Текст книги "Сэрца на далоні"
Автор книги: Иван Шамякин
Жанры:
Советская классическая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 28 страниц)
Іван Шамякін
Сэрца на далоні
1
Доктар Яраш стаяў на даху веранды і свістаў, залажыўшы пальцы ў рот. Свістаў так, што здавалася, з дубоў пасыплецца лісце. У блакітнай бездані неба ўзнімалася чарада чаграшоў. Галубы кружылі над дачай. У «мікалаеўскіх чырвоных» гарэлі крылы. Раптам чараду быццам знесла ветрам: міг – і яна апынулася далёка над борам. І доктар ледзь не паляцеў следам за ёю. Ступіў на самы край даху. Пад яго цяжкім целам натужліва рыпнулі слупы веранды, забрынчалі шыбы. Ён хваляваўся, як хлапчук. Сонца, што ўзнялося над борам, біла праменнямі ў твар, сляпіла. Яраш засланяўся ад яго не далоняй, а неяк па-дзіцячы, локцем. З другога канца веранды стаяў яго сын Віктар, ростам траха не з бацьку, але худы, танклявы, даўганогі. Ён сачыў за галубамі ў палявы бінокль.
Ля калодзежа сядзелі на лаўцы жанчыны. Іх цікавілі не галубы, а галубятнікі.
– Смешна. Як дзіця. Цэлы дзень можа ганяць галубоў, – быццам з дакорам, але ў той жа час з замілаваннем да мужа сказала Галіна Адамаўна.
– А я люблю людзей, якія могуць вось так захапляцца, – адказала Валянціна Андрэеўна, не зводзячы вачэй з Яраша.
– О, я прыраўную, Валя!
Сказала жартам і сама ж адчула, як трывожна ёкнула сэрца. Зачырванелася.
Валянціна Андрэеўна ўбачыла гэтую чырвань на яе шчоках і адвярнулася ад веранды: яна добра ведала сваю сяброўку, яе хваравітую падазронасць.
– Было б да каго, Галя. Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Гэта мне трэба раўнаваць. Мой Кірыла штодзень ставіць цябе ў прыклад. Глядзі, кажа, як Галіна ўмее сачыць за сабою, стройная, як у дваццаць год.
– Тоўстыя заўжды зайздросцяць тонкім, – засмяялася Галіна Адамаўна, задаволеная, што яе хваляць.
З другой палавіны дома выйшла дачка Шыковічаў Іра, апранутая па-святочнаму – у яркую раскляшоную спадніцу, у белую кофтачку, белыя басаножкі. Гэтае лёгкае адзенне пасавала і да яе стройнай постаці, і да вясёлай летняй раніцы.
Іра паправіла акуляры і таксама пачала ўглядацца ў неба. Галубінай чарады яна не ўбачыла сваімі блізарукімі вачамі і, зняважліва зморшчыўшы нос, сказала:
– Яны даўно ўжо ў горадзе, вашы галубы.
– Не каркай! – кінуў з даху Віктар.
Гэта быў першы гон прывезеных з горада на дачу галубоў, і бацька з сынам моцна перажывалі – ці вернуцца яны?
Але як ні быў заняты Антон Кузьміч галубамі, ён не пакінуў без увагі сынавы словы.
– Э-э, браце мой! Ты як размаўляеш з дзяўчынай? Яна ж на пяць год старэйшая за цябе. А ты ёй – «не каркай!». Жах!
Валянціна Андрэеўна заступілася за хлопца:
– Не вялікая пані. Як яна, так і да яе. Мы тут усе на «ты». Адна сям'я.
Дзяўчына з іранічнай усмешкай зірнула на маці і пайшла па сцежцы да раўчака, што працякаў метраў за сорак ад дачы. Здалёк паклікала:
– Наташка! Хадзем на луг!
Дванаццацігадовая дачка Ярашаў сядзела на падаконніку, звесіўшы ногі на двор, і чытала, абыякавая да галубоў, да якіх учора яшчэ выяўляла інтарэс і, магчыма, зацікавіцца заўтра. Але сёння ёй было не да галубоў. Усю раніцу чытала яна «Прыгоды Гекльберы Фіна» і ўвесь час рагатала, стукаючы ад захаплення пяткамі па сцяне. Запрашэння Ірынага яна не пачула.
Галіна Адамаўна сказала:
– Наташа, цябе клічуць.
Дзяўчынка не адгукнулася.
– Наташка!
– Га!
– Схадзіце з Ірай на луг і нарвіце шчаўя.
– О божа! – цяжка ўздыхнула малая. – Што за жыццё на гэтай дачы! Старонкі не дадуць прачытаць чалавеку.
Жанчыны засмяяліся.
– Наталка! – гукнуў Яраш. – Не бурчы, свякруха. Каціся абаранкам на луг. Цябе галубы баяцца.
– Жыцця няма ад вашых галубоў. – Наташа перакінула ногі цераз падаконнік і знікла ў пакоі, Віктар паведаміў між тым:
– Ляцяць!
– Дзе?! Дзе? – затупаў па даху Яраш, ажно задрыжаў увесь дом, выхапіў у сына бінокль, радасна загудзеў: – Ага, ляцяць! Вяртаюцца. А што я вам казаў? Малаверы! – папракаў ён немаведама каго, бо ніхто нічога не казаў, калі не лічыць кароткай Ірынай заўвагі.
Чарада галубоў пранеслася над соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася на вышкі, дзе была галубятня, і, спуджаная Ярашавым свістам, зноў узвілася ўгару.
Галіна Адамаўна, па-дзявочы стройная, млява пацягнулася, закінуўшы голыя рукі за галаву.
– А хораша тут. Я даўно так не адпачывала.
– Хораша, калі гасцей няма. Кожны дзень госці. Абрыдла. Кірыла бясконца каго-небудзь запрашае. Яму сумна без гасцей. А мне гатуй ды талеркі мый цэлы дзень. Антон! – гукнула Валянціна Андрэеўна Яраша. – Рыбу лавіць пойдзем?
У Галіны зноў загарэліся шчокі. Яна баялася гэтых паходаў мужа і суседкі з вудамі да ракі, дзе густыя лугавыя зараснікі, хоць яны яшчэ ніколі не заставаліся там адзін на адзін, з імі заўсёды ішлі або Віця, або Наташа, або Іра, ці часцей усе трое. Сама яна знарок не хадзіла, каб не падумалі, што не давярае ці пільнуе. Не, ёй вельмі і шчыра хацелася быць такой, як муж, – ён ва ўсім верыць ёй, як Шыковіч, абыякавы да таго, куды і з кім ідзе яго жонка, як Валянціна. Хочацца… Але яна не можа. Яна пакутуе. І, магчыма, не столькі ад самой рэўнасці, колькі ад сораму за яе і за сябе, што яна вось такая – не як другія. Але каб ён быў не такі, яе Антон. Можа, тысячны раз яна палюбавалася яго асілкавай постаццю, што ўся імкнецца ў неба за галубамі, яго дужымі голымі рукамі, шырокім і мужным тварам, валасамі каштанавага колеру… Яна не ведае больш прыгожых валасоў. Дурні тыя, хто кажа, што доктар Яраш трохі рудаваты. Каб яны прыгледзеліся бліжэй, каб маглі пагладзіць гэтыя мяккія валасы, пачуць, як яны пахнуць, прытуліць гэтую разумную галаву да грудзей… Вось так… Яна мысленна абняла мужа. І тут жа адчула пякучы боль ад думкі, што калі-небудзь другая, чужая жанчына абнімала яго. Закружылася галава. Як праз сон да яе даляталі словы суседкі:
– Раніцай пытаю: «Прызнайся, Кірыла, каго на сёння запрасіў?» – «Нікога», – кажа. А па вачах бачу, што маніць. Уцяку на луг на цэлы дзень. Няхай сам частуе… Што з табой, Галя? Ты нездарова?
– Не. Нічога. – Галіна Адамаўна бадзёра падхапілася і засмяялася, але смех гэты гучаў дзіўна.
Яраш адарваўся ад галубоў, глянуў уніз на жонку.
– Галка! Што здарылася?
– Нічога. Вунь хто падбіраецца да вашых галубоў, – яна паказала ў неба над лугам.
Там, у вышыні, павольна кружыў коршак.
– Віця! Пакараць агрэсара. Збіць, як Паўэрса.
Бацька і сын з аднолькавым спрытам саскочылі ўніз. Віктар на міг заглянуў у пакой і выбег адтуль са стрэльбай. Хлопцу толькі нядаўна дазволілі карыстацца ёй, і ён рады быў кожнаму выпадку, каб паказаць свой паляўнічы талент. Пераламаўшы доўгае цела, траха не датыкаючыся носам да зямлі, ён смешна сігаў да раўчака, збіраючыся па зарасніку дабрацца непрыкметна да таго месца, над якім кружыў коршак. Галіна Адамаўна крыкнула:
– Віця, асцярожна! Там недзе Іра…
Яраш глядзеў услед сыну і бязгучна смяяўся. Смяялася яго цела, перапоўненае здароўем і бадзёрасцю.
Галубы ўпалі ўніз. Ці то яны адчулі небяспеку, ці, можа, убачылі, што гаспадары нарэшце пакінулі свой пост і нішто не перашкаджае заляцець у галубятню. Але яны не заляцелі адразу на гарышча, а ўсёй чарадой, шумна захлопаўшы крыламі, уселіся на парэнчы балкона, што быў зроблены над верандай з другога боку гэтага доўгага дома.
З акна паддашка высунулася лабастая галава з лысінамі-затокамі, што глыбока ўрэзаліся ў доўгія, крыху кучаравыя і моцна ўскудлачаныя белыя валасы.
– Што ў вас за гармідар такі? – хмура спытаў Шыковіч, бліснуўшы залатым зубам. – Не даяце чалавеку папрацаваць спакойна.
– Ты, Кірыла, як Наташка, – засмяялася Валянціна Андрэеўна. – Усю раніцу я хадзіла на пальчыках. Не можам жа мы хадзіць так цэлы дзень.
– Сёння нядзеля, Кірыла Васільевіч. Трэба адпачываць, – сказала Галіна Адамаўна.
Яраш хітра сажмурыўся:
– Нешта ў цябе вочы заспаныя. Няўжо ад працы?
Галава Шыковіча схавалася. Яраш і жанчыны засмяяліся. Але праз момант Шыковіч з'явіўся на балконе ў зялёна-карычневай паласатай піжаме. Пужнуў галубоў:
– Кыш, чэрці! Ужо напэцкалі, – і да Яраша: – Я табе дам – «вочы заспаныя». Эскулап ты беспардонны! Гэта ж не твая работа! Выразаў сляпую кішку, і больш ніякага клопату, ідзі ганяй галубоў.
– Няшчаснае чалавецтва! Як яно збяднее, калі не пачытае твайго артыкула. Ці, можа, свет перавернецца дагары нагамі?
– Цяпер яны доўга будуць шпіляць адзін аднаго. Хадзем купацца, Галя.
– Наташка, купацца хочаш?
Дзяўчынка выглянула з акна, крыкнула:
– Чаго хачу – таго хачу! Тут жаданні нашы, мамачка, заўсёды супадаюць. – Яна выскачыла праз тое ж адчыненае акно з ручніком і кнігай у руках.
У кустах бухнуў стрэл.
Коршак спакойна праплыў над сядзібай. Усе правялі яго вачамі. Яраш пашкадаваў:
– Прамазаў Віктар.
– Насыпце яму солі на хвост, – хмыкнуў Шыковіч з вышыні.
– Я цябе, малавера пузатага, зараз скіну з тваёй галубятні!
Адыходзячы, жанчыны пачулі, як пад цяжкімі крокамі Яраша застагналі новыя ўсходцы, што вялі на гарышча, дзе Шыковіч абсталяваў сабе кабінет. Потым, азірнуўшыся, яны ўбачылі, што кароткі Шыковіч дрыгае ў паветры нагамі, падняты дужым Ярашам.
– Пусці, чорт! Косці паломіш. Во лапы! Клешчы! Табе не хірургам трэба быць, а кавалём. Першы раз у жыцці бачу такога лекара… Адчапіся!
Задыхаўшыся, Шыковіч выслізнуў з Ярашавых рук і адкаціўся на другі бок балкона.
– Валя прасіла штодзень размінаць цябе. Глядзі, у цябе адразу знік заспаны выгляд.
– Валя выдумае! А сама лянуецца зарадку рабіць. Я хоць штораніцы паўгадзіны… нагамі дрыгаю…
– Вось іменна, дрыгаеш. Мала карысці ад тваёй зарадкі.
Яраш наблізіўся і стаў поплеч, ён быў вышэйшы на цэлую галаву. У горадзе, калі яны гулялі разам, на іх з усмешкамі азіраліся, а сябры жартавалі з іх і расказвалі анекдоты. Але гэта не шкодзіла іх дружбе.
Хвіліну яны моўчкі глядзелі на луг, дзе паміж кустоў мільгалі стракатыя халаты іх жонак і Наташы. Жанчыны ішлі да дубоў, за якімі іскрылася тысячамі сонцаў даўгаватае люстра вады. Гэта старыца ракі. Самой ракі не відаць, у незапомныя часы яна адступіла ад лесу на добры кіламетр. Відзён толькі чырвоны слуп ліхтара на беразе.
Луг не роўны і не гладкі, ён перарэзаны старыцамі-раўчакамі, канавамі, берагі якіх зараслі лазняком, на ўзгорках стаяць дубы, у зарэчнай далечы сінее лес, злева з-за хмызнякоў выглядаюць стрэхі хат. Але ўсё адно нідзе, нават у самым шырокім полі, няма такога адчування прасторы і неабсяжнасці, як тут, асабліва калі глядзець вось з такой вышыні. Дзіўна, што неба тут таксама здаецца вышэй, чым дзе ў іншым месцы. І бачыш усё адразу: зялёную зямлю і блакітнае неба. І ваду. Няхай мала яе, але яна адлюстроўвае ўсё – неба і дубы. А павярніся назад і ўбачыш яшчэ адно дзіва прыроды – лес. Цудоўны бор – сасна ў сасну – абступаў невялікую абжытую паляну. Злева, бліжэй да ручая, што аддзяляў лес ад лугу, сосны саступалі месца дубам-асілкам, якіх нямнога засталося ў нашых лясах. Каля самага бору туліліся старыя будынкі лясніцтва – кантора, хаты ляснічага, лесніка, канюшня.
Адзінокая дача – гэта вялікая і крыху нязграбная будыніна з рознымі па форме верандамі, з мансардай толькі ў адной палавіне – збудавана на мяжы лесу і лугу, пад дубамі. Шыковіч выхваляўся, што месца выбраў ён, забываючыся, што Яраш ведаў гэтую мясціну яшчэ з партызанскіх часоў.
Шыковіч стаў на пальчыкі, пацягнуўся, падняўшы рукі, глыбока ўдыхнуў паветра. Яму хацелася сказаць каторы раз:
«Эх, які маляўнічы куток! Рыўера! Ухвалі мой густ ты, эскулап!» Але на гэты раз ён знайшоў іншую форму:
– Здаецца, што тут нават паветра больш, чым дзе… Якое неба! А?
– Больш кіслароду.
– Для мяне – паветра, для цябе – кісларод. Гэта ж табе не кіслародная палатка. Мне здорава спіцца тут, – Шыковіч весела засмяяўся. – У цябе вострае вока. Я такі праўда задрамаў над сваім артыкулам.
– А мы ўсю раніцу хадзілі на пальчыках. Кірыла творыць, – іранічна пасміхнуўся Яраш.
– Гэта ты хадзіў на пальчыках, хлус няшчасны? Свістаў, як Салавей-разбойнік. Ты пісаў калі-небудзь публіцыстычныя артыкулы?
– Не, дзякуй Богу.
– То-та. Гэта пакута. Асабліва на заказаную тэму. Скажы, у цябе было, калі ты хочаш зрабіць лепш, адчуваеш, што можаш зрабіць, а не выходзіць? Атрымліваецца нейкая жвачка. Нудная жвачка.
– Калі пісаў дысертацыю, было. У рабоце – не. Жвачка ў нашай рабоце – барані божа!
Шыковіч на нейкі момант сур'ёзна задумаўся.
– Я разумею. Відаць, чым больш адказнасці, тым работа цікавей.
– Хіба ты пішаш без адказнасці?
– Чорт яго ведае. Часам мне здаецца, з малой адказнасцю. – І раптам крыкнуў: – Бачыш?
– Што?
– Вясёлка! Маленькая вясёлка каля дуба. Відаць, Наташа пырскае пад берагам. Іх не відаць, а вясёлка ззяе. Хораша! Ці не пайсці і нам пакупацца? – І сам сабе рашуча адказаў: – Не! Трэба дапісаць гэты злашчасны артыкул. Жывіцкі спусціць з мяне тры скуры, калі заўтра не здам.
Аднак замест таго каб пайсці працаваць, Шыковіч адышоў ад парэнчаў і паваліўся ў шэзлонг, з асалодай пацягнуўся, выставіўшы з-пад піжамных штаноў валасатыя ногі. Заплюшчыў вочы і сказаў:
– Трэба пісаць. А то ж мае быць яшчэ выпіўка. Я запрасіў у госці Гукана.
Яраш зарагатаў. Сябра паглядзеў на яго з няўцямным здзіўленнем.
– Я толькі што чуў, як Валя скардзілася, што няма ніводнага дня, каб ты не запрасіў гасцей.
– А-а.
– Ты ставіш жонку ў цяжкае становішча. Запрасіў – і маўчыш.
– Маўчу. Бо, па-першае, люблю экспромты. А па-другое, маю правіла: лепш выслухаць жончыну мараль пазней, чым раней. Няхай думае, што чалавек заглянуў выпадкова, і ўсё абыдзецца ціха.
– На д'ябла табе Гукан?
– Навошта мне Гукан? – Шыковіч прыўзняўся на руках, з натугай выбраўся з глыбокага шэзлонга, чартыхнуўся, падышоў да Яраша, які спакойна сядзеў на парэнчах і глядзеў на бор.
– Даўно не гутарыў з ім душэўна. Год шэсць ужо. Цікава, ведаеш… Як ён змяніўся? У які бок? Адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах. А як ён? Ён, брат, з цвердалобых. Цікава, як ён ставіцца да сваёй кнігі. Да нашай кнігі, якую мы разам пісалі. Ён – аўтар, я – літапрацоўшчык. Я, напрыклад, многага не пашкадаваў перакрэсліць з таго, што пісаў тады. І гэтую кніжачку мне хочацца ператрэсці грунтоўна. Але трэба ведаць, як глядзіць ён, аўтар. Калі трымаецца тых жа поглядаў на падполле – да ліха! Я, апрацоўшчык, разграмлю яго.
– Ого! – іранічна выгукнуў Яраш, не адрываючы позірку ад верхавін сосен. – А ці не будзе гэта смеласцю п'янага зайца, Кірыла?
Ад піжамы Шыковіча адляцеў гузік і пакаціўся па падлозе. Расхінуўшы піжаму, заклаўшы пад яе, за спіну, рукі, ваяўніча выставіўшы пукаты жывот, Шыковіч змерваў магутную постаць сябра знішчальным позіркам.
– Каб я цябе менш ведаў, я даў бы табе па мордзе за такія словы! У розных ролях мне давялося быць, але ў ролі п'янага зайца я ніколі не быў! І не буду! Май на ўвазе! Цяпер, калі я ведаю ў дзесяць разоў больш, чым дзесяць год назад, калі пісалася кніга, мяне абурае тая ацэнка, якую дае падполлю Гукан. Ты глядзі, што выходзіць. Выходзіць, што да яго, Гуканавага, прыходу ў горад партыйнага падполля не было… Ніякай арганізацыі… Ён не ўспамінае нават людзей, якія загінулі. І якія жывуць… Цябе…
Твар у Яраша змяніўся: зніклі складкі іранічнай усмешкі каля рота, спакой, задаволенасць, з'явіліся спахмурнеласць і пакута, быццам чалавеку штосьці забалела раптам. Ён ціха сказаў:
– Мая роля ў падполлі другарадная. А што да іншых… Калі забыліся тады, то ці варта варушыць гэта цяпер? Праз семнаццаць год! Варушыць мёртвых?
Калі Шыковіч, увогуле спакойны чалавек, абураўся, ён пачынаў махаць рукамі і крычаць.
– Антон! Мне сорамна чуць гэта ад цябе! Такія мёртвыя не паміраюць! Яны павінны жыць, стаяць у адным страі з намі! І змагацца! Не было герояў безыменных!.. Гэта сказаў чалавек, які сам аддаў жыццё. Ты забыўся? – Шыковіч ірвануўся ў адчыненыя дзверы і праз момант вярнуўся з кніжкай у руках. – Вось… «Цярпліва збірайце сведчанні аб тых, хто загінуў за сябе і за вас…» Фучык! За сябе і за нас! А ты – «не трэба варушыць мёртвых». Камусьці, мабыць, хочацца, каб мёртвыя маўчалі. Але ты… Навошта табе?
– Я не люблю ўспамінаць сваю падпольную дзейнасць, ты ведаеш. На маю долю выпадала самае цяжкае.
Яраш адвярнуўся, упёрся рукамі ў парэнчы так, што пабялелі костачкі пальцаў, і глядзеў на луг. Пад дубамі, па беразе старыцы хадзіла жанчына ў купальным касцюме. «Валя ці Галя?» – падумаў ён, стараючыся пазнаць. І адчуў нейкі дзіўны прыліў вялікай любві і замілаванасці да жонкі, да дзяцей, да сям'і Шыковіча – да ўсіх добрых людзей і да гэтай цудоўнай прыроды, да зямлі і да неба. Да ўсяго на свеце. Чалавек ён быў сентыментальны, і ад гэтай замілаванасці вочы яго сталі вільготныя. Каб схаваць сваю слабасць, не паварочваючыся, сказаў сурова:
– А папрокаў такіх мне не кідай! Я тых людзей не забываю.
Шыковіч узяў яго за плячо і прымусіў павярнуцца.
– Не забываеш? – спытаў мякка і раптам груба адштурхнуў ад сябе і зноў закрычаў: – А што ты зрабіў, каб подзвіг іх стаў вядомы?! Каб расказаць пра іх Віктару, Ірыне, Наташы? Новаму пакаленню?
– Не кожны ўмее расказваць.
– Ты ўмееш! Але табе перашкаджае твая хірургія.
– Ну-у, ведаеш…
– У цябе гуманная прафесія. Ты збаўляеш людзей ад пакут. І табе здаецца, што гэтым ты ўзводзіш помнік сваім сябрам.
– Але. Няхай гэта банальна, па-газетнаму… Але ўрэшце нашы добрыя справы… Сапраўды, толькі яны могуць стаць помнікам.
– Добрыя справы часам рухаюцца нашым эгаізмам і самалюбствам. Я хацеў хутчэй закончыць аповесць і адмахваўся нават ад таго, каб напісаць фельетон у газету і памагчы людзям… А ў цябе адна дысертацыя, цяпер – другая… Аперацыі… Справы добрыя ўсе… І ты выдумаў сабе філасофію… За яе лёгка схавацца. Працуеш ты – дай бог кожнаму. Але падумай, як было б крыўдна і несправядліва, каб, напрыклад, гісторыя абароны Брэсцкай крэпасці так і засталася пахаванай пад яе руінамі…
Шыковіч неяк дзіўна, бокам, адкаціўся да дзвярэй, стаў у іх вузкім праёме, упёршыся локцямі ў вушакі. Ён гарэў жаданнем паспрачацца. І не дзеля таго, каб нешта даказаць свайму апаненту, а хутчэй, каб зарадзіць, распаліць самога сябе. Ён чакаў, што адкажа Яраш. Але Яраш адчуваў праўду ў яго словах, хоць з нечым і не згаджаўся. Ды гэтае «нешта» нялёгка было яму адразу выказаць, бо ўвогуле ён не любіў і не ўмеў спрачацца.
Ён сказаў пасля паўзы:
– Я першы напісаў, што не згодны з вашай кнігай.
– А пасля – у кусты? Так? – саркастычна прыжмурыў свае маленькія вочкі Шыковіч.
Яраш глыбока ўдыхнуў паветра і рушыў да яго.
– Не будзь, Кірыла, як кажа мая Наташка, разумны задам. Я вось што скажу табе, – ён узяўся левай рукой за адчыненыя дзверы. – Калі гэтага гарэння ў цябе не на адзін дзень, калі ты сур'ёзна хочаш заняцца нашым падполлем, вось табе мая рука. – Шыковіч паціснуў працягнутую руку. – А калі ты паклікаў Гукана, каб паказаць перад ім сілу «вызваленага негра», папсаваць старому чалавеку нервы, я ў такой гульні не ўдзельнічаю. Нягледзячы на яго кнігу, я паважаю Гукана. Чалавек ваяваў добра і папрацаваў – дай бог кожнаму, як ты кажаш. Ідзі пішы свой артыкул. – Яраш жартаўліва ўпіхнуў сябра ў пакой.
2
Гукан на абед не прыехаў.
Кірыла, шумны з раніцы, вясёлы і лагодны пасля заканчэння свайго артыкула, пачаў хмурнець і злавацца. Знарок сказаў жонцы, што запрасіў у госці старшыню гарсавета.
Валянціна Андрэеўна надзвычай тонка адчувала мужаў настрой, а таму не ўпікнула ніводным словам.
– Калі ласка. Абед у нас з Галяй добры. Пачакаем.
Кірыла паглядзеў на гадзіннік, яму хацелася есці, можа, таму і злаваўся. Пайшоў да Яраша, які ляжаў каля ручая пад дубам і чытаў часопіс на ангельскай мове.
– Хам.
– Хто? – Ярашу чамусьці зрабілася смешна, і ён закрыў твар далонямі.
– Калі я быў патрэбны яму, тады ён знаходзіў мяне ўсюды. Я знарок прасіў у рэдактара камандзіроўкі ў самыя далёкія куткі. Ён адклікаў назад і яшчэ папракаў, што я не маю партыйнага сумлення. «Гэта не мая кніжка. Гэта партыйнае даручэнне. І мне, і табе». Вось як!
– Юпітэр, ты злуеш… І паўтараю: не падабаецца мне твой намер. Запрасіць чалавека, каб…
– Дальбог, а запрашаў шчыра. І пагутарыць хачу шчыра. Нарэшце, чаму ты думаеш, што за гэтыя гады погляды яго не змяніліся? Усё змянілася.
– А калі шчыра, то цярпліва чакай і, як добры гаспадар, выбач. Мала чаго мог затрымацца чалавек. Ты сам не такі ўжо акуратны.
– Есці хачу.
– Табе карысна пагаладаць.
Кірыла лёг на спіну, палажыўшы рукі пад галаву, смачна пацягнуўся. Доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі, але ён ніяк не мог убачыць іх і са смуткам падумаў, што слабее зрок. Непрыкметна прыходзіць старасць. Хацелася пафіласофстваваць на гэтую тэму. Але Яраш уважліва чытаў. Кірыла паглядзеў на сябра і не адважыўся перашкаджаць. Жыла ў ім павага да людзей, якія чытаюць на замежнай мове. Павага і зайздрасць. Ён шкадаваў, што быў гультаём і не вывучыў ніводнай мовы. Праўда, тут жа знаходзіў апраўданне: яго пакаленню было не да таго. А хіба Яраш не з яго пакалення?
Неяк Яраш сказаў, што не позна запоўніць гэты прабел цяпер. Не позна! Куды к чорту! Няма калі пачытаць на роднай мове, не тое што вучыць чужую.
А неба… неба якое сёння! Яснае, яно ніколі, аднак, не бывае аднолькавым, мае тысячы адценняў. І адценні гэтыя мяняюцца на вачах. Вось як цяпер. І хмаркі-аўчынкі заўсёды розныя – па форме, па абрысах. Гэтая, што плыве над лясніцтвам, падобна на… На што? На прычоску Элы, машыністкі рэдакцыі. Кірыла сумна ўсміхнуўся: ён не вельмі багаты на метафары і параўнанні. Заўсёды пакутліва шукаць іх, каб былі трапныя, арыгінальныя. Ён вінаваціць газету – яна засушыла. Нават доўга любавацца небам ён ужо не можа, стамляецца. Натура яго прагне дзейнасці, хоць якой-небудзь.
– Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку… Давай расціснем. Употай. А за абедам, на здзіўленне сваім «Богам падараваным», будзем піць адно кісленькае віно.
Яраш засмяяўся:
– У цябе авантурны характар, Кірыла.
Абедалі разам, за агульным сталом, як рабілі часта, на верандзе ў Ярашаў, бо ў такі час дня там быў цень. Толькі Іра за стол не прыйшла.
– Яна перакусіла, – адказала Валянціна Андрэеўна на мужава запытанне.
Кірыла абурыўся. Яго злавала стаўленне дачкі да іх калектыву. Ён знарок будаваў дачу разам з Ярашам, каб лягчэй было змагацца «з сямейным эгаізмам», а галоўнае – з індывідуалізмам дзяцей. Праявы такога індывідуалізму насцярожваюць, хоць выяўляецца ён у дачкі і сына супрацьлегла, па-рознаму.
– Гэтая твая неарганізаванасць корміць іх эгаізм, – папракнуў Шыковіч жонку. – Але, ты яго падаграваеш! Што ім да другіх, да парадку! Парадак – гэта для бацькоў. А для іх – анархія. Захацела – паела, і бывайце здаровы. Ніякіх турбот. Мама нагатавала, мама і талеркі памые…
Галіна Адамаўна не баялася дрэннага ўплыву дзяцей Шыковічаў, старэйшых па ўзросту, на яе Віктара і Наташу. Але не любіла, калі пры малых залішне многа гаварылі пра эгаізм і ўвогуле пра выхаванне. Ёй заўсёды не падабаліся па сутнасці сваёй правільныя, глыбакадумныя разважанні Шыковіча ў прысутнасці дзяцей. Яна лічыла, што выхаванне – такі хітры механізм, які павінен быць заўсёды схаваны і разам з тым ні на міг не спыняцца, не грымець, не ляскаць, не дыміць, не чадзіць, але працаваць безадказна. Яна сказала, як бы між іншым, раскладаючы відэльцы і нажы:
– А ты паказвай прыклад.
І быццам кальнула Кірылу відэльцам у бок. Ён з грукатам ад'ехаў на крэсле ад стала, усхапіўся.
– Не, ты слухай… Выходзіць, ва ўсім вінаваты я! У чым, хацеў бы я, каб мне растлумачылі. Што я – труцень, лежабок, спекулянт, злодзей? Чорт вазьмі! Я працую дзень і ноч. Сумленна, шчыра. Не крыўлю душою. Не краду. Што можа ўкрасці пісьменнік? Рэдка нават падхалімнічаю.
– Але – бывае? – з іроніяй спытаў Яраш, адкаркоўваючы бутэльку віна.
– Часцей перад жонкай.
– А як жа… Нешта я не адчуваю, – адгукнулася Валянціна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з пакоя, дзе працірала кілішкі.
– Не, без жартаў… «Паказвай прыклад». У чым, дарагая Галіна Адамаўна? Хто скажа, што я даю благія прыклады? Што ўрэшце галоўнае ў фармаванні чалавека? Праца. Я працую. І ты працуеш! – крыкнуў ён жонцы. – Дык чаму нашы дзеці не навучыліся працаваць? Чаму растуць эгаістамі? Вось што мяне хвалюе…
– Твае дзеці не горшыя за іншых, – сказала гэта Валянціна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з'явіўшыся на парозе з кілішкамі і шклянкамі ў руках.
– Не горшыя… Супакоіла. Вось так заўсёды сваёй неразумнай любоўю ты разбураеш тое, што я ствараю.
– Няпраўда. Пры дзецях я ніколі не пярэчу. Але ты часцей гаворыш гэта мне, чым ім.
– Словы нічога не значаць, – зноў жа нібы так сабе, між іншым, кінула Галіна Адамаўна.
Шыковіч узмахнуў рукамі, як ястраб крыламі.
– Вось табе, калі ласка! А я, дурань, усё жыццё верыў у вялікую сілу слова. Жыў за слова, карміў дзяцей…
Наўрад ці чула Галіна Адамаўна, яна пайшла на кухню па стравы. Кірылу даўно ўжо злаваў гэты яе спакой. Ён добра ведаў, што яна зусім не такая спакойная, што яна ў дзесяць разоў больш нервовая, чым яго жонка. Неўраўнаважаная, раўнівая… А вось у размове з ім, асабліва калі размова пераходзіць у спрэчку, трымаецца заўсёды як каралева: з вышыні кідае бясспрэчныя ісціны. Яна пайшла – і Кірылу расхацелася шумець і спрачацца. Цяпер толькі ён прыкмеціў, які доўгі, нязграбны Віктар. Кожны раз, калі пры ім дарослыя пачыналі гаварыць пра выхаванне дзяцей, ён саромеўся, чырванеў, губляўся, быццам размовы такія абражалі хлопца. Наадварот, Наташа слухала іх, разявіўшы рот. І цяпер яна сядзела на ўсходцах ганка, глядзела ў кніжку, а вухам лавіла кожнае слова дарослых. Ёй вельмі хацелася, каб выказаўся яе тата. Яна была ўлюбёна ў свайго бацьку. Але яго, здаецца, цікавіў адзін стол: як заўсёды, ён наводзіў на ім парадак і прыгажосць. Ні мама, ні цётка Валя не ўмеюць гэта рабіць лепш за яго.
Калі Галіна вярнулася і паставіла на стол талеркі са смажанымі лісічкамі і салату са свежых гуркоў, Кірыла сказаў памяркоўна, прымірэнча:
– Я толькі адзін магу зрабіць вывад: залішне многа выгод даём мы дзецям. Відаць, трэба даваць менш. Як мой бацька нам…
Тут не вытрымала Наташа:
– Няпраўда, дзядзька Кірыла! Дзецям трэба даваць усё! На тое яны дзеці.
Усе засмяяліся з яе непасрэднасці.
– Давайце за стол, філосафы, – запрасіла Валянціна Андрэеўна.
Пасля абеду нахмарыла. Неяк непрыкметна і хутка зацягнула неба высокая лёгкая воблачнасць. Але па-ранейшаму было бязветрана; хмары не прынеслі свежасці, яны апусцілі на зямлю млявую парнасць. Замерлі дрэвы, нават трапяткая асіна над ручаём сцішылася. Заснула на раскладушцы Наташа, упусціўшы на траву кнігу і звесіўшы руку.
Кірыла, стомлены абедам, драмаў у шэзлонгу, праз сон кідаючы асобныя словы ў размову жанчын і Яраша, часам неўпапад. Гэта іх смяшыла. Смех будзіў знясіленага чалавека, ён расплюшчваў вочы, пагражаў пальцам, мармытаў:
– Як Бог пакараў Хама, што смяяўся з соннага… ага? – І галава яго зноў падала на грудзі.
– Парыць на дождж. Будзе брацца рыба, – сказаў Яраш і пайшоў з Віктарам збіраць рыбацкія прылады.
Збіраў знарок доўга, каб даць сябру крыху падрамаць. А потым нарабіў грукату на верандзе, закрычаў:
– Кірыла! Даволі дрыхнуць! Хадзем вудзіць.
Шыковіч у адказ уцягнуў у шэзлонг ногі і павярнуўся на бок. Але Валянціна Андрэеўна са смехам перакуліла шэзлонг, выкінуўшы мужа на зямлю.
– Ідзі, ідзі. Няма чаго пуза гадаваць. Цягні яго, Антон.
Сухое сена (на ўзгорку ляжалі першыя пакосы) разлівала далёка навокал не толькі густы водар, які п'яніў, але і асаблівую цяплынь, якая ўзнімала настрой, будзіла фантазію, уяўленні і ўспаміны маленства. Млявасць была ад нечага іншага, можа, ад тонкага водару кветак у нізінах ці едкага паху выкінутых на бераг водарасцяў, ілу і малюскаў.
Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Толькі каля травяністага берага нябачныя мошкі ці вадзяныя жукі чарцілі на гэтай гладзі адмысловыя іерогліфы. Рыба лягла на дно – ніводнага ўсплёску. Пакуль Віктар не разбудзіў цішу і гладзь блешняй спінінга. І адразу возера ажыло: разышліся кругі, быццам несучы сігналы небяспекі; з травы вылецела качка, кракнула і ўпала ў лазняках; пад абрывам плёснула, нібы кінулі вялікі камень.
– Шчупак! Тата, бачыў, які шчупак? – азартна крыкнуў Віктар і пачаў кідаць у тое месца блешню. Калі круціў катушку, дзіўна пераламваў сваю доўгую нязграбную постаць, здавалася, што вудзільна пратыкала яго худы жывот наскрозь.
Мужчыны пастаялі, паглядзелі. Шыковіч прапанаваў тут жа і павудзіць – ленаваўся ісці далей, ён абліваўся потам.
– Гэтая лужына як заварожана… Браканьерамі… Колькі яны выцягваюць сеткамі рыбы! А я на вуду і спінінг не ўзяў ніводнай маляўкі, – сказаў Яраш.
І яны рушылі далей. Адзін Віктар застаўся ганяцца з блешняй за няўлоўным шчупаком.
Рака дыхнула вільготнай свежасцю і прахалодай. Пахла дажджом. Набліжэнне яго заўсёды выразней адчуваецца каля ракі. Недарма ў народзе кажуць: рэкі прыцягваюць дождж. Рэкі і лес. Але рыбаловам здалося, што сама рака цягнецца, узнімаецца ўсёй сваёй вільгаццю насустрач далёкаму дажджу.
Яраш умеў не толькі любавацца прыродай, ён заўсёды стараўся ўспомніць ці выявіць законы яе з'яў. Шыковіч, нягледзячы на сваю прафесію, не любіў глыбока пранікаць у сутнасць гэтых з'яў. У хвіліны адпачынку ён як бы выключаў свой розум, даючы поўную волю пачуццям. Апынуўшыся на высокім беразе над вірыстай плынню, ён узмахнуў рукамі, быццам жадаючы паляцець, прагна ўдыхнуў рачную прахалоду і ад захаплення галёкнуў:
– О-го-го! Хараство-о-о! – і сеў на спаленую жорсткую траву, звесіўшы з абрыву ногі. – Нікуды далей не іду. Вось тут маё месца. – Кінуў уніз вуду і сам з'ехаў на спіне па пясчаным адхоне; каля самай вады, на мокрым пяску, не сеў, а лёг, раскінуўшы, як забіты, рукі і ногі.
Яраш, пасміхаючыся з яго дзівацтваў, ледзь пераканаў, што тут рыба не бярэцца і сядзець на гэтым месцы – марна траціць час. А вось ён ведае мясціну, дзе акуні самі лезуць на кручок.
Сцежка вяла праз густы лазняк, што парос на пясчаных наносах. Лазіны сцёбалі па твары, па руках. Кірыла лаяўся:
– Ты, эскулап, знарок мяне цягаеш па гэтым гушчары. Каб я больш нагінаўся. Цябе Валя падкупіла? Прызнайся.
Яраш смяяўся, ідучы наперадзе. Выйшлі з лазнякоў. Яраш спыніўся і расчаравана свіснуў.
– Захапіў нейкі тып наша месца.
Бераг тут паніжаўся. Наперадзе працякала лугавая крынічка: яна жывіла сенажаць, даўжэй трымаючы разліў, а таму і ўлетку, калі на сухадолах пабляклі ўжо фарбы, пойма яе вабіла вока веснавой свежасцю. Каля лазнякоў, дзе спыніліся крыху расчараваны Яраш і абыякавы Шыковіч, над негустым разнатраўем ужо ўзвышаліся мяцёлкі цімафееўкі і лісахвосту, кастрыцы і шчаўя. І толькі зязюліны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалі свае дробныя яркія кветкі. А там, ніжэй, усё яшчэ цвіло, кожная травінка; жоўтыя, чырвоныя, ліловыя, васількова-сінія, блакітныя кветкі, зліваючыся ў дзівосны вясёлкавы колер, закрывалі яркую зелень травы.
І там, на мысе, дзе ручай уліваўся ў раку, пад вярбой сядзеў той, што захапіў улюбёнае месца Яраша.