355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 5)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 28 страниц)

– Перад Галяй, – задумліва паўтарыў Яраш і змоўк.

Яму зноў зрабілася балюча і прыкра. Прыгадалася недарэчная сцэна рэўнасці. І, бадай, ніколі ён яшчэ не думаў пра сваю жонку так жорстка і непачціва, як падумаў у тую хвіліну. Вось яна спіць, заспакоеная і задаволеная. А ён не можа заснуць.

Пакуль ён расказваў, а Шыковіч моўчкі слухаў, яны прайшлі колькі разоў па сцежцы да ручая, а потым пайшлі ўздоўж ручая пад дубы. Дубоў тут была вузкая дзялянка, далей пачынаўся бор. І вось тут на мяжы гаю і бору было ў іх абжытае месца, дзе яны амаль штовечар палілі касцёр. Яны любілі агонь. Усе любілі – дзеці, жонкі. Часам пяклі бульбу ў прысаку і сала на ражне. Яраш, гаспадарлівы чалавек, нават змайстраваў тут лавачку.

Яны даўно ўжо стаялі каля свайго старога вогнішча. На зямлі чарнела куча сухога галля. Было такое правіла: удзень дзеці збіралі дровы, увечары палілі. Але ў мінулы вечар, відаць, касцёр не палілі: не было «бога агню» – Яраша.

У часе паўзы Антон сеў на сваю лавачку, а Шыковіч апусціўся на калені, чыркнуў запалку. Весела затрашчала сухое галлё. Водбліскі ўпалі на дрэвы, пазалацілі сосны і пасерабрылі дубы. На зямлю ляглі няроўныя цені. А за мяжой святла яшчэ больш згусцілася цемра.

Не ўпершыню начны агонь заварожваў Яраша. Хацелася глядзець, як гуляе, пераліваецца полымя, і маўчаць. Цяпер жаданне памаўчаць зрабілася асабліва моцнае. Ён падумаў, што дарэмна паклікаў Кірылу. Трэба было прыйсці сюды аднаму і запаліць гэты цудадзейны агонь. І, напэўна, да раніцы ўсё прыйшло б у норму.

Шыковіч адсунуўся ад агню і лёг на вытаптанай зямлі. Інтуітыўна ён адчуваў настрой сябра і, верны слову, цярпліва чакаў.

– Ты ведаеш, гэтая жанчына жыве і цяпер. Усё там жа на Падгорнай, у сваім доме. Калі пасля вызвалення я прыйшоў да яе, яна ўжо ведала, хто я. І ў яе не было ніякіх прэтэнзій, толькі павага і… збянтэжанасць. Вярнуўся яе сын, інвалід, без рукі. Яна жыла радасцю, што сын жывы. Знаёмячы нас, яна сказала, што я вядомы кіраўнік падполля і што яна таксама аказвала маленькую дапамогу падпольшчыкам. І вельмі была рада, калі я пацвердзіў гэта. Ёй хацелася, каб сын, франтавік, быў найлепшай думкі пра сваю маці… Я расказаў Галі пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажаніліся. Тады яна змаўчала і сказала, што ўсё разумее… А цяпер упікае.

Шыковіч зразумеў, што ў Антона адбылася сур'ёзная сутычка з жонкай. Але няўжо дзеля таго, каб выказаць гэты свой боль і крыўду, ён рабіў такі доўгі ўступ і экскурс у далёкае мінулае? Не. Безумоўна, ён мае расказаць нешта большае. Шыковіч сказаў жартам:

– Здаецца, ты робіш лірычнае адступленне ад сюжэтнай лініі.

– Але, – адразу згадзіўся Яраш і на момант задумаўся, мабыць, успамінаючы, дзе ён адхіліўся. – Лізавета Пятроўна, жанчына гэта, гаспадыня мая… яна, мабыць, адчувала нешта і баялася за мяне… А таму любіла, калі я прыходзіў, як пажарнік, як служачы сур'ёзнай і патрэбнай установы, падвыпіўшы. Але я ніколі яшчэ не прыходзіў вось так – «у дым». Яна смяялася, раздзяваючы мяне, ласкава лаяла… Напаіла квасам. Памыла ногі… Я гэта добра помню… Мне было няёмка і сорамна. Але я іграў ролю п'янага. Трэба было апраўдаць, чаму я не пайшоў на імяніны. Трэба было праверыць гаспадыню. Жыло ў мяне нейкае інтуітыўнае, падказанае бог ведае якім пачуццём адчуванне, што менавіта ў гэты вечар я выкрыю Лотке, даведаюся, хто мой «прыліпала». Упершыню ў той дзень з'явілася падазрэнне, што памочнікам Лотке з'яўляецца гаспадыня… Я «захроп» на ўвесь дом, а сам уважліва слухаў. І хутка пачуў:

«Можна да вас?»

«Калі ласка».

«Кватарант дома?»

«Дома».

«Дзе?»

«Спіць».

«Спіць? Так рана спіць? Ай-яй…»

«Выпіў чалавек».

«Выпіў? Няўжо выпіў? Ай-яй… Так выпіў, што зваліўся з ног? Такі дуб. Ай-яй».

«Гэтая зараза любога зваліць з ног».

«Можа, можа».

І, мабыць, не паверыўшы гаспадыні, што я дома, чалавек з тоненькім, далікатным галаском заглянуў у мой пакой.

«Ай-яй, храпе на ўсе застаўкі».

Я не верыў сваім вушам. З месяц назад пасяліўся гэты пажылы ўжо, гадоў пад пяцьдзесят, чалавек у доме насупраць, цераз вуліцу. Назар Авяр'янавіч Дымар. Яго шмат хто ведаў. Закройшчык, працаваў да вайны ў цэнтральным атэлье. А ў акупацыі трымаў маленькую майстэрню тыпу «амерыканкі»: «Рамонт верхняй вопраткі. Хутка. Танна». У яго быў свой дом у раёне таварнай станцыі. Але згарэў, калі нашы самалёты бамбілі скапленне ваенных эшалонаў. Пры бамбёжцы загінула жонка. Так ён расказваў мне і ўсім на вуліцы. Мы з ім амаль штодзённа сустракаліся. Сядзелі на лавачцы каля яго кватэры. Да гэтага пажару ён не паліў. А цяпер пачаў. Прызнаваўся, што і да чаркі цягне. Расказваў пра жонку – плакаў. Але нашых не вінаваціў. Уздыхаў: «Вайна. Што зробіш. На вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі ён прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной, з дзейнасцю гітлераўцаў. Я разумеў яго: асцярожнасць. А я – чалавек, блізкі да паліцыі. Мне нават здалося, што ён сувязны нейкай падпольнай групы; для гэтай мэты і майстэрня арганізавана. І вось гэты чалавек з'явіўся ў такі вечар, каб праверыць, дзе я. Заглядвае ў пакой. Раней ён ніколі не заходзіў да мяне вось так, папросту. Куды знікла яго далікатнасць. Гаспадыня запытала, навошта я яму.

«Табачку хацеў пазычыць, цэлы дзень не паліў. Ажно вушы напухлі».

Няўжо ён? Ці гэта выпадковасць? Стары чалавек. Акуратны. Спакойны. Я ляжаў і ўспамінаў, аналізаваў усе сустрэчы і размовы з ім. Прыгадалася, што разы два я сустракаў яго нечакана на далёкіх ускраінных вуліцах. Але ці мала спраў магло быць у краўца, які паўжыцця працаваў тут і ведаў паўгорада людзей… Праз гадзіну ён з'явіўся зноў.

«Спіць усё яшчэ?»

«Спіць».

«Ай-яй… А я думаў, прачнуўся. У мяне сотачка спірту ёсць. Пахмяліцца пасля такога перабору – найлепшае лякарства. Асабліва чысты спірт. Адразу здымае боль галавы».

І зноў заглянуў у мой пакой.

Цяпер, бадай што, можна было не сумнявацца. Шпіён нерваваўся: я збіў яго з панталыку. Ён яўна не выконваў нейкага вельмі пэўнага задання. Ох і ўзлаваўся я на яго, на гэтага старога здрадніка! Рукі свярбелі – устаць і прыдушыць, як паганага шчанюка. Няма нічога больш агіднага за здрадніка і шпіёна. Але мая злосць была падвоеная: як магло здарыцца, што я з першага дня раскусіў мацёрага агента СД Лотке і больш за месяц вадзіў за сабой такога нікчэмнага «прыліпалу»? Але самае дзіўнае, ведаеш што? Гаспадыня мая, расказаўшы раніцай, як двойчы прыходзіў Назар Авяр'янавіч, нечакана заключыла: «Не падабаецца мне, Кузя, гэты чалавек».

З Паўлам я сустрэўся на другі дзень, у нядзелю. Не вельмі ўпэўнены, што Лотке не ведаў, ад каго я атрымаў запрашэнне на імяніны, я не пайшоў да яго на кватэру, хоць належным чынам і застрахаваў сябе і ад краўца і ад любых другіх «хвастоў». Я пайшоў на Балотную да цёткі Любы, каб гэтая «пранырлівая гандлярка» схадзіла на Каштанавую да Паўла і звяла нас. І там сустрэў Паўла. Ён прыйшоў туды з тым жа намерам – выклікаць мяне.

Як заўсёды, ён быў інтэлігентна апрануты – у капелюшы, у добрым касцюме, у гальштуку. Паліў цыгарэты. Як належала работніку ўправы. У любых абставінах ён трымаўся надзвычай спакойна і ўпэўнена і не надта асцярожна. Часам нават парушаў тыя правілы канспірацыі, якія сам устанаўліваў. Неяк на зборы нашай пяцёркі мы сказалі яму пра гэта. Ён адказаў, што ў падпольнай рабоце нельга вынайсці правілаў, прыгодных на ўсе выпадкі, што часам людзей выдае звышасцярожнасць.

Павел спытаў, чаму я не прыйшоў учора. Я расказаў пра «велікадушнасць» Лотке. Павел усміхнуўся, здалося мне, крыху зняважліва.

«Асцярожны ты хлопец. Доўга жыць будзеш…»

Закрануты, я ўспыхнуў, пачаў апраўдвацца:

«Ты сам вучыў нас… Не думай, што я спалохаўся».

Ён ласкава абняў мяне за плечы. Мы стаялі ў зацянёным пакоі, акно якога выходзіла ў сад. Вялікі куст бэзу, яшчэ зялёны і густы, засланяў гэтае акно. Помню, што дзень быў хмурны і ветраны. Наступала восень.

Павел сказаў:

«Дзівак. Хто можа падумаць, што ты баязлівец! Ты правільна зрабіў. Тым, што не прыйшоў, ты насцярожыў нас. Мы своечасова разышліся. Была аблава. У горадзе пачаліся арышты. Трэба быць, як ніколі, пільным».

Тады я расказаў пра краўца.

Павел нахмурыўся.

«А вось гэта горш, – сказаў ён. – Калі твая здагадка пацвердзіцца, прыйдзецца спусціцца табе з пажарнай каланчы. Шкада. Зручнае месца. Хораша відна, дзе трэба паліць. Краўца праверым. Я сёння ж дам заданне хлопцам. Сам нічога не рабі. Вадзі яго за нос. Табе ёсць іншае заданне. Ваенны савет вынес прысуд Лучынскаму, начальніку гарадской паліцыі, здрадніку Радзімы. – Ён адступіў у глыб пакоя, да ложка, і з гневам дадаў: – Пёс гэты вельмі актыўны. Залішне здагадваецца пра тое, да чаго гестапа не дапяла б. Падумай, як гэта зрабіць найлепшым чынам».

Пра дзейнасць Лучынскага я сам збіраў звесткі. П'яныя паліцаі расказвалі пра садызм свайго начальніка. І я люта ненавідзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруціліся магчымыя варыянты аперацыі, планы яе – як, дзе…

Я глядзеў у акно і думаў. І раптам:

«Антон».

Прызнаюся, я ўздрыгнуў, бо даўно ўжо не чуў свайго сапраўднага імя.

Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша.

«Масква, – сказаў ён, ласкава пагладзіўшы пабляклы велюр. – Аня купляла». І ўздыхнуў. Я падумаў, што мне здалося, што ён паклікаў. Але праз момант, не ўзнімаючы галавы, ён паўтарыў: «Антон! Калі здарыцца што са мной і Кацяй, не пакінь Тарасіка. Прытулі».

У мяне перахапіла дыханне і голас. Пакуль я сабраўся з думкамі, каб нешта адказаць, Павел падняўся і працягнуў руку:

«Бывай. У мяне многа спраў сёння. Выпрацуеш план – звяжыся са мной. Падвернецца пад руку – дзейнічай самастойна. Але без рызыкі. І напэўна!»

Я так і не паспеў нічога сказаць яму наконт сына.

Мабыць, углыбіўшыся ва ўспаміны, Яраш змоўк. Кірыла падняўся, сабраў галавешкі і кінуў іх у жар. Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяціў схіленую доктараву постаць.

Шыковічу закарцела здагадацца, чаму раптам Антону сярод ночы захацелася так падрабязна расказаць пра сваё падполле. Звычайна, калі яго прасілі, ён расказваў неахвотна і скупа. Нават пасля таго, калі ён, Шыковіч, зацікавіўся падполлем і пачаў збіраць матэрыял, сябра яго ні разу яшчэ не расшчодрыўся на такі вось расказ. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей, і то часцей дзецям – Віцю, Іры, Славіку – з педагагічнай мэтай: вось так ішло змаганне за жыццё, якое вы маеце.

Шыковіч, як губка, упітваў гэтыя эпізоды, дэталі. Ён знарок не патрабаваў спецыяльнага расказу, каб не збіцца на біяграфію толькі аднаго чалавека. Чэрпаў матэрыял з іншых крыніц, а Яраша як бы трымаў у рэзерве. Ён пачаў збіраць матэрыял для аповесці, але хутка пераканаўся, што пра падполле іх горада трэба сказаць нейкае новае слова ў нарысавым жанры. Таму ў апошні час больш цікавіўся дакументамі. Яму крыху не падабалася, што Яраш выбраў для расказу такі час і месца, калі нічога нельга занатаваць. А на сваю памяць у сорак пяць год ён не вельмі ўжо спадзяваўся.

Але пры ўсёй сяброўскай блізкасці ён не адважваўся што-небудзь сказаць, няхай і жартам, з гэтай прычыны, адчуваючы, што Антона па-сапраўднаму нешта ўсхвалявала. Каб перапыніць паўзу, Шыковіч сказаў:

– Зямля дыша цеплынёй. Лажыся. Не шкадуй касцюма.

Яраш абышоў вогнішча і лёг з другога боку. Разам з дымам кастра патхнула добрай папяросай. І яму таксама захацелася запаліць. Ён кінуў паліць год шэсць таму. Толькі пасля цяжкіх аперацый яго цягнула запаліць. А так – не. А тут раптам ажно засмактала ў грудзях, перасохла ў роце. Але ён напружыў волю і не папрасіў у Шыковіча папяросы. Каўтнуў горкую сліну.

– Дні праз тры цётка Люба паведаміла мне, што Павел арыштаваны. Каб ты ведаў, што я перажыў. Які боль! І страх. І разгубленасць. Не было Паўла. У каго спытаць парады, што рабіць? Гестапа лёгка можа дакапацца, што мы трымалі сувязь. Уцякаць? Але ўцячы – гэта, напэўна, выдаць сябе. І тады ўжо не будзе ніякай магчымасці выканаць заданне гаркома. І Паўлаву просьбу. Дзе Тарасік? Што з ім?

Цётка Люба паведаміла мне пра арышт на рынку, калі я купляў у яе піражкі. Аглушаны, спалоханы (мне не сорамна прызнацца – дрогнула сэрца, чаго там таіцца), я не паспеў спытаць пра Кацю, Тарасіка. Ды і нельга было гутарыць доўга. Якая можа быць гаворка паміж гандляркай і пакупніком! Навокал шпікі.

Пасля дзяжурства я пайшоў да цёткі Любы на кватэру. Яна спалохалася:

«У суседнім доме засада. Арыштаваны стары рабочы друкарні і яго жонка».

Люба праслязілася, гэтая «жанчына-камень», як мы называлі яе. Скардзіцца:

«Я два гады з суседкай не размаўляла. Яна маіх курэй атруціла. Жылі як ворагі. І не ведалі, што адну справу робім. Божа мой. Можа, на смерць людзей павезлі. Што яны падумаюць пра мяне? І цяпер… Цяжкая мая доля… Жандара-фрыца і „бобіка“, што сядзяць там, я самагонкай пачаставала, піражкамі. Каб другімі вачамі глядзелі на мой дом. Але як затое зірнула на мяне суседка з таго боку! Чаго добрага, падумаюць людзі, што гэта я выдала Рамана Ціханавіча».

Скажу табе, страшная рэч у такіх абставінах – падазронасць. Мне і цяпер сорамна, што я падумаў у той міг: «А можа, праўда гэтая гандлярка – правакатарка?»

Цётка Люба нібы пачула мой душэўны шэпт, бо адразу высушыла вочы. Выставіла на стол пляшку.

Я спытаў пра Паўлаву сям'ю.

«Кацю арыштавалі разам з братам. Куды дзяваўся хлопчык, невядома. У кватэры наш чалавек быў – няма. Там усё разрабавана. Заўтра суседзяў абыдзем. Няўжо і дзіця забралі, ірады?»

Жанчына сказала гэтыя словы так, што знікла мая падазронасць. Не, такая жанчына ніколі не здрадзіць! Ні мужу, ні дому, ні справе. Ні тым больш Айчыне.

Магчыма, з-за пошукаў дзіцяці і новых сувязей я не спяшаўся з выкананнем задання. Бо ведаў: пасля такой акцыі, калі застануся жывым, мне прыйдзецца пакінуць горад. Як жа я знайду Паўлавага сына? Безумоўна, былі і другія прычыны. Не было з кім параіцца. Не трапляў зручны выпадак. А пасля Лучынскі некуды паехаў. Казалі – у Варшаву. Вопыт пераймаць, ці што. Знік і Лотке. Хіндэль сказаў, што ў механіка захварэла маці і ён паехаў на пабыўку ў Нямеччыну. Але дні праз два адзін з пажарнікаў убачыў Лотке каля казармы зондэркаманды, што размяшчалася ў Бярозках, дзе цяпер туберкулёзная бальніца. Ясна: агент выконваў іншае заданне. У горадзе ішлі арышты. Мне ніяк не ўдавалася звязацца з кім-небудзь з кіраўнікоў падполля, сябрамі гаркома. Настрой у мяне быў цяжкі, жахлівы. Я зразумеў, што пры ўсёй незвычайнасці заданняў, якія мне давялося выконваць, падпольшчык я малавопытны і слаба загартаваны. Маладому, самаўпэўненаму, мне адзін час здавалася, што я ўсё магу, што я ледзь не галоўная фігура ў падполлі. Цяпер жа разумеў: усё, што я зрабіў, гэта заслуга тых, хто нябачна, асцярожна і мудра кіраваў дзейнасцю такіх, як я. І тое, што я на волі, таксама іх заслуга, хоць самі яны, магчыма, у кіпцюрах гестапа.

За тыя дні я стаў другім чалавекам. За тыя два тыдні. З дня арышту Паўла прайшло роўна два тыдні. Калі чакаеш нечага незвычайнага, жывеш у напружанасці, запамінаецца кожны дзень. Гэта адбылося васемнаццатага верасня. Я змяніўся з начнога дзяжурства на каланчы. Ноч і раніца былі ясныя і халодныя. Па-асенняму. Помню, я моцна акалеў. Ніколі не быў прыхільнікам выпіўкі, але ў тую раніцу мне хацелася хутчэй сагрэць душу і цела. Ведаючы, што ласкавая гаспадыня з-пад зямлі дабудзе для мяне чарку, а цёплая пасцеля само сабой чакае, я спяшаўся дадому. Але пры выхадзе з пажарнай мяне затрымалі гестапаўцы. Не, не арыштавалі. А ветліва папрасілі вярнуцца назад. Яны ўмелі быць ветлівымі ў такія моманты, гэтыя звяры.

У людзей, якія ішлі на работу, яны правяралі дакументы, але дазвалялі прайсці. Чаму не выпускалі нас? Мы населі на Хіндэля (ён, як заўсёды, з'явіўся на службу раней за ўсіх), няхай пойдзе высветліць. Стары немец вярнуўся спалоханы, усхваляваны і на наша запытанне адказаў крыкам і лаянкай:

«Той, хто хоча ўсё ведаць, нядоўга жыве ў наш час…»

Невядома, ад чаго ён нас перасцерагаў. Чаму не сказаў праўду? Гестапа не рабіла сакрэту. Наадварот, як мы зразумелі пасля, яны хацелі, каб сабралася больш людзей. Відаць, не спадзяваліся на добраахвотны збор. Ты помніш, да вайны пажарная была на плошчы. Не толькі з каланчы, але і з вокнаў другога паверха, дзе змяшчалася дзяжурка, плошча была як на далоні.

І мы ўбачылі… Я першы ўбачыў… Прыйшлі грузавікі, доўгія, як лесавозы. І салдаты-сапёры пачалі згружаць… Я не адразу зразумеў, што гэта. Нехта іншы з пажарнікаў глянуў у акно і ахнуў:

«Шыбеніцы!»

Але, гэта былі шыбеніцы. З нямецкай акуратнасцю зробленыя недзе ў майстэрні, трывалыя, нават пафарбаваныя ў нейкі брудна-шэры колер. Масавая вытворчасць! Салдаты хутка і ўмела ламалі брук і закапвалі іх у зямлю. У адзін рад – ад увахода ў парк да царквы. На адной адлегласці. Рабілі яны хутка і спрытна, можна было падумаць, што гэта іх штодзённая работа. Я зразумеў… здагадка гэтая абпаліла мозг. Павесяць падпольшчыкаў… Маіх таварышаў, кіраўнікоў… Магчыма, Паўла. Што я мог зрабіць, каб ратаваць іх?

Яраш змоўк. Астывала вогнішча. Шыковіч часта і шумна дыхаў. Праз тоўстыя камлі дубоў пачаў прасвечвацца белы луг. Сонна адгукаліся першыя птушкі. Дзесьці далёка-далёка за ракой спявалі пеўні.

– Я не ўмею і не люблю расказваць пра гэта. У мяне няма слоў. Яны здаюцца мне абразлівымі, звычайныя словы. Я не маю права расказваць спакойна. Але, бачыш, расказваю. Прайшлі гады… Я добра ведаю фізіялогію, вучэнне Паўлава… Але калі адзін хворы неяк пачаў даказваць мне, што мозг можа згарэць ад думак, я паверыў яму. Бо помню, як стаяў тыя дзве гадзіны, учапіўшыся рукамі ў падаконнік. Каб прысутнічаў Лотке, я, безумоўна, выдаў бы сябе. Як толькі не згарэў мой мозг ад тысячы планаў выратавання асуджаных! Яны мяняліся з маланкавай хуткасцю. Першыя здаваліся рэальнымі. Я паміраў, але выратоўваў таварышаў. Але па меры таго як разгортваліся падзеі на плошчы, я бачыў, пераконваўся: памру – і нічога не зраблю. О, яны ўмелі застрахаваць сябе ад любых нечаканасцей у часе пакарання нашых людзей! Машына іх дзейнічала безадказна.

Шыбеніц паставілі чатырнаццаць. Калі сапёры скончылі сваю працу, у кузаў машыны забраўся тоўсты фашыст у форме жандармерыі. Грузавік ціха і плаўна падыходзіў да шыбеніцы, вельмі дакладна спыняўся, і кат замацоўваў вяроўку. Петлі былі загадзя завязаны з двух бакоў. Ён хутка накідваў малую пятлю на перакладзіну і, каб заціснуць і… праверыць трываласць, хапаўся за вялікую пятлю рукамі і павісаў над кузавам. Усе рухі ката былі разлічаныя, дакладныя, ніводнага лішняга, як на канвеернай лініі. І гэта было жудасна.

Кадры мяняліся… Грузавікі з сапёрамі адышлі. На нейкі момант плошча апусцела. А потым з вуліцы, якая называлася пры іх Паркавай, выехаў узвод матацыклістаў. Яны разгарнуліся за шыбеніцамі і накіравалі кулямёты на парк, на царкву і на Савецкую вуліцу. Праз хвіліну па Гандлёвай прайшлі два бронетранспарцёры. Яны сталі ў супрацьлеглых баках плошчы, і іх буйнакаліберныя кулямёты пагражалі руінам цэнтра горада і нашай пажарнай. Кулямётчык глядзеў на мяне. Я бачыў яго вочы, маладыя, насцярожаныя, пільныя.

Прагрукатала па бруку зондэркаманда.

Карнікі ўтварылі першы ланцуг вакол шыбеніц. Воддаль, таксама ланцугом, стала паліцыя ўнутранага парадку – «бобікі». Яны ж выконвалі другую ганебную місію: зганялі народ. Праўда, першыя з'явіліся добраахвотнікі, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамі. Яны прыходзілі па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзін аднаму, ціснуліся бліжэй да паліцыі, але стаялі асобнымі кучкамі. Потым паліцаі прыгналі рабочых станкабудаўнічага завода і друкарні. Рабочыя адразу зліліся ў адну групу. Сталі яны каля самай пажарнай сцяны, наблізіўшыся да бронетранспарцёра. Паліцыя адціснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднім ходам бліжэй да шыбеніц, і кулямёт, які глядзеў на мяне, быў скіраваны на рабочых. Жанчынам, якіх паліцаі прыгналі з другога боку, не дазволілі зліцца з рабочымі. Іх паставілі асобна.

Сабралі чалавек пяцьсот.

Здаецца, дурны і подлы Гвоздзік крыкнуў у дзяжурцы: «Хлопцы! Лезем на каланчу! Камуністаў будуць вешаць».

«Але, на каланчу! Адтуль відней», – падумаў я, не ведаючы, які чарговы план з'явіцца там, у вышыні. Усе мае планы рушыліся. Што можна зрабіць аднаму супраць матацыклістаў, бронетранспарцёраў, сотні гестапаўцаў? Але я ўсё яшчэ спадзяваўся, што з'явіцца нейкі асаблівы план. Каб там, на каланчы, стаяў кулямёт, як на вышцы каля паліцэйскай управы! А то ў мяне не было нават пісталета.

Каля лесвіцы мяне затрымаў Хіндэль.

«На каланчы гестапа», – ціха сказаў ён і, узяўшы за локаць, павёў у свой кабінет. Мы сталі ўдвух, беларус і немец, каля адчыненага акна і моўчкі глядзелі на плошчу, на злавесныя шыбеніцы, на якіх вецер гойдаў вяроўкі, на гестапаўцаў і на натоўп. Што адчуваў Хіндэль у той час? І ўвогуле, што за чалавек ён быў?

Прыехала «высокае начальства» – фельдкамендант Шміт, начальнік СД штурмбанфюрэр Бругер, афіцэры гестапа і СС. Следам за імі лакеі – бургамістр Цішчанка, начальнік паліцыі Лучынскі, іншыя здраднікі. Я шмат каго з іх добра ведаў. У мае падпольныя абавязкі ўваходзіла вывучэнне ворагаў.

І вось… Недзе ўнізе на Савецкай непрыемна зараўла сірэна. Два вялікія чорныя фургоны, за імі грузавік з эсэсаўцамі хутка выехалі на плошчу і, крута павярнуўшыся, спыніліся каля першай шыбеніцы. Гестапаўцы саскочылі з машыны, адчынілі дзверы фургонаў, па двое залезлі ўсяродак і пачалі выкідваць асуджаных. Так выштурхоўвалі спакутаваных людзей, што колькі чалавек не ўтрымаліся на нагах і ўпалі на брук.

Хіндэль прашаптаў па-нямецку:

«Нельга біць асуджаных. Сволачы!»

Здалёк яны былі падобны адзін на аднаго, нашы таварышы. Асабліва мужчыны. З чорнымі ад катаванняў тварамі, ускудлачанымі валасамі, у падраных сарочках, са звязанымі за спіной рукамі, босыя… Але ўсё адно я адразу пазнаў Паўла. Ён выскачыў з фургона не першы. Але адразу прайшоў наперад і стаў побач з чалавекам з белай галавой. Гэтага чалавека я таксама пазнаў. Разы два сустракаў у Паўла. З тых, каго я ведаў, ён быў, бадай што, самы старэйшы, выглядаў за паўсотню год. Але, знаёмячыся, назваў сябе, як юнак, сур'ёзна, без усмешкі: «Саша». Так да яго звяртаўся і Павел. У часе сустрэч чалавек гэты больш маўчаў і слухаў, што казалі другія. Але па тым, як ён слухаў, я адразу зразумеў, што гэта адзін з кіраўнікоў падполля. Калі пасля я запытаў у Паўла, хто такі Саша, той адказаў з хітрай усмешкай:

«Саша. Пакуль што проста Саша».

Тады нават крыху пакрыўдзіла, што мне, падпольшчыку, які выканаў ужо не адно баявое заданне, не давяраюць. Але канспірацыя ёсць канспірацыя, гэта я разумеў. І ўсё-такі цяпер мне шкада, што я так мала ведаў Аляксандра Якаўлевіча Дубецкага – другога сакратара гаркома. Ды і другіх таксама… Тады там, у пажарнай, помню, балюча было, што я не ведаю нават прозвішчаў сваіх таварышаў. Не, я ўсё яшчэ ліхаманкава думаў, як памагчы ім, перашкодзіць пакаранню. Няхай бы лепш і я і яны, асуджаныя, загінулі ад куль, у барацьбе, чым на шыбеніцах. Але што я мог зрабіць? Адзін мой рух – і мяне знішчылі б. Вязняў было больш чым чатырнаццаць. Я палічыў – дваццаць тры чалавекі. Шэсць жанчын… Але, жанчын было шэсць. Яны трымаліся разам, у цэнтры групы.

Фургоны адышлі. На іх месца стаў грузавік з адкінутымі бартамі, з прымацаванымі ззаду ўсходцамі. Па ўсходцах гэтых у кузаў падняліся два чалавекі – тоўсты гестапавец-кат, які вешаў вяроўкі, і малады фашыст у форме армейскага афіцэра. Юрыст. Ён пачаў чытаць прыгавор крыклівым голасам. Але дрэнна ён вывучыў расейскую мову, каверкаў словы, і толькі асобныя з іх я разбіраў. Звычайнае фашысцкае абвінавачванне ў бандытызме, забастоўках, дыверсіях. І раптам… усё гэтае з нямецкай дакладнасцю адрэпетаванае прадстаўленне было паламана. Звонкі і ясны жаночы голас заглушыў словы прыгавору песняй. Якой песняй! Той, якую я спяваў дагэтуль толькі аднойчы, шэптам, на кватэры ў Паўла. І слоў яшчэ ўсіх не ведаў. Але музыка яе жыла ў маім мозгу, у сэрцы.

 
Пусть ярость благородная
Вскипает, как волна,
Идет война народная,
Священная война.
 

Шыковіч адчуў нешта накшталт прыступу астмы: з шумам выдыхнуў паветра.

Яраш на момант змоўк, падняўся з зямлі і, стоячы, паўтарыў словы песні, ціха, пранікліва:

– «Идет война народная, священная война». І песню падхапілі ўсе асуджаныя. Матыў яе, без слоў, перакінуўся ў натоўп рабочых. Начальнік СД закрычаў, адарваўся ад світы, падбег да асуджаных, пагражаючы пісталетам. Гестапаўцы прыкладамі аўтаматаў глушылі песню. Бронетранспарцёр пасунуўся на рабочых, ледзь не задавіўшы паліцаяў. Даў чаргу кулямёт. Кулі прасвісталі каля нашага акна. Хіндэль баязліва адсунуўся за сцяну. А я глядзеў… Я глядзеў… Знік з кузава «пракурор». Застаўся адзін кат. І вось гестапаўцы за рукі паднялі туды першага асуджанага. Яны спяшаліся. Яны білі яго. Білі Паўла. Гэта быў ён. Павел не ішоў пакорліва. Ён так ірвануўся, што два дужыя гестапаўцы зваліліся з кузава на зямлю. Павел закрычаў у натоўп:

«Таварышы! Браты нашы і сёстры! Адпомсціце за нас! Біце праклятых фашыстаў! Каб духу іх не было на нашай зямлі. Мы паміраем з верай у перамогу! За Радзіму! За партыю нашу! За народ!»

Не ўсё, безумоўна, удалося яму сказаць. Яны білі яго, шматгалосым гоманам глушылі яго словы. Але ён крыкнуў менавіта гэтыя словы. Я пачуў іх сэрцам. І яшчэ ўбачыў, як да машыны падбег Лучынскі, доўгі, сутулы. Гэты панок, подлы нацыяналіст, заўсёды хадзіў з нагайкай. Войт, прыслужнік. Ён ударыў гэтай нагайкай Паўла па твары. Заварушыўся натоўп. Загаласілі жанчыны. Я не помню, што я зрабіў: застагнаў, заскрыгатаў зубамі?.. Але Хіндэль схапіў мяне за руку і пацягнуў ад акна.

«Адыдзі! Дурань! Ідыёт! Ты чуеш? Пачуюць». Ён лаяўся па-расейску, па-нямецку, у яго выцягнуўся, пабялеў твар і дзіўна трэслася барада. Я адпіхнуў яго. Але ў гэты міг, калі я адвярнуўся, Паўла павесілі. Машына адышла, і цела яго сутаргава курчылася ў паветры.

Павел! Паша! Друг ты мой дарагі! Ні да каго, здаецца, я не меў такой любові, як да цябе, вясёлы, ясны, сардэчны чалавек. Жудасна захаладала ў мяне ўсярэдзіне. Быццам спынілася кроў. І астылі думкі. Яны сталі цвярозыя, халодныя, жорсткія. І адразу прыйшло непахіснае рашэнне. Цяпер я ведаў, што мне рабіць. Я не выратую вас цяпер, сябры мае, бо адзін, без зброі, перад такой зграяй ашалелых ад крыві сабак. Але я буду помсціць. Помсціць! І першая кара будзе таму, каму вы калектыўна вынеслі прысуд. Лучынскі памрэ сёння!

«Сёння!» Відаць, я падумаў уголас, бо Хіндэль спытаў:

«Што „сёння“?»

Я не адказаў. Яму зрабілася блага. Ён пачаў ванітаваць, узваліўшыся на пісьмовы стол. Я застаўся каля акна адзін. Вось ужо павесілі другога чалавека. Трэцяй была дзяўчына. Партызанская сувязная Надзя Кузьменка. Пасля я даведаўся: яе арыштавалі на дарозе, знайшоўшы ў кошыку пад грыбамі міну. Яна крычала пракляцці катам. Натоўп маўчаў. Натоўп, напэўна, застыў, як і я. Кожны чалавек у гэты міг да нечага рыхтаваў сябе. Прымаў рашэнне.

Здавалася, што жудасная машына карнікаў запрацавала без перашкод, па дэталёва прадуманаму д'ябальскаму плану. Чарговую ахвяру дужыя гестапаўцы хапалі пад рукі, падымалі ў кузаў. Грузавік падыходзіў пад шыбеніцу. Кат ускідваў пятлю на шыю. Машына адыходзіла, паварочвалася. Хутка. Спрытна. Механізавана. Начальства і варта заспакоіліся. Адзін з афіцэраў пачаў рабіць фотаздымкі.

І раптам адбылося нечаканае. І для нас і для фашыстаў. На царкве зазванілі званы. Вось на гэтай царкве, што на плошчы.

Я не адразу зразумеў. Падумаў, што арганізавалі яны. Ды не! Гэта не быў пахавальны бом. Не фарс. Не! На ўсё наваколле загучаў грозны заклік. Званы зазванілі так, як званілі яны адвечна, калі ішла бяда – нашэсце ворага, навадненне, пажар. Званы клікалі:

«Падымайся, народ! Падымайся, народ!»

І людзі паднялі галовы. Натоўп як бы вырас. А каты спалохана замітусіліся. Нешта крычалі Бругер і Шміт. Лучынскі кінуўся да царквы. За ім гестапаўцы. З бронетранспарцёра пачалі біць з кулямёта па званіцы.

А званы ўсё клікалі: «Падымайся, народ! Падымайся, народ!»

Не ведаю… І цяпер не ведаю, праз гэта ці так было задумана… Але пакаранне спынілі. Павесілі адзінаццаць. Тры шыбеніцы засталіся пустыя. Астатніх арыштаваных адвезлі назад у турму. Большасць з іх у хуткім часе расстралялі.

Калі чалавека, які званіў, забілі, званы доўга яшчэ грозна гудзелі, так моцна ён расхістаў іх. Чалавеку было семдзесят шэсць год. Стары, глухі, адзінокі званар. Кузьма Ягоравіч Сарока. Як ён трапіў на званіцу? Знарок? Выпадкова? Але безумоўна адно: убачыў ён адтуль, як караюць прышэльцы нашых людзей, і не вытрываў. Ведаў, што ідзе на смерць. Пайшоў. Без страху. Па тым, як яны стралялі там, на званіцы, і як �ачалі сціхаць бомы, я зразумеў, што чалавека забілі. Але зразумеў другое, галоўнае – што ён свядома ішоў на гэта. Помню, я пашкадаваў, што гэты невядомы змагар не зацягнуў туды кулямёт. Адных званоў мала. У мяне, па крайняй меры, будзе пісталет і граната. Але яны былі схаваны на кватэры.

Калі плошча апусцела, я пайшоў на кватэру. Па горадзе ўсюды патрулі паліцыі і гестапа. Яны тройчы спынялі мяне і правяралі дакументы.

Ліза кінулася насустрач, устрывожаная і радасная:

«Я ўсе вочы праглядзела. Чаму так позна? Кажуць, людзей вешалі?»

У гэты момант, упершыню за той дзень, апанавала слабасць. Самлелі ногі. Я знясілена апусціўся на канапу, відаць, збялеў.

«Што з табой?»

«Павесілі Паўла», – сказаў я і… заплакаў.

Яна ведала Паўла, ён заходзіў раней, і ёй падабалася, што я сябрую з такім чалавекам, інтэлігентным, разумным, служачым управы.

Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухі, якія немагчыма растлумачыць.

Жанчына ў той міг, відаць, шмат што зразумела, бо заціснула рот далонямі. Потым глянула ў вокны, зачыніла на кручок дзверы. І ні пра што больш не запытала. Знікла, напэўна, яе надзея зрабіць мяне мужам. І яна адразу пастарэла, асунулася, шчыра засмуцілася, калі я адмовіўся ад снедання. Я таксама больш нічога не тлумачыў ёй. Надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайніка пісталет і гранату.

Яна спытала:

«Ты больш не вернешся?»

«Не ведаю».

Я адказаў шчыра. Хіба я мог ведаць, што са мной будзе?

Яна пацалавала мяне.

«Будзь асцярожны, Кузя. Ведай, табе ёсць куды вярнуцца».

План быў просты. Усё робіцца простым, калі чалавек перастае думаць пра сябе, пра жыццё… Калі галоўнае – дасягненне мэты.

Паліцыя размяшчалася ў асобным двухпавярховым будынку насупраць управы. Я мог пайсці проста туды. Але я пайшоў на плошчу, пустую і жудасную ў той дзень. Вецер, халодны асенні вецер пагойдваў целы павешаных і вяроўкі на трох шыбеніцах. Для каго яны пакінуты? Не, мяне жывым фашысты не возьмуць! Я развітаўся з таварышамі. Стаў насупраць Паўла, крокаў за дваццаць, бліжэй вартавы не падпусціў. На Паўлаву шыю была накінута яшчэ адна пятля – павешана дошчачка з надпісам: «Я кіраваў бандай, якая забівала нямецкіх салдат». Надзі Кузьменка яны напісалі:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю