Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 28 страниц)
Доктар хацеў было ўжо вярнуцца назад, у лазнякі, але Шыковіч угледзеўся і здзіўлена выгукнуў:
– Фу, чорт! Калі ты не заўважаў у мяне галюцынацый, то гэта – сам Гукан. Далібог, ён!
Яны наблізіліся. Сапраўды, гэта быў ён – старшыня гарсавета Гукан. Шыковіч прывітаўся. Гукан адказаў няўважліва, як малазнаёмым, цалкам прыкаваны ўвагай да паплаўка. Вуд у яго было некалькі. Адно бамбукавае вудзільна ён трымаў у руках, другія былі ўтыркнуты ў гліністы бераг. Ён стаяў, шырока расставіўшы свае доўгія ногі, нахіліўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокімі вачамі і густымі сівымі брывамі, ён нагадваў у профіль ястраба, які выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракі. Апрануты Гукан быў звычайна для летняга дня і рыбнай лоўлі – у белы палатняны касцюм. Але адразу кідалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нібы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пінжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцікам, з вялікімі нагруднымі кішэнямі, моцна адтапыранымі, і яшчэ большымі бакавымі, таксама нечым напакаванымі. (Можа, гэта і зручна для рыбалова – такое мноства кішэняў.) Яшчэ больш старамодна выглядала шапка… Зашмальцаваная, скамечаная наперадзе над казырком, абвіслая ззаду, яна неяк смешна маладзіла гаспадара, робячы яго падобным на купецкага прыказчыка.
Яраш заглянуў у гумавае вядзерца, што стаяла ззаду рыбалова, убачыў, што яно амаль поўнае рыбы, і адчуў павагу да чалавека, які ўмее вудзіць; не тое што другія – абы час загубіць. Доктар паважаў усялякае ўменне.
Шыковіч разглядаў Гукана з іранічнай усмешкай: ён упершыню бачыць яго ў такой форме і ролі.
Толькі падсекшы і выкінуўшы на траву трапяткога акунька, Гукан павярнуўся да іх і працягнуў руку.
– Што гэта вы, Сямён Парфёнавіч! Мы вас чакаем, – выказаў крыўду Шыковіч, хоць цяпер яго чамусьці мала кранула тое, што Гукан не прыехаў.
– Прабач, Кірыла… Не ўтрымаўся ад спакусы. Калі нашаму брату ўдаецца выбрацца на лона прыроды. Вось і думаю: палаўлю і з'яўлюся ў госці са сваёй юшкай. Чакай.
Нырнуў паплавок адной з вуд. Гукан спрытна скочыў да вудзільна і выкінуў срэбна-белую плотку… Яраш зняў яе з кручка. Кідаючы ў вядзерца, спытаў:
– Гумай не пахне?
– Не. Праверана.
– То, можа, час ужо варыць юшку? – прапанаваў Шыковіч.
– Ты бачыў, як бярэцца? Павудзім, доктар? – звярнуўся Гукан да Яраша, мабыць, адчуўшы ў ім аднадумца, недарма кажуць: «Рыбак рыбака бачыць здаляка».
– Безумоўна, павудзім! – падтрымаў Яраш. Скінуўшы тапкі, падкасаўшы штаны, ён пайшоў цераз ручай. – Я далей.
Гукан ацаніў яго рыбацкую далікатнасць. Паглядзеў услед, сказаў:
– Зайздрошчу гэтаму чалавеку. Волат. – Уздыхнуў: – Няроўна дзеліць маці-прырода.
– Ды і няроўна, каб ёй пуста было, – згадзіўся Кірыла, разматваючы леску.
Ён прымасціўся тут жа, крокаў за дзесяць ад Гукана, хоць таму гэта не вельмі спадабалася. Сеў на абрыве, звесіў ногі да вады, насадзіў чарвяка, папляваў на яго, нацягнуў леску, сагнуўшы вудзільна, і адпусціў: кручок і груз паляцелі далёка ў раку, але плынь хутка знесла паплавок да берага. А Гуканавы паплаўкі, наадварот, цягне на сярэдзіну. Нечаканыя павароты робіць плынь! Шыковіч прасачыў, як праплыў кусцік травы, паразважаў у думках над тайнамі ракі, зразумеў урэшце, чаму Гукан заняў гэтае месца: зліваюцца два струмені – ракі і ручая, рыба любіць такія куткі. Яго месца – ужо не тое. Але не стаў шукаць другога. Тут хораша сядзець на мяккай траве. Вада блізка, хоць апускай у яе прахалоду ногі. Дзіўнае журчанне. Кірыла ўпершыню чуе такое. Быццам вада бяжыць па звонкай металічнай трубе. Чаму гэта? Адкуль? Струмень б'е ў бераг? Але бераг тут мяккі. Ён услухаўся, угледзеўся. Ды думкі расплываюцца, нельга засяродзіцца. Наплывае ўсё адразу. Ластаўкі чэрцяць крыламі ваду. Лятаюць каля самых ног. Можа, гняздо ў абрыве? Пахнуць травы. Ластаўкі не парушаюць спакой, а водар ап'яняе. Асільвае стома. Хочацца спаць. Чырвоны паплавок лёгка гойдаецца, але не нырае. А ў Гукана нырае. Той раз-пораз падсякае. І ўжо колькі разоў у паветры мільгалі рыбкі, трапяталіся ў траве.
«Драбязу бярэ. Можна і з вудай браканьерыць. Трэба сказаць яму». Але не сказаў, паленаваўся. Хацелася паваліцца ў траву і глядзець у неба, дзе гусцеюць перыстыя аблокі. Сонца яшчэ прабівае іх, але расплылося, як… яйка на скавародцы. Чужы стары вобраз. Ліха з імі, з гэтымі вобразамі. Зноў дасціпныя крытыкі будуць лавіць у яго блохі. Алах з імі! Не кожны піша метафарамі. Цяжка чмякнула нешта ў траве збоку.
– Глядзі! – Гукан трымаў у руцэ вялікага акуня, і твар яго ззяў ад шчасця.
Шыковіч засмяяўся. Успомнілася французская кінакамедыя, эпізод, дзе ў спаборніцтве рыбаловаў рыба бралася толькі на кручок браканьера – героя фільма.
Кірылу заўсёды смяшыла наіўнасць, хлуслівасць і радасць рыбакоў і паляўнічых. Паважаныя сур'ёзныя людзі, узяўшы вуду і стрэльбу, ператвараюцца ў дзяцей і мюнхгаўзенаў. Між тым Гукан дастаў з кішэні прыладу накшталт маленькага пісталета, выцягнуў з дула стужку рулеткі і змераў даўжыню акуня. А пасля гэтай жа прыладай зважыў рыбіну. Кірыла глядзеў на яго ўжо без іроніі, без смеху, а з нейкім нават захапленнем: «Ух, чорт! Вось гэта акуратнасць!» Твар Гуканаў, які быў расплыўся ад усмешкі, зноў выцягнуўся, калі ён сказаў:
– Восемсот грамаў. Думаў, больш будзе.
Але ўвогуле яго, відаць, задаволіла рыбацкая ўдача. Ён раптам сеў пад вярбой. Дзіўна сеў, высока, на ўзровень падбародка, падняўшы вострыя калені. На правае калена палажыў вудзільна.
Шыковіч убачыў, што вакол паплаўка ходзяць акунькі, і залюбаваўся іх гульнёй.
– Чым, інжынер чалавечых душ, думаеш парадаваць у бліжэйшы час?
Кірыла не любіў ні гэтага звароту, які замусолілі да агіднасці, ні гэтага шаблоннага пытання. Але адчуў, што Гукан мімаволі зрабіў добрую зачэпку для размовы, дзеля якой і запрашаў яго.
– Хачу вярнуцца да падполля. – Ён знарок не паварочваўся, але ўсё адно адчуваў на сабе доўгі пільны позірк старшыні гарсавета.
– Зноў вайна. Шаснаццаць год будуем. Гарады вунь якія збудавалі. Дзеці выраслі, што нарадзіліся пасля вайны. Глянеш навокал – дух займае. Вось-вось савецкі чалавек на Месяц ступіць. А ваш брат усё ваюе. Назад, браткі, глядзіце. Не ўмееце глядзець наперад!
– Справядлівы папрок, Сямён Парфёнавіч! – бадзёра падтрымаў Шыковіч. – Але кожны піша пра тое, што яго хвалюе.
– Раман? – спытаў Гукан пасля доўгага маўчання.
– Дакументальная аповесць.
– Дакументальная? Пісана-перапісана…
– Не так ужо многа, Сямён Парфёнавіч. Пра наш горад адна ваша кніга. Ды і колькі там пра падполле! Мімаходзь. Я хачу заглянуць глыбей… Разабрацца…
– Разбіраўся гарком.
– Правільна. Але мне, напрыклад, шмат што няясна. Асабліва ў першым перыядзе. Да таго ж згадзіцеся, што цяпер мы на многія рэчы глядзім другімі вачамі.
– Хочаш, значыцца, прарэвізаваць рашэнне гаркома. – Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай што прагучала пагроза.
Шыковіч каўзануўся па траве і моцна ляснуў вудзільнам па вадзе. Ён зразумеў, што Гукан не адступіць ні ад аднаго сказа, палажэння сваёй кнігі, напісанай яго, Кірылавай, рукой. Апанавала злосць.
«Чаму ты так упарта трымаешся за тое, супраць чаго выступаюць многія? Чаму ты лічыш, што адзін ты сказаў ісціну ў апошняй інстанцыі? Рашэнне гаркома!.. Ты быў сакратаром і рыхтаваў гэтае рашэнне, паўтарыўшы тое, што раней напісаў у кнізе. А людзі – удзельнікі – пратэстуюць!..»
Кірыла аберуч сціснуў вудзільна, быццам яно магло зацягнуць яго немаведама куды. Ён баяўся, як бы не выбухнула гэтая злосць. Разумеў, што сварыцца цяпер з Гуканам неразумна і недарэчна. Памог яму саўладаць са сваімі пачуццямі сам Гукан. Той падняўся на ногі, зноў нахіліўся над ракой, і збоку здавалася, што, акрамя паплаўкоў і рыбы, нічога больш не хвалюе і не цікавіць яго. Кірыла агледзеў доўгую постаць, спакойны аскетычны твар і, адчуваючы, што патухае агонь, нязлосна вылаяўся ў думках:
«Актор, чортава жардзіна! Я дорага заплаціў бы, каб даведацца, пра што ты думаеш».
Яны доўга маўчалі.
Нарэшце, чапляючы новага чарвяка, Гукан сказаў:
– Гэта цябе Яраш падбівае на падполле? Раю не вельмі давяраць яму. Анархіст.
– Яраш – анархіст? – Кірылу стала чамусьці весела. – Больш дысцыплінаванага чалавека я не ведаю.
– Розная бывае дысцыпліна. Безумоўна, ён выконваў адказныя заданні. Але гэта была, так сказаць, не галоўная лінія нашай барацьбы. І яго трымалі ўбаку. Таму ў яго склалася дзіўнае ўяўленне аб падполлі. У нашай кнізе, канешне, не ўсе факты і людзі названы… Але я і не ставіў такой мэты…
«Кніга наша, а мэта твая», – засек у думках Кірыла.
– Мы далі агульную ацэнку… А Яраш хацеў перакрэсліць усё, бо не назвалі яго… Помніш яго пісьмо?..
Шыковіч успомніў сваё першае знаёмства з Ярашам, як, атрымаўшы пісьмо, знайшоў маладога лекара. І той расказваў пра сваіх сяброў-падпольшчыкаў з болем, з крыўдай.
Не, Яраш пісаў тады не з-за сябе! У гэтым Кірыла цвёрда пераканаўся. Але мае рацыю і Гукан: у Яраша ў той час сапраўды было блытанае ўяўленне аб агульнай карціне падпольнай барацьбы ў горадзе.
Адначасова Кірыла прыгадаў сённяшнюю размову з сябрам, яго словы пра тое, што ці варта варушыць мёртвых і падзеі даўно мінулых дзён. Нават Яраш, нястрымны і нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць! Што гэта – старасць? Дача, галубы, рыба…
А можа, сапраўды, гэта не тое, самае галоўнае, што патрэбна цяпер народу?
У Шыковіча нярэдка ўзнікалі такія сумненні ў актуальнасці сваіх творчых задум. Гэта цяжкія сумненні, яны часта выклікалі дэпрэсію, абыякавасць, застой. Кірыла баяўся іх. Таму яму больш не хацелася ні «мацаць» Гукана, ні ўвогуле прадаўжаць размову пра гэта. Трэба пераключыцца на штось іншае!
Яму пашанцавала: нырнуў паплавок, ён падсек і выкінуў ніштаватага язя. Яго ўдача падагрэла рыбацкі азарт Гукана, бо язя той не ўзяў ніводнага. Сямён Парфёнавіч сеў бліжэй і пачаў расказваць пра звычаі рыб. Расказваў падрабязна, хоць вельмі манатонна. Кірыла маўчаў. Глядзеў, як гойдаецца паплавок, слухаў журчанне вады, крыкі ластавак. Мацней пахла дажджом. Усё гэта супакоіла і зноў расслабіла мозг, цела. Рака закалыхвала…
Раптам Гукан пачуў, як збоку ад яго штось цяжкае плюхнула ў ваду. Падумаў, абваліўся бераг. Глянуў – няма Шыковіча. Міма яго вуд плыў па рацэ саламяны капялюш. Сямён Парфёнавіч спалохана падскочыў. Але тут жа, пад абрывам, вынырнула галава…
– За вудзільна! Хапайся за вудзільна! – закрычаў Гукан.
Шыковіч схапіўся за вудзільна і, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей – у мора.
– Што здарылася?
– Задрамаў, – адказаў Шыковіч, круцячы галавою, каб выліць ваду з вушэй.
– Задрамаў? – Гукан так зарагатаў, што ластаўкі спалохана кінуліся за раку, далей ад такога грому.
Шыковічу ніколі не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы і ўсмешкі старшыня так рагатаў. Ён ніяк не мог супакоіцца, выціраў слёзы, гладзіў худы жывот і зноў заліваўся. Яго рогат устрывожыў Яраша. Той кінуў вуды і вылез з лазняку, каб паглядзець, што здарылася.
3
Звычайна Гукан прыходзіў у выканком за паўгадзіны, а то і больш да пачатку работы. Гэта было зручна. Па-першае, дысцыплінавала падначаленых, хоць, калі сакратарка паспрабавала прыходзіць раней за яго, ён забараніў ёй рабіць гэта. Яна павінна з'яўляцца без пяці дзевяць, не раней і не пазней. Гукан любіў парадак і ўмеў яго падтрымліваць.
Па-другое, такім чынам яму ўдавалася абмінуць большасць кватэрных прасіцеляў, якія падпільноўвалі штодня. Нарэшце, у пустым, добра праветраным кабінеце, у вокны якога лезлі галіны каштанаў, хораша думалася і была магчымасць найлепшым чынам спланаваць свой рабочы дзень.
Гукан умеў гэта рабіць, не як другія кіраўнікі, і меў волю выконваць такія аднадзённыя планы.
У панядзелак Сямён Парфёнавіч заспаў. Гэта яго злавала і смяшыла, калі ён таропка ішоў па абмытых дажджом вуліцах. Такога з ім не здаралася ўжо год дваццаць – каб ён праспаў. Без будзільніка, без старонняй дапамогі ён мог дакладна ў назначаны час усхапіцца на ногі. А тут раптам праспаў да палавіны дзевятай. Вінаваты ўчарашні адпачынак.
«А ўрэшце, гэта няблага, што арганізм яшчэ здольны атрымліваць такую зарадку і гэтак выключацца», – разважаў ён ідучы.
Успамінаў учарашні дзень. Многа было прыемнага. Асабліва рыбалка. Рэдка каму шанцуе так. І дождж, які захапіў іх на лузе. А потым, як ён гатаваў разам з дзвюма далікатнымі ўважлівымі жанчынамі юшку, пакуль гаспадары ездзілі ў вёску ў краму, і рагатаў, расказваючы ім, як зваліўся ў раку Кірыла Шыковіч. Жанчыны таксама смяяліся, хоць Ярашава жонка сказала, што Кірыла мог зрабіць гэта знарок – для смеху.
У прыёмнай ужо чакалі людзі. Чалавек дзесяць. Гукан прывітаўся. Яго адразу абкружылі.
– Таварыш старшыня!
– Сямён Парфёнавіч!
– Таварыш Гукан!
Ён спыніўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнікаў. Зняў габардзінавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкі хусцінкай лоб і шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым.
– Чакайце. Можаце лічыць мяне бюракратам, кім хочаце, але давайце адразу высветлім нашы ўзаемаадносіны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятніцу прыёмны дзень, калі ласка, прашу.
– Я два месяцы не магу трапіць да вас! – злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам.
– Магло быць, – спакойна згадзіўся Гукан. – Справы і выезды двойчы сарвалі мне прыёмны дзень. Прымалі мае намеснікі.
– А я хачу да вас!
– Нэла, – звярнуўся Гукан да сакратаркі, – была гэтая грамадзянка на прыёмах?
Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела і няўпэўнена адказала:
– Была.
– Запішыце яе на пятніцу першай на чаргу. – І ласкава звярнуўся да жанчыны: – Чакаю вас роўна ў дзевяць.
Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал.
Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запісаць яе першай.
– Вы, таварыш маёр, наконт дарогі? – Твар Гукана ўміг пасуравеў, вочы зрабіліся калючымі і глядзелі не на маёра, а міма, як бы шукалі кагосьці другога. – Дарогу міма школы-інтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзеці глыталі пыл і газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далі праезд, прывядзіце яго ў парадак.
– Мост.
Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсіх:
– Мост цераз канаву – казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалі вам гэты мост? Пасаромеліся б гаварыць. Такая часць!..
Чалавекі два з наведвальнікаў засмяяліся.
– Таварыш Гукан!
– Не рабіце сакрэтаў там, дзе іх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаіце і кудой вы ездзіце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома!
Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальніка, інтэлігентнага чалавека ў акулярах.
– Вы?
– Я, уласна кажучы, таксама…
– Дамовіліся. У пятніцу.
– У вас што?
– Я наконт інтэрната…
– Да Кушнера. Няхай дае прапановы.
Гукан шукаў вачамі наведвальніка, у якога магла б быць такая справа, каб усе зразумелі: так, гэта першачаргова і важна, мы можам і пачакаць.
Яго позірк спыніўся на зусім маладым чалавеку, амаль юнаку, модна апранутым: светлы касцюм, карычневая сарочка, вузенькі гальштук. Ён стаяў збоку, слухаў размову старшыні гарсавета з наведвальнікамі, і ў вачах яго, крыху блізарукіх, прыжмураных, свяцілася іранічная ўсмешка.
У такіх, што не лезуць назойліва наперад, не заглядваюць лісліва ў вочы і не вельмі нават дамагаюцца прыёму, – у іх бываюць самыя цікавыя справы.
– А вы, таварыш? – цераз галовы другіх звярнуўся да яго Гукан.
– Я? – паказаў на сябе пальцам юнак і як бы здзівіўся. – Я хачу прапанаваць новую планіроўку мікрараёна на Выселках. – І ён падняў скрутак ватманскай паперы.
– О! – узрадаваўся Гукан, у сваю чаргу паказаўшы пальцам на хлопца. – З гэтага мы і пачнем! Бо гэта на сённяшні дзень самае галоўнае. Прашу вас.
І наведвальнікі моўчкі і пачціва расступіліся, вызваліўшы старшыню са свайго кола і даючы дарогу да дзвярэй кабінета маладому архітэктару.
У прыёмнай было ўжо душна. А ў кабінеце – цудоўны вільготны халадок; зачыніш за сабой дзверы і быццам трапляеш у другі свет. Вокны выходзілі на паўночны бок, на ціхую вуліцу. Гукан кіўнуў на доўгі стол.
– Вось тут рассцілайце свае чарцяжы. Замест кнопак вось гэта, – ён падняў адзін з круглых падшыпнікаў, якія стосам ляжалі на краі стала.
Пакуль наведвальнік разгортваў свае праекты, Гукан павесіў у куце на вешалку кепку, заглянуў у настольны каляндар – якія справы чакаюць сёння? Потым падышоў да адчыненага акна і доўга любаваўся на каштан. З таго часу, калі загарэліся белыя свечкі квецені, ён з цікавасцю сачыў, як завязваліся, развіваліся і як цяпер растуць плады каштана, маленькія, яшчэ зялёныя, з ледзь прыкметнай насечкай. Сямён Парфёнавіч глядзеў на іх па некалькі разоў на дзень. Гэта супакойвала, давала адпачынак нервам. Хораша настройвала.
Але, разглядаючы каштаны, ён раптам адчуў трывогу ў душы. Чаму? Ад чаго?
Нібы спалохаўшыся, што гэтую трывогу можа пачуць старонні чалавек, старшыня хутка павярнуўся да яго.
– Ну, што ў вас?
– Вось тут…
– Нічога не тлумачце. Я сам… Я, малады чалавек, зубы з'еў на гэтых планіроўках. Так… Так… Гэта ў вас што?
– Сад для дзяцей. З усім комплексам…
– Так… Цікава. Цікава…
Ён ступіў да другога ліста, да трэцяга. Праект яму спадабаўся. Планіроўка мікрараёна, архітэктура яго не былі падобны на ўсё тое, што яму паказвалі дагэтуль. Абком і гарком паставілі задачу – зрабіць мікрараён найпрыгажэйшым у горадзе, самым сучасным па архітэктурным вырашэнні, і некалькі бяскрылых праектаў ужо былі адхілены. А ў гэтага, здаецца, нешта ёсць. Гукан падышоў да століка, на якім стаялі тры тэлефонныя апараты, патэлефанаваў спачатку галоўнаму архітэктару горада Гамбіцкаму, потым свайму намесніку Кушнеру, які займаўся будаўніцтвам. Папрасіў іх зайсці. Кладучы слухаўку, спытаў:
– Як ваша прозвішча? Хто вы?
– Маё? – зноў-такі нібы здзівіўся хлопец і ўсміхнуўся, мабыць, падумаў: «Нарэшце вы здагадаліся спытаць пра гэта». – Я студэнт Ленінградскага архітэктурнага. Дыпламант. Гэта мой дыпломны праект. Я вырас на Выселках.
– О, брат, гэта ўжо цэлая тэма для рамана! Ведаеш, у нас мясцовы пісьменнік ёсць – Шыковіч?
– Ведаю. Я ў школе яшчэ калі вучыўся, ён у нас выступаў.
– Але… Яго хлебам не кармі, а дай пагаварыць.
І прыгадалася, як учора Шыковіч ледзь не сапсаваў дзень. Хораша было пасля рыбалкі сядзець на верандзе, слухаць, як шуміць дождж і лес. Ён, Гукан, і жанчыны пілі шампанскае, Шыковіч і Яраш – каньяк. Чорт яго пацягнуў за язык выказацца супраць культу асобы (цяпер Гукан нават не помніў, чаму пачаў гаварыць пра гэта). Вось тады Шыковіч і разышоўся. Прыгадаў, як Гукан, будучы сакратаром гаркома, прымушаў яго пісаць пісьмы Сталіну. «Сабраўся які сход, актыў – давай Шыковіча, каб ён напісаў прыгожа, паэтычна. Дзе яны, нашы пісьмы, Сямён? Давай калі-небудзь пачытаем! І некаторыя мясціны з нашай кнігі, з першага выдання. Хочаш, пачытаю зараз?»
Жонка і Яраш рашуча супакоілі шумнага гаспадара. Праўда, ён тут жа павярнуў усё на жарт і нават, здаецца, неяк папрасіў у яго, Гукана, прабачэння. Сямёна Парфёнавіча не пакрыўдзіла п'яная балбатня і напамінак пра яго даўнюю дзейнасць. Не ён адзін так рабіў. Такі быў час. Уразіла іншае: фамільярнасць, з якой Шыковіч казаў гэта. Ён тады ж падумаў, што заўсёды меў рацыю, калі вельмі асцярожна прымаў запрашэнні. Нельга адказнаму работніку хадзіць у госці! Людзі хутка губляюць дыстанцыю.
Цяпер, адганяючы непажаданы ўспамін, ён падумаў інакш, больш злосна: «Зазнаўся, няшчасны пісака… Расперазаўся».
Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Ён хадзіў, быццам сапраўды катаўся на роліках, хутка, бясшумна. Старшыні архітэктар моцна паціснуў руку. Маладому калегу свайму кіўнуў галавой, прывітаўся здалёк:
– Прывет, Кухараў. Ты ўсё-такі вырашыў патурбаваць Сямёна Парфёнавіча? Ах, моладзь, моладзь!
– І правільна зрабіў, што патурбаваў. Цікавы праект, – сказаў Гукан.
Гамбіцкі пільна паглядзеў на старшыню: сур'ёзна ён кажа, шчыра ці з іроніяй, з падэсцю?
– Цікавы. Але не нашы ўплывы, Сямён Парфёнавіч. Не наш стыль, форма. Заходнія.
– А што, па-вашаму, на Захадзе ў архітэктуры няма нічога цікавага? – спытаў Кухараў.
– Не. Чаму? Ёсць арыгінальныя рашэнні. Вельмі своеасаблівыя. Але ў нас не тыя задачы, дарагі мой калега, разумееце?
– А па-мойму, галоўная задача, каб было прыгожа, менш каштавала і людзям было зручна жыць. А вы проста кансерватар!
Шызы шар Гамбіцкага пачырванеў, загарэліся маленькія вушы, як два пялёсткі. Гукан засмяяўся.
– О! А вы малады, ды ранні. Зубасты. Гэта добра, – і раптам на твар яго як бы ўпаў цень і замарозіў рысы. – Але паважайце нас, старых. Мы з Феліксам Янавічам узарвалі заводы ў сорак першым. Мы збудавалі горад нанова. Хіба кепска збудавалі?
Гамбіцкі, сентыментальны чалавек, непрыкметна прамакнуў насоўкай вочы і надзеў акуляры.
– Увогуле – нічога.
– Увогуле! Вы чулі? Увогуле! – плаксіва выкрыкнуў архітэктар.
– Добра збудавалі! – сурова і рашуча сказаў Гукан.
– Добра, – з ледзь прыкметнай усмешкай згадзіўся Кухараў. – Я паважаю старэйшых. Яны вучаць мяне. Але, Фелікс Янавіч… вы кажаце: другія задачы. На Захадзе – Чэхаславакія і ГДР з іх высокай будаўнічай культурай. Хіба ў іх не тыя ж самыя задачы?
– Вось гэта правільна! – З Гуканавага твару, надзвычай багатага на пералівы ценяў і святла, напалавіну сышоў цень – з верхняй часткі, з вачэй. У кабінет увайшоў Кушнер, чалавек з маладжавым прыемным тварам, з пустым правым рукавом. Падаў усім левую руку і без лішніх слоў пачаў разглядаць праект, пераходзячы ад аднаго ліста да другога.
– Ну як, будаўнік? – спытаў Гукан, назіраючы за намеснікам з хітрай усмешкай.
– Ліха яго ведае! Для мяне гэта цёмны лес. Я пакуль на натуры не пабачу, не магу зразумець, дзе добра, а дзе дрэнна, – шчыра і проста прызнаўся Кушнер.
Гамбіцкі хмыкнуў. Гукан паківаў галавой. Яго даўно перастала ўжо здзіўляць шчырасць намесніка, яго незвычайная самакрытычнасць. Пра сябе і пра другіх ён гаварыў толькі праўду, якой бы яна ні была. Чаго не разумеў, не ведаў, не саромеўся прызнацца ні начальству, ні падначаленым. За гэта яго і паважалі і не любілі.
– А мне гэтая планіроўка падабаецца. – Гукан пастукаў пальцамі па першым аркушы. – Разгледзь, Гамбіцкі, там са сваімі… Сур'ёзна. Па дэталях… Памажыце таварышу… Кухараву.
– Калі Гамбіцкаму не падабаецца, ён пахавае без доўгіх надмагільных прамоў, – кінуў Кушнер.
– Іван Фёдаравіч! – пакрыўдзіўся архітэктар.
– А мы вынесем усе праекты на выканком, у тым ліку і гэты… Абмяркуем з удзелам грамадскасці. Выселкі павінны быць прыгажэйшым раёнам! – заключыў Гукан.
У Кухарава пры гэтых словах бліснулі вочы, і ён горача падзякаваў старшыні гарсавета. Яму, магчыма, больш, чым каму другому, хацелася, каб Выселкі сталі прыгажэйшым раёнам. Калі, скруціўшы чарцяжы, Кухараў выйшаў, Гукан кіўнуў услед:
– Бачылі, якая моладзь расце.
– Прабіўная, – адказаў Гамбіцкі.
– Адукаваная, – уздыхнуў Кушнер.
Гукан пайшоў за свой стол, сеў у крэсла, перагарнуў паперы, выбіраючы, якой заняцца ў першую чаргу. Спытаў:
– Як выхадны правялі?
– Ездзіў дзяцей праведаць у лагер. Сустрэў хлопцаў з завода. Ехалі назад – заехалі ў чайную ў Вярбовічах. І, канешне, выпілі. Ды што пілі! Піва і нейкае пладовае віно. Пойла. Хто ў нас толькі выпускае такую дрэнь? Бр-р, брыдота! Лепш ужо гарэлку піць, – смешна зморшчыўся Кушнер; нават свае чалавечыя слабасці ён ніколі не хаваў, расказваў пра іх проста і шчыра.
Гамбіцкі хмыкнуў, ён ніяк не мог звыкнуцца з гэтай святой прастатой намесніка.
– А я працаваў. Нам, творчым работнікам, няма калі і адпачыць.
Гукан і Кушнер не паверылі, што архітэктар сапраўды працаваў, але змаўчалі.
Гукан сказаў:
– А я так хораша парыбаліў. Каля Дзятлава. На такую мясціну натрапіў… Акуні, дурні, аднаго возьмеш, вядзеш, другія следам ідуць, гатовы на бераг выскачыць. Кілаграмы чатыры нацягаў. А пасля насмяшыў мяне адзін дзівак. – Сямён Парфёнавіч адкінуўся на спінку крэсла і весела засмяяўся. – Далібог, даўно ўжо не смяяўся так. Шыковіч. Яны там у лясніцтве дачу сабе адгрохалі. З Ярашам. Хароміна! Жывуць, як паны. Дык вось… Прыйшоў Шыковіч на бераг. П'яненькі, безумоўна. Сеў на абрыве. Бубніў, бубніў нешта. І раптам – боўць. У раку! Я гляджу – адзін капялюш плыве. Ледзь я выцягнуў яго. Задрамаў, аказваецца, чалавек. Ха-ха-ха…
Ніколі яшчэ Гукан не смяяўся так на службе. Ва ўсякім разе, Гамбіцкі не чуў, а таму ў першы момант нават разгубіўся. І толькі крыху пазней, калі старшыня выціраў хусцінкай вочы, архітэктар захліпаў смехам дробным, перарывістым. Кушнер не засмяяўся зусім. Яму чамусьці не спадабалася гэтая весялосць, і ён сказаў:
– Я ніколі не бачыў Шыковіча п'яным.
І гэтым асек Гуканаў смех. Старшыня ўміг замкнуўся: патушыў вочы, сцяў вусны. Нахіліўся над сталом, прыгладзіў рэдкія сівыя валасы.
– Ну, будзем працаваць!
Гамбіцкі выкаціўся.
Кушнер падышоў да акна і, выглядаючы на вуліцу, сарваў каштанавы ліст.
Старшыня ўзлаваўся:
– Колькі разоў я прасіў цябе: не чапай лісця. Дурная звычка! Гэтак ты за лета ўвесь каштан абскубеш.
– Увесь не дастану.
Сямён Парфёнавіч кіпеў. Больш чым за год сумеснай працы ён ніяк не мог зразумець: сапраўды гэты чалавек заўсёды кажа тое, што думае, ці часам робіць гэта дзеля таго, каб паздзекавацца з другіх? Вось як цяпер: «Увесь не дастану».
– Калі намеснік старшыні гарсавета будзе так скубці зялёныя насаджэнні, не ведаю, калі мы выканаем рашэнне абкома…
Кушнер засмяяўся:
– Будзем мець апраўданне: усю зеляніну папсаваў Кушнер.
Гукан не адказаў. Схіліўшы галаву набок, пачаў пісаць рэзалюцыю на нейкай паперы. І Кушнер зноў выказаў тое, што падумаў:
– Мне здаецца, Шыковіч не насмяшыў цябе, а сапсаваў настрой. Чым?
Гукан падняўся, цяжка, па-старэчаму абапіраючыся на стол рукамі. Папрасіў падкрэслена ветліва:
– Іван Фёдаравіч, давай зоймемся справамі.
Кушнер усміхнуўся і бадзёра пайшоў да дзвярэй, кінуўшы на хаду:
– Я еду на будоўлю школы-інтэрната.
Калі за ім зачыніліся дзверы, Сямён Парфёнавіч нервова прайшоўся па кабінеце, спыніўся перад акном, палюбаваўся на каштан, каб супакоіцца. Лісце хутка абсыхала, падымала вострыя зубчыкі ўгору, мяняла колер з ярка-зялёнага на зялёна-матавы. Дзесьці ў верхавіне шамацелі нябачныя птушкі. Усё, як заўсёды, як учора, пазаўчора. А спакой не прыходзіў. Зноў з'явілася трывога ў душы.
«Шыковіч не насмяшыў цябе, а сапсаваў настрой. Чым?» Сапраўды, чым? Калі не лічыць крыху шумнай размовы аб кульце асобы, Шыковіч паводзіў сябе карэктна і гасцінна. Увогуле ўсё з учарашняга дня падабаецца. І цяпер у вушах стаіць шум дажджу. А ў вачах – струмені вады, што льюцца са страхі. Усяродку дачы моцна пахне свежаю сасной, апетытнай юшкай і смажанай рыбай…
Што яшчэ гаварыў Шыковіч? Ага, кароткая размова на беразе аб падполлі, да якой ён потым не вярнуўся нават тады, калі падвыпіў. Што ён сказаў? «Хачу пісаць аповесць. Дакументальную. Глянуць глыбей. Разабрацца». У чым? У чым ён хоча разабрацца? Безумоўна, штурхае яго на гэта Яраш. Ну што ж, няхай разбіраецца. Магчыма, яму, Гукану, трымацца за ацэнку, якую ён даў падполлю дзесяць год назад, і не вельмі трэба цяпер. Упартасць, нязгода з іншымі поглядамі была б незразумелай… А ўвогуле, каб яго воля, ён не дазволіў бы кожнаму пісаку корпацца ў мінулым. Не твая гэта справа. Пішы пра тое, што бачыш вакол сябе. Быў ты на фронце – пішы пра фронт. А я кіраваў падполлем – я і напісаў пра падполле.
А ўрэшце, усё гэта глупства. Не ў характары Шыковіча заглядваць вельмі глыбока. Не хопіць пораху.
«Я ведаю, якая ў цябе глыбіня, хапаеш адны вярхі. Табе здаецца, што гэта ты напісаў за мяне кніжку. Няўдзячны чалавек. Што б ты напісаў без маёй партызанскай дзейнасці, без маіх матэрыялаў і расказаў? Гультай. Я цябе сілком садзіў за рабочы стол. Мая кніжка памагла табе стаць на ногі. Не забывай гэтага!»
Непрыкметна агульныя думкі набылі канкрэтную форму – водпаведзі Шыковічу, успамін пра якога чамусьці раздражняў. Праўда, Сямён Парфёнавіч стараўся захаваць аб'ектыўнасць. Ён, напрыклад, упікнуў самога сябе за тое, што ў апошнія гады як бы забыўся на чалавека, які памог яму. «Пісьменнікі – народ самалюбівы, трэба было яго прыласкаць». Але такая аб'ектыўнасць мала памагала. Чым больш ён думаў, тым больш расла злосць на гэтага чалавека. «Бач, раскрычаўся! Пісьмы яго прымушалі пісаць!.. Перапрацаваўся… Зазнаўся – вось у чым бяда».
Гукан не пачуў нават, калі ў кабінет увайшоў сакратар выканкома Гарусевіч. Гэты малады чалавек, надзвычай акуратны ва ўсім – у адзенні, у справах, у захаванні рэжыму жыцця, заўсёды з'яўляўся і знікаў бясшумна, як цень. Нават Гукан, сам педант у жыцці і рабоце, здзіўляўся, адкуль у гэтага вясковага хлопца такая звышакуратнасць. Ідзе самае бурнае пасяджэнне, вырашаюцца важнейшыя пытанні, а ён, Гарусевіч, калі наступае пэўны час, бясшумна знікае і, як стала вядома, у сябе ў кабінеце выпівае шклянку баржому і з'ядае бутэрброд, які прыносіць на службу ў кішэні.
Сакратар пачціва кашлянуў.
Гукан нервова ўздрыгнуў, павярнуўся. Ён крыху спалохаўся, бо ведаў, што ў апошні час у яго з'явілася старэчая слабасць – разважаць з самім сабой уголас.
– Як гэта вы заходзіце? Дзверы на ўвесь будынак скрыпяць. Адзін вы ўмееце адчыніць іх бясшумна.
– Вы глыбока задумаліся, Сямён Парфёнавіч. – Гарусевіч спачувальна ўздыхнуў. – Справы.
Гукан пільна агледзеў яго. Як заўсёды, гарнітур быццам толькі што з-пад праса, чаравікі – з-пад аксаміткі чысцільшчыка. І здавалася, гэтай жа аксаміткай надраены шчокі пасля галення. Гукан непрыязна падумаў:
«Убачыць бы хоць раз цябе непаголеным».
Вярнуўшыся за стол, коратка спытаў:
– Што там у нас?
Гарусевіч сеў у крэсла і пачаў даваць паперы на подпіс.
– Пісьмо ў Савет Міністраў аб дадатковых асігнаваннях на будаўніцтва прадуктовых крамаў… Згодна пастановы сесіі…
Гукан зняў з пяра пазногцямі парушынку, акуратна падпісаў і прамакнуў.
– Запіска ў абком аб стварэнні новых паркаў.
Падпісаў размашыста, не чытаючы.
– Адказ у рэдакцыю аб непарадках у пахавальным бюро і на могілках…
– Непарадкі на могілках!.. – Старшыня сумна паківаў галавой. – Чым толькі нам, Кандрат Пятровіч, не прыходзіцца займацца!
– Але, – зноў спачувальна ўздыхнуў Гарусевіч.
Гукан прачытаў адказ і не падпісаў – палажыў убок.
– А тут нам пішуць. Канадскія турысты выказваюць падзяку за гасціннасць. Група балтыйскіх матросаў хваліць наш горад, і асабліва рэстаран.
– Ну, гэта гумарысты, чортавы дзеці. Горад як горад. А рэстаран – дрэнь. Трэба нам паслухаць трэст сталовых і рэстаранаў. – І нечакана спытаў: – Вы бываеце ў рэстаране?
Гарусевіч збянтэжана пачырванеў.
– Не. Што вы, Сямён Парфёнавіч! Праўда, калі працаваў яшчэ ў аддзеле культуры, разы два акцёры тэатра зацягнулі…