355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 11)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 28 страниц)

– Маша, хочаце, я вас здзіўлю?

Іра спалохана страляла ў яго вачамі: маўчы!

Ёй здавалася ганьбай і сорамам такое прызнанне.

– Я толькі ўчора з турмы.

Ніводная рыска не тузанулася на надзвычай рухавым і выразным Машыным твары.

– І доўга там вас трымалі?

– Дзесяць сутак.

– О-о! – Што значыла гэтае «о-о», ніхто не зразумеў.

– Я пагразіў адным замежным дурням атамнай бомбай. Быццам яна ляжала ў мяне ў кішэні. І – калі ласка, маралісты ўляпілі мне… А ўчора я перачытваў газеты. Я рэдка чытаю. Так, ад смутку. І – божа мой! – што я там прачытаў. Калі мне далі дзесяць сутак, то многім сэрам і лордам трэба даць па дзесяць гадоў. Як яны махаюць гэтымі бомбамі! Жах!

Валянціна Андрэеўна насцярожана замерла: ніколі яшчэ сын не гаварыў пра такія сур'ёзныя рэчы. Няхай з гумарам, але з якім!.. Як вырываюцца праз гэты гумар злосць, абурэнне! Чым ён больш абураецца? Тым, што несправядліва пакаралі яго за п'яную балбатню? Ці тым, што над чалавецтвам вісіць страшэнная пагроза?

– Махаюць нада мной. Над табой! Над табой, мама. А ты хочаш, каб я быў у захапленні ад гэтага свету! Пляснуць у такую вось чароўную раніцу… – Ён нервова засмяяўся.

– Не будзь песімістам, Уладзіслаў, – сказала маці, расчараваная, што сын павярнуў не туды. – Ты ўсё пераблытаў. Сваю маленькую крыўду ты ўзнімаеш да праблемы, якая сапраўды хвалюе ўсё чалавецтва. Але і на гэтую страшную небяспеку ты глядзіш як індывідуаліст і песіміст!..

– Мама, не трэба мне маралі! – Ён кінуў відэлец, заціснуў далонямі вушы, потым правёў рукой па горле. – Я сыты вось так!

– Не, ты паслухай! Людзі змагаюцца і перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць…

– Нічога гэтага людзі не перамаглі! Не цешце сябе!

– Няпраўда! – запярэчыла Іра. – Можа, не ўсё, але шмат што перамаглі.

– Перамаглі ў адной вайне, каб пачаць другую? Такую, у якой ужо не будзе ні пераможаных, ні пераможцаў. Застанецца адзін попел.

– Ты проста баязлівец! Панікёр! Ты заўсёды быў баязліўцам! – раздражнёна папракнула Іра.

– Вы самі баіцеся. Вы ўсе нервуецеся, калі пачуеце пра гэта. Усе, акрамя хіба мамы. Я ж чуў, як бацька і Яраш гавораць…

«Няўжо яны так часта гавораць пра гэта?» – падумала Маша. Сама яна нават рэдка думала пра такія высокія матэрыі. Не ўмела гаварыць пра іх, спрачацца. Ды і не было з кім. Сёстры і лекары гаварылі пра атамную вайну між іншым, і то больш з гумарам і ўсе аднолькава. Значна больш іх цікавіла тое, што звязана з жыццём, простым і няспынным, – кватэры, заробак, цэны, каханне, замужжа, дзеці. Маша не ўяўляла, што ёсць сем'і, у якіх вядуць вось такія спрэчкі. Ёй было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Але, дасціпная, знаходлівая ва ўсіх іншых спрэчках і гаворках, тут яна баялася, каб не сказаць глупства, не выдаць прымітыўнасць мыслення.

– Не, Слава, я таксама баюся, – адказала сыну Валянціна Андрэеўна, – баюся, можа, больш, чым усе. Але я веру ў чалавечы розум…

І тут Маша не стрымалася:

– Людзі не збіраюцца сябе хаваць. Людзі жывуць. І будуць жыць!

Проста, амаль наіўна. Але тыя націскі, якія яна зрабіла на «жывуць» і «будуць», надалі яе словам надзвычайную пераканальнасць. Нават Славік хутка ўзняў галаву, паглядзеў на дзяўчыну, усміхнуўся не скептычна – прасветлена, нібы ўбачыў выйсце.

Магчыма, што спрэчка ўсё адно яшчэ працягвалася б. Але выйшаў Шыковіч. Рушыў да іх.

Славік прыўзняўся з-за стала, адсалютаваў:

– Вітаю цябе, стары!

Бацька не адказаў. Валянціна Андрэеўна адчула, што ён кіпіць, і спалохалася; яна была пераканана, што любая грубасць у адносінах да сына пасля ўсяго, што ён перажыў і перадумаў, недаравальна, антыпедагагічна. Іра таксама насцярожылася. Але, відаць, прысутнасць Машы стрымала Шыковіча. Ён спытаў з сарказмам:

– Ну як, герой… нашага часу?

Славік засунуў рукі ў кішэні вузенькіх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблізіўся да бацькі, як бы дэманструючы, што ён нічога не баіцца і што ўвогуле з бацькам у яго адносіны вось такія – панібрацкія.

– Ты ведаеш, творца, чартоўскі цікава. Для цябе асабліва. Каб ты пабачыў, якія там тыпы, то памёр бы ад смеху. А пасля папрасіў бы туды творчую камандзіроўку.

Засмяялася Іра. Усміхнулася Валянціна Андрэеўна. Шыковіч адказаў лагодна:

– Балбатун няшчасны. – І да жонкі: – У каго ён, такі чорт, удаўся?

– У цябе, бацька, – адказаў Славік. – Калі ў мяне будзе такая лысіна і такі жывоцік, я буду выліты Шыковіч-старэйшы.

– Калі з цябе выб'юць дурноту?

– Выб'юць!

Шыковіч нахмурыўся.

Маша падумала: як бы яна гаварыла са сваім бацькам? Ёй зрабілася сумна, і яна непрыкметна адышла за дубы, спусцілася да ручая…

Праз хвіліну Славік паклікаў яе:

– Маша!

10

Сябры Тараса – сябры яго брыгады – хоць і адчувалі сябе няёмка ў прысутнасці пісьменніка, дактароў, іх жонак, але, узбуджаныя ракой, лугам, купаннем і гульнёй, на пачатку абеду былі шумныя і вясёлыя. Бурна рэагавалі на тосты Шыковіча, на шчырыя дзіцячыя каментарыі Наташы, нават на недарэчныя жарты Славіка.

А калі выпілі і закусілі, то сціхлі, абмяклі. Дзіўная з'ява! Здарылася гэта таму, што хлопцы пілі вельмі стрымана – толькі віно і не асушвалі чаркі да дна. Было ў іх такое правіла. Не запісвалі яго ні ў якія абавязацельствы, але дамовіліся паміж сабой: аскетамі не будзем, аднак у любых абставінах, у любой кампаніі, на любым вяселлі кожны павінен помніць пра сваё высокае званне.

Славіку ўдалося глытнуць каньяку з бутэлькі яшчэ да таго, як селі за стол. Мабыць, бацька і маці здагадаліся пра гэта і цяпер пільна сачылі за ім. Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны і пагрозлівы бацькаў позірк. «Стары конь», як ён у кампаніі сяброў часам называў бацьку, сядзеў як на старшыньскім месцы і добра бачыў увесь стол. Бутэлька з гарэлкай абмінула Славіка першы раз і другі. Сусед злева, доўгі, сутулы слесар-зборшчык, смешны на выгляд і са смешным спалучэннем імя і прозвішча – Генрых Варэнік, наліў яму яблычнага віна, якое хлопцы прывезлі з сабой. Славік выпіў, паморшчыўся, быццам воцату каўтнуў:

– Дрэнь. – І папрасіў Машу, якая сядзела побач з другога боку, каб падала бутэльку з гарэлкай. – Давай, сусед, лепш вось той божай слязы…

Маша пацягнулася за бутэлькай, але яе перахапіла Іра і перадала Тарасу – далей ад брата. Славік зразумеў, што супраць яго змова. Жэстамі паказаў Тарасу: дай нам з Генрыхам.

Але гэты «сагнуты Варэнік» запярэчыў:

– Не трэба. Я не п'ю.

Славік узлаваўся. Зашыпеў яму на вуха:

– Не п'еш?

– Не.

– Хлусіш. Я ж бачу, як ты каўтаеш сліну.

Генрых збянтэжыўся, пачырванеў, як дзяўчына. Яго выручыў сябра – бялявы, прыгожы, памяркоўны з выгляду Іван Ходас. Ён пачуў, што сказаў Славік, нахіліўся да яго за спіной Генрыха і пагрозліва прашаптаў:

– Мы такіх разумнікаў бачылі. І ведаем, чаго варта твая «шчырасць».

– Чаго? – натапырыўся Славік.

– Я асабіста сапсутай гайкі за яе не дам.

– А я плюю на вашу крытыку.

– Ты дзе вырас такі? На Брадвеі? Мне шкада цябе.

– Пашкадуй сваю маму.

– Хлопцы! Хлопцы! – прасіў Генрых.

– Вось такія на родную маму гатовы плюнуць.

А маці ўжо тут. Валянціна Андрэеўна непрыкметна падышла ззаду, паклала адну руку на плячо сыну, другой дакранулася Івана.

– Што ў вас, хлопчыкі? Можа, чаго не хапае?

– Не. Дзякуем, Валянціна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачаліся. Якая каманда сёння выйграе.

«Здзекуецца, гад», – ажно перасмыкнула Славіка. Ён наліў сабе таго ж паганага віна і дэманстратыўна, на злосць усім, выплеснуў у рот.

Маша, якая чула ўсю іх размову, ціха сказала:

– Ты задзірысты певень.

– А ты рыжая курыца.

Яна бяскрыўдна засмяялася. А ў Славіка ўжо залез чорцік: хлопцу хацелася ўсіх крыўдзіць і каб да яго таксама чапляліся. Тое, што Маша не пакрыўдзілася за «рыжую курыцу», трохі абяззброіла яго. Ён надзьмуўся, прыслухаўся да застольнай гаманы.

– Мы можам выхоўваць чалавека ў сваёй брыгадзе. А выхоўваць начальніка змены, інжынера – нам, рабочым!.. Яго інстытут не выхаваў, – даводзіў Тарасу яго сусед, самы старэйшы з іх брыгады, мужчына з тварам баксёра (нават нос сплюснуты) – Васіль Лапацін. Ён прыехаў з жонкай. Славік заўважыў, што дзябёлая, здаецца, цяжарная жанчына сама ела мала, сарамліва, а мужу падкладвала смачнейшыя і большыя кавалкі і ўвесь час непрыкметна падлівала віна. Ён выпіваў цішком, як ваду. Славіка гэта развесяліла.

«Вунь вашы праведнікі як дзейнічаюць», – хацелася яму сказаць Генрыху. Але той шаптаўся з Іванам.

– Талстоўская філасофія ў цябе. Часам трэба і па мордзе даць.

«Пра мяне, гады. Паспрабуй даць».

– Я Волгу пераплываў…

– Дзе? Каля вытоку?

Самыя малодшыя, сярод іх і Віктар, жартуюць на другім канцы стала, у іх свая тэма: спорт, рэкорды, галубы.

«Нецікава. Я вырас з гэтых штаноў».

– Наташка, наелася? Бяжы гуляй.

– Што ты, тата? Я ж люблю гасцей. Ты хіба не ведаеш?

– Гасцінная натура!

– Аднойчы на імяніны яна запрасіла два класы – свой і паралельны. Помніш, Антон?

– У нас Славік быў такі.

«Быў… Быццам мяне пахавалі».

– Хлопчыкі, ешце. Усё, што на стале, павінна быць з'едзена. Кірыла, прапануй тост.

– Праўда, ён цікавы, Косця? Як цыган. Глядзі, якія вочы. Як вуглі. А зубы якія!

«Наіўна, але правільна, сястра. Хвалі другіх, каб адвесці ад таго, з каго сама не спускаеш вачэй».

Славіку рабілася нудна, і ён пачаў шукаць, чым бы пазабаўляцца. Падсунуўся бліжэй да Машы, дакрануўся нагой да яе нагі. Яна строга глянула на яго і адсунулася да Іры.

Яраш з цікавасцю прыглядаўся да моладзі. Пасля размовы з Машай, калі ён адчуў раптам разрыў паміж такімі, як яна, і сабой, яго зацікавіла моладзь. Уся моладзь: маладыя лекары, сёстры, санітаркі… Але сябры Тараса асабліва. Рабочы клас. Творцы матэрыяльных каштоўнасцей.

Пакінуўшы Майзіса і яго жонку, якая стаіла крыўду, Яраш ганяў з хлопцамі па выкашаным лузе мяч, спаборнічаў у плаванні, загараў. Услухоўваўся ў іх размовы. Але на адпачынку словы і думкі былі лёгкія, як той мяч, што ганялі. Ён не верыў, што можна пагаварыць сур'ёзна цяпер за сталом, але паспрабаваў арганізаваць такую размову. Пастукаў відэльцам па пляшцы, просячы цішыні. Моладзь адразу ўгаманілася, бадай, хутчэй, чым перад тостамі Шыковіча.

– Хвіліначку, сябры. Сумнавата робіцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне… Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго імкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кірылам Васільевічам хітрага намеру – выпытаць пра вашы мары. Мы тут з ім часта спрачаліся наконт ідэалаў маладога пакалення. Толькі ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.

– А Кірыла Васільевіч?

– Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калі ем…

– То глух і нем. Адно мурлыкаю, як кот.

Засмяяліся, заварушыліся, трохі ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хіба мала іх, мар? А якая галоўная?

Славік хмыкнуў. І здзейсніў намер, які з'явіўся хвілін колькі назад: апусціў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна:

– Славік, схопіш аплявуху.

Іра здагадалася, што ён зрабіў, і вочы яе пад шкламі акуляраў сталі жоўтымі ад гневу.

– Славік! Паскуда! Я маме скажу.

– Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала.

Бацькі ўжо звярнулі ўвагу на іх злоснае перашэптванне. Валянціна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасіла:

– Прынясі, сыне, піва з пограба.

– Чакай, паслухаю людзей будучага.

– Дык хто пачне, хлопцы? – запрашаў Яраш.

– Косця! – падказала жонка Лапаціна.

Той самы Косця, якім захаплялася Іра, маленькі, рухавы, смяшлівы і самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнік. Чорныя вочы яго загарэліся, як вугалькі. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць.

– Сядайце, Косця. Што вы! – адразу запярэчыла Валянціна Андрэеўна. – Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьміч, пачні.

– Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калі мне было столькі ж гадоў. Параўнаем…

– Я скажу, – адгукнуўся Косця. – Я думаю пра ўсё… Пра дзяўчат…

– Вось гэта шчыра! – засмяяўся Славік.

Але яго смеху не падтрымалі, можа, таму, што Косця тут жа запэўніў горача, з дзіцячай непасрэднасцю:

– Я хораша думаю пра дзяўчат… Жанчына дае жыццё і красіць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмічныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьці не хочацца ляцець туды.

– Баішся? – зноў гукнуў Славік і быў рады, што ў гэты раз выклікаў смех.

– Не, не баюся. Але я люблю зямлю… дрэвы і кветкі. Для мяне найвялікшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунізме ўсе людзі павінны жыць сярод дрэў і кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя…

– Правільна! Я таксама за тое, каб усе сталі дачнікамі.

– Слава! Вылеціш з-за стала, як корак з бутэлькі, – не стрымаўся ўрэшце Шыковіч-старэйшы.

– Маўчу, як фаршыраваная рыба. – Славік заціснуў рот далоняй.

– Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлівых, дурных, несумленных…

– У Косці хрысціянская мараль, – перапыніў сябра Іван Ходас. – Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калі ласка, Косця, жыві, расці кветачкі, гадуй дзетачак… А для мяне – радасць у змаганні. І я думаю, што камунізм – гэта найвышэйшая форма барацьбы.

– Супраць каго?

– За што?

– Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў… Я не кажу ўжо пра ворагаў знешніх, імперыялістаў розных…

– А калі іх не стане? Знішчым?

– Ага!

– Я не заглядаю так далёка! І ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. І сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. Малы быў – маму крыўдзіў. Дык што ты, і мяне знішчыш? – горача насядаў Ходас на Косцю.

– Завёўся ўжо! – папракнула яго Вера, жонка Лапаціна.

Іван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кіўнуў галавой. Шыковіч сказаў:

– Я згодзен, Іван. Камунізм пабудуюць не святыя, а мы з вамі, кожны са сваім характарам, даволі часта вельмі супярэчлівым і складаным. Але бясспрэчна і тое, што мы павінны стаць лепшымі, чым ёсць. Пазбавіцца перажыткаў… Як гэта зрабіць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаванні камуністычнай культуры пачуццяў?

Іван задумаўся. І ўсе змоўклі, задумаліся таксама.

– Калектыў, – першы адгукнуўся Тарас.

– Праца, – амаль адначасова з ім выказаўся Лапацін, прынімаючыся за кавалак пірага, які падсунула яму клапатлівая жонка.

– Барацьба! – не адступаў Ходас ад сваёй пачатковай думкі.

– Праўда! – Славік сказаў гэта сур'ёзна, цвёрда, пераканана. – Пакуль будзе ханжаства, падман…

Кірыла Васільевіч пераглянуўся з жонкай і, відаць, хацеў нешта адказаць сыну. Але перапыніў Косця.

– Любоў! – крыкнуў ён.

Усе маладыя засмяяліся. Акрамя Славіка.

– Цябе ўсё-такі хіліць да Езуса, – падкалоў сябра Іван.

– Чаму любоў, Косця? Растлумач!

– Любоў не ў вашым вузкім разуменні. А наогул. Любоў з вялікай літары. Да радзімы, да працы, да людзей, блізкіх і далёкіх…

– Якая шчодрая душа, – з добрай усмешкай сказала Галіна Адамаўна так, што пачулі толькі свае – Майзісы і Шыковіч. – Можна падумаць, што яго ніхто ніколі не крыўдзіў.

– Прадстаўнік пакалення, якое не ведае, што такое нянавісць. – І на поўны голас да Косці і да ўсіх: – Па-мойму, Косця, такая любоў – гэта мэта, а не сродак. Тое ж самае і твая праўда, Славік. Да такой праўды і такой любові мы прыйдзем… Безумоўна, Іван, праз барацьбу з маральнымі заганамі і ўсімі тымі, хто будзе перашкаджаць… І, напэўна, маюць рацыю таварышы, Тарас, Васіль Пятровіч, што праца… праца ў калектыве… грамадска карысная – галоўны фактар. Раз Шыковіч павярнуў на тэорыю, няхай ён падводзіць вынікі. А мне хацелася пачуць ад вас больш простыя адказы. Каб кожны пра сябе. І я скажу пра сябе. Планы, мары, жаданні… Вось Генрых маўчыць…

Генрых, які сапраўды не сказаў ні слова, пачырванеў, збянтэжана ўсміхнуўся. Сябры скіравалі на яго позіркі, чакалі яўна з цікавасцю. Ён прыгладзіў дзвюма далонямі валасы і затрымаў рукі на патыліцы.

– Мары, яны не пастаянныя, Антон Кузьміч. Калі я быў вучнем, то вельмі любіў чытаць раманы. Ну, Вальтэра Скота, Дзюма… І мне страшэнна хацелася быць рыцарам, выратаваць прынцэсу – абавязкова прынцэсу! Не ніжэй! – і… жаніцца на ёй.

Моладзь стрымана засмяялася.

– А цяпер я штоноч сяджу над тэорыяй машынабудавання, супраматам, мару, як бы хутчэй здаць экзамены, стаць інжынерам і… жаніцца на Зоі Крахмалавай.

Выбухнуў такі рогат, што з-пад стала спалохана выскачыла кошка. Гаспадары і Майзісы не разумелі прычыны гэтага рогату, а таму ветліва ўсміхаліся весялосці моладзі.

Вера, выціраючы слёзы, тлумачыла ім:

– Ён заўсёды так, маўчыць, маўчыць, а потым як ска-а-жа…

А Генрых павярнуўся да Славіка і сказаў яму:

– Твая чарга. Па парадку.

– Я? – здзівіўся Славік, тыркнуўшы сябе ў грудзі пальцам. – Чаму я? Пра што мару? Ні пра што! Хачу? – Ён абвёў дзёрзкім позіркам усіх, хто сядзеў за сталом, – ад бацькі да Косці, потым павярнуўся да Машы і сказаў быццам ёй адной: – Хачу паляцець у космас. У пустату. Дзе б ніхто не дапытваў і не чытаў «маралаў».

Усе сціхлі, усім зрабілася няёмка, бо ведалі, што хлопец толькі што адбыў пакаранне за свае паводзіны. З далікатнасці ніхто не напамінаў яму пра гэта. Шанавалі бацькоў – паважаныя людзі.

Усе бачылі, як уразілі іх раздражнёныя сынавы словы. Асабліва маці. Валянціна Андрэеўна, схаваўшы вочы, сціснула мужаву руку, молячы яго маўчаць.

Каб загладзіць няёмкасць, Маша вырашыла перавесці ўвагу на сябе, сказала весела, гарэзліва:

– А я ведаеце пра што мару? Выйсці замуж за добрага, разумнага чалавека і нарадзіць добрых, разумных дзяцей.

Хацела, каб гэта прынялі як жарт, але сустрэлася вачамі з сур'ёзным і здзіўленым позіркам Наташкі і… збянтэжылася, загарэлася ўся, бо здалося ёй, што сказала пры малой непрыстойнасць. Пэўна, праз гэтую яе збянтэжанасць ніхто не пачаў жартаваць з такога прызнання. Нават усмешак яна не ўбачыла. Стрыманасць такая ішла ад той жа далікатнасці. Але Машы яна здалася дакорам агульным. Чаму яны такія сур'ёзныя? Чаму так свідруе яе позіркам жонка Яраша? Праўда, сам Антон Кузьміч падтрымаў яе:

– Вось гэта зямная мара! – і яшчэ нешта сказаў.

Але Маша не пачула. У вуха ёй горача дыхнуў Славік:

– Хочаш, я зраблю табе дзіця? – і зноў дакрануўся рукой да калена.

Цынічны шэпт яго і дотык абразілі дзяўчыну, і яна здзейсніла сваю пагрозу – пляснула яму па твары. Не моцна. У другіх абставінах магло б сысці за жарт. Але ў той момант аплявуха прагучала, як гарматны стрэл.

Аглушыла і сталых і маладых. На міг усе застылі. Першая падхапілася Іра. Крыкнула брату:

– Хам! – і выскачыла з-за стала.

Пагрозліва павольна падняўся Шыковіч. Жонка паспрабавала стрымаць яго, ён тузануўся ўсім целам, як бы вырываючыся. Але сказаў спакойна, амаль весела:

– Хадзем, Уладзіслаў, пагаворым, – і рушыў да дачы. Не азіраўся, ці ідзе Славік за ім, не чуў, як той, весела падміргнуўшы хлопцам, кінуў: «Іду на эшафот», не бачыў будынка, лесу, неба і сонца, усё кіпела ў яго грудзях. Калацілася сэрца, млелі ногі…

Толькі ў пакоі Кірыла павярнуўся і ўбачыў, што Славік стаіць на парозе, засунуўшы рукі ў кішэні штаноў. Такая нахабная пастава яшчэ больш абурыла.

– Падыдзі бліжэй! – працадзіў ён праз зубы.

Славік, іранічна ўсміхнуўшыся, не ступіў тры крокі, а, здавалася, павольна прасунуўся, як на лыжах. Магчыма, каб не такая яго ўсмешка, усё было б, як многа разоў дагэтуль: успыхнуў бы феерверк гнеўных слоў і… патух. Ні разу Кірыла не падымаў на сына руку. Не мог, бо любіў яго. Але тут сарвалася апошняя кропля цярпення.

– Рукі з кішэняў! – грымнуў ён і, не дачакаўшыся, пакуль сын выканае загад, схапіў за адварот тэніскі, ірвануў на сябе. – Ты! – І з усяго размаху садануў правай рукой у сківіцу.

Славік адляцеў да дзвярэй, ударыўся спіной аб вушак, споўз на падлогу, войкнуў, схапіўся за шчаку. У той жа міг у дзвярах з'явілася маці. Загарадзіла сабой сына, замаліла да мужа:

– Што ты робіш, дурны? Пасаромейся!

– Змоўкні! – у страшэнным гневе закрычаў Кірыла. – Абаронца! Ты бачыш, да чаго давяла твая абарона? Шчанюк! Ты доўга будзеш ганьбіць добрае імя бацькі, маці, сястры? Хто цябе выгадаваў такога?!

– Не крычы! Людзі, – зморшчылася Валянціна Андрэеўна, заклапочана схіліўшыся над Славікам, які сядзеў нерухома, рукамі закрыўшы твар.

– Табе сорамна людзей, калі я крычу? А за яго табе не сорамна? Пашкадуй, пашкадуй яго, вытры соплі, ён табе не адну яшчэ пілюлю падсуне. Герой! На што ты здатны? Што ты ўмееш? Толькі можаш, што паскудзіць, як шалудзівы кот.

– А сам ты што ўмееш? Біцца? – праенчыў піскліва Славік. – Стары конь!

Недарэчнае пытанне і яшчэ больш недарэчная мянушка прагучалі надзвычай па-дзіцячаму, вырваліся ад бяссільнай злосці і крыўды. Гэта расчуліла Шыковіча. Стала шкада сына і брыдка за свой учынак. Нікога ў жыцці ён не біў, нават калі быў хлапчуком, пазбягаў боек, часцей білі яго. А тут – выкінуў з кабінета Рагойшу, ударыў сына… Што здарылася? Нервы? Аднак, каб не раскіснуць, ён пагразіў:

– Я табе пакажу «конь»! Ідыёцкі жаргон! Разбэшчаныя шчанюкі! – Злосна да жонкі: – На рукі яго вазьмі! Пакалышы. Соску дай. Пе-да-го-ог!

І выйшаў. На верандзе адчуў, як дрыжаць рукі, ногі, «сігналіць» сэрца. Падумаў: «Так інфаркт нядоўга схапіць».

А Славік, пачуўшы, што бацька выйшаў, уткнуўся тварам у матчыны рукі, якія хацелі падняць яго з падлогі, і… заплакаў. Зусім па-дзіцячы, усхліпваючы.

Хлопцы ляжалі на беразе ракі, на пясчанай касе. Грэлі спіны на стомленым ласкавым сонцы. Слухалі, як ззаду ціха плешчацца і журчыць вада, а наперадзе, на адхоне, шалясціць лазняк. Вецер сціхаў – і ўсё сціхала, лагаднела, утаймоўвалася: вада і лес, птушкі і чалавечыя страсці. Нават ластаўкі, што гняздзіліся ў абрыве, лёталі без заўсёднай сваёй трывогі. Хлопцы займаліся адным: ляніва падграбалі пад сябе цёплы, вымыты ракой да белізны пясок і сачылі, як у чыстым небе над лугам плавае коршак. Гэтак жа ляніва і спакойна, не палюе – адпачывае. Калі коршак раптам куляй упаў уніз, у кусты, яны, як па камандзе, апусцілі галовы на рукі і праз сухі пясок удыхалі вільготныя пахі ракі. Пасля іх увагу прыцягнула маленькая, у залатой манішцы і блакітным фартушку птушачка: яна села за паўкроку ад Косцевай галавы і, віхляючы зялёным хвосцікам, праскакала міма ўсіх, як бы правярала, ці жывыя гэтыя голыя нерухомыя людзі. Яе не спалохаў і голас Генрыха:

– Хлопцы, хто ведае, як называецца гэтае прыгожае птушанятка?

Маўчанне.

– Ніхто не ведае? Косця?

– Шчурка.

– Дакладна? Маўчыш? Як мала мы ведаем!

– Дарэмна ты, Тарас, пацягнуў нас на гэтую куркульскую дачу, – прабурчаў Іван Ходас.

– Не папракай! – крыкнуў Косця.

– Я не папракаю.

Тарас маўчаў. Ён думаў пра Машу. Здзіўляўся: «Чаму я думаю пра яе? Дзіўна. Што дала аплявуху таму шалапуту? Яму варта. Але не гэтак. Не да месца было. Сапсавала абед, настрой усім… І сабе».

Як задрыжалі яе вусны, калі Шыковічы адзін за адным – сам, Славік, маці – пайшлі ў дом, а Іра і Яраш пачалі прасіць у яе прабачэння. Тарас бачыў, як крывілася Галіна Адамаўна, яна асуджала Машу, асабліва ёй не падабалася, што муж просіць у сваёй падначаленай прабачэння. Майзісы адразу пачалі збірацца дадому. Хлопцы падзякавалі Ярашам і, вылезшы з-за стала, тут жа зніклі. З Машай яны не развіталіся. Чаму? А цяпер маўчаць. Ну і да д'ябла, няхай маўчаць.

«Завошта яна пляснула яго? Што ён такое сказаў?»

– Куды ён хоча падацца цяпер?

– Хто?

– Гэты… «атамшчык».

– Славік? Не ведаю.

– А навошта яму куды падавацца? У бацькі грошай хопіць.

– Не думай дрэнна пра Шыковіча. Гэты чалавек правільны.

– А сынок?

– Чорт іх ведае, адкуль яны бяруцца, такія сынкі.

– Глядзіце, зноў коршак. Што ён выглядае?

– Шкада, што не паслухалі Яраша. Пра што ён хацеў расказаць?

– Хлопцы! А давайце возьмем яго ў сваю брыгаду!

Косця, падцягнуўшыся на руках, прасунуўся наперад і сеў, павярнуўся да хлопцаў, каб бачыць іх твары.

Тарас падняў галаву і паглядзеў: сур'ёзна ён? Маленькі, але ладна збіты, загарэлы, чорны, Косцік сядзеў на пяску, як будыйскі бажок; блішчалі зубы і гарэлі вочы – прыкмета таго, што ён гатовы да знямогі абараняць сваю ідэю. Іван Ходас глянуў на яго адным вокам і свіснуў у пясок, выдзьмуўшы ямачку.

– Не хапае табе дзярма?

– А што? Калі мы такая брыгада, то чаму не памагчы чалавеку стаць на верны шлях?

– Завод не школа-інтэрнат.

– Сябры, цікавая з'ява – супраціўленне матэрыялаў…

– Генрых, не трызні. Ці захоча ён сам? – спытаў Лапацін і павярнуўся на спіну, тварам да сонца.

Тарас сеў. Косцева прапанова падабалася. Сапраўды, чаму б ім не ўзяцца за гэтага неўраўнаважанага юнака.

Генрых пісаў пальцам на пяску доўгую формулу.

– Я пагавару з ім.

– Ты згодзен? Тарас? – Іван так дзьмухнуў у пясок, што засыпаў Генрыхаву формулу. – Вар'яты! Не бярыце на сябе ўсяго, зробіцеся пазёрамі. Я – супраць.

– Гаворыш, што камунізм – гэта змаганне, а сам не хочаш лішні раз паварушыць рукамі і мазгамі. Як жа ты думаеш змагацца за такіх?..

– Гнаць у шыю.

– Куды?

– На ўсе чатыры.

– Ну і логіка ў цябе!

– Логіка жалезная. А чаму я павінен падбіраць усялякае смецце і выкладаць элементарныя нормы паводзін? Я сам сябе яшчэ не выхаваў.

– Вось гэта правільна!

– Сам баіцца, каб гэты «стыліст» не перавярнуў яго ў сваю веру. Як жыд папа. Ведаеце показку?

– Пішы свае формулы! Канструктар ліпавы!

– Хлопцы, не сварыцца! – Лапацін запляскаў у далоні. – Усіх вас выхаваюць жонкі. Толькі жаніцеся…

– Цябе выхавала?

– А што ты думаеш? Я таксама ў пажыўныя мясціны заглядваў, як жаўтароцік гэты. Нават калі ў брыгадзе ўжо быў. А паспрабаваў бы цяпер!

– То-та, бачу, валасы ў цябе пачалі радзець.

Зарагаталі. Жарт найлепшым чынам прымірае людзей. Тарас адчуў, што настрой ва ўсіх узняўся.

Лапацін брыкнуў Івана нагой. Той злавіў нагу і пацягнуў «жанаціка» да вады. Тарас ускочыў, разбурыў усе Генрыхавы формулы і схапіў Лапаціна за рукі. На падмогу ім кінуўся Косця. Утрох яны раскачалі свайго паважнага сябра і шыбанулі ў раку, ведаючы, што ён кепска плавае і баіцца вады. Самі скочылі следам за ім. Пырскі бліснулі на сонцы вясёлкавымі пералівамі. Хвалі пакаціліся на пясок, лізанулі Генрыху ногі. Ён устаў, прыгожа пацягнуўся, кінуў на адзенне акуляры і, разагнуўшыся, ракетай пайшоў пад ваду. Ён быў лепшы плывец. І ўсе яго сябры, што дурэлі ў вадзе, сціхлі, з цікавасцю і, магчыма, з трывогай чакаючы, калі і дзе Варэнік вынырне. Ён вынырнуў амаль на сярэдзіне ракі. Паплыў хутка, спрытна выкідваючы з вады ўсё цела. Не плыў, а ляцеў.

Тарас і Косця пайшлі за ім. Плылі побач. Косця сказаў:

– А гэтая рыжая сядзела з ім, а вачамі страляла ў цябе.

Тарас збянтэжыўся.

– Ды ну цябе, Косця! Выдумаеш! – Але яму было прыемна, і ён пахваліў сябра: – А наконт Славіка – гэта ты добра прыдумаў. Трэба пераканаць хлопцаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю