355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 14)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 28 страниц)

Яраш узяў сваю місачку, пачаў сёрбаць юшку. Кірыла кінуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашляліся, але з лавачкі не сышлі. Агонь прытух, і ў цемры ніхто нікога не бачыў.

– Дык вось што я табе скажу! – гучаў быццам здалёк голас Шыковіча. – Можа, ты забыўся ці хочаш забыцца. У цябе праца не менш гераічная, чым у падполлі. Навука, ад якой ты шкадуеш адарваць адну хвіліну на што іншае. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нічога не забыла і ніколі не забудзе. І мільёны не забудуць. І ты не асцерагай яе ад мінулага. Яна не баіцца яго.

Галлё з боку Яраша разгарэлася, і агонь асвятліў яго постаць. Чырвоны ад водбліску полымя, вялікі і нерухомы, з місачкай у руках, ён нагадваў правадыра невядомага племя надзвычай дужых і прыгожых людзей. Галіна, убачыўшы мужа ў такой паставе, адчула новы прыступ страху ад думкі, што можа страціць яго. Валянціна Андрэеўна глядзела на Яраша з захапленнем і патаемнай жаночай зайздрасцю.

Ён варухнуўся і няўлоўным рухам чараўніка кінуў пустую місачку ў цемру.

– Дык і я табе скажу. Слухай. Ты ж не даследуеш падполле ў поўным аб'ёме. Ты – як дэтэктыў. Цябе захапіла гісторыя аднаго чалавека, яго загадкавая смерць, і ты ўзрадаваўся выпадку знайсці востры сюжэт.

– Яго ўвесь час хіліла да дэтэктыва, – сказала Валянціна Андрэеўна з іскрынкамі смеху ў голасе. Ёй было хораша, весела і хацелася, каб мужчыны паспрачаліся больш горача.

– Але ты нічога такога не знойдзеш. Цяпер я больш, чым раней, упэўнены, што Савіч не быў ні ворагам, ні героем. Ён звычайны стары лекар, які хацеў памагаць людзям у любых абставінах. Інфекцыяніст, ён баяўся эпідэмій, якія заўсёды прыносіць вайна. Каб сачыць за санітарным станам роднага горада, пайшоў на службу да акупантаў. Вось табе ўвесь твой дэтэктыўны сюжэт.

Касцёр разгарэўся. Святло яго выхапіла з цемры ладны круг, колькі дубоў, сосен і дзіўна пафарбавала іх: кара сосен пачырванела, а мох на старых дубах стаў што снежны іней– сівы-сівы. Над галавой зашамацела лісце – ад гарачага паветра. Страляў залатымі кулькамі-вугальчыкамі касцёр. Яраш, яшчэ больш пачырванелы, прыўзняўся на руках і адсунуўся далей ад агню. Шыковіч стаяў з другога боку вогнішча, шырока расставіўшы ногі, заклаўшы рукі за спіну.

– Тое, што ты расказаў, доктар, ёсць найлепшы сюжэт. Але я сюжэтаў не шукаю, май на ўвазе. Савіч абвешчаны здраднікам. А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе і не герой. Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя, як рэабілітаваны імёны тысяч ні ў чым не вінаватых людзей?

Шыковіч пачакаў пярэчанняў. Але Яраш маўчаў. Ён згаджаўся. Больш таго, ён не разумеў самога сябе – чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай і высакароднай справы? Не, ён бадай што разумеў – чаму, бо думаў пра гэта яшчэ ў бальніцы. Цяпер, калі Зосі зроблена, ён упэўнены, удалая аперацыя і яна, па сутнасці, пачне новае жыццё – новае ва ўсім (аб гэтым ён паклапоціцца), яму чамусьці не хочацца, каб хто-небудзь ці што-небудзь вяртала яе да мінулага. Добра, калі Шыковічу ўдасца даказаць тое, што хочацца даказаць. Ён, Яраш, упэўнены, што Савіч – сумленны чалавек, сумленны лекар. Але калі не будуць знойдзены дакументы, якія пацвердзілі б яго сувязь з падпольшчыкамі, з партызанамі, гэта застанецца толькі яго прыватным перакананнем ці гэткай жа прыватнай думкай Кірылы. Зосі наўрад ці будзе лягчэй ад гэтага.

– Маўчыш? – пераможна спытаў Шыковіч. – Май на ўвазе, што абыякавасць да лёсу людзей, якіх мы ведалі, з якімі працавалі, якія вучылі нас, прынесла вялікую шкоду ў пэўны час. Так, я паставіў у цэнтры справу Савіча, бо нельга ахапіць усяго адразу. Але, знаёмячыся з дакументамі, я выяўляю ўсё новых і новых герояў. Хіба для гэтага не варта пачыхаць ад архіўнага пылу? Хіба пыл гэты такі шкодны? – наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь – наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Адступіў, нахіліўся, каб пагладзіць калена, але як толькі прытуліў нагрэтую штаніну да цела – заенчыў:

– Гару, ратуйце!

Жанчыны засмяяліся. Антон ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Такая раптоўная задумлівасць яго сур'ёзна ўстрывожыла Галіну.

«Залішне ён думае пра гэтую Зосю», – падумала яна.

14

У папцы было нямнога дакументаў. Фота ў памер паштоўкі. Спакойны і просты, з шырокім ілбом і глыбокімі залысінамі хударлявы твар чалавека год шасцідзесяці. Вось ён які, Савіч! Шыковіч доўга ўглядаўся ў рысы гэтага твару.

Данясенне безыменнай разведгрупы аб здрадніках і нацыяналістах, якія займалі кіруючыя пасады ва ўправе і паліцыі. Бургамістр Цішчанка стаяў у гэтым спісе першым. Лучынскі – другім, Савіч – дзевятым, перадапошнім. Відаць, данясенне перадавалася групай па радыё, а таму характарыстыкі былі вельмі лаканічныя: адзін-два факты. Толькі факты, без усялякіх тлумачэнняў.

«Цішчанка Мікадзім Фёдаравіч, бургамістр. Пры арганізацыі гета ўласнаручна страляў у жыдоў, забіваў дзяцей.

Лучынскі (Склота, Усаў Іван Селівонавіч), начальнік паліцыі, шпіён, агент СД. Катуе арыштаваных. Кіруе расстрэламі. Павесіў дзевяць калгаснікаў сяла Вялоцічы, заложнікаў».

Самая разгорнутая характарыстыка давалася рэдактару фашысцкага лістка, нацыяналісту Хмару – на добры абзац. Супроць прозвішча Савіча стаяла: «Загадвае аддзелам управы. Заражае людзей інфекцыйнымі хваробамі!»

У той суровы ваенны час, пры той падазронасці, якая мела месца, і такое агульнае абвінавачванне пераконвала. Безумоўна, што і лейтэнант Шыковіч тады паверыў бы яму: усё можа зрабіць чалавек, які пайшоў на службу да фашыстаў! Але цяпер, ведаючы па расказах Яраша і другіх Савіча, Шыковіч адразу зразумеў, што ў разведчыкаў не было ніводнага факта злачыннай дзейнасці лекара-інфекцыяніста, акрамя таго, што ён загадвае аддзелам управы, і яны яўна выдумалі гэтае – «Заражае людзей інфекцыйнымі хваробамі». Якіх людзей? Якімі хваробамі?

Шыковіч не вытрымаў і выказаў сваё меркаванне капітану Сербаноўскаму. Той адарваўся ад нейкіх папер, якія перачытваў, уважліва выслухаў, неазначальна гмыкнуў, сказаў:

– Чытайце далей.

Шыковіч не проста чытаў, ён вывучаў дакументы, як сапраўдны дэтэктыў, звяртаючы ўвагу на кожную дэталь. Данясенне было напісана на машынцы і, безумоўна, з'яўлялася копіяй. Але на ім стаяла ажно шэсць нумароў і шыфраваных літар. Супроць прозвішчаў Лучынскага і Хмары былі пастаўлены крыжыкі сінім алоўкам, наперадзе Савіча – чырвоная «птушка».

Другі дакумент збянтэжыў Шыковіча – заява самога Савіча на імя нямецкага фельдкаменданта оберштурмбанфюрэра Ютнера. У верасні 1941 года Савіч запэўняў фашыста ў сваёй вернасці «новаму парадку» і прасіўся на службу. Паклёпу на савецкую ўладу не рабіў, аднак фактамі ўласнай біяграфіі даводзіў, што мае на бальшавікоў даўнюю крыўду. Ён, Савіч, дарэвалюцыйны інтэлігент і паходзіць з інтэлігентнай сям'і, бацька быў выкладчыкам гімназіі. Ён, Сцяпан Савіч, быў жанаты на дваранцы. Рэвалюцыя пазбавіла яго жонку ўсіх правоў, адняла багатую маёмасць. З-за гэтага першая жонка яго заўчасна памерла. Другая яго жонка была пралетарскага паходжання – з рабочай сям'і, але, магчыма, з-за яго бальшавікі яе праследавалі. Выключалі з інстытута, калі яна вучылася. У трыццаць сёмым пасадзілі ў турму, а можа, і расстралялі (ніхто не ведае) яе брата, хоць ён быў сябрам партыі і займаў адказную пасаду на чыгунцы. І самую яе тры месяцы трымалі ў турме. А ў пачатку вайны забралі зноў нібыта ў армію, але ён, Савіч, не вельмі ўпэўнены ў гэтым. Ён цяпер, мусіць, здзіўляецца, чаму не зачапілі яго. Відаць, бальшавікам патрэбны былі яго веды, яго спецыяльнасць, бо лекараў у іх не хапала. Заява канчалася словамі:

«…Пан фельдкамендант!

Сваёй прафесіяй і грамадскай дзейнасцю я жадаю паслужыць стварэнню ў маім родным горадзе новай цывілізацыі і новай культуры, якую прынесла вялікая армія фюрэра.

Сцяпан Савіч, лекар».

Чалавек эмоцый, Шыковіч не стрымаўся – і ўголас вылаяўся, калі прачытаў гэта. Сербаноўскі паглядзеў на яго з дзіўнай ухмылкай, здавалася, здзекліва пытаў: «Што ты будзеш даказваць цяпер?» Кроў ударыла Кірылу ў твар, ён пачырванеў. З'явілася адчуванне, што мёртвы Савіч груба і нахабна ашукаў яго, жывога. Каб той, як другія здраднікі, галаслоўна і агульна паклёпнічаў на савецкую ўладу і кляўся ў вернасці акупантам, гэта пераконвала б менш, чым вось такая біяграфія. Бо калі ў ёй усё праўда, то зусім натуральна, што стары інтэлігент мог мець крыўду на савецкую ўладу і гэтая крыўда павяла яго да ворага.

Але ў наступную хвіліну Шыковіч падумаў пра Заслонава, пра Кузняцова, потым – пра Яраша: колькі ў таго было падпольных біяграфій і якую заяву ён пісаў, калі па заданню гаркома паступаў у пажарную: сын кулака, асуджаны і ўсё, што хочаш.

Не, адступаць нельга! Яраш не жадае, каб ён узнімаў архіўны пыл, – баіцца за Зосю, гуманіст. Ён і Зося ўпэўнены, што бацька яе – сумленны чалавек, «не герой, але і не вораг». Яраш баіцца, раптам дакументы дакажуць другое. Пакуль што пра здраду Савіча напісаў адзін чалавек – Гукан, напісаў адзін сказ, на якім наўрад хто з чытачоў затрымлівае ўвагу. Прайшло шмат год, вырасла новае пакаленне, якому няма ніякай справы да нейкага доктара Савіча, лёс яго нікога не цікавіць. Дык навошта выцягваць яго з небыцця? Так, напэўна, разважае Яраш. Але ён, Кірыла, трымаецца іншай думкі. Нарэшце, гэта справа яго гонару: завяршыць пачатую працу!

І Шыковіч пачаў вывучаць гэты бадай што галоўны дакумент абвінавачвання. Цікавы дакумент. Ён чытаў пераклад, надрукаваны на машынцы. Але тут жа быў падшыты і арыгінал. Савіч вырашыў паказаць сваё веданне нямецкай мовы. Відаць, сам камендант з нямецкай акуратнасцю зялёным чарнілам выправіў у заяве ўсе памылкі (іх было многа), падкрэсліў няправільныя выразы і напісаў рэзалюцыю ўнізе пад подпісам Савіча:

«Пану Цішчанку. Рэкамендую даручыць пану Савічу ахову здароўя цывільнага насельніцтва», – і вельмі неразборлівы подпіс, замест якога ў перакладзе стаіць пытальнік.

«Ахову здароўя! Які цынізм!» – падумаў Шыковіч, перачытваючы пераклад заявы яшчэ раз.

Наступны дакумент – пастанова ўправы ў сувязі з эпідэміяй брушнога тыфусу, якая ўспыхнула ў горадзе ўлетку сорак другога года. Доўгі тэкст на штучнай беларускай мове. Аднак чамусьці ў друкарні замест «н» кірыліцы часта набіралі «п» лацінскае. Слова «насельніцтва», напрыклад, было надрукавана як «пасельніцтва». Подпісы – Цішчанкі і Савіча. Параграф, у якім гаварылася, што кожны, хто парушыць вышэйпералічаныя санітарныя правілы, будзе асуджаны па законах ваеннага часу, абведзены сінім алоўкам. Яшчэ адзін доказ віны Савіча. Але тэкст пастановы сведчыў, што напісана яна чалавекам, які ведаў, як змагацца з эпідэміяй, і сапраўды дбаў пра ахову здароўя цывільнага насельніцтва.

– На месцы вашага калегі я не далучаў бы такі дакумент да справы. Ён апраўдвае Савіча, – сказаў Шыковіч капітану.

Сербаноўскі адказаў холадна, амаль непрыязна, не адарваўшыся нават ад папер:

– Тут падшыты ўсе дакументы, якія знойдзены.

– Мяркуючы па заяве, захоплены архіў управы… Так?

– Не ведаю.

– Няўжо там больш нічога не знайшлося, што характарызавала б дзейнасць Савіча?

– Не ведаю. Прачытайце выразкі.

Выразак з газет было некалькі. З розных – нацыяналістычных, нямецкіх, партызанскіх. Фота: у прэзідыуме сходу беларускай інтэлігенцыі – Савіч, над галавой яго пастаўлены крыжык. Здымак цьмяны, невыразны, твары расплыліся, але ўсё-такі пазнаць можна, што чалавек, адзначаны крыжыкам, той самы, што і на фота, якім адкрываецца справа. Вельмі прыкметны лоб.

Узнагароджанне шчырых служкаў «новага парадку» ордэнамі рэйха. У спісе ўзнагароджаных Савіча няма. Але на фота, на якім адбіта цырымонія ўручэння фашысцкім генералам узнагарод, на заднім плане, праўда, – зноў той жа лоб выглядвае з-за галоў другіх. Нарэшце доўгі слязлівы некралог, які Шыковіч чытаў яшчэ тады, калі пісаў кнігу Гукана. Спачуванні ў нацыяналістычнай і нямецкай газетах. Паведамленне аб пахаванні «актыўнага дзеяча беларускага вызваленчага руху», праслаўленага доктара медыцынскіх навук Сцяпана Савіча, «які загінуў ад рук бандытаў». Кароткая інфармацыя ў газеце партызанскай брыгады «За Радзіму»: «Падпольшчыкі горада выканалі прысуд народа над здраднікам Радзімы доктарам Савічам. Такая кара чакае кожнага фашысцкага сабаку!»

Шыковіч загарнуў папку, моцна пляснуў па ёй далоняй. Настрой у яго быў такі, што хацелася з кім-небудзь пасварыцца. З Сербаноўскім, ці што? Яго ўзлавала, што капітан ніяк не зрэагаваў на тое, як ён скончыў сваю працу. Нават не ўзняў галавы.

– І гэтыя дакументы вы баяліся паказаць мне? Ва ўсіх інстанцыях узгаднілі? Фармалісты!

– Нічога цікавага для вас няма? – як бы шкадуючы, спытаў Сербаноўскі, адкінуўшыся на спінку крэсла і праціраючы пад акулярамі стомленыя вочы.

– Апроч прашэння Савіча, усё гэта я чытаў дванаццаць год назад. Без усялякай гульні ў хованкі.

Капітан, між іншым, падумаў:

«А следчы з цябе не надта. Каб ты быў больш уважлівы, то ўбачыў бы, што папка расшывалася і адзін дакумент з яе вынялі».

– Не сакрэт, што вы намерваецеся рабіць далей?

– У маёй працы сакрэтаў няма. Плюну на архіўны пыл, як раіў мой сябра Яраш. Буду шукаць жывых людзей, якія ведалі Савіча, працавалі з ім. – Шыковіч падняўся, пацягнуўся, каб распрастаць самлелае цела. І раптам павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: – Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Што падказвае вам чуццё старога чэкіста?

Сербаноўскі падняўся, падышоў да сейфа, дастаў з кішэні ключы, адчыніў тоўстую дзверку.

– Я пакажу вам маленькі дакуменцік, які мне ўдалося адшукаць. – І дастаў з верхняй палічкі блакнотны пажоўклы лісток, доўгі і вузкі, працягнуў Шыковічу. Той у адзін позірк прачытаў:

«Хведзя!

Я абсалютна уверен, что аграбление аптечного склада не абышлося без Савича. О, ты не знаеш, какая эта хитрушчая лиса! Гарантируй тысячу марак – и я табе раскушу эты арех. Имею „ключик“. Табе – слава и спасибо гестапо, а мне – грошы. Давай согласие. Не тяни.

Твой Кравец».

Напісана алоўкам, па-расейску, з памылкамі.

Шыковіч прачытаў другі раз, трэці, здзіўлены і ўзрадаваны. Потым з удзячнасцю паглядзеў на капітана. Зачыніўшы сейф, Сербаноўскі круціў на пальцы ключы і тлумачыў:

– Гэта з «архіва» следчага паліцыі Хведара Швагерава. Яго судзілі ў сорак пятым, далі пятнаццаць год. Я вось разбіраю судовыя матэрыялы. На жаль, тады ніхто не расшыфраваў гэтай запіскі. Хто пісаў? Калі? З якой прычыны? Відаць, палічылі, што намёк на Савіча – непаразуменне. Прыйдзецца расшыфроўваць цяпер.

Яны глядзелі ў вочы адзін аднаму, глядзелі з той шчырасцю і разуменнем, якое яднае людзей, робіць сябрамі. Сербаноўскі адчуў, зразумеў, як раптам змяніў сваю думку аб ім пісьменнік, і парадаваўся, хоць лічыў, што яму не да твару выяўляць якія б там ні было пачуцці. А Шыковіч, наадварот, адчуваў, што ён не можа, не мае права апусціць вочы, пакуль не скажа гэтаму, на першы погляд, сухому чалавеку нейкія асаблівыя словы.

– Слухайце, Анатоль Барысавіч!.. Каб мы з вамі былі ў больш блізкіх адносінах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такія нецэнзурныя словы, якія пры адпаведнай інтанацыі лепш і мацней за любую пахвалу.

– Мне не трэба пахвалы, Кірыла Васільевіч. Толькі, калі ласка, не думайце, што я і мае калегі заўсёды падбіралі толькі тыя дакументы, якія абвінавачваюць. «На месцы вашага калегі…» Эх, Кірыла Васільевіч! Паверце, што для мяне самая радасная работа – даказаць, пацвердзіць сумленнасць савецкага чалавека.

Шыковіч працягнуў яму руку. Яны застылі ў моцным сяброўскім поціску рук.

– Памажыце нам. А я памагу вам.

– Дзякую, Анатоль Барысавіч.

15

Шматтонная станіна павольна плыла ў цесным праходзе паміж станкамі, паўсабранымі і гатовымі, шэрымі і ярка пафарбаванымі для экспарту. Высока над дахам цэха сунулася шкляная будка крана. Дзяўчына ў сінім чысценькім камбінезоне, стракатай, як вясновы луг, касынцы пільна сачыла за рухам станіны, за людзьмі ўнізе, занятымі працай. Зараз нехта са зборшчыкаў возьме гэтую «дэтальку», павядзе па праходу і пакажа месца, дзе яе паставіць. Павіснуць аслабленыя тросы, лёгка адчэпяцца крукі. Яна падцягне іх на небяспечную для людзей вышыню, і тады кран з грукатам і звонам ад'едзе назад. Часам ёй доўга прыходзіцца сядзець без працы, чакаць, пакуль механікі і зваршчыкі дадуць новую цяжкую дэталь. Яна азірае цэх з вышыні і зайздросціць слесарам – яны працуюць увесь час ад гудка да гудка. Сярод вялізных машын маленькія людзі – як мурашкі. Але машыны гэтыя, прыгожыя і разумныя, збіраюцца іх рукамі. Праўда, без яе працы, без крана, яны нічога не сабралі б, бо не здолелі б падняць нават невялікі «вузялок». Гэтая думка заўсёды суцяшае Ніну: не апошні «вінцік» і яна ў цэху.

Ніна пазваніла: «Прымайце сваю дэтальку».

З-за станка вынырнула знаёмая постаць. Хлопец у берэце спыніўся ў праходзе, спіной да яе, глядзіць некуды ў канец цэха, дзе працуюць упакоўшчыкі, і быццам не чуе і не бачыць, што на яго паўзе двухсотпудовая аграмадзіна. Ніна рэзка затармазіла кран. Станіна небяспечна гайданулася. Кранаўшчыца пазваніла гучна, злосна. Хлопец – ні з месца.

Ніна высунулася з будкі і закрычала:

– Гэй, ты! Доўга варон будзеш лавіць? Разява!

Тады Славік павярнуўся, ухмыльнуўся на ўвесь замурзаны твар, бліснуў прыгожымі зубамі, сарваў берэт і прыветліва махнуў ім.

– Ах, гэта вы, лэдзі?! Рады вас вітаць! І пачуць анёльскі галасок і арыстакратычны стыль…

Але ў гэты момант нехта са слесараў заляпаў малатком так, што зазвінеў увесь метал у цэху. Ніна не разабрала ніводнага слова. А Славік пачуў, як яна кінула з вышыні, як камень:

– Піжон!

«Запішам і гэта на твой рахунак, дарагі „дзятлік“», – падумаў Славік і, нахіліўшыся, спрытна нырнуў пад станіну, што па тэхніцы бяспекі таксама забаранялася. З'явіўшыся на другім баку, надзеў парусінавую рукавіцу і… «павёў» станіну на месца. Рабіў ён гэта спачатку лёгка і няўважліва, як вопытны майстар. Але паставіць «дэтальку» на месца – на другую станіну – аснову станка – не так проста, як Славіку здавалася спачатку. Пры ўсім уменні і спрытнасці кранаўшчыцы станіна гойдалася і адыходзіла то ў адзін, то ў другі бок. Пасля дзвюх-трох спроб Славік зразумеў, што яму не вытрымаць гэтага, па сутнасці, першага экзамену, і вырашыў, што ва ўсім вінавата чортава «дзятліха». Там, у будцы, яна знарок робіць так, каб паказаць яго няздатнасць. Здзекуецца. Чакай жа!

Ён задраў галаву і крыкнуў:

– Гэй, ты! Варона!

Але Ніна была такая засяроджаная, што востры тварык з доўгім носікам, за што Славік адразу ахрысціў яе «дзятлікам», яшчэ больш завастрыўся і выцягнуўся. Славік азірнуўся, каб паклікаць Тараса. Гонар дазваляў яму ў цяжкіх абставінах звяртацца за дапамогай да Тараса і да Косці – больш ні да каго. Але ў той міг з'явіўся Іван Ходас. Славіка ажно перасмыкнула: зноў Ходас. Гэты востры на слова, зласлівы і непрымірымы Іван заўсёды аказваецца побач, калі ён, Славік, трапляе ў няёмкае ці цяжкае становішча. Быццам назірае за ім.

Ходас ледзь прыкметнымі, дырыжорскімі рухамі левай рукі паказаў Ніне, у які бок скрануць станіну. Павёў яе на сябе, глянуў па зрэзу бакавой пліты, нібы прыцэліўся, і, даўшы каманду кранаўшчыцы ад'язджаць, лёгка і проста паставіў станіну на месца – паз у паз, шчыліна ў шчыліну.

Калі кран з грукатам ад'ехаў, Ходас, аглядаючы аснову будучага магутнага станка, спытаў быццам між іншым:

– Ты працаваць сюды прыйшоў ці забаўляцца?

– А што? – адразу натапырыўся Славік.

– А тое, што ў цэху працуюць. А крыўляцца можаш у парку.

– Калі я не здолеў паставіць гэтую штуковіну, значыцца, я крыўляюся? Добранькая дапамога!

Іван узняў галаву, і вочы яго, звычайна блакітныя, як два лясныя азяркі ў ясны дзень, пацямнелі, быццам на іх упаў цень ад навальнічнай хмары. Славік ужо і раней прыкмеціў незвычайную зласлівасць колеру яго вачэй і забаўляўся гэтым.

– Крыўляўся пад кранам. Вытанцоўваў перад станінай, як дурань перад труной.

– Дзякую, маэстра. Вось гэта зусім па-кам… – Славік пракаўтнуў слова, бо Іван неспадзявана схапіў яго за нагруднік камбінезона і гнеўна прашаптаў:

– Ты-ы! Не кідайся гэтым словам дзе папала! Для мяне яно святое. Зразумеў? Піжон! – і, расшчапіўшы пальцы, сказаў звычайна: – Замацуеш асноўныя балты. Прывінціш кранштэйны. – І вочы яго сталі блакітнымі.

Знешне грубаваты і цынічны, Славік быў уражлівы і па-дзявочы сентыментальны. Застаўшыся каля станка адзін з цяжкім ключом у руках, ён раптам адчуў сябе прыніжаным і абражаным. Рукі дрыжалі – ключ зрываўся з гайкі, і яму хацелася плакаць. І работа здалася ненавіснай, прыніжаючай яго чалавечую годнасць. Які здзек лёсу! Столькі найвышэйшых мар, і раптам – завінчваць гайкі. З'явілася жаданне кінуць усё да д'ябла, пайсці з завода і ніколі больш не вяртацца. Але за апошні тыдзень, як ён працуе ў брыгадзе, у яго з'явілася новая рыса – нейкі своеасаблівы гонар: дакажу, што і я не горшы за вас – за Тараса і яго брыгаднікаў, за бацьку, за Яраша. Разам з тым ён працягваў сваю ранейшую лінію: пераконваў самога сябе, што ўсе другія не лепшыя за яго, што яны проста па-ханжаску прытвараюцца, іграюць, як акцёры, высакароднасць і высокую свядомасць. Сябра брыгады, ён радаваўся, калі ў брыгадзе нешта не ладзілася ці нехта дрэнна гаварыў пра яе. У першы дзень да яго падышоў стары рабочы. Славік адразу адзначыў, што чалавек худы, і падумаў: «Не дужа сыта, відаць, харчуецца».

Рабочы спытаў з хітраватай усмешкай, кіўнуўшы ў той бок, дзе хлопцы збіралі станок:

– У брыгадзе будзеш?

– Ага.

– Вучнем?

– Хацеў за інжынера – не бяруць.

– Як пралез? Па блату?

– Куды?

– У брыгаду.

«Ага, значыцца, і ў гэтую брыгаду могуць пралазіць па блату», – амаль узрадаваўся Славік і адказаў:

– Па блату. Я – сваяк Ганчарова.

– Ясна. Сваяк сваяка…

– Ага.

Славіку хацелася, каб рабочы пачаў ганіць брыгаду і нават Тараса, хоць у душы быў удзячны Тарасу за сяброўскую падтрымку. Але рабочы сказаў іншае:

– Ганчароў – чалавек правільны, але дзівак. Лепшы зборшчык. Пяты разрад. Працуй – заганяй манету. Дык не – хочацца яму вучыць такіх смактункоў, як ты. Няхай у фазаў ідуць. А ён – у брыгаду. Не было на зборцы брыгад. Яны перайначылі. Даюць сто пяцьдзесят працэнтаў. Але што ён мае ад гэтага, Ганчароў? Вось чаго я не магу зразумець. У яго пяты разрад, у Косці – другі, а прагрэсіўку дзеляць пароўну. Дзівак!

– У Тараса бацька багаты, – вырашыў падыграць Славік.

– Яраш? Ён жа не родны.

– Але ўсё адно грошай дае – колькі хочаш.

– Маніш, – усміхнуўся рабочы. – Навошта ж яму тады жыліцца так на зборцы?

– Свядомасць.

– Але, ёсць такія людзі, – уздыхнуў чамусьці стары, можа, пашкадаваў, што ён пражыў сваё жыццё не зусім так. Сказаў: – Ну, Ярашу не шкада. Залатыя рукі мае чалавек. Люблю людзей умелых. Такім і тысячу можна плаціць.

– А колькі вы выганяеце?

– Ды як калі. Паўтары-дзве.

Славік свіснуў.

– Што ж гэта па вас не відно? – І, уцягнуўшы шчокі, сціснуў іх пальцамі, разявіў рот, маўляў, чаму ж такі худы?

Рабочы ў адказ мазануў Славіка па твары намасленай веташшу.

– Вытры нос.

Стары, відаць, пакрыўдзіўся. І Славік абразіўся таксама. Каб хто ў іншым месцы гэтак зняважліва пэцнуў па твары – не паглядзеў бы ні на ўзрост, ні на пасаду, ні на што. А тут прыйшлося змаўчаць.

Увогуле, у першы дзень яму не пашанцавала. Як пэцнулі па твары – гэтага хоць ніхто не бачыў. А вось другое яго ўніжэнне бачылі многія. Ён стаяў і з цікавасцю разглядаў вялізныя станкі. Раптам – званок угары. Ён задраў галаву і жахнуўся: на яго паўзла агромністая станіна. Ён не ведаў яшчэ тады, якая паслухмяная машына кран і як спрытна і лёгка можа пранасіць па цесным праходзе шматтонныя дэталі беленькая хударлявая дзяўчынка-кранаўшчыца. Здалося, што ніхто не здолее спыніць інерцыю гэтай махіны і яна вось-вось раздавіць яго. І ён адскочыў, як спалоханы заяц. Моцна выцяўся аб станок нагой і ледзь не распластаўся на чорнай прамасленай зямлі. Калі ж убачыў, што станіна нерухома павісла, а з вышыні, з будкі, выглядае дзюбаты тварык і весела смяецца, Славіку захацелася праваліцца скрозь зямлю.

У той момант ён узненавідзеў кранаўшчыцу. І вось цяпер бравіруе смеласцю да парушэння правілаў тэхнікі бяспекі. За гэта яго не раз ужо лаялі: майстар, Тарас, хлопцы. Усялякія маральныя павучанні Славіка раздражнялі. Лаянка майстра Галыгі яму спадабалася: той па-кручаста мацюкнуўся і пагразіў, што выганіць з завода – без лішніх слоў і настаўленняў. Славік, сам балбатлівы, паважаў людзей немнагаслоўных і рашучых: сказаў – зрабіў. Пагроза майстра крыху падзейнічала, дні два ён не выкідваў ніякіх «конікаў».

Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе яму падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. На студыі Славік бачыў, як асобныя рэдактары, акцёры часам нават падхалімнічалі перад дырэктарам, перад галоўным рэжысёрам.

На заводзе людзі ўвесь час заняты працай. Не збіраюцца, каб расказаць новыя анекдоты ці пагуляць у шашкі, як на студыі. Не пляткараць. Калі часам лаюцца, дык вось так, як Галыга: на ўсю моц, адкрыта і шчыра.

А галоўнае – падабалася прадукцыя. Гэта табе не асвятляльны штатыў. А спецыяльны, па асобаму заказу Балгарыі, гарызантальна-працяжны аўтамат з цягай у шэсцьдзесят тон! Ці вунь другая «штучка» – вертыкальны станочак вышынёй з добры дом! Відаць, павінна з'яўляцца нейкае асаблівае пачуццё, калі ўласнымі рукамі збярэш такі станок, электрыкі ўставяць яму «душу», прыйдуць інжынеры і пачнуць выпрабаванне. Хлопцы здалі ўжо адзін такі станок, і Славік прысутнічаў на выпрабаванні. Ён прыдзірліва назіраў за брыгадай і ўпершыню тады сур'ёзна падумаў, што недарэмна пішуць у кнігах пра асобую рабочую гордасць. Гэтыя мурзатыя чэрці могуць ганарыцца! Не станок – цэлая паточная лінія. Аўтаматычная загрузка і разгрузка дэталей, аўтаматычная ачыстка стружкі і – 300 трактарных утулак за гадзіну… Няхай радуюцца браты-балгары! Добра было б, каб пісалі дзе-небудзь у пашпарце, хто збіраў станок. Глядзі, неўзабаве магло б з'явіцца: Уладзіслаў Шыковіч.

Славік падумаў пра гэта зусім сур'ёзна, без звычайнай іроніі над уласным жаданнем. Гэтак жа сур'ёзна прапанаваў у канцы змены:

– За такі станок не пашкодзіла б… – і пацёр падбародак.

Брыгада, як адна сям'я, ішла па заводскім двары, любуючыся мяцеліцай тапалінага пуху. Славіка быццам не пачулі. Гэта кранула яго самалюбства.

«На мяне, значыцца, можна не звяртаць увагі? Чакайце ж!»

Але праз хвіліну адгукнуўся Лапацін:

– А можа, праўда, хлопцы?

– Ты забыўся на ўмову? – спытаў Тарас.

– Як лёгка ты ідзеш на спакусу, – зласліва кінуў Лапаціну Ходас.

– Не спакушай мяне, галубка! – жартаўліва праспяваў Косця.

– Мяне чакае Зоя, – па-прафесарску паправіў акуляры Генрых.

– Глядзі, як бы ён не перавярнуў цябе ў сваю веру.

– Хто «ён»? У якую веру? Хто – «ён»? Я? Дык я – тут, жывы, здаровы. Імя – Уладзіслаў Шыковіч. – Хлопца заела, што Ходас сказаў «ён», нібы яго, Славіка, няма тут ці ён не роўны ім. Але раскрычаўся ён знарок, каб другія рабочыя каля прахадной пачулі, што не такі ўжо лад і дружба ў гэтай камуністычнай брыгадзе.

Тарас балюча сціснуў яго локаць:

– Славік, сціхні!

– А чаму ён увесь час глядзіць на мяне з завоблачных вышынь? Я што – ніжэйшая істота?

– Што ты мелеш? Як я на цябе гляджу?

– Калі чалавек залішне высока ставіць сябе, яму ўвесь час здаецца, што другія хочуць прынізіць яго. Гэта – манія, – сказаў Генрых, прыветліва махаючы камусьці рукой.

Варэнік быў заўсёды падкрэслена ветлівы, і нечаканы філасофскі вывад яго збянтэжыў Славіка, ён не адразу знайшоў, што адказаць. А тут яшчэ напорыста даводзіў Тарас:

– Не будзь ты такім пеўнем. Не прыдзірайся да слоў. Свае ж хлопцы, усе. І, як ты кажаш, жывыя, здаровыя. Не гаварыць жа нам з рэверансамі.

– Хлопцы! Кампраміснае рашэнне: у сталоўцы чыгуначнікаў п'ём піва, – прапанаваў Вася Лапацін.

– А як ты абыдзеш свой дом? Вера даўно пільнуе, – засмяяўся Косця.

Размова пайшла ў другім кірунку, і Славік хутка забыў сваю крыўду.

А вось сёння пасля новай сутычкі з Ходасам успомніў усё да драбніц, пачынаючы з першай сваркі за сталом на дачы.

«Чаму ён чапляецца? Што яму трэба? Кіну да д'ябла! Ну іх!.. Не, так лёгка я не кіну. Я вам наладжу салодкае жыццё. А пайду – дык з музыкай», – пагражаў ён усёй брыгадзе.

Але падышоў Тарас. Паглядзеў, як ён працуе. Сказаў па-сяброўску шчыра:

– Слава, ты няправільна трымаеш ключ, таму ён у цябе зрываецца. Вось так трэба, – і паказаў, як трэба.

Маленькая ласка – і знікла злосць на ўсіх, засталася на аднаго хіба Ходаса.

Панядзелак, кажуць, «цяжкі дзень». Але той панядзелак быў незвычайны, пачынаўся ён амаль святочным настроем, асабліва ў Тарасавай брыгадзе. Сам Тарас, Генрых і Косця прыйшлі на завод з газетамі і віталіся словамі:

– Чытаў?

– Ага.

– А ты, Косця?

– Усяго не паспеў.

– А я, браткі, да цешчы ездзіў. Галава баліць, – шчыра прызнаўся Лапацін, вінавата зморшчыўшыся.

– Няхай жывуць цешча і шчырасць! – весела выгукнуў Славік. – Нават я пра галаву не прызнаўся б. – І гарэзліва аглянуўся: – Ша! Каб ніхто не пачуў.

– Не блазнуй, калі гавораць пра такія рэчы, – асек яго Іван.

Ужо тады Славіку хацелася счапіцца з ім. Але размова сапраўды ішла занадта сур'ёзная. Славіка яна таксама цікавіла, праўда, больш з іншага боку-усё з таго: шчыра хлопцы так зацікаўлены і так блізка бяруць да сэрца ўсё, што запісана ў надрукаваным учора праекце Праграмы, ці па звычцы выказваюць «газетныя пачуцці»? Гэтае пытанне ўзнікла ў яго яшчэ ўчора ў адносінах да бацькі і Яраша. «Класік» (так Славік называў бацьку ў яго адсутнасць) прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. А тут раптам у добрую спякотную нядзелю паляцеў пасярод дня – знарок па газеты. А Яраш адмовіўся нават пайсці на раку – так нецярпліва чакаў гэтых газет. Яны абодва зачыніліся ў пакоях і чыталі да самага вечара. А потым да позняй ночы спрачаліся каля кастра.

Славік спачатку паставіўся да павышанай цікавасці бацькі і Яраша даволі скептычна. Ён чуў размовы, што ў Праграме будзе запісана наконт прыватнай уласнасці – дач, машын. Ці не гэта пагнала старога па газеты?

Адвячоркам бацька загадаў яму катэгарычна і не дужа прыязна:

– Прачытай! Можа, паразумнееш.

Ён разгарнуў «Правду» і ўпотай свіснуў: гэтулькі чытаць, дзесяць газетных палос! Але асобныя раздзелы прачытаў. І адразу ж, з першых радкоў, зразумеў, якое ў яго было вузкае і прымітыўнае ўяўленне аб будучай Праграме, пра якую многа гаварылі. Партыйны дакумент захапіў юнака незвычайнай шырынёй філасофска-палітычных і эканамічных палажэнняў, грандыёзнасцю практычных планаў. Быў яшчэ адзін нечаканы вынік азнаямлення з Праграмай: бадай, упершыню Славік зразумеў, як мала ў яго, «тэарэтыка новай маралі», ведаў. Да ўсяго ён ставіцца скептычна, нігілістычна. А сам што ведае? Што адкрыў? Што зрабіў? Па-свяціў на тэлестудыі? Завінціў сотню гаек? Гэтыя думкі спалохалі і засмуцілі. «Э-э, пачынаю здаваць пазіцыі. Уступаю пад напорам прапаганды», – падумаў ён і акуратненька, без паказной, а з сапраўднай пашанай згарнуў газету. Маці, якая не спускала з яго вачэй, сказаў:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю