355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 4)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 28 страниц)

5

На супынцы таксі каля вакзала адзін з шафёраў ветліва запрасіў Яраша:

– Калі ласка, доктар, у маю машыну.

– У Дзятлаўскае лясніцтва. Ведаеце?

– Ведаю. Наш брат усё мусіць ведаць.

«Волга» рванула з месца, Яраш па інерцыі адкінуўся на спінку і гэтак застыў. Мільгалі вулічныя ліхтары, вітрыны, сігналы сустрэчных машын. Ён заплюшчыў вочы, але не адчуў асалоды адпачынку. Дзень скончаны. Незвычайны дзень. Яраш жыў уражаннямі ад сустрэчы з чалавекам, якога васемнаццаць год лічыў мёртвым. «Вось сюжэт для Кірылы». Ён хацеў надаць думкам іншы кірунак, абстрагавацца і супакоіцца. Але дарэмна. Супакоіцца не так проста.

Зося папрасіла, каб ён аперыраваў яе. І не сказала, як многія іншыя: «Лепш памерці, чым так пакутаваць». Не. Яна верыць, што ён здолее ўратаваць яе.

Калі тая аперацыя! Праз месяц… І ці можна яе ўвогуле аперыраваць? Гэта яшчэ пакажуць даследаванні. А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца, бадай, мацней, чым перад сваёй першай самастойнай аперацыяй. Уяўляе яе сэрца, бачыць, як на макеце, звужэнне левай перадсардэчна-страўнікавай шчыліны… Недастатковасць клапана… Мозг пачынае напружана працаваць. Ідзе аперацыя. Ён уважліва і прыдзірліва прасочвае ўвесь ход яе, ад падрыхтоўкі хворай да…

Раскрывае грудзі… Бярэ сэрца… Вось яно…

Машына рэзка спынілася. Яраш расплюшчыў вочы. Стаялі перад закрытым шлагбаўмам каля чыгуначнага пераезду на ўскраіне горада.

«Усяго праехалі?» – здзівіўся ён.

Прайшло некалькі хвілін, а ён траха не скончыў такую аперацыю, на якую патрэбны гадзіны.

– Задрамалі, Антон Кузьміч? – спытаў шафёр.

Дзесьці збоку пыхкаў паравоз. Затрубіў у ражок стрэлачнік.

Яраш заглянуў шафёру ў твар, асветлены слабым водбліскам прыбораў і чырвоным ліхтаром шлагбаўма. Не, гэтага чалавека ён не лячыў, памяць у яго на твары добрая. Шафёр, зразумеўшы, што доктар хоча пазнаць яго, растлумачыў:

– Вы ўратавалі майго сына, Антон Кузьміч. На ўсё жыццё вам удзячны. Маці штодня ўспамінае. Хаця б ты, кажа, павазіў доктара. Скажыце, і я кожны дзень буду вазіць вас.

– Хабар? – усміхнуўся Яраш.

– Які хабар, доктар? – пакрыўдзіўся шафёр. – Хабар даюць за цёмныя дзялы. А тут – жыццё сына…

Прайшоў нядоўгі таварны састаў. Старэнькі паравоз сыпануў у начное неба жменю іскраў. Але яны не сталі зоркамі – упалі назад на зямлю і патухлі.

Павольна падымаўся шлагбаўм. У нейкі міг замест чырвонага ліхтара загарэўся зялёны. Яраша заўсёды здзіўляла гэтая няхітрая механіка.

Машына кінула на пераезд сноп кароткага святла. Заблішчалі рэйкі. Вартаўнік пагразіў пальцам. За пераездам фары выхапілі з ночы больш доўгі кавалак чорнай шашы.

Яраш глянуў убок і ўбачыў зоркі. Іх было мала, і яны плылі над чорным лесам, які заўсёды ўначы чамусьці здаваўся горнай градой – з вяршынямі, доламі, цяснінамі. А ўдзень гэта была зусім роўная сцяна лесу за кіламетр ад дарогі. Там, наперадзе, лес падступіць да самай шашы, і тады знікне гэтая ілюзія. Антон Кузьміч ніяк не мог растлумачыць прычыны такога зрокавага падману.

Усё гэта – супынка, размова з шафёрам, зоркі, лес – адцягнула думкі ад Зосі. Праўда, ненадоўга. Хутка ён пачаў зноў думаць пра яе, але ўжо інакш. Прыгадаў, як зноў, другі раз за дзень, сутыкнуўся з Тамарай. Яна раптам запярэчыла супраць пераводу Зосі ў тую клініку, дзе пастаянна працаваў Яраш. Калі ён пайшоў, каб растлумачыць ёй, што мае сам аперыраваць хворую і таму зручней, каб яна была пад яго штодзённым наглядам, Тамара са здзекам спытала:

– Гэта тваё падпольнае каханне?

Антон не вытрываў і вылаяўся груба і злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформіла перавод.

Калі Яраш пазваніў у рэдакцыю Шыковічу, што мусіць затрымацца, той сказаў:

– Хрэн з табой. Сядзі каля сваіх хворых хоць тыдзень. А я млею ад духаты.

Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго і хораша ўсміхалася, шчасліва і збянтэжана.

– Дзе вы былі ўвесь гэты час?

– Апошнія тры гады тут, у нашым горадзе.

– І не ведалі пра мяне?

– Ведала. Бачыла колькі разоў.

– Бачылі? І не маглі прыйсці?

– Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі кравецкай на Выселках.

– Ды якое мае значэнне, кім вы працавалі! Глупства! Сорамна падпольшчыцы дзяліць людзей на маленькіх і вялікіх.

– Якая я падпольшчыца! Я дачка доктара Савіча. – Вочы Зосі напоўніліся слязамі.

– Ну, не трэба! Калі ласка! Ніякіх хваляванняў і ніякіх расказаў! Аб усім пагаворым пасля. – Ён падняўся, каб пайсці.

Яна папрасіла нясмела, сарамліва:

– Пасядзіце яшчэ трошкі, Антон Кузьміч. Хлопчык гэты, Тарас, жывы?

– Хлопчык! Хлопчык гэты ў арміі адслужыў. На заводзе робіць…

– Я шукала яго. – Яна як бы вінавата прасіла прабачэння за тое, што не здолела знайсці дзіця.

– Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе ніякімі ўспамінамі.

Сёстры і санітаркі хадзілі на пальчыках і гаварылі шэптам. У іх былі спалоханыя твары. Яраша абурыла гэта, але ён змаўчаў. Прымусіў сябе маўчаць. Што б яны падумалі, каб ён, звычайна ветлівы і далікатны з малодшым персаналам, раптам накрычаў на іх?

Цяпер, у машыне, ён падумаў, што трэба заўтра ж пра ўсё расказаць Машы і папрасіць, каб яна ўзяла шэфства над Зосяй. Не медыцынскае. Чалавечае.

Таксі звярнула з шашы ў лес. У святле фар дрэвы здаюцца дэкаратыўна нежывымі і ў той жа час фантастычна прыгожымі. Праплываюць застылыя ствалы з нерухомым белым лісцем. Быццам на міг з'яўляюцца на свет з дагістарычнай цемры і зноў знікаюць назаўсёды. Цені бягуць наперадзе, пераганяючы святло, доўгія і вузкія – блізка і шырокія – удалі. А з бакоў – чарната. А ўгары – цемра: зноў не відаць зорак.

Яраш надзвычай любіў начную язду па лесе. Часта прасіў Шыковіча паездзіць. Той не разумеў яго захаплення. Яраш злаваўся: «Які ты, да д'ябла, пісьменнік, калі не адчуваеш такой прыгажосці? Ты паглядзі на гэтыя сосны! Які ў іх колер? А цені? З чым ты параўнаеш іх? Паспрабуй напісаць гэта рэалістычным пэндзлем. Памрэш – не напішаш. Тут, брат, трэба нейкі асобы, умоўны прыём».

«Хірург-абстракцыяніст! – хмыкаў Шыковіч. – Навіна! Дзіва дзіўнае!»

Шафёр таксі, напэўна, хацеў у знак удзячнасці давезці свайго пасажыра як мага хутчэй і імчаў па карэннях і ямах, не шкадуючы машыны.

Яраш папрасіў:

– Цішэй, калі ласка. Можна?

– Можна! – Шафёр адразу збавіў хуткасць. – Я думаў, вы спяшаецеся.

– Не. Я люблю паглядзець на лес.

– О, лясок тут добры! Каб такіх сосен на дом.

– Што было ў вашага сына?

– Пералом пазваночніка. На будаўніцтве, ведаеце. Няшчасны выпадак.

– А-а, помню.

Шафёра ўзрадавала, што доктар помніў яго сына. Як бы пакрыўджаны за хабар, ён праз усю дарогу маўчаў. Гзта яму, відаць, нялёгка давалася, бо калі прарваўся, то пачаў паспешліва і мнагаслоўна расказваць пра сына, пра сябе, пра ўсю сваю сям'ю.

Яраш слухаў і не чуў. Глядзеў на лес і думаў. Як у святле фар выплывалі з цемры дрэвы, так і з ночы памяці выплывалі эпізоды жыцця, далёкія і блізкія, з падполля і з сённяшняга дня.

Да дачы ён не даехаў. Спыніўся каля канторы лясніцтва, сілком усунуў таксісту грошы і пайшоў пехатой.

Свяцілася толькі адно акно – на паддашку ў Шыковіча.

«Трэба адвучыць яго ад начной працы, – падумаў Антон Кузьміч пра сябра і тут жа пра жонку з пяшчотай: – Спіць Галка. Тут добра спіцца».

Шкада было будзіць яе. Калі пад нагамі піснулі ўсходцы ганка, ён пагразіў ім пальцам: «Цыц!» Потым доўга стаяў нерухома, слухаючы начную цішыню.

Не паднімалася рука, каб ціхенька, адным пальцам, пастукаць у шыбіну веранды. Ён быў упэўнены, што дзверы зачынены. Але паспрабаваў асцярожна націснуць на ручку – і дзверы лёгка адчыніліся. Белая, як прывід, постаць стаяла ў адным кроку ад парога. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў і ўміг мабілізаваў свой спакой і вытрымку.

– Што, баішся заходзіць? Сорамна? – не сказала, а прашыпела Галіна і тут жа сарвалася: – Не заходзь у дом, дзе спяць дзеці! Бессаромныя твае вочы!

– Галка! – Ён зрабіў крок, ён прасіў, маліў яе ласкавым іменем, каб яна не рабіла шуму: побач людзі, дзеці.

– Не падыходзь! Не датыкайся да мяне! Брудны тып!

– Галя! Выслухай! – не папрасіў, патрабаваў Антон.

– Што мне слухаць? Мне ўсё сказаў чалавек. «Ён заняты на кансультацыі…» Да дванаццаці ночы! Не першы раз ты «кансультуеш» яе… да позняй ночы! Крывасмок! Колькі ты выпіў маёй крыві! Не падыходзь!

Але сама кінулася да яго і пачала ярасна калаціць маленькімі кулачкамі ў магутныя грудзі.

– Паразіт! Я ненавіджу цябе! Не дакранайся да мяне! Усё! Усё, усё!.. Заўтра, заўтра!.. Зараз жа, зараз!.. Забіраю дзяцей… І ўсё. Жыві са сваёй шлюхай! Але я не дам вам жыцця. Не дам! Не чакай. Не!

– Галя! – Ён адступіў на крок і паспрабаваў засланіцца ад яе ўдараў партфелем, які ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Але яна выхапіла партфель і моцна стукнула ім па галаве, па твары. Гэта яго ўзарвала. Так жонка не паводзіла сябе ўжо колькі год. Узмахам рукі Антон выбіў у яе партфель, а самую схапіў у абдымкі, лёгка падняў, заціснуўшы рукі, каб не драпалася. А каб не крычала, моцна, да болю, прыпаў вуснамі да яе вуснаў. Яна білася, трапяталася, як рыба, дрыгала ў паветры нагамі, намагаючыся вырвацца. Але дарэмна. Ён насіў яе па прасторнай верандзе, быццам закалыхваў, як малую, і праз сціснутыя вусны шаптаў:

– Дурная. Дурная. Дурная…

І яна сціхла. Быццам самлела. Нерухомая, зрабілася цяжкай. Ён адняў вусны – яна не закрычала, нават не папрасіла: «Пусці». Ён ведаў з мінулага, што найпрасцейшы і хутчэйшы сродак памірыцца – гэта паказаць ёй, што нідзе ён не растраціў сваю сілу. Магчыма, Галіна чакала гэтага. Яму стала агідна, балюча і крыўдна. Прыгадалася, з якой прычыны ён затрымаўся, з якімі пачуццямі ехаў дадому. І раптам – такая сустрэча. Антон груба, як мяшок, кінуў жонку на шырокую тахту (яны спалі тут жа, на верандзе). Душыў гальштук. Ён сарваў гальштук і шыбануў цераз стол, у кут. Туды ж паляцеў пінжак і капялюш. У змроку яснай ночы Галіна бачыла гэтыя рэзкія рухі і, адчуўшы навальніцу, маўчала. Яна тонка ўмела адчуваць настрой мужа. Агонь рэўнасці, які яна распаліла, уяўляючы, як мужа, яе мужа, абдымае, цалуе гэтая распуслівая Тамара, – гэты агонь патухаў. Яна амаль гатова была папрасіць прабачэння. Але Антонавы мяккасць і адыходлівасць прывучылі яе да таго, што яна ніколі не рабіла першага кроку да прымірэння. Акрамя таго, вельмі свежымі яшчэ былі пакуты, якія яна перажыла за тры гадзіны – з таго часу, калі Кірыла прыехаў адзін і сказаў, што Антон затрымаўся на нейкай неадкладнай кансультацыі ў трэцяй клініцы. Колькі яна патраціла сілы, каб ні словам, ні рухам не выдаць сябе перад Шыковічамі. Як на злосць, Валянціна Андрэеўна не адступала ад яе ўвесь вечар, расказвала розныя вясёлыя здарэнні. Можа, знарок. Думка, што нехта чужы, збоку, бачыў і здагадваўся, што рабілася ў яе сэрцы, была самай цяжкай. Ужо за адно гэта сваё ўніжэнне яна мае права не дараваць Антону ці, ва ўсякім разе, не ісці першай на прымірэнне. Ён гучна пракаўтнуў горкі і салёны камяк і амаль застагнаў:

– Божа мой!

Галіне стала шкада яго: такі дужы, вялікі, мужны, ён застагнаў. Хваля пяшчоты заліла яе добрае сэрца. Каб ён наблізіўся да тахты, яна прыцягнула б яго да сябе, прыласкала. Але ён хадзіў па верандзе, спатыкнуўся на партфель, злосна піхнуў яго нагой. Пад яго цяжкімі крокамі новыя маснічыны не скрыпелі, а гудзелі. У рамах брынчалі шыбы. Можна было б сказаць яму: «Не хадзі. Пабудзіш дзяцей» – і гэта, напэўна, стала б крокам да прымірэння. Але, акрамя ўсяго іншага, яе распірала дурная жаночая цікаўнасць: што скажа ён у апраўданне? Ён нічога не сказаў яшчэ.

Ён паўтарыў:

– Божа мой! – і, памаўчаўшы, пачаў кідаць словы, як каменні: – Якое дзікунства! Уявіць цяжка… Пражыць з чалавекам шаснаццаць год, выгадаваць дзяцей… І не верыць яму ні на крупінку, ні на залатнік. Бясконца лічыць падлюгам, здольным на любую агіднасць. Бясконца падазраваць… Раўнаваць чорт ведае да каго… Зразумей, ты не дурная жанчына. Урэшце, у такой атмасферы нельга жыць. Нельга дыхаць. Чорт вазьмі!

Словы гэтыя абражалі Галіну Адамаўну. Абражалі сваёй праўдай. Але, так жыць нельга! Ды і не жывуць яны так, яны жывуць хораша і шчыра. А ад гэтых прыступаў рэўнасці яна сама пакутуе ў сто разоў горш. Ён павінен быў зразумець гэта і рабіць так, каб не было ніякіх прычын. Ён павінен шкадаваць яе. А ён вось як лічыць – што яна атручвае яму жыццё, што яна пачвара нейкая.

Галіна заплакала горка, надрыўна.

– Вядома, я дурная… Дзікунка. Не даю табе жыць. Ты вялікі вучоны. А я? Кухарка твая, служанка… Нянька тваіх дзяцей. За імі, за тваёй шырокай спіной ды за гнілымі зубамі пацыентаў я нічога не бачу. Я свету не бачу…

Чым больш яна гаварыла, тым больш пераконвала сябе, што яна вялікая пакутніца, і, заходзячыся ад жалю, курчылася ад рыданняў.

«Ды няпраўда гэта! Хлусіш ты! – хацелася крыкнуць Ярашу. – Хіба ты жывеш горш за іншых? Хіба я не стараюся зрабіць тваё жыццё прыгожым і поўным? Ты сама выдумляеш сабе пакуты». Але ён умеў стрымлівацца. Ён добра ведаў жонку, яе хваробу, у якой, магчыма, больш за ўсё вінавата тая, да каго яна раўнуе. Ён пераключыў сваю злосць на Тамару. Падумаў: як правучыць гэту разбэшчаную бабу? Спыніўся каля тахты. Плечы Галіны сутаргава ўздрыгвалі. І ў яго дрогнула сэрца – стала шкада жонкі. Сапраўды, шмат у чым яна няшчасная. Але хіба ёсць у гэтым яго віна? Можа, не так горача ўжо кахаў ён яе, але кахаў, разважліва, спакойна, разумна, шанаваў, асцерагаў ад жыццёвых нягод, дамагаўся, каб была дружба і вера. Чаму ж яна не верыць яму, найбліжэйшаму чалавеку? Хіба не крыўдна гэта?

Ён прысеў на тахту, асцярожна дакрануўся да яе пляча, гарачага і праз шоўк сарочкі.

– Галя!

Яна ўсхліпнула гучней.

– Добра. Я бяру свае словы назад. Даруй. Але будзь жа і ты аб'ектыўнай. Мы ж культурныя людзі. І нам не па дваццаць год, каб сустракаць адно аднаго кулакамі… Ды і ў дваццаць… Ты прыніжаеш у першую чаргу самую сябе, сваю чалавечую годнасць. Няўжо нельга было спытаць спакойна: дзе ты затрымаўся? І я адказаў бы табе. Я адказаў бы, – ён падняўся і ўсхвалявана прайшоў па верандзе, – што ў мяне незвычайны дзень… Я сустрэў чалавека, які ратаваў мяне ад смерці і якога я лічыў мёртвым. Помніш, я расказваў табе? Дачка доктара Савіча. Ты не ўяўляеш…

Муж расказваў у першыя гады сумеснага жыцця мноства розных гісторый са сваёй дзейнасці падпольшчыка. Галіна нават употай сумнявалася ў верагоднасці некаторых з іх. І большасць гэтых гісторый яна ўжо забылася, бо ў апошнія гады Антон рэдка ўспамінаў сваё падполле. Тым больш яна забыла прозвішчы людзей, пра якіх ён расказваў, якія былі яго таварышамі па барацьбе ці ворагамі. Але незнаёмую ёй Зосю Савіч яна помніла. Помніла, як тая ратавала Антона. І вось гэтая жанчына, пра якую ён успамінаў асабліва цёпла, з'явілася. Адкуль? Сустрэліся яны выпадкова ці яна шукала Яраша? Галіна Адамаўна забылася на сваю крыўду, на рэўнасць да Тамары. Іншае насцярожыла яе. Павярнулася на бок, тварам да мужа. Ён зразумеў гэта так, што жонка зацікавілася, яшчэ больш палагаднеў і пачаў расказваць падрабязна:

– Майзіс папрасіў мяне пракансультаваць хворую. Мітральны стэноз. Сама хворая прасіла. Я прыйшоў у палату… І раптам хворая шэпча: «Віктар». Маю падпольную клічку. Уяўляеш? Не, ты падумай толькі. Васемнаццаць год я лічыў чалавека мёртвым. І вось… Яна не ўсё расказала мне… Але я здагадваюся, што яна перажыла. Чатыры гады, як яна ў нашым горадзе… і пазбягала сустракацца. Дачка доктара Савіча. Гэтым сказана шмат што. Але чаму дачка павінна адказваць за бацьку, калі нават той і сапраўды быў ворагам? Я перавёў яе ў нашу клініку. Гэта заняло час. Яна чула пра мае аперацыі і просіць аперыраваць яе. Буду аперыраваць! Здаецца, супрацьпаказанняў няма. Трэццяя стадыя па Бакулеву.

Галіна з палёгкай уздыхнула.

У яе была дзіўная рыса, выпрацаваная ўласнымі адчуваннямі лекара. Ніколі яна не раўнавала мужа да яго пацыентак. Многія з тых, каго ён лячыў, аперыраваў, запрашалі яго пасля ў госці, і яна смела адпускала яго аднаго. Пацыенткі ў яе вачах пераставалі быць жанчынамі небяспечнымі. А таму мужава паведамленне аб тым, што Савіч цяжкахворая і ён будзе яе аперыраваць, адразу супакоіла Галіну Адамаўну. Яна нават страціла цікавасць да падзеі, якая яўна ўсхвалявала Антона. Цяпер яна адчула сваю віну перад ім, і ёй хацелася хутчэй загладзіць яе. Яна ціха паклікала, перапыніўшы яго расказ:

– Хадзі сюды, Антон.

Ён змоўк, пастаяў звіліну каля стала, як бы раздумваючы – ісці ці не ісці. Наблізіўся нерашуча.

Яна пацягнула яго за руку, пасадзіла на тахту, прыпала да рукі вуснамі.

– Даруй мне, Антоша. Я дурная. Слабая і дурная жанчына.

Яго заўсёды кранала, калі Галіна вось так прасіла прабачэння, ён губляўся, як юнак перад чужой жанчынай, і не ведаў, што адказваць.

– Нічога, нічога. Добра. Я не злуюся. Чаго не бывае ў жыцці. Я ведаю тваю недарэчную рэўнасць.

– Ты слаўны, разумны. Я люблю цябе.

– І я люблю цябе. – Ён пацалаваў яе мокрую, салёную шчаку, вочы, вусны.

Яна абвіла яго шыю гарачымі рукамі і ап'яніла знаёмай цеплынёй, пахам рэчкі, водарам лугу.

– Чакай, я раздзенуся.

Антон уміг скінуў свой лёгкі касцюм і, кладучыся, пацалаваў жончыны калені. У Галіны прыгожыя ногі, і ён любіў іх цалаваць…

Пасля такой нервовай успышкі, прымірэння і блізасці Галіна засынала адразу і спала моцна.

Яраш у тую ноч не мог заснуць. Перад вачамі стаяла Зося. Якія толькі думкі, уяўленні не лезлі ў галаву.

Урэшце ён не вытрымаў: ціха падняўся і, захапіўшы касцюм, выйшаў на двор.

Ноч стаяла ціхая, бязросная і духмяная. Адспявалі ўжо салаўі. Не прачнуліся яшчэ раннія птушкі. Было гадзіны дзве. Лес навокал здаваўся высачэзнай крапасной сцяной, якая абкружала гэты маленькі свет з адзіным домам, у верхнім акне якога гарэла святло. З гэтай крэпасці вялі ў прастор толькі адны вароты на луг: прасвет паміж дубамі і вольхамі, што раслі ўздоўж ручая. Але сёння і гэтыя вароты былі зачынены: над лугам неба цёмнае, яно злілося з зямлёй, кустамі і дрэвамі. Адзінокія цьмяныя зоркі віселі над лесам, як далёкія сігнальныя ліхтары вялікага свету.

За старыцай «драў дранку» дзяркач. Жалобна крыкнула нейкая птушка, можа, трапіла ў зубы драпежніку. Недзе далёка закугакала сава. Ярашу яе крык здаўся плачам дзіцяці, якое заблудзілася ў начным лесе. Ён таксама адчуў адзіноту і смутак. Захацелася да святла, да людзей – у вялікі свет. Прымірэнне з жонкай раней заўсёды прыносіла радасць і заспакаенне. Ад сённяшняга прымірэння застаўся на душы непрыемны асадак. Яна робіць трагедыю з таго, што ён затрымаўся на нейкія дзве-тры гадзіны. Смешна!.. Калі жыве яшчэ ў памяці вялікая трагедыя вайны… Калі трагічны лёс асобных людзей, што пачаўся тады, прадаўжаецца сёння… Праз два-тры тыдні ён ускрые грудную клетку, дабярэцца да сэрца жанчыны, спакутаванай і мужнай. Па-сапраўднаму мужнай. Хто ведае, чым скончыцца гэтая аперацыя…

Яраш адышоў на колькі крокаў ад дома і ўбачыў у акне схіленую галаву Шыковіча. Кірыла пісаў.

Яраш падняў гнілушку, што свяцілася пад нагамі, і кінуў у акно.

Шыковіч высунуўся і пагразіў кулаком, прашыпеў:

– Вар'ят. Спалохаў.

– Хадзем пагуляем.

– Доктар! Ты гуляеш у дзве гадзіны? Прагрэс! Іду. Да д'ябла фельетон! – уміг спусціўшыся з «куратніка», як ён называў мансарду, на зямлю, Кірыла гаварыў пра сваю працу: – Які я фельетаніст! Я лірык. Мне заўсёды не па сабе, калі я раблю чалавеку непрыемнасць, калі нават я і ўпэўнены, што чалавек гэты дрэнь. Адзін стары дурань кінуў старую жонку і сышоўся з маладой. Я гаварыў са старой. Крыклівая, грубая баба. Але і маладая – дрэнь… Чакай. А ты не будзеш чытаць мне мараль, што карысна рана лажыцца і рана ўставаць? Не есці мяса і не піць гарэлкі?

– Не бойся. Ты прасіў мяне падрабязна расказаць табе пра падполле. Маю жаданне расказаць сёе-тое.

– Во-о! Гэта размова! Але што гэта цябе прарвала? То двух слоў не выцягнеш, то раптам сярод ночы…

– Толькі не перапыняй сваімі дурацкімі рэплікамі.

– Усё. Маўчу як рыба.

Расказ Антона Яраша

Павел пазваніў па тэлефоне. Гэта было ў суботу, у канцы жніўня. Ці, можа, у пачатку верасня. Добра помню адно: мы толькі што прачыталі ў газеце, што нямецкія войскі ўварваліся ў Сталінград. Праўда, нават хлуслівы нацыяналістычны лісток не паведамляў наперад, як рабіў часта, што горад заняты «непераможнай арміяй фюрэра». Пісалі, што ідуць жорсткія баі. Але колькі гарадоў было занята перад гэтым! Помню, добра помню, што боль… той невыказны і неапісаны боль, які адчувалі мы, калі здаваўся наш горад, быў самы моцны. Як ні за адзін горад. Ці таму, што гэта горад з такой гісторыяй. Ці таму, што вораг на Волзе!.. Волга! Маленькія стратэгі, мы ўсе ўскладвалі тады вялікія надзеі на шырокія водныя рубяжы. Боль гэты выліўся ў злосць. Не ведаю, што адчувалі другія. У пажарную падбіраліся людзі надзейныя ў адносінах да «новага парадку», амаль гэтак жа, як у паліцыю: усялякі зброд, крымінальнікі. Але помню, што «калегі мае» таксама ў той дзень былі чамусьці злосныя. Мы сварыліся. Мацюкаліся так, што чырванелі сцены. Ні раней, ні пазней за ўсё сваё жыццё я нідзе не чуў, каб людзі так мацюкаліся. Я не адставаў ад іншых. І мне нават цяпер агідна ўспамінаць тую сваю фальклорную красамоўнасць. З-за частых пажараў паламаўся графік дзяжурства, і мы добрых гадзіны дзве высвятлялі, чыя ж чарга: хто недапрацаваў, а хто перапрацаваў у мінулы тыдзень. Чамусьці ў тую ноч ніхто не хацеў дзяжурыць. Начальнік наш – брандмайстар Хіндэль, «свой немец» (ён і да вайны працаваў у нашай пажарнай) – затыкаў далонямі вушы і прасіў стомлена, жаласліва:

«Маен гот! Маен го-от! Няма на вас Бога. Пасаромеліся б маіх сівых валасоў». І раптам зрываўся і сам пачынаў крычаць і мацюкацца: «Сціхніце вы, дзіравыя шлангі! Мяшкі з пяском! Абгарэлыя панчохі! Каб на вас…»

Ён быў мяккі, слабахарактарны чалавек, і яго ніхто не баяўся. Баяліся «сапраўднага немца» Лотке, які займаў пасаду механіка, але ўсюды сунуў свой нос, як і належала агенту гестапа. Каб ён з'явіўся, сварка адразу сціхла б і дзяжурыў бы той, каму Хіндэль сказаў. Ён сказаў Гвоздзіку, быў у нас такі п'янчужка. Той ківаў на мяне, да яго далучыліся яшчэ двое-трое. Я паслаў іх… Другая частка маіх калег падтрымлівала мяне. Хлопцы паважалі мяне за сілу. На пажарах я часам працаваў за трох. Дзе сапраўды трэба было тушыць агонь. Помню – такія дробязі запамінаюцца – тэлефон не званіў, а слаба брынчаў, як бляшанка. Але Хіндэль уздрыгнуў. Ён баяўся гарадскога тэлефона. Смела, адразу ён браў слухаўку толькі аднаго апарата, які званіў гучна і рэзка, – дзяжурны з вышкі паведамляў аб пажары. Хіндэль працягнуў руку і застыў, чакаючы, што званок сціхне і яшчэ адна непрыемнасць міне яго. Але тэлефон не сціхаў. І брандмайстар мусіў падняць слухаўку.

«Каго? Кузьму Кляшча? – Хіндэль паглядзеў на мяне, аднак слухаўку не перадаў, ён заўсёды насцярожваўся, калі званілі каму-небудзь з яго падначаленых, праяўляў празмерную пільнасць. – А хто пытае? Павел Харытонавіч? А навошта вам Клешч? Хто ён вам? Друг, зямляк, сваяк? Адкуль вы звоніце? З управы?»

Я падышоў і бесцырымонна забраў з яго рук слухаўку. Тэлефон працаваў пагана, голас як з таго свету, але я пазнаў Паўла. Ён запрашаў на вечар да сябе. На імяніны. Будзе што выпіць. З вёскі прывезлі самагонку. Я перапытаў:

«Колькі? Тры пляшкі? Усяго? На чацвярых? Ну, мне гэта – што сабаку муха».

Пажарнікі заржалі. І тут я ўбачыў Лотке. Нізкі, крываногі, як стары кавалерыст, у чорнай зашмальцаванай скураной тужурцы, у акулярах з нейкімі зеленаватымі шкламі, ён стаяў на парозе і слухаў. Уважліва слухаў. Я яшчэ раз пераканаўся, што ён ведае расейскую мову. Але за тры месяцы, як я ў пажарнай, ён ні разу не выдаў сябе. Слухаць слухае, быццам хоча ўнікнуць у музыку чужых слоў. А потым усё перапытвае па-нямецку. Ён выдатна іграў сваю ролю. Гэтак жа, як і я. За год акупацыі я папоўніў сваё веданне нямецкай мовы так, як не папоўніў бы, каб скончыў яшчэ тры інстытуты. Але ў гэтай кампаніі я гаварыў дзесятак хадавых перакручаных слоў, не больш.

Гвоздзік, відаць, спадзеючыся, што яго падтрымае Лотке, пачаў ныць:

«Ён самагонку будзе піць, а я за яго дзяжур. Не буду!»

Лотке спытаў у Хіндэля: пра што спрачаюцца? Той растлумачыў не вельмі далікатна, але з нямецкай дакладнасцю. Я ніяк не мог уцяміць тады іх узаемаадносін. Ды і дагэтуль не разумею, няўжо Хіндэль не здагадваўся, хто такі Лотке, і не ведаў, што механік гаворыць па-расейску не горш за яго, «фольксдойчэ»?

«Чыя чарга дзяжурыць?» – спытаў Лотке.

Хвіліну назад Хіндэль схіляўся, што дзяжурыць павінен Гвоздзік. А тут раптам цвёрда сказаў:

«Дзяжурыць будзе Клешч! – і сурова загадаў мне па-расейску: – Дзяжурыць пойдзеш ты!»

Я замаліў:

«Пан начальнік, – у прысутнасці Лотке ўсе мы цвёрда трымаліся субардынацыі, дысцыпліны, – вы ж самі чулі, што мяне толькі што запрасілі на імяніны і я даў згоду. Што падумае чалавек? Лепшы сябра. Прашу вас».

«Адпусціце яго», – кінуў Лотке, не гледзячы ні на мяне, ні на Хіндэля.

Начальнік закіпеў.

«Гэта не пажарная каманда, – выдавіў ён па-нямецку, потым крыкнуў па-расейску: – А банда п'яніц! Ці тое было…» – Пэўна, ён хацеў сказаць: «Ці тое было пры Саветах!», але ўспомніў і асекся.

Лотке сказаў:

«Вы стары асёл, Хіндэль».

«Добра, добра. Няхай будзе Гвоздзік. Гвоздзік!»

Той ускочыў, як падменены:

«Слухаюся, пан начальнік!»

А Лотке зноў сказаў спакойна, без злосці, без націску:

«Вы стары баран, Хіндэль», – і пайшоў з дзяжуркі.

Гвоздзік мацюкнуўся. Хіндэль суміраваў па-нямецку:

«Я стары асёл і стары баран», – і вылаяўся па-расейску.

Я змаўчаў, бо мне гэтая кароткая размова і заступніцтва механіка не падабаліся больш, чым каму другому. Дзіўныя прафесіі меў я ў акупацыі! Першую выбраў сам – грузчыка: трэба было рабіць, каб жыць. Там я звязаўся з падпольшчыкамі. Пасля ўзрыву эшалона з авіябомбамі давялося хавацца. Схавалі мяне хлопцы дасціпна: уладкавалі ў нямецкі шпіталь вартаўніком у трупярню. «Начальнік морга», як здзекліва называлі мяне самі немцы. З мёртвымі фашыстамі я абыходзіўся далікатна і любоўна. Гэта забаўляла і страшыла жывых. Яны любаваліся маёй фізічнай сілай і цешыліся з маёй дурноты. Я добра-такі іграў прыдуркаватага здаравяка, які мог выпіць дзве шклянкі чыстага спірту і з'есці пяць шпітальных абедаў. Але нават у мяне, студэнта-медыка, будучага хірурга, не вытрымалі нервы. Звычайнаму чалавеку звыкнуцца з мёртвымі… Я папрасіў Паўла знайсці мне новую работу. І што, ты думаеш, ён прапанаваў мне неўзабаве? Асенізацыйны абоз. Не смейся. Я не прызнаюся дзецям, што працаваў залатаром. Вядома, я абразіўся. Але Павел даказаў мне, што начныя паездкі, начны пропуск, найлепшая магчымасць перавозак небяспечнага грузу – гэта зусім нядрэнна для маёй галоўнай прафесіі – падпольшчыка. Сапраўды, хутка я сам пераканаўся, што новая праца мая была шмат у чым зручная. Галоўнае, амаль не трэба было вытыркацца на людзі ўдзень у звычайным выглядзе. Мой рост, мая постаць – залішне прыкметныя, а горад наш у акупацыю быў не вельмі густанаселены. Зручнасць была, нарэшце, у тым, што побач са мной працавалі тупыя, абмежаваныя людзі, поўныя крэціны. Наўрад каму прыйшло б у галаву засылаць у такую ўстанову шпіка. А калі я рабіў вылазку ўдзень зусім у новай ролі (у рэдакцыю, напрыклад, калі атрымаў заданне выканаць прысуд над Хмарай, я прыходзіў як паэт, прыносіў чужыя вершы – любоўную лірыку), то амаль быў упэўнены, што не сустрэнуся са сваімі калегамі па начной рабоце. Многа правалаў было выпадковых. Сустрэнецца добры чалавек, але плясне ўголас сапраўднае прозвішча, стары адрас ці яшчэ што – і гатова, правал.

Карацей кажучы, калі месяцы праз тры Павел прапанаваў мне работу чыстую – у пажарнай, я не вельмі каб узрадаваўся. Але гарком вырашыў (так перадаў Павел) «наблізіць мяне да паліцыі», і я пайшоў на гэтае «збліжэнне». Я – салдат. Новая работа не спадабалася з першых дзён. Не сама работа. А гэты Лотке, наш маўклівы механік. Я раскусіў яго адразу, адчуў хітрага ворага і ўпачатку занерваваўся. За цэлы год мне нідзе яшчэ не прыйшлося працаваць пад штодзённым наглядам агента гестапа. Я выказаў сваю трывогу Паўлу. Ён усміхнуўся і адказаў:

«Я думаў, у цябе больш вопыту. Усе мы так працуем. Думаеш, мне ва ўправе лягчэй? Дакажы яму сваю лаяльнасць».

І я па сваёй маладосці, не вельмі разумнай смеласці пачаў азартную гульню: давесці, каб Лотке самавыкрыўся. Я адзін з усяе каманды не баяўся Лотке. Лаяў у яго прысутнасці, называў «нямецкім казлом», казаў, што механік з яго, як з г… куля. Ён рабіў выгляд, што нічога не разумее. Але калі гэты ж паскудны Гвоздзік, дробны шпіёнчык, перадаў яму праз Хіндэля, як я лаюся, Лотке зрэагаваў. Неяк пастукаў пальцам па лбе і сказаў лагодна:

«Вялікая і дурная галава. Ты можаш лаяць мяне, але калі ты будзеш абражаць нямецкую нацыю, – вочы яго пры гэтым нядобра бліснулі, – ты пазнаеш яе сілу».

Хіндэль пераклаў і ад сябе злосна папярэдзіў:

«Калі ты не заткнеш свой дзіравы шланг, я заткну яго сам. Так заткну, што ты да смерці не пырснеш».

Тады я пайшоў на «прымірэнне»: запрасіў Лотке выпіць з намі (хлопцы раздабылі спірту). Але механік ветліва адмовіўся, памацаўшы свой худы жывот:

«Кранк».

«Ну і хрэн з табой. Нам больш застанецца», – сказаў я.

Ён запытаў у перакладчыцы, што я сказаў. Яна пераклала:

«Клешч сказаў, што вельмі шкада, што пан механік не можа з імі выпіць чарку віна».

Гэтае няшчаснае дзяўчо баялася аднолькава і Лотке і нас. Перакладала яна архідрэнна, але ганарылася сваім веданнем нямецкай мовы. Я падумаў: як бы яна здзівілася, каб раптам я пачаў рэзаць па-нямецку ў дзесяць разоў лепш за яе ці Лотке гэтак жа па-расейску. Мяне забаўляла такая гульня. Лотке пацмокаў і пацвердзіў:

«Але, шкада. Я таксама шкадую».

Актор быў, падла.

Адна акалічнасць бянтэжыла мяне: ні разу я не ўбачыў, каб Лотке шпіёніў за мной у нерабочы час. Ён вось так нечакана з'яўляўся ў дзяжурцы, на вышцы, хадзіў па пятах у часе пажараў. Але ні разу не вынырнуў на нашай ускраіне, дзе я кватараваў, не трапіў на вочы ў другім месцы. У мяне нават часам узнікала думка: а ці не перабольшаны мае падазрэнні?

Аднак на сустрэчу з Паўлам у той вечар я не пайшоў. Па дарозе дадому заглянуў каля Сеннага рынку да вядомай спекулянткі самагонам і… «напіўся». Выпіў адну шклянку, а ішоў далей і… мераў вуліцу, заводзіў гутаркі з хлапчукамі. Гаспадыня мая, добрая і ціхая мяшчанка, з тых, што ўсё жыццё жывуць з гароду. Ёй тады было год сорак, ужо сын служыў у арміі… Але жанчына ёсць жанчына… Яна кахала мяне, і ёй вельмі хацелася прыручыць назаўсёды такога хлопца. Хто я ў сапраўднасці, яна, безумоўна, не ведала, але гатова была за мяне каму хочаш выдрапаць вочы. Даглядала і асцерагала, як малога. Гэта была адзіная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажаніўся. Можаш паверыць?

Яраш звярнуўся з пытаннем, і Шыковіч парушыў сваё абяцанне маўчаць, адказаў з уласцівай яму жартаўлівай лёгкасцю:

– Ты ў гэтым перада мною не апраўдвайся. Перад Галяй апраўдвайся.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю