Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 28 страниц)
Але прыехаў Грот. Ён часам прыходзіў пехатой, пакідаючы машыну ў шпіталі. Часам прыязджаў, і машына начавала ў двары. У той вечар, як на злосць, ён доўга корпаўся ў ёй, нешта рамантаваў, мыў.
Шыковіч заўважыў, што, забываючыся, Зося пачынае расказваць для аднаго Антона Кузьміча. На яго аднаго глядзіць, да яго аднаго звяртаецца, але так, быццам ён той адзіны сведка, які можа пацвердзіць праўдзівасць яе слоў.
Схамянуўшыся, яна вінавата ўсміхнецца ўсім ім і пэўны час расказвае яму, Шыковічу, з нейкай дзіўнай насцярожанасцю сочачы, як ён запісвае: то піша доўга, нібы стэнаграфуе, то ўзмахам пяра ставіць нейкі іерогліф, толькі яму зразумелы.
Маша скінула чаравікі і босая, на насочках, выйшла на кухню, відаць, паставіла чайнік. А потым стала ў калідорчыку і слухала адтуль. Шыковіч умеў і ўважліва слухаць і ўсё прыкмячаць навокал. Ён знакам запрасіў Машу зайсці і сесці. Тая адказала яму таксама жэстамі. Гэтая іх незразумелая нямая размова збянтэжыла Зосю. Яна змоўкла. Шыковіч крутануўся ў крэсле, як гарэза-школьнік, злоўлены настаўнікам:
– Прабачце, Соф'я Сцяпанаўна, я ўвесь – увага.
Але яна ўжо свядома звярнулася да Яраша з усмешкай, якую дораць выпрабаванаму сябру:
– Вы ведаеце, Антон Кузьміч, мяне зноў выручылі трусікі пана Грота. Помніце? Я засунула аднаго за ватнік і палезла ў суседскі сад. Абышла паўз паркан і знайшла дошку, якую можна было адсунуць без шуму. Выйшла гаспадыня, не тая, якая жыла да вайны, жонка нейкага белагвардзейца-эмігранта, які вярнуўся з Германіі і займаўся камерцыяй. Я растлумачыла ёй, што ўцёк трусік. «Я баялася, каб ён не папсаваў вашы дрэвы». Старая дурніца пацалавала трусіка, якога я паказала ёй.
«Якая мілая мордачка!»
Гроту я таксама сказала, вярнуўшыся ў свой двор, што ўцёк трус.
Ён узяў яго спрытна і бязлітасна, мяне заўсёды і палохала і абурала, як ён браў гэтых няшчасных жывёлінак. Вось так, двума пальцамі, за скуру.
«О, ты хочаш уцячы? – сказаў ён трусу. – Заўтра я цябе пакараю за гэта. Мне шкада цябе. Але чаго не зробіш у імя навукі».
Як толькі сцямнела і Грот падняўся да сябе, бацька сказаў:
«Выводзь, дачка. Шчасліва вам. На Клімаўскай сустрэне Вася. Калі ж не сустрэне…»
Ён даў адрас на Элеватарнай, нумара ўжо не помню, здаецца, дзевятнаццаць, мне пасля прыйшлося запамінаць многа розных нумароў, і нейкі мудры пароль, які я таксама забылася, нейкая прымаўка з рэлігійным сэнсам, здаецца.
Яшчэ бацька сказаў: «Назад, дачка, гэтым шляхам не вяртайся. Выходзь на Пушкінскую. У цябе ёсць пропуск. І зайдзі да Цішчанкаў. Старая занемагла і вельмі прасіла, каб ты зайшла. Зайдзі абавязкова. Так трэба».
Бургамістарша сама мне званіла дні тры назад. Але мне было агідна ісці да гэтай звар'яцелай ад страху бабы, якая дзень і ноч малілася. Але калі бацька сказаў, што так трэба – для канспірацыі, так мне здалося тады, я гатова была пайсці хоць да самога д'ябла. Толькі пазней… вельмі позна я здагадалася, што мой добры, разумны і наіўны тата хацеў такім чынам уратаваць сваё адзінае дзіця…
Увесь час яна расказвала роўна, ціха, без інтанацый, без асаблівых жэстаў і мімікі, калі не лічыць вінаватых усмешак. А тут вусны яе па-дзіцячы скрывіліся і задрыжалі.
– Два нашы афіцэры, якія дапытвалі мяне ў сорак шостым, здзекаваліся, калі я шчыра расказала ім усё. Смяяліся, маргалі адзін аднаму. «Сіла дзеўка! Значыцца, правёўшы падпольшчыка, вы адразу ж пайшлі суцяшаць жонку гарадскога галавы? Хітрая казачка, але пакіньце яе для дурняў. Мы чулі казкі не такія!»
Няшчасны мой бацька! А я… дурная якая была! Паверыла яму нават тады, калі ён пазваніў на кватэру Цішчанкам, пагаварыў спачатку з Алімпіядай Паўлаўнай, а пасля папрасіў, каб я паначавала там. «У горадзе неспакойна. Недалёка ад нашага дома толькі што стралялі. Заначуй, дзіця маё. Цалую цябе, Зосечка».
Гэта былі яго апошнія словы. Ён не любіў залішніх пяшчот, сюсюкання, цалавання па тэлефоне. А тут вось так – як маленькай. І я, дурная, усё адно ні пра што не здагадалася. Я магла быць побач з ім! Магчыма, ён адстрэльваўся, калі яны ўварваліся. І апошнюю кулю… Тата хаваў пісталет, хаваў нават ад мяне, але я ведала, што ён ёсць. Слухайце, можа, яго застрэліў Грот? Немца не было на пахаванні. Усе знаёмыя былі. З гестапа былі, адусюль. Аднаго яго не было.
– А што Сажань, Соф'я Сцяпанаўна? Правялі вы яго? – спытаў Шыковіч, каб вярнуць яе да паслядоўнасці.
– А як жа! Мы выйшлі на Вішнёвы. Цёмна было. Ні агеньчыка. Замаскіравана ўсё. Я пачула, што за намі нехта ідзе. Мы пабеглі. На Клімаўскай нас сустрэў Вася. З'явіўся як з-пад зямлі. Я сказала яму, што нехта ідзе. Ён адказаў, што гэта свае. З-пад палы бліснуў ліхтарыкам у адзін бок вуліцы, потым у другі. Яму адказалі адтуль і адтуль. Вунь яны як ахоўвалі таго чалавека! Вася сказаў: «Ты, Зоська, герой!» – і пацалаваў мяне ў шчаку. Мне стала сорамна: яшчэ Сажань падумае што! А я таго Васю, можа, якіх пяць разоў бачыла ўсяго. Мне тады – зноў! – вельмі захацелася, каб на развітанне ён падзякаваў мне. Смешна! Ён не сказаў звычайнага дзякуй. Ён сціснуў маю руку і сказаў:
«Усяго добрага табе, Зося. Скончыцца вайна – сустрэнемся».
Разбудзіла мяне бургамістарша рыданнем. Упала на калені перад маім ложкам:
«Мужайся, дзетачка. Бог міласэрны, ён усё бачыць. Партызаны забілі твайго бацьку».
Я не закрычала. Здаецца, нават не заплакала. У адзін міг я ўсё зразумела. У той міг я пасталела, можа, на дваццаць гадоў. Шаптала сабе: мужнасць, толькі мужнасць. Прасіла Бога, у якога не верыла, каб ён даў мне яе, гэтую мужнасць, каб я здолела ўсё перажыць. І маўчаць. Маўчаць, маўчаць!
Ашалелая ад жаху баба ўгаворвала мяне ў тую ж хвіліну ўцячы з ёй на край свету, у манастыр, яна ведае такі манастыр. «А то яны ўсіх нас заб'юць». Я маўчала.
Два агенты гестапа везлі мяне на рамізніку па горадзе. Выказвалі спачуванне. Я маўчала. Дадому мяне не павезлі. Бацька ляжаў ужо ў вестыбюлі гарадской управы. Калі толькі яны паспелі перавезці і ўбраць яго? Ён ляжаў у сваім вячэрнім гарнітуры, у сарочцы, якую я за дзень да таго памыла. Толькі гальштук чужы, бабачка, тата ніколі не насіў бабачкі. Да вайны гэта было нямодна, і мама, напэўна, першая пасмяялася б. На твары яго застыў спакой, не было ні пячаці страху, ні пячаці пакут. Відаць, ён памёр адразу. Толькі чамусьці пасінела левая скроня. Я спытала ў начальніка паліцыі Магнатава, куды трапіла куля. Ён паціснуў плячамі.
«У сэрца. У самае сэрца, – адказаў адзін з тых, што не адыходзілі ад мяне ні на крок. – Бандыты стралялі ва ўпор».
Да мяне падыходзіла ўся здрадніцкая сволач, выказвала спачуванне. Раней яны здаваліся мне смешнымі і дурнымі, гэтыя людзі. У той дзень я адчула, што такое нянавісць. О, як я іх ненавідзела! Мне хацелася пляваць на іх, біць па мордах. Але я маўчала. Я мусіла маўчаць.
Калі з'явіўся фельдкамендант, пстрыкалі фотаапараты. Ён не падышоў да мяне. Спачуванне паднёс перакладчык. Мне запомніўся позірк афіцэра-гестапаўца. Ён доўга сачыў за мной, і я адчула гэты позірк. Глянула на яго. Якія ў яго былі вочы! Ён усё ведаў і смяяўся, злосна, нахабна, пераможна. Вочы яго смяяліся.
Скажыце, навошта ім спатрэбілася гэтая камедыя з пахаваннем?
Зося змоўкла і чакала адказу ад Шыковіча: на яго глядзела. Адказаў Яраш:
– Правакацыі былі розныя. У залежнасці ад фантазіі таго, хто іх арганізоўваў. Бругер быў з фантазіяй, я ведаю.
– У маі сорак трэцяга Бругера ўжо не было, – удакладніў Шыковіч. – Начальнікам гестапа быў Гільберт, штурмбанфюрэр.
– Вы таксама былі ў падполлі? – здзівілася Зося.
– Не. Я пішу кнігу, а таму мне трэба дакладна ўсё ведаць.
Маша, выкарыстаўшы паўзу, прапанавала:
– Я вам падам каву.
– Але, але, – падтрымала Зося.
– Стамілася? – ласкава спытаў Яраш. – Дай руку.
Можа, ад таго, што ён нечакана сказаў ёй «ты», яна зардзелася, засаромелася.
– Не, не.
Антон Кузьміч падняўся з крэсла, палічыў пульс. Шыковіч убачыў, што доктар застаўся давольны яе пульсам. А Зося, як бы імкнучыся даказаць, што ёй гэта няцяжка, пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзіла, звінела шклянкамі.
– Я думала, што мне будзе ўсё адно – як пахаваюць. Хто пахавае, што будуць гаварыць… Я ведала, што гэтым не скончыцца. І рыхтавалася, збірала сваю мужнасць. Але калі бацьку неслі на могілкі, я ўбачыла, як глядзяць людзі… рабочыя. «Туды яму і дарога!» – вось як яны глядзелі. Мне зрабілася балюча. Страшэнна балюча. І крыўдна. І страх апанаваў. Сэрцам я прадчула тое, што пасля здарылася. На могілках я страціла прытомнасць.
Дні тры ляжала ў Цішчанкаў, знясіленая, прастуджаная, разбітая. З кватэры не выходзілі тыя двое – «апекуны» мае. Яны, Цішчанка, уся зграя дамагаліся, каб я падпісала пісьмо ў рэдакцыю, у якім гнеўна кляйміла, як бандытаў, партызан, што забілі майго бацьку, невіноўнага чалавека, лекара, які займаўся толькі тым, што пазбаўляў людзей ад цяжкіх хвароб. «Чаму вы не хочаце падпісаць, панна Зося?» – здзіўляліся яны.
«Яны заб'юць мяне».
«Мы вас схаваем у такім месцы, куды не дабярэцца ніводзін бандыт. Не бойцеся».
А Цішчанчыха шаптала: «Не падпісвай. Заб'юць», – і ўсё ўгаворвала ўцячы разам з ёй у манастыр. Дурная, яна не бачыла, як мяне ахоўвалі.
Яны перавялі мяне ў іх, нямецкі, гатэль. Памясцілі з нейкай немкай. Па-расейску яна гаварыла дрэнна, але «апрацоўвала» мяне моцна. Нават пільнавала ўначы – што я кажу ў сне? Пасля нават адпусцілі дадому. Яны былі яшчэ ветлівыя: «Не будзеце баяцца адна?»
«Не буду».
Спадзяваліся, што да мяне нехта прыйдзе. Можа, паспрабуе вывезці ў лес. У іх нямала было клопату – сцерагчы мяне. Але ніхто не прыходзіў, і хутка ім абрыдла гэта. Тыя ж два «апекуны» адвезлі мяне ў гестапа. Спачатку допыт, колькі дзён пра адно і тое ж: хто прыходзіў да бацькі, з кім ён сустракаўся, як ён жыў і гэтак далей. На другі дзень тое ж самае ў іншым парадку – каб заблытаць. Потым вочныя стаўкі. Каго я пазнаю з гэтых людзей. Прыводзілі чалавек пятнаццаць. Я пазнала толькі адну жанчыну, сястру з дзіцячай бальніцы. Але яна глянула на мяне вельмі варожа, і я не прызналася, што ведаю яе. Калі прывялі Васю, я не магла адмаўляць наша знаёмства. Сказала, што гэта шафёр бальнічнай машыны. Вася, збіты, сіні ўвесь, прыветліва кіўнуў галавой: ён ухваліў маё прызнанне.
«Ён часта прыязджаў да вас?» – спытаў следчы.
«Не вельмі часта», – адказала я.
«Чаму ў той дзень, перад забойствам, ён прыязджаў тройчы?»
«Прывозіў бацьку. Потым бульбу. Мяшок».
«А яшчэ каго?»
«Тры мяшкі партызан», – засмяяўся Вася.
Гестапавец ударыў яго па твары. Я заплакала. Вася крыкнуў:
«Нічога, Зоська! Не гаруй. Мы яшчэ патанцуем на тваім вяселлі!»
Я пачала пратэставаць. Чаму мяне трымаюць у гестапа? Завошта? Гэта бесчалавечна! Такое гора, а мяне дапытваюць, як злачынцу. Я буду скардзіцца!
Тады з'явіўся той афіцэр, што глядзеў так на пахаванні.
«Яна не ведае, чаму яе трымаюць тут? Няшчасная дзяўчынка!» – здзекліва кінуў ён па-нямецку. Потым сеў за стол, палажыў перад сабой пісталет. Злосна сказаў цераз перакладчыка: «Даволі гэтай дурацкай камедыі. Ты добра ведаеш, чаму цябе трымаюць. Твой бацька быў звязаны з партызанамі. Ты памагала яму. У вас хаваўся камісар. Мы злавілі яго. Ён ва ўсім прызнаўся».
«Хто ж забіў майго бацьку?»
Ён падскочыў:
«Шкадую, што гэта зрабіў не я!»
«А хто?»
«Яна што, вырашыла дапытваць мяне?» – спытаў афіцэр у перакладчыка. Я сказала па-нямецку:
«Я хачу знаць, хто забойца майго бацькі. А камісара вы выдумалі. Калі Грот, хірург шпіталя, і ёсць той камісар, тады так, ён хаваўся ў нас».
Ён наблізіўся да мяне, доўга і пранікліва глядзеў у твар, у вочы. Потым расцёр у мяне на шчацэ запаленую цыгарэту. Працадзіў праз зубы:
«Ах, з якой асалодай я распяў бы цябе, сучка, на крыжы. Але сёння мне не да цябе. Табой я займуся пасля. Падумай над сваім лёсам», – і двойчы моцна ўдарыў па твары.
На шчасце маё ці на няшчасце, гэты больш мной не займаўся. Дапытваў другі афіцэр. Я ўсё адмаўляла. Білі. Не, не моцна. Адзін раз толькі драўлянымі абцугамі ціснулі пальцы. Гэта балюча. Пальцы і цяпер баляць.
Зося падняла левую руку, паварушыла пальцамі.
– Што ж вы не сказалі мне? – дакорліва паківаў галавой Яраш.
– Яны баляць, калі ўспомню. А так нічога. У лагерах таксама білі. Бізунамі. Гумавымі палкамі. Мяне нядоўга трымалі ў турме. Тыдні два. А потым лагер пад Баранавічамі. Потым Майданак… Пасля… Я ўжо нават не помню іх, усіх лагераў, у якіх была. Мяне чамусьці часта пераводзілі. Апошні – жаночы лагер пад Гісенам. Нас вызвалілі амерыканцы…
Вельмі можа быць, што яна ўсё-такі стамілася, а таму спяшалася як можна хутчэй скончыць свой расказ. Маша гэта адчула першая і шумна пляснула ў далоні, як бы ставячы кропку:
– Таварышы, астывае кава.
24
Завод абавязаўся выканаць дзесяцімесячны план да адкрыцця з'езда. Цэхі, змены, брыгады неслі перадз'ездаўскую вахту. Знешне як бы нічога не змянілася. Хіба толькі абнавіліся лозунгі і заклікі. І больш іх стала ўсюды – на прахадной, у заводскім двары, у цэхах, у сталоўцы, у канторы. Але нават Славік з яго двухмесячным стажам адчуў новы рытм у рабоце. Менавіта рытм, бо раней нямала было і аўралаў. Добрыя і шчырыя працаўнікі мусілі часам прастойваць праз тое, што недзе нехта нешта недарабляў – ці забеспячэнцы, ці транспартнікі, канструктары, ці ліцейшчыкі, механікі, ці планавікі. Зборшчыкам, якія, па сутнасці, завяршалі працэс вырабу станка, гэтае «нешта недзе» больш, чым каму, давалася ў знакі. Славік неаднойчы ўжо чуў, як хлопцы з яго брыгады скланялі механікаў. А тыя ў сваю чаргу валілі віну на каго-небудзь другога. Але вось ужо колькі дзён усё ідзе як па масле. Без запіначкі. Хлопцы працавалі з вясёлым уздымам. Гэты ўздым захапіў і Славіка. Яго менш вучылі, больш даручалі работу, якую ён мог ужо выконваць самастойна. Гэта яму падабалася, і ён рабіў даволі старанна. Работа зборшчыка такіх унікальных, несерыйных станкоў тым і цікавая, што яна рэдка паўтараецца, што кожны дзень і кожную гадзіну прыходзіцца рабіць нешта новае.
Славік заўсёды ставіўся скептычна да розных лозунгаў і заклікаў. А цяпер хадзіў і ўважліва перачытваў цытаты з праекта Праграмы, як бы хочучы знайсці тыя словы, якія прымусілі ўсіх, ад вахцёра да Галыгі, вось так працаваць – па-новаму. Нават у сталоўцы сталі лепш карміць. Славік неяк сказаў у часе абеду сваім хлопцам:
– Архімеды, растлумачце мне, чаму ў вас не могуць увесь час вось так працаваць – роўна, рытмічна, каб не псаваць людзям нерваў.
– Пачынае думаць хлопчык, – кінуў Косця, калі Славік, выслухаўшы супярэчлівыя адказы, пайшоў у буфет купляць папяросы.
– Толькі ўсё ў яго вось так, – Ходас дастаў правай рукой, цераз галаву, сваё левае вуха.
Генрых далікатна, двума пальцамі, паправіў пазалочаныя акуляры. Хмыкнуў:
– Але ж і артадокс ты, Іван. Быць табе прафсаюзным лідэрам, бо ад усяго складанага ты ўмееш адмахнуцца.
А Славік задаў пытанне, на якое не так проста адказаць.
– Адзін дурань можа спытаць такое, што не адкажуць сто разумных.
– Але няхай яны паварушаць мазгамі, разумныя, – нечакана і чамусьці злосна сказаў Тарас. – А то ў нас, сапраўды, некаторыя толькі перад святамі запускаюць вось гэтую «кібернетычную машыну», – ён пастукаў пальцам па лбе, – на поўны ход.
Ходас не адразу зразумеў, каго падтрымлівае брыгадзір. А Генрых пускаў з акуляраў вясёлых зайчыкаў на твары сяброў.
– Прычын арытмічнай работы завода – адна тысяча дзвесце сорак чатыры і шэсць дзесятых. Каб мы з табой, Іван, іх выявілі, раскрылі і апісалі, нам можна было б прысвойваць дактароў навук.
– У тым і бяда, што мы іх не выяўляем, – сказаў Тарас ужо лагодна, без злосці.
– А давайце зробім пачатак! – Косця любіў выказваць самыя нечаканыя прапановы і сам жартаваў з гэтага: «З сотні хоць адна ды будзе разумная». – А каб не выяўляць усіх тысячы двухсот Генрыхавых прычын, выявім адну: чаму цяпер усё пайшло нармальна?
– Вахта, – коратка і вычарпальна растлумачыў Васіль Лапацін, вымакваючы хлебам рэшткі соўсу на талерцы.
– А Косця мае зерне…
– Адно? Я маю мяшок.
– Не блазнуй.
– Ён у Славіка вучыцца.
– Я ў тым сэнсе, – Тарас звяртаўся да Генрыха, ён быў іх «галоўны тэарэтык», – што прычыны арытмічнай работы, можа, яны і выяўляюцца… А калі работа наладзіцца так, як у нас цяпер, усялякі аналіз канчаецца. Пачынаем славасловіць, раздаваць прэміі…
– Любім «ура» крычаць, – азваўся Славік, пачуўшы апошнія Тарасавы словы. Кінуў на стол пачак папярос. – «У нас не паляць», – прачытаў шыльдачку на сцяне і чыркнуў запалку.
– «Ура» вядзе на штурм, – сказаў Лапацін, адстаўляючы нарэшце талерку. – Не, Вера смачней гатуе.
– Таму, відаць, і крычым, што часта прыходзіцца штурмаваць, – засмяяўся Генрых.
– Вера гатуе смачней? – усумніўся Косця, гарэзліва падміргнуўшы Генрыху. Той прыняў «эстафету», сказаў сур'ёзна, амаль трагічным голасам, звяртаючыся да Тараса:
– Няшчасная. Я ёй не зайздрошчу.
Лапацін, які не адчуваў гумару гэтак жа тонка, здзівіўся:
– Каму? Веры? Чаму?
– Паспрабуй нагатаваць на такога абжору, – бліснуў зубамі Косця.
– Ну і пустабрэхі!
– Трэба будзе пагаварыць на парткоме…
Славіку падабалася, што ў брыгадзе ўмеюць і пажартаваць і пагаварыць сур'ёзна, глыбока, і пераходы гэтыя ад жарту да сур'ёзнага і наадварот заўсёды нечаканыя, раптоўныя.
Увогуле яму ўсё больш і больш падабаліся хлопцы. Нават з Ходасам стала менш сутычак. Вось толькі з Тарасам…
…На другі дзень пасля «дуэлі» ён не пайшоў на работу. З такім вокам сорамна было на вуліцу высунуцца, не толькі на завод. Усю раніцу сварыўся з Ірай, якая даволі-такі злосна кпіла з яго «ліхтара», не верачы, што ён зваліўся з матацыкла. Пайшла Іра ў інстытут – шукаў, куды маці схавала каньяк. Перавярнуў усю кватэру. У шуфлядзе Ірынага стала, пад старымі канспектамі знайшоў яе дзённік. З цікавасцю чытаў. Дзяўчына пісала пра сваё каханне, пра сваё жаданне адкрыцца яму і пра сваю боязь і сарамлівасць зрабіць гэта першай. Славік доўга не мог уцяміць, хто «Ён». Займеннікі, што замянялі яго імя, Іра пісала з вялікай літары.
«Звяртаецца, як да Бога», – смяяўся Славік, паціраючы рукі і калені ад злараднасці. Вось цяпер ён жыцця не дасць сваёй дарагой сястрыцы. Не, ён прымусіць яе служыць, як вернага сабачку, калі яна не хоча, каб ён выдаў яе тайну. Каб толькі яшчэ расшыфраваць яго імя!
Нарэшце ён дайшоў да апісання таго дня, калі ўся брыгада і Маша абедалі на дачы. Іра больш не хавала яго імя.
Адкрыццё ашаламіла Славіка. Знікла жаданне помсціць сястры, кпіць з яе. Наадварот, стала шкада дзяўчыну. Уразіла Ірыніна празорлівасць: «Я адразу адчула ў гэтай рудой саперніцу. Маё няшчаснае каханне! Ты яшчэ не засвяцілася для Яго і для ўсіх, а на цябе ўжо насоўваецца хмара».
Не, ён, Славік, адпомсціць яму – за сябе, за сястру!
Але прачытаўшы, ужо без асаблівай цікавасці, яшчэ пару старонак дзённіка, ён разважаў інакш.
А можа, лепш зрабіць так, каб Ірына адкрылася яму? Памагчы ёй. Тады можа здарыцца, што ён адмовіцца ад Машы.
Славік лаяў сястру:
«Авечка! Да дваццаці двух год дажыла, інстытут канчае, а паводзіць сябе, як сямікласніца. Уздыхае, дзённічак піша!.. Дурніца!»
Узлаваўшыся, шыбануў тоўсты сшытак на ложак. Але праз хвіліну з пэўнай павагай палажыў дзённік назад у шуфляду.
«Усё пераблыталася. Сам чорт нагу зломіць. А „стары конь“ скардзіцца, што няма цікавых сюжэтаў. Залез у нейкія архівы і ні храна не бачыць вакол сябе. А тут такія трыкутнічкі будуюцца! Пра любоў трэба пісаць, стары, калі хочаш, каб цябе чыталі», – глыбакадумна параіў бацьку. Дакараў маці: «А гэтая маралістка, як гусыня, толькі асцерагае: каб лішняе з'елі дзеткі і лішняе не выпілі. Жратвы поўны халадзільнік, а каб хоць на кампрэс дзе стаяла – дык не. Куды яна дзявала каньяк? Няўжо выліла? Бутэлькі няма», – злаваўся ён, не перастаючы шукаць.
Урэшце Славік зразумеў, што ўсё гэта – пошукі каньяку (выпіваць яму зусім не хацелася), развагі пра бацьку і маці, пра Ірына каханне – не што іншае, як безнадзейная спроба адвесці думкі ад галоўнага: што робіцца ў брыгадзе? Не прызнаючыся сам сабе, ён пакутаваў ад думкі, што Тарас усё раскажа і абураныя хлопцы выганяць яго. Са здзіўленнем ён упершыню адчуў, што яму шкада пакідаць брыгаду. Куды ён пойдзе ад іх?
Калі пад вечар да яго заглянулі Косця і Генрых, Славік спалохаўся: што яны хочуць? Што прынеслі? А калі хлопцы шчыра, па-сяброўску прывіталіся і Генрых сказаў:
– Ну як? Косці цэлыя? Чорт вас нёс на гэтым матацыкле. Маглі насмерць разбіцца.
Славік траха не падскочыў ад радасці. Асабліва яго здзівіла і рассмяшыла, што яны аднолькава хлусяць, ён таксама плёў шафёру, які падвозіў яго да горада, пасля сястры і бацьку, што ўпаў з матацыкла. Тое, што Іра і бацька, прыехаўшы з дачы, нічога не ведаюць, супакоіла яго яшчэ раніцай. Значыцца, Тарас расказаў адной маці. Ну, маці можна, у яе даволі педагагічнай тактоўнасці.
Даведаўшыся, як растлумачыў свае сінякі Тарас, Славік адчуў да яго павагу і падумаў: «Гэта па-мужчынску!» Каб ён ведаў, што гісторыю з матацыклам выдумалі калектыўна, брыгадай… Спачатку Тарас растлумачыў хлопцам пра свой сіняк проста:
– Ударыў адзін п'яны дурань.
Але ўсё расказаў Косцю. Была ў гэтага смяшлівага рамантыка дзівосная прыцягальная сіла: усе яму давяралі свае самыя таемныя сакрэты і думкі. Косця сказаў, што сітуацыя даволі сур'ёзная, а таму варта яе абмеркаваць у брыгадзе. Пасля змены ў тым жа пакоі інтэрната за зачыненымі дзвярамі ішла гарачая размова.
Ходас даказваў, што Славіка трэба гнаць прэч, пакуль ён не зганьбіў брыгады.
Генрыху гісторыя з «дуэллю» здавалася надзвычай вясёлай. Ён жартаваў:
– Ты ведаеш, я ўвесь час мару, каб хто-небудзь другі закахаўся ў Зою. Выклікаў бы саперніка на дуэль… Паказаў бы сваё рыцарства.
Вася прызнаўся, што ён таксама «заехаў аднаму па мордзе», калі той пачаў занадта завіхацца каля Веры.
– Жах, жах! – хапаўся за вушы Косця. – Выходзіць, усе вы з радзімымі плямамі праклятага капіталізму. Івана салам не кармі, дай залезці на высокую трыбуну. Славалюбства! Васіль баіцца ўласнай жонкі. Баязлівасць! Брыгадзір наш, замест таго каб правесці выхаваўчую работу, выбівае вучню сківіцу… Адзін я…
– Балбатун ты!.. Самая шкодная загана! Ты любую справу ўтопіш у словах. Кажы сваю прапанову.
– Статус-кво. Усе застаюцца, як у Берліне да заключэння мірнага дагавору. Вы ўпалі з таго матацыкла, на якім я ўчора ездзіў да бацькоў.
Усіх рассмяшыла Косцева прапанова. З ёй пагадзіліся. Паспрачаліся аб другім.
Лапацін прапанаваў, каб Тарас аб'явіў Машы байкот: няхай не водзіць адразу двух. Тарас пачырванеў, разгубіўся. Косця сказаў, што такія пытанні нельга вырашаць калектыўна.
– Дамаўляліся, што ў нас не будзе тайны адзін ад аднаго, – сказаў просталінейны Ходас.
– Я не раблю тайны з таго, што Маша падабаецца мне, – адказаў Тарас. – Але…
– Але, – падхапіў Косця, – гэта не значыць, што ён павінен дакладваць нам, пра што гаварыў з дзяўчынай. Так можна дайсці да таго, што патрабаваць у Васіля справаздачы, пра што ён шаптаўся ўначы з жонкай. Гэта будзе ўжо не дружба, а гвалт, прымус… Можна ўзненавідзець адзін аднаго!
– Тады як зразумець, што Шыковіч працуе ў брыгадзе, а жыве, як воўк? І ўчынкі воўчыя. А мы гуляем у хованкі. Я супраць любога індывідуалізму! – Ходас ніколі не ўмеў так ясна аргументаваць свае думкі, як гэта рабіў Косця, гаварыў траха не лозунгамі і ў сваёй упартасці часта быў непаслядоўны.
– Нікога нельга абавязаць быць шчырым і адкрытым, – падсумаваў Тарас. – Славік павінен паверыць у нашу шчырасць.
Ён сказаў гэта і спалохаўся: а як яму, брыгадзіру, праявіць сваю шчырасць пасля таго, што здарылася?
Славік таксама ішоў на працу са страхам: як яны сустрэнуцца? Не, нічога. Працягнулі рукі адзін аднаму, усміхнуліся. Знешне як быццам нічога не змянілася. Знешне…
А што рабілася ў кожнага ў душы?
Тарас стараўся перамагчы сваю непрыязнасць. Але пакутаваў ад рэўнасці. Яму здавалася, што Маша сустракаецца з ім рэдка, неахвотна і сумуе, калі яны ходзяць па асенніх вуліцах. Яму рабілася таксама сумна. Ён падазраваў, што яна не перастае сустракацца са Славікам, хоць яна запэўнівала, што пасля таго ні разу не бачыла маладога Шыковіча. Але Тарасу ўспаміналася, як весела і легкадумна яна смяялася, калі ён расказваў ёй, што ў іх адбылося. Безумоўна, ёй падабаецца вось такі вясёлы, бесклапотны рызыкант і пазёр. То няхай бы сказала! Тарасу да болю было крыўдна: чаму яна, якая здалася яму такой разумнай, не хоча быць з ім да канца шчырай? Калі ў яе сэрцы няма кахання, ён згодзен застацца добрым сябрам. Абы была шчырасць.
А Маша не хлусіла.
Славік званіў ёй, дамагаўся спаткання. Яна са смехам адказала, што баіцца яго: «Яшчэ застрэліш».
Рэўнасць яго патухла разам з «ліхтаром» пад вокам. Але такі яе адказ моцна закрануў самалюбства.
«Ага, сабака, расказаў! Чакай жа!» – зноў узлаваўся ён на Тараса. Не верыў яго добразычлівасці. Ставіўся з падазронасцю. Чапляўся без усялякай прычыны.
– Ты чаму глядзіш на мяне так? – спытаў ён аднойчы ў Тараса, калі яны выпадкова апынуліся ў цесным праходзе паміж станкамі-волатамі. Вось тут бы ім і пагутарыць па шчырасці. Дык не – у кожнага гонар.
– А як я гляджу на цябе?
– Як? Як воўк на авечку. З такім замілаваннем.
– Хачу з'есці.
– Паломіш зубы.
– Дурны ты, Слава.
– Ты вельмі разумны.
Над іх галовамі з грукатам прайшоў кран. Славік падскочыў, схапіўся за крук і ўскочыў на станок.
Ніна спыніла кран, высунулася з будкі, махала кулаком. Славік пасылаў ёй паветраныя пацалункі. За такую хлапчуковую выхадку трэба добра прабраць. А ён, брыгадзір, не можа. Не можа сварыцца, каб не ўскладняць адносіны. Тарас упершыню падумаў, што, відаць, Ходас мае рацыю: такога не перавыхаваеш. Можа, усё было б добра, каб не яна, Маша. Стала яна паміж імі.
Нінка спусцілася са сваёй будкі, закрычала на ўвесь цэх:
– Калі вы камуністычная брыгада, дык і паводзьце сябе па-камуністычнаму. Я праз дурняў у турму не хачу садзіцца.
На гэты раз Косця і Генрых, якія добраахвотна шэфствавалі над Славікам, добра-такі намылілі карак яму.
А на другі дзень Славік запрасіў Нінку ў кіно. Яна доўга вагалася. Але яе ніхто яшчэ з хлопцаў ніколі не запрашаў. І яна не ўтрымалася ад такой спакусы. Хіба мала пішацца ў кніжках, паказваецца ў кіно, што любоў пачынаецца са сваркі?