Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 28 страниц)
Гукан, які любіў свайго сакратара за акуратнасць у рабоце, паглядзеў на яго ў гэты раз зняважліва.
– Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна?
– Вельмі правільна, Сямён Парфёнавіч! – узрадавана падтрымаў Гарусевіч.
Гукан стомлена пазяхнуў.
– Што там яшчэ?
Сакратар падаў цэлы стос сашчэпленых аркушаў з надрукаваным на машынцы тэкстам.
– Запіска старшыні камісіі па ахове здароўя аб стане бальніц у горадзе і наогул аб усёй нашай медыцыне. І скажу вам, Сямён Парфёнавіч, па-мойму, неаб'ектыўна. Адно адмоўнае бачыць доктар…
– Яраш?
– Яраш. Калі ён пашле гэта вышэй – чакай камісіі.
– Ну, камісій нам баяцца няма чаго. Добра. Я пачытаю. – Гукан ляпнуў па паперы далоняй.
Але чытаць не стаў. Калі сакратар выйшаў, ён зноў падышоў да акна і загледзеўся на свой каштан. Знізу, з вуліцы, далятаў гоман людзей, шыпенне шын на нагрэтым асфальце. Праз лісце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае, як і многа дзён ужо. Гукану зноў успомнілася ўчарашняя дача. Ён адчуў сябе стомленым і падумаў, што было б хораша хоць тыдзень адпачыць у такім вось ціхім, лясным, лугавым кутку, каб не ехаць ні на якія курорты, дзе спёка і поўна народу. Могуць людзі арганізаваць сабе адпачынак! А вось ён усё жыццё працуе, хвалюецца. Шыковіч цяпер ляжыць пад соснамі ў гамаку і фантазіруе. Ніхто да яго не просіцца на прыём, не патрабуе выканання плана будаўніцтва. І Яраш… Не, Яраш на рабоце. У хірурга, безумоўна, работы хапае, нічога не скажаш, хворыя не могуць чакаць.
Але навошта яму чарніць тое, чаму аддалі столькі сілы і здароўя і ён, Гукан, і сам Яраш?
Старшыня не ведаў, што напісана ў запісцы, і чытаць яе цяпер не хацеў – баяўся, што яшчэ больш сапсуе настрой. Падумаў, чаму Яраш учора ніводнага слова не сказаў пра гэтую запіску. З-за далікатнасці, каб не турбаваць госця службовымі справамі? Ці, можа, гэта хітры план, разведка праціўніка, на якога рыхтуецца наступ з усіх бакоў? Кніжка, ацэнка падполля, бальніцы… Але чаму гэты наступ яны вырашылі пачаць цяпер? Можа, прачулі што? Ці атрымалі моцную падтрымку? Ад каго? І раптам Сямён Парфёнавіч успомніў. Сакратар гаркома Тарасаў неяк у гутарцы сказаў, што да вайны ён і Шыковіч працавалі ў адным раёне. Вунь яно што! Старыя сябры. Але не падобна, каб Тарасаў мог займацца такімі інтрыгамі. Ды і навошта яму? Працуюць яны мірна і дружна, без канфліктаў.
А нарэшце, чаму яму здаецца, што запіска Яраша – нейкі падкоп пад яго, старшыню гарсавета? Яраш з суровай крытыкай выступаў на сесіі яшчэ гады два назад. І крытыка гэтая была на карысць: міністэрства праявіла большую ўвагу. Адкрыты новыя паліклінікі. Будуецца бальніца.
Усё-такі каштан супакоіў. Гукан пасмяяўся са сваёй трывогі і вярнуўся да стала. Няма калі займацца аналізам пачуццяў! Ішоў звычайны рабочы дзень старшыні гарсавета. Тэлефонныя званкі. Наведвальнікі. Паперы. Лівень папер. Недзе ўжо ў сярэдзіне дня пазваніў намеснік старшыні аблвыканкома Мухля. Высвятляў дэталі пераносу гарадской мяжы. Горад рос. Пад канец доўгай тэлефоннай размовы Гукан спытаў між іншым:
– Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас назірае за будаўніцтвам прыватных дач? Я ведаю, што я займаюся там, дзе адведзены былі ўчасткі пад такое будаўніцтва. У Загайным. І там парушэнняў колькі хочаш. Але там усё-такі ёсць нейкі нагляд… А я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Дзе? Ты сам добра ведаеш дзе. Не ведаеш? Рэдка, значыцца, аб'язджаеш свае ўладанні. Што б рабілася ў горадзе, каб я гэтак не ведаў, дзе што будуецца. Анархія! Не хвалюся. У Дзятлаўскім лясніцтве бачыў, якая хароміна вырасла? Але, Яраша і Шыковіча. Я ж не кажу, што ім не трэба дача. Няхай адпачываюць на здароўе. Хлопцы сапраўды добрыя. Здольныя. Але хто ім адводзіў участак? Лясгас? Райвыканком? А маюць яны права? Глядзі, брат. Ведаеш, як цяпер прэса выступае супраць прыватнай уласнасці? Каб нас з табой не пагладзілі… Людзі яны разумныя. Але я не сказаў бы, што вельмі разумна з іх боку будаваць такія харомы сярод лесу. Не адзін дзесятак кубаметраў. Мая сяброўская парада табе – пацікаўся. Пацікавішся? Вось-вось… Каб не было нечаканасцей… Ну, прывет!
Скончыўшы размову, Гукан задаволена пацёр рукі, падышоў да акна, зноў палюбаваўся на свой каштан. Ужо і праз густое лісце ў кабінет дыхаў спякотны летні дзень.
4
Яраш сядзеў у ардынатарскай і паліў. Ён стаміўся. Тры гадзіны каля аперацыйнага стала. Дзве цяжкія аперацыі. Асабліва стаміла апошняя – на дзіцяці.
Аперацыі на дзецях заўсёды стамлялі яго. Колькі год практыкі, слава лепшага хірурга вобласці, а хваляваўся ён сёння, як студэнт.
Попел ад папяросы ўпаў на халат. І адразу ж спрытная рука нячутна падставіла попельніцу. Яраш падняў галаву і з удзячнасцю зірнуў на аперацыйную сястру. Ён ведаў, што гэтая дзяўчына ўлюбёна ў яго. І ён таксама любіў яе: Маша, нягледзячы на сваю маладосць, была лепшай аперацыйнай сястрой з усіх, з якімі яму даводзілася калі-небудзь працаваць. Яна разумела не толькі кожнае яго слова, але кожны рух, жэст. Варухнулася яго левае брыво – і яна ведала, які інструмент трэба падаць. Збегліся зморшчынкі на пераносіцы – і Маша папраўляла асістэнта. Яна ўмела так прамакнуць пот на яго лбе і вісках, што ні на секунду, ні на міг не адрывала ад хворага, не перашкаджала аперацыі. Яна ўсё ўмела і ўсё ведала.
«Залатая сястра», – сказаў неяк Яраш. Лекары прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Чырвоныя косы, бровы, нейкія залацістыя рудзінкі абсыпалі нос, шчокі, рукі. Тады Ярашу стала шкада яе. Яму заўсёды было шкада непрыгожых жанчын. І ён больш ніколі не казаў «залатая сястра», нават завочна. У добрым настроі ён казаў пра яе: «Мой хірургічны геній».
Маша скінула касынку і гэтак жа спрытна, умела, як і працавала, папраўляла валасы. І раптам Яраш убачыў, упершыню за два гады, што яна прыгожая. Стройная, высокая; капа яе валасоў на фоне акна гарэла, як жар. З узнятымі рукамі яна як бы цягнулася ўгору, і здавалася, вось-вось узнімецца і паляціць на нейкую іншую планету, з якой яна і з'явілася, гэтая дзівосная жанчына.
У доктара ў апошнія гады частая з'ява – такія вось нечаканыя адкрыцці прыгожага. Так, напрыклад, зусім нядаўна ён адкрыў хараство васільеўскага «Мокрага лугу», які раней бачыў многа разоў і ніяк не мог зразумець, чым карціна адрозніваецца ад звычайных падобных пейзажаў, якія пішуць іх абласныя мастакі. Яшчэ раней ён гэтак жа адкрыў «Вішнёвы сад». У маладосці некалі не даседзеў на спектаклі да канца.
Маша ўбачыла, адчула, што ён глядзіць на яе, як на жанчыну, і ўся ўстрапянулася, спалоханая і ўзрадаваная. Так і застыла з паднятымі рукамі. Не, яна не проста была ўлюбёна ў гэтага дужага, разумнага, таленавітага чалавека. Яна кахала яго, глыбока, тайна, безнадзейна. І вось наступіў момант, можа, адзіны і непаўторны, калі і ён пачуў токі гэтага кахання.
Позіркі іх сустрэліся. У Машы спынілася сэрца. Яраш адчуў адказнасць за кожны свой рух у гэты міг. Ён умеў валодаць сваімі пачуццямі. Патушыў недакураную папяросу (паліў ён цяпер толькі пасля цяжкіх аперацый), адкінуўся на спінку канапы і сказаў проста, даверліва:
– Стаміўся я, Маша…
Яна выдыхнула паветра, апусціла рукі і… зрабілася зямной. Але што гэта? Вочы… Яе залатыя вочы раптам адплылі некуды, на іх месцы закалыхаліся зялёныя хвалі мора. Ён ніколі не бачыў у яе праяў сентыментальнасці, яна заўсёды была строгая і маласлоўная. Што ж яе кранула так? Радасць душэўнай блізасці? Ці крушэнне апошняй надзеі? Ён падняўся, падышоў, лёгка абняў за плечы – так ён рабіў часта, гэткі амаль несвядомы сяброўска-паблажлівы жэст старэйшага – і пачуў, як дробна дрыжаць яе плечы. Ён сказаў:
– Не трэба, Маша. Мы з вамі добрыя сябры. Мы застанемся сябрамі, праўда?
Яна ўсміхнулася з удзячнасцю, прыгнулася, каб вызваліць плячо з-пад яго рукі, і пайшла да дзвярэй.
Яраш сеў і запаліў другую папяросу.
Хвілін праз колькі Маша з'явілася ў дзвярах і звычайным голасам напомніла:
– У чатыры ў вас кансультацыя ў трэцяй бальніцы.
Яна была не толькі лепшай аперацыйнай сястрой, але і яго добраахвотным сакратаром – заўсёды ўсё помніла.
– Дзякуй, Маша. – Ён уздыхнуў і зноў чамусьці паўтарыў: – Стаміўся я сёння.
Яраш не любіў трэцяй бальніцы з-за галоўнага лекара яе Тамары Гаецкай. Да вайны яны разам вучыліся ў медвучылішчы. Разам паступалі ў інстытут. І ўжо тады Тамара заляцалася да яго. Але вайна іх разлучыла. Тамара паспела эвакуіравацца, скончыла інстытут, была на фронце. Вярнулася ў родны горад і адразу заняла кіруючую пасаду ў аддзеле аховы здароўя. Лекар яна была бяздарны, але арганізатар неблагі, а галоўнае, мела вялікую прабіўную сілу – да ўсіх дайсці, усё дастаць, знайсці… Яраша яна таксама адразу знайшла. І вельмі хацела прыгрэць, прысвоіць. Але ён быў непахісны і цвёрды. Што яна ні рабіла, на якія хітрыкі ні ішла, ён толькі ў адным не вытрымаў – разы два прыняў яе матэрыяльную дапамогу. Яму было дужа цяжка, пакуль канчаў інстытут, бо малы Тарас хоць і знаходзіўся ў цёткі Любы, але быў яго сынам, і ён лічыў сваім абавязкам штомесячна высылаць на ўтрыманне хлопца. Тамара гэта ведала і ўмела памагчы тактоўна і хітра.
А калі ён ажаніўся з Галінай, Тамара проста ашалела. Можна сказаць, што яна паставіла сабе за жыццёвую мэту: спакусіць яго, зрабіць палюбоўнікам. І вось ужо пятнаццаць год дамагаецца гэтай мэты, не грэбуючы нічым. Сама даўно ўжо замужам, мае сына і ўсё адно ніяк не ўтаймуецца. Прыстае нахабна, цынічна – на людзях, на нарадах, сходах. Заляцаецца ў прысутнасці Галіны і свайго мужа. Гэтыя яе заляцанні, званкі на дом, запрашэнні давялі Галіну да хваробы, бо рэўнасць яе набыла паталагічны характар, стала псіхозам. Антону, гордаму волату, колькі разоў прыходзілася ўніжана пераконваць жонку, што ён ніколі нават не дакрануўся да гэтай жанчыны, акрамя звычайнага прывітальнага поціску рукі – як з усімі людзьмі. Галіна люта, не па-чалавечаму ненавідзела Гаецкую.
Неяк, калі яны добра пасябравалі, Яраш паскардзіўся Шыковічам, як адна дурніца атручвае яму жыццё і сямейнае шчасце. Кірыла сказаў тады не то жартам, не то сур'ёзна:
– А ведаеш, я на тваім месцы паказаў бы ёй сваю мужчынскую сілу. І, запэўняю цябе, яна адразу б сціхла. Зрабіла б гэта глыбокай тайнай. Беспамылковы псіхалагічны ход.
Яраша ўразіла, што Кірыла мог сказаць так пры жонцы. Што было б, каб ён сказаў гэта пры Галіне! А Валя засмяялася, ляпнула мужа далоняй па лысіне і сказала:
– Каб яна была ў цябе, гэтая сіла.
Галіна ў сваю чаргу скардзілася Валі, і разумная, аб'ектыўная настаўніца больш паверыла ёй – такая ўжо жаночая псіхалогія.
…Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Так ён пазбягаў сустрэчы з Тамарай Аляксандраўнай, якая яўна падпільноўвала яго са свайго кабінета. Праўда, яна часта з'яўлялася ў аддзяленне, але там, пры хворых, мусіла паводзіць сябе стрымана і карэктна. Ярашу былі агідныя ўласныя манеўры. Ён даўно адмовіўся б ад кансультацый у гэтай бальніцы, але аддзяленнем тут загадваў здольны малады хірург Майзіс. Яраш любіў гэтага хлопца і не мог адмовіць яму ў дапамозе. Увогуле, ён стараўся зрабіць усё, каб яго малодшыя калегі як мага менш рабілі памылак.
На гэты раз праскочыць непрыкметна не ўдалося: у прахадной затрымала калгасніца з трохгадовым сынам. Хлопчыку пры нараджэнні няўмелая акушэрка вывіхнула ножкі. Яраш тут жа на лавачцы ў скверыку паглядзеў малога.
– О, цераз паўгода будзе танцаваць!
Маладая маці залілася слязамі ад шчасця.
– Я напішу вам запіску, каб Мішу паклалі ў маё аддзяленне. Ах, шкада, што я адпусціў машыну!
– Ой, доктар, што вы! Я данясу.
– Далёка. Горача.
– Хіба нам прывыкаць! Абы выпрасталі яго ножкі. Сыночак, родненькі, скажы дзякуй.
Хлопчык смела і вельмі сур'ёзна, як дарослы, сказаў:
– Дзякуй, дзядзя.
– О, ты, брат, герой!
– Ён усё пытае: мама, ці буду і я бегаць, як Лёнька? Старэйшы наш. Будзеш, сыначка, будзеш бегаць!
Яраш напісаў запіску.
І тут з'явілася яна, Тамара Аляксандраўна. Падплыла па чорнай асфальтавай дарожцы, быццам статуя, уся асляпляльна белая: белыя басаножкі, белы халат, белыя валасы, твар нібы вымыты малаком, толькі бровы ды вейкі крыху падчорнены ды нафарбаваны губы. Яна невысокая, сярэдне для сваіх год распаўнелая, пышнагрудая – па-свойму прыгожая. Многім мужчынам яна падабалася. Гаецкая ведала гэта, і тым больш яе прыводзіла ў шаленства поўная няўвага таго, хто даўно падабаўся ёй.
– Прафесар Яраш, што за прыватная кансультацыя? У маёй клініцы?
Калгасніца спалохалася белай доктаркі.
– Сынок мой, доктарка. Ножкі ў яго… А тут сястра з нашай вёскі… Прыязджай, кажа, мы папросім доктара…
Яраш, нічога не адказаўшы, пачаў тлумачыць жанчыне, як праехаць у іх бальніцу.
– Палажыце яго ў нас, – кіўнула на малога Тамара Аляксандраўна.
– Дзякую, – адказаў Яраш. – Я хачу даць цікавую аперацыю нашаму артапеду. Я сам буду асісціраваць яму…
Гаецкая пры хворых заўсёды казала яму «прафесар» і рабіла гэта без іроніі. Для простых людзей доктар – любы лекар, а Яраш – кандыдат навук, славуты хірург, трэба ж неяк адрозніць яго ад звычайных лекараў. Ды і самой ёй было прыемна называць яго прафесарам, узвысіць над другімі лекарамі.
– А ты добрая сёння, – з іроніяй сказаў Яраш Тамары Аляксандраўне, калі калгасніца, сто разоў падзякаваўшы, пайшла.
– Я заўсёды добрая. – Яна расплылася ва ўсмешцы.
Ярашу здалося, што гэтая цукровая жанчына вось-вось растане пад яркімі праменнямі чэрвеньскага сонца.
– Для сябе. Ты заўсёды добрая для сябе. А ведаеш, як называецца такая дабрыня?
Яна перасмыкнула падфарбаванымі вуснамі, але змаўчала. Ведала: калі пачаць пікіравацца, ён нагаворыць непрыемнасцей. Ласкава прапанавала:
– Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць.
Ён пазбягаў заходзіць у яе кабінет, але яму хацелася піць, і ён ведаў, што для сябе гэтая жанчына ўмела стварыць камфорт.
Яна пасадзіла яго ў мяккае крэсла каля пісьмовага стала; крэсла было глыбокае, зручнае, а льняны чахол вільготны і халаднаваты. Сама пайшла за цыратавую зялёную занавеску, што адгароджвала ўмывальнік, і вярнулася з запацелым сіфонам, бутэлькай сіропу і шклянкамі.
Яраш памацаў сіфон і свіснуў. Падняўся, заглянуў за занавеску, засмяяўся:
– Быў я ў міністра, у прэзідэнта акадэміі. Усё бачыў, але халадзільнік у кабінеце… Ты геній, Тамара!
– Ён часова ў мяне, у лабараторыі рамонт.
Яна наліла ў шклянкі вады, пасля сіропу, памяшала лыжачкай, працягнула адну шклянку Ярашу. Блакітныя вочы яе зрабіліся вішнёвымі, калі пачала піць. Адпівала маленькімі глыткамі і не зводзіла позірку з госця.
Яраш не сеў, адышоў да акна і прагна выпіў халодную смачную ваду. Яна наліла яшчэ.
– Даўно я з табой не выпівала. Вып'ем хоць вады. Запрасіў бы на дачу. Кажуць, жывеш, як на небе.
– У госці запрашаюць сяброў сям'і.
– А хіба я не сябра твой? Лепшага ў цябе няма.
Непрыкметна яна апынулася зусім блізка ад яго.
– Не прытварайся, Тамара, мы не маленькія. Ты добра ведаеш, як цябе «любіць» Галіна. А мне спакой жонкі даражэй за ўсё.
– Яна робіцца мяшчанкай, твая Галіна. – Дзіўна мяняўся колер яе вачэй у залежнасці ад настрою, як у кошкі, у той міг яны сыпанулі нейкія шэрыя іскры.
– Чорт яго ведае, цяжка сказаць, у чым яно праяўляецца ў наш час, мяшчанства.
Яна падплыла так блізка, што Яраш, здавалася, адчуў гарачыню яе паружавелага твару і ўбачыў, што вочы яе сталі масляністыя. Ён адступіў у кут паміж сталом і сцяной. Яна горача дыхала яму ў твар.
– Чаму ты пазбягаеш мяне? Я люблю цябе.
– Я гэта чуў, Тамара. Многа разоў. Пусці.
– Люблю і жадаю… Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе?
Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць.
Ніколі яшчэ пры ўсёй сваёй нахабнасці ёй не ўдавалася паставіць Яраша ў такое недарэчнае становішча. Загнаны ў кут, прыціснуты да сцяны, ён не ведаў, што рабіць, як вызваліцца. Піхнуць яе? Паслаць да д'ябла? І раптам… дзве дэталі кінуліся ў вочы: занавескі, што закрывалі толькі ніжнюю палавіну акна, і тое, што яна, мабыць, забыўшыся, усё яшчэ трымае шклянку з вадой у руцэ. Яраш нечакана падхапіў яе пад пахі, рыўком падняў высока ўгору і… паставіў на пісьмовы стол. Няхай хто-небудзь з персаналу ўбачыць праз акно свайго галоўнага лекара на стале са шклянкай, напоўненай невядомай вішнёвай вадкасцю!
Тамара Аляксандраўна ўсяго чакала ад гэтага чалавека – абразлівых слоў, пагрозы, нават штуршка… Але такога ўчынку не чакала. Разгубілася. На нейкі міг белай статуяй застыла на стале.
Яраш паспеў адысці да дзвярэй і ўзяць капялюш. Нарэшце яна саскочыла на падлогу, гопнула, аж забрынчалі шыбы. Засмяялася:
– А ты робішся жартаўніком. Прагрэс!
Твар яе гарэў. Але ўсё адно яна пайшла следам за ім. У калідоры ён пачуў ззаду стук яе абцасаў і ўзлаваўся. Разбэшчаная баба! Як можна такому чалавеку даручыць кіраваць бальніцай? Ён не выйшаў адразу на двор, а знарок пайшоў у тэрапеўтычнае аддзяленне. У доўгім паўцёмным калідоры на ложках ляжалі хворыя. У той бальніцы, дзе Яраш загадваў аддзяленнем, такой з'явы даўно ўжо не было: хворыя ў калідорах не ляжалі, усё навокал ззяла чысцінёй. Таму выгляд гэтай бальніцы яго заўсёды раздражняў, аб непарадках тут пісаў ён у сваёй запісцы выканкому гарсавета. Але ў злосці, у гневе ён быў такі ж нястрыманы, як Гаецкая ў страсці. Не зважаючы на хворых, на персанал, ён загрымеў на ўвесь корпус:
– Калі тут нарэшце будзе падобна на бальніцу? Што гэта такое?
Тамара Аляксандраўна дагнала яго, сціснула локаць:
– Антон!
– Клініка! Памыйная яма, а не клініка! – не сціхаў ён.
Тады і яна загаварыла ўголас, хітра адводзячы ўдар:
– Нам не даюць столькі грошай, колькі вам, прафесар. Пахадайнічайце за нас. Вы старшыня камісіі гарсавета.
– На халадзільнік у цябе знайшліся грошы!
Але калідор скончыўся, і яны выйшлі на двор. Пад яркім сонцам, дзе навокал усё ззяла і зелянела, гнеў Яраша растаў. Ён глянуў на сваю спакусніцу і ўбачыў, што яна, зажмурыўшыся ад сонца, усміхаецца па-ранейшаму ласкава, закахана.
«Чортава баба! З яе што з гуся вада. Чым жа цябе дапячы?»
І раптам успомніў… Сказаў спакойна, з усмешкай, быццам між іншым, мірна ідучы побач з ёй па асфальтавай дарожцы:
– У рэдакцыю прыйшло пісьмо… Мне Шыковіч расказаў. Распісваюць добрыя людзі, як ты выкарыстоўваеш санітарную машыну. На Ўкраіну – па вішні, з раніцы – на рынак, увечары – у лес. А лекары неадкладнай ходзяць пехатой. Я кажу яму: калі пра Гаецкую, то можна пісаць без праверкі. Усё правільна, ручаюся галавой. Цяпер я падкіну яму факт з халадзільнікам… Сенсацыйны фельетон будзе!
Яна спынілася. Ён па інерцыі зрабіў крокі два і павярнуўся. Яна застыла ў дзіўна нязграбнай позе, нахіліўшыся набок, бо трапіла адной нагой у канаўку для сцёку вады. Твар яе, што хвіліну назад палаў, пабялеў, ноздры непрыгожа раздуліся.
Яраш адчуў, што ў ім загучала вясёлая лёгкая музыка. Нарэшце ён знайшоў, чым дапячы ёй. Яна адказала пагрозліва, холадна – ніколі яшчэ не гаварыла з ім такім тонам:
– З'явіцца фельетон, я табе да смерці не дарую. – І, не развітаўшыся, павярнулася і пайшла назад.
Ярашу раптам захацелася гарэзліва, па-хлапечы свіснуць ёй услед.
Майзіс, маленькі, кучаравы, у вялікіх чорных акулярах, сустрэўшы яго на ганку аддзялення, сказаў:
– У вас сёння, калега, добры настрой.
– А хіба вы бачылі калі-небудзь мяне ў дрэнным настроі?
– Не. Але часам чалавек бывае залішне задумлівы. Ён уважлівы ў працы, але не бачыць хараства вакол сябе.
Яраш засмяяўся:
– Майзіс, ведаеце што? Прыязджайце да мяне на дачу. Я пакажу вам такое хараство, якого вы, гараджанін, зроду не бачылі.
Але, пракансультаваўшы колькі хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. З ім рэдка гэта здаралася.
– Відаць, зноў будзе навальніца. Хочацца спаць, – сказаў ён Майзісу, пазяхнуўшы, калі яны пераходзілі з палаты ў палату. – Апошні?
– У мяне апошні. Ды вельмі прасіла хворая з тэрапіі, каб вы паглядзелі яе. Асабіста вас просіць, Антон Кузьміч. Па-мойму, цікавы выпадак. Мітральны стэноз. Згодна аперыравацца.
Яраш паглядзеў на гадзіннік, уздыхнуў:
– Ах, Майзіс, Майзіс, карыстаецеся вы маёй слабасцю.
– Што зробіш, Антон Кузьміч. Такая наша прафесія.
– Але, брат, прафесія наша цяжкая. Нічога не скажаш.
Прыгадаўшы аддзяленне, куды яму належала ісці, і галоўнага лекара, Яраш зноў адчуў злосць. Беспарадак, бруд не толькі ў бальніцах, але і ў другіх месцах, яго, звычайна спакойнага, прыводзілі ў лютасць. Можа, праз гэта пра яго хадзілі легенды. Расказвалі, напрыклад, што ён пабіў лекара сельскай бальніцы, якую правяраў, аддаў пад суд хірурга, які аперыраваў п'яны, што ён у часе сваіх аперацый мацюкаецца на асістэнтаў і сясцёр. Усё гэта, безумоўна, выдумкі. Лекара ён завёз у райком, хірургу толькі пагразіў судом, а мацюкнуўся адзіны раз на асістэнта, які зрабіў памылку. Гэтыя выдумкі таксама злавалі Яраша; ён бадай пакутаваў, калі бачыў, што маладыя лекары баяцца яго і праяўляюць залішнюю пачцівасць, быццам ён сапраўды сівагаловы прафесар, сусветнае свяціла.
Па дарозе ў тэрапеўтычнае аддзяленне ён сказаў Майзісу:
– У Гаецкай у кабінеце халадзільнік. А шторы? Бачыце якія? Побач з такім аддзяленнем!
Майзіс падняў галаву, і з яго акуляраў выскачылі асляпляльныя зайчыкі. Усмешка варухнула тоўстыя вусны.
– У нас яе завуць «царыца Тамара».
– Бо вы бяззубыя тут, як малюскі. Прапясочылі б гэтую «царыцу» на партыйным сходзе.
– Для гэтага патрэбна прынцыповасць доктара Яраша.
– Не падхалімнічайце, Майзіс.
Маладзенькая лекарка, якая вяла хворую, сустрэла іх у калідоры і адразу разгубілася – пачырванела, пачала заікацца, называла Яраша «прафесарам». Ён не ўзлаваўся на гэтае дзяўчо. Але, баючыся, што ўсё разам – яе пачцівасць, выгляд аддзялення, успамін пра Тамару – можа даць недзе гнеўную ўспышку, Яраш нахмурыўся, апусціў галаву, выключыў увагу (ён умеў гэта рабіць), каб менш бачыць і чуць.
Яны ўвайшлі ў палату, дзе стаяла штук сем ложкаў, паміж імі было цесна праходзіць. Як ні хацеў Яраш, усё адно ўбачыў усё адразу: ложкі, сцены, пацямнелыя ад старасці залатаныя навалачкі, прасціны, ручнікі, абшарпаныя тумбачкі і хворых – хто як глядзіць на яго: з цікавасцю, абыякава ці хоча папрасіць: «Доктар, паглядзіце і мяне».
– Вось наша хворая, – сказала лекарка, спыніўшыся каля ложка ў кутку, і, спахапіўшыся, падала Ярашу табурэт.
Хворая як хворая. Такіх ён бачыў сотні. Маленькая жанчына, такая худая, што здавалася, пад коўдрай – пустата. А на падушцы спакутаваны твар з яркімі прыкметамі яе хваробы: крыху збляклая ўжо сінюшнасць губ, крылляў носа. А шчокі заружавелі. Хвалюецца. І вочы… Якія вочы! І як яны глядзяць! Чаго толькі не бачыў за сваё жыццё і лекарскую практыку Яраш, але такія вось вочы яго заўсёды выводзілі з раўнавагі. Яны прасілі, малілі, выказвалі надзею, страх – усю бясконцую гаму пачуццяў чалавека, які прагне жыць.
Сядаючы на табурэт, ён падумаў, што ў большасці такіх цяжкахворых жанчын прыгожыя валасы. Ад кантрастнасці, відаць. У гэтай вунь таксама якія цудоўныя – светла-залацістая пышная карона. Каб не сустракацца позіркам з хворай, Яраш разглядаў свае вялікія, адбеленыя спіртамі і эфірамі пальцы і слухаў даклад лекара. У яго ўжо выпрацавалася прафесійная звычка: чуць і фіксаваць у памяці толькі тое, што патрэбна яму як кансультанту. Усё іншае, у тым ліку прозвішча і імя, ён выясняў пасля, калі сам пачынаў аглядаць хворага. Але паведамленне лекара аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкім лагеры, узварухнула яго. Ён глянуў на гэтую маленькую жанчыну з цікавасцю і жалем, сустрэў яе вочы, поўныя дзівоснага агню і малення, падумаў:
«Вось яна, вайна. Збудаваны гарады. А сэрцы людзей… Сэрцы ранены». Ён падумаў пра сэрцы не наогул. Не. Як лекар, уявіў канкрэтнае маленькае сэрца, у якім развіўся парок. Лекар расказвала, у якім стане хворая паступіла ў бальніцу:
– Ацёчнасць ніжніх канечнасцей… Рэзка павялічана пячонка…
– Калі паступіла? – спытаў Яраш.
– Два тыдні назад. – Лекар збянтэжылася, забылася, на чым яе перапынілі.
– Гаварыце, гаварыце. – І зноў збоку здавалася, што кансультанта цікавяць толькі ўласныя рукі.
– Быў праведзены курс лячэння…
І раптам у аднатонны даклад, перасыпаны лацінскімі словамі, уварваўся шэпт:
– Кузьма…
Яраш нават спачатку не звярнуў увагі.
– Антон Кузьміч, – гучна паправіў Майзіс, які стаяў за спіной у Яраша.
Тады Яраш рэзка падняў галаву, паглядзеў на хворую. Яна ўсміхнулася вінавата і зноў нясмела прашаптала ўжо другое імя:
– Віктар…
Яраш адчуў, што праз рукі яго быццам прапусцілі электрычны ток, закалола ў кончыкі пальцаў: ён пачуў свае падпольныя клічкі.
У яго былі надзвычай чуткія пальцы, паталагічна чуткія, нават уласныя эмоцыі ён перш за ўсё адчуваў пальцамі. Вось так заколе – значыцца, злосць, радасць, здзіўленне.
Ён пазнаў гэтую жанчыну. Але не верыў вачам.
Хіба ўваскрасаюць мёртвыя? Колькі прайшло год! Дзе яна была дагэтуль?
Ён павольна падняўся з табурэта.
Лекар са страхам глядзела на сваю пацыентку: што тая трызніць?
Майзіс лёгка свіснуў: ён быў рамантык, любіў прыгодніцкія кнігі, фільмы, нечаканыя сустрэчы людзей.
Хворая супакоіла свайго лекара простым і ясным запытаннем:
– Не пазнаяце, Антон Кузьміч?
Яраш умеў стрымліваць свае пачуцці ў любых абставінах. Але тут не стрымаўся.
– Зося? – прашаптаў ён так, што ўздрыгнула лекар, прыўзняліся на локцях хворыя, а Майзіс у захапленні пацёр рукі.
– Зося! – паўтарыў ён гучней і, высокі, мажны, схіліўся над ложкам, як бы хочучы загарадзіць яе ад чужых вачэй, ад хвароб, ад усіх навал. Узяў тонкія, схудалыя рукі ў свае мяккія шырокія далоні, асцярожна сціснуў. – Адкуль вы з'явіліся, Зося?
А ў дзверы ўжо заглядвалі сёстры, хворыя, і ўсё аддзяленне загудзела, як разварушаны вулей.