355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 15)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 28 страниц)

– Не для майго маленькага розуму такія высокія матэрыі.

Самакрытычнасць сына, які раней быў даволі высокай думкі пра свой розум, спадабалася Валянціне Андрэеўне. Яна лагодна сказала:

– Але, усяго адразу не ахопіш. Гэта трэба вывучаць паступова, удумліва.

…Калі хлопцы спыталі, ці чытаў Праграму Славік, ён прыгадаў словы маці і тут жа перакруціў іх, як кажуць, дагары нагамі – усё тое ж недарэчнае жаданне вызначыцца, не быць падобным на другіх.

– А навошта? Прымусяць вывучаць – тады прачытаю.

– А без прымусу ты не можаш? – зноў не стрымаўся Ходас. Была другая прычына пасварыцца з ім. Але Тарас умеў спрытна адвесці размову ад Славікавых часам залішне гарэзлівых, часам празмерна сур'ёзна-песімістычных і амаль заўсёды недарэчных заўваг і адказаў.

Хлопцы гаварылі аб Праграме так, што ў Славіка зноў з'явілася захапленне яе велічнасцю, і ён слухаў моўчкі і сур'ёзна. Ды раптам выявіў, што Іван Ходас не чытаў Праграмы, нават газету не бачыў (Славік зразумеў гэта па тым, як ён разглядаў Тарасаву газету). А робіць выгляд, што чытаў. Паўтарае ўсё, што гаворыць разумны Генрых Варэнік.

«Ах, вось ты які мараліст, ханжа! – узрадаваўся Славік „падзенню“ свайго ворага. – Чакай жа, я зараз цябе злаўлю», – і ўжо пачаў успамінаць тыя раздзелы, якія прачытаў учора, каб на іх выкрыць Ходаса. Але перашкодзіў гудок.

Праз якую паўгадзіну яны сутыкнуліся ля станіны. Страсці накаляліся. Славік гарэў помстай.

У часе абеду ён знарок сеў за той жа стол, што і Ходас. Але ад іх не адступаў Тарас. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Ды і ад Івана ўсе Славікавы словы – што гарох ад сцяны. Пакуль Косця (яго чарга) выбіваў чэкі і падносіў талеркі з супам, Іван густа намазваў хлеб гарчыцай і еў. Гарчыца, відаць, была пякучая, хлопец крывіўся, чмыхаў, з вачэй сыпаліся слёзы, але еў са смакам. Славіка давяла да шаленства такая Іванава абыякавасць да яго прычэпкі:

– Ты за ўсю брыгаду жарэш хлеба.

– А ён бясплатны.

– Не бясплатны. А ўваходзіць у кошт страў. Пабудуеш з такімі камунізм!

– Слава! Як не сорамна! – абурыўся Тарас. – Табе хлеба шкада? Няхай есць на здароўе. Хлеб застаецца на сталах.

– Гэта крык душы індывідуаліста, які не можа дараваць, што нехта з'еў больш за яго, – спакойна, быццам аб нечым пабочным, сказаў Варэнік з суседняга століка.

А для Славіка яго словы – што аплявуха. Ён зразумеў, наколькі недарэчны папрок, які ён кінуў Івану. Ганебны. Як не сорамна яму, сыну інтэлігента, які рос у выгодзе, папракнуць за кавалак хлеба рабочага чалавека? Пры ўсёй сваёй развязнасці Славік збянтэжыўся і змоўк. Раптам адчуў, што цяпер самому страшна працягнуць руку за хлебам. А хлопцы ўжо гаварылі пра другое. Кінулі дзве рэплікі – і далей, ніколі не перажоўваюць адно і тое ж. У размовах, як у працы, у жыцці, не спыняцца, імкліва рухацца ўперад – такі дэвіз іх.

Славік сербануў гарачага супу і адставіў талерку.

– Ты што? – заклапочана спытаў Тарас.

Хлопец зморшчыўся.

– Нясмачна? Ды не, сёння якраз што трэба, малайцы кухары. Еш.

Суп Славіку падабаўся, есці хацелася, і яму зноў стала ледзь не да слёз шкада сябе. Следам за гэтым прылівам жаласці да сябе – злосць на ўсіх, нібы яны вінаваты, што з-за сваёй упартасці ён застанецца галодны. А Ходас, накідаўшы ў суп гарчыцы, сёрбаў з такім смакам, што ажно варушыліся паружавелыя вушы і раздзьмуліся ноздры.

«Чаўкае, як свіння», – падумаў Славік, каб хоць як-небудзь прынізіць свайго непрыяцеля. Да іх падышоў сакратар парткома завода Гарачкін. З тонкімі рысамі твару, белымі валасамі, сакратар здаваўся маладзей сваіх год. Але на заводзе ведалі, што ён дваццаць пяць год праслужыў у арміі палітработнікам. Чалавек ён памяркоўны, далікатны, але напачатку спрабаваў заводскую дэмакратыю ператварыць у вайсковую.

– Я вам прынясу супу, Пятро Савелевіч, – прапанаваў Косця, калі сакратар падсеў да іх стала.

– Дзякую. Няма калі. Тысяча спраў. Я пазней паабедаю.

«Калі ў сталоўцы не будзе рабочых?» – хацеў уедліва спытаць Славік, але стрымаўся.

– Хлопцы, пасля змены правядзём мітынг. Скажам наша рабочае слова аб Праграме. Трэба, каб хто выступіў ад вашай брыгады.

– Тарас.

– Ды ну, хлопцы, няёмка! Усё я ды я.

– Правільна. Лепш, каб хто з сябраў брыгады.

– Тады Іван. Ён народжаны прамоўца.

– Значыцца, дамовіліся: Ходас, – звярнуўся сакратар да рабочага.

Іван кіўнуў галавой.

– Падумайце, што вы можаце яшчэ зрабіць да з'езда, – сказаў сакратар да Тараса. – Паглядзіце свае абавязацельствы.

Тады Славік гучна, здзекліва і зларадна хмыкнуў:

– Хэ! А што ён скажа, Ходас? Ён жа газеты ў вочы не бачыў.

Іван падскочыў, твар яго ўміг наліўся крывёю.

– А ты бачыў?

– Я не толькі бачыў. Я чытаў! А ты ўпершыню ў Тараса пабачыў. А збіраешся выступаць. Балбатун ты!

– Сам ты балбатун! Большага за цябе…

– Ах, я балбатун? Тады скажы шчыра і сумленна – чытаў ты? Ага, маўчыш! Ты ж з Валькай на пляжы пракачаўся.

– Ну, ты! – Іван сціснуў кулак.

– Слава!

– Што «Слава»? А я выкрываю няшчырасць і ханжаства.

Славік знарок амаль крычаў, каб пачулі другія рабочыя, каб прыцягнуць іх увагу. Ён бачыў, як Тарас і ўсе хлопцы стараюцца «спусціць на тармазах» гэтую непрыемную размову. Тарас пацягнуў за палу пінжака Івана, прымусіў яго сесці, сціснуў локаць і сказаў да сакратара:

– Мы абмяркуем, Пятро Савелевіч… Выступленне ад брыгады будзе.

Гарачкін стаяў і моўчкі слухаў, пільна разглядаючы Славіка. Праніклівы позірк сакратара і бянтэжыў і яшчэ больш раздражняў няўрымслівага юнака.

– Славік, дай папяросу, – працягнуў руку Лапацін.

– «Люблю грозу в начале мая», – дэкламаваў у талерку Генрых.

– Што вы загаворваеце зубы? – не сціхаў Славік, яшчэ больш павышаючы голас. – Вам хочацца быць добранькімі? Чаму ты змоўк, прамоўца? Няма чаго сказаць? Дэмагогі!

Гарачкін раптам ляпнуў далоняй па стале.

– Даволі мітынгаваць, Шыковіч! Абед канчаецца, – сказаў сярдзіта і пайшоў у другі канец залы.

Славік, як бы дэманстратыўна выконваючы загад сакратара, пачаў на поўны рот есці катлеты. За сталом усталявалася цяжкая цішыня. Нават жавалі бясшумна. Не ўзнімалі вачэй. Толькі Генрых, разглядаючы шклянку з рэдкім ружовым кісялём, ціха дэкламаваў:

 
Дорогая, сядем рядом,
Поглядим в глаза друг другу.
 

…Сакратар парткома выклікаў Тараса.

– Але і экземплярчык ты прыцягнуў. Мне казалі – я не верыў. Разваліць ён табе брыгаду.

– Калі ён можа разваліць брыгаду, то грош нам цана. Чаго мы варты?

– Ты самакрытычны. Але май на ўвазе, Славік твой не такі наіўны, як табе здаецца. У яго даволі цвёрдыя перакананні. Не Ходасу ён крычаў, а ўсім, хто абедаў. Хацеў памітынгаваць раней… Ходас – зачэпка…

Тараса здзівіў такі нечаканы паварот у разважаннях сакратара. Баяцца Славіка? Смешна.

– Ты чуў, што ён крычаў? «Дэмагогі!» Хто – дэмагогі? Хто не прачытаў. Шмат хто не паспеў прачытаць.

– Але не меў Ходас маральнага права згаджацца выступаць! – запярэчыў Тарас. – Тут Шыковіч праўду сказаў. Іншая рэч, як ён гэта сказаў. Непрыязь у іх адзін да аднаго – вось што дрэнна.

– Што ж, глядзі. На тваю адказнасць. Калі што – будзеш адказваць перад парткомам.

Мітынг уразіў Славіка перш за ўсё сваёй масавасцю. Звычайна пасля змены рабочыя спяшаюцца хутчэй дадому. Асабліва жанчыны. Іх цяжка затрымаць на пяць – дзесяць хвілін.

Славік знарок праціснуўся да прахадной, каб пабачыць, як рабочыя будуць уцякаць, сварыцца з вартаўніком. Але нічога гэтага не было. Тыя ж самыя жанчыны, наадварот, ціснуліся бліжэй да трыбуны, выкарыстоўваючы сваё жаночае права быць наперадзе. Людзі засяроджаныя, сур'ёзныя, уважлівыя – і старыя і моладзь. І, што дзіўна, не было нудных прамоўцаў. Гэта таксама ўразіла Славіка. Усе гаварылі з такой палымянасцю, што ў хлопца зноў з'явілася тое пачуццё захаплення, якое ён адчуў учора, калі чытаў праект. Толькі выступленне Тараса яго насцярожыла. Брыгадзір гаварыў пра маральны кодэкс будаўніка камунізму. Славіку здалося, што гэта знарок для яго. А ён страшэнна не любіў, калі хто-небудзь пачынаў чытаць яму мараль з мэтай перавыхаваць. Тады ў яго з'яўлялася жаданне зрабіць усё наадварот. Разам з насцярожанасцю ён адчуваў задавальненне, што не даў Ходасу пакрасавацца перад народам. Хацелася глянуць пераможанаму ворагу ў твар. Славік пачаў прабірацца наперад. На яго зашыкалі, каб не перашкаджаў слухаць. І ён не адважыўся хваляваць ціхае людское мора – застыў на месцы. Ён адчуў, усвядоміў веліч гэтага мора, яго магутную сілу. Разумную сілу, якая не разбурае, а стварае. І, можа, упершыню адчуў сябе часцінкай гэтай сілы. Аднак разуменне таго, што ён – часцінка вельмі маленькая яшчэ, на гэты раз не здалося яму зневажаючым яго чалавечую годнасць.

Ён выходзіў з завода цераз шырока адчыненыя вароты ў натоўпе рабочых з нейкім асаблівым гонарам. Чамусьці яму хацелася, каб у гэты міг яго ўбачыў бацька.

16

Шафёр гнаў па лясной дарозе як ашалелы, таго і глядзі, разаб'е. А дарогі такой – кіламетраў дваццаць. У некранутым сасновым бары – тоўстае карэнне, цэлыя карнявыя вузлы, як добрыя камяні; у дубовых гаях – старыя грэблі, на якіх мала засталося насцілу, адны ямы, палітыя ўчарашнім дажджом. Шафёр ні на што не зважаў. А побач з ім у кабіне бестурботна спаў старшыня. Шыковіч праз шкло ў задняй сценцы бачыў, як з боку ў бок матлялася пляшывая галава. Яго і дзвюх дзяўчат-калгасніц кідала ў кузаве, як тыя кавуны, – ад борта да борта. Дзяўчаты смяяліся, хапаліся адна за адну, потым, асмялеўшы, пачалі хапацца і за яго. Кірылу падабалася такая непасрэднасць і тое, што яго не лічаць яшчэ за старога, калі падбіваюць на жарты. Неяк асабліва хваляваў дотык маладых дужых рук, ад якіх пахла зямлёй і зернем. Ад мяшкоў, на якіх яны сядзелі, патыхаў цёплы водар збажыны. Але хутка Шыковіч адчуў, што ад такой вясёлай язды пачынае балець усё нутро. Не тыя гады, каб так трэсціся.

Нарэшце выехалі з лесу на асушанае балота. Дарога праз тарфянікі – што коўдра, роўная і мяккая. І дзіўна – ці так здалося на раўніне, дзе няма за што зачапіцца воку, ці на самай справе – шафёр павёў машыну асцярожней і павольней. Сціхлі дзяўчаты, як бы засаромеліся сваёй лясной гарэзлівасці. Нават прачнуўся старшыня; з яго боку з кабіны пацягнула папяросным дымком.

Кірыла прылёг на мяшкі і паглыбіўся ў разважанні.

«Трэба будзе выясніць, колькі служыць машына пры такіх дарогах і такой яздзе. Варта ўставіць дзе-небудзь пра тып старшыні, як з гадамі мяняецца іх знешні выгляд. Такіх, як гэты Грак, я даўно не сустракаў. Вынырнуў быццам з сорак пятага года».

Немалады – год пад пяцьдзесят – старшыня больш за ўсё нагадваў калгасных кіраўнікоў таго далёкага пасляваеннага часу: непаголены, у зашмальцаванай, даўно, відаць, не мытай, гімнасцёрцы з чорнага грубаватага сукна, у старамодным дыяганалевым галіфэ, у пажоўклых ботах і, галоўнае, з кірзавай палявой сумкай, невядома чым туга напакаванай. Гэтая працёртая на вуглах сумка проста-такі прываражыла Шыковіча. «Няўжо з ваеннага часу?» – карцела спытаць.

Убачыўшы каля складоў «Закупзерне» старшыню з Загалля, Шыковіч зразумеў, чаму сакратар райкома спрабаваў адгаварыць яго ад паездкі ў гэтую далёкую вёску, куды нават раённыя работнікі рэдка заглядваюць.

Беразоўскі – стары знаёмы Шыковіча, некалі працаваў у абкоме камсамола. Малады энергічны сакратар. Сустрэў Шыковіча з радасцю:

– Нарэшце ты заглянуў і ў наш забыты творцамі раён. Цяпер я цябе не выпушчу.

– Мне трэба перш за ўсё дабрацца да Загалля.

Сакратар насцярожыўся:

– Чаму адразу ў Загалле?

– Ды так. Кажуць, цікавая вёска, – ухіліўся ад тлумачэння Шыковіч.

– Вёска за сямю лясамі, дзевяццю балотамі. Этнаграфічны куток. Гэтым і цікава. Але, скажу табе шчыра, калгас там не самы лепшы.

– А мне і трэба не самы лепшы.

– Значыцца, маеш намер пісаць разгром?

– А ты баішся?

– А хто не баіцца? Ваш брат настрочыць – а нас на бюро абкома па сігналу газеты. Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велізарнай рабоце, якую вядзём у апошнія гады, і пры пэўных поспехах хапае і прарэхаў. Шмат якія намаганні тонуць, як у бяздоннай бочцы. То засушыла, то падмачыла. Працуеш-працуеш, а вынікі…

– Незадаволены вынікамі?

– Якая можа быць задаволенасць? Вышэй дзевяці цэнтнераў ніяк не можам узняцца.

– А кукуруза?

– Кукуруза якраз добрая. На круг цэнтнераў па трыста.

– Лепшая, чым летась?

– Лепшая!

– А летась у вас, здаецца, было па шэсцьсот?

Беразоўскі засмяяўся:

– Гэта твой друг Раманаў у кабінеце на паперы вырошчваў па гэтулькі.

– Ты ў яго быў трэцім. Маеш вопыт.

– Цяпер за такі вопыт будзеш глядзець на неба вось праз што, – сакратар склаў пальцы ў выглядзе крат.

– А не здаецца табе, Барыс Пятровіч, што нежаданне пусціць журналіста ў слабы калгас – гэта сцэна з той жа оперы «Паказуха»?

Беразоўскі пакрыўдзіўся:

– Я хацеў памагчы табе напісаць такі нарыс, за які цябе, пісаку, пахвалілі б, а ты вунь як вытлумачыў… Ну дык каціся ты ў сваё Загалле.

– А як туды дакаціцца?

– Добра. Не будзем крыўдзіцца адзін на аднаго, а то яшчэ пасварымся. Пачакай гадзіны дзве, я правяду нараду дырэктараў школ і пасля завязу цябе сам.

Але, блукаючы па райцэнтры, Шыковіч падышоў да склада, дзе стаяла чарга машын са збажыной, і натрапіў у канторы на загальскага старшыню.

Грак, калі Шыковіч звярнуўся да яго, акінуў падазроным позіркам, спытаў коратка:

– Хто?

– Лектар.

Шыковіч не хлусіў: кожны раз, выязджаючы ў раён, ён браў у абкоме партыі лектарскую пуцёўку. Часцей за ўсё рабіў даклады пра літаратуру. Але цяпер яму хацелася расказаць сялянам аб праекце Праграмы, пачуць іх думкі.

– Лектар – рэч патрэбная, – паблажліва дазволіў пад'ехаць супакоены старшыня. Але, пераканаўшыся, што едзе ў калгас птушка невялічкая, ніякі не рэвізор, ён тут жа страціў усялякую цікавасць да гэтай «рэчы патрэбнай».

Шыковіча такое вызначэнне лектара спачатку абурыла, пасля рассмяшыла. Прыгадаўшы ў машыне, што ён – «рэч патрэбная», не стрымаўся – усміхнуўся, пакруціў галавой. Дзяўчаты глядзелі на яго як на дзівака.

Зноў лес. Зноў балота, не асушанае, з дзедаўскімі грэблямі. І вось яно – Загалле, вялікае сяло ў падкове дубовых гаёў.

Не вызначаюцца яшчэ асаблівай навізной нашы вёскі. Пра гэта многа гаварылі і пісалі. Пісаў і Шыковіч. Але амаль усюды, дзе ён ні ездзіў, то бачыў побач са старымі хатамі новыя збудаванні: ці то тыповая школа, бальніца, клуб, ці новыя дамы, светлыя, прасторныя, хоць і нетыповыя (кожны будаваў па ўласнаму праекту), шмат дзе цагляныя, пад гонтай і шыферам, і бадай што ва ўсіх калгасах новыя гаспадарчыя пабудовы: кароўнікі, свінарнікі, над якімі ўзвышаюцца воданапорныя вежы, ветраныя рухавікі. Усё гэта надае вёскам новы выгляд. Нічога новага не было ў Загаллі. Сяло ў вайну не гарэла. І ўсё тут было старое. Хаты бадай што дарэвалюцыйныя, прыплюснутыя, з нізкімі і маленькімі акенцамі, з замшэлымі стрэхамі. Быццам і не раслі тут людзі, не жаніліся, не аддзяляліся ад бацькоў, не заводзілі свой куток, не дбалі, каб ён быў больш прыгожы, чым дзедаўскі.

Калгасныя патрэбы, відаць, задавальнялі тыя хлявы і свірны, якія злеплены былі пасля калектывізацыі з абагуленых гумнаў.

На доўгай травяністай вуліцы гуляла многа малых, пасвіліся шматлікія чароды гусей. Відаць, праз гэта шафёр вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Больш, чым выгляд хат, Шыковіча ўразілі андаракі на старых жанчынах. Даўно ўжо ён не бачыў андаракаў! Сапраўды, этнаграфічны куток. Кірыла чамусьці падумаў пра адзенне старшыні і яго пацёртую кірзавую сумку. Андаракі хоць прыгожыя – квяцістыя. Трэба купіць адзін – для экзотыкі.

Машына спынілася насупраць дома, які стаяў у глыбіні старога і, пэўна, здзічэлага саду: пладоў на яблынях і грушах не было. У суседніх сялянскіх садках чырванабокія яблыкі былі відны здалёк.

Старшыня выскачыў з кабіны і, нічога не сказаўшы Шыковічу, не запрасіўшы нават у праўленне, хутка пайшоў па сцежцы да дома, памахваючы сваёй сумкай.

Калі машына адышла, Шыковіч застаўся адзін на вуліцы. Ён нават не паспеў спытаць у дзяўчат, якія таксама выскачылі з кузава, што ж там, у садзе: кватэра старшыні ці калгасная канцылярыя? Ён толькі беспамылкова вызначыў, што гэта былы папоўскі дом. На другім баку вуліцы ці, хутчэй, цэнтральнай плошчы (тут перакрыжоўваліся вуліцы) узвышалася былая царква. Шыковічу хацелася адгадаць, што ў гэтай недарэчнай будыніне – клуб ці склад?

Ды раптам з'явіўся Грак. Без сумкі. З прыветлівай усмешкай на ўвесь шырокі загарэлы твар:

– Таварыш Шыковіч?

Кірыла адразу здагадаўся, што адбылося: пакуль яны ехалі, пазваніў Беразоўскі. Усміхнуўся ў адказ.

– Кірыла Васільевіч! – Усё было высветлена. – Як жа можна так? Ай-я-яй… – Старшыня дакорліва ківаў галавой, цмокаў языком, быццам дакараў малога. – Я разумею, ваш брат, інжынер нашых душ, хоча глянуць на людзей так, каб яны не ведалі, хто на іх глядзіць. Але мне вы павінны былі сказаць. Калі трэба, я – ні гу-гу.

– Ды не, я хавацца не думаю. Даклад буду рабіць. Можна сёння сабраць людзей?

– На ваша імя прыляцяць, як матылі на агонь.

«Ого, – падумаў Шыковіч, – ды ён галантны мужчына. Можа і кампліменты выдаваць».

Ветліва адчыніўшы перад госцем дзверы ў кантору праўлення, Грак закрычаў з парога:

– Трышка! Абвясціць па ўсяму сялу: да нас прыехаў вядомы пісьменнік Шыковіч! У дзевяць гадзін усе як адзін у клуб, слухаць лекцыю!

Хлапчына з надзвычай прыгожай чупрынай, белай, хвалістай (лепшы парыжскі цырульнік не зрабіў бы такой прычоскі, як зрабіла прырода), раней чым кінуцца выконваць загад старшыні, шчыра і моцна паціснуў Шыковічу руку і паведаміў:

– Я чытаў вашу аповесць. І фельетоны.

Жанчына-бухгалтар, наадварот, чамусьці скептычна ўсміхалася. Відно было, што гэта маладая маці: кофтачку на кнопках распіралі поўныя грудзі, з белага твару не сышлі яшчэ плямы. Пры паўнаце постаці твар гэты здаваўся худым, хваравітым і, бадай што, быў бы непрыгожы, каб не вочы – вялікія, чорныя, хітрыя і разумныя. Ды яшчэ валасы, такія ж чорныя, скручаныя на патыліцы ў вялікую куксу, рабілі жанчыну прыгожай.

Неспадзявана для Шыковіча агульны пакой канцылярыі аказаўся даволі чыстым і ўтульным – нават вазоны на падаконніку. А сцены абклеены сельскагаспадарчымі плакатамі, падабранымі больш па яркасці і прыгажосці, чым па іх прапагандысцкаму значэнню. Плакат, на якім з кукурузнага пачатка сыплюцца, як з мяшка, каўбасы, сала, масла, сыр, тканіна, гума і іншыя каштоўныя рэчы, аказаўся не на самым цэнтральным месцы, а ў куце каля грубкі.

Грак адчыніў дзверы з шыльдачкай: «Старшыня праўлення», але Шыковіч зрабіў выгляд, што разглядае табель выпрацоўкі працадзён, і не пайшоў у кабінет.

Старшыня пачаў шаптацца з жанчынай.

Шыковіч здагадаўся, пра што, і перапыніў іх:

– Таварыш Грак, калі вы наконт абеду, то не турбуйцеся. Тры гадзіны назад я абедаў у раённай чайной. За вячэру буду ўдзячны. У нашыя з вамі гады і пры нашай камплекцыі многа есці – самагубства.

Грак засмяяўся:

– Я думаю, ад яды ніхто не памёр. Можа, памідорчыкаў, гурочкаў маласольных? А?

– З прыемнасцю. Але пазней. На вячэру.

– А палуднічак павінен быць.

Цяпер ужо засмяялася жанчына.

– Энергія траціцца ад усялякай работы, – глыбакадумна зазначыў старшыня, каб апраўдаць сваё жаданне паабедаць.

– У мяне, ведаеце, акрамя даклада яшчэ адна справа ёсць. Скажыце, Сухадол Клаўдзя Сідараўна жывая, здаровая?

– Баптыстка гэтая? Яна сто гадоў пражыве! – кінуў амаль злосна Грак.

– Баптыстка? – здзівіўся Шыковіч.

– Ды не баптыстка яна! – запярэчыла бухгалтар.

– Ну не ведаю, якому яна ідалу там кланяецца, але што шаманка, то шаманка. Больш хітрая, чым тыя, якіх я бачыў у якутаў. Адным словам, дармаедка. Абвясціла сябе знахаркай. Варажбіткай.

– Ды не варожыць яна. Травамі лечыць.

– Ты, Кацярына, не абараняй. Ты сама туды ж. Сорам! Культурная сіла! – кінуў ён жанчыне з дакорам.

– А што? Яна вылечыла мяне.

– Вылечыла. Лекарка! Прафесар! Дурнота ваша бабская ёй кішэню набівае. Хочаце напісаць пра яе, таварыш Шыковіч?

– Ага.

– Дайце добранькі фельетон. Я вам факцікаў падсыплю. Можа, пракуратура тады дацягнецца. А то я колькі разоў казаў нашаму пракурору, ды ён усё рукамі разводзіць: «Няма падстаў, трэба блюсці законнасць». Я ёй, праўда, крыллі падрэзаў – сядзібку па самыя вуглы адшахаў.

Але, не такой уяўляў Кірыла гэтую жанчыну, калі пасля доўгіх пошукаў з дапамогай Яраша даведаўся нарэшце, куды знікла з горада былая сястра інфекцыйнай бальніцы Клаўдзя Сухадол.

«Медсястра – і раптам знахарка, сектантка нейкая. Ліха ведае што такое!» – разважаў ён, незадаволены, ужо трохі расчараваны, ідучы па доўгай вуліцы ў край сяла. Прыгадваў, як адразу варожа насцярожылася бухгалтар, калі пачула, што ён хоча пісаць пра Клаўдзю. Што пісаць – тлумачыць не стаў, бо раптам страціў веру, што ўвогуле прыйдзецца нешта пісаць у выніку размовы з гэтай жанчынай.

Знайсці яе хаціну было лёгка. Па-першае, яна стаяла трэцяй з краю, каля самага лесу, а па-другое, адзіная такая ў сяле: маленькая мазанка, пабеленая на ўкраінскі лад. Высокі лазовы пляцень, якім з усіх бакоў быў абгароджаны цесны дворык, здаўся Шыковічу крапасной сцяной, за якой нехта як бы хацеў схавацца ад людзей і свету. Дзе ў суседзяў былі садкі і агароды, тут, адразу за плятнём, шапацела надзіва высокая кукуруза. «Каралева палёў», дзіця сонечнай Украіны як бы цягнулася да мазанкі. Спалучэнне натуральнае, нават прыгожае. Але Шыковічу ўспомніліся словы Грака: «Я ёй крыллі падрэзаў», і ён упершыню падумаў аб крыўдзе, якую, напэўна, мае жанчына на мясцовую ўладу і – вельмі можа быць – нават на гэтую цудоўную кукурузу.

Ад весніц паўз хату ішла вузенькая і чысценькая, пасыпаная жоўтым пясочкам сцежачка. Уся астатняя плошча дворыка была разбіта на малюсенькія акуратныя градкі, засаджаныя гароднінай і кветкамі. Безумоўна, не хадзіла па гэтым двары ні карова, ні каза, нават слядоў курэй не было відно, хоць невялічкі хляўчук, таксама абмазаны і пабелены, туліўся ў кутку за хатай.

Шыковіч разгледзеў усё гэта, пакуль, прасадзіўшы руку ў шчыліну, шукаў адмысловую «зачынялку», каб адчыніць весніцы. Ды так і не знайшоў, хоць дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў – круцёлак, засовак, зашчэпак.

І тут з'явілася сама гаспадыня. Яна, нахіліўшыся, выйшла з дзвярэй, шырокімі крокамі падышла да агароджы, цераз пляцень глянула, хто там, адчыніла весніцы, але загарадзіла сцежку сваёй постаццю, акідваючы няпрошанага госця дапытлівым позіркам: што ты за птушка?

Шыковіча адразу ўразіў яе выгляд. Жанчына была на добрую галаву вышэйшая за яго і значна старэйшая, чым яму ўяўлялася, зусім сівая ўжо. Па-мужчынску кастлявая, крыху ўжо ссутуленая, але, відаць, даволі дужая яшчэ, яна стаяла з пучком сухой травы ў руцэ, як вартавы са зброяй. Глядзела так, што Шыковічу здалося: вось-вось сцебане яго гэтым венікам па твары. Ён адчуваў, што не вытрымае яе позірку, і паспяшаўся загаварыць першы:

– Клаўдзя Сідараўна?

– Што вам? – сурова спытала яна.

– Я хацеў пагутарыць…

– Пра што? Хто вы?

– Я растлумачу… Я з рэдакцыі. – Вопытны журналіст, ён, можа, упершыню адчуў сябе ніякавата, знаёмячыся з чалавекам.

У старой гнеўна бліснулі вочы.

– Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Я збіраю травы. Раю іх людзям. Няма такога закону, каб забараніць мне… Няма! – Яна крута павярнулася і… пайшла ў хату.

Шыковіч зусім разгубіўся.

«Чорт мяне пацягнуў за язык сказаць, што я з рэдакцыі. Калі яна зачыніцца і больш не выйдзе, тады хоць крычы пад акном, што мне трэба ад яе».

А з-за плятня ўжо зыркалі цікаўныя вочы суседкі. Ляпнула акно за спіной, у хаце на другім баку вуліцы. Яго бралі пад скрыжаваны «абстрэл». Мабыць, другіх сваіх наведвальнікаў Сухадоліха сустракала інакш.

Але паколькі весніцы засталіся адчыненыя, Кірыла рашуча ступіў у двор і спыніўся перад акном: няхай бачыць, што ён не адыдзе, пакуль не пагутарыць.

Ды жанчына праз хвіліну выйшла. У выцягнутых перад сабой доўгіх руках яна несла тоўстую кніжку ў палатнянай вокладцы.

«Няўжо Біблія? – амаль са страхам падумаў Кірыла. – Не хапала клопату!»

Чаго ён не ўмеў – дык гэта весці антырэлігійную прапаганду сярод веруючых. Суцяшаў сябе тым, што гэтага не ўмее рабіць большасць прапагандыстаў, а таму і чытаюць свае лекцыі не перад веруючымі, а перад тымі, хто даўно ўжо ні ў Бога ні ў чорта не верыць.

Яна злосна сунула яму кніжку:

– Во!

Ён адгарнуў вокладку і ледзь не засмяяўся. Гэта быў том «Лекарственные растения».

– Во! – паўтарыла яна. – Усяго пяць гадоў назад выпусцілі. Савецкі інстытут. Медыцынскі. Вучоныя! І ўсе пішуць: збірайце травы. Дык пакажыце мне закон, каб забаранялі іх збіраць? Дзе такі закон? – наступала яна.

Шыковіч глядзеў на яе знізу ўгору і не адразу здагадаўся, чаму змяніўся яе суровы твар, што яго быццам памаладзіла за тыя хвіліны, якія яна была ў хаце. Ага, жанчына паспела павязаць белую хусціну, і павязала своеасабліва, не так, як тутэйшыя сялянкі, «хаткай», а так, як павязваюць касынкі сёстры і санітаркі ў бальніцах.

Шыковіч вырашыў не перапыняць яе: няхай выкажацца.

– Не думайце, што я дурная, цёмная баба. Я не маю дыплома. Але я пятнаццаць гадоў рабіла сястрой у бальніцы. Былі людзі, якія верылі мне без паперак. Цяпер не вераць. Лепш за яе, нашу дурную фельчарыцу, што заявы на мяне піша. І грошы бяру! Бяру! А што мне – паміраць? Гародчык і той абрэзалі…

– Клаўдзя Сідараўна! – нарэшце перапыніў яе Шыковіч. – Я прыехаў да вас зусім па іншай справе.

Яна змоўкла, не разумеючы.

– Я хацеў спытаць у вас пра Савіча. Доктара Савіча. Сцяпана Андрэевіча.

Як яна адразу змянілася! Адступіла на крок, нібы спалохалася. Сцялася неяк уся, ажно ростам паменшала. Аднак твар асвяціўся нейкім унутраным агнём, адны маршчыны разгладзіліся, другія сталі глыбей. Але сказала яна яшчэ даволі сурова:

– Савіч васемнаццаць гадоў у зямлі. Навошта ён вам?

– Я хачу напісаць пра яго і пра вас.

– Што пра нас пісаць?

– Што? Я хацеў бы напісаць, што Савіч быў савецкім чалавекам. І тады, калі служыў у немцаў. Але для гэтага мне патрэбны доказы. Факты. Сведкі.

Яна зірнула на суседскі падворак і раптам запрасіла ветліва, ціха:

– Хадземце ў хату.

З дзвярэй патыхнула не кіслым і цвілым, як амаль з усіх сялянскіх сенцаў, а ліпеньскім вячэрнім лугам – густым водарам сухіх траў. У хаце таксама пахла травамі, але неяк зусім інакш. Ні сцяблін, ні пацярухі насення нідзе не было відно. Хіба толькі ў тых мяшочках, што віселі на жэрдачцы над печчу, ды ў тых пляшках і шклянках, што стаялі ў куце пад лавай. А так усюды чысціня: старанна пабелены сцены і нізкая столь, да жаўцізны адмыта падлога, засланы квяцістай даматканай посцілкай драўляны ложак. На стале пад настольнікам – круглая паляніца хлеба. Абразы ў куце, два невялічкія, упрыгожаныя вышываным ручніком. Самаробная рамка на сцяне, у якой пад шклом некалькі фатаграфій.

Гаспадыня выцерла пярэднікам і без таго чысты ўслончык, падсунула яго да стала, без слоў запрашаючы госця сесці. Сама стала пасярод хаты, сашчапіўшы рукі на грудзях. Спытала ўсё яшчэ з тайнай падазронасцю:

– Дык вы з рэдакцыі?

– Не верыце? – усміхнуўся Кірыла і дастаў з кішэні пасведчанне. – Калі ласка. Маё прозвішча Шыковіч… – Ён пашкадаваў, што не захапіў кніжкі. Але жанчына не кранулася з месца, каб паглядзець дакумент, і яму нават стала неяк няёмка. Ён паклаў пасведчанне на стол.

– А што вы ведаеце пра Савіча?

– Шмат чаго, але пакуль што рознае. Па некаторых дакументах Савіч – вораг. А людзі кажуць, што да апошняй хвіліны свайго жыцця ён змагаўся з фашыстамі…

– Хто кажа?

– Хто ведаў яго. У тым ліку дачка.

– Зося? – уся ўстрапянулася жанчына, хіснуўшыся наперад, і ў голасе яе чуліся здзіўленне, недавер, радасць. – Зося? Зоська жывая? Дзе яна?

– У горадзе. – Шыковіч не стаў адразу тлумачыць, што дачка Савіча яшчэ ў бальніцы пасля цяжкай аперацыі.

– Зося жывая! Божачка мой! – зусім па-старэчы не то ўсхліпнула, не то засмяялася Клаўдзя Сідараўна і зрабіла круг па хаце, як бы нечага шукаючы. Дакранулася рукой да печы, паправіла занавесачку на акне. Потым раптам села з другога боку стала, падперла далоняй шчаку і пільна ўгледзелася ў Шыковіча.

* * *

Сабраліся, безумоўна, пазней дзевяці. Шыковіч не здзіўляўся: летні дзень, пакуль людзі вярнуліся з поля, памыліся, павячэралі, жанчыны падаілі кароў, паклалі дзяцей. Але гадзіне а дзесятай, калі добра ўжо сцямнела, прасторная зала клуба, былой царквы, была паўнюткая – не праціснуцца. Перад самай сцэнай, на падлозе, размясціліся хлопцы-падлеткі (дзяцей не пускалі), на пярэдніх лаўках – пажылыя калгаснікі і вясковая інтэлігенцыя, далей – усе тыя, без падзелу на ўзрост і становішча, хто прыйшоў раней і захапіў месца. А з бакоў і ззаду стаялі жанчыны, дзяўчаты і тыя хлопцы, якім няёмка ўжо было садзіцца на падлогу. Большасць стаяла. Таму Шыковіч вырашыў гаварыць нядоўга, каб не змарыць і так ужо стомленых за дзень людзей.

Але тэма была проста-такі неабдымная. Ён упершыню вось так, вусна, расказваў людзям аб Праграме. А ён ніколі не быў бясстрасна-акадэмічным дакладчыкам. Ён перш за ўсё выказваў свае адносіны да з'явы, і заўсёды без усялякіх шпаргалак. Тут яму хацелася перадаць людзям сваё захапленне веліччу тых планаў, якія партыя вынесла на ўсенароднае абмеркаванне. Каб ён не адчуў у самым пачатку нейкай незвычайнай хвалюючай блізкасці слухачоў – таго, што лектары называюць тэхнічным словам «кантакт», то, магчыма, гаварыў бы карацей. Але аўдыторыя была надзіва: розныя па ўзросту людзі – і ўсе такія ўважлівыя! Слухаюць – не варухнуцца. Відаць, не часта тут бываюць добрыя лектары.

Шыковіч нават не прыкмеціў, як прагаварыў дзве гадзіны. Схамянуўся толькі тады, калі ўбачыў, што адзін з тых падлеткаў, што сядзелі на падлозе, усё-такі змогся: захроп, адкінуўшы галаву да сцяны. Сябры штурхалі яго са стоеным смехам. Шыковіч перапыніўся, глянуў на гадзіннік:

– О-о! Здаецца, аднаго я ўжо даканаў.

Ад рогату залы хлопец адразу прачнуўся і, засаромлены, падхапіўся, паціснуўся праз натоўп да дзвярэй.

Грак, які адзінока сядзеў за сталом прэзідыума, шырока пазяхнуў, памахаўшы перад ротам далоняй, як бы адганяючы злога духа. Шыковіч зразумеў, што гэта хітры сігнал: закругляйся.

Але хацелася яшчэ сказаць аб перабудове вёскі. Не ўвогуле, а канкрэтна ў дачыненні да іх Загалля. Сказаць так, каб гэта было папрокам самаздаволенаму Граку, які дванаццаць год старшынствуе тут, выстаўляе гэта як сваю заслугу, а слядоў гаспадарання яго не відно.

– Самае страшнае, таварышы, калі людзі звыкаюцца са становішчам, якое ёсць. Гэта называецца кансерватызмам, застоем. Ёсць хата, клуб, свіран, і добра. А якая гэта хата? Які клуб? Ці можна з такім бытам і такой культурай ісці ў камунізм? Вы мне прабачце, але скажу вам шчыра, сумна мне было сёння глядзець на ваша Загалле. Месца добрае. Прырода якая! А вось па выгляду сяла, па здабытках працы вашай не відаць, што гэта час, калі шырока абмяркоўваецца вялікі план будаўніцтва камунізму.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю