355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 25)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 28 страниц)

Тарас паверыў, што на гэты раз Славік кажа праўду. Ён сам неаднойчы прыкмячаў, як Іра глядзіць на яго, як стараецца застацца разам. І, можа, каб не з'явілася Маша, нейкія пачуцці варухнуліся б і ў яго душы. Але з якой мэтай Славік сказаў яму пра каханне сястры цяпер? Ён успомніў: Маша гаварыла яму, што Славік званіў ёй двойчы ці тройчы, зноў дамагаўся спаткання. Яна не пайшла, безумоўна. А ці праўда, што не хадзіла? А можа, зноў пачала гарэзлівую гульню? Не, не. Не хацелася думаць пра Машу дрэнна.

Не адказваючы па сутнасці, Тарас спытаў:

– Ты скажы мне, што ў цябе з Нінкай?

Славік паслізнуўся, вылаяў гарадскія ўлады і дворнікаў, што не чысцяць тратуараў. Гэта памагло яму схаваць сваю збянтэжанасць.

– Што ў цябе з Машай, то ў мяне з ёй. Ходзім у кіно. Сёння пойдзем. Чаму гэта цябе зацікавіла?

– Хлопцы не вераць, што ў цябе гэта сур'ёзна. Глядзі. Пакрыўдзіш дзяўчыну…

– О, вялікія маралісты! Вам хацелася, каб я тут жа жаніўся, схадзіўшы два разы ў кіно. Аднак самі вы не вельмі спяшаецеся з гэтым актам… Філосаф гэты акулярысты тры гады Зою мацае, а сам брэша. – Славік нечакана моцна ўзлаваўся, мацюкнуўся гучна, не зважаючы, што ішлі яны па даволі люднай вуліцы. – Абрыдлі вы мне як горкая рэдзька! Усе! Адзін Косця чалавек…

Тарас даўно ўжо не звяртаў увагі на любую яго балбатню, але гэтыя словы пакрыўдзілі. Столькі яны важдаліся з ім, столькі даравалі ўсяго, а ён вунь якой думкі пра брыгаду.

«Пэўна, сакратар парткома меў рацыю, не будзе з яго толку, прыйдзецца развітацца». – Тарас уздыхнуў, аднак, з жалем, яму амаль па-бацькоўску зрабілася шкада гэтага шалапута.

31

Маша здзівілася, калі выявіла, што білетаў у Тараса толькі два.

– Як? Ты не ўзяў на Зосю?

Тарас моцна збянтэжыўся. І Зося таксама.

– Ну што ты! Я зусім не хачу перашкаджаць вам.

– Чым ты, скажы, калі ласка, можаш перашкодзіць нам?

Маша гаварыла з калідора, куды выскачыла пераадзець плацце. Але пры ўсёй шчырасці адносін да Зосі яна не абуралася. У голасе яе гучала адно вясёлае здзіўленне: эх ты, кавалер! Хіба так можна рабіць?

Зося сядзела на канапе ў звыклай позе, падкурчыўшы ногі, пакрыўшы іх цёплай хусткай. У кватэры было нават душна, але ў яе ўсё яшчэ жыло нервовае адчуванне, што ногі стынуць; так у калекі жыве боль ампутаванай нагі.

Да прыходу Тараса яны нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Як кветкі. Яна збірала іх і звязвала ў пучкі.

Маша ўскочыла ў пакой з распушчанымі валасамі. Пачала прычэсвацца перад люстрам. Яны залюбаваліся яе залатымі валасамі. Зося глянула на Тараса з усмешкай сястры, старэйшай. Словамі ён, напэўна, нічога не растлумачыў бы, але вачамі, позіркам здолеў папрасіць у Зосі прабачэння, сказаць: не думайце пра мяне дрэнна, проста мне хочацца… трэба пабыць з ёй удваіх.

Зося зразумела. Але тут жа адчула, што недзе ў самым далёкім тайнічку яе загоенага сэрца варухнулася зайздрасць, ціхая і добрая. І гэтае пачуццё яна забыла, бо не ведала яго шмат год. А таму спалохана прагнала яе прэч, няхай сабе і добрую зайздрасць. Хіба мае яна права ім зайздросціць? Яны маладыя, шчаслівыя, у іх зусім іншае жыццё…

Зося любіла Машыных сяброў. Усіх. Любіла, каб яны часцей заходзілі. Яны як бы звязвалі яе з вялікім светам, з новым жыццём, у якое яна ўваходзіла асцярожна і нават з некаторым недаверам. Яны былі розныя, але ўсе шчырыя і добрыя. А лепш за ўсё гаіла яе душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткі недаверу яе да людзей і жыцця.

Тарас заняў у яе сэрцы, у думках асобае месца. Яшчэ ў ссылцы яна часам думала, што, магчыма, каб ёй тады ўдалося знайсці і прытуліць таго хлопчыка, лёс яе быў бы зусім інакшы. Яна зноў падумала пра гэта перад аперацыяй, ёй вельмі хацелася пабачыць Тараса, але яна не адважылася прасіць Антона Кузьміча, толькі расказала, як шукала яго сына.

Калі Маша паабяцала запрасіць яго, яна моцна хвалявалася, чакаючы іх. Калі ён прыйшоў, была трохі расчаравана: чамусьці ён уяўляўся ёй зусім іншым, магчыма, больш падобным на Яраша. Але пазней Зосі здалося, што ў яе і ў Тараса падобныя характары. Ці не таму, што і лёс іх шмат у чым падобны? Яна палюбіла яго, як брата. Але, каб яна тады знайшла яго, яны б сталі братам і сястрой на ўсё жыццё. Аднак, нягледзячы на гэтую любоў, у апошні час з'явілася нейкая іншая трывога, незразумелая, неасэнсаваная. Яна выяўлялася асабліва выразна заўсёды, калі яны, ён і Маша, вось гэтак збіраліся ісці гуляць, у кіно, у тэатр. Не, гэта не было рэўнасцю ні да яго, ні да яе. Зайздрасць да іх маладосці? Можа.

Падфарбоўваючы губы (яна, як і ўсё іншае, рабіла гэта ўмела і з пачуццём меры), Маша сыпала ў люстра іскры смеху.

– Тугадум ты, Тарас. І ўвогуле – мядзведзь. Я здзіўляюся… Рос ты ў горадзе, у такой інтэлігентнай сям'і. Каб ты пабачыў, дзе расла я! – Але сказала яна гэта не са скаргай, а з гонарам і радасцю: расла ў бядзе, а вырасла вось якая, любуйцеся!

Зося пажартавала:

– Але. Цяжка паверыць, што ты не панскага роду. Каб я не бачыла твае маці…

І тут жа зразумела, што сказала недарэчы. Машын твар у люстры адразу змяніўся, дзяўчына цяжка ўздыхнула:

– Мая маці! – І, як бы спалохаўшыся нечага, кінула фарбу, падхапілася, сказала Тарасу: – Пайшлі, мой верны рыцар. – Падбегла да Зосі, абняла, пацалавала ў шчаку: – Прабач. І не сумуй без нас.

У фае Тарас неспадзявана для сябе ўбачыў Славіка… з Нінай.

Славік спачатку аслупянеў. Ён знарок пайшоў не ў цэнтральны, а ў гэты новы, у Залінейным раёне, кінатэатр, дзе бадай выключалася сустрэча са знаёмымі. І раптам на табе. Ды з кім! Ён гатовы быў збегчы куды хочаш, калі Тарас і Маша рушылі да іх. Але схавацца немагчыма, людзей было яшчэ нямнога. Ды і зусім іншае пачуццё спыніла – зачараванасць Машай. Ён даўно не бачыў яе. І калі, пасля сувязі з Нінай, вобраз яе зноў завалодаў яго марамі, то ён часам, каб супакоіць сябе, думаў, што яму толькі ўяўляецца, што яна такая незвычайная, прыгожая, а ў сапраўднасці ўсё хараство яе – выдумка яго ўзбуджанай фантазіі. Аж не. Не! У новым адзенні, недарагім, але элегантным светла-шэрым варсістым паліто і ў кашлатай высокай зімовай шапцы, з-пад якой выбіваліся яе залатыя валасы, яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым у тую першую сустрэчу на дачы, чым нават уяўлялася ў бяссонныя ночы. Ён проста аслеп ад ззяння яе вачэй, аглух ад яе голасу, непараўнальнага ні з якім другім, задыхнуўся ад непаўторнага, адной ёй уласцівага водару. Ён пачуў гэты прыцягальны водар яе цела, валасоў, вопраткі яшчэ здалёк. Яна смяялася. Яна казала нешта Тарасу. Ён не чуў. Аглушыла і асляпіла яшчэ адно – хваля рэўнасці да свайго брыгадзіра.

Не ён, а Тарас пазнаёміў дзяўчат. Маша не аглядала Ніну з той крыху зняважлівай цікаўнасцю, з якой аглядалі некаторыя Славікавы сябры. Не, яна, выхаваная жыццём і бальніцай, ніколі не раздзяляла людзей на нейкія катэгорыі, а тым больш не меркавала пра іх па вопратцы, па знешнасці. Але і яна глянула на Славіка са здзіўленнем. Яе здзівіла не Ніна. Яе здзівіў Славік. І ён убачыў гэта і зразумеў. З тае хвіліны ён бачыў усё – кожны яе рух, кожную іскру ў вачах, ледзь прыкметную ўсмешку і пералівы ценяў на твары. І ўсё разумеў з незвычайнай, неверагоднай, проста-такі мефістофельскай праніклівасцю.

Яму хацелася закрычаць ад роспачы, укусіць самога сябе, калі ўбачыў іх побач, параўнаў. Просценькі, зямны, мізэрненькі «дзятлік» з пачырванелым носам – і Маша!

Калі хвіліны ўтрапення мінулі і Славік вярнуў сваю самаўпэўненасць і дасціпнасць, ён кінуўся як у вір, як матыль на агонь. Запрасіў усіх у буфет. Частаваў з купецкім размахам. Талерку эскімо. Ешце, хоць пуза расперажыце. Паўкіло «Мішак».

Як? У гэтым буфеце яшчэ знайшлося шампанскае? Ура гаргандлю! Давайце шампанскае!

Пратэставаў Тарас. Сарамліва адмаўлялася Нінка. Ён прымушаў іх сілком есці і піць. Ён быў падкрэслена ўважлівы да ўсіх. Але ў сапраўднасці нікога для яго не існавала, акрамя Машы. Уся шчодрасць, усе жарты, усе словы, смех – для яе адной, толькі для яе.

Тарас нахмурана маўчаў. Хутка пачала разумець і Ніна, што да чаго. Прыгледзелася, прыслухалася – і стала відушчая. Дурная, дурная! Як яна магла падумаць, што Славік пакахаў яе? Спадзявалася, верыла, марыла. Хіба так кахаюць! І хіба такая, як яна, простая кранаўшчыца, патрэбна яму? Яму вось якая краля трэба! Модная, нафарбаваная! Абражаная, пакрыўджаная, Нінка, якую спачатку Славікавы жарты смяшылі, сцішылася, замкнулася, адступіла за круглым столікам ад Славіка да Тараса. Пашкадавала брыгадзіра: перажывае. Сябе не шкадавала. Сябе карала: так табе і трэба, авечка! Кіўнуў табе пальцам, і ты пабегла следам. Як на экране кіно, хутка змяняліся пачуцці, выбухалі адно за адным то боль, то бязгучны горкі смех, то роспач, ад якой хацелася па-бабску завыць на ўвесь буфет, на ўвесь кінатэатр. Не, яна трымалася. Яна ніводным рухам не выдасць сябе. А вось яны… яны страцілі ўсялякі сорам.

– Праўда. Мне штоноч сняцца марсіянкі. Яны падобныя на цябе.

– Я ўжо чула пра гэта. Ты не арыгінальны.

– А што ў гэтым свеце арыгінальнае? Мой бохан неяк сказаў адзіную разумную ісціну: усё новае – даўно забытае старое.

– Ты выдумаў сам.

– Каб я мог такое выдумляць, то не завінчваў бы гайкі пад наглядам маэстра Ганчарова. Я слаўлю цябе, Тарас! Вып'ем. За што? За рыжых. Згода?

– За рыжых я вып'ю. Яны – няшчасныя.

– Ты няшчасная? Паглядзі на буфетчыцу. Вунь дзе няшчасная.

– Яна не рыжая. Нафарбаваная.

– Твае бацькі прадбачылі моду.

– Не вярзі, Славік. Ты – п'яны.

– Ад тваіх вачэй.

– Ад маіх вачэй цверазеюць.

– Як хто.

– Ты цверазеў. Я гэта бачыла.

– А цяпер – нямею…

«Няўжо яны сустракаліся? – Тарас з натугай пракаўтнуў шампанскае, недарма яно завецца сухое. – Няўжо яна можа хлусіць?»

«Чаго яна смяецца? – паморшчылася Ніна. – Нічога смешнага няма. Колькі часу яны знаёмыя, што так размаўляюць? Ён пра ўсё расказваў. Толькі пра гэтую рыжую ні слова. Прытворшчыкі!»

Тарас не вытрымаў:

– Ты хоць бы цішэй гаварыў. Людзі слухаюць.

– Слухаюць, бо цікава. Чытаў бы я лекцыю пра спаборніцтва – ніхто і вуха не натапырыў бы. Ты, Маша, слухала б?

– Я ўсё слухаю.

– Тарасаў уплыў. Раней ты была больш пераборлівая.

– Да чаго?

– Да лекцый. І да людзей.

«Каб як у нас, у вёсцы, Тарасу трэба даўно даць яму па мордзе». У чарговую ўспышку злосці Нінка пашкадавала, што ўсё гэта адбываецца не ў іх вёсцы, дзе размова вялася прасцей, а дзейнічалі хлопцы з большай рашучасцю. «Тарас перадавы, яму нельга». Яна ўздыхнула.

А Славік, круцячы ў руках пустую шклянку, ужо чытаў нейкія вершы.

 
Я ругаю все напропалую,
А друзьям-товарищам грублю.
И меня такого не целует
Женщина, которую люблю.
 

Нінка запомніла іх і падумала, што Славік сачыніў сам. Зноў-такі – як бы для іх, а ў сапраўднасці для Машы, каб сказаць яшчэ раз, што любіць яе. Яна праверыла:

– Гэта ты сам напісаў?

– Мой сябра.

– У цябе ёсць сябры маскоўскія паэты? – з іроніяй спытаў Тарас.

– У мяне ўсё ёсць. І нічога няма.

Жанчына, якую ён любіць, не цалуе яго, і нічога ў яго няма – гэта на нейкі міг суцешыла Нінку, вярнула надзею.

Пазванілі. Клікалі ў залу.

Яны падымаліся па крутой лесвіцы першыя – Славік і Маша. Зноў яны забыліся на ўсё, нават на тое, хто з кім прыйшоў і павінен сядзець. Не, на парозе залы яна, рыжая, успомніла-такі пра гэта.

Але як Славік цягнуўся за ёй позіркам! І калі сеў на месца, то ўвесь час глядзеў у той бок, дзе селі яна і Тарас. І калі патухла святло і пачалася карціна, Нінцы здавалася, што ён глядзіць не на экран, а ўсё туды ж…

Бяда гераіні расчуліла дзяўчыну. Больш яна не думала пра тое, каб утрымаць Славіка, прымусіць яго жаніцца. Дзякуй Богу, што хоць усё добра абышлося, не здарылася таго, чаго яна падсвядома хацела – каб паставіць хлопца перад фактам – і баялася, баялася, не менш, чым і Славік. Цяпер яна прымала гэта як кару за сваю даверлівасць і дурноту. «Так табе і трэба! Так табе і трэба!» – бязлітасна ўпікала яна сябе і… плакала, смаркалася, выцірала хусцінкай вочы. На яе нават азірнуліся з пярэдняга рада.

Славік дзівіўся, што яе так расчуліла трагедыя гераіні. Яму смешна стала, бо яго асабіста ўся кінагісторыя не ўсхвалявала ні на грам, не кранула ніводнай стрункі душы. Банальная драма. Ён нават адчуваў некаторую няёмкасць перад суседзямі, што яго дзяўчына такая «дзярэўня».

Маша і Тарас сядзелі бліжэй да выхада і, калі сеанс скончыўся, выйшлі першыя. Як ён ірваўся, Славік, каб дагнаць іх. Лез на людзей, расштурхоўваў. Абражаная Ніна засталася ззаду, хацела схавацца ў натоўпе. Ён спахапіўся, пачакаў яе каля дзвярэй. Але яўна быў незадаволены, што Маша з Тарасам зніклі. Можа, таму доўга ішоў моўчкі, панура наставіўшы каўнер. Нінка таксама маўчала. Вуліцы, па якіх яны ішлі, хутка апусцелі. Горад засынаў. Але недалёка быў вакзал, і там бесперапынна стомлена пыхкалі і зрэдку злосна крычалі паравозы.

На пешаходным мосце цераз чыгунку, вузкім і высокім, Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Цягнік прайшоў. Міма зялёных і чырвоных нерухомых агнёў стрэлак і святлафораў плыў-хістаўся, аддаляючыся, чырвоны стоп-сігнал. Нінка праводзіла яго сумным позіркам, быццам у тым цягніку ў запламбаваным пульмане ці, можа, на адкрытай пляцоўцы павезлі яе шчасце. Але, павезлі. Хто? Куды? Славік стаяў побач, наваліўшыся грудзьмі на парэнчы, і… пляваў уніз, з дзіцячай свавольнасцю цэлячыся ў сігнальны слупок стрэлкі.

Не адводзячы вачэй з далёкіх агнёў, Ніна сказала ціха, з болем:

– Цяпер я ўсё разумею. Бачыла. Не дурная. Ты любіш яе, гэтую рыжую. Не хлусі мне больш. Ты любіш яе!

У Славіка быццам стопудовы камень сарваўся з душы, паляцеў уніз, пад мост, бразнуўся аб сталёвыя рэйкі і разляцеўся на парашок. Нічога не засталося. Зрабілася лёгка-лёгка. І смешна: яна думае, што ён будзе адмаўляцца, хлусіць. Ды не ж! Яна сама рассекла складаны для яго вузел. Вызваліла ад страху, ад абавязку – ад усяго, што яго мучыла.

Ён спачатку прашаптаў:

– Я люблю яе, гэтую рыжую.

Потым паўтарыў голасна:

– Я люблю яе!

Потым закрычаў на ўсю прастору станцыі:

– Я лю-ю-блю я-е-е! Чу-у-еш?

Крык яго падхапіў блізкі паравоз.

Нінка заціснула рукамі вушы і кінулася прэч, як ад ашалелага. Пабегла. Пад яе нагамі загудзела, заляскатала жалезная ферма моста. Ёй здавалася, што ён усё яшчэ крычыць ёй услед гэтыя словы, са здзекам і радасцю. Не, ён не крычаў. Ён ішоў павольна, праводзіў рукой па мокрай парэнчы і, шчасліва ўсміхаючыся, шаптаў:

– Я люблю яе. Я люблю яе.

Зося яшчэ не спала. Чытала. Па прыездзе з бальніцы яна глытала кнігі з незвычайнай прагнасцю. І сама дзівілася: яна чытала і раней, але тады, хворай, кнігі не давалі той радасці і асалоды, што даюць цяпер. Тады яна проста чытала ад смутку, каб скараціць час. А цяпер, чытаючы, жыла, весела і хораша.

Маша скінула ў калідорчыку паліто, увайшла ў пакой, правяла гарачымі далонямі па халодным твары і гучна засмяялася.

Зося адарвалася ад кнігі, са здзіўленнем паглядзела на сяброўку:

– Чаму ты?

– Там, у рамане, – кіўнула яна на кніжку, – гэта, напэўна, называецца: ён папрасіў яе рукі.

– Хто?

– Тарас маёй.

Зося адчула, як ёкнула сэрца. Цяпер яна зразумела, чаму ў яе была трывога і насцярожанасць да Тараса. Яна баялася менавіта гэтага – што ён забярэ Машу. Яна баялася адзіноцтва. Дзіўна. Усяго некалькі месяцаў назад яна пазбягала людзей. А цяпер яе палохала думка, што яна можа застацца адна.

– Ты… згадзілася?

– Ён чамусьці спяшаецца. Заўтра ж, кажа, хадзем у загс. О не! Дай мне падумаць. Я кажу яму: дай мне падумаць да Новага года. Расчараваўся. Чаму яму загарэлася? – Яна скінула чаравікі, ускочыла на канапу, схавала акалелыя ногі пад коўдру… – Ты ведаеш, я праўда хачу падумаць. Тарас, напэўна, будзе найлепшы муж. Але ён вельмі правільны. А я з ветрыкам. Ты ведаеш, мяне лічаць сур'ёзнай, а я зусім несур'ёзная. Вось я зараз падумала. Каб пасватаўся такі шалапут, як Славік Шыковіч… Хоць які з яго муж, дзіця горкае, і не з ветрыкам, а з завірухай у галаве! Але я, напэўна, адразу згадзілася б. Замуж дык замуж. Як у палонку. Адразу. З галавой. Бух – і ўсё. А з Тарасам гэта вельмі сур'ёзна. Я павінна прыслухацца: ці ёсць у мяне тое каханне, якое патрэбна яму. Ты разумееш?

У знак сцвярджэння, што яна гэта добра разумее, Зося заплюшчыла вочы.

32

Шыковіч спадзяваўся, што пасля надрукавання артыкула ён не адаб'ецца ад тэлефонных званкоў, ад наведвальнікаў. Званкі былі, але не тыя, якіх ён чакаў. Званілі сябры. «Здорава, стары, напісаў. Віншую». Кірыла злаваўся: хіба соль у тым, як напісана! Званілі чытачы. Большасць пыталася пра Зосю. Дзе яна цяпер, як адчувае сябе? Прасілі перадаць ёй добрыя пажаданні. Другія пыталіся пра тое, пра што Шыковіч сам хацеў даведацца. Дзе яны, таварышы па барацьбе Савіча, Вакулавай, Васі? Жывыя сведкі? Няўжо ў горадзе нікога не засталося? Няўмольны час! Скасіў людзей, разагнаў па свеце.

«Каб удалося ўціснуць хоць невялічкі артыкульчык у цэнтральную газету, можа, тады хто і адгукнуўся б», – думаў Кірыла, седзячы ў кабінеце рэдактара і сто першы раз пераглядаючы тыя тры нумары газеты, дзе быў змешчаны яго нарыс-артыкул аб падполлі.

Наконт артыкула званілі рэдактару, таму Шыковіч і сядзеў гэтыя дні ў яго кабінеце. Дарэчы, Жывіцкі грыпаваў і ў рэдакцыю не з'яўляўся. Падпісваў газету дома. Шчыра кажучы, Кірыла сам не разумеў, чаго ён чакае. Усё ўжо ясна. Садзіся, дапісвай сваю аповесць, стаў апошнюю кропку і ляці ў сталіцу, каб уладзіць яе ў часопіс. Але ў тым і бяда, што ў апошні час, пасля, здавалася б, поўнага выяснення, у яго раптам як бы знікла натхненне. Парадокс. І вельмі можа быць, што ён чакаў нечага такога, што зноў запаліла б яго.

Вось чаму, калі адчыніліся дзверы рэдактарскага кабінета і на парозе з'явіўся незнаёмы, Кірыла адразу падумаў:

«Вось. Гэта ён».

Па нейкіх асаблівых прыкметах, якія нават цяжка растлумачыць, Шыковіч умеў беспамылкова пазнаваць пенсіянераў. Пра гэтага адразу падумаў: «Пенсіянер».

Чалавек не запытаў, ці можна ўвайсці. Але праціснуўся ў дзверы не тое што нясмела, а неяк нязграбна, быццам дзверы былі цесныя. Не, ён не быў тоўсты. Нармальны для сваіх гадоў, трохі ацяжалелы. А з твару нават худы. Твар яго быў абветраны да задубення скуры, як у рыбака, пасечаны глыбокімі і непрыгожымі маршчынамі (бываюць маршчыны прыгожыя). Хоць з-пад каракулевай шапкі-стаўбуна вылазілі зусім сівыя на скронях валасы, бровы яго былі чорныя, як падфарбаваныя. Можа, ад гэтага вочы здаваліся залішне зоркімі і калючымі. Ён у сваю чаргу агледзеў Шыковіча. Але калі Кірыла сустрэў яго з добразычлівай цікаўнасцю, нават з радаснай надзеяй, то ў яго позірку злавіў нешта падобнае на знявагу ці насмешку: «Сядзіш, пісака, у кабінеце? Бач, як абставіўся!»

Можа, ён так і не падумаў, але Кірылу чамусьці ўпершыню стала няёмка ад таго, што ён забраўся ў рэдактарскі кабінет.

Чалавек, не вітаючыся, спытаў:

– Вы Шыковіч?

– Я. Сядайце, калі ласка.

Шыковіч працаваў не за рабочым сталом рэдактара, а за доўгім – для пасяджэнняў, на краі якога ляжаў стос падшывак газет. Чалавек сеў насупраць. Шапкі не зняў. Расшпіліў паліто з добрага драпу, але моцна пабітае моллю – недзе доўга ляжала.

Гледзячы Кірылу проста ў вочы (цяжка было вытрымаць такі позірк!), незнаёмы спытаў з крывой усмешкай:

– Што ж гэта ты, друг сітны, сказаўшы «а», не сказаў «бэ». Не хапіла духу? Ці замялі?

У Шыковіча замерла сэрца ад прадчування нечага незвычайнага.

– Што вы маеце на ўвазе?

– Што, што… Сам ты добра ведаеш што. Чаму не раскрыў, хто такі Сажань? Спалохаўся? Ну, канешне, куды табе! Думаў паласкатаць нервы чытачоў, нагнаць таямнічасці. Ды выйшла прамашка. – Ён хмыкнуў, прыстукнуў кулаком па стале, нібы паставіў пячатку, голас яго зрабіўся скрыпуча-злосным. – Цяпер я скажу «бэ»!

Здалося, што чалавек гэты пырснуў жоўцю. Шыковіч не любіў такіх: маўчаць, чакаюць выпадку, калі хто пачне першы, тады і яны вырываюцца і б'юць з-за вугла.

– Што ж вы першы не сказалі гэтага «а»? – ужо без ветлівасці, са злосцю спытаў Кірыла.

– Не меў такога факта. Казаў другія. Не даказаў. Далі па мордзе. Ён жа, твой Сажань…

Кірыла падняўся:

– Слухайце, я не ведаю, хто такі Сажань.

– Не ведаеш? – з яўным здзекам перапытаў чалавек. – Не ведаеш, што гэта паважаны Сямён Парфёныч Гукан?..

– Гукан?!

«Гукан! Гукан!» – загудзела, загукала, зашумела ў Шыковіча ў галаве, быццам запрацавала там магутная электронна-вылічальная машына: яна ў адзін міг выцягнула з глыбінь памяці ўсе факты, якія ён сабраў, па-новаму выстраіла іх зусім у іншым парадку. Недзе на пабочных маленькіх клавішах нехта выстукваў:

– Мы калі яшчэ ў рабфаку разам вучыліся, то далі яму гэтую мянушку… У партызанах, калі хадзілі на сувязь у горад, ён хацеў аднойчы выпісаць пашпарт на Сажаня… Не хто другі, я адгаварыў яго. З тваім ростам, кажу, выкліча падазронасць… Ён мне аддзякаваў пасля за ўсё…

– Як ваша прозвішча?

– Ведаеш ты маё прозвішча. Пісаў… распісваў з яго слоў… – Чалавек зноў як бы паставіў пячатку.

Шыковіч напружваў памяць, але ўспомніць не мог: у кнізе дзесяткі прозвішчаў людзей, якіх ён ніколі не бачыў у вочы.

Па сутнасці справы, яму трэба было ўзрадавацца, выказаць гэтаму чалавеку сваю думку пра Гукана, факт з яго пісьмом у органы дзяржбяспекі наконт Зосі Савіч, запрасіць у сведкі, у памочнікі па выяўленню поўнай ісціны. Але нешта стрымлівала. Што? Злосць гэтага чалавека, яго жаданне па-свойму расквітацца з Гуканам. Для яго цяпер галоўнае не ісціна, а помста. А Шыковіч ненавідзеў людзей помслівых. Таму сведка, якога ён падсвядома чакаў, стаў яму непрыемны. Кірылу не хацелася заключаць з такім чалавекам які б ні было саюз.

– Але, падрэзаў ты корань свайму дружбаку. – Наведвальніку яўна прыносіла задавальненне пакатаваць, як ён, пэўна, лічыў, неасцярожнага журналіста, нават голас яго палагаднеў.

– Што вы хочаце рабіць?

Ён адразу натапырыўся і таксама падняўся.

– А гэта мая справа, што я буду рабіць. Карціць даведацца? А? Не, цяпер вам з Гуканам не абяззброіць мяне!

– Што датычыць мяне, то я асабіста нікога не абяззбройваў. І не збіраўся гэта рабіць. Усё, што я раблю, я раблю дзеля таго, каб сказаць праўду пра людзей, якія змагаліся… Сумленна…

– Калі сказаць шчыра, то я і прыйшоў, каб сказаць вам за гэта дзякуй.

– Не для вас я гэта рабіў!

– Што-нішто зрабіў і для мяне. Даробяць другія. Усяго добрага.

Кірыла не стаў яго затрымліваць: «Чорт з табой. Прозвішча я тваё ўспомню. А не ўспомню – сам адгукнешся, відаць па ўсім. З мяне даволі таго, што ты паведаміў. Гукан! Няўжо Гукан?»

Ён колькі хвілін усхвалявана хадзіў па прасторным кабінеце, паціраючы лысіну, шчокі. Не ад радасці. Не, якая там, да д'ябла, можа быць радасць, калі пухне галава! Як, чаму чалавек, які шчыра ваяваў супраць ворага і, нягледзячы на ўсе свае недахопы і слабасці, напэўна, мае шчырую веру ў нашы гуманныя ідэі, мог зрабіць вось так? Зося ж хадзіла каля яго, як каля хворага. Хавалі, ратавалі. Бацька ахвяраваў жыццём. Каму ж ён верыў, калі пасля ўсяго гэтага не паверыў у сумленнасць такіх людзей? Усеагульная падазронасць? Ці подласць?

Кірыла выскачыў у калідор, узбег па крутой лесвіцы на гарышча. Там, у падстрэшшы, хаваліся рэдакцыйныя архівы і была абсталявана фоталабараторыя. Загрукаў у дзверы лабараторыі. Адгукнуўся флегматычны голас:

– Хто там?

– Я, Шыковіч. Адчыні. Тэрміновая справа.

– Пачакай.

Нарэшце вядомы на ўвесь горад фотакарэспандэнт Пеця Чарнавус, душа-хлопец, флегматык у працы і віхор у гульні, адчыніў дзверы сваёй «святой келлі».

– Пеця! Дружа! Выручай! Перавярні ўвесь свой архіў. Знайдзі здымкі, на якіх ёсць Гукан. Усе. Ад сорак пятага да нашых дзён.

– Навошта яны табе?

– Трэба. Вось так трэба!

– Ён што, юбіляр?

– Юбіляр, ліха на яго!

– Працуеш без асечак. А што буду я мець за гэта? Кватэру ён мне заменіць?

– Кватэру не гарантую. А дзве бутэлькі каньяку з мяне. Сёння ж, увечары.

– Хлусіш.

– Я цябе падвёў калі?

– Згода. Праз гадзіну будзеш мець усё, што трэба. Падаць у альбоме ці ў папцы?

– У папцы.

Зося, адчыніўшы дзверы і ўбачыўшы Шыковіча, спалохалася. Ніколі ён яшчэ не прыходзіў адзін і ў такі час – пасярод дня. І выгляду ў яго такога дзелавіта-нецярплівага ніколі не было. Дзіўна, але яна чамусьці з чыста жаночай трывогай падумала пра Антона Кузьміча: можа, з ім што? З-за тактоўнасці не спытала, што здарылася. Ветліва запрасіла:

– Калі ласка, Кірыла Васільевіч. Распранайцеся. Вы зусім забыліся на мяне. Антон Кузьміч учора заглядваў. А вы… Я і не помню ўжо, калі вы былі апошні раз.

«Антон заходзіць адзін? Без мяне? – у думках здзівіўся Кірыла. – Ну і ну! Даведаецца Галя – бедная твая галава будзе, Антоша. Не хопіць у мяне, міратворца, імпэту памірыць вас».

– Дзякую, Зося Сцяпанаўна. Я на хвіліначку. Можа, і распранацца не буду. Ну, добра, добра… Але ні чаю, ні кавы не трэба. Я ж на працы. І да вас я па справе.

Ён скінуў у калідоры кароткую футравую куртку і з шалікам на шыі і ў кашлатай андатравай шапцы ўвайшоў у надзвычай утульны пакойчык, у якім усё было прыбрана руплівымі рукамі і ўсё ззяла ад снежнага святла, што лілося праз шырокае акно. Таполі ў квецені інею глядзелі ў гэтае акно. А за таполямі віднелася заснежаная рака з чорнымі кропкамі – «падлёднікамі», што выседжвалі над палонкамі гадзінамі.

Падаў лёгкі-лёгкі сняжок.

Апанаваны віхурнымі думкамі, Кірыла, калі ішоў сюды, не бачыў хараства зімовага дня. А тут, у гэтым дзявочым пакоі, раптам убачыў. І спыніўся, сціх каля дзвярай, узіраючыся ў акно. На нейкі міг, на адну хвіліначку, настала тая расслабленасць, тая лірычная дабрата, калі раптам хочацца забыцца на ўсе справы, зліцца з прыродай, акунуцца ў яе. Але не такая ў яго справа, каб можна было забыць на яе!

Не сядаючы, ён развязаў шнуркі папкі, у якую Чарнавус палажыў дзесяткі два фатаграфій розных гадоў.

– Зося Сцяпанаўна, я хачу паказаць вам некалькі фатаграфій. Можа, вы пазнаеце каго-небудзь. Гэта мае значэнне для маёй работы.

Ён дастаў самы ранні здымак, сорак шостага года, калектыўны – мітынг у дзень пахавання партызан і падпольшчыкаў у адной брацкай магіле ў гарадскім скверы. Гукан выступае з невысокай трыбуны. Ці то здымак выцвіў ад часу, ці ў той дзень не хапала святла, але быў ён цьмяны, невыразны, твары другіх людзей расплыліся. Але прамоўца выйшаў лепш за ўсіх.

Зося ўзяла здымак, паднесла блізка да вачэй, хоць блізарукасці ў яе Кірыла раней не прыкмячаў. Яна таксама стаяла каля канапы, бліжэй да акна, уся асветленая ззяннем снегу.

І Шыковіч убачыў, як раптам змяніўся яе твар: у адзін міг нейкія рыскі, зморшчынкі быццам памяняліся месцамі ці быццам ценявы зайчык праскочыў па твары знізу ўгору. Шчака яе, што была павернута да яго, відавочна пабялела. Безумоўна, яна пазнала.

Шыковіч чакаў.

Зося доўга разглядала здымак, але на твары яе больш нічога не адбівалася. Нарэшце яна адарвалася ад здымка, перавяла позірк на Шыковіча і паківала галавой: не, нікога я тут не пазнаю.

Кірыла ледзь не закрычаў ад расчаравання. Выхапіў другі здымак.

– А тут?

Яна зірнула, не ўзяўшы здымка ў рукі, і зноў адмоўна пакачала галавой.

– Ты не пазнаеш гэтага чалавека? – забыўшыся, на «ты» крыкнуў Шыковіч, працягваючы трэці здымак – вялікі фотапартрэт Гукана.

Зося ўся сцялася і спалохана адступіла ад яго.

– А калі я памылюся? – ціха-ціха спытала яна. – Прайшло столькі год!

– Гэта – Сажань? – перайшоў Шыковіч да імклівага наступу.

Не адказваючы проста, яна спытала:

– Хто ён, гэты чалавек?

– Старшыня гарсавета Гукан.

Дзіўная ўсмешка скрывіла яе твар: яна чула гэтае прозвішча сотні разоў, і тады, калі працавала ў атэлье, і ў бальніцы, і яшчэ часцей цяпер ад іх – Кірылы Васільевіча і Антона Кузьміча, калі яны часам заходзілі да яе і вялі размову пра Шыковічаву работу, мінулую і цяперашнюю. Дык вунь каго яны з бацькам ратавалі! Не, ніякіх асаблівых пачуццяў у яе не ўзнікла, акрамя аднаго: раптам захацелася ніколі-ніколі не чуць, не ўспамінаць гэтых імён – Сажань-Гукан. Забыць іх у адзін міг і назаўсёды.

Нясмела, няўпэўнена, як малая, яна спытала:

– А можа, не трэба, Кірыла Васільевіч?

– Што не трэба? Чаго вы баіцеся? Яго?

– Я не за сябе. За вас.

– За мяне? Го-о! – ён галёкнуў. – Не той час, Соф'я Сцяпанаўна, каб баяцца! Ён сам увесь час дрыжаў. І цяпер дрыжыць… А мы станем гнілымі лібераламі, пляснівымі гуманістамі, калі не будзем выводзіць такіх на чыстую ваду… Калі ты выдаеш сябе за героя, то будзь ва ўсім героем. А ён баяўся за сваю кар'еру!.. За яе затаптаў у гразь…

Зося пакутліва зморшчылася, як ад болю.

– Ну добра, добра. Не думайце і не хвалюйцеся. Нічога асаблівага не здарыцца. Мы надзіва добрыя. Самае большае – яго пашлюць на пенсію.

«Куды цябе пашлюць, гэта я не ведаю. Але пагаварыць з табой я пагавару. Зараз жа. Пагавару так, як з табой не гаварыў яшчэ, бадай, ніхто!» – не думаў, а гнеўна шаптаў Шыковіч, на хаду апранаючы сваю куртку і збягаючы з другога паверха.

Ён зноў запаліўся і прагнуў дзейнасці. Ішоў, думаў, як уварвецца ў кабінет Гукана і якія словы скажа. А калі там наведвальнікі? Скажа і пры іх! Няхай ведаюць. Скандал? Няхай выкліча міліцыю і выведуць яго.

Але, нягледзячы на такое гарэнне і завіруху ў думках, пасля таго як убачыў таполі і раку, да яго вярнулася звычайная аптымістычная здольнасць любавацца навакольным: зімой, дрэвамі, жанчынамі, дзецьмі.

Падаюць сняжынкі, сухія і… цёплыя. З крутога адхону з'язджаюць у роў на лыжах хлапчукі. Кідаюцца, чарцяняты, як у бездань. Шыковіча на міг аж страх апанаваў. Але тут жа стала радасна ад іх смеласці. Як хораша было б, каб вырасла пакаленне людзей, якое нічога не баялася б! Але ўспомніў сына. Славік бадай нічога не баіцца, аднак гэта не зрабіла яго лепшым.

Наадварот. Ёсць іншыя нормы, якіх чалавек павінен прытрымлівацца, каб стаць чалавекам. Усё знаходзіцца ва ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці.

Шыковічу не хацелася паглыбляцца ў філасофскія разважанні, і ён пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Некалі ён пажартаваў, што нідзе няма столькі прыгожых жанчын, як у іх горадзе. Яраш і Валя смяяліся, а Галіна Адамаўна згадзілася. Можа, таму, што сама прыгожая, ці, можа, каб яшчэ раз нагадаць мужу, як многа спакусы на яго шляху, а таму няхай асцерагаецца.

Цяпер, узіраючыся ў твары жанчын, Кірыла Васільевіч пераконваўся, што яго жарт адпавядае сапраўднасці. Кажуць, жанчыны – што кветкі, расцвітаюць вясной. Не, яны цвілі і ў снежні, на парозе Новага года. Расчырванелыя, рухавыя, хораша заклапочаныя, яны, здавалася, запаланілі ўвесь горад. На цэнтральнай вуліцы, каля ГУМа, не прабіцца.

«У гэтым горадзе змяшалася кроў нацый, якія маюць найлепшых красунь, – беларускай, расейскай, украінскай, польскай». – Шыковіч амаль узрадаваўся нечакана ўзнікшаму тлумачэнню. Жарт ператварыўся ў выснову.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю