрытыя купальнікі.
І раптам яна запрашае хлопца ісці купацца. Удваіх? Валянціна Андрэеўна проста аслупянела. Што здарылася? Што адбылося з яе Ірай?
– Я ўжо купаўся, – адказаў Тарас, адчуваючы няёмкасць ад такога запрашэння.
У гэты момант Галіна Адамаўна папрасіла яго схадзіць па ваду. Ваду для піцця і стравы бралі ў лясніцтве.
– Давайце я прынясу, – адгукнулася Іра.
Схапіла вёдры і пабегла. Рэдка яна праяўляла такую ахвоту да фізічнай працы. Маці, здзіўленая да ашаламлення, забыўшыся на ўсіх другіх, глядзела ёй услед. І раптам зіхнула думка: Іра, яе Іра закахана ў Тараса. Гэта так відавочна. Яна ўмела хаваць сваё каханне, пакуль яму нічога не пагражала. А ўбачыла гэтую рудую, адчула саперніцу… І знікла сарамлівасць, замкнутасць – усё, што дагэтуль вызначала яе характар. Валянціне Андрэеўне стала і радасна, і балюча, і боязна за дачку. Першае каханне. Першыя пакуты. А што ён, Тарас? Як ён адносіцца да Іры? Яна, маці, лічыла б за шчасце, каб такі хлапчына, разумны, стрыманы, разважлівы, пакахаў яе дачку. Чаму яна адкрыла Ірыніна каханне толькі сёння? Навошта з'явілася гэтая вогненная дзяўчына? Чаму Тарас тырчыць каля іх? Няхай бы сапраўды пайшоў на луг, купацца ці лавіць рыбу.
Іра прынесла ваду. Над быльнягом за паветкай пляснула з конаўкі на твар, выцерлася і далучылася да жанчын.
– Што мне рабіць, мама?
Што ёй рабіць? Ёй так захацелася рабіць, абы застацца тут. У Валянціны Андрэеўны сціснулася сэрца. Можа, упершыню яна адчула на поўную сілу, як няўмела выхоўвала сваіх дзяцей. Якую даць работу, каб Іра магла рабіць яе з такім жа ўменнем, спрытам, артыстычнасцю, як гэтая чужая дзяўчына, на першы позірк непрыгожая, а ў сапраўднасці элегантная, менавіта праз гэтае сваё высокае ўменне працаваць і трымацца?
– Хадзем дроў напілуем, – сказаў Іры Тарас.
– Дровы? – здзівілася яна, але тут жа згадзілася.
Валянціна Андрэеўна ведала, што не ўмее яе дачка пілаваць, бо ніколі ў жыцці не бралася за пілу. Але ўзрадавалася, што яна пайшла з Тарасам. Цяжка ёй, маці, глядзець і параўноўваць, як працуе Іра і гэтая залатая чарадзейка. На міг адступілі некуды захапленне і любаванне дзяўчынай і з'явілася раўнівая непрыязь да яе. Агіднае пачуццё. Ёй, настаўніцы, зрабілася сорамна за такое пачуццё. Не, яна павінна быць шчырай і аб'ектыўнай.
А другая жанчына – Галіна Адамаўна – у гэты момант думала:
«Няхай бы Тарас закахаўся ў гэтую рудую. Ён бы адгарадзіў яе ад Антона. Антон высакародны чалавек. Але ён слабы, як усе мужчыны. Калі ён прывёз яе, каб пазнаёміць з Тарасам, то, значыцца, нічога ў іх не было, яна добрая дзяўчына, і мне варта прылашчыць яе».
Паднялося над лесам сонца – і ўзняўся вецер. Зашумеў бор, як далёкі марскі прыбой. Знікала ранішняя дымка на небе, быццам вецер старанна працёр гэтае вялізнае блакітнае шкло. Не было душна, як некалькі апошніх дзён. Аднак сонца паліла няшчадна. Доўга чакалі рыбакоў снедаць. Яны не прыйшлі.
Снедалі пад дубамі.
Шыковіч прачнуўся з галаўным болем, не мог знайсці лязо для брытвы, хоць добра помніў, што прывозіў іх з горада, узлаваўся, бурчаў на жонку, на дачку. А ўбачыў Машу – і адразу падабрэў. Валянціне Андрэеўне, разважлівай, спакойнай, якая ніколі не раўнавала беспадстаўна, стала смешна і сумна. З іроніяй назірала за мужам, як ён заляцаецца да Машы, з трывогай – за Тарасам і Ірай. Каб толькі залатая чараўніца не падзейнічала так на хлопца, як на гэтага лысаватага рамантыка, яе мужа. Здаецца, Тарас вядзе сябе больш разумна, паважна, больш стрымана.
А ў Галіны Адамаўны, калі яна ўбачыла, як загарэўся Шыковіч перад Машай, зноў засмактала ў грудзях. У яе была свая грубая філасофія: мужчыны – што каты, адразу, нюхам, чуюць кошку. І яна ўжо амаль ненавідзела дзяўчыну. Але за сталом было весела.
Шумелі дубы. Церушыліся на стол, у талеркі і шклянкі тонкія сухія галінкі, мох, зрэдку злятаў заўчасна пажоўклы ліст. З лугу цягнула густым водарам сухога сена.
Ва ўсіх быў добры апетыт. Маша ела са смакам, многа і па-дзіцячы прыгожа. Шыковіч любіў такую здаровую, «эстэтычную», як ён казаў, яду. Наташа, нягледзячы на пагрозы маці, за снеданнем чытала, не магла адарвацца ад «Запісак вучаніцы». І раз-пораз выбухала такім залівістым смехам, што і ўсе дарослыя смяяліся, хоць і не ведалі, што там, у кнізе.
– Ох, не магу! Памру, – дрыгала Наташа пад сталом нагамі. – Усё, як у нашым класе.
– Наташка, не крыўляйся.
– Што ты, мама! Каб ты прачытала, то сама поўзала б ад смеху. Вы не чыталі, дзядзька Кірыла?
– Не.
– Вы нічога не чытаеце. Самі пішаце, а нічога не чытаеце.
– Наташа!
– Правільна, Наташа. Не ў брыво, а ў вока бі, – ухваліла Валянціна Андрэеўна.
– Валя! Ёсць і другія правілы для дзяцей.
– А я чытала – і нічога там смешнага.
– Бо ты, Ірка, як наша ангелька, смяешся раз у месяц, па святочных днях.
– Наташа! Я табе язык накалю, паганка. Ідзі прэч, – узлавалася Галіна Адамаўна.
– Не трэба, Галя, – папрасіў Шыковіч. – Усе людзі павінны гаварыць, што думаюць. Якая была б шчырасць у адносінах!
– Быў бы поўны хаос, тата.
– А я чытаю мала, – уздыхнула Маша.
– Чаму? – спытаў Шыковіч.
– Не ведаю. А вы – чаму?
– Я? – Ён засмяяўся. – Дзіця маё, я мала чытаю такія кніжкі, якія чытае Наташа. Але колькі я чытаю другіх, часам такіх, над якімі Наташа заснула б на другой старонцы. А рукапісаў! Я аслеп ад рукапісаў. А цяпер яшчэ ад архіўных дакументаў. У мяне цяжкі жанр – дакументальны. Не толькі праца пісьменніка, але і гісторыка, – ён уздыхнуў.
Валянціна Андрэеўна хавала ўсмешку ў кубак з чаем. Яна паважала мужаву працу, яго творчае гарэнне. Але каму ён гаворыць усё гэта зараз, напускаючы на сябе такую паважнасць, скардзячыся на нялёгкі лёс? Незнаёмай дзяўчыне, каб паланіць яе хоць чым-небудзь. Смешны стары дурань! Пасаромеўся б дачкі.
Шыковіч, памогшы Тарасу вынесці пад дубы амаль усе сталы, якія былі на дачы, пайшоў дапісваць артыкул. Тарас і Наташа панеслі рыбакам снеданне.
Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Прыходзяць госці, а гаспадыню ўжо нішто не цікавіць, яна ўжо згарэла. Да такога стану дайшла Галіна Адамаўна дужа рана: яе стаміла не столькі работа, колькі хваляванне, трывожныя думкі пра мужа і Машу. Яна ўпала пад дубамі на коўдру і… заснула.
Валянціна Андрэеўна і дзяўчаты сцераглі яе сон. Гаварылі напаўголасу.
Маша і Іра быццам бы пасябравалі, разгаварыліся. Валянціна Андрэеўна назірала за імі і бачыла, як лёгка і адкрыта ішла на збліжэнне Маша і як асцярожна, хітра, дыпламатычна падступала да новай знаёмай яе дачка. Маці стала непрыемна. Адкуль гэта ўзялося ў Іры? І наогул, чаму ўсё так атрымліваецца? Здавалася б, простыя бацькі, простыя і шчырыя адносіны ў сям'і – і раптам такія дзеці, зусім розныя і абое з нейкімі дзіўнымі адхіленнямі ад той нормы, што выпрацавала педагогіка, якой яна, Валянціна Андрэеўна, аддала ўсё сваё свядомае жыццё. Упершыню яна падумала пра гэтую навуку без павагі, скептычна ўсміхнуўшыся.
«Можа, Кірыла таму лягчэй перажывае паводзіны дзяцей, што ён не ведае гэтых педагагічных догм. Ён лёгка запальваецца, але лёгка і патухае. Як ён сустрэне Славіка?»
Толькі падумала пра сына, а ён тут як тут.
Яна сядзела пад паветкай на нізкай калодачцы і, задумаўшыся, мыла ў тазе талеркі, відэльцы і нажы. І раптам убачыла не яго – цень. Уздрыгнула, падняла галаву. Славік упаў перад ёю на адно калена.
– Мама, твой блудны сын з'явіўся пад гэтую мірную дачную страху і вінавата схіляе гвалтоўна абстрыжаную галаву. Пасып яе гарачым попелам.
Звыклы яго ход – адразу ўсё перавярнуць на жарт. Яна ўпэўнена, што не так весела ў яго на сэрцы, але ён жартуе, ён усё адно жартуе. Аднак не пра гэта маці думала. Яна даўно не бачыла яго стрыжаным. І ў гэтай стрыжанай, круглай, трохі смешнай роднай галаве яна ўбачыла маленькага Славіка, добрага, ласкавага, таго, які, прачынаючыся, перабіраўся ў іх ложак і вось гэтай стрыжанай галавой туліўся да яе шчакі.
Ёй зрабілася да болю шкада яго. Нясцерпна хацелася ўзяць мокрымі рукамі яго дурную галаву, прытуліць да грудзей, пацалаваць, а потым накруціць гэтыя любыя ружовыя вушы. Салодка было недзе глыбока ў грудзях і горка ў горле. Уміг успомнілася, якім прыехаў у той дзень, калі Славіка пасадзілі, бацька – што хмара. Яна вырашыла, што ён зноў з кім-небудзь пасварыўся ў рэдакцыі, і, каб адцягнуць яго думкі ў іншы бок, спытала, ці бачыў ён Славіка. Як Кірыла падскочыў, як закрычаў:
«Дарожкі ў парку падмятае твой Славік! Пацалуйся ідзі з ім! Выхавала бандыта, педагог няшчасны!»
Яна адразу нават не зразумела, што да чаго. А з Ірай ледзь не здарылася істэрыка. Дачка крычала:
«Вось ён, ваш сынок, ваш любімчык! Я даўно казала, што ён зганьбіць усіх нас! Божа мой! Які сорам! Цяпер нельга будзе паказацца ў горадзе. А ўсё вінаваты вы! Абое вы. Бацькі! Патуралі, няньчыліся…»
Валянціну Андрэеўну тады абразілі словы дачкі: быццам з ёй няньчыліся менш.
А цяпер Іра стаяла, глядзела на ўкленчанага Славіка і стрымлівала сябе, каб не зарагатаць.
Яны ішлі ад стала, які накрывалі, убачылі Славіка, – спыніліся за яго спіной. Маша глядзела здзіўлена, Іра – з іроніяй. Валянціна Андрэеўна ўбачыла іх і, схамянуўшыся, сурова сказала сыну:
– Не крыўляйся. Устань!
Славік падняўся, не забыўшыся абтрэсці калена, і паправіў канцы чырвонай вяровачкі, што замяняла гальштук.
Валянціна Андрэеўна раптам узлавалася:
– І каб я не бачыла ў цябе на шыі гэтую дурацкую вяроўку. Выкінь!
Ён паслухмяна сарваў бляшку, вышмаргнуў вяровачку, размахнуўся, каб шыбануць яе ў кусты каля ручая… І тут убачыў сястру і… Машу. Застыў у вялікім здзіўленні. Потым ступіў крокі два ўбок, пакруціў стрыжанай галавой, як бы праганяючы сон. Хутка наблізіўся да дзяўчат. Крыкнуў:
– Мама! Я не сплю? Адкуль узялося гэтае дзіўнае стварэнне? – І да Машы: – Слухайце, вы ж незямная. Я вас часта сніў. Я сніў марсіянак. І ўсе яны падобны на вас. Далібог жа, праўда? Не, скажыце шчыра, вы адтуль? – Ён паказаў на неба і зарагатаў.
– Славік! – сурова спыніла маці. – Вядзі сябе прыстойна.
– А хіба я сказаў што-небудзь непрыстойнае? Клянуся, я шчыра перакананы, што яна адтуль. На зямлі я такіх не страчаў.
Машу абразіла, як бесцырымонна, не пазнаёміўшыся нават, гэты юны шалапут разглядае яе. Абразіла і ўся яго недарэчная балбатня. Яна застыла на міг, а потым падняла руку, прыклала далоню да шчакі, нібы мацаючы, ці не гарачая. Сказала не яму – Валянціне Андрэеўне:
– А я такіх страчаю штовечар. У парку. І заўсёды п'яненькіх.
Словы яе ранілі сэрца маці. Валянціна Андрэеўна адчула непрыязь да дзяўчыны. А са Славіка – што з гусі вада. Ён галантна пакланіўся, шаркнуўшы нагой па сухой траве:
– Дзякую за высокую атэстацыю.
Мабыць, адчуўшы настрой маці, баючыся, што Маша зноў скажа што-небудзь непрыемнае, Іра павярнула знаёмства на звычайны мірны шлях:
– Мой брат. Уладзіслаў. Ён добры, толькі крыўляка.
– Ура! – гукнуў на ўвесь лес Славік. – Мая дарагая сястра прызнае мяне добрым. У такі дзень! Прагрэс!
– А гэта – Маша.
– Маша?
Мабыць, Славіку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, і такое простае імя як бы працверазіла яго. Ён зусім сур'ёзна працягнуў ёй руку. Маша нейкі момант вагалася – падаваць руку ці не. Гэта спалохала Валянціну Андрэеўну. Што, калі яна не падасць рукі? Якая будзе абраза для хлопца. Яе заўсёды палохалі нячуласць, чэрствасць.
Але Маша раптам працягнула руку, хораша ўсміхнуўшыся. І ў гэты момант Валянціна Андрэеўна даравала ёй усё.
– Хто вы, Маша? – затрымліваючы яе руку, сур'ёзна спытаў Славік.
– Сястра.
– Чыя?
– Аперацыйная.
– Аперацыйная? – Відаць, да яго не адразу дайшло, што гэта такое. – З бальніцы? – Ён ціха свіснуў, нявесела пажартаваў: – Умее Яраш выбіраць сабе сясцёр. – І, ужо выпусціўшы яе руку, адыходзячы, кінуў убок, яўна з зайздрасцю: – Яраш усё ўмее.
Маці адчула гэтую зайздрасць, гэты нечаканы пераход ад крыўляння да сур'ёзнасці, зразумела, як нялёгка было Славіку прыйсці, і зноў пашкадавала яго: «Які ён худы, падстрыжаны, адны вушы тырчаць. І пад вачамі сінія цені».
– Ты галодны?
– Як воўк.
Яны падавалі яму на стол утраіх – маці, Іра, Маша – усё самае лепшае, што гатавалі для гасцей, як самаму галоўнаму госцю.
Валянціна Андрэеўна адчувала ўдзячнасць дачцэ і Машы за іх чуласць. Яе нават не вельмі кранала, што сын больш аддае ўвагі гэтай амаль незнаёмай дзяўчыне, чым ёй, маці. Пільна сочыць за кожным яе рухам, ловіць кожнае слова і позірк.
«Захапляецца зусім па-дзіцячы», – з замілаваннем падумала маці.
Ад добрага снедання і жаночай клапатлівасці Славік зноў зрабіўся балбатлівы.