355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далоні » Текст книги (страница 16)
Сэрца на далоні
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 00:57

Текст книги "Сэрца на далоні"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 28 страниц)

Грак раптам без прычыны закашляўся. На тварах тых, хто сядзеў на першых лаўках, Шыковіч убачыў хітрыя ўхмылкі. На што яны рэагуюць так – на яго словы ці на старшынёў кашаль?

Слухалі ўважліва, а апладзіравалі стрымана. Шыковіча гэта не збянтэжыла, ён з вопыту ведаў, што ў вёсцы амаль заўсёды гэтак: сяляне не любяць лішняга шуму.

Грак адразу падхапіўся:

– Дазвольце, таварышы, ад вашага імя…

– Можа, пытанні ёсць? – перапыніў яго Шыковіч.

– Пытанні ў каго ёсць? – амаль злосна ўжо выгукнуў старшыня.

– Ёсць! – падняў руку высокі мужчына сярэдніх год.

– Што там у цябе, Казімір?

– Тут вы нам, таварыш лектар, добра ўсё расказалі. Дзякуй вам. Але я вось наконт перабудовы. Вы нас папракнулі, што закапаліся мы ў гразі ды балоце і свету не бачым. Жывём, як пры цару Гароху, і лепшага не жадаем. А гэта няпраўда! Кожны з нас з радасцю збудаваў бы новую хату. Але як? Парайце нам! Я не кажу ўжо, што на наш працадзень не разгонішся… Але матэрыялы – во дзе яшчэ загвоздка. Дзе іх узяць? Вось я, напрыклад, толькі ўлез у новы дом. Дык гэта ж можна цэлую кніжку вам напісаць, як я будаваўся. Паўгода хадзіў, пакуль лес выпісаў. Не адну пару ботаў стаптаў. У лапцях жа не пойдзеш цяпер, нямодна. Больш тое хаджэнне сажрала грошай, чым сам лес.

– Карацей, Казімір! – кінуў нецярпліва старшыня.

– Няхай скажа! – пачуліся галасы.

– Ды я каротка. Адным словам, надумаў я накрыць свой дом шыферам, каб як у людзей. Дык зноў хадзіў-хадзіў я за тым шыферам, месяцы тры хадзіў, ды так нічога і не выхадзіў. Надраў гонты. Дык вось вы скажыце, як будзе з лесам, цэглай, шыферам для сяла. Гэта ўсіх цікавіць.

Як будзе? Будзе з кожным годам лепш і лепш, мог адказаць Шыковіч. Гэта бясспрэчна. Аб гэтым напісана ў Праграме. Але калі ён хоча быць канкрэтным і пераканальным, то, напэўна, яму трэба ведаць больш: як будзе развівацца вытворчасць будаўнічых матэрыялаў у вобласці, у раёне? Нарэшце, што можна зрабіць у самім калгасе?

Шыковіч падумаў, як многа павінен ведаць дакладчык па Праграме, як дэталёва ён павінен рыхтавацца ў залежнасці ад слухачоў. І шчыра сказаў пра гэта. Яго зразумелі. Ён гэта ўбачыў па добрых даверлівых усмешках. А калі сказаў, што перабудова вёскі настолькі важная справа, што яна павінна набыць дзяржаўны размах, стаць першаступенным клопатам калгаса, саўгаса, сельсавета, раённых арганізацый, то стрыманыя сяляне нечакана для яго горача запляскалі ў далоні.

– Раскажыце, што вы пішаце цяпер! – выгукнуў з гушчы моладзі звонкі голас.

Была гадзіна ночы, а людзі, здавалася, і не думалі разыходзіцца, нібы чакалі, што ён скажа ім яшчэ нешта самае цікавае. Нечакана пераключыліся на літаратуру. І гэта ім таксама цікава.

– Што я пішу? Нядаўна я скончыў аповесць пра людзей сяла. Цяпер мяне захапіла барацьба падпольшчыкаў нашага горада ў часе фашысцкай акупацыі. Збіраю матэрыял для дакументальнай аповесці. Між іншым, калі сказаць праўду, то з гэтай мэтай я і прыехаў да вас. Адна з былых падпольшчыц жыве ў Загаллі.

Зала варухнулася. Зашапталіся, пытаючы адзін у аднаго:

– Хто?

– Хто?

Шыковіч схамянуўся. Адказваючы шчырасцю на шчырасць сваіх слухачоў, ён выдаў тое, чаго, магчыма, гаварыць не варта было, тым больш без згоды чалавека.

«Сказаць ці не сказаць?» – у разважлівасці Кірыла выйшаў з-за трыбуны, наблізіўся да краю сцэны. Не, не сказаць нельга. Ды і ўсё адно здагадаюцца, калі даведаюцца, да каго ён хадзіў адразу, як прыехаў.

– Сухадол, Клаўдзя Сідараўна.

Зала ў адзін голас ахнула ад здзіўлення і загудзела, як разварушаны вулей.

Такія сустрэчы не забываюцца! Яшчэ больш кранула Кірылу, калі пасля таго, як незадаволены Грак посна падзякаваў яму за даклад і людзі пачалі разыходзіцца, яго раптам акружыла моладзь, і чалавек, можа, дваццаць працягнулі кнігі – яго, Шыковіча, кнігі – з просьбай напісаць на памяць.

– Гэта ў вашым сельмагу пылілася столькі маіх кніг? – пажартаваў аўтар.

– Не. У нас не было. Трышка ў раён з'ездзіў і там знайшоў, на базе.

– У раён? Сёння?

Калгасны касір і бібліятэкар, хлапчына хваравіты (у маленстве перанёс параліч), як пасля даведаўся Шыковіч, кінуўся ў чарговую машыну, якая везла збожжа, тросся трыццаць кіламетраў туды, трыццаць назад, каб знайсці на базе райсаюза і прывезці ў вёску два дзесяткі кніжак.

Шыковічу нават ніякавата зрабілася. А ці варта яго кніга, каб за ёй так ездзілі? А раптам прачытаюць гэтыя юнакі і дзяўчаты і будуць шкадаваць патрачаных грошай, якія нялёгка зарабляюцца, часу?

Начаваць яго запрасіў стары. Ішлі па начной вуліцы, маўчалі. Кірыла падумаў, што стары, мабыць, выконвае павіннасць, даручаную яму старшынёй, і не вельмі задаволены начлежнікам. Але прыйшлося яшчэ раз здзівіцца, калі хату ім прыветліва адчыніла тая самая бухгалтарка, што так непрыязна глянула, калі ён сказаў, што хоча пісаць пра Сухадол.

На стале стаяла позняя вячэра і пляшка вішнёвай настойкі. Перад дакладам ён так і не паспеў павячэраць – прасядзеў у Клаўдзі Сідараўны.

– Хведара няма? – спытала жанчына.

– Пакрыўдзіўся твой Хведар. Далі яму перцу. Ажно чмыхнуў, – весела і задаволена засмяяўся стары.

Шыковіч зразумеў, што размова ідзе пра старшыню.

Гаспадар хаты – нізкі ростам, хударлявы, з паголенай барадой, але пышнымі рудаватымі вусамі. Вусы гэтыя, аднак, не старылі, а, наадварот, маладзілі яго. Цяжка было сказаць, колькі яму год.

– Сядайце, Кірыла Васільевіч, – ласкава запрасіла гаспадыня.

– Прабачце, але мы нават не пазнаёміліся там як мае быць, – збянтэжыўся Шыковіч.

– Кацярына маё імя. А гэта мой бацька, Халімон Дзям'янавіч.

Стары, не трацячы часу, разліваў настойку ў чаркі. А Кацярына палівала госцю на рукі. Але за перагародкай заплакала дзіця, і яна ўміг забылася на ўсе свае абавязкі гаспадыні.

– Сядайма, таварышок, яе не дачакаешся.

Халімон Дзям'янавіч быццам спяшаўся без дачкі выпіць. Перакуліў чарачку – і загаварыў сцішаным голасам:

– Ета мая малодшая, Кацярына. Два сыны, Павел і Дзям'ян, з вайны не вярнуліся. Дужа гаравала старая. Усё чакала Дзям'яна. Не верыла, значыцца… Тут адзін у нас гадкоў, можа, пяць як з'явіўся… Там, у іх, быў… Старая, царства ёй нябеснае, тры гадкі, як праставілася. Яшчэ сын ёсць, Іван. Дык той пасля арміі ў Данбас паехаў. Не хочуць, таварышок, у калгасе… Во бяда. Я тут сваруся з каторымі. Хто хлеб будзе вырошчваць, чортавы дзеці? Закусвайце. Памідорчыкі, гурочкі. Свае. О, на ента я масцер. Яшчэ ў пана Пячэгі гароднікам служыў…

– Колькі ж вам год? – зацікавіўся Шыковіч.

Стары задаволена засмяяўся і зноў наліў чаркі:

– Адгадайце.

– Ды так шэсцьдзесят. Можа, з маленькім хвосцікам.

Стары зморшчыўся так, быццам хацеў пырснуць вясёлым і гучным смехам, ды стрымліваў сябе.

– А хвосцік енты дванаццаць гадкоў.

– Семдзесят два? – шчыра здзівіўся госць.

– Ага ж. Пражыў, таварышок, дзякуй Богу, усяго на свеце пабачыў і пачуў. Першым калгаснікам быў. Во! – сказаў ён сур'ёзна, з гонарам. – А цяпер Хведар кажа… Учора ета мы з ім за чубкі счапіліся… Цябе, кажа, Халімон, трэба пасадзіць за такія словы, каб ета ў трыццаць сёмым ты сказаў. А што я сказаў? Не пабудуем, кажу яму, Хведар, мы з табой камунізму. А як ён сказаў, што пасадзіць мяне трэба, ды я яму і кажу: навучыся, кажу, ты лепш памідоры ды буракі садзіць, а не людзей. – Стары хіхікнуў, задаволены, мабыць, сваім адказам.

З бакоўкі выйшла Кацярына.

– Што гэта вы тут гародзіце, тата?

– А што, хіба ж не праўду кажу? – узлаваўся раптам бацька.

– Цішэй, Паўліка разбудзіце. – Жанчына прысела каля стала, спытала: – Што ж гэта вы не выпіваеце, Кірыла Васільевіч?

Шыковіч падняў чарку:

– За вас і вашага сына.

Яна ўзяла і наліла сабе колькі кропель настойкі.

– А я за Лёню вып'ю. За мужа. Каб усё добра было. Ён паехаў у інстытут здаваць. На завочнае. Гэта ён бухгалтарам у нашым калгасе. А я замяшчаю. – Яна як ведала, што Шыковічу з самага пачатку карцела спытаць, дзе бацька малога, ды ён не адважваўся, каб не апынуцца ў няёмкім становішчы: усялякія акалічнасці бываюць.

У гэты раз стары не дапіў свае чаркі, настойка перастала яго цікавіць. Больш цікава яму было скончыць думку. Пазіраючы не вельмі добразычліва на дачку, мабыць, баючыся, што яна перапыніць, ён працягваў свае разважанні:

– Вы, таварышок, вас я слухаў… Дужа ладна вы гаварылі. Красіва. На Хведара кіўнулі правільна. Але мала. Яму трэба хіба так кіўнуць! Няма ў яго етай самай, як вы сказалі, праспякцівы. Няма! Во бяда…

– Ды і няма перспектывы, – нечакана згадзілася Кацярына. Стары, яўна здзіўлены, змоўк. – Мне Лёня скардзіўся. Ды і сама я, як улезла ў гэтую бухгалтэрыю, пасядзела там у праўленні… Вы ведаеце, Кірыла Васільевіч, застылі мы на месцы. Паглядзіце, што робіцца. Мы не пагарэлі ў вайну. А таму ў першыя пасляваенныя гады наш калгас быў ледзь не самым багатым у раёне. Па кілаграму хлеба на працадзень. Усе нарыхтоўкі выконвалі. Грак лепшым старшынёй лічыўся. І цяпер шчэ нос задзірае. А летась таксама далі адзін кілаграм. Ды і ў гэтым больш не дамо. Якая ж будзе ў людзей перспектыва?

– Во-во! – падхапіў стары. – Я і кажу яму: па такім працадні мы далёка не заедзем. А ён мне кажа: за такія словы…

– Муж мой неяк гаварыў, што аджыла ўжо сябе гэтая форма ўліку. Бязлікі ён стаў, працадзень. Рысачка на паперы. Стаўлю я іх у табелі, і самой мне здаецца ўсё гэта несур'ёзным нейкім. Ненавуковым.

– Дык пераходзяць жа на грашовую аплату. Гарантыйную, – сказаў Шыковіч.

– А дзе іх узяць, грошай? Гэта хто блізка ад горада. А ў нас выгадаваць свінню ў паўтара раза даражэй абыходзіцца, чым мы маем за яе.

– Дык што, па-вашаму, трэба зрабіць?

– Не ведаю. Каб Лёня быў…

– Трэба, штоб хазяін з галавой! Во што трэба! – рашуча стаяў на сваім Халімон Дзям'янавіч. – Не задзіраў штоб нос, як той кажа… А на зямлю глядзеў.

– А чаму ж вы столькі год трымаеце такога старшыню?

Кацярына дзіўна глянула на госця і нічога не адказала, паклала яму з глінянай міскі свежых гуркоў са смятанай: еш, маўляў, наіўны чалавек.

А Халімон Дзям'янавіч адказаў па-свойму:

– Во, то я і кажу яму ўчора: ці не пара табе, Хведар, унукаў няньчыць? Як ён чмыхнуў, ты пабачыў бы! – Стары зноў смешна зморшчыўся, заплюшчыў вочы, пакруціў галавой, як бы выпаласкваючы смехам рот.

Лежачы пасля на сенавале, слухаючы, як унізе цяжка ўздыхае карова, Шыковіч доўга думаў і пра гэтую начную размову, і пра расказ Клаўдзі, і пра энтузіязм моладзі, і пра самаўпэўненасць старшыні. Як усё пераплялося – старое і новае, вялікае і малое, гераічнае і буднічнае, коснае і перадавое! Што ж галоўнае для яго – услаўляць ці выкрываць? Пісаць пра мінулае ці пра заўтрашні дзень? У галаве складаўся план артыкула пра Савіча. І тут жа побач – аб гэтым калгасе, аб яго перспектывах, аб людзях, з якімі сустрэўся за адзін толькі дзень. Дзякуючы за вячэру, ён сказаў Кацярыне:

– А пра Клаўдзю Сідараўну я зусім не збіраюся пісаць фельетон. Напроціў…

– Я ведаю, – усміхнулася яна.

Яна ўжо даведалася, а таму, магчыма, і запрасіла на начлег, частавала сярод ночы вячэрай. Але чаму тады ніхто пра Сухадол нічога не ведаў дагэтуль? Жыла жанчына трохі не дваццаць год – і нікому ні слова.

Пра ўсё хочацца напісаць.

Учора ён устаў разам з сонцам. Ехаў цягніком, аўтобусам, грузавіком. Працаваў. Аднак спаць не хацелася. Прачнуліся ластаўкі. Хутка ім збірацца ў вырай. Шыковіч прыслухаўся да іх шчабятання. Праз шчыліну ў страсе цадзіўся досвітак. Заскрыпеў першы журавель. Недзе далёка на балоце заржаў конь. Карова ў хляве цяжка паднялася і пацягнулася, ажно застагнала па-каровінаму. Вось-вось зазвоніць аб дно дайніцы струмень малака. Ён чамусьці чакаў гэтага моманту амаль з нецярплівасцю. Усё такое ж, як і тады, калі ён, юнаком, на світанні вяртаўся з гулянкі і цішком, каб не чуў бацька, залазіў на сенавал. Усе тыя ж гукі.

Ад гэтага было і радасна і чамусьці трохі сумна. Неяк ён сустрэў тую, да якой гадоў трыццаць назад бегаў на спатканне, – цяпер ужо даволі пажылую сялянку. Яму вось гэтак жа зрабілася радасна і сумна. Няўжо і ўчора ён сустрэўся са сваёй маладосцю? Калі зазвоніць малако аб дайніцу – не дачакаўся, заснуў пад спеў пеўняў.

17

Артыкул называўся: «Хто ж такі доктар Савіч?» Ён пачынаўся цытатай з кнігі Гукана ў яго, Шыковіча, літаратурным запісе і з некаторых іншых дакументаў, афіцыйных і неафіцыйных. Гэтыя выказванні аўтар падмацаваў вытрымкамі з заявы самога Савіча на імя фельдкаменданта. Можа, гэтага даволі, каб нашчадкі праклялі і забылі імя гэтага чалавека?

Але ёсць людзі, якія, нягледзячы ні на што, думаюць інакш пра Савіча.

«Кандыдат медыцынскіх навук хірург Яраш, добра вядомы ў нашым горадзе…» Шыковіч коратка пераказваў, як пасля дзёрзка-смелага забойства начальніка паліцыі малады падпольшчык Яраш апынуўся ў доме доктара.

«Могуць сказаць, што Савіч не выдаў падпольшчыка, баючыся за дачку. Не было б другіх фактаў – адзін гэты, безумоўна, не мог бы служыць доказам патрыятычнай дзейнасці доктара».

Шыковіч пераказаў дакументы, якія знайшоў у архіве, – запіскі Варавы.

Была ў артыкуле і запіска, якую паказаў Сербаноўскі… Але чэкіст чамусьці папрасіў пра яе пакуль што не ўспамінаць. Шыковіч не стаў спрачацца. З яго даволі было таго, што расказала Сухадол. Расказ яе займаў большую палову артыкула. Прыводзіў яго Шыковіч амаль цалкам, так, як запісаў на другі дзень свайго прабывання ў Загаллі. Там ён прачытаў гэты запіс Клаўдзі Сідараўне, выправіў па яе заўвагах.

Вось тая частка артыкула.

«…У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Але ў нас было чалавек дваццаць дызентэрыйных дзяцей. Доктар стараўся, каб эвакуіраваць іх. Ды каму хацелася браць у эшалон хворых з заразнай бальніцы?! Сцяпан Андрэевіч сказаў мне тады:

„Застанемся, Клаўдзя Сідараўна, на сваім пасту. Толькі баязліўцы пакідаюць пост у цяжкі момант“, – і прызначыў мяне старшай сястрой. З таго дня ўся бальнічная гаспадарка была на мне.

Хутка самі немцы пачалі прывозіць нам хворых. Яны вельмі баяліся эпідэмій розных. Загады пісалі адзін за адным. Тады вярнуліся некаторыя з нашага персаналу. Лекараў, праўда, мала, больш сёстры ды санітаркі. Лекар адзін новы прыйшоў. Малады, худы, як жардзіна, у акулярах. Макейчык яго прозвішча было. Ды я адразу ўбачыла, што ў хваробах ён нічога не разумее і вельмі баіцца хворых, каб не заразіцца. Сказала я пра гэта Савічу, а ён мне ў адказ:

„Не звяртайце ўвагі. Назначэнні яго сам буду правяраць. Вам раю: асцерагайцеся гэтага чалавека. Нічога не выказвайце пры ім“.

Тады я раскумекала, што да чаго і што гэта за гліста такая ў нас завялася.

А неяк увосень ужо выклікае мяне Савіч і кажа:

„Во, Сідараўна, штат ваш папаўняю. Бачыце, якія хлопцы!“

Хлопцы добрыя. Двое. Адразу бачу – не абкружэнцы. Абкружэнцы былі ўжо ў нас. Скура ды косці. Каторых мы лячылі, каторых проста падкармлівалі. А гэтыя абодва ў целе. Толькі адзін, Лёша, бараду адпусціў. А ў другога, Вані, дык яна, мабыць, не расла яшчэ. Чаго гэта, думаю, такія хлопцы да нас у заразную пруцца? Дурні. Праўда, Лёша гэты як адкрыў рот, дык, можа, хвіліна прайшла, пакуль слова сказаў: заіка такі. Яго Сцяпан Андрэевіч прызначыў ездавым – дровы прывозіць, мёртвых адвозіць на могілкі. А Ваню – санітарам. Ён як дзяўчынка быў, маладзенькі, беленькі і ручкі белыя, да чорнай работы нязвыклыя. Шкада мне яго было. Дзіцятка горкае, што цябе прымусіла за заразнымі прыбіраць?

А дзён праз колькі кліча мяне Сцяпан Андрэевіч, зачыняе дзверы ў сваім кабінеце і кажа шэптам:

„Сідараўна, ёсць да вас просьба. Дайце, кажа, ключ ад вашай кладоўкі Ваню“.

Я не зразумела адразу, завялася:

„Навошта яму ключ? Не дам я нікому ключа“.

Ён – галоўны лекар і мог загадаць мне, а ён просіць ласкава так:

„Зразумейце, Сідараўна. Гэта вельмі патрэбна“.

Тады я і пытаюся ў яго:

„Скажыце мне, Сцяпан Андрэевіч, хто гэтыя хлопцы?“

„Я нічога ад вас не таю, Сідараўна, – адказаў ён. – Гэта разведчыкі савецкія. Ім трэба нешта перадаць па радыё нашым. Яны аблюбавалі вашу кладоўку“.

Кладоўка для бялізны была на гарышчы трэцяга корпуса, дзе размяшчаліся ізалятары.

На другі дзень раніцой аддае мне ключы не Ваня, а Лёша і кажа ціхенька, але хуценька, ніколечкі не заікаючыся: „Дзякую, кажа, Клаўдзя Сідараўна. Утульная ў вас мясцінка там, зручная. Але мы вас будзем турбаваць не часта“.

Пасля я ведала, што яны перавозілі і пераносілі рацыю сваю ў розныя мясціны. Каб не засеклі іх.

Сцяпан Андрэевіч у той час пайшоў служыць ва ўправу. Нашы, хто не ведаў яго добра, лаяліся: да немцаў падлізваецца. Некаторыя нават кінулі працу. Бо ён заставаўся галоўным лекарам. Але цяпер ён не сядзеў увесь час у бальніцы. Прыязджаў пасля абеду, рэдка зранку, на кансультацыю, на абход. Бальніцай загадвала яго намесніца Вакулава, Раіса Сяргееўна. Яна і да вайны ў нас працавала, у дзіцячым аддзяленні. Не старая яшчэ была, ды ў першыя дні вайны яе сына забіла бомбай, шаснаццаць гадоў хлопчыку было. Можа, ад гора такога яна ўся пасівела. Белая-белая была. І маўклівая. Рэдка слова ад яе пачуеш.

Раісу Сяргееўну гестапа схапіла ў тую ноч, калі забілі Савіча. Тады шмат каго з нашых арыштавалі. Аптэкарку Надзю (прозвішча не помню ўжо), Васю Адзінца, шафёра санітарнай машыны; Сцяпан Андрэевіч, калі пайшоў ва ўправу, машыну гэтую раздабыў для бальніцы. Грузавічок з будкай. Здымалі будку, вазілі дровы з лесу, бо са склада немцы не давалі. Добра ведаю, што і ў лес машына пустая не хадзіла: часам ехала па дровы пяць чалавек, а назад вярталася двое. Хто ўцякаў з лагера – прытулак у нашай бальніцы меў. Ачуняе, падкорміцца чалавек – і ў лес. Я такім вопратку знаходзіла, купляла, выменьвала. Мяне аднойчы сама Раіса Сяргееўна папрасіла купіць дзесяць ватовак, грошы дала. Але яна – не як Сцяпан Андрэевіч – не з адкрытай душой. Яна быццам і не давярала мне, асцерагалася. Мне гэта, прызнаюся, крыўдна было. Сцяпан Андрэевіч вунь каго мне даверыў – разведчыкаў! Ды і не толькі разведчыкаў! Аднойчы Вася прывёз у машыне „хворага“ – лысага чалавека з вясёлымі вачамі. Прывёз тады, калі Савіч у бальніцы быў. З машыны яго ссаджвалі, пад ручкі вялі, як напраўдашняга хворага. А паклікаў мяне Сцяпан Андрэевіч да сябе, гляджу: „хворы“ гэты ходзіць па кабінеце, гладзіць лысіну і весела смяецца, падміргвае. Доктар таксама ўсміхаецца:

„Трэба, кажа, Клаўдзя Сідараўна, гэтага хлопчыка памясціць у бокс у дзіцячае аддзяленне“.

А той смяецца:

„Вы мяне коклюшам не заразіце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць“.

„Дайце, – кажа мне Сцяпан Андрэевіч, – на сённяшні вечар якое-небудзь заданне вартаўніку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабіце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самі падзяжурце за яе“.

Я ўсё зрабіла як трэба. У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны, якіх прапусціў Лёша.

Я хачу перапыніць расказ Клаўдзі Сідараўны, каб паведаміць чытачам, што Пракоп Варава, камандзір, пасля камісар атрада імя Чапаева, запіскі якога я знайшоў у архіве, быў лысы і вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабіста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамі прыходзіў не хто іншы, як Варава.

Памер газетнага артыкула не дае магчымасці прывесці расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загінулі Лёша і Ваня. Прозвішча аднаго з іх было Калуноў, але каторага – жанчына, на жаль, не помніць, ды наўрад ці было гэта сапраўднае прозвішча. Іх схапілі на могілках, яны вялі перадачу з капліцы. Напэўна, гэта пра іх пісаў у сваёй запісцы Варава.

Клаўдзю Сідараўну ў той жа дзень папярэдзіў Савіч, каб у выпадку арышту і допытаў яна нічога не гаварыла. Папрасіліся хлопцы на работу – узялі іх, больш нічога не ведаем, што яны рабілі, чым займаліся. Яе не арыштавалі. Але праз два дні ў бальніцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулі ўсё дагары дном. Нічога не знайшлі. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лічылі за фашысцкага агента, замест спірту (да спірту ён часта прыкладваўся) выпіў шклянку кіслаты. Знарок ці выпадкова – невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалі ніякіх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што і Савіч і Вакулава прыціхлі, нават палонных больш не перапраўлялі за горад. Толькі Вася колькі разоў браў у яе прасціны і марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сціпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэнні: узяць да сябе дзяўчыну і выдаць за пляменніцу, да некага схадзіць, нешта схаваць, нешта перадаць і г.д.

Пасля забойства доктара яе не арыштавалі разам з другімі, але тры разы выклікалі ў СД і хітра распытвалі пра ўсіх, больш пра Вакулаву і Васю, менш пра Савіча.

Дзіўны лёс гэтай жанчыны пасля вайны. У наш час, пасля дваццатага з'езда, пра гэта нельга не сказаць. Пасля вызвалення горада яна зайшла ў адну ўстанову „да высокага начальніка“ і шчыра расказала яму ўсё, што ведала пра падпольную дзейнасць Савіча і Вакулавай. Яе ўважліва выслухалі. А праз некалькі дзён яна была зволена з бальніцы „за супрацоўніцтва з фашыстамі“. Цяпер жыве ў далёкай вёсцы без пенсіі, нават без сядзібы. Жыве за тое, што збірае травы і лечыць хворых. За гэта мясцовыя медыкі абвясцілі яе знахаркай.

Прыглядзіцеся, таварышы, хто жыве з вамі побач, узнайце чалавека, яго справы, яго біяграфію. Колькі на зямлі нашай безыменных герояў, сціплых і простых! Мы і дзеці нашы павінны ведаць іх імёны!

Не ўсё яшчэ нам ясна і зразумела ў гісторыі доктара Савіча. Невядома, хто яго забіў. Невядома, навошта акупантам і нацыяналістам спатрэбілася камедыя з пахаваннем доктара. Але тыя факты, дакументы і расказы, якія маюцца, даюць мне права сцвярджаць: у інфекцыйнай бальніцы актыўна дзейнічала падпольная група, пра якую пакуль што нідзе не ўпамінаецца ў нашых афіцыйных дакументах. Кіраваў гэтай групай доктар Савіч, які меў сувязь з камандзірам партызанскага атрада імя Чапаева Пракопам Ігнатавічам Варавам.

Я спадзяюся, што на артыкул гэты адгукнуцца людзі, якія здолеюць дапоўніць факты і выясніць тое, што няясна ў дзейнасці Савіча і другіх савецкіх патрыётаў, жывых і мёртвых, гераічныя справы якіх будуць натхняць многія пакаленні.

К.Шыковіч».

Артыкул спачатку выклікаў буру. Спачатку – у рэдакцыі. Першы ўзвіўся Рагойша.

– Гэта ж прыём жоўтай прэсы! – крычаў ён. – Шыковічу захацелася набыць танную папулярнасць. Паласкатаць нервы абывацеля. Як сябра рэдкалегіі, я катэгарычна супраць надрукавання.

Чуткім нюхам сваім Рагойша адразу адчуў, у кім шукаць надзейнага і аўтарытэтнага саюзніка. Гукан, напэўна, выкажацца супраць, а ён – першы аўтарытэт у горадзе па партызанскай гісторыі. Экземпляр артыкула тут жа апынуўся на стале ў старшыні гарвыканкома.

Сямён Парфёнавіч чытаў, зачыніўшы дзверы, каб ніхто не перашкодзіў.

Назву ён злосна падкрэсліў тоўстым карычневым алоўкам і паставіў напроціў на полі тоўсты клічнік, як бы сцвярджаючы гэтым, што для яго няма пытання ў тым, хто такі доктар Савіч.

На цытаце са сваёй кнігі ён зламаў аловак і шыбануў яго ў кошык. Другі не ўзяў. Чытаў так, раптам сцішаны, засяроджаны, уважлівы. На твары яго не адбіваліся больш ні гнеў, ні раздражненне. Толькі неяк дзіўна ўсё больш і больш аплывалі худыя шчокі і адвісала ніжняя губа, нібы імкнулася дацягнуцца да паперы.

Скончыўшы чытаць, ён згарнуў лісты, паклаў у рэдакцыйны канверт, пераламаў канверт, сунуў у глыбокую кішэню галіфэ і, шырока сігаючы, выйшаў з будынка гарсавета.

Гэтак жа шырока крочыў ён па кабінеце сакратара гаркома, пакуль Тарасаў канчаў размову з загадчыкам аддзела. Тарасаў употай назіраў за ім і здзіўляўся: даўно ўжо ён не бачыў спакойнага Гукана такім устрывожаным.

Не зачыніліся яшчэ дзверы за работнікам – і Сямён Парфёнавіч нецярпліва і непаважліва кінуў канверт на стол:

– Чытаў?

– Што гэта? – Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: «Ах, вось што цябе…» І чамусьці зманіў: – Не, не чытаў.

А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком.

– Пачытай. Хоць няма чаго чытаць. Дурная фантазія безадказнага пісакі. Знайшоў, ведаеш, нейкую бабу, знахарку, і на яе блытаным расказе хоча перагледзець гісторыю ўсяго падполля…

– Няўжо ўсяго? – як бы здзівіўся Тарасаў, праглядаючы бегла артыкул.

– Хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Адкрывацель знайшоўся! Але ж не ў гэтым сутнасць… Гісторыя ёсць гісторыя. Шыковіч яе не рабіў. Не Шыковічу яе і перарабляць. Тут небяспечная сама тэндэнцыя. Я табе папрок кіну, Сяргей Сяргеевіч. Патураеш ты яму. А ён з тых, хто лічыць, што калі партыя развянчала культ Сталіна, значыцца, трэба ўсё перавярнуць дагары нагамі…

– Тэндэнцыя, безумоўна, шкодная, – спакойна згадзіўся Тарасаў, праглядаючы апошнюю старонку артыкула, а потым узняў галаву, глянуў на Гукана і сказаў: – Але я не бачу лагічнай сувязі. Пры чым тут гэтая тэндэнцыя да таго, што Шыковіч хоча даказаць ды амаль даказвае, што ў бальніцы была падпольная група. Ты цвёрда ведаеш, што яе там не было?

Гукан шумна сеў з боку стала, ляпнуў сябе далоняй па грудзях.

– Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевіч! Тут галоўнае – метад. Пры такім метадзе пошукаў любы фашысцкі паслугач можа цяпер аб'явіць сябе падпольным дзеячам…

– А хто тут аб'яўляе? – паклаў на артыкул рукі Тарасаў.

– Ды хаця б баба гэтая…

– Сухадол? – голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткі. – Дзе ж яна служыла? У заразнай бальніцы?! – І рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запаліў і сказаў прымірэнча: – Не гарачыся, Сямён Парфёнавіч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыі, якая таксама нямала шкоды нарабіла.

Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёміўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомніць прозвішчы і абставіны.

«Ясна, Шыковіч узгадняў з ім. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымліваць яго. З ім не дамовішся. Трэба ісці ў абком».

– Ты пачытай уважліва. Як ён будуе артыкул. Робіць надзьмутую позу аб'ектыўнага шукальніка. А па сутнасці, рэвізуе рашэнні гаркома аб падполлі.

– Сур'ёзна? – зноў як бы здзівіўся Тарасаў. – Ну, гэта мы паправім.

«Паправім? Няўжо ён збіраецца друкаваць?»

– Ты што, лічыш, што гэтую муру можна друкаваць?

Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла бліжэй да Гукана, каб не было так афіцыйна, убок выпусціў дым і, пранікліва зазіраючы ў глыбокія чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску інтымна, каб выклікаць на шчырасць:

– А што цябе, Сямён Парфёнавіч, так усхвалявала? Жаданне Шыковіча рэабілітаваць Савіча? А калі ён сапраўды патрыёт?!

– Сяргей Сяргеевіч, ты далёкі ад нашых партызанскіх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якіх мы вялі барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднікі. Нарэшце, такія зайцы, якія баяліся вушамі паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на віду ўсё: хто герой, хто баязлівец. А вось тут, у горадзе… Я семнаццаць год разбіраюся з гэтымі справамі…

«Нічога ты не разбіраешся. Напісаў за цябе ІІІыковіч кнігу, і ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную ісціну», – падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай:

– Памруць гісторыкі, Сямён Парфёнавіч, калі ты захопіш манаполію на ўсе даследаванні.

Гукан зразумеў іронію сакратара, і яна моцна апякла яго. Ён ажно адхіснуўся. Але зрабіў выгляд, што адваліўся на спінку крэсла, прыгладзіў рэдкія валасы, адпарыраваў амаль весела:

– Ну, з Шыковіча гісторык, як з мяне… паэт.

Тарасаў патушыў у попельніцы папяросу і адсунуўся разам з крэслам да стала. Быццам абодва работнікі захацелі разгледзець адзін аднаго з пэўнай адлегласці.

– А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамі. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволі. А вось мысліць паэтычна, шырока і вобразна… – Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, і ён падняўся да акна з намерам трохі пафіласофстваваць. Але Гукан зірнуў на гадзіннік і таксама падняўся:

– У мяне сустрэча з архітэктарамі. Не хочаш папрысутнічаць? Архітэктура блізкая да паэзіі.

– Не, дзякую. Ты ж казаў, вы самі не разабраліся яшчэ. Не буду перашкаджаць вам спакойна разбірацца.

– Дык што з гэтым? – зняважліва кіўнуў Гукан на стол, дзе ляжаў артыкул.

– Пачытаем. Падумаем. Памяркуем.

– Жывіцкаму пазвані, а то, чаго добрага, пад націскам напорыстага аўтара…

– Не бойся. Без нашай з табой згоды не дадуць.

Застаўшыся адзін, Тарасаў доўга, задумліва паліў каля адчыненага акна, разглядаючы вуліцу, машыны, прахожых. Потым дастаў з сейфа нейкі дакумент, пачаў чытаць яго не сядаючы. Зайшла работніца гаркома высветліць нейкае пытанне – ён схаваў дакумент у шуфляду стала. Пагутарыў з ёй, падпісаў паперы. Выйшла – павольна дачытаў гэтыя нейкія паўтары старонкі на машынцы, прагледзеў дакумент яшчэ раз, схаваў яго ў сейф і зноў паліў каля акна.

Сказаў сам сабе сярдзіта:

– Этыка!.. Даволі такой этыкі! Эх, Сяргей, Сяргей, страхуешся. Пасаромейся! Не бойся шышак.

Рашуча падышоў да століка з тэлефонамі, набраў нумар.

– Жывіцкі? Прывет. Што гэта ты марынуеш справаздачу аб злёце ўдарнікаў камуністычнай працы? Заўтра? Ох, аператыўнасць у вас! Шыковіч у рэдакцыі? Папрасі яго зайсці да мяне.

Спытаў адразу ж, як толькі прывіталіся:

– Што будзем рабіць, Кірыла Васільевіч?

– Трэба друкаваць, – пераканана адказаў Шыковіч. – Я ўпэўнены, адгукнуцца дзесяткі людзей, якія дагэтуль маўчалі. Не разумею, Сяргей Сяргеевіч, чаго мы баімся.

– Мы нічога не баімся. Але, можа, варта яшчэ пашукаць?

– Такая публікацыя – даволі распаўсюджаны і плённы метад пошукаў.

Тарасаў на хвіліну як бы задумаўся. Потым энергічна падышоў да сейфа, адчыніў яго, дастаў той дакумент, які паўгадзіны назад перачытваў.

– Хачу паказаць табе яшчэ адзін дакумент. Гэта з той папкі, з якой ты знаёміўся ў Вагіна. Але тады я параіў гэта выняць.

Кірыла амаль з хваляваннем узяў працягнутыя стандартныя лісты, сашчэпленыя, і адразу чамусьці глянуў на другую старонку, на подпіс. Дакумент быў копія, і подпіс, як і ўсё іншае, надрукаваны на машынцы: «С.Гукан, былы камісар партызанскай брыгады імя Чапаева, сакратар Чыгуначнага райкома партыі». Дата: 16/Х 1945 г.

Гэта была заява ў органы дзяржаўнай бяспекі. Яна пачыналася словамі:

«Мне стала вядома, што ў горад з Германіі, дзе яна прабыла каля двух год, вярнулася дачка ворага народа і здрадніка, фашысцкага прыслужніка доктара Савіча С.А. – Савіч Соф'я Сцяпанаўна».

Прачытаў гэта Кірыла і адчуў, як кроў балюча ўдарыла ў скроні і ў цемя. Перасохла ў горле. Ён каўтнуў паветра.

Тарасаў як бы ўглыбіўся ў газету, але ўпотай сачыў за выразам твару Шыковіча.

У заяве характарызаваўся Савіч. Ён не толькі служыў у нямецкай управе, ён яшчэ, выходзіць, правакатар. Меў сувязь з некаторымі падпольшчыкамі. З адным з партызанскіх атрадаў, з якім – не гаварылася. Але ў выніку яго «падпольнай дзейнасці» адзін за адным правальваліся і гінулі нашы людзі, зрываліся адказныя аперацыі. Падпольная арганізацыя вынесла здрадніку і правакатару Савічу смяротны прысуд.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю